Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 11 (всего у книги 34 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]
– Дзякую… – ніякавата прамовіў Юрась, а прафесар расплыўся ва ўсмешцы.
– Прывітанне Пятру Апанасавічу! Гэта вялікі чалавек, сябры! Вялікі! За ім – будучыня! Каб вы ведалі…
– Прафесар, мы ж дамаўляліся… – дакорліва прамовіў Макс, і стары дзівак сумеўся і паслухмяна замоўк.
Гадзіннік працягваў цікаць, гучна, натужна, нібыта яго жалезнае сэрца пераадольвала з кожным ударам супраціў пяці з паловай стагоддзяў…
– Усяго чатыры гадзіннікі засталіся няспраўныя! – радаваўся Макс. – Заўтра будуць гатовыя ўсе дэталі, што вы, Юрась, заказалі… І замену вяроўкам з авечых кішак прывязуць… Не сумнявайцеся – не горш будуць!
Але Юрась сумна ўздыхнуў:
– Нешта «затармазіў» я з рамонтам…
– А што здарылася? – захваляваўся Макс.
– У майго маладога калегі цікавая тэорыя, – крыху раўнівым голасам прамовіў прафесар.
– Ну якая там тэорыя… – прамовіў Юрась. – Проста я зразумеў, што кожны гадзіннік біў як бы на сваёй ноце, яны – як музычная гамма, ад самага нізкага да самага высокага гуку. Але мацаванні пятнаццатага стагоддзя засталіся толькі ў трох гадзінніках. Калі б мне ведаць, у якой паслядоўнасці яны стаялі,– я б мог вылічыць, як было зладжана ў астатніх…
Макс захваляваўся.
– Зараз я распараджуся, каб прывезлі яшчэ якія дакументы… Усё, што можна, што тычыцца гадзіннікаў таго часу…
І збег. Прафесар пасунуўся за ім, мармычучы нешта незадаволена.
Я наблізілася да Юрася, які моўчкі, неяк тужліва ўглядаўся ў фігуркі Адама і Евы. Я заўважыла, што ў чорнавалосай Еве, з доўгімі, раскіданымі, нібы ад ветру, валасамі было нейкае падабенства са Стэлай… Цікава, чаму яна сёння так ціха сядзіць у сваім пакоі? Можа, выпрасіла… «дозу»?
Я абвяла вачыма пакой – што тут было пры колішніх гаспадарах?
Памяшканне для прыслугі? Збройня? А можа, катавальня? Вунь якая скляпеністая столь, акенцы – маленькія, у самым версе, праз такія не ўцячэш… Апошні з Людвісараў, які жыў тут, быў паўстанцам Каліноўскага, а пасля зняволення звар’яцеў. Ці не таму гэтыя таўшчэзныя сцены працятыя вар’яцтвам, і нават з-пад сучаснай акрылавай фарбы нібыта цягне пахам плесні, буцвення, застарэлага жаху і тугі? Захворванні душы заразныя… Можа быць, і Юрась?.. Я загаварыла на больш цікавую тэму, пастараўшыся, каб мой голас гучаў як мага больш па-дзелавому.
– Паслухай, гадзіннікі і ў летапісе, і ў пражскіх пратаколах параўноўваюцца з апосталамі. Мусіць, таму, што іх дванаццаць. Продкі шмат значэння надавалі магіі лічбаў. Яшчэ падобна, што гадзіннікі лекар ставіў у кола. Можа, паспрабаваць суаднесці іх з імёнамі апосталаў? Тады і здагадаемся, як былі расстаўленыя.
Юрась уздрыгнуў і адвёў позірк ад фігуркі Евы, што таксама, як і Адам, была цнатліва захутаная ў расфарбаваныя зялёным вінаградныя лісты.
– А гэта вельмі падобна на праўду! Ты малайчына, Анэта. Сапраўды, на гадзінніках столькі рознай сімволікі…
Я прыгледзелася да чорнавалосай драўлянай фігуркі.
– Паслухай, а чаму ў руках Евы – кубак са змяёй? Можа, гэта мусіць нешта азначаць?
Юрась задумаўся.
– Змяя – зразумела, з біблейскай легенды… А кубак – можа, пацір, сімвал страчанай чысціні? Або жаночага пачатку?
Я з жалем пабачыла, што вочы майго былога мужа яшчэ не страцілі сусветнай тугі, таму загаварыла амаль насмешна.
– Ты ж захапляўся старажытнай міфалогіяй… Ну, напруж мазгі – кубак са змяёй… Нешта з алхіміі? Знак золата? Іртуці?
Юрась страсянуў галавой.
– Чакай… Неяк жа я рэстаўраваў абраз… Там было такое… Ну так, кубак са змяёй – сімвал апостала Іаана! Ты разумееш – апостал Ян! А ты ж казала – Бернацоні называў гадзіннікі імёнамі апосталаў!
Я ўзрушылася, атрымаўшы нечаканае пацвярджэнне свайго інтэлектуальнага бляску.
– А так было ў традыцыі. Кожны звон храма меў сваё імя, атрыманае ад святара падчас абраду асвячэння. У пачатку 18 стагоддзя ў менскі марыінскі касцёл з Каралеўца прывезлі звон, які меў нават імя і прозвішча – Ян Салагуб, такі вялізны, што не маглі ўсцягнуць на вежу. З яго адлілі два званы, адзін назвалі Якуб – у гонар біскупа Якуба Дадэркі. А ў касцёле Святога Роха на Залатой горцы меліся званы Леанард, Стэфан і Браніслава…
– Адкуль ты ведаеш? – здзівіўся Юрась.
– Ды пісала неяк артыкул пра рэстаўрацыю старога горада… А ў мяне ж памяць «стэнаграфічная»…
Юрась падышоў бліжэй да гадзінніка, прыгледзеўся да паціру ў руках Евы.
– Значыць, імя гэтага гадзінніка – Ян… Трэба тэрмінова знайсці які міфалагічны слоўнік, паглядзець сімвалы іншых апосталаў…
Слоўнік мы знайшлі на паліцы ў маім часовым «кабінеце», нават старонкі былі яшчэ склееныя – не мелася ў гэтым доме тых, хто хацеў бы даведацца, што такое Гадэс або Ураборас. Дапамагала і кніга Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», якую мы з Юрасём ведалі ледзь не на памяць. Ненавіджу тых, хто спрабуе прадставіць нашага вялікага рамантыка слабавольным п’яніцам. Вы напішыце столькі, колькі ён, без наяўнасці, акрамя таленту, сталёвай волі! А ўтрымайце столькі энцыклапедычных звестак у прапітых мазгах! Як там у Пушкіна… «Врете, он и низок не так, как вы…»
Карабель са скрыжаванымі мачтамі аказаўся знакам апостала Тадэвуша.
А вось пакуль мы здагадаліся, што на гадзінніку са Святым Сямействам сімвалам апостала з’яўляецца піла, што прыхінулася ля Святога Іосіфа як знак ягонай цяслярскай справы – давялося добра памучыцца… Добра, што піла была пазалочанай і надта выразна зроблена для другараднай дэталі. Калі нашыя здагадкі дакладныя, гэты гадзіннік называўся Якуб Алфееў.
Пад нагамі Смерці, якая адсякала галаву цару Іраду, былі пазалочаныя выявы трох нажоў – адзін пад двума; яны сімвалізавалі апостала Баўтрамея.
Месяц і сонца плылі па бляшаным шчыце, яго падзяляла напалам высокая дзіда, унізе якой быў трохкутнік… Мы вырашылі, што ён падобны да плотніцкага вугольніка і разам з дзідай паказвае на апостала Фаму, Тамаша, які не паверыў у Божае Уваскрэсенне, пакуль не сунуў пальцы ў ягоную рану.
Крыж, абвіты ружамі і абкружаны анёлкамі, мы доўга не маглі вытлумачыць. Пакуль не атаясамілі два кругі ўнізе з боханамі хлеба. Крыж і два боханы паказвалі на апостала Піліпа.
Затое выявы трох ракавінак пад нагамі Чорнага Рыцара кідаліся ў вочы адразу: дзіўнае спалучэнне, пры чым да Рыцара ракавінкі? Праўда, пасля мне прыйшло ў галаву, што сярэднявечны чалавек бачыў бы тут логіку: рыцар – пілігрым Крыжовага Паходу, такіх пазнавалі па ракавінках, прымацаваных да капелюша… А ў апостальскай сімволіцы тры ракавінкі азначалі Якуба Зеведзеева.
Каб зразумець сімволіку званара, не трэба было лезці ў энцыклапедыі. Звон, у які мусіў біць маленькі званар, быў упрыгожаны знакам «Х». Нахілены крыж, сімвал Андрэя Першазванага.
Грыфон вартаваў тры кашалькі, якія мы адразу прынялі за бутоны кветак. Прывітанне ад апостала Мацея, які, як вядома, быў мытарам…
Льва я вытлумачыла як знак евангеліста Марка, але Юрась запэўніў мяне, што Марк не быў сярод дванаццаці апосталаў… Драўляны леў, пагрозна ўзняўшы рэшткі шырокай лапы, вартаваў кнігу і рыбу, сімвалы апостала Сымона….
Скульптура анёла з трубой была вельмі пашкоджаная. З цяжкасцю разумелася, што два незразумелыя кручкі, што віселі на колцы на фоне пазалочанага воблака – гэта рэшткі ад двух ключоў апостала Пятра.
Нарэшце застаўся апошні гадзіннік. Можна было і не аглядаць яго.
Выразаная з дрэва кашчавая фігура ў расе, з нізка нахіленай галавой і скрыжаванымі на грудзях рукамі, стаяла на рассыпаных манетах… Юда-Здраднік.
– Уладальнік не хацеў, каб сімвалы адразу чыталіся, – зазначыў Юрась. – Галоўныя аздобы – зусім іншыя… Але мы малайцы! Аркадзь быў бы шчаслівы! Хаця… Я веру, што зараз ён бачыць нас і радуецца.
Мой былы муж нават стаў падобны да ранейшага юнака, у вачах заскакалі гарэзлівыя агеньчыкі. Ён чынна пакланіўся гадзінніку:
– Вітаем вас, пане Якуб! Даруйце, што дасюль не змог даць рады вашае гаспадарцы… Але ваша цэвачнае колца, якое самым падступным чынам трэснула напалам, заўтра ж будзе верна і старанна служыць вам. Гэта абяцаю я, пан Юрый Дамагурскі, майстар гадзіннікавы, і ўсялякай антыкварнай справы знаўца…
А далей, пад мой рогат, падышоў да наступнага экспаната:
– О, вельмішаноўны Ян, дазвольце заўважыць, што пані Ева, якой вы даверылі пачэсную справу трымаць ваш святы сымболь, пацір з мудрай змяёю, самым непрыстойным чынам згубіла палову аднаго з вінаградных лістоў, што хаваюць ад пажадлівых вачэй ейную спакусную, хаця і выразаную з дрэва, плоць… Вядома, асоба гэткага паважнага ўзросту, як вельмішаноўная пані, наўрад учыніла гэтак па легкадумнасці, хутчэй на цноты шаноўнай пані сягнуў нейкі зламыснік, безэцнік і блудзяга. Але не турбуйцеся, шаноўны пан Яне, я, антыкварыятных спраў майстра, самым далікатным чынам і не бавячыся прыкрыю цудоўныя калені пані Евы адрапараваным вінаградным лістом…
Я радасна ўключылася ў гульню, але дзверы расчыніліся, і ў пакой увайшоў Макс.
– Прыемна чуць ваш смех, сябры! Зрабілі чарговае адкрыццё, праўда?
Я была ўжо гатовая падзяліцца «апостальскімі звесткамі», але Юрась чамусьці паспяшаўся сцвердзіць:
– Нешта вымалёўваецца, але мы пакуль не гатовыя выказацца канкрэтна. Трэба дадумаць, сфармуляваць…
Я разгубілася. Ну што ж, калі Юрась пакуль гаварыць не хоча, відаць, варта памаўчаць і мне… Макс быў сапраўдным прафесіяналам – ягоная ўсмешка не страціла шчырасці. Хіба цень раздражнення мільганула ў вачах.
– Што ж, працуйце… Будзем чакаць. Пётр Апанасавіч вернецца праз два тыдні, яму і раскажаце… Тады і Ліля Пятроўна прыедзе – палюбавацца на калекцыю.
Калі я ішла ў свой пакой, убачыла ў канцы калідора, перад акном, постаць у чорным… Стэла нешта хутка малявала на аркушы паперы, замацаваным на маленькім эцюдніку. Я ціха наблізілася… Гэта быў малюнак пастэллю. Прысады, што нагадвалі сівых вядзьмарак з ускудлачанымі валасамі, шэраг мармуровых калонаў, што падпіралі неба… Незвычайныя колеравыя спалучэнні, адметны густ… Рука мастачкі вадзіла па паперы каляровай крэйдай упэўнена і рэзка, нібыта сцірала нейкую павуціну, што схавала іншы, цудоўны і прыўкрасны, свет… Я незаўважанай паціху сышла ў пакой. Пачула яшчэ за спінай ціхі пяшчотны голас Юрася, які звяртаўся не да мяне:
– Ну як ты, Зорачка?
Правільна, Стэла перакладаецца як «зорка»… У мяне нават рэўнасці больш не было. Нельга ж раўнаваць да зоркі! Тым больш калі ты сама – шкельца, здольнае толькі люстраваць…
Але вытанчаныя параўнанні мне ў галаву не прыйшлі, калі я ўвечары зайшла ў пакой з невялікім басейнам – трэба ж было скарыстацца з шыкоўнасцяў дому, – і ўбачыла Стэлу на падлозе ля душа, у самым куце. Юрасёва «зорка» сядзела, закінуўшы галаву, і яе дробна трэсла… Вочы страшна запалі, на твары блішчэлі кроплі поту, нібыта яна толькі што ўцякала ад уласнай смерці… Я разгубілася:
– Стэла! Вам нядобра? Паклікаць Юрася?
Вочы жанчыны спыніліся на мне, але мяне яна не бачыла.
– Аркаша! Дай мне гэта! Аркаша! Ну хоць адну! Сволач, я ж ведаю, што ты хочаш! Але спярша – дозу… Ну хоць адну! Юрась адпрацуе… Ён у нас добры…
Гэты хрыплы голас было немагчыма слухаць. Я патрэсла Стэлу за худое плячо:
– Я не Аркаша… Я – Ганна Барэцкая. Памятаеце мяне? Пастарайцеся ўстаць… Я правяду вас да вашага пакоя.
Стэла апусціла галаву, нібыта паламаная лялька, здавалася, побач упалі нябачныя ніткі, за якія вадзіў яе злосны лялькавод. Прасцей за ўсё было паклікаць ахоўнікаў або Юрася… Але мне не хацелася, каб гэтую жанчыну ўбачылі ў такім прыніжэнні. Магчыма, ёй было ўсё роўна… Але я не хацела з гэтым змірыцца. Кінула на нейкі пуфік прыхоплены з сабой пухнаты ружовы рушнік і пакет з гумавымі пантофлямі і нязграбна падхапіла Юрасёву жонку пад пахі… Якой яна была худзенькай і лёгкай, нібыта лясная птушка…
Больш за ўсё я баялася, што яна пачне адбівацца і крычаць. Але Стэла паслухмяна ішла, і нават спрабавала гэта рабіць без маёй дапамогі. Юрася ў пакоі не было. Гадзіннікі рамантуе… Я ўсадзіла Стэлу на канапу… А што цяпер? Я чытала пра паводзіны наркаманаў… Стэла, відаць, адчула маю боязь і падняла вочы – я з палёгкай убачыла, што свядомасць хоць трохі вярнулася да яе.
– Дзякую… Вы не бойцеся… Зараз – гэта не найгоршае…
Я патроху пачала адыходзіць да дзвярэй – магчыма, мне яшчэ ўдасца паплаваць у басейне да вячэры…
– Чым вам яшчэ дапамагчы?
– Мне мог дапамагчы толькі адзін чалавек… Калі было зусім дрэнна – ён з’яўляўся, нібыта адчуваў… Яго больш няма… Хаця часам мне самой хацелася забіць яго…
Голас Стэлы гучаў гэтак санліва, быццам вось-вось перарвецца. Але мне раптам зрабілася горача ад здагадкі:
– Вы пра Аркадзя Баркуна? Гэта яго вы клікалі?
Стэла паспрабавала прыгладзіць рукой растрапаныя валасы, але непаслухмяныя пальцы толькі зблытвалі чорныя пасмачкі.
– Так, Аркадзь Баркун… Добразычлівы такі сябар… Багаты… Душэўны… – голас Стэлы гучаў горкай іроніяй. – А Юрась зусім не разбіраецца ў людзях, яго толькі лянівы не падмане. Хто-хто, а вы ж павінны гэта ведаць, Ганна… Дурань ён, Юрась… З самай горшай разнавіднасці – старанных дурняў. Вось і прыліпае да яго ўсялякая навалач. Хаця мне грэх асуджаць – на маім шляху навалачы траплялася яшчэ больш… Мне было шаснаццаць, а бацькаваму сябруку, вядомаму мастаку – за сорак… Ён прапанаваў дапамагчы «адчыніць браму натхнення». І зрабіў мне першы ўкол з «натхненнем»… А потым пацягнуў у ложак. А я доўга яшчэ верыла, што гэтак раблюся вялікай мастачкай! Але вы мяне шкадаваць не ўздумайце – вам недасяжныя тыя вяршыні і тыя глыбіні, якія адкрыліся мне! Я нізавошта не адмовілася б ад гэтага спазнання! – на твары Стэлы раптам загарэлася хворая чырвань, вочы фанатычна заблішчэлі, голас узвысіўся. – Ведаеце, я – Ева, якая дарэмна працягвае надкусаны яблык спалоханаму Адаму… Як на карціне Святаслава Рэрыха… Вы любіце Рэрыха-малодшага, дарэчы? Я дык люблю больш, чым старэйшага, Мікалая, той у сваіх карцінах хаваў веды за абрысамі гор і аблокаў. А Святаслаў выказваецца адкрыта, няхай наіўна, дзесьці – мовай кічу. Але яго пасланні ўцямныя і канкрэтныя! Не трэба баяцца адкусіць ад яблыка! Не трэба баяцца волі!
Раптам твар Стэлы стаў шэры, як мокры гіпс. Яна млява махнула рукой у бок дзвярэй.
– Ідзіце… Зараз пачнецца не вельмі эстэтычнае відовішча…
З мяне было досыць. Я бегма рушыла ў падвал, дзе ля гадзінніка з таемным імем Піліп завіхаліся Юрась і пан прафесар. Рэстаўратар толькі зірнуў на мяне, на мой збянтэжаны твар, і адразу пабег да сваёй «зорачкі».
Я ўстрывожана гадала, ці ведаў Юрась, хто даваў Стэле наркотыкі? Ён жа казаў мне, што не ведае. Але калі яна трызніла пры мне, напэўна ж, здаралася і пры мужы. Для чаго Баркун гэта рабіў? Няўжо быў гэтым… Як яго… Дылерам? Дыгерам? Не падобна… Са спачування? Але ж ён з’яўляўся ў тыя моманты, калі Стэла, паводле словаў Юрася, была амаль гатовая «завязаць»… Хутчэй, проста хацеў мацней прылучыць да сябе даверлівага сябрука. Юрась браўся за любую працу, каб зарабіць грошы дзеля ратавання жонкі… Ну вылечылася б Стэла, зажылі б яны больш-менш шчасліва, нарадзілі дзіця, і Юрась пасылаў бы да пана Хута ўсялякія сумніўныя заказы і сумніўных кліентаў… Падобна, што Баркун яшчэ і пэўную плату з прыгажуні браў… Так бы мовіць, «натурай». Я ўспомніла круглае, аптымістычнае Аркадзева аблічча, яго чырвоныя, тлустыя вусны, і мне зрабілася нядобра… Нібыта адчыніла ўлюбёны куфэрак з упрыгожваннямі, а там – пачварны павук. А калі Юрась гэта ведаў, ці не мог ён сам пакараць сябра? Служыў у арміі, значыць, страляць навучыўся… Ці заплаціў за нечы стрэл?..
Невыносна так думаць… Я накінула на сябе куртку і, забыўшыся на вячэру, пабегла з дому, патлумачыўшы чарняваму ахоўніку Ігару, што стамілася і хачу прагуляцца. Дзіўнаваты пагляд Ігара ў мой бок вытлумачыўся, калі я выскачыла за паслужліва расчыненыя перада мной дзверы. Халодны дождж, аздоблены шматкамі паміраючага снегу, абняў мяне, здавалася, са шчырай радасцю – відаць, і не спадзяваўся, што нейкая істота ў такую шарую гадзіну захоча падзяліцца з ім сваім цяплом. Зараз жа са мной звёў знаёмства і вецер – магчыма, ён лічыў гэта пацалункамі, але атрымаліся сапраўдныя поўхі, ад якіх мае шчокі знямелі. Я падняла каўнер сваёй куртачкі і хуткім крокам пайшла між белых плямаў ліхтароў, абы далей, абы ніхто не бачыў…
Чамусьці я зварочвала на сцяжынкі, па якіх мы з Юрасём не хадзілі – нібыта не хацела сустракацца з ягонымі слядамі… Вярэдзіла раздражненне – ну навошта ён зноў з’явіўся ў маім жыцці! Дапамагчы захацеў… Правільна Стэла сказала – старанны дурань… Хутчэй, хутчэй скончыць сваю працу – і выбірацца адсюль! Засталося ўсяго нічога – сфатаграфаваць гадзіннікі, расставіўшы па крузе. А быў у іх нейкі сакрэт ці не, і які – ну каму справа праз пяцьсот гадоў! Я ўжо не тая дзяўчынка, што гатовая была адразу ж ехаць у глухую вёску, спрачацца, угаворваць, дашуквацца – бо там мог захавацца ліст расстралянага паэта… Цяпер я працую на людзей, якім нашая гісторыя – толькі дыванок пад дзвярыма рэспектабельнай фірмы… Калісьці я з пенай на вуснах даказвала, што ніколі не напішу таго, што не думаю, што ў мяне ёсць прынцыпы і духоўныя каштоўнасці… А вось зараз напісала дваццаць старонак пра тое, якім высакародным мецэнатам быў чалавек, які зруйнаваў старажытную вежу і даваў наркотыкі жонцы сябра… А Юрась? Наколькі змяніўся ён? На што ён здольны сёння? Вось яшчэ нядаўна я думала пра яго з жалем, з нейкім хваляваннем, а варта было западозрыць у злачынстве – і я ўнутрана аддзяліла сябе ад яго, здрадзіла яму… Не кахала я нікога ў жыцці, і мусіць, гэтага і не адбудзецца. Не валодаю я такім талентам… Каб – «і ложа, і пошасць адны на дваіх»…
У прыцемку нешта бялела. Я зразумела, што дабрыла да калонаў, якія засталіся ад зруйнаванай часткі палаца. Спатыкаючыся аб камяні і карэнне, я пайшла да гэтых сведкаў былой славы маёнтка… За калонамі святлела нешта, падобнае да маленькага храма. Альтанка! Таксама з калонамі, толькі меншымі, а галоўнае – з дахам! Самотны ліхтар асвятляў яе прывідным, сляпым святлом. Круглая, нібыта куфэрак, і нават рэшткі сценаў ёсць – між калонамі калісьці былі вітражы… Я паднялася па разваленых прыступках, ледзь не ўпаўшы. Сховішча ад ветру і дажджу ненадзейнае, але ўсё-ткі – абарона… Цікава, хто сядзеў у гэтай альтанцы пару стагоддзяў таму? Мне не было на што прысесці, я проста прыхінулася да адной з калонаў і паспрабавала ўслухацца ў сябе…
– Бомммм!..
Што гэта? Гук даносіўся з боку дома. Нібыта сотні маленькіх званоў гралі п’есу звар’яцелага музыкі. Гэта ж гадзіннікі! Юрась амаль усе адладзіў… А гадзіннікі ўсё білі і білі, і нават тут, у альтанцы, за сцяной ветру і дажджу, ад гэтага звону рабілася невымоўна тужліва, нібыта дзесьці ты пакінуў дарагое, апошняе, і калі неадкладна не памчышся туды, яно знікне, ужо знікае, і ўсё астатняе жыццё станецца пустым, як мёртвы вулей…
Гадзіннікі змоўклі… Але з дома пачуўся жудасны крык – ці чалавека, ці звера… Я яшчэ шчыльней прыціснулася да халоднай калоны. Крыкі паўтараліся праз роўны прамежак… Ды што ж гэта такое? Здавалася, прайшла вечнасць, пакуль яны сціхлі… Я асцярожна рушыла ў бок дома… І якраз паспела ўбачыць, як ахоўнікі і Макс садзяць у джып прафесара Зміцера Патапавіча. Прафесар рухаўся, як лялька, я толькі заўважыла, як у святле ліхтара бліснулі яго акуляры… Джып з’ехаў, і вакол запанавала жудасная цішыня… Толькі дождж барабаніў па блясе перад пад’ездам, ды калацілася маё сэрца, як маятнік сапсаванага гадзінніка…
З дзвярэй майго пакоя выходзіла тонкая постаць, захутаная ў чорны шаўковы халацік з чырвонымі драконамі. Стэла шукала мяне? Што здарылася?
– Проста мне стала страшна… – ціха патлумачыла мастачка, прытрымліваючы на грудзях крысо халата. – Гэты жахлівы звон… Юрась некуды пабег…
Стэла выглядала напружанай. Зрэнкі яе вачэй былі так павялічаныя, што вочы здаваліся чорнымі. Старажытныя рымлянкі спецыяльна для гэтага капалі сабе ў вочы аканіт, сок шалею, або красаўкі. Напэўна, лічылі, што гэта дадае ім таямнічасці. У мяне ж – пакідала адчуванне хворасці.
– Ну дык заходзьце да мяне, – запрасіла я. Але ў канцы калідора пачуўся голас Юрася.
– Стэла! Ну чаму ты выйшла з пакоя?
Мастачка раздражнёна скрывілася, але пакорліва пайшла да мужа.
Што яго зараз чакае – істэрыка або… чарговы сеанс бодзі-арту?
Каб трохі перавесці думкі на іншы лад, я збегала ў вестыбюль, да шкляных шафаў, набітых ілюстраванымі часопісамі. Хапанула стос з самага верху… Самы час пачаць знаёміцца з бульварнай, чыста жаночай, прэсай. Ляжала ў ложку, гартала стракатыя, бліскучыя старонкі… Мяне настолькі не тычыўся свет, які з іх паўставаў – касметыка, панчохі, практыкаванні для фігуры – што нават вярталася іронія… Раптам я замёрла: дзесьці я бачыла гэтую мадэльку з нагамі даўжэй за восеньскі вечар, абцягнутымі панчохамі ў чорную сетачку, у гарэзнай спадніцы не больш за ліст гарлачыка, у капялюшыку і паласатым мужчынскім гальштуку на голае цела… Ды гэта ж Ліля! Баркунова ўдава! Вось табе маеш… Баркун жаніўся на мадэльцы… Ну, прынамсі, падобна, што ён не памыліўся так, як Юрась.
Хаця хто сказаў, што каханне, няхай з прымешкам горычы і безнадзейнасці, гэта памылка?
* * *
Мілавіца ззяла над цёмным вострым абрысам храма, нібыта ап’янелы бойкаю вой пусціў стралу ў неба, і яна прарвала чорны аксаміт смугі, за якой палае вечны блакітны агонь. Зусім не падобны на згубны агонь, падораны смяротным… У водблісках паходні, якую трымаў Богуш, твары людзей здаваліся злавесна змрочнымі, нібыта гэта была чарга да Харонавай пераправы, калі гнеў, слёзы, як і колішняя весялосць, ужо нават не ўспамінаюцца. Але Богуш не верыў, што душы апошніх старавежцаў сталіся збуцвелай лістотай, што спяшаецца схавацца пад халодным снегам часу.
– Панове рада, мы павінны ісці на вежу! Гэта наш горад, нашая вольнасць. Няўжо шляхта дапусціць, каб прышлыя гвалтавалі яе нявестаў і дачок! Мы нападзем знянацку і раскідаем гэтых бенкартаў, як шалупінне, і вернем наш маястат!
– І ўсе загінем, – падаў голас руды маладзён з перавязанай хусткай шчакой. – І дзеля чаго? Ведама, ты за нявесту хочаш адпомсціць. Але ж войт сказаў – яе там няма! І я яму веру.
– І я веру! – адгукнуўся стары шляхціц у жупане, аздобленым палыселым лісіным футрам, з мячом, дзяржальна якога ўпрыгожвалі дыяменты, вялікія, як вока сарны, за кожны з якіх гаспадар мог набыць тузін сабаліных футраў.– Не стане Лаўрын спагадаць італійскаму нехрысцю. Мы з Рожай побач пад Грунвальдам біліся. Гэта – рыцар!
– Пан Рожа можа і не ведаць, што Бернацоні паланіў Анэту! – запярэчыў Богуш, і яго вочы – нават у цьмяным святле паходні было відаць – запалалі гневам. – Слова гонару – я бачыў Анэту ў акне вежы! Заўтра ж я прарвуся туды з мячом і здабуду праўду з іхніх паганых вуснаў! Рушым! Нас не так ужо мала – тут мо з паўсотні, а калі сабраць усіх, хто можа зброю трымаць – сотні дзве набярэм…
– Ты думаеш, усе, хто застаўся жывы, пойдуць за табой? – іранічна спытаў стары шляхціц. – Памыляешся. Паглядзі – у горад з’язджаюцца новыя насельнікі. Едуць майстры, едуць купцы… Пустыя дамы ачышчаюцца ад пошасці і сустракаюць новых гаспадароў. Калі мы ўсчнем новую бойку, што станецца? Зноў пустэча? Ты забыўся, што на Старавежск у любы дзень могуць напасці татары, што карачунскі князь ужо дасылаў сваіх выведнікаў… Кажуць, у пушчы бачылі іх атрад. Вычэкваюць, як каршукі. Хто абароніць горад, калі ўнутры яго пераб’юцца? Не займайся пашчаваннем, звадай, Радчыц… Радуйся, што Бог злітаваўся над табою і даў перажыць пошасць…
– А ці тая пошасць не з дапамогі паганага лекара пачалася? – гнеўна ўскрыкнуў Богуш.
Шляхта загула…
– Праўда, як прыехаў паганец – адразу шалёны карагод затанчыў… Без ведзьмака не абышлося…
– Ну дык што, панове рада, – адчайна спытаў Богуш, – мы пойдзем на вежу?
– Не… – прагучаў сумны голас, і ўсе ўражана змоўклі. Бурмістр – пан Варава Ляскевіч, падышоў да Радчыца, паклаў яму на плячо цяжкую, натружаную ў шматлікіх бойках, руку. – Прабач, сыне… Так, я быў бы рады назваць цябе сынам, – голас старога рыцара здрыгануўся. – Але, відаць, ужо не станецца… Ты так і не навучыўся думаць, што вынікае з тваіх дзеяў. Не заўсёды першае парыванне – лепшае! Я веру Лаўрыну Рожы. Я таксама быў на Грунвальдзе. І, калі Лаўрын прысягае… Маю дачку паклікаў да сябе Гасподзь. Таму не варта дабіваць горад, Богуш. Мы павінны застацца жывыя і ў свой час прыйсці на сойм, і каб нашыя зноў патрапілі ў раду і там змагаліся за вольнасць горада.
Паны ўхвальна зашумелі, не слухаючы больш адчайных заклікаў маладога рыцара.
– Панове рада… Вашая вольнасць… Ваш гонар… Слова маё… Анэта жывая! Анэта ў вежы!
Мілавіца абыякава ззяла над цёмнымі вострымі дахамі места, не зважаючы на рэдкія агні ўнізе, якімі людзі спрабавалі адваяваць у начы кавалачак свайго жыцця.
– Вядома, паненка ў вежы… Хе-хе-хе… Дзе ж ёй яшчэ быць?
Госць падышоў так ціха, нібыта не на чалавечых нагах. Старавежцы рассунуліся ўбок, прапускаючы ў кола, асветленае паходняй, скурчаную хударлявую постаць.
– Ты бачыў яе? – голас Радчыца гучаў амаль умольна.
– Бачыў. Лекар трымае яе ў малым пакоі па левую руку ад соймавай залы.
Таму, хто абрынуты ў цень, прыемна часам стацца каменьчыкам, ад якога ідуць вялікія кругі па вадзе. Карэйва, выскаліўшыся, слухаў крыкі вакол.
– Значыць, Рожа зманіў мне? – сурова спытаў Ляскевіч. Карэйва пакруціў галавой.
– Хе-хе-хе… Войт нічога не ведае. Бо дзяўчына – апантаная. Пры апошніх словах блазна людзі ўстрывожана змоўклі.
– Ты маніш! – Радчыц сунуў камусьці сваю паходню і схапіўся за дзяржальна мяча. – Ты маніш, як сапсаваны варган!
– Хе-хе-хе! – у смеху Карэйвы гучала пагроза. – Не забывайся, вельмішаноўны, я – рыцар. І шляхецтва мяне аніхто не пазбаўляў. І хаця твая спіна прамейшая за маю, меч я выхопліваю хутчэй, чымся ты, смаркач.
– Пан Радчыц, ахалонь! – стары шляхцюк адсунуў Богуша ад прыхадня. – Кажы, як ёсць, блазан!
Карэйва агледзеў цёмныя твары старавежцаў, на якіх скакалі чырвоныя адбіткі полымя.
– Бачыў я дзяўчыну, якая танчыла ў шалёным карагодзе і выжыла. Яна ўжо не такая, якой вы памятаеце яе. Лекар вылечыў ейнае цела, каб зрабіць дапаможніцай у сваіх вядзьмарствах. І войта не прасіце… Хто ведае, магчыма, лекар ператварае дзяўчыну ў котку ці ў птушку… Загадае пан Лаўрын абшукаць пакоі – а дзяўчыны няма… Хе-хе-хе… Супраць лекара войт без дазволу Вялікага князя не пойдзе. Вырашайце самі, што будзеце рабіць, панове… Я сказаў…
Цёмная постаць знікла ў начы.
– Хто пойдзе са мной раніцою на вежу? – закрычаў Богуш.
– Я, вядома… – пан Варава стаў побач з маладым рыцарам. – Хто з намі?
Азвалася з дзясятак шляхціцаў. Але большасць не хацела біцца за апантаную. У кожнага меліся свае памерлыя, свае дарагія, што не маглі ачомацца ад хваробы… А змагацца з чарамі – справа святароў. Зорка Мілавіца сыпала халоднае блакітнае сяйво на невялікую купку людзей, што не хацелі разлучацца са смерцю. Пан Варава сумна абвёў іх вачыма. Самыя лепшыя і сумленныя… Гэта значыць, што хутка на іхняй зямлі такіх застанецца яшчэ менш.
– Дзякую, панове… Як развіднее, мы пойдзем на пляц і станем патрабаваць ад Рожы аддаць маю дачку і пакараць лекара. А калі ён не паслухае… Нам застанецца слаўна памерці.
Богуш сурова звёў бровы і падняў да Мілавіцы вочы, гэткія ж сінія, як яе святло, нібыта заклікаючы ў сведкі.
– Я абяцаю, пан Варава, што войту давядзецца прыслухацца да нашых словаў. Любым коштам! Але прашу пачакаць яшчэ дзень.
– Што ты задумаў? – спытаў пан Варава. Але Радчыц толькі ўпарта бліснуў вачыма.
– Праз дзень, на досвітку, мы збярэмся тут і вернем сваю вольнасць!
Малады рыцар рэзка павярнуўся і сышоў. Мілавіца глядзела яму ўслед.
* * *
– Іх будзе тры тузіны… Не больш…
Дзве постаці шапталіся ля акна вежы. У прывідным святле далёкіх зорак відаць было толькі, што адзін з суразмоўцаў – каржакаваты, вялікі, другі – сагнуты ў крук.
– Нашто ты гэта зрабіў?
– Тс-тс-тс… Забыўся, што табе сказаў Вялікі князь?
– У мяне памяць не адбіла. Я мушу выконваць усё, што ты кажаш. Але я не разумею…
– Хе-хе-хе… Нашто табе ўсё ведаць і разумець, войт… Для гэтага ёсць я… Смешны, бяскрыўдны, усюдыісны… Князю не патрэбныя ведзьмакі, якіх усе ненавідзяць, Лаўрын. Князь хоча стаць каралём, яму трэба літасць папы… А Бернацоні, калі ты не ведаеш, уцёк у Прагу з Італіі, бо яго абвінавацілі ў чараўніцтве. Ерэтыкі і валхвы, нават калі яны саслужылі сваю службу, мусяць сысці ў цемру, не плямячы светлы воблік уладара. Няхай бунтаўнікі ўвойдуць у вежу… Хе-хе-хе… Няхай заб’юць лекара… А твае людзі заб’юць іх.
Каржакаватая постаць адхінулася ўбок.
– Я ведаю многіх старавежцаў… Гэта слаўныя рыцары…
– Хе-хе-хе! Кожнаму быў дадзены выбар! Тыя, што прыйдуць – самі абралі смерць і шлях здрады. Гнілы зуб варта вырваць. Князь наш створыць вялікае і моцнае каралеўства, на вякі. А я – князеў няварты слуга… Каб не ён – я знік бы, скалечаны, абрабаваны, без сэнсу ў жыцці… Ты пахіснуўся ў вернасці сваёй, Рожа?
– Хутчэй згіну.
На нейкі час запанавала цішыня, нібыта двое прыслухоўваліся, ці ноч пакорліва паглынула прамоўленыя словы, ці не ператварыліся тыя словы ў нешта асобнае, жывое і агіднае, як вужакі…
– А што рабіць з дзеўкай, калі лекар яе не заб’е?
– Хе-хе-хе… Ты аддасі яе мне…
Каржакаватая постаць пагрозна варухнулася. Шэпат ледзь не ператварыўся ў крык.
– Ах, ты юрлівая пачвара…
– Ціха, ціха… – зашаптаў прыгорблены. – Нікому не дам забіць небараку. І сам не пакрыўджу. Я адвязу яе ў Вільню, у кляштар. І маетнасць паненкі не замай! Князь апякуецца сіротамі…
* * *
Анэта ў каторы раз чытала псалом… «Акрапішы мя ісопам, і ачышчуся, амыешы мя, і пачэ снега ўбялюся… Ваздаждзь мі радасць выратавання Твайго і духам Уладарным сцвердзі мяне… Навучу беззаконныя шляхом Тваім, і нечасцівыя да Цябе звернуцца…»
Промні кволага лістападаўскага сонца, што прабіваліся скрозь шчыліны між дошак, якія захіналі акно, ледзь маглі асвятліць стары пергамент. Буквіцы, выведзеныя дзесьці ў кляштары няспешнай рукою мніха, яшчэ ззялі барвай і пазалотай, нібыта восеньская лістота. Анэта не хацела думаць, што пройдуць гады, а можа, вякі, і гэтыя фарбы паблякнуць, выцвітуць, як тая лістота, і святая кніга таксама ператворыцца ў пыл… Страшна было пра гэта думаць… Але смерць усё яшчэ танчыла навокал, і нагадвала – няма нічога вечнага на зямлі… Словы, што ты прамаўляеш – застануцца. А вусны, якімі ты іх прамаўляла, літары, па якіх слізгалі твае вочы, ты сама, гэтая вежа, гэты горад ператворацца ў пыл. Як усе, каго любіла…
У траўні яны з Богушам змовіліся і ўцяклі ў лес на таемнае святкаванне Клескуна. Святар заклікаў на казані ў царкве супраць таго, каб гараджане хадзілі на паганскія святы. І бацька забараняў. Але Анэта і Богуш былі такія маладыя, гэта здавалася гарэзнаю гульнёй, якую Усемагутны Гасподзь прабачыць… Калі Анэта была малая, нянька расказвала ёй пра Клескуна, вясёлага і разгульнага хлапца, ён жыў калісьці на небе і вадзіў месяц, седзячы на ім вершкі. То светлым бокам паверне яго, то цёмным… Але неяк адлучыўся Кляскун да каханай дзяўчыны, і Пярун абрынуў яго за гэта на зямлю… Толькі адбітак твару юнака на Месяцы можна разгледзець…
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?