Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 1


  • Текст добавлен: 18 декабря 2018, 14:20


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 1 (всего у книги 22 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Людміла Рублеўская
Сэрца мармуровага анёла
Аповесці, апавяданні

© Людміла Рублеўская, 2015

© ТАА "Электронная кнігарня", 2015

Пярсцёнак апошняга імператара

Пралог

На чалавека палююць часцей, чым на звера. Іншыя гома сапіенсы, вядома.

Прынамсі, ягоны анёл-ахоўнік схаваўся, мусіць, вунь за тую аблачынку і роспачна захінае светлы твар лёгкімі рукамі, каб не бачыць перапэцканага гразёю і крывёю падапечнага. Той ушчаміўся спінай у зарослую кісліцай яміну пад вывернутым карэннем сасны і дрыжыць ад стомы і адчаю, і дыхае хрыпла і хутка, як і належыць зацкаванаму зверу. І ўжо, мабыць, нічога чалавечага не засталося ў ягоных запалых вачох… Хіба той самы сіні колер, за які сябры называлі яго Валошкаю… Чалавек, нібыта спрабуючы пазнаць самога сябе навобмацак, праводзіць па зблажэлым твары рукой з тонкімі доўгімі пальцамі. Рагі гразі і крыві размазваюцца па скуры. Вось цяпер ён цалкам выклікаў бы адабрэнне ў сваіх улюбёных старагрэчаскіх кінікаў. Зліўся з прыродай. Шкада, запозна… Ён нават усміхаецца куточкамі пакусаных вуснаў. Над галавой праляцеў авадзень. Чалавека скаланае – зумканне здаецца па-здрадніцку гучным. Нібыта на гэты гук прыйдзе пагоня… Заплюшчвае вочы і прыслухоўваецца. Ціха… Ніколі не думаў, што ягоная магіла будзе такой зялёнай, прагрэтай летнім сонцам… Што ж, родная зямля, дзякуй табе хаця б за гэта. Ці я не змог даць табе волі, ці ты не схацела такога дарагога дарунка… Як у «Фрынасе» Сматрыцкага: «Разявілі на мяне свае пашчы, як варожыя пашчы, напоўненыя здрадлівымі і фальшывымі словамі. Узялі ў свае рукі сякеры і шукаюць маю душу для таго, каб яе загубіць. З усіх бакоў сеці, усюды ямы, з усіх бакоў ядавітыя джалы…»

Чаму яны з сябрамі заўсёды ўяўлялі радзіму ў абліччы Чароўнай Дамы, няшчаснай і адначасова жорсткай, за якую варта памерці і ад якой нельга чакаць удзячнасці?

Рамантыкі…

Ці то здаецца, ці сапраўды да птушынага аркестра далучаецца медзь далёкага сабачага брэху. Уся істота чалавека зусім па-жывёльнаму ўздрыгвае і намагаецца ўцякаць… Але цела ўжо зрабілася часткай зямлі. Пагоня спозніцца. Што ж, зацкаваны звер назаўсёды застанецца ў зялёнай яміне. Скрозь густыя шаты дрэваў сеюцца сляпучыя сонечныя прамяні, яны ўтвараюць лесвіцу, ніжняя прыступка – на самых грудзях чалавека, а верхнія губляюцца ў зялёна-блакітнай вышыні. Яшчэ адно, што трэба аддаць зямлі… Чалавек дастае з-пад лахманоў скрываўлены скрутак і апошнім намаганнем непаслухмяных цягліцаў хавае яго глыбей пад выварачанае карэнне сасны…

Сінія-сінія вочы чалавека на звярыным, у крыві і гразі, абліччы спыняюцца на краі маленькай аблачынкі, бачнай праз акенца ў зялёных шатах. З аблачынкі светла-светла ўсміхаецца анёл.

Маскоўскія камуналкі

Выбар быў невялікі. Або невыносная нуда палітзаняткаў, або спартыўныя секцыя, або дабрачынная дапамога самотным старым.

Магдаліна выбрала апошняе.

– Ну ты неахайніца! – жахалася аднакурсніца, паўнаватая ружовашчокая Светка-сібірачка. – Побач з табою няёмка прызнавацца, што вучымся ў Літінстытуце. Хоць бы куртку на плячы зацыравала…

– Клопаты пра знешнасць перашкодзяць майму ўнутранаму самавыяўленню! – рагатала невыносная Магдаліна, рассякаючы чарговую лужыну замшавымі чаравікамі, захляпанымі маскоўскай гразёю. – А пра Літінстытут я ўвогуле змаўчала б. Падумаеш, гонар – грамадскае даручэнне… Думала, хоць тут, у «элтарнай» установе, няма такога маразму. Будзем казаць старэчам, што мы з ЖЭСа, і кропка.

– Ну што ў табе жаноцкага, – абурылася Светка. – Я ўяўляла, што беларуская дзяўчына мусіць быць блакітнавокая, светлавалосая, лагодная…

– А я нетыповая! – Магда «прычасала» непаслухмяныя валасы рукой, ведаючы, як гэты жэст не падабаецца акуратнай сяброўцы. – І ўвогуле, я – шляхцянка па паходжанні, можа, ува мне генетычна закладзена, што без прыслугі нічога рабіць не ўмею…

Магдаліна Дарбут нагаворвала на сябе. І рукі ў яе былі ўмелыя, і сама яна – стройная, гнуткая, валасы цёмнай капой – вабіла вока, нават у самай нязграбнай вопратцы. Прыгажосць, якая не ведае сама сябе… Бровы ўзлятаюць гарэзна і крыху здзіўлена. І ў тонкіх рысах твару – чаканне шчасця і палёту і неўсвядомленая трывога – як на карцінах Батычэлі. Вось толькі сустрэнецца з паглядам зялёных вачэй выпадковы залётнік – і свой пагляд адвядзе, і пашыбуе далей, да лагодных і зразумелых.

А веснавыя сонечныя зайчыкі скакалі па лужынах, па мокрым каменні брукаванкі, зазіралі ў сляпыя вокны двухпавярховых прысадзістых дамоў, нібыта адтуль маглі выглянуць шчаслівыя абліччы.

Але гэта быў раён камуналак. Некалі жылі тут шаноўныя купцы, ружавелі круглыя твары іхніх жонак, грэліся на вокнах таўсматыя коткі… Магчыма, што з цікавасцю паглядалі тыя жонкі, як вядуць у кайданах па вузкай брукаванай вулцы ўдзельнікаў разгромленага ў Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі паўстання…

Але Магда пра гэта думала роўна столькі ж, як і вераб'і, што купаліся ў лужынках перад бруднымі пад'ездамі.

Задача дзяўчат была нескладаная. У дэканаце ім выдалі спіс адзінокіх старых. Належала наведацца па кожным адрасе і распытаць іх пра надзённыя патрэбы. Вядома, гэта не азначала, што ўсе патрэбы будуць задаволеныя. Разумелі гэта і старыя… Галоўнае, што да іх нехта прыйшоў, пагаварыў пра набалелае, выслухаў…

– Гатовыя сюжэты для апавяданняў,– бурчэла Светка, калі яны прабіраліся доўгім цёмным калідорам да чарговага пакойчыка. А там – прапахлы лекамі апошні прыпынак чалавечае дарогі, якая са скрыжавання юнацтва бачыцца бясконцай і прывабна таямнічай, і нельга нават падумаць, што калісьці давядзецца апынуцца на такім жа сумным прыпынку.

Кожны візіт – паўгадзіны. Надта ўжо радаваліся гаспадары маладзенькім гасцям. І Магдаліна, да засмучэння сяброўкі, не магла не затрымацца. Ды і самой было цікава паслухаць, параспытваць.

Азызлая, нізкагалосая старая з іранічнай усмешкай на тонкіх вуснах распавядала пра Маскву трыццатых гадоў, паказвала выцвілыя афішкі і праграмкі канцэртаў. Нават дала пакруціць у руках чорны карункавы веер з ручкай са слановай косці і перламутравы тэатральны бінокль у футарале са змяінай скуры.

Старэча, сухі і светлы, як букет мінулагодняга быльнягу, у незвычайна прасторным пакоі з паўкруглымі вокнамі, відаць, колішняй гасцёўні, натхнёна распавядаў пра выступ Маякоўскага ў клубе іхняга завода.

Былі і не вельмі цікавыя візіты, са скаргамі на падступных суседзяў. У кватэры Сары Майсееўны Міхельсон, якая паводле жэсаўскіх спісаў лічылася адзінокай, выявілася цэлая куча сваякоў рознага ўзросту.

Чарнавокія малечы ганялі па калідоры на самакаце і гарлалі:

– Бабця! Да цябе прыйшлі!

Кватэра нумар шэсць была гэткай жа вялікай і няўтульнай, з доўгім цёмным калідорам, як тунель у цаглянай скале. Іван Канстанцінавіч Хмель, самотны пенсіянер, жыў у самым далёкім ад увахода пакоі.

Добразычлівая суседка падвяла дзяўчат да дзвярэй, але папярэдзіла ціхім шэптам:

– Ён, наш Канстанцінавіч, дзівак… Добры чалавек, дворнікам працаваў… Але не любіць размоў. Так што не крыўдуйце, калі і з вамі размаўляць не захоча.

І знікла ў адным з пакояў.

Ціха. Недзе капае з крана вада. На жоўтай сцяне партрэт Гагарына ў авальнай рамцы.

Гагарын бадзёра падміргваў: «Паехалі!» Але Светка і Магда чамусьці нервова пасмейваліся і не наважваліся пастукацца да дзівакаватага брамніка.

Нарэшце сібірачка выпхнула наперад, як заўсёды, сяброўку:

– Ты ў нас эмансіпіраваная… Ты і стукайся… Асцярожныя крокі сціхлі па той бок дзвярэй. Нехта стаяў, аддзелены ад дзяўчат тонкай фанерай, і хрыпла дыхаў.

– Пайшлі адсюль… – мармытнула Светка, але з таго боку пачулася рыпучае:

– Хто там?

Пасля доўгіх тлумачэнняў і ўдакладненняў дзверы расчыніліся. Хударлявы старэча з кульбачкай пазіраў на нечаканых гасцей сінімі, як веснавы лёд, вачыма. Нібыта рэнтгенам прасвечваў… Не, ніякіх скаргаў… Усяго яму хапае, таварышы юныя цімураўцы. Усяго яму адваліла жыццё, нават звыш нормы. І паветра, і прасторы, і волі. І добрых людзей.

Іранізуе яшчэ… Дзяўчаты ветліва развіталіся і рушылі прэч. Стары глядзеў ім услед сінімі вачыма.

– Вось табе і маеш… Быццам жывуць, як у Бога за плячыма, толькі смажанага лёду не стае, – ціха прагаварыла сама сабе трохі пакрыўджаная Магда.

Стары, відаць, меў надзвычай востры слых, таму што адразу пачуўся ягоны рэзкі, нават уладны вокліч:

– Паненкі, зайдзіце!

Вузкі, як саркафаг, пакойчык завешаны паліцамі і фота-здымкамі ў рамках. А кнігі! Магдаліна так і прыліпла да іх – старыя, у скураных, парэпаных вокладках, на карашках – назвы з «яццю». Блок, Цютчаў, Лермантаў… Нейкія польскія кніжкі… Побач з мастацкай літаратурай – тамы па хіміі, фізіцы, біялогіі… Велізарны том у чорнай вокладцы – «Алхімія». На падлозе, на падшыўцы часопіса «Химия и жизнь» стаяла скрынка, у шчыліне між накрыўкай і кантам паблісквалі шкляныя прылады. Логавішча чарадзея…

Светка паказала вачыма на фотаздымак: стройны малады чалавек з іранічнымі вачыма ў нейкай дзіўнай вайсковай форме, відаць, афіцэр… Няўжо гэты старэча? Гаспадар цярпліва чакаў, пакуль госці задаволяць сваю цікаўнасць. І раптам з высачэзнай шафы пачуўся шоргат і страшны, хрыплы крык… Чорная істота з вялізнымі крыламі скокнула ўніз, на падлогу, – быццам ажыла каменная гаргулья.

Светка завішчэла, як злоўленая русалка. І Магда ледзь стрымала крык… А па паркеце тупатаў крумкач. Чорнае вочка ў колцы белаватых пёркаў-вейкаў паглядала цалкам разумна і зусім не добразычліва.

Гаспадар пакоя пагладзіў птушку па прыгорбленай спіне.

– Ты што ж гэта, Карл Карлавіч, гасцей палохаеш? Сядайце, паненкі.

Светка і Магда паслухмяна селі на цвёрдую скураную канапу, не зводзячы позіркаў з крумкача, які, здаецца, так і цэліў шэрай моцнай дзюбай у гасцей.

– Вы не служыце ў ЖЭСе.

Быццам вінаваціць у чым! Магда не дазволіла сабе раздражніцца – гэта ж самотны, хворы чалавек. Дастала з сумкі студэнцкі білет. Старэча нават акуляры на нос уздзеў, каб злічыць фотакартку з тварам госці.

І зноў – як у палонку. Упёрся вачыма ў Магду і:

– Вы не масквічка. І не руская. Мне падалося, што я чуў ад вас тую мову, якой ужо не спадзяваўся тут пачуць. Адкуль вы?

– З Беларусі…

Крумкач прагарлаў нешта, але не падобнае на бяскрыўднае «кар». Камяк хрыплых гукаў…

На Магду абрынуўся вадаспад пытанняў на беларускай мове, з нейкім дзіўным вымаўленнем – такога яна яшчэ не чула, гукі ліліся лагодна і спеўна. Адкуль род па бацьку, адкуль род па маці, на якой мове піша артыкулы, чаму не па-беларуску? Ці не ў сваяцтве яна са старавежскімі Дарбутамі?

– Ну што ж, юная прынцэса, – завяршыў допыт стары. – Відаць, гэта лёс. Я не самы лепшы чалавек у гэтым свеце і не самы моцны. Але дарунак мне сапраўды вялікі. Тое, што вы прыйшлі.

– Дык якія ў вас пажаданні? Скаргі? – Магда сумелася: так дзіўна глядзеў на яе суразмоўца, з нейкай незразумелай тугою. Відаць, блытае з кімсьці?

– Можа, якія лекі вам трэба купіць? Ці прадуктаў? Мы збегаем…

Стары зноў падцяў вусны, сентыментальны агеньчык у вачах згас.

– Не, дзякуй, мілая прынцэса. А пажаданні свае скажу наступным разам… Прыходзьце праз тыдзень, зямлячка. У наступны аўторак, добра? У любы час.

Крумкач цяжка адштурхнуў крыламі паветра і ўзляцеў на шафу. Пасыпалася дробнае папяровае смецце.

Стары доўга не зачыняў дзверы. Магдаліна адчувала спінай ягоны пільны позірк…

Які дзіўны стары… Трымаецца, быццам апошні салдат разбітага войска.

– Ты як сабе хочаш, а я сюды больш не прыйду, – дрыжачым голасам прагаварыла Светка.

Дым Айчыны…

Магдаліну Дарбут паклікалі да рэктара першы раз. І яна з цікавасцю разглядала загрувашчаны кніжнымі шафамі кабінет. Гіпсавы Максім Горкі пільна пазіраў на крышталёвую попельніцу, мусіць, прымерваючыся, каб распаліць там маленькае вогнішча, як любіў пры жыцці. Але сённяшні гаспадар кабінета быў прыхільнікам здаровага ладу жыцця, і некранутая цыгарэтай попельніца блішчэла ўсімі гранямі.

– Вы ведаеце чалавека, якога завуць Іван Канстанцінавіч Хмель?

Пытанне прагучала не з вуснаў рэктара, які сядзеў за сталом, чытаючы нейкія паперы, а з левага кута. Магда аж сцепанулася. У крэсле сядзеў прыемны чалавек у бездакорным сінім, у тонкую шэрую палоску касцюме. І аблічча ў яго было прыемнае, усмешлівае… Вось толькі Магдаліне ад гэтае белазубай усмешкі чамусьці зрабілася непамысна. Немагчыма было нават уявіць – адказаць усмешкай.

– Ну дык ведаеце вы Івана Канстанцінавіча Хмеля? Магда разгубілася.

– Здаецца, не…

– Гэтага не можа быць. Падумайце. Іван Канстанцінавіч Хмель, тысяча дзевяцьсот трынаццатага года нараджэння, жыў па адрасе: Крывакаленны завулак, дом чатырнаццаць, кватэра шэсць.

Стары з крумкачом! Ну трэба ж! Магда, блытаючыся, распавяла пра грамадскае даручэнне. Рэктар упарта маўчаў. А незнаёмец у сінім касцюме нахіліўся наперад, нібы рыбак, што назірае за кругамі вакол паплаўка.

– Значыць, выпадак… А як вы патлумачыце, што ваш падапечны, які памёр тры дні таму, зрабіў вас сваёй адзінай спадчынніцай?

Магдаліна агаломшана глядзела на суразмоўцу. Рэктар нарэшце прыўзняў сівую галаву і кінуў з-пад акуляраў на Магдаліну дзіўны востры погляд. Нібы папярэджваў аб нечым.

– Вы камсамолка? – прагучала злева нібыта недарэчнае пытанне. А за ім – іншыя. Зусім як у таго старога… Пра сям'ю, пра бабуль і дзядуль, кім былі, дзе жылі… Ізноў – пра візіт да старога дзівака. Што гаварыў, няўжо нават не намякаў пра будучы запавет?

Нарэшце пытанні скончыліся, чалавек у сінім касцюме падняўся, кіўнуў на развітанне рэктару і выйшаў. Запанавала цішыня.

– Мне можна ісці? – знервавана запыталася Магда. Рэктар сядзеў не гледзячы на яе – неблагі чалавек і неблагі пісьменнік, навучаны выжываць. Як ні старайся – ніякіх эмоцый нельга было прачытаць ні на ягоным твары, ні ў голасе.

– У вас ёсць здольнасці, Магдаліна… Вы ведаеце, які сур'ёзны конкурс у нашу ўстанову. Мы прынялі вас, і гэта адзнака і… вялікі аванс. Да нашых студэнтаў прад'яўляюцца вельмі сур'ёзныя патрабаванні, на іх ускладзеная вялікая адказнасць…

Магдаліна напружана ўслухоўвалася ў плынь гладкіх фраз, якія закалыхвалі свядомасць сваёй плаўнасцю, акругласцю, нявызначанасцю. Пакуль, нарэшце, да яе не дайшоў сэнс, які хаваўся пад гэтай плыткасцю і акругласцю, – ёй прапаноўвалася пайсці з інстытута! У які яна паступала тры гады запар! Дзеля паступлення «адтрубіла» два гады ў завадской бібліятэцы, каб назапасіць належны працоўны стаж! Чаму?!!

Рэктар гаварыў пра філалагічны факультэт у родным горадзе Магдаліны, варта толькі даздаць пару прадметаў, каб туды перавесціся… Зірнуў на твар сваёй студэнткі і змоўк. Цень чалавечага пачуцця мільгануў за акулярамі ў металічнай аправе. Рэктар чамусьці расчыніў акно – кабінет адразу напоўніўся гулам машын і вясёлымі галасамі, рукой паклікаў да сябе Магдаліну. Загаварыў ціха, так што яго голас амаль губляўся ў вулічным шуме.

– Не трэба так адчайвацца. Павер, дзяўчынка, тваё жыццё на гэтым не канчаецца. З другімі бывала горш.

– Але…

Рэктар жэстам спыніў рэплікі Магдаліны.

– Я правяраў тыя спісы, што вам давалі з ЖЭСа… Там нічога не ведалі… Разумееш, тут такі шэраг супадзенняў, у які цяжка паверыць. Але я бачыў усякае. Веру, што ты ўблыталася выпадкова. Ён… вораг савецкай улады. Калісьці ўваходзіў у партыю беларускіх нацыянал-дэмакратаў. Так што з ягонай спадчынай… будзь асцярожная. Я раіў бы адмовіцца ад яе. Тым больш там нічога каштоўнага. Кнігі, паперы. Магдаліна прагаварыла:

– А калі я адмоўлюся… Мне можна будзе застацца ў інстытуце?

– Ну, баюся, нічога выправіць нельга… У любым іншым інстытуце абышлося б. А тут… Вядома, я б мог нічога не гаварыць, проста на сесіі ты б атрымала нездавальняючыя адзнакі. А нашто гэта табе, выдатніцы? А ад спадчыны адмоўся. У будучым будзе лягчэй. Цябе перастануць звязваць з гэтай небяспечнай асобай. Дзед што-небудзь абяцаў? Тлумачыў?

Востры пагляд з-пад акуляраў. Магдаліна моўчкі пакруціла галавой.

– Ну, ідзі… Падумай…

Крыўда працяла Магдаліну… Крыўда, якая знясільвае слабых. Магдаліна дасюль не ведала, слабая яна ці моцная. Самым лагічным было б для яе зараз узненавідзець старога, які ні за што сапсаваў яе жыццё… Напісаць заяву, адмовіцца ад спадчыны. Але… Нездарма Магдалініна маці ўздыхала, што ў дачкі бацькаў характар. Бацька загінуў тры гады таму з-за, як лічыла маці, сваёй упартасці. Ведаў жа, што лёд тонкі… І добра, каб чалавека палез ратаваць, а то нейкі дварняк, які і патрапіў у палонку, відаць, не без чалавечае дапамогі… А бацька і сабак не вельмі любіў… І вось цяпер Магдаліна таксама заўпарцілася. Усе максімалісцкія ідэалы патрабавалі ад яе – не здавацца. «Гэта дарога вельмі цяжкая. – Значыць, гэта мая дарога…» і ўсё такое падобнае. Сябра Марк быў бы уражаны. Выхаваў дзяўчыну на рыцарскіх прынцыпах з невялікай памылачкай: замест Чароўнай Дамы – рыцар у спадніцы…

Наступныя дні прайшлі як у тумане. Вакол Магдаліны ўтварылася нібыта кола пустэчы. Большасць аднакурснікаў пачуваліся, як блізкія пры безнадзейна хворым. Светка вінавата адводзіла позірк. Магдаліна зразумела, што распытвалі і яе. Магду не пазнавалі – уся напятая, з падцятымі вуснамі, яна нагадвала стралу, ускладзеную на тугую цеціву. І кожны стараўся сысці з ейнага шляху. Толькі Сашка Тарасаў, вечна п'яны Сашка з разбойніцкай фізіяноміяй стэпавага хана, аўтар аповесці пра тэатр ліліпутаў, дырэктарам якога насамрэч неяк пабыў – Сашкава біяграфія была надзвычай бурлівая, – перастрэў апальную аднакурсніцу на калідоры.

– Ты, дзеванька, плюнь на іх. Яны тут толькі мазгі прамываюць. А пісаць калі сама не навучышся, добры дзядзька не навучыць. Я ж таксама адсюль сыходжу. На фіг мне гэта… У іх Андрэй Платонаў двор мёў, пакуль яны лекцыі чыталі. Хочаш вінца? Не? Ну, трымай хвост пісталетам.

Былі хаджэнні па нейкіх кабінетах, зноў празрыстыя намёкі на тое, што раіў рэктар…

Урэшце – зноў кватэра нумар шэсць. Пакойчык за шчыльнымі дзвярыма. Стосы кніжак, перавязаныя шпагатам. Фотаздымкі ў каробках з-пад абутку. Ашчадная кніжка – дзвесце шэсцьдзесят рублёў зберажэнняў. І – клетка з крумкачом.

Мажны дзядзечка з партфелем – напэўна, з жыллёвай службы, – папярэдзіў Магдаліну, што ўсе рэчы належыць вывезці з дзяржаўнай кватэры ў бліжэйшыя пару дзён. І то для яе робяць палёгку з увагі на жыццёвую нявопытнасць. І Магда засталася адна.

Дзяўчына апусцілася на цвёрдую скураную канапу і нарэшце паспрабавала асэнсаваць усё, што з ёй адбылося. Аж галаву абхапіла і застагнала – ад немагчымасці ўсё вытлумачыць. Нават уласныя ўчынкі. Адчайны запал, які падтрымліваў Магдаліну гэтыя дні, згас. І яна засталася сам-н асам з такой пустэчай вакол, якую раней адчуваць не даводзілася. Нашто стары ўлез у яе жыццё?! Навошта яна ўвязалася ў важданіну з непатрэбнымі паперамі і паламанай мэбляй? І яшчэ гэты крумкач…

Карл Карлавіч, нібыта адчуў ейны настрой, таксама за-хрыпеў-застагнаў, заварушыў крыламі… Магда схамянулася – ён жа, мабыць, галодны… І ў гэтай цеснай клетцы… Крумкач нязграбна ступіў на падлогу. Магда аддала яму палову булкі, наліла ў кубак свежай вады і зноў бяссіла апусцілася на канапу.

– Што ж нам з табой рабіць, Карл Карлавіч?

Карл Карлавіч яшчэ раз стукнуў моцнай дзюбай з наліплымі хлебнымі акрушынкамі ў падлогу і таксама натапырыўся, скурчыўся, нібы чорны мніх ад смяротнага грэху. Вяртацца дадому… Напэўна, каб бацька быў жывы, зразумеў бы… А цяпер трэба нешта тлумачыць маці, Марку…

Магдаліна зноў застагнала, згадаўшы свайго жаніха. Марк Ялецкі, станоўчы, надзейны, іранічны Марк, проста не паверыць у выпадак. Абавязкова вырашыць, што яна, горкае несвядомае дзіця, утварыла чарговае глупства.

Марк прыкмеціў Магду, калі яна неяк зайшла ў ягоную рэдакцыю. Правіў ейныя літаратурныя спробы. Забяспечваў кнігамі. Вадзіў на «тусоўкі». І ў рэшце рэшт само па сабе вырашылася, што Магдаліна стане ягонай жонкай. Марк быў на дзесяць гадоў старэйшы, пяць год таму развёўся. Былая жонка, вядомая артыстка, дамаглася «волі творчага самавыяўлення». І Ялецкі абвясціў, што сам «выхавае» сабе нявесту, бездакорную дзяўчыну. Магда аказалася для гэтага ўдзячным «матэрыялам» і шчыра імкнулася адпавядаць ідэалам Марка, прымаючы яго беражлівае апякунства. Ад часу недарэчнай гібелі бацькі дзяўчына ўпершыню адчувала такую абароненасць.

Марк доўга абдумваў мару Магдаліны пра Літінстытут. Урэшце вырашыў, што нядрэнна «навесці лоск» на будучую жонку. Ажаніцца са сціплай бібліятэкаркай і ажаніцца са студэнткай прэстыжнага ВНУ – розніца… Ён пераканаў Магду больш не пасылаць на творчы конкурс вершы, а сабраць артыкулы і падацца на літаратурную крытыку. Творчыя магчымасці Магды Марк ацэньваў досыць рэалістычна, таму адразу сказаў, што года ў Маскве з яе будзе досыць. Да таго ж, уздыхаў ён з затоенай скрухай, гэта будзе ім выпрабаваннем. Яны абодва – вольныя творчыя людзі, і іх лучнасць мусіць быць добраахвотнай. У цноту нявесты ён верыць непахісна.

Небарака Марк сам не падазраваў, як глыбока зачапіла ягонае сэрца юная бібліятэкарка з зялёнымі вачыма, з характарам свавольным, як веснавая ручаіна…

У дзверы пакоя нясмела пастукалі. Крумкач узляцеў на шафу. Знаёмая па першым наведванні кватэры суседка працягнула Магдзе невялікі скрутак.

– Вось… Іван Канстанцінавіч незадоўга да смерці прасіў мяне схаваць, і калі што – перадаць вам. Асабіста ў рукі і без сведкаў.

Магда няўважна ўзяла пакунак. Але суседка не спяшалася сыходзіць. Абвяла позіркам пакой.

– Каго цяпер паселяць? Не дай Бог, якіх алкашоў… Прасілі ў начальства, каб каму з нас пакой адпісалі. Дык не, не выходзіць па плошчы. Бюракраты. Будуць падсяляць. З Іванам Канстанцінавічам добра было. Ціха. Часам які цвік забіць дапаможа. А куды ж вы гэтую мэблю падзенеце? Забераце? Магда паціснула плячыма.

– Навошта яна мне?

– Ну чаму, шафа вунь якая зручная… Змястоўная… У мяне б у пакоі якраз стала…

Магдаліна ўнутрана ўсміхнулася гэткай наіўнай хітрасці.

– Ну дык забірайце яе сабе… І канапу таксама. І ўвогуле… Я толькі кнігі і дакументы забяру. А астатняе – самі глядзіце…

Суседка ўзрадавалася, пачала нешта шчабятаць пра тое, як любіла нябожчыка і якім ён добрым чалавекам быў. Таму і памёр так хутка, не мучыўся. Лёг і не прачнуўся.

З шафы пачуўся хрыплы роспачны крык. Магдаліна ажно пачырванела ад сораму – як яна магла забыцца пра птушку? Можа, раздобраная суседка і Карла Карлавіча прытуліць? Але кабета грэбліва скрывілася ў бок крумкача:

– Цьху… Сіла нячыстая… напалохала… І вось жыве ж такая поскудзь, і чалавека перажыве!

І Магдаліна нічога не сказала ёй. І засталася ў чужым пакоі, з чужымі рэчамі і сам-насам са сваёй бядой…

Пераглядаць рэчы не было моцы. Ісці ў інтэрнат настолькі не хацелася, што Магда вырашыла заначаваць на гэтай чорнай цвёрдай канапе, у кампаніі крумкача. Скразняк варушыў на акне занавескі, і можна было ўявіць, што вось-вось з'явіцца прывід былога гаспадара.

Але пасля перажытага магчымае з'яўленне прывіда Магду не ўзрушвала.


Страницы книги >> 1 2 3 4 5 6 7 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации