Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 3


  • Текст добавлен: 18 декабря 2018, 14:20


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 22 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Сібірскія крумкачы

Зэк № 1-756 у калоне гэткіх жа, як сам, дахадзягаў цягнуўся ў свой барак.

Адзінае, што вылучала гэтага зняволенага, – вялікая птушка, што сядзела ў яго на плячы, як чорны анёл-ахоўнік.

Гэта, вядома, быў непарадак, і гады тры таму птушка зрабілася б мішэнню для канвойных, а зэк «загрымеў» бы ў БУР – страшную лагерную турму.

Але за апошнія тры гады, пасля смерці «галоўнага кормчага», тут усё змянілася. Ахова ўжо не ведала, як трымацца са сваімі вязнямі. Амаль кожны дзень кагосьці з іх даводзілася выпускаць на волю. А пры пераходзе з катэгорыі быдла ў катэгорыю чалавека былы зэк мог пераўтварыцца ў кагосьці вельмі ўплывовага і паважанага, напрыклад, генерала і Героя Савецкага Саюза, як гэта адбылося ў мінулым месяцы. І ахоўнікі моўчкі цярпелі крумкача.

Вязень падабраў яго паўмёртвым птушанём. Тады найбольш абурыліся іншыя зняволеныя – дадаваўся новы ядок. Але калі крумкач падрос, самі пачалі яго падкормліваць.

А ўладальніка крумкача ўсё не вызвалялі. Зэк № 1-756 не скардзіўся. Яму і так пашанцавала. Ён пражыў ужо дваццаць пяць лішніх гадоў на гэтым свеце. Тады, пасля ягонага адчайнага ўчынку, пра які не хочацца ўспамінаць, яго на нейкі час вызвалілі. Потым – вайна. Войска Польскае. Ваяваў добра, бо ўжо не шкадаваў жыцця, купленага занадта дарагой цаной. Потым – цэлых два гады, калі здавалася, усё самае благое – за спінай і можна пачынаць нармальнае жыццё. Ён нават зноў пачаў пісаць вершы. І з горыччу разумеў, што ім ніколі не ўзляцець да вышыні вершаў таго, сінявокага, які загінуў. І зноў – савецкі лагер…

У зоне яго паважалі. Ён ніколі не «шасцярыў». Калі здзекі перавышалі нармальную чалавечую трываласць і кожная клетачка спакутаванага цела маліла здацца – перад вязнем паўставалі сінія-сінія вочы… Сінейшыя, чым у яго самога…Яны глядзелі з маўклівым дакорам, і вязень выплёўваў разам з крывёй упартае «не…»

Цяпер у яго ёсць надзея падоўжыць свой зямны шлях. Хаця б дзеля гэтага крумкача – вось хто сапраўды адданы! А крумкачы жывуць, кажуць, гадоў па трыста… Ды яшчэ ёсць адна справа на зямлі… Той скрутачак папер, спісаных цвёрдым круглым юначым почыркам, пра які ён адзін цяпер і ведае.

Марылька таксама ведала пра той скрутачак. Але Марылькі больш няма… Перажыла вайну – і памерла ад запалення лёгкіх. Застудзілася, цягаючы маразамі паламаныя шпалы на дровы ў дзіцячы дом. Калісьці ён, безнадзейна закаханы, выратаваў ёй жыццё. Тым адзіным спосабам, які быў яму даступны. За гэта яна пракляла яго.

Але не варта варушыць мінулае. А то зноў пачне балець сэрца і сінія вочы зірнуць проста вунь з тае аблачынкі.

Крумкач узляцеў – ён, напэўна, разумеў, што ягоны цяжар стамляе саслабелага чалавека, і кружляў невысока над калонай людзей у ватоўках.

– Кррум-кррум!

Вязню ж пачулася: «Кароль! Кароль!»

І з аблачынкі над высокімі сібірскімі соснамі зірнулі сінія-сінія вочы…

Яшчэ праз трыццаць гадоў, у хуткасным цягніку Масква– Мінск, дзесьці на перагоне між Ярцавам і Смаленскам, на верхняй паліцы спальнага купэ плакала ў прапахлую хлоркай, злямцаваную казённую падушку няўдалая студэнтка Магдаліна Дарбут. Плакала, стараючыся, каб ніхто не пачуў ейнага плачу, сама не разумеючы, аб чым яе туга… Можа, па сваіх ніколі не бачаных дзеду і бабцы – раней ведала толькі іхнія імёны: Антоній і Марыя. Па хлопцу і дзяўчыне, што сустрэліся пяцьсот год таму ў маленькім ліцвінскім мястэчку, каб спазнаць самае салодкае і самае горкае на зямлі – каханне… Плакала па сабе… Па бацьку… Па Марку… Па ўсім свеце – такім несправядлівым і такім прыўкрасным…

А ў галаве круціліся апошнія радкі пісьма, напісанага на старонках старой кніжкі:

«Для чаго я выжыў?

Я так даражыўся сабой. Але аднойчы зразумеў – з усіх сваіх сяброў я быў самы бяздарны. Цяпер ахвотна б аддаў сваё жыццё кожнаму з іх – якую карысць прынеслі б яны Беларусі! Як збяднеў без іх свет!

Але запозна. Цяпер я думаю, што пражыў гэтулькі для таго, каб сустрэць цябе. Я зноў раблю эгаістычна – перавальваю на твае худзенькія плечы свой цяжар. Я зразумею, калі ты адмовішся. Мая спадчына не прынясе табе ні грошай, ні славы. Тым больш, ведаючы ўсё – пра што я тут распавёў і пра што змаўчаў,– ты, можа, не пераступіла б парог маёй хаты. Але я ўсё-ткі прашу цябе – вельмі прашу: знайдзі той рукапіс… Дзеля аднаўлення справядлівасці. Цяпер можаш лічыць прачытанае страшнай казкай, закрыць кніжку, і я шчыра жадаю табе шчасця. Калі ж табе мала непрыемнасцяў – прачытай наступныя радкі вельмі ўважліва, пятнаццаць, лепш дваццаць разоў запар. Гэта вельмі важна. Добра? І не праклінай мяне, як даведаешся ўсё.

Мяжа між добрымі намерамі і паскуднымі справамі сцёрта мільярдамі крокаў…»

Ліст застаецца ў сне

Такія хлопцы ніколі не падабаліся Магдаліне. Ён глядзеў на яе ветліва, але неяк… суха, ці што? Без той «паляўнічай» іскрынкі, якая мімаволі запальваецца ў вачах мужчыны пры поглядзе на прыгожую дзяўчыну і якую Магдаліна, хаця раздражнялася роллю «аб'екта палявання», прывыкла сустракаць у вачах суразмоўцаў.

На Марка, на яе самавітага, інтэлектуальнага Марка Ялецкага, хлопец пазіраў трохі з большай цікавасцю, але таксама без асаблівае павагі. А між тым зазвычай нават пры першым знаёмстве з Маркам размаўлялі неяк па-асабліваму. Японцы сказалі б: «У яго ёсць свой тыгр». Але гэты маладзён у заношанай джынсавай куртачцы, ды яшчэ з доўгімі валасамі, сцягнутымі на патыліцы ў куртаты хвосцік, як чамусьці раздражнёна вырашыла Магдаліна, занадта многа пра сябе думаў. А кабінет у яго – не большы за грузавы ліфт. Няйначай, былая кладоўка. Толькі і ўлез пісьмовы стол, завалены папкамі, ды шафа. І ўсё абклеенае кепскімі ксераксавымі копіямі сярэднявечных гравюр.

Няўжо так можа выглядаць "выдатны спецыяліст Канстанцін Сташынскі", як рэкамендаваў яго Марк?

Затое пры адным позірку на стосік старых кніг, лістоў і фотаздымкаў цёмныя вочы хлопца літаральна запалалі і ўвесь ён раптам змяніўся. Абыякавасць і іронія зляцелі з яго твару. Маладзён браўся за кожны аркушык так беражліва, быццам той мог рассыпацца.

– Вядома, я сустракаў гэтае прозвішча. Іван Канстанцінавіч Хмель… Янук Хмель… У трыццатых друкаваўся ў студэнцкай газеце універсітэта, у «Звяздзе»… І адразу пасля вайны, у сорак шостым, некалькі падборак. Вершы пафасныя, прымітыўныя. Але цікава другое – па ўсіх звестках, гэты чалавек памёр у сорак восьмым годзе. Пра Дарбутаў ведаю шмат – але пра тых, што бралі ўдзел у паўстанні шэсцьдзесят трэцяга. Дваіх з гэтага роду тады расстралялі, і чацвёра ці пяцёра былі сасланыя. Вы, значыць, іх спадчынніца…

Маладзён упершыню з цікавасцю зірнуў на Магдаліну.

– Ты, Косця, у глыбіні гісторыі не залазь, – незадаволена спыніў знаёмца Марк. – Лепш патлумач, якім макарам Дарбуты, а дакладней, вось ейны дзед, Антон Дарбут, з тым Іванам Хмелем мог быць звязаны.

– Колькі разоў табе казаць, – цвёрда прамовіў спецыяліст у джынсоўцы. – Я не Косця, а Кастусь. І не трэба пасмейвацца. Калі б я быў Гіві ці Джордж, ты што, зваў бы мяне Грышам? А што тычыцца дзеда тваёй дамы, то я, прабач, не правідца. Мне трэба падняць дакументы, пашукаць у архівах. Пакуль нічога сказаць не магу.

– Затое я магу, – не вытрымала Магдаліна. – Калі Іван Хмель вучыўся ў педтэхнікуме, мой дзед быў студэнтам філалагічнага факультэта ва універсітэце. І ён таксама паэт. І, напэўна, добры. І яшчэ ён быў нашчадкам візантыйскіх імператараў!

– Ты адкуль гэта ўзяла? – уразіўся Марк. – Нічога раней не гаварыла!

– Я сама толькі два дні таму даведалася… Вось… – Магдаліна нейкі час павагалася, але ўсё-ткі дастала з сумачкі кніжку ў зялёнай пацёртай вокладцы. Зірнула на Сташынскага… Характар у таго, відавочна, кепскі, але… Чамусьці Магдаліна падумала, што стары Хмель знайшоў бы, пра што пагутарыць з гэтым фацэтам…

– На апошніх старонках Іван Канстанцінавіч напісаў ліст да мяне.

Марк пацягнуўся да кнігі адначасова з Кастусём, і яны пачалі гартаць яе ўдвух, перашкаджаючы адзін аднаму.

– Нешта я не бачу тут запісаў,– нарэшце незадаволена сказаў Марк.

Магда адарвалася ад сузірання гравюры з алегорыяй Меланхоліі і ўзяла кніжку.

– Вось тут, у самым канцы…

І аслупянела. Лісты былі на месцы. На месцы была назва «Для зацемак». Але пад ёй не было нічога! Ніводнага радка! Чыстыя пажоўклыя старонкі!

– Яно было напісана тут… – прамармытала Магдаліна, гладзячы дрыжачымі пальцамі паперу.

Марк раз'юшыўся:

– Ну, усё… Дайшла са сваймі дзядамі… «Нашчадак візантыйскіх імператараў»! Хутка будзеш на сценах касмічныя пасланні чытаць. Давай сюды… – ён груба выхапіў з рук Магдаліны кнігу. – Пайшлі…

Дзяўчына бязвольна рушыла за жаніхом.

– Ч акайце! – ірвануўся за імі Кастусь. – Дайце мне гэтую кнігу! Хоць на дзень! Я яшчэ пагляджу!

Марк злосна сунуў яму ў рукі зялёны томік.

– На, вывучай… Можа, якое пасланне праявіцца. І ўсе астатнія дакументы твайму інстытуту перадамо. Рабіце што хочаце. А мне трэба гэтую дзеўчынёху да нармальнага стану прывесці. І крумкача гэтага паганага сплаўлю ў жывы куток.

Магдаліна выпадкова заўважыла, што фанабэрысты Сташынскі стаіць у дзвярах свайго кабінеціка і глядзіць ім услед, прыціскаючы злашчасную кнігу абедзьвюма рукамі да грудзей.

Дзяўчыне аж закарцела на развітанне выкінуць нешта адпаведнае свайму вар'яцкаму статусу – гаўкнуць на гэтага цікаўніка, ці што…

Добра, стрымалася.

Назаўтра была субота, і Марк павёз яе за горад, на пікнік. Калісьці яны любілі падобныя вылазкі. Але з мінулай вясны, калі выбухнуў рэактар у Чарнобылі, на прыродзе Магда пачувалася няўтульна. Тады многія напалохаліся – пілі ёд, накапаны ў шклянку з вадою, не адчынялі фортак… Марк нават прынёс Магдзе дзве таблеткі ад радыяцыйнага апраменьвання. Такія таблеткі захоўваліся ў індывідуальных аптэчках грамадзянскай абароны – на выпадак, калі вораг скіне атамную бомбу. Але пасля першых звестак аб аварыі выратавальныя лекі былі апячатаныя. Каб панікі не было. Знаёмы Марка ў сваім даследчым інстытуце ўзначальваў сектар грамадзянскай абароны і ўласнаручна мусіў апячатваць сховішча з аптэчкамі. Вось яны з парторгам і ўхапілі сабе па дзесятку пігулак.

Магда заглынула таблетку адразу ж, як атрымала, не запіваючы вадой, і пасля гэтага доўга балеў страўнік.

Марк жартаваў над палахлівай дурнічкай. Пачалася кампанія супраць панікі, і сталася модным бравіраваць уласнай смеласцю і прагрэсіўнасцю. Людзі хваліліся тым, што загаралі, елі ягады, смяяліся над тымі, хто па-ранейшаму змагаўся з радыяцыйным пылам і спажываў замест свежых ягад леташнія кампоты.

Але Магда па-ранейшаму адчувала страх. У Маскве, праўда, страх адышоў. Яна чула размовы пра выступ беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, які адзіны ўголас сказаў пра страшную бяду. Хадзілі чуткі пра зону… Але чалавек заўсёды ахвотней верыць у лепшае.

І Магда паехала, прыдушыўшы сваю радыефобію. Да кампаніі далучыліся дзве сямейныя пары – Маркавы сябры па клубу фантастыкі. Смажылі шашлыкі над выкапанай у яшчэ вільготнай веснавой зямлі ямінай. Спэцкаліся бульбай, печанай у вогнішчы. Гаварылі пра Брэдберы і Шэклі, братоў Стругацкіх і ўласныя творчыя задумы. Адзін з фантастаў, у побыце – інжынер-канструктар, асабліва хваліўся незавершанай «падпольнай» аповесцю, у якой дзейнічае двухгаловы монстр пад імем Карл Маас-Энгеляс. І ўсе дружна ўгаворвалі Магдаліну кідаць ейныя артыкулы і пачынаць пісаць фантастычныя аповеды. Потым кабеты рвалі пяшчотны кураслепнік – бухматы бела-зялёны дыван усцілаў зямлю. Але Магдаліне было шкада кволых кветак. Сабраныя ў бясформенны жмут, яны хутка звешвалі белыя галоўкі і гублялі пялёсткі.

І Магдаліна не прыхапіла букеціка. Але насланнё нядаўніх дзён адышло, абляцела з яе, як тыя кволыя пялёсткі. Магда ўпэўнілася, што рамантычная гісторыя ейнага роду – толькі сон на верхняй паліцы ў цягніку Масква—Мінск. Нават цешыць самалюбства – мець такое багатае ўяўленне! Дарма Марк кажа, што з яе не выйдзе вялікай пісьменніцы. Яшчэ паглядзім!

Але дзяўчына ўсё-ткі не аддала Карла Карлавіча, якога Марк, правёўшы нявесту дахаты, імкнуўся занесці ў жывы куток суседняе школы, дзе ўжо ўсё было дамоўлена. Надта сумна паглядала птушка сваімі чорнымі вочкамі, надта трагічна сядзела на шафе, ухутаўшыся з галавой у крылы, як у плашч. Нават угаворы маці, якая цалкам была на баку будучага зяця, не дапамаглі.

– Ну, глядзі, калі сярод ночы твой крумкач загарлае «Невермор», як у баладзе Эдгара По, не прыбягай скардзіцца, – зазлаваў Марк і сышоў, нават не пацалаваўшы Магду на развітанне.

Гісторыя працягваецца

Гэта было ў панядзелак, а дзесятай раніцы, калі кожны самавіты грамадзянін мусіў шчыраваць на працоўным месцы, дадаючы мёду ў грамадскія соты. І мала хто задумваўся пра хуткае прышэсце пчаляра з дымаром.

У гэты дзень Магдаліна ўпершыню запляла валасы ў дзве тоўстыя кароткія касы. Правую перацягнула жоўтай гумкай, а левую – фіялетавай.

Швэдар быў звычайны, доўгі, цёплы… Таму проста неабходна было надзець пад яго кароткую спадніцу ў краткі і вязаныя, у палоску гетры.

Але вязаныя, у палоску гетры – гэта ведае кожная інтэлектуальная кабета – валодаюць здольнасцю вяртаць легкадумны настрой.

І Магдаліна, замест таго каб пайсці ва універсітэцкі аддзел кадраў, дзе яе чакаў Марк, рушыла ад свайго пад'езда зусім у іншы бок. Аблачынкі над ёй штурхаліся, наплываючы на сонца, ветрык гладзіў па косах, мінчукі касавурыліся на паласатыя гетры, і зусім не абавязкова было займацца справамі.

– Магдаліна! Пачакайце!

Ад аўтобуснага прыпынку з другога боку вуліцы бег хлопец у джынсавай куртцы. «Спецыяліст» Кастусь Сташынскі! У Магды не было ніякага жадання з ім сустракацца, але не ўцякаць жа…

– Ледзь знайшоў вас! Марку званіў – той мяне проста «паслаў». Добра, наш агульны знаёмца ўспомніў, што ваш дом нібыта насупраць гэтай кнігарні…

Магда змрочна вывучала трэшчынку на шэрым сухім асфальце, у якой паказваліся зялёныя дзюбкі травы, і нецярпліва пастуквала наском чаравіка. Няўжо ён не заўважае, што яна не хоча з ім размаўляць?!

– Я праверыў тыя старонкі! Ёсць стары спосаб выяўляць напісанае нябачным атрамантам – патрымаць паперу над парамі ёду. Тры бутэлечкі ёду звёў! Я ўпэўнены – на тых аркушах сапраўды нешта было напісана!

Магдаліна недаверліва зірнула на ўсхваляванага суразмоўцу, амаль жадаючы, каб ён жартаваў. Але цёмныя вочы Кастуся глядзелі сур'ёзна.

– Цяпер на лістах ясна відаць сляды пяра. Але разабраць, што там было напісана, ужо не зможа ніхто, хіба асобныя словы. Я спецыяльна кансультаваўся. Аўтар запісу націскаў на пяро ледзь-ледзь, а апошняя старонка ўвогуле не прачытваецца. Ёсць такі атрамант… У ім пачынаецца хімічная рэакцыя, калі трапляе на святло. Кнігу вам перадалі загорнутую ў нешта шчыльнае?

Магда няўпэўнена пацвердзіла:

– Так… Зверху былі газеты, а знутры такая чорная папера, відаць, пакет ад фотапрыналежнасцяў.

– Ну вось…

– Лухта нейкая! – не здавалася Магдаліна. – Які сэнс пісаць светаадчувальным атрамантам, калі я ці нехта іншы маглі проста прагарнуць тыя старонкі, не чытаючы, і знішчыць тэкст.

– Вядома, рызыка была, як і незразумелая нам перасцярога, – заківаў Кастусь. – Але я сустракаўся з тымі, што прайшлі турмы і лагеры. Нешта ламаецца ў душы чалавека, і ён асцерагаецца нават тады, калі яму ўжо не варта баяцца. Ваш Іван Хмель, ведаеце, на якое аддзяленне спрабаваў пасля вайны паступіць? На хімічнае! Так што мог сам вырабіць такі атрамант. Часу ў яго хапала. Я думаю, каб рэакцыя пачалася, трэба, каб напісанае было на святле пэўны час. Почырк вельмі дробны, на кожную старонку вы патрацілі, мусіць, хвілін пяць, чытаючы? Так?

– Ну, напэўна…

– А выпадкова прагарталі б за секунды. Успомніце, у самім тэксце не было ніякіх дзіўных указанняў?

Магда задумалася.

– Ну, хіба што ён прасіў апошнія радкі прачытаць раз дваццаць…

– Каб вы іх запомнілі! – усхваляваўся Кастусь. – І… вы помніце, праўда?

У Магдаліны раптам закруцілася галава. У пытанні Кастуся ёй падаўся той жа інтарэс, што і ў пытаннях чалавека ў сінім касцюме з кабінета рэктара. З яе досыць…

– Нічога я не памятаю! Адчапіцеся ад мяне! – і рушыла подбегам – зусім не заваёўваць шырокі свет, як збіралася з раніцы, а да аўтобуснага прыпынку, ехаць да надзейнага Марка, да ўсталёванага, абароненага жыцця.

Аўтобус толькі што паказаў жоўты зад у клубах дыму.

– Істэрыка ў вашым родзе перадаецца з пакалення ў пакаленне ці гэта ваш асабісты ўнёсак у айчынную гісторыю? – Кастусь сярдзіта пазіраў на Магду. – Мне што, бегаць за вамі да другога прышэсця? Добра, што я не эпілептык, а то мільганне вашых панчох у палосачку здольнае выклікаць прыступ.

Магдаліна злосна прыкусіла губу. А Кастусь працягваў вельмі сур'ёзна:

– Год таму я быў у камандзіроўцы ў раённым музеі. І там выпадкова даведаўся, што ў адной мясцовай сям'і захоўваецца рукапіс філосафа дзевятнаццатага стагоддзя Альгерда Андрыеўскага. У 1863-м ён, як і ваш прадзед, біўся на баку інсургентаў, быў паранены, схоплены і пасаджаны ў Бабруйскую крэпасць. Там і памёр. Ягоны маёнтак перайшоў ва ўладанне таго, хто выдаў інсургентаў…– Цяпер Магда слухала, стаіўшы дыханне. – Пра Андрыеўскага забыліся. Рукапіс захоўваўся ў нашчадкаў здрадніка. Адзіны ацалелы рукапіс! Разумееш? Адзіны! І калі і ён знікне, мая Беларусь акажацца збяднелай яшчэ на адно імя. А іх столькі ў яе адабралі! І гэты чалавек… Ён сягаў думкай у будучыню чалавецтва, а ад яго на роднай зямлі, за якую аддаў жыццё, не застанецца нічога! Зусім нічога! Ты адчуваеш, як гэта несправядліва? – Кастусь гаварыў так горача, што на іх з Магдай пачалі азірацца. Хлопец суцішыў голас. – У сям'і паважаных, заможных людзей мяне сустрэлі, як быццам я абакраў мясцовую царкву. Як я зразумеў, у тым родзе з пакалення ў пакаленне перадавалася варожасць да былой ахвяры. Псіхалагічныя штучкі – пачуццё віны спараджае нянавісць да бязвінна пакрыўджанага. Карацей, я і грошы прапаноўваў, і страшыў Акадэміяй навук, і прасіў па-чалавечы.

І зразумеў, што яны зараз жа, як я пайду, гэты рукапіс, якому раней не надавалі ніякага значэння, знішчаць. Проста цуд, што яны не зрабілі гэтага раней! Адзінае, што прыходзіць у галаву – колішнія ўладары маёнтка захоўвалі «кампрамат» на законнага ўладальніка. І хоць маёнтка даўно не стала, і сутнасць справы забылася, спадчыннікі па традыцыі рукапіс хавалі. І я яго… скраў.

– Нічога сабе! – не вытрымала Магдаліна. – Гэта ж… нядобра!

Кастусь злёгку пачырванеў.

– Я разумею, што нядобра… Але я паклаў у той куфэрак пяцьдзесят рублёў – усё, што меў. Дый і злодзей з мяне аказаўся ніякі – дагналі, далі ў каршэнь… Добра, у міліцыю не пацягнулі. Але рукапіс я абараніў. І з дакладам пра Андрыеўскага мяне нават запрашалі на канферэнцыю ў Чэхію.

– Гэта ўсё азначае, што вы ад мяне не адчэпіцеся, – задумліва, але без варожасці прагаварыла Магдаліна.

Кастусь моўчкі хітнуў галавою. Магдаліна тузанула сябе за касу.

– Мне трэба падумаць…Можа быць, што-небудзь і ўспомню…

У аўтобусе, які вёз яе да дабрадзейнага Марка, Магда чамусьці сцягнула з кос жоўтую і фіялетавую гумкі, і яе валасы ляглі звыклай неахайнай капой.

Карл Карлавіч ідзе ў госці

– Забірай зараз жа гэтае паскудства і нясі ў школу! Маці стаяла перад Магдай з мокрай анучай у руках.

– Усю хату твой крук загадзіў! У клетцы, бачыш, трымаць шкада! А ты ж у мяне пісьменніца, падлогу памыць – ручкі ўпэцкаеш. Паслухайся хоць разумнага чалавека – я пра Марка кажу, мяне ж ты за разумную не лічыш… Або забірай Карла, або я яго зараз з балкона шугану!

Магдаліна прыгнечана маўчала. Маці, яшчэ не старая прыгожая жанчына, прыгорбіўшыся, пайшла на кухню. Адтуль зараз жа раздалося адчайнае стракатанне машынкі-друкаркі – чарговая матчына «халтура». У Магды не хапала сумлення крыўдзіцца. Вядома, маці так ганарылася, што дачка паступіла ў маскоўскі інстытут, што выб'ецца ў людзі. А тут – ні вучобы, ні працы, адзін крумкач.

Так Магда апынулася перад пад'ездам свайго дома, з цяжкой клеткай, захінутай пледам у чорна-чырвоныя краткі, у адной руцэ, і парасонам у другой. Дожджык перакрэсліваў дарогу ва ўсіх напрамках, і ісці кудысьці відавочна не было сэнсу. Белыя анёлкі абселі каштаны і падскоквалі на пругкіх галінках, ловячы празрыстыя кроплі.

– Гэта ваша звычайная экіпіроўка для праменаду? – у пытанні чуўся вясёлы жах і нават павага.

Настырны Кастусь, сунуўшы рукі ў кішэні мокрай наскрозь джынсовай куртачкі, белазуба ўсміхаўся. Магдаліна рэзка развярнулася ўбок і рушыла амаль бягом па лужынах, абы сысці.

– Хаця ад дамы ў вас няшмат, але рэшткі выхавання ўва мне так і змушаюць прапанаваць дапамогу…

Магда спынілася. Ну і нахабнік!

Яна як мага пранізліва зірнула ў Кастусёвы вясёлыя вочы:

– Прабачце, я вельмі, вельмі спяшаюся!

І тут падаў адчайны голас Карл Карлавіч:

– Кар-р-равул!

І заварушыўся, аж Магда ледзь не выпусціла клетку.

– Што гэта ў вас там?!!

– Крумкач… Іван Хмель пакінуў…

– І куды ж вы яго несяцё дажджом?

– У школу… У жывы куто-ок… – Магдаліна раптам пачала неяк па-дзіцячы ўсхліпваць, стараючыся схаваць ганебныя слёзы ад непрыемнага суразмоўцы.

Кастусь уважліва паглядзеў на дзяўчыну, нахіліўся, расхінуў посцілку на клетцы. Між прутоў паказалася моцная шэрая дзюба, зірнула чорнае вочка ў колцы белаватых пёркаў, з залатой іскрынкай у цэнтры.

– Ну, прывітанне! Як цябе завуць, дружа?

І раптам з клеткі прагучала хрыплае, але цалкам разборлівае:

– Кар-рл Кар-рлавіч… Пр-рафесар-р…

А пры ёй не гаварыў! Магда аж плакаць перастала. Кастусь жа нібыта і не здзівіўся:

– Прыемна пазнаёміцца, калега. Малодшы навуковы супрацоўнік Кастусь Сташынскі… Кандыдат гістарычных навук… Можа быць, прафесар зойдзе да мяне на гарбату? Выключна ў навуковых мэтах… Мая бабуля вельмі любіць птушак, гасцей і выдатна пячэ піражкі.

Белыя анёлкі-суквецці гайдаліся на галінках каштанаў усё мацней, бо дождж ператварыўся ў залеву. І стаяць на месцы было глупствам.

…Прызнацца, пры поглядзе на Кастусёву бабулю не верылася, што яна ўмее нешта гатаваць. Бабуля была па-спартыўнаму падцягнутая, у нагавіцах і прасторнай сіняй блузцы. Сівыя валасы, калісьці, відаць, чорныя, коратка пастрыжаны. Бабуля абыходзілася без акуляраў, затое на шыі віселі каралі з вялізных, з каштан, кавалкаў неапрацаванага бурштыну.

– Ад шчытавідкі добра дапамагае! – нізкім голасам патлумачыла Яўгенія Іванаўна, заўважыўшы Магдалініну цікавасць. – Я гэтыя кавалкі калісьці сама вылавіла ў Балтыцы! – у бабуліным голасе гучаў гонар. – У сакавіку лёд пайшоў у заліве, а ў ім – бурштынавы слой. А хвалі, а сівер! І ўвесь бурштын ад берагу адганяе. Мужыкі стаяць з сачкамі, лаюцца. А я маладая была, адчайная – распранулася, і ў ваду! Муж, дзед Кастусёў, мяне пасля спіртам расціраў са свайго афіцэрскага пайка, і ўнутр – сто грамаў. І нічога, нават насмарку не схапіла! Не тое што цяперашняя хліпкая моладзь. Я ж уральская казачка! Нас у палонках хрысцілі! Ешце піражкі, маладыя людзі. Вось гэтыя – з капустай, а гэтыя, тоўсценькія, – з рысам і мясам. А гэтаму птушанятку я зараз таксама нешта смачненькае дам…

«Птушанятка», Карл Карлавіч, пачуваўся ў новай хаце някепска. І піражкі сапраўды былі смачнюткія, а гарбата пахла язмінам. Бабуля прымусіла Магду, «кволую гарадскую дзеўчынёху», абхінуцца махеравым пледам, бо «сучасныя рыцары, на жаль, не дадумаюцца да такіх простых рэчаў». Кастусь пакорліва ўздыхнуў на бабулін закід.

Яўгенія Іванаўна ўсміхнулася:

– Добра, добра, я супербабуля, я ўсё разумею. Іду ў свой пакой і пачынаю рыхтавацца да заўтрашняй лекцыі. Калі што, паклічаце.

Магду кінула ў чырвань ад адной думкі, што нехта мог палічыць, быццам яе з гэтым нахабным Кастусём звязваюць нейкія асаблівыя адносіны. Ён жа яе проста выкарыстоўвае – як цікавы дакумент. А параўнаць гэтага хлапчыску з Маркам… Смешна!

Але сыходзіць нікуды не хацелася. У старой кватэры з высокай столлю, без дываноў і абавязковага крышталю, затое з кніжнымі паліцамі і такімі зручнымі, хаця і цвёрдымі, фатэлямі было ўтульна і спакойна.

І Кастусь нічога не пытаўся і не кідаў дапытлівых позіркаў. Сядзеў у сваім фатэлі ды вёў свецкую гаворку пра норавы шляхты васемнаццатага стагоддзя.

– …А на развітанне гаспадарская дачка мусіла «запіць» з кожным госцем страмянную – трохі пакаштаваць з чаркі, якая падавалася госцю. Вось прыблізна такая чарка была… Як на той паліцы, каля чорнага гаршэчка.

Крумкач прагарлаў сваё «Невермор», і Магда наважылася расказаць.

Кастусь слухаў яе, не перабіваючы. Толькі ў адным месцы, калі гаворка ішла пра доказы візантыйскага паходжання, усхапіўся і некалькі разоў прабегся па пакоі, махаючы рукамі і нешта мармычучы сабе пад нос.

І вось засталося пераказаць апошнія радкі зніклага паслання. Магда змоўкла. Кастусь зразумеў яе хваляванні.

– Можаце мне не расказваць далей. Хто я такі? Мэнээс з хіповым хвосцікам. Але я магу звесці вас з аўтарытэтнымі, і галоўнае – сумленнымі вучонымі. Ёсць, прынамсі, два чалавекі… Адзін, вядомы пісьменнік, таксама перажыў рэпрэсіі. Вы можаце распытацца пра яго ў каго заўгодна.

Але Магда рашуча страсянула валасамі, не заплеценымі сёння ў акуратныя коскі, і, заплюшчыўшы вочы, каб ясней прыпомніць напісанае, прагаварыла, як прачытала:

«Было зроблена тры копіі з рукапісу і з дакументаў.

Адну я перадаў Антосю. Ведаю, што ў час уцёкаў паперы былі з ім.

Другая копія ў архіве прафесара Сахнут-Бічэўскага, у папцы з надпісам «Копіі судовых актаў сельскагаспадарчага суда Мінскай губерніі. Пачатак ХІХ ст.».

Трэцяя – на Кальварыйскіх могілках. Склеп злева ад касцёла, на фасадзе трохкутнік з блакітнай цэглы з вокам. Гільза закапаная ў правым дальнім куце, 50 см.

Твой дзед падпісваўся «Алесь Валошка». Мы з ім абодва былі сінявокія».

Пераказала – і жахнулася: цяпер назад не павернеш. А Марк строга загадаў выкінуць з галавы ўсе гэтыя справы! Як ён раз'юшыцца!

Твар Кастуся гарэў ад узрушэння.

– Мой сябра напісаў артыкул «Загадка Алеся Валошкі». Нідзе не надрукавалі – сказалі, бяздоказна. Сенсацыя, высмактаная з пальца. З паэтаў, што пачыналі напрыканцы дваццатых, Валошка быў найярчэйшы. Усё, што ўдалося знайсці,– чатыры вершы ў газеце. Прычым у тых нумарах, што захаваліся ў бібліятэках, публікацыя выразана! Але і гэтага дастаткова. Сапраўдны талент. Ні пафасу, ні сялянска-пралетарскай тэматыкі. Толькі роздум і пачуццё. Нібыта сцверджана, што пад псеўданімам «Валошка» друкаваў раннія вершы ці то Глебка, ці то Броўка. Але мой сябрук перакананы, што быў такі паэт, дасюль не адкрыты. Адкапаў нейкую кнігу 1933 года, дзе на абачыне ў спісе будучых выданняў ёсць зборнік вершаў Алеся Валошкі «Чырвоныя канваліі». Гэты зборнік не з'явіўся ніколі. І ніколі больш не друкаваўся паэт Алесь Валошка.

– Рукапіс, пра які гаворыць Іван Хмель, гэта рукапіс «Чырвоных канвалій»? – задумліва папыталася Магда-ліна.

– Думаю, так. А «дакументы» – доказы каралеўскага паходжання, і можа, некаторыя планы змоўшчыкаў. Каралеўства Беларусь! Як гэта… прыгожа! – Кастусь не змог уседзець на месцы і ўзбуджана хадзіў па пакоі.

Карлу Карлавічу, напэўна, гэты рух спадабаўся, бо ён таксама закульгаў па падлозе, нібыта перадражніваючы хлапца. Магдаліна рассмяялася. Але Кастусь нават не звярнуў увагі, працягваючы разважаць:

– Сахнут-Бічэўскі! Знакаміты прафесар! Яшчэ дарэвалюцыйнай школы! Знаўца антычнасці і сярэднявечча! Расстраляны ў трыццаць сёмым. Напэўна, як шпіён Рымскай імперыі. У ягоны архіў рукапіс Валошкі схаваў няйначай любімы вучань… Як вы называлі? Міхась?

– Так… А прозвішча не памятаю. Нібыта Зарэйка…Ці Зварэйна…

– Ніколі не чуў. Хаця гісторык. І гэты знік бясследна. Але схаваць паперы ў прафесарскі архіў – выдатная ідэя!

– А мне здаецца, там адразу знайшлі б?

– Нічога падобнага! – запярэчыў Кастусь. – Папка падпісаная. А папак – тысячы. Нават калі нехта будзе звяраць і пабачыць неадпаведны матэрыял, наўрад ці пачне адразу разбірацца. Ведаеце, колькі такіх «неадпаведных» папак у нашых дзяржаўных архівах? Урэшце, трэба будзе распытацца ў бабулі – перад вайной яна была студэнткай Ленінградскага універсітэта, у час блакады працавала там калісьці накшталт вартаўніка ці архіварыуса… А напачатку вайны многія архівы з Беларусі вывезлі ў Піцер. Лукаш Бэндэ, напрыклад, амаль усю беларускую рэпрэсіраваную літаратуру туды перапёр… Хаця наўрад ці бабуля ведае. Яна ж у мяне біёлаг. Спецыяльнасць – арніталогія. Лекцый ёй цяпер мала даюць чытаць. Пенсіянерка. У сельгастэхнікуме былыя студэнты дапамаглі прыладкавацца, дзве лекцыі на тыдзень. У свой час доктарскую не абараніла – з-за нашага спадчыннага паскуднага характару.

Карлуша, якому абрыдла бессэнсоўнае хаджэнне, узляцеў на паліцу. Адтуль адразу ж зваліўся зялёны гліняны збаночак і раскалоўся напалам. Магда сцялася… Зараз будзе чарговае «выгнанне з раю»… Але Кастусь толькі задумліва паглядзеў наверх:

– Трэба будзе там яму седала прыбіць… Палку такую… Уздоўж усёй сценкі. Бацька ўвечары вернецца, зробім.

І зноў захадзіў па пакоі, разважаючы пра кальварыйскі склеп, які, магчыма, зруйнаваны, але наведацца туды трэба, пра архіў Сахнут-Бічэўскага, пра рукапісы і дакументы… І Магдаліне чамусьці стала сумнавата. Вось спецыяліст і задаволены… Даведаўся ўсё, што хацеў. Дзяўчына разумела, што яна сама больш не ўяўляе для яго цікавасці. Узнялася з канапы.

– Што ж, дзякуй за піражкі, за Карла Карлавіча…

– Я вас чымсьці пакрыўдзіў? – Кастусь стаяў перад Магдалінай.

Дзяўчына адвяла вочы.

– Ну, вы цяпер справіцеся без мяне… Вы спецыяліст…

– Вось вы якога пра мяне меркавання… – Сташынскі глядзеў амаль што сумна. – Ну, што ж… Пераконваць не буду. Але ўсвядомце: усё, што я знайду, належыць вам. І рукапіс, і ўсё іншае… Я не змагу без вашае згоды гэта выкарыстаць.

– А калі я згоды не дам? – недаверліва папыталася Магдаліна. – Калі забараню друкаваць усё, што тычыцца майго роду?

Кастусь нават збялеў, на хвілю паверыўшы ў такую магчымасць.

– Гэта будзе… прыкра. Але я стрымаю дадзенае слова, – памаўчаў, дадаў больш спакойна: – І ўсё-ткі вы так не зробіце.

Я ведаю пра ваш учынак у Маскве. Магчыма, гэта быў з вашага боку капрыз, дзіцячая ўпартасць. Але іначай было б… ганебна.

Калі Магдаліна апранала свой падсохлы плашч, у калідор выйшла Кастусёва бабуля.

– Спадзяюся, мой унук здагадаўся наліць вам другі кубак гарбаты? Або ён зноў нудзіў адно пра сваю навуку?

Кастусь пачырванеў:

– Бабуля, пакінь гарэзаваць. Гэта нявеста Марка Ялецкага, ну, памятаеш, таго журналіста з кракадзілавым «дыпламатам». Ён прыходзіў, калі пра дзеда артыкул пісаў да Дня Перамогі.

– Кракадзілавы «дыпламат» памятаю. Шкада, у нас партыі «зялёных» яшчэ не створана на такіх «аматараў дзікай прыроды». А нявеста – гэта прыгожа. Цяпер мужчыны гавораць або «мая дзяўчына», або «мая жонка». Ніякіх прамежкавых станаў. Заставайцеся, дарагая дзяўчынка, у сваім рамантычным статусе падаўжэй.

– Бабу-уля! – зусім збянтэжыўся Кастусь і хапануў са стэлажа вялізны парасон з касцяной ручкай.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации