Текст книги "Сэрца мармуровага анёла (зборнік)"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 22 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]
Апошні карнавал
– Крыўдзіш, пане-браце! – Шляхціц у кармазынавым кунтушы падкруціў няцвёрдай рукою руды вус, які зараз жа бяссіла апусціўся, быццам зноў макнуўся ў чашу з гаспадарскім віном.
Шляхетныя госці за ягонай спінай загулі разварушаным вуллем. Слова госця – закон! Госць у дом – шчасце ў дом!
Гэта была кулага – «сармацкі» звычай нязванага гасцявання падчас каляднага карнавалу. Усё, што можна з'есці і выпіць у доме, знікала ў высакародных чэравах. Пасля чаго «аб'едзены» да мышынага галоднага віску гаспадар мусіў далучацца да кампаніі і пераязджаць у маёнтак наступнага небаракі.
Але гаспадар гэтага маёнтка парушыў звычай. Пан Гаштольд Дарбут стаяў на высокім ганку з драўлянымі калонамі і паглядаў на гасцей разумнымі цёмнымі вачыма з-пад крыху абвіслых павекаў, ад чаго пагляд рабіўся вострым, як дзіда. І ўбор у яго быў не святочны – чорны жупан, зверху кунтуш таго ж колеру, падперазаны простым юлёвым пасам, адзінае ўпрыгожанне – жалезны пярсцёнак.
– Пані-брацця, дзякую за шчаслівы візіт. Але, як бачыце, я ў жалобе – памерла дарагая мне сваячка…
– Няўжо пекная пані Дарбутова? – жахнуўся падобны да аблезлага ката шляхціц з велізарным дыяментавым гузам на шапцы.
Ганарлівыя вусны гаспадара з'едліва скрывіліся.
– Хаця памерлая была маёй найдаражэйшай сваячкай, панства наўрад ці яе ведае. Яна жыла далёка ад вас, паны-брацця…
– А ці не хоча пан Дарбут уяўнай сваёй жалобай унікнуць «шчаслівага візіту»? – пракрычаў нехта з-за чужых спін.
Гаспадар паклаў руку на дзяржальна шаблі – яна адзіная з усяго ягонага ўбрання была прыўкрашаная каштоўнымі камянямі:
– Хто лічыць мяне хлусам?
Пытанне прагучала амаль мякка. Але госці, сярод якіх хапала задзірак, змоўклі, потым п'яна загулі:
– Пане-браце не так зразумеў…
– Няхай вашамосць прабачыць гарачыя словы… Жалоба, вядома. Усе пад Богам ходзім.
Вазкі няпрошаных гасцей выехалі за вароты маёнтка. Гаштольд Дарбут змрочна назіраў за ад'ездам кулагі. З дома да гаспадара выйшаў светлавалосы хлопец, падобны да маладога Жытніка – залатыя, як калоссе, валасы, светлыя-светлыя вочы.
– Пра якую нябожчыцу казаў ім пан Гаштольд? Гаспадар памаўчаў.
– Пра волю. Не ведалі яе і ведаць не хочуць… Затапталі ў бруд. І не заўважылі.
– Але сённяшні «абзэндэн» не прыбавіць вам папулярнасці ў акрузе, – дакорліва прагаварыў хлопец. – Кожны з тых нахабаў мае голас на сейміку. Нават Радзівілы не ганьбяцца ўлагоджваць гэты статак.
– Сам гаворыш – «статак»… Не, Андрусь, не да твару мне заігрываць з быдлам. Я не пастыр, я паляўнічы. Пойдзем, зоймемся зборамі на інакшае застолле.
Пан Гаштольд перакладваў паперы ў патаемных шуфлядках сакратніка з чырвонага дрэва. Па разной паверхні сакрэтніка плылі велічныя фрэгаты, ветразі якіх надзімалі шчакастыя кудлатыя малойцы, апранутыя ніжэй пояса ў хмаркі. Адзін з іх, суровы паўночны вецер Барэй, меў няўлоўнае падабенства з гаспадаром.
У дзверы кабінета нясмела пастукаліся. Пекная пані Дарбутова была нашмат маладзей за суровага мужа. Але яе зялёныя вочы глядзелі засур'ёзна для маладой дзяўчыны. Пані, нібыта вясельны каравай, несла на выцягнутых руках шаблю.
– Вы маглі не рабіць гэта самі,– прамовіў мужчына, узяўшы зброю.
Доўгія вейкі жанчыны здрыгануліся.
– Мне хацелася ўбачыць вас перад ад'ездам.
Гаспадар, стараючыся не сустрэцца з паглядам зялёных вачэй, паклаў старую шаблю на стол так беражліва, нібыта яна была жывою.
– Вы ўпэўненыя, што Сапегі – тыя людзі, за якіх варта паміраць?
Гаспадар уздрыгнуў, нібыта пытанне выцяла яго, адказаў, як пераконваючы сам сябе.
– Яны абараняюць Літву ад Кароны.
– Яны здрайцы, – жанчына плыла па пакоі ў сваёй смарагдавай сукні, быццам фея Мятлушка з казкі пра забітага каралевіча. – Вы гэта ведаеце. Дамогуцца прывілеяў – і кінуць усіх, каго звабілі.
– Усё ведаю… Але не пайсці, калі клічуць памерці за айчыну, ганебна. На гэтай зямлі кожны павінен мець права маліцца ў той царкве, у якой маліліся продкі, і гаварыць на той мове, на якой яны гаварылі…– гаспадар абарваў размову, усвядоміўшы, што пачаў разважаць, быццам мае справу з роўным. – Але гэтыя матэрыі занадта складаныя для вашай прыўкраснай галоўкі…
– Гэтую галоўку, магчыма, хутка пакрые ўдовін вэлюм… Ці пыл выгнання. Але… можаце не баяцца, я не буду спрабаваць затрымаць вас.
Жанчына гаварыла спакойна і горда, і толькі пільны назіральнік заўважыў бы, як сціснутыя яе тонкія пальцы – аж збялелі…
Гаштольд Дарбут упершыню дапытліва зірнуў на жонку. Тая смела сустрэла ягоны погляд.
– Што вы даручыце мне на выпадак, калі не вернецеся? Гаспадар памаўчаў, пагладзіў шаблю, што ляжала на стале.
Простую шаблю, без упрыгожанняў, толькі з чаканным малюнкам на дзяржальне – вершнік на кані, з узнятым мячом.
– Выхавайце майго сына так, каб ён у падобным жа выпадку, як і я, не вагаўся, як належыць учыняць.
У дзверы зноў пастукаліся.
– Пане, атрад гатовы. Пан Сташынскі чакае на двары. Пані Дарбутава спахмурнела:
– Нашто ты вязеш з сабой гэтага хлапчыску, Андруся Сташынскага?
– Ён мужчына. І ён ліцьвін. Шкадаванне недарэчы. – Пан Гаштольд паклаў рукі на плечы жонцы, зазірнуў у яе зялёныя-зялёныя вочы. Суровасць на хвілю пакінула яго. – Напэўна, табе трэба было выйсці за аднаго з тых, хто зараз ладзіць балі…
– Я рада, што выйшла за цябе… Голас пані мімаволі здрыгануўся…
– Настуся! Прабач… Я так і не ўпаляваў для цябе срэбную лісіцу, як колісь абяцаў…
Ён – у чорным, і яна – у смарагдавым… На хвілю яны засталіся зусім адны ў свеце – па-за жыццём і смерцю… Але на калідоры чуліся галасы. Тады мужчына зняў з пальца металёвы пярсцёнак і надзеў на палец жанчыны.
– Перадасі сыну, калі яго пастрыгуць у падлеткі.
Атрад быў невялікі – дваццаць узброеных вершнікаў. Пані Настасся стаяла на высокім ганку з драўлянымі калонамі, накінуўшы паўзверх смарагдавай сукні ваўчуру, падбітую зялёным сукном. Андрусю Сташынскаму жанчына, захутаная ў пышны мех, падалася такой маленькай, бездапаможнай і прыўкраснай, што захацелася нечым суцешыць яе… Як у песні – «месячык з неба, зорку з палонкі – для пекнае пані, для чужое жонкі…».
Але пані глядзела на мужа. А той азірнуўся на яе толькі адзін раз – калі ўжо сеў на каня.
– Калі я не вярнуся, не марнуй сябе жалобай. Не пазбягай добрага шлюбу.
– Я буду чакаць сустрэчы… На гэтым свеце – ці на тым. Снег ля дарогі блішчэў, быццам футра срэбнай лісіцы… Сейм прагаласаваў вярнуць княству некаторыя прывілеі.
Можна было больш не бунтавацца. Шкада, гэтага не зразумелі асобныя гарачыя галовы. Мала ім прывілей, а заманулася незалежнасці ад Кароны. Такія бунтаўшчыкі не былі патрэбныя ні Кароне, ні Літве.
Шляхціц Гаштольд Дарбут за «няіставыя ўчынкі»супраць польскіх войскаў быў прысуджаны да зняволення ў вежу. Ад чаго ён памёр там, судовыя паперы не расказваюць. Занатавана – «па волі Божае».
Пані Дарбутова засталася ўдавой. Суседзі празвалі яе «чорная пані» – дзівачку бачылі толькі ў чорных «сармацкіх» строях.
Пра маладога Андруся Сташынскага ніякіх звестак гісторыя не захавала.
Калі разбіваюцца крыжы…
Першыя таполевыя сняжынкі плылі па скверы маленькімі прывідамі.
– Вось тут быў склеп… Тут і тут…
Кастусь вадзіў пальцам па аркушы з акуратна перамаляваным планам.
– Дарэчы, бабуля перадала табе піражкі… З капустай, – ён дастаў з джынсавага заплечніка каробку ад вафельнага торта, загорнутую ў чорны пакет. – Ад Карла Карлавіча сардэчнае «кар».
– Яшчэ цёплыя… – Магдаліна не вытрымала, выхапіла прысмаку, як сто год не еўшы, адкусіла: —Дзякуй!
– Таму я збіраюся зараз на Кальварыю. Хмель пісаў пра гільзу… Калі паперы ў ёй, ёсць шанц, што захаваліся. Узяць шчуп, як у археолагаў… Можа, камяні ад падмуркаў знойдзем… А ў гонар чаго чырвоная сукенка? Нібыта першамайскія святы прамінулі.
Добра, што ў гэты момант Магда не паспела адкусіць наступнага кавалка – так раззлавалася. На сябе, бо няёмкасць і шчымленне не праходзілі, і на гэтага нахабу, якому так лёгка і проста.
Адказ гучаў выклікам:
– Мы з Маркам раніцай падалі заяву ў загс.
Цёмныя вочы Сташынскага толькі трохі прыжмурыліся – нібыта пільней у яе ўглядаўся.
– Віншую. Вы цудоўная пара. Нявесты колісь былі менавіта ў чырвоных сукенках. Мода на белыя пайшла ад Марыі Цюдор, калі яна выходзіла за французскага прынца.
– У мяне проста іншай сукенкі няма, – скрозь зубы працадзіла Магдаліна– Я сукенак і спадніц не люблю.
І ўсё… І ён далей разважае пра магілы ды скляпенні. А чаму Магдзе балюча? Дурніца! Заўсёды ж ведала, што гэты насмешнік зусім ёю не цікавіцца. Ды і яна ім. Гэта ейнае самалюбства вярэдзіць.
– Слухай, раз ты вучылася ў Літаратурным інстытуце, што ты пішаш?
Магда нават разгубілася:
– Артыкулы. Крытычныя.
– Які з цябе, прабач, крытык? Ні ведання, ні досціпу, ні «рытуальнай злосці». А што для душы?
І Магда нечакана сказала:
– Я вершы пішу.
– Прачытай.
У паэткі зашумела ўвушшу. Марку яна не паказвала свае рыфмаваныя спробы ўжо даўно, з тых часоў, як ён сказаў, што паэта з яе не выйдзе. І нікому не паказвала… Можна ўявіць, як спляжыць іх гэты «спецыяліст»… Але радкі, як прызнанне злачынцы, чамусьці самі рваліся з вуснаў, чамусьці адчувалася: пры гэтым хлапцу – можна.
Толькі магілы ёсць у мяне.
Траву па-над імі вецер кране,
І адгукнуцца сурмы нябёс.
Як над магілаю дрэва – мой лёс.
Я паўтараю вашы сляды,
Я разбіраю почырк сляпы,
Кветкі сплятаю, словамі ўю. і?
Я вас не бачыла. Я вас люблю.
Яна чытала яшчэ і яшчэ. Кастусь не лгаў. Ён не захапляўся, не рабіў заўваг. Сядзеў і слухаў. Што тут такога? Птушка спявае. Таполя рассявае белы пух. Магдаліна чытае свае вершы.
– Запомні,– амаль жорстка сказаў Кастусь. – Цябе не павінна турбаваць, што скажу я ці хто іншы. Слухай сябе. Ты яшчэ дзіця. Але ў цябе пачалі расці крылы. А яны альбо ёсць – альбо іх няма. І ніколі не будзе. Імітацыя палёту, папяровыя самалёцікі, вышыня трыбуны відочныя гэтак жа, як відаць, што чалавек сляпы… Не бойся і не саромейся сваіх вершаў. Яны крылатыя істоты.
– Але мне страшна, – прашаптала Магдаліна. – Чамусьці тое, што да мяне прыходзіць, такое сумнае… Можа быць, гэта ад таго, што я пачала пісаць на беларускай мове?
– У рускага паэта Георгія Адамовіча ёсць выказванне: «Грусть мира поручена стихам. Не будьте же изменниками». Так што не бойся. І… пачытай яшчэ.
А па скверы ішоў Марк Ялецкі. Нібы не заўважыўшы Сташынскага, загаварыў да Магды:
– Добра, што тваю сукенку відаць за квартал. Я, між іншым, столік у кавярні замовіў. А ты… – павярнуўся да Кастуся, не хаваючы раздражнення, – адчапіўся б ужо ад дзяўчыны.
Кастусь узняўся з вінаватым выглядам, ускідаючы джынсавы заплечнік за спіну.
– Прабач, Марк… Але я не ведаў, які ў вас дзень, пакуль Магдаліна не прызналася. Віншую вас.
– Кастусь! Вы на Кальварыю? – затрымала яго Магда і зірнула на Марка такімі зялёнымі вачыма, што пярэчыць было нельга. – Марк! Пойдзем з ім! Гэта апошні след!
У шатах дрэў сноўдалі вароны. Усе планы былі дарэмныя. Нябожчыкаў тут пачалі хаваць нашмат раней, чым месца сталася афіцыйнымі гарадскімі могілкамі. Гэта быў некропаль-лабірынт, дзе магілы былі над магіламі, а памяць жабравала на пагосце.
На Кастусёвым плане значылася тры склепы справа ад касцёла. Ад аднаго застаўся падмурак, на месцы другога – паўзарослая яміна ад бомбы. Трэці, ацалелы, не меў блакітнага трохкутніка. На сметніцы ля цаглянай сцяны валяліся ржавыя крыжы, парудзелыя вянкі і расколатая мармуровая пліта з магілы былога мінскага губернатара. Карціну дапаўнялі свежыя яміны і барозны, быццам тут нядаўна гізавала сям'я дзікоў.
– Ну, што, будзем магілы Кастусёвай драцінай пароць? – з'едліва азваўся Марк. – Аррыгінальна я святкую заручыны.
Кастусь моўчкі садраў газеты са сталёвага «шчупа» – штыраў метр даўжынёй, з разметкай і завостраным канцом. Магда ўявіла, як гэты завостраны канец уваходзіць у мяккую магільную зямлю і ў… Не, далей лепш не дадумваць.
– Давайце напачатку ў той, ацалелы, склеп!
– Прыкметы не супадаюць, – змрочна сказаў Кастусь. – Дый і мінулы раз замок вісеў. У тым склепе трунары ды прыбіральшчыкі свае прылады звалілі.
– Склеп перабудоўвалі – увесь як у латках. Наверсе, ля даха, закладзена старымі цаглінамі. Нібыта і са слядамі фарбы ёсць… – Магдзе надта не хацелася пачынаць пошукі сярод магіл.
Да здзіўлення Кастуся, замок вісеў на клямцы, зачапіўшыся зламаным рагом. Унутры кавалкі старога лінолеуму, скрынкі, цэгла, рыдлёўкі, гнілыя анучы, бляшанкі ўтваралі на земляной падлозе кратэры і рыфы. Але ў гэтым адчуваўся парадак – падабенства ложкаў, пасярэдзіне нібыта столік з кавалка фанеры і цаглін. Пад «сталом» тры некранутыя бляшанкі рыбных кансерваў.
– Бамжы начавалі,– грэбліва скрывіўся Марк, падфутбольваючы нагой пустую бутэльку.
– Ды не, бамжы калоцца не будуць. Вунь шпрыцы… І піва з бляшанак не п'юць, – запярэчыў Кастусь. – А вось і правы кут… Ну і яміна! Ды што тут рабілася, гранату ўзрывалі, ці што?
– Вось гэтую? – Магдаліна трымала ў руках дзве жоўтыя жалязякі.
Кастусь выхапіў знаходку:
– Паловы ад снарада! Яшчэ першай сусветнай! Марк узяў адну з жалезак:
– І праўда. Стодваццацідвухміліметровы. Такімі з нямецкіх гаўбіц білі.
Магдаліна кінулася перабіраць смеццё.
– Шукайце ж! Яны былі тут, паперы! У гэтым снарадзе! Пошукі цягнуліся ўжо трэцюю гадзіну. Чэрвеньскі дзень доўгі, але ж і ён мусіў скончыцца. Вечарэла. Маладыя людзі нагадвалі ахвяр залатой ліхаманкі. Нават касцюмчык Марка, як гаспадар ні ашчаджаў яго, жывапісна прыўкрасілі брудныя пісягі.
– А-а-а! Га-га-га!
Гарлалі не вароны. Крык даносіўся з краю могілак. Вароны хмарай узляцелі над шатамі, але іх карканне не магло заглушыць галасы прыхадняў.
Людскія постаці рухаліся між помнікаў, быццам гулялі ў дзіўную гульню. Спыняліся, падскоквалі, тузаліся, набліжаючыся да склепа…
– Яны крыжы на помніках ламаюць, гады! – Кастусь рынуўся напярэймы.
– Магда, дай мне руку! Сыходзім! – Марк пацягнуў дзяўчыну ў супрацьлеглы ад крыку бок.
Магда ўпіралася і крычала:
– Кастусь! Стой! Пачакай! Мы міліцыю паклічам!
– Ідыёт твой Кастусь! Ты не будзь ідыёткай! Бяжым!
Але постаці ў чорных скураных куртках з заклёпкамі абкружылі Магду і Марка. Яны не былі страшныя – падлеткі ў скуранках. Сімпатычныя твары, дагледжаныя, спартыўныя целы… Страшнымі былі вочы. Пустыя, як у аглушанай рыбіны.
– Вашыя дзяды тут таксама могуць ляжаць, – Кастусёў голас зрываўся ад гневу.
Магда зірнула з-за Маркавага пляча. Гісторык, неяк дзіўна выпрастаўшыся, ішоў між двух падлеткаў, якія быццам па-сяброўску да яго прыціскаліся. Раптам Магда зразумела, што яму заламалі рукі. Дзяўчына не паспела ні спалохацца, ні ўсвядоміць, што адбываецца: так імкліва ўсё здарылася. Адзін з прыхадняў зароў:
– Яны ў нашым склепе капаліся!
Хутка са склепа данесліся лаянка і выццё. Няўжо з-за кансерваў хвалююцца?
– Ампулы дзе?!! – вочы іх зрабіліся зусім белыя.
– Умазку нашу забралі!
– Ды яны мянты!
Магда нічога не разумела. Да Марка падышоў хлопец у скуранцы. Ён быў нашмат старэйшы за пуставокую дзятву. Смуглявы твар з жаўцізной. І вочы не шалёныя, як у тых. Разумныя, нават сумныя вочы. Як у добрага гаспадара, які ідзе калоць любімае свінчо.
– Адкуль ведалі пра ўмаз? Аддайце…
– Паслухайце, мы нічога не ведаем пра ваш «умаз». Гэта непаразуменне. – Марк гаварыў важка, унушальна…
Смуглявы зіркнуў на яго раскосымі вачыма амаль весела.
– А якога ражна перапаролі склеп? Костачкі калекцыяніруеце?
– Гэта я іх сюды прывёў! – Кастусь таксама гаварыў цвёрда і важка, і ўсе павярнуліся да яго. – Я гісторык! Зараз пакажу пасведчанне з інстытута. Я маю права на археалагічныя даследаванні.
Кастусь падняў свой джынсовы заплечнік, які валяўся ля ўвахода ў скляпенне, дастаў зялёную кніжачку. – Вось… – Смуглявы ўзяў дакумент, няўважна пакруціў у руках і кінуў назад Кастусю. – А ў гэтай гільзе былі дакументы, якія нас цікавяць.
– Праўду казаў Цяпа! Знайшоўся пакупнік на паперкі! – выгукнуў нехта за спінай Магды. – А мы іх паліць хацелі!
Са склепа даляцела адчайнае:
– Цяпа! Яны бібулкі з кайфам патрушчылі! Усе пяць! Смуглявы спыніў скавытанне сваёй зграі.
– Што рабіць будзем?
Марк па-ранейшаму гаварыў ветліва і спакойна, але Магда са здзіўленнем заўважыла, што ён успацеў.
– Мы, відаць, зрабілі вам нейкую шкоду. Гэта выпадкова. Мы кампенсуем.
– Сто рублёў,– змрочна кінуў смуглявы, якога чамусьці гэтак смешна і бяскрыўдна звалі Цяпай.
– Марк, не турбуйся, – вінавата прагаварыў Кастусь. – Гэта цалкам мая віна. Я знайду грошы. А вы, – звярнуўся Сташынскі да смуглявага, – як я зразумеў, маеце патрэбныя мне дакументы. Я гатовы таксама выкупіць.
Цяпа падумаў.
– За паперкі вашы цана спецыяльная. Нясі яшчэ сто – не памылішся. А можа, мне яшчэ што заманецца. Я фантазёр. Ну, шуруйце за грашыма… Дзяўчынка пакуль з намі пасядзіць, мы яе вінцом пачастуем.
– Ды я з вамі пасяджу, – Кастусь гаварыў нязмушана весела. – У гэтых сёння свята, яны дакументы ў загс падалі. Марк, ты Янку Гарэламу патэлефануй. Ён усё зробіць. Пасля разлічымся.
– У мяне з сабой трыццаць рублёў… Вазьміце як залог, – з палёгкай прагаварыў Марк, сунуў грошы смугляваму і пацягнуў за сабой Магдаліну. – Сто семдзесят за намі… Я хутка…
Не паспелі адысці некалькі крокаў…
– Э, не… Адкуль нам ведаць, будзеце вы гэтага, з хвосцікам, выкупляць ці не? Дзяўчынка застанецца.
Магда адчула, што Маркава рука ўздрыгвае.
– Я з ёй застануся.
– Ты, дзядзька, па грошы пойдзеш, нявесту сваю выкупіш, – распарадзіўся Цяпа. – А раз паненка нашай кампаніяй грэбуе – з ёй гэты хіпі пасядзіць. А мы прыглядзім, каб ён табе рогі не наставіў.
Марк знікаў за дрэвамі, але страху не было. Чаго баяцца тут, у цэнтры горада, калі вунь за агароджай – аддзяленне міліцыі, вунь ходзяць людзі, ездзяць машыны… Да таго ж яшчэ дастаткова светла…
– Кыця-кыця-кыця! – між магіл рухалася дзіўная постаць – старая ў капялюшыку, у доўгай цёмнай сукенцы, на якую было накінутае нешта падобнае да рыбацкай сеткі.
– Зноў гэтая вар'ятка… – зашыпеў Цяпа. – Значыць, зараз бабулькі ад касцёла паваляць… Давайце гасцей сюды… Мы з лысым павартуем, а Сева па «траўку» збегае – грашыма ад дзядзькі разжыліся.
Кастуся і Магду штурханулі ў склеп. За імі зайшлі яшчэ чацвёра, зачынілі дзверы… Скрозь сляпое акенца святло прасявалася так ашчадна, як у краіне ценяў па той бераг Леты. Падлеткі ўселіся на кучы смецця. Засвяціўся агеньчык цыгарэты, варухнуўся, паплыў убок – быццам далёка-далёка блукаў нехта з чырвоным ліхтарыкам.
Магда заціснулася ў кут – і таму, што месца было мала, і са страху. Пад нагамі нешта пахруствала… Цяпер, у цемры, усвядомілася, што яны не проста ў старым будынку, а ў склепе, за брамай на той свет, і страшна падумаць, што – пад нагамі…
Кастусь стаў побач:
– Не бойся…
Раптам цемра выбухнула рогатам. І Магда інстынктыўна прыхінулася да Кастуся… Яны ўпершыню былі блізка адно да аднаго. Дзяўчына схавала твар у яго на грудзях. І страх знік.
Побач гучалі анекдоты пра «вучылак». Напэўна, беспрытульнікі, што збіраліся на гэтых могілках паўстагоддзя таму, былі больш шчаслівыя, чым гэтыя падлеткі ў скуранках, – яны не мелі, на каго крыўдаваць. А ў гэтых былі жывыя бацькі…
Агеньчык цыгарэты з дзіўным пахам пераплываў ад аднаго ценю да другога. Магда падумала, што і яны з Кастусём цяпер – цені… Плынь жыцця абцякала іх. Сэрца Кастуся білася моцна і хутка… І Магда адчула, што яе ўласнае сэрца зноў абрываецца і ляціць… Куды? Дзяўчына скаланулася…
Рука Кастуся асцярожна кранула яе валасы… Пагладзіла… Затрымалася… Ён туліў яе галаву да сябе. Але ягоная рука дрыжэла… І Магда раптам зразумела, што ён адчувае тое самае, што і яна!…
І зямля загайдалася пад яе нагамі – сапраўды бы донне Харонавага чоўна. І, каб не знікнуць назаўсёды ў краіне ценяў, Магда ўхапілася за таго, хто стаяў з ёй побач і чыё сэрца білася ўсё хутчэй, хутчэй – быццам ён даганяў сваё скрадзенае шчасце…
– Нешта госці нашы прыціхлі… – Прамень ліхтарыка, як клінок, разануў па цемры. – Во, глянь, што робіцца! З кім жа тады дзяўчына заяву падавала? З гэтым хвастатым ці з тым дзядзькам?
Калі яны адышлі адно ад аднаго, за расчыненымі дзвярыма скляпення дрэвы велічна змыкалі цёмныя шаты, між лістоты міргала першая зорка, фізіяноміі падлеткаў у скуранках крывіліся ўсмешкамі, а Цяпа гаварыў:
– Та-ак… Недаглядзелі мы, хоць дзядзьку абяцалі. Трэба чырвонец саступіць.
Агонь і жалеза
Марк прынёс для Магды белую куртачку і клапатліва дапамагаў зашпіліцца. Чырвоная сукенка хавалася пад белым, быццам правіна. Бялявы хлапчыска пералічваў грошы. Сто семдзесят рублёў. Падлеткі задаволена загулі.
– Ну што, у разліку?
Цяпа зрабіў рукой шырокі жэст:
– Арыведэрчы, Рома! Тупайце на ўсе чатыры.
– А паперы з гільзы? – азваўся Кастусь.
– А на паперы, я ж сказаў, цана спецыяльная. – Вочы Цяпы таксама ненатуральна блішчэлі. Відаць, «траўкі» Сева прынёс…
– Вы ж атрымалі за тыя паперы сто рублёў…
– А я фантазёр. – Магда адчула, што гэты чалавек на мяжы свядомасці.
Марк цягнуў яе ў бок брамы, шэптам выказваючы ацэнку ейным разумовым здольнасцям, але яна марудзіла, прыслухоўваючыся да перамоў.
– Што вы хочаце яшчэ атрымаць? – Кастусь стараўся быць спакойным.
– А што трэба чалавеку для шчасця? Хлеба і відовішч! – голас смуглявага гучаў лена. – На хлеб мы ад вас атрымалі…
Цяпер нам патрэбныя відовішчы.
Падлеткі пачалі наперабой выказваць свае пажаданні, спрэс непрыстойныя.
Цяпа спыніў іх:
– Каханне і смерць… Што яшчэ можа разагнаць нуду жыцця? Выбірайце. Або дзяўчынка пакажа нам стрыптыз… Зараз сцямнее, мы падсвецім ліхтарыкамі – прыгажосць на фоне магіл! Узбуджае! Не, не, ніякага гвалту. Сеанс дзесяць хвілін – і паперы вашыя.
– Цяпа ў нас паэт! – горда прагаварыў налыса стрыжаны хлапчук.
– Гэта проста пераходзіць усе межы! – зароў Марк. – Ану, пайшлі адсюль! – і тузануў Магду за руку.
– Стрыптызу не будзе. А што за другім разам? – гэтак жа спакойна спытаў Кастусь.
– Або хто-небудзь з вас пайграе са мной у ножычкі.
– Па якіх правілах?
– Сам-насам, да першай крыві.
– Нецікава. Давайце да трэцяй, – працягнуў хтосьці з падлеткаў.
– Да сёмай! Гэта крута!
– Добра, давайце да сёмай.
Святло ліхтара ля касцёла дазваляла разглядзець, як блішчаць вочы чалавекаў у скуранках.
– Ды ці маеш патрэбнае нам?
Адзін з хлапчукоў – яго зусім разабрала «траўка», так што хістаўся чарацінай, – дастаў з чорнага пакета пляскатую кардонную каробку і працягнуў смугляваму. Той няспешна зняў накрыўку.
– Вось… Падыдзі, зірні… Кастусь коратка ўздыхнуў:
– Яны…
– Вы сабе як хочаце, а я ў гэтым шоу не ўдзельнічаю, – голас Марка грымеў на ўсе могілкі.– У мяне яшчэ дваццаць рублёў ёсць, бярыце, і разышліся. Цяпа скрывіўся:
– Схавай грошы, дзядзька. Давай, Сева, падпалі паперкі. Відаць, пакупнікам яны без патрэбы.
На рагу першага аркушыка расцвіла чырвоная кветка…
– Марк, Магда, ідзіце дамоў,– цвёрда сказаў Кастусь. – Гэта ўжо мая справа. – I да смуглявага: – Давай пагуляемся ў ножычкі.
Смуглявы задаволена ўсміхнуўся і пацягнуў маланку на скуранцы.
– Распранайся да пояса…
– Не трэба! Лепш я… – Магда вырвалася ад Марка, адбеглася і дрыжачымі рукамі пачала расшпільваць куртку.
– У-у-у! – зацікаўлена загулі падлеткі. Але Кастусь раўнуў:
– Калі ты зараз гэта зробіш, я буду» гуляць у ножычкі» з усімі імі! Марк, чаго чакаеш, забірай яе!
Магда адчула, як дужыя рукі Марка адрываюць яе ад зямлі і ён нясе яе да выхаду з могілак, нягледзячы на пратэсты. Ужо ля брамы іх нагнаў адзін з хлопчыкаў.
– Вы… гэта… міліцыю не клічце. Цяпа майстар. Насмерць не зарэжа. Падрапае толькі… А калі мянты падыдуць, гамон хвастатаму. Цяпа любіць, каб сумленна ўсё было. Магдаліна плакала ля белай брамы і рвалася на могілкі. Марк затуляў яе ў абдоймы, штосьці супакаяльнае нашэптваў, спрабаваў адвесці далей… Дарэмна Ну не будзеш жа ў цэнтры горада цягаць на плячы дзявулю! На іх і так азіраліся рэдкія прахожыя. Дзейнічала толькі пагроза, што калі яна не перастане раўці, зацікавіцца міліцыя і Цяпа вырашыць, што гэта несумленна. А з могілак даносіўся вясёлы хор: «Тры! Чатыры! Пяць!», нібыта там гулялі ў жмуркі.
Вароны зашумелі ў чорных нетрах шатаў, быццам паўз іх праляцела нечая душа.
– Се-ем!
Магда вырвалася з абдоймаў Марка і кінулася па цёмнай прысадзе, далёка ў канцы якой гарэў агеньчык над дзвярыма касцёла, як сумны анёл.
Цішыня палохала. Ад яе спынялася сэрца… Між магіл павольна рухалася чыясьці постаць…
– Кастусь! Што з табой?
У святле ліхтара Магдзе падалося, што ён памірае – спрэс заліты крывёю. Хлопец прыціскаў да грудзей свой заплечнік у цёмных плямах і ўсміхаўся.
– Усё нармальна… Толькі драпіны. Праўда, Цяпа перамог – чатыры-тры на яго карысць. Але нават паабяцаў прыйсці на краязнаўчы гурток.
– Прыдурак! – прашыпеў скрозь зубы Марк. – Паперы дзе?
– Тут… – Кастусь паказаў на заплечнік.
– Давай… Яны ж належаць Магдзе, ты сам казаў? Кастусь паслухмяна адкрыў заплечнік. Марк выхапіў каробку, загорнутую ў чорны пакет, і паклаў у свой дыпламат.
– Магдаліна, пайшлі…
– А ён?
– О, Госпадзе, калі ж гэта скончыцца!
Марк дастаў з партманета грошы і раздражнёна працягнуў Кастусю:
– На табе тры рублі на таксі. Той адмоўна пакруціў галавою.
– Дзякуй, свае ёсць. І заўтра вярну дзвесце рублёў. Ялецкі толькі раздражнёна фыркнуў:
– Янку свайму вернеш. Ягоныя грошы. Магда вырвала руку з рукі жаніха:
– Якое таксі… З яго ж кроў капае!
– Перажыве…
На асветленай вуліцы Кастусь прагаварыў, гледзячы ў зямлю:
– Даруйце, калі ласка… Бывай, прынцэса. І пайшоў…
І яны ўжо ніколі не…
Гэта сапраўды горш за смерць!
– Кастусь! Пачакай!
Магда расшпіліла куртку, сарвала з сябе, працягнула Марку.
– На… І аддай мне, калі ласка, паперы дзеда. Я іду з ім. З Кастусём.
Марк не зрэагаваў, толькі здзіўлена падняў бровы.
– Магдаленка, я ўжо прывык да тваіх выбрыкаў. Але мусіць жа быць мяжа? Не забывай, што мы пачалі сямейнае жыццё.
Але Магда наблізілася да Кастуся, і яе зялёныя вочы палалі.
– Ты кахаеш мяне?
Кастусь памаўчаў і сказаў вельмі проста:
– Я памёр бы за цябе, – зірнуў на Ялецкага. – Прабач, Марк. Я праўда гэтага не хацеў.
– Ты проста нягоднік, – пагардліва азваўся той і звярнуўся да нявесты: – Магда, не дуры. Пасля сама будзеш вельмі шкадаваць.
– Прабач, Марк. Можа, я і пашкадую, але…
– Ты не пашкадуеш, прынцэса!!!
Кастусь схапіў дзяўчыну на рукі, падняў над сабой, закружыў:
– Я хачу тры сыны-каралевічы і тры дачушкі-прынцэсы!
– На сваю мэнээсаўскую зарплату карміць іх будзеш? – сталёвы голас Марка вярнуў закаханых на зямлю.
Магда падбегла да жаніха – абразліва шчаслівая.
– Марк, міленькі, я нічога не магу змяніць. Ты мужны, добры… Аддай мне рукапіс і… даруй.
У прывідным святле ліхтара твар Марка здаваўся сапраўды высечаным з каменю.
– Гэта мая памылка. Трэба было зрабіць цябе жанчынай. Ты ж усё роўна вернешся да мяне! Хто яшчэ будзе з табою так нянькацца? А паперы, прабач, я пакіну сабе.
– Чаму? – разгубілася Магда.
– Таму што напачатку імі павінны заняцца адпаведныя органы. А то налятуць зараз усялякія энтузіясты з хвосцікамі…
Кастусь неўразумела паспрабаваў усміхнуцца.
– Марк, ты жартуеш?
– Мне не да жартаў, як ты мог бы здагадацца. Кастусь збялеў.
– Гэта… гэта подла!
Магда ўмаляла:
– Марк, дарагі… Я разумею, гэта тваё самалюбства… Але столькі жанчын мараць пра такога мужчыну, як ты! Ты для мяне проста занадта добры. Я не падманвала – я проста не ведала, што такое каханне. Прашу, не рабіся ворагам. Ты ж не хочаш сапраўды перадаць паперы майго дзеда гэтым…
– Не толькі хачу, але і павінен, – важка, нават насмешліва сказаў Марк і рушыў да аўтобуснага прыпынку.
– Стой! – кінуўся ўслед Кастусь. – Аддай рукапіс!
– Забяры, падонак, як забраў маю нявесту! – Марк раптам зрабіў рэзкі рух рукой, і Кастусь сагнуўся напалам, хапаючы ротам паветра. Але зноў дагнаў Марка…
Яшчэ хвіля, і яны ўдвух пакаціліся па зямлі… Марк падмяў пад сябе хлопца і біў з такой злосцю, што Магда падумала – заб'е… Але вось наверсе – Кастусь…
– Магда! Дыпламат!
Дзяўчына кінулася да Маркавага чамаданчыка, паспрабавала адкрыць…
Проста ля іх спынілася міліцэйская машына. Трое здаровых міліцыянтаў расцягнулі ваякаў.
– Супакоіцца! Вашы дакументы! Марк дастаў з задняй кішэні нагавіцаў чырвоную кніжачку, разгарнуў… Міліцыянт, што трымаў Ялецкага за каршэнь, адышоўся і разам з двума саслужыўцамі ўзяў пад казырок.
– Якія будуць распараджэнні?
Марк змрочна абтрос безнадзейна сапсаваны касцюмчык.
– Забярыце ў дзяўчыны дыпламат. Давайце сюды… – адкрыў, упэўніўся, што каробка на месцы. – Завязіце мяне на Валадарскага.
– А з гэтымі што рабіць?
Ялецкі азірнуўся на Магду і Кастуся. На хвілю яго вочы ненавісна бліснулі і жорсткая ўсмешка перакрывіла вусны, але змянілася стомай.
– Адпусціць…
Машына ад'ехала. Цікаўныя, што на разумнай адлегласці назіралі за сцэнай, расчаравана вярнуліся на прыпынак. А пацалункі, абдоймы – падумаеш, відовішча…
Яны пайшлі пешкі. Праз аксамітную цемру – дзве іскрынкі, якія свяціліся адна для адной. Час ад часу яны спыняліся і зліваліся ў адну.
– Я б цяпер пераплыў Дняпро! – мройна прагаварыў хлопец.
– А мне б цяпер хлеба з салам, – гэтак жа мройна прагаварыла дзяўчына, прыхінуўшыся галавой да пляча свайго спадарожніка, і рассмяялася. – А яшчэ кажуць, што каханне адбірае апетыт!
– Дык у мяне ж засталіся піражкі, што ты не даела! – ўзрадаваўся хлопец. – Адзін знойдзецца для прынцэсы напэўна…
Кастусь палез у свой заплечнік і раптам замёр.
– Што з табой? – спалохалася Магдаліна.
– Ты ведаеш… Цяжка паверыць, але… Марк, здаецца, забраў пакет з тваімі піражкамі!
– Ты хочаш сказаць…
– Вось ён, рукапіс!!!
У святле ліхтара Магда прачытала першыя радкі, напісаныя на пажаўцелай паперы цвёрдым круглым почыркам, і ледзь не выпусціла сшытак:
Толькі магілы ёсць у мяне. Траву па-над імі вецер кране…
Можа быць, гэта сон? Гэта ж яе вершы?!! Але далей ішло іншае.
Я да сваіх не ўздымуся нябёс.
Толькі магілы – шлях мой і лёс. Бедны нашчадак, за спадчыну гэту Не папракай небараку-паэта. Разам з табой на пагост уздымусь. Спіць у магілах мая Беларусь.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?