Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 7


  • Текст добавлен: 18 декабря 2018, 14:20


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 7 (всего у книги 22 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Бамбіза рваўся ў бойку, але «прынцэса», відаць, перадумала, павярнулася на сваіх высокіх абцасіках і пайшла. На развітанне яна кінула доўгі позірк на Вінцука, які, аднак, аніяк не адрэагаваў.

«Фальстаф» пабег услед за гасцямі, пасля вярнуўся. Паколькі з двух аўтарытэтаў засталася толькі я, усё жаданне дагадзіць было скіравана ў адзін бок.

– Выбачайце, Кацярына Аляксееўна, за інцыдэнт. Проста людзі вельмі цікавяцца мастацтвам. А гэты… аблом… не пускае. Ну што здарылася б дрэннага, калі б людзі па-глядзелі?

– А хто гэтая аматарка мастацтва? Старшыня трохі замяўся:

– Жонка Вячаслава Бутава.

– Знаёмае прозвішча, па тэлебачанні часам рэкламны ролік круцяць. Страхавая кампанія ў яго, ці што?

– Так. Але, ведаеце, такія цудоўныя яны людзі, ну такія чулыя… Два гады таму зусім нечакана іх фірма дала нашаму пасёлку грошы на новую школу. Пяць гадоў адзін падмурак стаяў… А цяпер за год выштукавалі – не горш чым у горадзе школка!

Вінцук пачаў мыць уквэцаную нагамі сённяшніх наведнікаў падлогу, няспешна шоргаючы шэрай мокрай анучай. Чамусьці ягоныя мерныя рухі нагадалі мне Харона ў чоўне мерцвякоў.

3

Я ішла за старшынёй па рыпучым снезе – бялюткім, якога ў горадзе не бывае – і гадала, чым выкліканы інтарэс жонкі айчыннага фінансавага бонзы да сціплага местачковага музея. Тым больш да сховішча, у якім не было нічога, што магло б зацікавіць «новых беларусаў». Хутчэй яны маглі б паквапіцца на паліраваны сакрэтнік ці фальшывую кітайскую вазу. Нашто ім пашчапаная драўляная скульптура, чарапкі, надмагільныя камяні ці ржавыя краты, а тым больш мясцовыя архівы векавой даўнасці? Гэта ўсё сапраўды цікава, але толькі для спецыялістаў. Можа быць, варта было б сапраўды пусціць гэтую кампанію ў скляпенне, няхай паглядзяць і супакояцца. Надта ўжо мне не спадабаўся «прынцэсін» бамбіза.

Але я чамусьці ўстрымалася ад таго, каб выказаць слушную прапанову старшыні. З сельсавета патэлефанавала ў Мінск, дамовілася, што заўтра да мяне ў дапамогу прышлюць кагосьці з музея. Паабяцалі нават выслаць «рафік» па экспанаты, якія «мая мастацтвазнаўчая вялікасць» палічыць вартымі для перавозу ў музей сталіцы. (Мармуровага анёла і некалькі драўляных скульптур дакладна трэба будзе забіраць.) Гэта была вялікая перамога, відаць, падрыхтаваная Альбертавымі намаганнямі. Часам я нават шкадую, што вырасла ў Мінску. Прынамсі, ёсць амаль стопрацэнтная верагоднасць, што калі ты нарадзіўся ў вёсцы ці мястэчку і дасягнуў хоць невялікіх, але поспехаў у навуцы, мастацтве ці літаратуры, тваё імя будзе шанавацца на «малой радзіме», згадвацца ў рознага кшталту краязнаўчых выданнях як гонар раёна, а твой фотаздымак упрыгожыць стэнд школьнага музея. А ў нашым доме жывуць два кандыдаты навук, не лічачы мяне, доктар эканомікі, былая балерына, нават стары паэт-песеннік. І суседзі звяртаюць на нас увагі куды менш, чым на ўладальніка «форда» з другога паверха, які завёў серабрыстага колі і зрабіў у кватэры еўрарамонт. Так што пра ягоную круглую ванну з падводным масажам ведаюць усе чатыры пад'езды, а маю кнігу пра магістральныя міфалагічныя матывы ў беларускім мастацтве ХVІ стагоддзя не ведае ў доме ніхто.

Прыступы маніі вялікасці мне хаця і ўласцівыя, як і пераважнай большасці маіх калег, але звычайна не зацягваюцца. Я пачала знаёміцца са змесцівам вынесеных са скляпення папак. У адной былі стосы нудных справаздач – і тады існавала бюракратыя! Колькасць пудоў збожжа і коп сена, сабраных па губерні. Судовыя паперы, падабраныя зусім выпадкова, ніякай храналогіі ці сэнсавай сувязі, нібыта іх выцягнулі навобмацак са смеццевай кучы, хаця, хутчэй за ўсё, так і было. Некалькі «свецкіх альбомаў» павятовых паненак з бясконцымі ўклеенымі «голэмбямі,» анёлкамі і віньеткамі: «Анэля, мілая Анэля, цвіці, як ружа ў майскі дзень». На жаль, у кола знаёмстваў гэтых паненак відавочна не ўваходзілі ні паэты, ні мастакі нават сярэдняга ўзроўню. Нарэшце я ўзяла ў рукі невялікі стос жоўтых папер, перацягнуты выцвілай стужкай, які даў мне Вінцук. Калі на гэтых лістах замільгала прозвішча князёў Палецкіх, я зразумела, што натрапіла на цікавае. Гэта былі копіі афіцыйных папер і два асабістыя лісты, што тычыліся працэдуры разводу княгіні Палецкай, да шлюбу – Даратэі Вяржбіцкай, шляхцянкі, з князем Адольфам Палецкім. З запісу судовага паседжання, якое адбылося ў студзені 1910 года, вынікала, што княгіня Палецкая сама пачала справу аб разводзе. Муж здраджваў ёй з нейкай дзявіцай Ваўчок, зацята гуляў у карты, прамантэчыў усе сямейныя грошы. Так што і ў княгіні, і яе адзінаццацігадовага сына жыццё было не мёд. Да таго ж князь Палецкі ўладкаваў хлопчыка ў нейкую дабрачынную гімназію ў Вільні, і княгіня, у супярэчнасць мужу, лічыла, што дзіцяці там кепска і яго трэба неадкладна адтуль забіраць. Ну і яшчэ адзін довад – шлюб паненкі Вяржбіцкай і князя Палецкага адбыўся без згоды нявесты, але «пад нялітасцівым прымусам шляхціца Вяржбіцкага», бацькі нявесты, і самога жаніха. Паколькі няверны муж папракаў жонку-бунтаўшчыцу тым, што ўзяў яе за сябе «голую і босую», што азначала – без багатага пасагу, княгіня мусіла быць незвычайна прывабнай – іначай чаго б такі лавелас яе дамагаўся? Праўда, князь і сам даўно не меў таго багацця, якім валодаў некалі род Палецкіх, – мусіў жыць у Наўі, куды ранейшыя Палецкія выязджалі толькі на паляванне.

Чым далей я чытала паперы, тым менш сімпатыі выклікаў у мяне князь Адольф. Ён паліваў жонку брудам. І кахалася яна да вяселля з мясцовым доктарам, чалавекам «нядобранадзейным», і кепска выхоўвала сына, і не дбала аб гаспадарцы, і чытала не тыя кніжкі, і ездзіла без дазволу мужа ў вандроўкі… Чым скончылася судовая справа, з папер я не даведалася. Быў яшчэ ліст пана Вяржбіцкага, бацькі княгіні Палецкай, з папрокамі на адрас няўдзячнай дачкі, перасыпаны памылкамі і выразамі «клянуся крыжом твайго дзеда», «хай цябе ратуе ад граху крыж твайго дзеда». На канверце значыўся адрас наўеўскай паненкі Анэлі Дубоўскай з пазнакай: – «для перадачы Даратэі Палецкай». Гэта было ўсё, калі не лічыць паловы аркуша, выдранага з нейкага прыватнага ліста. Магчыма, ліста княгіні Палецкай да сяброўкі, таму што там згадваўся «бессардэчны чалавек, які не дае разводу толькі з-за жадання памучыць», а таксама «бедны хлопчык», якога маці не можа забраць дадому без згоды бацькі. Аркуш абрываўся на загадкавай фразе: «Талісман, што прыносіць нашаму роду адны няшчасці, хаця ты і раіла мне яго прадаць і скарыстаць грошы для паляпшэння майго бядотнага становішча, я нарэшце наважылася аддаць спачылым. Ім ён не прынясе таго зла, якое прыносіў нам».

Бедная княгіня… Мусіць, у яе сапраўды быў раман з мясцовым «нядобранадзейным» доктарам. Уяўленне паслужліва намалявала сцэну таемнага спаткання пад старым дубам, няўдалае выкраданне нявесты, дуэльныя пісталеты ды іншае сентыментальна-рамантычнае шалупінне. Тут жа па асацыяцыі я ўспомніла карціну, якую бачыла ў цудкоўскім музеі, «Шлюб пад прымусам». Цікава, магчыма, гэтая карціна мела рэальны прататып?

Пра ўсё гэта я думала ўвечары на мансардзе драўлянага дома, які належаў новаму дырэктару Наўеўскай школы Анатолю Андрэевічу. Менавіта тут мяне пасяліла начальства. Вядома, «умовы» знаходзіліся на двары, унізе шумна гулялі дырэктаравы дзеткі, ва унісон гулі тэлевізар і радыё… А гаспадыня з чыста беларускай гасціннасцю кожныя пятнаццаць хвілін «забягалася», каб удакладніць, ці не трэба мне чаго, ці буду я есці яешню са шкваркамі, ці лепш дастаць для мяне з каморы алею. З а бяскрыўднымі гаспадарчымі пытаннямі праглядалася цалкам зразумелае жаданне бліжэйшага знаёмства. Але гэта ўсё-ткі быў асобны пакойчык, з акна якога бачыўся сярод заснежанага поля далёкі будынак былой школы. Я задуменна глядзела на цьмяны агеньчык у акне першага паверха, дзе, відаць, атабарыўся ваўкаваты Вінцук, і спрабавала ўявіць рэаліі местачковага жыцця стогадовай даўніны. Вось да ганка з калонамі пад'язджае экіпаж, падбягаюць слугі, з экіпажа грацыёзна выходзіць захутаная ў футра жанчына…

Тут мае мары перарваліся, таму што да панскага дома сапраўды пад'язджаў экіпаж, праўда, сучасны. Святло фараў выхапіла з цемры ўхутаныя ў прывідную шэрань постаці дрэў – ганаровую варту зачараванага замка… Хто і навошта ў такі час прыехаў у музей? Відаць, меў рацыю Альберт, калі казаў: – «Парасцягваюць…» Мільганула разумная думка: «Ну якая мая справа…»

… І я хуценька збегла ўніз. Не ведаю, якімі эпітэтамі ў думках узнагароджваў мяне гаспадар, дабрадушны аматар рыбалкі і Чэхава, але ўсё-ткі апрануўся і пайшоў са мною да былой школы.

Каля кн яскай рэзідэнцыі пабліскваў лакіраванымі бакамі шыкоўны джып. Мне падалося, што ў машыне сядзіць нехта ў серабрыстым футры. Праз адчыненыя дзверы школы чуліся галасы, дакладней, адзін злосны голас, і грукат. Я кінулася туды. Мой гаспадар сунуўся за мною, хоць я амаль фізічна адчувала ягоную неахвоту лезці не ў сваю справу. Сярод вестыбюля ўзвышаўся знаёмы бамбіза са світы шэравокай «прынцэсы». Ён, відаць, «крута» размаўляў з вартаўніком па тым жа пытанні, што і днём, таму што Вінцук, у раздзёртай на плячы сіняй кашулі, спрабаваў узняцца з падлогі, дзе, пэўна ж, апынуўся не па ўласным жаданні.

Пры нашым з'яўленні бамбіза неахвотна выціснуў усмешку:

– Трэба ж, зноў сустрэліся… А мы сюды па сумачку Веры Сцяпанаўны заехалі. Шукалі вось… Ну, добра, я пайшоў. Да сустрэчы, барадаты…

Мы не спрабавалі яго затрымаць. Аўтамабіль ад'ехаў. Дырэктар вылаяў гарадскіх бандзюг і пачаў нудна выгаворваць Вінцуку наконт дысцыпліны, відаць, спаганяючы злосць, што меў на мяне. Вінцук, не слухаючы начальніка, прамовіў мне абыякавае «дзякуй»і зноў зацяўся, як камень.

– Можа, у міліцыю паведаміць? Ці медыцынская дапамога вам патрэбна?

Вартаўнік моўчкі пахітаў галавой, а Андрэевіч ад маіх слоў усхваляваўся. Навошта шум падымаць? Вартаўнік сам вінаваты: пусціў чужых на аб'ект аховы.

Ну, не трэба дык не трэба… Сёння яны сюды наўрад ці вернуцца. Даме, напэўна, час ванну прымаць. Я не сумнявалася, што ў машыне сядзела «прынцэса».

Адыходзячы, я азірнулася на дом, які ў цемры набываў страчаную веліч. Скрозь дошкі, якія шчыльна закрывалі вокны другога паверха, у адным месцы прабіваўся праменьчык святла. Дзіўна… Можа, падалося? Не, свеціцца, праўда, толькі калі глядзець пад пэўным вуглом.

Дырэктару пра сваё адкрыццё я нічога не сказала. Па дарозе дахаты гаспадар, узрадаваны, што інцыдэнт вырашыўся, распавёў мне пра свайго папярэдніка на гэтай пасадзе. Цудко меў славу дзівака, хаця яго ў акрузе паважалі. Ён з няўрымснай энергіяй збіраў у свой музей старыя збаны і посцілкі, сямейныя архівы і рэшткі архіваў мясцовых устаноў. Калі руйнавалі царкву і касцёл з будынкам семінарыі, выцягнуў адтуль усё, што мог, дакладней, што там засталося. Драўляная скульптура, якую я бачыла, валялася ў сутарэннях касцёла, які з трыццаць дзевятага года і да свайго зруйнавання выкарыстоўваўся як склад. Андрэевіч быў яшчэ маленькім хлопчыкам, але памятаў, як бурылі касцёл, як Цудко ўгаварыў трактарыста і той перацягнуў адтуль да школы некалькі мармуровых скульптур і з дзесятак магільных пліт. З усяго захаваўся ў музеі толькі бачаны мной анёл ды тры надмагільныя пліты князёў Палецкіх. Астатнія, казалі, забрала раённае начальства. Я ведала, што гэта значыць – айчынныя нуварышы купляюць старыя каменныя надмагіллі, знішчаюць надпісы і выкарыстоўваюць для ўшанавання памяці памерлых сваякоў. Добры мармур набыць цяжка. А тут яшчэ і з гатовымі малюначкамі трапляецца. Вартаўнік з'явіўся ў школе два гады таму, Цудко ўладкаваў яго перад самай сваёй пенсіяй. Адкуль той Вінцук узяўся – ніхто не ведае; Цудко сказаў, што гэта ягоны далёкі сваяк. Па Наўі адразу пайшлі чуткі, што сваяк выйшаў з псіхіятрычнай бальніцы. Дый гэта ад пачатку было відаць, што чалавек «з прыветам», – з выгляду, як бадзяга, да сялянскай працы не змусіш, толькі дровы сячэ ды ўлетку траву пакосіць вакол школы. Ні з кім не гаворыць, ніхто да яго не прыязджае. Трэба будзе пераводзіць музей у новую школу, але там усё не змесціцца. Давядзецца аддаць большую частку экспанатаў у раённы музей. Рэчы ёсць прыгожыя, шафка, напрыклад, і вазы. Але без іх спакайней. А тады што з вартаўніком рабіць? І выгнаць шкада – прападзе чалавек, забамжуе.

Размова працягнулася за вячэрай, і гаспадыня, якая прадставілася мне як Мацвееўна, выказала сваю думку, што Вінцук той – блажэнны, бо кожны дзень у царкву ходзіць і нават бацюшку бясплатна дапамагае па царкоўнай гаспадарцы.

– Грашыў, відаць, шмат, – глыбакадумна заключыў Андрэевіч пасля трох чарак самагонкі, якую я адмовілася піць. – Калі чалавека нячысцік мучае, ён абавязкова ў царкву пацягнецца… Сабакам брахаць будзе, змяёй круціцца, але да царквы папаўзе…

Пасля такой эзатэрычнай скіраванасці я зразумела, што час укладвацца спаць.

Перад тым як улегчыся пад пуховую коўдру, таўшчыня якой была прапарцыянальная гасціннасці гаспадароў, я яшчэ раз зірнула на далёкі будынак школы і падумала пра святло на другім паверсе. Несумненна, там і схаваныя самыя каштоўныя экспанаты. Як бы толькі пераканаць вартаўніка пусціць мяне да іх?

4

Раніца выдалася сонечная, з марозам. Гаспадары даўно ўсталі і, відаць, паспелі зрабіць шмат патрэбных, спрадвечных гаспадарскіх спраў, пакуль я песцілася пад іхняй пярынай. Нават да маёй мансарды даносіўся пах аладак.

Андрэевіч падрыхтаваў мне сюрпрыз. Паколькі я ўчора так цікавілася асобай вартаўніка, ён схадзіў у новую школу і прынёс ягоную асабовую справу. І зараз сам вывучаў яе. Я ўзяла ў Андрэевіча шэрую папачку і ледзь не ўпусціла, прачытаўшы надпіс: «Віктар Іванавіч Палецкі, вартаўнік». Я зірнула на дырэктара, той толькі паціснуў плячыма.

– Я і сам не ведаў, што ў яго за прозвішча. Вінцук ды Вінцук. Хутчэй за ўсё, проста аднафамілец княжацкі. Апошнія Палецкія з'ехалі адсюль яшчэ ў трыццаць дзевятым, калі Саветы прыйшлі.

Пра жыццё Палецкіх да рэвалюцыі Андрэевіч ведаў мала. Чуў толькі пра старога князя, які надта любіў гуляць у карты, так што прайграў суседнюю з Наўем вёску нейкаму палкоўніку. Ды яшчэ той князь пад старасць звар'яцеў і пачаў «магілы выварочваць». Ці ён проста руйнаваў помнікі, ці захапляўся некрафіліяй, выкопваў трупы, аповеды не ўдакладнялі.

У асабовай справе аказался зусім няшмат звестак пра вартаўніка. Месца нараджэння – Мінск. У графе «адукацыя» – прочырк. Узрост – трыццаць пяць гадоў, значыць, усяго на пяць гадоў старэйшы за мяне. Спецыяльнасць і працоўны стаж – прочыркі, відаць, лічылася, што гэтага няма, як і хатняга адраса. Сямейнае становішча – халасты. Адзіная адметнасць – адзнака, што не прыдатны да вайсковай службы па стане здароўя.

Сёння пасля абеду мусіў прыехаць нехта з музея. Я спадзявалася на сваю сяброўку Нюту, якая пісала дысертацыю па кераміцы. А тут керамікі досыць.

Вінцук сустрэў мяне ветла. Ён нават змяніў прычоску, калі так можна сказаць пра ягоныя кудлы, – пасмы больш не навісалі над вачыма. Ад гэтага твар змяніўся – высокі лоб, вялікія светлыя вочы і просты нос… Можа, і князь… Ну, чакай, я цябе разгавару!

– Я ведаю, што вы з гэтых Палецкіх.

Вінцук адразу сцяўся, падобна смаўжу, які хаваецца ў ракавіну пры набліжэнні небяспекі. Ага, значыць, праўда!

– Няўжо вы думалі, што так факт застанецца невядомым? Калі вам не хочацца «рассакрэчвацца», магу паабяцаць, што нікому больш не раскажу. Але я павінна ведаць – вы ж нездарма далі мне пачытаць сямейныя дакументы Палецкіх? Прызнаюся – мяне зацікавіла гісторыя княгіні. І я хачу ведаць працяг. А калі я чым цікаўлюся, не спыняюся ні перад якімі перашкодамі. Лепш, каб вы расказалі мне самі, чым я буду корпацца ў іншых, можа быць, неаб'ектыўных, крыніцах.

Вінцук зацягнуў паўзу на добрых пяць хвілін.

– Я мала што ведаю. Маці, праўда, часта расказвала пра сваю бабулю, якая развялася з мужам, князем Палецкім, і з'ехала ў Санкт-Пецярбург.

– Ну а далей што з ёй было? З яе сынам?

– Сына, майго дзеда, яна забрала з сабой, фактычна выкрала. Скончыла медыцынскія курсы. Усё жыццё працавала фельдчаркай. Замуж болей не выйшла. Князь другі раз ажаніўся, меў дзяцей. Здаецца, нехта з іх роду жыве ў Польшчы. Паколькі пасля разводу князь пазбавіў і былую жонку, і яе сына правоў на спадчыну, я ні на што тут прэтэндаваць не магу.

– Значыць, сюжэт карціны «Шлюб пад прымусам»– пра вашу прабабку?

– Яна сама яе малявала. І партрэт студэнта. Кахала гэтага чалавека яшчэ да замужжа.

– А пра які талісман згадвае ў лісце ваша бабуля?

– Крыж, фамільная каштоўнасць. Пераходзіў старэйшаму ў родзе. Лічылася, што ён прыносіць няшчасце. Прабабка пасля разводу яго выкінула.

Вінцук замаўчаў. Зноў адсутны позірк. Па рукаве княскае выцвілае ватоўкі поўз павучок.

– Цікава, а чаму вы даверылі мне свой сямейны архіў?

– Таму што добра вас ведаў.

– Як? Адкуль?! Альберт Свянткоўскі распавёў?

– Нейкім чынам так. Я партрэт ваш бачыў. А Свянткоўскі – таленавіты мастак, значыць, яго карціна расказвае больш, чым сам мастак мог бы расказаць пра сваю мадэль. Мне вельмі хацелася захаваць памяць прабабкі. Яна сапраўды была выбітным чалавекам. Цяпер, калі ведаеце яе гісторыю, і карціны вас зацікавяць. Упэўнены, недзе вы пра яе згадаеце.

Правільна думае. Шляхціцы з партрэтаў ухвальна глядзелі на Вінцука. Мне на хвілю здалося, што на ім гэткая ж старасвецкая вопратка, як і на іх, і ён таксама аддзелены ад мяне стагоддзямі… Таямнічы палац са схаванымі сямейнымі скарбамі і адданым вартаўніком…

– Што ў вас на другім паверсе? Філія музея? Зноў напружыўся.

– Нічога там няма. Там дах правалены.

А маніць не ўмее. Ненатуральна атрымліваецца.

Вінцук адчыніў дзверы скляпення. На мяне пацягнула волкім паветрам. Анёл утаропіў на нешта жахлівае белыя вочы, рот драўлянага Хрыста зеўрае немым крыкам, дальнія куты патанаюць у цемры… Я папрасіла княскага нашчадка вынесці наверх, у залу, тыя папкі, якія не перагледзела ўчора, і скрыню з чарапкамі. Рэестр экспанатаў, складзены Цудко, ляжаў на стале. Вінцук дапамог зручна ўладкавацца… І тут зусім побач ударыў звон. Зараз з'явіцца прывід Чорнага Манаха ці якой-небудзь Белай Дамы… Але звон ударыў яшчэ раз, гэтак жа адсланёна-няўмольна, і сціх. Я ўспомніла, што побач – царква Святой Параскевы. Значыць, з'яўленне прывіду пакуль адмяняецца.

Вінцук, аднак, занепакоіўся:

– Я пакіну вас на гадзінку? Айцец Павал чакае. Няёмка. Абяцаў дапамагчы яму пасля службы…

– Нічога, нічога, ідзіце, я сама спраўлюся. Праўда, мне яшчэ пра многае хацелася вас распытаць…

Але мае словы яшчэ больш прыспешылі вартаўніка. Праз акно я ўбачыла ягоную высокую, трохі прыгорбленую постаць – ён ішоў хуткім крокам у бок царквы. Вось і добра… У прысутнасці Вінцука я адчувала сябе няпрошанай госцяй. Так, ён абараняў музей ад уладных рабаўнікоў, так, за ягонай ваўкаватай знешнасцю ўгадваўся інтэлігентны – дакладней, былы інтэлігентны чалавек, у прастамоўі – «біч». Але нешта ён хаваў і ад мяне, а я не люблю заставацца ў невядомасці.

Я агледзела дошкі, што перагароджвалі лесвіцу на другі паверх. Гэтым шляхам не падняцца. Але хіба тут толькі адна лесвіца? І ў школе, па правілах пажарнай бяспекі, мусіць быць запасны выхад. Ну а ўжо ў княжацкім доме не можа быць адна лесвіца і для паноў, і для прыслугі. Я рушыла ў другі канец калідора. Аказалася, ён там не канчаецца, а заварочвае. У тупіку я знайшла маленькія дзверы без шыльды. Тузанула ручку… Тэхнічнае памяшканне. Я праціснулася між паламанымі партамі… Дзверы з павольным рыпеннем прычыніліся. Добра, ліхтарык з сабою. Ля сценкі – школьная дошка. Можа быць, я выйшла б з гэтага няўтульнага памяшкання, каб не ануча. Звычайная сухая ануча, якой колісь выціралі крэйду, пасля паклалі на палічку ўнізе дошкі, і яна так і прысохла. Чамусьці махры гэтай анучы матляліся, як ад моцнага павеву. Я з цяжкасцю ссунула дошку ўбок. За ёй пачыналася вузкая, як ход шашаля, вінтавая лесвіца, ад яе цягнула холадам. Урэшце, гэта мне цяжка адсоўваць дошкі, а дужы мужчына зробіць такое адным рухам.

Доўгі калідор на другім паверсе наводзіў на сумныя думкі – мусіць, так выглядаюць будынкі пасля бамбёжак. Чорныя бэлькі столі там-сям абрушыліся, пахіліліся да падлогі, быццам штандары перад жалобным шэсцем. Аднекуль сыпаўся дробны снег. Я прыкінула, дзе вечарам бачыла святло: трэцяе акно справа, адчыніла дзверы ў цёмны пакой і скіравала ўнутр прамень ліхтара… І аслупянела. Я знаходзілася ў майстэрні мастака. Звычайнай майстэрні, з маім улюбёным вэрхалам, з пахам фарбаў і пукамі пэндзляў у збанках і гаршэчках. Але не гэта ўразіла мяне. На мальберце стаяла няскончаная карціна. Я ніколі не бачыла нічога падобнага. Яе аўтар меў свой, адметны стыль – фантасмагарычны, з незвычайнымі спалучэннямі колераў, ясны і адначасова туманісты. На фоне начнога зімовага пейзажу, у якім угадваліся краявіды сучаснага Наўя, ляцела прывідная кавалькада паляўнічых – дамы ў сукенках з доўгімі вузкімі шлейфамі, у мехавых шапачках, вышытых перлінамі, з сокаламі на пальчатках, мужчыны ў чугах з пералівістых тканін, з павінымі пёрамі на шапках, узброеныя даўжэзнымі стрэльбамі з раструбамі на канцах. Гэта было захапляючае, вясёлае і трывожнае відовішча. Коні слізгалі па паветры, дамы смяяліся, а над соннай вёскай цягнуліся срэбныя ніткі правадоў электралініі, пакрытыя шэранню.

Ля сцен, павернутыя фарбаванай паверхняй ад гледача, стаялі іншыя карціны. Я пачала іх пераварочваць. Несумненна, яны належалі пэндзлю аднаго мастака, і гэта быў выбітны мастак. У святле ліхтарыка ўзнікалі новыя і новыя сюжэты. Якая фантазія! Якое майстэрства! Я так захапілася разглядваннем, што не зрэагавала ў час – дзверы раптоўна адчыніліся і святло ліхтарыка, ярчэйшага за мой, скіравалася проста мне ў твар і на некалькі імгненняў асляпіла. Калі б у мяне яшчэ былі сумнівы наконт уладальніка падпольнай майстэрні, цяпер іх не мусіла заставацца. Вочы Вінцука з-пад насупленых броваў гарэлі праведным гневам.

– Вы…вы… як вы маглі! Шпіёніць… Паверыў вам… Артыкулам вашым, партрэту… Шчыра збіраўся дапамагчы… А вы…

У небаракі аж рукі трэсліся ад абурэння. Зусім перастаў маскіравацца пад бажаволака. Але я не збіралася адступаць.

– Вы чакаеце, што я зараз пачну прасіць прабачэння і сцвярджаць, што я тут выпадкова, што я не хацела і таму падобнае? Памыляецеся. І апусціце нарэшце ліхтар, а то свеціце мне ў вочы, як на допыце.

Вінцук сумеўся ад майго ваяўнічага тону і скіраваў святло ліхтарыка ўбок, памацаў рукою недзе ў куце, і на столі запалілася лямпа дзённага асвятлення. А я працягвала сваю «псіхатэрапію»:

– Калі вы чыталі мае артыкулы, дык не маглі не зразумець, што я з сябе ўяўляю. Цікаўнасць – неад'емная частка маёй прафесіі. Я ніколі не спынюся на паўдарозе. Неінтэлігентна з майго боку? Магчыма. Мне не раз даводзілася неінтэлігентна дабівацца ісціны, як бы патэтычна гэта ні гучала. Вы, дарэчы, таксама неінтэлігентна мне зманілі, калі я спытала пра другі паверх. І, калі хочаце ведаць, мне вас ніколькі не шкада, і ніякай загадкі для мяне вы не ўяўляеце. Сярод маіх знаёмых дастаткова таленавітых няўдачнікаў-іпахондрыкаў. У мінулым годзе адзін паэт аб'явіў, што кідае пісаць вершы, купіў хутар і шукае там праўду жыцця. А ягоная жонка, мая каляжанка, акрамя дадатковых лекцый яшчэ і нешта рэдагуе па начах да страты прытомнасці, абы дзіцяці на лекі ад алергіі ды спецыяльную дыетычную ежу хапала. Хочаце, раскажу вашу жыццёвую гісторыю ў агульных рысах? Вы падавалі вялікія надзеі, вучыліся… не бяруся па вашай творчай манеры вызначыць, дзе, але ў вышэйшай творчай установе. Вас спасцігла вялікае расчараванне, мусіць, звычайная подласць з боку калег – такога хапае ў нашым блаславёным асяродку. Пасля гэтага вы не сталі зноў стукацца ў дзверы вялікага мастацтва, а вырашылі стварыць яго ўласную філію, гэткую рабінзанаду непрызнанага генія. Выяўляеце з сябе бясшкоднага вар'ята з пакалення «брамнікаў і вартаўнікоў», спажываеце разварыстую вясковую бульбачку і з горкай, але салодкай помстай у душы пішаце палотны, якія свет не заслужыў пабачыць. Вось вам «еще… минчук в Гарольдовом плаще».

Я нагаварыла шмат несправядлівасцей і чакала новага выплеску абурэння і абвінавачванняў у адрас недасканалага свету, персаніфікаванага ў маёй сціплай асобе, але я недаацаніла свайго знаёмца. Маю тыраду ён слухаў сапраўды трохі нервова, пакусваючы вусны, але пад канец супакоіўся і камічна развёў рукамі:

– Здаюся, здаюся. Меа culpа. Вы сапраўды менавіта такая, якой я сабе ўяўляў. І я… напэўна, у нечым такі, як вы гіпатэтычна апісалі. Але нечага вы пра мяне не ведаеце. Таму давайце зачынім маю падпольную… дакладней, паддашную майстэрню і пойдзем уніз, у больш спрыяльныя для гутаркі ўмовы.

– Так, узімку вы сапраўды ціхі,– «ушчыкнула» я інтэлектуальнага вартаўніка.

Ён рассмяяўся так шчыра, па-дзіцячы, што я не магла таксама стрымаць смех. Магчыма, да паранойі тут справа не дайшла.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации