Текст книги "Сэрца мармуровага анёла (зборнік)"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 4 (всего у книги 22 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]
Магдаліна яшчэ паспела ўбачыць, як Карлуша сеў на плячо Яўгеніі Іванаўны і тая набыла незвычайнае падабенства з пракаветнай сівілай.
На вуліцы Магда адзначыла пра сябе, што хаця бабуля – арнітолаг, у кватэры ніводнага птушынага чучала. Не было і клетак. Птушкі лёталі на фотаздымках, ды букет з шыкоўных пер'яў красаваўся ў вазе.
Напэўна, Карлушу будзе там някепска.
На падыходзе да ейнага дома Кастусь папярэдзіў, што як толькі нейкія звесткі будуць, ёй паведаміць. А ля пад'езда Магдаліну чакаў Марк.
Лёсы сплятаюцца
Наступныя два тыдні праляцелі, як у тумане. Марк дамовіўся, што Магду залічаць на журфак. Сесія пачалася, таму можна было або перанесці яе для Магды на восень, або здаць зараз некалькі прадметаў – якія паспее падрыхтаваць.
Але Магдаліна заўпарцілася. Хопіць за вадой плысці.
І заявіла, што здасць усе іспыты.
Акрамя прадметаў, якія яна вывучала ў Маскве, тут дадалося яшчэ пяць.
Марк дапамог з падручнікамі. Залік па творчасці таксама «арганізаваў» – «друкануў» некалькі Магдзіных імпрэсій пра мастацкія выставы, павыкідаўшы занадта адвольныя месцы.
Магда амаль не спала. Да таго ж па начах часам нейкая сіла цягнула яе да пісьмовага стала, і на паперу клаліся радкі, чамусьці на беларускай мове:
Я ніколі не бачыла вас,
Можа быць, толькі позіркам сэрца…
І над вамі сівее трава,
І ніхто вас не помніць на свеце…
І таму ў Магды нават не было сіл здзівіцца, калі напярэдадні іспыту па гісторыі Беларусі, у поўным адчаі ад уласнай недасведчанасці, адчыніла дзверы і ўбачыла Кастуся. Той трымаў стос кніг і канспектаў.
– Я ад прафесара Карла Карлавіча. Рэпетытары па гісторыі не пат рабуюцца?
І прасядзеў з Магдай да поўначы, вытлумачыўшы ўвесь курс так цікава і проста, што Магдзе нічога не заставалася, акрамя як атрымаць назаўтра «выдатна».
Тое ж паўтарылася перад іспытам па беларускай літаратуры.
Ва універсітэце на яе глядзелі як на дзівачку: пераводзіцца з Літінстытута ў іхні «універ», з Масквы ў Мінск? Такога яшчэ не было!
На ўсе роспыты Магдаліна адказвала завучана:
– Па сямейных абставінах.
І чырванела ад вымушанай маны, тым больш што пры гэтым адказе ўсе паглядалі на яе жывот.
Белыя анёлкі зляцелі з каштанаў на чэрвеньскую, ужо не такую пяшчотную траву бездапаможнымі пялёсткамі. Магдаліна здала сесію на «выдатна».
Два дні яна праляжала ў ложку. Пасля Марк вывез яе на выхадныя на дзедава лецішча. І там заявіў: вернуцца – пададуць заяву ў загс. Хопіць з яго жаніхоўства. Платанічнае каханне, вядома, добра. Але яны дарослыя людзі, асабліва ён, і час жыць нармальным сямейным жыццём, падумаць пра дзяцей…
Магда адчувала, што было б натуральным з яе боку зараз жа тут, на лецішчы, пачаць тое сапраўднае жыццё… Яблыні ў садзе прасявалі сонца на падстрыжаную траву, і не думалася пра радыяцыйны фон. Бэз уздымаўся да вокнаў, быццам блакітная пена на цёмна-зялёнай хвалі лістоты, – адвечныя дэкарацыі кахання. Але… Марку было, відаць, няёмка пераступіць ім самім аднойчы, на самым пачатку знаёмства, аб'яўлены прынцып наконт шанавання цнатлівасці да шлюбу. Магда адчувала, што яму не ставала толькі найменшага адабрэння з яе боку – а яна не магла… Ён дакранаўся да яе, цалаваў, і гэта было добра… Але дзе тое ўзрушэнне, тое заміранне сэрца, пра якое пішуць у раманах? Мусіць, яна яшчэ не прачнулася, як жанчына, як даводзіў ёй Марк? І яна была так удзячная яму, што ён не прыспешваў, што ён быў пяшчотны і далікатны… Хіба можна марыць пра лепшага мужа!
А ў панядзелак пазваніў Кастусь.
– Прывітанне ад Карла Карлавіча! Ну як мядовы уік-энд? Новаспечаная журфакаўка ачуняла ў рыцарскіх абдоймах?
Цынік! Магдаліна ледзь стрымалася, каб зноў не зараўці: «Адчапіцеся ад мяне». А «спецыяліст» нязмушана працягваў блюзнерыць:
– Можа, ваша высокасць улучыць беднаму сялянскаму нашчадку якую хвілю для аўдыенцыі? Я падыду ў скверык за вашым домам праз паўгадзіны.
Магдзіны бліскучыя індыйскія пантофлікі пастуквалі на ўвесь сквер. Кастусь безуважна загараў на лаўцы, падставіўшы сонцу твар, безнадзейна сапсаваны інтэлектам. Валасы па-ранейшаму сабраныя ў хвосцік, на майцы хіпоўскае выслоўе на англійскай: «Рабі не вайну, а каханне». Ды яшчэ шорты, відаць, пераробленыя са старых джынсаў. Беспрацоўны з Манхэтэна…
А да грудзей пяшчотна прыціснутая шэрая кардонная папачка з надпісам: «Дело №».
– Вітаю прынцэсу! – Кастусь неахвотна падставіў твар новаму «сонейку». – Прысаджвайцеся, ваша высокасць!
Магдаліна чапурыста села на лаўку, ад усяе душы спадзеючыся, што міма не пройдзе ніхто са знаёмых. А з Кастуся ўжо зляцела млявасць, цёмныя вочы зірнулі трывожна.
– Я перачакаў, пакуль вы здадзіцё свае іспыты. Пасля, вядома, час на адпачынак. А цяпер мушу паведаміць… Ну, па-першае, схадзіў я на Кальварыю. Склепа з блакітным трохкутнікам няма і следу. Адны магілы, сметнікі ды яміны. Дзе капаць – невядома. Можа быць, пасля сходзім яшчэ разам, пашукаем. А вось гэта – замалёўка экспаната з раённага музея…
Кастусь паклаў Магдзе на калені аркушык з вучнёўскага сшытка ў клетачку, на якім быў старанна намаляваны шарыкавай ручкай пярсцёнак з роўнаканцовым крыжам.
– Той самы?!.
– Магчыма. Учора знаёмы даслаў. Дзеці знайшлі ў лесе гадоў дваццаць таму. Больш нічога. Але гэта трэба праверыць. Давядзецца ехаць. Яшчэ звестка… Архіў Сахнут-Бічэўскага быў у маёмасці Лукаша Бэндэ, таго самага, што Купалу да скроні пісталет прыстаўляў. Бэндэ падчас вайны жыў у Ленінградзе. Бабуля мая яго памятае. Той столькі дакументаў прыцягнуў – спадчыну загубленых ім жа пісьменнікаў, што мусіў здаць у іхні архіў на захаванне. Бэндэ забраў з Ленінграда не ўсё. У мяне ёсць прыкладны спіс ягоных скарбаў. Нічога з архіва Сахнут-Бічэўскага там не значыцца – Бэндэ цікавіла найперш літаратура, а Сахнут-Бічэўскі ў асноўным збіраў копіі гістарычных дакументаў, цікавыя толькі для знаўцаў. Пакінутае дасталося бэндэўскаму пратэжэ, нейкаму дацэнту з Мінска. Я папрасіў бабулю напісаць у Піцер. Адказ прыйшоў тыдзень таму. Вось прозвішча таго, хто, верагодна, забраў архіў Сахнут-Бічэўскага: Ілья Яфрэмавіч Ялецкі. Магдаліна схаладнела.
– Гэта ж дзед Марка!
Кастусь змрочна завязваў тасёмкі на папачцы.
– Прабачце… Гісторыя цесна сплятае ніты чалавечых лёсаў… Марк, я ўпэўнены, нічога не ведае пра дзедавы запасы. Думаю, ён дапаможа…
Магда перасмыкнула плячыма. Заўтра яны меліся пайсці ў загс…
Да залацістых пантофлікаў Магдаліны падкаціўся ружовы мяч. Тоўсценькае ўсмешлівае дзіцянятка тэпала па цацку, і Магда ўклала яе ў маленькія ручкі. Як мала трэба дзіцяці для шчасця! А ў дарослых усё так складана…
– У чалавека часта дзве праўды… – сумна прагаварыў Кастусь. – Нядаўна чытаў мемуары Троцкага. Ён сышоўся ў ссылцы з адной таварышкай па барацьбе. Нарадзілася дзіця, дзяўчынка. Дык вось Троцкі ні разу не назваў яе дачкой. Апісвае, як яны ўцякалі, як везлі дзіця па марозе… Як яно захварэла… І паўсюль – «дзяўчынка», «мая дзяўчынка». Затое пасля рэвалюцыі, па набыцці «сапраўднай» жонкі, у яго з'явіліся «сапраўдныя» дзеці – улюбёныя сыночкі. А дачка так і засталася для яго «дзяўчынкай». Хочаце марожанага, прынцэса? А я дык з'еў бы цэлы айсберг…
Ноччу да Магдаліны Дарбут прыйшлі вершы:
Праўда мая, быццам шкло, разбіваецца,
Рэжуць яе аскалёпкі душу.
І пачынаецца кожная раніца
Вершам, які я не напішу.
Логавішча адмірала
Англійскі адмірал Фрэнсіс Дрэйк быў піратам. Напачатку ён рабаваў няправільна – усіх, хто вёз багатыя тавары.
Пасля перайшоў на правільны рабунак – пачаў пераймаць толькі караблі паганых іспанцаў. А гэта, згадзіцеся, зусім іншая справа. Нават калі выпадкам трапляўся пад руку героя і разявака-суайчыннік.
Прафесар Ілья Яфрэмавіч Ялецкі быў аўтарытэтам па гісторыі марксізму-ленінізму.
Гэта ў недасведчаным юнацтве ён з алоўкам у руках чытаў агента імперыялізму Піцірыма Сарокіна.
Калі карабель з Піцірымам Сарокіным на борце і яшчэ з парай дзесяткаў буржуазных філосафаў ды пісакаў, выкрытых савецкай уладай, адплываў ад кранштацкіх берагоў, студэнт факультэта грамадскіх навук Беларускага універсітэта Ілья Ялецкі граміў падступную ідэалогію на падставе прац любімага настаўніка Льва Троцкага.
А праз нейкі час, з палубы надзейнага карабля марксізму-ленінізму, малады таленавіты навуковец Ілья Яфрэмавіч вёў прыцэльны агонь па здрадным трацкізме.
Прафесару пераваліла за восемдзесят. Ён быў паважаны, мудры, непатапляльны чалавек.
Марк яшчэ раз націснуў на кнопку званка.
– Х-то там?
– Дзядуля, гэта я, Марк. Адчыні. За дзвярыма памаўчалі.
– Марк, гэта ты?
– Ну я ж.
– А хто з табою?
Марк набраў у грудзі паветра, шумна выдыхнуў, каб стрымаць раздражненне, і ветліва працягваў дыялог праз дзверы.
– Са мной Магдаліна, мая нявеста. Дзядуля, ты яе памятаеш. Мы прыходзілі да цябе зімой. Адчыняй.
Але за дзвярыма, аб абітымі чорнай скурай, зноў запанавала маўчанне.
– А хто з вамі яшчэ?
– Мой сябар, Канстанцін Сташынскі. Ён працуе ў інстытуце гісторыі.
– Не ведаю ніякага Сташынскага, – зноў пауза. – Гэта ты, Марк?
Плённая размова працягвалася яшчэ хвілін дзесяць. Нарэшце забразгалі замкі, пацягнула пахам лекаў. Між дзвярыма і сцяной паказаўся твар Оле-Лукойе, гэткага дабрэннага старэчы з наіўнымі блакітнымі вачыма і няўлоўнай хітрынкай. Так і здавалася, што ён зараз спытаецца: «Які парасон пакруціць над вамі, маладыя людзі? Чорны ці каляровы?»
Праз тры гадзіны кампанія сыходзіла па лесвіцы ў самым змрочным настроі. Вядома, іх досвед абагаціўся сентыментальнымі ўспамінамі пра вабнасці опернай спявачкі Ларысы Пампееўны Александроўскай, пуск першага мінскага трамвая і хітрасці рыбалкі на ляшча, якога раней вадзілася ў Лошыцы – хоць рукамі лаві.
Нельга сказаць, што прафесар ім у нечым адмаўляў. Марк нават перабраў з ягонай ласкі папяровыя завалы на антрэсолях. І цяпер Магда несла перад сабой, як партрэт нябожчыка, пустую папку.
– Высцебаў, як дзяцей… – з міжвольным захапленнем падсумаваў Кастусь. – Задаеш пытанне, атрымліваеш адказ… Усё лагічна, грунтоўна, цікава… І зусім пра іншае!
– Але ж папку знайшлі,– заўпарцілася Магда. – Значыць, і рукапіс павінен быць у Маркавага дзеда!
Яны стаялі перад пад'ездам са стылізаванымі калонамі, ружовымі ад промняў вечаровага сонца.
– Я ведаю, хто з ім можа плённа пагаварыць, – разважаў услых Кастусь. – Звярнуся да Івана Глебавіча… А можа, паспрабаваць праз інстытут?
– Кінь, чалавеча, – у сонечных акулярах Марка люстравалася вечаровае неба. – Магу сцвердзіць дакладна – змесціва гэтай папачкі знішчана.
– Адкуль ты ведаеш? – ускінулася Магда.
– Ды ўжо ж ведаю… Там, на антрэсолях, такіх пустых кардонак штук сорак. Дзед нізавошта не стаў бы захоўваць у сябе падазроныя паперы. Калі не мог выкарыстаць – на лецішча і ў печку.
– Не можа быць! – збялеў Кастусь. – Ён жа… навуковец! Не мог не ўсведамляць каштоўнасці…
Марк толькі нявесела ўсміхнуўся:
– Давайце канчаць з гэтымі доследамі. Рукапісу няма. Можна, вядома, прысвяціць рэштку жыцця пошукам. Але для чаго, сябры мае? Пачакайце абурацца, падумайце самі. Я не супраць, каб паперы былі знойдзеныя. Кастусь напіша новы артыкул, Магда ўзбагаціцца звесткамі пра свой радавод, і я буду хваліцца, што ажаніўся з наследніцай візантыйскіх імператараў. Але класціся плазам, нарывацца на непрыемнасці, марнаваць час, грошы, нервы, каб у якім філалагічным выданні з'явілася пара дзесяткаў каструбаватых вершаў?
Кастусёў твар мяняўся, як неба на захадзе.
– Вершы Валошкі не былі каструбаватымі. Марк паціснуў плячыма:
– Прабачце за кашчуннасць, але гэта так – ні Ясеніна, ні Ахматавай, ні нават Маякоўскага ў беларускай паэзіі дваццатых не магло быць. Адны правінцыйныя варыянты Дзям'яна Беднага. Змяшай у кучу ўсе гэтыя іхнія вершаваныя руні ды палеткі ды паспрабуй адрозніць, якому Глебку-Жылку належыць, – не адрозніш! Ды яшчэ мова – нераспрацаваная, з русізмамі. Я не думаю, што тыя вершы будзе перапісваць у сшытак дзяўчынка, каб перачытваць і плакаць над імі. Наўрад юнак стане вучыць іх на памяць і ў яго будуць палаць шчокі і шчымець сэрца ад прагі жыцця і подзвігу. Не працытуе іх філосаф у роздуме пра жыццё і смерць. Творчасць таго пакалення, пры ўсёй павазе да яе, толькі кокан, шалупінне, з якога магла вырасці нацыянальная літаратура, вартая суседскіх. Так што не трэба перабольшваць. Няма «Чырвоных канвалій» – вазьмі ў бібліятэцы які «Васільковы россып» ці «Цэхавыя будні» і атрымлівай тую ж насалоду.
– Нават калі вершы майго дзеда – не вершы генія, якое гэта мае значэнне? Паэт мае права на вяртанне, – голас Магды тонка дрыжэў.
– А ты хочаш зноў вылецець са студэнтаў? – Марк быў жорсткі.– На журфаку таксама патрэбныя ідэалагічна правераныя студэнты.
Кастусь, які дагэтуль упарта разглядаў асфальт пад нагамі, ускінуў галаву.
– «О, Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цвет… У ветры дзікім не загінеш, чарнобылем не зарасцеш…» Я чытаў гэты верш, і ў мяне палалі шчокі, і хацелася подзвігаў… А мая маці спявала мне, маленькаму: «Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы, падаюць бялюткі за маім акном. Расчасалі вішні шоўкавыя косы і ўранілі долу снегавы вянок…» І яшчэ пра тое, як «шэпчуцца явар з калінаю ў цёмнай даліне над ярам»… І вочы ў яе вільгатнелі. Але Магда мае рацыю, што паэт – геній ці не – мае права на вяртанне. Больш за тое – калі народ не вяртае сваіх паэтаў, мастакоў, сваіх мудрацоў і сваіх герояў, ён захворвае. Гістарычнае малакроўе – вось як я гэта называю.
– Так-так… Народ – гэта глабальна. Такія дэкларацыі і мой дзядуля ацэніць. – Марк глядзеў проста ў неба, і па ягоных акулярах плылі ружовыя аблокі.
Кастусь пачырванеў:
– Можаш не верыць, казаць пра пафас, але… Калі я ўяўляю тых маладых людзей, іх наіўныя надзеі і як яны спрачаліся, верылі, кахалі, я звязаны з імі наўпрост, нібыта мы ў карагодзе трымаемся за рукі. Яны бліжэй да мяне, чым ты, Марк.
Пытаешся, дзеля чаго займацца пошукамі старых папер? А дзеля чаго яны, нашы равеснікі, аддалі свае жыцці, дзеля чаго маўчалі на допытах, апошнім намаганнем волі ратуючы не сябе, а тыя «паперы»?А нам страшна ці нецікава… – Кастусь пакутліва шукаў слоў.– Гэта… ўсё роўна як у буру не злавіць кінутую на бераг з чаўна вяроўку. І бура паглыне човен разам з тымі, хто на ім. Але яны – гэта і мы. Мне… проста балюча, калі нешта вартае патанае ў прорве часу. Як быццам адбіраецца асабіста ў мяне.
– Хлопчык над прорваю ў жыце… – Ялецкі гаварыў без насмешкі – гэтага б Магда яму не даравала, але з паблажлівым жалем. – Але ці паспрачаешся з Эклезіястам, гісторык? «Пакаленне прыходзіць, пакаленне сыходзіць… І няма памяці аб ранейшым, як не будзе памяці пра нас». На целе гісторыі застаюцца не пацалункі, а шнары. Найдаўжэй памятаюць не вартых, а тых, хто найбольш уразіў чалавецтва. Як у Андэрсена – не мастак, які зрабіў цудоўны гадзіннік, а мацак, які яго разбіў, абвяшчаецца жаніхом прынцэсы.
– Але прынцэса ўсё роўна засталася з мастаком… – нягучна прагаварыла Магдаліна.
З пад'езда вышла кабета з гаспадарчай сумкай, прайшла між маладых людзей, падазрона азірнулася. Асаблівы недавер у яе выклікаў Кастусь са сваёй фрызурай-хвосцікам. Дзіўны хлопец ветліва пакланіўся, і кабета прыспешыла крок.
– Час разыходзіцца, а то прымуць за дамушнікаў. Дзякуй, Марк, за дапамогу. Не сумуйце, прынцэса. Усе астатнія росшукі зраблю сам. Дарэчы, наша дамова ў сіле – знойдзенае належыць вам!
Але прынцэса за гэты час прыняла рашэнне.
– Буду шукаць разам з вамі!
І Марк у чарговы раз з горыччу пераканаўся, што ягоная жалезная логіка бяссільная супраць дзявочых капрызаў.
Дом з жоўтай цэглы, са стылізаванымі калонамі адплываў у закатнае сонца, як пірацкі карабель. Ноч уздымала над ім чорны сцяг пераможцы, а ў кватэры на трэцім паверсе стаяў ля акна стары адмірал, і з-за ледзь рассунутых фіранак трывожна назіраў за трыма фігурамі, якія адыходзілі ад ягонага пад'езда ў цёплы чэрвеньскі прыцемак.
У нетрах пушчанскіх…
Ад атрада інсургентаў засталося толькі пяцёра. Адзін цяжка паранены.
Жандары не ведалі таго, іначай даўно б рушылі прачэсваць гэтую частку пушчы, не баючыся адчайнага адпору.
Пачыналіся кастрычніцкія ночы. Зоры падымаліся вышэй, а яшчэ зялёная трава серабрылася, нібыта пушчу таксама кранула ранняя сівізна.
Вінцэсь Дарбут толькі нядаўна заўважыў, якія ў яго сівыя скроні,– калі галіўся, гледзячыся ў лязо сваёй шаблі.
Кожны рух адзываўся болем. І зусім неабавязкова было галіцца ў гэтай зарослай вольхай лагчыне, ведаючы, што вакол – аблога і для яго, параненага, гэты адхон, хутчэй за ўсё, станецца берагам Леты. Кожная хмарка магла ператварыцца ў човен Харона – па ягоную душу.
Але ён заўсёды вучыў сваіх людзей захоўваць годнасць – да канца. Ворагам не ўдасца ператварыць яго ў скрываўленага, бруднага звера, у якога застаўся адзіны інстынкт – самазахавання, ці адзінае жаданне – скончыць пакуты.
Але трэба было прымаць рашэнне. Калі яны застануцца тут надалей – канец адзін: смерць. Затрымка – з-за яго.
І ён не мог нават прасіць, каб яго тут пакінулі, бо колісь сам настойваў на непарушным прынцыпе: таварышаў не кідаць нават мёртвымі.
Тры гады гэта рабіла іх атрад адным пагрозным клінком. Цяпер мусіла загубіць усіх.
А Пані ў белым усё не схілялася над ім з апошнім пацалункам. Калісьці ён не скардзіўся на няўвагу паняў і паненак. Што ж яна так марудзіць? Вінцэсь ніколі не думаў, што калі-небудзь стане наракаць на трываласць уласнага цела. Ён пераплываў Дняпро – і адразу ж вяртаўся назад. І смяяўся, выйшаўшы на бераг, быццам малады вадзянік. Халодныя струмені сцякалі па яго целе, як месячнае святло, і самая прыўкрасная ў свеце жанчына сціскала свае тонкія пальцы, каб мужчына не заўважыў, што яны дрыжаць – ад боязі за яго, і незалежна гаварыла: «Што вы так доўга? Я ўжо стамілася чакаць.»
І на адным з яе пальцаў блішчэў просты жалезны пярсцёнак – ягоны падарунак.
– Мы сагрэлі крыху вады… Не хвалюйцеся, дыму амаль не было.
Альгерд схіляўся над ім з конаўкай, ад якой пахла чаборам. Таленавіты, разумны, такі малады Альгерд… І ён таксама загіне.
Вінцэсь з асалодай адпіў духмянай вады.
– Ноччу буду вартаваць я. Дастаткова добра чуюся для гэтага, і мне ўсё роўна не спіцца.
Зоры падняліся высока-высока. Але ён не мог чакаць, пакуль яны паніжэюць – да раніцы на траву ляжа шэрань і яго цела пакіне след. Ён пачаў адпаўзаць у глыб пушчы адразу, як упэўніўся, што таварышы спяць. Як мага далей… Схавацца, зашыцца вось сюды, у яміну пад карэннямі гонкай маладой сасны. У яго два пісталеты з набоямі. Але гэта не для яго – для пагоні. Ды яшчэ шабля. Старая шабля з выгравіраваным на дзяржальне вершнікам з узнятым мячом.
Таварышы зразумеюць. Вядома, яго будуць шукаць. Але, здаецца, ён зрабіў усё, каб не знайшлі. І ў іх з'явіцца шанс на ратунак.
Вінцэсь паклаў пісталеты так, каб можна было адразу іх узяць. Цікава, хто прыйдзе хутчэй – Пані ў белым або жандары? У апошнім выпадку застаецца толькі спадзявацца, што ён не настолькі змерзне і знясілее, што не зможа выстраліць.
Праз галінкі сасны на яго і ягоную зямлю глядзяць зоры. Нібыта вастрыі залатых дзідаў. Няўжо ёсць такія землі, зоры над якімі нагадваюць залатыя яблыкі або лагодныя вочы анёлаў?
Вінцэсь звяртаецца да Таго, хто над гэтымі зорамі – і паўсюдна: «Госпадзе! Толькі б мой нашчадак ніколі не ляжаў вось так, як я, у халоднай яміне, чакаючы Збавіцельку! Няхай нашы дзеці і дзеці нашых дзяцей паміраюць у сваіх ложках, абкружаныя ўнукамі і праўнукамі, гаворачы апошнія мудрыя словы, якія будуць перадавацца ў іхнім родзе з пакалення ў пакаленне.
І няхай гэтыя словы будуць гаварыцца на нашай спеўнай мове, якую даў нам Ты, Гасподзь, як даў гэтую зямлю, яе азёры і пушчы, дым яе папялішчаў і безыменныя магілы яе лепшых сыноў».
Жандары не давалі веры, што знішчылі ўвесь атрад Дарбута. Ім усё здавалася, што галоўныя сілы хаваюцца вось там, за тымі соснамі… Ці за той лагчынай… Не можа быць, каб такі шалёны супраціў аказвалі чатыры знясіленыя юнакі.
Затое ўдалося схапіць першага палоннага з атрада – і апошняга. Як пасля высветлілася, гэта быў мясцовы дваранін Альгерд Андрыеўскі.
Пушчу пачалі называць Ваярскай. Потым гэтая назва перайшла на бліжэйшае паселішча.
Праз сто гадоў вёска ператварылася ў гарадскі пасёлак, пушча адступіла далёка ад яго. У пасёлку Ваярску, які паспеў нейкі час пабыць Кагановічаўскам, меліся такія адметнасці, як царква ХІХ стагоддзя, прыстасаваная пад зернясховішча, Дом культуры з ватэрклазетам і краязнаўчы музей, у які прыязджалі экскурсанты нават са сталіцы.
Таму нікога з местачкоўцаў не здзівіла, калі да драўлянага дома з калонамі падышлі трое. Плячысты мужчына з прыгожым, нібыта высечаным з каменю тварам, у светлым летнім касцюме і сонечных акулярах. За ім хлопец у джынсах, усмешлівы і цемнавокі, з валасамі, сабранымі на патыліцы ў хвосцік. Вось каб апрануць беласкурую зеленавокую дзяўчыну, што была з імі, у шаўковую сукенку, ды абуць у туфлікі на высокіх абцасіках, ды навучыць глядзець ласкава, а хадзіць павольна, прыгажуня была б! Але блакітныя джынсы, не зусім чыстыя, мужчынская кашулька ў бела-зялёныя краткі ды стаптаныя красоўкі аніяк не могуць падкрэсліць дзявочую прыгажосць. Змізарнеў эмансіпаваны свет…
А з дома з калонамі ўжо выбягала менавіта такая паненка, якая мроіцца праўдзіваму мужчыне, – у светлай талістай сукенцы, у туфліках, з якіх на балях п'юць шампанскае, у кароне залатых валасоў. А блакітныя вочы ззяюць проста невысносна.
– Кастусь!
«Ды ён зараз аслепне ад яе блакітных пражэктараў», – чамусьці з прыкрасцю падумала Магдаліна, і ёй упершыню зрабілася ніякавата за сваю вопратку. Нават Марк не хаваў цікавасці да блакітнавокай.
– Знаёмцеся, – неяк нязграбна сказаў Кастусь, павярнуўшыся да сяброў.– Ганна Іванаўна, дырэктар краязнаўчага музея… І аспірантка інстытута гісторыі.
– Проста Ганна, былая аднакурсніца гэтага свяцілы на небасхіле гістарычнай навукі…– усміхнулася блакітнавокая. – Ну, хадземце, дарагія госці, у хату!
…Магдаліна, стаіўшыся, глядзела на просты металічны пярсцёнак. Ён пабліскваў у зашклёнай вітрыне на чорнай аксамітнай паперы.
– Дай ёй патрымаць у руках… – шэптам папрасіў Кастусь дырэктарку.
– Як скажаш… і?
Пярсцёнак з роўнаканцовым крыжам халадзіў палец, нібыта падарунак вадзяніка…
Чалавека, які колісь знайшоў рэдкі экспанат, дырэктарка прывяла, «выкраўшы» з працоўнага месца на элеватары.
– Мы там пячору ладзілі… У вайну гулялі…– сівы дзядзька камячыў у спрацаваных руках шапку-кяпурку, быццам быў на допыце ў следчага. – Ну, дзеці, ведама… Гадкоў трыццаць прайшло, відаць. А там пясочак, яміна пад карэннямі сасны… Скрутак быў, як жа Анучы гнілыя, паперкі. Не, нічога не расчыталі. Я ж кажу, гнілое ўсё было. Адзін пярсцёнак з сабой і ўзялі. Думалі, сярэбраны. Яго мая ўнучка нядаўна ў куфры знайшла. Прынесла ў школу. А настаўніца вось у музей перадала. Што з паперамі зрабілі? У вогнішча, мусіць, пакідалі. А скажыце, людцы, гэта шпіёнскія штучкі былі, мусіць?..
І гэта было так несправядліва і незваротна, што любыя бедаванні выглядалі б тэатральна. А Марк нібыта і задаволены, што ўсё скончылася цяпер – і назаўсёды.
…На развітанне прыгажуня Ганна прапанавала гасцям экскурсію на гарышча. Там чакалі лепшай долі экспанаты для будучай залы пра паўстанне 1863 года.
Марк заявіў, што ні ён, ні Магда наверх не палезуць, стаміліся. Пачакаюць на двары. Ганна асабліва не ўгаворвала. Але «новаспечаная журфакаўка» жадала паглядзець на старажытную зброю. І не магла ўцяміць, чаму Марк на яе заклікі пастукаў пальцам па лбе, а Ганна спахмурнела.
Першай па драбіне спрытна ўзнялася гаспадыня. За ёй – Кастусь. Магда апошняя нязграбна адольвала рэдкія пры-ступкі. Кастусь нахіліўся зверху, падаў руку. Магдаліна працягнула сваю…
– Што ў вас там здарылася? – пачуўся аднекуль зверху, нібыта вельмі здалёк, незадаволены дзявочы голас.
Магда раптам усвядоміла, што яны з Кастусём так і трымаюцца за рукі, гледзячы адно аднаму ў вочы. І яшчэ ў яе чамусьці нешта абрываецца ўнутры, нібыта яна стаіць на краі прорвы.
– Ну, давайце, падымайцеся! Мусіць, «двойка» па фізкультуры была! – Кастусь нечакана моцна пацягнуў дзяўчыну ўверх, перахапіў за талію і акуратна паставіў на гулкі насціл. Як парцэлянавую ляльку.
Ганна сакатала пра скарбы гарышча, Кастусь уважліва слухаў, час ад часу перапытваючы. А збянтэжаная Магдаліна адышлася ўбок, туды, дзе да сцен былі прыхіленыя ржавыя стрэльбы. Што за раптоўны правал свядомасці? Нават крадма паглядзела на сваю далонь. Што гэта было? Такое… незвычайнае адчуванне. Зірнула на Кастуся… Той усміхаўся. У Магды зноў трывожна і салодка зашчымела сэрца… Што з ёй адбываецца? Кастусь такі ж самы, як і быў, з тым жа смешным хвастом на патыліцы…
Але як дырэктарка глядзіць на былога аднакурсніка! Які ў яе дзіўны голас, як яна чырванее… Раптам Магда зразумела, чаму Марк стукаў па лбе. Ганна ж хацела застацца з Кастусём сам-н асам! І шаўковая сукенка з туфлікамі была – для яго! І мала пра што ім трэба перамовіцца…
Магда, ледзь не плачучы ад сораму і незразумелай тугі, кінулася да драбіны.
Марк цярпліва сядзеў на зрубе калодзежа з жураўлём.
– Уяўляеш, Магдаленка, хацеў вады зачэрпнуць, а гэта муляж! Зруб проста на траву пастаўлены. Вось табе і аўтэнтыка…
Магда, без дай прычыны адчуваючы сябе вінаватай, прысела побач, прыхінулася… Усцешаны, Марк пяшчотна-пяшчотна пацалаваў яе ў скронь… Які ён добры! Яна проста не заслужыла такога мужчыну…
Чэрвеньскае сонца шчодра сыпала прамяні на шыферныя дахі Ваярска, нібыта спадзявалася іх пазалаціць. Блакітнавокая Ганна праводзіла сталічных гасцей да аўтобуса.
– Прыедзеш на канферэнцыю – не праміні мой сціплы кабінет! – гаварыў Кастусь.
– Зайдуся хіба, парушу гордую самоту тваёй келлі, калі не пагрэбуеш візітам беднай правінцыялкі.
– Правялебная пані асвеціць сваёй прысутнасцю маё сціплае жытло, – і сур'ёзна дадаў: – Зойдзем разам да Янкі Гарэлага. Нядаўна з бальніцы выпісаўся.
– А што з Яначкам?
– Ды як паездзіў тады па зоне, па выселеных вёсках, пазбіраў радыеактыўныя рушнікі, так і хварэе… Ужо дзве аперацыі зрабілі. Але трымаецца, нават экспедыцыю на Століншчыну рыхтуе…
І аўтобус ад'ехаў. А дырэктарка яшчэ доўга стаяла ля дарогі – светлая і сумная.
На вакзале Кастусь, развітваючыся, паціснуў руку Марку, павярнуўся да Магдаліны.
– Не сумуйце, прынцэса. Ваш крышталёвы туфлік абавязкова знойдзецца.
– Вы мяне з Папялушкай блытаеце, – холадна прамовіла Магда і, нечакана для самой сябе, працягнула руку – з нейкім выклікам ці Кастусю, ці ўласнай незразумелай трывозе.
– Да пабачэння…
Ёй падалося, ці Кастусь сапраўды, перад тым як паціснуць яе руку, прамарудзіў, нібыта чагосьці баючыся?
Ды не, падалося. Толькі з ёю нешта нядобрае. Зноў гэтае адчуванне… Нібыта нешта абрываецца ўнутры. Як на арэлях.
Здаецца, «гістарычны самародак» нічога не заўважыў. Не варта больш так жартаваць з сабой.
Марк сказаў:
– Як ты расчырванелася… Гаварыў, надзявай капялюш, а то сонца напячэ…
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?