Электронная библиотека » Мікола Адам » » онлайн чтение - страница 3

Текст книги "Шоўк (зборнік)"


  • Текст добавлен: 13 ноября 2018, 15:20


Автор книги: Мікола Адам


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 21 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

Шрифт:
- 100% +
6

Насця вучылася на трэцім курсе ва ўніверсітэце замежных моў на італьянскім аддзяленні. З цыдулкі, пакінутай ёю, я даведаўся, што пасля заняткаў яна, бліжэй да вечара, адразу прыедзе да мяне. Гэта радавала, але і засмучала адначасова, бо паміж днём і вечарам я не ведаў, куды сябе падзець. Ды нядоўга думаючы, рушыў на Захарава, па дарозе мяркуючы завітаць да выдатнага празаіка Андрэя Федарэнкі, які працаваў у часопісе «Полымя». На жаль, паразмаўляць з ім не ўдалося, бо, як мне паведамілі, Андрэй узяў адпачынак і з’ехаў разам з жонкай на Гомельшчыну. Нічога іншага не заставалася, як ісці ва ўніверсітэт замежных моў, які насупраць рэдакцыі, не таму, што ён быў побач, а таму, што захацелася есці, а, як вядома, любая навучальная ўстанова мела свой буфет.

Я ўзяў кавы і нейкія незразумелыя булачкі чырвонага колеру. У прынцыпе, кава таксама не была кавай, але гэта ўжо дэталі. І я піў каву, не адчуваючы ні смаку, ні задавальнення, нібы жуйку жаваў, з якой даўно ўцёк сок. Я ні аб чым не думаў, але не заўважыў, як да мяне падсеў Андрэй Шакель – мой даўні сябра, ён працаваў тут. Андрэй паклаў свой берэт на столік, расшпіліў скуранку і пазіраў на мяне глыбока пасаджанымі блакітнымі вачыма з-пад навесу броваў.

– Ты што, муху праглынуў? – спытаў ён толькі таму, што не любіў маўчаць. Увогуле, Андрэй называў сябе «артыстам гутарковага жанру» і падпрацоўваў ды-джэем на «Радыё-стыль».

– Што? – нібы з таго свету, незразумела зірнуў я на яго.

– Па-першае, спачатку павітацца трэба, – упікнуў Андрэй, – а пасля ўсё астатняе…

– У цябе ёсць нейкія прапановы? – абыякава спытаў я, таму што ўсе прапановы Шакеля я ведаў, як свае пяць пальцаў. Зараз ён пакліча мяне ў бар, што на другім паверсе ГУМа, за мой кошт. Я не памыліўся і адразу папярэдзіў, што грошай у мяне няма.

– Я частую, – ляпнуў ён мяне па плячах.

– Ты разбагацеў? – не паверыў я.

– Амаль. Дзядзька даслаў з Тамбова грошы. Зразумела! Калі дзядзька насамрэч даслаў грошы, значыць, Шакель і сапраўды багаты. Пытанне, наколькі?..

– Ідзеш? – зірнуў ён скоса на мяне.

– А куды я падзенуся?..

Не паспеў я вылезці з-за століка, як позірк зачапіўся за мае ж джынсы, апранутыя на Насці, што стаяла метрах у дзесяці ад нас і міла размаўляла з яшчэ адным маім сябрам, які праз некаторы час ахрысціць мяне «сябрам у двукоссі», – Сержам Мінічам. У адрозненне ад Шакеля, які літаратурай не займаўся ніколі, толькі чытаў, Серж спрабаваў сябе і ў паэзіі, і ў драматургіі, зараз паспяхова аб’язджаў прозу малой формы. Маючы несумненны талент літаратара, Мініч усё адно пісаў дрэнна. Ён не разумеў, ці не хацеў разумець, што піша дрэнна, і працягваў у тым жа духу. Можа, ён і добра пісаў, я не ведаю, толькі мой пункт погляду на яго творчасць быў адмоўны. Колькі я не раіў яму паболей чытаць, ён ніколі не слухаў і казаў, што я ад зайздрасці так кажу. Добра, хай пацешыцца, можа, я і сапраўды зайздрошчу яму?..

Усміхаючыся ў свае кашачыя вусы, паядаючы Насцю крумкачынымі вачыма, Серж перамінаўся з адной крывой нагі на другую, слухаў, відаць, з вялікім задавальненнем Насцін голас. Менавіта голас, а не тое, што тым самым голасам прамаўляла дзяўчына. Я ведаю, што Насцю немагчыма зразумець, затое голас ейны так заварожвае і замаражвае, што адмарозіць здатны толькі ейны ж смех, вельмі падобны на д’ябальскі.

– Ты чаго застыў? – спытаўся ў мяне Шакель.

– Ды так… – махнуў я рукой. – Пачапалі.

Я яшчэ паспеў угледзець, як Серж пацалаваў Насцю. Дзякуй богу, я яшчэ быў не п’яны, іначай наламаў бы дроў. Я проста прайшоў міма, прыкусіўшы губу. Яна мяне не заўважыла, таму што пасля пацалунку я пачуў той самы незабыўны ейны смех. Ёй было весела з Мінічам? А яму… часу не хапае на занятках гутарыць са студэнткамі, знаёмячы іх з гісторыяй айчыннай літаратуры, што ён клеіцца да іх у вольны час?.. Я не раўнівы, але да такой ступені захацелася напіцца, каб пасля даць волю рукам, каб крышыць і ламаць усё на сваім шляху.

Кропелька крыві скочыла, нібы ваверчаня, на падлогу, затым – другая, трэцяя… Я быў падобны на вампіра з пакусанай губой, з якой цякла кроў.

– Мікола, ты б гэта… – павярнуўся Андрэй да мяне, – памыў бы як-небудзь свой фэйс, а то ўвесь народ напалохаеш.

– Сумняюся, – злосна сплюнуў я кроў на падлогу, – наш народ ужо нічога не баіцца.

– Ну, усё адно непрыгожа ў такім выглядзе з’яўляцца ў грамадскім месцы…

– А хто сказаў, што я менавіта ў такім выглядзе з’яўлюся ў тваім паршывым, непрытульным бары, дзе нават курыць нельга!..

Я не ведаў, што са мной адбывалася. Дакладней, я разумеў, што злую і злосць утаймоўваю на ні ў чым не вінаватым Андрэі, ды нічога не мог з сабою зрабіць… Кроў я не змыў. Размазаў рукою па твары, як індзеец, затым абсліненымі пальцамі абціраў. Андрэй толькі паціснуў плячыма. Гэта самае меншае, што ён мог зрабіць, і бяскрыўднае, таму што яму хапіла розуму і пакруціць пальцам ля скроні, прынамсі, маёй.

На метро мы хутка даехалі да «Кастрычніцкай». Не люблю метро. За тое, што дыхаць няма чым. Такое адчуванне, што жывым замураваны пад зямлёй, дый таўкатня гэтая… штурханіна… На злом галавы людзі пруцца ў вагоны, не даючы іншым выйсці, а пасля сварацца. Дарэчы, у такой цясноце вельмі зручна забіць чалавека пры дапамозе ўкола. Ніхто не заўважыць, а мёртвы чалавек яшчэ будзе стаяць. Ён грукнецца пазней, як манекен, і па ім пройдзе натоўп і нават не абернецца, каб паглядзець, на што наступіў. Падумаеш, адзін чалавек «капыты адкінуў». Адным меней, адным болей… Нехта спажыве больш паветра заміж яго…

А ў бары было душна. Што ў метро, што ў бары – усё адно. Да таго ж, і месцаў, як заўсёды, вольных не назіралася. Хаця не, Андрэй заўважыў, як з вуглавога століка ля самай сценкі прабіраліся да выхаду дзве парачкі, і ён ламануўся, пакуль не занялі, да аслабоненага месца, кінуў на крэсла сумку, куртку павесіў на спінку. Я не стаў распранацца, хоць было душна. Мяне калаціла, як у ліхаманцы, а перад вачыма стаяла Насця з запракінутай назад галавой і залівіста смяялася з мяне, трымаючы пад руку Мініча, які таксама пасміхаўся. Я моцна бразнуў кулаком па століку. Цудам не разбіліся пустыя пляшкі з-пад піва, пакінутыя нашымі папярэднікамі. Яны падскочылі, як салдаты на плацу, і скаціліся, пхаючы адна адну, нібы наперагонкі, баючыся некуды спазніцца, на падлогу, пад ногі мне гранатамі. Пластыкавыя сподкі са скамечанымі трохвугольнікамі сурвэтак не зварухнуліся з месца, нібы былі прылепленыя, а шклянку з нявыкарыстанымі сурвэткамі я паспеў утрымаць і паставіў на месца.

Шуму я нарабіў.

Абслугоўваючы персанал прыгразіў выклікаць ахову. Андрэй супакоіў усіх сваім языком, аб нечым «грузячы», а пасля пытаючы, ці ёсць халодная гарэлка? У рэшце рэшт, якая розніца, халодная яна ці цёплая, усё адно – гадасць, якую чамусьці з задавальненнем п’юць. Не ведаю, як Андрэю, а мне без розніцы…

– Ты чаго буяніш? – паставіў Андрэй дзве шклянкі па сто грамаў гарэлкі на стол.

– Прабач, я не хацеў, – выціснуў з сябе.

– Ты не ў мяне прабачэння прасі, а ў тэхнічак, што тут прыбіраюць.

Андрэй зноў адышоў. Відаць, за рэштай. Я падняў пляшкі і аддаў іх прыбіральшчыцы, якая нават стол выцерла вільготнай анучкай, хоць ён і быў чысты. Яна не крычала і не сварылася на мяне. У ейным позірку я заўважыў толькі спагаду і разуменне, маўляў, з кім не бывае.

Андрэй вярнуўся з двума пластыкавымі стаканчыкамі, у якіх была празрыстая вадкасць з бурбалкамі.

– Гэта што, мінералка? – спытаўся я.

– Джын-тонік, – адгукнуўся Андрэй. – Ты б хаця дапамог мне ці што, – прамовіў пасля. Я падняўся, каб дапамагчы, але ён пасадзіў мяне назад: – Сядзі ўжо, гора!..

Андрэй яшчэ прынёс два гарачыя бутэрброды з каўбасой на пластыкавым сподку, тады ўжо сеў.

– За што п’ем? – падняў я шклянку, разглядаючы праз яе адным вокам свой палец, які набыў нечуваныя памеры і нагадваў удава. Калі я перастаў разглядваць яго праз шклянку, ён быў ужо звычайным пальцам, тым, якім паказваюць «фак», а затым за гэты паказ атрымоўваюць у лыч, праўда, вельмі рэдка, гледзячы на каго нарвешся…

– За што, за што? – перадражніў Андрэй. – Крыўдзіш ты мяне. За нас, за каго яшчэ?

Выпілі з тым разлікам, што налітыя сто грам расцягваем на тры заходы, запілі джын-тонікам, які меў пах лесу, дакладней, елкі, паадкусвалі бутэрброды. Я ледзь не ўзвыў ад нечаканага болю. Бутэрброды былі гарачыя, і я апёк свежую рану на губе.

– Асцярожней трэба быць, – адзначыў Андрэй, тады спытаў: – Чаго такі змрочны?

– Ды нічога, – адмахнуўся я. – Так, жыццё заела.

– Праблема з кніжкай?

– Ды не. Выйдзе кніжка месяцы праз тры-чатыры. Справа не ў ёй.

– А ў чым?

– Ува мне, калі хочаш.

– І што за справа такая?

– Закахаўся я.

Андрэй моцна з задавальненнем рассмяяўся.

– Што я такога смешнага сказаў? – незалюбіў я.

– Здагадайся сам, – смяяўся Андрэй. – За апошнія два месяцы ты мне казаў аб гэтым разоў дзевяць, гэта як мінімум, Казанова хрэнаў!

– Цяпер зусім іншае…

– Так-так-так-так, ты мне гэта будзеш казаць, сур’ёзны мужчына, разумееш…

– Я як ніколі сур’ёзны.

– Давай і вып’ем за гэта. Выпілі.

Ды я не мог расказаць яму пра Насцю. Раней расказваў усё. Мы разам смяяліся з маіх аповедаў, як з анекдотаў, але не ў гэты раз. І, хоць мы сябравалі з Андрэем даўно, лічы, з першага курса філфака, які я кінуў на трэцім, каб добраахвотна пайсці ў войска, а Андрэй паступіў у магістратуру, нават яму, па крайняй меры зараз, я не мог нічога расказаць пра Насцю. Не той выпадак. Ды ці й, папраўдзе, кахаў я яе? Я не ведаў. Толькі мне было непрыемна бачыць яе поруч з Мінічам. Між намі прабегла чорная кошка на глебе густаў і літаратуры. А раней кляліся ў вечнай дружбе. З жудасцю я зразумеў, што ў мяне няма таго адзінага сябра, якому льга было б у нечым самым патаемным і глыбока асабістым прызнацца, даверыцца і быць упэўненым, што гэта не разляціцца па бяздротавым тэлефоне па ўсіх знаёмых… Андрэй? Ён лічыць мяне адным з лепшых сяброў, не аднойчы казаў пра гэта, прызнаючы ў дадатак мой талент і шкадуючы, што ў нашай краіне няма магчымасці на сваім таленце зарабляць. Але я не мог разбіць нябачны паміж намі турнікет некаторага непаразумення. Андрэй вельмі лёгка адносіўся да маіх заляцанняў і чарговых раманаў. Ён не верыў, што ў мяне магчыма калі-небудзь нешта сур’ёзнае. Не той я чалавек, па яго меркаванні.

– За сяброў!

Мы зноў выпілі. Дарэшты. Андрэю здалося, што мала. Мне таксама, але працягваць п’янку ў гэтым душным бары мне не хацелася, хоць ён быў даволі ўтульным. Мне не падабалася ў ім. Па-першае, я хацеў курыць, а гэта забаранялася, па-другое, закусь – занадта кусачая. Куды лепш было б узяць пляшку і накіравацца да закусачнай, яна ж пад бокам, насупраць ГУМа, варта толькі дарогу перайсці. Да таго ж, там танныя чабурэкі і салата, а яшчэ мая добрая знаёмая Галіна Аляксандраўна – загадчыца закусачнай. Яна яшчэ была не старой кабетай з прыемнымі рысамі твару, трошкі таўставатая, але толькі трошкі. Я з ёю пазнаёміўся, калі мы неяк пілі там. Я сказаў, што крыху пішу і падпісаў нумар часопіса, у якім была толькі што надрукавана мая паэма. З таго часу ўвесь персанал вітаўся са мной, як з жаданым госцем. На самай справе, чаму б нам не перабазіравацца да Галіны Аляксандраўны? Танней абыдзецца. Чым пераплачваць за гарэлку, беручы яе на разліў, лепш не выпендрывацца, а ўзяць пляшку і, як сур’ёзным мужчынам, распіць. Андрэю не падабалася толькі тое, што ў закусачнай не было як сесці і сталы драўляныя хісталіся, як караблі на моры. Аднак жа і мы ўжо не роўна хадзілі. То аднаго зачэпіш, пакуль выйдзеш з ГУМа, то другога, то трэцяга… У рэшце рэшт, Андрэй згадзіўся на маю прапанову і на першым паверсе ўзяў бутэльку «Настойкі партызанскай», іншага нічога не было, але і настойка – рэч добрая. Пакурыўшы ў пераходзе пад музыку валацужных музыкаў, у якіх адсутнічаў не толькі голас, але і слых, мы падаліся да закусачнай. Як я і казаў Андрэю, нам былі рады і пагрэлі самыя тоўстыя і вялікія чабурэкі.

Заняўшы столік, хутчэй, лодку, адрозненне складалася толькі ў тым, што на гэтай лодцы сядзелі не мы, а нашыя локці, мы выпілі яшчэ, і яшчэ, і яшчэ… не зважаючы на час і наведвальнікаў. Андрэй пачаў скардзіцца на асабістае жыццё, на недахоп грошай і кахання… Я крыва ўсміхнуўся. Яшчэ б… у скуранцы за сотку баксаў можна і пажаліцца. А наконт кахання… Калі б Андрэй не быў такім дурнем… дзевак – бяры, не хачу. Дык не хоча! Навошта тады жаліцца? Таму што я сябар? Але я магу такую тыраду выдаць наконт свайго матэрыяльнага і духоўнага становішча, што ніякі Жырыноўскі, будзь ён побач, не затыкнуў бы мне рот.

– Веру, веру, – асадзіў назад Андрэй, – я і без таго ведаю тваё становішча, – дадаў ён.

Стаяць ужо было цяжкавата, а стол усё некуды ад’язджаў ці адплываў, ці гэта мне толькі здавалася? Ужо насупроць стаяў не адзін Андрэй Шакель, а цэлыя тры, і ўтрох нешта даказвалі пра Югаславію. Не, Мілошавіч не дачакаецца, каб я добраахвотна рушыў яму на дапамогу, нават у якасці журналіста. Мне хапіла два гады таму Таджыкістана, дзе прастрэлілі нагу і праламілі чэрап. Дасюль свячуся дзіркай, уяўляючы добрую мішэнь…

– Ліняць трэба адсюль, – казаў Андрэй. – Вось скончу магістратуру, пагляджу, мабыць, з’еду ў Нямеччыну…

– Ненавіджу немцаў! – выпаліў я. – Усіх бы пастраляў.

– …Мне толькі маці шкада, – працягваў Андрэй. – Мабыць, з-за яе і трымаюся яшчэ гэтай краіны…

– …«И никому не дочь, и никому не жена»… – зацягнуў я. Андрэй мне крыху дапамог дацягнуць песню, а пасля мы дапілі тое, што засталося.

На свежым паветры закурылі. Андрэй зірнуў на гадзіннік і пачаў развітвацца. Яму трэба было паспець на электрычку, бо жыў ён у Койданава. Мы паціснулі на адвітанне рукі, і ён паспяшаўся да метро.

Я крыху пастаяў, дакурыў. Андрэй курыў «Бонд», але ніколі не частаваў мяне цывільнымі цыгарэтамі, бо я іх сам не ўспрымаў, аддаючы перавагу гродзенскаму тытуню, які, калі шчыра, нічым не патыхаў. Трава – трава і ёсць, пацяруха нейкая, але чамусьці падабалася.

У мяне заплюшчылася адно вока. Але не па маёй віне. Міма прайшлі дзве дзяўчыны, яны і выклікалі на маім твары такі манеўр. Я паспрабаваў было прычапіцца да іх, але куды там… Пакуль я рабіў адзін крок, яны паспявалі прайсці дзесяць. Увогуле, мае ногі былі нібы драўляныя, да таго ж ішоў я не ў той бок. Мабыць, ногі гэта адчувалі, таму і ўпарціліся. Я павярнуўся на 180 градусаў. Гэта мне каштавала хвіліны жыцця. Вецер так закруціў, што я адчуў сябе юлой, а калі ён суняўся, пада мной усё калывалася, нібыта я плыў на плыце. Я баяўся і адзін крок зрабіць, бо хто ведае, што мяне чакае па-за плытом, а раптам там твань якая-небудзь… Лепш я пачакаю, пакуль плыт сам мяне даставіць, галоўнае, правільна кіраваць.

На гарызонце паказаўся слуп. Ён усё набліжаўся і набліжаўся, маючы нейкую дзіўную афарбоўку: увесь у шэра-сініх плямах ды яшчэ з рупарам, а мо ліхтаром? Толькі пасля я дапёр, што слуп на самай справе не быў ніякім слупом, а мянтом, які схапіў мяне за рукаў і хацеў завесці ў апорку. Яна знаходзілася непадалёк, насупраць сквера Грыцаўца. Аднак я заўпарціўся.

– Я – беларускі пісьменнік! – выгукнуў.

– Ды хоць рускі, – адказаў мент.

– Я – беларускі, – працягваў я, – у тым-та ўся і справа…

– Геній недарэзаны… – вылаяўся мент, але мяне адпусціў. Відаць, паважаў беларускіх пісьменнікаў. А мне трэба было трапіць на Свярдлова, гэта побач з вакзалам, каб сесці на пяты тралейбус ці на дваццаты, без розніцы. Дарогу да вакзала я памятаў, пагэтаму пайшоў прама, нікуды не збочваючы. У тралейбусе я, праўда, спатыкнуўся, калі ўздымаўся па прыступках. Слізкія, халера! Нават сеў, што дзіўна, побач з прыгожай дзяўчынай, падобнай на Жану д’Арк у выкананні Чурыкавай. Чамусьці мяне адразу кінула ў сон, а галава беспамылкова схілілася на плячо дзяўчыны. Яна дрыганула ім так, што ў мяне ледзь зубы не павыляталі. Я няўцямна пазіраў на яе, а яна прамовіла, што я п’яны і каб паводзіў сябе прыстойна. Я згодна хітнуў галавой, якая зноў, нібы магнэзам яе цягнула, шмякнулася на плячо дзяўчыны.

– Мужчына, вы – п’яны! – закрычала яна.

Нейкая істэрычка. Не расплавіцца ж тваё плячо ад пяці хвілінаў не такога ўжо і цяжару, да таго ж мая галава – не серная кіслата і не шчолач.

– Мужчына, вы – п’яны! – трэці раз выгукнула дзяўчына, крыху не аглушыўшы мяне, ажно спаць расхацелася, ды й мой прыпынак набліжаўся.

Я падняўся з сядзення, учапіўся за поручань.

– Зараз я выходжу, – прамовіў, – я тут жыву. – Вырашыў удакладніць – А ў цябе ногі крывыя, Зоя Касмадзям’янская…

– Што?

Цяпер яна лыпала і без таго лупатымі вачыма, а я спакойна выйшаў з тралейбуса і забыўся на яе.

– Пара-пара-парадаваемся на сваім вяку… – зароў я на ўвесь голас. Мне хацелася спяваць і граць на гармоніку, ды вось гармоніка не было і граць я на ім не ўмеў.

– Чаго крычыш, морда п’яная!? – З нейкага акна на першым паверсе пяціпавярховіка вызірнула раззлаваная мадонна. – Дзяцей мне пабудзіш, сволач!

Во народ, і песні праспяваць не дадуць. Эх, душа баліць, а сэрца плача. Я не стаў перабрэхвацца з мадоннай, няхай «радаваецца», што настрою сварыцца ў мяне няма. А вось у замочную адтуліну ў дзвярах уласнай кватэры я не мог трапіць ключом. Ды калі б і трапіў, усё адно не адчыніў бы, бо дзверы былі замкнутыя з таго боку, і з таго боку тырчэў другі ключ. Я зусім забыўся пра Насцю, таму вельмі здзівіўся, убачыўшы яе на парозе, босую, у адным перахопленым пасам халаціку.

– Ты? – выдыхнуў.

Яна нічога не адказала і нават не ўсміхнулася. Проста адышлася, прапускаючы мяне ў прыхожую. Гэта раззлавала. Значыць, Мінічу можна ўсміхацца і радаваць яго сваёй усмешкай; ён ажно блішчэў, бы ў блястках, ад шчасця, калі яна яму ўсміхалася, а я дык пралятаю?! Ну, пачакай!

Я моўчкі разуўся, скінуў плашч на падлогу, не падымаючы яго, прайшоў у залу. Насця павесіла плашч на вешалку, прайшла следам за мной.

– Што здарылася? – спытала яна.

– А што магло здарыцца? – пытаннем на пытанне адказаў я, зірнуўшы на Насцю з-пад ілба, палохаючы яе гэтым.

– Не ведаю, – паціснула яна плячыма.

– Чаго тады пытаешся?

– Таму, што ты п’яны.

– Я піў і піць буду! – бразнуў я кулаком па стале, на якім стаяў камп’ютар і попельніца. Попельніца падскочыла і загрукацела, дзейнічаючы мне на нервы. На нервы мне дзейнічала і Насця. Я ніяк не мог пазбавіцца ейнага смеху, што гучаў у маіх вушах, і прывіду Мініча, які зларадна ўсміхаўся ў свае шляхецкія вусікі. Калі б я не быў п’яны, магчыма, Насця б мяне ніколькі не раздражняла, але я выпіў, і мой позірк прыдзірліва чапляўся да кожнай складкі і зморшчынкі на халаціку, што трымаўся на Насціных плечуках, як на вешалцы, магчыма, з-за таго, што дзяўчына стаяла спінай да сцяны, трымаючы за спінай рукі. Яе пастава падалася мне выклікаючай, кідкай і пагардлівай, а мной яшчэ ніхто не пагарджаў. Я наводмаш ударыў Насцю па твары. Яна ўпала, як падкошаная, на падлогу, ледзь не пабіўшы галаву, але мне было ўсё роўна. Напалоханыя яе вочы глядзелі на мяне з немым дакорам і чаканнем тлумачэння майго ўчынку, а з ніжняй губкі зацурчэла кроў, якая здалася мне ўсяго толькі чырвонай фарбай. Я быў упэўнены, што Насця прытвараецца і здзекуецца з мяне. Упэўненасці надаваў смех, Насцін смех, што несупынна гучаў у маіх вушах, з кожнай хвілінай узмацняючы ноты. Мне здавалася, што Насця смяецца з мяне і зараз, а ёй падбрэхвае Мініч. Яго крумкачыная фізіяномія прыляпілася да майго позірка, як маска. Паўсюль я бачыў яе, а разам з ёю – вясёлую Насцю. Від крыві, хутчэй, чырвонай фарбы, намаляванай наўмысна, каб я падабрэў, таму што ў сапраўднасць крыві я не верыў, дзейнічала на мяне як на быка ў карыдзе. Нібы нейкі паморак сышоў. Хацелася біць, душыць, крамсаць Насціна цела, якое, як і кроў, здавалася мне несапраўдным. Сапраўдным я лічыў толькі здзеклівы смех, а смяяцца з мяне я нікому не дазволю. Я быў дзікуном, дагістарычным чалавекам. Усе заганы, сабраныя маімі продкамі за дзве тысячы гадоў, вылупіліся, быццам наноў нарадзіліся, і палопаліся, як пухіры на маім целе, разносячы па кватэры смурод вякоў. А смех мяне падштурхоўваў, фізіяномія Мініча выклікала на рашучыя дзеянні.

– Смяешся?! – шыпеў я, падступаючы да Насці. – Смейся, смейся! Паглядзім, як ты будзеш зараз рагатаць…

Яна адсоўвалася, адпаўзала на каленях падалей ад мяне, а ў вачах ейных я бачыў страх, і мне падабалася гэта. Мяне трэба баяцца. Трэба!

– Мікола! – шаптала Насця. – Мікола, апамятайся! Што ты робіш?..

Я ўхапіў яе за валасы і наматаў іх на кулак. У апошні момант халат паляцеў, як воблака, у невядомую далячынь. Голае цела дзяўчыны зусім адурманіла мой мозг. Але Насця супраціўлялася. Неаднаразова яе пальцы з доўгімі пазногцямі праходзіліся па маім твары, як цягнік па рэйках, пакідаючы крывавыя пісягі. Я звязаў ёй рукі за спінай і шпурнуў на ложак. Схапіўшы падушку, паволі апускаў яе на твар дзяўчыны, вочы якой адлюстроўвалі ўжо не страх, а жудасць.

Падушка апусцілася на Насцін твар, як бетонная пліта на Партоса. Дзяўчына звівалася, як змяя, а я ўсё мацней і мацней прыціскаў падушку. Нешта перашкодзіла мне зрабіць непапраўнае. «Я буду жыць доўга-доўга…» – нібы з таго свету дайшоў да мяне Насцін голас, калі яна разглядала лінію жыцця на сваёй далоні. Зірнуўшы на маю, дзяўчына самотна акінула мяне сваім позіркам і сказала, што маё жыццё будзе кароткім… Секунднага адпачынку Насці хапіла, каб скінуць мяне з ложка, адпіхнуўшы нагамі. Я паляцеў уніз галавой і раззлаваўся не на жарт. Не, душыць я яе не стаў. Я перакуліў Насцю на жывот і завязаў рот, каб не крычала і не кусалася. Я паўтарыў подзвіг героя «Кнігі Мануэля» Картасара, і пасля таго мяне ахапіла поўная апатыя. Я нават развязаў Насцю, якая цяжка аддыхвалася, затым падціснула пад сябе ногі і заскуліла, як шчаня. Мне было ўсё роўна. Я не зварухнуўся, калі Насця саскочыла з ложка, калі апраналася, не заўважыў, калі пайшла. Толькі адчуў праз некаторы час, што Насці побач няма і што я яе вельмі моцна пакрыўдзіў, але нешта рабіць не збіраўся, каб яе вярнуць. Нягледзячы на тое, што паморак праходзіў, я ўсё яшчэ адчуваў сябе пячорным чалавекам, які раздзірае сырое мяса здаровымі белымі зубамі, з якіх капае сліна. Нейкім шостым пачуццём падумаў, што тым самым мясам магла б стаць Насця. Але не стала. Значыць, нешта чалавечае ўва мне яшчэ засталося.

Я ляжаў, раскінуўшы рукі і закінуўшы нага за нагу, як распяты Хрыстос, і плакаў. Слёзы каціліся так хутка і былі такімі вялікімі, што ў мяне мільганула думка наконт прэса, які вырабляў гэтыя слёзы. Ён перавыконваў план, таму што плакаў я вельмі рэдка. І тое, плакаў не я, а гарэлка.

Смех у вушах знік, фізіяномія Мініча – таксама. У кватэры было ціха, як у магіле. Я прыслухоўваўся да цішыні, ні пра што не думаючы. Думаць было позна. Раптам цішыню перарэзаў, бы дарогу – слуп святла, дзвярны званок. Я кумільгом кінуўся да дзвярэй, на хаду зашпільваючы джынсы. Я быў упэўнены, што вярнулася Насця. Вядома, яна злавала на мяне, крыўдавала, дзьмулася, але ненадоўга, яна даруе мне, як толькі я ўсё растлумачу… Але то была не Насця.

Не паспеў я адчыніць дзверы, як мая сківіца сустрэлася з каменным кулаком. Я адляцеў назад, моцна выцягся спінай аб вушак і аб’ехаў на падлогу. Не зачыняючы за сабой дзвярэй, у прыхожую зайшоў Мініч. Ён святкаваў перамогу, я быў бездапаможны супраць яго, не мог нават абараняцца, але толькі таму, што ўсё яшчэ быў п’яны, да таго ж выдахся, пакуль тузаўся з Насцяй.

Мініч адчуваў сябе тэрмінатарам, не слабей, гэтакі сур’ёзны мужчына. Ён падняў мяне за валасы і стукнуў тварам аб дзверы туалета. Я заліўся крывёю. Пару разоў па маім твары яшчэ праехаліся яго боты. Затым Мініч паставіў мяне на ногі, якія ледзь утрымлівалі маю вагу, шыя ўвогуле не трымала галаву, якая матлялася як на шарнірах.

Мініч скрывіўся. Ён запэцкаў рукі маёй крывёй. Але размахнуўся і моцна садануў мне ў жывот. Я сагнуўся ў тры пагібелі, выхаркваючы разам з крывёю вантробы. Мяне пачало ванітаваць, галава закружылася.

Мініч пагардліва абцёр рукі аб маю куртку (Насця выбегла, відаць, забраўшы ўсе свае рэчы), што вісела на вешалцы, плюнуў на мяне і ціха пакінуў кватэру, асцярожна зачыніўшы дзверы. Ён быў дужэйшы за мяне і шырэйшы ў плячах, але дай толькі тэрмін… Ён помсціў мне за Насцю, якая пажалілася яму. Вядома, да каго ёй яшчэ звяртацца, як не да Мініча, любімага, па ўсім відаць, выкладчыка і не толькі. Але мы пагаворым яшчэ… Я з цяжкасцю ўжо валодаў сабой. Падзеі сённяшняга дня цаглінамі клаліся на плечы і з грукатам апускаліся на галаву, якая трашчала, як спелы гарбуз.

Я страціў прытомнасць.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации