Электронная библиотека » Мікола Адам » » онлайн чтение - страница 4

Текст книги "Шоўк (зборнік)"


  • Текст добавлен: 13 ноября 2018, 15:20


Автор книги: Мікола Адам


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 21 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

Шрифт:
- 100% +
7

«Ноч апусцілася сцяной. Я адчуваў сябе ваўком, загнаным у пастку. Хутчэй, ваўчанём ці, лепей, шчанём, таму што забраўся ў сабачую будку, хаваючыся ад немцаў і паліцаяў, якія лавілі габрэяў. Я ўжо ведаў, – калі трапіш на вочы фашыстам, яшчэ горай, «бобікам», – дабра не чакай. Усіх, каго я ведаў: і дзядзьку Мойшу, і цётку Сару, і іх дачок Марыю і Хрысцю, і бацькінага брата Абрама, які пісаў харошыя вершы і дапамагаў мне ў складанні, – я не бачыў з мінулага лета. Іх, таксама, як і цяпер, уначы выгналі з уласных дамоў, загадалі ўзяць самае неабходнае і некуды павялі. Праз некаторы час у мястэчку пайшлі чуткі, што іх пастралялі. Бацька хаваў ад мяне праўду, але я ўжо не маленькі і сам разумеў, што немцы за нешта ненавідзяць габрэяў і знішчаюць усіх. Бацьку яны закалолі штыкамі. Ён паспеў перакінуць мяне цераз плот на суседскі гарод і загадаў бегчы, ратавацца. Але ж там, з бацькам, засталіся маці і цяжарная сястра Міра. Я яшчэ прыслухоўваўся да гукаў, што даносіліся з нашага двара, і нячутна плакаў. Слёзы каціліся самі па сабе, і далоні пераўтвараліся ў кулакі таксама міжволі, але нічым дапамагчы родным я не мог. А пасля ўсё скончылася. Крыкі і брудную лаянку заглушыў шум матора грузавіка, які паглынуў іх, нібыта ежу, не разжаваўшы як след.

І тады я пабег. Ажно вецер свістаў увушшу. Я шукаў, бегучы, схованку, але вочы ні за што не чапляліся. Толькі ў адным з пустых двароў, ці то мне проста падалося, я заўважыў сабачую будку. Сабак увогуле ва ўсёй акрузе не было, іх пастралялі немцы. Можа, мяне не знойдуць… Мяне калаціла, як у ліхаманцы, ад страху перажытага і страху за будучае, пра каторае я і думаць не хацеў, ды думкі пчаліным роем кружлялі ў галаве, бо я хацеў жыць, занадта ж малады, каб памерці.

А можа, мяне калаціла ад холаду? На дварэ стаяў студзень, а ўва што я паспеў апрануцца? Ватоўка і кажух, як віселі, так і засталіся вісець на вешалцы ў верандзе. Добра яшчэ, што паспеў улезці ў кірзавыя боты, але на босую нагу, і ногі зараз мерзлі, і сам я мерз у адным споднім, толькі сэрца тахкала, як заведзенае. Я баяўся, каб яно не зазвінела, як будзільнік. Тады мне канец. Я схапіўся аберуч за сэрца, сціскаючы яго, каб яно перастала так шалёна грукацець, бо магло, як тая міна, узарвацца… І тут я пачуў крокі і галасы, што належалі, няйначай, паліцаям. Яны проста праходзілі міма, ды раптам спыніліся ля майго схову; я затаіў дыханне, стараючыся не дыхаць, аднак у мяне нічога не атрымоўвалася. «Бобікі» закурылі, абмяркоўваючы сённяшнюю аблаву і пазіраючы на хату, у якой, па ўсім відаць, яшчэ не паспелі «пагаспадарыць».

Я чыхнуў. Два разы запар.

Паліцаі насцярожыліся, наблізіліся да будкі. Я спадзяваўся, што яны не пачуюць, але… мой позірк сустрэўся з позіркам аднаго з «бобікаў». У апошнюю секунду я дзіка закрычаў, у сваю чаргу, закрычалі і «бобікі», выцягваючы мяне са схову.

– Юдын? – невядома адкуль узяўся даўганогі немец з вялікім носам, як у Бураціна.

– Юдын, пан афіцэр, юдын, – зларадна ашчэрыўся паліцай, які выцягваў мяне з будкі. – Шчанём прытварыўся.

Далей нейкі туман і каша ў галаве, хаця мяне не білі. Рэзкасць відарысу праявілася тады, калі я ўжо быў у камендатуры і стаяў перад нейкім дзядзькам у бальнічным халаце абсалютна голы. Лысы чэрап дзядзькі блішчэў, як добра памытая каструля, акуляры на мясістым носе і шчокі, як кісель, выклікалі агіду, а ён мяне лапаў сваімі тоўстымі пальцамі з абгрызенымі пазногцямі, нібы дзяўчыну, дыхаючы ў твар перагарам.

Я стаяў нерухома. Бегалі толькі вочы ў надзеі адшукаць паратунак, але ніводзін вугал і не патыхаў ім. Дзядзька пачынаў цяжка дыхаць, калі кранаўся мяне, я міжволі адхіснуўся. Тады ён пільна паглядзеў у мае вочы, абдзёрнуў халат і сеў за стол; узброіўся самапіскай і нейкім бланкам. Размаўляў са мной па-руску, і я ўпэўніўся, што да немцаў, як арыец, не мае ніякага дачынення. Ён такі ж паслугач, як і «бобікі».

– Імя! – вымавіў ён і ўтаропіўся на мяне.

– Адам, – прамовіў я.

– Прозвішча! – ужо не адрываўся ён ад папер.

– Адам, – зноў прамовіў я.

– Прозвішча, а не імя.

– Адам, – спалохаўся я грубага крыку дзядзькі.

– От бесталач, – рассмяяўся ён. – А яшчэ кажуць, што габрэі – разумны народ.

– Я не габрэй, – запярэчыў я.

– А хто ж ты? У цябе на ілбе напісана твая нацыянальнасць!

– Я не габрэй, – стаяў я на сваім.

– Упарты ты чалавек, – відаць, расчаравана ўздыхнуў дзядзька. – Добра, – нібыта пагадзіўся са мной, – так і напішам, што не габрэй.

Ён нешта чыркануў на бланку, пасля зноў спытаўся:

– Год нараджэння?

– 1927-ы.

– У школе вучыўся?

– Так.

– Добра, – адклаў дзядзька выкарыстаны бланк да стосу іншых, падняўся з-за стала і схаваўся за заслонай. Праз колькі хвілін ён выйшаў з ворахам нейкай адзежы ў руках. Працягнуў мне. Прызнацца, я ўжо змерз стаяць голым і быў бы рады любой апратцы, але, як толькі я разгледзеў, што мне даў дзядзька, зачыніўшы ў нейкім невялікім пакойчыку з ложкам, сталом і цяжкай драўлянай шафай, я спалохаўся і адкінуў прэч ад сябе, нібы апёкся агнём, шаўковую жаночую бялізну. Можа, ён памыліўся? Узяў не з той шуфлядкі? Пераблытаў? Не паспеў я так падумаць, як зайшоў дзядзька.

– Ты яшчэ не апрануўся? – здзіўлена зірнуў на мяне.

– Прабачце, – вымавіў я, – але я не дзяўчына, а адзежа, якую вы мне далі – жаночая…

– Бач, які пераборлівы, – незалюбіў дзядзька. – Зараз ідзе вайна, і ты павінен дзякаваць нямецкаму ўраду, што ён выдзеліў табе хоць гэта. Ды што гэта? Гэта ж шоўк, разумееш, дурында ты малая, вопратка каралёў! Апранайся і не дуры галавы!

Што мне заставалася рабіць? Як толькі я апрануўся, дзядзька раптам паваліў мяне на ложак, дыхаючы перагарам і цалуючы. Цяпер я зразумеў усё, але абараняцца ён мне не дазволіў, заламаўшы рукі.

Не ведаю, што б са мной зрабіў дзядзька, калі б у дзверы не пачалі настойліва грукаць, а затым такі ж настойлівы жаночы голас загадаў:

– Гер Кабанкоў, адчыніце! Я ведаю, што вы там! Обер-лейтэнант СС Ева Штайнэр не любіць жартаваць і доўга чакаць!..

– Прынесла сучку нялёгкая, – вылаяўся дзядзька і пакрочыў адчыняць дзверы.

Ёй пасавала форма. Доўгія валасы былі прыколаты заколкай да пілоткі.

– Што вы робіце, гер Кабанкоў? – адразу запытала Штайнэр, праходзячы ў пакой і пазіраючы на мяне.

– Ды вось, – развёў рукамі дзядзька.

– Вы хочаце, каб я данесла пра вашае «ды вось» у гебітскамісарыят? – страшыла Штайнэр.

– Толькі не гэта! – узмаліўся дзядзька.

– Тады зачыніце дзверы з таго боку!

– Абавязкова.

Дзядзька, нібы рак, пяціўся на дыбачках да дзвярэй. Як толькі яны за ім зачыніліся, Ева Штайнэр маланкава скінула з сябе форму і сіганула да мяне ў ложак, гідліва раздзіраючы адзежу, што была на мне.

Яна была, што пантэра. Драпала маё цела і кусалася. Пад раніцу я заснуў. Ева Штайнэр выскачыла з ложка, апранулася, абдзёрнула форму і вынула з кабуры пісталет. Прыставіўшы ствалом да маёй патыліцы, стрэліла…»

Я падскочыў ледзь не да столі, выцягся плячом аб касяк, цяжка дыхаў, паступова вяртаючы сябе з абдымкаў жудаснага сну, таму што Евай Штайнэр была Насця, а бязвусым пятнаццацігадовым габрэйчыкам – я.

Тады я ўзнавіў падзеі мінулага дня і ледзь не завыў з адчаю, як той воўк на поўню. Аднак доўгім выццём бядзе не дапаможаш. Каб хоць неяк суцішыць боль, я навёў чысціню ў кватэры. Мініч пастараўся на славу, нічога не скажаш. Ліхтары будуць асвятляць мне шлях круглыя суткі. Да ліхтароў далучаліся шматлікія драпіны, і я зразумеў, што ў такім выглядзе на вуліцы мне паказвацца нельга.

Я закурыў. Набраў Насцін нумар, але слухаўка маўчала, як рыба. За дзень я тэлефанаваў ёй праз кожныя пяць хвілін, але марна. Тэлефон маўчаў. Я заставаўся ў адзіноцтве і піў адзіноту, нібы каву ў прыкуску з цыгарэтамі.

8

Прайшоў усяго тыдзень, але ён мне здаўся вечнасцю. Я адчуваў сябе бездапаможным загнаным у пастку ваўком, як у тым сне, што мітусіўся, шалеючы, з кута ў кут па пустой нежывой кватэры, а нежывой таму, што ў ёй не было Насцінай усмешкі, Насцінага голаса. Кватэра выглядала змрочнай і панура-маўклівай, як могілкі. Да поўнага параўнання не хапала крыку крумкача. Мне і так было нядобра, і мурашкі бегалі па скуры, а мо і па поўсці; я баяўся падысці да люстэрка ўпэўніцца: ці чалавек я яшчэ, ці ўжо звер; пачуўшы крумкачыны крык, я, відаць, не тое б, што пасівеў, адназначна, звар’яцеў бы. Не ратаваў ад тугі, адчаю і пякучага суму і блакітны шаўковы халацік, які я бяздумна камечыў у руках, быццам аркуш паперы з няўдалым вершам. Халацік вельмі падабаўся Насці, і водар, што зыходзіў з ейнага цела, яшчэ не зусім выпетрыўся, але я чамусьці больш не верыў яму. Не верыў і плямам крыві, засохлым на далікатнай тканіне, хаця яны з’яўляліся важнымі сведкамі таго, што Насця была і ёсць. Аднак усё іншае казала пра тое, што такой дзяўчыны ўвогуле не існавала. Я кожны дзень набіраў нумар ейнага тэлефона мільён разоў, але ён упарта маўчаў. Толькі аднойчы адказаў, але далёка не Насціным голасам – злосным, брудным, хрыплым… Я спытаў Насцю, голас адказаў, што ніякай Насці ведаць не ведае. Як жа так? Нумар жа тэлефона сыходзіцца?! Я праверыў адрас, і адрас сышоўся. Тады чаму мне сказалі, што ніякая Насця па гэтым адрасе не пражывае і ніколі не пражывала ні з бацькамі, ні без бацькоў. Злосна плюхнулася трубка на тым баку дрота, а мая запікала, як заведзеная, як пакрыўджаная, што малое дзіця, у якога адабралі любімую цацку. Нешта тут не тое, але што? Няўжо я Насцю толькі сніў? Але ж сон такім рэальным і матэрыяльна фізічным на дотык не бывае. Хіба трызніў? Можа Насця, насамрэч, была ўсяго толькі русалкай-практыканткай; але ж радзімка пад левай смочкай, радзімка над левай верхняй губкай не могуць быць сном ці трызненнем, хаця б і п’яным.

Я ж добра памятаю белыя, як сырадой, Насціны грудзі, саланаваты прысмак ейных смочкаў, шнарчык у выглядзе лічбы 1 пад пупком, а валасы… іхны пах… я іх таксама прыдумаў? Падобная яна ж была на Варум? Падобная. Гэта я на Агуціна не цягну. Ну так, не маленькі ростам, ну, худы, ну, патлаты, але з вусамі, і вушы, як лакатары… што не перашкаджае кожнаму знаёмаму параўноўваць мяне з Ісусам Хрыстом, наўмысна выклікаючы ўва мне злосць, бо я ненавіджу, калі мяне параўноўваюць з ім. Бачыў ты таго Хрыста, што чэпішся з ім да мяне? Агуціным, як бачна, мне не быць і, значыць, Насця не магла быць Анжалікай Варум. Яна магла быць толькі Насцяй!

Я сеў за стол, на якім стаяў камп’ютар і попельніца, закурыў.

Да драбніц мог успомніць, што было, як і колькі… Ды што толку? Хіба ўспамінамі дапаможаш? Так, я гэта памятаю, але, калі звярнуся з аповедам пра Насцю да каго-небудзь, ён палічыць мяне за вар’ята і пастараецца як хутчэй запраторыць у псіхушку. Але ж я цалкам нармальны! Хіба мая віна ў тым, што Насця прапала з банка дадзеных жыцця, як памяць камп’ютара, з’едзеная вірусам? Вядома, я вінаваты, але не ў тым, што яна знікла… хаця, калі падумаць, ва ўсім вінаваты толькі я. Не зрабі я гэтага глупства, не пайшла б ад мяне Насця, і не казалі б мне розныя па тэлефоне, што такая ніколі не пражывала па гэтым адрасе.

Дзіўна, але, усвядоміўшы сваю віну, я супакоіўся. Зноў мог лагічна думаць і разважаць, нават чытаць, чым не мог пахваліцца на працягу тыдня. Я адкрыў для сябе Аркадзя Чарнышэвіча, прачытаўшы спачатку яго раманы «Світанне» і «Засценак Малінаўка», а пасля апавяданні, больш за ўсё мне спадабалася апавяданне «Музыка». Я быў здзіўлены талентам чалавека, мовай. Яго ж амаль ніхто не ведае з сённяшніх літаратараў, якія чытаюць баевікі ды фантастыку. Уласная беларуская літаратура іх не цікавіць, бо яны лічаць, што напісанае да іх – туфта і прасавецкая агітацыя. Адны яны – геніі! Што пра іх казаць, калі яны нават на імя Айтматава ніяк не прарэагавалі, калі ўрывачак з «Белага парахода» прачытала маладая паэтка Ксюша Брэчка, якая вырашыла правесці эксперымент. Урывачак крыху нагадваў раздзел з нейкай ненапісанай Ксюшынай паэмы, прынамсі, так здавалася, стылі былі падобны, ці што, – і ёй сказалі, што Ксюша вельмі добра напісала, хай і яшчэ піша. Калі Ксюша паведаміла, што прачытаная рэч не належыць ёй, гэта нікога не закранула, нібы так і трэба. Магчыма, яны падумалі, што Айтматаў – чарговы «геній», якіх Ксюша прыводзіць на літаб’яднанне ледзь не кожны панядзелак (менавіта па панядзелках адбываецца чарговае пасяджэнне), а месцаў для геніяў не хапае, таму і рэакцыя такая, відаць. Якая поскудзь, увогуле, робіцца ў сучаснай літаратуры! Лепш пра яе забыць, хаця б на сёння, ды твары маладых ды ранніх, з вялікімі амбіцыямі, мільгаюць перад вачыма, як ліхтарыкі на навагодняй ёлцы. Самі па сабе яны нічога не вартыя і наўрад ці створаць што-небудзь якаснае, бо, каб самому пісаць добра, трэба шмат чытаць, але не абы-што.

З партрэта на мяне глядзеў, можна сказаць, непрыгожы чалавек, з залысінамі, з доўгім вострым носам, крыху скрыўленым з-за пагардлівай усмешкі. Так здавалася на першы погляд. Нават на фотаздымку пісьменніка, які даўно памёр, адчувалася яго душэўная прыгажосць, чысціня, вера ў будучае.

Вядома, раманы яго, што адлюстроўвалі падзеі пачатку дваццатага стагоддзя, былі крыху наіўнымі і смешнымі толькі таму, што маё пакаленне вырасла ў той час, калі СССР разваліўся, а камунізм і бальшавікі ганіліся не горш за фашызм. Аднак напісаны творы Чарнышэвіча ў той час, калі так людзі і жылі, як напісана, бо я лічу, што аўтар не маніў пра савецкую ўладу, хоць і пакутаваў ад яе.

З-за прачытанага мяне пачала раздзіраць на дзве паловы думка. Я ніколі не быў камуністам, але мне падабалася ідэя бальшавікоў і іх дзейнасць да вайны. Пасля ўжо – не. Мой дзед – па маці – капітан другога рангу. У Вялікую Айчынную служыў на катарах і быў тройчы паранены. З’яўляўся ярым камуністам, але нічога не дазволенага ў жыцці не зрабіў. Не быў ні хабарнікам, ні спекулянтам, ні падхалімам, хоць і займаў пасля вайны вялікія адказныя пасты, і я лічыў яго вельмі добрым чалавекам, браў з яго прыклад. Дзед па бацькоўскай лініі паходзіў з дваранскага роду, да таго ж, займаўся літаратурай. Бальшавікі яго расстралялі. За што? Толькі за тое, што ён пісаў на нацыянальнай мове, ці за тое, што ў маладосці быў царскім афіцэрам? Па сутнасці, я павінен ненавідзець бальшавікоў, бо схільны хутчэй да манархізму, чым да камунізму. Вядома, зараз смешна казаць і некага абвінавачваць, нават дзіка. Усё адбылося так, як і павінна было адбыцца. Ведаю толькі адно: зараз мне не дапаможа ніхто – ні афіцэр, ні бальшавік, бо ўсю маю прыхільнасць да іх забівала Насця, маё каханне да яе, аб чым я не магу ёй ні сказаць, ні напісаць; і словы, гатовыя сарвацца з маіх губ пякельным агнём, застываюць у безнадзейнасці бясформенным студнем, а попельніца збірае мой адчай у выглядзе недакуркаў. Дым чорнай сеткай суму расплываецца па столі, ловячы на хаду, нібыта рыбу ў вадзе, мае невясёлыя думкі.

9

Ад пабояў амаль не засталося слядоў. Аднак я ўсё яшчэ саромеўся выходзіць на людзі без чорных акуляраў. Ля пад’езда на лаўцы сядзелі тры бабулькі з вязаннем, але спіцы былі нерухомымі, як слупкі, бо бабулькі з не зразумелай мне жарсцю абмяркоўвалі Мэйсана Кэпфала і Рыжу, як я зразумеў, Джыну. Якімі толькі кампліментамі яны не ўзнагароджвалі прыгажуна Кэпфала і як толькі не ганілі бедную Джыну, забыўшыся і на вязанне, і на ўнукаў, што корпаліся ў пясочніцы з пластмасавымі вядзерцамі і рыдлёўкамі, а таксама з цэлым заводам аўтамабіляў. Вясёлыя, мурзатыя, як чарцяняты, дзеці нікога з дарослых не заўважалі, нібыта іх і не існавала. І праўда, навошта дарослыя з іх вечнымі праблемамі і турботамі дзецям, якія, была б воля, цудоўна абышліся б і без іх. Які з іх толк? У машынкі гуляць не ўмеюць, салдацікаў не ведаюць нават як і трымаць, а калі папросіш каго-небудзь з бацькоў проста пагуляць з дзецьмі, пакорпацца ў той жа пясочніцы, будуючы замкі ці часам цэлыя гарады, у іх адразу знаходзіцца адгаворка: маўляў, стаміліся пасля працы ці ў краму трэба купіць да хлеба яшчэ нейкага ёгурта. Вядома, ёгурт – добра, але ж так хочацца, каб бацькі хоць на гадзінку сталі бесклапотнымі дзецьмі.

Я закурыў. Міма прайшлі дзве старшакласніцы ў калготах і кароткіх спадніцах з кілаграмамі макіяжу на тварах. Яны нават не зірнулі ў мой бок. Вядома, я не падобны на Тома Круза ці Леанарда Дыкапрыа, што паробіш? Але вясна бярэ сваё: такое жыццё. А што такое жыццё? Крыху кахання, больш расчаравання і дуэль. Дуэль з асабістым лёсам, які заўсёды перамагае. Хаця бывае… што і лёс ломіцца, як клінок шпагі. Магчыма, у нечым я перабольшваю, не ведаю. Як бы там ні было, гэта маё асабістае меркаванне.

Я ўжо пашкадаваў, што выйшаў на двор у куртцы, бо цяплынь стаяла амаль што летняя, аднак дамоў вяртацца не стаў. Не таму, што вяртанне – дрэнная прыкмета, у забабоны я ніколі не верыў, а таму, што лянота падымацца на сёмы паверх, бо ліфт чамусьці не працаваў.

Я не ведаў куды пайсці, але накіраваўся да Цэнтра. Верагоднасць сустрэць там каго-небудзь была большай, чым у маім раёне. У метро я абазнаўся. Але ж як затрымцела сэрца, калі ў дзяўчыне, што стаяла спінай да мяне, я ўбачыў Насцю. Яна была ўсяго за некалькі крокаў ад мяне, але гэтыя крокі немагчыма было адолець з тае прычыны, што вагон здаваўся кансервавай бляшанкай, напакаванай людзьмі, як сялёдкай. Аклікнуць я не асмеліўся, але і чакаць, пакуль цягнік спыніцца на нейкай станцыі, не было часу. А раптам яна выйдзе, а я не паспею, ды нават калі б і паспеў, дзе гарантыя, што не згублю яе ў натоўпе? Я запрацаваў рукамі і плячамі, прабіваючы сабе дарогу да Насці, не рэагуючы на незадавальненне пасажыраў. Аднак дзяўчына аказалася не Насцяй. Магчыма, і Насцяй, але іншай, чужой, не маёй.

Я апусціў рукі.

На паветра выйшаў забіты і зацюканы, нібы пасля доўгачасовай лекцыі тэт-а-тэт з выкладчыкам па філасофіі. Знаёмых – нікога.

Я ірвануў да ГУМа, аднак і ў бары – тое самае. Што за дзень? Варта некуды выбрацца, як адно расчараванне вакол, нібы нейкае пакаранне.

Бралася на вечар. Дамоў ісці не хацелася, а я ўжо знаходзіўся на Пушкінскай, дадому – пятнаццаць хвілін ходу. А ў супрацьлеглым напрамку – невядомы мне раён Сухарава. Я ніколі там не быў і вырашыў паехаць паглядзець, «шчо цэ таке».

Зрэшты, нічога асаблівага. Вялізныя «каробкі з алоўкамі» на адзін капыл, шэрыя, як асфальт. Жыць у такім раёне ўсё адно, што жаваць жуйку, у якой даўно адсутнічае смак. Толькі адно месца мяне зацікавіла – бар-кавярня, куды я і паспяшаўся зазірнуць. Цэны тут, канечне, кусаліся, але дзе вы бачылі цэны без зубоў? Я заняў столік у самым непрыкметным кутку, дзе мяне ніхто не мог бачыць, замовіў гарэлкі і бутэрброд з каўбасой. Адчуваў сябе Хэмінгуэем, і ўва мне абуджалася прага пісаць, чаго я за сабой даўно не заўважаў. Чаму б і не? Заўтра трэба будзе захапіць сшытак, асадку і Кафку і прыехаць сюды, каб уволю папрацаваць. Я ведаў, што ў гэтым бары-кавярні здолею напісаць нешта такое, што перакуліць свет. Я б і зараз пісаў, калі б было на чым, бо проста на стале не мог: раптам атрымаю штраф, калі не болей, за сапсаваную дзяржаўную ці камерцыйную мэблю.

Даволі ўтульнае памяшканне, вытрыманае ў духу рамантызму з прымессю постмадэрнізму. Столікі круглыя, засланыя чырвонымі абрусамі, на якіх, на кожным, па пяць прыбораў: талерка, сподак, лыжка, відэлец, нож, а таксама попельніца і чырвоныя сурвэткі конусамі ў шклянцы. Крэслы – драўляныя, разныя, абабітыя чырвоным аксамітам. Падлакотнікі і ножкі – чорным. Падлога паркетная, пад столлю – тэлевізар, па якім ішоў фільм з Джэкі Чанам. Узнікла думка, што знаходжуся ў таверне ці кабачку сямнаццатага стагоддзя. Не хапае толькі таго, каб зараз уваліліся мушкецёры ў блакітных плашчах з сярэбранымі крыжамі на спінах і каб Атос патрабаваў сабе віна. Мара ідыёта. А чаму не? Я і не адмаўляю, што я ідыёт, які курыць трэцюю цыгарэту запар, так і не дакрануўшыся ні да кілішка з гарэлкай, ні да бутэрброда, які ўжо даўно астыў; вылупіўшы вочы, як баран, на дзяўчыну, што сядзела насупраць праз чатыры столікі, але не бачыла мяне. Яна далікатна курыла лёгкую «Магну», пакідаючы на белым фільтры чырвоныя сляды памады. Так сухотнік пакідае плямы крыві на белай насоўцы. Дзяўчына была цалкам у чорным. Чорная касуха, чорныя скураныя штаны, запраўленыя ў чорныя высокія батфорты, чорная блузка з фланэлі, расшпіленая на адзін гузік. Лак на пазногцях таксама чорны, і чорныя валасы крыху кранаюцца плячэй, як крылы кажана. Нават вусны і тыя былі чорныя. Толькі вочы, адны вочы захоўвалі нейкі светлы цень. На імгненне мне падалося, што гэта Насця. Я ледзь не «падарваўся» да яе, але стрымаўся, сціснуўшы кулакі. Што, калі зноў памыліўся? Мне не прывыкаць адчуваць сябе ідыётам, але толькі не ў гэтым памяшканні і не перад гэтай дзяўчынай. Я нават загадаў сабе не думаць пра Насцю, бо дзяўчына ў чорным ніяк ёю быць не магла. У Насці доўгія рыжыя валасы па пояс… Ці доўга іх пастрыгчы і пафарбаваць у чорны колер? Але я не спяшаўся. Нешта падказвала, што дзяўчына ў чорным – Насця, аднак нешта і адштурхоўвала. У Насці не маглі быць такімі халоднымі вочы, хоць толькі яны і выпраменьвалі нейкае святло. Я чакаў. А чаго, не ведаў. Дзяўчына падняла вочы і паглядзела на мяне, але не заўважыла. Я сядзеў у цёмным куце і ўяўляў сабой для яе толькі бясформенны цень. На яе ж падала святло з усіх бакоў. Падалося, што яна наўмысна абрала гэтае месца, і я не мог памыліцца… На мяне глядзела Насця, толькі нейкая не такая, нібы зомбі. Яе вочы былі мёртвыя. Толькі мёртвасць ейных вачэй утрымала мяне ад бязглуздага кроку. Дзяўчына нервавалася, нават пачала паціху касіць вокам, але зусім непрыкметна. Яна некага чакала, безумоўна, і я мог сапсаваць ёй сустрэчу. Чакала? А каго? Няўжо Мініча? Сёння ён ад мяне не ўцячэ, калі Насця чакае яго; ніякія сілы пекла не супыняць мяне. Я зраблю з Мініча біфштэкс з крывёй…

Да яе падышлі двое. У карычневых скуранках. Селі па баках. Я не чуў, пра што яны размаўлялі, бо размову заглушала ідыёцкая музыка з фільма пра Джэкі Чана. Я нічога не мог зрабіць, і мяне калаціла. Двое падняліся. Паднялася і Насця. Якой яна была бледнай!.. Як крэйда!.. Толькі вусны чарнелі, як кроў на снезе. Але спакойна. Яна павесіла сумачку на плячо і накіравалася да выхаду. Двое моўчкі рушылі следам.

Я рынуўся за імі з усіх ног, на хаду кусаючы бутэрброд і запіваючы гарэлкай. Ля самых дзвярэй паслізнуўся, бо падлога была мокрай, відаць, яе толькі што памылі, і расцягнуўся, зачапіўшыся нагамі за крэсла, што стаяла побач з накрытым сталом. Дзякуй богу, што я перакуліў усяго адно крэсла і пусты фужэр на стале. Я хутка падняўся, абтросся, папрасіў прабачэння і папяціўся да дзвярэй, тлумачачы тым, што я вельмі спяшаюся і пазнаёмлюся як-небудзь іншым разам з кампаніяй, з такой прыемнай кампаніяй…

На вуліцы я ледзь не зваліўся з лесвічных прыступак. Мая Насця сядала ў чорную «Волгу», за ёю не адставалі тыя двое. Зараз яна паедзе, і я ніколі больш яе не ўбачу. Я хачу гэтага? Вядома, не. Мне патрэбна Насця, як паветра, як цыгарэта, як вада, як віно, як пельмені, адным словам, патрэбна, і ўсё… Яна ж мая жанчына ў рэшце рэшт і маці маіх будучых дзяцей! Дык чаго я стаю? І на самай справе, чаго? Бегчы за «Волгай»? Наўрад ці даганю. Але ж яна ўжо кранаецца!..

– Гэ-э-э-э-эй! – закрычаў я, несучыся напярэймы машыне, але яна звярнула не там, дзе я думаў яе пераняць.

– Каналья! – вылаяўся я, як д’Артаньян. Нікім іншым я сябе не ўяўляў. Але пешшу даганяць машыну?.. Я паймаў вяртлявага «жыгулёнка» і загадаў трымацца чорнай «Волгі». Вадзіцель, даволі малады, хацеў даведацца ад мяне, што здарылася, з якой нагоды, так мовіць, праследаванне? Але я маўчаў, кінуўшы толькі адну фразу, каб ён сачыў за дарогай. Як не дзіўна, мы набліжаліся да дома, дзе Насця жыла і дзе мы так цудоўна правялі ноч, адкуль пасля мяне запэўнілі, што Насця ніколі не жыла па тым адрасе.

Я не памыліўся, мы якраз пад’язджалі да таго дома.

Першай спынілася «Волга». З яе выйшлі спачатку двое ў карычневых скуранках, потым Насця, затым яшчэ двое ў карычневых скуранках. Усе яны ланцужком схаваліся ў пад’ездзе.

– Усё, – сказаў я вадзіцелю, – прыехалі, – і разлічыўся.

– А што адбываецца? – усё дапытваўся ён.

– Кіно здымаем, – вырашыў пажартаваць я, абы назола-вадзіцель адчапіўся, тузаючы дзверцы, якія ніяк не паддаваліся, не выпускалі мяне.

– А якое кіно?

– «Дзевяць з паловай тыдняў», трэцюю частку, – адказаў я і нарэшце справіўся з дзверцамі.

– А хто ў галоўных ролях?

– Акторы малавядомыя, – запэўніў я, – толькі што пасля вучобы…

Бегма я скочыў у пад’езд, ліфт выклікаць не стаў, вырашыў падняцца па лесвіцы. Так бяспечней і спакайней.

Ніхто на мяне не нападаў і не чакаў, на што я вельмі разлічваў, бо адчуваў: не так сабе прыходзілі да Насці хлопцы ў карычневых скуранках і не так сабе прыехалі да яе дамоў. Я не сумняваўся, што і Насця, і чацвёра мужчын у карычневых скуранках знаходзяцца менавіта ў той кватэры, дзе мы з Насцяй правялі ноч. І я меў рацыю. Дзверы ў кватэру – расхінуты насцеж.

Я асцярожна перакрочыў парог і спыніўся ў прыхожай… Па ўсім відаць, ішоў вобыск. Людзі ў скуранках, нібы гаспадары, шасталі па кватэры, зазіраючы ў кожную дзірку, нешта, відаць, шукалі і нерваваліся. Насця сядзела пасярэдзіне залы на зэдліку, склаўшы на грудзях рукі. Яна глядзела на мыскі сваіх батфортаў, нікога і нічога не заўважаючы вакол, і яе трэсла, калаціла… Рукі намагаліся суняць дрыготку ў плячах, але яны не падпарадкоўваліся ёй.

Мне хацелася падбегчы да дзяўчыны, абняць і прытуліць да сябе, і, магчыма, я б так і зрабіў, ні аб чым не пытаючыся і не патрабуючы ніякіх тлумачэнняў, але мяне апярэдзіў халодны абыякавы голас аднаго з тых, хто прывёз Насцю сюды:

– Гэта што такое?

Да Насціных ног паляцелі чатыры цукровыя пакецікі па кілаграме кожны, але ў іх быў не цукар, далёка не цукар. Я жахнуўся: адкуль столькі гераіну?

– Гэта не маё, – неяк стомлена і з лёгкай усмешкай адказала Насця.

– А чыё, па-вашаму?

– Маё! – зрабіў я некалькі крокаў наперад, хаваючы свой твар ад цікаўных позіркаў мужчын у карычневых скуранках.

Апошняе, што я заўважыў, пакуль на мне зашпілялі наручнікі і пакуль не вывелі – здзіўлены Насцін твар, у якім чытаўся і жаль, і пытанне «навошта?», і каханне. Нягледзячы ні на што, яна мяне кахала. Прынамсі, я так думаў і адчуваў. Магчыма, памыляўся.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации