Электронная библиотека » Мікола Адам » » онлайн чтение - страница 6

Текст книги "Шоўк (зборнік)"


  • Текст добавлен: 13 ноября 2018, 15:20


Автор книги: Мікола Адам


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 6 (всего у книги 21 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

Шрифт:
- 100% +
12

Я так і не стаў Насціным мужам; так і не даведаўся, як яна трапіла да мяне ў кватэру, калі я палічыў яе за русалку; так і не зразумеў, кім Насця была для мяне. І на пытанні мае няма каму адказаць.

Я часта ўспамінаю той дзень, калі мы разглядалі лініі сваіх жыццяў на далонях. Тады яна сказала, што будзе жыць доўга-доўга, таму што лінія жыцця ў яе доўгая, а ў мяне кароткая… Я тады адчыняю фортку, закурваю і… …Насця загінула на Нямізе ў тую крывавую нядзелю, калі…

Ды што толку, калі яе няма!!!..

1999

Шоўк
Гісторыя жарсці
Аповесць

Вечар поўз, як чарапаха, але ўсё ж поўз. Яму не было куды спяшацца. Ён выдатна ведаў, калі і дзе трэба з’явіцца. Асабліва дзе. Ён любіў месцы, дзе яго чакалі, таму ніколі не спяшаўся да іх, бо нібыта смакаваў сваё хуткае з’яўленне, гуляючы ў Бога. Яму падабалася вяршыць лёсы, застаючыся абыякавым, праўда, да таго, ламаў ён іх ці рабіў шчаслівымі. Вечар не адрозніваў адценняў у адносінах. І ў гэты раз ён не спяшаўся. Ведаў, што з’яўленню яго будуць рады. Дакладней, радая. Жанчына, якая стаяла ў акне, нібы каханага выглядвала, які вяртаецца з працы, досыць доўгі час, раптам завесіла акно шчыльнай шторай, быццам стамілася чакаць. Але вечар паспеў скокнуць у кватэру, як кошка, праз фортку на падаконне, потым на падлогу і на канапу ўлегчыся, згарнуўшыся абаранкам.

Ёй было сорак шэсць гадоў, і яе звалі Святлана.

Яна ненавідзела вечары. Ненавідзела заставацца адна ў трохпакаёвай кватэры, дзе і пагаварыць не было з кім, хіба што з кнігамі, якіх было мноства, ды з тэлевізарам. Сын з нявесткай прыязджалі рэдка і, ужо праз некалькі гадзін засумаваўшы, збіраліся назад. Іх тут нічога не трымала. Сын выкладаў у Ваеннай акадэміі, жонка яго – псіхалогію ва ўніверсітэце.

Усе сябры іх і знаёмыя знаходзіліся там, у сталіцы. У маленькім мястэчку, у якім нарадзіліся і выраслі, ні з кім сяброўства не падтрымлівалі. Ды і не было з кім тут сябраваць, па вялікім рахунку. Усе іх аднагодкі, што засталіся ў мястэчку, спыніліся ў развіцці, заляглі на дне шклянкі. Усё-ткі добра, што яе сын не жыў з мамай.

А яна была нічога сабе, нягледзячы на ўзрост. Сярэдняга росту, у меру паўнаватая, але не тоўстая, не дзяўчынка ж ужо; з пругкімі грудзьмі аднак, жывымі вачыма, цікаўным носікам, ямачкамі на шчоках, Святлана працягвала звяртаць на сябе ўвагу мужчын. Рыжанькая, з вяснушкамі па вясне, яна скончыла філфак педінстытута калісьці і ўсё жыццё прапрацавала ў школе, цяпер пераназванай у ліцэй. Сама яна была не мясцовая, прыехала з мужам, з якім развялася праз некалькі гадоў пасля нараджэння сына. Ён завёў новую сям’ю, а калі жонка яго памерла ад раку, папрасіў Святлану вярнуцца. Яна і вярнулася, як дурніца, усёткі адзінокі мужчына, шматдзетны, яе дапамога неабходна. Праз некалькі месяцаў пашкадавала, што зноў звязалася з ім. Адчуўшы адносную волю, той пачаў выпіваць і, як следства, распускаць рукі. Біў ён як дзяцей, так і яе. Святлана не вытрымала, сышла. Ён доўгі час угаворваў яе зноў вярнуцца ўсякімі праўдамі і няпраўдамі, нават пагражаў. У рэшце рэшт Святлана выклікала міліцыю. Дзяцей забрала бабуля, маці яго памерлай жонкі.

Перыпетыі ў адносінах з мужам былі самымі вялікімі прыгодамі ў жыцці Святланы. А яна ж марыла застацца жыць пасля інстытута ў вялікім горадзе, хадзіць у тэатры. Не перастаючы, сачыла за сабой, таму захавала «таварны выгляд», як цяпер модна казаць, не лічачы некалькіх дробных маршчынак на шыі і пад вачамі. У школе ёю захапляліся вучні, любілі яе ўрокі, і калектыў педагогаў паважаў Святлану. Толькі дамоў яна не спяшалася пасля працы, як усе, з тых часоў, калі сын з’ехаў, ішла павольнай нетаропкай хадой, паварочвала ў лесапарк, каб падоўжыць шлях, марыла па дарозе пра якую-небудзь выпадковую сустрэчу, якая перавярнула б жыццё. Але ніхто не сустракаўся, ды і не мог сустрэцца ў прынцыпе. Мястэчка маленькае, усе адзін аднаго ведалі, і ўсе былі занятыя, у сэнсе – мужчыны, вольных не было, нават самых горкіх п’яніц. Святлана бачыла толькі маладыя пары ды старшакласнікаў, што нясмела сядзелі на лаўках і гэтак жа нясмела тыкаліся, як сляпыя кацяняты, адно адному ў насы ў пошуках вуснаў.

Яна прыходзіла дамоў, уключала тэлевізар, гатавала вячэру прыхапкам. Потым выключала тэлевізар, брала кніжку ў рукі і чытала, пакуль сон не ўкрываў яе з галавой, нібы коўдрай. І так кожны дзень. Сумна і прыкра.

А ўчора яна пагадзілася скласці кампанію сяброўцы і каляжанцы па працы Наташцы Цыбульскай. Тая выкладала інфарматыку, любіла танцы і кампаніі. Яна і паклікала Святлану ў рэстаран, адзіны на ўвесь горад, тым больш і нагода была. Па-першае, выходны, а па-другое, прафесійнае свята – Дзень настаўніка.

Натуральна, Святлана доўга думала, перш чым пагадзіцца.

Яна выйшла раней з дома, стаміўшыся ад чакання, лепш прайсціся, хоць да рэстарана ісці было хвілін пяць. Ён знаходзіўся на невялікім узвышэнні праз дарогу. Адлегласць Святлана пераадолела за тры хвіліны, пастаяла ля ўвахода, але не зайшла, нерашуча тузанула за ручку дзвярэй, тыя ледзь прыадчыніліся, стрыманыя тугой спружынай, і зноў зачыніліся.

Святлана аддзёрнула руку і імкліва закрочыла назад, да свайго дома. Няправільна гэта – хадзіць у рэстаран адной, без суправаджэння мужа ці мужчыны. Што людзі падумаюць? Яна ў рэстаране была ўсяго некалькі разоў, і то ў маладосці, у вялікім горадзе, калі вучылася яшчэ. Там яе ніхто не ведаў. Усе займаліся сабой ці сваімі спадарожнікамі. А ў мястэчку заўтра ж папаўзуць чуткі і абвінавацяць невядома ў чым…

Святлана падыходзіла да пад’езда, калі зазвінеў тэлефон. Гэта Наташка правярала, ці сабралася: калі сабралася, то яе, Святлану, чакаюць, хай не затрымліваецца, таму што без яе ў рэстаран ніхто не ўвойдзе.

Яна хацела запярэчыць, сказаць, што не зможа прыйсці, што захварэла, але не паспела. Наташка хутка адключылася. Адтараторыла і знікла.

Святлана зноў накіравалася ў рэстаран. Наташка не падманула.

Калегі па працы, усяго восем чалавек, усе жанчыны, за выключэннем аднаго мужчыны-«трудавіка», штосьці весела абмяркоўвалі. «Трудавік» курыў убаку, таму Святлана не адразу яго заўважыла.

Наташка аслупянела, калі ўбачыла сяброўку, захоплена пляснула рукамі.

– Прыгажуня ты наша! – Падышла, пацалавала, як гераіня яе любімых серыялаў, чаго ніколі не дазваляла сабе на працы. І гэта зразумела. Школа ўсё-ткі.

– Шыкоўна выглядаеш! – далучыліся да Наташкі астатнія, а «трудавік» аж прысвіснуў.

Ніяк асабліва Святлана не апраналася і не фарбавалася. Зачасала валасы назад, падвяла цені, падрэтушавала вусны, апранула бручны касцюм, пад пінжак – белую шаўковую блузку і чырвоны мужчынскі гальштук, туфлі на высокім абцасе. Штосьці яшчэ? Так, капялюш, як і гальштук, мужчынскі. Ёй наогул мужчынскі гардэроб пасаваў, рабіў яе больш жаноцкай і цікавай, калі не сказаць, сексуальнай. Наташка выглядала не горш, ды і астатнія таксама.

«Трудавік» дакурыў і адчыніў дзверы ў рэстаран, ветліва запрашаючы жанчын увайсці першымі.

Зала была поўная. Сляпіла яркім святлом і аглушала музыкай і гучнымі галасамі. Дзве афіцыянткі ледзь паспявалі прымаць і выконваць замовы. Святлана мімаволі запынілася, але Наташка падпіхнула ззаду.

– Не дрэйф, сяброўка, – пракрычала на вуха, – сёння наш дзень, так давай адтапырымся на славу. Наш столік вунь ён, пусты ля акна. Я яго замовіла яшчэ ўчора.

Заахвочаная словамі Наташкі і іншых, Святлана хутка апынулася за столікам і ўжо гартала меню. Наташка меню вырвала з яе рук і сказала, што ўсё даўно замоўлена і не трэба перанапружваць мозг.

Афіцыянткі па чарзе прынеслі гарэлку, таматавы сок, фруктовае асарці, адбіўныя, некалькі відаў салаты, шакалад, віно. Віно, зрэшты, ніхто не захацеў, і яго панеслі назад.

Па першай выпілі за прафесійнае свята, потым за сябровак, потым за каханне, а затым перад столікам з’явіўся малады чалавек і ветліва запрасіў Святлану на танец, якраз гучала павольная кампазіцыя.

Спачатку яна не зразумела, што трэба было гэтаму хлопчыку, чужому і незнаёмаму. Ніколі раней яго не бачыла. Наташка пракрычала на вуха, што Святлану клічуць танчыць.

– Але ж ніхто не танчыць, – разгубілася Святлана.

– Ніхто, – пагадзілася Наташка, абвёўшы поглядам памяшканне. – Ніхто, – утаропілася на маладога чалавека.

– Мы будзем першымі, – працягнуў той руку Святлане, і ёй раптам так захацелася даверыцца яго руцэ, адчуць яе дотык, але зрабіла зусім іншае.

– Навошта? – спытала яна.

– Затым, каб не паўтараць, – прамовіў малады чалавек, ахінаючы аксамітам свайго голасу, нібы спавіваючы ў шоўк усю існасць жанчыны, якая памірала ад адзіноты, – за іншымі, якім таксама можа прыйсці ў галаву выйсці танцаваць.

– Вы ўпэўнены? – нерашуча вагалася яшчэ Святлана, але шалёна жадала, каб гэты хлопчык настаяў на сваім.

– Абсалютна, – малады чалавек не расчараваў яе.

– А мяне тут усе ведаюць, – працягвала пярэчыць Святлана, супраціўляючыся, хутчэй, самой сабе, бо не чакала, што здольная, хоць у глыбіні душы была ўпэўнена, напляваць на прыстойнасць і гадамі выпрацаванае становішча ў грамадстве. – А вас не ведаю я.

– Вось і пазнаёмімся, – не сыходзіў малады чалавек.

– Вы так думаеце? Вам гэта трэба?

– Светка, ты чаго? – ушчыкнула яе Наташка. – Потым жа шкадаваць будзеш! А лепш пашкадаваць пра зробленае, чым пра не зробленае. Ты глядзі, які хлопчык!..

– Праўда твая, менавіта хлопчык! – адказала Святлана сяброўцы. – Ён аднагодак майго сына!..

– Ну і што!

– Як ну і што?

– Урэшце, гэта проста танец!

– Ну так, ты маеш рацыю.

З веліччу каралевы Святлана ўклала ў руку маладога чалавека сваю далонь і выйшла з-за стала. Ён тут жа прыцягнуў яе да сябе, упэўнена паклаў адну руку на стан, другою гэтак жа ўпэўнена кіраваў целам Святланы і танцам.

Яны не размаўлялі. Уважліва глядзелі адно аднаму ў вочы. У яго яны былі зялёныя, напоўненыя глыбінёй лесу, у якім лёгка заблукаць, і з нейкай самоцінкай, якая сведчыла пра штосьці вельмі моцна перажытае. Высокі лоб, рымскі нос, ледзь прыкметны шнар на брыве, ярка акрэсленыя выразныя губы, ямачка на падбародку, зачасаныя назад чорныя валасы сярэдняй даўжыні дапаўнялі партрэт. Моцныя рукі, без ніякіх дрыжыкаў ад хвалявання, хоць заўважна, што хваляваўся. Яго дыханне п’яніла, позірк засмоктваў у сябе. Святлана адчувала галавакружэнне, але не адводзіла вачэй ад яго.

Музыка спынілася.

Святлана быццам адарвалася ад чагосьці надзейнага і дужага, павісла на адной руцэ над прорвай, ледзь утрымліваючыся слізгаючымі пальцамі па вяроўцы, і разгублена аглядалася. Прысутныя ў рэстаране, усе як адзін, дружна апладзіравалі ёй, як акторцы ў тэатры. Заўтра пра гэты танец будзе ведаць увесь горад. Злавіўшы гэтую думку і ўчапіўшыся за яе, як за выратавальны круг у моры, Святлана імкліва вярнулася за столік, не дазволіўшы маладому чалавеку праводзіць яе. Ён таксама вярнуўся да сваіх.

Яна папрасіла наліць ёй выпіць і залпам асушыла чарку гарэлкі, затым падзялілася асцярогамі з сяброўкай.

– Што ты за глупства гародзіш, – супакоіла яе Наташка. – Ну і хай ведаюць. Няхай зайздросцяць, што ў тваім узросце яшчэ можна ох як падабацца! Прабач, канешне.

– Ты думаеш, ён яшчэ падыдзе да мяне? – спыталася Святлана.

– Што я чую?! – шчыра здзівілася Наташка. – Ты ж ісці не хацела! – нагадала, але, убачыўшы, як нахмурылася сяброўка, паспяшалася падсаладзіць пілюлю. – Зразумела, падыдзе. Нездарма ж з усіх абраў цябе!

– Вось гэта і дзіўна, – задумалася Святлана. – Гэтулькі маладзенькіх вакол, а ён мяне запрасіў…

– Нічога дзіўнага, – паціснула плячыма Наташка. – Вытанчаная натура мастака беспамылкова разгледзела сапраўднае сярод падробак.

– Што ты такое кажаш?! Якіх падробак? – не зразумела Святлана, а потым, нібы апамятаўшыся, прамовіла: – Пачакай, пачакай, ты што, хіба ведаеш яго?..

– Ну, так, ведаю, – неахвотна адказала Наташка. – Ён у Доме культуры працуе рэжысёрам. Прыслалі па размеркаванні пасля ўнівера. Творчы чалавек, між іншым. Так што невыпадкова ён да цябе падышоў. Ты ж прыгажуня. Да мяне вось ніхто не падыходзіць.

– Наташа… – пагладзіла сяброўку па галоўцы, як маленькую, Святлана.

– Ды жартую я, – усміхнулася Наташка, – хутка ад ахвотнікаў адбою не будзе.

Нібы ў пацверджанне яе слоў, да століка падышоў нейкі мужчына і выцягнуў Наташку, як рыбку з сажалкі, са свістам, на сярэдзіну залы. Святлана танчыць не пайшла, не любіла дрыгацца пад незразумелыя «тыц-тыц-тыц». Яна зняла пінжак, бо зрабілася горача, і павесіла яго на спінку крэсла, запраўленую ў штаны блузку адпусціла навыпуск, гальштук сарвала і засунула ва ўнутраную кішэню пінжака, некалькі верхніх гузікаў на блузцы расшпіліла: стала лягчэй.

Святлана сядзела за столікам адна. Яе спадарожніцы танчылі ў паўколе, «трудавік» сышоў курыць на паветра. Вачамі яна шукала маладога чалавека, з якім танчыла, але знайсці не змагла. Дзіўнае пачуццё закралася ў душу жанчыне. Ёй было крыўдна за сябе. За тое, што засталася адна, калі іншыя весяліліся. Так, яна не любіла хуткія рытмы і эпілептычнае торганне пад іх, але ён мог хаця б для выгляду запрасіць… Якая лухта… Пра што яна думае? Ды ён падышоў да яе, хутчэй за ўсё, з ветлівасці ці паспрачаўшыся з кімсьці на яе, або Наташка загадзя папрасіла, бо знаёмая з ім ужо… Так, безумоўна, гэта Наташчыных рук справа.

– Не перашкоджу? – раптам пачула над самым вухам аксамітавы барытон Святлана.

– Што? – быццам спалохалася чагосьці, знізу ўгару (малады чалавек схіліўся над ёй, абапіраючыся адной рукой аб стол, іншай трымаўся за спінку яе крэсла) паглядзела яна, але імгненна заўважыла позірк суразмоўцы, накіраваны ў выраз яе блузкі. Грудзі ўсё-ткі выглядалі «апетытна» і яшчэ маглі зводзіць з розуму нават такіх юных прадстаўнікоў мужчынскай паловы чалавецтва. – Прабачце, – усміхнулася Святлана і рукой паказала, што той можа сесці насупраць, усё адно пакуль нікога няма.

– Міхал маё імя, – сказаў малады чалавек, як толькі зручна размясціўся на крэсле. – А вы?

– Святлана, – адказала жанчына.

– Можа быць, вып’ем на брудэршафт, – прапанаваў Міхал, – і пяройдзем на «ты»?

– Навошта? – неахвотна супраціўлялася Святлана, дакараючы сябе ў душы за гэта. Ёй так не хапала ўвагі, падтрымкі, кахання, нарэшце. Міхал на яе глядзеў з такім замілаваннем і такім кранаючым поглядам, так гарнуў да сябе, але ён быў такі малады!..

– Затым, што вы вельмі прыгожая, – прамовіў Міхал. – Гэтым вы мяне і бянтэжыце. Мне ніколі не падняцца да вас, якіх бы высілкаў я не выкарыстоўваў. Толькі вы можаце падняць мяне да свайго ўзроўню. Памятаеце, што «толькі прыгажосць выратуе свет?»

– А мой узрост не бянтэжыць ніяк? – вырвалася з грудзей Святланы. Яна ведала наперад, што ён адкажа, бо мужчына ж не зняважыць жанчыну, але жадала пачуць добрыя словы ў свой адрас. Вельмі даўно ёй ніхто не казаў, як яна добра выглядае.

– Пры чым тут ваш узрост? – усміхнуўся Міхал. – У прыгажосці ўзросту няма. Яна вечная. А ведаеце, як парой хочацца далучыцца да вечнасці?..

Ён узяў дзве чаркі і паставіў іх побач, напоўніў гарэлкай да паловы, адну чарку працягнуў Святлане, з другой у руцэ перасеў да жанчыны бліжэй.

Яны выпілі. На брудэршафт. Сваю і яе чаркі ён паставіў на стол, падсунуўся яшчэ бліжэй, адной рукой абняў Святлану за плечы, другой – узяў яе твар і ўтрымліваў, пакуль працягваўся пацалунак, на здзіўленне салодкі і сакавіты. Магчыма, Святлане пацалунак здаўся такім таму, што даўно ні з кім не цалавалася. Яна нават заплюшчыла вочы ад задавальнення, але адхілілася першая.

– Ну, вось, – сказала затым, – вы… ты… і далучыўся да вечнасці.

Міхал усміхнуўся, але так, нібы баяўся расціснуць рот, штосьці ўтойваючы.

Загучала павольная мелодыя.

Міхал працягнуў Святлане руку, запрашаючы паўтарыць танец.

Яны зноў выйшлі на сярэдзіну залы, але ўжо не адны. Наведвальнікі рэстарана разбіваліся па парах і таксама выходзілі, каб топчучыся на месцы, робячы выгляд, што танчаць, паспець за некалькі хвілін нацешыцца бачнасцю інтыму, які, магчыма, больш ніколі не паўторыцца.

Міхал паклаў абедзве рукі Святланы сабе на плечы, свае ж рукі скрыжаваў на яе стане, але ненадоўга: хутка яны асцярожна, але ўпэўнена паплылі па яе спіне, паслабляючы цела, што даверліва тулілася да цела процілеглай асобы. Вусны Святланы самі па сабе выбухнулі пацалункамі. Вар’яцтва доўжылася роўна гэтулькі, колькі гучала кампазіцыя. Як толькі яна скончылася, Святлана паспешна адвярнулася, адпіхнуўшы Міхала, і села за столік. Сядзела нядоўга, раптам пачала збірацца дадому. Наташка адгаворвала, але Святлана не паддалася. Яна баялася саму сябе. Спалохалася, як дзіця. Страх павінен прайсці, калі яна апынецца ў бяспецы, а менавіта дома. Там Святлана супакоіцца і прагоніць страх. Імклівай хадой яна вырвалася, як з пекла, ад сцен рэстарана на вуліцу, нібы ў рай, і захлынулася яго паветрам.

Міхал дагнаў яе на паўдарозе да ейнага дому. Схапіў за руку, павярнуў да сябе тварам. Яна вырвалася, кінулася бегма падалей ад яго, як ад д’ябла, каб хутчэй схавацца за выратавальнымі дзвярыма пад’езда. На дзвярах код, ён не зможа да яе дабрацца.

Цёмна-сінюю прастору ночы асвятлялі зоркі і вулічныя ліхтары. Цені Святланы і Міхала велізарнымі сілуэтамі расплываліся па сценах дамоў.

На высокіх абцасах было цяжка бегчы, таму Міхал не адставаў ні на крок. Ён даўно ўжо мог дагнаць Святлану і расправіцца з ёй, але яму прыносіла задавальненне гульня з ёю, ён жа яшчэ хлопчык зусім.

Міхал прыціснуў яе да пад’ездных дзвярэй, упёршыся ў дзверы аберуч, нібы заслупаваў яе. Яны абодва лавілі паветра, спраўляючыся з дыханнем, быццам спартоўцы на фінішы пасля марафона.

– Не падыходзь, – першаю выціснула з сябе Святлана.

– Куды? – прахрыпеў Міхал.

– Да мяне, – выдыхнула жанчына.

– Я ўжо ў цябе, – прамовіў больш спакойна Міхал.

– І што далей?

– Усё.

– Ты ж зусім хлопчык. Навошта я табе?

– Мне дваццаць сем гадоў. А ты вельмі падобная на Шэран Стоўн. Я ніколі не бачыў такіх прыгожых жанчын, як ты, толькі ў кіно.

– Ты перабольшваеш.

– А ты камплексуеш.

– У мяне сын твайго ўзросту.

– Бывае.

– Дурань…

Яна абвіла яго шыю рукамі, прыпадняўшыся на дыбачкі, каб быць з ім на адным узроўні, як ён і жадаў, каб не ён нахіляўся да яе, а яна паднімалася да яго.

Іх вусны зноў сустрэліся.

Рука Міхала запаўзла пад блузку Святланы. Яна задыхалася ад пяшчоты і жадання.

І раптам ён яе адпусціў.

– Штосьці не так? – занепакоена зазірала ў вочы Міхала Святлана, нічога не разумеючы.

– Табе падабаецца шоўк? – чамусьці спытаўся ён.

– З чаго ты ўзяў? – усё яшчэ нічога не разумела Святлана. – Ды і пры чым шоўк наогул?

– На табе шаўковая блузка, – прамовіў Міхал.

– Ну, так, – не адмаўлялася Святлана. – І што?

– Значыць, табе падабаецца шоўк? – стаяў на сваім Міхал.

– Не, не падабаецца, – прагучаў следам адказ. – Блузку я апранула па выпадку. Ды што я апраўдваюся перад табой, – злавіла Святлана сябе на думцы, што паводзіць сябе з гэтым хлопчыкам, як школьніца ля дошкі.

– Я табе патэлефаную, – кінуў Міхал, развярнуўся і сышоў.

– Стой! – тупнула ножкай Святлана ў роспачы. – Куды пайшоў?..

Міхал, не абарочваючыся, памахаў ёй рукой на развітанне.

– Вар’яцтва нейкае! – сказала Святлана сама сабе і зайшла ў пад’езд.

Нядзеля пачалася з сонца, якое нахабнымі прамянямі, нібы пальцамі, спрабавала адкрыць Святлане вочы. Сонца не разумела, што, спрабуючы дапамагчы прачнуцца, рабіла толькі горш і выклікала ў свой адрас не радасную ўсмешку, як звычайна, а глухую нянавісць. Сваёй прысутнасцю яно раздражняла і ўзмацняла галаўны боль, ад якога Святлана не ведала, куды дзецца. Яна то хавалася з галавой пад коўдру, то засоўвала галаву пад падушку, то галавой клалася туды, дзе раней былі ногі, спрабуючы пазбавіцца ад нясцерпнага болю і ўсюдыіснага сонца, якое, здавалася, забаўлялася сітуацыяй, як дзіця. Урэшце прымусіла сябе ўстаць і, растрапаная, зашлёпала да акна і завесіла яго, адгарадзіўшы сябе такім чынам ад сонца. Боль быццам бы прыціх. Затое перасохла ў роце. Святлана прайшла на кухню, адкрыла кран з вадой. Ніколі вада не здавалася такой смачнай. Здаволіўшы смагу, яна вырашыла прыняць кантрасны душ, пасля чаго, абвязаўшы галаву ручніком у выглядзе цюрбана, улезла ў махровы халат, уключыла тэлевізар і села на канапу перад ім, адкінуўшыся на спінку.

Адразу ж успомніўся Міхал. Яго гарачыя губы. Іх дотык дагэтуль трымаўся на ёй, нібы казачны пылок. Святлана адчувала смак пацалункаў і сілу рук, хоць з выгляду Міхал не паходзіў на атлета. Досыць худы, нават кашчавы, але такі мілы і абаяльны, з такімі кранальнымі адтапыранымі вушамі, якія хаваў пад валасамі, адмыслова робячы начос на іх. Можна сказаць, прыгожы малады чалавек пакінуў сябе на ёй ашаламляльным успамінам. Так, вось яно, дакладнае слова, якое тлумачыць усё, што адбылося ўчора. Ашаламленне. Ва ўсім вінаваты алкаголь. Не спажыві яго, нічога не было б. Ды нічога і не было. Танцы і пара пацалункаў яшчэ нічога не значаць. І добра, што ён сышоў. Праспіцца, падумае і забудзецца. Навошта яму ўспамінаць Святлану? Яна бабулька для яго. Так, захапіўся для выгляду ці, хутчэй за ўсё, паспрачаўся з прыяцелямі, што зніме яе за колькі хвілін, плёвая справа. Хутчэй за ўсё, з яго-та знешнасцю. Любая дзяўчынка не ўстаяла б, не тое што Святлана. Тут ніякі жыццёвы досвед не выратуе, і ніякія бастыёны не ўтрымаюцца, калі на цябе зважае малады і прыгожы мужчына. Ні на каго-небудзь з тваёй кампаніі, а на цябе адну. Гэта, вядома, усцешвае і прыемна казыча самалюбства. Значыць… значыць, штосьці не хочацца думаць і верыць у нейкую асабістую яго выгаду. Не дзяўчынка ж. Так проста хлопцы не будуць ліпнуць. Але што было ў яе такога, на што можна паквапіцца? Муж не алігарх, ды і няма ніякага мужа, грошай трохі, машыны няма і не прадбачыцца. Хіба што кватэра? Але навошта Міхалу кватэра ў мястэчку, калі ён адбывае тут павіннасць і наўрад ці застанецца пасля абавязковай адпрацоўкі? Пытанне. І пытанне слушнае. Не можа ж быць сапраўды, што яго прывабілі яе хароствы! Хоць было б нядрэнна, калі так. Але ж ён сышоў. Нават не развітаўся як след, махнуў рукой і не азірнуўся. Штосьці яму не спадабалася. Увесь імпэт прапаў, як толькі яна штосьці сказала, штосьці адказала яму. Што? Успамінай. Так, ён спытаў, ці падабаецца ёй шоўк? І яна адказала адмоўна, пакрыўдзіўшы сваім адказам. Мужчыны ж, як дзеці, а гэты і ёсць хлопчык. Калі яму падабаецца шоўк, значыць, ён жадае, каб яго выбранніца спакушала яго шаўковымі ўборамі, шоўк яго ўзбуджае. Але ёй, Святлане, шоўк не падабаўся. Наогул не выклікала даверу гэтая тканіна, слізкая, халодная і гідкая. Значыць, з Міхалам у іх нічога не атрымаецца. Можа, гэта і да лепшага. Не ў яе ўзросце зноў акунацца ў свет узрушэнняў і адкрыццяў, хоць і варта было б. Але ён зусім хлопчык!..

Святлана ўспомніла, што Міхал абяцаў патэлефанаваць, але пасля ўсіх высноў вырашыла, што наўрад ці патэлефануе. Ён пачуў тое, чаго не чакаў пачуць. А сілком свае захапленні іншаму чалавеку не прышчэпіш, як прышчэпку. Усё скончылася, так і не пачаўшыся. І дзякуй Богу! Святлана ўздыхнула з палёгкай. Прыгледзелася і прыслухалася да таго, што адбывалася на экране. У галаве яснела. З разважаннямі і атрыманымі высновамі сышоў і боль.

Па тэлевізары ішоў нейкі ранішні канцэрт. Напаўголыя дзяўчынкі пішчалі штосьці пра вечнае каханне, але не ў будане, а ў шыкоўным асабняку на Рублёўцы.

Зазвінеў тэлефон.

Святлана здрыганулася. Так хутка?

Нерашуча падышла да тэлефона, але трубку не паднімала. Што яна яму скажа? А тэлефон не пераставаў патрабаваць, каб на яго звярнулі ўвагу. Навошта ён тэлефануе? Усё ж ужо высветлілася!..

Маючы намер сказаць, каб Міхал не тэлефанаваў больш ёй, Святлана рэзка падняла трубку, але яе апярэдзіў голас Наташкі Цыбульскай.

– Слухай, да цябе, як у Смольны, не прабіцца! – пакрыўджана выдала сяброўка.

– А, гэты ты, – расчаравана вымавіла Святлана.

– А ты каго чакала? – абурылася Наташка. – Прынца, ці што?

– Ды не, нікога, – адказала Святлана. – Спала я проста…

– Я цябе пабудзіла? – заінтрыгавана спытала сяброўка. – А з кім спала? – хітра пацікавілася.

– Ды ні з кім, адна, – уздыхнула Святлана.

– А што так цяжка ўздыхаеш? З кімсьці хацела? Ці не з Мішкам з Дома культуры?.. Што, не захацеў застацца?..

– Я і не запрашала. Ды і навошта я яму?

– Памыляешся, сяброўка. Ты б бачыла, як ён на цябе пазіраў!.. – заўважыла Наташка.

– Ды бачыла я.

– Што ты бачыла? З боку лепш відаць. Кажу табе, запаў ён на цябе!

– Адзін раз убачыўшы? – сумнявалася Святлана.

– Ды не адзін, – запярэчыла Наташка. – Ён цябе дзесьці бачыў у горадзе, зацікавіўся, стаў даведвацца пра цябе, збіраць інфармацыю. У хлопца відавочна сур’ёзныя намеры.

– Ты адкуль ведаеш? – прыслухалася Святлана.

– Ды братачка мой у іхнім Доме культуры за пультам сядзіць, – тлумачыла Наташка. – Дык вось ён з Мішкам таварышуе. Ён мне і распавядаў, што новы рэжысёр табой цікавіцца. А тут і выпадак прыпаў пазнаёміцца.

– Я так і ведала, – усклікнула Святлана, – што гэта тваіх рук справа!

– А што я такога зрабіла? Падарыла надзею на кавалачак шчасця?..

– Хто цябе прасіў?

– Ды добра, Свет, прыгожы хлопчык, па вушы ў цябе закаханы…

– Да-су-стрэ-чы! – па складах раптам прамовіла Святлана і паклала трубку.

Не, яна не злавала на Наташку. Яна нават была ўдзячная ёй. Але лішні раз паставіць сяброўку на месца не зашкодзіла б.

Святлана ўзрадавалася, пачуўшы новую інфармацыю, але што з гэтым зараз рабіць, не ведала. Міхал, безумоўна, падабаўся ёй. Дзіва што, малады, прыгожы, напэўна, разумны, а галоўнае, чужы, не стаўбцоўскі, не сапсаваны гэтым гарадком, не засмокчаны, як у балота, у гэтае мястэчка. У яго былі перспектывы і будучыня, у адрозненне ад Святланы. Што яна магла даць яму? Колькі яшчэ пратрымаецца яе прыгажосць? Максімум гадоў дзесяць, у лепшым выпадку, а то і менш. Акрамя прыгажосці, чым яшчэ ўтрымаць мужчыну? Сексам, адмысловымі стравамі, уласным розумам? Ні ў адным, ні ў іншым, ні ў трэцім Святлана не вылучалася, як ёй здавалася. Першы сексуальны вопыт яна прыдбала, калі была студэнткай, але потым у яе жыцці ад разу да разу сексу станавілася ўсё менш і менш, пакуль ён зусім не знік. Гатаваць жанчына ўмела, але не любіла нават для дарагога чалавека. Ад прачытаных жа кніг розуму не дадалося, ды і не дапамагаюць кніжныя праўды ў жыцці. Хоць многія мужчыны ў мястэчку лічылі Святлану разумнай жанчынай, таму не асабліва настойвалі ў заляцаннях да яе, ды і яна нічога не рабіла для таго, каб адносіны, хоць якія-небудзь, пачаліся. Яна не выказвала да іх ні павагі, ні цікавасці, лічыла, магчыма, памылкова, што ўсе яны падобныя на яе былога мужа. Міхал – другое. Ён паўстаў, нібы з іншага свету. Нібы падгадаў сваё з’яўленне, якраз своечасова, у той момант, калі Святлана саспела для новых адносін, па яе ўяўленні. Ён увасабляў тое, што яна калісьці любіла і чым захаплялася.

Малюючы ў фантазіях свае ўзаемаадносіны з Міхалам, Святлана забывалася і паглыблялася вельмі далёка, як у непраходныя джунглі. Спыняючы сябе, яна пераконвалася, што джунглі непраходныя, але гэтая акалічнасць толькі ўзбуджала, і яна зноў кідалася, як утрапёная, у летуценні, не думаючы пра тое, што ў Міхала могуць быць зусім іншыя планы. Але ж ён абяцаў патэлефанаваць, значыць, патэлефануе. Наташка пераканала Святлану, што яна не абыякавая хлопчыку, значыць, трэба рыхтавацца, каб не даць ніводнай нагоды ўсумніцца яму ў правільнасці свайго выбару. Трэба паслаць куды падалей свой жыццёвы досвед і слухаць Міхала. Мужчынам гэта падабаецца. Атуліць яго клопатам і ласкай, хоць бы на першую пару. Не выключана, што ён толькі-толькі адарваўся ад мамкі і жыць адзін не прывык. Прыйдзецца здзіўляць гатаваннем. Чым ён сілкуецца хоць? Напэўна, крамнымі пельменямі ды сталоўскімі катлетамі. Хатняя кухня павінна яму спадабацца. Для гэтага, натуральна, трэба пастарацца.

А чаму ён дагэтуль не патэлефанаваў?..

Працверажэнне на нейкі час адцягнула Святлану ад летуценняў. Не ў яе ўзросце будаваць паветраныя замкі і замкі з пяску. Ненадзейныя будынкі. Адныя лёгка ветрам садзьмуць, іншыя – дажджом размыць ці штурхялём разбурыць. Усё вырашыць званок Міхала. Калі ён патэлефануе. У апошнім Святлана ўжо сумнявалася. Цэлы дзень думала пра яго. Ён павінен быў адчуць, але званка ўсё не было. Святлана забылася і паесці, і папіць за цэлы дзень, не ўлічваючы раніцы, яна і заснула, стаміўшыся ад чакання невядома чаго і ад уласных думак, у абдымку з тэлефонам. А калі ён зазваніў, спачатку, спрасонку, не паверыла, што гэта тэлефон. Гадзіннік паказваў роўна поўнач.

– Алё, – сонна выціснула з сябе Святлана ў трубку. У адказ жа пачула вершы:

 
Ночь и ветер – за туманом —
Словно люди, треплют чувства,
И щекочет нерв обманно
Лживое киноискусство.
Я тебе открою тайну,
Если ты захочешь слушать…
Мы с тобою не случайно,
Не случайно, все нарушив
Предрассудки и законы
На волне нежданной встречи,
Написали, как икону,
Этот наш волшебный вечер.
Ничего не говори мне
О проблемах и о планах.
Этой самой говорильней
Подметать полы устал я.
Я тебе открою душу,
Словно губы поцелуем,
Только ты меня послушай,
И с тобой мы завоюем
Королевство сложных таинств,
Недопетое поэтом.
Это ведь такая малость —
Говорить с тобой об этом…
 

Святлана спачатку не магла зразумець, што яна чуе і хто нашэптвае з прыемнай хрыпатасцю ёй на вуха такія прыгожыя словы. Яна наогул думала, што ўсё гэта толькі сніцца.

Але, чым далей услухоўвалася, тым больш Святлана пазнавала яго тэмбр і характар. Задаволена ўсміхнуўшыся, зразумела, што гаспадар голасу Міхал і што, як абяцаў, ён патэлефанаваў, а яна дачакалася, ды яшчэ была ўзнагароджана прызнаннем сваёй значнасці ў паэтычнай форме.

– Вельмі хораша! – эфектна прамовіла яна ў трубку, калі Міхал прачытаў увесь верш. – Сам напісаў?

– Сам, – пачула ў адказ.

– І што будзем з гэтым рабіць? – таямніча прашаптала, з прыдыханнем.

– Вершы твае, – прамовіў Міхал, – што хочаш, тое і рабі.

– Ты напішаш мне іх на асобным аркушыку, – папрасіла Святлана. – Але я не пра тое. Што будзем рабіць наогул?

– Трэба сустрэцца дзе-небудзь, сам-насам, – прапанаваў Міхал. Голас яго дрыжаў. Чулася, што ён хваляваўся. Святлана ж была спакойная як ніколі. Яна ўвесь дзень прысвяціла дабрабыту будучых адносін з Міхалам і разлічыла ўсе хады наперад, таму паводзіла сябе з ім упэўнена і бескампрамісна, чапляючы, як рыбку, на гаплік, каб не сарвалася. Яна выдатна ўсвядоміла той факт, што прыгажосць завяне, як любая самая шыкоўная ружа, і, аднойчы знікнуўшы, не вернецца, як якая кошка, нюхам выявіўшы дарогу. Губляць момант не было сэнсу. Калі яшчэ на яе зверне ўвагу які-небудзь хлопчык?

– Табе гэта трэба? – усё-ткі спрабавала быць сумленнай, як з сабой, так і з Міхалам. – Колькі табе гадоў? Вакол так шмат дзяўчат, навошта я?

– Я ўжо казаў. Ты вельмі прыгожая жанчына, – сказаў Міхал. – І вельмі падобная на Шэран Стоўн. А гэтая акторка – ідэал для мяне. Убачыўшы цябе, я вельмі здзівіўся. Падумаў, што Шэран Стоўн прыехала да кагось у госці з Галівуда…


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации