Электронная библиотека » Мікола Адам » » онлайн чтение - страница 1

Текст книги "Шоўк (зборнік)"


  • Текст добавлен: 13 ноября 2018, 15:20


Автор книги: Мікола Адам


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 1 (всего у книги 21 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Мікола Адам
Шоўк

© Адам М. М., 2013

© УП «Мастацкая літаратура», 2013

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Насця
Аповесць

1

«Восень летась выдалася на дзіва цёплай. Ужо лістапад, а снегам і не патыхае. Не бяда, што дрэвы стаяць голыя, а заміж снежных гурбаў – дываны з апалага лісця, затое цёпла – +11 на тэрмометры. Гэта і добра для тых, хто любіць гуляць да позняй ночы, пацалунак не замярзае, бы вада ў студні, дый словы не злятаюць з-пад носа саплівымі ледзяшамі і не разбіваюцца на шматлікія шарыкі аб брук. Наадварот, пацалункі прыляпляюцца да вуснаў жуйкамі, а словы чуюцца суцэльнымі арыямі і рассыпаюцца перхаццю на вушы наіўных дзяўчатак, якіх і дубцом дамоў не загоніш, таму што канікулы ў школе і хочацца за тыдзень нагуляцца. Здавалася, што людзей пабольшала з аб’яўленага дня канікул, падлеткі сустракаліся літаральна паўсюль. Вось і дзве дзяўчынкі чатырнаццаці гадоў ехалі са мной разам апошняй электрычкай на Стоўбцы. Я не заўважыў, калі яны падселі. Бо закімарыў, а вочы расплюшчыў, як пачуў іх галасы. Яны размаўлялі пра спявачку Земфіру. Адна дзяўчынка сядзела побач са мной, другая – насупраць. Абедзве былі бландзінкамі з яшчэ чыстым без слядоў пераходнага ўзросту на твары ўспрыняццем свету, і мне раптам захацелася забрудзіць іх свет, апляваць і растаптаць нагамі, як клумбу з прыгожымі кветкамі. Нібы прачытаўшы мае думкі і напалохаўшыся імі, дзяўчына, што насупраць, прапанавала той, што сядзела побач са мной, перасесці да яе. Я сціснуў кулакі, загадваючы ў думках застацца ёй на месцы. Дзяўчына не зварухнулася. Я выцер рукавом кропелькі поту з ілба, а затым рука мая раптам лягла на ейную джынсавую каленку.

– Тс-с! – прыклаў я палец да сваіх губ, каб дзяўчаты маўчалі, але яны і без майго папярэджання не маглі прамовіць і слова. Тая, што сядзела насупраць, увогуле, нібыта дар мовы страціла, толькі жвавыя вочы, бы на шарнірах, цікаўна і з жудасцю сачылі за тым, што адбываецца.

Вочы маёй апаненткі мне не падабаліся. Яны нагадвалі восень, прынамсі, апалае лісце, якога станавілася шкада, а шкадаваць мне нікога не хацелася, і мая рука паднялася вышэй. Дзяўчына сядзела ні жывая ні мёртвая, баючыся паварушыцца, па ўсім відаць, упэўненая, што я маньяк і збіраюся разарваць яе на кавалкі. Я паволі прыняў руку і ўсміхнуўся дзяўчатам, намагаючыся нарадзіць на твары галівудскую ўсмешку, нейкім шостым пачуццём адчуваючы, як дзяўчына, што насупраць, злосна зайздросціць сваёй сяброўцы.

– Навошта?.. – выціскае з сябе ўладальніца восеньскіх вачэй, пазіраючы на мяне.

– Навошта што? – працягваю я ўсміхацца, усё яшчэ спадзеючыся, што падобны на Тома Круза.

– Вы – маньяк? – пытаецца яна.

– Не, горш, – адмоўна хістаю галавой. – Я – беларускі пісьменнік.

Ім абедзвюм больш няма чаго казаць. Яны расчараваліся, што я толькі пажартаваў і не адбылося прыгодаў, пра якія маглі б потым распавесці сваім каляжанкам, маўляў, з жывым маньякам сустрэліся і ўсё такое…

Я падняўся і выйшаў у тамбур пакурыць.

Не паспеў падпаліць сваю «прыміну», як у тамбуры з’яўляецца дзяўчына з позіркам апалага лісця. Хоча нешта сказаць, але штосьці яе стрымлівае. Мажліва, дым, які я выдыхаю паўз ейны твар.

– Што здарылася? – вымаўляю я.

Дзяўчына маўчыць, відаць, баіцца фразы, прыліплай да нёба слінай ды яшчэ падпёртай языком.

– Ты хочаш кахання? – пытаюся я. Дзяўчына згодна хутка-хутка хітае галавой.

– У цябе ёсць хлопец? – дапытваюся.

– Так.

– Вось і звярніся з гэтай прапановай да свайго хлопца, – раю я. – Яму будзе прыемна быць першым.

Нейкая станцыя. Цягнік спыняецца. І я лячу ўніз галавой з тамбура на асфальтаваную сцежку. Удар ніжэй пояса з боку дзяўчыны атаясамліваў сабою своеасаблівую помсту за расчараванне. Я быў упэўнены, што ейны хлопец ніколі не падзеліць з ёю ложак. Хутчэй, яго сябры.

Цягнік крануўся. Праз хвіліну яго ўжо не было чуваць. Я ляжаў на халодным асфальце, і сілы пакідалі мяне разам з крывёй з пабітай галавы і дымам «прыміны», якую я па інерцыі яшчэ смактаў».

2

Калі я прачнуўся, Насці побач не назіралася. Пра яе прысутнасць нагадвалі толькі невялікія ўмяціны на пасцелі ды цяпло, якое яшчэ не паспела тонкім струменьчыкам, нібы дым, эміграваць у столь. Краёк коўдры з таго боку, дзе спала Насця, загнуўся, нагадваючы распячатаны паштовы канверт, адкрываючы чужому позірку далікатна складзеную бялізну і скамечаны абы-як, відаць, проста кінуты на пасцель, каб пасля прыбраць, халацік. Верагодна, што Насця паехала на заняткі, хаця, дзе дзяўчына вучылася, я не меў ніякага ўяўлення, што мяне балюча ўразіла: не спытаў пра самае галоўнае. Аднак – не страшна. Усё з часам можна выправіць. Я праглынуў набеглую сліну і ўтыркнуўся ў Насціна сподняе, удыхаючы самы патаемны ейны пах.

Пакуль не прыйдзе Насця, пакуль яна не вернецца адкуль-небудзь, таму што я не ведаў, дзе яна падзелася, каб хутчэй мінуў час чакання, я думаў напісаць сёе-тое. Паспеў націснуць толькі адну клавішу на камп’ютары, як на мяне абрынулася столь. Разам з крэслам, сталом і камп’ютарам мяне кінула ў чорнае прадонне, якое ўсмоктвала ў сябе кожную рэч па частках, смакуючы, расцягваючы задавальненне ежай, а я ежай быць не жадаў, ды нічога не мог зрабіць насуперак. Мяне ванітавала, галава расколвалася на запчасткі, нібы гадзіннік, кінуты вобзем. Я яшчэ паспеў набраць 103 і прамямліць адрас, калі прадонне ўхапіла мяне за ногі і пачало ўцягваць ў свой невычэрпных крыніц шлунак.

Ачомаўся ад моцнага гідкага болю ў патыліцы. Здавалася, што гіганцкіх памераў камар аблюбаваў маю галаву як неверагодную прысмаку і ўсадзіў свой танклявы меч у падатлівую вялую плоць, высмоктваючы па сістэме крупінкі мозгу. На самай справе, урач «хуткай дапамогі» ўвёў з дапамогай шпрыца ў мой мозг якісьці антыбіётык.

– Як вы прайшлі? – прамовіў я першую фразу, радуючыся, што магу гаварыць, углядаючыся ў кірпаты малады твар урача з вялікімі акулярамі на маленькім, што кнопка, носе. Сухія танклявыя губы, крыху прыкрытыя, як сарамлівая шлёндра, пледам мяккіх пшанічных вусоў, панура апушчаных да вугалка губ, ветліва і зычліва адказалі, што дзверы не былі замкнутымі, на шчасце, бо іх давялося б выбіваць, што і планавалася зрабіць, таму што на неаднаразовы званок у дзверы не заўважалася ніякая жыццёвая праява.

– Мы думалі, што вы проста п’яны, – дадаў другі, нізенькі, у параўнанні з першым і маладзейшым урачом, відаць, настаўнік стажора, з добрай сеткай маршчын, як пад вачыма, так і на лысеючым карычневым лобе. Тоўстыя губы матлялі ці перакочвалі, нібы хвалю, з вугла ў вугал запалку без сярнічкі. – Але, хоць алкаголь і прысутнічае ў крыві, не ён вінаваты ў вашым стане. Мяне зацікавіла ўмяціна з правага боку вашага чэрапа, умяціна цемянной косткі, прычым даволі мяккая.

– Там на самай справе дзірка, – прамовіў я, – а пад скурай – голы мозг.

– Тады ўсё зразумела, – старэйшы перамяніў адну нагу другой. Ён сядзеў у фатэлі побач з канапай, на якой ляжаў я і сядзеў урач маладзейшы.

– Што менавіта?

– Гэты выпадак страты прытомнасці ў вас першы ці паўтараецца неаднаразова?

Мая памяць зашалясцела, нібы кніга, шукаючы патрэбную старонку з патрэбным тэкстам. Такое ўжо было, прычым зусім нядаўна. Я ехаў у метро. Пад’язджаючы да апошняй станцыі, стаў адчуваць тое самае, што і перад тым сваім станам, пакуль прыехала «хуткая». Я не мог ісці, не тое што не мог, ногі не слухаліся, нібы іх зусім не было, галаву ці мозг свідравалі незразумелыя стрэлы болю і апатыі. Людзі, што праходзілі міма, здаваліся малюскамі, што вельмі павольна праплывалі праз ілюмінатар майго падводнага карабля. Апошняе, што я памятаў перад падзеннем, – моцны боль у патыліцы – вынік удару аб цэментаваную падлогу метро. Самае цікавае, што падаў я і ў першы, і ў другі раз на спіну, хоць цела хілілася ўперад.

Нейкія жанчыны і хлопцы, у якіх яшчэ засталася ў душы міласэрнасць, дапамаглі мне ачомацца, але ўсё адно стаяць, а тым больш ісці, я не мог. Двое маладых міліцыянтаў вельмі здзівіліся, што я цвярозы, а адна з жанчын, якая дапамагала мяне падымаць, аказалася ўрачом унутраных войск і паставіла першы дыягназ, пасля выклікала «хуткую»… Мне параілі не карыстацца метро з маёй траўмай, таму што пад зямлёй павышаецца ціск.

– Вам правільна параілі, – хітнуў, згаджаючыся, урач старэйшы.

– Я разумею, метро, – прамовіў я тады, – а прычым мая кватэра, ці мне і кватэрай перастаць карыстацца?

– Ну, навошта вы так? – усміхнуўся той самы ўрач. – Калі сур’ёзна, то часцей адчыняйце форткі. Прыступ паўтарыўся з-за цяжкага паветра, якім вы дыхаеце, атручанага да таго ж нікацінам.

– Мне кінуць курыць?

– Па-мойму, вас павінны былі папярэдзіць наконт цыгарэт і спіртнога яшчэ тады, калі выпісвалі з бальніцы пасля апрацоўкі раны… Тое, што вы працягваеце сваё, не прыслухоўваючыся да слушнай парады медыкаў, сведчыць не ў вашую карысць. Хто вы па прафесіі?

– Я пішу… ну… ведаеце…

– Што ж, – урач зморшчыў лоб, як бы задумаўшыся, – тады ўсё зразумела.

– Зразумела што? Гэта сказаў не я.

Трымаючы ў адной руцэ поліэтыленавы пакет з выявай бел-чырвонага пачка цыгарэт «Бонд», нечым напакаваны, у другой – зняты з пляча скураны рукзак, Насця ў расхрыстанай куртцы, у маёй фланэлевай сіняй у квадраты кашулі, з-пад якой вытыркаліся сопкі грудак без станіка, насцярожана пазірала ў вочы абодвух урачоў, якія разгублена пераміргваліся.

– Што зразумела? – паўтарыла Насця. Яна паставіла рэчы ля сценкі і прайшла ў пакой, села на другую канапу, не раскладзеную. Гузік на кашулі зверху расшпіліўся, агаліўшы белы выгін Насцінай шыйкі, акупаваны раскіданымі ветрам валасамі.

– Прабачце, а вы… – урач старэйшы прыўзняўся з фатэля.

– Гэта не мае значэння, – апярэдзіла яго Насця. – Растлумачце мне, што здарылася і чым усё можа скончыцца. Проста так, як я разумею, «хуткая дапамога» не ўламваецца ў кватэры.

– Вы ведалі пра хваробу вашага… вашага… – урач замуляў губамі і заёрзаў у фатэлі, нібы сядзеў на агні, не ведаючы, як мяне абазваць.

– …мужа. Задаволены? – выпаліла Насця.

– Гм, – варухнуліся бровы ўрача, і ёрзаць ён перастаў, – амаль задаволены. Дык вы ведалі пра хваробу вашага мужа? Пра траўму, атрыманую, відаць, некалькі год таму?

– Мы пазнаёміліся пазней.

– А сам ён вам нічога не распавядаў?

– Дарагі доктар, – прамовіў я, – пра маю траўму не ведаюць нават бацькі…

– Вельмі дрэнна ў такім разе, – адзначыў урач. – Вы дазволіце, – спытаў ён у мяне, – калі я паразмаўляю з вашай жонкай… гм… сам-насам?

– Калі ласка.

Мне было ўсё адно, як ён будзе з ёю размаўляць, таму што Насця ніколі не была маёй жонкай, і пра што будзе весціся размова. Бясспрэчна, размаўляць яны будуць пра мяне і размаўляць сур’ёзна, але я не адчуваў сябе хворым, каб надаваць нейкаму «вобмараку» значэнне.

Урачы з Насцяй шапталіся на кухні, а я ляжаў на канапе і глядзеў у столь, па якой поўзала першая муха. Верагодна, яна вылецела з акна пасля доўгага сну, і ёй цікава ўсё, што адбываецца вакол, як і мне было, калі я толькі нарадзіўся.

Вярнулася Насця, выправадзіўшы і падзякаваўшы за ўсё «хуткай дапамозе», трымаючы ў руцэ рэцэпт з лекамі. Села на канапу, скінуўшы куртку, побач са мной і правяла рукой па маіх валасах, як па галоўцы кінутага і забытага ўсімі шчаняці.

– Ты ведаў, што ў цябе неўроз? – строга запытала яна.

– А ты жорсткая, – адказаў я, злавіўшы ейную руку з доўгімі пазногцямі колеру марской вады, злёгку сціснуў яе, Насця прыкусіла ніжнюю губку.

– Ты нічога не ведаў? – не верыла яна.

– Не, – прамовіў я і, глыбока зацягнуўшыся паветрам, нібы добрым тытунём, адзначыў: – Мне вельмі хацелася жыць, Насця, таму я набраў 103. Павер, толькі на нумар тэлефона мяне і хапіла. Насамрэч я думаў, што памёр.

– Мне не трэба было пакідаць сёння цябе аднаго.

– Ты б нічога не змяніла.

– Напэўна, але была б побач.

– Ты ідэалістка, Насця.

Мы памаўчалі. Я бачыў, як Насці цяжка размаўляць са мной. Як яна шукае словы, якія б не паранілі мяне, як набрыньваюць ейныя вочы слязьмі і дрыжаць вусны, але плакаць не адважваецца і баіцца, шкадуючы мяне. Толькі шкадаваць мяне не трэба і адпяваць раней часу таксама. Я хацеў вымавіць гэтыя словы ўслых, але тым самым мог глыбока параніць Насцю і ў дадатак пакрыўдзіць, у выніку чаго адбудзецца вывяржэнне вулкана слёз. Ударыць мяне па твары за гэтыя словы Насця пасаромеецца, а таму зачыніцца ў ванным пакоі, сядзе на край ванны і заплача.

– Чаму ты не кінеш курыць? – спытала Насця.

– Навошта? Кафка не піў, не курыў, нават гарбату з кавай не ўжываў, але неўрозу не пазбавіўся.

– Божа мой! – ускрыкнула Насця, ледзь стрымліваючы слёзы. – Адам, ты не Кафка і ніколі ім не будзеш! Чаму ты ўвесь час параўноўваеш сябе з кімсьці?..

– Я не Кафка, Насця, – згадзіўся я, – толькі хвароба, якая падкасіла, у нас з ім аднолькавая.

– Трымай, – працягнула Насця мне рэцэпт, а сама маланкава выбегла з кватэры, на хаду апранаючы куртку.

А я заплакаў.

Біў кулакамі па спружынах канапы, замаскіраваных, як салдаты, пуфам і дэрмацінам, ад свайго бяссілля, і мне не было сорамна. Упершыню я не саромеўся сваіх слёз, палюбіўшы іх, як самога сябе.

Нібы апошні кляновы ліст, на жоўтым паркеце кватэрнай восені сіратліва ляжаў аркуш з рэцэптам маіх лекаў, які я выраніў з рук, і да яго нікому не было справы, таму што ў маю хваробу не верыў ніхто, акрамя Насці. І толькі па гэтай прычыне Насця не магла вытрываць паветра, нашпігаванае, як шампур – мясам, бальнічнымі пахамі, якія незалежна ад сябе пакінулі ўрач «хуткай дапамогі» з памочнікам. Яна выбегла на свежае паветра і атруцілася ім, яно ўдарыла па крыві, што сачылася з падрапанага аб дзверы мезенца, які смакталі пакусаныя з размытай слязьмі памадай, вусны.

3

Насця не затрымалася доўга. Вярнуўшыся, яна шпурнула ў мяне экстракт алоэ і шклопадобнае цела, нібы бомбу, разлічваючы, відаць, каб я ўзарваўся, быццам маскоўскія шматпавярховікі. Зараз гэта модна, падрываць дамы, гуляючы ў герояў і пакутнікаў, прыдушаных і спрасаваных маналітнымі плітамі, зажыва палаючых у агні і праклінаючых тэрарыстаў. Толькі Насця была падобна зусім не на тэрарыстку, хутчэй, на русалку. Яна русалкай і ўвайшла ў маё жыццё, дакладней, заплыла. Учора. Я затрымаўся з сябрамі, якія любяць выпіць і закусіць за чужы кошт, у бары ГУМа. Мы адзначалі свята 8 Сакавіка і перамену надвор’я, якое мокрай халадэчай і ветрам свята сапсавала. Прынамсі, нам было ўсё роўна, нават горача ва ўтульным памяшканні за круглым столікам у кутку ад надыханага перагарам паветра і гучных размоў пра мужчынскую салідарнасць і жаночую логіку, якую мы адмаўлялі цалкам, бо, па нашым разуменні, у жанчын не можа праяўляцца ніякая логіка, не тое, што жаночая. А з магнітафона, наўмысна ўключанага прыгожымі супрацоўніцамі бара, чулася: «В голове ни бум-бум, малолетка дура – дурой!»

Даганяцца я адмовіўся і паехаў дамоў. Першае, што мяне здзівіла, калі я адчыніў дзверы – пах. Гэта быў не мой пах, атручаны танным тытунём, паветра выпраменьвала водар апельсінавага соку, які мой арганізм не ўспрымаў і выпрацоўваў імунітэт у выглядзе алергіі. Я моцна чыхаў, каментуючы кожны чых, нібы мастацкі фільм з субтытрамі. Попельніца сустрэла мяне ідэальнай чысцінёй і ўсміхалася, як шчаслівая нявеста ў час шлюбу, калі была павінна трымаць на сабе трупы цыгарэт і попел, сустракаючы мяне гэтым, як хлебам-соллю. На маім любімым стале, побач з камп’ютарам, там, дзе павінен ляжаць непачаты пачак «Прымы», нібы дыстрофік, што звесіў ногі ў адпачынку, ляжала вільготная анучка, якой, як я разумеў, хтосьці выціраў пыл. Можа, у мяне завёўся ці завялася нейкая барабашка? А можа, я дапіўся да галюноў? Адзін мой сябар ужо ведае, што гэта такое, нават курс лячэння прайшоў у Навінках, толькі наўрад ці той курс дапамог невылечна хвораму чалавеку…

З ваннага пакоя пачуўся гук накшталт шуму вады з-пад крана. Можа, ужо канец свету? Марсіяне акупавалі Зямлю, пакуль я свята адзначаў у ГУМе? У добрых традыцыях галівудскага баевіка я падкрадаўся да дзвярэй ваннай, праз шчылінку якіх прасочвалася электрычнае святло, трымаючы ў выцягнутых руках уяўны пісталет Сцечкіна. Я адчуваў сябе Брусам Уілісам, Арнольдам Шварцэнегерам і Ван Дамам разам узятымі.

Крута распахнуўшы дзверы (дзіўна, але яны не былі замкнутымі на шпінгалет), я ўляцеў у пакой з настаўленым уяўным пісталетам на ўяўнага ворага, які па шыю сядзеў у ванне, поўнай гарачай вады і пены, і міла мне ўсміхаўся.

Я больш не адчуваў сябе галівудскім баевіком, я адчуваў сябе ідыётам, які стомлена абапёрся аб вушак і ўскудлачыў валасы ад неверагоднасці ўбачанага, таму што ў маёй ванне сядзела русалка і мылася маім шампунем.

– Здрасьце, – стомлена прамовіў я і раптам дадаў: – А што, мора ўжо асушылі?

– Што? – звонка рассмяялася русалка. Яна наліла цалюткую далонь шампуню, што нагадваў сыры жаўток, і змяшала яго са сваімі мокрымі доўгімі валасамі, якія мне падаліся тонкімі злоснымі пугамі.

– Я кажу, чаму вы не ў моры? – паўтарыў я. – Ці мора для вас такое вялікае, што вы абралі вось гэтае…

– Я нічога не чую, – данеслася да мяне. Яшчэ б! Цяпер русалка нагадвала сапраўднага марсіянскага прышэльца, у мыльных пухірах і ў пене, што нагадвала своеасаблівую скуру або вопратку. На некаторы час русалка знікла пад вадой, і я ўжо спалохаўся было, ці не ўтапілася яна? Русалка – русалкай, а ўсякае бывае, можа, яна развучылася плаваць ці яшчэ вучыцца, напрыклад, рыхтуецца здаваць іспыт на сапраўдную русалку ва ўніверсітэце? Хто ведае? Можа, яна русалка-студэнтка, таму што занадта яшчэ маладая. Цікава, у колькі гадоў ім выдаюць дыплом з дазволам працаваць русалкай? У прынцыпе, яны і без дыплома працуюць, дай божа!..

Так-так, зразумела. Дакладна, яна – студэнтка, а я – нешта накшталт фальклорнай практыкі. У яе заданне да іспыту – патапіць каго-небудзь з людзей. Вядома, зараз гэты працэс камп’ютарызаваны, але ж практыка ў яе фальклорная, яна любіць даўніну і хоча ўпэўніцца ў неўміручасці занятку продкаў. Толькі ў ванне цяжка ўтапіцца. Не, вядома, калі захочаш, можаш… а ці няма там другога дна, якое вядзе адразу ў акіян?..

Тут мяне папрасілі пакінуць памяшканне і зачыніць дзверы з таго боку. Я падпарадкаваўся без лішніх слоў, сам не ведаючы, чаму, разумеючы толькі адно: тапіць мяне не будуць, і, відаць, мая русалка – не студэнтка. А шкада.

Яна выйшла праз некалькі хвілін, на хаду выкручваючы, нібы мокрую, толькі што папаласканую бялізну, валасы. Але не хвост з залатой лускою трымаў яе раўнавагу, а стройныя прыгожыя чалавечыя ножкі з драпінкай, відаць, ад кашачых кіпцюроў, на левай каленцы, крыху ніжэй края блакітнага шаўковага халаціка, які павінен вісець у шафе на плечыках. Гэта рэч сястры, якую яна забылася ў спешцы забраць з сабой у Італію, калі ад’язджала разам з мужам-італьянцам, пакідаючы мне кватэру. Я ірвануў да шафы, расчыніў дзверцы, пустыя плечыкі торгаліся на вешалцы, як Бураціна на цвіку.

Яна не была ніякай русалкай. Яна была проста Насцяй, мокрай Насцяй, з зачасанымі назад валасамі, з кавай глыбокіх, крыху раскосых вачэй, з крыху ганарлівым носікам і капрызлівымі вуснамі. Яна была той Насцяй, якая тры дні таму пры размове са мной не паверыла ніводнаму майму слову. Гэта было на «Художниках», пад вечар, калі надвор’е не выпендрывалася, і, хоць сонца ўжо зайшло, вецер і хмары не выкарысталі яго адсутнасць. Спакойна, як сонныя вароны, яны сядзелі на правадах прысутнасці і пазіралі на нас, як мы на тэлевізар – у чаканні, калі экран засвеціцца каляровым відарысам. Я выпадкова ішоў міма, мне было па дарозе да метро, і сустрэў даўняга сябра, якога даўно не бачыў. Некалі мы разам вучыліся ва ўніверсітэце. Зрэшты, калі ўспамінаць кожнага сябра, з якім я вучыўся і з якім сустракаўся ў той або іншы дзень тыдня ці вечар, – не хапіла б ніякага часу для асабістага жыцця і кубачка кавы, якую я вельмі люблю, асабліва з цыгарэтай. Тады я піў «Крыжачок», якім пачаставаў мяне сябар і сабрат па пяры Ілля Варанкоў, які, як і заўжды, знаходзіўся ў кампаніі прыгожых дзяўчат – паэтак і актрыс, бо лічыўся лепшым паэтам, што і было насамрэч. Насця не піла. Яна курыла нейкую дамскую цыгарэту адасоблена ад усіх, седзячы на самым куточку лаўкі, і дрыжэла, хаця было цёпла, у тонкай чорнай куртцы з тканіны падобнай да ядвабу. Верагодна, ёй адной толькі не хапала цяпла, таму што яна не прымала ўдзелу ў размове, цэнтрам якой з’яўляўся той самы Ілля Варанкоў.

Мне спадабаліся Насціны вочы і вусны ў рамцы шакаладнага колеру, які заставаўся на белым фільтры яе цыгарэты нейкім сімвалам, прынамсі, мне так падалося. А сама яна знешне нагадала Анжаліку Варум, расейскую спявачку, у лепшыя яе гады, а я на Агуціна не падобны ні кроплі.

Насця была нікім у гэтым згуртаванні талентаў і амбіцый (апошняга больш), калі не ўлічваць статус малодшай сястры Вікторыі ці проста Торы, як яе называлі сябры і сяброўкі, вядучай актрысы Тэатра кінаактора.

Я падсеў да дзяўчыны і сказаў, што сёння цудоўнае надвор’е. Яна запярэчыла. Я спытаў: чаму? Яна адказала: таму што ёй холадна і хутка заляскаюць зубы. Тады я прапанаваў сагрэцца «Крыжачком», дзяўчына прамовіла, што чакала ад мяне лепшага. Чаго лепшага? Невядома.

– З вамі цяжка весці размову, – заўважыў я.

– А я ўвогуле цяжкі чалавек, – не адмаўляла дзяўчына.

– Можна праверыць, наколькі? – па-блазенску падміргнуў я ёй. Мне было весела, таму што я прыняў колькі градусаў і таму, што трапіў у добрую кампанію. Мне хацелася развесяліць гэтую адзінокую заблукаўшую душу…

– Якім чынам? – не зразумела Насця. Вокамгненна я падхапіў дзяўчыну на рукі і закружыў на месцы. Яна змаўчала, а пасля ўзнагародзіла мяне дзвюма балючымі плюхамі і словамі, што я нявыхаваны, сапсаваны і прапашчы чалавек ды яшчэ і мярзотнік. Я запярэчыў, што гэта не я, што я – беларускі пісьменнік усяго… Яна спытала маё прозвішча, пачуўшы, сказала, што ніколі не тое што не чытала, а і не чула такога.

– Што ж, – цяжка ўздыхнуў я, – вы многа страцілі. А можа, і нічога.

Я павярнуўся да яе спінай, закурыў і пайшоў прэч.

– Стойце! – прагучаў загад, нібы стрэл. Ды толькі мне было ўсё роўна. Яна больш не аклікнула і не дагнала мяне, чаго я, у прынцыпе, і не чакаў, а праз тры дні – такі сюрпрыз.

…Яна сядзела на канапе (на якой зараз ляжаў я), падклаўшы пад локаць падушку, падкурчыўшы пад сябе і схаваўшы пад абарону шоўку ножкі, як золата ад злодзея.

– Фі, Адам, – прамовіла Насця пасля даволі працяглай паўзы, – як смярдзяць твае вочы!

– Яны яшчэ не так будуць смярдзець, – сказаў я, – пакуль ты не растлумачыш, што адбываецца?..

– У жанчын – свае сакрэты! – адзначыла Насця. У наступны момант ейны халацік накрыў маю галаву, нібы покрыва – клетку з папугаем. Калі я сцягнуў яго з сябе, Насці на канапе ўжо не было. Яна ляжала ў ложку за шырмай, па шыю захінутая коўдрай, і чакала мяне. Але паміж намі нічога не адбылося. Я паспрабаваў пацалаваць дзяўчыну ў вусны, але яна так ушчыкнула мяне, што прапала ўсякая ахвота.

Мы ляжалі побач і проста размаўлялі ні аб чым: пра зоры, якіх амаль не бачна, пра снег і вецер, пра дождж і завіруху, пра сонца і месяц, пра дзень і ноч, пра Кафку і Вулфа… пакуль, стомленыя, не засыналі.


Страницы книги >> 1 2 3 4 5 6 7 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации