Текст книги "Шоўк (зборнік)"
Автор книги: Мікола Адам
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 7 (всего у книги 21 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]
– Але я ж старая! – запярэчыла з выклікам Святлана, загадзя ведаючы, што Міхал успрацівіцца і ў той жа час рызыкуючы, што пагодзіцца з ёй. – Прынамсі, для цябе, – удакладніла.
– Гэта пытанне рытарычнае, – сказаў Міхал і прачытаў яшчэ адзін верш:
Эта ночь – не такая красавица,
Как хотелось бы мне ее выдумать…
Я боюсь тебе разонравиться
И твоих эротических выдумок.
Я не сплю. Или сплю. Непонятная
В комбинации шелковой мечется
Грусть моя. Прошепчу ей невнятно я,
Что не так отношения лечатся.
Не спеши говорить «до свидания»,
Ведь еще мы с тобою не встретились.
Эта ночь – ведь еще не свидание.
Мы друг друга почти не заметили.
Не успели раздеть поцелуями
Наши души, чтоб видеть мерцание
Обнаженного нерва под пулями
Света тьмы отдаленно-случайного.
Эта ночь – не судьба и не родина.
Ты мне снишься до завтра до самого.
Хоть знакомы с тобою мы вроде бы,
Но давай познакомимся заново.
Такімі кранальнымі, такімі шчырымі здаліся Святлане гэтыя вершы, так яе ўсцешыла, што яны напісаны дзеля яе, для яе і з-за яе, што яна тут жа здалася, як той казаў, амаль без бою, што, зрэшты, і планавалася. Не дазволіла Міхалу бразнуцца ў бруд тварам і сябе нічым не зняважыла, захаваўшы гонар і годнасць. Яна абяцала яму сустрэцца заўтра ў парку пасля працы, асцярожна паклала трубку на апарат, пагладзіла яе і, шчаслівая, расцягнулася на канапе.
На працу Святлана прыпазнілася. Упершыню. Аднак яе адсутнасці ніхто не выявіў або зрабілі выгляд, што спазненне не заўважылі. Да таго ж, хвалявацца нагоды не было. Клас, у якім Святлана павінна была весці ўрок рускай літаратуры, сядзеў ціха і спакойна, чакаючы свайго класнага кіраўніка. Вучні любілі Святлану і ніколі не падводзілі яе. Тым больш, што не нашмат яна і спазнілася, на нейкіх паўгадзіны ўсяго толькі. Будзільнік забылася навесці ў сувязі з чаканнем Міхалавага званка. Балазе, уставаць прывыкла рана. Арганізм не падвёў. Была б мужчынам, хуценька апранулася і прыйшла б на працу нават загадзя, але, паколькі Святлана з’яўлялася жанчынай, прычым прыгожай жанчынай, давялося адпавядаць і наводзіць гэтую самую прыгажосць. Надалей будзе абачлівей і ўважлівей. Праўду кажуць, ад кахання губляюць галаву. Ёй і сніўся якраз Міхал, прычым аголены, і сябе побач з ім бачыла, таксама аголеную, у пасцелі. Не дзіўна, што заспалася. І да ўрока не падрыхтавалася. Нават не памятала, што на дом задавала. Палец аб палец не ўдарыла за ўвесь учарашні дзень, бязмэтна час зводзячы ў абдымку з тэлефонам, седзячы ля тэлевізара.
Аднак, калі ўвайшла ў клас, Святлана выкруцілася. З ходу пачала чытаць дзецям Ясеніна. Настрой яе быў прыўзняты, і яна ніколькі не перажывала за спазненне. Безумоўна, знаёміць з творчасцю Сяргея Аляксандравіча вучняў было зарана, яно планавалася ў канцы другой чвэрці, але менавіта паэзія Ясеніна, асабліва інтымная лірыка, выплёсквалася з вуснаў Святланы хвалямі, баючыся затануць унутры яе «Тытанікам», абраўшы менавіта гэты дзень.
Нічога. Дзецям спадабалася. Але спадабалася толькі таму, што чытала вершы Святлана, а не які-небудзь іншы настаўнік. Яны б іншага і слухаць не сталі. Тым больш, вершы. Новае пакаленне. Паэзія іх не цікавіла. Яны ўсё больш у цацкі страляліся за камп’ютарамі, нават дзяўчынкі. Можна сказаць, дзякуючы ёй, гэтыя цяжкія, з дазволу сказаць, падлеткі хоць сёе-тое ведалі з гісторыі літаратуры і хоць штосьці чыталі, а дзве дзяўчынкі з класа запісаліся ў тэатральную студыю пры Доме культуры, якую стварыў Міхал. Святлана нават не ведала, што ён спецыяльна прыходзіў у школу, хадзіў па класах, запрашаў вучняў паўдзельнічаць у пастаноўцы спектакля. Натуральна, мала хто адклікаўся на яго заклік, але дзве дзяўчынкі з яе класа зацікавіліся, можа быць, і не без дапамогі Святланы. Менавіта яна практыкавала на ўроках чытанне па ролях, каля дошкі, і з ужываннем акцёрскіх здольнасцей у меру сіл. Выходзіла, што яе з Міхалам звязвала значна больш, чым яна думала.
Увесь урок Святлана прысвяціла паэзіі. Чытала не толькі сама, але і папрасіла пачытаць каго-небудзь з дзяцей упадабаныя вершы. Ахвотнікаў знайшлося няшмат, але яны былі. Чыталі Высоцкага, Цоя, Сорына. І гэта таксама паэзія. Цяжка сказаць, чые вершы лепшыя. Магчыма, нават няправільна так казаць. У кожнага пакалення свае куміры і свае паэты. Добра, што хоць гэтых памятаюць.
Пасля званка Святлану чакала «фортка». У вольны час яна намервалася да драбніц, калі атрымаецца, прадумаць сваю хуткую сустрэчу з Міхалам, прадбачыць, чым яна можа скончыцца, і як павярнуць яе сабе на карысць. У прынцыпе, фінал яе і так будзе за Святланай, але яна хацела каб напэўна.
«Фортка» надарылася і ў Наташкі. І ёй карцела ведаць усе падрабязнасці развіцця адносін паміж Святланай і Міхалам. Яна была маладзейшая за Святлану, але не прыгажэйшая. Вядома, і Наташка адрознівалася мілавіднасцю, але нічым асаблівым не вылучалася, затое круціла раманы направа і налева, без іх ёй было сумна жыць. Яна і з Міхалам замуціць не супраць была б, але аказалася не ў яго гусце, ён «рохнуўся» на Святлане.
– Што ў цябе за слоўцы? – заўважыла Святлана. – Ты ж настаўнік…
– Ну-ну, – махнула рукой Наташка, – скажаш таксама… Лепш давай каліся, што ў цябе з Мішкам?.. Патэлефанаваў?
– Патэлефанаваў, – усміхнулася Святлана, і вочы яе заззялі. – Вершы чытаў.
– Крута! – пляснула рукамі Наташка. – Свае?
– А чые ж яшчэ? Ты чаго? – абурылася Святлана недаверу сяброўкі.
– Прыгожыя? – паспяшалася выправіцца Наташка.
– Вершы брыдкімі не бываюць, – летуценна адказала Святлана. – Асабліва, якія прысвечаны табе, – дадала.
– Шанцуе ж некаторым, – уздыхнула Наташка. – Мне б хоць радочак хто-небудзь прысвяціў. Я б яго на руках насіла.
– Прысвецяць яшчэ, – запэўніла сяброўку Святлана.
– А ты сама як? – падміргнула Наташка. – Не ўцюрылася часам?
– Не ведаю пакуль, – унікліва адказала Святлана. – Але сёння ён мне сніўся, – прызналася.
– І чаго хацеў?
– Не хацеў, а зрабіў, – пачырванела Святлана. – Я нават на працу спазнілася.
– О, сяброўка, – нязлосна засмяялася Наташка, – як паперла цябе! Зусім згаладала?
– Згаладаеш тут, – засмяялася ў адказ і Святлана. Яны яшчэ шмат пра што балбаталі, пакуль не разышліся па класах. Але не да ўрокаў было Святлане. Яна ўжо ішла па парку ў абдымку з Міхалам, які чытаў ёй вершы, уважліва слухала і атрымлівала асалоду ад кожнага яго слова, як ад пацалункаў. Цалаваўся, праўда, ён няўмела, але затое так далікатна і кранальна, асцярожна і ласкава. Ніколі Святлана не адчувала такой асалоды ад простых пацалункаў.
Урокі праляцелі непрыкметна, ніводнага Святлана не запомніла, нібы і не вяла іх, на аўтапілоце дапрацавала і, як зачараваная, выйшла са школы, нікога і нічога не заўважаючы вакол. Уся яе душа, усё яе цела рваліся ў парк, да таго, хто яе чакаў, каму яна была сапраўды патрэбна. Гэта такое шчасце – аддаваць сябе…
– Кудысьці спяшаешся? – схапіў яе за руку, як каня за аброць, павярнуўшы на дзевяноста градусаў і ледзь не вывіхнуўшы плячо пры гэтым, былы муж. Ён стаяў за рогам школы і цікаваў, калі Святлана выйдзе.
– Пусці! – закрычала Святлана. І гэтулькі нянавісці ў поглядзе ўбачыў яе былы муж, што машынальна адпусціў яе руку. Аднаго ўзросту з ёй, ён усё яшчэ захаваў маладжавасць і спартыўную паставу, але яна даўно перастала бачыць у ім мужчыну. Толькі падонка і гнюса.
– Нічога мне сказаць не хочаш? – прамовіў ён.
– Пра што ты? – не зразумела Святлана.
– З малалеткам зблыталася? – сціскаючы кулакі, цадзіў ён.
– А табе якая справа? – ганарлівым поглядам акінула былога мужа Святлана.
– Пра дзяцей падумала? – ледзь стрымліваў сябе той.
– Пра якіх дзяцей, Віця? Ты трызніш? Мой сын даўно вырас і жыве ўласнай сям’ёй.
– А Ірка з Жэнькай, Косцік…
– Гэта твае дзеці, Віця! – нагадала Святлана. – І я да іх не маю ніякага дачынення!
– Так, не маеш, – вымушана пагадзіўся Віктар. – Але яны любяць цябе! Я люблю цябе! Як я ім у вочы глядзець буду, а ты як…
– Як-небудзь перажыву, – сказала Святлана.
– Табе колькі гадоў, дура! – замахнуўся было Віктар, але зрабіў выгляд, што проста расправіў плечы для папраўкі прычоскі. – Не ганьбі сябе і мяне!.. – сыкнуў.
– Ты ўжо даўно зганьбаваны, – запярэчыла Святлана. – А мая ганьба застанецца са мной.
– Ён жа хлапчук! – шыпеў Віктар. – У сыны табе падыходзіць! Што ты з ім рабіць будзеш? З сіські карміць, ці што?
– Адвалі, Віця! – сказала Святлана так, як бы сказала Наташка. – Маё асабістае жыццё цябе не тычыцца! І з кім мне спаць – вырашаць толькі мне, зразумей!
– Ціха! – спалохана сыкнуў Віктар. – Не гарлапань! Тутака ж дзеці вакол!
– За сябе турбуешся? – з’едліва сказала Святлана.
– Ты ж разумны чалавек, – прапусціў яе словы міма вушэй Віктар. – Ты зразумей, вам дваім нічога не свеціць, у вас няма будучыні. Як толькі падвернецца выпадак, ён сыдзе да маладзенькай. Вяртайся да нас. Дзеці па табе так знудзіліся…
– Ідзі лепш дахаты, Віця, – сказала Святлана. – Нам няма пра што размаўляць.
– А ты куды, да яго намылілася? – яшчэ мацней сціснуў кулакі Віктар.
– Гэта ўжо не твая справа! – прагучаў адказ. – Бывай!
– Да спаткання, – працадзіў Віктар. – Далёка не сыдзеце! – прашаптаў у спіну жанчыне.
Святлана выйшла са школьнага двара, апынулася на Рынкавым пляцы, што мясціўся паміж Домам культуры злева, гастраномам справа, Галоўнай плошчай і будынкам райвыканкама наперадзе. Мястэчка маленькае, кампактнае, усё неабходнае знаходзілася на адным пятачку. Каб патрапіць дамоў, ёй трэба было павярнуць направа, мінуць гастраном, перайсці дарогу, за якой ляпіліся адзін на адным будынкі рэстарана, бібліятэкі, банка, кнігарні і прыватнай крамы, прайсці ўздоўж іх уніз і яшчэ раз павярнуць налева да адзінага ў гэтым раёне пяціпавярховіка, у якім яна і жыла. Але Святлана павярнула налева, да Дома культуры, вырашыўшы, калі Міхал яшчэ не сышоў з працы, забраць яго з сабой. Навошта марнаваць час дарма і чакаць прызначанай гадзіны? Можна і цяпер прагуляцца. Ды і ўдваіх не так страшна. Хто ведае, што задумаў Віця? Ён моцна змяніўся, і не ў лепшы бок.
Міхал курыў на ганку, калі Святлана падышла да яго, і аслупянеў ад нечаканасці.
– Вы? Прабач, ты? – усё-ткі ў вачах чыталася радасць.
– Я не ўцярпела. – Святлана падышла да яго бліжэй і чмокнула ў шчочку. – Ты вельмі заняты? – спытала.
– Ды не, – адказаў Міхал.
– Складзеш кампанію? – падміргнула. – Я хачу паказаць табе сваё любімае месца ў парку.
– Зараз адпрашуся, – сказаў Міхал, кінуўся ў будынак, падняўся на другі паверх і праз некалькі хвілін куляй вылецеў на вуліцу.
Яны не ўзяліся за рукі, і Святлана не прасунула сваю руку пад руку Міхала. Яны ішлі побач і проста цешыліся, што ідуць разам, усё адно куды. Так думаў Міхал, як лічыла Святлана. Але яна выдатна ведала, куды ёй трэба, і ўмела кіравала, нібы лоцман караблём, спрытна абыходзячы ўсе мелі і падводныя скалы, загадзя прадуманым маршрутам. Яны перасеклі Галоўную плошчу, абмінулі будынак райвыканкама і павярнулі налева да моста, які спускаўся ўніз, да лесапарка. Прайшлі ўздоўж рэстарана, бібліятэкі і апынуліся на мосце. Да парка заставалася зусім нічога. А выхад з яго на супрацьлеглым баку якраз знаходзіўся недалёка ад дома, у якім Святлана жыла. Яны пастаялі на мосце трохі, палюбаваліся сваім адлюстраваннем у рацэ, расплывістым і бясформавым. Святлана прытулілася да Міхала, папрасіла пацалаваць, што ён і зрабіў з вялікім задавальненнем. Яму-то было пляваць на грамадскую думку. Ён мала каго ведаў, але яго ведалі ўсе. Нездарма ж віталіся раніцай, калі ішоў на працу, практычна праз усё мястэчка, і калі вяртаўся. Дарога ад дома да Дома культуры займала дваццаць хвілін хады. Яму падабалася быць у цэнтры ўвагі, тым больш побач з шыкоўнай жанчынай. Гэта вылічыла Святлана, якой было не ўсё адно, што пра яе падумаюць іншыя, бо яна была свая. Але наўмысна выстаўляла напаказ сваё захапленне Міхалам, упэўненая ў тым, што вельмі многія з жанчын зайздросцяць ёй, а плёткі не палохалі. Іх баяцца толькі дурні. Ды і чым плёткі маглі нашкодзіць? Яна нікому не здрадзіла і нікога не пакрыўдзіла. А права на ўласны кавалачак шчасця мела, як кожны чалавек на зямлі. Не яе віна, што правам гэтым не кожны ўмее скарыстацца.
Яны ўзяліся за рукі, калі досыць паглыбіліся ў парк, Святлана сама ўклала сваю далонь у далонь Міхала, нібы давяраючыся яму цалкам.
– Ты сапраўды шкадаваць не будзеш потым, што звязаўся з бабулькай? – спынілася Святлана і зазірнула ў вочы маладога чалавека, правакуючы яго на камплімент.
– Не буду, – сцісла адказаў Міхал. – Ды і не бабулька ты зусім, колькі можна паўтараць?..
– Дакажы, – працягвала правакаваць Святлана.
– Як?
– Напрыклад, – зрабіла яна выгляд, што задумалася, – прачытай вершы. Ці не напісаў нічога новага?
– Напісаў.
– Ну, тады чытай…
Яны стаялі пасярэдзіне сцяжынкі пад нахіленымі галінамі, нібы пад шатром, узяўшыся за рукі, і з вачэй не адпускалі адно аднаго. Міхал усхваляваным хрыплаватым барытонам пачаў свой рыфмаваны аповед:
Мне нравится смотреть в твои глаза.
Мне нравится искать тебя губами.
И если разразится вдруг гроза —
Щитом надежным мое тело станет.
Мне нравится твою ладонь в своей
Держать, как самый дорогой подарок.
И, если вдруг – зима, тебя согреть
Мое дыханье сможет без обмана.
Мне нравится шептать тебе слова.
Мне нравится, когда меня ты слышишь.
И, если вдруг нечаянно – война,
Я не умру, пока ты рядом дышишь.
Мне нравится, что ты на свете есть.
Мне нравится, что я на свете – тоже.
Пусть ветер разнесет по свету весть:
Мне нравится, что ты всего дороже.
Яна раставала, гарэла і згарала ад кожнага яго слова. Усмоктвала гэтыя словы, як паветра, нібы наталяючы голад, умомант запамінала і глынала іх, як самы смачны ласунак. Яна жадала, каб ён не супыняўся, каб вершы, менавіта гэтыя, гучалі вечна, з яго інтанацыямі і выразнасцю. Ды верш скончыўся, як і ўсё ў жыцці, але Святлана была працята радкамі наскрозь, як шпагай, і збіта, нібы вірусам. Больш яна не сумнявалася. Вочы яе прыжмурыліся і завуркаталі. Яна абвіла сабой Міхала. Раптам адчула, як Міхал абмякае і завальваецца на яе.
Яна валіцца, ён валіцца на яе, але хутка скочваецца, групуецца і ўскоквае на ногі, як Ван Дам у кіно. Святлана нічога не разумее і ляжыць на траве, не паднімаючыся, нібы ў ступары.
Яе былы муж Віктар прасачыў усе перасоўванні «галубкоў» і наладзіў засаду, здагадаўшыся, куды Святлана прывядзе палюбоўніка. З кімсьці ўдваіх яны напалі на Міхала ззаду, стукнуўшы яго палкай па спіне, вось чаму ён і зваліўся, цягнучы за сабой і Святлану, падмінаючы яе пад сябе.
Удар аказаўся не настолькі моцным, на колькі разлічвалі нападаўшыя. Міхал хутка ачомаўся, шпурнуў пінжак у таго, у каго была палка, і разарваў на сабе кашулю.
Кашчавы, але жылісты, з рэльефным прэсам, Міхал бясстрашна кінуўся на крыўднікаў, якія, відавочна, не чакалі супраціву, разгубіліся і прапусцілі шэраг магутных удараў, праведзеных маладым чалавекам у нападзе.
Адзін так і не змог падняцца без дапамогі.
– Ты дзе так біцца навучыўся? – адскочыў на бяспечнае месца далей ад доўгіх рук Міхала былы муж Святланы.
– Цябе там не было, – пачуў у адказ.
– У спецназе служыў? – дапытваўся Віктар. Ён хоць і адрозніваўся спартовай постаццю, але біўся павулічнаму, наўздагад, і ў душы пашкадаваў ужо, што напаў на чалавека, нічога пра яго не высветліўшы, памылкова палічыўшы яго за звычайнага хлапчука, а ў таго відавочна баявое мінулае, мяркуючы па позірку і тэхнічнасці. Як ён іх хутка раскідаў!? А шмаццё скінуў, як для манёўра, так і для Светкі, маўляў, палюбуйся, які прыгажун… Дакладна, былы ваяка!..
– У штабе, пісарчуком, – стоячы ў зручнай для яго стойцы, гатовы для любога адпору, прамовіў Міхал.
– Ну так, ну так, – кіўнуў Віктар і пайшоў у контратаку, але слоўную: – Навошта табе Светка? Старая, хворая жанчына? На вычварэнца ты не падобны, здаецца.
– За «базарам» сачы! – раўнуў Міхал.
– І ўсё-ткі…
– Не твая справа.
– Загубіш жа яе…
– Адвалі, і я пра ўсё забудуся.
– Шкада мне цябе, Светка, – кінуў Віктар позірк на Святлану, у якім і сапраўды чытаўся жаль, дапамог падняцца свайму гора-напарніку і пакульгаў у бок горада.
Міхал падняў пінжак, апрануў яго на голае цела, працягнуў руку Святлане, якая сядзела на траве.
Яна не зводзіла з яго захопленых вачэй. Такі адважны, такі бясстрашны, такі прыгожы хлопчык і ўвесь яе! Святлана зайздросціла самой сабе. Як ён расправіўся з Віктарам і яго падручным!.. Гэта ж цудоўна! Яе малады чалавек – сапраўдны герой! А якое ў яго цела!.. Так захацелася прытуліцца да яго, схавацца пад яго надзейную абарону і трапятаць у такт яго сэрца спалоханай птушкай…
Ухапіўшыся за працягнутую руку Міхала, Святлана ўстала на ногі, абтрэслася.
– Хочаш, я скажу табе, што я – твая? – спытала хітра.
– Хачу, – адказаў Міхал.
– Я – твая! – Святлана ўзнялася на дыбачкі і павольна прашаптала яму на вуха. – Пойдзем да мяне? – хутчэй прапанавала, чым запытала.
Міхал кіўнуў.
За некалькі хвілін яны адолелі шлях да дома Святланы. Ля самых дзвярэй у кватэру на трэцім паверсе Міхал сціснуў Святлану ў абдымках. Яна прыемна засмяялася, але папрасіла адпусціць яе, нікуды яна ўжо не дзенецца, трэба трохі цярпення, і ўсё будзе.
Неахвотна, але Міхал паслухаўся.
Жанчына прапусціла мужчыну першым у кватэру, адчыніўшы дзверы. Ён разуўся ў пярэднім пакоі і прайшоў у залу, з двух бакоў абкружаную, нібы канвоем, кніжнымі стэлажамі. Канапа стаяла поруч з уваходным праёмам з аднаго боку, два скураныя крэслы – з другога; пасярэдзіне – круглы стол з чатырма крэсламі вакол; у самага гаўбца, завешанага цюлем, – тэлевізар на жалезнай падстаўцы, што нагадвала курыную нагу; на падлозе – варсісты дыван.
Міхал не стаў з выглядам разумнага чалавека разглядаць кнігі і рабіць выгляд, што яму цікава, а зняў пінжак, кінуў яго на адно з крэслаў, сам жа размясціўся на канапе, закінуўшы нагу за нагу.
– Вып’еш? – з’явілася ў дзвярах Святлана з графінам гарэлкі.
– Вып’ем, – паправіў яе Міхал.
– Тады не тут, – вырашыла Святлана і паклікала маладога чалавека за сабой у спальню, размешчаную ўбаку, змесцаваную як бы асабняком.
Палутарны ложак, накрыты пледам з малюнкам тыгра, які рыхтуецца да скачка, стаяў ля сценкі, завешанай фоташпалерамі з лясной прыродай. Трумо і шафа знаходзіліся насупраць. Кніжны стэлаж і тут знайшоў сабе месца: аркай абдымаў дзвярны праём. Тумбачка каля ложка, часопісны столік з глянцавымі часопісамі, тэлевізар ля акна, варсісты дыван на падлозе – дапаўнялі агульную карціну пакоя. Цяжкія шторы завешвалі акно.
– Пасядзі пакуль, – злёгеньку штурханула Святлана Міхала ў грудзі, але ён страціў раўнавагу і смешна кінуўся на ложак, задраўшы ногі, чым рассмяшыў жанчыну, якая паставіла графін з гарэлкай на часопісны столік і сышла на кухню за чаркамі і закускай. Вярнулася яна праз некалькі хвілін з нарэзанай каўбасой, памідорамі, агуркамі і хлебам. Чаркі, зусім забылася, былі ў сынавым пакоі. Яна збегала за імі і нарэшце прысела на краёчак ложка побач з Міхалам, працягнуўшы чаркі яму.
Міхал разліў гарэлку.
– За нас? – пытаючыся, зірнула Святлана на яго, падняўшы сваю.
– За цябе, – запярэчыў Міхал.
Выпілі, закусілі. Потым Святлана адсунула столік ад ложка, распранулася і бессаромна лягла. Міхал увесь час, пакуль Святлана распраналася, глядзеў на яе, не адводзячы вачэй. Затым хутка распрануўся сам.
Ёй падабалася, як ён яе трымаў. Як далікатна лашчыў і цалаваў. Як шаптаў на вуха яе імя і пакусваў мочку вуха. Яна ледзь вытрымлівала гэты позірк, жмурылася ад задавальнення, заплюшчвала вочы, а калі расплюшчвала – зноў і зноў сустракалася з яго позіркам, цёплым, уважлівым, ашаламляльным.
Ён узнімаў яе на недасягальныя, недаступныя ёй раней вышыні, вышэй любых гор і аблокаў вышэй, і з кожным разам усё вышэй і вышэй…
У знямозе яны заснулі адначасова: Міхал – на спіне, раскінуўшы рукі, Святлана – побач, уткнуўшыся носікам яму ў плячо.
Будзільнік празвінеў, як грымота. Святлана прадбачліва завяла яго: на працу раніцай абодвум. Яна падскочыла, як уджаленая, усведамляючы, што трэба ўставаць, але не разумеючы, дзе яна. Выгляд ціхамірна спячага маладога мужчыны ў яе пасцелі паступова прывёў думкі да ладу. Святлана зірнула на будзільнік. Часу хапала і на душ, і на павольны сняданак да працы. Задаволеная жанчына з усмешкай чмокнула Міхала, пералезла праз яго і пашлёпала ў ванную. Як не хацелася змываць з сябе яго! Нібы рэзаць па жывым! Але Святлана жыла ў цывілізаваным грамадстве, якому не дадзена зразумець, чаго хоча жанчына, таму прыйшлося змываць з сябе Міхала, яго рукі, яго пацалункі, нібы бруд нейкі. Не, не бруд! Святлана спалохалася такому параўнанню і надавала сабе па вуснах далонькай. Лепш думаць, што яна пераапранаецца з адной сукенкі ў іншую, а яшчэ лепш – з адной ніжняй бялізны ў другую.
Яна ўсміхнулася, прыдумаўшы апраўданне, і ўжо адважней аддалася на волю ўзбадзёрваючай жыватворнай вільгаці.
Пасвяжэлая, Святлана выйшла да Міхала ў махровым халаце. Пакуль адсутнічала, малады чалавек прыгатаваў каву і нарэзаў бутэрброды, ён пацалаваў яе і пасадзіў за стол. Святлана з задавальненнем паснедала, падзякавала і пайшла апранацца і фарбавацца, адправіўшы Міхала ў душ.
Разам яны выйшлі з дома, на працу было па дарозе, трымаліся за рукі, нікога не саромеючыся, вітаючыся з тымі, хто вітаўся з імі, лавілі на сабе цікаўныя погляды, але ў адказ толькі ўсміхаліся. Расталіся Святлана і Міхал да вечара на павароце да рынка. Міхалу заставалася прайсці некалькі дзясяткаў метраў наперад, каб апынуцца ў Доме культуры. Святлана павінна была абмінуць рынак і павярнуць налева, каб, спусціўшыся на дзве прыступкі ўніз, апынуцца ў двары школы.
– Усё адно табе прыйдзецца апранаць шоўк, – нагадаў раптам Міхал Святлане. Ён ледзь адышоў на некалькі метраў і вярнуўся, каб паведаміць ёй гэта.
– А цела маё хіба не шаўковае? – запярэчыла Святлана.
– Адгаворкі не прымаюцца, – рашуча заявіў Міхал.
– З чаго раптам такая цяга да нейкай анучы? – не разумела Святлана.
– Доўга распавядаць, – адмахнуўся Міхал.
– А я нікуды не спяшаюся, – нечакана выдала Святлана.
– Сапраўды? – усміхнуўся Міхал.
З-за спіны Святланы, адкуль толькі і ўзялася, з’явілася Наташка Цыбульская.
– Прывітанне! Я штосьці прапусціла? – з ходу выпаліла яна.
– Прывітанне, – за дваіх павітаўся Міхал. – Добра, да вечара.
Ён дастаў цыгарэту, павярнуўся спінай, закурыў і пакрочыў у бок Дома культуры.
– Стой! – прашаптала Святлана. – Куды пайшоў? А пацалаваць?..
Але гэты ледзь чутны ўсклік чула толькі Наташка.
– Чо, было? – па-змоўніцку спытала яна сяброўку.
– А хіба незаўважна? – развяла рукамі Святлана і накіравалася ў школу ў суправаджэнні Наташкі, якой не цярпелася ўведаць падрабязнасці, але Святлана маўчала, як партызан на допыце.
Раскалолася яна, калі стала павальней (па аўторках яе пяць урокаў ішлі запар адзін за адным, потым «фортка», потым шосты ўрок). Гэтак жа, як Наташку распірала цікаўнасць, Святлане карцела падзяліцца з кім-небудзь сваёй радасцю. Яна ўключыла чайнік у настаўніцкім пакоі, вырашыўшы за кубкам чаю сёе-тое распавесці.
– Ды не тамі ўжо! – падбівала на шчырасць сяброўку Наташка, зручна размясціўшыся на канапе за сталом побач з ёй. – Нікога няма ж ужо…
– А каго мне саромецца? – з выклікам заявіла Святлана.
– Чо, так сур’ёзна? – не верыла Наташка.
– Сур’ёзней няма куды. – Закіпеў чайнік і Святлана разліла кіпень па кубках, закінуўшы ў іх папярэдне аднаразовыя пакецікі з чаем.
– Крута! – закруцілася на месцы Наташка. – І як «очучения»?
– Ведаеш, гэта як гарачы шакалад, халоднае марозіва і малочны кактэйль разам, – захоплена падзялілася Святлана. – А яшчэ, – дадала, – бязмежны космас з мірыядамі планет, якія я адкрываю, разгортваючы, нібы цукерку, а яны ўсё не канчаюцца.
– Крута! – пагадзілася Наташка, верачы на слова.
– Толькі ёсць адна праблемка, – адсёрбнула Святлана чаю і ледзь не прыпякла язык, паморшчылася, як паморшчылася і Наташка, на ўласным досведзе ведаючы, як непрыемна гэта. – Ён хоча, каб я насіла шоўк.
– Ну дык і насі, – не зразумела Наташка. – У чым праблема?
– Праблема ў тым, што ў мяне няма нічога шаўковага. Ты ж ведаеш, што мне пабоку гэтая тканіна.
– Ну ты і дурніца, Светка. Любы мужык жадае, каб жанчына яго спакушала. А для гэтага неабходна эратычная бялізна. Камусьці падабаецца латэкс, скура, аксаміт ці сацін з карункамі, нейлон або бавоўна. Твайму падабаецца шоўк. І што тут такога? Не самы, скажу табе, горшы выбар. Апранеш шоўк, ён яшчэ больш захоча дарыць табе твой космас з нязнойдзенымі планетамі.
– Ты думаеш? – сумнявалася Святлана.
– Не будзь дурніцай, – запэўнівала Наташка. – Зрабі так, як ён просіць. І засунь сваё стаўленне да тканін куды падалей, калі не хочаш, каб ён сышоў да той, хто без роздумаў апранецца ў шоўк ці яшчэ ў што-небудзь, куды фантазія яго завядзе.
– З-за нейкай анучы ўсё можа разбурыцца? – не верыла Святлана.
– Ты ж сталая дзяўчынка, Светка, – угаворвала яе Наташка, – а паводзіш сябе, як маленькая. Менавіта такая дробязь ці штосьці падобнае і вырашае лёсы кахання і нянавісці. Твой Мішка ведае, чаго хоча ад цябе і што з табой рабіць, у адрозненне ад многіх і многіх мужыкоў. Падпарадкоўвайся яму і будзеш шчаслівая. А што нам, бабам, трэба для шчасця? Абы мілы быў побач. Ты зараз не адна, Светка. Прыняцце рашэнняў з гэтага часу – не твая прэрагатыва. Проста будзь жанчынай.
– Твая філасофія паходзіць на філасофію рабыні, – заўважыла Святлана.
– Ведаеш, я б усё аддала, каб апынуцца на тваім месцы, – даверліва прамовіла Наташка. – З такім мужыком і рабыняй не страшна быць. Мне ўсё замухрышкі нейкія трапляюцца. Раблю выгляд, што мне падабаюцца. Іншых-та дзе ўзяць?..
– Слухай, – нібы штосьці ўспомніўшы, усклікнула Святлана, – ён жа майго былога з сябрам так адштукаваў, ты б бачыла!..
– Завошта гэта? – здзівілася Наташка.
– Ды Віктар напаў на нас у парку…
– ?..
– Ты б бачыла, як ён б’ецца!.. – захоплена прашаптала Святлана. – Гладыятар!..
– Крута! А ты яшчэ сумняваешся, што рабіць, – падміргнула Наташка. – Дуй у краму за абноўкамі!
Пасля шостага ўрока Святлана накіравалася ва ўніверсам. Ён знаходзіўся далекавата ад цэнтра, таму што адкрыўся зусім нядаўна, а падыходзячага месца ў цэнтры мястэчка не было, таму будынак пабудавалі насупраць лякарні ў старым раёне, дзе не ўсюды яшчэ асфальт праклалі і дарога адрознівалася выбоінамі, а часу хады займала хвілін дваццаць.
Тавар прывозіўся са сталіцы, таму наплыў пакупнікоў не вычэрпваўся, хоць і нагадваў не мора, а ручаёк. Тым не менш, уладальнік не зачыніў краму, а наадварот, пашыраўся, значыць, справы ішлі нядрэнна.
Святлана знайшла жаночы аддзел, але спынілася ў нерашучасці, не ведаючы, як сябе паводзіць. Падобнай пакупкі, якую збіралася здзейсніць, ёй жыццё раней не прапаноўвала. Натуральна, яна купляла сабе бялізну, але тое было іншае.
Як страказа, якая лётае з месца на месца, да Святланы прыляцела дзяўчынка ў адмысловай фірмовай уніформе, спытала, ці не патрэбна ёй дапамога. Патрэбна, вядома. Аднак як сказаць, што ёй трэба?..
– Разумееце, – заломваючы рукі, прамовіла Святлана, – мне б…
– Бялізну? – здагадалася дзяўчынка.
– Так, – сцвярджальна кіўнула Святлана.
– Трусы? Бюстгальтары? Камплекты? Асобныя партыі? Сарочкі? Начнушкі? Маечкі? Шорцікі? Камбінацыі? – пералічвала дзяўчынка.
– Вось-вось, – счырванела Святлана, – апошняе.
– Вам для сябе ці спакусіць кагосьці? – удакладняла дзяўчынка, спрабуючы дагадзіць кліенту.
«У мяне на твары, ці што, напісана?» – падумала Святлана.
– Вось нядрэнны камплект, – пэўна, здагадалася дзяўчынка і беспамылкова разгарнула каталог на патрэбнай старонцы, дзе мадэль дэманстравала аднатонны чырвоны набор ніжняй бялізны, што складаўся з трусоў, камбінацыі, якая ледзьве прыкрывала каленкі, і такой жа даўжыні халата. Глядзелася гэта шыкоўна. – Падабаецца? – спытала дзяўчынка.
– Так, – стрымлівала эмоцыі Святлана.
– Выдатны выбар, – усміхнулася дзяўчынка, закрыла каталог і адклала яго ўбок, зняла з канвеернай вешалкі выбраны тавар, папярэдне агледзеўшы на вока постаць пакупніцы, загарнула і працягнула ёй, – ваш памер. Аплата ў касе.
Хваляванне прайшло, як толькі Святлана апынулася на вуліцы. Глынуўшы паветра, яна пакрочыла дадому, задаволеная сабой, што паслухала Наташку, і тым, што купіла. Зараз Міхалу не будзе на што наракаць і крыўдзіцца. Яму патрэбен шоўк – калі ласка. Толькі ўсё адно дзіўнае такое захапленне анучай. Хоць
Наташка і казала, што мужчынам гэтыя анучы значна патрэбней, чым жанчынам. Але дзіўна ўсё адно.
Дома яна прымерыла абноўку. Пакруцілася перад люстэркам. Так, нічога ўборчык. Падкрэсліваў усе вабныя формы. Але сама яна не ўзбудзілася б выглядам шоўка. Хораша, так. Ну, не разумела Святлана невытлумачальную ўладу шоўку над людзьмі. Ну, не дадзена ёй было звыш. Але яна ж не адмаўлялася апрануць яго, каб спадабацца Міхалу яшчэ больш!..
Зазваніў тэлефон.
– Купіла? – Гэта была Наташка.
– Купіла, – адказала Святлана. – Якраз любуюся цяпер сабой.
– Палюбавалася і здымай, – загадала Наташка. – Апранеш потым. Неспадзеўку яму зрабі. Ён жа не чакае, што ты так хутка яго просьбу выканаеш…
– Калі потым? – не зразумела Святлана.
– Не тупі, сяброўка, – раздражнялася Наташка. – Спачатку накармі чалавека, а потым ужо спаць укладвай. Тым больш, ён пасля рэпетыцыі.
– Адкуль ты ўсё ведаеш?
– Па аўторках і чацвяргах ён сваім тэатрам займаецца, – растлумачыла Наташка. – А наогул, чаму я табе гэта распавядаю? Ты сама павінна ведаць пра свайго мужыка ўсё. Усё, пакуль.
Святлана паклала слухаўку і адправілася гатаваць вячэру. Мужчына відавочна прыйдзе галодны.
Яна адварыла бульбы і зрабіла салату з агуркоў і памідораў у смятане, што Міхал спажыў з зайздросным апетытам. Еў ён хутка і засяроджана, не адцягваўся на староннія шумы і не глядзеў на яе. Міхал падняў вочы на Святлану толькі калі расправіўся з ежай. Яна сядзела насупраць, і ёй прыемна было назіраць за тым, як ён есць.
– Дабаўкі? – прапанавала Святлана.
– Не, дзякуй, – адмовіўся Міхал. – Вельмі смачна, – падзякаваў.
– Ты не маніш? – адгукнулася Святлана. – Гэта самая простая страва.
– Усё, што створана тваімі рукамі, – запярэчыў Міхал, – з простага становіцца значным.
Ён узяў яе рукі ў свае і па чарзе пацалаваў усе пальцы на іх, тонкія, доўгія, дагледжаныя.
– А ў мяне для цябе сюрпрыз, – імкнучыся не вылучаць фразу як штодзённую, прамовіла Святлана.
– Ды што ты? – зацікавіўся Міхал. – І які?
– Праходзь у спальню і чакай, – папрасіла яна. Малады чалавек, заінтрыгаваны сказаным, хуценька перадыслакаваўся, расцягнуўся на ложку, закінуўшы рукі за галаву, у чаканні абяцанага. Праз некалькі хвілін увайшла Святлана ў новым убранні. Панадліва выгнуўшыся, яна заняла чакальную пазіцыю і глядзела на Міхала ўстрывожана: ці дагадзіла? Ён аж ускочыў ад нечаканай чаканасці, пажыраючы яе вачамі і разводзячы рукамі ў бакі, быццам пазбавіўся і голасу, і мовы разам, а потым запляскаў у ладкі, як акторцы, у падзяку за ўдалы спектакль.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?