Электронная библиотека » Уладзіслаў Ахроменка » » онлайн чтение - страница 4

Текст книги "Музы і свінні"


  • Текст добавлен: 30 октября 2018, 18:00


Автор книги: Уладзіслаў Ахроменка


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 14 страниц) [доступный отрывок для чтения: 4 страниц]

Шрифт:
- 100% +

III. Тэрпсіхора. Муза танцаў

Як беларуская балетная трупа гастралявала ў Сярэдняй Азіі

Здавён у беларускім балеце існавала такая завядзёнка: перад сталічнай прэм’ерай «абкатваць» харэаграфічныя пастаноўкі на далёкай перыферыі, не прасякнутай высокай культуры. За часамі СССР гэткая практыка ўвогуле была нормай. Правінцыйная публіка, змораная выплаўкай чыгуна ці здабычай апатытаў, валіла на тыя спектаклі, бы гарбуша на нераст. А то дзе яшчэ пабачыш столькі прыгажунь у балетных пачках? Толькі па тэлевізары: лебедзі на пуантах, Чайкоўскі з касою, чарговы некралог на чарговага Генеральнага сакратара ЦК КПСС…

Сярэднеазіяцкія рэспублікі мелі ў танцавальным асяродку не найлепшую рэпутацыю: спякота, нудота і антысанітарыя, з якой бессэнсоўна змагацца нават ударнымі дозамі алкаголю. Не кажучы ўжо пра тамтэйшую аўдыторыю, абазнаную ў класічнае харэаграфіі, не раўнуючы, як белавежскія зубры – у святкаванні Наўруза. Зрэшты, маскоўскі «Саюзканцэрт», які тыя гастролі і арганізоўваў, мясцовай спецыфікі абсалютна не цяміў: ну, арыкі з урукамі, ну, саксаулы з аксакаламі… Пралетарскі інтэрнацыяналізм не даспадобы? Партбілет кішэню адцягвае? А то зараз да запалярных аленегадоўцаў выправім, у чуме «Жызэль» ставіць! І камянее пасярод лянотнага азіяцкага мроіва старажытны цюркскі горад са сваімі мячэцямі, базарамі, ішакамі і тубыльцамі ў паласатых халатах, якія не толькі пра «Жызэль» – пра пеніцылін ніколі не чулі. І звальваецца на гэты сацыялістычны халіфат танцавальна-аркестравы дэсант з Мінска; еўрапейскія твары, класічныя стройчыкі. Вядома ж, другі састаў, бо прымы з карыфеямі з’ехалі прапагандаваць дасягненні айчынай харэаграфіі бездухоўнаму Захаду, а ў Сярэдняй Азіі – савецкія людзі, якія і самі ведаюць, што наш балет – найпрагрэсіўнейшы ў свеце.

Балетмайстар, малады і ўзнёслы эстэт, нервуецца, рыхтык школьнік перад іспытам: як, цікава, тутэйшая публіка ўспрыме прывезены спектакль? Усё, здаецца, мусіць быць зразумела: «Бахчысарайскі фантан» Барыса Асаф’ева, з пазнавальнымі мінарэтамі, гарэмамі, рахат-лукумамі ды іншай арыентальнай лухтою. Галоўную жаночую партыю Зарэмы таньчыць, вядома ж, балетмайстарава жонка. Калі пастаноўку не асвішчуць тут – у Мінску яна і пагатоў не праваліцца. А там, можа, і ў якое рэакцыйнае замежжа выпусцяць…

Падрыхтоўка праходзіць на ўздыме. Мастак прыкідае, як найэфектней адбудаваць дэкарацыі і зарганізаваць святло. Рэжысёр, уражаны мясцовым каларытам, дапрацоўвае драматургію. Балетмайстар, песцячы ў галаве сарамлівыя мроі пра авацыі і трыумф, ганяе танцораў да поўнае страты свядомасці і раўнавагі; шліфуе рухі і мкнецца да дасканаласці. І вось – афішы на глінабітных сценах, прэм’ера ў Палацы культуры бавоўнаробаў. Уся трупа вібруе ў нервовым чаканні. Аркестранты збіраюцца за гадзіну раней за належнае. Танцоры дбайна накладаюць грым. Рэжысёр выцірае насоўкай спатнелую лысіну. Балетмайстар, празрысты ад хвалявання, напружана прыпадае вокам да дзіркі ў тэатральнай заслоне. Гучаць велічныя акорды балетнай уверцюры. Нарэшце, заслона ўздымаецца…

Вялізная няўтульная зала, практычна пустая. На першых месцах – з тузін мясцовых эстэтаў: начальніцкія партфелі, стракатыя цюбецейкі, залатыя зубы. Лянотна жуюць самсу і паглядаюць на Хана Гірэя, які элегічна смуткуе на сцэне каля дэкаратыўнага «Фантана слёз», бы на хлопчыка ў чайхане. Балетмайстар перахоплівае позірк суворага татарскага ўладара і разумее, што таму зараз не таньчыць хочацца, а выхапіць шаблю і пашаткаваць гэтую неабазнаных у харэаграфіі ішакоў на люля-кебаб. Спектакль заканчваецца суцэльным правалам, бо ўжо ў другім акце залатазубыя балетаманы даядаюць прынесеныя прысмакі і сыходзяць проста падчас танцавальнага нумару.

Увечары ў беларускіх гастралёраў жальба і дэпрэсія. Усе – аркестранты, кардэбалет, мастак, рэжысёр і нават Хан Гірэй з Зарэмаю, – п’яныя, як бэлькі. Смокчуць паскудную цёплую гарэлку тутэйшага разліву і скардзяцца адзін аднаму на азіяцкае дзікунства і маскоўскі «Саюзканцэрт». І толькі балетмайстар, непітушчы з прычыны далікатнага псіхаскладу, на самоце глынае пякучыя слёзы ў скверыку насупраць гатэля.

Усё, злівай ваду, гастролі праваленыя, у наступны горад і ехаць не варта. Можна, вядома ж, дамовіцца з мясцовымі гаркамамі партыі, каб тыя задарма распаўсюдзілі квіткі ў вайсковых частках, школах і на базарах, але ж дзе гарантыя, што гэтыя дзеці барханаў зноўку не пераблытаюць балетны спектакль з караван-сараем? Уратаваць «Бахчысарайскі фантан» у змозе хіба што джын, а яны, як вядома, у савецкай Сярэдняй Азіі даўно звяліся.

І тут са спякотнага марава нібы матэрыялізуецца зухаваты і небяспечны маладзён, па выглядзе – тыповы басмач. Ты, кажа, нацальніка танцаў? Ну, я, панура адказвае балетмайстар, а што? А то, кажа маладзён, што з табой будзе гаварыць адзін вельмі паважаны чалавек. Вунь, бачыш чорную «Волгу»? Ідзі туды хуценька, не прымушай яго чакаць!

У салоне – хударлявы стары: шафранавы твар, пергаментныя павекі, хіжыя кіпцюрыстыя пальцы. Гэткі грыф-сцярвятнік, гаспадар тутэйшых пустэльняў. На галаве грыфа – расшытая золатам цюбецейка, а на касцістых плечыках – пінжак з зоркай Героя Сацыялістычнай працы. Стары настойвае выразную паўзу, нечакана пасміхаецца балетмайстру і кажа: маўляў, ведаю пра твае праблемы, толькі ты не пераймайся. Сёння на вашае «Лебядзінае возера» адно шакалы з аддзелу культуры прыходзілі, яны свае пасады за барашкаў купілі. А вось у нашым бавоўнаробным калгасе – сапраўдныя знаўцы класічнай харэаграфіі. Калі цікава – маю гонар запрасіць у свой сціплы калгасны дамок, абмяркуем, як сур’ёзныя людзі…

Праз якія паўгадзіны ачмурэлы балетмайстар сядзіць у сціплым калгасным дамку. Зрэшты, гэта не дом, гэта палац з «Тысячы і адной ночы». Мармуровыя сцены, завешаныя ядвабнымі дыванамі з мудрагелістымі арнаментамі. Велічныя зборы, бы ў медрэсэ Улугбека. Цяністы панадворак з крышталёвымі фантанамі і пыхлівымі паўлінамі. І ўся гэтая азіяцкая раскоша міжволі асацыюецца ці то з Амарам Хаямам, ці то з крадзяжамі сацыялістычнае маёмасці ў асабліва буйных памерах.

Непрыкметныя халуі выстаўляюць перад балетмайстрам бясконцыя пачастункі: духмяны плоў, паравую асятрыну, смажаныя яйцы баранаў ды іншыя шашлыкі-машлыкі. Гаспадар паблажліва паглядае на разгубленага госця, разлівае па антыкварных чарках французскі каньяк і прапануе ідэалагічна вытрыманы тост за мастацтва, якое належыць народу. Балетмайстар ідэю падтрымлівае, дадаючы пра сябе, што мастацтва вымагае адпаведнай аплаты, асабліва мастацтва харэаграфічнае. Але выпіць ветліва адмаўляецца – маўляў, выбачайце, непітушчы. Так, а што за прапанова?

Прапанова вельмі простая, адказвае гаспадар: паставіць у нашым калгасе-мільянеры ваш балет. Танцораў з музыкамі пасялю ў сябе, дарагімі гасцямі будуць. Сам спектакль мае праходзіць на адкрытай эстрадзе калгаснага Палацу Культуры, я яго адмыслова збудаваў, каб было дзе новыя зоркі Героя Сацыялістычнай працы атрымліваць. Ганарар… ну, які самі сабе прызначыце. Толькі маю адну дробную ўмову…

Балетмайстар адкладае надкусаную канапку з чорнай ікрою і міжволі прыгадвае пра дармавы сыр.

А ўмова такая, працягвае стары. Ёсць у мяне адзіная ўнучка, зорка маіх вачэй і дыямент майго сэрца. Акурат на шаснаццацігоддзе вашую балетную пастаноўку і хачу ёй падарыць, дык вось яна будзе проста шчаслівая выканаць галоўную партыю ў вашым «Шчаўкунчыку». Не, не, ніякіх харэаграфічных вучэльняў-мучэльняў не заканчвала, а нашто? Ведаеш, як яна прыгожа пад дойру таньчыць?

Госць сутаргова прапіхвае праз перасохлае горла канапку, ніякавата глядзіць на гаспадара. Прабачце, кажа, але такое немажліва… таму, што немажліва ніколі! А як жа прасторавая пабудова танца? Пластычны матыў, харэаграфічны тэкст, змест і форма, вобраз і персанаж? Танцавальная драматургія, урэшце! Усяму гэтаму менавіта ў харэаграфічных вучэльнях-мучэльнях і вучаць! Як ваша ўнучка станьчыць партыю Зарэмы, калі яна нават балетнага сюжету не ведае? Гэта тое ж самае, што замест першай скрыпкі пасадзіць у сімфанічны аркестр дэкханіна з бубнам!

Перамовы набываюць характар творчае спрэчкі і імгненна заходзяць у тупік, але ж гаспадар, праўдзівы сын Усходу, ветліва праводзіць госця да чорнай «Волгі» і, высцілаючы голас аксамітам, прапануе падумаць над сціплай просьбай шаноўнага аксакала, героя працы і заслужанага бавоўнароба рэспублікі. А каб лепш думалася, дэманструе ладны брыкецік сторублёвых купюраў – прыблізны балетмайстарскі заробак за працоўную пяцігодку.

Увечары ў гатэлі – праўдзівая вайсковая нарада. Балетна-музычны Генштаб у поўным зборы. Пачынаецца адвечная спрэчка, што ў мастацтве найгалоўнае: чыстая краса ці брудныя грошы?

Рэжысёр гатовы капітуляваць адразу: маўляў, хоча гэты бабай улюбёную ўнучку папесціць – калі ласка!.. Ды за падобнае фінансаванне можна хоць упрысядкі таньчыць, хоць залатыя зубы ўсяму тэатру Оперы і балета паўстаўляць! Пашнуруем нашых персанажаў уздоўж дэкарацый паўколам, хай папляскаюць дзеўцы ў ладкі, пакуль яна будзе з дойрай па сцэне скакаць!

Дырыжор разгортвае куды больш асцярожную дыспазіцыю, згодна якой балетную пастаноўку ў кішлаку варта падаць звышсучасным мадэрновым перформансам, гэткім творчым эксперыментам. Дый і аркестранты з танцорамі нажлукцяцца потым у сваё задавальненне…

І толькі балетмайстар выглядае на гэтай вайсковай нарадзе непахісным, рыхтык Аляксандр Македонскі перад бітвай пры Гаўгамалах. Дэманструе трываласць духу і прынцыповасць поглядаў. Не дазволю, кажа, нявечыць класічны балет! Гэта ж мая першая пастаноўка, я ў яе нерваў і высілкаў паўкладаў куды больш, чым той калгасны падзішах – у рабаванне сваіх сялянаў! Высокія ідэалы творчасці!.. Сэнс існавання мастацтва!.. Праекцыя сусвету харэаграфічнымі сродкамі!.. І вось – бавоўнавы калгас-мільянер. Адкрытая сцэна, перад каторай – звычайныя лаўкі без спінак. На сцэне – дэкарацыі за заслонаю, перад сцэнай – аркестр з дырыжорам, а на лаўках – мурзатыя дэкхане, бяспраўныя бавоўнавыя рабы пад наглядам зухаватых брыгадзіраў-басмачоў. Паглядаюць на скрыпкі з трамбонамі, бы эскімосы на авакада, і цярпліва чакаюць.

Тым часам да балетмайстра падыходзіць уладар усяго гэтага свята мастацтва, хіжа шчэрыцца і перапытвае: гэта тваё апошняе слова? Балетмайстар ганарліва выпроствае плечы: так самае апошняе! Ды не ў грошах тут справа, паважаны, а ў прын-цы-пе! Як задумана кампазітарам, рэжысёрам і харэографам, то бок мною, так і будзе пастаўлена!

Добра, нечакана пагаджаецца аксакал. Хай будзе па-твойму. Толькі каб не давялося потым шкадаваць…

Пачынаецца спектакль. Аркестр грае надзіва натхнёна. Уся балетная трупа порхае па сцэне чароўнымі стракозамі. А Зарэма, выканаўца галоўнай жаночай партыі, таньчыць так, бы ў яе пад нагамі не стаптаныя дошкі, а нябачны батут, сатканы анёламі з ранішніх аблокаў!

Спектакль ідзе накатам і набліжаецца да сюжэтнае кульмінацыі. Раз’юшаны Хан Гірэй загадвае скінуць Зарэму ў прорву. Двое артыстаў кардэбалету, апранутыя еўнухамі, стаўляюць адрынутую зорку гарэма на бутафорскі мур, тэатральна штурхаюць, і…

Шалёны жаночы войк накладаецца на трагічныя аркестравыя акорды! Музыка імгненна змаўкае, танцоры на чале з Ханам Гірэем навыперадкі кідаюцца да дэкарацыі…

На парасціне, разасланай з адваротнага боку мура – нерухомая Зарэма. Збялелы твар, скрываўленыя ногі, падраны сцэнічны касцюм. Не балерына, а раскошная птушка-калібры, расціснутая кірзовым ботам…

…Якім чынам памагатыя помслівага савецкага феадала здолелі незаўважна выцягнуць з-пад дэкарацыі пасланыя матрацы, насыпаць на іх месца бітага бутэлечнага шкла і прыкрыць усю пастку прасціной, беларускія гастралёры так і не высветлілі.

Скалечаная балерына потым доўга залечвала фізічныя траўмы, а ейны муж-балетмайстар – душэўныя. Характэрна, што ён нават пачаў пакрысе выпіваць, і гэтая акалічнасць скіравала яго да больш цвярозых поглядаў на мастацтва.

Як артысты «Харошак» таньчылі для сына белагвардзейскага палкоўніка

За часамі БССР фальклорна-харэаграфічны ансамбль «Харошкі» быў ці не самым запатрабаваным айчынным прадуктам па-за межамі Беларусі. Лідарства па экспарце, вядома ж, трымалі МАЗ, БелАЗ і Мінскі трактарны, але ж прыбыткі ад замежных гастроляў «Харошак» напэўна былі вышэйшымі, чым ад продажаў тэлевізараў «Гарызонт», хаця і праходзілі ўсяго толькі пад сціплай графой «нацыянальны каларыт». Танцоры і музыкі не вылазілі з замежных гастроляў, і гастролі былі не толькі ў сацыялістычных Манголіі-Баўгарыі, але ж і ў заходнееўрапейскіх краінах з класічным капіталістычным ашчэрам і сімпатычнымі інвалютнымі крамамі.

Праўда, самі артысты атрымлівалі за гастролі капейкі; усю валюту сталёвым дзеркачом вымятаў маскоўскі «Дзяржканцэрт». Да таго ж, паездкі ў капіталістычныя джунглі вымагалі ад танцораў дасканалай ідэалагічнай падрыхтоўкі. Перад кожнымі гастролямі «харошкаўцаў» дручылі на іспытах, не раўнуючы, як лялечных актораў тэатра Карабаса Барабаса. Тагачасныя бээсэсэраўскія Карабасы Барабасы мелі пасады інструктараў аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ і прымалі ва ўсіх «выяздных» адпаведныя іспыты. Шэраговы артыст «Харошак» ведаў гісторыю сусветнага камуністычнага руху на ўзроўні выкладчыка Вышэйшай партыйнай школы.

Недзе ў сярэдзіне васьмідзесятых прыходзіць у «Харошкі» чарговая разнарадка: гастролі ў Японіі. Яно і зразумела: не тэлевізары ж «Гарызонт» туды з БССР экспартаваць! Касцюмаваны «прагон» для мастацтвазнаўцаў у цывільным праходзіць бліскуча, і цяпер – апошні бар’ер: іспыт па гісторыі тамтэйшай камуністычнай партыі. Кіраўніцтву «Харошак» сігналізуюць: маўляў, «Японія – гэта Захад», а таму прымаць іспыт будзе самы дасведчаны прапагандыст і палымяны ідэалагічны барацьбіт, чалец Бюро ЦК КПБ… Дрыжыце, акторышкі!

Артысты ціха мацюгаюцца, звыкла кааперуюцца па двое – па трое, каб потым адрэпетаваць папярэднюю здачу іспыту адзін перад адным. Абкладаюцца ў бібліятэчных залах спецыялізаванымі даведнікамі, шаргацяць старонкамі і, ломячы языкі, вучаць біяграфіі найгалоўных японскіх камуністаў. Міцухіра Канэка і Удзяку Акіта, Танцудза Фува і, ты ж яго толькі паспрабуй запомніць, Масанасукэ Ватанабэ!

Гадзіна, дзве, тры…

Гартані пачынае шкрэбсці, мазгі ўкрывае шэрань, нават павекі – і тыя паволі звужаюцца на самурайскі манер. Свядомасць санліва пазяхае, паволі запаўзае ў самыя далёкія мазгавыя звіліны, скручваецца эмбрыёнам і імгненна ўпадае ў анабіёз. «Харошкаўцы» паглядаюць адзін на аднаго празрыстымі шклянымі вочкамі і па-дэбільнаму пасміхаюцца. Ёнска Ціна, Тасука Таксама, Ваніта Такая, усё, галовы пухнуць, ну яго на хрэн, лепш ужо харакіры, чым такое вучыць!

– Нічога так не замінае добраму танцору, як камуністычная ідэалогія, – справядліва канстатуе скрыпач з «харошкаўскага» аркестра і змоўніцкі падміргвае. – А, можа, ну яго ў сраку, давай лепш дзе-небудзь культурна пасядзім?!

– Дык заўтра ж іспыт, – панура ўздыхае танцор, – нейкі важны перац ажно з ЦК КПБ прымае.

– Нічога, я шпаргалак ў нашых дзевак папрашу, – звыкла адмахваецца музыка. – Пайшлі, а то канчаткова тут звар’яцеем…

Па хуткім часе прыяцелі перабіраецца ў кафэ «Тэатральнае», што акурат насупраць Беларускага тэатра оперы і балета, прычым скрыпач бярэ з сабой і футарал з інструментам, бо заўтра да ідэалагічнага выпрабавання яшчэ на «халтуру» трэба паспець. Артысты, змардаваныя тымі самураямі, бы рэвалюцыянер Сяргей Лазо паравознай топкай, бязладна тыцкаюць пальцамі ў меню, і давлячыся ціхім істэрычным рогатам, замаўляюць нешта кшталту «Налейка Накаціка». І цярпліва чакаюць, калі прынясуць пляшку самай таннай гарэлкі і дзве салаты «Днястроўскія» па сямнаццаць капеек.

А за столікам насупраць – нейкі салідны мужык: індпашываўскі стройчык-«тройка», дарагі гальштук, залатыя запінкі. «Шашлык па-карску», ікра чорная паюсная, каньяк КВВК і дзесяцірублёвая ружа ў крышталёвай вазе. Відаць, бабу запрасіў, а тая яго пракінула, вось і піячыць небарака на самоце. І вельмі так зацікаўлена на «харошкаўцаў» паглядае.

Праз дзесяць хвілінаў афіцыянтка, напружана азіраючыся на мужыка ў «тройцы», прыносіць пляшку «Арарату»; маўляў, «ад іхняга стала да вашага стала». Артысты лыбяцца на дабрадзея разгублена і ўдзячна. Той нецвяроза хістаецца і дэманструе прывітальны жэст, нешта сярэдняе паміж «Рот Фронт!» і «Хайль Гітлер!»

Яшчэ пяць хвілінаў – і артысты на запрашэнне дабрадзея сядзяць за ягоным столікам.

– Завуць мяне гаспадзін Кудасаў, – ганарліва прадстаўляецца мужык з «Араратам». – І ў нашую матухну-Расію я прыбыў ажно з Парыжу; «белыя акацыі, кветкі эміграцыі». Можа, вы пра майго бацьку чулі: такі палкоўнік Кудасаў, начальнік контрвыведкі барона Урангеля.

Прасунуты скрыпач пярэчыць упэўнена: маўляў, палкоўнік Леапольд Кудасаў – кінематаграфічны персанаж з прыгодніцкай стужкі «Новыя прыгоды няўлоўных», рэжысёр Эдмон Кеасаян, кінастудыя «Масфільм», але ж скончыць не паспявае, таму што танцор трапна б’е яго пад сталом насцяком у лытку: ты што, дурны, хай гэты шчодры лох вярзе што заўгодна, мы яго як мінімум на яшчэ адну пляшку раскруцім!

– Правільна, кінематаграфічны персанаж, – нечакана пагаджаецца новы знаёмы. – Але ж ягоным правобразам акурат і стаўся мой бацька! Белагвардзеец, патомны дваранін, блакітная крывя… Дый увогуле, ведаеце, колькі ён камунякаў расстраляў?!

Скрыпач пацірае пад сталом пабітую нагу і талерантна ніжа плячыма; ну, свет вялік, усё можа быць. Танцор аблізваецца на каньяк. А сын белагвардзейскага палкоўніка паглядае на скрыпічны футарал і нечакана пытаецца ў музыкі:

– «Паручніка Галіцына» збацаць можаш?

– У прынцыпе, магу, – асцярожна пацвярджае скрыпач.

– Але ж выкананне падобнай кіч-культуры не адпавядае нашай камуністычнай ідэалогіі, – адчужана тлумачыць танцор. – Прынамсі, публічнае выкананне.

– Дзесяць рублёў плачу, – падае прапанова.

Дзесяць савецкіх рублёў за тымі часамі – ці дзве з паловай пляшкі гарэлкі, ці чатырнаццаць «комплексных сняданкаў» у сталоўцы, ці дзвесце паездак у мінскім метро. Артысты напружваюцца…

– Дзякуй… Але ж тэкст гэтай песні «незалітаваны» Арганізацыяй Музычных Ансамбляў мінскага гарвыканкама, – прыдушана нагадвае скрыпач.

– У рот, у дупу і ў душу меў я ваш мінскі гарвывыканкам! Дваццаць пяць і пляшка каньяку! – агрэсіўна абсякае Кудасаў-малодшы. – Душа свята прагне, разумееце?! Ну, давай: «Четвертые сутки пылают станицы, по Дону гуляет большая война…»

– Што – проста тут і на скрыпцы граць? – шчыра жахаецца музыка, ліхаманкава прыкідаючы наступствы; забароненая савецкай цэнзурай «белагвардзейшчына», КГБ, следства, турэмныя нары і лагерная самадзейнасць як вянец кар’еры…

– З кафэ выставяць за хуліганства! – разважліва прыкідае танцор.

– Каго-о-о? Мяне-е-ее? – голасна абураецца сын начальніка ўрангелеўскай контрвыведкі і па-барску шчоўкае пальцам, падклікаючы метрдатэля. – Алё, ла-акуза! Хай лабаюць! Я так хачу!

Метрдатэль, па выглядзе – класічны адстаўны мент ці камітэтчык, – пяшчотна зелянее з твару і нечакана дае дазвол выконваць для дарагога госця усё, што той схоча. Кудасаў дастае шляхотную скураную партманэтку і замаўляе чарговы каньяк.

Далейшыя падзеі зліваюцца для «харошкаўцаў» у суцэльную жахлівую фантасмагорыю. Бо імправізаваны канцэрт ва ўстанове савецкага Абшчапіту балансуе на мяжы п’янага дэбошу і махровай антысаветчыны. Нажэрты ў дугу белаэмігрант, дырыжуе пляшкай «Арарату» і сантыментальным фальцэтам выводзіць «а в комнатах наших сидят комиссары, и девочек наших ведут в кабинет!..» Далей – «Господа офицеры, голубыя князья!». Заканчваецца ўсё гэта пафасным выкананнем «Боже, царя храни!», прытым парыжскі госць агрэсіўна патрабуе ад наведвальнікаў, усіх гэтых стосаракарублёвых інжынераў з «Гарызонту», падпяваць яму стоячы.

– Я манархіст-саборнік!.. – раве ён так голасна, што жырандолі пад столлю жалобна ценькаюць. – У кантрвыведку!.. За яйцы!.. Расстраляю!..

А на календары, між іншым, сярэдзіна васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Рафінаваны чорна-белы «савок». Чытанне эмігранцкай літаратуры раўназначнае дзяржаўнае здрадзе. За знойдзеную ратапрынтную копію Салжаніцына выдаюць дармавую пуцёўку ў Комі АССР гадоў на пяць, мінімум. А таму зляканая публіка, нават не дапіўшы і не дазакусіўшы, паспешліва расплачваецца, хапае з шатні драпавыя паліто, нацягвае на галовы шапкі з фарбаваных трусікаў і злякана ўцякае ад усёй гэтай контррэвалюцыі.

Белагвардзейская пагулянка тым часам працягваецца, бы ў маскоўскім кабаку «ЯрЪ» часоў Савы Марозава. Мітусяцца са сподамі афіцыянты, мяняюцца пляшкі, мянтоўска-гэбэшнага экстэр’еру метрдатэль па-халуйску трымае перад Кудасавым цяжкую крышталёвую попельніцу, а той цягае са сваёй парыжскай партманэткі бясконцыя дваццаціпяцірублёўкі, рыхтык ілюзіяніст Ігар Кіо – галубоў з рукава.

Нарэшце, «Тэатральнае» зачыняецца. Сын знанага белагвардзейца, двойчы бразнуўшы залатымі запінкамі аб ганак, вывальваецца ў заснежаны сквер каля Опернага. І нечакана аб’вяшчае апошні нумар:

– А цяпер – «Цыганачка з выхадам»!

Артысты злякана перазіраюцца. Бо як не круці, а гэта ўжо сапраўдны перабор. У бліжэйшым «апарняку», што на Старажоўцы – самыя зверскія ва ўсім Мінску мянты. І не за такое забіралі…

– Давай, не бздзі, ну? – імпэтна падбадзёрвае артыстаў патомны рускі дваранін. – «Оп-паньки! Есть колечко у меня, шаровары красные!..»

Скрыпач, сутаргова прыціскаючы інструмент да падбароддзя, зухавата сячэ смыкам паветра. Кудасаў у апошняе ступені традыцыйнага вялікарускага куража зрывае з сябе папаху і пачынае асцервянела таптаць яе моднымі парыжскімі чаравікамі. А харэаграфіст, трымаючы па-над сваёй галавой скрыпічны футарал, рытмічна б’е ў яго, нібы ў цыганскі бубен і прафесійна падтанцоўвае…

Як і мае быць, праз пяць хвілінаў побач спыняецца жоўты міліцэйскі «бобік». Шчаслівыя мянты навыперадкі імчаць да харэаграфічна-музычнага калектыву і інстынктыўна спрабуюць заламіць рукі салісту.

– Прэч, халопы! – гжэчна адбіваецца белагвардзейскі нашчадак. – Вы хоць ведаеце, хто я такі?

І, выцягнуўшы нешта з кішэні, тыцкае гэтым нечым у пысу падаспеламу міліцэйскаму афіцэру. Мент ахранела глядзіць, струмка выцягваецца, вернападдана шчоўкае сківіцай і міжволі прыкладае дрыготкую руку да лакіраванага брылька. «Бобік» паспешліва ўцякае…

У «харошкаўцаў» ад пабачанага становяцца пуста ў галовах і зелена ўваччу. Зрэнкі робяцца ромбаабрыснымі. Што гэта можа быць? Містыка? Чараўніцтва? А можа, гэты Кудасаў нейкі вялікі гіпнатызёр? Ці ў горадзе ўжо даўно белыя, але ж па тэлевізары чамусьці яшчэ не абвесцілі?

Як бы то ні было, але Кудасаў дае музыкам ганарар у сто рублёў і заваблівае рукой таксоўку.

– Шчасліва заставацца ў крывавай Саўдэпіі! – трагічна развітваецца патомны дваранін. – А я на вакзал, да парыжскага цягніка…

…Назаўтра нашыя артысты, фільтруючы кадыкамі адрыжку, ідуць здаваць іспыт па гісторыі камуністычнага руху Японіі. Шаргацяць канспектамі, ліхаманкава рассоўваюць па самых інтымных месцах шпаргалкі-гармонікі. «Важнага перца» з аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК КПБ баяцца не менш, чым японскія мілітарысты – герояў Халхін-Голу. Тыя, хто ўжо здаў іспыт, адно разгублена хаўкаюць: паскуда рэдкасная, самыя падступныя пытанні задае, а «шпорамі» пры ім увогуле карыстацца немажліва! Дый відавочна не ў настроі…

Харэаграфіст і скрыпач, жагнаюцца, нібы перад шыбеніцай, і ідуць здаваць разам. Адчыняюць дзверы, заходзяць, глядзяць на экзаменатара і… сінхронна асядаюць на падлогу.

За сталом, пад парадным партрэтам Уладзіміра Ільіча Леніна – знаёмая пыса, толькі вельмі апухлая. Ядучы перагар на ўвесь кабінет і брашурка з матэрыяламі апошняга Пленума ЦК КПСС на самым відным месцы.

Барон Урагнель. Контрвыведка. «Боже, царя храни!». Карацей, «Цыганачка з выхадам»…

Ну, сука!

Ужо потым высветлілася, што обер-ідэолаг з аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК КПБ на кожныя выходныя ўпадаў у непрацяглы, але імпэтны запой. Штопятніцу зараджаў у відэамагнітафон касету з фільмам пра Грамадзянскую вайну, накатваў каньяку і паціху распраўляў крылы, рыхтык двухгаловы арол над маскоўскім Крамлём. З кожным кілішкам ідэйна спелы камуніст няўхільна пераўвасабляўся ў нашчадка кінематаграфічнага контррэвалюцыянера і цягнуўся «даганяцца» ў мінскае кафэ другой нацэначнай катэгорыі. Дзе і выдаваў свае патаемныя манархічныя мроі за пафасную рэчаіснасць. Сціплы статус падобных кафэ гарантаваў адсутнасць тамака людзей з Парткантролю, зарплата дазваляла плямкаць чорнай ікрой, а страшнае пасведчанне чальца Бюро ЦК КПБ гарантавала, што ані мянты, ані нават КГБ ніколі не спыняць белагвардзейскі кураж.

Вось такія ідэолагі кантралявалі Беларусь за савецкім часам.

Цяперашнія, кажуць, яшчэ горшыя…

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4
  • 4 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации