Текст книги "Музы і свінні"
Автор книги: Уладзіслаў Ахроменка
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 14 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
Як магілёўская танцорка вызваліла ад бандытаў уральскі горад
Тоеснасць рамёстваў танцоркі і факіра відавочная: абодва займаюцца прафесійным гіпнозам. Калі факір гіпнатызуе змяюку рытмічнымі рухамі флейты, то танцорка зачароўвае публіку вытанчанай пластыкай цела. Пасіянарная танцорка здольная ўлагоджваць не толькі паўзучых гадаў, але й падступных хімераў, крыважэрных ваўкалакаў і, напэўна, самое чортава кодла. Толькі вось наступствы такіх гіпнатычных сеансаў здараюцца непрадказальнымі і драматычнымі для абодвух бакоў…
Калі ў слынным горадзе Магілёве адкрылі найвялікшы ў Еўропе лаўсанавы завод, то непадалёк ад яго збудавалі і профільную мастацкую ўстанову – Дом Культуры Хімвалакна. Напрыканцы васьмідзясятых пры гэтым ДК існаваў танцавальны гурток, куды інжынерна-тэхнічная інтэлігенцыя выпраўляла сваіх дзяцей, каб эстэтызаваць іх няўклюдныя рухі і сублімаваць гарманальную энергетыку. Кіравала гуртком нядаўняя выпускніца беларускай харэаграфічнай вучэльні – вабная, як віяланчэль, і элегантная, рыхтык кобра. Вучні яе аддана любілі, вучнёўскія мамы – люта ненавідзелі, а таты шалёна вібравалі ад эратычнай постаці дзявулі. Сама ж танцмайстарка, сціплая і мілая, сумленна навучала дзятву румбе, самбе, класічнаму вальсу і нават не задумвалася пра што большае. І тут незаўважна падкрадаюцца галодныя і вясёлыя дзевяностыя. Па ўсёй краіне шнуруюцца кіламетровыя чэргі. З крамаў канчаткова знікаюць харчы, з аптэкаў – лекі, з вулічных таксафонаў – слухаўкі, затое на тэлеэкранах з’яўляюцца лацінаамерыканскія серыялы. Народ масава адкрывае ў сабе нечаканыя таленты і смелыя пакліканні. Дацэнты марксізму-ленінізму гандлююць на рынках імпартнымі карункавымі майткамі, якія ў сутарэннях насупраць шыюць з цюлевых фіранак адстаўныя пракуроркі. Школьніцы падаюцца ў путаны, путаны становяцца эстраднымі спявачкамі; мянты перакідаюцца ў крымінальнікаў, крымінальнікі сыходзяць ў палітыку. Да ўсяго, ці не большасць гэтай публікі вельмі арганічна спалучае прафесіі.
Харэаграфічны гурток натуральным чынам самаліквідуецца: якія тут яшчэ полькі з канканамі?! Танцкласа адыходзіць пад кааператыўны відэасалон, а маладая танцмайстарка застаецца без кавалка хлеба і ўсялякіх перспектыў на яго заробак.
Нечакана з Расеі тэлефануе знаёмая – маўляў, на Урале ёсць вакансія танцоркі экзатычных танцаў… мо, пад’едзеш на прагляд? Нашая дзявуля прыгадвае, што грошай у яе застаецца адно на бохан хлеба і ўзяць больш няма дзе. Пад’еду, кажа, а як не пад’еду, то прыпаўзу, альтэрнатывы няма. Колькі тыдняў яна дбайна шліфуе прафесійнае майстэрства ў сваёй малагабарытцы пад касетны магнітафон, пазычае ў сябровак найлепшыя транты і едзе ў прамысловы горад на Ўрале, дзе нечакана для сябе праходзіць жорсткі іспыт.
Пачынаецца жыццё ў суворых расейскіх джунглях дзевяностых гадоў, населеных быкамі ў кароткіх скуранках, гіенамі ў міліцэйскіх мундзірах і кабанамі ў чырвоных пінжаках. Безумоўна, вядуцца ў тым уральскім горадзе і прыстойныя людзі, але ж у клубах, рэстарацыях і на карпаратывах, дзе выступае танцорка, іх практычна не сустрэнеш.
Пасля аднаго з такіх выступаў у распранальню ўвальваецца масіўны лысы мужчына ў стройчыку за штуку баксаў і туфлях пітонавай скуры; дыхае на танцорку дарагім каньяком і робіць ёй непрыстойную прапанову. А ў дзяўчыны падобных прапаноў – ці не па дзесяць на дзень: ад аднаклетачных з бліжэйшага райаддзела міліцыі да прыматаў на «шасцісотых» мерседэсах. Танцорка, нават не гледзячы на нахабу, прапануе яму пайсці прэч. Той нібы не чуе – загіпнатызавана жарэ вачыма ейныя вабныя пукатасці і цягне да іх пальцы з дыяментавымі пярсцёнкамі. Нашая дзявуля, хаця і спецыялізуецца на разняволеным танцы жывата, але ж нораву цнатлівага – падобных выбрыкаў не пацерпіць: імпульсіўна хапае пляшку з мінералкай і б’е нахабу па галаве. Шкло разлятаецца шротам, паранены выдыхае інстынктыўны мацюг, голаў ягоны крывяніць, на енкі залятаюць гарылы з пісталетамі.
І тут здараецца нешта невытлумачальнае…
Нахаба паведамляе целаахоўнікам, што паслізнуўся па-п’яні, ідзіце на хрэн, разбяруся без вас. Прыкладае да раны сурвэтку, зыркае на танцорку здзіўлена і ціхенька сыходзіць.
Праз хвіліну ў распранальню прыбягае збялелы ад жаху імпрэсарыа. Рукі калоцяцца, ногі падгінацца, зубы выстукваюць чачотку. Ну, усё, кажа, замаўляй сабе, красуня, труну! Ведаеш, хто гэта быў? Не? Сам Ваван Чалябінскі!
Пра Вавана нашая танцорка, натуральна, начутая: лідэр наймацнейшай злачыннай групоўкі, аўтарытэтны «дах» тутэйшых заводаў, газет, параходаў, вяршыня бандыцкага харчовага ланцужка Ўралу і наваколля. Гэты здатны на ўсё, што заўгодна, і яшчэ добра, як загадае проста ў труне закапаць, а не спаліць жыўцом у якой качагарцы. І ніхто нават шукаць не стане: вунь, па тэлевізары пра замоўныя забойствы банкіраў і злодзеяў у законе паведамляюць з такімі інтанацыямі, як колькі гадоў таму – пра запуск ракет з Байканура, і ніколі тых кілераў не знаходзяць. А тое, што ўплывовы мафіёзі абавязкова адрэагуе на жахлівую абразу, сумневу няма.
Дзяўчына бездапаможна абхоплівае рукамі голаў і адчувае, што сэрца яе з грукатам адрываецца ад грудзіны і імкліва валіцца ў ільдзяное бяздонне…
Бегчы, бегчы, бегчы! У Магілёў, за мяжу, на Марс… Толькі б не знайшлі! Небарака ў паніцы складае транты з дакументамі, ловіць таксоўку і ляціць на вакзал, але ж каля ўваходу яе пераймаюць вулічныя мянты і перадаюць дужым дзядзькам у спартовых строях – маўляў, спадары бандыты, затрымалі згодна вашае арыентыроўцы! Спадары бандыты безцарамонна закідаюць уцякачку ў страшны чорны джып і прывозяць у папсова абстаўлены загарадны катэдж, дзе яе сустракае той самы нахаба з параненай галавою.
Не бывае так страшна, каб не сталася яшчэ страшней. Гаспадар катэджа моўчкі свідруе танцорку пранізлівымі круглымі вачыма, і ад гэтага позірку дзяўчыне хочацца імгненна распусціцца на малекулы і атамы. Адбірае пашпарт, уважліва праглядае ад першае да апошняе старонкі, кладзе ў кішэню. Танцорка ў думках развітваецца з жыццём. Мозг нібы працяты анастэзіяй, нервовая сістэма спаралізаваная, рухі запаволеныя… Ёй ужо ўсё адно, што зараз з ёй станецца.
Тым часам мафіёзі выклікае з падворка страшных дзядзькаў у спартовых строях, загадвае ім пашнуравацца. Мружыцца, рыхтык пітон Каа на бандэрлогаў і прамаўляе: усе вы, маўляў, гандоны, цыраваныя калючым дротам! На нейкага там банкіра па-людску наехаць сцыцё? Вунь, на мяне маладая дзеўка не пабаялася наехаць… на мяне!.. на мяне!!.. руку!!!.. падняла! А хто, па-вашаму, страшнейшы – я, ці нейкі там комерс? Хуценька ў рукі паяльнікі, бейсбольныя біты ды ўсё астатняе – і на працу!
Пакуль госця камянее слупам, гаспадар катэджа паказальна ветліва просіць прабачэння за сённяшні п’яны выбрык. І на знак канчатковага замірэння прапануе: маўляў, зрабі мне такую ласку, патаньчы проста тут і толькі для мяне, зараз музыку пастаўлю!
Танцорка міжволі набліжаецца да рэчаіснасці. З бязладных мазаічных плямін спакваля складаецца нейкі лысы голаў… спатнелы лоб без зморшчынаў, надбрыўныя дугі неандэртальца і страшныя круглыя вочы, адзін толькі позірк каторых выклікае спазм мазгоў і паралюш волі. Такому не адмовіш; давядзецца таньчыць. Дый Ваван, здаецца, пакуль не збіраецца кідаць яе ў топку. І дзяўчына таньчыць – спярша нясмела, але ж з кожнай хвілінай усё больш упэўнена і натхнёна. Яна таньчыць, нібы біблейская Саламея ў палацы Ірада Анціпы, таньчыць, як Мата Хары перад баронам Ротшыльдам, яна звіваецца каралеўскай кобрай і вібруе віяланчэльнай струной! Цела танцоркі працінаюць электрычныя імпульсы, з пальцаў сыплюцца блакітныя жарынкі, і жарынкі гэтыя пранізлівымі знічкамі лятуць у каламутнае неба, дзе складаюцца ў фантастычныя сузор’і.
Усёмагутны мафіёзі неадрыўна сочыць за танцам і нават не міргае. На тлустым ілбе прамалёўваецца самотная танюткая змрошчына, па шчацэ коціцца некантраляваная сляза, а страшныя ільдзяныя вочы нечакана блішчаць сарамлівым сантыментам закаханага пітона…
Назаўтра «брыгадныя» пацаны дазнаюцца, што Вавана з галавою паглынула высокае светлае пачуцце, і крый Божа, не проста непаважліва выказацца пра тую бабу, а нават непрыязна пра яе падумаць!
Сціплая і несапсаваная дзяўчына ўспрымае гэтую перамену жыцця, нібы стыхійнае бедства. Тутэйшыя мафіёзныя рэаліі для яе – што механізм ткацкага станка для трапічнага матылька, які выпадкова патрапіў у самую яго сярэдзіну. Бандыцкія пысы выклікаюць у яе агіду, бандыцкія IQ – грэблівасць, а спецыфічныя дыялогі пра «стрэлкі» і «цёркі са жмурамі» – праўдзівы жах. Да таго ж, Ваван дзявулі не даспадобы – танцорка яго проста баіцца…
У мафіёзі, аднак, з IQ усё гаразд, і таму ён не прыспешвае падзеі, а распачынае рытуал заляцання, а ўжо як прыгожа заляцацца, заўсёды можна дазнацца з тэлевізійных серыялаў. Ваван праглядае колькі касет і, нарэшце, перастае блытаць развальсоўку з распальцоўкай. Ён дорыць каханай кветкі кошыкамі, дыяменты россыпам, возіць яе ў Монтэ-Карла і на Канары. Купляе дзяўчыне пяціпакаёўку, абстаўляе мэбляй у стылі чалябінскага ракако і нават абсталёўвае там танцкласу, прытым просіць гаспадыню таньчыць яму там штодня.
Танцорка шчыра дзякуе, але ж лякаецца Вавана яшчэ больш, бо маштабнасць знакаў увагі перавышаюць ейнае разуменне дастатковага і неабходнага. Нарэшце, мафіёзі не вытрымлівае і пытаецца ў лоб:
– Дык чаго ты ў натуры хочаш?
– Жыць спакойна і таньчыць у сваё задавальненне! – праз паўзу выціскае дзявуля.
Вавана пякуць пакуты непадзеленага кахання і жаруць чарвякі пыхі: ды няўжо ён, вялікі і жахлівы, не можа дамагчыся залётнай дзяўчыны?! Гангстэрскі бос абяцае ёй перакваліфікаваць усіх сваіх пацаноў у выхавацеляў дзіцячых садкоў, купіць для танцоркі Ўральскі Тэатр оперы і балета разам з аркестрам і дэкарацыямі, нават наняць Маю Плісецкую, каб тая падвязвала дзяўчыне пуанты.
Тым часам у мафіёзі пачынаюцца прафесійныя непрыемнасці. Ён збіраецца вытаргнуць пятнаццаць лімонаў грынаў з нафты і перакласці іх у гарэлку, але ж мясцовыя чачэнскія бандыты не згаджаюцца з такой бізнесовай стратэгіяй і падкладаюць пад ваванаўскі «мерс» трыста грамаў трацілу. Браняваная капсула-салон вытрымлівае выбух, на мафіёзі – ані драпіны, але вось кантужаную дзяўчыну звозяць у шпіталь.
Ваван клянецца адпомсціць. Праз тыдзень найлепшыя спецыялісты па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю знаходзяць гняздо галоўнага чачэнскага гангстэра, штурмуюць кватэру элітным спецназам і прадаюць затрыманага Вавану. Той палоннага нават не б’е: проста садзіць на ланцуг у сутарэннях свайго катэджа і чакае, калі са шпіталю выпішуць каханую.
Каханая выпісваецца толькі праз месяц. Узрадаваны мафіёзі закатвае на яе гонар банкет з пірамідамі чорнай ікры і фантанамі шампанскага, і перад дэсертам шляхотна запрашае ў сутарэнні, дзе на ланцугу сумуе палонны чачэнскі гангстэр. І прамаўляе такім свецкім голасам: вось табе, любая, падарунак! Ён на тваё жыццё замахнуўся, дык як загадаеш распарадзіцца? Можам проста зараз на капусту нашаткаваць, можам у сернай кіслаце распусціць, можам закапаць на гарадскім сметніку жыўцом… Калі ўжо пасля гэтага ты не адкажаш мне ўзаемнасцю – ну, тады проста не ведаю, што яшчэ для цябе зрабіць!
Дзяўчына сутаргова азіраецца на Вавана, іх позіркі сустракаюцца… Ранейшы сантымент у бандыцкіх маргалах бы ветрам садзьмула! Танцорку свірдруюць халодныя і бязлітасныя вочы пітона, працятыя крывавымі жылкамі, і жылкі тыя чырванеюць, бы распалены нож і твар граху!
Усё ж цэлы месяц без дасведчанай факіркі і штодзённых сеансаў танцавальнага гіпнозу даўся ў знакі; бандыцкая змяюка скінула чары, бы старую скуру, і натуральна павярнулася да сваёй праўдзівай існасці. І працэс відавочна незваротны…
Танцорка гэта разумее выдатна: нічога не адказвае і ціхенька сыходзіць. Свята працягваецца. Па хуткім часе мафіёзі заўважае адсутнасць каханай і распачынае пошукі. У катэджы яе няма, у зімовым садзе няма, у хатнім ціры няма, і ўвогуле нідзе няма.
Пацаны пашыраюць пошукі спярша да вобласці, потым – і да ўсяго Ўралу. Мянты рыюць зямлю кратамі, памежнікі ў мясцовым аэрапорце паглядаюць сычамі, у Магілёў выпраўляецца прадстаўнічая «брыгада» з Уралу. Але ўсё марна; дзяўчына нібы распускаецца ў паветры.
І тут Ваван злятае з катушак ды канчаткова шалее… Бандыцкая агрэсія вымагае адпаведнага выйсця. Пачынаецца крывавая вайна з канкурэнтнымі чачэнскімі мафіёзі. Бандытаў з Паўночнага Каўказу страляюць на «стрэлках», у саўнах, у рэстарацыях і проста на вуліцах. Іх заліваюць вадкім бетонам, выкідаюць з вокнаў і душаць голымі рукамі на прэс-хатах следчых ізалятараў. Ваванаўскія бандзюкі сыходзяць з жыцця прыблізна ў такія ж самыя спосабы. Па хуткім часе абедзве групоўкі дарэшты анігілюць адна адную, а самога Вавана забівае выпісаны з Масквы снайпер-віртуоз…
Вялізны ўральскі горад, нарэшце, уздыхае з палёгкаю: ані мясцовых, ані каўказскіх гангстэраў тут болей няма: мерцвякі на могілках, ацалелыя паўцякалі. Можна выходзіць на вуліцу і не баяцца патрапіць пад шалёную кулю, можна распачаць уласны бізнес і не прыкідаць, колькі станеш адшпільваць бандзюкам, можна не нервавацца за дзіцёнка, што яго выкрадуць проста са школьнага двара па наводцы завуча і потым запатрабуюць выкуп…
Праўда, уральцы так ніколі і не дазналіся, чые ўцёкі ўскосна спрычыніліся да крывавай вайны дзвюх злачынных груповак і каму насамрэч усе яны забавязаны сваім вызваленнем!
Што тычыцца самое магілёўскай танцоркі, то, па чутках, праз нейкі год яна нечакана аб’явілася ў адным з начных клубаў Неапаля, дзе натхнёна таньчыла тарантэлу. Кажуць, за яе танцам ашклянелым позіркам назіраў немалады сіцыліец тыпова мафіёзнай знешнасці.
IV. Эрата. Муза паэзіі любові і кахання
Як Джон Ленан перавыхаваў камсамольскага сакратара завода «Гомсельмаш»
Савецкі Саюз развалілі звычайныя бытавыя магнітафоны. Тысячы кіламетраў намагнічанай стужкі с запісамі «Beatles», «Rolling Stones» ды іншых «Led Zeppelin» задушылі камуністычную ідэалогію, рыхтык прасунуты спрут – тупарылага іхтыязаўра з папярэдняй геалагічнай эпохі. Праўда, тагачасныя ідэалагічныя іхтыязаўры таксама не спалі ў шапку, а як маглі, адгрызалі атрутныя шкодніцкія шчупальцы.
Напрыканцы шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя бітламанія сягнула гістарычнага апагею. Колькасць падпольных рок-груп, якія «здымалі» бітлоў, перавысіла колькасць ударнікаў сацыялістычнага спаборніцтва. Мода на пінжакі са зрэзанымі каўнярамі і штрыфелямі даводзіла да істэрыкі ветэранаў партыі, больш звыклых да напаўваенных фрэнчаў і лагерных бушлатаў. У кожнай дваровай альтанцы сядзеў як мінімум адзін гітарыст-валасацік, які з інтанацыямі сакавіцкага ката выводзіў на жахлівай ангельскай: «Естэдэй! Ал май траўблес сімід со фор эвэй!»
Такі стан рэчаў вымагаў неадкладнага ідэалагічнага адлупу. Аддзелы прапаганды і агітацыі «на месцах» атрымалі суворыя дырэктывы: «узмацніць палітыка-выхаваўчую працу», «прапрацаваць падведамасны кантынгент персанальна» і «персаніфікаваць адказнасць настаўнікаў».
На заводзе Гомельскага сельскагаспадарчага машынабудавання, больш вядомым, як «Гомсельмаш», дырэктыву зразумелі выдатна. Але выконваць яе не спяшаліся. Тут, бляха-муха, новы сіласаўборачны камбайн трэба здаваць, а гэтыя абкамаўскія лайдакі з рознай дуротаю лезуць! Завадское кіраўніцтва хуценька памножыла паперчыну на электрографе «Эра» і скінула па інстанцыях ніжэй: маўляў, разбірайцеся са сваім ідэйна-няспелым кантынгентам самастойна. Толькі не забудзьцеся персаніфікаваць адказнасць і дакласці пра выкананне.
Атрымлівае такую паперу партарг механічнага цэху – звычайны рабацяга, узвышаны партыяй за перамогу ў сацыялістычным спаборніцтве. Шаргаціць дакументам, безвынікова асэнсоўвае мудрагелісты абкамаўскі жаргон. І йдзе па кансультацыю ў партбюро, да старога бальшавіка і настаўніка моладзі.
– Тут без паўлітры і не скеміш, чаго родная партыя вымагае! – па-свойску скардзіцца партарг. – У сэнсе – патрабуецца знайсці асобныя недахопы?
– Палітыку партыі разумееш правільна! – ухваляе стары бальшавік. – Ва ўсіх недахопы ёсць? Ёсць. Значыцца, павінны быць і ў нас. Але ж зусім дробненькія, каб самім за страту пільнасці па шапцы не атрымаць. І каб нескладана было што выправіць і дакласці.
Партарг спакваля святлее з твару. Сядае за стол, чухае патыліцу і, нібы картачную калоду, перагаблёўвае ў галаве падведамасны кантынгент.
– Ёсць у нас адзін фрэзероўшчык, штосуботы напіваецца і сваю бабу мяцеліць, – кладзецца на стол першая кандыдатура. – Мо возьмемся перавыхоўваць?
– Палітыку партыі разумееш няправільна! – перапыняе настаўнік. – Па-першае, фрэзероўшчык – пралетар. А хто такі пралетар? Гегемон рэвалюцыі, рухавік гісторыі, самы перадавы клас грамадства. Па-другое, ці не палова нашых гегемонаў сваіх баб мяцеліць. І, між іншым, правільна робяць, бо з гэтымі сукамі інакш і нельга. Тут з несвядомай моладдзю працаваць трэба, валасацікамі рознымі, якія заходнія радыёбрахалкі слухаюць і песні не па-нашаму пад гітары пяюць! Ёсць у тваім цэху такія?
Партарг зноў перагаблёўвае, напружваецца і выдае:
– Ёсць адзін. Са студэнтаў, нядаўна на практыку прыслалі. Даўгавалосік, у амерыканскіх штанах ходзіць і заходнюю музыку слухае. Маральна няўстойлівы, палітычна непісьменны. Палітыку партыі разумее няправільна.
– А як у яго з сацыялістычным калектывізмам? – мружыцца стары бальшавік.
Партарг тут жа згадвае, як нядаўна мужыкі скамуніздзілі ў інструментальшчыкаў каністру спірту і прапанавалі студэнту выпіць, а той адмовіўся.
– Пачуццё сацыялістычнага калектывізму адсутнае, – канстатуе партарг. – Жыццёвая пазіцыя цалкам пасіўная.
Па хуткім часе прамаўляецца і прозвішча практыканта-даўгавалосіка, і тут да ўсіх ягоных заганаў дадаецца яшчэ адна: ён аказваецца яўрэям. У настаўніку моладзі імгненна прачынаецца былы следчы МГБ. Далонь рэфлекторна мацае сцягно ў пошуках кабуры.
– Значыцца, міжнародныя сіяністы ўжо і да роднага «Гомсельмашу» дабраліся, каб народ разбэшчваць, – са скрухай канстатуе адстаўны следчы. – Ды гэтага жыдзёнка-даўгавалосіка… расстраляць мала!
– Дык цяпер жа не трыццаць сёмы год! – асцярожна нагадвае партарг.
– А шкада! Перавыхаваць жыда на чалавека практычна немажліва. Але зрабіць з яго савецкага грамадзяніна цалкам рэальна!..
Слушна, лагічна, па-партыйнаму аргументавана. Але хто будзе перавыхоўваць гэтага недачалавека?
– Як гэта хто? – здзіўляецца ветэран. – У вас там што, камсамольскай арганізацыі няма? За што мы цягалі бярвёны на камуністычіках суботніках? За што пралівалі кроў у падвалах контрвыведкі? Вось хай ваш камсарг з перавыхаваннем і шчыруе!
Партарг уздыхае з палёгкай. Хуля яму тое перавыхаванне, у яго план і аўрал, дый увогуле, ён не нянька ў дзіцячым садку! А, галоўнае – ёсць на каго цяпер сапхнуць працу. Партарг шчыра дзякуе ветэрану і ідзе да цэхавага камсарга.
А камсарг – ну проста жывая ілюстрацыя да брашуры «Камсамол – гэта школа жыцця». Мужны погляд. Шурпатыя рукі. Значок «Малады гвардзеец пяцігодкі» на грудзях. Сапраўдны пралетар і гегемон, а не нейкі там гнілы інтэлігентык!
– Слухай, тут у нас адзін несвядомы элемент ёсць, – па-змоўніцкі інфармуе партарг, – ну, студэнт-даўгавалосік з практыкантаў, ты яго ведаеш. Дык трэба перавыхаваць.
– У сэнсе – падрыльнік яму начысціць? – з разуменнем удакладняе камсарг.
– Пакуль што не. Схадзі да яго, перагавары душэўна, прысаромь, навучы правільнаму жыццю. Потым падрабязную справаздачу напішаш.
Канчаецца змена, і камсарг, будуючы ў галаве план ідэйна-выхаваўчай размовы, едзе да несвядомага элемента.
Элемент прымае нязванага госця надзіва прыязна. Бацькі, кажа, у ад’ездзе, я з сястрой жыву, дык пакуль яе няма, давай па шклянцы накацім! Камсарг прыемна здзіўлены: ты ж глядзі – жыд, валасацік, інтэлігент, а такі шчодры… Госць нават не паспявае адказаць, як у адной руцэ ў яго з’яўляецца гранчак, а ў другой – плаўлены сырок «Арбіта» за адзінаццаць капеек. Камсарг жлукціць віно, аглядаецца і чапляецца вокам за стэлаж з магнітафоннымі бабінамі. Бярэ адну, шкрабае заскарузлым пазногцем па надпісы:
– «Бе-ат-лес». Дык гэта і ёсць твая заходняя прапаганда?
– Яна самая! – натхняецца практыкант-валасацік. – А хочаш, пастаўлю?
Камсарг вагаецца. З аднаго боку, выпівон без музона – неяк некамфортна. З другога – а калі раптам партарг дазнаецца? Ці, яшчэ горш, прафесійны настаўнік моладзі з партбюро? Камсарг накатвае яшчэ адзін гранчак і раптам прыгадвае, што на семінары камсамольскага актыву яго навучалі: класавага ворага трэба ведаць у твар, толькі тады контрпрапаганда і становіцца эфектыўнай.
– Добра, стаўляй, – пераступае ён праз маральную перашкоду. – Там кір яшчэ ёсць, ці зганяць?
Валасацік запраўляе бабіну з аблушчанай лаўсанавай стужкай, шчоўкае тумблерам магнітафона «Камета-. І праз шоргат, трэскат і перашкоды гучыць маркотны тэнар: «Is there anybody going to listen to my story, аll about the girl who came to stay?..»
– Ведаеш, пра што песня? – сакральным шэптам пытаецца валасацік. – Як адзін чувак закахаўся ў клёвую герлу…
Камсарг не рэагуе. Слухае, адставіўшы недапіты гранчак, і адчувае, як у ягоным мозгу паволі адбываецца дысінхранізацыя паўшар’яў. І гэты нязвыклы псіхафізіялагічны працэс надта не ўпісваецца ў ідэйна спелую свядомасць. Камсарг плямкае, крывіцца, чухаецца, круціць галавой і, здаецца, адганяе д’ябльскае насланне. Тым часам валасацік падступна адкаркоўвае новую пляшку. У шклянкі ліецца «Вермут ружовы мацаваны», магнітафон спакушае анёльскімі галасамі, капіталістычная зараза салодкай атрутай нацякае ў стэрыльную савецкую падсвядомасць. І тут у дзверы звоняць. Гаспадар злякана шчоўкае тумблерам; сеанс музычнага гіпнозу абрываецца ну вельмі дарэчна! Ідзе на дыбачках у вітальню, глядзіць у дзвярное вочка.
– Сястра, – кажа з палёгкай. – Ключы, зараза, забылася…
…Праз тыдзень камсарг выпадкова сустракаецца на прахадной з партаргам цэху і настаўнікам моладзі.
– Ну, як там твой дысідэнт? – цікавіцца партарг. – Перавыхоўваецца?
– Цяжкі выпадак, – уздыхае камсарг. – Усё вельмі запушчана. Нават мяне хацеў у валасацікі завербаваць. Уяўляеце – паставіў мне запіс гэтага… Джона Ленана!
– Ды які ён Ленан! – голасна абураецца стары бальшавік. – Ведаеш, як яго сапраўднае прозвішча? Лейбман!
– Але ж ты на тую прапаганду не паддаўся? – напружана пытаецца партарг. – Перавыхоўваеш?
– Пакуль гэтая падла «Маральны кодэкс будаўніка камунізма» напамяць не вывучыць, я ад яго не адстану! На камсамольскім білеце клянуся!
Камсарг трымае слова: перавыхаванне несвядомага валасаціка праходзіць ударнымі тэмпамі. Праз колькі дзён ён састрыгае даўжэзную грыву. Рэгулярна з’яўляецца на камсамольскіх сходах. Яго колькі разоў бачаць у гомельскім Парку культуры і адпачынку разам з камсаргам, прытым культурных дзецюкоў суправаджае нейкая юная брунетка надзвычайнай прыгажосці. Практыка ў студэнта канчаецца поўным перавыхаваннем, і ён з выдатнай характарыстыкай, падпісанай партбюро, партаргам і камсаргам, сыходзіць з «Гомсельмашу».
А праз колькі месяцаў камсарг нечакана кладзе на стол «Заяву па ўласным жаданні».
Як, што, чаму, што не задавальняе?! Ды ўсё, кажа, задавальняе, толькі з’язджаю я адсюль.
– На Усесаюзную камсамольскую будоўлю? – з павагай удакладняе стары бальшавік. – «За туманом и за запахом тайги»?
– На самы край свету! – прасветлена адказвае камсарг. – Будаваць нашае новае, шчаслівае жыццё!
Па хуткім часе пра камсорга пачынаюць паціху забываць усе, нават партарг са старым бальшавіком. А яшчэ праз колькі месяцаў у партбюро тэлефануюць з гомельскага абкаму.
– Ну што – прыгрэлі змяюку на грудзях?! – пяшчотным голасам садыста цікавіцца слухаўка. – Выхавалі здрадніка Радзімы?
Дзе, хто, што? Якія ў нас на «Гомсельмашы» могуць быць здраднікі? Вы каго маеце на ўвазе?!
– Таго самага, каму вы ўсе станоўчую характарыстыку давалі, – усё так жа лагодна паведамляе слухаўка. – Дарэчы: а дзе цяпер былы камсарг механічнага цэху?
Як дзе? Звольніўся. Мы за яго больш адказнасці не нясем. А, увогуле, харошы хлопец: бездакорная біяграфія, актывіст, пралетар і гегемон. Мы яго нават кандыдатам у партыю хацелі рэкамендаваць…
– Ды ён для зонаўскага барака кандыдат! – выбухае тэлефон шалёным фугасам. – Вы ведаеце, што ён у АВІР дакументы падаў? Як вы недаглядзелі? Як такое ўвогуле магло здарыцца?
А здарылася вось што. Наш камсарг да бяспамяцтва закахаўся ў сястру практыканта, юную брунетку надзвычайнай прыгажосці. Гэта было каханне з першага погляду, прытым камсамольскі погляд упадабаў дзяўчыну акурат на кватэры ёйнага брата-валасаціка, пад пранікнёную бітлоўскую «Girl». Быццам празрыстая плынь дарэшты размыла спарахнелую ідэалогію, і птушка шчасця заўтрашняга дня панесла ўсіх у далёкае касмічнае вымярэнне, дзе расчуленага гегемона з галавой накрыла цёплая хваля ачышчэння, узвышэння і катарсісу.
Ат, як аказваецца, бывае: лірычная балада Джона Ленана, пачутая пад алкагольную анастэзію, ды яшчэ з клёвай герлой, здольная працяць нават жалезабетонную камсамольскую свядомасць!
Далейшыя падзеі разгортваліся імкліва. Праз тры дні камсарг прызнаўся дзяўчыне ў каханні. Дзяўчына заплакала і прызналася ў адказ, што ёйныя бацькі-яўрэі падалі заяву на выезд з Саюза і цяпер чакаюць рашэння ў Маскве. Але ўпартага гегемона гэта не засмуціла: праз тыдзень маладыя ўсё ж падалі заяву ў ЗАГС. Брат-валасацік атрымаў ад будучага швагра суворае папярэджанне: доўгія валасы састрыгчы, на камсамольскія сходы хадзіць абавязкова, і ўвогуле, не выёжвацца, табе характарыстыка патрэбная, а не непрыемнасці. Неўзабаве пасля вяселля маладая сям’я падала дакументы на выезд, а АВІР здуру той выезд дазволіў. І літаральна праз паўгады ўся троіца транзітам праз Вену і Рым па лініі «Таварыства дапамогі яўрэйская іміграцыі» прыбыла ў Нью-Йорк…
Наступствамі гэтай іміграцыі на родным «Гомсельмашы» сталіся інфаркт у старога бальшавіка, вымова партаргу цэха і фантастычныя чуткі пра амерыканскага дзядулю-капіталіста, які нібыта адпісаў былому камсаргу ўсе свае сто мільёнаў даляраў.
У Нью-Йорку маладзёну спярша было цяжка. Не патрэбныя там, аказваецца, камсаргі, а маладыя гвардзейцы пяцігодкі – і пагатоў. Але ж хлопец хутка асвойтаўся. Вывучыў ангельскую, тым больш, што ўсе песні «Бітлз» да таго часу ведаў практычна напамяць. Не цураўся ніякай пралетарскай працы. Назапасіў на ўласны дом, купіў медальён на таксі.
Аднойчы былы камсарг, а цяпер паспяховы нью-йоркскі таксіст падвозіць да гатэля «Dakota Building», што на Семдзесят другой стрыт, нейкага валасаціка ў пацёртых джынсах і акулярах. Глядзіць у люстэрка задняга выгляду і хранее… Як, у ягонай машыне? Ды не можа гэтага быць!
Таксіст працірае вочы і ўдакладняе недаверліва:
– Mister Lennon?
– Yeah, that's really me, – звыкла пацвярджае Джон Ленан. – Do you need my autograph?
Былы гомсельмашавец сутаргова корпаецца ў аўтамабільным бардачку, знаходзіць магнітафонную касету з асадкай і глядзіць на пасажыра ўмольна.
– You're from the Soviet Union, eh? – здагадваецца Ленан па характэрнаму акцэнту кіроўцы, звыкла крэмзае на касеце сваё імя і нечакана цытуе радок з бітлоўскае песні «Вack in the USSR»: – «I'm back in the USSR, you don't know how lucky you are, boy!»
Хлопец з падзякай прымае ў Джона касету з аўтографам і выдае нечакана змрочна:
– This is for you there USSR. А для мяне – проста «савок».
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?