Электронная библиотека » Юры Несцярэнка » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 11 декабря 2018, 23:20


Автор книги: Юры Несцярэнка


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 10 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Хроніка снегападаў

«Верагодна, праблемы распаўсюджвання гукавых хваляў, спецыфіка іхняга адбітку ў закрытым памяшканні, а таксама канструкцыйныя асаблівасці электраакустычных сістэмаў не дужа хвалявалі публіку, што сабралася ў фае невялікага вясковага клуба. Гэта было зразумела па тым, як на дзвюх вялізных калонках, што ўвасаблялі ўсю гукавую моц мясцовага ансамбля, ляжала аграмадная гара зімовых паліто, футраў, цёплых куртак. Адзенне бесцырымонна закрывала амаль што палову пярэдняй панэлі з дынамікамі ў кожнай з калонак. Неўзабаве высветлілася своеасаблівая сувязь паміж адсутнасцю гардэроба і якасцю гучання вакальна-інструментальнага ансамбля.

Танцавальная праграма адкрывалася бадзёрай песенькай у выкананні чатырох музыкаў – басіста, барабаншчыка, клавішніка і вакаліста-гітарыста. Асноўную масу прысутных складалі дзяўчаты, якія аказаліся больш лёгкімі на пад’ём. Яны тут жа апынуліся перад “сцэнай” і пачалі танчыць. Мужчынская частка не дужа актыўна далучалася да сваіх сябровак, ці то з-за жадання паказаць сваю сталую разважлівасць, ці то з нагоды добрых порцый прынятага спіртнога – Новы год як-ніяк. Але, нягледзячы на запаволеную рэакцыю, з часам у зале з’явіліся пэўныя фаварыты танцавальнага мастацтва. Музыканты з энтузіязмам падтрымлівалі агульную весялосць.

Першым пакінуў імправізаваную эстраду клавішнік. Ён быў кіраўніком ансамбля, да таго ж самым старэйшым з удзельнікаў, яму было дваццаць пяць. У дадатак да ўсяго ён яшчэ выконваў функцыі загадчыка клуба, таму патлумачыць калегам, што яму неабходна тэрмінова адысціся “па рабоце”, было нескладана.

Другім знік басіст. У зале нарэшце з’явілася дзяўчына, якую ён з нецярплівасцю чакаў яшчэ ад пачатку імпрэзы. Гітарыст раптам убачыў басіста ў цэнтры залы. Ён танчыў.

Нават не – басіст быў у стане выканання сапраўднага рытуалу. Напэўна, усё ж такі жыццесцвярджальнага характару, але здавалася, што ён прынясе смерць любому, хто асмеліцца наблізіцца да яго ўдзельнікаў. Басіст выкручваўся вакол сваёй каханай, падаў на калені, адкідваўся на спіну. Потым падхопліваўся і ў дзікім захапленні зноў кружыў вакол аб’екта пажадлівасці. Скончылася гэта ў хуткім часе тым, што ў адзін момант танцор не разлічыў ці то вугал павароту, ці то ўласную моц, патроеную на хвалі эмацыйнага парыву, – ён як пушынку схапіў дзяўчыну, шалёна закруціўся, не ўтрымаў раўнавагі і абрынуўся разам з ёй на падлогу. Тут жа ўскочыў, паспрабаваў дапамагчы каханай, атрымаў аплявуху і пабег за дзяўчынай на вуліцу. Зразумела, што яму ўжо было не да ігры на басгітары.

Хай сабе без клавішніка, але аказалася, што і без басіста ўсё працягвала гучаць амаль без змен. Ручкі двух узмацняльнікаў былі да ўпору выкручаны ў бок максімальнай гучнасці. Футры і курткі на калонках выконвалі функцыю адмысловых фільтраў. Апаратура, працуючы з вялікай перагрузкай, выдавала скажоны, аглушальны саўнд. У гэтым дыяпазоне апыналіся гітара і голас. Бубнач з усёй моцы лупіў у непадгучаныя бубны, але і яны тапіліся ў скрыгаце сплеценых вакальных і гітарных партый, што гучалі з дынамікаў з “драйвавым” перагрузам.

Бубнач і басіст былі сябрамі з дзяцінства. Ім абаім было каля васямнаццаці. Вогненна-руды, пакрыты з галавы да ног рабаціннем, бубнач крыху камплексаваў з-за сваёй знешнасці і ўпотай зайздросціў басісту, на якога звярталі ўвагу амаль што ўсе дзяўчаты, якія прыходзілі ў клуб на танцы. У адрозненне ад калегі, у бубнача тут не было ніводнай знаёмай дзяўчыны. Можа быць, гэтыя абставіны, а ў дадатак – разуменне таго, што бубнаў усё роўна не чутно, – прымусілі і бубнача ў рэшце рэшт пакінуць працоўнае месца.

Самы малодшы з усіх музыкаў – гітарыст (у чатырнаццаць год пачуццё адказнасці вымушала яго заставацца на імправізаванай сцэне пры любых абставінах) працягваў выконваць набор сваіх шлягераў. Шукаць калег не было ні часу, ні магчымасці. А ў зале пакуль што ніхто не заўважыў адсутнасці музыкаў. А можа, хто і заўважыў, ды быў упэўнены, што так і задумана? Сольная праграма юнага гітарыста?

Адзінае, што замінала выступоўцу, – гэта мясцовыя аматары барабаннага мастацтва, якія заўважылі вакантнае месца за ўдарнай устаноўкай. Яны па чарзе залазілі на вольнае крэсла і хто як мог перадавалі рытм і дынаміку твора. Гралі яны чым папала, і гітарыст час ад часу збіваўся з уласнага рытму, калі падаў на падлогу які-небудзь барабан ці валі лася стойка з талеркай. Энтузіясты барабанных спраў маглі не падзяліць між сабой чаргу, і тады ўзнікала кароткатэрміновая бойка. Нарэшце іхні калектыў распаўся, разваліўшы заадно і ўдарную ўстаноўку, якую “барабаншчыкі” так і не здолелі сабраць у зыходнае становішча…»

Пасляслоўе і каментары шырокавядомага крытыка Н. Рэкамендацкага (прадстаўніка грамадскага аб’яднання «Вузкае кола»)
Roadhouse

Тэкст, які мы разглядаем у дадзеным выпадку, з’яўляецца ўрыўкам з твора «Варыяцыі на асноўную тэму». Аўтар прапануе апісанне творчай дзейнасці з часоў свайго ранняга юнацтва, а дакладней – перыяду ўдзелу ў складзе ансамбля сельскага дома культуры вёскі Л. З аналізу гэтай тэмы вынікае, што мы маем у наяўнасці расповед пра пачатак нялёгкага музычнага шляху – першыя напаўафіцыйныя клубныя (ніяк іначай) выступленні, першы выязны нідзе не анансаваны канцэрт, першы неафіцыйны ганарар, першая спроба ўжывання алкаголю, выпрабаванні гастрольнага жыцця і гэтак далей. Самі сабой напрошваюцца аналогіі з падпольнымі ўстановамі ЗША перыяду «сухога закона», у якіх гралі блюз (адкуль і алегарычная назва артыкула – «Roadhоuse»[1]1
  Roadhouse – добрае, правільнае месца (Слоўнік ідыяматычных выразаў і слэнгу. ЗША, 1921); 2) roadhouse – пітны дом, шынок, карчма за горадам (там, дзе не дзейнічаюць гарадскія абмежаванні на продаж спіртнога), з ежай, танцамі, азартнымі гульнямі. Выраз можна знайсці: Jeff Healey Band (When The Night Comes Falling Down), а. C. Reed (Roadhouse Blues); 3) «Road House» – «Прыдарожная ўстанова», фільм рэжысёра Роўдзі Хэрынгтона, 1989, ЗША. У галоўнай ролі Патрык Суэйзі. Песня «Roadhouse Blues» уключана ў саўндтрэк у выкананні Jeff Healey Band, якія зняліся там жа ў эпізадычных ролях.


[Закрыть]
). Існуе меркаванне, што пры пэўных магчымасцях можна было б зняць нядрэнны блокбастар на тэму айчыннага музычнага руху ў правінцыі.

Па максімуму скарачаючы аб’ём працы, спынімся на дадатковых матэрыялах, што маюць для нас найбольшую каштоўнасць. У іх выкарыстоўваецца некалькі асноўных тэмаў і вобразаў, што ствараюць сапраўднае мазаічнае палатно, з дапамогай якога і адлюстроўваецца рэальная карціна падзей.

Тэма дарогі. Вобраз яе ўзнікае ў любых інфармацыйных блоках, якія закранае аўтар. Напрыклад, з незалежных крыніц вядома, што звычайна «на працу» разам з іншымі ўдзельнікамі калектыву герою трэба было дабірацца за сем кіламетраў на апошнім аўтобусе (гл. Архіў аўтобусных раскладаў на пачатак 80х гг. ХХ ст.). Усе калегі, больш самастойныя і дарослыя музыкі, пасля вечара адпачынку заставаліся начаваць у вёсцы Л. А галоўнаму герою (чытай – аўтару ўрыўка. – Заўв. рэд.), асабліва ў першыя часы, даводзілася бліжэй да поўначы аднаму ісці дадому (бацькі былі ўпэўненыя, што існуе нейкі міфічны транспарт, які развозіць маладых музыкаў пасля іхняй нялёгкай працы па дамах).

Дом пры дарозе. У дадзеным выпадку вобраз прымае жахлівыя прыкметы свайго часу, і ў гэтым кантэксце ёсць магчымасць скарыстацца службовымі нататкамі аднаго з кіраўнікоў ніжэй узгаданага сельскагаспадарчага комплексу: «…Крыху ўбаку ад трасы знаходзілася жывёлагадоўчая ферма. Нямногім вядома, што, калі там аднойчы здарыўся “падзёж ската”, тушы мёртвых жывёлаў выкідвалі ў раўкі побач з будынкам фермы, чым прывабілі немалую колькасць ваўкоў. Але ж многія памятаюць, што ў адну са сва іх начных вандровак малады музыка (дабіраўся па трасе пешшу дадому) пачуў у раёне фермы такое выццё, што на ўсе астатнія гады вобраз ваўка зрабіўся адным з галоўных у яго творчасці…»

Зыходзячы з сітуацыі, калі становішча фаўны рэгіёна магло пагражаць фізічнаму здароўю і нават жыццю ўдзельнікаў культурных рэгіянальных працэсаў, мясцовае насельніцтва вырашыла наладзіць транспартныя камунікацыі (зноў тэма дарогі. – Заўв. рэд.). Сказаць, што гэта былі міфічныя камунікацыі, – гэта значыць не сказаць нічога. На самай справе мы маем перад сабой прыклад спосабаў дастаўкі, якія трапляюць пад катэгорыю фантастычныя (гл. Легенды культавых асобаў беларускай зямлі. Усяслаў Чарадзей).

З успамінаў асуджанага К., якія захаваліся ў зборы дакументаў па крымінальных справах вёскі Л. (участковы інспектар Іваноў Р. П., следчы Іваноў П. Р.), у кантэксце тэмы «дома пры дарозе»: «…Працэс на той момант выглядаў так: “фомкай” (невялікі лом, аздоблены прыстасаваннем для выцягвання цвікоў, прабояў і г. д.) узломваўся замок стайні, выводзіўся конь, запрагаўся ў сані, і ажыццяўляўся выезд на пакрытую асфальтам трасу. Па часе гэта адбывалася пасля вялікага снегападу, які адразу змяніўся адлігай з плюсавой тэмпературай днём і моцным марозам па начах (для даследавання дадаткова рэкамендуецца літаратура: «Хроніка снегападаў нашага рэгіёна». Блн: Выд-ва «Перабудова», 198? г.).

Снегаўборачныя машыны мясцовай дарожнай арганізацыі збольшага прыбіралі вялікую колькасць ападкаў з дарожнага палатна на абочыну. З адлігай асфальт цалкам ад крыўся, а па баках дарогі засталіся ляжаць вялізныя горы падталага, а потым адразу замерзлага снегу.

Каня пусцілі па асфальце. Бедная жывёліна цягнула сані, якія жудасна скрыгаталі на ўсё наваколле, таму аб нападзе драпежнікаў можна было не хвалявацца – гэты сапраўдны беларускі стогн мог напужаць і ваўкоў, і рысяў, і мядзведзяў, разам узятых.

Убачыўшы, што конь не можа далей цягнуць сані па асфальце, “кіроўцы” вырашылі паехаць па заснежаным полі ўздоўж дарогі. Паспрабавалі пераадолець аграмадныя камякі цвёрдага, як камень, снегу на ўзбочыне. У выніку “экіпаж” перакуліўся, і ўсе, разам з санямі і канём, паляцелі ў глыбокі кювет. Дзякуй богу, жывёліна нічога сабе не зламала. Ды і ўсе астатнія пасажыры і кіроўцы засталіся цэлымі…»

Магчыма, гэтыя прыгоды для аўтара пазней, прыкладна праз два гады, знайшлі свой адбітак у незабыўным канферансе падчас навагодняга канцэрта 1982 года: «Я думаю, што кожны з вас катаўся на конях, але ці задумваўся – едзе ён на сваім кані ці на чужым?..». Пасля чаго быў выкананы тагачасны хіт са словамі: «Мне всегда во все года с конём везло. Но везенье – непростое ремесло. И когда пройдёт удача стороной – на моём коне окажется другой. А всё могло бы быть совсем не так…» (гл.: Ахова аўтарскіх правоў, спісы твораў. М.: А. В. Макарэвіч).

Тэма дарогі нечакана знаходзіць працяг у выкарыстанні (у межах дадзенага даследавання) мемуараў былога супрацоўніка дзяржаўтаінспекцыі, якія выпадкова маюць дачыненне да нашага героя: «…Разнастайнасць “службовай” да стаўкі музыкаў да месца пражывання ўражвала сваёй арыгінальнасцю. Напрыклад, мелі месца паездкі на матацыкле маркі “Восход” (без каляскі). Сярод мясцовага насельніцтва вёскі Л. лічылася, што тры чалавекі на два колы матацыкла – гэта норма. Прадстаўнікі транспартнай эліты ўласнымі дзеяннямі доўгі час спрабавалі ўнесці папраўку ў рэгіянальныя правілы дарожнага руху аб колькасці пасажыраў, але існавала старажытная мясцовая прыкмета – калі аднекуль у вас за спінай з’яўляецца міліцэйскі “уазік” з мігалкай, гэта значыць, папраўка яшчэ не працуе.

Што робяць дасведчаныя кіроўцы матацыклаў у такіх выпадках? Яны набіраюць абароты. Не заўсёды, праўда, атрымліваецца выруліць на скрыжаванні, і тады даводзіцца ўразацца ў плот бліжэйшага агарода. Па няпісанай інструкцыі, усе тры “наезнікі” збягаюць (дзякуй богу, што засталі ся цэлыя і здаровыя), а “Восход” з паўгода стаіць на так званай “штрафпляцоўцы” мясцовага РАУС, дзе яго памалу разбіраюць на запчасткі. Але, што б хто ні гаварыў, дастаўка музыканта адбылася. Як адбывалася яна і ўва многіх іншых выпадках – у кузавах грузавікоў, у трактарных ці экскаватарных кабінах, у калясках матацыклаў. Карацей, звычайным транспартам тагачаснага шоу-бізнесу…»

Нездарма ў недалёкай будучыні галоўны герой гэтых падзей створыць гурт пад назвай «Апошні шанец». Відаць, акалічнасці існавання ў папярэднім музычным асяроддзі паўплывалі на лад жыцця, светапогляд, адпаведна, і на вы бар назвы наступнага калектыву. Назвы, якая яскрава пад крэсліла жыццёвыя прынцыпы не толькі героя, але і пакалення ў цэлым…

P. S. Клуб вёскі Л., які знаходзіўся пры дарозе ў кірунку з мястэчка Б. у мястэчка К., у хуткім часе зачынілі з-за аварыйнага стану будынка, а музычнае абсталяванне перадалі ў падшэфную школу райцэнтра (гл. Архіў прыдарожных установаў).

Квіткі да апошняга шанцу

Лёха быў маім лепшым сябрам на першым курсе. З пер шых дзён нашага знаёмства мы фанатычна рвалі струны на гітарах, пісалі паэмы і ўвогуле не дужа разумелі – навошта нам здаўся гэты дыплом інжынера. Напрыканцы гэтага самага курса трэба было вызначацца – ці варта працягваць далей навучанне? Вырашана было паехаць на праслухоўванне ў музычную вучэльню – Лёха выпадкова знайшоў абвестку ў газеце і прынёс мне.

Мы трэсліся на нейкіх электрычках усю ноч і ранкам па трапілі на сталічны чыгуначны вакзал. Пабадзяліся па залах чакання, якія на пачатку 80х мелі дастаткова правінцыйны выгляд, папілі нейкіх сумніўных напояў у брудным вакзальным буфеце, распыталі, як даехаць да месца праслухоўвання.

За гадзіну да мерапрыемства на лесвічнай пляцоўцы перад лёсавызначальнымі дзвярыма назбіралася даволі шмат народу. У асноўным – выхаваныя дзяўчынкі разам з татамі і мамамі. Апошнія дапамагалі трымаць скрыпічны футарал ці тэчку з нотамі. Трапляліся акуратна стрыжаныя хлапчукі ў белых кашулях і ў пінжаках з троечкай. Адзін патэнцыяльны абітурыент, які выглядаў намнога старэйшым за ўсіх, бесперапынна ганяў гамы на сваёй электрагітары. Пераблытаць ягоны інструмент было немагчыма ні з якім іншым – гэта быў сапраўдны чэхаславацкі «Diamant». Мара ўсіх саўковых рэстаранных лабухаў.

Дакладна можна сказаць, што мы ў сваіх пакамечаных джынсах, у скураных пашарпаных куртках, з доўгімі нямы тымі валасамі моцна выбіваліся з шэрагу рэспектабельных прэтэндэнтаў.

У пэўны момант вызначыліся – я іду на праслухоўванне, а Лёха працягвае навучанне ў тэхнічнай ВНУ. Лёхава неўтаймаваная душа прыбівалася то да аднаго берага, то да другога ў акіяне сваіх магчымасцяў і інтарэсаў. Але ў сваёй жыццёвай пазіцыі ён застаўся верным сабе – характар яго патрабаваў пэўнай логікі ў дзеяннях: раз паступіў, то трэба працягваць навучанне.

У мяне было крыху па-іншаму. У тым сэнсе, што перспектывы для рок-музыканта з дыпломам інжынера ў свет лай будучыні савецкага ладу не надта праглядаліся. Што ў жыцці гэта будзе асноўным заняткам, было зразумела на нейкім падсвядомым узроўні. Але дэталёва не дужа вымалёўвалася. Грунтоўным пацвярджэннем выбранага шляху быў зусім яшчэ нядаўні поспех уласнага гурта «Апошні шанец», гісторыя якога была кароткай, але багатай на падзеі. А яшчэ, як ні дзіўна, вельмі ўражвала рок-жыццё ў краінах так званага сацлагера: супергурты Венгрыі, Югаславіі, ГДР, Польшчы – яны ж нейкім чынам існуюць!..

Нарэшце з аўдыторыі са шчаслівым тварам выскачыла маленькая піяністка, якая толькі што віртуозна выканала два ці тры творы як мінімум з кансерваторскай праграмы. Расчуленыя бацькі абдымалі яе і шапталі віншаванні на вушка. Лёха, рост якога быў прыблізна двухметровы, зверху паглядзеў на гэтыя сюсюканні, потым па-мужчынску абхапіў мяне, паляпаў па спіне і басам, на ўсю пляцоўку абвясціў: «Давай, стары! Удачы!». Чым проста заваражыў увесь натоўп, які замёр ад нечаканасці. Бацькі з дзяўчынкай у адно імгненне зніклі з пляцоўкі. Гэта ўсё засталося звонку, як толькі я пераступіў парог.

Унутры, за дзвярыма, за невялікім сталом сядзеў гадоў трыццаці пяці выкладчык. Яго барада і акуляры ў атачэнні розных музычных інструментаў падаліся мне тады сімвалам грунтоўнай музычнай эрудыцыі. Ён ветліва прапанаваў падысці бліжэй і спытаўся, на якім інструменце я буду граць. Я адразу паказаў на падключаную да гэдээраўскага комбіка «Vermona» электрагітару «Musima Delux 25».

Звонку гэта выглядала, дакладней – чулася, так: праз некалькі хвілінаў пасля таго, як за мной зачыніліся дзверы, да выпадковых слухачоў даляцела ўпэўненая імправізацыя ў танальнасці Е, у манеры, стылістычна блізкай да блюза вага выканання (кожны гітарыст тут павінен падміргнуць і ўсміхнуцца;). Натоўп на лесвічнай пляцоўцы змоўк і прыслухаўся. Калі праз некалькі хвілінаў музыка сцішылася, слухачы за дзвярыма выдыхнулі: «Ооо!» Што прыклад на азначала некаторае здзіўленне і прызнанне таго, што яны ўсё ж такі ўражаныя. Пасля кароткай паўзы пачалася класічная тэма. Першая частка была сыграна больш-менш роўна і ўпэўнена, а на другой выйшла нейкая блытаніна, у пэўным месцы мелодыя спатыкнулася, потым, праз секундную паўзу, пачалася зноў. Гэты кавалачак пачынаўся яшчэ разы тры, але падступнае месца так і не паддалося. Натоўп тут жа зрэагаваў: «Ууу… ыыы…», і дзе-нідзе пачуліся іранічныя смяшкі. У дадатак да ўсяго, праз некалькі хвілінаў адчыніліся дзверы і мая кудлатая галава спыталася: «Лёха, два рублі ёсць?..» Тут ужо натоўп сваіх эмоцый не стрымліваў – усе рагаталі ад душы! А нехта яшчэ так інтэлігентна, гэта значыць ціха, але каб пачулі ўсе, дадаў: «Даваў хабар, ды не хапіла дробязі…»

Унутры ўсё адбывалася прыкладна так. Калі я зайшоў у аўдыторыю, то і прыблізна не ведаў, што буду граць. Выйсце падказаў інструмент (калі б гітара была іншая, рэпертуар мог быць зусім у іншым ключы), а характар імправізаванай п’есы вызначыўся з дапамогай прыемнага настрою выкладчыка. Ён уважліва паслухаў хвіліны тры-чатыры маё спантаннае музіцыраванне і прапанаваў сыграць канкрэтную п’есу: «Можа, што-небудзь з класікі?…»

Годам раней, яшчэ да таго, як лёс паклікаў мяне стаць студэнтам, мая сястра да іспыту ў музычнай школе зімовымі вечарамі разбірала на фартэп’яна п’есу спадара Джыавані Батыста Пэшэці, вядомую як «Прэста Пэшэці». Седзячы ў той жа час у суседнім пакоі і, як заўсёды, не здымаючы рук з гітарнага грыфа, я на слых добра вывучыў першую частку, а другую – яна паўтаралася значна меней разоў – адпаведна не дужа добра…

Выкладчык быў уражаны маім імкненнем стаць музыкам, але наконт апошняй п’есы сказаў так: «Праз тры тыдні ў нас будзе справаздачны канцэрт кафедры эстраднага дырыжыравання. Прыязджайце паглядзіце, параўнайце, набярыце ся новых уражанняў і станоўчага досведу. Можа быць, гэта дапаможа Вам больш прафесійна падысці да ўласнай твор часці…» Якраз за квіткі на той самы справаздачны канцэрт пажадана было разлічыцца без рэшты, таму і спатрэбілася два рублі.

Пасля праслухоўвання мы з Лёхам доўга бадзяліся па горадзе і выпадкова патрапілі на выставу мастакоў-авангардыстаў на свежым паветры каля Старога горада на Нямізе. На ганку граў рок-гурт. Вакаліст спяваў па-беларуску. Гэтая імпрэза пад адкрытым небам урэзалася ў памяць адчуваннем нейкай нязвыклай вольнасці і свабоды, што для саўковай сістэмы ўзору 1983 года было зусім непрымальна. На мальбертах мастакоў былі палотны, якія па манеры выканання, па сваіх нязвыклых сюжэтах і арыгінальных ідэях зусім не нагадвалі сацрэалізм. Я захварэў на Менск: калі ў гэтым го радзе адбываецца такое, то вучыцца трэба толькі тут.

Праз шмат гадоў, у незабыўным цэнтры беларускасці – краме пры офісе на былой менскай вуліцы Варвашэні, на купіўшы кніжак на распродажы, сярод іншага набыў гісторыю гурта «НРМ». Адкуль даведаўся, што музыкі, якія трыццаць год таму гралі на ганках Траецкага прадмесця, выступалі пад назвай «Мроя». Дарэчы, гэта быў іхні дэбютны выступ. Што цікава, у кнізе захавалася нават дата мерапрыемства (а гэта значыць, ускосна – і дата нашай неверагоднай вандроўкі з маім сябрам Лёхам, – дзякуючы дакладнасці біёграфаў).

Праз тры тыдні, вызначаных барадатым выкладчыкам, ні я, ні Лёха не патрапілі на справаздачнае мерапрыемства музычнай вучэльні. Шчыра прызнацца, калі я набываў квіткі, чамусьці на дзевяноста дзевяць адсоткаў быў упэўнены, што не прыеду на той канцэрт, хоць сам сябе спрабаваў падмануць і ў думках прымушаў: трэба ехаць! Але нейкі нябачны суразмоўца ўнутры мяне, настроены дастаткова скептычна, нібыта адмахваўся: пабачым, пабачым… Набыццё квіткоў было, напэўна, маім своеасаблівым парывам у жаданні спрычыніцца да нейкага таемнага і важнага працэсу, ды яшчэ – не пакрыўдзіць выкладчыка. Дзве паперкі з пазначанымі на іх нумарамі месцаў у актавай зале вельмі доўга акуратна ляжалі ў маім нататніку, нагадваючы засушаны адмысловы талісман – прыпынены ў часе шанец далучэння да музычнага братэрства.

Можа быць, яны захоўвалі сапраўднае чараўніцтва, таямнічы сэнс загадкавага словаспалучэння «апошні шанец»? У хуткім часе я патрапіў у зусім іншыя аўдыторыі, якія ў мяне да сённяшняга часу атаясамліваюцца са святлом. Вялікія светлыя вокны, светлыя сцены, прасторныя калідоры, святло цікавых людзей, цеплыня адносінаў і прыгажосць пачуццяў. Гэта быў вельмі кароткі перыяд, выпадковы і заканамерны, нялёгкі і шчаслівы – працяг майго «Апошняга шанцу». Квіткі даўно згубіліся, а яго адчуванне засталося.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации