Текст книги "Звычайны шоу-бізнес (зборнік)"
Автор книги: Юры Несцярэнка
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 3 (всего у книги 10 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]
Апошні шанец выйсці ў людзі
Так час ад часу здараецца – ты едзеш у Ленінград на провады сябра ў войска. Бывае яшчэ – былая твая ся броўка стала яго нявестай. Нічога дзіўнага, што праз яе вы і пазнаёміліся, і цяпер называеце адзін аднаго сябрамі.
Сітуацыя складаецца так (звычайна бліжэй да поўначы), што ў інтэрнаце на Васільеўскім востраве прызыўніку трэба пабыць сам-насам з яго каханай прыкладна да раніцы. Усё ж такі апошняя ноч, і дзяўчыне няёмка дзяліць яе на траіх. Ну, у сэнсе – сядзець за сталом да світанку і піць утраіх каву. Таму, як сапраўдны джэнтльмен, крыху хістаючыся, ты про ста выходзіш у раннекрасавіцкую ноч з думкамі: «Дзе наша не прападала…». І трываеш гадзіны дзве. Трэба ведаць, што такое надвор’е на беразе Фінскага заліва на пачатку вясны. Словы «страшэнны холад» ці «мацнейшы вецер» і блізка не перададуць незабыўныя ўражанні.
У аграмадным гатэлі побач з пірсам не гарыць ніводнае вакно. Гэта надае месцу выгляд мёртвай планеты. Ты проста «рубішся» на хаду, пакуль ідзеш на другі бок гатэля, туды, дзе пляскочуць хвалі. Прысесці ці прылегчы немагчыма, бо бетон настыў так, што, зрабіўшы спробу прыладкавацца дзе-небудзь, даводзіцца падскокваць, быццам абліўшыся кіпнем.
Ахоўнік на судне, з аўтаматам і ў кажуху да палубы, хавае ўсмешку і крычыць зверху з трапа: «Не-не, брат, у нас нельга пераначаваць…» Алкаголь ужо амаль выветрыўся, ты згорбіўся, брыдзеш да паркінга, уціскаючы галаву ў плечы – нібыта гэта сапраўды дапаможа сагрэцца. Ды бог з імі, хай глядзяць з вокнаў гатэля ў гадзіны тры-чатыры ночы, як ты хапаешся за ручкі і спрабуеш адкрыць якое-небудзь аўто. І што? А тое, што раптам задняя дзверца трэцяга па ліку аўтамабіля адчыняецца! І ты ўвальваешся ў салон і ўвогуле не клапоцішся ўжо ні пра што. Трэба толькі закрыць выратавальныя дзверцы, і ўсе твае беды застаюцца дзесьці далёка. Спаць… Не спаць!.. Толькі хвіліначку… Не, пятнаццаць…
Недзе ўверсе, над галавой, звіняць званочкі трамваяў, сігналяць машыны, шыпяць дзвярыма на прыпынках тралейбусы. Асцярожна прыўзняўшыся, ты разумееш, што цяпер прыкладна гадзінаў шэсць-сем, мяркуючы па ранішняй актыўнасці ленінградцаў. Трэба хуценька і незаўважна пакідаць месца выратавання. Дзякуй, машынка, дай бог табе добрага гаспадара! «Будьте добры, не скажете, который час?» Да ваенкамата яшчэ дзве гадзіны. Спаць хочацца неверагодна. Выйсце адно – сесці ў нейкі тралейбус. Піцерскія тралейбусы на той момант падаюцца чамусьці вельмі ўтульнымі. Праспаць у адным з іх да канцавога прыпынку і ў той жа спосаб вярнуцца да месца, дзе заходзіў, – ідэя не самая горшая.
Заняўшы адзіночнае месца ля вакна, ты спрабуеш заснуць. Спробы дзеляцца на кавалачкі – першы прыпынак, другі, трэці… Недзе на пятым ты ў паўзабыцці бачыш праз шкло, як у салон заходзіць Ірка Т., твая зямлячка па невялікім беларускім мястэчку.
Спрасоння раптам падаецца, што сустракацца з ёй нельга ні ў якім разе. У свядомасці ў адно імгненне праносіцца, што Ірка на восем гадоў старэйшая за цябе, што кожны раз, прыязджаючы дадому, яна цэлымі днямі сядзіць на працы ў сваёй сяброўкі Ленкі, працоўны стол якой стаіць побач са сталом тваёй мамы. Ірка ў захапленні ад Мікалаеўны, так яна кліча маму, і ўвогуле Ірка з Ленкай дастаткова дарослыя цёці, каб ім давяраць – ажно па дваццаць пяць год маюць.
Сустрэцца з Іркай – гэта значыць рассакрэціць усю не легальнасць цяперашняй паездкі. А давялося звальваць з заняткаў, неяк дамаўляцца са старастам групы, каб не пісаць заяву дэкану. А гэта ж не блізкі свет – амаль што тысяча кіламетраў. А трэба яшчэ вяртацца… Усё пралятае ў гала ве за секунду, і ты асцярожна абыходзіш Ірку з-заду, каб не прыцягнуць яе ўвагі, і хуценька спрабуеш выскачыць з тралейбуса, пакуль не зачыніліся дзверы.
Але ж дзверы такія нахабныя – зачыняюцца, калі ты апынуўся якраз на апошняй прыступцы! Ты ўсё ж выскокваеш, з ляскатам і грукатам, амаль што на хаду. Нехта з культурных піцерскіх пасажыраў, каб дапамагчы табе, крычыць: «Водитель!..» Кіроўца цісне на тормаз, увесь тралейбус паварочвае галовы ў твой бок. Зразумела, Ірка таксама! Не пазнаць цябе, нават са спіны, немагчыма. Як заўсёды некалькі апошніх год, твае доўгія русыя валасы спрабуюць дацягнуцца да джынсаў «Levi’s». Як звычайна, – ці гэта халоднае лета, ці любы месяц зімы, – ты не здымаеш з плячэй карычневай скураной лётнай курткі. Падарунак бацьку ад знаёмага афіцэра Ваенна-Паветраных Сілаў – эксклюзіўная рэч. Фігура, хада, пастава? Не ведаю дакладна, якім чынам, але неяк так адбываецца – прадстаўнікі аднаго полу па гэ тых самых прыкметах беспамылкова ідэнтыфікуюць прад стаўнікоў полу супрацьлеглага…
У ваенкамат ты паспяваеш і сябра праводзіш як належыць. Пазней высветліцца, што ён патрапіў на афганскую мяжу (пасля войска, дарэчы, яны ажэняцца з той самай ся броўкай з інтэрната, у іх атрымаецца выдатная сям’я).
А ты праз пару месяцаў развітваешся са сваёй змрочнай шэрай правінцыйнай навучальнай установай і падаеш дакументы на падрыхтоўчыя курсы ў светлую сталічную ВНУ. Такое час ад часу таксама адбываецца.
Калі-ніколі яшчэ здараецца, быццам бы нешта надыходзіць, – і ты цэлы месяц займаешся, не адрываючы галавы ад падручнікаў. Напрыклад, перачытваеш палову школьнай праграмы па літаратуры, да якой не датыкаўся апошніх гадоў пяць-шэсць.
Трэба адзначыць у гэтым ланцугу выпадковасцяў, што заняткі на курсах вядуць найцікавейшыя людзі, і ты про ста заўсёды знаходзішся ў стане лёгкага шоку – ад таго, як яны нечакана і нестандартна падаюць вучэбны матэрыял. Усё, што адбываецца, проста непараўнальна з тваім папярэднім студэнцкім досведам! Гэта будзе гучаць пафасна, але ты ніколі ў жыцці не хацеў так вучыцца (скажам шчыра, што ў школе ты не напісаў ніводнага сачынення – няма чым ганарыцца, але так ёсць: першае ў жыцці было напісана на уступным іспыце пасля вышэйзгаданых курсаў).
І вось ты прыязджаеш дадому на пару дзён, што пасля заканчэння курсаў даюцца на падрыхтоўку да іспытаў. І нечакана на цябе абрынаецца моцны бацькоўскі гнеў. Ты ўвогуле не разумееш, пра што гаворка, калі мама пачынае галасіць: «Мы яму дапамагаем, мы яго на вучобу накіравалі, а ён, такі-растакі, усе грошы траціць, каб па піцерах раз’язджаць…»
Ты, стаміўшыся шукаць логіку, – а старыя не хочуць слухаць ні тваіх пытанняў, ні тваіх адказаў, – выстаўляеш бацькоў вар’ятамі (хай прабачаць яны за тое непаразуменне) і з нялёгкім сэрцам едзеш назад да Менску.
Такое здараецца – ты проста не можаш ведаць (бо сапраўды быў вельмі заняты сваімі новымі справамі), што ў самы адказны, можна сказаць, пераломны момант твайго лёсу з Піцера на чарговы адпачынак прыехала Ірка Т. Зразумела, яна днямі сядзіць на працы ў сваёй сяброўкі Ленкі і распавядае байкі з паўночнай сталіцы імперыі. Яны з Ленкай увесь час хіхікаюць, і між іншым Ірка раптам аднойчы ўзгадвае: «Ой, Мікалаеўна, я і забылася вам сказаць, я ж сына вашага нядаўна ў Піцеры бачыла…» Тут у Іркі бразнулася на пад логу сумачка, і яны з Ленкай пачынаюць рагатаць і збіраць рэчы па падлозе. А мама са збялелым тварам выходзіць на калідор. На вачах у яе слёзы. І дату, халера, калі ты на самай справе быў у тым Піцеры, на жаль, Ірка не ўдакладніць. Бо пакуль вернецца мама, хаваючы заплаканыя вочы, Ленка з Іркай ужо збягуць на абед…
Дык вось, калі-небудзь так здараецца – ты выходзіш ноччу пагуляць па Ленінградзе (увогуле не з-за сяброўкі – проста самому захацелася прайсціся па набярэжнай), у стане, блізкім да абмаражэння (амаль што не заўважыў – так сабе крышку прахалодна), ты спіш у чужой машыне на заднім сядзенні замест утульнага інтэрнатаўскага ложка (звычайны спосаб адпачынку беларусаў у Ленінградзе). Потым едзеш у тралейбусе, нумар якога не ведаеш, выпадкова сустракаеш знаёмую (іх у любым горадзе, на адлегласці тысяча кіламетраў, колькі заўгодна), але гаварыць з ёй не дужа хочацца, і ты выходзіш на невядомым прыпынку. Нейкім цудам ты ўчасна трапляеш да ваенкамата, каб выканаць сваю місію і праводзіць у рэшце рэшт прызыўніка ў войска.
Толькі мама пра гэта не ведае, і амаль што праз паўгода вецер прыносіць ёй няпэўную інфармацыю. А ў мамы такая праца – перажываць за дзяцей і плакаць.
– Ну і пры чым тут апошні шанец? – пытаецца хтосьці з мамінай работы.
– Ды амаль што ні пры чым, – адказваеш ты. – Так, былая сяброўка пазнаёміла са сваім жаніхом, які прыехаў да яе ў госці з Піцера пад Новы год, менавіта на выступленні гурта «Апошні шанец».
Вайсковы спірт
Тры гісторыі
…Магчыма, азначаныя стагоддзі даследчыкі ў будучыні назавуць «эпохай алкагольнай залежнасці» ці, напрыклад, «гісторыяй выжывання чалавецтва ва ўмовах гарэлачнай экспансіі». А можа, гэта будзе «перыяд татальнага паслаблення імуннай сістэмы карэннага насельніцтва планеты пад уплывам формулы спірту»?..
З сучаснай фантастыкі, Беларусь, 2001
Cустрэнемся пасля адзінаццаці
Гэтую перадачу, што запрашала на сустрэчу ў даволі позні час па суботах, калісьці я чакаў з такім натхненнем, што сённяшнія аматары штодзённых каналаў кшталту «MTV» ды «VIVA» наўрад ці зразумеюць мой былы імпэт. Здаецца, быў перыяд, калі «Сустрэнемся пасля адзінаццаці»[2]2
Напрыканцы 70-х – пачатку 80-х першая рэгулярная перадача пра сучасную музыку на адзіным беларускім, гэтак званым «другім», нацыянальным, канале (БТ). На «першым» (агульнасаюзным) канале былі «Мелодии и ритмы зарубежной эстрады» – нешта кшталту адмысловых музычных міжнародных навінаў, якія трансляваліся таксама па выхадных днях. Больш у Беларускай ССР ніякіх каналаў не было. Аб іншых музычных перадачах рокавага, джазавага ці нейкага альтэрнатыўнага ў адносінах да афіцыйнай эстрады напрамку не магло быць размовы. Калі ў «Международной панораме», адмысловым палітычным аглядзе на першым канале, мільгаў дзесяцісекундны сюжэт пра заходнюю рок– ці поп-музыку (зразумела, у адмоўным ідэалагічным кантэксце) – гэта было сапраўднай сенсацыяй для айчынных меламанаў. Адпаведна, у плане набыцця пазітыўнай культурнай інфармацыі.
[Закрыть] на Беларускім рэспубліканскім тэлебачанні нейкі час не выходзіла, але дакладна памятаю: калі мяне забралі ў войска, яе выпускі зноў пачалі рэгулярна з’яўляцца.
Такім чынам – асобная рота аэрадромнага забеспячэння, узвод сувязі на адным з аэрадромаў былой Беларускай ваеннай акругі. Глядзець тэлеперадачы пасля адбою лічыцца грубым парушэннем вайсковага раскладу. Але ж для таго яна і дысцыпліна, каб час ад часу яе парушаць.
Адметнасць службы «сініх пагонаў» (так называлі нас «чорныя», «чырвоныя», «зялёныя» ды іншыя рознакаляровыя «пагоны») – гэта доступ да неверагоднай колькасці спірту. Парадокс заключаўся ў тым, што афіцэры і прапаршчыкі рэгулярна карыстацца такім важным стратэгічным прадуктам магчымасці не мелі. Акрамя начальніка складу ГЗМ (што азначае «гаруча-змазачныя матэрыялы»).
У дадзеным выпадку спірт, напэўна, трэба разглядаць больш як змазачны, чым гаручы матэрыял, бо ён у якасці тэхнічнага сродку прызначаўся для знешняй прамыўкі шкла ў кабінах пілотаў ва ўмовах нізкіх тэмператур на вялікай адлегласці ад зямлі. Ды яшчэ ў невялікіх колькасцях для прафілактычнага абслугоўвання ўсёй аэрадромнай апаратуры. Ён паступаў на склад ГЗМ тонамі і захоўваўся ў цыстэрне на пасту № 3.
Пломба, якой апячатвалі кран, падраблялася вельмі проста – добры пластылінавы злепак залівалі эпаксіднай смалой, і па зацвярдзенні копія пломбы была гатовая. Але ў свой час гэта і быў самы стратэгічны сакрэт нашай часці на ўзроўні сапраўднай ваеннай таямніцы.
П’янства ў асобнай роце аэрадромнага забеспячэння стала ўсеагульным і несла ў сабе рысы стыхійнага бедства. Камандзір роты дарэмна спрабаваў нешта зрабіць. У некаторых байцоў з’явіліся пэўныя анамаліі на глебе алкагалізму – яны пачыналі піць адразу пасля каманды «Пад’ём».
Яшчэ ўдзень, калі мы адпачывалі ў казарме перад заступленнем у нарад, я выпадкова прачытаў у тэлепраграме, што сёння, у суботу, павінна быць добра мне вядомая і цікавая амаль што для аднаго мяне з усёй нашай інтэрнацыянальнай роты перадача на канале БТ.
Калі мы з’явіліся на развод у якасці замены байцоў узвода аховы, яшчэ нічога не прадказвала ніякіх сур’ёзных падзей. Усе салдаты былі ў добрым фізічным стане. Начальнік варты, пра якога нельга было і падумаць, што ён можа парушыць дысцыпліну, прыняў усе пасты. Іх было тры. Пост № 1 лічыўся сакрэтным. Гэта быў своеасаблівы перасоўны штаб, які месціўся ў памяшканні накшталт вагончыка. Унутры ва гончык быў напакаваны рознай апаратурай, дзе, між іншым, стаяў і звычайны тэлевізар.
Пасля першай змены начальнік варты спаў мёртвым сном, а салдаты працягвалі піць спірт самастойна. Добра, што сяржант, які застаўся за старэйшага, апынуўся досыць моцным хлопцам. Нейкім чынам ён яшчэ выводзіў змены на пасты. Я заступаў на «Пост № 1».
Тое, што мы ўжывалі ў якасці святочнага напою, быў так званы «неачышчаны спірт». Ад чаго і як яго трэба было «ачышчаць», мы не ведалі, таму спадзяваліся толькі на ўласныя фільтры – ныркі ды пячонку. Магчыма, гэтая вадкасць акрамя ўтрымання ўласна алкагольных складнікаў мела яшчэ і дадатковыя таксічныя (з чыгуначных цыстэрнаў спірт пераганяўся звычайным пажарным шлангам, праз які, напрыклад, раней мог пераганяцца бензін ці ацэтон).
Мне вельмі добра запомнілася, што я «зацыкліўся» на тым, што зараз, з хвіліны на хвіліну, пачнецца важная для мяне перадача «Сустрэнемся пасля адзінаццаці». Калі я за стаўся на пасту адзін, дык адразу ж штык-нажом ускрыў досыць шырокую фортку сакрэтнага вагончыка і паспрабаваў залезці ўнутр. Але заміналі шынель ды рэмень, на якім боўтаўся падсумак з двума ражкамі баявых патронаў і штык-нож. Усё гэта хуценька было схавана ў проціпажарную скрыню з пяском. Велічыня вакна дазваляла без амуніцыі праціснуцца ўсярэдзіну. Зброю, у адрозненне ад боепрыпасаў, я не пакінуў, узяўшы аўтамат з сабой.
Вось і мэта немалых намаганняў – тэлевізар. Так, кнопка «Сеть». Пераключальнік каналаў. Але чамусьці толькі шыпенне экрана. Так – чакаць! Напэўна, збіта наладка. Наладжваю! Правяраю антэну! Усё на месцы, што можа быць? Зноў кручу каналы, наладжваю, правяраю…
Тэлевізар так і не запрацаваў. Па прычыне зусім іншай, чым збой наладак, і, па сутнасці, вельмі простай – час, які ўмоўна можна было назваць «пасля адзінаццаці», даўно мінуў. Мала таго, было ўжо далёка за дванаццаць. А ў гэты час савецкае тэлебачанне не дазваляла сабе турбаваць сон сваіх суайчыннікаў. Але ўнутраны гадзіннік, напэўна, нейкім чынам «заспіртаваўся» (ад перабольшання дозы прафілактычнай вадкасці), і я зусім не звярнуў увагі, што пра корпаўся з тым тэлевізарам палову гадзіны, калі не болей. Нешта зрушылася толькі тады, калі я выпадкова праз акно вагончыка ўбачыў нашага дзяжурнага па роце.
Спачатку я падумаў пра пабочны галюцынагенны эфект ад ужывання спірту, але, працёршы вочы, упэўніўся, што гэта сапраўдная праверка варты. За дзяжурным па роце ішлі двое – боўтаўся ва ўсе бакі наш сяржант і роўна крочыў баец, які з намі ў нарад не заступаў. Гэта значыць, яго вы звалі замяніць таго, каго знялі з варты. Ці яшчэ толькі павінны былі зняць?..
Я вываліўся ў акно, але апрануць шынель, зашпіліць рэмень з падсумкам і ўскінуць аўтамат на плячо не паспеў. Тым больш не паспеў зачыніць за сабой фортку сакрэтна га аб’екта, які я так заўзята вартаваў. «Што не сустракаеш, ахова?» – весела крыкнуў дзяжурны па роце, які на ўсякі выпадак рыхтаваўся да самага дрэннага – за паказной весялосцю ён, вядома ж, хаваў немалое хваляванне.
Пазней нехта расказваў, што калі гэты афіцэр у той ве чар наведаў памяшканне для вартавых, ён моцна перапалохаўся, бо на сталах, на падлозе, на крэслах нерухома ляжалі салдаты на чале са сваім камандзірам, раскідаўшы вакол сябе аўтаматы, патроны і штык-нажы. Першым уражаннем правяраючага было тое, што байцы сталі ахвярамі чагосьці накшталт газавай атакі ці масавага атручвання. На самай справе недзе так яно і было, а бутэлькі на стале толькі пацвярджалі гэта.
Калі сяржант неяк здолеў падняцца і выйсці разам з дзяжурным на праверку, то на адным пасту яны ўвогуле не знайшлі вартавога. На другім пасту ахоўнік спаў. А на самым далёкім, сакрэтным пасту № 1, як ужо няцяжка здагадацца, адбываліся амаль што «радарныя» спробы з дапамогай бытавога тэлепрыёмніка запеленгаваць у эфіры перадачу «Сустрэнемся пасля адзінаццаці»…
Дзякуючы гэтаму выпадку літаральна назаўтра я пазнаёміўся з выдатным гістарычным помнікам пачатку XIХ ста годдзя, што на той час цудоўна захаваўся ў Бабруйску, – будынкам сапраўднай турмы, які па-ранейшаму адпавядаў свайму прамому прызначэнню і выконваў функцыі гарнізоннай гаўптвахты. Бабруйскую крэпасць пабудавалі ў 1810 м па загадзе Аляксандра І.
Напэўна, гэтаксама як і маіх землякоў у далёкія часы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, мяне падымаў ахоўнік у пяць гадзін раніцы, выводзіў на пляц, дзе шыхтавалі арыштаваных. Усім апавяшчалася, дзе хто сёння будзе працаваць. Потым у турэмнай сталоўцы кармілі баландай, рэцэпт якой, мабыць, быў умураваны дзе-небудзь у таўшчэзнай сцяне тутэйшай кухні яшчэ ў пачатку XIХ стагоддзя. У асобных камерах-адзіночках сядзелі пару асабліва шалёных, гвалтаўнік ды забойца, што чакалі прысудаў ваеннага трыбуналу.
Мне было прызначана ўсяго дзесяць сутак арышту (яшчэ раз з захапленнем узгадваю муры і сцены каля метра таўшчынёй, выкладзеныя са старадаўняй чырвонай цэглы). Двое сутак мне дадалі ўжо «на месцы». За гэты тэрмін я неаднойчы з удзячнасцю ўспамінаў перадачу «Сустрэнемся пасля адзінаццаці» і яе нязменнага вядучага Зміцера Падбярэзскага, у думках дзякуючы за культурны ўплыў і веды ў галіне не толькі сучаснай музыкі, але і новай гісторыі.
Напэўна, нейкая астральная сувязь паміж эфірам тэлевізійным і эфірам тых спіртавых пароў усё ж такі існавала, бо праз нейкі час пасля дэмабілізацыі я асабіста пазнаёміў ся са спадаром Падбярэзскім. А пазней нават своеасабліва аддзячыў яму за колішні выдатны практыкум па гісторыі роднага краю. Неяк сустрэўшыся ва ўтульным менскім кафэ «У Радзівіла», я паведаміў Зміцеру, што ў Бялынічах, на месцы ранейшай арганізацыі «Сельэнерго», побач з месцам былых так званых «польскіх могілак», захавалася вялізная надмагільная пліта, на якой выбіты наступны тэкст: «Adella z Podberezkich Siellawina. Urodzona 1815 oktobra 19 dnia, zeshla tego swiata 1853 novembra 17 dnia. Obok jey pochiwaj№ corka аleksandra 2 lat і syn іgnacy 4 miesiкcny».
Далей пачатак малітвы «Sprosi przychodnia…» у памяць гэтай невядома як загінулай сям’і.
Зміцер, зразумела, зацікавіўся такой інфармацыяй, паведаміўшы, што яго старажытны род паходзіць менавіта з Магілёўшчыны і што ён, калі атрымаецца, абавязкова на ведае Бялынічы.
А пра армейскі выпадак я яму так і не расказаў. Можа быць, гэта было на той момант недарэчы. А магчыма, я зыходзіў з меркавання, што ў нас яшчэ павінна быць нагода, каб сустрэцца пасля…
Але, напэўна, гэта ўжо будзе нешта накшталт навейшай за найноўшую з гісторый.
Ся-бры
Многія аматары сучаснай музыкі чамусьці заўсёды пры малі шматгадовую творчасць гэтага ансамбля за ўзор псеўдабеларускага кітчу. Чаму? Не ведаю. Увогуле добры ансамбль. І нават для маіх вайсковых саслужбоўцаў з Расеі знаёмства з беларускай культурай (хутчэй нават з культурай беларускай мовы) пачалося з аднаго памятнага канцэрта. Да якога акрамя артыстаў славутага ансамбля непасрэдна спрычыніліся і мае армейскія сябры.
Дакладней, усё пачалося нашмат раней за той канцэрт. Тады, калі нашу асобную роту аэрадромнага забеспячэння прызначылі дзяжурнай па «ПСС». У армейскім варыянце гэта расшыфроўвалася як «поисково-спасательный сезон». Прыкладна на працягу месяца на аэрадроме кругласутачна мусіў знаходзіцца дзяжурны экіпаж на выпадак пажараў, стыхійных катастроф, якіх-небудзь ваенных манеўраў ці іншых экстрэмальных здарэнняў.
Вадзіцель АПА[3]3
АПА, аэродромный пусковой агрегат (рус.) – абсталяванне для запуску верталётных ці самалётных рухавікоў, размешчанае звычайна на базе аўтамабіля «Урал».
[Закрыть] Валодзька П. па нацыянальнасці быў немцам з горада Кургана (па пашпарту – Вальдэмар Рыхардавіч). Як і любы карэнны сібірак – вельмі спакойны і дабрадушны малады чалавек. Невялікага росту, каржакаваты, Валодзька меў, што называецца, «залатыя рукі». Увесь час нешта рамантаваў, дапрацоўваў, некуды спяшаўся, шукаў нейкія дэталі. Яго самога заўсёды шукалі, каб пракансультавацца ці вырашыць якое-небудзь тэхнічнае пытанне.
Пачаўшыся ў лютым, апошні «ПСС» зацягнуўся амаль што на два месяцы па не вядомых нікому з шараговых байцоў абставінах. Пад канец «сезону» Валодзька выглядаў вельмі стомленым. Напэўна, давалі пра сябе знак сталыя вылеты авіяцыі, што адбываліся ў любы час сутак, ды заўсёдныя рамонты старога «Урала».
Той раніцай я ўбачыў яго машыну яшчэ здалёк. Калі Валодзька пад’ехаў бліжэй, я прывітаў яго ўзнятай рукой, аднак чамусьці ён праехаў побач і не адказаў мне, што было не падобна да яго. Я крыху здзівіўся, але падумаў, што ён мог быць засяроджаны на якіх-небудзь тэхнічных сваіх справах і проста не заўважыў мяне. Я пакрочыў далей, і калі зайшоў за вугал будынку КПП, мне яшчэ добра быў чутны гук «уралаўскага» рухавіка. Праз імгненне пачуўся магутны ўдар, потым нешта моцна бухнула, і рухавік заглох.
Ад раптоўнай цішыні зрабілася неяк не па сабе. Я кінуў ся назад. Не зразумеў ад чаго, але першае ўражанне было такое, што быццам бы ўбачыў цяжка параненую машыну. Заваліўшыся на левы бок, яна сіратліва стаяла пры ўездзе на дзяжурную пляцоўку, а пад ёй па белым снезе расцякалася вялізная чорная пляма машыннага масла, ад якога падымалася пара, як ад свежай крыві. Я падбег да машыны, але мяне апярэдзіў афіцэр з верталётнай эскадрыллі.
Валодзька ўрэзаўся ў адзін з двух кароткіх і вельмі моцных металічных слупоў, што сімвалізавалі вароты дзяжурнай пляцоўкі. Слядоў заносу відаць не было, ніякага тармажэння кіроўца не рабіў. Сам ён яшчэ знаходзіўся ўнутры. Афіцэр, які прыбег раней за мяне, паспрабаваў адчыніць кабіну. Зрабіць гэта яму не ўдалося, бо левае кола ад моцнага ўдару змяла крыло і «заехала» ў дзверцу. Тады лётчык перабег і адчыніў кабіну з правага боку. Ён хваляваўся, што з кіроўцам нешта здарылася. З Валодзькам і сапраўды нешта здарылася – ён таямніча ўсміхаўся і павольна, вельмі павольна, збіраў свае дакументы. Афіцэр паспрабаваў з ім загаварыць, але кіроўца не здолеў вымавіць і слова. «П’яны!» – разгублена сказаў лётчык і, толькі цяпер зразумеўшы прычыну аварыі, моцна вылаяўся…
Вектар удару «Урала» быў стыхійна выбраны такім чы нам, што пры невялікай хуткасці Валодзька здолеў рас квасіць амаль што ўсе асноўныя вузлы аўтамабіля: рухавік сарваць з мацаванняў, вырваць пярэдні мост, сагнуць малы «кардан» і папсаваць ім «раздатку», а далей і скрыню перадач, і карданны вал, што ішоў да задняга маста. Нават рама («уралаўская»!) сагнулася, быццам была зроблена з алюмінію.
Як на тое зло, напярэдадні выйшаў указ міністра абароны СССР аб матэрыяльнай адказнасці за пашкоджанне ваеннаслужачымі армейскай маёмасці. Гэта значыць, што калі б Валодзька разбіў «Урал» хаця б месяц таму, яму б нічога не было – акрамя таго, што адседзеў бы на гаўптвахце сутак пяць – дзесяць (крымінальную справу ніхто не заводзіў бы). А машыну давялося б спісаць – колькі іх паспісвалі!
Але часы змяніліся: такі выпадак не прайшоў незаўважаны камандаваннем. У выніку была створана камісія, якая ацаніла матэрыяльныя страты і назвала астранамічную суму выплаты. Такія грошы не маглі сплаціць ні сам салдат, ні яго маці, што жыла ў вёсцы недзе ў Курганскай вобласці. У гэтым выпадку парушальніка ўставу павінны былі па садзіць у дысбат і вылічваць грошы, пакуль ён канчаткова не разлічыцца. Вось такім чынам у нашай вайсковай часці адгукнуліся пачатак «перабудовы», гаспадарчы разлік і самаакупляльнасць.
Камандзір нашай асобнай роты маёр Сямко ледзь не кожную раніцу паўтараў на пастраенні такія словы: «Байцы, за дваццаць чатыры гады службы я нікога не пасадзіў. А вы ўпарта не хочаце даць мне даслужыць апошні год і спакойна сысці на пенсію…» Сказаў ён сваю прыказку і шараговаму Уладзіміру П., які моўчкі стаяў перад строем праз некалькі дзён пасля здарэння. Аднак зрабіў – гэты мудры і вельмі паважаны намі чалавек – усё па-іншаму. Камандзір дабіў ся адтэрміноўкі разгляду справы з разбітым «Уралам» у высокіх інстанцыях і запэўніў камандаванне, што машына будзе адноўлена ўласнымі сіламі.
З гэтай нагоды камандзір аўтаўзвода, старлей Рэзнікаў, схапіўся за галаву. Ён і так разрываўся, шукаючы па ўсім наваколлі варыянты «армейскага бартару» – каб змяняць радыятары на колы, стартары на аўтамабільнае шкло, паліва на паліўныя бакі – карацей, адшукаць усё тое, што бесперапынна выходзіла са строю на дзясятках падпарадкаваных яму машын. А тут належала сабраць не проста «Урал», а спецмашыну на яго базе.
Але загад ёсць загад, і абмеркаванню ён не падлягаў. Сцяўшы зубы, Рэзнікаў знайшоў усё, што трэба, аднак «уралаўскія» раму і пярэдні мост ён, як ні намагаўся, знайсці не здолеў. Па неверагодных сувязях і знаёмствах маёр Сямко і старшы лейтэнант Рэзнікаў выйшлі нават на аўтаслужбу акругі, але там абяцалі выдзеліць гэтыя дэфіцытныя запчасткі толькі на працягу года. За неаднаўленне знішчанай адзінкі ваеннай тэхнікі над нашым сябрам і саслужыўцам зноў навісла пагроза ваеннага трыбуналу.
Што магло ўратаваць байца, які трапіў у такія цяжкасці праз злашчасную праклятую атруту пад назвай спірт? Як аказалася пазней – толькі цудоўнае, амаль што казачнае, супрацьяддзе пад той жа назвай. Нехта з калегаў-саслужыўцаў, усюдыісных і ўсёведных, выгледзеў на тэрыторыі аўтапарка суседняга танкавага рамонтнага батальёна тое, што было жыццёва неабходна нашаму «рэстаўратару». А дакладней – запаветныя раму і пярэдні мост для аўтамабіля «Урал». Навюткія, бліскучыя, у чорнай антыкаразійнай фарбе, яны ляжалі пасярод чужога пляца разам з іншым буйнагабарытным абсталяваннем.
Аб нейкай дамове на афіцыйным узроўні не магло быць і размовы – нашая авіяцыйная часць і вышэй узгаданая танкавая хоць і размяшчаліся побач, але належалі да розных вайсковых груп і па службе не cутыкаліся адна з адной нават ускосна. Заставалася адзінае выйсце – неафіцыйныя, а дакладней неўстаўныя, адносіны ваеннаслужачых тэрміновай службы.
Аперацыя была спланавана геніяльна проста. У прызначаны дзень у нарад па аўтапарку «танкістаў» заступалі: дзяжурны (з малодшых афіцэраў, якія, за рэдкім выключэннем, амаль што ўсе «выпівалі») і два днявальных (у салдацкім калектыве замяніцца, каб заступілі «патрэбныя людзі», было няцяжка). З другога боку агароджы, у аўтапарку «лётчыкаў», адбывалася такая самая сітуацыя, з той толькі розніцай, што днявальнымі заступалі не проста «дасведчаныя» байцы, а менавіта кранаўшчык і кіроўца дзяжурнага цягача.
Спірт «танкістам» быў выдадзены загадзя, аперацыя па спойванні іхняга дзяжурнага займала не больш за дзве гадзіны. У «лётчыкаў» адбываліся такія ж дзеянні. Праз пару гадзінаў абодва дзяжурных, «авіятар» і «танкіст», моцна спалі. У абодвух аўтапарках былі адчыненыя заднія, запасныя вароты, і кран з цягачом ад «лётчыкаў» заехалі на тэрыторыю «танкістаў». Пагрузка заняла пятнаццаць – дваццаць хвілінаў, і вароты зноў зачыніліся, як быццам ніколі і не адчыняліся…
Назаўтра Валодзька прыступіў да «перакідвання» ўсіх дэ таляў са старой рамы на новую. Старшы лейтэнант Рэзнікаў ледзь не плакаў. «Адкуль, – крычаў ён, – якім чынам вы маглі недзе раздабыць гэта?!» Рота таямніча маўчала і толькі палохала лейтэнанта сваёй маўклівасцю. Маёр Сямко зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў, магчыма, хвалюючыся, што нечаканае з’яўленне неабходных дэталяў яшчэ магло мець нейкі непажаданы працяг. Але ўсё было ціха.
Валодзька працягваў працаваць. Кожны дзень ад пад’ёму да адбою. Прыкладна за тры тыдні ён аднавіў АПА. Электроннае абсталяванне перакідваў, запамінаючы па правадочку, што да чаго мацавалася. На гэтай машыне Валодзька даездзіў да дэмбеля і запусціў не адну сотню авіяцыйных рухавікоў. Ён аказаўся геніяльным, а не проста здольным механікам.
У танкавым рамбаце схамянуліся наконт адсутнасці рамы і моста недзе толькі праз тыдзень. Спрабавалі нават праводзіць нейкае расследаванне. Дапытвалі ўсіх афіцэраў і прапаршчыкаў, хто заступаў на дзяжурства ў аўтапарк. Усе шчыра адказвалі, што нават не ўяўляюць, як гэтыя запчасткі маглі знікнуць. Ніхто з дзяжурных не хлусіў. Факт заставаўся фактам: дэфіцытнае абсталяванне растварылася ў паветры, правалілася скрозь зямлю, змылася з дажджом – ніякіх, нават дробных, слядоў не ўдавалася знайсці. Ніхто не здагадаўся звязаць таемнае знікненне з выпадкамі маса вага п’янства, што назіраліся ў казарме тэрміновай службы «танкістаў» увесь тыдзень. Аднекуль у іх з’явілася аж тры трохлітровыя слоікі спірту.
У дзень, калі Валодзька першы раз пасля рамонту вы ехаў на аэрадром, зампаліт часці прынёс запрашальнікі на канцэрт. Зразумела, усе, хто быў вольны ад нарадаў, пажа далі вырвацца ў горад. Не кожны раз выпадае такая магчы масць. Тым больш, калі прапанавана якая-ніякая, а культурная праграма.
У гарнізонны Дом афіцэраў набілася поўная зала ваенных. На сцэну выйшла высокая прыгожая вядучая з неверагоднай усмешкай на вуснах і абвясціла ў мікрафон: «…Дорогие друзья, сегодня у вас в гостях ансамбль “Сибры”!..»
Валодзька, пляскаючы ў ладкі на суседнім крэсле, на хіліўся да мяне і запытаўся: «Кость, а чё такое “Сибры”?» Мне чагосьці стала няёмка, і я адказаў: «Валодзька, адвянь!» Але той нічога не хацеў разумець і пачаў піхаць мяне ў бок: «Косць, правда, чё такое?..» У той час я зусім не адчуваў сябе носьбітам беларускай культуры і захавальнікам роднай мовы. Наадварот, мелася нейкая незразумелая патрэба хаваць сваю беларускасць як мага глыбей, а звонку выстаўляць наноснае «саўковае», быць «як усе». Таму я адказаў з неахвотай: «Сябры – гэта “друзья”…»
Пасля канцэрта Анатолю Ярмоленку і яго калектыву спатрэбілася дапамога. Трэба было ўсю апаратуру са сцэны перацягнуць у «фуру». Чамусьці кіраўнік ансамбля звярнуў ся менавіта да нашага зампаліта ў сініх пагонах. Валодзька і яго землякі-курганцы былі ў захапленні, што працавалі з самімі «Сибрами»…
Калі мы скончылі працу, маэстра Ярмоленка падзякаваў і зрабіў для нас сапраўдны падарунак – пакінуў цэлую серыю сваіх аўтографаў на бляклых і невыразных ад недахопу друкарскай фарбы запрашальніках. Валодзька паляпаў мяне па плячы і, шчаслівы ад верагоднасці стасункаў з усесаюзна вядомымі зоркамі эстрады, а ў дадатак ад таго, што ведае цяпер адно новае слова з іншай мовы, спытаўся:
– Кость, так мы теперь чё, навсегда сибры? Ягоныя жарты не дадалі мне весялосці.
– Сібры, сібры… – неяк сумна адказаў я і, крыху памаўчаўшы, нечакана для самога сябе сказаў: – Але па-беларуску ўсё ж будзе: сябры…
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?