Текст книги "Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя"
Автор книги: Зміцер Дзядзенка
Жанр: Зарубежные детективы, Зарубежная литература
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 1 (всего у книги 9 страниц)
Зміцер Дзядзенка
Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя
крымінал у рытмах нэпа
© Зміцер Дзядзенка, 2017
© ІП Янушкевіч А.М., 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
6 траўня 1926 года, чацвер, пад вечар
Абыякавае сонца хілілася на захад. І хаця грэла яно ўжо не на поўную моц, але свяціла яшчэ па-ранейшаму ярка, хіба што цені сталі даўжэйшымі пад сонечным нахілам. Антон Хлюдзінскі павярнуўся ў вузкім музейным пакойчыку, застаўленым не столькі экспанатамі, колькі кнігамі, тэчкамі з дакументамі, фотаальбомамі, што займалі ўсю вольную прастору, у якую маглі ўплішчыцца. Яны былі і ў дзвюх хісткіх шафах, падпертых знізу для ўстойлівасці драўлянымі цурбачкамі, і на некалькіх палічках на сценах, і, натуральна, на адзіным у пакоі нешырокім стале. Нават на падлозе ляжалі два стосікі шэрых тэчак, якім больш нідзе не знайшлося месца.
Вядома ж, не кнігі становяцца самымі заўважнымі музейнымі экспанатамі – што з іх за карысць для наведніка, які подбегам пройдзе ўздоўж выстаўленых аскабалкаў даўніны, не змытых плынню часу? Нават самы цікаўны наведнік музея зможа пабачыць толькі вокладку кнігі альбо нейкія яе старонкі. Але Хлюдзінскі любіў менавіта кнігі, старонкі якіх з часам нібы танчэлі, станавіліся шорсткімі навобмацак, пагражаючы паламацца ад неакуратнага абыходжання. Гэтыя выпетралыя ад часу старонкі і цяжкія ціснёныя вокладкі дарылі яму ні з чым не параўнальную асалоду.
Праўда, Хлюдзінскі разумеў, што кнігі – гэта ягоная крыніца радасці, а іншых людзей могуць зацікавіць іншыя рэчы. Таму ў музей ён збіраў і старадаўнія манеты, і зброю мінулых стагоддзяў, і карціны, якія перажылі рэвалюцыйную ды ваенную віхуру. Ён ужо ўяўляў, як развесіць гэтыя карціны ў высознай музейнай зале – колішнім базыльянскім касцёле, дзе ў апошнім стагоддзі манашак-базыльянак былі змянілі праваслаўныя манахі…
Пакуль жа яго худая фігура нязграбна згорбілася каля палічак: Антон пільна ўглядаўся ў кніжныя карэньчыкі, чытаючы іх назвы. Дарэчы, не кожная кніга з гонарам абвяшчала гораду і свету сваё імя, бо на некаторых карэньчыках не было ніякіх надпісаў. Музейшчыку гэта не вельмі перашкаджала: большасць кніг яму была добра знаёмая.
Мужчынская фігура ў дзвярах няпэўна кхекнула, прачышчаючы горла, і гэты гук вярнуў Хлюдзінскага з аблокаў мройнай уявы на зямлю, а дакладней – у вузкі музейны пакойчык.
У нечаканым госцю беспамылкова ўгадваўся вясковец, які хутчэй за ўсё прыехаў у горад на кірмаш. Мужчына збянтэжана трымаў у адной руцэ скамечаную шапку, не ведаючы, як пачаць размову. Ён глядзеў на Хлюдзінскага, а потым пераводзіў вочы на шафу са шклянымі дзверкамі. На паліцах яе стаялі бутэлечкі самых размаітых формаў і памераў. На ніжняй паліцы стаяла самая вялікая бутля, але яна амаль цалкам была прыкрытая непразрыстай, драўлянай часткай дзвярэй. Гэтая бутля і яе нябачнае змесціва, быццам магніт, прыцягвала да сябе вочы мужчыны, таму позірк яго скакаў то на бутлю, то на гаспадара памяшкання.
– Дзень добры, – з ветлівай усмешкай звярнуўся Хлюдзінскі, дапамагаючы госцю выйсці з няёмкай сітуацыі. – Штосьці шукаеце?
– І вам добры дзянёчак, – у голасе мужчыны быў чуваць недавер. – Шукаю, ага… Мне сказалі, што тут дзесьці збіраюць косткі старыя ды яшчэ грошы за гэта даюць…
Антон прыгадаў, як археалагічная экспедыцыя, якая нядаўна прыязджала на Аршаншчыну, радавалася знойдзеным біўням маманта: дзве незвычайныя знаходкі прынеслі навукоўцам мясцовыя мужыкі. Тады археолагі падрабязна распыталі, дзе былі знойдзеныя гэтыя скамянеласці, што знаходзіцца побач, ці знаходзілі там яшчэ што-небудзь незвычайнае. Потым яны абяцаліся наступным разам абавязкова вывучыць мясціны, адкуль вяскоўцы прынеслі ім гэтыя парэшткі маманта. А пакуль што забралі іх у Менск, каб пільна вывучаць.
І цяпер Хлюдзінскі адчуў, што яму ў рукі сама ідзе ўдача: вось гэты мужык таксама, відаць, прынёс якія-небудзь косткі маманта. А можа, нават і дыназаўра! Былі ж і ў нас дыназаўры, не магло іх не быць, калі яны былі паўсюль! І тапталі тутэйшую глебу сваімі гіганцкімі перапончатымі лапамі задоўга да з'яўлення чалавека, бегалі, падкрадаліся, уцякалі, палявалі… Рэшткі дыназаўра можна будзе выставіць у музеі, каб усе наведнікі дзівіліся, якія ж нечаканасці і сюрпрызы тоіць аршанская зямля.
Уяўленне ўжо малявала Хлюдзінскаму, як ён уласнаручна будзе старанна ачышчаць старажытныя косткі мяккім пэндзлікам, а потым складзе адну да адной, каб яны стварылі шкілет дагістарычнага гіганта-пачвары.
У гэты момант прыхадзень перарваў яго думкі:
– Дык я і прывёз сюды.
Ачомаўшыся, Антон паспяшаўся на двор за селянінам.
На двары стаяў звычайны сялянскі воз, дно якога было засцеленае сенам, каб менш муляла пры яздзе. На сене і ляжалі абяцаныя селянінам косткі.
– Вось! – з гонарам сказаў мужык. – Яны вельмі старыя.
Хлюдзінскі маўчаў, бо яму проста заняло мову. Потым ён усё ж выціснуў з сябе, быццам праз сілу, словы:
– Дык гэта ж каровіны…
– Ага, – вясковец і не думаў пярэчыць. – Нашая Матруна ўжо дужа старая была. З мясам мы сяк-так далі рады, а вось косткі хацелі выкінуць сабакам. Але ж сусед сказаў, што можна ў горадзе здаць за грошы. Дык чаго ж дабру прападаць, так? Вы не сумнявайцеся, таварыш, старэй за нашую Матруну ў вёсцы каровы не было – яна яшчэ царскі рэжым помніла.
І селянін перайшоў да жыццеапісання сваёй жывёліны. Па яго словах, жыццё яе было амаль што легендарным: у свой час карова пазбегла не толькі нямецкага палону, але і харчразвёрсткі. Доўгія гады Матруна заставалася карміліцай і надзеяй сям'і…
– Не-не, нам трэба не такія косткі, – мара Хлюдзінскага на вачах разбівалася на аскепкі, ператваралася ў нікому не патрэбны друз. – Нам трэба косткі зусім старыя, якім ужо не адно стагоддзе.
Правая рука селяніна пацягнулася да патыліцы і пачала вышкрабаць з-пад яе думкі:
– Не, таварышу, столькі ні адна карова не жыве. Дый іншая якая жывёліна таксама… Хіба што крумкач! Хочаце – крумкача вам падстрэлю? Гэтая хітрая курв… птушка і па трыста гадоў жыве, кажуць, бо падлу дзяўбе. Але толькі ў яго і будуць такія старыя косткі, як вам трэба.
Ледзь удалося Антону адкараскацца ад прапаноў назолістага селяніна, які абавязкова хацеў лёгка здабыць лішнюю капейчыну ад недалужнага гараджаніна. Правёўшы наведніка за дзверы, музейшчык пабачыў, як той на развітанне завучаным, механічным жэстам перахрысціўся на вежы, якія ўжо некалькі гадоў стаялі без якіх-небудзь крыжоў. Бездапаможна тыкаліся яны ў неба, і гэтак жа бездапаможна апусцілася рука селяніна, калі яго позірк не знайшоў крыж на належным месцы.
Пасля гэтага Хлюдзінскі зачыніў будынак і выйшаў на нешырокую вулачку – утаптаная пасярэдзіне, яна паступова зарастала травой бліжэй да платоў, з-за якіх вызіралі невысокія хаты. У паветры ўжо адчувалася вечаровая свежасць, і на прызбах сталі з'яўляцца мясцовыя жыхары – пераважна старыя, якія выйшлі патачыць лясы, абмеркаваць суседзяў і навіны. Антон вітаўся з імі, быццам ішоў не па горадзе, а па вёсцы, дзе вітанне абавязковае з усімі сустрэчнымі.
У думках Хлюдзінскі пасміхнуўся: «Бадзяюся паміж касцёламі». Так, ягоны шлях зараз ляжаў у напрамку дамініканскага касцёла: у адным з дамоў на Смалянскай вуліцы ў яго было дамоўленае спатканне. Аднак калі ён выйшаў да вуліцы Падгорнай, то адразу ж заўважыў нечакана вялікі збор людзей. Стоўпіўшыся каля аднаго з невысокіх будынкаў, яны насцярожана маўчалі, і гэтае маўчанне з кожным імгненнем пагрозліва гусцела ў паветры.
Было ў гэтым натоўпе штосьці няяснае, змрочнае, і цікаўнасць пацягнула Хлюдзінскага ў той бок, быццам магнітам. Праштурхаўшыся бліжэй да сярэдзіны, ён пабачыў нежывое жаночае цела, якое ляжала, нязручна падкурчыўшы ногі і ўзняўшы правую руку ў апошнім руху. Галава з чорнымі кудзеркамі валасоў бездапаможна адкінулася, горла жанчыны было распаласаванае ледзь не ад вуха да вуха. Густая кроў, якая вылілася з раны, пацямнела і змяшалася з дарожным пылам, утварыўшы брудную лужу. На гіпсава-белым твары ненатуральна чырванелі кармінавыя вусны: смерць не змагла сцерці яркую памаду. Ногі заблыталіся ў зялёнай спадніцы – відавочна, вынік агоніі. Прыгожыя ногі, адзначыў міжволі Хлюдзінскі, пабачыўшы, што адна з іх адкрылася да калена. Было ў гэтай пасмяротнай адкрытасці штосьці спакушальнае і ўвадначас страшнае.
– У міліцыю паслалі? – прагучаў за спінай Антона чыйсьці сіплаваты голас.
– Ага ж, – адказаў немалады сівы мужчына ў кепцы, у якім беспамылкова ўгадваўся рабочы, што вяртаўся з працоўнай змены дадому. Яго жылістыя рукі з чорнай аблямоўкай на пазногцях нервова сціскаліся ў кулакі, потым расціскаліся, каб праз якое імгненне зноў сашчапіцца на чымсьці нябачным.
Неўзабаве прыбылі міліцыянты, расштурхалі натоўп і прапанавалі грамадзянам разысціся і не перашкаджаць працы праваахоўных органаў. Гараджане разышліся, але недалёка – падаткнулі сабой навакольныя платы і дрэвы. Адмаўляцца па сваёй ахвоце ад такога відовішча ніхто не пагаджаўся.
Міліцыянт, які быў у гэтай групе відавочна самы галоўны, звярнуўся да людзей:
– Грамадзяне і грамадзянкі, хто-небудзь ведае забітую?
– Дык Рыўка гэта, Рыўка Гольдберг, – адразу ж адгукнуўся жаночы голас, у якім не было чуваць літасці да забітай. – Як яе не ведаць… Тут яе ўсе ведаюць, патаскушку гэтую.
Міліцыянт старанна запісаў сабе штосьці ў нататнік, які трымаў у руках.
– А жыла яна далёка? – зноў запытаўся ён ва ўсіх адразу.
– Дык праз дом адсюль і жыла, вунь там, – ахвоча падказаў ужо мужчынскі голас.
– А хто бачыў, як адбылося гэтае здарэнне? – працягваў міліцыянт, зноў жа не звяртаючыся ні да каго канкрэтнага. Аднак гэтым разам удача ад яго адвярнулася: ніхто не адгукнуўся. Людзі азіраліся навокал, першымі спрабуючы ўгледзець таго шчасліўчыка, які стаў сведкам такой незвычайнай падзеі. Шчасліўчыка не знаходзілася…
Зразумеўшы, што шанцаванне скончылася і далей пойдзе звычайная чарнавая праца, міліцыянт даў знак падначаленым забіраць цела і накіраваўся ў паказаны яму дом, дзе жыла забітая Рыўка Гольдберг.
Хлюдзінскі павярнуўся сыходзіць і незнарок зачапіў плячом суседа. Той незадаволена прашыпеў, Антон павярнуўся са словам «Прабач…» і не дагаварыў – на яго з халодным агнём варожасці глядзелі выцвілыя вочы Канстанціна Мачугі.
1914—1926
Канстанцін Мачуга ажаніўся незадоўга перад вайной. Сам ён прыгажуном не быў: каржакаваты, быццам складзены з падагнаных адзін да аднаго цурбачкоў, з прасцяцкім наіўным тварам і бляклымі вачыма, за якімі немагчыма было ўгадаць думак. А вось жонку сабе ўзяў ладную, гожую: на Валянціну заглядаўся шмат хто не толькі з халасцякоў, але і жанатыя. А і было на што глянуць – усё было, што называецца, на месцы: і абаяльная ўсмешка на сімпатычным тварыку, і зграбная фігура з усімі належнымі акругласцямі. Агонь-дзеўка, якая і за словам далёка не палезе, і ўсмешкай адорыць – як чырвонцам. А чорныя яе валасы вабілі, прасілі запусціцьу іх мужчынскія пальцы і лашчыцца, гуляцца з пакорлівымі пасмачкамі.
Прыгожая жонка трапілася Канстанціну, як ні глянь. І было гэта для яго прадметам гонару і адначасова – глыбокага душэўнага болю. Кожны чужы мужчынскі погляд на Валянціну ўспрымаў ён як замах на сваё, толькі яму прыналежнае.
Мучыўся праз гэта Мачуга аж да зубоўнага скрыгату. Не прайшло і пары месяцаў пасля шлюбу, як прыйшоў ён дадому п'яны. А ў адказ на мяккі жончын дакор стаў яе люта біць. Кулакі з сілай выбівалі дыханне з жончыных грудзей, малацілі яе па спіне, моцны ўдар у твар адкінуў Валянціну на сценку, па якой яна беспрытомна спаўзла на падлогу і ляжала нерухома.
Канстанцін няўцямна паглядзеў на жонку, якая не варушылася, пакратаў яе мыском бота – ніякай рэакцыі. Мармычучы штосьці сабе пад нос, ён дабрыў да ложка і праваліўся ў цяжкі задушны алкагольны сон.
Зранку ён пачуваўся кепска: балела галава, да горла падступала млосць. Але разам з тым унутры яго была нейкая палёгка, быццам учора падчас п'янага самасуду ў ім распрасталася нейкая спружына, якую накручваў кожны чужы погляд на яго жонку, на яго маёмасць. Ад гэтага яму было лёгка і трошку няёмка – не за тое, што біў Валянціну (хто ж жонку не б'е?), а ад таго, што спружына гэтая выпрасталася ў ім толькі ў п'яным выглядзе.
А яшчэ праз якія пару месяцаў пачалася вайна з германцам. Мачугу мабілізавалі не адразу, але ж прыйшла і яго чарга ваяваць за веру, цара і Айчыну. Праводзіць мужа на фронт Валянціна прыйшла, старанна хутаючы твар у хустку па самыя вочы…
Канстанцін думаў, што тая спружына ў ім не будзе нацягвацца, калі ён будзе далёка ад жонкі. Аднак гэтая надзея не спраўдзілася: напружанне ўнутры яго пастаянна нарастала. Лягчэй станавілася хіба што пасля рукапашнага бою, калі ўласнаруч насаджваеш германца на штык, б'еш яго з размаху прыкладам вінтоўкі або азвярэла душыш.
Бог вайны ці хто іншы, адказны за лёс чалавека на вайне, Мачугу аберагаў: атрымаў ён падчас усіх баёў толькі дзве невялікія раны – куля трапіла ў левую руку, ды яшчэ адна падрапала яму шчаку.
А смеласць і адвага байца былі заўважаныя камандзірамі. Паколькі малодшыя афіцэры гінулі на фронце не менш за шараговых салдатаў, то іх заўсёды неставала. Так Канстанцін Мачуга атрымаў накіраванне на курсы прапаршчыкаў.
Чатыры месяцы на курсах прамінулі хутка – нават не паспеў адвыкнуць ад свісту куляў. Перад адпраўкай на фронт атрымаў Мачуга кароткі адпачынак, каб змог пабачыцца з сям'ёй.
Валянціна войкнула ад нечаканасці, калі муж прыйшоў дадому. Ягоныя пацалункі былі прагнымі, патрабавальнымі, яна пакорліва прымала мужавы ласкі, але Канстанцін адчуў, што ў жонцы штосьці змянілася за час яго адсутнасці. У той жа вечар ён напіўся, стаў крычаць на жонку, раз'юшваючы сябе. Ён называў Валянціну паблядушкай, пытаўся, якога хахаля яна сабе завяла і ці адзін ён, той хахаль…
Жонка моўчкі глядзела яму проста ў вочы, сціснуўшы зубы. Верхняя губіна ў яе пачала бялець ад напружання. Але калі Канстанцін замахнуўся на яе, Валянціна схапіла падрыхтаваную чапялу і з усяе моцы выцяла ёй мужа па запясці. Правая рука Канстанціна заныла, занямела, і ён перастаў яе адчуваць.
– Калі яшчэ раз мяне хоць пальцам зачэпіш, я цябе заб'ю, – ціха сказала жанчына. – Ачомаюся – і зарэжу ўначы…
Яна працягвала глядзець мужу ў вочы з халоднай рашучасцю.
Канстанцін, як выявілася, быў не настолькі п'яны, каб недаацаніць жончыну пагрозу. Некалькі хвілінаў яны маўчалі, паглядаючы адно на аднаго. Потым Мачуга сплюнуў на падлогу горкую сліну і выйшаў з дому. Да раніцы яго не было, а потым наваспечаны прапаршчык вярнуўся, маўкліва сабраўся і з'ехаў на фронт, не дагуляўшы два дні з адпушчанага яму адпачынку.
З насцярогай прыслухоўваўся Канстанцін да сваіх адчуванняў пасля развітання з жонкай. Чакаў, калі ж тая ўнутраная спружына нацягнецца да ўпору. Але заўважыў, што камандзірская пасада прыносіць яму палёгку: паганяе прапаршчык Мачуга сваіх салдатаў, тыкне каторага – і лягчэй яму становіцца ўсярэдзіне, папускае яго. З адной аглядкай, праўда, ганяў ён сваіх падуладных – калі была сапраўдная нагода. Знарочыстых дачэпак прапаршчык не прыдумваў, бо ведаў: на фронце куля можа прыляцець не толькі з боку ворага, але і са спіны… Але ж яму і ненадуманых дачэпак было досыць: камандзір ганяе салдата для навучання – каб той застаўся цэлым на вайне.
Адрачэнне цара сустрэў Канстанцін усё ў тым жа званні прапаршчыка – не палічылі яго вартым павышэння. Да новых палітычных павеваў Мачуга далучацца не спяшаўся, але ўважліва слухаў, што кажуць розныя партыі. Найбольш сімпатычнымі падаліся яму бальшавікі: яны заклікалі спыніць абрыдлую вайну і адпраўляцца ўсім дадому. І стаў прапаршчык Мачуга бальшавіком, нават у палкавы камітэт трапіў.
А потым бальшавікі і ўвогуле ўзялі ўладу ў дзяржаве, і пайшла Мачугава кар'ера ўгору. Адно кепска – з вайны ён так і не сышоў. Наадварот, у дадатак да германскага і аўстрыйскага франтоў вайна парасла сваімі крывавымі кветкамі спрэс па краіне. Давялося Канстанціну і з Дзянікіным паваяваць, і з палякамі, і эсэраўскія ды меншавіцкія паўстанні расстрэльваць. І папускала Канстанціна кожны раз пры атаках, пры расстрэлах – распроствалася спружына. І дыхаць станавілася лягчэй. Ды яшчэ давала яму палёгку ўлада: даслужыўся Мачуга да камандзіра палка. Значыць, правільны бок выбраў – у белых пайшоў бы ён хіба што ў якую афіцэрскую роту, куды збіралі такіх самых «наштампаваных» за вайну малодшых афіцэраў, якім не было салдатаў, каб камандаваць…
Калі ён вярнуўся пасля мабілізацыі ў Воршу да Валянціны, тая сустрэла яго так, як мужняя жонка і павінна сустракаць пасля доўгага растання. І расслабіўся Канстанцін, вырашыў даць волю сваёй спружыне: голас на жонку павысіў, стаў яе абражаць, каб сябе больш раз'юшыць… І раптам натыкнуўся на яе халодны погляд. І замоўк на паўслове. Зразумеў: не будзе больш, як раней. Не дасць яму Валянціна распусціць рукі – зарэжа, як і абяцала.
А праз пару дзён даведаўся Канстанцін, што жонка ягоная цяпер кіруе ў жаночым савеце – змагаецца за правы кабет. Даведаўся пра гэта ён зусім выпадкова: у гаркаме партыі, дзе ён станавіўся на ўлік і атрымаў прапанову заняць пасаду інструктара аддзела, першы сакратар раптам запытаўся, кім яму даводзіцца Валянціна Мачуга.
– Жонка, – у неўразуменні прамармытаў Канстанцін.
Твар першага заблішчэў, як наваксаваны чаравік, і расплыўся ў шчаслівай усмешцы:
– Як жа гэта цудоўна, што атрымалася такая перадавая ячэйка грамадства! Муж і жонка – разам актывісты, ідуць наперадзе і сваім прыкладам паказваюць дарогу іншым. Наша грамадства мусіць браць вашую сям'ю за ўзор і раўняцца на вас як на правафланговых. Муж – актыўны камуніст, герой вайны, жонка – кіраўніца жансавета…
Мачуга зніякавеў, бо жонка ні словам, ні намёкам не давала яму зразумець, што займаецца грамадскай дзейнасцю, ды яшчэ і на такой пасадзе. А сакратар тым часам працягваў, не заўважаючы азадачанай фізіяноміі суразмоўцы:
– Не сакрэт, таварыш Мачуга, што многія ў нашай партыі па-ранейшаму лічаць жанчын не роўняй сабе. Падставы для гэтага ёсць: жанчыны займалі пры гнілым царскім рэжыме прыгнечанае становішча. Але ў наш час жанчыны, як і іншыя працоўныя слаі, атрымалі роўныя правы з мужчынамі… І ваш прыклад дае нам надзею, што і астатнія чальцы нашай перадавой партыі на шляху да сацыялізму неўзабаве зразумеюць гэтае палажэнне. Так сказаць, жанчына – гэта таварыш камуніста! – і сакратар тыкнуў пальцам некуды ў бок столі, быццам падпіраючы свае словы, завіслыя ў паветры.
Дадому Канстанцін ішоў у задуменні: ён ніяк не мог уразумець, як яму цяпер жыць з Валянцінай, як да яе ставіцца, як абыходзіцца… Добра першаму сакратару – для яго Валянціна толькі чужая жанчына, якая кіруе жансаветам. А як быць яму, мужу гэтай жанчыны?
Дома ён зняў боты, з грукатам паставіў іх у кут. Аднак сустрэць яго, на дзіва, ніхто не выйшаў. З жончынага пакоя былі чуваць галасы. Канстанцін зазірнуў туды: у Валянціны сядзелі чатыры госці – усе маладзейшыя за яе.
Жанчыны павіталіся з гаспадаром, а потым Валянціна працягнула, быццам мужа і няма побач:
– Новы, рэвалюцыйны час жанчыну вызваліў, і гэта значыць, што яна сама павінна заняць годнае месца. І таварыш Аляксандра Калантай правільна вучыць нас, што свабодная жанчына, якая працуе, можа сама распараджацца сваім лёсам, сваёй душой і сваім целам. Не можа быць такога, каб толькі мужчына атрымаў права на выбар жанчыны: яна таксама мае права прыйсці да яго і сысці ад яго.
Жанчыны ўважліва слухалі, быццам вучаніцы вакол наваяўленага прарока – дакладней, прарочыцы.
– А як жа сям'я? – нясмела запыталася адна з іх.
– Пры старым рэжыме лічылася, што сям'я ствараецца на ўсё жыццё. І жанчыне не было куды сысці ад мужа, – цярпліва тлумачыла Валянціна, раз-пораз устрасаючы сваімі чорнымі валасамі. – Яна заставалася служанкай пры ім. Але цяпер мы будуем сацыялізм, дзе жанчына сама зможа зарабіць сабе на жыццё – ёй не патрэбны будзе муж-кармілец. Калі замужняя жанчына пакахае іншага чалавека, яна мае права сысці да яго. А калі проста разлюбіць мужа, то таксама зможа сысці і жыць асобна. Таварыш Аляксандра Калантай вучыць нас, што ў пралетарскай дзяржаве не можа быць эксплуататарскага прымусу ў сям'і.
Маладая кірпатая госця пачырванела, амаль зраўняўшыся колерам з пунсовай хусткай на галаве, і спыталася:
– А чым такая жанчына адрозніваецца ад… – яна замоўкла, падбіраючы найбольш мяккае слова, – гуляшчай?
Павісла напружаная ціша: усіх цікавіў адказ.
– Таварыш Аляксандра Калантай у сваім артыкуле «Каханне і новая мараль» дае нам адказ і на гэтае пытанне. Якія віды адносінаў мы ведаем на сённяшні дзень? Гэта законны шлюб, вольны шлюб і прастытуцыя. З законным шлюбам усё ясна: ён аддае жанчыну ў рабства мужу. Прастытуцыя, адзначае таварыш Калантай, маральна нявечыць людзей, бо робіць жанчыну прадметам гандлю, а мужчыну – спажыўцом гэткага тавару. Гэтыя вычварныя капіталістычныя адносіны не могуць стаць узорам для новага грамадства.
Павісла паўза. Валянціна абвяла сваіх госцей позіркам, уважліва ўглядаючыся ім у вочы.
– Як жа спалучыць сям'ю і тое, што жанчына, як і кожны чалавек, у сваім жыцці развіваецца, здабывае новыя веды, спазнае новыя пачуцці? Ёй можа стаць папросту цесна і няўтульна ў старых адносінах, у ранейшай сям'і, асабліва калі там муж абскурантыст! Таварыш Калантай лічыць, што самай найлепшай формай пры гэтым будзе паслядоўная манагамія.
Апошняе слова, без сумневу, выклікала сярод прысутных жанчын збянтэжанасць. Яны позіркамі перакідвалі яго адна адной, як гарачую печаную бульбіну, што дасталі з вогнішча.
– Гэта значыць, што адна жанчына і адзін мужчына нейкі час жывуць разам, сям'ёй, – паспяшалася патлумачыць Валянціна.
Калі госці сышлі, жонка падышла да Канстанціна і, гледзячы яму ў вочы, халодным тонам сказала:
– Ты ўсё чуў? Дык вось, я таксама за паслядоўнасць.
Канстанцін глядзеў на яе агаломшана, нібы мыла з'еўшы, – ён не мог зразумець, да чаго яна вядзе. Наступныя словы канчаткова перакрэслілі ўвесь ягоны сусвет.
– Я сустрэла іншага мужчыну.
Паветра неяк імкліва загусцела, і Канстанцін адчуў, што не можа ўвабраць яго ў сябе. Ён давіўся пругкімі каўткамі паветра, якое не хацела запаўняць лёгкія.
Так Канстанцін Мачуга даведаўся пра існаванне Антона Хлюдзінскага. А пабачыўшы яго потым, ніяк не мог зразумець, што Валянціна знайшла ў гэтым танклявым высокім акулярніку.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.