Электронная библиотека » Зміцер Дзядзенка » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 1 ноября 2018, 12:40


Автор книги: Зміцер Дзядзенка


Жанр: Зарубежные детективы, Зарубежная литература


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 9 страниц)

Шрифт:
- 100% +

6 траўня 1926 года, чацвер, вечар

Невысокі будынак па адрасе вуліца Зялёная, 17 быў вядомы ўсяму гораду: тут размяшчаўся акруговы аддзел Аб'яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення – у скароце АДПУ, ці проста ДПУ.

Аператыўны ўпаўнаважаны Раман Васільчук сядзеў за масіўным дубовым сталом. Кароткімі пальцамі левай рукі ён задуменна чухаў адрослую за дзень шчаціну на шчацэ, пальцы ж правай тым часам ездзілі па радках данясення ад сакрэтнага супрацоўніка пад псещданимам «Бландзінка». Палец на радку дапамагаў сачыць за напісаным, бо грамата была не самым моцным бокам Васільчука. Затое пралетарская свядомасць і класавае чуццё ў таварыша ўпаўнаважанага былі самай высокай якасці – да ворага ён быў бязлітасны.

Агента «Бландзінку» Васільчук цаніў: гэта быў дыямент сярод яго агентаў. Ніякае заданне не было для «Бландзінкі» невыканальным.

У асяроддзі, якое можна ахарактарызаваць як нацыянал-камуністы, дагэтуль пануе эйфарыя з нагоды павелічэння БССР. Гучаць размовы пра тое, што неўзабаве ў Беларусь вернецца і Смаленск з Бранскам. Мяркую, што такія настроі перадаюцца з Менску. Пашыраць іх дапамагаюць сталічныя эмісары, якія ездзяць па Беларусі пад выглядам пралетарскіх пісьменнікаў. Не выключана, што падтрымліваюць іх нядаўнія эмігранты з белапанскай Польшчы ды іншых імперыялістычных дзяржаў, якім Савецкая ўлада даравала ранейшыя грахі «бээнэраўшчыны» і дазволіла вярнуцца на Радзіму.

У групе, блізкай да левай апазіцыі, узмацняюцца крытычныя настроі. НЭП у размовах яны расшыфроўваюць не як «новая эканамічная палітыка», а як «новая эксплуатацыя пралетарыяту». Найбольш крытычных водгукаў выклікае дзейнасць наркама земляробства БССР Змітра Прышчэпава, якога вінавацяць у патуранні кулацкім настроям на вёсцы. Гэтая з'ява атрымала характарыстыку «прышчэпаўшчына».

Разам з тым гэтая левая апазіцыя крытыкуе партыйныя вярхі за адсутнасць дыскусіі па гарачых пытаннях нават у межах партыі.

Са свайго боку, лічу неабходным узмацніць кантроль за гэтымі дзвюма групамі, якія з'яўляюцца найбольш небяспечнымі ў агляднай перспектыве.

Бландзінка.

З яўнай палёгкай Васільчук уздыхнуў, дачытаўшы паперу. Ай ды «Бландзінка»! Ай, малойца! У перспектыву глядзіць, у будучыню!

Ён дастаў з верхняй шуфляды стала драўляную каробку-пушачку з пячаткай «Строга сакрэтна», пяшчотна хукнуў на яе і прышлёпнуў надпіс у левым верхнім куце данясення. Потым звыклым рухам апусціў пячатку ў пушачку і вярнуў усё на ранейшае месца ў шуфляду. Само ж данясенне з павагай і любоўю, з якой калісьці, вельмі даўно нёс абраз на чале царкоўнай працэсіі, аднёс да сейфа ў куце кабінета. Данясенне далучылася да шэрагу іншых з падобным густа-сінім грыфам, якія збіраліся ў канцылярскай тэчцы, ствараючы разам такую эпапею жыцця, што і не снілася якому-небудзь там графу Талстому.

Дзеянні Васільчука не засталіся незаўважанымі. На сцяне ў яго за спінай віселі два партрэты, якія ні на хвіліну не заплюшчвалі вачэй, пільнуючы ўсё, што адбываецца ў кабінеце. Партрэт Дзяржынскага леваруч ад Васільчука паглядаў сувора, крыху скептычна і бескампрамісна, партрэт Леніна, што вісеў справа, – дапытліва і з нейкай затоенай насмешкай…

8 траўня 1926 года, субота, пад вечар

 
Ах, восень-румза! Пасярод алей
Навошта блытаеш аголенае вецце?
Апалае лісцё ўжо не падыме вецер
І не пагоніць, не памчыць далей…
 

Аўтар чытаў свой верш крыху напеўна, расцягваючы галосныя, быццам пераймаў нейкага дарэвалюцыйнага артыста. Было ў ягонай манеры штосьці ад дэкадэнцкага надлому Аляксандра Вярцінскага.

Хлюдзінскі сядзеў на пасяджэнні аршанскай філіі літаратурнага аб'яднання «Маладняк» і вывучаў навакольных. Яму хацелася курыць – здавалася, што язык аж смыліць ад нясцерпнага жадання. Але курыць у памяшканні не дазвалялася, і, каб пераключыць сваю ўвагу, Антон заняўся разгляданнем твараў.

Аўтар верша здзівіў Хлюдзінскага: Антон думаў, што цяпер, пасля грамадзянскай вайны, пасля напраўду тэктанічных зрухаў у грамадстве, пасля падзеяў, якія перакрышылі і перамяшалі ўсё на свеце, ніхто не піша вершаў у такім дэкадэнцкім стылі.

Тым часам аўтар працягваў дэкламаваць на памяць, не гледзячы ў спісаны аркуш, які трымаў у левай руцэ:

 
Апошнім пацалункам брудны глей
Паставіць пляму на прыгожым квеце.
 
 
І ўсё, што голае было на свеце,
Здаецца восенню яшчэ галей.
 

Пасля папярэдніх паэтаў гэты быў такой самай нечаканасцю, як трусік з капелюша фокусніка. Нішто не прадказвала, што ён тут з'явіцца – і ўсё ж ён быў!

У невялікай зале гарадскога тэатрыка было поўна народу. Людзі не толькі занялі ўсе сядзячыя месцы, але і таўкліся ў праходах. На шчасліўчыкаў, якім удалося сесці, часам кідалі зайздрослівыя позіркі. Але ўсё ж сцэна адбірала больш увагі: дзеля відовішча, якое адбывалася там, гледачы былі згодныя трываць нязручнасці.

Хлюдзінскі згадаў афішу, расклееную на адной з гарадскіх вуліц: «Таварышы аршанцы! Запрашаем на Першыя Публічныя Чытанні, якія ладзіць Аршанская філія „Маладняка“! Уваход вольны для ўсіх таварышаў». Далей паведамлялася, што чытанні адбудуцца ў гарадскім тэатры, і быў пазначаны час. Пад тэкстам чырвоны сілуэт чалавека нешта прамаўляў у рупар – відаць, чытаў вершы нябачнай публіцы, якая не змясцілася на афішу.

Антон не гарэў жаданнем ісці глядзець на мясцовых паэтаў: ён чытаў прэсу, бачыў, якія вершы там друкаваліся, і гучныя рыфмаванкі пра заводы і трактары не выклікалі ў яго захаплення. Да таго ж ён падазраваў, што ўзровень мясцовых паэтаў будзе яшчэ ніжэйшы, чым тое, што публікуюць у сталічных газетах. Калі б яны пісалі лепш за менскіх паэтаў, у сталічных газетах друкавалі б іх, а не цяперашніх, хіба не? Псаваць сабе вечар кепскімі вершамі ён не хацеў.

Угаварыла яго Валянціна, бо падчас закаханасці з мужчыны можна не толькі вяроўкі віць, але яшчэ і завязваць яго какетлівым банцікам. Па яе словах, на вечарыне Антону мусіць спадабацца, бо там чакаецца штосьці незвычайнае і вельмі блізкае яму па духу. І да таго ж, трэба ўдзельнічаць у культурным жыцці горада!..

На вечарыну яны прыйшлі не дужа рана, але месцы ім усё ж дасталіся сядзячыя: пасада Валянціны дазваляла ёй скарыстацца такой магчымасцю. Антон усім сваім выглядам паказваў: я сюды прыйшоў толькі дзеля цябе, бо ад падзеяў на сцэне не чакаю для сябе нічога цікавага або прыемнага. І выступоўцы не падманулі чаканняў Хлюдзінскага. Некалькі маладых хлопцаў у талстоўках чыталі свае вершы, у якіх неба і далечы то блішчалі пурпуровасцю, то імгліліся лілёвасцю, а час абавязкова бурапеніў. «Калектыўны Ясенін мясцовага разліву. Дробная тара для маламаёмаснага насельніцтва», – прабурчэў Антон ціхенька, каб пачула толькі Валянціна. Яна ціхенька пырснула.

Потым вядоўца абвясціў, што зараз выступіць адзін з найбольш яскравых аршанскіх паэтаў – Уладзіслаў Гарбылоўскі. На сцэне з'явіўся чалавек у накінутым на плечы пінжаку. Левую руку ён трымаў у кішэні нагавіцаў, што надавала яму заліхвацкі выгляд, быццам малады чалавек прыйшоў на танцы. Хлюдзінскі падумаў, што яго чакае чарговая порцыя ясеніншчыны, але памыліўся: новы паэт чытаў вершы «пад Маякоўскага». Мяркуючы па ўсім, запісваў ён свае вершы таксама ў стылі маскоўскай славутасці – «лесвічкай». Прынамсі, пры чытанні ён рабіў паміж словамі кароткія паўзы і энергічным узмахам правай рукі адсякаў чарговую прыступку-слова.

 
Раніца
      кастрычніка
            крывавая
Акрывавіла
      пялёнкі мае
            крывёю…
 

Публіка вітала Гарбылоўскага больш горача, чым папярэдніх. Валянціна таксама з радасцю пачала пляскаць у ладкі. А Хлюдзінскі зусім засумаваў:

– Ты ж абяцала, што мне таксама будзе цікава…

– Калі абяцала, то будзе, – на яе вуснах з'явілася хітраватая ўсмешка. – Але ж пакажы сваю цярплівасць.

Наступным выступоўцам быў абвешчаны Алесь Вечар, і Антон напружана засоп: паэтычныя псеўданімы яму не вельмі падабаліся праз сваю штучнасць і напышлівасць.

Але раптам менавіта гэты малады хлапец у клятчастай кашулі і пры гальштуку прачытаў верш пра восень-румзу, які так агаломшыў Хлюдзінскага.

Пасля гэтага быў абвешчаны выступ выкладчыка Горацкай акадэміі Юркі Гаўрука. Хударлявы малады чалавек са знешнасцю тэатральнага прыгажуна выглядаў так, быццам прыйшоў выступаць не перад жыхарамі невялікай Воршы, а як мінімум перад парыжскай багемай: чорны пінжак, белая кашуля, гальштук-мятлік. «Пераклад санетаў Уільяма Шэкспіра», – абвясціў ён і пачаў дэкламаваць:

 
Цяпер мяне найлепей ненавідзець,
Калі жыццё заціснула, бадай.
Твая бяда з маёй бядою прыйдуць,
Як верныя сябры. Не адкладай!
 

Хлюдзінскі пачуваўся так, быццам яго нечакана перакінулі нейкай дзівоснай тэхнічнай прыладай з адной рэальнасці ў іншую. Не мог, не мог ён сабе ўявіць, што вось так побач суіснуюць вершы пра заводы з бурапеннай лілёвасцю – і гэты акварэльны вершы пра восень-румзу, а таксама медна-чаканныя шэкспіраўскія радкі. І як жа гэта было хораша!..

Ён расказваў гэта Валянціне па дарозе дадому: сёння яна ішла да яго, каб застацца на ноч. І Антон дзякаваў ёй за прыўкрасны вечар, і цалаваў яе ў прыадтуленыя палкія вусны, і адчуваў, што гэтая жанчына разумее яго амаль з паўслова.

А потым яны кахаліся ў яго дома, камечачы прасціны.

Антон браў у далоні мяккія жаночыя грудзі, прапускаючы паміж указальным і сярэднім пальцамі напятыя чырванаватыя смочкі, і сціскаў іх, быццам хацеў напоўніць свае рукі толькі гэтым дарункам жаночага цела. Потым яго рукі працягвалі сваё падарожжа па выгінах і акругласцях гэтай фігуры – такой знаёмай і кожны раз новай.

Гэтым разам Валянціна стрымала яго рукі, не дапусціўшы да ўлоння:

– Пачакай, дай сёння волю мне!

– Што такое? – Антон разгубіўся, не ведаючы, як паводзіцца. Ён пачуваўся няёмка, быццам саплівы гімназісцік, які ўпершыню апынуўся сам-насам з жанчынай і не ведае, куды дзець рукі і вочы.

Тым часам Валянціна кульнула яго на спіну, села зверху, і гарачы шэпт прашалахцеў яму ў вуха:

– Ляжы і не буянь!

У жаночым голасе можна было без цяжкасці пачуць усмешку.

Мужчына падпарадкаваўся і адчуў, як жаночыя вусны прайшліся па яго грудзях, спусціліся на жывот, але і там не затрымаліся…

Калі Антон нарэшце супакоіўся і адчуў, што пад ім не пух райскіх аблокаў, а звычайны зямны ложак, ён набраў у лёгкія паветра і спытаў крыху асіплым голасам:

– Што гэта такое было?

Валянціна лашчылася да яго марцовай коткай і толькі што не вуркатала задаволена:

– Мілы мой, цяпер жа не старыя часы, – жанчына цяпер не толькі аб'ект, але і суб'ект кахання. А калі так, то я таксама маю права на ініцыятыву. І на роўнасць у ложку маю права…

Голас яе гучаў салодкай спакусай, якая адначасова адбірала ў Антона спакой і гаіла душэўныя раны.

Калі яны, ужо стомленыя, засыналі побач, Хлюдзінскі пагладзіў мяккае далікатнае жаночае плячо:

– Валя, пераходзь да мяне. Што ж ты жывеш на два дамы…

Валянціна адгукнулася не адразу. Але калі жанчына загаварыла, то ў голасе яе гучала нотка раздражнення:

– А чаму гэта я павінна сыходзіць? Думаеш, мне дужа кепска жыць на два дамы? Ці ты вырашыў ашчаслівіць мяне, да сябе паклікаўшы? Дык ты не думай – я за сябе сама магу пастаяць. Вы, мужыкі, думаеце, што ўсё павінна быць дзеля вашага задавальнення. І ты такі ж! Ты мяне спытаўся, ці хачу я пераходзіць да цябе?

Валянціна абурана адвярнулася і засапла. Антон нясмела паспрабаваў пагладзіць яе плячо, якое белай плямай расплывалася ў начным змроку, але жанчына толькі тарганула плечуком, быццам адганяючы назолістую муху.

10 траўня 1926 года, панядзелак, раніца

Хлюдзінскі зранку ішоў у свой музей.

Свята-Пакроўская царква (якая ў часы ўніятаў-базыльянаў насіла імя Апекі Божай Маці) стаяла ў самым цэнтры горада: адкуль бы ні ішоў – здалёк бачыў яе стромы сілуэт, які цяпер чапляў рэдкія ранішнія ружаватыя аблокі сваімі званіцамі. Гэтыя строгія абрысы напаўнялі душу музейшчыка спакоем, абяцалі яму, што ўсё будзе добра, што праблемы і клопаты любога дня – гэта марнасць марнасцяў, пыл зямны ў параўнанні з мураваным харалам, узнесеным на беразе нешырокай Аршыцы.

Працавалася яму ў панядзелак добра, хоць Антон і не любіў справу, якой мусіў займацца з самай раніцы: напісаў планы, якія патрабавала начальства, распісаў графікі меркаваных паездак па наваколлі ў пошуку музейных экспанатаў.

Пісаніна нарэшце скончылася, Хлюдзінскі прамакнуў атрамант на апошнім запоўненым аркушы і з насалодай пацягнуўся, не падымаючыся з крэсла. Акуратна выцер пяро асадкі і адклаў яе ўбок.

Дзень стаяў сонечны, надвор'е проста вабіла, заклікала да сябе, і Антон няспешна выйшаў на ганак, каб крыху адпачыць ад надакучлівых паперак.

Выйшаў – і спыніўся: перад ганкам сабралася купка людзей. Няшмат – чалавек з дзесяць. Было заўважна, што, пабачыўшы Хлюдзінскага, яны на паўслове спынілі ўсе размовы, якія вялі да гэтага. У таўставатай жанчыны, якая стаяла пасярод грамады, дагэтуль быў прыадкрыты рот, быццам паўза нечаканым лязом перацяла яе фразу на сярэдзіне. Яе сусед, нестары яшчэ мужчына ў цёмнай камізэльцы, застыў з рукой, якая чухала галаву пад кепкай.

Усе глядзелі на Хлюдзінскага, быццам на другое прышэсце Ісуса – з надзеяй і недаверам адначасова.

Антон павітаўся, стараючыся схаваць няёмкасць і насцярожанасць. Нястройны галас пажадаў яму таксама добрага дня.

– Чаму сабраліся, грамадзяне? Музей яшчэ не працуе, мы толькі-толькі пачалі збіраць экспанаты, – паспрабаваў Хлюдзінскі зразумець, што ж тут такое адбываецца.

Незразумелае слова «экспанаты» нібыта зняло напружанне, якое апанавала натоўпам: раскрытыя раты пазакрываліся, узнятыя ўгору рукі апусціліся. Мажная жанчына, на якую Антон адразу звярнуў увагу, нясмела прагундосіла:

– Дык мы, гэта… Паглядзець прыйшлі.

– Няма чаго пакуль што глядзець, – цярпліва паўтарыў музейшчык. – Вось калі адчынімся, тады можна будзе ўсё паглядзець, толькі рукамі чапаць не можна будзе – гэтага правілы не дазваляюць.

Натоўп моўчкі выслухаў ягоныя словы. Некаторыя мужыкі згодна заматлялі галавой: вядома ж, рукамі чапаць не будзем.

– Чорта пакажы! – выдыхнула тая ж баба, нарэшце набраўшыся смеласці.

– Якога такога чорта? – сумеўся Хлюдзінскі.

У натоўпе загулі галасы:

– Таго, што ў цябе ў шафе схаваны!

– У бутэльцы.

– Таго, што баба ад камісара губернскага нарадзіла.

– А хвост у яго ёсць? А рогі?

Басісты мужчынскі голас перакрыў іншыя:

– Кажу вам, што не чорт там, а негра заморская! Бо чартоў бальшавікі адмянілі!

Баба павярнулася да ўладальніка баса, уперлася рукамі ў бакі і з выглядам трыўмфатаркі абвясціла:

– Яны і буржуёў адмянілі, а пасля ўсё адно вярнулі – сказалі: цяпер называецца – нэп! Можа, і чартоў паадмянялі, а потым назвалі неграй ды вярнулі.

Антон узняў руку, заклікаючы ўсіх да цішыні. Людзі імгненна змоўклі, і стала чуваць, як у навакольных дварах квохчуць куры, як недзе далёка зацягнуў нейкую нудную песню возчык, як на недалёкай Аршыцы смяюцца дзеці, якія пабеглі купацца…

– Хто вам пра таго чорта сказаў?

У натоўпе зашыкалі і выпхнулі наперад мужыка, які збянтэжана камечыў у руках шапку. Антон пазнаў у ім нядаўняга наведніка, які спрабаваў прадаць каровіны косткі.

Та-ак, сітуацыя станавілася весялейшай. Антон прыгадаў, як мужык падчас візіту пастаянна касавурыўся на шафу, у якой стаялі бутэлечкі.

– Я ўсё зразумеў, – заявіў музейшчык з абсалютна сур'ёзным выглядам, толькі вясёлыя яскаркі блішчэлі ў вачах. – Чакайце тут, зараз усё пабачыце.

Вярнуўшыся ў пакой, Хлюдзінскі адамкнуў шафу, выцягнуў з яе вялікую бутлю, у якой плавала ў вадкасці штосьці цёмнае, і паспяшаўся назад на ганак.

Выйшаўшы на сонечнае святло, Антон высока ўзняў бутлю, прытрымліваючы яе за дно правай рукой.

– Аё-ой! – толькі і здолеў вымавіць уладальнік баса.

– Вох! Чорт! – прасіпела мажная баба, у якой раптоўна знік голас.

– Божа-божа-божа! – пачаў жагнацца нядаўні музейны наведнік, які справакаваў увесь гэты гармідар.

Музейшчык пачаў тлумачыць, што грамадзяне бачаць перад сабой цуд прыроды, які абавязкова будуць вывучаць навукоўцы. Аднак грамадзяне назіраць цуд аніяк не хацелі: праз якія пару хвілінаў двор быў пусты.

Антон гмыкнуў і панёс назад бутлю, у якой плавала ў вадкасці шасцілапая рапуха – адзін з магчымых будучых экспанатаў. Хлюдзінскі марыў, што ў музеі абавязкова будзе нешта накшталт кунсткамеры, у якой будуць збірацца падобныя незвычайнасці і цікавосткі.

У сваіх марах ён быццам увачавідкі бачыў, як вядзе Валянціну па музейнай зале, дзе стаяць усе яго найбольш цікавыя здабыткі, і выхваляецца перад ёй. А каханая жанчына то здзіўлена войкае, то зачаравана маўчыць, углядаючыся ў музейныя экспанаты і ўслухоўваючыся ці то ў ягоныя словы, ці то проста ў сам голас…

11 траўня 1926 года, аўторак, ранак

Мачуга прачнуўся з пачуццём млосці: зрок ніяк не мог сфакусавацца на расплывістых каляровых плямах, што плавалі перад ім. У галаве ўсё плыло, а шлунак пратэставаў супраць таго змесціва, якое апынулася ў ім. Галава, на дзіва, не балела, хаця астатнія сіндромы пахмелля былі ўсе тут як тут.

Суладдзе з рэчаіснасцю ўсё ніяк не наступала: каляровыя плямы перад вачыма ніяк не хацелі складацца ні ў якія ўцямныя прадметы. Канстанцін паварушыўся і зразумеў, што ён ляжыць на левым баку. Стаў паварочвацца на спіну – і каляровыя плямы перад вачыма апынуліся малюнкам на насценным дыванку: дрэвы, кветкі, птушкі, звяры, быццам намаляваныя дзіцячай рукой. Аднак ляжаць на спіне мужчына не змог: млосць стала адчувацца значна мацней.

Мачуга нязграбна перакуліўся на правы бок, каб стрымаць пратэст вантробаў. З сярэдзіны вырваўся цяжкі ці то хрып, ці то ўздых, і гэты павеў не рассеяўся ў паветры: на яго шляху апынулася жаночая галава.

Канстанцін адчуў радасць, але раптам зразумеў, што галава гэтая – не ягонай жонкі, не Валянціны. Рудыя кудзеры на падушцы ніяк не маглі належаць Валі, бо яе чорныя доўгія валасы ніяк не маглі за ноч ператварыцца ў гэтыя кароткія рудыя завіткі.

Мужчына няўцямна глядзеў перад сабой, стрымліваючы млосць, якая не спяшалася здаваць заваяваныя пазіцыі. Думка пра тое, хто гэтая жанчына побач з ім, пульсавала ў галаве далёкай зоркай – часам праяўляючыся, а потым зноў сыходзячы ў нейкую далёкую імглу.

Тым часам патрывожаная яго рухамі жанчына таксама павярнулася, і Канстанцін пазнаў Лідачку, сакратарку будаўнічага трэста, якая нярэдка заходзіла ў гаркам з дакументамі і даручэннямі.

Яна глядзела на Мачугу сытымі кашэчымі вачыма, у якіх блішчэла радасць валодання. Пагладзіла яго па няголенай шчацэ, а потым зморшчыла свой носік, калі чарговы гарачы выдых з мужчынскага рота накрыў яе. Па гэтым інстынктыўным руху Лідачкі Канстанцін зразумеў, што ад яго моцна нясе перагарам, але сораму не адчуў.

Жанчына паднялася з ложка, і стала відаць, што спала яна зусім голая. Бессаромна круцячы клубамі, быццам у нейкім танцы, музыку якога чуе толькі яна, Лідачка нетаропка пайшла па пакоі. Нават зацягнула была нейкую песню, але Мачуга спыніў яе.

– Не трэба! – выпхнуў ён кароткую фразу праз нібыта апечаную гартань, праз язык, які нейкімі нябачнымі сталагмітамі прырос да нёба, і праз сасмяглыя непаслухмяныя вусны.

Лідачка перастала спяваць, але не спыніла свой бессаромны голы танец па пакоі. Датанцавала да вакна, нечым там забулькала, пасля чаго пайшла назад.

Яе грудзі пагойдваліся насустрач Канстанціну, а жывот быццам пасміхаўся яму. Але позірк мужчыны мог засяродзіцца толькі на адным: у жаночай руцэ, якая набліжалася да яго, была конаўка з расолам. Яго водар вабіў Мачугу, абяцаючы ратаванне ад усіх хворасцяў на свеце. Прынамсі, ад тых, якія мучылі яго тут і цяпер.

Лідачка мылася недзе за шырмай, адтуль было чуваць плёханне вады, а Канстанцін ляжаў на яе ложку і спрабаваў узгадаць, як апынуўся тут. Ён памятаў, як Васіль Кашэль з гаркама прапанаваў яму ўвечары пайсці разам адпачыць. На заўвагу Мачугі, што яшчэ толькі панядзелак і неяк рана стамляцца, Кашэль тоненька захіхікаў:

– Калі адпачываць толькі пасля стомы, дык атрымаецца адпачываць удвая радзей.

У высокага і мажнога Кашаля голас быў надзіва сіплаваты і высокі – зусім не адпаведны яго фігуры. Можа быць, думаў Мачуга, вусы, якія навісалі над верхняй губой гаркамаўскага работніка, працавалі як сіта – прапускалі толькі высокія ноты.

Адсмяяўшыся, Кашэль працягнуў з цынічнай усмешкай:

– Мы з табой – на адказнай працы, а гэта лічы – як на перадавой. На першай лініі барацьбы за сусветную рэвалюцыю! Ты на перадавой калі адпачываў – толькі калі стомішся? Ці тады, калі была магчымасць? Сам жа ведаеш: ёсць магчымасць – адпачываеш, бо пра час наступнага адпачынку не ведаеш. Словам, я вечарам цябе забяру. Ты ж увечары нікуды не спяшаешся?

Канстанцін нікуды ўвечары не спяшаўся: іх жыццё з Валянцінай усё менш нагадвала сямейнае, а ўсё больш – нейкае суседскае. Таму спяшацца да гэтай ужо амаль чужой жанчыны яму не было ніякага рэзону. І ўвечары яны пайшлі адпачываць. Памяць паслужліва падказала Мачугу, што спярша яны сядзелі ў рэстаране гатэля «Эрмітаж» на Мінскай, 6. На невысокай сцэне граў аркестр, і чарнявая спявачка ў чырвонай ядвабнай сукенцы саладжавым голасам тужліва спявала пад акампанемент скрыпкі і раяля:

 
Купіце, койфтчэ, койфтчэ папіросн
Трукэнэ фун рэгн ніт фаргосн
Койфтчэ білік бэнэмонэс
Койфтчэ гот ойф мір рахмонэс
Ратэвэт фун гунгер міх ацынд.
 

Песня «Папяросы», наколькі ведаў Мачуга, распавядала пра цяжкую долю габрэйскага сіраты. Круглы твар спявачкі, аднак, не дазваляў уявіць яе сіратой, якая просіць міласціну.

– Што будзеце замаўляць? – ветліва запытаўся ў іх над галовамі афіцыянт з прылізанымі валасамі.

– Перш, вядома, гарэлачкі графінчык, – Кашэль пачаў ужываць ласкальныя суфіксы, быццам ад гэтага станавіліся меншымі замоўленыя порцыі ды не такой відавочнай станавілася прага да смакавання ежы і проста абжорства. – Парсючок запечаны ёсць? Давайце яго. А рыбка?

– Селядзец найсвяжэйшы, – афіцыянт дагодліва схіліўся, вочы яго блішчэлі разуменнем.

– Давайце і яго нам, – пагадзіўся Кашэль. – Пра астатняе падумаем потым.

Яны выпівалі і закусвалі, разглядаючы навакольную публіку. Канстанціну публіка падабалася не вельмі: навакольныя сталы займалі нейкія ўкормленыя нэпманы са сваімі паненкамі. Велягурыстыя жаночыя капялюшыкі з пёркамі і без, на жаночых шыях – калье з каштоўных камянёў (у камянях Мачуга не разбіраўся – чуў толькі пра брыльянты, і яму падалося, што пара наведніц мае акурат калье з брыльянтаў), цяжкія залатыя пярсцёнкі на мужчынскіх пальцах…

Уся гэтая атмасфера была Канстанціну не проста чужой – варожай. Ён адчуў, што ледзь не задыхаецца ў ёй. Апошняй кропляй стала фігура лысаватага мужчыны, які падняўся з-за стала з п'яным крыкам:

– На чорта мне гэтая нудзяціна! Грайце «Бублічкі» – плачу двайны тарыф!

Ён сунуў руку ва ўнтураную кішэню пінжака і рэзкім рухам выцягнуў адтуль кіпу асігнацый. Хістаючыся, быццам пастаянна сыходзіў з лініі стрэлу, ён дабраўся да сцэны. Высокай нотай блямкнуў, як разладжаны, раяль – гэта наведвальнік паклаў на клавішы адну купюру са свайго пачка. Скрыпач ледзь паспеў прыбраць сваю скрыпку – нэпман хацеў абавязкова запхнуць асігнацыю ў дэку, аднак яму давялося задаволіцца далонню музыкі. Спявачка адступіла ўглыб сцэны і насцярожана прамовіла:

– Сядайце, сядайце! Зараз будуць «Бублічкі»…

Нэпман працягнуў руку і схіліўся ў паўпаклоне – ён відавочна чакаў, што дзяўчына падасць яму руку для пацалунку. Аднак тая не спяшалася, і на дапамогу ёй прыйшоў скрыпач:

– Мадэмуазэль хвалюецца, таму я прашу вас зразумець яе – вяртайцеся на сваё месца, і мы пачнем «Бублічкі».

Нэпман на няцвёрдых нагах пасунуўся назад. Тым часам музыкі зайгралі папулярную песню, і замоўца, які яшчэ не паспеў дабрацца да свайго століка, пачаў танчыць.

Спявачка выводзіла словы песні з прыдыханнем:

 
Отец мой пьяница
За рюмкой тянется.
А мать – уборщица: какой позор!
Сестра гулящая,
Тварь настоящая,
А братик маленький – карманный вор.
 

Зала ажывілася: песня відавочна больш пасавала настроям нецвярозых наведнікаў. Халера з імі, са словамі! Затое які матыў у песні, які матыў! Ад гэтага нервовага ўздрыгвання скрыпкі ногі самі просяцца танчыць. А спявачка на сцэне тым часам сама заводзілася ад уласнага спеву:

 
Купите бублики, горячи бублики,
Купите бублики, да поскорей.
И в ночь ненастную
Меня, несчастную,
Торговку частную,
Ты пожалей.
 

П'яны нэпман больш не звяртаў увагі на выканаўцу – цяпер ён хацеў запрасіць на танец нейкую паненку з-за бліжэйшага століка. Яе суправаджальнік не пагаджаўся саступіць сваю пару, а жанчына, якую нэпман пакінуў для замовы «Бублічкаў», паступова налівалася чырванню і яўна не ведала, што ёй рабіць – проста сысці або спярша даць поўху свайму няветліваму кавалеру.

– Пайшлі адсюль! – прапанаваў Мачуга, з нянавісцю гледзячы на захмялелага нэпмана і яго эскапады.

Расплаціўшыся, калегі перайшлі ў іншы, менш рэспектабельны шынок. Далейшае Канстанцін памятаў толькі ўрыўкамі. Ён выпіваў з Кашалём, потым згубіў свайго вечаровага субутэльніка і далучыўся да нейкай кампаніі, якой расказаваў, што ягоная жонка – сцерва. Тыя спачувалі і прапаноўвалі выпіць разам, але не ісці начаваць да гэтай жорсткай жанчыны. Канстанцін, здаецца, плакаў са сваёй няскладнай долі і плаціў за наступную выпіўку.

Куды потым дзелася тая незразумелая кампанія і як ён апынуўся дома ў Лідачкі, Мачуга не памятаў: яго ўспаміны пра гэты прамежак ночы быццам ампутаваў нейкі хірург.

Было ў яго штосьці ўначы з гэтай рудой лісой ці не было? Раздумваючы, Канстанцін спусціў на падлогу ногі ў нясвежых кальсонах. Гм-м-м, кальсоны на ім, значыць… Ды нічога гэта не значыць! Калі ён не памятае сваіх начных прыгодаў, то мог нацягнуць сподняе пасля ўсяго.

Зрэшты, перажываць і раздумваць не варта – не мужчынская гэта справа, хай Лідачка сама адказвае за сябе. А калі ён і скарыстаўся магчымасцю – дык на тое ён і мужчына!

Памыўшыся, Мачуга выйшаў з-за шырмы, за якой раней стаяла Лідачка, і пабачыў, як гаспадыня накрывае стол. На хуткую руку яна згатавала яечню на сале, нарэзала да яе хлеба і паставіла на стол поўную чарку – для папраўкі здароўя. Пакуль Канстанцін моўчкі снедаў, Лідачка сядзела насупраць яго, падпершы белай дагледжанай рукой падбароддзе, і з замілаваннем назірала кожны рух мужчыны.

Калі Мачуга, ужо сабраўшыся, стаяў у дзвярах, яна з нейкай крываватай усмешкай загаварыла:

– Дарогу ведаеце ўжо, дык заходзьце. Мне адной вечарамі бывае сумна…

Памаўчала. Потым раптам у вачах загарэліся вясёлыя хітрынкі, а ў голасе прагучала непрыхаваная гарэзлівасць:

– А з вамі вох як весела!

Мачуга нечакана для сябе пачырванеў і імклівым рухам зачыніў за сабой дзверы, грукнуўшы імі аб вушак.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации