Текст книги "Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя"
Автор книги: Зміцер Дзядзенка
Жанр: Зарубежные детективы, Зарубежная литература
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 9 страниц)
1924—1926, без даты
Менавіта гэтую песню пра «мадаму-кракадзілу» ды яшчэ пра цыпляня смажанае, якое пайшло гуляць, бясконца слухаў Хлюдзінскі, седзячы ў менскім допры.
Чаму бальшавікі так любяць скароты, разважаў ён. Так старанна адракаюцца да старога свету, што нават успадкаваныя ад яго рэчы і з'явы імкнуцца назваць па-свойму. «Дом общественно-принудительных работ», допр. А чым адрозніваецца ад турмы? Ды нічым!
Следчы, які дапытваў яго, не пагадзіўся з Хлюдзінскім і патлумачыў:
– Гэта пры старым рэжыме былі турмы, якія ставілі сабе задачу караць. А савецкая ўлада перавыхоўвае чалавека.
Блукаючы позірк, па якім у следчым можна было лёгка апазнаць какаініста, з падазрэннем утаропіўся ў твар Хлюдзінскаму:
– Ці вы сумняецеся ў гуманнасці савецкай улады?
Антон паспяшаўся запэўніць, што ён запытаўся не таму, што сумняецца, а са звычайнай цікаўнасці. Калі б у яго былі сумневы, ён бы не перайшоў польска-савецкую мяжу і не прыйшоў добраахвотна здацца органам савецкай улады.
– Я акурат і разлічваю на гуманнасць савецкай улады, якая дасць мне магчымасць працаваць на карысць народа. Пасля таго, як Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы Беларусі былі перададзеныя вобласці, населеныя беларускім насельніцтвам, і абвешчаная палітыка беларусізацыі ды карэнізацыі, я не бачу вялікіх адрозненняў у сваіх поглядах і савецкай палітыцы. Таму я хачу працаваць у савецкай Беларусі, дзе ёсць болей магчымасцяў для развіцця беларускага народа.
Недаверлівы позірк какаініста-следчага чэпка даследаваў твар Хлюдзінскага, шукаючы найдрабнейшыя сляды хлусні. Наркатычная падазронасць рабіла яго вочы шалёнымі.
– Вы, Хлюдзінскі, самі разумееце, што мы спярша павінны праверыць, ці не з'яўляецеся вы польскім шпіёнам, засланым на нашу тэрыторыю. Можа, вашыя імперыялістычныя гаспадары далі вам заданне шкодзіць працоўнаму народу і весці тэрарыстычную дзейнасць… Мы не можам рызыкаваць жыццямі будаўнікоў сацыялізму! Ужо былі такія выпадкі, калі такія самыя перабежчыкі выяўляліся агентамі сусветнага імперыялізму і наймітамі польскай дыфензівы. Іх спасцігла найвышэйшая мера сацыяльнай справядлівасці – смерць.
Ён моцна сціснуў сківіцы, быццам ваўкарэз, які насцігнуў сваю ахвяру і ўчапіўся ёй у карак.
Хлюдзінскі адчуў, як халодныя рагі поту папаўзлі па ягоных лапатках.
Вяртанне ў камеру ён успрыняў амаль як неспадзяванае выратаванне з ледзяных рук смерці. Розум, праўда, падказваў яму, што гэта можа быць не выратаванне, а толькі адтэрміноўка. «Па вуліцы хадзіла мадама-кракадзіла…» Вартавым было сумна цэлымі днямі крочыць моўчкі, таму яны напявалі, не зважаючы на арыштантаў. Сцены калідораў, пафарбаваныя ў балотна-зялёны колер, наганялі страшную нуду і дэпрэсію. Не вельмі моцна развейвалі тую нуду плакаты, якія паведамлялі: «Са школ і клубаў ураганна Ударым мы па хуліганах», а таксама папярэджвалі: «Будзь пільным: вораг не дрэмле».
Таму вартавыя і разганялі сваю нуду песенькамі, якія можна было пачуць у кожнай падваротні.
Сам жа вязень спрабаваў перапыніць гэтыя спевы вулічнай шантрапы, заводзячы нацыянальны матыў:
Адвеку мы спалі, ды нас разбудзілі,
Сказалі, што трэба рабіць:
Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,
Што трэ’ лепшай долі здабыць.
Амаль імгненнай была рэакцыя ахоўніка – ён гучна ляпаў прыкладам вінтоўкі ў металёвыя дзверы і пранізлівым голасам заяўляў: «Контррэвалюцыйныя песні спяваць забаронена!».
Антон спрабаваў тлумачыць, што гэта песня не контррэвалюцыйная, а зусім наадварот – гімн працоўнага люду, песня ў яго абарону і падтрымку. У адказ чуў толькі адно: «Вязням спяваць ка-тэ-га-рыч-на забаронена!». Вартавы вымаўляў так, што было ясна: яму падабалася слова «катэгарычна», якое ён недзе пачуў і вывучыў…
Хлюдзінскаму тады пашанцавала: ён не трапіў пад вышэйшую меру сацыяльнай справядлівасці – гэткі падступны эўфемізм бальшавікі прыдумалі для слова «расстрэл». За яго заступіліся даўнія знаёмыя, якія цяпер займалі высокія пасады ў савецкай Беларусі. Уласна кажучы, гэтыя знаёмыя і запрасілі яго перабрацца ва ўсходнюю частку Беларусі.
Аднак Антон не ведаў, наколькі далёка сягаюць магчымасці яго апекуноў. Прынамсі, ДПУ раз-пораз давала яму зразумець, што адпусціла яго недалёка і пільнуе яго рухі. Гэтая ўвага нагадвала яму гульню сытага ката з мышшу: вусаты драпежнік дае сваёй ахвяры магчымасць бегчы, але не занадта далёка…
Пакуль што яго адпусцілі ў Воршу. Не проста адпусцілі – прапанавалі кіраваць стварэннем тут краязнаўча-гістарычнага музея.
Мыш. Мыш. Мыш… Так ён адчуваў сябе да той пары, пакуль не спаткаў Валянціну. Яна не тое каб вызваліла Хлюдзінскага з гэтай небяспечнай гульні, але проста перацягнула яго ў сваю, больш звабную. І ён пацягнуўся за ёй, забыўшыся на ўсе праблемы, якія турбавалі яго дагэтуль.
Водар гэтай невысокай жанчыны, непаўторны водар яе цела, распаленага любошчамі, кружыў галаву Антону. Яна аддавалася яму з жарсцю неафіткі, якая толькі нядаўна адкрыла для сябе новую сферу пазнання. Хлюдзінскаму было нават дзіўна адкрыць у дарослай жанчыне такую жарсць: яго ранейшы досвед паказваў, што дарослыя жанчыны ў любошчах не вельмі імпэтныя. Яго папярэднія каханкі часцей за ўсё эгаістычна прымалі мужчынскія ласкі, ціха стогнучы ад задавальнення, і не праяўлялі ніякай ініцыятывы ў ложку.
Валянціна ж была поўнай іх процілегласцю: яе цела і само прасіла любошчаў, і шчодра дзялілася ласкамі. Менавіта з ёй Антон упершыню даведаўся, што на ложку жанчына можа быць не толькі знізу, але і зверху. Яе невялікія грудкі з натапыранымі смочкамі пагойдваліся над ім і самі прасіліся ў яго далоні… Ён вельмі хацеў, каб Валянціна нарэшце разышлася з мужам і перайшла жыць да яго. Аднак яна не спяшалася зрабіць такі крок. Што яе стрымлівала? Ні яе рэпутацыі, ні кар'еры гэта не пагражала: рэвалюцыя і гады, якія прамінулі пасля яе, заўважна памянялі стаўленне да жанчыны. Прынамсі ў горадзе.
Антон пытаўся, што яе трымае разам з мужам, але Валянціна ніколі не адказвала, як вады ў рот набраўшы. Магчыма, яна проста не хацела рабіць апошні крок, які трывала звяжа яе з іншым чалавекам, бо шлюб з Мачугам заставаўся для яе толькі фармальнасцю.
Цяпер Антон ніколі ўжо не даведаецца, што менавіта не давала Валянціне парваць з мужам і перайсці да яго.
Забойства Валянціны сталася для яго шокам. Хлюдзінскі ўжо бачыў смерць блізкіх, але ці можна да яе прывыкнуць? «Смерць вырвала з нашых шэрагаў…» – казаў хтосьці ў казённай прамове на пахаванні. У кагосьці – з шэрагаў, у кагосьці – разам з кавалкам сэрца…
Акрамя душэўнай спустошанасці Хлюдзінскі адчуваў яшчэ і тое, што яго зноў вяртаюць у ранейшую гульню ката і мышы. І гутарка з Васілём Кашалём на літаратурнай вечарынцы толькі падмацавала яго ўпэўненасць: кот не збіраўся выпускаць ахвяру са сваіх кіпцюроў. Ён толькі даў ёй трошку вальней уздыхнуць, а сам пільнаваў паблізу, драпежным позіркам абмацваючы сваю здабычу да драбностак.
Ну, пагуляецца гэты чэкісцкі кот з ім, і што далей? Зноў верне ў турму?
У турму не хацелася: шэрыя сцены камеры быццам паралізоўвалі яму рукі і ногі, ціснулі на грудзі, не даючы зрабіць лішняга ўдыху, хапануць трошку болей паветра.
Міжволі Хлюдзінскі згадаў аршанскую турму – допр, што мясціўся ў Турэмным завулку ў цэнтры горада. Грунтоўныя мураваныя сцены адгароджвалі тэрыторыю вязніцы ад гараджанаў.
Праўда, турма за гэтымі старадаўнімі мурамі была не заўжды – толькі апошнія 80 гадоў. Да таго часу і муры, і зямля за імі разам з усімі сваімі будынкамі належалі каталіцкаму ордэну езуітаў. Хлюдзінскі ўжо ведаў, што езуіты ў Воршы атайбаваліся даўно і некалькі стагоддзяў вялі тут сваю падступную дзейнасць – нават арганізавалі калегіюм, каб завабліваць да сябе здольную таленавітую моладзь.
Езуіты здавён, яшчэ з царскага часу, лічыліся сімвалам беспрынцыповага падступства. Як і большасць не вельмі абазнаных у гэтым пытанні людзей, Антон быў перакананы, што менавіта езуіты займаліся інквізіцыяй. І таму ён дзівіўся, як у гэтых манахах магла ўжывацца высокая прага да асветы і адукацыі разам з тым цемрашальствам, якое ўвасабляла інквізіцыя.
З Воршы езуіты зніклі сто гадоў таму – тады ордэн быў выгнаны з тэрыторыі ўсёй Расійскай імперыі. Іх кляштар на нейкі час перайшоў да іншага каталіцкага ордэна і паступова прыходзіў у заняпад. Магчыма, з часам старасвецкія будынкі зноў ажылі б пад пільным гаспадарскім доглядам, але каталіцтва было зусім не той рэлігіяй, якая магла расквітнець у Расійскай імперыі.
На пачатку 1840-х гадоў у колішнім езуіцкім кляштары сапраўды з'явілася шмат людзей, але галасы іх гучалі глуха і паныла, быццам у звоне з расколінай. Панурыя галасы ды ляскат кайданоў – турма пасялілася ў колішніх кляштарных мурах, і вечаровую імшу замяніла пераклічка. І калі на змену царскаму рэжыму прыйшлі бальшавікі, нічога ў турме не змянілася: тут па-ранейшаму трымалі ўсялякіх ненадзейных элементаў – ад басякоў і дробных зладзюжак аж да контррэвалюцыянераў, ідэйных ворагаў улады.
Хіба што адзіны раз быў у найноўшай гісторыі гэтых муроў, калі людзі ішлі туды самахоць. У жніўні 1918 года ў Воршы полымем шуганула салдацкае стыхійнае паўстанне: ураджэнцы беларускіх земляў не хацелі ехаць у Сібір ваяваць супраць чэхаславакаў, якія прабіваліся з палону на радзіму. Салдаты-беларусы хацелі ісці ваяваць супраць немцаў, якія занялі амаль увесь іх край. Мяцеж імгненна ахапіў увесь аршанскі гарнізон, і палкі занялі горад. Вайскоўцаў падтрымалі левыя эсэры, якія таксама пратэставалі супраць Берасцейскага міру, які бальшавікі падпісалі з немцамі. І так атрымалася, што на нейкі час улада ў Воршы перайшла ў рукі левых эсэраў і беспартыйных салдатаў.
Вернасць бальшавікам захавала толькі турэмная ахова, пад чыю абарону ўцяклі некаторыя з былых гарадскіх гаспадароў. Заняўшы кругавую абарону, бальшавікі ператварылі турму ў непрыступную выспачку ў непадуладным ім горадзе. Яны пратрымаліся некалькі дзён, пакуль у Воршу не прыйшла дапамога – бальшавіцкія палкі з Віцебска і Смаленска. І тады месца бальшавікоў у турэмных камерах занялі левыя эсэры…
Не, трапіць у аршанскую турму Хлюдзінскі не хацеў – такое далучэнне да гісторыі яго ніяк не вабіла.
30 траўня 1926 года, нядзеля, дзень
Мачуга звыклым жэстам абцёр карак: зусім ужо летняя спякота даймала, хціва выціскаючы з людзей вадкасць.
У такое надвор'е ратавацца можна хіба што ў вадзе – у шырокім Дняпры або яго сціплай сястрыцы Аршыцы. Гарадская дзятва так і рабіла: пялёхалася ў вадзе, распырскваючы вакол сябе дняпроўскае срэбра і гучна гарланячы. І добра ў такі сквар схавацца дзе-небудзь у звычайнай хаце, абсаджанай яблынямі, а ў пакоі, што выходзіць на ценявы бок, адчыніць вакно. І можна моўчкі слухаць, як звініць і сцякае па лісці залацісты дзень.
Але Мачуга ў гэты час не мог ні даць нырца ў бадзёрую рачную плынь, ні прытаіцца ў зацішшы: у яго была дамоўленая сустрэча, якую ніяк не хацелася адкладаць. Ён дамовіўся сустрэцца са Стэфаніяй – той кірпатай дзяўчынай, якую запомніў на жончыных сустрэчах.
Сустрэцца яны дамовіліся ў парку ў цэнтры горада – месцы заўсёды даволі людным. Недалёка стаяў гарадскі тэатр; калі зірнуць у іншы бок, то праз дрэвы можна было заўважыць бляск Аршыцы, якая дадавала свежасці ў навакольны сквар.
На дзяўчыне была светлая паркалёвая сукенка ў чырвоныя гарошкі, якая ёй вельмі пасавала, міжволі адзначыў Мачуга. Яны прыселі на лавачку, і Канстанцін пачаў гаварыць, яшчэ раз правяраючы на надзейнасць і грунтоўнасць словы, падабраныя загадзя:
– Ведаеш, Стэфанія, у мяне да цябе ёсць вельмі далікатная просьба. Мне б не хацелася, каб ты няправільна зразумела яе. І, само сабой, прашу трымаць гэта ў сакрэце… Як бы гэта табе сказаць?..
– Вы хочаце штосьці спытацца пра Валянціну? – суразмоўца прыйшла яму на дапамогу. – Дык вы пытайцеся, я раскажу.
Мачуга разгублена пацёр лоб тыльным бокам далоні, быццам расчышчаючы месца для выхаду думкі.
– Ты ж з ёй апошнім часам часта бачылася, размаўляла, так? Можа, яна табе штосьці распавядала пра свае планы на будучыню? Можа, былі нейкія незвычайныя выпадкі, нейкія дзіўныя здарэнні? Мяне цікавіць усё, бо хачу, – тут ён пакрывіў душой, але палічыў, што суразмоўца гэтага не заўважыць, – хачу аднавіць для сябе апошнія дні яе жыцця.
Дзяўчына на імгненне задумалася, а потым рашуча сказала:
– Не, нічагуткі незвычайнага! Усё было як раней: яна нам чытала лекцыі пра вызваленне жанчыны. Адукоўвала, да культуры цягнула – вершы чытала. Розных паэтаў, але ўсё нашыя, савецкія: Ясенін, Маякоўскі там… І тутэйшых любіла нам цытаваць. Яна да іх на паэтычныя выступы хадзіла, слухала вершы. Казала, што там на вачах нараджаецца музыка новай эпохі – прыгожа, праўда?.. Яшчэ Валя гаварыла, што часам як прычэпіцца да яе які-небудзь радок, дык яна ходзіць і ўвесь час яго паўтарае. Вось апошнія тыдні часта цытавала аднаго з аршанскіх паэтаў…
Стэфанія закаціла вочы, унутраным зрокам аглядаючы памяць і шукаючы правільныя словы, а потым урачыста прадэкламавала:
– Часамі поўніцца
істота
музыкай,
А часам
дзіўнаю
пральецца
рызыкай…
Мачуга ўважліва слухаў, запамінаючы ўсё, што распавядала яму кірпатая сяброўка ягонай жонкі. Верш падаўся яму вельмі дзіўным – быццам у гадзінніку шасцярэнькі замацаваліся неяк няправільна, і таму стрэлкі на ім пайшлі ў адваротны бок. Так і гэты верш: быццам і ладна ўсё гучыць, і ў той жа час трывожыць усё нутро нейкай незразумелай няправільнасцю.
Увогуле жаночага захаплення вершамі Мачуга не разумеў. Іншая рэч – песня, асабліва маршавая: яна і жыць дапамагае, і бадзёрыць, рытм задае! А ў вершах без музыкі ёсць штосьці не зусім чыстае, непразрыстае нейкае – вось як з гэтым, што прачытала яму Стэфанія. І чаму жанчыны так любяць вершы і паэтаў?..
Канстанцін дастаў пачак папярос і кароткі хімічны аловак, які знайшоў у кішэні. Нязграбнымі, ламанымі літарамі занатаваў на пачку радкі з верша, якія Стэфанія павольна надыктавала яму. Для чаго яму можа спатрэбіцца гэты верш, мужчына не ведаў, але вырашыў не грэбаваць ніякімі дэталямі, якія ўдасца даведацца.
– А часта яна на гэтыя літаратурныя зборкі хадзіла?
Дзяўчына аж махнула рукой:
– Ой, часта! Старалася не прапускаць ні адной!
І раптам Стэфанія быццам прыгадала штосьці:
– А вось апошнім часам ужо не дужа старалася трапіць туды, быццам не хацела там кагосьці пабачыць. Калі і збіралася, то шукала сабе кампанію, каб быць не адной…
– А каго яна так незалюбіла? Мужчына? Жанчына? Паэт?
– Не ведаю, – разгубленым тонам працягнула дзяўчына. – Не казала яна гэтага мне. Можа быць, гэта мне ўвогуле так падалося…
Мачуга адчуў, што суразмоўца, якая так лёгка дзялілася з ім успамінамі пра Валянціну, чамусьці знянацку насцярожылася і захінулася ад яго пытанняў. Толькі што яна ўся была наросхрыст – і раптам нябачная, але ўсё адно цяжкая тэатральная завеса адгарадзіла дзяўчыну ад яго. Ён вырашыў пайсці ў лабавую атаку, каб прарваць гэтую нябачную загароджу, і запытаўся, ці не вяла Валянціна якую-небудзь адукацыйную ці растлумачальную працу сярод… ммм… як бы гэта сказаць? Вулічных работніц. Ну, так, сярод прастытутак…
Стэфанія ў адказ пакруціла галавой: не, яна пра гэта нічога не чула і не ведае. Маламоўнасць дзяўчыны выразна сведчыла, што далейшай гутаркі не атрымаецца.
Канстанцін падзякаваў Стэфаніі, што столькі распавяла яму. Ён прапанаваў выпіць разам халоднай салодкай шпанкі – напою, якім славіліся мясцовыя майстры-габрэі: хіба ж у такую спёку не будзе прыемна наталіць смагу? Але дзяўчына адмовілася і ад шпанкі, і ад прапановы правесці яе («Не позна яшчэ, сама дарогу пабачу, дзякую!»), ды хуценька пакінула Мачугу.
Сам жа ён павольна пайшоў дадому, разважаючы, ці не варта яму бліжэй пазнаёміцца з паэтам, якога цытавала Валянціна. Нешта ж яна знайшла ў ягоных вершах важнае для сябе. У вершах? Ці ў самім паэце? Зразумець можна будзе хіба што пасля знаёмства.
Думаў ён і пра тое, ці звязаная смерць жонкі з папярэднім забойствам прастытуткі. У гутарцы са Стэфаніяй Мачуга спадзяваўся знайсці нейкую повязь паміж гэтымі падзеямі, але пакуль што ягоныя спадзевы выявіліся марнымі.
31 траўня 1926 года, панядзелак, раніца
Васільчук нікому б не прызнаўся, за што любіў сваю працу. Калі б у яго спыталіся, ён бы распавёў пра імкненне да справядлівасці, пра абарону правоў працоўнага народу, пра тое, што ўсе сумленныя людзі павінны жыць у шчасці, а ўсе нягоднікі – панесці належнае пакаранне. Хто здольны жыць правільна – той выправіцца, а хто няздольны – таго чыстае і светлае будучае грамадства сацыялізму павінна без шкадобы адкінуць з дарогі, як непатрэбны хлуд.
Неяк так адказаў бы Васільчук кожнаму, хто задаў бы яму пытанне: «За што ты любіш сваю працу?», бо ён ведаў, як правільна трэба адказваць на пытанні.
Праўду ён не сказаў бы нікому.
Ён і для сябе не вельмі імкнуўся сфармуляваць гэтую праўду, бо выглядала яна не вельмі прывабнай. Не фармуляваў, але ведаў. Дакладней, ён адчуваў млявую асалоду ў душы – і калі чытаў паведамленні сваіх сакрэтных супрацоўнікаў, і калі сам дапытваў затрыманых, падазроных, сведкаў. Гэта была асалода ўлады, і яе хмельным сокам ужо быў атручаны яго арганізм.
Улада над чужымі жыццямі, чужымі лёсамі, чужымі душамі.
Не-е-е, нездарма буржуіны-белагвардзейцы так зацята змагаліся: пакаштаваўшы смак гэтага райскага яблыка ўлады, самахоць ад яго не адмовішся, іншаму не аддасі…
Найбольш поўна гэтую ўладу Васільчук адчуваў, калі чытаў даносы. Ён быццам бы падглядаў у шчыліну за жыццём людзей, якія нават не падазравалі пра яго наяўнасць: вялі нейкія свае размовы, абмяркоўвалі праблемы, сварыліся, смяяліся, расказвалі палітычныя показкі, насміхаючыся з усяго…
Яны і не падазравалі, што адным рухам пальца ён, аператыўны ўпаўнаважаны АДПУ Раман Васільчук, можа зламаць кожнага з іх. І тое, што ён пакуль што пакідаў жывымі гэтых нікчэмных людцоў з іх мізэрнымі памкненнямі, напаўняла яго адчуваннем уласнай усёмагутнасці.
Васільчуку здавалася, што дакумент, які ляжыць перад ім, напаўняе паветра ў пакоі звабным і непаўторным водарам – ад яго пахла ўладай.
Хтосьці гідлівы назваў бы гэтыя аркушы даносам, але Васільчук – не-е-е! Ніколі! Паперы, якія ляжалі перад ім, былі да-ня-сен-нем сакрэтнага супрацоўніка, інфарматара. А хіба можна называць даносам звесткі, якія перадае роднай пралетарскай уладзе верны ёй чалавек?
Ласкавым, амаль пяшчотным рухам Васільчук дакрануўся да паперы, быццам улада, якой быў прасякнуты гэты дакумент, праз дотык павінна перайсці ў чалавека.
Потым ён рашуча крэкнуў, адкідаючы мілату і міжвольную лірыку, і пачаў чытаць.
У шэрагах аршанскай суполкі літаратурнага аб'яднання «Маладняк» наспявае размежаванне. Звонку гэты працэс падобны да эстэтычнага супрацьстаяння густаў, аднак глыбейшы аналіз дае падставы меркаваць, што раскол адбываецца па ідэёвых, светаглядных пазіцыях. Мы бачым, як маладыя пралетарскія сілы рыхтуюцца даць бой струпехлай ідэі «мастацтва дзеля мастацтва», якая кашчавай буржуйскай лапай цягне нас у мінуўшчыну.
Васільчук скрывіўся: не любіў ён гэтай літаратуршчыны, гэтага накручвання прыгожых выразаў. Але данясенні «Бландзінкі» з літаратурных сходак заўжды вызначаліся такімі мудрагелістасцямі: магчыма, атмасфера гэтага літарацкага асяроддзя неяк насычала і пяро сакрэтнага супрацоўніка АДПУ.
Можна смела канстатаваць, – чытаў Васільчук далей, – што наперадзе аршанскую філію «Маладняка» чакае непазбежны раскол. Ідэйна ён падрыхтаваны, але фармальна не аформіўся. Моцнае нацыяналістычнае ядро ў філіі складаюць выкладчыкі і студэнты Горацкай акадэміі. Асноўнымі сярод іх варта назваць такіх асобаў, як кіраўнік філіі Міхась Ганчарык, а таксама Юрка Гаўрук. Ганчарык пачаў літаратурную дзейнасць яшчэ да рэвалюцыі, па сваіх поглядах прымыкае да літаратараў старэйшага пакалення – кола Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі. Гэта нацыянальна-народніцкія пазіцыі, якія можна лічыць толькі часовымі спадарожнікамі пралетарыяту.
Юрка Гаўрук больш займаецца перакладамі з еўрапейскіх моваў. Яго шкодны ўплыў на дзейнасць аршанскага «Маладняка» палягае ў тым, што для перакладаў Гаўрук выбірае не творчасць сучасных пралетарскіх паэтаў, блізкіх па духу савецкім людзям, а буржуазных творцаў даўняй мінуўшчыны – брытанскага лавачніка Шэкспіра, нямецкага містыка Гайнэ ды іншых падобных.
Процівагу ім складаюць таварышы з моцнай пралетарскай сарцавінай. У адрозненне ад вышэйпамянёных жывуць яны і працуюць пераважна ў Воршы, такім чынам амаль не трапляючы пад шкодны дэкадэнцкі ўплыў горацкай часткі аршанскага «Маладняка». Як прыклад можна згадаць таварыша Уладзіслава Гарбылоўскага, чые вершы карыстаюцца вялікай папулярнасцю на сходах і мітынгах. Да гонару Гарбылоўскага трэба зазначыць, што яго творы нагадваюць вершы вядомага маскоўскага аўтара таварыша Уладзіміра Маякоўскага – нашага пралетарскага апявальніка рэвалюцыі. Такім чынам, Гарбылоўскі з'яўляецца лідарам левай, пралетарскай групы ў шэрагах літаратурнага аб'яднання.
Спрэчкі паміж гэтымі часткамі «Маладняка» вельмі палкія, але фармальнае размежаванне яшчэ не аформленае. На апошнім сходзе аб'яднання таварыш Гарбылоўскі пераканаўча адстойваў перавагі савецкага ладу жыцця і савецкай навукі, абараняючы іх ад састарэлых поглядаў Ганчарыка. Хачу зазначыць, што Ганчарык аспрэчваў, што навуку можна падзяляць на буржуазную і савецкую, тым самым выказваў сумневы ў перавагах савецкага ладу.
Таксама Ганчарык прапанаваў перанесці дзейнасць філіі «Маладняка» з Воршы ў Горкі: маўляў, там знаходзіцца большасць удзельнікаў аб'яднання. Як варыянт было прапанавана падзяліць філію на дзве.
Лічу неабходным адзначыць шкоднасць як такога пераносу, так і падзелу філіі на дзве структуры, незалежныя адна ад другой. У першым выпадку ў аршанскім «Маладняку» возьмуць верх непралетарскія сілы, аказваючы шкодны ўплыў на моладзь. Падзел філіі на дзве таксама аслабіць уплыў здаровых працоўных настрояў на горацкую частку аб'яднання. У сувязі з гэтым бачу неабходным захаваць адзіную структуру, якая здолела б паказаць жыццядзейнасць пралетарскага мастацтва і літаратуры.
Васільчук задаволена пасміхнуўся: «Бландзінка» як заўжды – на вышыні, цяжка пераацаніць такога інфарматара.
Цвёрда грукаючы падэшвамі ботаў у драўляную падлогу, ён выйшаў у прыёмную. Сакратарка, якая сядзела за шумнай друкавальнай машынкай «Ундэрвуд», узняла на яго свае вялікія цялячыя вочы.
– Антаніна! – гучна звярнуўся Васільчук, і ўсмешка бліснула ў куточках яго рота. – Затэлефануй таварышу Стасевічу ў акруговы камітэт партыі. Ён цікавіўся, як органы паставяцца да таго, што аршанскі «Маладняк» пераедзе ў Горкі або падзеліцца на дзве філіі. Дык вось затэлефануй ад майго імя і перадай, што органы выказваюцца катэгарычна супраць абодвух варыянтаў: аршанская філія павінна быць непадзельнай і заставацца на старым месцы…
Потым ласым позіркам ён абвёў жаночую постаць і дадаў больш прытоеным голасам, адразу крыху ахрыплым:
– І гэта, гарбаткі мне згатуй… Я чакаю…
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.