Текст книги "Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя"
Автор книги: Зміцер Дзядзенка
Жанр: Зарубежные детективы, Зарубежная литература
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 6 (всего у книги 9 страниц)
5 чэрвеня 1926 года, субота, вечар
Прысутныя спявалі «Інтэрнацыянал» нягучна, напаўголасу, але ўсё адно было чуваць, што слыхам прырода ўзнагародзіла далёка не ўсіх. Мачуга часам трошку ўздрыгваў, калі чый-небудзь голас выводзіў асабліва фальшывую ноту, аднак трымаўся: у такім гімне ўсё ж галоўнае зусім не пачуцце музычнага слыху, а вера ў яго праўдзівасць і справядлівасць.
Таксама трошку бянтэжыла Канстанціна Мачугу і тая сітуацыя, у якой даводзілася цяпер спяваць пралетарскі гімн. Зазвычай гэткі спеў гучаў у абстаноўцы ўрачыстай – ці то ўзнёсла-святочна на мітынгу, ці то стрымана-жалобна на пахаванні кагосьці з аднапартыйцаў.
Гэтым разам «Інтэрнацыянал» гучаў за накрытым сталом. Ён быў застаўлены міскамі з немудрагелістымі стравамі: засмажаныя хатнія кілбаскі яшчэ сквірчэлі ў тлушчы, нарэзаныя скрылікі сала мружыліся на дзённым святле, квашаныя гуркі ганарліва выстаўлялі свае бліскучыя бакі… Было заўважна, што стол накрывала мужчынская рука, якая не клапацілася пра якія-небудзь там выкшталцонасці – сурова і без усялякіх непатрэбных дробязяў.
Паміж міскамі з ежай струнка цягнуліся ў вышыню пад спевы «Інтэрнацыянала» бутэлькі з «рыкаўкай» – гарэлкай, якую афіцыйна выпускалі дзяржаўныя заводы. «Рыкаўкай» яе называлі ў народзе неафіцыйна – паводле прозвішча старшыні Саўнаркама Рыкава, пры якім быў скасаваны «сухі закон». Праўда, ад дарэвалюцыйнай «манаполькі» новы прадукт адрозніваўся ў горшы бок – меў мацунак толькі 30 градусаў.
Гэта бой наш астатні
За працоўны народ,
Каб у лучнасці братняй
Узняўся людскі род, —
выводзілі мужчынскія галасы. І здавалася, што пляшкі з гарэлкай таксама хочуць узняцца ў лучнасці братняй, але не могуць – нестае ім тых самых дзесяці дарэвалюцыйных градусаў…
Ніхто не дасць самохаць волі —
Ні бог, ні цар, ні багатыр.
Даб'емся самі лепшай долі…
Дабро для ўсіх – наш правадыр!
Мачуга аглядаў кампанію, якая сабралася за сталом. Вось спявае гаспадар хаты – каржакаваты Сымон Лаўчэня, адначасова паглядаючы на стол: ці не забыўся чаго? Вось рухаецца ў такт спевам невялікая бародка Мендаля Іцкіна, які спрабуе не толькі вонкава, але і ў паводзінах капіяваць свой партыйны і рэвалюцыйны ідэал – Льва Троцкага. Выключэннем у гэтай кампаніі глядзеўся Павел Чарноцкі – з выгляду тыповы дарэвалюцыйны інтэлігент, а то і белы афіцэр з зухавата закручанымі вусікамі франта. І мала хто даў бы адразу веры, што партыйны стаж Чарноцкага адлічваецца яшчэ з дарэвалюцыйнай пары, а за спінай у яго – дзянікінскі фронт і штурм Крыма. Быў тут і вусаты Васіль Кашэль, прыяцель, субутэльнік і проста душа-чалавек, з якім Мачуга цяпер сустракаўся даволі часта і бавіў разам багата часу.
Выпадковых людзей за гэтым сталом не было, і ўсе яны разумелі, што і выпіўка, і заедак – гэта толькі нагода, антураж.
Калі скончылі спяваць «Інтэрнацыянал» і селі за стол, агульны настрой змрочна агучыў Чарноцкі:
– Нават і падумаць не мог, што і цяпер, як пры старым рэжыме, давядзецца для канспірацыі ставіць на стол бутэлькі, калі збіраешся са сваімі ж партыйнымі таварышамі… Іцкін тэатральна развёў перад сабой рукамі:
– Пасля таго, як партыя забараніла фракцыйную дзейнасць, такі наш сход можа выглядаць вой-вой-вой як падазрона!..
Лаўчэня напоўніў чаркі і са злёгку вінаватым выглядам сказаў:
– Каб не прападала…
– І каб мы не прапалі! – падхапіў зычна Кашэль, падымаючы сваю чарку, каб чокнуцца з іншымі. Чаркі звякнулі нягучным і нястройным хорам – рыхтык так, як перад гэтым мужчыны спявалі «Інтэрнацыянал».
– Галоўнае, каб не прапала сусветная рэвалюцыя, – павучальным тонам сказаў Іцкін пасля таго, як закусіў. – У цяперашняй сусветнай сітуацыі нашыя блізкія перспектывы выглядаюць вельмі хісткімі. Нездарма таварыш Троцкі б'е ва ўсе званы: сусветная рэвалюцыя ў небяспецы!
– Ты б, Мендаль, думаў і сам, а не толькі цытаваў пастаянна таварыша Троцкага, – Чарноцкі па-ранейшаму заставаўся змрочным і засяроджаным.
– А што ж рабіць, калі ў партыі запанаваў правы ўхіл, і толькі Леў Давыдавіч цвёрда трымае курс на перамогу сусветнага камунізму? – зноў карцінна развёў рукі Іцкін.
– Леў Давыдавіч – мудрая галава, – прагудзеў з гаспадарскага месца Лаўчэня. – Бач ты, і Чырвоную Армію здолеў арганізаваць, і потым народнай гаспадаркай заняўся… Мог бы і партыяй кіраваць пасля Ільіча…
Налілі яшчэ па чарцы, выпілі за родную бальшавіцкую партыю і перамогу сусветнага камунізму.
– Нэп, як вучыў нас Ільіч, гэта часовае адступленне рэвалюцыі. Я памятаю, і на фронце так было, што даводзілася адступаць, – Чарноцкі нарэшце расслабіўся і перастаў выглядаць так, быццам кожнае імгненне чакае нападу са спіны. – Але мы адступалі для таго, каб сабраць сілу ў адзін кулак і даць адпор буржуазнай навалачы!
Яго касцісты кулак гучна бухнуў аб стол, нервова бразнулі талеркі з відэльцамі.
– А ўсё ж такі, таварыш Лаўчэня, няправільна ты арганізаваў сустрэчу, – вясёлым тонам загаварыў Кашэль, крыху перачакаўшы выбух эмоцый Чарноцкага. – І не партыйнае пасяджэнне ў нас атрымалася, і не вясёлая вечарынка. Была б у цябе жонка, нам бы тут весялей было – мы б яе пахвалілі, вашаму сямейнаму жыццю пазайздросцілі б… От зайшла б такая з поўнай міскай сала-аты ці чаго яшчэ…
Кашэль падняўся з-за стала, трымаючы ў руках уяўную міску, і пайшоў вакол стала, наўмысна круцячы клубамі, што выклікала ва ўсіх рогат.
– Прыйшла б такая прыгожая, круглая, радасная. Мы б і салату пахвалілі, і самі задумаліся пра жаніцьбу… – працягваў Васіль. – А то сусветная рэвалюцыя і штодзённая праца зусім не пакідаюць часу на асабістае жыццё!
Лаўчэня пляснуў яго па спіне, хаця спярша рука прымервалася даць плескача крыху ніжэй:
– Ідзі ўжо сядай ды налівай.
«Умее Васіль суцішыць народ», – Мачуга, які сядзеў амаль увесь час ціха, у думках пахваліў прыяцеля.
Мачуга не хацеў ісці на гэтую сустрэчу, бо роздумы яго апошнім часам бесперастанна кружлялі вакол загадкі Валянцінінай смерці. Следчыя, здавалася яму, нічога не робяць, заняўшыся іншымі справамі. Прынамсі, на допыты Канстанціна больш не выклікалі. Калі ж ён сам тэлефанаваў Васільчуку, той нудным голасам паведамляў, што следства працягваецца і ён, следчы, абавязкова паведаміць, калі будзе штосьці важнае…
Мачуга адчуваў, што не зможа быць на сустрэчы нароўні з іншымі – штосьці сур'ёзна абмяркоўваць або ад душы весяліцца. Але Чарноцкі, які перадаваў яму запрашэнне, сказаў, нахінуўшыся да вуха:
– Абавязкова прыходзь, важная рэч будзе. Лічы, гэта табе амаль што партыйнае даручэнне.
І Мачуга прыйшоў. Агульная гамана неяк суцішыла яго, развеяла яго змрочны і хмарны настрой.
Заўважыўшы гэта, Чарноцкі пазвінеў відэльцам па чарцы, просячы цішыні, і паспрабаваў пажартаваць:
– Бачу, што цяпер ужо ўсе прысутныя з намі – значыць, можна пераходзіць да тэмы сходу. Ён адразу вярнуўся да ранейшай сур'ёзнасці:
– Нам перадалі ліст, які таварыш Троцкі напісаў для левай апазіцыі. Як гэта вядзецца апошнім часам, правыя апартуністы, якія цяпер вядуць рэй у партыі, адмовіліся апублікаваць зварот Льва Давыдавіча ў прэсе, таму ліст распаўсюджваецца неафіцыйна. Дазвольце зачытаць…
Усе прысутныя ведалі, што пасля смерці Леніна ў вярхах бальшавіцкай партыі разгарнулася жорсткая барацьба за ўладу. Учорашнія паплечнікі, якія разам ваявалі супраць белых, цяпер стваралі блокі «супраць-каго-сябруем» і вялі інтрыгі, якім пазайздросцілі б самыя несусветныя круцялі з ліку старарэжымных царадворцаў.
Капрызлівая фартуна адвярнулася ад стваральніка Чырвонай арміі Троцкага: яго ўсё больш адціскалі ад улады. Спярша —Зіноўеў, Каменеў і Сталін, потым – Сталін, Томскі і Бухарын. Аднак бальшавіцкі Леў не здаваўся і працягваў гуртаваць сваіх паплечнікаў унутры партыі. Намаганні не былі марнымі: лісты і звароты апалагета сусветнай рэвалюцыі яго паплечнікі пашыралі ў рукапісах і перадавалі праз надзейных людзей.
Быццам той рымскі сенатар, які кожную прамову завяршаў словамі пра неабходнасць разбурэння Карфагена, Троцкі пастаянна пісаў пра неабходнасць гуртаваць сілы левай апазіцыі. Цяперашні правы ўхіл у партыі, казаў ён, мы павінны крытыкаваць пры кожнай нагодзе – вусна і пісьмова. Але як толькі партыя зробіць левы паварот, мы яго падтрымаем – незалежна ад таго, хто яго абвесціць і пачне праводзіць. Поўная сацыялізацыя зямлі і прамысловасці, адмова ад прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці – гэта ідэалы Кастрычніцкай рэвалюцыі, і мы не можам ні адмовіцца ад іх, ні аддаць на ганьбаванне апартуністам кшталту Бухарына, якія часова ўзялі верх у партыі…
Ліст Троцкага, які зачытаў Чарноцкі, выслухалі моўчкі, уважліва. Паўплываць на барацьбу ў партыйных вярхах ніхто з іх не мог, і ўсе ўсведамлялі гэта. Адзінае, што ім заставалася, – гэта сапраўды гуртавацца, шукаць аднадумцаў і быць напагатове да ўсялякіх нечаканых паваротаў у палітыцы.
– Леў Давыдавіч галава, – зноў прабасіў Лаўчэня. – І сказаць жа ўмее гладка.
Іцкін ускочыў – ён відавочна пачуваўся абураным:
– Як жа так? Чаму мы павінны падтрымліваць кожнага, хто абвесціць левы паварот? А калі гэта палітычны флюгер – чалавек, які проста адчувае кан'юнктуру і прымазваецца да мацнейшага? Калі Сталін заўтра пачне вайну з аднаасобнікам у вёсцы, то мы і яго павінны падтрымаць?
– Адчуваецца ў табе, таварыш Іцкін, гэткая схільнасць да анархізму, – павольна загаварыў Чарноцкі, узважваючы свае словы на нябачных шалях. – Ты клапоцішся пра сябе, пра сваё «я», а думаць трэба аб рэвалюцыі ды працоўным народзе. Як казаў Ільіч, рэвалюцыю ў белых пальчатках не робяць, таму і мы будзем карыстацца дапамогай тых, каму з намі па дарозе. Ну, а як толькі будзе не па дарозе, скажам: «Бывай» – і ў распыл. Грамадзянская вайна нас шмат чаму навучыла ў гэтым плане.
– А я згодны з Мендалем, – нечакана заявіў Кашэль. – Адчуваецца, што недагаворвае нечага таварыш Троцкі. Можа, асцерагаецца, можа, якія іншыя матывы ім кіруюць… Але ж прыгадайце, таварышы: калі ўзніклі рознагалоссі ў сацыял-дэмакратычнай партыі 20 гадоў таму, Ільіч не пабаяўся пайсці на раскол – стварыў нашу бальшавіцкую партыю. Ад палітычнага баласту трэба пазбаўляцца, каб рухацца наперад і ўверх! Часам гэта бывае балюча, але ж неабходна. Калі спатрэбіцца, то, можа, і абвясціць курс на новую рэвалюцыю!..
– У цяперашніх умовах раскол партыі можа быць на руку сусветнаму імперыялізму і паспрыяць рэстаўрацыі капіталізму, – Чарноцкі не збіраўся здавацца пераважным сілам апанентаў. – Менавіта пра гэта папярэджваў Леў Давыдавіч у ранейшых лістах, якія мы таксама атрымоўвалі… А гаворкі пра новую рэвалюцыю ўвогуле падобныя да правакацыі! Або, што яшчэ горш, да глупства. Сказаў жа вам Бухарын, што пры дыктатуры пралетарыяту могуць быць хоць пяць партыяў, але толькі пры адной умове: адна партыя будзе пры ўладзе, а астатнія чатыры – у турме…
Мачуга слухаў спрэчку троху адстаронена, часам правальваючыся ў свае думкі. Аргументы, якія гучалі за сталом, ён ужо чуў не раз і ведаў, што акрамя спрэчак не будзе нічога – ні падпольнай арганізацыі, ні падпольнай дзейнасці. Найбольшая ступень вальнадумства, якую дазволяць сабе прысутныя, – перапісванне і пашырэнне лістоў Троцкага. Палкі аратар і палеміст, які стварыў Чырвоную армію, так і не змог стаць бальшавіцкім Банапартам, здольным на пераварот і захоп улады ва ўчорашніх паплечнікаў. А яго паслядоўнікі, само сабой, не могуць быць смялейшымі за таго, на каго яны раўняюцца, іначай менавіта яны выбіліся б у лідары.
А што можа ён, Канстанцін Мачуга? Цяпер ён можа хіба што перажываць уласную страту, якая нечакана сталася для яго важнейшай і за сусветную рэвалюцыю, і за блізкіх прыяцеляў. Ён павінен знайсці забойцу Валянціны. Знайсці, даказаць яго віну і пакараць – цырымоніцца і разважаць ён не будзе.
7 чэрвеня 1926 года, панядзелак, апоўдні
Васільчук падняўся з канапы, адсопваючыся і цяжка дыхаючы. Ногі былі як ватныя і злёгку падгіналіся. Не апранаючыся, ён зрабіў па пакоі некалькі крокаў і падышоў да стала, аблітага сонечным святлом – яго бліскучая лакавая паверхня быццам утварала светлавы фантан. Васільчук нязграбным рухам узяў партабак, які нагрэўся на сонцы, дастаў папяросу і задыміў.
Потым павярнуўся і праз сізаваты дым паглядзеў на Антаніну, якая заставалася ляжаць на канапе. На чорнай скураной паверхні яе бессаромна аголенае белае цела, якое яшчэ не паспела загарэць, выглядала як каштоўнае ўпрыгожанне пакоя.
Калі б на месцы Васільчука быў чалавек з больш вытанчаным густам, ён згадаў бы Венеру, снежна-белы карарскі мармур, і адзначыў бы, як прыгожа выцягнуліся зграбныя жаночыя ножкі. Ён ацаніў бы гэтыя спакушальныя выгіны жаночага цела, якія нагадваюць гітарныя абрысы – з той розніцай, што гітара падманліва заканчваецца, а жаночая постаць мае гэтыя спакушальныя мяккія клубы, якія працягваюцца ўжо згаданымі стройнымі ножкамі… І хаця Васільчук не мог выказацца так вобразна, хаця ён быў чалавек больш простых нораваў, але пабачаная карціна падабалася і яму. Таму ён кхекнуў і вымавіў:
– Ну, ты разлеглася тут… Як статуя ў панскім парку!
Антаніна пацягнулася, і яе грудзі спакушальна калыхнуліся, а смочкі быццам падміргнулі яму:
– Дык і ты можаш легчы побач – месца хапае.
– Ненаежная ты баба, Антаніна, прагная! Як толькі твой муж дае з табой рады?
Яна захіхікала:
– Думаеш, калі б ён даваў мне рады, я б давала табе? Я ж не настолькі дурная. Хаця…
Антаніна абвяла поглядам пакой, які зусім не выглядаў на сціплае пралетарскае жытло. Цёплага залацістага колеру сцены пад самай столлю заканчваліся велягурыстай ляпнінай – нейкія раслінныя матывы. Пад нагамі – мяккі дыван, у які ногі правальваліся па самую костачку. Камін, аблямаваны мармуровымі плітамі, глядзеў на прысутных з адкрытым ротам – быццам арыстакрат, які нечакана пабачыў пастуха, залеглага на панскіх пярынах.
Разгарачаная скура жанчыны ліпла да скураной паверхні канапы, і гэтыя новыя адчуванні былі Антаніне цікавыя, хаця і не вельмі прыемныя. Яна дзівілася, чаму буржуі прыдумалі такую нязручную мэблю для распусты, – кахацца на скураной канапе ёй не вельмі спадабалася. Але ж хацелася пакаштаваць раскошнага жыцця…
Урэшце яна ленавата павярнулася набок і з усмешкай закончыла папярэднюю фразу:
– Хаця тут усё створана для распусты. Была б я буржуінкай, я б адсюль до-оўга не вылезла нікуды… І чаму ты, Раман, мяне раней сюды не прыводзіў?
Той прымружыў левае вока і, пазіраючы спадылба, ужо змрочна заявіў:
– Раней не прыводзіў, і цяпер не варта было б… Ты на ўсялякі выпадак забудзься пра гэтую кватэру. І завулак гэты абмінай за два кварталы. Кароткая памяць – доўгае жыццё… А гэты адрас – ён для зусім іншых сустрэчаў.
Даўкая цішыня залегла паміж жанчынай і мужчынам, якія так нядаўна былі, здаецца, адным нераз'емным целам. Не гледзячы ў бок Антаніны, Васільчук пачаў апранацца.
Званок у дзверы прагучаў для Антаніны сігналам трывогі – яна хапатліва ўзнялася на канапе, села, падкурчыўшы ногі, і прыкрыла грудзі рукамі:
– Што гэта? Хто там?
Суворы позірк Васільчука стрымаў яе на месцы:
– Апранайся, але адсюль не выходзь, дзверы не адчыняй. Ні мне, ні табе не трэба, каб цябе тут бачылі.
З гэтымі словамі ён выйшаў з пакоя, і цяжкія дзверы адрэзалі Антаніну ад гукаў у астатняй частцы кватэры.
Пакуль яна апраналася, за дзвярыма былі чуваць неразборлівыя галасы. Жанчына спрабавала прыслухацца, але там размаўлялі так ціха, што яна не змагла б сказаць, колькі чалавек там гаворыць. Яна ўжо здагадалася, што гэта канспіратыўная кватэра, на якой Васільчук прымае сваіх інфарматараў. Антаніна нават падазравала, што такая кватэра ў яе начальніка ў горадзе не адна.
Галасы за дзвярыма вабілі сваёй таямніцай, але Антаніна разумела, што яе спроба падслухаць можа скончыцца вялікімі непрыемнасцямі: у АДПУ яна працавала не першы дзень. Таму яна рашуча зацугляла сваю цікаўнасць і з усяе моцы стрымлівала яе.
Неўзабаве вярнуўся Васільчук – ён быў цяпер значна больш у гуморы, чым пару хвілінаў таму, калі пакідаў Антаніну. У руках ён трымаў нейкія паперы, скручаныя ў трубачку.
Нецярпліва адаслаўшы сакратарку на працоўнае месца і нагадаўшы ёй забыцца адрас кватэры, Васільчук замкнуў дзверы. Потым ён вярнуўся ў пакой, сеў за стол і любоўна паклаў перад сабой прынесеныя паперы. Гэта было чарговае данясенне ад «Бландзінкі».
5 чэрвеня на кватэры ў СЫМОНА ЛАЎЧЭНІ адбыўся падпольны сход групы, якая называе сябе прыхільнікамі так званай левай апазіцыі ў партыі. Для канспірацыі сход быў замаскаваны пад сяброўскую вечарыну з выпіўкай. Прысутны на сходзе ПАВЕЛ ЧАРНОЦКІ крытычна параўнаў сітуацыю з царскім рэжымам, пры якім таксама даводзілася карыстацца канспірацыяй пры сходах партыйцаў і маскаваць іх пад вечарынкі з выпіўкай. Такім чынам, звяртаю пільную ўвагу на контррэвалюцыйнасць такога параўнання.
Таксама ЧАРНОЦКІ зачытаў ліст, які ЛЕЎ ТРОЦКІ напісаў да так званай левай апазіцыі наконт бягучага моманту. У лісце гаворыцца пра неабходнасць супрацьстаяць так званым правым ухілістам, прыкладам якіх называецца таварыш МІКАЛАЙ БУХАРЫН. У сваім звароце ТРОЦКІ заклікаў падтрымаць так званы левы паварот у шэрагах партыі, калі ён адбудзецца, не зважаючы на персанальнае імя партыйнага кіраўніка, які абвесціць гэты т.зв. левы паварот.
Падчас абмеркавання ліста ад прысутных прагучалі крытычныя антысавецкія выказванні. Напрыклад, МЕНДАЛЬ ІЦКІН выказаўся супраць падтрымкі т.зв. левага павароту, калі яго абвесціць, як сказаў ІЦКІН, палітычны флюгер. У прыватнасці, такім флюгерам ён назваў таварыша ІОСІФА СТАЛІНА.
Акрамя таго, на сходзе гучалі выказванні пра непазбежнасць расколу ў партыі і пра неабходнасць стварыць новую партыйную арганізацыю. Найбольш радыкальна ў гэтым сэнсе выказваліся згаданы ІЦКІН і КАНСТАНЦІН МАЧУГА. Лічу неабходным узяць згаданых грамадзян пад асабліва пільны кантроль, бо не выключаю антысавецкіх дзеянняў з іх боку – аж да палітычнага бандытызму.
Хачу звярнуць увагу, што пакуль застаецца нявысветленым шлях, якім дастаўляюцца лісты ТРОЦКАГА на перыферыю. Мяркую, што дзейнічае сетка кур'ераў, аднак канкрэтны кур'ер, які дастаўляе лісты ў Воршу, пакуль мной не вызначаны. Прапаную прыставіць назіральнікаў да ЧАРНОЦКАГА, каб раскрыць гэтую сетку.
7 чэрвеня, панядзелак, падвячорак
Хлюдзінскі няспешна вяртаўся з працы. Дзённая спёка ўжо не даймала, дыхалася лягчэй, і шпацыр успрымаўся як чарговая дробная прыемнасць жыцця.
Ворша – горад невялікі, і жыццё тут ішло няспешна, быццам мёд, які сцякае з лыжкі доўгай, цягучай, бясконцай ніткай. У большых гарадах, якія бачыў Антон – у Менску ці Вільні, —таксама ёсць такія раёны, дзе час прыпыняецца, дзе жывуць у рытме ці то вёскі, ці мястэчка. Але цэнтр у такіх гарадах заўжды мітуслівы, людны, нейкі ўскудлачаны.
Ворша імпанавала Хлюдзінскаму акурат гэтай сваёй старасвецкасцю, няспешнасцю. Быццам у вёсцы, ён вітаўся з жыхарамі тых вуліц, па якіх хадзіў штодня. Усё было па-суседску, без адчужанасці вялікага горада.
Часам Антону падавалася, што ён ведае абсалютна ўсіх людзей, якія трапляюцца яму на вуліцах. Ведае гэтую немаладую жанчыну, цётку Адарку, у якой раз-пораз купляе малако. Ведае каваля Хведара, які жыве ў Музейным завулку і вяртаецца дадому акурат тады, калі Хлюдзінскі сыходзіць з працы. Знаёмыя твары, знаёмыя фігуры…
Вось і гэтая постаць, спіну якой Хлюдзінскі пабачыў перад сабой, падалася яму знаёмай. Чалавек ішоў цвёрдым упэўненым крокам, які выдаваў у ім не толькі вайсковую выпраўку, але і звычку камандаваць. Аднак Антон ніяк не мог узгадаць, каму ж з яго знаёмых належыць гэтая спіна і такія валявыя рухі. Зацікаўлены, ён пайшоў следам – балазе спяшацца не было куды, можна дазволіць сабе адпачыць за рашэннем нескладанай задачкі.
Раптам на чалавека, за якім ішоў Хлюдзінскі, наляцела кампанія падлеткаў гадоў дванаццаці-чатырнаццаці. Яны пачалі бегаць і скакаць вакол мужчыны, гарланячы:
– Дзядзечка, дай папяроску!
– Дзядзечка, дай грывеннік!
– Дзядзечка, дай на хлебушак!
– Пакінь пакурыць, дзядзечка!
Мужчына стаў адмахвацца ад пацанвы. Ён круціўся, нязграбна размахваючы рукамі, і відавочна хацеў не так схапіць, як напалохаць хлопцаў. Аднак тыя былі больш шустрымі ды паспявалі адскочыць ад сваёй ахвяры. Хлюдзінскі нечакана для сябе пазнаў у ім Васільчука – таго следчага з АДПУ, які расследаваў забойства Валянціны і дапытваў яго. Цяжкія ўспаміны, непрыемны чалавек…
Антон ужо сабраўся павярнуцца ў іншы бок, як пабачыў, што адзін з падшыванцаў, карыстаючыся момантам, спрытна выцягнуў у Васільчука штосьці з кішэні пінжака. Сам следчы гэтага не заўважыў, бо спрабаваў адагнаць іншых шэсць-сем падлеткаў, якія кружлялі вакол яго і хапалі то за рукавы, то за крысо пінжака.
Як толькі здабыча апынулася ў руках малога зладзюжкі, кампанія рассыпалася і пабегла за найбліжэйшы паварот. Як зразумеў Хлюдзінскі, абакрадзены Васільчук не заўважыў сваёй страты і працягнуў свой маршрут.
Паведамляць следчаму, што той стаў ахвярай кішэннікаў, Антон не збіраўся: для яго сітуацыя мела хутчэй камічнае адценне, чым крымінальнае. А вось самому яму вельмі карцела даведацца пра той прыз, які дастаўся беспрытульнай хеўры. Таму Хлюдзінскі прыспешыў крок і павярнуў за рог на тую вуліцу, куды пабеглі падлеткі.
Падлеткі далёка не ўцяклі: у першай жа падваротні Хлюдзінскі пабачыў іх кампанію, якая з расчараваннем разглядала паперы, скрадзеныя ў Васільчука.
– Не, не грошы, а абы-што нейкае. Трэ было ў іншай кішэні пашнарыць, – сказаў галоўны і, скамечыўшы паперы, кінуў вобзем гэты невялікі мячык. Ён нападдаў па ім нагой, і камяк выскачыў проста пад ногі Хлюдзінскаму, які стаяў каля ўваходу ў падваротню. Расставіўшы ногі і засунуўшы рукі ў кішэні, ён назіраў за малалеткамі з выглядам відавочнай перавагі.
Нечаканае з'яўленне дарослага збянтэжыла падлеткаў, і з крыкам «Атас!» яны рвануліся да процілеглага выхаду, каб уцячы з нечаканай пасткі.
Тым часам Хлюдзінскі нетаропка нагнуўся і падняў папяровы камяк, які так грэбліва шпурнулі яму пад ногі. Раскруціўшы яго, Антон пачаў чытаць і адчуў, як, не зважаючы на цёплы чэрвеньскі вечар, халодная рага поту пазначыла яго спіну. Гэтая прыкрая ліпкая кропля зарадзілася недзе на карку і марудна папаўзла, абмацваючы пазванкі.
У яго руках апынуўся сапраўдны данос.
Дбайна выведзеныя літаркі сведчылі, што аўтар даносу пісаў яго без залішняга спеху – акуратна і з любоўю. І гэтая стараннасць збянтэжыла Хлюдзінскага больш за ўсё.
Ён без вялікіх складанасцяў прачытаў кароткі тэкст. Сам факт даносу збянтэжыў Антона настолькі, што ён не адразу зразумеў сэнс напісанага, аднак потым перачытаў, запыніўшыся на ўжо знаёмым прозвішчы: «Акрамя таго, на сходзе гучалі выказванні пра непазбежнасць расколу ў партыі і пра неабходнасць стварыць новую партыйную арганізацыю. Найбольш радыкальна ў гэтым сэнсе выказваліся згаданы ІЦКІН і КАНСТАНЦІН МАЧУГА. Лічу неабходным узяць згаданых грамадзян пад асабліва пільны кантроль, бо не выключаю антысавецкіх дзеянняў з іх боку – аж да палітычнага бандытызму».
Азірнуўшыся па баках, Хлюдзінскі сунуў данос у кішэню і павольна пайшоў дадому сваім звычайным маршрутам.
Што рабіць са сваёй нечаканай знаходкай, ён яшчэ не вырашыў. Першым яго памкненнем было знішчыць агідную паперу, але выкінуць яе адразу Антон не наважыўся: раптам яшчэ хтосьці такі ж цікаўны падбярэ.
Дома данос можна было спаліць, не пакінуўшы ад яго слядоў. Няхай потым кусаюць сабе локці гэтыя таварышы з АДПУ.
Зрэшты, думаў ён дарогай, ёсць яшчэ адзін варыянт. Як сумленны чалавек ён, Антон Хлюдзінскі, мусіў бы папярэдзіць Мачугу і, магчыма, перадаць данос яму – калі б не адно «але»…
Калі б ніколі не было Валянціны і Мачуга не быў бы яе мужам.
Хлюдзінскі па-ранейшаму падазраваў, што Мачуга мае дачыненне да смерці Валянціны, а ад адказнасці ён сышоў дзякуючы сваёй партыйнасці і высокаму становішчу: абвінаваціць, а тым больш арыштаваць значнага партыйнага дзеяча не так і проста…
Задумаўшыся, ён нават не заўважыў, як дайшоў дадому. Там ён разбіў пару яек, і стаў смажыць сабе на прымусе яечню з цыбуляй. Дзеянні Хлюдзінскага былі механічнымі, бо данос па-ранейшаму займаў усе яго развагі.
…Магчыма, Васільчук ведае, што Мачуга зарэзаў сваю жонку, і цяпер збірае на яго кампрамат – каб прыперці да сценкі не адным, дык другім абвінавачаннем. У такім разе варта было б неяк падкінуць данос следчаму, каб той працягваў капаць пад гэтага партыйца. Хто б з іх ні перамог другога (а Хлюдзінскі адчуваў непазбежнасць сутыкнення паміж імі), яго, Антона, гэта можа толькі пацешыць.
Абодва яны – і Васільчук, і Мачуга – былі яму ў роўнай ступені непрыемнымі. Праўда, пачуцці да Мачугі мелі жалезісты прысмак рэўнасці, а ў адносінах да Васільчука ён адчуваў глыбокі жывёльны страх.
Антон еў проста з патэльні, мачаючы акрайчык жытняга хлеба ў яечню. Смаку стравы ён амаль не адчуваў.
Але аддаць данос («Данос!» – у думках ён усё яшчэ ўспрымаў гэтае слова з жахам і агідай) падавалася яму немагчымым – гэта бадай адно і тое, што самому стаць аўтарам такой паперыны. Як пасля гэтага можна будзе глядзець у вочы іншым?..
Дык што, спаліць?
А калі… Уявім гіпатэтычна такую магчымасць: Мачуга не забіваў Валянціну. Так, іншай кандыдатуры на ролю забойцы Хлюдзінскі не бачыў, дый ягоны канкурэнт добра пасаваў на ролю Атэла – хіба што колер скуры не адпавядаў шэкспіраўскаму маўру.
Але ўявім, што Мачуга невіноўны. І калі перадаць данос яму, то гэта можа перасцерагчы яго і яго таварышаў як мінімум ад турмы. А можа, тут і не турма пагражае? Казаў жа заснавальнік ЧэКа, што бальшавікам не трэба чатыры сцяны, каб стрымаць ворага, – хопіць і адной, да якой гэтага ворага можна паставіць…
Роздум пра тое, які крок будзе найбольш правільны, доўга не адпускаў Хлюдзінскага, аж пакуль літасцівы сон не накрыў яго сваім покрывам.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.