Текст книги "Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя"
Автор книги: Зміцер Дзядзенка
Жанр: Зарубежные детективы, Зарубежная литература
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 8 (всего у книги 9 страниц)
12 чэрвеня 1926 года, субота, дзень (пачатак)
Церусіў цёплы летні дожджык, але неба было непрыветна шэрым, і Васіль Кашэль падумаў, як абачліва з яго боку было прыхапіць сёння пінжак. Здавалася б, і дождж невялікі, але кожны, хто трапляў у такую імжаку, ведае: праз якія-небудзь паўгадзіны кашулю можна будзе выкручваць – так яна набрыняе вадой.
Васіль схаваўся ад каварнай вільгаці пад ліпай каля аднаго з дамоў на вуліцы, якая да рэвалюцыі называлася Дваранскай, а цяпер насіла ганарлівае найменне Пралетарскай.
Кроплі шапаталі ў лісці штосьці невыразнае, аднак Кашэль не прыслухоўваўся да іх гутаркі. Магчыма, калі б ён быў паэтам, гэтыя гукі нарадзілі б у яго душы лірычны верш, дзе блішчэлі б рыфмы і вобразы, дзе кроплі дажджу падміргвалі б з маладога зялёнага лісця, а вясёлка, якая заззяла б у канцы верша, запэўніла, што жыць жа ўсё-ткі невымоўна добра, таварышы! Калі б ён быў кампазітарам, то, магчыма, напісаў бы мелодыю, дзе рытмічны пошчак дажджавых кропляў сплятаўся б з цягучым нізкім жаночым голасам, бо голас у лета менавіта жаночы…
Але Кашэль не быў ні кампазітарам, ні паэтам – ён проста чакаў, калі з'явіцца Мачуга, які прызначыў яму сустрэчу. Разам яны мусілі адправіцца на канспіратыўную яўку, дзе збяруцца таварышы з левай апазіцыі. Сам Васіль з'явіўся на прызначанае месца акуратна ў названы час, а вось Мачуга запазняўся, і гэта ўжо нервавала.
Калі мужчына ўжо раздумваў, ці не варта сысці, да яго падкаціла брычка, з якой яго гукнуў Мачуга. Пасажыр быў закрыты ад дажджу паднятым верхам брычкі, а вось фурману было няпроста – ён быў безабаронны перад дажджом. Відаць, таму ён насунуў саламяны брыль ледзь не на самы нос і сядзеў згорбіўшыся – ну чыста куль, а не чалавек!
Кашэль хутка забраўся ў брычку, і яна пакаціла ў бок маста, перакінутага на левы бераг Дняпра.
– На ўскраіне горада спакайней, – патлумачыў спакойна Мачуга на запытальны погляд таварыша. – Дый чужых цікаўных вачэй там менш.
Кашэль кінуў асцярожны позірк на фурмана, але той быў больш заняты дарогай, чым сваімі седакамі, і ніяк не рэагаваў на іх размову.
За Дняпром каля аднаго з дамоў Крывога завулка Мачуга крыкнуў фурману, каб той спыніўся. Хата гэтая нічым не вылучалася з агульнага шэрагу – гэтак жа складзеная з бярвення, гэткія ж фігурыстыя ліштвы на аканіцах.
Атрымаўшы плату, фурман павярнуў назад. Мужчыны глядзелі яму ўслед, і толькі калі ён знік за паваротам, Мачуга прамовіў нечакана хрыплым голасам:
– Пайшлі, нам не сюды.
Ён павёў Кашаля вуліцамі, якія шлі паралельна Дняпру, і неўзабаве абодва выйшлі за апошнія хаты. Наперадзе было поле, дзе-нідзе парослае кустоўем, а за ім узвышаліся званіцы і купалы цэркваў мужчынскага Куцеінскага манастыра.
Але мужчын вяла наперад зусім не прыгажосць краявідаў – на навакольны паштовачны пейзаж яны нават не звярталі ўвагі: Мачуга маўкліва і ўпарта крочыў наперад, Кашэль з гэткай жа зацятасцю шнураваў за ім.
Нарэшце, дабраўшыся да чарговай купіны хмызняку, Канстанцін нырнуў у вузкі праход, які адкрываўся паміж прутамі. Яго спадарожнік на імгненне замарудзіў: штосьці быццам варухнулася ўсярэдзіне, нейкае цьмянае прадчуванне, якое было складана выказаць словамі. Кашэль наструніўся і апусціў руку ў кішэню, толькі пасля гэтага ён паследаваў за сваім правадніком.
Невялікая паляна пасярод хмызняку з'явілася нечакана. На ёй Мачуга павярнуўся тварам да спадарожніка і сказаў:
– Прыйшлі.
Васіль агледзеўся навокал з непаразуменнем і спытаўся:
– А дзе ж таварышы? Ты ж мне абяцаў…
– Мы з табой без таварышаў тут пагаворым, – перапыніў яго Мачуга, твар якога стаў адразу нейкі злы і непрыгожы. – Пагаворым па-мужчынску. Раскажы мне, Васіль, што за шашні былі ў цябе з маёй жонкай?
– Ды ну цябе! – штучна рассмяяўся Кашэль. – Не было ў нас нічога, пустыя наветы гэта. Нагаварылі табе! Ты ж сам ведаеш, з кім твая жонка хадзіла – са шчаўлікам гэтым музейным, як яго там… Хлюдзінскім! А я з Валянцінай тваёй хіба што пажартаваў пару разоў, і нічога больш.
– Пажартаваў, кажаш?.. Жарты – справа неблагая, хаця часам і крыўдная. Ну, як пра таго пеўня, у якога падымаюцца толькі шпоры, праўда?
Васіль спалатнеў, а Мачуга тым часам працягваў:
– Адкуль жа Валянціна пра шпоры ведала, а? Ці, можа, проста прыдумала, каб нагаварыць на цябе?
Кашэль маўчаў і толькі неадрыўна сачыў за рухамі чалавека, які так неспадзявана з яго прыяцеля ператварыўся ў праціўніка.
Канстанцін таксама замаўчаў, з выклікам гледзячы на суразмоўцу. Моўча, якая павісла між імі, нагадвала пераднавальнічнае зацішша. Перарваў яе зноў Мачуга:
– Дарэчы, ты пытаўся пра таварышаў з левай апазіцыі… Ты пра іх пытаўся менавіта як пра сваіх таварышаў? Ці проста хацеў напісаць чарговы данос?
– Ты ад рэўнасці, як я гляджу, зусім звар'яцеў, – ціхая пагроза гучала ў голасе Кашаля. – Якія даносы?
– А такія! – істэрычным высокім, амаль бабскім голасам крыкнуў Мачуга, рэзка выхапіўшы з кішэні складзеную паперу і сунуўшы яе ў рукі Васілю. Той узяў паперу левай рукой і зрабіў крок назад. Памылкі не было – гэта быў данос, які ён, Васіль, напісаў на імя Васільчука.
– Што скажаш, агент «Бландзінка»? – не супакойваўся Мачуга. – І гэта не ты? Нехта іншы напісаў, ага. Усіх нас згадаў, аднаго цябе забыўся – не падкажаш, чаму ў агента «Бландзінкі» такая выбарачная памяць?..
– Не падкажу, – змрочна прасычэў Кашэль, і яго правая рука выцягнула з кішэні нож. Не просты складанчык, а вельмі заўважны, з незвычайным хвалістым лязом. Раны пасля яго застаюцца шырокія – такія, як у прастытуткі Рывы Гольдберг і старшыні жаночага савета Валянціны Мачугі.
Знаўца халоднай зброі апазнаў бы ў гэтай прыладзе штосьці падобнае да малайскага крыса – зброі небяспечнай пры ўсім сваім дзіўным выглядзе. Кожная з «хваляў» ляза рабіла на целе свой разрэз, утвараючы пазбаўленыя крыві пялёсткі плоці. Нават неглыбокая рана, зробленая такім нажом, гоіцца вельмі кепска і марудна. Пры колючым жа ўдары такі нож быццам сам праварочваецца ў руцэ, шукаючы найбольш слабое месца – абмінаючы косткі і тарнуючы сабе шлях у чалавечым целе.
Васіль гэты нож купіў у кітайцаў, якія засталіся ў Воршы з часоў імперыялістычнай вайны. Пабачыў неяк выпадкова, калі праходзіў кітайскім кварталам, і глянулася яму экзатычная хвалістая зброя. Як пазней высветлілася, прылада была не толькі прыгожая, але і вельмі небяспечная для іншых.
Простая мужчынская сварка ці нават бойка за жанчыну Кашаля не палохала – хіба ж першы раз яму з такім сутыкацца?.. Але пагроза выкрыцця – вось што было насамрэч страшна. У руках Мачугі апынулася не толькі яго рэпутацыя, але і дабрабыт, і далейшы лёс. А за такія сур'ёзныя рэчы Кашэль быў гатовы біцца люта, неміласэрна, насмерць.
Красавік – травень 1926 года
Васіль Кашэль любіў жыццё за тыя прысмакі, якія яно яму дарыла. Дарункі гэтыя былі не настолькі частымі, як ён, паводле свайго меркавання, заслугоўваў, таму Васіль стараўся не прамінаць найменшай магчымасці ўхапіць што-небудзь смачнае – грошы, пасаду, дабаўку да пайка, жанчыну…
Жанчыны ў гэтым пераліку былі ці не самым ласым кавалачкам. Стрункія і ў целе, чарнявыя і бялявыя, высокія і нізенькія – Васіль хацеў бадай усіх. Ну, акрамя хіба што зусім брыдкіх, якія, што называецца, ні ў пір, ні ў вір, ні ў добрыя людзі. Бо калі ж, напрыклад, жанчына з твару і не вельмі прывабная, то ў яе можа быць такая фігура, што проста слінкі цякуць: дупка што два гарбузы, цыцка ў далонь не змяшчаецца… А бывае, што быццам і не дужа паглядная, а ў ложку такое вырабляе, што потым пры адным толькі ўспаміне ў чырвань кідае.
З ціхай настальгічнай зайздрасцю прыгадваў ён самыя першыя паслярэвалюцыйныя гады, калі пачаліся размовы пра абагульненне жанчын, ды аднымі толькі размовамі не скончылася. Сам чытаў пастанову камсамольскага камітэта, які вырашыў, што камсамолка павінна па-пралетарску дапамагчы таварышу-камсамольцу, калі ў яго ўзнікла палавая патрэба. А партыя, як вядома, старэйшы таварыш камсамола – ёй і правоў належыць больш.
Якія жанчыны тады прайшлі праз Васілёвы рукі!.. І не толькі камсамолкі, дарэчы. Ён прыгадаў буржуазку, якая ўзімку 1920-га прыйшла да яго як да прадстаўніка ўлады – прасіць дапамогі ў дастаўцы дроваў, бо дома замярзае старая маці, а пасля рэквізіцый яны не могуць нічым аплаціць. Яна хуталася ў нейкі варты жалю танкаваты палітончык, але Васіль пабачыў вялікія шырока раскрытыя вочы, тонкія рысы тварыку, залацістыя кудзеркі, якія звешваліся з-пад хусткі, – і зразумеў, што проста так ён яе не адпусціць… І яму пляваць было, што яна пад ім ляжала быццам бервяно і з ціхай нянавісцю і пагардай глядзела яму ў твар.
Дроваў Васілю было не шкада – гэта ж усё цяпер народнае, а ён прадстаўнік народнай улады. Але за гэты зненавідны позірк ён выпісаў дзяўчыне толькі палову ад таго, што яна прасіла.
Праўда, такая вольніца цягнулася нейкія пару гадоў пасля рэвалюцыі – пакуль ішла вайна ды наладжваўся побыт. А потым усе размовы пра абагульненне жанчын, свабоднае каханне ды іншыя падобныя рэчы неяк спыніліся. Улады загаварылі пра тое, што жанчыны павінны быць нароўні з мужчынамі. А калі жанчыны будуць нароўні, дзе ж тут абагульненне?
Нежанаты Кашэль быў яшчэ прывабны для жанчын, але разумеў, што цяпер у ім кабет найбольш цікавіць статус халасцяка, які яны хацелі б змяніць. Статус ды яшчэ пасада пры дзяржаўным пайку, які ён мае.
Сам жа Васіль заводзіць жонку не хацеў, палюбоўніцы ад яго адпадалі, як толькі разумелі, што жаніцца ён не будзе. Таму ўсё часцей і часцей завітваў ён на вуліцу Падгорную, дзе ажно ў некалькіх вясёлых дамах можна было гарантаваць сабе жанчыну на ноч.
Зрэшты, карыстаўся Кашэль не толькі грашыма, але і ўладай. Праўда, загадаць упадабанай кабеце задраць спадніцу ён не мог, але мог намякнуць, што шлях да павышэння акладу і ўсялякіх іншых матэрыяльных дабротаў скарачаецца праз яго ложак. Часам гэта давала плён, але ўзрост браў сваё, і Васіль адчуваў, што яго стаўкі сярод жаночага полу пачынаюць зніжацца.
Асабліва востра адчуў ён гэта пасля непрыемнага выпадку з адной з машыністак, якой абяцаў дапамагчы з пераменай працы – дакляраваў ёй пасаду сакратаркі ў гаркаме. На спосаб аплаты яна пагадзілася, нервова хіхікаючы і чырванеючы. Сам Васіль тады хадзіў задаволены – аж да таго часу, пакуль справа не дайшла ўласна да ложка… Ці то ў той дзень ён перабраў з алкаголем, ці то з якой іншай прычыны, але Кашэль асароміўся і скарыстацца сваім дабром у тую ноч не змог. Ён пачаў нервавацца, псіхаваць, і ўсю сваю злосць выплюхнуў на дзяўчыну – збіў яе да сінякоў і выкінуў за дзверы…
Натуральна, новую пасаду яна не атрымала, а неўзабаве і ўвогуле звольнілася ды некуды з'ехала.
Пасля гэтага канфузу яго ўвага пераключылася з маладых дзевак на жанчын пасля трыццаці гадоў. Васіль разлічыў, што гэтыя павінны ж разумець, што да іх набліжаецца старасць, таму будуць радыя ўсялякай мужчынскай увазе.
Тут яму на вока і трапілася Валянціна Мачуга – наравістая, незалежная і ўсё яшчэ прыгожая. Шукаючы ключыкі да гэтай жанчыны, Кашэль схадзіў паслухаць яе выступы на жаночым савеце. Прамовы пра вызваленне жанчын з сямейнага рабства і паслядоўную манагамію яму спадабаліся. Пасля адной з такіх лекцый ён паклікаў Валянціну ўбок і прапанаваў заняць бліжэйшае месца ў ейнай паслядоўнасці. Тым болей, што ён усё ж такі чалавек больш салідны і надзейны, чым гэты музейшчык Хлюдзінскі, з якім яна цяпер звязалася…
Валянціна рассмяялася, махнула рукой – маўляў, жарты ў цябе. Потым яна пайшла да сябровак, так спакушальна пагойдваючы клубамі, што Васіль нервова зглынуў нечакана горкую сліну і кінуў услед:
– Але ты згарача не кажы, падумай спярша!
Вось тут яна і сказала гучна, амаль не павярнуўшыся ў яго бок:
– Ад такога пеўня толку мала: уся сіла ў шпоры пайшла, а вышэй не ўзнялася!
Жанчыны, якія чакалі заканчэння іхнай размовы, выбухнулі рогатам, а бурачковы ад збянтэжанасці Кашэль вомільгам уцёк.
У той вечар ён піў у нейкіх замызганых кабаках, а потым пацягнуўся на Падгорную – калі не ўдалося зацягнуць да сябе ў ложак Валянціну, то ён пойдзе і купіць сабе каханне. Ён ім усім пакажа! Ён дакажа, што яшчэ дасць рады з жанчынай!
Але прырода злосна пакпіла з раздражнёнага Васіля, і ўсе намаганні прастытуткі зрабіць сваю працу выявіліся марнымі: гадзіннік мужчынскай годнасці кліента ўпарта паказваў палову шостай… Ідучы на наступны дзень каля Падгорнай, Кашэль зноў пабачыў гэтую прастытутку – з падведзенымі вачыма, з падчырвоненымі шчокамі, яна пасміхнулася і гулліва спыталася:
– Мужчына, а сёння зойдзеце? Ці ў вас зноў настрою няма, як і ўчора?
Гэтае пытанне быццам сарвала нейкую нябачную пячатку ў глыбіні Васілёвай душы. Лютасць затапіла яго, лютасць і нянавісць да тых, хто насмельваецца пасміхацца з ягоных мужчынскіх няўдач. Гукі навокал нібыта сціхлі і ледзь прабіваліся да яго, толькі цяжкое тахканне сэрца раздавалася ў вушах, у мозгу, адбівалася ў дрыготкіх пальцах.
Кашэль сам не заўважыў, як у руцэ апынуўся нож. І калі ягоная крыўдзіцелька без гуку асела на зямлю, ён яшчэ некалькі імгненняў нерухома стаяў над целам, слухаючы, як паступова цішэе басавітае тахканне і пачынаюць з'яўляцца іншыя гукі: недзе рытмічна рыпіць воз, на чыімсьці двары сакочуць куры, дзесьці раздаўся сіпаты заводскі гудок…
Васіль азірнуўся і зразумеў, што яму нечакана пашанцавала: на вуліцы было пуста. Ён паспеў сысці на іншую вуліцу, пакуль цела Рыўкі Гольдберг знайшлі мінакі.
Але цяпер ён адчуваў, што павінен разлічыцца і з наравістай Валянцінай, іначай будзе адчуваць сябе нікчэмнасцю, з якой можа смяяцца нават баба. У адным горадзе з ёй Васіль ніколі не будзе пачувацца спакойна, а гэта значыць, што яго зноў будуць чакаць непрыемнасці ў ложку.
Значыць, Валянціну чакае тое ж, што і гэтую прасталытку. Кропка.
12 чэрвеня 1926 года, субота, дзень (заканчэнне)
…Простая мужчынская сварка ці нават бойка за жанчыну Кашаля не палохала – хіба ж першы раз яму з такім сутыкацца?.. Але пагроза выкрыцця – вось што было насамрэч страшна. У руках Мачугі апынулася не толькі яго рэпутацыя, але і дабрабыт, і далейшы лёс. А за такія сур'ёзныя рэчы Кашэль быў гатовы біцца люта, неміласэрна, насмерць. Ён перахапіў нож лаўчэй і пачаў абыходзіць праціўніка, цікуючы найбольш зручны момант для нападу. Аднак Канстанцін таксама не збіраўся лёгка здавацца. І хаця ў яго руках не апынулася ніякай зброі, Кашэль разумеў, што тут яго чакае не такая лёгкая перамога, як у выпадку з дзвюма забітымі жанчынамі.
Ён зрабіў рэзкі выпад нажом наперад, ад якога Мачуга ледзь паспеў ухіліцца: лязо толькі раскроіла талстоўку. Канстанцін паспрабаваў ударыць па руцэ, каб выбіць небяспечную зброю, але і яго ўдар не дасягнуў мэты.
У адказ Васіль махнуў нагой і пацэліў мыском акурат у калена праціўніка. Ад нечаканага пранізлівага болю Канстанцін асунуўся на зямлю: нага перастала трымаць яго цела. Рукамі ён стаў перабіраць па мокрай слізкай траве, каб адпаўзці і паспрабаваць падняцца. Нападнік навіс над Мачугам, быццам коршун над мышшу, і радасць пераможцы прамільгнула на ягоным твары.
У гэты момант грымнуў стрэл, і вопратка Кашаля стала імкліва набрыньваць чырвоным колерам.
З хмызняку выйшаў Чарноцкі ў саламяным капелюшы, які раней дапамагаў яму хаваць твар, калі давялося граць ролю фурмана. У руцэ ён напагатове трымаў наган – для яшчэ аднаго стрэлу. Аднак неабходнасці ў гэтым не было: Кашэль ужо не ўяўляў небяспекі, нож вываліўся з яго рукі.
Канстанцін падпоўз да падстрэленага ворага – той цяжка хрыпеў, чырвоная пена стала збірацца ў левым кутку вуснаў.
– Чуеш, ты? – Мачуга патрэс яго за плячо. – Мы цябе адвязем да лекара, жыць будзеш. Але спярша скажы, за што забіў маю жонку! Як толькі скажаш, так адразу і павязем…
У вачах Кашаля роспач змянілася няўпэўненым пробліскам надзеі: ён і хацеў, і баяўся верыць у пачутае. А Мачуга працягваў яго церабіць:
– Брычка тут недалёка, да горада хутка даедзем. Але ты павінен спярша прызнацца! Іначай кінем цябе паміраць тут.
Думкі ў параненага блыталіся, але ён адчуваў рэўнасць Мачугі, таму вырашыў супакоіць яго.
– Пакрыўдзіла яна мяне, – кожнае слова давалася Кашалю цяжка, у горле яго штосьці свісцела пры ўдыхах. – Не дала… Нават Хлюдзінскаму дала… А мяне абсмяяла пры ўсіх… Не мог я дараваць…
Клацнуў курок нагана, і Чарноцкі яшчэ раз стрэліў, гэтым разам – у скронь параненага. На нямое пытанне Мачугі ён паціснуў плячыма:
– Мы ж не збіраліся яго ратаваць, так?
Падняў з зямлі нож, які выраніў Кашэль, і, пакруціўшы яго ў руках, задуменна вымавіў: «Цікавая штука». Пасля гэтага нож апынуўся ў кішэні яго някідкай шэрай марынаркі.
Чарноцкі дапамог Мачугу падняцца і запытаўся, ці можа той ісці сам. Канстанцін паспрабаваў: хадзіць было складана, але можна.
– Значыць, каленная чашачка на месцы, – з задавальненнем рэзюмаваў Чарноцкі. – Інвалідам не будзеш.
Ухутаўшы нейкім рыззём цела, у якім яшчэ нядаўна без аніякіх праблемаў ужываліся Васіль Кашэль і агент АДПУ «Бландзінка», Чарноцкі закінуў яго ў брычку, пакінутую непадалёк, і паехаў у бок Дняпра. Дождж змые сляды на траве, а дняпроўская вада знясе ў невараць цела нягодніка…
У горад вярталіся моўчкі.
15 чэрвеня 1926 года, аўторак, дзень
Васільчук вальяжна разваліўся на крэсле ў сваім кабінеце, закінуўшы нагу на нагу. У яго душы трыўмфальна граў палкавы аркестр: барабаны задавалі маршавы рытм, басавіта гулі трамбоны, на высокіх нотах ім падпявалі трубы… Звон медзі і рэзкі барабанны грукат.
Акрамя яго ў кабінеце былі яшчэ два чалавекі, і абодва яны стаялі. Адзін стаяў насупраць следчага – і гэта быў арыштаваны. Другі стаяў каля дзвярэй – вартаваў першага і быў гатовы выканаць загады Васільчука.
Следчы пераможна глянуў на чалавека, які стаяў насупраць яго. Той быў бледны, але рашучы. Вусны ў чалавека сцяліся ў адну вузкую шчыліну – хіба толькі лязо і пройдзе. Іх падзяляў стол, але падавалася, што паміж следчым і падследным бездань, праз якую немагчыма ні падаць рукі, ні нават зразумець адзін аднаго.
– Ведаеце, Чарноцкі, з вашага боку было б больш разумна прызнацца ў відавочным, – у голасе Васільчука можна было лёгка пачуць шкадаванне, што яго апанент не хоча зрабіць самы правільны крок. – Вас злавілі з несумненнымі доказамі вашай віны, і калі вы не пачняце супрацоўнічаць са следствам, суд улічыць гэта як абцяжарвальную акалічнасць.
Арыштаваны маўчаў, па-ранейшаму гледзячы ў твар следчаму.
– Па-першае, вы вялі антысавецкую дзейнасць, скіраваную на стварэнне раскольніцкай фракцыі ў нашай партыі. Вас і кур'ера затрымалі з адпаведнымі дакументамі… Па-другое, у вас знайшлі халодную зброю, у якой судовы медык апазнаў прыладу забойства Рывы Гольдберг і Валянціны Мачугі. З улікам вашай антыпартыйнай дзейнасці забойства старшыні жаночага савета таварыша Мачугі можна без сумневу лічыць актам палітычнага бандытызму.
Чарноцкі не казаў ні слова, таму Васільчук пасля кароткай паўзы працягнуў пералік абвінаваўчых доказаў:
– Літаральна ўчора за 30 кіламетраў уніз па Дняпры быў вылаўлены труп інструктара гаркама таварыша Васіля Кашаля. Як выявілася, таварыш Кашэль не патануў, а быў застрэлены. У яго целе знайшлі дзве кулі. Эксперт-балістык заяўляе, што абедзве былі выпушчаныя з рэвальвера сістэмы «наган», канфіскаванага ў вас дома падчас ператрусу. Так што гэта ўзмацняе вашу адказнасць перад працоўным народам…
Васільчук памаўчаў, даючы падследнаму належным чынам ацаніць аргументы абвінавачання.
– Але ж вы, таварыш Чарноцкі, маеце заслугі перад нашай пралетарскай рэвалюцыяй, вы пралівалі за яе кроў у грамадзянскую вайну, так? Я думаю, наш гуманны суд улічыць, што вы троху заблыталіся ў палітычнай неразбярысе, калі вы надумаеце шчыра пакаяцца і расказаць пра ўсе свае злачынныя сувязі і неабдуманыя ўчынкі.
Арыштаваны кінуў грэблівы позірк:
– Шкада, што ты мне на фронце не трапіўся – мы б з табой іначай там пагаварылі…
Пасля гэтага Чарноцкі замаўчаў. Ён ні слова не казаў, калі яго білі – часам толькі мычаў або енчыў ад болю. Гэтак жа маўкліва ён выслухаў прысуд: «Ужыць найвышэйшую меру сацыяльнай абароны – расстрэл».
Адзіную фразу ён выкрыкнуў перад смерцю, і яна вельмі збянтэжыла расстрэльную каманду – тыя яшчэ не прызвычаіліся забіваць людзей, якія крычаць: «Няхай жыве Савецкая ўлада і пралетарская рэвалюцыя!».
Мачуга, Ляўчэня і Іцкін за антысавецкую дзейнасць былі асуджаныя на 10 гадоў у лагеры на Салаўках. Доказаў іх прыналежнасці да забойстваў не знайшлося.
Пасляслоўе
У гэтым творы дзейнічаюць як рэальныя персанажы, так і выдуманыя. Сярод рэальных пераважную бальшыню складаюць удзельнікі аршанскай філіі «Маладняка», працытаваныя вершы належаць рэальным аўтарам. Мне б хацелася верыць, што ўдалося больш-менш рэальна адлюстраваць тое, што адбывалася сярод аршанскіх маладнякоўцаў, але я не прэтэндую на поўную гістарычную дакладнасць.
Адзіным выняткам сярод маладнякоўцаў стаўся выдуманы персанаж Гарбылоўскі, якому аўтар прыпісаў чужыя вершы. Рэальны аўтар у тых вершаў ёсць, але гэта тэма бадай што для даследчыкаў літаратуры.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.