Электронная библиотека » Зміцер Дзядзенка » » онлайн чтение - страница 4


  • Текст добавлен: 1 ноября 2018, 12:40


Автор книги: Зміцер Дзядзенка


Жанр: Зарубежные детективы, Зарубежная литература


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 9 страниц)

Шрифт:
- 100% +

14 траўня 1926 года, пятніца, вечар

Канстанцін Мачуга цвёрда ведаў, хто вінаваты ў смерці ягонай жонкі – гэты брандахлыст Хлюдзінскі. Не зблыталася б Валянціна з ім, то яшчэ была б жывая, і, магчыма, усё б у іх наладзілася не горш, як у іншых. Звекавалі б век, як людзі…

Калі б Хлюдзінскі трапіўся яму на вочы ў першыя гадзіны або нават першы дзень пасля забойства Валянціны – не жыць бы яму. Не здрыганулася б рука былога чырвонага камандзіра! Не адвык ён яшчэ трымаць пісталет і прыцэльна страляць.

Але не трапіўся Хлюдзінскі на вочы Мачугу, пашанцавала акулярніку-інтэлігенціку.

Канстанцін правёў апошнія дні ў нейкім цьмяным тумане: распытвалі яго следчыя – ён ім штосьці адказваў, нешта казалі яму калегі на працы – альбо мармытаў, не ўдумваючыся ў сэнс сказанага, альбо проста паціскаў плячыма.

Напярэдадні, у чацвер увечары, з морга аддалі цела Валянціны – цела чужой, незнаёмай яму нават з выгляду жанчыны. Васкова-белая скура шчыльна аблягала твар, быццам была налепленая адразу на косткі – без усялякіх цягліцаў або тлушчу.

Канстанцін хацеў сказаць, што тут усё наблыталі і што гэта не яго жонка. Але яго спыніў чыйсьці халодны голас унутры: «Не, нічога не наблыталі. Ты і сам гэта ведаеш, але не хочаш паверыць». Голас быў вельмі знаёмы, але Мачуга не мог апазнаць чый. Міхаіла Фрунзэ, разам з якім ён на браневіку ўязджаў у Менск, каб узняць над горадам чырвоны сцяг? Ці іншага Міхаіла – камандарма Тухачэўскага, пад чыім камандаваннем ён ішоў супраць брацішак-матросаў у Кранштаце? Камандзірскі голас быў, камандзірскі… «Збярыся! Што ты смаркачы развесіў, разнюніўся? Ты чырвоны камандзір ці паненка салонная?» – голас набрыняў сталёвай цвёрдасцю.

Толькі праз некалькі хвілінаў Мачуга зразумеў, што голас, які гучыць усярэдзіне, не належыць ніводнаму з яго камандзіраў – гэта яго ўласны голас, не чужыя, а ягоныя ж інтанацыі. І гэтае ўсведамленне нібы дало яму другое дыханне, так добра знаёмае бегунам-спартоўцам.

…Валянціну хавалі ў пятніцу.

На пахаванні Мачуга быў сабраны і засяроджаны, папярэдняя бяссонная ноч залегла шызаватым ценем пад вачыма, востра прарэзала складкі каля носа. Ён моўчкі слухаў старшыню акружнога камітэта КПБ таварыша Стасевіча, што расказваў, якога цудоўнага таварыша і паплечніка ў барацьбе за светлую будучыню ўсяго чалавецтва мы страцілі ў гэты складаны час. Партыйны кіраўнік запэўніў, што светлая памяць пра таварыша Валянціну Мачугу ніколі не пакіне нашыя сэрцы. І ворагі, якія вырвалі яе з нашых савецкіх шэрагаў, жорстка пралічыліся, калі разлічвалі, што гэтая цяжкая страта спыніць наш нястомны поступ да камунізму, – прагрэсіўныя грамадзяне нашай радзімы стануць шчыльней плячом да пляча, каб набліжаць нашу светлую будучыню. І ў гэтай будучыні, завяршыў сваю палымяную прамову Стасевіч, светлай зоркай будзе ззяць імя таварыша Валянціны Мачугі.

Потым выступалі кіраўнік акруговага выканкама Амбражунас, і загадчыца жаночага аддзела акругкама КПБ Захарава, і старшыня акруговага прафсавета Келер. І ўсе яны так ці іначай паўтаралі сказанае Стасевічам: пра шэрагі, з якіх вырвалі нашага таварыша, пра светлую будучыню і пра тое, як пралічыліся ворагі нашай роднай савецкай улады.

Мачуга ўслухоўваўся ў гэтыя словы, пры кожным выступе даючы сабе маўклівую клятву выкрыць забойцу Валянціны і адпомсціць яму. Гэта быў ужо не той гарачкавы намер, які пагражаў жыццю Хлюдзінскага тры дні таму, – гэта была халодная разважлівасць камандзіра, які рыхтуе свой полк да атакі. І менавіта гэты халодны цвярозы разлік спыніў Канстанціна ў той момант, калі ў задніх шэрагах, за самымі дальнімі спінамі ён заўважыў зненавідную постаць канкурэнта, які атруціў яму жыццё і растаптаў яго сям'ю.

Мачуга хацеў кінуцца праз натоўп, раскідваючы тых, хто трапіцца на дарозе. Дабрацца і ўчапіцца ў горла абедзвюма рукамі. Аж пакуль абмяклае здушанае цела не здрыганецца апошні раз і не сціхне канчаткова… Але голас усярэдзіне яго строга скамандаваў: спыніся! Не цяпер, не цяпер – будзе яшчэ магчымасць.

Увечары ён перабіраў у памяці ўсе падзеі гэтага доўгага і складанага дня, быццам перакатваў у пальцах каштаны. І пакрысе ўнутры Мачугі праясняўся, крышталізаваўся намер вывесці на чыстую ваду гэтага брандахлыста і пустабрэха Хлюдзінскага. Як гэта зрабіць, Канстанцін яшчэ дакладна не ўяўляў, таму перш-наперш вырашыў пачаць сачыць за чалавекам, вінаватым у смерці яго жонкі.

26 траўня 1926 года, серада, дзень

Васільчук сядзеў у сваім кабінеце і пракручваў у галаве думкі. Следства па справе Валянціны Мачугі зайшло ў тупік: нейкія колцы ў ім пракручваліся ўхаластую, не даючы ўсяму механізму рухацца наперад. Ужо некалькі дзён ён не мог паведаміць начальству пра нейкі прарыў у расследаванні, і гэта нервавала і бянтэжыла следчага.

Нікога з падазроных Васільчук па-ранейшаму быў не ў стане абвінаваціць з канкрэтнымі доказамі, і гэта таксама не дадавала яму спакою. І Хлюдзінскі, і Мачуга заставаліся для следства ў роўнай ступені падазронымі. Да таго ж быў яшчэ той самы невядомы, чыю магчымасць следчы таксама пакуль не мог адпрэчыць.

У выніку яму давялося пачаць расследаванне ледзь не ад самага пачатку, каб пабачыць, ці не было прапушчана чаго-небудзь.

Васільчук нанова вывучыў пратаколы з месцаў забойства Валянціны Мачугі і Рывы Гольдберг, а таксама перагарнуў вынікі судовых экспертызаў. Са шкадаваннем у чарговы раз ён адзначыў, што падстаў для таго, каб расследаваць гэтыя справы асобна, усё ж такі няма. Судовы медык прыходзіў да высновы, што і адну, і другую жанчыну зарэзаў чалавек росту каля 180 см, фізічна моцны, бо яму хапіла аднаго ўдару. Хутчэй за ўсё гэта быў мужчына.

Звярталі на сябе ўвагу і самі раны, нанесеныя абедзвюм жанчынам. Судовы медык адзначаў, што абедзве яны былі забітыя ідэнтычнай зброяй вельмі спецыфічнага выгляду. Кожны раз смяротны ўдар быў нанесены, без усялякага сумневу, адзін раз. Але пры гэтым рана атрымоўвалася шырокая, з нераўнамернымі краямі, быццам яе рабілі некалькі лёзаў адразу. Як меркаваў эксперт, гэткі вынік магло б даць лязо хвалістай формы, кожны «пялёстак» якога крыху разведзены ўбок ад астатніх – прыкладна як зубы пілы.

Прылада забойства не была знойдзеная на месцы злачынства. Ператрусы, праведзеныя ў дамах Мачугі і Хлюдзінскага, таксама не далі плёну. Абодва мужчыны на допытах не прызналіся ў знаёмстве з такой зброяй і ўвогуле выглядалі вельмі здзіўленымі – тут Васільчук давяраў сваёй інтуіцыі: знарок такое здзіўленне не разыграеш…

Што яшчэ мае следства?

Удары былі нанесеныя знянацку, калі ахвяры не былі гатовыя да нападу. З гэтага вынікае, што нападнік быў добра знаёмы з ахвярамі – такую выснову Васільчук зрабіў, падумаўшы пра Валянціну Мачугу. З увагі на занятак Рывы Гольдберг прыпушчэнне выглядала занадта бедным: прастытутка магла ведаць розных тыпаў, у тым ліку і небяспечных злачынцаў – гарадское дно стракаціць персанажамі, якія засталіся ў спадчыну ад царскага рэжыму.

Звестак гэтых было надзвычай мала, пагатоў – сведкаў ніводнага з забойстваў выявіць так і не ўдалося. А высокіх мужчын, здатных адным ударам зарэзаць безабаронную жанчыну, у горадзе было столькі, што хоць ты праводзь павальныя арышты. Але арыштны дом не змесціць столькі затрыманых… І Васільчук узяўся спярша апытваць сябровак забітай Гольдберг, ці не віліся вакол яе апошнім часам якія-небудзь цёмныя асобы. Рыўкіны прыяцелькі ўсе ў адзін голас казалі, што нікога надзвычайнага каля яе не было, грошай яна зарабляць больш не стала, пастаяннага мужчыны каля яе таксама ніхто не заўважаў. Шукаць жа ўсіх тых, хто карыстаўся паслугамі прастытуткі, як разумеў следчы, было дарэмна – гэты след вёў у нікуды.

Апошняй надзеяй Васільчука былі фатаграфіі Мачугі і Хлюдзінскага, якія ён паказваў сяброўкам Гольдберг: ці не пазнае каторая з іх аднаго ці другога мужчыну на здымках? Аднак спадзевы гэтыя былі марныя, бо каляжанкі пацвярджалі, што мужчыны на фатаграфіях выглядаюць добра, і яны б такіх мужчын абавязкова запомнілі б, калі б тыя з'явіліся каля Рыўкі, бо адразу відаць, што такі мужчына не пакрыўдзіць ні ў чым, і павесяліць умее…

Змарнаваўшы два дні на апытанні сябровак забітай грамадзянкі Гольдберг, Васільчук пераключыўся на тых, хто быў больш ці менш блізка знаёмы з Валянцінай Мачугай – гэтая лінія следства падавалася яму больш перспектыўнай. І цяпер па другі бок стала перад ім сядзела Стэфанія Марчанка – маладзіца, у якой Канстанцін Мачуга з лёгкасцю апазнаў бы кірпатую госцю, якую бачыў у сваёй жонкі падчас яе жаночых сходаў.

Зрэшты, Васільчук звярнуў увагу найперш не на кірпаты нос, а на заўважныя пругкія грудзі маладой жанчыны. Менавіта яны раз-пораз мімаволі прыцягвалі магнітам яго позірк – яны так спакусліва пакалыхваліся, калі яна пачынала жэстыкуляваць.

Стэфанія троху бянтэжылася важнай установы, у якую яе запрасілі, але разам з тым адчувала пэўны гонар: яе паклікалі, каб яна дапамагла расследаваць важную справу – забойства. Савецкая ўлада спадзяецца на яе дапамогу, і яна, Стэфанія, павінна дапамагчы роднай уладзе чым можа.

Ну, што яна можа сказаць пра забітую Валянціну Мачугу… Добрая была жанчына, душэўная, вясёлая, сапраўдны пралетарскі таварыш.

Васільчук перапыніў хваласпевы:

– А скажы, Стэфанія, ты ж нярэдка заходзіла да Валянціны ў госці, так? Пра што вы там размаўлялі? Муж ейны кажа, што гаворкі ў вас там былі пра свабоднае каханне ды яшчэ нешта такое…

І рука следчага з растапыранымі пальцамі пакруцілася ў паветры, імкнучыся паказаць «нешта такое»: рука пайшла ўверх, там быццам бы нешта захапіла і потым паспрабавала абнесці гэтае захопленае вакол самой сябе.

Маладзіца зачырванелася:

– Ды не! Ну што вы! Скажаце ж… Валянціна нам казала, што новае грамадства павінна выпрацаваць новую рэвалюцыйную мараль. У новым грамадстве жанчына не павінна быць рабыняй мужчыны, а з'яўляецца яго паўнавартасным таварышам і мае такія ж самыя правы на ўсё, як і мужчына. Яна, Валянціна, чытала нам артыкулы таварыша Аляксандры Калантай, якая піша аб ролі жанчыны ў новым сацыялістычным грамадстве, і ў гэтых артыкулах…

– Вось ты кажаш – «новая мараль», – перапыніў яе следчы. – А старую што, зусім адкінуць? Гэта значыць, што жанчына цяпер будзе спаць з кожным, з кім захоча, так?

Запытальны позірк свідраваў маладую жанчыну, спускаючыся з вачэй на грудзі і зноў падымаючыся да ўзроўню вачэй. Сам Васільчук адчуў, як апякло яго знутры гэтае раптоўнае ўяўленне. Аднак следчы стрымаўся: найперш праца, а ўсялякія вольнасці нікуды не ўцякуць.

– Ды што вы! – абурылася яна. – Ні пра якую распусту гаворкі ў нас не ішло. А вось казалі мы, што жанчына таксама мае права выбіраць сабе спадарожніка па жыцці. І мяняць яго мае права, калі адчуе такую неабходнасць… А не заставацца прывязанай да кухні і абрыдлага мужа, які не дае ёй развівацца, а толькі становіцца кайданамі, якія трымаюць яе на адным месцы ў старым, прагнілым побыце.

Пабочны назіральнік адчуў бы ў аргументах Стэфаніі не столькі асабіста перажытыя думкі і ўспрынятыя перакананні, колькі гладкія фармулёўкі чужых думак. Аднак Васільчук дыскутаваць з маладзіцай і шукаць слабыя месцы ў яе аргументацыі не збіраўся – яго задачай было расхваляваць яе, разгаварыць так, каб яна менш кантралявала свае размовы. Акурат тады, чакаў ён, Стэфанія і можа распавесці дэталі, якія могуць даць далейшы штуршок следству.

– Гэта значыць, – цягнуў следчы, – што жанчына можа кінуць мужа і пайсці да іншага? Як, напрыклад, сама Валянціна Мачуга, так? Пажыла з адным, потым пайшла да другога… А там, глядзіш, і трэці на даляглядзе намалюецца, і чацвёрты. Дык і іх жа можна сумяшчаць: спаць адну ноч з адным, другую – з другім, трэцюю – яшчэ з іншым, а потым вяртацца да першага…

– Дарма вы, таварыш следчы, так пра Валянціну кажаце! І не таму, што пра мёртвых нядобра так казаць… Проста яна не такая была, яна шчырая была. І не заводзіла шашні з трэцім-чацвёртым. А пра мужа яна казала – думала сыходзіць ад яго да гэтага свайго Антона. І мужа папярэдзіла пра тое…

– Дакладна толькі адзін Антон быў, Хлюдзінскі? – перапыніў Васільчук. – Ніхто больш халяўкі да яе не смаліў?

– Ну, можа, хто і спрабаваў улягаць, але яна нікому сімпатый не выказвала, – троху сумелася Стэфанія. – Яна ж была яшчэ не старая, прыгожая… Дый да ўлады блізка. Сама казала, што некаторыя мужчыны хінуцца ці то да яе, ці то да ўлады.

Стэфанія хіхікнула, сарамяжліва прыкрыўшы рот рукой. Падумаўшы, дадала:

– Яна казала нам, што ў будучым грамадстве запануе паслядоўная манагамія: муж і жонка будуць жыць разам, пакуль хтосьці з іх не адчуе неабходнасці сысці, рухацца далей. А для гэтага трэба быць сумленным з чалавекам, з якім ты жывеш. Бо як гэта можна – усё жыццё правесці ў хлусні?

– А шмат было тых, хто хінуўся ці то да яе, ці то да ўлады? – асцярожна запытаўся Васільчук. – Яна імёны іх не называла?

Ні імёнаў, ні колькасці гэтых мужчын Стэфанія, на жаль, не ведала.

Калі маладзіца выходзіла з кабінета, следчы чэпкім позіркам яшчэ раз абмацаў яе ладную фігуру, думаючы, што і зад ён бы аблапаў не з меншай ахвотай, чым пышныя грудзі.

28 траўня 1926 года, пятніца, дзень

Ад самай раніцы Лідачка Бурцава была шчаслівая. Ды што там «ад раніцы» – яна такая шчаслівая хадзіла апошнія дні! І было з чаго радавацца, бо ейны Косцік ужо не раз заставаўся ў яе начаваць.

Ды хіба толькі начаваць?..

Не, начаваць – гэта, вядома, важна: і асалода, і для здароўя карысна, кажуць.

Лідачка згадала папярэднюю ноч і злёгку пачырванела. Мачуга завітаў да яе позна, на дварэ ўжо стаяла густая цемрадзь. Пасля таго, першага разу ён больш ніколі не прыходзіў п'яным, і гэта Лідачку вельмі цешыла.

Вось і цяпер цвярозы, чыста паголены стаяў ён у дзвярах, не спяшаючыся зайсці. Погляд Канстанціна быццам абмацваў усю Лідачкіну постаць, і яна адчувала яго на сабе так, быццам не было на ёй ні сукенкі, ні бялізны: ні вузенькай ніжняй спадніцы, якая шчыльна абдымала ногі, ні кароткіх шаўковых панталончыкаў… Спрагнёны быў гэты позірк, ненаедны.

І потым, калі ўжо ў цемры яны былі на ложку, Лідачка ўсё яшчэ адчувала гэты погляд, быццам бачыла ў змроку гэтыя чорныя вочы. І мужчынскія рукі, якія лашчылі яе цела, былі толькі ўвасабленнем, фізічным працягам таго ненатоленага позірку.

Вочы, толькі вочы, поўныя палкай пажадлівасці, бачыла Лідачка, і гублялася ў іх глыбіні. Гэты позірк браў над ёй уладу, заварожваў яе. І таму яна пакорліва працягнула рукі, калі Мачуга стаў іх звязваць ейным жа ядвабным шалем: вось яна я, уся твая! Рабі са мной што хочаш – звязвай, пераварочвай, чапляйся кіпцямі ў мае бакі і жывот… Толькі не выпускай мяне з-пад улады гэтага спрагнёнага позірку, не дазваляй спыніцца гэтаму чарадзейству… І яе звязаныя рукі шалёна тузаліся, бездапаможна чапляліся адна за адну, а потым за прасціну і падушку. Гэтыя рукі намагаліся вырвацца, а потым сутаргава выцягваліся і бязвольна ападалі.

Мука? Цярпенне?

Не-е-е! Так назваць гэта мог бы толькі той, хто ніколі не адчуваў усю асалоду гэтага дзейства. І гэтую асалоду падарыў ён – ейны Косцік, Костачка…

Але гэта ўсё справы начныя, інтымныя, не для ўсіх. А сёння ўвечары Лідачка ідзе ў кіно разам са сваім кавалерам. Яна ўжо ведае, што паказваць будуць фільм «Кобра» з прыгажуном Рудольфам Валянціна.

Яна таксама будзе прыгожай. Вядома, для поўнай адпаведнасці вобразу жанчыны-вамп ёй бы варта быць пякучай брунеткай, а гэты руды колер валасоў надае ёй нейкую легкадумнасць. Ну хіба стануць мужчыны траціць прытомнасць і падаць да ног рудой кабеты? Толькі да ног брунеткі!..

Таму Лідачцы давядзецца самой удасканальваць тое, што не дадумала прырода.

Найперш, вядома, валасы. Акурат учора яна наведала цырульню і зрабіла сабе «новую галаву»: замест ранейшых кудзерак цяпер валасы ў яе былі ўкладзеныя прыгожымі хвалямі. Цырульніца падчас стрыжкі прыгаворвала, што хлопчыкавая фрызура пасуе не ўсім, але менавіта ёй, Лідачцы, – нават вельмі і вельмі. («А-ля гарсон», – паправіла Лідачка неабазнаную цырульніцу з унутраным пачуццём перавагі, але ўслых гэтага не вымавіла.)

Вусны пазначаныя насычанай густа-вішнёвай памадай. Апошнім штрыхом стане вось гэтае акуратнае маленькае сардэчка пасярод верхняй губы.

Цяпер – вочы. Тут спатрэбяцца цёмныя цені і густая чорная падводка: сучасная жанчына павінна выглядаць загадкава, таямніча і крыху трагічна. Ну, прыкладна так, як выглядаюць на кінаэкране жанчыны-вамп.

Лідачка паглядзелася ў люстэрка, дастала пудраніцу і нанесла густы белы слой на ружовыя шчокі. Вось цяпер усё правільна – вобраз атрымаўся нервовы, рэзкі, злёгку гістэрычны. Цяпер яшчэ дапоўніць гэта невялічкім капялюшыкам-клош у выглядзе званочка – і вуаля!

Жанчына агледзела сябе ў люстра: сукенка светлага персікавага колеру, нядоўгая – да каленяў, і доўгая нітка пацерак. Не проста прыгажуня, а прыгажуня з густам, якая добра разбіраецца ў модзе.

Яна павінна падабацца Косціку, каб ён заўважаў толькі яе, каб ніводная з навакольных драпежніц не наклала лапу на яе мужчыну, пакуль ён часова страціў арыенціры ў жыцці пасля жончынай смерці…

Праўда, апошнія вечары ён прыходзіць позна, калі даўно ўжо цёмна на дварэ, хоць вока выкалі. Кажа, што вельмі пільныя справы. Але гэта не жанчына – у гэтым Лідачка ўпэўненая: ні жаночага воласа не знайшла, ні чужога жаночага водару яна на Косціку не адчула ні разу. Так што тут – нешта іншае. Напэўна, нешта з працай звязанае…

Галоўнае, што цяпер ён кожную ноч прыходзіць да яе. Ну і якая розніца, што позна? Ён не карова, каб яго да цёмнага часу ў хлеў заганяць. Мужчына павінен мець справу, а дома трэба, каб яго чакалі спакой і пяшчота.

А сёння ён паабяцаў разам пайсці ў кіно. Сказаў, што можна даць сабе адзін вечар на адпачынак. Лідачка ўзрадавалася, стала скакаць і ляскаць у ладкі. А калі на Косцікавым твары з'явілася ўсмешка ад такой дзіцячай непасрэднасці, то яна, Лідачка, падскочыла да яго і пацалавала – моцна-моцна…

Лідачка ўздыхнула: цяжка гэта – давесці мужчыну да патрэбнай кандыцыі, каб ён сам пастаянна праяўляў ініцыятыву… Але тут яна яму паслабкі не дасць – на тое яна і жанчына!

28 траўня, пятніца, вечар

Невялікі сшытак, на вокладцы якога выцягнуліся стромкія вузкія літаркі – «Аршанскі маладняк». Хлюдзінскі круціў у руках тоненькі зборнік, у якім апублікавалі свае творы паэты і празаікі з усёй Аршанскай акругі – з Воршы, Горак, Талачына, Дуброўна, Смалянаў…

Гэтая тоненькая кніжачка таксама пойдзе ў фонды гарадскога музея: хто ведае – можа, акурат у ёй надрукаваў свой першы верш новы Купала? Дый нават калі няма тут твораў новага Купалы, усё адно праз пару гадоў гэты друкаваны сшытак стане сведчаннем сваёй эпохі, гістарычным знакам.

Аршанская філія ўсебеларускага літаратурнага аб'яднання «Маладняк» у сённяшнім дні Хлюдзінскага ўсплыла неяк выпадкова. Гартаючы свежы нумар газеты «Камуністычны шлях», Антон пабачыў нататку:

ЦІКАВАЯ ЗНАХОДКА

Каля в. Ліцьвінава, Ляднянскага раёну, Аршанскае акр., на хутары В.Законьнікава сяляне, капаючы студню, на глыбіні 4 саж. наткнуліся на нейкае «бервяно», якое ім першкаджала капаць глыбей. Яны хацелі выкінуць «бервяно», але сашчарбілі чатыры тапары і толькі частку «бервяна» адсеклі.

Пры вывучэньні кавалкі гэтага «бервяна» аказаліся часткамі біўня маманта. У зямлі яшчэ засталіся косьці маманта. Магчыма думаць, што і цэлы касьцяк маманта ўдасца выцягнуць з зямлі.

Аршанскае Акруговае Т-ва часткі біўня маманта, якія знойдзены каля в.Ліцьвінава, перадае ў акруговы с.-г. музэй і даручае проф. Лунгерсгаўзэну ўзяць на сябе кіраўніцтва па адкапваньні касьцей маманта.

Антон з задавальненнем перачытаў невялікі тэкст, які сведчыў пра набытак яго музея і завабліваў цікаўных прыйсці паглядзець на косткі дагістарычнай жывёлы. Акрамя задавальнення прыйшоў гонар – быццам сам, сваімі рукамі выкапаў з зямлі тыя мамантавы біўні.

Побач з нататкай пра археалагічную знаходку газета размясціла невялікую абвестку, на якую Хлюдзінскі таксама звярнуў увагу:

АРШАНСКІ МАЛАДНЯК

Аршанская філія Ўсебеларускага аб'яднаньня паэтаў і пісьменьнікаў «Маладняк» запрашае на адкрытае пасяджэньне ўсіх, хто любіць літаратуру, піша вершы ці прозу.

Датай пасяджэння называўся сённяшні вечар. Антон павагаўся – і вырашыў схадзіць. Што яго туды вабіла, Хлюдзінскі і сам не мог бы пэўна вызначыць. Хутчэй за ўсё, гэта быў цёплы ўспамін пра той не вельмі далёкі вечар, калі Валянціна пацягнула яго на літаратурныя выступы. І ўвечары Хлюдзінскі накіраваўся па знаёмым ужо маршруце ў гарадскі тэатр. Праўда, гэтым разам маладнякоўцам ужо не далі сцэны, а вылучылі нейкую невялікую залу ў дапаможных тэатральных памяшканнях.

Народу сабралося даволі багата, і Хлюдзінскі ў свае «за трыццаць» адчуў сябе быццам стары корч сярод маладога зялёнага падросту. Шумныя, вясёлыя, баявітыя юнакі з дзяўчатамі запоўнілі ўсё памяшканне – не было не толькі сядзячых месцаў, але і ўсе сценкі былі падпёртыя маладымі аматарамі літаратуры.

Што яго прывяло сюды, Антон і сам не мог бы сказаць дакладна. Часткова гэта была цікавасць да той літаратуры, якую яму так нечакана адкрыла Валянціна, часткова – шчымлівы ўспамін пра жанчыну, якую так неспадзявана вырвалі з яго жыцця. Апошнімі днямі ён часам выходзіў, каб проста прайсціся па тых вуліцах, якія яшчэ захоўвалі ў памяці гукі іх з Валянцінай крокаў па брукаванцы, прайсці ўздоўж дамоў, якія паглядалі сваімі вокнамі на яго жанчыну…

Гэты паход да мясцовых літаратараў Хлюдзінскі адчуваў для сябе падобнай пілігрымкай – наведваннем святых, памятных мясцінаў. І цяпер ён спрабаваў занурыцца ў гэтае свята маладосці і паэзіі, але атрымоўвалася кепска, ён пачуваўся староннім назіральнікам, якому не дадзена стаць сваім у гэтым коле. Інтуітыўна Антон стаў каля чалавека, блізкага яму паводле ўзросту, – вусатага мажнога мужчыны. «Прынамсі не буду тут вытыркацца, як той корч сярод поля», – падумаў ён і зацікаўлена стаў углядацца ў тое, што адбывалася.

У прасценку паміж вокнамі стаяў малады чалавек у талстоўцы, у якім Хлюдзінскі пазнаў паэта Гарбылоўскага, аўтара вершаў «пад Маякоўскага». З запалам малады чалавек скіроўваў у залу сваю прамову:

– Мы маладыя, за намі будучыня! І таму мы не хочам браць за прыклад спарахнелую мінуўшчыну, што не можа навучыць нас ніякай навуцы, якая спатрэбіцца ў будучыні. Што ж нам, пісаць пра жнеек ці аратаяў? Яны вось-вось адыдуць у невараць, іх месца зоймуць разумныя машыны. Новы час патрабуе новага мастацтва – сацыялістычнага, пралетарскага.

Большасць прысутных, не шкадуючы далоняў, апантана пачалі апладзіраваць.

– А вось у мяне ёсць пытанне, – прагучаў мяккі голас збоку.

Толькі пасля гэтага Хлюдзінскі звярнуў увагу, што там стаяў стол, за якім замест усяго прэзідыуму сходу сядзеў адзін чалавек. Гэта быў ужо не малады мужчына – узросту хутчэй самога Хлюдзінскага, чым прысутнай тут моладзі. Сам ён паглядаў на прысутных паблажліва, быццам прафесар на гарэзлівых студэнтаў. Франтаваты шэры гарнітур-тройка падкрэсліваў гэтую прафесарскую перавагу над разнамасным зборышчам талстовак, блузаў, зашмальцаваных пінжакоў з бацькоўскага пляча, хустак і сукенак.

– Хто гэта? – шэптам спытаўся Хлюдзінскі ў вусатага суседа.

Той адказаў надзіва высокім голасам:

– Кіраўнік філіі «Маладняка» Міхась Ганчарык, выкладчык з Горак.

Тым часам мужчына за сталом працягваў:

– Вось вы, Уладзіслаў, кажаце пра новую рэчаіснасць. Я згодны, што мы жывем пры нараджэнні новага свету. Аднак людзі застаюцца ў ім старыя. Чалавек не вельмі мяняецца: у ім застаюцца такія пачуцці, як каханне і пяшчота, нянавісць і пагарда…

– Класавая нянавісць! – перапыніў яго Гарбылоўскі.

– Няўжо і пяшчота таксама класавая? – развесяліўся Ганчарык.

Яго апанент пакрыўджана соп.

– Вядома, у новых рэаліях гэтыя асноўныя пачуцці будуць праяўляцца ў нашых суайчыннікаў у новых акалічнасцях, але яны застануцца, так? Вы ж не будзеце прызнавацца ў вершах да дзяўчыны, што кахаеце яе класавым каханнем… Хаця класавая барацьба можа накласці свой адбітак на гэтыя вершы – не спрачаюся. Гэта можа быць новая вершаваная форма, якую вы так любіце. Альбо матывам такога верша стане каханне пралетарыя да дзяўчыны з дэкласаваных элементаў і ўнутраная барацьба з гэтай нагоды…

Вусаты каля Хлюдзінскага няўцямна гмыкнуў штосьці сабе пад нос, але Антон не разабраў словаў.

– Таму я і кажу, што ісці ў рожкі са старымі, як вы заклікаеце, – гэта вельмі добра, але гэта не азначае, што варта адмаўляцца абсалютна ад усіх набыткаў, якія дала нам папярэдняя культура. Мне вельмі падабаюцца гэтыя вашыя радкі:

 
Часамі поўніцца
      істота
            музыкай,
А часам
      дзіўнаю
            пральецца
                  рызыкай…
 

Ганчарык памаўчаў, быццам услухоўваючыся ў нешта, і працягнуў:

– Я вам, даруйце, як спецыяліст у батаніцы скажу: новыя гатункі яблыкаў могуць з'явіцца толькі на аснове ранейшых. Узяць бульбу ці крапіву і вырасціць на ёй яблыкі пакуль што нікому не ўдалося. Так і з культурай: мы ў кожным разе карыстаемся найлепшым з таго, што стварылі нашыя папярэднікі, нашыя продкі…

Гарбылоўскі махнуў рукой:

– Тое, што не ўдалося буржуазнай навуцы, можа атрымацца ў навукі савецкай!.. А вашыя думкі, таварыш Ганчарык, адводзяць нас ад нараджэння новага пралетарскага мастацтва, якое імкнецца ствараць «Маладняк». Не для таго мы на франтах кроў супраць буржуяў пралівалі!..

Але запал яго ўжо быў відавочна меншы, чым на пачатку прамовы, і прамоўца сышоў са сваёй імправізаванай трыбуны ў шэрагі публікі, дзе яго па-сяброўску прыняліся паляпваць па спіне аднадумцы, выказваючы падтрымку.

Вусаты каля Хлюдзінскага паблажліва пасміхаўся ўсю гэтую спрэчку, адначасова нешта пазначаючы сабе ў невялікім нататніку. Антон зазірнуў збоку, але разабраць нічога не змог: сусед карыстаўся ці то стэнаграфічнымі значкамі, ці то яшчэ нейкім відам хуткапісу.

Хлюдзінскі вырашыў пацікавіцца:

– А вы што пішаце – прозу ці вершы? Я гляджу, вы тут добра арыентуецеся, ведаеце ўсіх…

Вусаты перабольшана жартаўліва замахаў рукамі на Антона, быццам адмаўляючыся ад незаслужанай узнагароды:

– Што вы, што вы! Куды мне… Я тут проста назіраю па даручэнні гаркама: партыя як накіроўчая сіла грамадства хоча ведаць, у якім напрамку развіваецца маладая літаратура краіны Саветаў. Так што я назіраю, але не ўблытваюся. Спрабую зразумець, а не спрачацца ці, там, дыскутаваць. – Вусаты шчыра пасміхнуўся: – Адукацыя ў мяне не тая, каб у дыспуты лезці… Мяне, дарэчы, клічуць Васіль Кашэль.

З гэтымі словамі ён працягнуў Хлюдзінскаму шырокую, бы шуфель, далонь. Антон паціснуў, кажучы:

– А мяне…

– А вас – Антон Хлюдзінскі, вы загадчык краязнаўчага музея, – пасміхаючыся яшчэ шырэй, перапыніў яго новы знаёмец. – Вас у нашыя краі прыслалі нядаўна, акурат для таго, каб падымаць гістарычныя даследаванні, краязнаўства, ну і ўсё такое.

Антон быў здзіўлены, і здзіўленне гэтае было не самае прыемнае. Ён не лічыў сябе занадта вядомай асобай, займаў не самую важную пасаду. Такую абазнанасць у чужых лёсах і тварах звычайна выяўляла толькі адно ведамства, з якім сутыкацца лішні раз не хацелася нікому, – ДПУ.

Мабыць, усе гэтыя эмоцыі хапатлівай чарадой пранесліся па Антонавым твары, што выклікала чарговы смех у яго суразмоўцы:

– Ды не пераймайцеся вы так! Я ж сказаў вам, што я з гаркама партыі. Інструктар гаркама… А ў вас такі твар, быццам вас у органы выклікалі, каб вы расказалі пра свае сувязі з польскай разведкай.

Жарты новага знаёмца падабаліся Хлюдзінскаму ўсё менш і менш. Яму было некамфортна побач з гэтым чалавекам, і Антон пастараўся бокам, бокам адсунуцца. Паспрыяў гэтаму і чарговы выбух эмоцый недзе ў раёне сцэны. Хлюдзінскі не стаў услухоўвацца ў яшчэ адзін дыспут, а вось вусатага Кашаля гэтая дзея, падаецца, надзвычай зацікавіла. Прынамсі, ад Хлюдзінскага ён адвярнуўся і стаў уважліва ўглядацца наперад.

Скарыстаўшыся гэтым, Антон выйшаў з душнага памяшкання на вуліцу. Тут вецер нёс п'янкі водар духмянага разнатраўя і палявых кветак – быццам не ў горадзе ідзеш, а раптоўна апынуўся пасярод луга. Здавалася, яшчэ імгненне – і загучаць здалёк крышталёвым перазвонам высокія дзявочыя галасы, зацягнуць песню, прыгожую і шчымлівую. Ды хаця б і «Купалінку»!..

І, быццам адказваючы на думкі Хлюдзінскага, песня загучала – недалёка, недзе з-за плота. Праўда, голас быў адзін і далёка не дзявочы.

Хрыплаваты падлетак выводзіў з падвывам – не трапляючы ў ноты, але старанна. І жудасным дысанансам да мрояў Антона гучалі словы гэтай папулярнай яшчэ з часоў рэвалюцыі вулічнай песенькі:

 
Па вуліцы хадзіла
Мадама-кракадзіла.
Яна, яна
Зялёная была.
 
 
Пабачыла француза —
І цоп яго за пуза:
Яна, яна
Галодная была.
 
 
Пабачыла кітайца —
І цоп яго за яйцы:
Яна, яна
Галодная была…
 

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации