Электронная библиотека » Зміцер Дзядзенка » » онлайн чтение - страница 3


  • Текст добавлен: 1 ноября 2018, 12:40


Автор книги: Зміцер Дзядзенка


Жанр: Зарубежные детективы, Зарубежная литература


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 9 страниц)

Шрифт:
- 100% +

11 траўня, аўторак, апоўдні

Недзе на калідоры грукнулі жалезныя дзверы, заскрыгатала засаўка. Чыесьці галасы неразборліва выгуквалі ці то імёны, ці то загады – Мачуга не мог разабраць. Ён сядзеў у кабінеце ўпаўнаважанага АДПУ Рамана Васільчука ўжо гадзіну, але часу не заўважаў: ягоныя думкі разляталіся, быццам пчолы з патрывожанага вулея, і не былі здольныя сабрацца разам.

Гадзіну таму яго выклікалі з працы ў ДПУ, і Канстанцін адразу адзначыў насцярожаныя калючыя позіркі тых, каго лічыў сваімі таварышамі і калегамі: на вуліцу Зялёную проста так не выклікаюць. Не выключана, гаварылі іх позіркі, што спаміж нас затаіўся подлы і каварны вораг, якога даўно трэба гнаць…

У Канстанціна ад гэтага выкліку таксама ёкнула сэрца. Ён не ведаў прычыны гэтага выкліку, але нядобрае прадчуванне апанавала яго.

У прыёмнай яго трымалі каля чвэрці гадзіны. За гэты час Мачуга прыгадваў усе свае ўчынкі за апошні час: ну не было да чаго дачапіцца органам!

Ён з палёгкай перавёў дыханне, калі ў калідор выглянуў непаголены і троху прыпухлы з твару следчы і запрасіў:

– Заходзьце, таварыш Мачуга!

«Таварыш», а не «грамадзянін» – значыць, усялякія перасцярогі былі празмернымі, хвалявацца няма чаго. Або – пакуль яшчэ няма чаго. Бо ў органах можна зайсці ў кабінет таварышам, а выйсці грамадзянінам…

Тым не менш, кабінет Мачугу спадабаўся – правільны савецкі кабінет, дзе няма нічога лішняга: стол, пара крэслаў, сейф у куце. Над сталом – два партрэты: таварышы Ленін і Дзяржынскі ўважліва аглядаюць кожнага наведніка, ацэньваючы яго вернасць справе пралетарскай рэвалюцыі.

Гэтую пралетарскую сціпласць разбаўляла ці то сакратарка, ці то стэнаграфістка, якая асцярожна прыткнулася ў кутку, трымаючы напагатове нататнік і аловак. Адчувалася, аднак, што дзяўчына ў гэтым кабінеце – такая ж госця, як і Мачуга.

Васільчук кхекнуў і вымавіў:

– Мы, таварыш Мачуга, запрасілі вас, каб задаць некалькі пытанняў. Ад вашых адказаў на іх шмат што залежыць, таму прашу быць шчырым, як сапраўдны камуніст.

Ад гэтых словаў у наведніка неяк шчымліва і гадка пацягнула пад дыхавіцай. Тым часам следчы пачухаў сваю непаголеную шчаціну і запытаўся, не зводзячы позірку з яго твару:

– Валянціна Мачуга кім вам з'яўляецца?

– Жонка, – разгублена адказаў Канстанцін.

– Жывяце разам?

– Ну-у… так, – пытанне было настолькі нечаканым, што Мачуга разгубіўся яшчэ болей.

Васільчук працягваў з запытальнай інтанацыяй:

– А суседзі кажуць, што ў вас у сямейным жыцці не ўсё ладна. Кажуць, сварыцеся часам. Яшчэ паведамляюць, што раз-пораз то вы, то яна дома не начуеце…

– Ведаеце, нашае сямейнае жыццё – гэта нашая з ёй справа! – сарваўся, не вытрымаў напружання мужчына.

– Калі вы бачыліся апошні раз з Валянцінай Мачугай? – працягваў следчы, быццам не пачуўшы папярэдняй рэплікі.

– У панядзелак зранку… А для чаго вам гэта ўсё?

– Пытанні тут задаю я! – голас Васільчука нечакана пацяжэў, быццам набрыняў той уладай, якую даваў яму непрыкметны будынак на вуліцы Зялёнай, а яшчэ больш – гэты сціплы кабінет з яго двума партрэтамі. – Раскажыце, дзе вы былі ўчора пачынаючы ад васямнаццатай гадзіны.

Здагадка мільганула ў галаве Мачугі, і ён спытаўся, прадчуваючы адказ і баючыся пачуць пацвярджэнне сваім думкам:

– Штосьці з Валяй здарылася?

Васільчук маўчаў, разглядаючы Канстанціна ва ўпор, і яго сцятыя вусны не варушыліся, быццам склееныя разам. Маўчанне зацягнулася: следчы чакаў адказу, а Мачуга не мог, не быў здольны нешта вымавіць, бо думкі і словы ў яго галаве замітусіліся растрывожаным роем.

Ціха прачысціла горла стэнаграфістка, і гэты асцярожны кашаль перапыніў пакутлівую паўзу. Васільчук, чый твар быццам скамянеў, сказаў нягучна, але акуратна вылучаючы кожнае слова:

– Таварыш Валянціна Мачуга была забітая сёння ўначы. Яе зарэзаў невядомы. Або – невядомыя. Забітая адыгрывала значную ролю ў савецкім жыцці горада, і таму яе смерць, магчыма, стала адным з актаў палітычнага бандытызму і замахам на савецкую ўладу. Вось чаму справай займаецца не крымінальны вышук, а АДПУ. Таму настойліва рэкамендую вам узгадаць усё, чым вы займаліся мінулым вечарам і ноччу…

Следчы раскрыў бляшаны партабак, дастаў адтуль папяросу і, размяўшы яе ў пальцах, звыклым жэстам сунуў у зубы. Канстанціну цыгарэту ён не прапанаваў.

11 траўня, аўторак, вечар

Канстанціна выпусцілі з ДПУ пад вечар, калі доўгія цені ад дрэваў клаліся ўжо не на зямлю, а на сцены і стрэхі дамоў. Сышоўшы з прыступак мураванага ганка, ён спыніўся і з асалодай уздыхнуў: хоць за кратамі ён і не апынуўся, але паветра ў будынку за яго спінай было не такое смачнае, як на вуліцы.

Мужчына паспеў зрабіць пару крокаў, калі наперарэз праз вуліцу да яго кінулася невысокая дзявочая фігурка. Яна абхапіла яго плечы аберуч і ткнулася тварам у грудзі Мачугу. Па рудых кудзерах разгублены Канстанцін пазнаў Лідачку. Ён гладзіў дзяўчыну па галаве, пакуль ейны плач не перарос у кароткія сутаргавыя ўсхліпы.

Час разам з сонцам сцякаў па лісці на дрэвах і знікаў на захадзе за даляглядам.

– Я сказала… сказала ім… што ты ў мяне быў, – праз усхліпы паведаміла Лідачка. – Усю ноч быў…

Цяпер Канстанцін зразумеў, чаму яго выпусцілі. Па вачах Васільчука падчас допыту ён бачыў, што той не верыць у яго невінаватасць. Ці ж такая ўжо рэдкасць, што муж забівае жонку пры сварцы? Да таго ж і адносіны ў іх з Валянцінай былі далёка не ідэальныя. «Алібі вы, грамадзянін Мачуга, таксама не маеце, – зазначыў следчы, даслухаўшы расповед Канстанціна пра мінулую ноч і яго прызнанне, што ён не памятае часткі сваіх прыгодаў. – Такім чынам, вы становіцеся галоўным падазроным у справе забойства вашай жонкі. Думаю, наступныя дні вам давядзецца пабыць пад вартай», – суха канстатаваў Васільчук. І дадаў, што рашэнне прыме пасля таго, як выслухае паказанні Васіля Кашаля і Лідачкі… гм, грамадзянкі Лідзіі Бурцавай.

У галаве і ў душы Канстанціна ўжо не было той разгубленасці, якая апанавала яго ўдзень пры паведамленні пра жончыну смерць. Апошнія некалькі гадзін падзейнічалі на яго быццам халодны душ – ацверазілі розум і абудзілі волю. Быццам зноў вярнуўся ліхі кавалерыст на фронт, дзе толькі ад яго рашэнняў і дзеянняў залежалі лёсы і жыцці навакольных людзей.

– Дзе забілі Валю, ты ведаеш? А то мне следчы гэтага не сказаў, – патлумачыў ён у адказ на няўцямны погляд Лідачкі.

– На самым пачатку Падгорнай. Уначы гэта было, недзе каля гадзіны ночы, кажуць. Крыві з яе нацякло – страх!

Жанчына сцялася, нібыта ратуючыся ад таго ўяўнага ручая крыві, што выцек з забітай Валянціны.

– Каля гадзіны, кажаш… – задуменна паўтарыў Канстанцін. – А я да цябе калі заявіўся? Толькі мне праўду кажы!

Лідачка апусціла галаву, безнадзейна спрабуючы схаваць твар за кароткімі рудымі кудзеркамі. Ціха прашаптала:

– Каля трэцяй…

Мачуга адчуў, як усярэдзіне яго нешта абарвалося і нейкі ненатуральны халадок стаў запаўняць яго знутры. Зямля пахіснулася пад яго нагамі – ці то сусвету, ці то самому Канстанціну неставала трываласці. Усё было вельмі кепска, і зусім не выключана, што менавіта ён сам, сваімі рукамі па п'янай лавачцы зарэзаў сваю жонку – гэтую любую і зненавідную жанчыну. Роспач запаўняла яго лёгкія, перашкаджаючы дыхаць.

– Дык нашто следчаму ты збрахала? – голас Мачугі афарбавала прыкрасць. – Калі апытаюць тваіх суседзяў, то могуць жа даведацца пра тваю хлусню. Скажуць, што хаваеш злачынца, – мала табе не будзе: органы самі не жартуюць і чужых жартаў не разумеюць… Ён памаўчаў і дадаў з непрыхаванай горыччу:

– Ну і… Можа, я напраўду і забіў яе.

Лідачка падняла на яго пачырванелыя, быццам у трусіка, вочкі і адмоўна закруціла галавой – яе рудыя кудзеркі ад рэзкіх рухаў узняліся, ствараючы залацісты арэол вакол галавы:

– Не, ты ні пры чым! Я ўпэўненая! Я ж кажу – там вялізная лужына крыві. А ты да мяне прыйшоў хоць і брудны, але без ніводнай кроплі крыві – ні на вопратцы, ні на сабе.

Яна памаўчала і раптам тонка, нервова хіхікнула:

– Пагрукаўся ў шыбу з двара і праз вакно ўваліўся – ледзь паспела кветкі зняць з прываконня…

11 траўня, аўторак, позні вечар

Хлюдзінскі даведаўся пра смерць Валянціны таксама ў аўторак. Увесь горад толькі і казаў пра жорсткае забойства.

Напярэдадні яны не дамаўляліся сустрэцца, бо Валянціна заявіла, што ў яе пасяджэнне жаночага гуртка, а потым сустракацца ўсё адно няма сэнсу, бо ў яе пачаліся жаночыя дні. Антон не настойваў, хаця яму і карцела сказаць, што не адныя ж любошчы звязваюць іх…

Цяпер ён адчуваў, як перагараюць у ім усе недасказаныя словы, пакідаючы па сабе чорную пустку самоты.

Хлюдзінскі зачыніў музей і сышоў бадзяцца па горадзе. Ногі ягоныя механічна перасоўваліся па вуліцы, але сам Антон не бачыў, куды ён ідзе. Не заўважаў ён і навакольных людзей, таму часам натыкаўся на іх, але нават не прасіў прабачэння, калі працягваў свой мудрагелісты маршрут.

Пад позні вечар, калі сутонне мякка аплятала горад, ногі прынеслі Хлюдзінскага да трупярні. Змрочны цагляны будынак без вокнаў насцярожана ўслухоўваўся ў наваколле. Цяжкія дзверы, толькі яны адны звязвалі трупярню з гэтым светам, светам жывых.

Дзверы ды яшчэ вартаўнік дзядзька Базыль – кульгавы, сівы, з віслымі вусамі. За пяць рублёў гэты правінцыйны Харон пагадзіўся пусціць Хлюдзінскага ў морг і даць яму пабыць сам-насам з забітай жанчынай.

– Дуркаваць не будзеш? – сіплым голасам запытаўся дзядзька Базыль.

– Што? – не зразумеў Антон. – Мне развітацца з ёй трэба, пагаварыць.

Вартаўнік матлянуў галавой – ці то прыняў тлумачэнні, ці то проста адказваў сваім думкам. Пакінуўшы Антона аднаго ў пакоі («Чакай тут!») і падцягваючы нагу, ён выйшаў некуды ў паўзмрок калідораў.

Пустая каробка пакоя, у якой няма нічога: ні стала, ні крэсла, ні шафы. Сцены, абкладзеныя зялёнай халоднай кафляй, цэментавая падлога. Усё гэтае непрывабнае памяшканне быццам аблізвае жоўтае няяркае святло з голай электрычнай лямпачкі пад столлю. Няўтульна, па-сірочы.

Праз пару хвілінаў Базыль вярнуўся ўжо з каталкай, на якой ляжала цела, прыкрытае прасціной.

Сыходзячы, вартаўнік сказаў наапошку:

– Я дзверы прычыню, бо ці мала хто аб'явіцца…

Дзверы пакоя з глухім грукатам адрэзалі ад свету Хлюдзінскага і Валянціну – тое, што яшчэ нядаўна было ёю. Цяпер Антон бачыў перад сабой застылы белы твар чужой жанчыны. Яна была толькі крыху падобнай да той, каго ён прывык лашчыць начамі і бачыць зранку каля сябе, каго ён апантана цалаваў…

Незнаёмая, невядомая яму жанчына. Незнаёмы твар. Цела… Ці будзе гэта цела ягонай Валянціны? Антону закарцела прыўзняць прасціну і агледзець цела. Раптам яго працяла абсурдная надзея, што адбылася памылка і Валянціна не памерла, а яму паказваюць кагосьці іншага.

Прасціна папаўзла наніз, бессаромна агаляючы нежывую бель, і Хлюдзінскі пабачыў рану, якая абарвала жаночае жыццё. Горла было перарэзанае амаль ад вуха да вуха, адкрываючы другі рот, ствараючы пачварную ўсмешку… Потым ён пабачыў знаёмую радзімку на левай ключыцы, і надзея, якая нясмела разгаралася ў ім, канчаткова згасла. Не было ніякіх сумневаў – гэтая жанчына з малазнаёмым яму тварам была Валянцінай.

Ён не ведаў, колькі часу стаяў перад напаўраскрытым целам. Думкі пакінулі яго, пачуцці застылі, як замарожаныя. Хлюдзінскі не варушыўся да той пары, пакуль недзе ў глыбіні яго свядомасці не пачаў бліскаць маяком нейкі незразумелы, але навязлівы сігнал. Гэтая навязлівасць замінала яму, не давала цалкам занурыцца ў сваё гора, і Антон вырашыў разабрацца з гэтым адчуваннем, якое так недарэчна выплыла з нетраў яго свядомасці.

Штосьці было не так з гэтым забойствам? Дык з забойствамі заўжды «штосьці не так» – хіба можа быць «усё так», калі ў чалавека гвалтоўна забіраюць жыццё?

Хлюдзінскі глядзеў на рэзаную рану і адчуваў, што менавіта яна стала крыніцай ягонага неспакою. Ён намагаўся зразумець, што яго бянтэжыць. І свядомасць нарэшце скарылася гэтым высілкам – памяць падказала, што зусім нядаўна ён бачыў зусім такую ж рану ў іншай жанчыны.

Некалькі дзён таму. Вуліца Падгорная. Натоўп людзей, які сабраўся вакол нерухомага цела забітай прастытуткі. Дзяўчына ляжала з такім самым перарэзаным горлам.

І вочы.

Не, не вочы забітай дзяўчыны – гэта былі вочы мужчыны. Вырачаныя, поўныя нянавісці вочы Канстанціна Мачугі, які глядзеў на яго з натоўпу. Іх позірк быццам нанова апёк Хлюдзінскага. Як і чаму Мачуга апынуўся на месцы таго забойства? Ці выпадковасць гэта? Ці звязаныя паміж сабой забойствы той прастытуткі на Падгорнай і Валянціны?

У гэты момант лямпачка без абажура, якая асвятляла няўтульны голы пакой, мільганула і згасла. Непраглядная пагрозлівая цемрадзь імгненна запоўніла ўсё навокал. Для праверкі Хлюдзінскі паднёс да твару свае рукі, але не змог пабачыць нават іх.

Дзесьці тут былі дзверы. Калі ў іх пагрукацца, павінен пачуць вартаўнік. Але дзе яны? У які бок рухацца?

І чаму ўвогуле пагасла лямпачка? Растрывожаны роздумамі розум падказваў Хлюдзінскаму, што не варта адмаўляць чалавечага ўмяшання. Можа быць, забойца, які зарэзаў прастытутку і Валянціну, цяпер прыйдзе па яго?

Антон асцярожна зрабіў крок назад, потым другі. Зараз ён дойдзе да сценкі, а потым, трымаючыся ўздоўж яе, дабярэцца да дзвярэй. Вартаўнік павінен жа пачуць грукат!

А калі пачуе забойца? Думкі ў галаве Антона блыталіся, і ўрэшце ён вырашыў, што лепш усё ж пастарацца выбрацца з гэтай змрочнай пасткі.

Трэці крок. Рука нечакана ўпёрлася ў халодны кафель сценкі. Хлюдзінскі паволі пайшоў, трымаючыся гэтай імправізаванай ніткі Арыядны, якая павінна вывесці яго са смяротнай цемрадзі да святла, да людзей.

Цішыню пакоя прарэзаў нечаканы гук: штосці шчоўкнула, зарыпела – і ў цямрэчы намаляваўся светлы прастакутнік. Адразу ж яго запоўніла чалавечая постаць.

– Грамадзянін Хлюдзінскі, вы тут? Мы вас цэлы дзень шукаем! Можа, выйдзеце і пагаворым у нас, у АДПУ?

Ноч на 12 траўня 1926 года, серада

Васільчук затрымаўся ў кабінеце да позняга часу: такая праца – што ж тут паробіш! Кажуць, што ў Крамлі таварышы з ЦК таксама не спяць начамі – разважаюць, як найлепш далей жыць працоўнаму народу і як даць дыхту буржуям ды іх імперыялістычным прыхвасням…

Аператыўны ўпаўнаважаны пачухаў патыліцу сваімі вузлаватымі пальцамі ды паспрабаваў упарадкаваць у галаве ўсё, пра што ён даведаўся за доўгі, надзвычай доўгі дзень. Забойства таварыша Валянціны Мачугі сталася для яго справай першачарговай важнасці – так і начальства сказала, дый сам Васільчук гэта разумеў. Ён акуратна зняў са стала ўсе тэчкі, пераклаў іх на пустое крэсла. На шырокім стале засталіся пратаколы допытаў Канстанціна Мачугі, мужа забітай, і Антона Хлюдзінскага, яе… гм… палюбоўніка.

Васільчук не сядаў – ён навіс над сталом, бы тая пізанская вежа, абапершыся для надзейнасці абедзвюма рукамі аб прыемна шурпатую паверхню. Ён паглядзеў на адзін пратакол, потым на другі… Быццам узважваў іх на нябачных шалях, вырашаючы, чые ж словы нясуць больш праўды.

Потым следчы ўсё ж апусціўся на крэсла, якое незадаволена рыпнула, паклаў перад сабой чысты аркуш паперы і стаў маляваць на ім. Першай пасярод аркуша з'явілася ўмоўная жанчына – галава, павязаная хусткай, пад ёй два кругі грудзей, а далей – доўгая спадніца. Над фігурай Васільчук надпісаў: «В.М.». Такія ж схематычныя фігуры, але мужчынскія, з'явіліся злева і справа ад жанчыны, але крыху ніжэй за яе. Левую постаць следчы абазначыў літарамі «К.М.», падумаў і дамаляваў на галаве фуражку. Правая фігура атрымала акуляры на знак адрознення і подпіс: «А.Х.».

Вочы зліпаліся пасля напружанага дня, і Васільчук цёр павекі, пад якімі быццам было насыпана пяску.

Значыць, маем любоўны трохкутнік: забітая Валянціна Мачуга жыла ў шлюбе з Канстанцінам Мачугам і мела пазашлюбную сувязь з Антонам Хлюдзінскім. Кожны з мужчын ведаў пра існаванне другога. Абодва маглі раўнаваць…

Васільчук прыгадваў урыўкі сённяшніх допытаў, спрабуючы скласці іх у адзіную карціну. Мачуга казаў, што з жонкай у яго складаныя адносіны былі цягам некалькіх гадоў, але апошнім часам ніякіх вялікіх сварак не было. Яны жылі побач як таварыш з таварышам, надзейнай савецкай сям'ёй, дзе адзін таварыш заўжды прыйдзе на дапамогу другому, а калі трэба – то і выкажа справядлівую крытыку. Мачуга паведаміў, што ведаў пра сувязь жонкі з Хлюдзінскім, але савецкая ўлада дала жанчыне свабоду і права выбару не для таго, каб заганяць яе ў новае рабства, таму ён стараўся з разуменнем ставіцца да паводзінаў жонкі. У сваю чаргу, паведаміў далей муж забітай, яна таксама не звязвала яму рукі, а прасіла пачакаць, пакуль яна разбярэцца ў сабе самой і сваіх жыццёвых мэтах… Мачуга меркаваў, што жонка збіралася парваць са сваім палюбоўнікам, бо пачуцці астылі. Магчыма, што яна заявіла гэтаму… (тут Мачуга грэбліва сплюнуў на падлогу, але схамянуўся пасля строгай заўвагі следчага), што пакіне яго, а ў таго прачнулася рэўнасць, і ён забіў няшчасную жанчыну.

Васільчук дастаў з кішэні важкі металічны партабак, вывудзіў з яго папяросу і чыркнуў запалкай. Даўней, на фронце, ён паліў махорку, як і ўсе навокал, але цяпер перайшоў на папяросы: дастатак дазваляў дыміць не самасадам, а фабрычнымі… Для большага форсу ў яго быў яшчэ і муштук: па-першае, гэта прыгажэй, а па-другое, папяросу можна дакурыць да канца, не рызыкуючы апячы сабе вусны.

Што ж, пяройдзем да наступнага персанажа.

Хлюдзінскі прызнаў, што прапаноўваў Валянціне сысці ад мужа і жыць у яго. Зрабіць гэта, па яго словах, жанчына адмовілася, але прычыны не патлумачыла. На думку Хлюдзінскага, душа Валянціны мітусілася паміж цяжкім выбарам – абавязкам сямейнага агменю і прагай кахання, якога яна не адчувала дома. Ён нават выказаў меркаванне, што Валянціна, магчыма (хаця ён, вядома ж, можа памыляцца, але яму так падаецца, і ён адчувае, што гэта, відаць, недалёка ад праўды), пабойвалася сысці ад мужа, бо ён мог яе папросту збіць на горкі яблык. Пагатоў, такое ўжо здаралася раней… Хлюдзінскі не здзівіцца, калі даведаецца, што яна паведаміла гэтаму вылюдку пра сваё жаданне сысці да каханага чалавека, а той у адказ пазбавіў яе жыцця.

Такім чынам, атрымоўваем, што матывы для забойства ёсць у абодвух.

А што з алібі? Гэтае слова Васільчук даведаўся дастаткова нядаўна і любіў бліснуць ім – не толькі перад іншымі, але і перад сабой.

У таварыша Мачугі алібі – пацвярджае гэта Лідзія Бурцава, сакратарка з будаўнічага трэста. Кажа, прыйшоў уночы да яе. Калі суаднесці яе словы з момантам забойства, то атрымаецца, што Мачуга забіць не мог… Праўда, сам муж забітай грамадзянкі пра тое, як правёў ноч, не памятае. Таму застаецца адкрытым пытанне, наколькі можна давяраць словам грамадзянкі Бурцавай.

Васільчук гмыкнуў: лятуць жа на гэтага Мачугу прыгожыя бабы, як тыя матылі ўначы на лямпу! І жонка ў яго прывабная была, і гэтая грамадзянка Бурцава… Адно што стрыжаная яна па цяперашняй модзе: кароткія валасы, ухапіцца няма за што. Васільчук лічыў, што жанчына павінна мець доўгія валасы – гэтак і мужыку лацвей справіцца з дурніцай, калі тая заўпарціцца: хапануў за касу ды таргануў мацней, каб ведала сваё месца.

Следчы зрабіў апошнюю зацяжку і выбіў рэшні попел з муштука, далікатна пастукаўшы ім па рабрыне сталешніцы. Жоўтая лямпачка, якая па-сірочы звісала зверху, быццам апошні яблык у восеньскім галлі, нервова міргнула.

Што ж, таварыша Мачугу даводзіцца мець на ўвазе, хаця пакуль што яго можна і не затрымліваць – пралетарскае чуццё падказвала Васільчуку, што ўцякаць Мачуга не збіраецца.

Цяпер – другі, Хлюдзінскі. Гэта, безумоўна, асоба больш падазроная, чым Мачуга. Адукацыю ён атрымаў яшчэ пры старым рэжыме, а тады сумленнаму працоўнаму чалавеку не было магчымасці так прабіцца – значыць, прадстаўнік буржуйскага класа. Увечары перад забойствам, па словах суседзяў, дадому Хлюдзінскі прыйшоў рана, цэлы вечар быў дома, нікуды не сыходзіў. У вакно яны бачылі, як Хлюдзінскі сядзеў сычом пад лямпачкай і нешта пісаў цэлы вечар… Потым лямпачку загасіў, але з дому не выходзіў.

Вось і атрымоўваецца, што ні аднаго з мужчын Валянціны Мачугі ні затрымаць, ні рашуча выкрасліць з ліку падазроных нельга.

Зрэшты, не стаў Васільчук цалкам адкідаць магчымасць і таго, што забойцам мог стаць нехта трэці, следству пакуль што невядомы. І паміж фігуркамі «К.М.» і «А.Х.» з'явіўся круг, у якім следчы вывеў гарбаты пытальнік.

Потым прыгадаў, што казалі медэксперты: забойцам хутчэй за ўсё быў мужчына, ростам вышэйшы за зарэзаную Валянціну Мачугу. Цяжка ўздыхнуўшы, Васільчук прымаляваў да круга такое ж тулава, як у двух суседніх фігурак, пазначаных літаркамі, – мужчына дык мужчына.

Незразумелым заставалася адно: ці мае дачыненне да смерці савецкай актывісткі Валянціны Мачугі забойства жанчыны лёгкіх паводзінаў Рывы Гольдберг, якое адбылося напярэдадні? Не хацелася, ой не хацелася Васільчуку ставіць гэтых дзвюх забітых разам! Уся яго натура пратэставала супраць таго, каб аб'ядноўваць у адну справу такіх процілеглых асобаў. Ну як можна нават ставіць іх побач? Гэта ж ужо бадай што выглядае нейкай дыс-крэ-ды-та-цы-яй савецкай улады!

Яму падавалася, што забойствам прастытуткі павінен займацца крымінальны вышук, бо гэта такая драбяза. А ён, як прадстаўнік АДПУ, павінен расследаваць магчымае палітычнае злачынства. Але адмахнуцца ад таго факта, што абедзве жанчыны былі забітыя ў адным раёне і падобным спосабам, следчы таксама не мог.

Васільчук уздыхнуў і рашуча сабраў усе запісы ў мышастую кардонную тэчку са стандартным друкаваным надпісам: «Справа №» – і туга завязаў матузкі, каб не вылецела ніводная паперчына. Месца для тэчкі знайшлося ў верхняй шуфлядзе стала.

Зрэшты, паверхня стала пуставала нядоўга: з сейфа Васільчук дастаў яшчэ адзін дакумент. Вядома ж, яму даручылі расследаванне важнага (і, магчыма, палітычнага!) забойства, але іншых абавязкаў з яго ніхто не здымаў. Дый некаторыя справы ён і сам не аддаў бы нікому іншаму. Так, не хацеў Васільчук ні з кім дзяліцца сваім самым каштоўным агентам – «Бландзінкай». Менавіта свежае данясенне «Бландзінкі» ён і дастаў цяпер з сейфа.

Учытаўшыся ў тэкст данясення, Васільчук абвёў адзін абзац: «У суботу, 8 траўня, на кватэры АЛЯКСАНДРА ПІЛІПЦА, нядаўна пераведзенага з партыйнай на гаспадарчую працу – у малочную галіну, пад выглядам сяброўскай вечарынкі сабраліся прадстаўнікі левай апазіцыі. Першы тост выпілі за таварышаў Леніна і Троцкага разам, другі – за Сусветную Рэвалюцыю. Прысутны на вечарынцы КАНСТАНЦІН МАЧУГА заявіў, што партыі патрэбная чыстка, што адбываецца перараджэнне партыі, што правы элемент бярэ верх. Па словах МАЧУГІ, Рэвалюцыя цяпер перажывае своеасаблівы перыяд рэстаўрацыі, як гэта бывала заўжды, пасля кожнай рэвалюцыі – напрыклад Французскай. І цяпер, заявіў ён, сапраўдныя рэвалюцыянеры павінны зноў заняцца чарнавой працай і не баяцца, што ім будуць супрацьстаяць учорашнія таварышы. Мы такое ўжо бачылі не раз, заявіў МАЧУГА, калі партыя бальшавікоў, абараняючы інтарэсы рабочага класа і найбяднейшага сялянства, паварочвала зброю супраць тых, з кім учора разам стаяла нібыта плячо да пляча. Так было з меншавікамі, якія здрадзілі рабочаму класу і перайшлі на дробнабуржуазныя пазіцыі. Так было з левымі эсэрамі, якія сваімі бяздумнымі паводзінамі хацелі нашкодзіць першай у свеце дзяржаве рабочых і сялян».

Васільчук яшчэ раз перачытаў абзац, і крывая ўсмешка прыўзняла правы край ягоных вуснаў, а ў вачах бліснула радасць пераможцы. А што, таварыш Мачуга, не такі ты ўжо, можа, і таварыш… Папярэднія заслугі не гарантуюць, што ўчорашні таварыш не зробіць памылак. Не памыляецца адна толькі партыя, і яна яшчэ скажа сваё важкое слова. А кампетэнтныя органы ёй дапамогуць.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации