Электронная библиотека » Зміцер Дзядзенка » » онлайн чтение - страница 7


  • Текст добавлен: 1 ноября 2018, 12:40


Автор книги: Зміцер Дзядзенка


Жанр: Зарубежные детективы, Зарубежная литература


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 7 (всего у книги 9 страниц)

Шрифт:
- 100% +

9 чэрвеня 1926 года, серада, вечар

Уладзіслаў Гарбылоўскі адпрацаваў змену на аршанскім бровары і выйшаў праз прахадную на вуліцу. Заводзік, які выпускаў піва, насіў гучнае імя рымскага рэвалюцыянера і барацьбіта за правы прыгнечаных. І Уладзіславу вельмі падабалася, што завод, на якім ён працуе, носіць імя Спартака. Падабалася і тое, што над заводам вісіць чырвоны сцяг, які сведчыць пра кроў, пралітую працоўным народам за свае правы. Падабалася тое, што ён працуе васьмігадзінную змену на дзяржаву рабочых і працоўнага сялянства.

Ён падумаў, што варта будзе неяк у вершы напісаць пра тое, што імёны герояў мінулых часоў цяпер носяць фабрыкі і заводы. Напісаць па-пралетарску, так, каб у рытме верша можна было пачуць працу станкоў…

– Гарбылоўскі?! – запытальна гукнуў яго нехта збоку.

Уладзіслаў павярнуўся – на яго глядзеў незнаёмы мужчына. Чысты, дагледжаны, адразу відаць – не з рабочых. Не вельмі малады, ужо відавочна за трыццаць. Магчыма, нейкі службовец з якога-небудзь трэста, ацаніў яго Гарбылоўскі.

– Мы знаёмыя? – Уладзіслаў злёгку схіліў галаву набок, працягваючы разглядаць незнаёмца.

– Не, хаця і маем некаторых агульных знаёмых. У мяне ёсць да вас размова. А дзе вас знайсці, мне падказаў Міхась Ганчарык, кіраўнік мясцовай філіі «Маладняка». Вы ж ведаеце, што ён загадчык аддзела народнай адукацыі ў акрузе, а я працую інструктарам у гаркаме – мы з ім у нейкім сэнсе калегі. Па працы калегі… А вы з ім калегі па літаратуры, як я разумею…

– Дык вы пра літаратуру пагаварыць хочаце? – крывавата пасміхнуўся Гарбылоўскі. – Можна і пра літаратуру… Толькі сасмяг я пасля працы і прысесці хачу – вы супраць чайнай нічога не маеце? І… як да вас звяртацца?

Выявілася, што незнаёмца клічуць Канстанцінам Мачугам і што ад чайнай ён носа вараціць не будзе.

Адпаведнае памяшканне знайшлося недалёка – у цемнаватым пакойчыку з пасдлепаватымі, даўно не мытымі вокнамі пахла так, быццам гаспадар баяўся, што разам з вулічным паветрам усярэдзіну трапіць якая-небудзь смяротная зараза. Гарбылоўскі іранічна скасавурыўся, калі заўважыў, як Мачуга моршчыцца і стараецца прызвычаіцца да цяжкага паветра. А што, мы па рэстаранах не ходзім, адэкалон на сябе не выліваем!

Рабочы ўзяў сабе гарэлкі і заедак да яе – квашанай капусты, варанай ялавічыны, а Мачуга абмежаваўся півам, чым зноў павесяліў Гарбылоўскага.

Размаўляць не спяшаліся.

Пасля таго, як Уладзіслаў выпіў і закусіў, Мачуга нарэшце наважыўся:

– Вы, таварыш Гарбылоўскі, папулярны ў нашым горадзе паэт. Гэта ж вашыя радкі: «Часамі поўніцца істота музыкай»?..

– А часам дзіўнаю пральецца рызыкай, – падхапіў з задавальненнем рабочы. – Мае! Я гэты верш на выступах чытаю, людзям падабаецца.

– Паэтаў жанчыны любяць, – працягваў старэйшы з суразмоўцаў. – Вы, мабыць, таксама карыстаецеся папулярнасцю ў іх. Не сумняюся, што на паэтычныя чытанні некаторыя прыходзяць толькі дзеля вас…

– Можа, і так, я ж усіх не ўпільную, хто і дзеля каго ходзіць, – Гарбылоўскі пасміхнуўся з пачуццём уласнай перавагі. – Я паэт-пралетар, пішу для ўсяго рабочага класа. Вершыкі для паненак – гэта буржуі ў сваіх палацах пісалі. Альбомы для бледных гімназістак!..

Павісла паўза, цяжкая, як паветра ў гэтым неахайным памяшканні. Мачуга пакутліва думаў, як задаць важнае для яго пытанне, каб пры гэтым не выглядаць смешна.

Дапамог яму сам паэт-пралетар, які абарваў узаемнае маўчанне:

– Вось, напрыклад, запрашалі нас павіншаваць таварышаў жанчын з Восьмым сакавіка. Свята нашае, рэвалюцыйнае! І мы віншавалі не таму, што гэта жанчыны, а таму што гэта блізкія нам таварышы, таксама працоўны народ.

– Хто запрашаў? – пытанне само сарвалося з вуснаў Мачугі, быццам коршун, які заўважыў здабычу.

– Ну… гэты… жаночы савет!

– І як? Цікавы атрымаўся вечар? Запомніўся ж ён вам нечым? – коршун, спушчаны Мачугам, учапіўся ў сваю здабычу і ўжо не меў намеру адпускаць яе.

– Вечар як вечар, – абыякава перасмыкнуў плячыма яго суразмоўца. – Прымалі вельмі добра, у далоні ляскалі пасля кожнага верша. Ну, вы ж разумееце, што добры пралетарскі верш, ён заўжды зачэпіць струну ў душы працоўнага чалавека!

Раптам твар Гарбылоўскага змяніўся: з абыякава-высакамернага ён нечакана стаў радасным і нейкім прасветленым. Вочы праменілі пяшчоту, якую Мачуга бачыў даўно – хіба што ў святых на нейкіх старых абразах у царкве. Спярша ён вырашыў, што паэт-пралетар так зрэагаваў на нейкі цёплы ўспамін з той вечарыны для жаночага савета, і ў сэрцы Мачугі зашчыміла: ён памятаў, што Валянціна была там старшынёй.

Але, прыгледзеўшыся, ён зразумеў, што Гарбылоўскі не глядзіць задуменна ўглыб сябе, згадваючы ранейшыя салодкія часіны, а з такой радасцю і пяшчотай аглядае чалавека, які толькі-толькі зайшоў у чайную. Пасля светлай вуліцы той не адразу мог разгледзець прыцемненае памяшканне і таму троху бесталкова азіраўся навокал.

– Пятро! – гукнуў яго Гарбылоўскі і памахаў рукой. – Пятро, хадзі сюды.

Высокі, як пажарная вежа, Пятро падышоў да стала і павітаўся, насцярожана пазіраючы на Мачугу.

– Гэта таварыш Мачуга з гаркама, – патлумачыў Гарбылоўскі. – Ён літаратурай цікавіцца, пра вершы мае распытваў, пра выступы…

– Літаратурай, значыць? Ага, – неяк няпэўна гмыкнуў Пятро. – І вы зайшлі менавіта сюды, каб пагаварыць пра літаратуру і пра вершы? Ну-ну…

– Ай, не выдурняйся, – неяк ненатуральна засмяяўся паэт-пралетар.

Паводзіны парачкі вельмі былі падобныя да сцэны рэўнасці, і гэтая кароткая сцэнка паказала Мачугу марнасць усіх яго падазрэнняў наконт сувязі паміж Валянцінай і гэтым пустазвонам-рыфмачом. Гарбылоўскі, як выглядала, ваяваў зусім на іншых франтах – тых, дзе змагаюцца за ўвагу мужчын, а не жанчын.

Канстанцін і раней чуў пра існаванне такіх прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, хоць і не сустракаўся з імі. Праўда, чуткі, якія даходзілі да вуха Мачугі, сцвярджалі, што такімі ненатуральнымі справамі займаюцца прадстаўнікі дэгенератыўных класаў – белыя афіцэры альбо якія-небудзь памешчыкі-фабрыканты… Для яго стала шокам тое, што рабочы чалавек можа цікавіцца іншым чалавекам свайго ж полу не як таварышам па працы, барацьбе ці іншай грамадскай дзейнасці, а менавіта як аб'ектам для кахання і любошчаў.

Разгублены Мачуга падняўся і, ледзь не забыўшся развітацца, выйшаў з чайнай. Свежае паветра вуліцы акаціла яго халаднаватай хваляй, і Канстанцін зразумеў, што ён увесь палае, хаця і не мог зразумець – ці ад цяжкога паветра чайнай, ці ад свайго нечаканага адкрыцця.

9 чэрвеня, серада, вечар

Прыемнаму чалавеку ты схільны прабачаць хібы, і не заўжды толькі дробныя. А калі непрыемны чалавек зробіць табе штосьці добрае, то гэта не выклікае да яго аўтаматычнай прыязнасці. Ну, хіба што паслуга будзе ве-ельмі вялікай…

Чалавечыя пачуцці існуюць незалежна ад логікі. І большасць людзей кіруецца ў сваіх паводзінах часцей менавіта эмоцыямі, а не халоднай выверанасцю лагічнага разліку.

Лідачка Бурцава не была выключэннем, яна належала да большасці. Яна вырашыла, што Канстанцін Мачуга будзе належаць ёй, і таму ў яе выклікалі вялікі неспакой яго незразумелыя паводзіны апошняга часу: кудысьці сыходзіў, нічога не кажучы, недзе бадзяўся вечарамі, сустракаўся невядома з кім…

Лідачка не намервалася выпускаць здабычу са сваіх драпежных вострых кіпцікаў: яна вырашыла прасачыць, чым займаецца і куды ходзіць Мачуга ў вольны ад працы і ад яе час. Павінна ж яна ведаць, каб як найлепш дагадзіць сваму будучаму мужу, ці не? А ў тым, што менавіта ён неўзабаве стане яе мужам, Лідачка не сумнявалася – яна зробіць для гэтага ўсё магчымае і немагчымае.

Яе не турбавала, калі «яе Косцік» вечарам ішоў выпіваць заміж таго, каб спяшацца да яе. Лідачка памятала мамчына выслоўе: «Калі мужа не адпускаць выпіць трошкі гарэлкі з мужчынамі, то ён пойдзе піць яе з чужымі жанчынамі». І тое, што пасля выпіўкі Канстанцін часта ішоў спаць не да яе, а ў сваё ранейшае жытло, таксама не выклікала празмернага неспакою. Мужчына пасля працы расслабіўся і не хоча паказацца сваёй пасіі ў не дужа прывабным выглядзе…

Але аднойчы яна пайшла пасачыць за «сваім Косцікам» удзень (дакладна памятае – гэта была нядзеля, 30 траўня) і нечакана высветліла, што ён сустракаецца з нейкай шлёндрай у гарадскім парку! Яе абурэнне было нястрыманым, быццам шторм на карціне мастака Айвазоўскага, пра якога Лідачка неяк чула ад прыезджага лектара.

Першае, што яна хацела зрабіць, – гэта падскочыць да лавачкі, на якой сядзела гэтая здрадлівая парачка, і ўчапіцца ненавіснай лахудры ў космы, а потым цягаць яе па дарожцы. Яе раз'ятранасць не дазволіла ёй фурыяй даляцець да лаўкі толькі таму, што ад вострага прыступу нянавісці яна адчула слабасць у нагах. Каленкі гадка падрыгвалі, і Лідачка была вымушаная мацней абаперціся на дрэва, за якім хавалася ад вачэй Мачугі.

Яна стаяла і толькі глядзела, як спрытная шэльма спрабуе зацугляць яе мужчыну.

Аднак тое, што адбывалася паміж Канстанцінам і шлёндрай, зусім не было падобным да любоўнага спаткання: за рукі яны не трымаліся, не абдымаліся і не цалаваліся. Размовы Лідачка не чула, але разгледзець твары магла: у іх таксама нічога не выдавала пяшчотных пачуццяў або заляцанняў паміж мужчынам і жанчынай.

Паціху яна супакойвалася, назіраючы гэтую дзіўную сустрэчу. А калі маладзіца, з якой размаўляў Канстанцін, шпарка пайшла ад яго, не азіраючыся, Лідачка ўжо святкавала перамогу і віншавала сябе з тым, што праявіла абачлівасць і не пабегла драць валасы на галаве ў лахудры: цяпер ужо ясна, што ніякая яна не суперніца.

З іншымі жанчынамі яна за ўвесь астатні час Канстанціна не бачыла. Таму на гэты конт Лідачка троху супакоілася, але кантраляваць не перастала: хто сам сябе сцеражэ, таго і бог беражэ… І гэтым вечарам яна цішком ішла за Мачугам, які спярша каля фабрыкі спыніў нейкага хлопца, потым пайшоў з ім у чайную.

Лідачка ўжо даволі доўга стаяла на вуліцы каля чайнай і ніяк не магла вырашыць, што рабіць далей, бо проста стаяць было ўжо нават і няёмка. Выбар быў невялікі: або ісці дадому, або зайсці ў чайную (як быццам выпадкова!) і забраць адтуль Канстанціна.

Пакуль яна вырашала, які з гэтых варыянтаў выбраць, з дзвярэй як ашалелы выскачыў Мачуга: твар у яго быў расчырванелы, вочы збянтэжана зіркалі па баках, быццам не маглі засяродзіцца ні на адным прадмеце.

Лідачка зразумела, што яе дапамога неабходная, і рашуча падхапіла Канстанціна пад руку. Яна вяла яго да сябе дамоў, прыгаворваючы нешта, быццам малому дзіцяці, каб ён хутчэй супакоіўся. Сэрцам яна адчувала, што тон важнейшы за словы, і таму гаварыла не спыняючыся, нібы рытмічна закалыхвала ўсе турботы, якія апанавалі душу яе мужчыны:

– Ціха-ціха-ціха! Не перажывай так, усё будзе добра. Зараз мы з табой прыйдзем дадому, ляжаш на ложак. Я табе пасцялю, сама цябе ўгайдаю, калі трэба – за вушкам пачухаю… Ты, Косцік, харошы, і ты мне патрэбны. Заставайся са мной, Костачка, я табе добра гатаваць буду, адзежу табе мыць, даглядаць цябе, пылінкі з цябе здзьмухваць буду… Я харошая, Косцік, і ўначы табе добра са мной будзе. Я табе верная буду, не тое што твая былая…

Лідачка прыкусіла язык, але было позна: Мачуга спыніўся, і яго позірк не абяцаў жанчыне нічога добрага.

Выразна аддзяляючы кожнае слова, ён адчаканіў:

– Што? Ты? Хацела? Сказаць? Пра? Валянціну?

–Ды нічога, нічога, – Лідачка закруцілася, быццам ліса, якая спрабуе вырвацца з неспадзяванай пасткі. – Агаварылася я…

Твар Канстанціна ўжо даўно страціў сваё бурачковае адценне і ў вечаровых прыцемках бялеў цяпер невыразнай маскай. Ніводная эмоцыя не адбівалася на твары, але вочы… У вачах бушавалі такія ўраганы, што Лідачцы стала вусцішна.

– Да Валянціны тваёй заляцаўся сябрук гэты твой вусаты, Кашэль, – словы былі ціхімі, ледзь улоўнымі. – Усе вакол ведалі, што ён да яе пад бок падкаціцца хоча… Не ведаю, ці было паміж імі што-небудзь, але потым яна яго абсмяяла пры іншых жанчынах: сказала, што ад такога пеўня толку мала, бо ў яго ўся сіла ў шпоры пайшла, а вышэй не ўзнялася. Можа, нешта яна пра яго і ведала, калі такое сказала…

Лідачка апусціла голаў, не наважваючыся паглядзець у твар Канстанціну.

Той маўчаў, не кажучы ёй ані слова.

Праз якую хвіліну ўжо ён абняў яе за плечы і павёў дадому. Лідачка злёгку дрыжала – ці то ад вечаровага холаду, ці то ад перажытых эмоцый, і таму з удзячнасцю грэлася ў мужчынскіх абдымках.

10 чэрвеня 1926 года, чацвер, вечар

Пад правай рукой Васіль Кашэль адчуваў пругкае маладое дзявочае цела, і гэтае адчуванне кружыла яму галаву не горш за гарэлку. Ён па-гаспадарску абдымаў гэтую невысокую чарнявую Марыйку за талію і ўпэўнена вёў яе па гасцінічных лесвіцах угору, на трэці паверх. У потнай ад хвалявання левай руцэ Кашэль сціскаў ключ ад нумара, уручаны яму жулікаватым парцье, які выдаў прыязную шырокую ўсмешку пад тоненькай палоскай вусікаў і нахабна падміргнуў, калі пабачыў наведнікаў.

Васіль рэзка параіў яму не сушыць зубы, а ветліва абслугоўваць гасцей, іначай гасцініца «Парыжская» можа атрымаць такія праблемы, пасля якіх гаспадар без роздуму разлічыць нахабу-парцье. Шырокая ўсмешка адразу знікла з твару маладога чалавека, быццам сцёртая нябачнай рукой, а ў голасе з'явіліся лёкайскія ноткі:

– Як пажадаеце, грамадзяне харошыя…

Кашэль пажадаў, каб яму са спадарожніцай выдалі ключ ад добрага двухмеснага нумара і не турбавалі да раніцы. І цяпер ён падымаўся па лесвіцы, абапіраючыся на парэнчы і надзейна прытрымліваючы рукой дзяўчыну, чыё сэрца нервова калацілася пад простай паркалёвай сукенкай, якая кепска спалучалася з мармуровымі лесвіцамі гасцініцы і цяжкімі пазалочанымі свяцільнямі на сценках.

Зрэшты, і вопратка самога Кашаля мала адпавядала гэтаму багатаму інтэр'еру: фрэнч, галіфэ і боты выглядалі сярод нэпаўскага аздаблення чужымі, але самога мужчыну гэта ані не бянтэжыла.

Марыйка раней не была ў такіх месцах і лічыла іх вельмі буржуазнымі і ўпадніцкімі. Васіль пазнаёміўся з ёй на адным з пасяджэнняў аршанскіх маладнякоўцаў: дзяўчына прыйшла туды са сваімі вершамі, у якіх заціхалі лілёвыя вечары, бурапеніўся ветрам дух эпохі ды ўзрасталі сталёвыя кветкі заводаў на тых мясцінах, дзе яшчэ ўчора стаялі занядбаныя сялянскія халупы… Словам, вершы былі не горшыя, чым у іншых. Праўда, і не лепшыя.

Затое сама Марыйка прыцягвала ўвагу і сваім абаяльным канапатым тварыкам, на якім лёгка з'яўлялася чырвань, і рудымі косамі, якія спускаліся стрэлкамі-ўказальнікамі на дзявочыя грудкі. Кашэль адразу паклаў на яе вока і пастараўся адвадзіць усіх магчымых кавалераў-юнакоў, адразу пусціўшы ў дзеянне цяжкую артылерыю – грошы, вялікай наяўнасцю якіх тыя не маглі пахваліцца, бо ў асноўным на паэтычныя вечары прыходзіла працоўная і навучэнская моладзь.

Кашэль спярша запрасіў Марыйку на вячэру ў рэстаран, пасля чаго правёў яе да рабфакаўскага інтэрната, дзе пражывала дзяўчына. Ужо на другім спатканні паход у рэстаран пры гасцініцы «Парыжская» лагічна завяршыўся паходам у адзін з нумароў.

У нумары дзяўчына азіралася з цікаўнасцю: вялікі ложак, якіх яна раней ніколі не бачыла, пярэстыя шпалеры, у якіх сям-там пад святлом бліскалі залацінкі, велізарнае люстэрка – ледзь не ад палогі да столі… Нават крэслы тут былі мяккія! Ніколі раней Марыйка не бачыла такой раскошы.

Тым часам мужчына адкрыў бутэльку шампанскага, якую прыхапіў з сабой з рэстарана: яна рэзка стрэльнула, і корак паляцеў кудысьці ў кут. Васіль абыякава махнуў рукой – маўляў, не бяды, хай валяецца.

Ён падаў дзяўчыне напоўнены келіх, і яна заварожана пабачыла, як у напоі падымаецца тоненькі струменьчык бурбалак.

– Ой! – Марыйка не змагла стрымаць свайго захаплення. А пасля таго як адпіла, смешна зморшчыла носік: шчыплецца, але неяк смешна, нязвыкла…

– Мы вып'ем на брудэршафт! – абвясціў ёй Васіль, узяўшы свой келіх. Іх рукі, занятыя келіхамі, перапляліся, кожны зрабіў па глытку, пасля чаго мужчына паведаміў, што цяпер трэба пацалавацца.

Пацалунак быў смачны, кіславата-салодкі, і Марыйка ўсярэдзіне ўся сцялася і затрымцела ў прадчуванні далейшага працягу.

І працяг не затрымаўся: мужчынскія рукі лашчылі яе плечы, спіну, грудкі, а вусны тым час палка цалавалі вусны, шчокі, вочы, шыю…

Дзяўчына сама не заўважыла, як ужо распранутая апынулася на ложку, а побач – разгарачанае алкаголем і яе блізкасцю мужчынскае цела. У галаве круцілася, яна адчувала ласку Васілёвых рук, і хацела, хацела, каб ён зрабіў з ёю тое, што мужчыны робяць з жанчынамі – назваць гэта іначай яна саромелася нават у думках.

Але раптам Васіль адстаронена адкаціўся на другую палову ложка і застыў, увесь наструнены, быццам пазначаў сабой нейкі невядомы мерыдыян, з якога яму ніяк нельга было зварухнуцца.

– Што здарылася? – Марыйчыны вочы яшчэ былі затуманеныя, і яна ніяк не магла зразумець, чаму так рэзка і крыўдна абарвалася гэтая цягучая насалода.

– Нічога, – голас мужчыны гучаў прыдушана, нібы прабіваўся з-пад крушні, у якую ператварылася ўсё яго цела.

Марыйка зірнула на твар Васіля – яго пусты позірк утаропіўся ў столь, спрабуючы ўгледзець там штосьці, нябачнае іншым. Ейны позірк ацаніў мужчынскае цела, якое яшчэ рэзка ўздымалася ад невыраўнянага дыхання, а потым апусціўся ніжэй: мужчынская годнасць яе кавалера бездапаможна звешвалася набок, зусім не адпавядаючы тым жарсцям, якія толькі што палалі на гэтым ложку.

Дзяўчына пагладзіла свайго кавалера па плячы, спрабуючы падлашчыцца:

– Ну, бывае, кажуць…

Нечаканая поўха апякла ёй шчаку. Потым мужчынскі кулак урэзаўся ў жывот, выбіваючы з яе паветра, і Марыйка скурчылася на сваёй палове, нема варушачы вуснамі, як рыба, выкінутая на бераг. У гэтым вялікім пакоі паветра было замала – прынамсі, Марыйцы яго неставала.

Кашэль на гэтым не спыніўся: ягоная лютасць нібы сілкавалася бездапаможнасцю ахвяры. Схапіўшы дзяўчыну за валасы, Васіль сцягнуў яе з ложка, а потым, не спыняючыся, давалок да дзвярэй. Марыйка бездапаможна перабірала па падлозе рукамі і нагамі, каб паспець, каб не даць яму адарваць валасы ад галавы. Яна б крычала ад болю, каб магла, але здолела толькі сутаргава хапануць паветра, як ужо апынулася за дзвярыма гасцінічнага нумара. Голая, яна сядзела ў прыцемку калідора і ніяк не магла зразумець, як так здарылася і чым яна выклікала такую раз'ятранасць.

Дзяўчына нарэшце змагла ўздыхнуць, і адчула, як апякае ўсярэдзіне кожны ўздых, кожны хапок паветра. Скура на галаве смылела, цела ныла ад удараў, рукі і ногі пачырванелі ад дывановай дарожкі, па якой Марыйку толькі што валаклі. Яна дакранулася да сіняка, які ўсё больш яскрава праступаў на жываце: балюча!

Дзверы нумара адчыніліся, і на дзяўчыну звалілася яе немудрагелістая вопратка.

– Скажы «дзякуй», што не голая па вуліцы пойдзеш, – голас быў халодны, адстаронены. Пасля гэтага дзверы хлопнулі, пакідаючы Марыйку сам-насам з непрыветным паўзмрокам калідора, куды ў кожны момант мог зазірнуць або парцье, або нехта з гасцей.

Кашэль дапіў шампанскае, якое купляў пераважна для спакусы дзяўчыны, але – не палягчэла. Апошнім часам канфузы ў ложку пераследавалі яго, і гэта балюча біла па мужчынскім самалюбстве. Васіль спадзяваўся, што з новай жанчынай у яго ўсё атрымаецца, таму цягнуў іх у ложак адну за адной, але марна…

Парцье ўсіх аршанскіх гатэляў ужо ведалі яго. «Брыстоль», «Эрмітаж», «Цэнтральная», «Дняпроўская», «Брэст-Літоўская», «Парыжская», «Камерцыйная» – ён не па адным разе наведаў усе гасцініцы, заходзячы туды штораз з іншай жанчынай.

І кожная чарговая няўдача ўсё больш раз'юшвала яго.

10 чэрвеня, чацвер, вечар

Мачуга пасля працы вяртаўся дадому. Дакладней, ён спярша хацеў ісці дадому, але адчуў, што там яго сустрэнуць бязлюдныя пакоі, у якіх усе прадметы нагадваюць пра былую жонку. Ранейшы боль ад страты ўжо крыху суцішыўся, але рэчы, звязаныя з Валянцінай, усё яшчэ абуджалі ў сэрцы непрыемны тупы боль, а не светлую настальгію – на яе яшчэ не настаў час…

Таму Канстанцін на паўдарозе развярнуўся і пайшоў не да сябе дадому, а да Лідачкі, якая заўжды з радасцю чакала яго. Ішоў ён без вялікага спеху ды яшчэ перад гэтым затрымаўся на працы, таму да Лідачкінага дома наблізіўся, калі сонца ўжо добра спаўзло на захад. Нечакана ад дрэва ў бок Мачугі хіснулася нейкая худая высокая фігура. Тры крокі – і чалавек апынуўся побач. З вялікім здзіўленнем Канстанцін пабачыў перад сабой Хлюдзінскага.

Яны не бачылі адзін аднаго з дня пахавання Валянціны, калі ледзь не дайшло да бойкі. Цяпер жа абодва мужчыны моўчкі стаялі адзін насупраць другога, быццам апынуліся на процілеглых берагах не вельмі шырокай (а не пераскочыш!) ракі.

Абодва пазіралі насцярожана. Хлюдзінскі заўважыў, што Мачуга за апошні месяц схуднеў, што адбілася не толькі на фігуры, але і на твары, дзе больш рэзка праступілі скулы. У сваю чаргу Мачуга адзначыў, што пад вачыма яго канкурэнта за Валянцініну ўвагу залеглі ад недасыпання цёмна-сінія цені.

– Ну? – рэзка кінуў пытанне Мачуга.

– Падумаў, што гэта табе спатрэбіцца, – Хлюдзінскі таксама не стаў вітацца, а проста працягнуў руку з нейкай паперай.

Канстанцін не спяшаўся браць прапанаванае. Ён не падазраваў Хлюдзінскага ў якой-небудзь хітрасці або падступстве – проста яму было непрыемна мець нешта агульнае з гэтым чалавекам.

– Што там?

– Данос, – тон Хлюдзінскага таксама быў сухі настолькі, што мог бы загарэцца, калі б паблізу была хаця б адна жарынка. – На цябе данос. Васільчук згубіў, а я падабраў.

Яго рука ўсё яшчэ была працягнутая да Мачугі, і той нарэшце забраў у музейшчыка паперу. Чытаць данос, аднак, Мачуга не стаў – ён па-ранейшаму глядзеў у вочы Хлюдзінскаму. І яго наступнае пытанне заспела Антона знянацку.

– Чаму?

– Што «чаму»? – здзіўленне Хлюдзінскага было настолькі моцным, што ён ажно разгубіўся.

– Чаму ты прынёс гэта мне?

Вусны Антона скрывіліся ў нейкай сарданічнай усмешцы:

– Ведаеш, я сапраўды не хацеў аддаваць табе… Але потым вырашыў, што да нашых з табой рахункаў гэтая папера не мае ніякага дачынення. Ну, і яшчэ… Я вельмі не люблю даносы.

Не развітваючыся, ён павярнуўся і няспешным крокам пайшоў у той бок, дзе сядала сонца. Канстанцін моўчкі паглядзеў яму ўслед і пачаў чытаць перададзены данос.

Лідачка, якая праз вакно назірала гэтую кароткую, але напружаную сцэну, не чула ні слова з таго, што сказалі абодва мужчыны. І ўсё ж яна з палёгкай уздыхнула, калі Хлюдзінскі пакінуў яе Косціка і сышоў.

На яе здзіўленне Канстанцін не паспяшаўся да яе, а застаўся на вуліцы чытаць нейкую паперу. Яго засяроджаны твар сведчыў, што ў паперы было напісана нешта вельмі важнае. Што менавіта – Лідачка прачытаць ніяк не магла, дый выраз твару Мачугі таксама не даваў магчымасці здагадацца пра змест паперы.

Нечакана для Лідачкі Канстанцін павярнуўся і рашуча пайшоў кудысьці прэч.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации