Текст книги "Сонечны чалавек (зборнік)"
Автор книги: Андрэй Дзічэнка
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 1 (всего у книги 10 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]
Андрэй Дзічэнка
Сонечны чалавек (зборнік)
Зборнік апавяданняў
© Андрэй Дзічэнка, 2016
© ІП Янушкевіч А.М., 2016
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Трохсоты
Валодзька жыў разам з маці практычна з самага свайго нараджэння. Выключэннем сталі два гады войска, куды ён трапіў адразу пасля школы, заваліўшы экзамены ў інстытут. Служба прайшла ў далёкай гарачай краіне, якую нашы па нейкай прычыне залівалі кіпячым свінцом. Валодзька вярнуўся без кісцей рук і з дурной усмешкай на твары.
Сярод дзяцей у двары адразу ж з’явілася легенда, што ў далёкай краіне ў Валодзькі замест кісцей былі шасціствольныя кулямёты, на якія ён прамяняў свае рукі. Але вайна скончылася, кулямёты ў Валодзькі канфіскавалі, а замарожаныя рукі з’елі галодныя сабакі. Напэўна, яны яшчэ пагрызлі і мозг хлопца, бо ён зусім перастаў складна размаўляць.
– Шэсць двухсотых і адзін трохсоты! – казаў Валодзька і біў сябе куксамі ў грудзі. Круглявасці на іх былі падобныя да адпаліраванага да бляску цвёрдага камяка снегу, які хацелася абавязкова памацаць.
Дзядзька Міша, каржакаваты мужычок, які працуе на мясцовым заводзе, заўсёды са шкадаваннем глядзеў на Валодзьку і ківаў галавой. Ён сказаў хлопцам, што Валодзька насамрэч герой і раней быў дэсантнікам, з якога трэба было б браць прыклад. Але хлапчукі, узброеныя драўлянымі аўтаматамі, не вельмі хацелі станавіцца дэсантнікамі.
– Разумееце, дзядзька Міша, калі ва ўсіх дэсантнікаў забіраюць кісці рук на вайне, то мы не хочам быць дэсантнікамі.
Бачачы такія паражэнчыя настроі, дзядзька Міша пачынаў гучна лаяцца, і хлопчыкі кідаліся ўрассыпную. Шмат часу Валодзька праводзіў з хлопцамі. Вёў на школьную дыскатэку, а калі ўсіх, акрамя яго, прапускалі на пляцоўку, абапіраўся на іржавую металічную агароджу і спрабаваў танцаваць. Падчас гэтых дзеянняў з яго твару не сыходзіла ўсмешка.
– Трохсоты! – звярнуўся неяк да яго адзін з хлопцаў па імені Рома. Ад гэтага слова, сказанага староннім чалавекам, Валодзя здрыгануўся. – Гэй, трохсоты! – паўтарыў Рома і звонка шчоўкнуў пальцамі.
– І шэсць двухсотых! – адчайна крыкнуў Валодзька і, упаўшы на зямлю, пачаў плакаць. Рому стала сорамна. Разам з двума сябрамі ён падышоў да Валодзькі, які ўпаў, і, злёгку прыўзняўшы яго, шэптам папрасіў прабачэння. У адказ былы салдат зноў усміхнуўся і абняў Рому.
У адрозненне ад свайго сына, мама Валодзькі выглядала зусім няшчаснай. Калі раней яе грузнае цела можна было ўбачыць на драўлянай лаве каля пад'езда, то цяпер яна старалася пазбягаць людской увагі. Тыя, хто бачыў яе, казалі пра змярцвелы і бледны колер яе скуры.
– Быццам хтосьці абляпіў твар белай плёнкай, у якую звычайна пакуюць мёртвых жывёл, – казаў Рома сябрам.
Голас мамы скалечанага салдата Рома чуў толькі аднойчы, калі да яе прыходзіла іншагародняя камісія з трох высокіх і каржакаватых мужчын. Яны прыехалі на чорнай машыне і, агледзеўшы лядашчыя трохпавярховыя дамы, падняліся да іх дадому, стараючыся не глядзець на выпадкова сустрэтых людзей.
Прабыўшы ў кватэры ў Валодзькі ўсяго некалькі хвілін, людзі спусціліся ўніз і селі ў машыну. Гучна зароў матор, і пасля недоўгачасовага віску аўтамабіль схаваўся за завулкам, узняўшы слуп пылу. Маці Валодзькі ўпершыню пасля яго вяртання дадому адвесіла шторы і, расчыніўшы акно, крыкнула на ўсю вуліцу: «Мой сын – герой!».
Праз некалькі хвілін Валодзька паказаўся на вуліцы з чырвонай зоркай, якая целяпалася на яго клятчастай кашулі. А яшчэ праз гадзіну ён дзесьці ў пустынных дварах згубіў яе і сумны сядзеў на лаўцы, паклаўшы абодва абрубкі сабе на галаву. Зусім крыху – і адчай змяніўся б плачам, але малыя адшукалі зорку. Рома на правах старэйшага паклаў яе ў нагрудную кішэню Валодзькавай кашулі.
– Адзін трохсоты! – ад радасці пракрычаў Валодзька і пачаў малаціць сябе ў грудзі. Потым ён раптам засумаваў і, паглядзеўшы на неба, шэптам вымавіў: «І шэсць двухсотых…»
Валодзька і далей жыў бы ў сваёй кватэры разам з маці, насіўся б з хлопцамі за дваровымі сабакамі і вёрз усякае глупства, калі б аднойчы ў двор не зайшлі прыезджыя хлопцы з прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Грубыя і лысагаловыя, яны пачалі піць гарэлку проста ў альтанцы, пабудаванай невядомым цесляром роўна ў цэнтры двара, абрамленага некалькімі дамамі. Дарослыя стараліся не заўважаць агрэсіўную моладзь, ад якой можна было зарабіць праблем. А тыя з радасцю задзіралі малодшых, патрабуючы грошай і падпарадкавання.
Спачатку прыезджыя адабралі драўлянае ружжо ў аднаго хлапчука. Разламаўшы цацку на некалькі кавалкаў, яны гучна засмяяліся і пачалі далей абмяркоўваць свае надзённыя праблемы. Затым, выпіўшы рэшткі спіртнога, сталі бадзяцца па двары і забіраць дробязь у іншых дзяцей. Якраз у гэты момант з пад'езда выйшаў Рома.
– Ёсць пятак? – раўнуў адзін з тройцы.
Рома, які не прывык да такіх просьбаў, самлеў.
– Ты што, не зразумеў? Гані грошы, чорт малалетні! – другі з кампаніі дэманстратыўна разбіў пустую шкляную бутэльку, зрабіўшы з яе “ружачку”. Прыставіўшы яе да горла Ромы, ён пачаў абмацваць кішэні.
– Тры двухсотыя! – віскнуў Валодзька, які імкліва набліжаўся. Збіўшы з ног хулігана, ён сціснуў яго абрубкамі рук і ўчапіўся зубамі ў горла крыўдзіцеля.
Пырснула кроў. Валодзька зубамі рваў шыю хлопца, чуліся страшныя гартанныя рыкі. Ад спалоху два іншыя хуліганы тут жа ўцяклі, а напалоханы Рома прыціснуўся спінай да драўляных дзвярэй пад'езда.
Як толькі хуліган захрыпеў, Валодзька падняўся спачатку на калені, а затым устаў на ногі. Увесь яго падбародак і шыя былі запэцканы пунсовай крывёй, нібыта ён проста аб'еўся вішнямі і яго званітавала. Пад нагамі ляжаў ужо мярцвяк, канечнасці якога яшчэ нейкі час тузаліся ў сутаргах.
– Кроў на камені становіцца сіняй з-за яркіх сонечных промняў. У пяску яна ператвараецца ў чорную густую слізь! – выразна вымавіў Валодзька. Ён падміргнуў напалоханаму Рому, развярнуўся і памалу пабрыў дадому. Тым часам нехта з суседзяў выклікаў міліцыю.
Праз некалькі дзён дзядзька Міша сказаў, што пакалечанага хлопца, хутчэй за ўсё, адправяць у закрытую лякарню. А яшчэ праз тыдзень Валодзька знік разам з маці. Хлопчык, якога дэсантнік выратаваў ад смерці, спрабаваў распавесці сваім сябрам, што пасля забойства Валодзька гаварыў нармальна, ды і выглядаў самым звычайным хлопцам. Але ўсе толькі смяяліся і не верылі яму. Неўзабаве Ромка і сам перастаў сабе верыць, вырашыўшы, што ўсё гэта яму толькі падалося.
Яшчэ праз паўгода, скончыўшы пяты клас, Ромка спытаўся ў дзядзькі Мішы пра тое, якім Валодзька быў раней, калі таксама вучыўся ў пятым класе і дапамагаў сваёй маме па гаспадарцы.
– Ціхім быў хлапчуком… Марыў пакараць нябёсы, – адказаў дзядзька Міша, дастаўшы з пакамечанага пачка духмяную цыгарэту.
Хлопчык глядзеў на дым і думаў пра тое, што хоча стаць салдатам, але вельмі баіцца долі дэсантніка з гарачай краіны.
Расказаць пра гэта ён нікому не адважыўся ажно да самай смерці ў Кандагары ў 19 гадоў.
Еўропа
Дзеці знаходзіліся ў вучэбным класе. Гэта быў самы звычайны пакой з абадранай чорнай дошкай для пісання. А яшчэ тут не было вокнаў і некалькі слабых лямпачак ледзь асвятлялі памяшканне. Звычайны чалавек у такой абстаноўцы вельмі хутка стамляўся.
З-за цьмянага асвятлення твары вучняў выглядалі злёгку пачырванелымі, нібыта кожны з іх згарэў на паўдзённым санцапёку і так з’явіўся на ўрок.
Дзеці былі незвычайныя. Яны не бегалі па радах паміж партамі, уздымаючы клубы пылу. Не крычалі адно на аднаго і не спісвалі ні парты, ні дошку рэвалюцыйнымі прамовамі на тэму полавых вычварэнняў.
Клас нагадваў закінуты будыйскі храм будучыні, дзе манахамі раптам сталі вучоныя людзі. А паслушнікі – самымі дысцыплінаванымі курсантамі вучылішчаў ваеннага тыпу.
Уваходныя дзверы адчыніліся, і ў клас увайшоў Настаўнік. Ніхто з дзяцей не ўзняўся. Усе толькі моўчкі сачылі за гэтым высокім, атлетычна складзеным мужчынам, якому вельмі пасавалі восеньскія паліто і дзіўныя капелюшы з шырокімі палямі.
– Добры дзень, мае дарагія вучні!
Пачуўшы ў адказ сказанае хорам «добры дзень», Настаўнік адсунуў крэсла і сеў за стол.
– Такім чынам, мае незвычайныя дзеці, пералічваць вас няма сэнсу. Вас тут сямёра, як заўсёды. І сёння ў мяне для вас надзвычай асаблівае заданне…
Настаўнік казаў голасам вельмі сур'ёзным, нібыта ў наступную хвіліну адправіць ўсіх сваіх слухачоў на верную смерць. Зрэшты, яны б пайшлі і на гэта, бо былі асаблівымі і зусім не ведалі, што такое самазахаванне і для чаго патрэбна жыццё чалавеку.
– Сёння кожны з вашай сямёркі, мае маленькія сябры, павінен будзе расказаць…
– Што такое Еўропа! – перапыніла Настаўніка бялявая дзяўчынка Алеся. Яна ўмела чытаць думкі, а таму часта размаўляла ўрыўкамі не зразумелых ёй сказаў. За гэта Алесю час ад часу білі, прымушалі прамаўляць усялякую пахабшчыну і пырскалі ў твар пярцовым балончыкам, каб потым запісаць з яе вуснаў плыні несвядомага. У новай школе дзяўчынцы падабалася, таму што тут на яе ступнях і шыі больш не будзе сінякоў.
– Правільна! – сказаў Настаўнік і ўсміхнуўся. – Ну, раз ты, Алеся, першая пачала казаць, тады распавядзі нам усім, што ж такое Еўропа.
З працяглым скрыпам адсунуўшы крэсла, Алеся ўстала і пачала свой аповед.
«Еўропа – гэта спляценне прыгожых асоб і думак, якія нібыта накіраваныя ў будучыню. І гэта прытым, што чалавек на яе тэрыторыі бязмэтна перасоўваецца і шмат думае. Затым ён дасягае аблокаў і п'е іх, як адтопленае малако. Пасля гэтага спатыкаецца і пачынае плакацца. Але не ўсім запар, а толькі далёкім птушкам, якія кружаць над ім і чакаюць, як бы ім падзяўбсці Еўропу. Калі сабраць усе думкі гэтай тэрыторыі ў адзіны сказ, то там зусім не будзе косак. Для ўсіх слоў не хопіць радкоў, а літары змяшаюцца ў вялікі і нясмачны кактэйль, які нам усім калі-небудзь прыйдзецца распіць і падзякаваць невядомаму кухару.
Часам Еўропа пачынае надзімацца ў велізарны шар, напоўнены агнём. Тады нам усім трэба бегчы. Я адзін раз бачыла гэты шар. Ён цалкам складаўся з мікраскапічных вочных яблыкаў, працятых чорнымі сасудамі з атрутнай вадкасцю, пасля якой няма жыцця і тым больш карцін свету. Мне стала вельмі страшна, і з тых часоў думкі мае былі накіраваныя толькі ў квадраты. Там, дзе ёсць квадраты, няма месца Еўропе».
Сказаўшы сваю прамову, Алеся выйшла з класа, каб аддыхацца.
– Ну што, Сяргей, надышла твая чарга!
Сяргей быў бландзінам з мускулістым, зусім безвалосым целам. Голас яго гучаў нязлосна, а ў вачах зіхацелі маланкі татальнага знішчэння. Сяргей харчаваўся выключна чалавечым мясам, а пасля выў на сустрэчных людзей. Той, хто трапляў у дыяпазон працяжных гукаў Сяргея, імгненна вылечваўся ад усіх хвароб і ззяў ад шчасця.
«Еўропа – яна на смак салодкая. Па выхадных смярдзіць дохлымі сабакамі, па буднях лётае на тытанавай мятле вакол планеты Зямля. Еўропа жарэ планету Зямля. Еўропа жарэ ўсё. Яна белая, як шчыльны метастаз. Узяўшы ў далоні Еўропу, ты зразумееш, што яе ніяк не сціснуць. Металічныя прэсы ламаюцца, перш чым прыступіць да ціску. Фактычна Еўропа – гэта і ёсць ціск на ўсё вакол. Калі раптам яе прыбраць, то аснова разляціцца, як чэрап, у які трапіў зарад свінцовага шроту».
Сяргей уцягнуў ноздрамі сырое паветра аўдыторыі. Інстынкты цягнулі яго ў сталовую. Сяргей устаў на карачкі і, як афрыканскі браняносец, папоўз з класа.
Чарга падышла да Філосафа. Здаецца, пры нараджэнні яго назвалі Аляксеем, але пасля дванаццаці гадоў гэтае стварэнне абклалася тоўстымі кнігамі і падпаліла сябе. З попелу Аляксея адрадзіўся Філосаф.
«Еўропа. Як каземат. Як жывёла, у якой бурчыць. Ніякай Еўропы навобмацак няма. Гэта толькі… Фантазія!»
Філосаф хацеў сказаць нешта яшчэ, але раптам заснуў. Настаўнік не стаў яго будзіць. Кожны раз, калі Філосаф спаў, некалькі салдат на КПП бралі пластыкавыя шарыкавыя ручкі і пісалі зводы напышлівых слоў. Пасля ўсё гэта чыталі людзі з адмысловай службы кансервацыі розуму. Падклаўшы Філосафу пад галаву чорны вязаны шалік, Настаўнік паглядзеў на наступнага вучня.
Дзяўчынка Іра больш за ўсё любіла маляваць. Раней яна брала ў рукі аловак і графітам пэцкала стальніцы і белыя дыванкі ў пад'ездах. Потым у яе пачалася дэпрэсія, і яна забылася на сваё захапленне. Зараз жа з ёй быў Настаўнік, а таму твар Іры мог станавіцца сінім, потым чырвоным, а часам і зусім празрыстым. Скрозь яе людзі бачылі рэальную карціну свету.
«Чорны б'е белага. Жоўты ірве чырвонага. Сіні спіць з зялёным. Фіялетавы на ўсіх глядзіць пагардліва. Вясёлка становіцца ніткай ДНК усялякіх кветак наогул. Яе прачытаць лёгка. Але зрабіць гэта лепш у Еўропе. Таму што ва ўсіх астатніх месцах за такое мардуюць голадам і забіваюць, запаляючы лёгкія».
Іра дастала аркушык і пачала маляваць кветкі. Калі Іра шмат думала і крыўдзілася, яна заўсёды малявала кветкі. Настаўнік вырашыў больш не турбаваць яе пытаннямі. Калі Іра нешта захоча дадаць, яна пераб'е каго заўгодна.
– Цяпер ты, Уладзік. Што ты думаеш пра нашу бягучую тэму?
«М-м-м-м-м. В-в-в-в-в-в. Г-а-а-а-а-а-а-а-а».
Набраўшы ў рот вады са шклянкі, якую ён заўсёды насіў з сабой, Уладзік забулькатаў. Праз пяць хвілін бурлькатання праглынуў ваду і працягнуў: «Еўропа не стала першапачатковай крыніцай усяго жывога. Ёй была вада. Але вада з'явілася не ў Еўропе. У тым месцы, пра якое вы нам распавядаеце, Настаўнік, ваду толькі псуюць. Злыя людзі псуюць».
Уладзік плюнуў на падлогу і расцёр далонькай плявок. Фрагмент дошкі, пафарбаванай у паглынальны чорны колер, заблішчаў.
«Вы не бачыце ў лакіраванай паверхні майго адлюстравання. Я не бачу ў Еўропе чагосьці, што здольнае паглынаць».
Уладзік сціснуў вусны і прыклаў да іх указальны палец. Настаўнік з разуменнем кіўнуў галавой. Уладзік умеў настройваць. Настаўнік жа хацеў трымаць дысцыпліну ў класе, таму быў не супраць маўчання выхаванца.
Побач з Уладзікам сядзела Лена. Вусны яе былі створаны для пацалункаў, а голас – для звонкіх песень. Лена не стала чакаць, калі Настаўнік выкліча яе, і пачала казаць сама.
«Калі я думаю пра тое, што вы мне кажаце, маю на ўвазе песню. Калі я спяваю, энергіі хапае, каб ствараць звышновыя. У Еўропы не атрымаецца стаць звышновай, таму што такая ўжо ёсць крыху на захад і ў некаторым родзе яна ад гэтай часткі свету залежыць. Вы мяне зразумелі?»
Настаўнік згодна кіўнуў. Застаўся апошні вучань, які ўвесь гэты час адседжваўся.
Кудлаты Міша надзьмуў шчокі. Ён паклаў перад сабой сшытак і, з усяе моцы націснуўшы грыфелем алоўка на паперу, нешта вымалёўваў, укладваючы ў гэты працэс не ўменне, а толькі эмоцыі.
– Міша, мой дарагі хлопчык, што такое Еўропа? – ветліва запытаўся Настаўнік.
Міша толькі злосна фыркнуў, нібы ў нос яму засунулі порах, і працягнуў драпаць лісты ў клетачку. Настаўнік падышоў да яго бліжэй і ўбачыў, што Міша малюе свастыкі, крыжы з мерцвякамі і свяцілы, прабітыя дзвюма маланкамі адразу.
Скончыўшы выводзіць апошні востраканечны калаўрот, які азначае татальнае зацьменне, хлопчык пачаў схематычна адлюстроўваць гару з прабітых чалавечых чэрапаў.
Настрой у Настаўніка зусім сапсаваўся. Справа ў тым, што Міша бачыў будучыню, а таму і без пытання ведаў, што будзе з усімі вучнямі. І ўжо тым больш з Еўропай.
Манеўры Таццяны
Таццяна была паэтэсай. Таму кожны раз, знаходзячыся ў адзіноце, яна марыла, што ў адзін цудоўны дзень людзі пачнуць пазнаваць яе на вуліцы і прасіць паставіць росчырк на аркушы паперы. Яшчэ ў дзяцінстве дзяўчынка паверыла ў словы, якія вымаўляла сваім голасам. Зараджаныя магічнай энергіяй, яны змогуць тварыць цуды з успрыманнем незнаёмых ёй людзей. Але зласлівыя двухногія вырадкі з дэфармаванымі эвалюцыяй тварамі адчувалі да Тані толькі пагарду. Часцяком яна даходзіла да абсалютнай нянавісці.
Кожны дзень з васьмі раніцы да пяці вечара Таццяна перабірала мноства папер. У іх хаваліся лічбы і вельмі складаныя сказы, спрэс пазбаўленыя паэтыкі. Напэўна, праз гэта яна не бачыла сэнсу ў працоўным часе. Вечарамі дзяўчына прыходзіла ва ўтульныя цёмныя памяшканні, дзе пахла кавай, чарвякамі і кніжнай цвіллю. Акрамя ўсяго, там бавілі час непрызнаныя людзі. Іх цяжка было слухаць, але можна было завесці знаёмства і нават даверыць якую-небудзь інтымную таямніцу.
– Добры вечар! Мяне завуць Таццяна, і я паэтэса, – казала яна кожнаму мужчыну, які ўваходзіў у пакой, у старым гарнітуры і з вачыма, напоўненымі святлом мёртвых недасягальных зорак. Яна ўяўляла, як схаваная ў снягах рабатызаваная кулямётная кропка ператварае ўзводы гэтых клонаў у скрываўленае мяса. Аўтаномнасць смерці сагравала.
Людзі стараліся не глядзець на Таццяну, аддаючы перавагу разгляду цёмных расколін паміж фарбаванымі дошкамі. Пры выпадку яны з задавальненнем спалі з ёй у старым доміку і нават казалі некалькі добрых слоў напрыканцы, запомніўшы на ўсё жыццё яе другое імя. Хоць яго не мог захаваць ніводзін чалавечы алфавіт.
Таццяна марыла пачуць, як староннія галасы чытаюць ёй вершы, якія нябачнай ніткай праніжуць бесперапынны разумовы струмень. Напэўна, ад мужчын ёй патрэбныя былі глоткі і гартані, здольныя агучваць страшнае.
У адзін момант паэтэса вырашыла, што прычына такога спажывецкага стаўлення да сябе – адсутнасць запісаных слоў на аркушах паперы. Зачыніўшыся ў цесным пакоі і ўключыўшы залішне яркую медыцынскую лямпу, Таццяна пачала пісаць.
Але нешта пайшло не так.
Замест прыгожых строф і вытанчаных слупкоў на аркушы ў клетачку з'яўляліся толькі шасцёркі і кляксы. Зліваючыся ў іншым вымярэнні, яны ператвараліся ў чарцей. Тры шасцёркі. Пяць кляксаў. Калі шасцёрак і чарцей стала роўна па трынаццаць на ўсёй прасторы аркуша, Таццяна сур'ёзна задумалася аб прасторавай несумяшчальнасці з навакольным светам.
– Буду пісаць першага кастрычніка! – вырашыла паэтэса і, скамячыўшы аркуш, скарміла яго козачцы Агаф'і з суседняга двара. Здаецца, Таццяна калісьці чула, што ў коз ад паперы ў клетачку баліць жывот, але злосць з-за шасцёрак і кляксаў не дазволіла ёй зрабіць інакш.
Бабуля вучыла Таццяну, што зло можна толькі пераварыць, а есці самой паперу з чарцямі зусім не хацелася.
За дзень да прызначанай даты дзяўчыне раптам стала зразумела, што трыумф наўрад ці адбудзецца і што прызначаць напісанне радкоў, што натхняюць, на першае кастрычніка было найгрубейшай памылкай. Калі б яна зразумела гэта пазней, то здарылася б і зусім непапраўнае. А так – можна проста мадыфікаваць стужку часу.
– Як жа я знайду выхад з сітуацыі? – з гэтым пытаннем Таццяна звярталася да неахайных мужчын, звар'яцелых ад часопісных вабнотаў дзяўчат і ненавіснікаў усяго вакол старых, пачарнелых праз пажаданні смерці ад ананімных сацыяльных работнікаў.
Усе яны, нібы змовіўшыся, нічога выразнага не адказвалі, а апошнія дык і зусім пагражалі жорсткай расправай. У выніку Таццяна вырашыла, што зробіць бінарны манеўр, а значыць, лік адзін у дзясятым месяцы года ператворыцца ў лік адзінаццаць.
Адзінаццатага кастрычніка яна возьме сшытак і напіша тэксты. Яны дазволяць не думаць пра кошт кавы ў цёплых установах вялікіх гарадоў.
Але з надыходам прызначанага дня паўтарылася тая ж гісторыя: шасцёркі больш чым раней лезлі на паперу, а чэрці наогул афарбоўвалі цэлыя ўчасткі густой чорнай непранікальнай безвыходнасцю. Металічны стрыжань драпаў паперу, запаўняючы таямнічай лічбай усю прастору і ўсяляючы ў розум Таццяны думкі пра непазбежнасць трагічнага лёсу.
Калі не засталося больш свабодных клетачак, дзе не красавалася б спехам выведзеная шасцёрка, Таццяна разарвала аркуш і пачала стрыжнем рэзаць свой твар. «Дадзена мне джала ў плоць, анёл сатаны, прыгнятаць сябе, каб я не ўзносіўся», – казала яна, утыкаючы дзіду аўтаручкі сабе ў шчокі, вусны, лоб, паласуючы скуру наводмаш і адрываючы ад яе вялікія кавалкі. Як толькі пісьмовы стол пакрыўся сузор'ямі чырвоных крывавых плям, паэтэса спынілася, глыбока ўздыхнула і пачала абмацваць раны. Ёй было жудасна балюча праводзіць пальцамі па глыбокіх парэзах, якія вільготна пульсавалі, нібы ротавыя адтуліны малюскаў. Пасля дзяўчына заматала твар бінтамі, выпіла тузін болесуцішальных таблетак і пайшла спаць.
Пачынаючы з 11 кастрычніка Таццяна стала сакральным напаўбоскім аб'ектам сярод найбольш актыўных прадстаўнікоў натоўпу. Пенсіянеры яе шкадавалі, школьнікі патрабавалі наказу, а мужчыны спрабавалі пазнацьу ёй уяўных дачок. У любым выпадку за гэтай сублімацыяй хаваўся банальны спалох Таццянінай натуры. Магчыма, таму яна перастала цягнуцца да людзей, так і не ажыццявіўшы мару ўсяго неіснуючага мінулага часу.
Беласнежка
У кожным пустынным дворыку, акрамя некалькіх аблезлых дамоў і іржавай дзіцячай пляцоўкі са скрыпучым арэлямі і раззлаванымі дзецьмі, быў свой вар'ят. Як правіла, ён не меў прывабных рысаў твару, не вылучаўся ахайнасцю, бязмэтна блукаў па закутках, узіраючыся ў твары мінакоў. Выпадковыя сустрэчныя тут жа хавалі свае твары за каўнярамі зношаных да дзірак плашчоў і куртак.
Неспакойныя і заклапочаныя маці строга забаранялі сынам мець зносіны з такімі людзьмі, а аджылыя сваю маладосць смярдзючыя мужычкі ў альтанках адным толькі выглядам адпалохвалі блазнаватых адзіночак. Таму юродзівыя, як іх называлі зморшчаныя бабулі, абіваліся ў чэргах і на дваровых лаўках, былі прадстаўлены цалкам самі сабе і маглі аказацца ў душы цалкам свабоднымі. Толькі ніхто пра гэта, акрамя іх, нават і не здагадваўся.
Напрыклад, Барыс. Ён ніколі не лічыў сябе чалавекам, які чымсьці можа адрознівацца ад іншых. У яго пакоі з абадранымі шпалерамі не было люстэркаў, таму сваё адлюстраванне ён мог бачыць толькі ў запыленым шкле, сяк-так устаўленым у некалі выбеленыя аконныя рамы, фарба з якіх крошкай абсыпалася на падаконнік і змяшалася з пылам. Са шчылін шырынёй у палец пастаянна дзьмула, а ў разгар восеньскай непагадзі вецер і зусім граў пранізлівыя мелодыі адчаю, якія заклікалі ў дом розную нечысць. Не вытрымліваючы пастаянных гутарак з вечнасцю, Барыс сыходзіў на вуліцу шукаць суразмоўцу. Але часцей за ўсё яго пошукі цярпелі фіяска.
У адзін з пахмурных дзён, калі неба было гатовае вось-вось выбухнуць цяжкімі кроплямі дажджу, якія надаюць бляск ажыўленым скрыжаванням і разбітым дарогам, Барыс сустрэў захопленага саліпсічнымі маналогамі студэнта Генадзя. Невысокі русявы юнак, падобны да прышэльца, які бесперапынна спазнае свет, спрабаваў адшукаць патрэбны пад'езд, а затым і кватэру сваёй новай знаёмай.
Барыс ішоў проста на студэнта, і калі да цела юнага падарожніка засталося крыху больш як паўметра, выцягнуў рукі і паклаў брудныя далоні на плечы Генадзя.
– Ты павінен мяне выслухаць! – Сказаў ён Генадзю і здзівіўся, што той не выказвае ніякага здзіўлення і нават наадварот, гатовы ўзрадавацца такому пачатку знаёмства.
Не кажучы нічога выразнага ў адказ, Генадзь сам сабе падумаў, што ад гэтага чалавека не пахне псінай і смерцю, а значыць, чаму б і не паспрабаваць пасябраваць, раз лёс сутыкае ілбамі.
– Ну, давайце прысядзем, ці што… – дыпламатычна выказаўся Генадзь, і яны зайшлі ў старую альтанку, дашчаная падлога якой была пакрыта тоўстым пластом бруду з хаатычным узорам застылых пляўкоў.
Ледзь не задыхаючыся ад радасці, Барыс узяўся за свой аповед.
Аповед Барыса
«Калі я быў яшчэ юным і смелым, а побач былі верныя сябры з чырвонымі гальштукамі, павязанымі на шыях, у нашым горадзе пачалі адбывацца дзіўныя падзеі. Я нават магу назваць іх страшнымі, таму што кожны раз на маіх вачах гінулі людзі.
Упершыню гэта здарылася ў дзень, калі п'яны натоўп дзеля забавы захапіў мясцовы палац і пачалася новая эра ў гісторыі ўсяго чалавецтва. Праз амаль пяцьдзясят гадоў грузны кіроўца тралейбуса спрабаваў адрамантаваць сваю машыну проста на прыпынку і раптам ператварыўся ў палымяны факел, а потым у чорны смярдзючы попел. Доўжылася гэта некалькі секунд, але адклалася ў памяці расцягнутым успамінам, які хочацца перажываць зноў і зноў. Сярод разявак на астанкі гэтага пухлага дабрака зусім абыякава глядзела Беласнежка.
Затым ад страшнай чумы, праз якую жывоцікі маленькіх дзетак ператвараліся ў абцягнутыя скурай калабкі, вымерла ўся вёска маёй роднай бабкі Астаф'і. Яна распавяла, як бледная дзеўка са светлымі, як лён, і мяккімі валасамі сыпала соль з вядра на парослыя дзікімі травамі палі.
Гэта таксама была Беласнежка.
Потым, калі я стаў слухачом інстытуцкіх курсаў, проста каля ганка жоўтая машына таксіста ператварылася ў ракету і панесла пасажыра бліжэй да цэнтра галактыкі. Нават там за ўсім гэтым назірала Беласнежка і, напэўна, ведала, што пасажыр не быў чалавекам і ўжо тым больш не валодаў цёплым целам са стандартнай тэмпературай 36,6.
Яе вочы, поўныя адмаўлення, праводзілі таксіста і адушаўлёны дым (якім стаў пасажыр) у апошні шлях. Я быў адзіны, хто бачыў Беласнежку, але, каб яе забіць, трэба было знайсці жыллё гэтай выдатнай панны. Спытаць наўпрост не атрымлівалася: яна была маўклівая, а пры першых кроках ёй насустрач і ўвогуле растваралася ці ператваралася, напрыклад, у газетную паперу, якой з лішкам на нашых вуліцах. Паспрабуй сярод кідкіх загалоўкаў адшукаць яе след!
Але ўсё не так безнадзейна. Здаецца, тады быў сонечны дзень. Я змог падлавіць яе толькі на сёмым забойстве, калі паравозік на рыпучай дзіцячай чыгунцы праваліўся ў каналізацыйныя катакомбы і бедныя дзеці задыхнуліся ад смуроду. Іх трупы апарыў кіпень у царстве пары і іржы, зрабіўшы падобнымі да лялек, зробленых з ануч.
Я націснуў вялікімі пальцамі рук Беласнежцы на вочы і ўбачыў крывавыя пратуберанцы, якія палалі вакол яе павекаў і вейкаў. І тады яна ўпершыню загаварыла са мной голасам злоснай старой.
Беласнежка жыла ў закінутай вугальнай шахце, дзе акрамя кратоў і павукоў вось ужо стагоддзе ніхто не адважыўся жыць.
Інжынер да гэтага часу, я быў вымушаны затапіць шахту, нарабіўшы страшнага грукату на ўвесь горад.
Сцеражыся яе, мой сябар Генадзь!
* * *
Скончыўшы аповед, Барыс адкланяўся, а Генадзь на развітанне працягнуў яму руку. Барыс вярнуўся дамоў, зноў прыслухоўвацца да мелодый парывістага ветру. Генадзь жа знайшоў патрэбны пад'езд і акуратна націснуў на абпаленую кнопку аднаго з мініяцюрных званкоў на чацвёртым паверсе. Дзяўчына, якая адчыніла дзверы, кіўнула і ўпусціла Генадзя.
Студэнт увайшоў у памяшканне, дзе пафарбаваныя ў чорны колер сцены былі хаатычна апырсканыя чырвонай фарбай, і наматаў на адну руку бліскучыя валасы сваёй сяброўкі. Сціснуўшы другую руку ў кулак, ён што было моцы біў яе па твары, ламаючы косткі і выбіваючы зубы, пакуль яна не паклялася яму ў поўнай вернасці і пакоры.
Чырвоныя ўкрапіны нагадвалі Генадзю галактыкі, а вочы новай сяброўкі – сонечныя дыскі за імгненне да зацьмення.
Неўзабаве яны сталі жыць шчасліва, зусім забыўшыся на гісторыю Барыса.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?