Электронная библиотека » Андрусь Макатоўша » » онлайн чтение - страница 2

Текст книги "Упырхлікі"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 15:00


Автор книги: Андрусь Макатоўша


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 8 страниц) [доступный отрывок для чтения: 2 страниц]

Шрифт:
- 100% +
4

Мы едзем едзем едзем у далёкія края.

Аўтар гімну Расейскай Федэрацыі[5]5
  Вядзецца пра Сяргея Міхалкова, дзіцячага паэта й бацьку двух дарослых кінарэжысёраў.


[Закрыть]

Шчыра кажучы, я не асабліва задумваўся, куды канкрэтна кіраваўся аўтобус з нашым ансамблем – мне проста было прыемна, што я ўпершыню ў жыцьці афіцыйна еду за мяжу, і гэтым разам – бязь дзядзькі Базыля, як дарослы. Паводле вечаровага сонца, якое сьляпіла мне вочы, я вызначыў, што едзем мы ў заходнім кірунку, і гэтага мне было дастаткова. Памятаю, па дарозе я яшчэ спрабаваў падбухторыць ансамбаль захапіць аўтобус і застацца дзе-небудзь за мяжою ў поўным складзе, як ужо раней спрабавала ня менш таленавітая за нас сям’я Авечкіных[6]6
  Сям’я Авечкіных – савецкі музычны калектыў, які спыніў існаваньне ў 1988 г. у выніку няўдалай спробы ўгону самалёта на Захад. Ніякага дачыненьня да вядомага расейскага хакеіста ня мае.


[Закрыть]
– усе думалі, што я жартую, таму ніхто маёй ініцыятывы не падтрымаў, пры тым што ў сямейных повязях між чальцамі ансамблю недахопу не было. Ну, то я й плюнуў і пачаў рыхтавацца да высадкі самастойна. Перад нашым галоўным фэстывальным выступам я незаўважна зьнік зь пераапраналкі з рэчамі (збольшага сваімі) і зьмяшаўся з глядацкім натоўпам. Ля самага выхаду я яшчэ азірнуўся на сцэну, дзе акурат у той момант паводле ўсіх законаў харэаграфіі мусіў быў сам выскачыць з-за кулісаў у якасьці саліста – шчыра скажу, без майго сольнага выступу ўвесь танец ператварыўся ў абы-што, мне ажно стала сорамна за сваіх зьбітых з рытму і з панталыку калегаў, і я пасьпяшаўся хутчэй сысьці, каб ня бачыць гэтае ганьбы. Схапіўшы першую таксоўку, я папрасіў, каб мяне адвезьлі ў паліцыю (гэтую ангельскую фразу я завучыў у аўтобусе па дарозе). Таксіст, на шчасьце, аказаўся ўкраінцам, які хоць і не зразумеў маёй фразы, але вельмі добра ведаў акалічнасьці працэдуры, якая мяне толькі чакала – ён некарысьліва прапанаваў не марнаваць часу і завезьці мяне адразу ў лягер для ўцекачоў (слова «лягер» мне зусім не спадабалася), месца знаходжаньня якога было яму добра вядомае. Я пагадзіўся, бо ня мог ведаць, што гэта настолькі далёка – мы ехалі, пакуль не пайшоў дождж і не надышла ноч, а ў выніку мне давялося аддаць яму ўсю сваю валюту, з такой цяжкасьцю ашчаджаную зь дзедавай і бабцінай пэнсіі. Што ж, затое мне ўдалося зь першага разу трапіць, што называецца, па адрасе – гэтым я сябе і супакойваў. На разьвітаньне таксіст зрабіў мне яшчэ адну ласку і паведаміў, што я знаходжуся ў Чэхіі. (Я крыху пашкадаваў, што наперакор сваім спадзяваньням ня трапіў у Польшчу, але што ўжо зробіш, калі я ўсю яе дарогаю праспаў.)

Стоячы пад дажджом, я пазваніў у жалезную браму – адчыніць мне выйшла маладая жанчына ў форме, падобнай да вайсковай, але зусім не такой, як у палкоўніка Кастамалоцкага. Як жанчына, так яе форма адразу мне спадабаліся. Я назваў ёй нараены мне таксістам пароль «азіл» (я запамятаў яго як «Ліза» наадварот) – жанчына ўздыхнула і ўпусьціла мяне пад страху сваёй хаткі, дзе я тут жа зьняў і павесіў сушыцца свой народна-танцавальны строй. Пабачыўшы гэта, жанчына залямантавала й паклікала свайго мужа, таксама ў вайсковым і ў фуражцы, які тут жа надаваў мне па шыі, згроб мае рэчы і заштурхаў мяне разам зь імі ў нешта накшталт карцэру. Нечакана для сябе я апынуўся ў досыць прасторным і цалкам пустым неасьветленым памяшканьні, накшталт нашай школьнай клясы ці дзетсадкоўскай спальні, запоўненым двух’яруснымі мэталічнымі ложкамі. Я доўга ня мог вызначыцца, каторы зь іх павінен быць мой, і ня мог уцяміць, куды падзеліся астатнія арыштанты – мабыць жа, паўцякалі. Ад іх засталіся толькі надпісы на мурах, вышкрабаныя жалезам і пазногцямі – усё рыхтык як у нас на Акрэсьціна. Чыркануўшы запалкай, я пачаў азнаямляцца з графіцямі, і ў мяне тут жа ўзьнікла адчуваньне, што я сплю і сьню ўрок геаграфіі. На мурах красавалі імёны людзей і назвы самых розных краінаў у самых розных мовах і шрыфтах сьвету, якіх я дагэтуль ніколі ня бачыў і ня чуў. Што да іхнага зьместу, то нават на мурах Брэсцкай крэпасьці-музэя не адлюстравалася такой багатай шкалы эмоцый. Усё гэта, разам з блізкасьцю жанчыны ў форме за сьценкай, узрушвала мяне амаль сэксуальна. Упершыню за гады ў мяне быў уласны пакой! Засынаючы на цьвёрдым сьмярдзючым матрацы, я думаў пра банальна-ўтульны гатэль, дзе цяпер сьпяць мае таварышы-танцоры, і крыху шкадаваў, што здрадзіў ім пасярод фэстывалю, а не пасьля. Мог прынамсі адскакаць свой сольны выступ. Згрызоты сумленьня доўга не давалі мне заснуць.

Прачнуўшыся раніцай, я нейкі час ня мог прыгадаць, дзе і якім чынам я апынуўся – але потым агледзеўся і ўбачыў, што побач са мною (балазе на іншым ложку) сьпіць негр. Дагэтуль я бачыў неграў жыўцом усяго толькі пару разоў у менскім інтэрнацкім жыцьці, зь бясьпечнай адлегласьці – а тут гэты мурын храпеў у мяне пад самым носам. Ня ведаю, у нас у інтэрнаце дык прынамсі былі для неграў асобныя пакоі, а на некаторых прыбіральнях было так і напісана: «Фор ўайт онлі».[7]7
  «Толькі для белых» (анг.)


[Закрыть]
Гэтак я адразу зразумеў, што ў гэтай іхнай Чэхіі беламу чалавеку будзе зусім ня проста, не раўнаючы ў амэрыканскай турме.

Я выйшаў на двор нэрвова пакурыць і пераканаўся, што насамрэч знаходжуся ў лягеры: пра гэта сьведчылі высокія жалезныя платы, краты й калючы дрот. Мне зрабілася непамысна. Тым часам негр прачнуўся і прыйшоў са мною знаёміцца, праз што мне давялося паціснуць яму руку. Выявілася, што ён зь Нігерыі (ціпа я дальтонік), дзе ўжо некалькі стагодзьдзяў нібыта адбываецца нейкая вайна, а сам ён, маўляў, нейкі нефіговы палітычны змагар, аўтар некалькіх рэпавых пратэст-сонгаў, якія ў іхнай Нігерыі, паводле ягоных словаў, шалёна папулярныя. Каб не застацца ў даўгу, я таксама пахваліўся яму, што я чалавек творчы, а менавіта танцор, і нават за свае народныя танцы быў аднойчы арыштаваны. Мурын нечувана зьдзівіўся: за што ўжо за што, а каб затрымлівалі за танцы, такога ў іх у Афрыцы ўявіць сабе было немагчыма. Ён пацікавіўся, зь якой гэта я такой жудасна таталітарнай краіны, і я з гонарам адказаў, што з нашай.

5
 
Занімай, Беларусь маладая мая,
свой пачэсны пасад між народамі!
 
Купала

Як я ў той жа дзень з жахам пераканаўся, я трапіў у тыя самыя вайсковыя казармы, якіх сваім удзелам у народным ансамблі гэтак спадзяваўся пазьбегчы. Шчасьце яшчэ, што казармы былі былыя – калісьці яны належалі савецкім акупантам, а пасьля іхнага тактычнага адступленьня былі, праз адсутнасьць лепшых ідэяў, ператвораныя ўва ўцякацкі лягер. Лягер быў насамрэч фарпостам эўрапейскай імпэрыі, мяжа якой праходзіла тады яшчэ ў трыццаці кілямэтрах на поўнач ад яго: усіх, злоўленых на той мяжы, аўтаматычна накіроўвалі сюды, каб не будаваць для іх асобных гатэляў у самой Эўропе. Пасьля дробных фармальнасьцяў, такіх як здача беларускага пашпарту і падрабязны пераказ усяго, што я паведаміў вам у папярэдніх разьдзелах, то бок майго гаротнага жыцьця на Бацькаўшчыне, ну і яшчэ пасьля праверкі на вашывасьць, СНІД і іншыя брыдоты (якіх у мяне не было), з карантыннай клеткі, у якой я пераспаў яшчэ колькі начэй, мяне выпусьцілі ў вальер – то бок у зону адносна вольнага перамяшчэньня, абмежаваную лягерным плотам (ужо бяз дроту). На зоне стаяла некалькі аднапавярховых баракаў і адзін пяціпавярховы цагляны дом, дзе раней жылі савецкія афіцэры, а цяпер – блатныя, але ня зэкі (тыя акурат жылі ў бараках), а сямейнікі. Я інстынктыўна ламануўся да дому, бо рыхтык у такім марыў жыць ад самага пачатку да самага канца жыцьця (на вёсцы ён лічыўся б шматпавярховікам, а я так і хацеў – каб на вёсцы, толькі па-гарадзкому), аднак мяне своечасова прытрымалі й пацягнулі ў барак. Там ужо мяне не чакала нічога новага: барак быў падзелены на дзясятак-тузін пакояў, у якіх жылі па тры-чатыры чалавекі, ну проста як у нашым інтэрнаце, з той толькі сумнай розьніцай, што тут былі адны мужыкі – для самотных жанчын быў прадугледжаны асобны барак з браніраванымі дзьвярыма, які амаль увесь час пуставаў, бо самотныя жанчыны ў лягер чамусьці ня надта імкнуліся, нягледзячы на дзьверы. Выхавацелька (так афіцыйна называлася ейная пасада, хаця паводле ўзроўню штодзённай небясьпекі больш адпаведна было б параўнаць яе з дрэсіроўшчыцай) за ручку завяла мяне ў пакой і пазнаёміла зь дзецьмі, якія былі ў сярэднім гадоў на дзесяць за мяне старэйшыя: армянам, малдаванам і латышом. Я адразу адчуў сябе як у Артэку, дзе дагэтуль ніколі ня быў. Вось ён, парадокс: імкнучыся ўцячы ад постсавецкага грамадзтва, я трапіў у самы што ні ёсьць яго эпіцэнтар.

З мужыкамі мы ў прынцыпе зажылі па-людзку. Першы тыдзень сышоў на абмен асабістымі дадзенымі й сувэнірамі: кіпяцільнік за лязо для галеньня, пачак цыгарэт за люстэрка й г.д. Майно, якое можна было мяняць ці ставіць у картах, хутка скончылася, бо было яго ў нас небагата, і, апісаўшы кола, збольшага вярнулася да сваіх ранейшых уладальнікаў. Затое вось майна чыста духоўнага ў выглядзе жыцьцёвага досьведу было ні ў кога з нас не адняць, як шчодра мы яго астатнім ні прапаноўвалі.

Армянін быў між нас найстарэйшы й найбольш гаваркі. Ягонаму ўменьню ўвесь час прамаўляць і пры гэтым не сказаць пра сябе нічога зайздросьцілі ўсе. Колькі яму насамрэч гадоў, як ён тут апынуўся, чым займаўся на радзіме, якое было дзявочае прозьвішча ягонай маці – усё гэта назаўжды засталося для нас таямніцай. (Гэта толькі я, як дурань, яшчэ ў першы дзень выклаў пра сябе ўсю праўду – і матку, і татку, хоць і быў зь імі асабіста незнаёмы.) Затое мы даведаліся ці ня ўсё пра ягоную здрадніцу-жонку й ейнага каханка, пра армянскія карані мастака Айвазоўскага, гісторыю стварэньня армянскага альфавіту і ўсё такое. Паводле шырыні ягоных ведаў было ясна, што гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй, хоць і прыехаў у Чэхію ў адным спартовым касьцюме. Другім па гаваркосьці і ўзросьце быў латыш – былы прафэсійны футбаліст, які паехаў у Чэхію наймацца на працу і якога адразу ж па прыезьдзе кінулі, разьвёўшы на грошы і дакумэнты (такіх у лягеры хапала – адных прыбалтаў было штукі тры, і сярод іх нават адзін паляк). Між іншым, паводле нацыянальнасьці латыш аказаўся такім жа беларусам, як я – час ад часу ён атрымліваў з дому ад маці лісты, напісаныя чыстай беларускай мовай, хай сабе і з выкарыстаньнем расейскай кірыліцы. Яшчэ ў латыша ў Латвіі была жонка, перад якой яму было ўвесь час сорамна, што ён так і не знайшоў сабе за мяжою працы, таму латыш знаходзіўся ў несупынных халерычных пошуках якога-небудзь занятку. Ну і апошнім паводле колькасьці гнілога трындзяжу й гадоў, затое першым паводле матэрыяльнай забясьпечанасьці (ня толькі ў нашым пакоі, але і ўва ўсім бараку) быў малдаванін – той у лягеры проста, кажучы ягонымі словамі, адпачываў, як у санаторыі, папрасіўшы прытулку, каб ня йсьці ў чэскую турму, куды яго хацелі запраторыць ці то за сутэнёрства, ці то за рэкет. (І такіх сярод лягернікаў выявілася нямала.) Малдаванін быў вэтэранам прыднястроўскай вайны, за што мы ўсе, за выключэньнем расейцаў, належна яго паважалі. Паважала яго й ахова лягера: а то б не, калі перад уязной брамай ля вахты стаялі ўсяго дзьве машыны, дырэктарава зялёная «шкода» і малдаванінаў белы «мэрсэдэс». Пры гэтым яго ўладальнік выглядаў сьціпла, залатых ланцужкоў (у адрозьненьне ад дырэктара) не насіў і на першы погляд нічым не адрозьніваўся ад звычайнага гастарбайтэра.

Даведаўшыся пра маё беларускае паходжаньне, усе тры мае былыя суграмадзяне, а цяпер суседзі па пакоі пачалі мне зайздросьціць, бо былі перакананыя, што хто ўжо хто, а я дык «азіл» атрымаю аўтаматам. Армянін, на злосьць свайму доўгаму носу, нават выказаў жаданьне перакваліфікавацца ў беларусы з маёй дапамогай: з гэтай мэтай я мусіў навучыць яго азам беларускай мовы. Бадай, ці не ўпершыню ў гісторыі нехта з уласнай волі захацеў быць культурна намі (перадусім канкрэтна мною) асыміляваны! Вось дзе мне прыдалася мая няскончаная пэдагагічная адукацыя! Армянінаву прапанову стаць ягоным рэпэтытарам і гувэрнантам я сустрэў з імпэтам яшчэ й таму, што спадзяваўся зарабіць на ім крыху грошай на цыгарэты, якія з дапамогаю суседзяў у мяне імкліва заканчваліся, а да выплаты так званай сацыяльнай дапамогі заставалася яшчэ некалькі тыдняў. Аднак грошай у армяніна не было, таму я, дурань, пагадзіўся вучыць яго беларускае мове ў доўг. Тым ня менш, адчуваньне, што я прадаю радзіму за цыгарэты, усё адно мяне не пакідала. Заняткі нашыя адбываліся збольшага ў форме рэпэтыцыі будучага армянінавага допыту ў паліцыі для замежнікаў (ці як тут яго называлі – інтэрвію), каб спалучыць навучаньне армяніна мове з завучваньнем ягонай новай уцякацкай легенды: «Дык кажаце, вы зь Беларусі?» «Зь Беларусіі, ара.» «А адкуль зь Беларусі?» «Із Мінска, ара.» «Чаму вы прыехалі ў Чэхію – вам што, на радзіме блага?» «Да какое благо, ара! Хуёво там, да?»

Самае большае праз тыдзень, калі набліжаўся час атрыманьня «сацыялкі», армянін, бачачы сьціплыя вынікі нашай вайны зь непасільнай складанасьцю беларускай мовы, ад маіх паслугаў адмовіўся і паставіў на іншага канька: нехта падказаў яму, што ўсе прадстаўнікі армянскага спэцназу вызначаюцца татуіроўкай дракона на плячы, і ён вырашыў зьмяніць легенду – абы не вучыцца й не плаціць мне за навуку. Зноў стаўшы армянінам, ён выдаваў сябе цяпер за былога целаахоўніка ці то прэзыдэнта, ці то коміка Петрасяна,[8]8
  Сапраўднае прозьвішча першага прэзыдэнта Армэніі – Тэр-Петрасян.


[Закрыть]
які (то бок ён сам, а не Петрасян) трапіў у няласку да ўладаў. Калі не лічыць сьціплага целаскладу й нізкага росту, над якімі армянін пачаў працаваць у той жа дзень, да целаахоўніка яму бракавала дробязі, а менавіта: татуіроўкі дракона. Малдаванін аказаўся ў мастацтве ўтырканьня йголак у скуру майстрам міжнароднага прызнаньня (бо пад гэтай пагрозай яму звычайна прызнаваліся ўва ўсім, магчыма нават у каханьні, ня ведаю), аднак, як на бяду, маляваць ня ўмеў – зноў давялося зьвяртацца да мяне, як да чалавека разнабакова таленавітага. На жаль, ніколі ў жыцьці я не маляваў драконаў, але ж дзякуючы Дракошу зь незабыўнага савецкага мульціка меў пра іх сёе-тое ўяўленьне. Вынікам нашай супольнай з малдаванінам працы армянін быў болей чым задаволены: ён атрымаў свайго дракона, а мы ад яго – па пачку цыгарэт. Жыць далей было можна.

6

Taste the West and fuck the rest.

Рэкляма

Яшчэ ў першы дзень на «зоне» я ўціхара ад суседзяў даеў нарыхтаваныя на дарожку сухары, апошнюю повязь з айчыннай харчовай прамысловасьцю, сумленна паліўшы іх настальгічнымі сьлязьмі, і скіраваўся ў лягерную сталоўку. Менавіта там я пазнаёміўся з чэскай кухняй (дзе не было ніводнай маладзенькай ані худзенькай кухаркі, вартай таго, каб запамятаць ейнае імя зьлёту), а таксама з бальшынёю геаграфітыстаў усіх вякоў і народаў, якія папакідалі свае аўтографы ў карантынным памяшканьні, каб такім як я нэафітам было што пачытаць перад сном у першую лягерную ноч. Уражаньне маё ад сталоўкі было параўнальным толькі з бабілёнскім слупастварэньнем, дзе ў якасьці слупа з разяўленым ротам застаўся стаяць я сам. Калі наш пакой быў усяго толькі Артэкам, то сталоўка нагадвала ўжо залю паседжаньняў ААН. Кожная фракцыя дэлегавала ў Раду Бясьпекі (то бок у чаргу) самых нахабных і цьвердалобых сваіх прадстаўнікоў, а сама між тым імкнулася акупаваць як найбольшую колькасьць самых выгадных, то бок адносна чыстых і адначасова найбліжэйшых да раздачы столікаў, каб як што якое першымі пасьпець за дабаўкай. Напружыўшы свой абсалютна немузычны слых, я распазнаў у вакольным паветры блізу паўсотні незнаёмых мне моваў, самай мілагучнай зь якіх было дзіцячае якатаньне. Гэтак я на ўласныя вушы зразумеў сэнс слова «мультыкультуралізм», якое дагэтуль лічыў неяк зьвязаным з мульцікамі, а таксама тое, што каб не пасярэдніцтва грубай сілы, то хаўчык тут дастаўся б далёка ня ўсім.

З сталоўкі пачалося маё знаёмства зь міжнароднай палітыкай і яе ахвярамі. Дагэтуль я думаў, што толькі адны мы, беларусы, ёсьць у сьвеце ізгоямі й недарэкамі, а ўсе астатнія жывуць як людзі і ня маюць патрэбы шукаць шчасьця па-за межамі сваіх гістарычных рэзэрвацый. Аднак тут я зразумеў, што патрабаваньні да жыцьця ў людзей збольшага індывідуальныя, а ня толькі ідэалістычныя, як у мяне. Узяць прыкладам кубінскага патрыёта Г’явані па мянушцы Гавана: чалавек вырас у краіне пераможнага сацыялізму, на высьпе свабоды ў моры глябалізацыі, апісваў сваю радзіму з дапамогаю жэстаў і мімікі (у яго быў лёгкі цік) як рай на зямлі – ну чаго яму там не ставала? Дык не, ягоны бацька быў як на бяду алькаголікам, а ў маці як на бяду былі сваякі ў Маямі, куды тая ўцякла ад пабояў і сям’і, пакінуўшы на зьдзек сэнільнаму Фідэлю малога сына, пасьля чаго паўторна выйшла замуж у Нямеччыну. Праз усё гэта Гавана (нават зьнешнасьцю – ён быў такі маленькі, тлусьценькі і валасаты) нагадваў маманьцёнка, які выправіўся ў вялікі сьвет на пошукі мамы, ледзь дасягнуўшы паўналецьця: яго злавілі пры спробе пераезду нямецкай мяжы ў багажніку аўтамабіля й бязь лішніх роспытаў адправілі да нас. Гавана ня мог дараваць Фідэлю такога прыніжэньня. У вольны ад нараканьняў час ён сакавіта апісваў усе магчымыя катаваньні сьвету, якія марыў выпрабаваць на бедным дзядку-камандантэ толькі за тое, што той не выпускаў яго з краіны па-добраму. Або, скажам, славак Пэтэр, які папрасіў палітычнага прытулку кілямэтраў за дваццаць ад свайго дому: думаеце, ён уцёк ад войска ці ад тамтэйшага Фідэля – Мэчыяра?[9]9
  Уладзімір Мэчыяр, аўтарытарны прэм’ер Славаччыны ў 1990–1998 гадах – цяпер проста ў гадах.


[Закрыть]
Не, насамрэч ён уцёк ад свайго духоўнага настаўніка – індыйскага ёга! Як гіпі ў трэцяй генэрацыі, Пэтэр вельмі цікавіўся альтэрнатыўнымі навукамі, і дацікавіўся да таго, што ёг пачаў зьяўляцца ў ягоных снах і маніпуляваць ім, бы робатам на дыстанцыйным кіраваньні, пасылаючы то ў краму па піва, то ў банк па грошы, то ў дупу па прыколу. Пэрыядычна ён насылаў на Пэтэра паралюш, у выніку якога Пэтэр гадзінамі ня мог ані ўстаць з ложку, ані даплюнуць да столі. З часам Пэтэр заўважыў, што чым большая дыстанцыя, тым горай дзейнічае ёгава кіраваньне – таму выдаўся, натуральна, на захад, абы як мага далей ад усходняй мудрасьці, аднак быў зноў-такі запынены чэскімі ўладамі на самай мяжы ўратаваньня сваёй душы. Або расейская пара з Чачні – лічыце, яны ўцяклі ад жахаў вайны? Ці мо ад помсты з боку чачэнцаў? Гэта яны так толькі казалі ў паліцыі: насамрэч, гэта былі сучасныя Рамэо і Джульета. Джульета закахалася ў Рамэо на дыскатэцы, а раніцай даведалася, што яму сорак гадоў і ў яго жонка з двума дзецьмі – як і наказаў Шэксьпір, яна ўжо зьбіралася скончыць жыцьцё самагубствам, як тут Рамэо прапанаваў ёй усё кінуць і ўцячы за мяжу – Джульета на месцы пагадзілася. Чаму яны трапілі ў Чэхію, а не адразу ў Вэрону – без паняцьця… Карацей, што ўжо тады хацець ад іранскага гея а да ўсяго яшчэ й ліліпута зь мянушкаю Дыназаўр, якога нармалёвыя ўва ўсіх сэнсах суайчыньнікі не закідалі камянямі толькі таму, што ніяк не маглі ў яго з адлегласьці патрапіць? Ува ўсіх згаданых асобах я тут жа распазнаў роднасную сабе душу (як і наадварот), і мы, натуральна, засябравалі. З Гаванай мяне яднала ня толькі, так бы мовіць, сірочая доля, але перадусім любоў да Леніна – гэтак ён называў гатунак бутэлечнага піва, якое прадавалася ў найбліжэйшай да лягера краме, куды нас раз на дзень адпускалі пасьля абеду. На піўным цэтліку быў выяўлены гістарычны заснавальнік бровара з куфлем свайго ўлюбёнага пітва: лысы, з бародкай і хітравата прымружанымі, знаёмымі нам абодвум яшчэ зь піянэрскага дзяцінства вачыма – нішто ў ім не выдавала капіталіста й эксплюататара. «Скажыце, калі ласка, а ў вас ёсьць Ленін у Разьліве?» – гэта была першая чэская фраза, якую мы з Гаванам вывучылі й тут жа забылі, бо Ленін у краме быў толькі бутэлечны. Апрача гэтага Гавана быў ці не чэмпіёнам Кубы па настольным тэнісе й імкнуўся зрабіць усё магчымае, каб выхаваць ува мне свайго наступніка. З славакам Пэтэрам, у сваю чаргу, мы гулялі найчасьцей у шахматы (правілы ў якіх аказаліся зусім іншыя, чым у шашках) – як у кожным прыстойным летніку, недахопу ў настольных гульнях не было і тут. У дадатак Пэтэр быў вялікім знаўцам ня толькі індыйскай, але й расейскай культуры (прынамсі, у параўнаньні са мною) і нават любоўна называў мяне «Платонавым». Дзякуючы яму ў мяне значна палепшылася як чэхаславацкая, так беларасейская мовы – настолькі, што я мог дазволіць сабе запісацца ў лягерную бібліятэку й атрымаць пасьведчаньне чытача нумар два (нумарам адзін быў сам Пэтэр). З Дыназаўрам я сябраваў збольшага таму, што зь ім сябраваў Пэтэр і варагавалі астатнія. Што да расейскай пары каханкаў, дык тая наагул мяне фактычна ўсынавіла, і на працягу ўсяе лягернай зьмены я карыстаўся тым, што яны жылі ў пяціпавярховым доме – гэта значыць, перадусім іхным асобным, некалі афіцэрскім душам. Такога, мушу сказаць, нават у нашым менскім інтэрнаце не было! – а нічога большага я ад жыцьця й не патрабаваў: абы не было, як у менскім інтэрнаце.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации