Электронная библиотека » Андрусь Макатоўша » » онлайн чтение - страница 1

Текст книги "Упырхлікі"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 15:00


Автор книги: Андрусь Макатоўша


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 1 (всего у книги 8 страниц) [доступный отрывок для чтения: 2 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Андрусь Макатоўша
Упырхлікі
або
Праўдзівае апісаньне капіталізму ў адной асобна ўзятай краіне Захаду, складзенае ад няма чаго рабіць рабом Божым Андрусём Макатоўшам, блудным сынам і ўнукам, пляменьнікам Базылёвым, беларусцам з-пад Наваградка, валацугам і прайдзісьветам[1]1
  Існуе думка, што апошнія два словы, насамрэч – ня аўтарава самахарактарыстыка, а прысьвячэньне. (Тут і далей камэнтары Макса Шчура.)


[Закрыть]
з прадмоваю Габруся Калоды й пасьлямоваю ды заўвагамі Макса Шчура

© Макс Шчур, 2016

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Прадмова

Дзецюкі! Мужычкі мае родныя![2]2
  Паводле адзінага камэнтара, зробленага да твору самім аўтарам (у лісьце, які суправаджаў адзіную вядомую нам электронную вэрсію «Ўпырхлікаў», разасланую мэйлам), у слове «мужычкі» націск павінен падаць на «ы», а не на «і» – то бок слова, як ні сьмешна, ёсьць зваротам да асоб жаночага роду, а не мужчынскага. Каго прадмоўца мае на ўвазе пад «мужЫчкамі», не зусім ясна.


[Закрыть]

Пішу вам, бо мой дарагі друг і аўтар гэтай кніжкі за выключэньнем прадмовы Андрэй Андрэевіч Макатоўша пра гэта мяне ня так даўно папрасіў. Кажа, Габрусь: напішы мне прадмову да кніжкі, бо ты ж пісьменьнік. Гэта праўда, бо я сам ня так даўно адну кніжку напісаў, але вы яе напэўна яшчэ не чыталі. Я яму кажу: лёгка! А да якой кніжкі? Вунь колькі на паліцы кніжак – давай з шасьці любую, я ўсе чытаў. А Андрусь, маўляў, не, да маёй уласнай. Я ўжо як той дурань зьбіраўся яму зноў уласную падпісваць. І тут да мяне дайшло: да ягонай кніжкі! Ну, добра – а дзе яна? А ён на гэта такі: няма. Во прыкаліст! Я дык яшчэ ніколі не пісаў прадмову, нават сам да сябе. А да кніжкі, якой няма, дык зусім. Але Андрусь абяцае, што будзе – то я во пішу. Так бы сказаць, сваімі словамі, а не пад дыктоўку. Аж непрывычна, то ж бо маю кніжку мы пісалі на адварот. Андрусь пісаў сваімі словамі, што я дыктаваў. Ай, якая ўрэшце розьніца, хто каму дыктуе. Што я хацеў вам сказаць. Мой дарагі друг і аўтар гэтай будучай кніжкі Андрусь, ён хоць і прыкаліст – але чалавек вялікага даверу. Усё, што ён мне пра сябе дагэтуль расказаў, поўная праўда. Таму ў ягонай кніжцы можаце не сумнявацца, калі будзеце яе чытаць, як і ў маёй. Я вам там у асноўным даю ўсякія парады, як гатаваць смачную ежу. А вось Андрусь піша пра тое, як усё насамрэч было. Каб вы не паўтаралі нашых памылак. А яна ў нас толькі адна: эміграцыя. Я памыліўся, што ў яе зьехаў запозна, а Андрусь – што зарана. Што зробіш, былі маладыя і дурныя. Андрусь кажа, каб я напісаў: гэтым я хачу паставіць мне і табе групавы помнік. Калі вы яго і праўда будзеце ставіць, то хай мы на ім з Андрусём стаім у абдымку. Адзін такі абдымак пастаўце мне ў вёсцы, а другі яму ў вёсцы. Толькі зрабіце па-людзку, каб з нас не сьмяяліся. Як напішаце – дашлю вам наглядны эскіз. Ну, бадай, усё. Да сустрэчы ў эфіры! А, забыў: калі Андрусь будзе пісаць пра мяне гадасьці, тады яму ня верце. Цяпер усё. Калі я вас нечым пакрыўдзіў, то выбачайце.

Габрусь Калода, Прага

Частка першая: Андрусь

1
 
Каб любіць Беларусь нашу мілую,
трэба ў розных краёх пабываць.
 
Песьня савецкіх часоў

Не адзін вялікі пісьменьнік да мяне задаваўся пытаньнем, з чаго яму варта пачынаць свой галоўны і часта адзіны твор – задаюся ім і я, у астатнім чалавек зусім, трэба сказаць, не задавасты. Ну хіба сраку я за гады, што праўда, крыху ад’еў. Мая прыроджаная (ці адпрыродная? як бы напісаў вялікі пісьменьнік?) сьціпласьць змушае мяне патлумачыць вам, сваім чытачам (выбачайце, што пішу вам з маленькай літары, бо так, наколькі мне ведама, патрабуюць правілы – а таксама з адной маленькай вёскі, назвы якой ня маю ахвоты прыгадваць, надта ж яны абедзьве мне ненавісныя), адкуль уласна паходзяць вытокі гэтае самай сьціпласьці – то бок пачаць з моманту майго нараджэньня, але ж яго я акурат, як на бяду, і ня памятаю. Затое памятаю шэраг іншых ня менш важных рэчаў, якія адбыліся са мною неўзабаве пасьля яго. Першаю рэччу ў гэтым шэрагу быў той незабыўны дзень, калі я даведаўся, што я сірата. Паведаміў мне пра гэта ня хто іншы, як злыя дзеці ў дзіцячым садку пры дзіцячай калёніі, куды траплялі, як неўзабаве выявілася, такія ж як я малалетнія правапарушальнікі, што таксама пазабівалі сваіх мацярок пры родах. Пасьля гэтага паведамленьня я пачаў плакаць і плакаў тры дні і тры ночы, пакуль у маім жыцьці ўрэшце не зьявіўся дзядзька Базыль, тэрмінова выкліканы да мяне з выцьвярозьніку, каб забраць мяне ў так званае дзядзькаваньне. На той момант мне было тры гады.

Дзядзька Базыль і насамрэч быў маім дзядзькам, то бок братам майго нябожчыка-бацькі, які скончыў жыцьцё самагубствам тады, калі даведаўся пра цяжарнасьць маёй матулі. Дзядзька займаўся настаўніцтвам, па суседзтве – гэта значыць, збольшага хадзіў па суседзях і за пачастунак вучыў іх, як трэба жыць. Яшчэ ў той жа дзень дзядзька Базыль прадставіў мяне маім бабці зь дзедам – сваім і майго бацькі бацькам. Дзеля гэтага ён завёз мяне да іх на вёску і пакінуў мяне там азнаямляцца з жыцьцём простага народу да маіх дзевяці гадоў, калі мяне ўрэшце прызналі прыгодным да навучаньня ў школе й аддалі ў першую клясу. Да гэтага ўсё ішло як нельга лепей: у бабы зь дзедам мне было анігадкі, па вечарах мы гулялі зь імі ў даміно і карты, шляхам чаго я набіраўся розуму. Дзядзька Базыль рэгулярна нас наведваў: як толькі ў астатніх дзяцей (а такім чынам і ў яго як настаўніка) пачыналіся летнія вакацыі, ён тут жа зьяўляўся на парозе і пачынаў мною займацца на правах апекуна. Гэта значыць – забіраў мяне з сабою, як ён казаў, «цягацца па сьвеце».

Сьвет дзядзькі Базыля, трэба сказаць, ня быў надта вялікім што да геаграфічных маштабаў, складаючыся пераважна з ваколіцаў ягонай роднай вёскі, якія мы зь ім абышлі ўжо ў нашую першую вандроўку. Дзядзька Базыль называў гэта «азнаямленьнем з гістарычнымі мясьцінамі» – праводзячы мяне па навакольлі, ён апавядаў пра кожную мясьціну якую-небудзь гісторыю з сваёй маладосьці: маўляў, вось тут я бухаў, тут пабіўся, вось з гэтаю жыў, з гэтым служыў і г. д. З кожным годам радыюс нашых вандровак усё пашыраўся, і неўзабаве нам давялося спыняць папутныя машыны, каб дабрацца дадому – а ўжо ў наступны год і каб дабрацца да месца прызначэньня. Як толькі мы такім чынам перасягнулі арбіту дзядзькавага роднага краю, ягоныя гісторыі раптоўна скончыліся – што змусіла яго пачаць прыдумляць дзеля мяне ўсякія показкі, прывязаныя да ніколі яшчэ ня бачаных ні мною, ні ім мясьцінаў. Балазе, фантазіі ў дзядзькі было нямерана. Крыху падпіўшы дзеля куражу, ён пачынаў вярзьці нейкую няўцямную для мяне мутню пра вялікае княства, белую вежу, чорную даму (па-нармальнаму – пікаў, а па-дзядзькаваму – вінаў), алькатабы і ўсё такое іншае. Дзеля падмацаваньня сваіх запаленых прамоваў ён пэрыядычна паказваў мне нейкія зачыненыя культавыя будынкі й разбураныя абарончыя збудаваньні, а я яму, як той дурань, і верыў.

Такім чынам, у сваім дзяцінстве я шмат дзе быў, але бадай нічога ня бачыў, апрача руінаў. Часам у мяне ўзьнікала адчуваньне, што хтосьці, здольны на адлегласьці чытаць дзядзькавы думкі, наўмысна абганяе нас на дзень-другі, каб пасьпець разваліць чарговы архітэктурны помнік акурат перад нашым прыездам. Дзядзька звычайна абяцаў паказаць мне які-небудзь казачны замак, які я ўяўляў сабе такім прыгожым, як у мульціках – а ў сапраўднасьці паказваў замест яго які-небудзь пагорак, у лепшым выпадку – гурбу цаглінаў. Ад расчараваньня я плакаў, як малы – зрэшты, я і быў малы. Аднойчы дзядзька па сакрэце прызнаўся мне, што ўсе гэтыя зруйнаваныя помнікі ў сукупнасьці ўтвараюць нашу Радзіму. Пасьля чаго яшчэ дадаў, што я насамрэч яму ніякі не пляменьнік, бо ягоны нябожчык-брат паводле бязьлітасных каляндарных законаў прыроды ніяк ня мог быць маім бацькам, праз што і скончыў самагубствам, але нягледзячы на гэта, маўляў, ён любіць мяне як роднага сына. Абодва гэтыя адкрыцьці мяне агаломшылі, нават ня ведаю, каторае болей.

Тым часам як ад дзядзькі я даведаўся пра існаваньне Радзімы, пра існаваньне іншых краінаў мяне паінфармавалі дзед з бабцяй – хоць, праўда, і ненаўмысна. Менавіта зь іхных размоваў я пачуў загадкавы выраз «за Польшчай» – як потым аказалася, гэтая Польшча калісьці займала ажно палову дзядзькавай, то бок нашай, Радзімы, і дзед з бабцяй у гэтай Польшчы ў маладосьці жылі. І хаця жыцьцё гэтае было, так бы мовіць, ня самым прасунутым, яны, маўляў, былі шчасьлівыя, бо былі маладыя. Гэтак я даведаўся, што шчасьліва можна жыць і ў іншых краінах, а ня толькі ў нас на Радзіме – дастаткова ўжо, каб гэтыя іншыя краіны крыху зьмясьціліся ў наш бок. Цяпер, праўда, казаў дзед, Польшча, бы той марскі прыліў, адышла ў заходнім кірунку – але я цішком верыў, што яна аднойчы абавязкова вернецца. А калі ня вернецца, то мы зь дзядзькам зьезьдзім на наступнае лета яе паглядзець. Аднак замест гэтага мяне налета аддалі ў школу.

2

Зубр – сімвал нашай Радзімы.

Падручнік

У школе я, як і варта было чакаць, стаў вундэркіндам. Асабліва ў галіне гісторыі. Але тут у мяне і пачаліся першыя непаняткі зь дзяржаўнай адукацыйнай сыстэмай. Гэтак ужо на першым уроку спадарыня настаўніца напісала на дошцы сваім размашыстым почыркам – настолькі размашыстым, што ледзь ня вывалілася з вакна: «Наша Радзіма – Савецкі Саюз». Я адразу ж падняў руку і сказаў, што ні пра які Савецкі Саюз я ў жыцьці ня чуў, затое дзядзька Базыль (між іншым, таксама настаўнік) казаў, што нашая Радзіма – Беларусь. Настаўніца нэрвова рагатнула і пачала даводзіць мне і ўсёй клясе, што нашая Радзіма – малая. У якасьці доказу яна разгарнула перад намі мапу. На мапе быў намаляваны такі здаравенны зубр, а на ім чатыры літары – тры «С» і адно «Р». «Вось гэта», паказала настаўніца на зубровую пысу – «Беларусь. А вось гэта – усё астатняе. І называецца гэта вялікай Радзімай». Ну і паехала разьбіраць тушу, як на плякаце ў мясным аддзеле: падламаныя пярэднія ногі зубра яна называла «Пярэдняй Азіяй» (а дзе тады ў яго задняя азія? думаў я), рогі – «Закарэліяй», хрыбет – «бяскрайняй Поўначчу», хвост «Канчаткай», а невялічкую гурбу, што зубр пакінуў пасьля сябе пад хвастом – «Сахарынам». Ужо з аднаго гэтага было ясна, што зубра ў гэтым запаведніку ня надта добра кармілі. Я папрасіў настаўніцу паказаць мне лепш на мапе Польшчу, ды спадарыня так і не змагла яе адшукаць. Затое запісала на ўсякі выпадак імя і прозьвішча дзядзькі Базыля, каб, мабыць жа, пракансультавацца зь ім у пытаньнях геаграфіі й маёй далейшай адукацыі.

Неўзабаве я пачаў разумець, што дзядзька Базыль сапраўды мяне падманваў, калі казаў, што мы зь ім «турысты»: мы былі ня столькі турыстымі, колькі нутранымі мігрантамі. Бо турыстымі з гледзішча вялікай Радзімы былі людзі, якія абмацалі ўласнымі рукамі ўсяго зубра, а ня толькі ягоную пярэднюю частку: хадзілі ў турпаходы куды-небудзь у горы, да мора ці ў тайгу, спалі ў палатках (а не на палатках па хатах чужых людзёў, як мы) і варылі сабе на вогнішчах ежу (а ня тыбзьдзілі яе з пограбаў). Яшчэ турыстыя сьпявалі пад гітару шчымлівыя ўласнапрыдуманыя песьні, серлі ў кустах, выціралі дупу лісьцем, а пасьля гэтага займаліся ў тых жа кустах полавай адукацыяй маладога пакаленьня – усё гэта на ўлоньні прыроды выглядала, мабыць жа, вельмі рамантычна і маляўніча. Праз сваю зайздрасьць гэтым сапраўдным турыстым я пачаў іх ціха й завочна ненавідзець. Яшчэ болей я ненавідзеў астатніх дзяцей у клясе, якія ўлетку не дасьледавалі зь дзядзькам вакольныя руіны, а езьдзілі да сваякоў кудысьці ў Маскву і Ленінград. Дзеці, у сваю чаргу, за маю нелюбоў да вялікай Радзімы, якую я па-ранейшаму азначаў за зубра, пачалі называць мяне зубрылкам.

Недзе ў той самы час у гэтага зубра, у цікаўнай да ведаў і ласай на цукар галаве якога мы ўсе жылі, пачала разьвівацца нейкая невылечная хвароба, нібыта ў ім завялася нейкая гніль, ці што – нейкія чарвячкі або хутчэй глісты сумневу. Прынамсі, дзядзька Базыль казаў, што зубр «гніе з галавы», быццам тая рыба. Усё гэта, маўляў, у выніку таго, што зубр пераеўся травы з назваю чарнобыль. А неўзабаве гнілы зубр пачаў літаральна распадацца на кавалкі, рыхтык паводле плякату зь мяснога аддзелу. Настаўніца казала, што злыя людзі з замежжа дзяруць яго на шматкі, імкнучыся адхапіць сабе найсмачнейшыя кавалкі.

Самымі першымі ў зубра адваліліся вушы. Памятаю, у тое лета мы зь дзядзькам паехалі ў Смаргонь, паглядзець на нейкі чарговы культавы будынак, а на зваротнай дарозе памылкова ўскочылі ў цягнік ня ў тым кірунку і апынуліся ў Вільні. Гэтак я ў першы раз у жыцьці трапіў за мяжу. Дзядзька, аднак, сьцьвярджаў, што нікуды мы ня трапілі, што Вільня – гэта ўсё яшчэ Беларусь, а ў якасьці доказу паказваў мне нейкія надпісы на мурах і вымпелы з выявай канякі. Верыць яму, аднак, было для мяне ўжо цяжка. Надта ж адрозьнівалася тая Вільня ад нашай Радзімы. Я хутчэй схіляўся да высновы, што дзядзьку ў галаву ўдарыў хмель свабоды, праз што ён суцэльна страціў арыентацыю ў прасторы, а гэта зь ім і без таго здаралася часта. Вярнуўшыся ў верасьні ў школу, я пахваліўся перад дзецьмі, што таксама бачыў вялікі горад. Але гэта не зрабіла на іх чаканага ўражаньня, то ж бо яны ўсе тым часам былі ў турпаходзе, адкуль бальшыня вярнулася ўжо ня дзецьмі. Як на вундэркінда я быў у параўнаньні зь імі нейкі аж занадта адсталы, нягледзячы на тое, што быў на тры гады старэйшы за ўсіх у клясе. Прыкладам, нават яшчэ не курыў і ня піў гарэлкі.

Школа, такім чынам, хілілася да шчасьлівага канца, і на дзень майго паўналецьця дзядзька ўрэшце падараваў мне сапраўдны, то бок не разбураны, замак, амаль як у той казцы з тэлевізара. Гэта была плястыкавая мадэль нейкага старажытнага замежнага гораду, з усім да яе належным: вежачкамі, мосьцікамі, сьцяжкамі, пад’ёмнымі кратамі й нават маленькімі рыцарамі ўсярэдзіне. Я ледзь не зшалеў ад радасьці, няхай сабе баба зь дзедам казалі, што гэта зшалеў дзядзька Базыль. Расцалаваўшы мяне, усе трое надавалі мне павучальных падсрачнікаў на дарожку й адправілі паступаць ува ўнівэрсытэт – той самы, які калісьці закончыў сам дзядзька.

3

Заўтра вецер пераменіцца.

М. Попінс

Унівэрсытэт знаходзіўся там жа, што і сталіца маладой Рэспублікі Беларусь, то бок у Менску, і я паступіў у яго зь першага ж разу як сірата і вясковец, дзякуючы нейкім гуманітарным квотам. Не пасьпеў я ў той Менск прыехаць, як адразу ж зьдзівіўся: ён быў яўна большы за Вільню, але ж пры гэтым упрыгожаны выявай таго самага канякі, што я бачыў і ў Вільні, толькі сьцягі па-над ім луналі крыху іншыя – такія, якія дзядзька па п’яні маляваў на платах. Доўга я ня мог у горадзе акліматывавацца, бо ўсе ў ім гаварылі іначай, чым у нас на вёсцы, не раўнаючы ў той Вільні, толькі зусім па-іншаму. Праўда, мне ў першы ж год пашчасьціла сутыкнуцца на нейкім канцэрце з гурбай нармальнай моладзі, што гаварыла па-людзку, і я тут жа да іх падруліў, як да землякоў: зь якой вёскі, маўляў? Моладзь аказалася, аднак, не зусім нармальнай: па-першае, ніводнага вяскоўца сярод іх не было (праз гэта, бадай, мяне й прынялі ў іхнае кола «на ўра», хоць я, прашу заўважыць, быў вяскоўцам толькі па пашпарце, а ў душы – грамадзянінам сьвету і местачкоўцам), па-другое, самі яны называлі сябе нефармаламі, а астатнія лічылі іх проста псіхамі. Усе яны былі мастакамі, паэтамі, пісьменьнікамі, музыкамі й паходзілі з такіх жа, як яны самі, сем’яў – ніхто зь іх у жыцьці не працаваў у калгасе, нават самога слова «калектывізацыя» не трываў. Ну, я на іх не крыўдаваў – галоўнае, што сярод іх была пара-тройка прыгожых дзевак. Праз гэтых дзевак я, канец канцоў, і ўлез у палітыку.

Недзе на самым пачатку другога курсу да мяне ў інтэрнат прыбег мой сябар Вітаўт (якога насамрэч звалі Гена), пабудзіў мяне й пачаў клікаць на плошчу ў сьведкі нейкага жахлівага генацыду – маўляў, усе «нашыя» ўжо там. Каб я ведаў, што такое генацыд, то не хадзіў бы. Аказалася, паводле вынікаў нейкага ці то ахвярэндуму, ці то лесьбісцыту з фасаду будынку ўраду (а мо й парлямэнту, я ж ня менскі) скінулі віленскага каняку, а ў дадатак яшчэ нейкі невядомы мне мастак-пэрформэр залез на страху й пачаў усім падпісвацца на стужках, бы на выпускным, толькі стужкі былі зь беларускага дзяржаўнага сьцягу.[3]3
  Пэрформэрам быў тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі І. Ціцянкоў.


[Закрыть]
Міліцыя, як заўжды, ні ў што не мяшалася, нягледзячы на выяву такога ж канякі на фуражках. Гэта мяне абурыла: «Мужык,» крычу, «ты шо робіш? Апупеў? Карлсанам задзелаўся? Ты ж без страхоўкі! Яшчэ грымнесься ўніз – турыст, маць яго, знайшоўся…» Я спадзяваўся, што маю актыўную пазыцыю ў гэтым пытаньні заўважаць перадусім дзяўчаты – але яе заўважылі перадусім мянты. Гэтак я ў першы раз у сваім студэнцкім жыцьці трапіў на суткі. Пасьля гэтага ўжо і дзяўчаты мяне заўважылі: на спатканьні да мяне ў прыёмнік пачаргова хадзілі ўсе тры прыгажуні. Тыдзень праляцеў, як вада з цукрам – умовы ў прыёмніку ў параўнаньні з нашым сіроцкім дзіцячым садком былі ня самыя горшыя.

Выйшаў я з сутак закарэлым і закаранелым ворагам дзейнага ладу. Да канца другога курсу я на знак салідарнасьці з апазыцыяй не выходзіў з запою – за гэты час у мяне настолькі адрасьлі валасы, што дзед з бабай і дзядзькам не пазналі мяне, калі я прыехаў на вёску на вакацыі. Бабця абвясьціла мяне «анціхрыстам», а дзядуля ганяўся за мною па двары з нажом і намерам адрэзаць мой конскі хвост. І толькі дзядзька нешта бубнеў пад вусы ў сэнсе «Усе мы былі маладыя й дурныя» (хаця хадзіць са мною ў грамадзкую лазьню пасьля й пасаромеўся). Свой конскі гонар мне ўдалося-такі ад дзеда ўбараніць. Калі, вярнуўшыся з вакацый, я трапіў на першы ў новым сэмэстры апазыцыйны мітынг, мяне адразу ж прыкмеціла купка маладых людзей падобнай да мяне зьнешнасьці, і самы цьвярозы зь іх тут жа падышоў да мяне і спытаўся: «Гэй, хлопча, ты часам не анархіст?» Згадаўшы бабціну абзывалку, я ўзрадаваўся: бабуля зноў мела рацыю! Гэтак я пазнаёміўся зь яшчэ адной катэгорыяй прасунутай моладзі, якая неўзабаве навучыла мяне курыць (бо піць я ўжо ўмеў дагэтуль, дзякуючы сваім сябрам-псэўдавяскоўцам).

Ад новых сяброў-анціхрыстаў я даведаўся жахлівыя рэчы: ня толькі тое, што мы ўсе ад нараджэньня жывем у злачыннай рэпрэсіўнай сыстэме, але й што раскіданыя кавалкі зубровага цела цяпер зноў спрабуюць сшыць разам нанова, каб зрабіць зь яго гэткага зьвярынага вітгенштайна, страшнага бязьлітаснага монстра, у параўнаньні зь якім колішні жывы зубр быў проста ўвасабленьнем рахманасьці й чалавекалюбства. Пры ўсёй маёй любові да скаціны гэты намер здаваўся мне негуманным. Карацей кажучы, анархісты напалохалі мяне да ўсёру. Ад іх жа я ўпершыню пачуў слова «эміграцыя» і пачаў сур’ёзна над ім задумвацца – перадусім над тым, што яно ўласна азначае.

Між тым ува ўнівэрстэце маё становішча пагаршалася: каб заняць чымсьці хлапцоў майго веку, для іх стварылі вайсковую катэдру. На першай жа шыхтоўцы палкоўнік Кастамалоцкі, зьмераўшы поглядам даўжыню маіх валасоў, сказаў, што ў мяне невайсковае мысьленьне, таму такім як я дарога адразу ў войска. (У гэтай фразе ён, як той яшчэ підагог, тут жа й падаў наглядны прыклад вайсковага мысьленьня.) Маўляў, навошта я хачу быць афіцэрам? Я такі – ну, хачу памерці за Радзіму. (Не, ну праўда, раз нашая Радзіма цяпер – Беларусь.) А ён: Радзіме патрэбныя шарагоўцы! Тады я, абы толькі ня быць шарагоўцам, якім у нашым войску яшчэ да пачатку баёў пагражае верная сьмерць, папрасіўся адразу ў камікадзэ – на што палкоўнік Кастамалоцкі параіў мне сьпярша пастрыгчыся, а тады, маўляў, і пагаворым. Больш мяне на вайсковай катэдры ня бачылі: мой анархісцкі гонар не дазволіў мне разьвітацца з маім хаерам.

Замест вайсковай катэдры я запісаўся ў танцавальны ўнівэрсытэцкі ансамбаль «Дзедканданс». Народныя касьцюмы, якія выдавалі ў ансамблі, былі нашмат прыгажэйшыя за вайсковую форму. Апрача таго, у ансамблі ня трэба было стрыгчы валасы, а толькі пазногці на нагах, каб тыя ўлязалі ў боты, ну і да ўсяго ансамбаль меў права, у адрозьненьне ад вайсковай катэдры, выяжджаць раз на год за мяжу на міжнародныя агледзіны, а гэта акурат супадала з маімі плянамі. А пляны мае былі такія: яшчэ да таго, як мяне канчаткова вытураць з унівэру, пасьпець пабачыць сьвет і навучыцца як сьлед прынамсі аднаму народнаму танцу. Што я ў душы народны танцор, я зразумеў пасьля таго, як мяне затрымалі на менскім вакзале, дзе я ў падпітым стане (ну сябра праводзіў, што тут такога) дэманстраваў напалоханым людзям нейкія старажытныя антраша. Гэта палічылі нацыяналістычнай агітацыяй і зноў упаялі мне суткі. Тут я ўжо ня вытрымаў і пасьля адсідкі пайшоў проста ў Хельсінскі камітэт: прадставіўся чальцом групоўкі «Чорны Недадзел»[4]4
  Магчыма, Андрусь намякае тут на адзіную ў свой час у Менску анархісцкую групоўку «Чырвоны Жонд», да якой мы зь ім абодва належалі.


[Закрыть]
і заявіў, што мяне перасьледуюць паводле нацыянальнай прыкметы (а менавіта народнага танцавальнага касьцюму, у якім я палюбіў хадзіць і па-за рэпэтыцыямі, у тым ліку на заняткі, як сапраўдны народнік). У камітэце мне выдалі Пасьведчаньне рэпрэсаванага з подпісам Зянона Пазьняка («Падацяля сяго прыгрэць, накарміць, прытуліць. Зянон.»), але на ўсякі выпадак яшчэ параілі дадаткова зьвярнуцца ў Навінкі. Навінкі – гэта была тады такая распаўсюджаная маладзёвая й малатыражная газэта, што выдавалі мае сябры-анціхрысты зь «Недадзелу». Ну, то я ў яе зьвярнуўся і паведаміў сябрам па сакрэце, што нашая танцавальная трупа якраз зьбіраецца ў замежную гастроль, і што з гэтай нагоды мне не зашкодзіла б мець з сабою апроч пашпарту яшчэ й чорную кніжку анархіста. Гэтая кніжка й аказалася ў выніку маёй пуцёўкай у жыцьцё.


Страницы книги >> 1 2 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации