Электронная библиотека » Генадзь Аўласенка » » онлайн чтение - страница 15


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 21:40


Автор книги: Генадзь Аўласенка


Жанр: Социальная фантастика, Фантастика


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 15 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 4 страниц]

Шрифт:
- 100% +

На гэты раз яна адразу ж яго заўважыла. І, усміхнуўшыся, устала з лаўкі і пайшла насустрач. Яны нейкі час стаялі зусім побач і маўчалі.

Тады Мірон успомніў пра ружу ў сваёй руцэ.

– Гэта табе! – і працягнуў кветку Васіліне.

– Мне? – здзівілася і адначасова ўзрадвалася дзяўчына. Яна ўзяла кветку, паднесла яе да твару. – Як ты здагадаўся, што ружы – мае ўлюбёныя кветкі?

– Ды вось, здагадаўся, – прамармытаў Мірон, адчуваючы, што чырванее. – А ты праўда любіш ружы?

– Я люблю ўсе кветкі,– Васіліна таксама чамусьці пачырванела. – Але ружы больш за ўсё. Як ты схітрыўся знайсці такую прыгожую ружу, ды яшчэ ў самым пачатку лета? А чаму раней не прыносіў мне кветак на спатканне?

– Я буду прыносіць табе кветкі! – з усёй шчырасцю, на якую толькі быў здатны, усклікнуў Мірон. – На кожнае спатканне буду прыносіць! І ружы, і іншыя кветкі таксама. – Ён памаўчаў крыху і дадаў нясмела: – А яшчэ я хачу цябе пацалаваць…

Васіліна нічога на гэта не адказала, затое неяк загадкава ўсміхнулася і, узняўшыся на дыбачкі, сама пацалавала Мірона ў вусны. А потым узяла хлопца за руку і яны пайшлі разам па вузкай сцяжынцы старога парка.

Памры ты сёння, я заўтра

За сталом сядзелі двое: стары і малады. Дакладней, даволі стары і вельмі малады, зусім яшчэ юнак. А на стале паміж імі стаяла бутэлька гарэлкі. І дзве шклянкі, напоўненыя амаль да краёў. Больш нічога на стале не было.

– Ну… – прамовіў стары, узнімаючы сваю шклянку. – Давай? – і выпіў, не чакаючы юнака.

Юнак таксама ўзняў сваю шклянку, ды піць чамусьці не стаў… так, прыгубіў крыху.

Стары гэта, вядома ж, заўважыў, але нічога не сказаў, проста ўзяў бутэльку і зноў напоўніў сваю шклянку.

– Давай! – і зноў выпіў у адзіноце. – Чаму не п’еш?

– Ты хоць агурок які паклаў бы! – буркнуў юнак. – Вунь іх колькі, поўнае вядро.

– Табе трэба – ты і кладзі.

Юнак устаў, выбраў з вядра некалькі лепшых агуркоў, паклаў іх на стол.

– Хлеб у цябе дзе?

– А то не ведаеш? – хмыкнуў стары, зноў напаўняючы сваю шклянку, і, калі юнак пайшоў на кухню, дадаў, гледзячы яму ў спіну: – Прыхапі тады ўжо і сала…

Юнак прынёс хлеб, ладны шмат сала, а таксама нож. Парэзаў хлеб на тоўстыя лусты, сала на больш тонкія. Агуркі рэзаць не стаў.

– Ну, будзь! – Ён таксама выпіў, пачаў таропка закусваць. – Каб усё ў нас добра было! Ва ўсіх нас!

– Будзе! – сказаў стары, узнімаючы шклянку. – Асабліва ў цябе!

Закусваць ён і цяпер не стаў. Дастаў цыгарэты, закурыў.

– Ну а чаму пра жонку нічога не пытаешся? – сказаў ён, выпускаючы з ноздраў тонкія струменьчыкі дыму. – Ты ж да яе, так?

Ад нечаканасці юнак нават папярхнуўся.

– Ну, ты і сказаў! – вымавіў ён нарэшце, таропка схапіў бутэльку і зноў напоўніў да краёў шклянку старога. Рэшту выліў сабе. – Здаецца, я ніколі нічога такога… – кінуў хуткі позірк на субяседніка. – Гэта ты так жартуеш?

– Гэта я так жартую, – без ценю ўсмешкі адказаў стары, і зноў выпіў, не чакаючы юнака. – На гародзе яна, моркву праполвае. Паклікаць?

Юнак паціснуў плячыма і выцягнуў з сумкі яшчэ адну бутэльку. Адкаркаваў, паставіў на стол, адначасова прыбіраючы ўжо выпітую.

– Дык што, паклікаць? – зноўку запытаўся стары. – Ці, можа, ты сам паклічаш?

Юнак і на гэта нічога не адказаў.

– Паклічу! – стары ўстаў.– Піць удвух – п’янка, а ўтрох – ужо культурнае мерапрыемства. Тым больш, калі з жанчынай…

Стары выйшаў, і ўвесь той час, пакуль ён ішоў да дзвярэй, юнак глядзеў яму ў спіну цяжкім немігаючым позіркам. Такім жа позіркам ён глядзеў на дзверы аж да таго часу, пакуль там зноў не з’явілася згорбленая постаць старога.

– Не хоча, – паведаміў той, зноў апускаючыся на ранейшае месца. – Паслала мяне!

– Куды? – спытаўся юнак, думаючы пра штосьці сваё.

– Далёка! – амаль весела адказаў стары. – Так і сказала: а не пайшоў бы ты, любы, у… Ён уважліва паглядзеў на парожнія шклянкі, і юнак, перахапіўшы ягоны позірк, зноў напоўніў іх да краёў.

– Давай! – сказаў ён і на гэты раз выпіў першым. – Пі, чаго чакаеш?

– Чаго мне ўжо чакаць? – уздыхнуў стары. – Хіба што смерці? – і неяк дзіўна паглядзеў на юнака.

Але той ці то не заўважыў, ці то проста зрабіў выгляд, што не заўважыў. Пачакаўшы, пакуль стары ўсё ж вып’е, юнак зноў да краёў напоўніў шклянкі.

У гэты час ледзь чутна рыпнулі дзверы і ў пакой увайшла маладая жанчына. Убачыўшы яе, юнак адразу ж ускочыў з месца, паваліўшы пры гэтым зэдлік.

– Добры дзень! – павітаўся ён глухім голасам і, нахіліўшыся, узняў зэдлік. – А мы вось тут…

– Бачу, што вы вось тут… – ціха, з абыякавым выразам твару прамовіла жанчына, падыходзячы да стала. Пастаяла крыху каля юнака, узяла са стала ягоную шклянку. – За ўсё добрае!

Яна адпіла крыху і зноў паставіла шклянку на стол.

– А чаму не з маёй? – з крыўдай у голасе спытаў стары. – Грэбуеш?

Жанчына ўважліва паглядзела на старога, усміхнулася і нечакана працягнула руку да ягонай шклянкі.

– Ну, ну! – ажно ўстрывожыўся стары, закрываючы шклянку рукой і для большай надзейнасці падсоўваючы яе бліжэй да сябе. – Хопіць з цябе!

– Таму і не з тваёй! – усё тым жа ціхім невыразным голасам сказала жанчына. – Ды не трасіся ты так, скнара! Я пажартавала!

Яна выйшла, з усяе сілы ляснуўшы за сабою дзвярыма. Праўда, перад гэтым азірнулася і ўважлівы позірк яе на кароткае імгненне сустрэўся з трывожным позіркам юнака. Паміж імі нібыта адбыўся кароткі нямы дыялог: жанчына ці то пыталася моўчкі пра нешта ў юнака, ці то абвінавачвала яго ў чымсьці… ну а юнак, здаецца, рабіў беспаспяховую спробу апраўдацца. Таксама моўчкі…

Невядома, заўважыў стары гэтую мімалётную «гутарку» вачэй ці не, але, крывавата ўсміхнуўшыся, паднёс шклянку да вуснаў і пачаў піць. Піў доўга, а юнак сачыў за ім спадылба, а тады і сам узняў шклянку.

– Цаца якая! – прасіпеў стары і з усяго размаху запусціў парожняй шклянкай у дзверы. – Пажартавала яна, зараза!

Шклянка, як гэта ні дзіўна, засталася цэлай. Адскочыўшы ад дзвярэй, яна зноў падкацілася да стала і стары, нахіліўшыся, спрытна ўхапіў яе.

– Налівай! – не сказаў, загадаў ён, падсоўваючы шклянку да юнака.

Уздыхнуўшы, той таропка выліў рэшткі гарэлкі ў шклянку старога. Выйшла крыху больш за палову.

– А сабе? – спытаў стары. – Ці ўжо скончылася?

– Скончылася, – сказаў юнак з відавочным жалем у голасе. – Я толькі дзве і купіў. Думаў, што…

– Думаў, што я звалюся пасля дзвюх? – закончыў за яго стары. Паднёс шклянку да вуснаў, пачаў быў піць, але, перадумаўшы, паставіў шклянку на стол. – Ці ты штосьці іншае меў на ўвазе?

Юнак нічога не адказаў.

– Напэўна, іншае… – ці то запытальна, ці то сцвярджальна прамовіў стары і, падсунуўшы да сябе шклянку юнака, адліў у яе палову гарэлкі са сваёй. – Глядзі, як роўна атрымалася! Не адрозніш!

Нейкі час ён моўчкі глядзеў на дзве шклянкі з гарэлкай, якія і сапраўды немагчыма было адрозніць адну ад адной, потым зірнуў на юнака з кепска прыхаванай усмешкай.

– Схадзі на гарод, да гэтай… – і, памаўчаўшы хвіліну, дадаў: – Можа, у яе самагонка дзе прыхаваная…

Юнак устаў з-за стала і застыў у задуменні.

– Чаму я? – спытаў ён у старога.

– Бо цябе яна, магчыма, не пашле туды, куды паслала мяне! Яна цябе… – стары скрывіў рот, – паважае… Ён зноў змоўк. Юнак таксама маўчаў. Доўга маўчаў. І не кранаўся з месца.

– Ну, чаго чакаеш? – сказаў нарэшце стары. – Ідзі! Ды не затрымлівайся доўга, а то я… – і дадаў амаль абыякава – А то я адзін усё вып’ю…

* * *

Калі юнак вярнуўся, стары, як і раней, сядзеў за сталом. І дзве зусім аднолькавыя шклянкі з гарэлкай стаялі перад ім.

– А ты хутка! – сказаў стары. – Няўжо і цябе паслала?

– Не тое каб паслала, але… – Юнак таксама апусціўся на ранейшае сваё месца, узяў адну са шклянак. – Дап’ем, значыцца, гэтую?

Яны выпілі амаль адначасова, і гэтак жа адначасова паставілі шклянкі на стол.

– Гэтая твая атрута, як яна дзейнічае? – нечакана спытаў стары ціхім невыразным голасам.

Юнак ускочыў з зэдліка:

– Якая атрута?

– Тая, што я знайшоў у тваёй сумцы, – усё тым жа невыразным голасам патлумачыў стары. – Сядзь, чаго ўскочыў!

Павагаўшыся крыху, юнак сеў.

– Гэта не атрута! – буркнуў ён, гледзячы кудысьці ўбок. – З чаго ты ўзяў?!

Стары нічога не адказаў.

– Гэта… гэта ад алергіі… мне прапісалі…– дрыжачы голас юнака выдаваў крайнюю ступень ягонай занепакоенасці.– Лекі ад алергіі… а ты што падумаў?!

– Я так і падумаў,– сказаў стары і, крыху памаўчаўшы, дадаў: – Значыцца, нічога страшнага не адбылося?

– Нічога страшнага не адбылося… – машынальна паўтарыў юнак, і толькі потым да яго дайшоў сапраўдны сэнс самай апошняй фразы. – Што ты хацеў гэтым сказаць?

– Тое толькі,– усё гэтак жа ціха і невыразна вымавіў стары, – што я ўліў гэтыя твае лекі ў адну са шклянак. А потым заплюшчыў вочы і пачаў перасоўваць іх… і перасоўваў да таго часу, пакуль і сам не заблытаўся з гэтымі шклянкамі… Ён змоўк і нейкі час назіраў, як паступова бялее твар юнака.

– Ты хочаш сказаць, што адзін з нас… – пачаў юнак хрыпатым голасам, – што адзін з нас…

– Ну так, – кіўнуў галавой стары. – Адзін з нас выпіў гэтыя твае… лекі. Вось я і хачу ведаць, як яны дзейнічаюць.

Юнак глядзеў на старога. З жахам і адначасова з незразумелай надзеяй.

– Ты проста пажартаваў, так? – спытаў ён. – На самай справе ты нічога такога не рабіў?

Засунуўшы руку ў кішэню, стары выцягнуў маленькую шкляную ампулку. Дакладней, яе рэшткі…

– Пазнаеш?

– Ты… ты… – ускочыўшы з месца, юнак кінуўся на старога. – Ды ты проста…

– Сядзь! – Таксама ўскочыўшы, стары адштурхнуў ад сябе юнака. Лёгка, без усялякіх намаганняў, але так, што, не ўтрымаўшыся на нагах, юнак грымнуўся на падлогу. – Шчанюк!

Нахіліўшыся над юнаком і ўхапіўшы яго за адвароты кашулі, стары нейкі час моўчкі глядзеў у белы, што папера твар юнака. Потым трасянуў яго з усяе сілы.

– Як яна дзейнічае, гэтая твая атрута?! Гавары, як яна дзейнічае?!

– Я… я не ведаю! – ляскаючы зубамі ад жаху, прахрыпеў юнак. – Ведаю толькі, што не адразу! І што вельмі цяжка штосьці даказаць… проста сэрца раптоўна спыняецца… і ўсё…

– І ўсё… – паўтарыў стары і зноў трасянуў юнака. – І ты так спакойна пра гэта кажаш?!

– Я… я… – здушана прахрыпеў юнак. – Гэта не я… гэта ўсё яна! Яна, а не я…

– Слімак! – Стары ў трэці раз трасянуў юнака. – Калі ты кахаеш жанчыну, ты павінен яе абараняць… а ты?! А ты ўсё спрабуеш зваліць на яе?!

– Але ж гэта праўда! – юнак раптам усхліпнуў.– Я не хацеў, адмаўляўся! Я ўсё адно не змог бы…

– Я таксама не змог…

Адпусціўшы юнака, стары павольна падышоў да стала.

– Я пажартаваў!

– Праўда?!

Юнак узняўся з падлогі, правёў краем далоні па шчацэ, размазваючы па ёй бруд і слёзы.

– Вы не рабілі гэтага?

– Не рабіў,– сказаў стары, думаючы пра нешта сваё. – А цяпер пайшоў прэч!

Моўчкі матлянуўшы галавой, юнак таропка падаўся да дзвярэй.

– Стой! Сумку забяры!

Паслухмяна вярнуўшыся да стала, юнак ухапіў сумку.

– І каб я цябе тут больш не бачыў, засранца!

Пачакаўшы, пакуль за юнаком зачыняцца дзверы, стары апусціўся на зэдлік і, узяўшы ў кожную руку па шклянцы, нейкі час так і трымаў іх. Нібыта ўзважваючы…

– Проста сэрца спыняецца… – прамармытаў ён, зноў стаўляючы шклянкі на стол. – Сэрца спыняецца і ўсё… – Стары ўздыхнуў і дадаў ціха, ледзь чутна: – Не самы горшы варыянт, далёка не самы горшы… І ціхенька засмяяўся.

Чаму ён смяяўся, і што азначалі гэтыя самыя апошнія ягоныя словы – пра гэта ведаў толькі ён сам…

Ідэалістка

Ён мне адразу не спадабаўся, гэты таўстун з умольна ўзнятай рукой. Майму шафёру ён, здаецца, таксама не спадабаўся, і нават больш, чым мне. Ва ўсялякім разе, спыняцца шафёр і не падумаў…

Але тут вырашаю я, а не шафёр.

– Тармазі! – загадала я ў думках, і шафёр, здзіўлена на мяне зірнуўшы, тым не менш паслухмяна націснуў на тормаз. Але не адразу, а праехаўшы яшчэ дзесьці каля ста метраў…

Супраць такой вольнасці я нічога не мела. Хай прабяжыцца, яму карысна… вунь які тоўсты!

Пасажыр аказаўся не толькі празмерна раскормленым, але і пахучым да немагчымасці. Калі ён, сапучы і аддуваючыся, уціснуўся нарэшце ў машыну, па ўсім салоне адразу ж распаўсюдзіўся рэзкі задушлівы смурод потнага, даўно нямытага цела, густа змешаны з застарэлым пахам хранічнага перагару. І з чымсьці яшчэ больш непрыемным…

Што ж, пахі – не галоўнае, тым больш, што іх можна і змяніць, і проста не заўважаць… а вось як быць з ягоным непрэзентабельным знешнім выглядам? Кашуля без двух гузікаў, шырынка, здаецца, зусім ніводнага не мае…

– Да горада падкіньце! – прахрыпеў таўстун, нават не зірнуўшы ў мой бок.

Я адразу ж ірванула з месца. Ну, не я, а мой шафёр (хоць гэта адно і тое ж). У цёплы перадвечаровы час на прамой нібыта страла аўтамагістралі мы адразу ж разагналі наш серабрысты «Ягуар» да ста шасцідзесяці кіламетраў за гадзіну.

– Паасцярожней, жанчына! – спалохана завішчаў таўстун. – Гэтак і на той свет нядоўга!

Наконт таго свету таўстун, здаецца, меў рацыю… але як жа ён пасмеў назваць мяне жанчынай, пратухлы курдзюк з тлушчам?!

А таўстун, вельмі задаволены тым, што я ўсё ж паслухалася мудрай ягонай парады (гэта ён так вырашыў!) і знізіла хуткасць аж да ста дваццаці, страціў да мяне ўсялякую цікавасць. Задаволена адрыгнуўшы і заплюшчыўшы пры гэтым вочы, ён паварушыўся крыху, выбіраючы аптымальную пазіцыю для сваёй неабсяжнай задніцы… а праз некалькі імгненняў ужо салодка соп, час ад часу ажно ўсхрапваючы…

Што мне зусім нават не даспадобы. Хіба ж для таго, ліха яго бяры, матляюся я цёплым летнім адвячоркам па гэтай бязлюднай шашы, каб проста даставіць да месца прызначэння чарговага тоўстага ідыёта!

Пакінуўшы шафёра ўважліва сачыць за дарогай, я перамясцілася і, падышоўшы да шафы, выцягнула вялізную кардонную каробку. Нейкі час ліхаманкава перабірала ўсё, назапашанае там за доўгі час… нарэшце знайшла штосьці, больш-менш падыходзячае. Прыхапіўшы з сабой гэтае «штосьці», я зноўку вярнулася ў машыну…

Ну вось, гэта ўжо лепш!

Цяпер побач з шафёрам (дакладней, са мной) паўсядзеў-паўляжаў нейкі змрочны няголены тып з таннай цыгаркай у залатазубым роце. Амаль адразу ён пачаў вытарашчвацца на маю паўпразрыстую блузку з глыбокім выразам на грудзях, а я, зрабіўшы выгляд, што зусім не заўважаю гэтага, націснула на газ. «Ягуар» птушкай ляцеў па шашы, у змрочнага тыпа з цыгаркай, без усялякага сумнення, меліся ў адносінах да маёй сціплай персоны нясціплыя, крымінальныя нават, намеры… Так што ўсё ішло, як па масле. Толькі чаму ён так марудзіць? «Давай жа, давай, прыдурак! – у думках падбадзёрыла я свайго пасажыра. – Дарога амаль бязлюдная, я тут адна і ў поўнай тваёй уладзе, наіўная безабаронная дзяўчынка! Не разумею, што цябе яшчэ ўтрымлівае, крэтын?!»

Нібы падслухаўшы патаемныя мае думкі, «прыдурак» (ён жа – крэтын, ён жа – змрочны тып з таннай цыгаркай у роце) выцягнуў з унутранай кішэні курткі невялікі рэвальвер і, злавесна ўсміхнуўшыся, тыцнуў ім мне пад рэбры.

– Пікнеш – прыб’ю! – без усялякай злосці і нават неяк ласкава папярэдзіў ён мяне. – Пакуль трымай проста, а метраў праз сто – звернеш на грунтовую дарогу! Усёкла?!

Я моўчкі трасянула галавой і знізіла хуткасць. Значна, амаль у тры разы.

– Малайчына! – пахваліў мае дзеянні тып з цыгаркай (якая ўжо даўно патухла) і, перакінуўшы рэвальвер у правую руку, свабодную левую паклаў на маё калена. – Будзеш сябе добра паводзіць – адпушчу! Гэта я табе абяцаю! Раскладка зразумелая?

Я зноў толькі моўчкі трасянула галавой і паслухмяна звярнула на кепскую грунтовую дарогу, якая вяла якраз да недалёкага лесу. Машыну адразу ж пачало трэсці і падкідваць, але гэта былі дробязі ў параўнанні з тым кайфам, што чакаў мяне наперадзе… І тут, як заўжды нясвоечасова, у пакой зазірнула мама.

– Зноў? – спытала яна з кепска прыхаванай усмешкай.

– Зноў! – адказала я без усялякай усмешкі і, падышоўшы да канапы, з усяго размаху плюхнулася на яе. – А што?

– І калі табе надакучыць?

– Як толькі, дык адразу! І ты будзеш першая, каму я пра гэта паведамлю!

– Не заводзься! – падышоўшы да канапы, мама села побач са мной. – Ідзі лепш паглядзі, што тата прынёс!

Ускочыўшы з канапы, я кінулася ў калідор. Ну, так і ёсць!

Дзве маладыя асобіны: мужчынская і жаночая. Вочы пустыя, нібыта шкляныя, з шырока разяўленых, перакрыўленых ратоў сцякае на падлогу сліна…

– Прывітанне, дачушка! – усміхнуўся мне тата. – Каго выбіраеш?

– Нікога! – сказала я, са змешаным пачуццём жалю і агіды разглядваючы здабычу. – Бо гэта няправільна!

– Наша дачка – ідэалістка! – сказала мама, выходзячы ў калідор услед за мной. – Яна зноўку асядлала свой «Ягуар»…

– І гойсае па дарогах у пошуках чарговага гвалтаўніка! – падхапіў тата. – Ці, можа, ты яго ўжо адшукала?

– Можа, і адшукала! – сказала я і, цудоўна разумеючы, што гэта дарэмна, усё ж дадала: – А вы б тады гэтых адпусцілі?

Тата з мамай пераглянуліся, і я зразумела без слоў, пра што яны падумалі.

– Я асабліва і не спадзявалася, што вы мяне паслухаеце! – сказала я, вяртаючыся ў свой пакой. Але каля самага ўваходу затрымалася, апошні раз зірнула на два нерухомыя целы на падлозе і дадала: – Але да гэтай здабычы я нават не дакрануся, так і ведайце!

Бацькі зноўку пераглянуліся.

– Тады, можа, усё ж аднаго адпусціць? – нясмела прапанавала мама. – На самай справе, навошта нам столькі…

– Ну, ведаеш! – абурыўся тата. – Ды я ж за імі…

Далей я ўжо не слухала. Увайшоўшы ў пакой і шчыльна зачыніўшы за сабой дзверы, я… зноўку апынулася ў машыне.

Потная, непрыемна гарачая далонь залатазубага тыпа з цыгаркай па-ранейшаму ляжала на маім калене (нават не на калене ўжо, а значна вышэй), а вакол быў густы лес і поўная цемра (для тыпа з цыгаркай, зразумела ж, не для мяне). А потым наступіла і поўная цішыня, бо я вырубіла нарэшце рухавік вернага свайго «Ягуара»…

– Ну, вось і ўсё! – прамармытаў тып, выплёўваючы цыгарку сабе пад ногі. На няголенай ягонай шыі білася, пульсавала тонкая блакітная жылка, і, гледзячы на гэтую жылку, я раптам адчула, як цесна становіцца зубам у роце, як выцягваюцца і ператвараюцца ў кіпцюры пазногці на маіх руках… – Ох, і павесялімся ж мы зараз, дзяўчынка! «Павесялімся! – у думках згадзілася з ім я, не зводзячы вачэй з блакітнай пульсуючай жылкі на ягонай няголенай шыі.– І яшчэ як павесялімся!»

Шахматыстка

Калі ў пярэдняй прашчабятаў званок, я якраз займалася сваім маленькім брацікам. Дакладней, спрабавала пакласці яго спаць. А яшчэ дакладней, спявала яму калыханку, хоць і разумела, што ўсё гэта, як той казаў, пусты нумар…

Мой маленькі брацік засынаў толькі па ўласнай ініцыятыве, незалежна ад усіх маіх вакальных намаганняў.

Але што рабіць, калі мама загадала пакласці Косціка ў ложак роўна а трэцяй гадзіне. Маму трэба слухацца. Асабліва такую, як мая…

У пярэдняй зноў пранізліва зашчабятала, і я, уздыхнуўшы, пайшла адчыняць. Але перад гэтым засунула Косціку ў рот пустышку.

– Не ўздумай чаго-небудзь выкінуць! – строга папярэдзіла пры гэтым. – І наагул, паводзь сябе прыстойна! Ляжы сабе ціхенечка і смакчы гэтую цацку!

Калі дзвярны званок праспяваў трэці раз, я ўжо падыходзіла да ўваходных дзвярэй. Адразу ж (за што мама заўжды мяне ўшчувала) адчыніла іх, загадзя ведаючы, хто там, на лесвічнай пляцоўцы…

А там і насамрэч быў Сямён Пятровіч, трэнер шахматнай секцыі нашай школы.

У пачатку гэтага навучальнага года я (проста дзеля цікаўнасці) запісалася ў гэтую секцыю і акуратна наведвала яе аж пакуль не надакучыла. Але надакучыла мне дзесьці праз месяц, а гэта, што ні кажы, своеасаблівы для мяне рэкорд наведвання такіх устаноў…

– Добры дзень, Ксенія! – сказаў Сямён Пятровіч, неяк бокам улазячы ў даволі вузкую для ягонай камплекцыі пярэднюю. – Да цябе можна?

– Ну вядома ж, можна! – сказала я, адступіўшы на некалькі крокаў, а тады спахапілася: – Дзень добры, Сямён Пятровіч!

У руцэ я працягвала трымаць ліпкую цукерку без абгорткі і не ведала, што ж з ёй рабіць: ці то засунуць у рот (што было б не зусім тактоўна ў адносінах да Сямёна Пятровіча), ці то працягваць трымаць у руцэ (што было не вельмі прыемна з-за празмернай ліпкасці цукеркі).

Сямён Пятровіч прыйшоў не адзін. Услед за ім у пярэднюю увайшоў яшчэ адзін дзядзечка сярэдніх гадоў, хударлявы, у адрозненне ад Сямёна Пятровіча, і з густам, нават шыкоўна, апрануты. Апынуўшыся ў пярэдняй, дзядзечка гэты адразу ж спыніўся і ўтаропіўся на мяне з цікаўнасцю і нейкім нават неўразуменнем…

– Гэта яна? – усё з тым жа неўразуменнем у голасе пацікавіўся ён у Сямёна Пятровіча.

– Яна, яна! – жыццярадасна адгукнуўся Сямён Пятровіч і, звяртаючыся ўжо да мяне, дадаў: – Вось, Ксенія, пазнаёмся! Гэта мой даўні сябар, Алег Уладзіміравіч!

– Прыемна пазнаёміцца! – прамовіла я, кідаючы ўсё ж у рот размяклую цукерку і працягваючы Алегу Уладзіміравічу руку. – А вы таксама шахматыст?

– І яшчэ які! – усклікнуў Сямён Пятровіч, назіраючы, як збіты з панталыку Алег Уладзіміравіч асцярожна паціскае мае ліпкія пальцы.

– Таксама першаразраднік?

– Бяры вышэй! – Сямён Пятровіч засмяяўся. – Алег Уладзіміравіч нядаўна міжнародным гросмайстрам стаў!

– Віншую! – сказала я, не адымаючы рукі.– Ад усёй, як той казаў, душы!

– Дзякуй! – прамармытаў Алег Уладзіміравіч, адпускаючы нарэшце маю руку… дакладней, вызваляючы сваю руку з маёй. – А мы не маглі б прайсці куды-небудзь далей?

– Праходзьце, калі ласка! – крыху запознена прапанавала я гасцям. – Давайце ў гэты пакой…

У пакоі ўсё было па-ранейшаму, і я ўздыхнула з палёгкай. Косцік ляжаў у сваім маленькім ложачку і, паслухмяна трымаючы ў роце устышку, рабіў выгляд, што спаў. Ён нават вочкі заплюшчыў для большай праўдападобнасці…

– Брацік? – шэптам пацікавіўся ў мяне Сямён Пятровіч. – Колькі яму?

– Дзясяты месяц! – таксама шэптам паведаміла я. – А чаму вы стаіцё? Сядайце, калі ласка!

– А мама твая дзе? – спытаўся Сямён Пятровіч, апускаючыся на канапу. Гросмайстар Алег Уладзіміравіч нейкі час стаяў, але ўрэшце і ён сеў. На зэдлік ля стала.

– Мама пайшла па справах, – сказала я і, хоць усё выдатна зразумела, усё ж пацікавілася: – А вы, напэўна, да мамы?

– Ды не, мы якраз да цябе! – паспяшаўся запэўніць Сямён Пятровіч і, выцягнуўшы са свайго абшарпанага партфеля шахматную дошку, дадаў амаль умольна: – Згуляць не жадаеш?

– З вамі? – чамусьці спытала я, хоць пытацца не было патрэбы. Гуляць са мной, тым больш, у прысутнасці сябра-гросмайстра, Сямён Пятровіч не асабліва імкнуўся.

– Гэта я хацеў бы згуляць з табой, Ксенія, – сказаў Алег Уладзіміравіч. – Калі ты не супраць, вядома ж…

– Я не супраць, – пагадзілася я, і Сямён Пятровіч, уздыхнуўшы з палёгкай, пачаў хуценька расстаўляць на дошцы фігуры. Ён увогуле неблагі чалавек, наш Сямён Пятровіч, хоць і занадта мітуслівы, нягледзячы на свае габарыты. Калі я прыйшла ўпершыню ў гэтую іх секцыю, ён амаль тры гадзіны са мной адной займаўся, цярпліва тлумачачы азы шахматнай навукі. І, трэба аддаць яму належнае, педагог з Сямёна Пятровіча выйшаў неблагі. У тым сэнсе, што я неяк адразу ж ухапіла асноўныя шахматныя прынцыпы і ўжо на наступным занятку выйграла дзесяць партый з дзесяці ў пяці розных сапернікаў. А на трэцім занятку ўшчэнт разграміла ўсіх самых моцных і перспектыўных членаў секцыі, чым вельмі іх засмуціла… І тады, усур’ёз зацікаўлены фенаменальнымі маімі дасягненнямі за такі кароткі тэрмін, Сямён Пятровіч прапанаваў мне згуляць партыю з ім. І, здаецца, вельмі пашкадаваў аб гэтай сваёй неабдуманай прапанове. А яшчэ больш ён шкадаваў, здаецца, аб тым, што не спыніўся на першай жа партыі, наіўна палічыўшы першы свой пройгрыш выпадковым…

Але перастала я наведваць секцыю зусім не з-за гэтага. Як я ўжо казала, мне проста стала там нецікава. Навучылася гуляць і добра! Чаго яшчэ трэба?

А тут яшчэ і мама пра ўсё даведалася…

– Хто будзе белымі? – спытаў Алег Уладзіміравіч, падсоўваючы свой зэдлік бліжэй да стала. – Можа, ты, Ксенія?

Мне было ўсё адно, і я зрабіла першы ход. Проста так, не раздумваючы. Інтуітыўна, як сказала б мама…

Звычайна нават масцітыя шахматысты першыя свае хады робяць хутка. Але Алег Уладзіміравіч чамусьці надоўга задумаўся над першым жа ходам у адказ. Ну, не тое каб задумаўся… ён проста нейкі час неўразуменна на мяне пазіраў…

– Першы ход… і адразу ж канём! – неяк нават расчаравана прамовіў ён. – Чаму ты пачала з каня, Ксенія?

У адказ я толькі паціснула плячыма. Сапраўды, чаму менавіта з каня? Не ведаю. Ведаю толькі, што гэта безумоўна правільны ход.

Гросмайстар зрабіў нарэшце ход у адказ і гульня пачалася. І ішла яна даволі хуткімі тэмпамі, бо Алег Уладзіміравіч амаль не задумваўся над сваімі хадамі, я ж наагул рабіла свае неяк машынальна. І так працягвалася да дваццатага ходу… і на працягу гэтага часу я ўжо паспела прайграць белапольнага слана і пешку…

– Ведаеш, гэта вельмі няўдалы ход, дзяўчынка! – са спачуваннем і адначасова з расчараваннем мовіў гросмайстар, калі я перасунула свайго чарнапольнага слана далёка наперад. – Гэтым ты яшчэ больш пагоршыш сваё і так незайздроснае становішча. Можаш перахадзіць, я дазваляю. Ён і не падазраваў нават, які гэта бліскучы ход з майго боку, і да якіх разбуральных наступстваў (у адносінах да чорных фігур, зразумела) прывядзе ён праз некалькі ўжо наступных хадоў. І Сямён Пятровіч таксама нічога такога на дошцы яшчэ не бачыў, бо расчаравана на мяне ўтаропіўся. Зараз ён, здаецца, больш за ўсё на свеце жадаў перамогі менавіта белым фігурам. Не таму, што кепска ставіўся да свайго знакамітага сябра… хутчэй, для ўласнага самасцвярджэння…

Ніякім чынам не хачу сцвярджаць, што абодва яны былі кепскія шахматысты! Яны былі добрыя шахматысты, выдатныя нават! Уся іх бяда заключалася ў кансерватыўнасці і шаблоннасці мыслення…

Гросмайстар (на тое ён і гросмайстар) адчуў небяспеку для чорных раней за Сямёна Пятровіча. Насупіўшы густыя бровы, ён нейкі час моўчкі глядзеў на дошку, пралічваючы ў думках усе магчымыя варыянты выратавання партыі.

Быў у Алега Уладзіміравіча адзін ход, які часткова партыю ўсё ж выратоўваў, падводзячы яе пры далейшай бездакорнай гульні да нічыйнага выніку. Але гросмайстар гэтага адзінага ходу так чамусьці і не заўважыў. Замест гэтага ён неабдумана пачаў атаку сланамі… і мне засталося толькі давершыць разгром чорных фігур эфектнай контратакай свайго ферзя ў звязцы з двума канямі па каралеўскім флангу…

– Аднак, партыя! – звяртаючыся да сябра, канстатаваў Сямён Пятровіч. – А ты не верыў!

Нічога яму не адказваючы, Алег Уладзіміравіч адразу ж прапанаваў мне другую партыю. Мы павярнулі дошку, расставілі фігуры, і гросмайстар зрабіў свой першы ход. І зноўку мае хады ў адказ яго азадачылі. Праўда, цяпер ён ужо глядзеў на мяне без усялякага спачування і больш не прапаноўваў перахадзіць.

Пасля таго як і гэтая партыя завяршылася маёй перамогай, Алег Уладзіміравіч спахмурнеў, выцягнуў з кішэні цыгарэты і хуценька пачаў расстаўляць фігуры для рэваншу.

– Тут, здаецца, не кураць! – папярэдзіў сябра Сямён Пятровіч, яўна задаволены такім развіццём падзей. – І, увогуле, можа хопіць на сёння? Ксенія, пэўна, змарылася…

У гэты час у пакой увайшла мама. Захапіўшыся гульнёй, я і не заўважыла, калі ж яна паспела вярнуцца дадому.

– Добры дзень! – усхапіўшыся з месца, павітаўся Сямён Пятровіч. – А мы вось… – Ён не ведаў, як лепей завяршыць фразу, і тады я прыйшла яму на дапамогу.

– Гэта наш настаўнік, Сямён Пятровіч! – сказала я маме і, павярнуўшыся да Сямёна Пятровіча, дадала: – А гэта мая мама!

– Вельмі прыемна! – выціснуў з сябе Сямён Пятровіч.

– Мне таксама! – сказала мама, але голас выдаваў цалкам супрацьлеглае, і Сямён Пятровіч, здаецца, адразу ж гэта адчуў.

Назваўшы Сямёна Пятровіча настаўнікам, я ні кропелькі не зманіла. Акрамя шахматнай секцыі, ён выкладаў у нашай школе фізіку і астраномію… праўда, у маім пятым класе гэтыя прадметы яшчэ не вывучаюцца…

– Вы ведаеце, у вашай дачкі бліскучыя шахматныя здольнасці! – улез у размову і Алег Уладзіміравіч. – І ёй абавязкова трэба…

– Давайце пагаворым пра гэта як-небудзь іншым разам, – сказала мама самым ледзяным тонам, на які была здольная. – Як наконт заўтра?

– Заўтра дык заўтра… – гросмайстар быў збіты з панталыку гэтым яе тонам. – Значыцца, да заўтра?

– Да заўтра! – сказала мама і, ацаніўшы мяне поглядам, які нічога добрага не абяцаў, дадала: – Ксенія, праводзь гасцей!

– Ты павінна сур’ёзна заняцца шахматамі, Ксенія! – усхвалявана даводзіў мне ў пярэдняй Алег Уладзіміравіч. – З такімі здольнасцямі ты проста абавязана гэта зрабіць!

– Я падумаю! – прамармытала я, зачыняючы за імі дзверы.

Калі шчыра, я больш думала, што скажу маме…

Калі я вярнулася, Косцік ужо не спаў (дакладней, не ўдаваў, што робіць гэта). Ён лётаў кругамі над сваім ложачкам, а мама, усталяваўшыся каля самай столі, уважліва за ім назірала. «Зноў не ўтрымалася?!» – спытала (дакладней, падумала) мама. «Зноў! – падумала ў адказ я, і вінавата дадала (таксама ў думках): – Я больш не буду!»

Мама, нарэшце злавіўшы Косціка перш, чым ён змог тэлепартаваць сябе ў суседні пакой, строга загадала:

– Ксенія, зараз жа зробіш так, каб гэтыя двое сюды больш не прыходзілі! Навошта нам залішняя ўвага!

Залішняя (ды і ўсялякая іншая) увага нам і сапраўды была не патрэбная, у гэтым мама, на жаль, мела рацыю. Таму я, нічога не адказваючы, адразу ж перамясцілася ў пярэднюю.

Перамяшчацца сюды, калі шчыра, было зусім не абавязкова, але я чамусьці не захацела рабіць гэтага перад мамай. А, галоўнае, перад Косцікам! Раптам не атрымаецца з першага разу!

Але ўсё атрымалася проста выдатна. Гэтыя двое якраз стаялі каля шыкоўнай іншамаркі, дакладней, ужо садзіліся ў яе. І, вядома ж, не пераставалі абмяркоўваць мае шахматныя здольнасці…

– Гэта проста неверагодна! – соты, напэўна, раз паўтараў Алег Уладзіміравіч. – Гэта такая знаходка! Я якраз набіраю элітную групу…

– Але ж не забывайся, што гэта я «адкрыў» Ксенію! – таксама соты, пэўна, раз даводзіў яму Сямён Пятровіч. – Так што, было б не зусім сумленна з твайго боку…

Цікава было даслухаць да канца гэтую іх дыскусію, але, на вялікі жаль, часу ў мяне зусім не было. І таму я адразу ж даслала ў іх мозг па адной невялікай імпульснай хвалі. Невялікай, маленькай нават… але яны, імпульсы гэтыя, сваю справу зрабілі, крыху змяніўшы памяць нашых нядаўніх гасцей…

Зусім нават крышачку…

– Ну, што ж… – ляніва-абыякава падсумаваў Алег Уладзіміравіч, павольна вырульваючы са стаянкі.– Нічога звышасаблівага, хоць трэба адзначыць – дзяўчынка не без здольнасцяў. Асабліва, калі ўлічваць яе юны ўзрост. А другую партыю і ўвогуле выдатна правяла. Мела шанц нават на нічыю звесці, калі б не тая прыкрая памылка на дваццаць трэцім ходзе…

– Памылка сапраўды прыкрая! – згадзіўся з сябрам Сямён Пятровіч. – А як наконт тваёй элітнай групы?

– Ну, не ведаю… – прамармытаў Алег Уладзіміравіч. – Ведаеш, там зусім іншы ўзровень…

Далей я ўжо не слухала…

Чаму я ўвогуле пакінула для сябе абстрактную магчымасць нічыёй на дваццаць другім ходзе другой партыі, хоць ведала, што мама і гэтым маім сціплым шахматным «поспехам» застанецца вельмі незадаволеная?


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4
  • 0 Оценок: 0


Популярные книги за неделю


Рекомендации