Электронная библиотека » Генадзь Аўласенка » » онлайн чтение - страница 1


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 21:40


Автор книги: Генадзь Аўласенка


Жанр: Социальная фантастика, Фантастика


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 1 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Генадзь Аўласенка
Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік)

Рэальна-містычна-фантастычныя апавяданні

© Аўласенка Г. П., 2014

© Афармленне. УП «Мастацкая літаратура», 2014

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Выпадак на балоце

Спачатку Максім нават не спалохаўся, страх прыйшоў потым. У першую ж хвіліну, скочыўшы на чарговую купіну і раптам праваліўшыся кудысьці ўніз амаль па калена ў балотную твань, ён адчуў толькі злосць на ўласную сваю няўклюднасць, ды яшчэ прыкрасць, што так няўдала ўсё атрымалася. Халодная брудная вада адразу ж зацякла ў боты… і цяпер давядзецца ажно пяць кіламетраў перціся да вёскі ў мокрым абутку. А раніцай зноў заложыць горла. Як піць даць…

Але, калі ён, таргануўшыся, каб вызваліць ногі з балотнага палону, адчуў, што гэта будзе не так і проста зрабіць, – прыйшла першая занепакоенасць. Не страх яшчэ, але нешта вельмі падобнае на яго. Тым больш што ад гэтага адчайнага рыўка ногі загрузлі яшчэ глыбей, і ўжо нават калені апынуліся ў вадзе… «Нічога сабе прыгода! – пранеслася ў Максімавай галаве раптоўная ліхаманкавая думка. – І гэта на нашым маленькім балотцы, якое я выхадзіў уздоўж і ўпоперак!»

Ён паглядзеў на вядзерца з журавінамі, якое трымаў у левай руцэ. Вядзерца замінала ягоным дзеянням па вызваленні з палону, але ж куды яго дзець? Кінуць уперад, на пагорак? Рызыкоўна, бо ягады могуць рассыпацца… І раптам Максім зразумеў, што працягвае апускацца ўніз! Ужо і ніжні край штармоўкі апынуўся ў вадзе…

Вось тут Максіма і ахапіў першы страх. Не клапоцячыся больш аб журавінах – гары яны гарам – ён кінуў вядзерца ў напрамку пагорка, і яно, вядома ж, павалілася набок. Але Максіму было ўжо не да вядзерца, як апантаны, ён ірвануўся, напружваючы ўсе сілы… але балота і не думала адпускаць сваю ахвяру…

– Вось чорт! – прамарматыў Максім праз моцна сцятыя зубы і, нахіліўшыся ўперад, паспрабаваў дацягнуцца рукой да зарасляў вербалозу на самай ускраіне пагорка. Да вербалозу ён так і не дацягнуўся, а сама гэтая няўдалая спроба вызваліцца прывяла да таго толькі, што ён загруз у багне амаль па пояс.

У поўным адчаі Максім глянуў спачатку ў адзін бок, потым у другі. Звычайна на балотцы ў гэты час былі ягаднікі, хоць некалькі чалавек ды прысутнічала, і Максіму гэта не вельмі падабалася… канкурэнты, як-ніяк… А вось сёння, калі трэба, нікога навокал не было ні відаць, ні нават чуваць…

Ці ўсё ж паспрабаваць, паклікаць?

– Гэй! – як мага гучней крыкнуў Максім. – Людзі! Дапамажыце! Ён змоўк, прыслухоўваючыся, але наўкол па-ранейшаму было ціха.

Між тым туманная раніца паступова саступала месца яснаму вераснёўскаму дню. Сонца ўжо амаль узнялося над лесам… і Максім успомніў раптам, што сёння пасля абеду збіраліся яны з жонкай у райцэнтр, дакладней, у райцэнтр трэба было жонцы, а Максім абяцаў адвесці яе туды на матацыкле… І вось такая няўдача!

– Гэй! – зноў закрычаў Максім што ёсць моцы. – Людзі! Сюды! Ён ужо загруз амаль па грудзі, і ўсё працягваў і працягваў павольна апускацца ўніз.

Сонца паступова пачало прыпякаць, і паветра над балотцам хутка прагравалася. Але балотная твань знізу была халоднай, нібы лёд, і ў Максіма моцна змерзлі ногі. Ён паспрабаваў хоць крыху паварушыць імі, ды так і не змог гэтага зрабіць… «Вось і смерць надышла! – мільганула панічная думка. – Дый так недарэчна!»

– Ты лічыш, што недарэчна? Імгненна ўскінуўшы галаву, Максім раптам убачыў акурат перад сабой, сярод невысокага вербалозу, нейкага мужчыну ў чорнай вопратцы. Сэрца ягонае радасна застукала ў грудзях, ён працягнуў у бок незнаёмца руку, усю ў чорнай балотнай твані.

– Дзякуй, браток! А я ўжо думаў: усё, кранты мне! Але незнаёмец чамусьці не спяшаўся з дапамогай. Замест гэтага ён толькі ляніва агледзеўся па баках, пазяхнуў і, зноў павярнуўшыся да Максіма, прамовіў непрыемным, рыпучым нейкім голасам:

– Ты так і не адказаў на маё пытанне!

– Якое пытанне? – аж сумеўся Максім, адчуваючы, як халодная твань усё цягне і цягне яго ўніз. – Я прашу дапамогі, а ты…

– А я спытаў: ты што, і сапраўды лічыш сваю смерць недарэчнай?

– Смерць?! – Максіма раптам ахапіла злосць, дый такая, што імгненна выцесніла з душы ўсе рэшткі страху. – Я пакуль што яшчэ жывы! Жывы, жартаўнік ты хрэнаў! Жывы, пакуль што!

– Пакуль што… – паўтарыў незнаёмец і Максім адчуў, як на яго з новай сілай навальваецца страх. Толькі цяпер ён змог больш уважліва разгледзець незнаёмца… дзіўнага нейкага незнаёмца, калі не сказаць больш…

Па-першае, ягонае адзенне, вельмі нязвыклае для балота. Бездакорна чорны фрак, чорныя вузкія панталоны, чорныя бліскучыя чаравікі без адзінай нават кропелькі бруду. Асляпляльна-белыя пальчаткі і асляпляльна-чорны цыліндр на галаве…

Па-другое – вочы незнаёмца. Яны былі вялізныя, чырвоныя, з вузкімі прадаўгаватымі шчылінамі замест зрэнкаў… І яшчэ, у тым месцы, дзе стаяў незнаёмец, проста з-пад ног ягоных выбіваліся ўверх тонкія струменьчыкі пары… «Гэта не чалавек! – ліхаманкава падумалася Максіму. – Хто ж тады гэта?!»

Але Максіму было ўжо ўсё адно, хто перад ім. Ён не жадаў паміраць.

– Памажы! – ледзь чутна прахрыпеў Максім, зноў працягваючы руку ў бок незнаёмца. – Выцягні!

Прысеўшы на кукішкі, незнаёмец уважліва глядзеў на Максіма сваімі жудаснымі вачыма.

– І ўсё ж я чакаю адказу на сваё пытанне, – павольна прагаварыў ён, і ў рыпучым голасе незнаёмца Максім адчуў прыхаваную пагрозу. – Ты лічыш сваю смерць недарэчнай, хіба не так?13

– Так, так! – захрыпеў Максім, адчуваючы, як ледзяная вада апякае шыю. – Я так лічу!

– А смерць хлопчыка, якога ты збіў тры гады таму… яна таксама з разраду недарэчных?

– Якога хлопчыка?! – Максім паспрабаваў варухнуцца, але балота трымала моцна. – Я нікога не збіваў!

Незнаёмец раптам усміхнуўся, і Максіма аж скаланула ад выгляду ягоных дробных і на дзіва вострых зубоў.

– Ён застаўся жывы, гэты хлопчык! – закрычаў Максім, заплюшчваючы вочы… толькі б не бачыць гэтай страшэннай пашчы зусім побач са сваім тварам, толькі б не адчуваць той нясцерпнай гарачыні і смуроду, якія ад яе сыходзілі… – Я сам бачыў у люстэрка, як ён ускочыў на ногі і нават узняў свой веласіпед! Я сам гэта бачыў!

– Ён сканаў праз некалькі хвілін пасля таго, як узняў веласіпед! – пачуў Максім каля самага свайго вуха непрыемны голас незнаёмца. – Калі б ты тады спыніўся, ты б і гэта ўбачыў. Але ж ты не спыніўся…

Вада дайшла Максіму амаль да самага рота. Каб не захлынуцца, давялося як мага вышэй узняць галаву.

– І ты хочаш пакараць мяне за тое, што я не спыніўся?! – прахрыпеў ён, адплёўваючы балотную твань і ціну. – Бо я вінаваты толькі ў гэтым… у астатнім хлопчык вінаваты сам… калі ты ведаеш усё – ты павінен ведаць і гэта!

Ягоную правую руку сціснула нібы распаленымі абцугамі, і Максім, ускрыкнуўшы ад болю, зразумеў раптам, што незнаёмец трымае яго. Не выцягвае, а менавіта трымае.

– Я ні ў чым цябе не абвінавачваю! – зноў пачуўся над самым Максімавым вухам рыпучы непрыемны голас. – Я, увогуле, нікога, ніколі і ні ў чым не абвінавачваю! Вось і зараз я толькі спрабаваў высветліць, чыя ж смерць была больш недарэчнай: ягоная ці твая? «Была! – падумалася Максіму. – Ён сказаў «была»! Выходзіць, што ён і не думае ратаваць мяне з багны… ён проста, чамусьці, цягне час!»

– Хто ты такі і што табе ад мяне трэба?! – прахрыпеў Максім, па-ранейшаму не расплюшчваючы вачэй… правая рука гарэла так, 14 нібыта яе палілі адкрытым полымем. – Табе ж ад мяне штосьці трэба, хіба не так? Што менавіта?! Душа?!

Незнаёмец ціха засмяяўся, і смех ягоны таксама быў рыпучы і вельмі непрыемны на слых.

– Я вазьму ў цябе тое, пра што ты і сам яшчэ не здагадваешся!

Звонкі сабачы брэх пачуўся дзесьці зусім побач. І жаночыя галасы, дакладней, іх пераклічка. Максім адчуў раптам, як незнаёмец таргануў яго за руку, адным магутным рыўком выцягваючы з балота… у наступны момант ён страціў прытомнасць…

Ачуняўшы праз нейкі час і расплюшчыўшы вочы, Максім быў упэўнены, што ляжыць ля куста вербалозу, увесь, з галавы да ног, перапэцканы балотнай тванню. Але раптам выявілася, што ён стаіць з поўным вядзерцам журавін каля гэтага самага куста і адзенне ягонае сухое і зусім чыстае. А непадалёку збіраюць ягады нейкія жанчыны, не звяртаючы на канкурэнта аніякай увагі. Толькі маленькі чорны шчанюк крыху зацікавіўся Максімам і нават ляніва брахануў два ці тры разы ў ягоны бок. І ніякага чорнага балотнага «акна», ніякай нават прыкметы таго, што зусім нядаўна тут, загрузнуўшы ў багне, ледзь не захлынуўся чалавек. Зямля вакол Максіма была хоць і гразкая, але даволі надзейная, як і паўсюдна на невялікім гэтым балотцы. «Што ж гэта было? – разгублена падумалася Максіму. – Няўжо ўсё гэта мне толькі здалося?» Ён узняў галаву і паглядзеў на сонца. Было ўжо гадзін адзінаццаць, калі не больш. Дадому ісці не менш як гадзіну, а ён жа абяцаў жонцы адвезці яе ў бальніцу, у жаночую кансультацыю…

Стоп! А навошта ёй у гэтую самую кансультацыю?! Ён неяк не стаў пытацца, а сама яна не казала… Няўжо яна…

Няўжо яна, нарэшце, зацяжарыла?! Праз дзесяць гадоў сумеснага жыцця… дзесяць гадоў надзей і горкіх расчараванняў… няўжо, нарэшце, гэта адбылося?! Ён стане бацькам! І раптам Максім успомніў самыя апошнія словы незнаёмца ў чорным. Як ён там сказаў? Вазьму тое, пра што ты і сам яшчэ не здагадваешся…15

Але ж яго не было, гэтага незнаёмца! І не было багны, яе проста не магло быць на маленькім гэтым балотцы! Усё гэта толькі прымроілася Максіму… так, напэўна, бывае…

Ці не бывае? Бо вельмі ўжо рэальна, да жаху рэальна ўсё гэта выглядала! І балотная твань, якая зімовым холадам апякала цела, і сам незнаёмец у чорным з такімі жудаснымі вачыма і рукамі, якія апякалі ўжо па-сапраўднаму… І гэтыя, самыя апошнія ягоныя словы: «…вазьму тое, пра што ты і сам яшчэ не здагадваешся!» І той хлопчык, на шашы… няўжо ён і сапраўды сканаў?!

Глупства! Глупства! Глупства!

Апусціўшы вядзерца на зямлю, Максім абхапіў рукамі скроні і моцна іх сціснуў. Не трэба пра гэта думаць… тры гады ён не думаў пра гэта, проста прымушаў сябе пра гэта не думаць! Ён цешыў сябе надзеяй, што ўсё тады абышлося… бо яго ж не аб’явілі ў вышук, не знайшлі, не арыштавалі, урэшце, а значыцца…

Значыцца, што? Што ў нас стапрацэнтная выкрывальнасць злачынстваў? Але ж гэта не так, ні ў адной краіне свету такога няма…

Хлопчык на шашы выглядаў гадоў на дзесяць-адзінаццаць. Цяпер яму было б… колькі б яму было цяпер? Трынаццаць? Чатырнаццаць?

А можа, ён усё ж не загінуў тады, і гэтыя словы незнаёмца проста ўсплылі аднекуль з падсвядомасці самога Максіма, усплылі, як і сам незнаёмец, якога і не было на самай справе?

Ці ён усё ж быў? І яшчэ ненароджаны Максімаў сын ужо асуджаны на смерць…

На смерць за грахі бацькі…

А можа, ягоная жонка і не цяжарная зусім? Можа, у кансультацыю ёй трэба зусім па іншых справах? Ці мала існуе жаночых хвароб, самых розных…

А той хлопчык… ён сам ва ўсім вінаваты! Не трэба кідацца пад колы, не трэба, увогуле, такім малым ездзіць па шашы… куды толькі бацькі глядзяць! І ён не мог загінуць, той хлопчык! Максім сам бачыў, як ён ускочыў на ногі і нават узняў свой веласіпед! Самае горшае, што 16 магло здарыцца з хлопчыкам – два-тры сінякі… ну, у крайнім выпадку, вывіх ці пералом. І гэта было так даўно, што і сам хлопчык даўно ўжо запамятаваў пра здарэнне, ды і не хлопчык ён ужо, а падлетак… неўзабаве стане юнаком…

Ці ўжо не стане?! І тут погляд Максіма спыніўся на зялёнай купіне непадалёку. Гэта была тая самая купіна, якая так падвяла яго… ступіўшы на якую, ён і загруз ці то наяве, ці то ў сваіх хваравітых трызненнях…

Яна выглядала такой бяскрыўднай, гэта самая купіна… а можа, яна і была бяскрыўднай, хто ведае… І Максім скокнуў проста на купіну. І паваліўся, страціўшы раўнавагу, і рассыпаўшы пры гэтым амаль палову ягад…

Дзіўна, але чамусьці гэта яго нават не засмуціла. Больш за тое, ускочыўшы на ногі і прыгаршчамі падбіраючы рассыпанныя ягады, Максім адчуў нейкую нечуваную бадзёрасць. Купіна аказалася самай звычайнай купінай, і нічым больш, а значыць… І тут Максім нечакана ўбачыў сляды ад чаравікаў каля куста вербалозу. Дзіўныя сляды, нібыта выпаленыя чымсьці вельмі гарачым, бо трава там уся пажухла і нават крыху абгарэла па краях… І яны хутка знікалі, гэтыя сляды! Жоўтая, пажухлая трава на вачах у Максіма станавілася ўсё зелянейшай і зелянейшай… вось ужо яна зусім не адрозніваецца ад суседняй травы… нічым нават не адрозніваецца…

Што гэта, зноў трызненні? А рука, правая ягоная рука, што з ёй?

Максім хуценька закасаў рукаў і доўга глядзеў на тое месца на запясці, за якое і трымаў яго незнаёмец… глядзеў, але так і не ўбачыў нічога звышасаблівага. Рука як рука, крышачку баліць, праўда…

Зноў паглядзеўшы на купіну, Максім павольна наблізіўся да яе.

– Забяры мяне! – ледзь чутна прашаптаў ён невядома каму. – Не сына, мяне! Бо гэта я вінаваты ва ўсім – за што ж яму адказваць?! Ён пачаў чагосьці чакаць, але нічога так і не адбылося. Ды і не магло нічога адбыцца на малым гэтым балотцы…

– Забяры! – амаль умольна паўтарыў Максім. – Я больш не буду прасіць дапамогі… праўда, не буду!

І зноў нічога не адбылося.

– Ну і чорт з табой!

Не думаючы больш ні пра што, баючыся хоць аб чым думаць, Максім падхапіў вядзерца і хуткай хадой пакрочыў у кірунку вёскі. Ён ішоў напрасткі цераз балотца, ішоў, нібыта знарок выбіраючы самыя гразкія і самыя падазроныя месцы, ступаў па іх з усёй сілы, так, нібыта жадаў праваліцца кудысьці ўніз… зноў праваліцца, загрузнуць, адчуць, як амаль ледзяная вада кіпенем апякае цела…

Але ўсё было дарэмна. Не было такіх месцаў на маленькім гэтым балотцы, іх проста не магло тут быць. І каму, як не Максіму, было ведаць пра гэта…1

Правіла гульні

– Дзяўчына! Пачакайце хвіліначку!

Віялета нават не азірнулася. Была гадзіна пік, народу на праспекце зашмат: людзі ішлі і насустрач ёй, і ў адным з Віялетай кірунку, дзяўчат сярод вірлівага гэтага натоўпу таксама ставала. Так што адчайны вокліч за спінай мог адносіцца да кожнай з іх, тым больш што сама Віялета, выскачыўшы ў няпоўныя сямнаццаць гадоў замуж, і паспеўшы ўжо развесціся ў дзевятнаццаць, дзяўчынай сябе лічыць з таго часу перастала. Праўда, калі да яе звярталіся са словамі «прабачце, жанчына…» або «паслухайце, жанчына…», яна таксама чамусьці крыўдзілася…

– Ды пачакайце ж вы!

Хтосьці раптам схапіў Віялету за руку, моцна таргануў.

Ад нечаканасці Віялета аж скаланулася, але адразу ж прыйшла ў сябе. Вырваўшы руку, яна рэзка павярнулася назад і ўбачыла перад сабой высокага хударлявага юнака. Юнак глядзеў на Віялету з вышыні свайго росту і радасна ёй усміхаўся.

– Мы знаёмыя? – спытала Віялета, беспаспяхова намагаючыся ўспомніць, дзе яна магла страчацца з гэтым маладым чалавекам.

Так нічога не ўспомніўшы, яна строга насупіла бровы і зрабіла крок назад.

– Што вам трэба?

Юнак зноў усміхнуўся, але на гэты раз крыху разгублена.

– Я так рады бачыць вас! – прамовіў ён з нейкім, ледзь прыкметным, акцэнтам. – А вы?

– Што, я? – здзіўлена спытала Віялета. – Чаго вы да мяне прычапіліся, не разумею?!

Юнак сумеўся, збянтэжаны гэтым яе халодным тонам.

– Я думаў… – прамармытаў ён, паціскаючы плячыма, – думаў, што вы… што ў нас з вамі… А вы што, і сапраўды не радыя сустрэць мяне тут?

Віялета насцярожылася. У юнака быў нейкі вельмі ўжо дзіўны выгляд, нават не дзіўны, а дзікаваты, хутчэй. Ускудлачаныя, даўно не мытыя космы валасоў, даволі свежыя драпіны на лбе і левай шчацэ… ды і адзенне, джынсы і дзіравая тэніска, было ўсё ў нейкіх цёмных плямінах, вельмі падобных на кроў. А можа, гэта і была кроў, хто ведае…

Да ўсяго іншага, юнак быў яшчэ і босы. «Вар’ят нейкі! – міжволі падумалася Віялеце. – Ці мо наркаман пад кайфам?»

Яна нават не ведала, што горш. Горш было ўсё…

Дзіўна, але людзі, якія праходзілі каля іх, не звярталі на незвычайнага гэтага юнака аніякай увагі. А можа, проста не хацелі звяртаць на яго ўвагі. Віялета, пэўна, і сама паводзіла б сябе так, але…

Але пры іншых абставінах…

Цяпер жа яна нават не ведала, што ёй і рабіць.

Здаецца, ён усё ж не вар’ят, а калі і вар’ят, то не з буйных. І не наркаман… наглядзелася Віялета на іх дзякуючы нядоўгаму свайму шлюбу. Магчыма, з юнаком проста здарылася нейкае няшчасце, вось ён і спыніў яе ў надзеі на дапамогу…

Але чаму менавіта яе? І якую такую дапамогу можа яна яму аказаць?

Гэтага Віялета пакуль не ведала.

– Паслухайце, – сказала яна, стараючыся гаварыць як мага больш спакойна і нават спагадліва. – З вамі штосьці здарылася, я ж бачу… кепскае штосьці?

Нейкі час юнак глядзеў на Віялету з такім выразам, быццам вар’яткай была яна, а не ён сам.

– А хіба з вамі нічога такога не здарылася? – адказаў, нарэшце, юнак.

– Са мной? – Віялета недаўменна паціснула плячыма. – А што са мной магло здарыцца такое?

Юнак нічога не адказаў, а сама Віялета адчула раптам нейкі ўнутраны непакой. Яшчэ не зусім трывогу, але штосьці вельмі на яе падобнае. Больш за ўсё трывожыў Віялету чамусьці той факт, што ніхто з людзей, якія таропка і заклапочана праходзілі зусім побач з імі, па-ранейшаму не звяртаў аніякай увагі на юнака, на дзіўны ягоны выгляд. Ніхто нават галавы не павярнуў у ягоны бок, што было зусім ужо незразумела.

– Куды ты глядзіш? – спытаў раптам юнак з уяўнай трывогай у голасе. – Ты штосьці там убачыла?

– Людзей! – з нечаканай нават для сябе самой злосцю адказала Віялета. – Ніколі, разумееш, не бачыла, а тут раптам убачыла! Вось і гляджу, любуюся!

Невядома, якой рэакцыі чакала Віялета ў адказ на з’едлівую сваю фразу, але таго, што адбылося, яна ніяк не чакала.

– Людзей?! – раптам закрычаў хлопец, ліхаманкава замітусіўшыся і азіраючыся ва ўсе бакі.– Ты бачыш тут людзей? Ты, праўда, іх бачыш?

Віялета не ведала, што і адказаць. Малады чалавек і сапраўды быў вар’ятам, наконт гэтага ў яе не заставалася аніякіх сумненняў. Толькі чаму тады, і зараз, пасля адчайнага гэтага ягонага воклічу, ніхто на іх нават позірку не кінуў? Хіба гэта нармальна? «Яны ж не бачаць яго! – раптам дайшло да Віялеты. – Яны проста не бачаць яго! І ён іх таксама…»

Але ж такога не магло быць, ніяк не магло!

Ці ўсё ж магло?

– Ты і сапраўды бачыш тут людзей? – ужо крыху супакоіўшыся, паўтарыў юнак сваё пытанне. – Ты не жартуеш?

– А ты? – пытаннем на пытанне адказала Віялета. – Ты што, іх не бачыш?

Гэта было пытанне дзеля пытання і, зразумела ж, юнак нічога не адказаў. Ён толькі па-ранейшаму ўсхвалявана глядзеў на сваю суразмоўніцу. Усхвалявана і адначасова з нейкай незразумелай надзеяй.

– І што ж тады бачыш ты зараз?

– Дзе? – не адразу зразумеў юнак.

– Тут! – Віялета зрабіла рукой шырокі жэст. – Што ты бачыш вакол сябе?

Юнак зноў азірнуўся па баках.

– Як і раней, пустыню! – адказаў ён неяк нерашуча. – Вялізную безжыццёвую пустыню. І нейкія фіялетавыя горы ўдалечыні…

Дзіўна, але Віялета чамусьці яму паверыла. Дакладней, амаль паверыла, бо нейкі чарвячок сумнення ўсё ж застаўся…

– Фіялетавыя горы? – паўтарыла яна. – А пустыня, які ў яе колер?

Юнак зноў азірнуўся вакол сябе.

– Аранжавы, – сказаў ён не зусім упэўнена. – Дакладней, ён зараз аранжавы. А зусім нядаўна быў, хутчэй, серабрысты… а яшчэ раней блакітны… Але ж ты не верыш ніводнаму майму слову, праўда?

Віялета нічога не адказала. Аранжавая пустыня, якая яшчэ нядаўна была серабрыстай… фіялетавыя горы ўдалечыні… Божа, чаму яна слухае ўсю гэтую ахінею!

– А ружовых коней там, выпадкова, не назіраецца? Ці мо чырвоных кракадзілаў з крылцамі?

Замест адказу юнак раптам нахіліўся, і Віялета ледзь не ўскрыкнула ад нечаканасці. Рука юнака прайшла праз бетонныя пліткі, нібыта праз ваду, а потым у ягонай прыгаршчы заблішчэў, немаведама адкуль узяўшыся… аранжавы пясок.

– Ты яго бачыш? – спытаў юнак, працягваючы руку з пяском да Віялеты. – Бачыш?

Віялета моўчкі кіўнула. Гаварыць яна не магла, бо неяк рэзка і адразу перасохла ў роце. Яна толькі стаяла і моўчкі назірала, як пясок, аранжавы гэты пясок, павольна працякаючы скрозь тонкія пальцы юнака, сыпаўся ўніз… І кудысьці знікаў, не далятаючы нават да тратуара…

– Цяпер ты мне верыш?

Віялета зноў кіўнула.

– Тут так жудасна! – хутка і амаль неразборліва загаварыў юнак, аблізваючы кончыкам языка засмяглыя вусны. – Гэтыя страшыдлы… я два разы цудам ад іх выратаваўся…

– Якія страшыдлы?! – Віялета спалохана азірнулася па баках. – Яны тут?

Юнак нічога не адказаў. А вакол па-ранейшаму ішлі людзі, ішлі ў абодвух кірунках. І па-ранейшаму не звярталі на іх аніякай увагі.

Менавіта на іх! Не на яго аднаго, а на іх абаіх!

Але ж яе людзі павінны бачыць… і хіба не дзіўна тое, што яна так доўга размаўляе з пустым паветрам…

– Калі я ўбачыў цябе, – раптам сказаў юнак, – я вельмі ўзрадваўся. Я не ведаў, што ты не адсюль… я думаў, што ты патрапіла сюды гэтак жа, як і я…

– А як… як ты патрапіў туды? – спыталася Віялета, усё яшчэ трывожна азіраючыся па баках.

Штосьці па-ранейшаму працягвала непакоіць яе… Вось толькі што?

Тое, што людзі перасталі звяртаць на яе сваю ўвагу? Ці, магчыма, гарачыня? Сёння такі спякотны дзень!

Так, але ж усяго некалькі хвілін таму ніякай спякоты на дварэ не было. Больш за тое: дзень быў даволі хмарны, сонца ўвесь час то выглядвала ненадоўга з-за аблачын, то зноўку кудысьці за іх хавалася. Дарэчы, дзе яны зараз, гэтыя аблачыны?

Узняўшы галаву, Віялета нейкі час моўчкі глядзела ў сіняе бясхмарнае неба. Сонца было амаль над самай яе галавой, але, калі Віялета перавяла позірк і глянула сабе пад ногі, яна ўбачыла свой даволі доўгі цень на… На аранжавым пяску!

Так, пад нагамі ў Віялеты быў не тратуар, а нейкі дзіўны пясок аранжавага колеру. І хоць вакол усё яшчэ існаваў горад – людзей у гэтым горадзе ўжо не было, дакладней, Віялета іх ужо не бачыла. Людзі зніклі, усе да аднаго… усе, акрамя гэтага дзіўнага хлопца, які ўзбуджана азіраўся вакол, страціўшы ўсялякі інтарэс да Віялеты.

– Я бачу! – закрычаў ён раптам. – Я іх зноў бачу!

А вакол Віялеты працягваў знікаць горад. Будынкі сталі амаль празрыстыя, і праз гэтую нязвыклую іх празрыстасць Віялета раптам змагла разгледзець высокія фіялетавыя горы ўдалечыні…

– Я змагу вярнуцца!

– Стой!

Зрабіўшы адчайны рывок, Віялета аберуч схапіла юнака за адвароты тэніскі.

– Пусці! – спалохана крыкнуў юнак, стараючыся вырвацца. – Ды адпусці ты! Я не магу больш тут, зразумей, не магу!

Тэніска затрашчала і ў скурчаных Віялеціных пальцах застаўся толькі невялікі кавалак тканіны. Юнак жа, адчуўшы сябе свабодным, адразу ж кінуўся прэч.

– Стой! – закрычала з адчаем Віялета, бегучы следам. – Стой, гад!

Спатыкнуўшыся аб штосьці нябачнае, яна паляцела вобзем, акурат ў аранжавы гарачы пясок. І, перш чым страціць прытомнасць, паспела яшчэ крыху здзівіцца таму, якім цвёрдым і халодным аказаўся навобмацак гэты самы пясок…

– Што з вамі, жанчына?

Узняўшы галаву, Віялета ўбачыла, што вакол яе сабраліся людзі… шмат людзей. Потым, распіхваючы іх, да яе наблізіўся міліцыянер.

– Ну, усё, разыходзьцеся! – сказаў ён, звяртаючыся да натоўпу, які з кожным імгненнем станавіўся ўсё большым і большым. – Нічога тут цікавага няма! Жанчыне стала блага… толькі і ўсяго… «Жанчыне?! – абурана падумалася Віялеце. – Ды якая я вам жанчына ў дваццаць гадоў!»

Але ўсё гэта яна толькі падумала. Уголас жа…

– Мне ўжо лепш, – сказала яна, узнімаючыся і азіраючыся па баках.

Вакол зноў быў горад. Звычайны горад і самы звычайны летні, не зусім сонечны дзень. І людзі, якія ва ўсе вочы глядзелі на яе. Праўда, дзіўнага таго юнака сярод іх яна так і не ўбачыла.

Ну, што ж, хутчэй за ўсё, ён проста бяжыць зараз уздоўж вуліцы, сам не свой ад радасці, што змог нарэшце вярнуцца, вырваўшыся з аранжавага пекла…

Але Віялета чамусьці ведала, што ўсё не так проста. Юнак не вярнуўся сюды, у нашу рэчаіснасць, бо для таго, каб ён змог вярнуцца – хтосьці іншы павінен быў застацца там, у аранжавай гэтай пустыні…

Бо такім і было асноўнае правіла гульні!

Што гэта за гульня такая і як у яе гуляюць – гэтага Віялета не ведала. Яна ведала толькі, што гульня існуе, і што яна сама ледзь-ледзь не стала яе ўдзельніцай. Адкуль яна пра ўсё гэта даведалася – Віялета не магла растлумачыць нават самой сабе.

Натоўп даўно ўжо разышоўся, міліцыянер таксама пайшоў па сваіх справах, так што Віялета цяпер стаяла зусім адна. У руцэ ў яе быў моцна сціснуты невялікі брудны кавалачак тканіны.

Той юнак выглядаў зусім яшчэ дзіцём. Гадоў сямнаццаць-васямнаццаць, не больш… І як даверліва ён глядзеў на яе… І ведаў, пэўна ж, ведаў асноўнае правіла гульні!

Віялета рэзка трасянула галавой, нібыта адганяючы гэтым сваім жэстам так недарэчна набеглыя думкі.

– Чаму я?! – сказала яна гучна, з нейкім нават выклікам. – Чаму менавіта я?!

Брудны кавалачак тканіны выслізнуў з яе аслабелых пальцаў, зваліўся на тратуар. Вецер падхапіў яго і, разгойдваючы, панёс-пакаціў уздоўж вуліцы.

– Нават калі я і згаджуся зараз… – прагаварыла Віялета, гледзячы яму ўслед, – усё адно гэта нічога не зменіць, хіба не так?

Яна не чакала адказу, і ніхто ёй, вядома ж, не адказаў. І, пастаяўшы яшчэ крыху моўчкі і нерухома, Віялета пайшла далей, звыкла рухаючыся ў шчыльным людскім натоўпе.


Страницы книги >> 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации