Электронная библиотека » Генадзь Аўласенка » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 21:40


Автор книги: Генадзь Аўласенка


Жанр: Социальная фантастика, Фантастика


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Лясное возера

Вогнішча дагарала.

Дакладней, яно ўжо зусім дагарэла, і цяпер, амаль не асвятляючы нічога вакол, толькі тлела, таямніча і задуменна, пабліскваючы залаціста-чырвоным вуголлем. Гэта было вельмі прыгожае відовішча, і так не хацелася яго парушаць…

Андрэй пачакаў яшчэ крыху, потым усё ж прыўзняўся і, узяўшы навобмацак некалькі сухіх галінак, кінуў іх у самы цэнтр вогнішча. Прыемна было назіраць, як хутка і прагна ўхапіла вогнішча сваю здабычу, з якой асалодай ускінуліся ўверх чырвоныя языкі полымя. Але былой прыгажосці ўжо не было, яна знікла…

– Падкінь яшчэ! – папрасіла Хрысціна. – Холадна!

Андрэй падкінуў яшчэ, а Ігар, паглядзеўшы на гадзіннік, устаў.

– Усё ж пойдзеш? – спытаў Андрэй, і Ігар кіўнуў сцвярджальна. – Рабіць табе няма чаго!

Ігар нічога не адказаў.

– Ты сапраўды верыш у тое, што сказаў гэты стары?

– А ты?

Цяпер ужо прамаўчаў Андрэй. Ён толькі паціснуў плячыма і зноў пачаў старанна падкідваць ў агонь сухія галінкі.

– Не ідзі! – прашаптала Хрысціна. – Я баюся!

Ігар усміхнуўся, уключыў ліхтарык, выключыў…

– Казкі ўсё гэта! – Ён засунуў ліхтарык у кішэню курткі.– Лухта!

– А калі не?!

– Вось я і праверу!

Ён павярнуўся і нетаропка, павольна нават, пакрочыў у бок возера. І Андрэй з унутраным нейкім болем паспеў заўважыць, як ускінуліся ўслед Ігару блакітныя вочы Хрысціны. Ускінуліся ненадоўга, на нейкія кароткія долі імгнення ўсяго… але і гэтага было больш чым дастаткова, і гэта было куды больш красамоўна за самыя красамоўныя словы…

Андрэй моцна сцяў зубы. «Не трэба было мне ехаць сюды! – міжволі падумалася яму. – Відаць жа, усё відаць… простым вокам відаць!»

Сцяжынка да возера крута зварочвала ўбок, а вакол быў лес, таму цьмяная Ігарава постаць даўно ўжо знікла, растварыўшыся ў суцэльнай гэтай цемры. Ды і Хрысціна ўжо не глядзела ў той бок, цяпер яна моўчкі пазірала на вогнішча, якое паступова разгаралася.

На сэрцы ў Андрэя стала крыху лягчэй. «Трохкутнік! – горка ўсміхаючыся, падумаў ён. – Звычайны, класічны, зашмальцаваны ў мностве літаратурных сюжэтаў трохкутнік! Ён кахае яе, яна ж абавязкова павінна кахаць кагосьці трэцяга… ну, а сам гэты трэці…»

Андрэй уздыхнуў. «Гэты трэці – лепшы за цябе ва ўсіх адносінах! – нагадаў ён сабе. – Давай будзем глядзець праўдзе ў вочы! Ён прыгажэйшы за цябе, дужэйшы… смялейшы, нарэшце! Цікава, ці пайшоў бы я туды зараз, вось так, адзін… асабліва пасля ўчарашніх гэтых баек?» І Андрэй зноў непрыкметна ўздыхнуў.

– Чаму ты не пайшоў з ім?!

Ахоплены невясёлымі думкамі, Андрэй не адразу і зразумеў, што гэта ўжо не ягоныя думкі, што гэта спыталася Хрысціна, і пытанне адрасуецца менавіта яму. Ды і каму, скажыце, яно магло быць яшчэ адрасаванае тут, у гэтым глухім месцы?

– Ты проста спалохаўся!

Андрэя больш за ўсё ўразілі нават не самі крыўдныя гэтыя словы, больш за ўсё яго ўразіў тон, якім яны былі кінуты яму проста ў твар. Яна не пыталася… яна сказала абразлівую гэтую фразу, як нешта само сабой зразумелае, як факт, які нават не патрабуе ні доказаў, ні каментарыяў. І Андрэй зусім не ведаў, што адказаць ёй… і як адказаць. І таму, не адказваючы нічога, ён проста ўзняўся.

– Куды ты?! – устрывожана спыталася дзяўчына.

Андрэй зноў прамаўчаў.

– А я?! Ты што, пакінеш мяне тут адну?!

Не адказваючы, Андрэй проста паглядзеў на яе. Хрысціна таксама глядзела яму ў вочы… і гэтае процістаянне вачэй працягвалася даволі доўга. Потым Хрысціна ўздыхнула і першай адвяла позірк.

– Я пажартавала! – ціха сказала яна. – Прабач, калі ласка! Сядай! Ды сядай жа ты!

Андрэй паслухмяна сеў. І ў гэту самую хвіліну аднекуль з боку возера данёсся да іх адчайны чалавечы крык. Дакладней, крык гэты быў амаль нечалавечы – столькі ў ім было жаху, болю, адчаю. І яшчэ чагосьці такога, для вызначэння чаго ў чалавечай мове проста бракуе патрэбных слоў… І Андрэй, і Хрысціна ўскочылі на ногі амаль адначасова. А крык гэты, адчайны, нямы, нялюдскі крык гэты абарваўся, рэзка і адразу, нібыта чалавеку, які так нема крычаў, забілі чымсьці рот.

Магчыма, вадой…

– О, божа! – прашаптала Хрысціна дрыжачымі вуснамі: – Гэта… гэта Ігар! Гэта з ім штосьці!

Андрэй нічога не адказаў, і нейкі час яны стаялі, моўчкі і нерухома, трывожна ўслухваючыся ў падманлівую цішыню ліпеньскай ночы. І, нават не дакранаючыся да дзяўчыны, Андрэй адчуў раптам, як яна ўся дрыжыць.

– Чаму ён замаўчаў?! – голас Хрысціны быў нейкі хрыплы, надломлены… быццам і не яе голас. – Чаму ён… што з ім здарылася, Андрэй?!

Гэтага Андрэй не ведаў. Ён нават не быў упэўнены, што адчайны крык гэты належыў сябру… хоць, каму яшчэ ён мог тут належыць! Хрысціна моўчкі глядзела на Андрэя, яна задала пытанне і чакала адказу, а што ён мог ёй адказаць?! Трэба было ўсё ж сказаць ёй хоць штосьці, хоць неяк супакоіць дзяўчыну, але дрыжачыя вусны не хацелі слухацца. І Андрэй зноў успомніў таго, учарашняга, старога і ягоныя байкі наконт гэтага возера.

Учора яны і сапраўды здаліся ім проста байкамі…

– Андрэй, чаму ты маўчыш? – прашаптала Хрысціна. – Скажы хоць што-небудзь!

Андрэй паварушыўся.

– Трэба ісці! – ціха сказаў ён і амаль не пазнаў свайго голасу. – Трэба ісці туды, каб… – прагаварыў ён ужо гучней, – …каб даведацца… Мне ісці…

– Нам! – Хрысціна моцна ўхапіла хлопца за руку. – Я не застануся тут, без цябе! І яны пайшлі.

Ноч была ціхая, а неба бясхмарным і на дзіва зорным, але, на вялікі жаль, быў час маладзіка. Адзіны ліхтарык забраў Ігар, таму ішлі яны вельмі павольна, то спатыкаючыся аб нейкія нябачныя ў цемры пні і карэнне, то натыкаючыся тварамі на такія ж нябачныя галінкі дрэў і кустоў. І Андрэй уявіў раптам, як ішоў тут Ігар, зусім нядаўна ішоў. Вось ён ужо каля возера, вось вузенькі праменьчык ліхтарыка, перабягаючы з месца на месца, асвятляе нарэшце ваду, трыснёг ля берага… лёгкі празрысты туман ляніва плыве ўдалячынь… Вось Ігар спыняецца каля самай вады, нахіляецца, зачэрпвае далонню цёплую гэтую ваду… І раптам з возера, з падманлівай гэтай цішыні…

Усё так, як і казаў учора той стары!

Ногі былі нібыта ватныя, сэрца моцна стукала ў грудзях і толькі цудам, здаецца, адтуль не выскоквала. Хрысціна паслухмяна ішла побач, яна па-ранейшаму моцна трымалася за Андрэеву руку. У іншых абставінах гэта было б вельмі і вельмі прыемна… але зараз Андрэю было зусім не да прыемнасцяў…

Возера знаходзілася дзесьці побач. Яно вось-вось павінна было адкрыцца сярод чорных дрэў, і Андрэй ужо амаль падрыхтаваўся да гэтай сустрэчы. І ўсё ж, калі яно і сапраўды бліснула нарэшце наперадзе, цьмяна і таямніча, хлопец адчуў раптам, як па спіне прабег непрыемны халадок. Адразу ж захацелася спыніцца, не ісці далей… а найлепш – проста павярнуць назад, і, можа, калі б Андрэй ішоў адзін, ён так і зрабіў бы. Але побач ішла Хрысціна, яна моцна трымалася за ягоную руку, таму Андрэй дазволіў сабе спыніцца толькі тады, калі да берага засталося якіх-небудзь пяць-шэсць крокаў. Хрысціна таксама спынілася побач, руку ягоную яна так і не адпусціла.

На беразе нікога не было.

– Ігар! – трывожным ліхаманкавым шэптам паклікала Хрысціна: – Ігар, ты дзе?!

Адказам ёй было абсалютнае маўчанне. Возера ляніва раскінулася перад імі, яно ляжала, перабіраючы хвалі, і яму не было аніякай справы да дваіх да паўсмерці перапалоханых чалавечкаў, якія так выпадкова патрапілі сюды, на ягоныя берагі. Возера не звяртала ніякай увагі на чалавечкаў, яно проста ігнаравала абаіх…

Ці, можа, прыкідваючыся абыякавым, уважліва сачыла за кожным іхнім рухам?!

– Ігар! – зноў выгукнула Хрысціна і, адпусціўшы, нарэшце, руку Андрэя, зрабіла крок наперад.

– Не падыходзь! – Андрэй схапіў дзяўчыну за руку і з сілай ірвануў на сябе. Яны сутыкнуліся, і Хрысціна, прытуліўшыся да Андрэя, горка заплакала.

– Ігар! – шаптала яна праз слёзы: – Божа мой, Ігар! Што ж гэта такое, Андрэй?! Што ж гэта такое!

А Андрэй нібыта скамянеў. І зрок, і слых, усе ягоныя пачуцці працавалі зараз на поўную магутнасць, і ўсе яны сігналізавалі аб небяспецы! Тое «штосьці», неверагоднае, жахлівае тое «штосьці», тое, што ніяк не магло існаваць у звышрацыянальным нашым свеце, і тым не менш, калі верыць словам учарашняга старога, усё ж існавала… і існавала менавіта тут, у лясным гэтым возеры, тое, чыёй апошняй ахвярай стаў Ігар – яно было дзесьці побач, зусім нават побач! Яно было побач і чакала толькі зручнага моманту для нападу, а пакуль проста сачыла за імі мёртвымі сваімі вачніцамі… І, магчыма, яму ўжо надакучыла проста чакаць…

– Пойдзем адсюль! – хрыпла прашаптаў Андрэй. – Хутчэй!

– А Ігар?!

Штосьці плёснула ў трыснягу… рыба не рыба, звер не звер… плёснула, зашапацела. Чуваць было, як хтосьці, вялізны і нязграбны, брыў праз густы трыснёг сюды, да берага. Потым да слыху скамянелага ад жаху Андрэя данёсся чыйсьці, выразна чутны ці то ўздых, ці то стогн…

– А-а-а! – нема закрычала Хрысціна, кідаючыся прэч. Андрэй пабег следам. І так яны беглі, не спыняючыся, нейкі час, беглі напрасткі, 35 праз густыя калючыя зараснікі. Яны беглі, а вогнішча ўсё не было і не было відаць і раптам перад імі… зноўку бліснула возера.

– О, божа! – прастагнала Хрысціна. – О, божа! І зноў яны беглі прэч, беглі па чужым, жудасным, злавесным гэтым лесе, а лес, нібыта жывая істота, усё спрабаваў неяк затрымаць іх, не выпусціць са сваіх уладанняў, балюча хапаючы сваімі каравымі пальцамі-галінкамі то за адзенне, то за валасы, то за твар… Яны беглі доўга, цэлую вечнасць і… зноў выбеглі на бераг возера, і спыніліся, зусім здранцвелыя ад жаху.

– Не магу больш! – закрычала Хрысціна. – Зрабі што-небудзь, чуеш! Зрабі што-небудзь!

У трыснягу зноў штосьці зашапацела, захрыпела, загукала… і зноў хтосьці вялікі ўпарта спрабаваў выбрацца на бераг… але Андрэй з Хрысцінай ужо беглі прэч, дакладней, бег Андрэй, а Хрысціну ён проста цягнуў за сабой. Некалькі разоў дзяўчына падала, і Андрэю даводзілася спыняцца і падымаць яе, а адзін раз яны ўпалі ўжо ўдваіх…. Яны беглі, не ведаючы нават куды, толькі б далей ад праклятага гэтага возера, ад злавеснага гэтага лесу, які ніяк не жадаў закончыцца і адпусціць іх…

А потым Андрэй нечакана для сябе ўбачыў злева, крокаў за трыццаць, вогнішча і адразу ж кінуўся да яго…

Вогнішча гарэла ярка, на дзіва ярка, а непадалёку ад яго сядзеў… Ігар! Сядзеў і глядзеў проста на іх.

Усё так, як і казаў той стары!

– Ігар! – узрадавана кінулася да хлопца Хрысціна, але Андрэй паспеў схапіць яе за руку.

– Не падыходзь да яго!

– Чаму? – Хрысціна здзіўлена азірнулася. – Гэта ж Ігар!

– Гэта не Ігар!

Андрэй глядзеў на Ігара (ці на таго, хто выдаваў сябе за яго), а Ігар (ці той, хто ім прыкідваўся) таксама глядзеў проста ў вочы Андрэю. І так яны глядзелі адзін на аднаго даволі працяглы час, глядзелі і маўчалі.

– Значыць, я не Ігар? – Ігар паціснуў плячыма, усміхнуўся. – А хто ж я тады, цікава?

Андрэй моўчкі глядзеў на сябра. Ці на таго, хто ўмела выдаваў сябе за яго… Ігар зноў усміхнуўся:

– Ды вы што, сур’ёзна ўсё гэта?! Хрысця, ты што?! Хадзі да мяне!

– Не ідзі! – таропка прагаварыў Андрэй. – Заставайся тут!

Хрысціна бездапаможна і неяк умольна паглядзела на Андрэя, потым перавяла позірк на Ігара, зноў паглядзела на Андрэя… І засталася на месцы.

– Ды вы што?! – Ігар ускочыў на ногі.– Вы што, звар’яцелі з перапуду?! Гэта быў жарт! Звычайны жарт! Жарт, разумееце?!

– Ты мокры! – хрыпла прагаварыў Андрэй. – Чаму ты ўвесь мокры?

– Мокры? – Ігар уважліва і неяк недаўменна паглядзеў на сваё адзенне. – Ну, мокры! Што з гэтага?

– Ты не Ігар!

– Ну, трэба ж! – Ігар засмяяўся, але засмяяўся адзін і таму адразу ж змоўк. – Вы гэта знарок, так? Вас раззлаваў мой жарт… і таму вы, наўмысна… Ён зноў змоўк, не дагаварыўшы.

– Ты не Ігар! – упарта паўтарыў Андрэй. – Не ведаю, хто ты… але ты не Ігар!

– Ідыёт! – закрычаў раптам Ігар, сціскаючы кулакі і робячы крок наперад. – Ты мяне ўжо «дастаў», дэбіл! І адразу ж спыніўся, убачыўшы ў руцэ Андрэя нож…

– Не падыходзь! – прашаптаў Андрэй, адчуваючы, як нешта балюча сціснулася ў грудзях, як адчайна, сутаргава нават застукала сэрца. – Лепш не падыходзь!

– Дэбіл! – паўтарыў Ігар са злосцю і незразумелым адчаем. – Ды калі б я быў якім-небудзь… тапельцам – што мне тады твой нож! Паварушы мазгамі, ідыёт! – Ён абхапіў галаву рукамі.– І я ідыёт! Знайшоў з кім жартаваць! Ён змоўк. І Андрэй таксама маўчаў, не апускаючы нажа, і маўчала Хрысціна, спалохана пераводзячы позірк з аднаго на другога. І было вельмі ціха і вельмі няўтульна на маленькай лясной палянцы.

Ты сама выбрала свой лёс

Увайшоўшы ў пакой, ён спыніўся. Яму раптам здалося, што ўсе госці павярнуліся ў ягоны бок.

Але гэта яму толькі здалося. Ніхто нават і ўвагі не звярнуў, што на аднаго чалавека ў пакоі стала больш.

Стараючыся быць непрыкметным, ён падышоў да акна і, прыхінуўшыся да падваконня, пачаў павольна і ўважліва разглядаць прысутных.

Галоўнае – не спяшацца! Мінулы раз ён ледзь усё не сапсаваў празмернай сваёй паспешнасцю. Але і марудзіць таксама не след, бо час, такі каштоўны і такі неабходны яму зараз, ідзе і ідзе вельмі хутка… Ён зірнуў на вялікі гадзіннік на сцяне насупраць і крыху супакоіўся – часу яшчэ ставала. Толькі вось – каго выбраць?

Усяго ў пакоі было каля дваццаці чалавек, але мужчын ён адразу ж адкінуў. З імі заўсёды шмат важданіны, ды, шчыра кажучы, яму не падабаліся мужчыны. З жанчынамі прасцей ва ўсіх адносінах.

А іх у пакоі было роўна трынаццаць, чортаў тузін. І з гэтых трынаццаці ён павінен выбраць сёння адну. Адну з трынаццаці…

Яго чамусьці заўсёды вельмі хваляваў гэты момант – момант выбару. Вось яны ўсе тут, перад ім, кожная – са сваімі думкамі, сваімі праблемамі, сваімі надзеямі і спадзяваннямі, кожная са сваім уласным асабістым жыццём. І ўсе яны і не падазраюць нават, што вось тут, зусім побач, стаіць іх лёс, і нічога ўжо ад іх не залежыць. Ад яго аднаго толькі залежыць, чый лёс зменіцца ўжо сёння, так раптоўна і адразу…

Кажучы шчыра, не ўсё залежала ад яго аднаго. Трох жанчын, самых старых, тоўстых і непрыгожых, ён адбракаваў адразу. Потым, пасля нядоўгіх ваганняў, выкрасліў яшчэ чатырох – кожная з іх прыйшла сюды з мужчынам (муж? сябар?), якія так шчыльна апякалі дам свайго сэрца, так раўніва кідалі навокал пагрозлівыя позіркі, што было відавочна: гэтым чатыром нечаканае змяненне лёсу таксама не пагражае. Прынамсі, сёння.

Заставалася яшчэ шэсць жанчын. Якую ж выбраць?

– Вы дазволіце?

Цалкам захоплены сваімі думкамі, ён і не заўважыў, калі яна паспела падысці да акна. Гэта была адна з тых, каго ён пакінуў у спісе кандыдатак. Маладая, зусім яшчэ дзяўчо, даволі прыгожая, апранутая сціпла, але з густам.

– Вы не супраць, калі я крыху пастаю тут, побач з вамі? Ён усміхнуўся:

– Калі ласка! Пастаяць, пасядзець, паляжаць – з вамі я на ўсё згодны!

– Нават так?!

Яна дастала з сумачкі пачаты пачак цыгарэт, закурыла, прапанавала яму.

– Дзякую! – ён зноў усміхнуўся. – Не куру.

Дзяўчына, схаваўшы цыгарэты, моцна і глыбока зацягнулася, пасля павольна, не спяшаючыся, выпусціла дым праз ноздры. «Лепш было, калі б яна не курыла, – міжволі падумалася яму. – І што за смак яны знаходзяць у гэтым занятку? А ўрэшце, якая розніца!»

Дзяўчына яшчэ раз глыбока зацягнулася.

– Чаму вы на мяне так гледзіцё?

– Як? – Ён усміхнуўся. – Як гляджу?

– Ну… – Дзяўчына таксама ўсміхнулася, нетаропка збіла лакіраваным пазногцем з цыгарэты попел проста на падлогу і дадала: – Дзіўна неяк гледзіцё. Мне нават нядобра крыху. Гэта з-за таго, што я сама падышла да вас? З-за гэтага? Ён, працягваючы моўчкі ўсміхацца, асцярожна ўзяў у яе з рукі недакурак, выкінуў яго ў адчыненую фортку.42

– Вы падышлі да мяне толькі таму, што я вельмі жадаў гэтага. І ўвогуле, я…

У гэты час у пакоі загучала музыка.

– …я запрашаю вас на танец. Гэта вальс?

Яна кіўнула.

– Вы не супраць?

Дзяўчына зноў кіўнула і сама, першай, дакранулася да ягонай рукі. Праўда, амаль адразу ж адхапіла руку.

– У вас такія халодныя рукі! Нават не халодныя, а…

Яна змоўкла.

– Ледзяныя? – падказаў ён і зноў усміхнуўся. – Вы гэта хацелі сказаць?

– Не зусім. – Дзяўчына таропка зірнула на яго і зноў адвяла позірк. – Вам што, холадна?

– Холадна? – ён паціснуў плячыма. – Не! Ужо не…

Яна зноў і яшчэ больш уважліва паглядзела на яго. Гэта кепска. Трэба зараз жа, неадкладна пераключыць яе ўвагу на нешта іншае!

– Халодныя рукі – гарачае сэрца! – сказаў ён і, прыабняўшы дзяўчыну за вузкую талію, дадаў: – Пойдзем лепш танцаваць…

– Вы добра танцуеце, – сказала дзяўчына, калі танец нарэшце скончыўся, і яны зноў стаялі каля таго ж самага цёмнага акна. – Скажыце, а вы сваяк гаспадарам ці проста знаёмы?

– Проста знаёмы. – Ён зноў паглядзеў на гадзіннік насупраць. – А вы?

– Я таксама! – Дзяўчына ўсміхнулася і дадала: – Я тут наагул амаль нікога не ведаю. «Гэта добра! – міжволі падумалася яму. – Гэта проста выдатна!»

– І ведаеце, вы – першы, з кім я загаварыла сёння…

– Гэта, напэўна, лёс, – сказаў ён. – Вы верыце ў лёс?

– Веру! – сур’ёзна, нават занадта сур’ёзна адказала дзяўчына. – А вы?

– І я! – І з усмешкай дадаў: – Гэта адзінае, у што я пасапраўднаму веру.

Зноў загучала музыка, і яны зноў пайшлі танцаваць.

Дзяўчына ўсё шчыльней прыціскалася да яго, дыханне яе было не цёплым нават – гарачым, нясцерпна, невыносна нават гарачым… але даводзілася цярпець. Хутка, ужо хутка… «Ты сама выбрала свой лёс, дурніца! – з нечаканым жалем падумалася яму. – Сама выбрала свой лёс! Я цябе не выбіраў. Я мог і не заўважыць цябе. Вас было шасцёра… але ты сама выбрала свой лёс!»

– А вы чулі,– раптам прашаптала дзяўчына, горача дыхаючы яму ў самае вуха, – чулі пра гэтыя жудасныя забойствы? Чулі?

– Забойствы? – Ён уважліва паглядзеў на яе. – Якія забойствы?

– Вы і праўда не чулі?

– Праўда.

– Не можа быць! – у голасе дзяўчыны гучаў яўны недавер. – Пра гэта ж толькі і кажуць у горадзе!

– Вось як? – Ён памаўчаў крыху і дадаў: – Я прыехаў здалёк і толькі сёння раніцай, так што… А што гэта за забойствы?

У вачах у дзяўчыны штосьці мільганула. Магчыма, жах, а можа, і штосьці іншае…

– Іх знаходзяць мёртвымі! – ледзь чутна прашаптала яна. – З пракусанымі шыямі… без адзінай кроплі крыві… Уяўляеце – без адзінай кроплі!

– Уяўляю!

Цяпер ён глядзеў на шыю дзяўчыны, тонкую і на дзіва безабаронную. Глядзеў доўга. Потым перавёў погляд на гадзіннік на сцяне. І зноў утаропіўся прагным позіркам у гэтую тонкую, пяшчотную, безабаронную шыю…

Дзень, калі не стане дажджу

Дзесьці злева зноў пачуўся залівісты сабачы брэх. Сабакі кагосьці гналі. Можа, зайца, а магчыма, і лісіцу…

Брэх хутка набліжаўся, і Васіль пачаў ужо насцярожана азірацца па баках – у надзеі ўбачыць, нарэшце, даўгавухага небараку, які зараз імчыць праз лес, ні на што не звяртаючы ўвагі. Але ішлі хвіліны, зайца ўсё не было, а брэх набліжаўся і набліжаўся… і раптам у тым баку, зусім непадалёку ад Васіля, гулка і адрывіста грымнуў стрэл, за ім другі. І адразу ж сабакі перасталі брахаць.

«Браканьеры, – міжволі падумаў Васіль. – І не баяцца ж, чэрці!»

І ён вырашыў, што хутчэй за ўсё гэта быў не заяц. Улетку на зайца не палююць. Ніхто. Нават браканьеры. На лася – іншая рэч. Ці, скажам, на дзікоў…

І раптам брэх аднавіўся зноў. Праўда, цяпер ён быў нейкі няўпэўнены, быццам сабакі, нечакана згубіўшы след, з усяе сілы спрабавалі зноўку яго адшукаць. Не жадаючы страчацца ні з сабакамі, ні, тым больш, з іх гаспадарамі, Васіль узяў крута ўправа і накіраваўся да знаёмага балотца, што знаходзілася на самым ускрайку лесу.

«Пагляджу яшчэ там, і ўсё! – цвёрда вырашыў ён. – І трэба дамоў паварочваць! Няма грыбоў – навошта і ногі дарэмна біць!»

У кошыку, які Васіль трымаў у левай руцэ, сарамліва перакочваліся з боку на бок некалькі невялікіх падасінавічкаў і абабачкаў, а побач з імі сціпла жаўцела жменькі з паўтары лісічак. Адзіны даволі рослы баравік выглядаў сярод усёй гэтай грыбной дробязі самым сапраўдным веліканам.

Сабачы брэх даўно ўжо сціх дзесьці ўдалечыні, стрэлаў таксама больш не было чуваць. І лес зноў зажыў сваім звычайным паўсядзённым жыццём. Кропелькі расы яшчэ дзе-нідзе паблісквалі на шырокім лісці папараці, але промні ўзыходзячага сонца хутка знаходзілі і адразу ж высушвалі гэтыя апошнія прыкметы раніцы. Дзень зноў абяцаў быць сонечным, бясхмарным і надзвычай спякотным.

– Дожджыка б сюды! – уздыхнуў Васіль, са злосцю шпурляючы на зямлю чарговы чарвівы баравік. – Другі тыдзень гэткая спякота!

Наперадзе ўжо адчувалася балота, і Васіль павольна закрочыў ледзь прыкметнай сцяжынкай паўз яго, з дарэмнай надзеяй паглядваючы сабе пад ногі. Час ад часу рабіў кароткія вылазкі то ўправа, то ўлева ад сцяжынкі. Перамяшчаючыся гэткім вось манерам, ён даволі хутка дайшоў да добра знаёмага яму будана, па-майстэрску зробленага з засохлых галінак алешніку, тонкага беразняку і вербалозу…

Будан быў ужо даволі стары. Пабудаваў яго, напэўна, нейкі заўзяты паляўнічы, каб вясной паляваць на цецерукоў. Побач якраз і знаходзілася вялікае іх такавішча. Але гэта было даўно, некалькі апошніх гадоў будан ужо ніхто не выкарыстоўваў, ды і цецерукоў амаль што не засталося ў наваколлі. А вось будан застаўся. І стаяў упарта на ранейшым месцы, узвышаючыся сярод высокай травы нейкім недарэчным помнікам…

Сам па сабе будан не вельмі цікавіў Васіля, але побач з ім амаль заўсёды трапляліся лісічкі. Хоць некалькі ды было. І Васіль спадзяваўся, што і на гэты раз будан не падмане ягоных спадзяванняў. Па праўдзе кажучы, на сёння гэтае спадзяванне было ці не самае апошняе.

Каля будана Васіль і сапраўды адразу ж натрапіў на цэльнае радовішча лісічак. Узрадаваны знаходкай, ён хуценька зразаў грыбы і гэтак жа хуценька, нягледзячы, кідаў іх у кошык. Калі лісічкі скончыліся, Васіль збіраўся пакрочыць ужо далей, як раптам… у будане хтосьці слаба варухнуўся.

Ад нечаканасці Васіль адразу ж таропка адскочыў убок і, спыніўшыся, застыў нерухома, не зводзячы насцярожаных вачэй з будана.

Там хтосьці быў!

– Хто тут?! – выгукнуў Васіль і прыслухаўся. І, нібы ў адказ на гэты ягоны вокліч, у будане зноў нехта заварушыўся, а потым да вушэй Васіля данёсся нейкі ціхі ўздых ці то ўсхліп.

Васіль адчуў раптам не тое каб страх… хутчэй, нейкую незразумелую трывогу. Захацелася проста павярнуцца і пайсці прэч, пайсці не азіраючыся, толькі б далей адсюль, як мага далей…

Але Васіль застаўся на месцы. Праўда, падысці бліжэй да будана і зазірнуць туды… на гэта ў яго смеласці пакуль не ставала. Таму ён стаяў і пазіраў на загадкавы будан. Працягвалася так даволі доўга…

А потым яму стала сорамна.

Ды што ж гэта, на самай справе, мужчына ён ці не?! І Васіль, павольна расправіўшы плечы, рушыў да будана, на ўсялякі выпадак моцна сціснуўшы у правай руцэ невялікі сцізорык.

У будане і сапраўды хтосьці знаходзіўся. Гэты «хтосьці» ляжаў нерухома, і быў ён несумненна чалавекам. Дзіўна толькі, што чалавек гэты быў зусім без адзення, а калі Васіль прыгледзеўся больш уважліва, ён раптам зразумеў, што перад ім жанчына. «Так! – міжволі падумалася яму. – Гэтага мне яшчэ не хапала!»

Васіль амаль здагадваўся, што адбылося і як апынулася тут гэтая жанчына. Пайшла, пэўна, дурніца, у лес адна, ну і натрапіла на нейкіх мярзотнікаў. І вось ён, вынік…

Жанчына між тым зноў варухнулася і, расплюшчыўшы вочы, паглядзела на Васіля. Уражваў яе позірк: столькі ў ім было болю, жаху, адчаю. І яшчэ чагосьці такога, у чым Васіль так і не змог адразу разабрацца. Ён толькі ўздрыгнуў міжволі, а жанчына адвяла позірк і зноў стомлена заплюшчыла вочы. «Так! І што ж мне рабіць з ёй? – зноў падумалася Васілю.»

Жанчына была маладая і прыгожая – гэта Васіль заўважыў адразу. І яшчэ заўважыў, што правая рука яе ў крыві. Больш ён нічога не змог разгледзець, бо амаль адразу ж сарамліва адвёў позірк.

– Перавяжы мне руку! – нечакана азвалася жанчына. Голас яе быў крыху хрыпаты, стомлены, але даволі прыемны.

– Зараз! – замітусіўся Васіль. – Я зараз!

Ён таропка скінуў з сябе вятроўку, потым зняў кашулю і, крыху павагаўшыся, сцягнуў майку.

– Зараз!

Васіль хапатліва адарваў ад майкі роўныя доўгія палоскі. Вырашыўшы, што іх ужо дастаткова, пачаў старанна і акуратна рабіць перавязку, па-ранейшаму стараючыся не глядзець на аголенае жаночае цела. Раз-пораз пры гэтым дакранаўся дрыжачымі пальцамі то да грудзей, то да жывата гэтай невядомай жанчыны. І чамусьці выпадковыя дотыкі ўносілі ў Васілёва сэрца нейкае асабліва трывожнае хваляванне і яшчэ штосьці, зусім ужо незразумелае. І ён амаль пашкадаваў, што перавязка закончана. Васіль зноў сарамліва адвярнуўся і глядзеў кудысьці ўбок.

– Чаму ты адвярнуўся? – раптам спытала жанчына. – Я табе не падабаюся?

Гэтае пытанне заспела Васіля знянацку. Ён збянтэжана павярнуўся да жанчыны.

Незнаёмка ўсміхнулася:

– Я ж падабаюся табе, вельмі падабаюся. Хіба ж я не бачу!

Васіль усяго чакаў ад яе: падзякі, папроку немаведама за што, таропкай блытанай споведзі пра тое, што ж з ёй адбылося. Ён быў гатовы нават да істэрычных бясконцых слёз незнаёмкі. Ён быў гатовы да ўсяго, але толькі не да гэтага… «Яна не падобная да згвалтаванай! – міжволі падумаў Васіль. – Зусім непадобная!»

Але ж хто яна тады на самай справе, як патрапіла сюды? І чаму яна без адзення?

– Хадзі да мяне! – пяшчотна прашаптала жанчына. – Хадзі… ну!

Васіль раптам адчуў, як цёплыя жаночыя далоні асцярожна слізганулі па ягонай аголенай спіне.

– Хадзі да мяне! – зноў прашаптала жанчына. – Хадзі, не бойся! Ты ж жадаеш гэтага, жадаеш, праўда?

Але замест жадання Васіль раптам адчуў… страх. Ён баяўся, баяўся гэтай дзіўнай жанчыны, якая немаведама як апынулася тут, на гэтым балоце. Хто яна? Адкуль узялася? І дзе яе вопратка?

– Паглядзі на мяне! – зноў пачуў ён пяшчотны заварожваючы голас. – Я прыгожая! Я вельмі прыгожая! Зірні!

І Васіль, не жадаючы таго, і адначасова не маючы больш сілы супраціўляцца спакусе, спачатку асцярожна, а потым ужо смялей зірнуў ёй у твар, і нібыта аслупянеў, зачараваны асляпляльным яе хараством.

Спыніўся час, часу ўвогуле больш не існавала. І нічога больш не існавала ў Сусвеце, акрамя таемнай пяшчотнай бездані вачэй незвычайнай гэтай жанчыны.

– Пацалуй мяне! – аднекуль здалёк, нібыта ў сне, пачуў Васіль. І нібыта ў сне вусны ягоныя дакрануліся да гарачых яе вуснаў. І ў гэты самы час дзесьці зусім блізка і зусім нечакана пачуўся гучны сабачы брэх. І чары скончыліся.

Ашаломлены Васіль, адкінуты ўбок нечаканым штуршком, убачыў раптам перад сабой звычайную і да паўсмерці перапалоханую жанчыну. Скурчыўшыся ў камячок, яна запаўзла ў самы далёкі куток будана і пазірала адтуль на Васіля адчайным, зацкаваным позіркам.

– Не аддавай мяне ім! – хутка і трывожна шапталі яе дрыготкія вусны. – Я прашу цябе, я цябе вельмі прашу! Не аддавай мяне ім!

Нічога не разумеючы, Васіль тым не менш імгненна выскачыў з будана. І адразу ж убачыў сабак. Яны былі ўжо зусім побач, два вялізныя рудыя ганчакі.

Убачыўшы чалавека, сабакі адразу ж спыніліся, але брахаць не перасталі.

– Ану, цыц! – прыкрыкнуў на іх Васіль і ўхапіў з зямлі нейкі сукаваты дручок. – Пайшлі адсюль!

Сабакі адскочылі крыху ўбок, змоўклі на імгненне, але зноў заліліся гучным брэхам.

– Пайшлі адсюль! – што ёсць моцы закрычаў Васіль, спалохана размахваючы кіем. – Каму сказаў! І тут ён зразумеў… дайшло, нарэшце, што сабакі брэшуць зусім не на яго. Яны абрэхвалі будан…

Вось адзін з ганчакоў зрабіў шырокі паўкруг і паспрабаваў прабіцца да будана з процілеглага боку, але Васіль быў напагатове.

– Пайшоў ты! – злаўчыўшыся, ён так перацягнуў ганчака па спіне, што той адразу ж адскочыў з гучным скавытаннем. Але другі ганчак 51 у той жа час імкліва рвануўся наперад, і Васіль ледзь-ледзь паспеў загарадзіць яму дарогу. «Гэтак доўга не вытрымаю! – цяжка дыхаючы, падумаў Васіль. – Пашалелі яны, ці што?!»

– Валдай! Гром! Фу! – пачуўся аднекуль гучны ўпэўнены голас. – Ану, да мяне!

Васіль азірнуўся. З лесу павольна выходзілі двое мужчын, у руках у іх былі паляўнічыя стрэльбы. Убачыўшы Васіля, мужчыны спыніліся і адразу ж закінулі стрэльбы за плечы. «Браканьеры! – падумаў Васіль. – А можа, і яшчэ горш…»

Мужчыны між тым падышлі бліжэй. Пярэдні, з барадой, ухапіў сабак за ашыйнікі і хутка, з дапамогай таварыша, накінуў на іх павадкі. Потым, перадаўшы павадкі сябру, барадач падышоў да Васіля.

– Вы ўжо выбачайце нас, калі ласка! – сказаў ён, усміхаючыся Васілю шырокай адкрытай усмешкай. – Не ведаю, што з імі сталася. Ніколі такога не было, каб на чалавека кідаліся. Курыце? – Барадач выцягнуў з кішэні крыху пакамечаны пачак цыгарэт.

– Не куру! – адказаў Васіль, усё яшчэ трымаючы ў руцэ кій і адчуваючы сябе неяк няёмка, у першую чаргу з-за таго, што быў распрануты.

– І правільна робіце! – адобрыў барадач і закурыў сам. – Я вось таксама ўсё збіраюся кінуць. І ніяк не магу. А вы па грыбы хадзілі? І ён хуценька зірнуў на Васілёў кошык.

– Няма грыбоў! – Васіль па-ранейшаму адчуваў сябе даволі няёмка, але першае пачуццё разгубленасці ўжо прайшло. Ён адкінуў кій убок і дадаў: – Вось вырашыў крыху адпачыць. Горача вельмі.

– Горача, – згадзіўся барадач. – Дождж трэба! Ён перахапіў насцярожаны позірк Васіля, накіраваны на ягоную стрэльбу і ўсміхнуўся:

– Здзіўляецеся, што са стрэльбамі? Вы не думайце, мы не на паляванні. Тут іншае…

– Воўк! – дадаў таварыш барадатага. Ён па-ранейшаму з цяжкасцю стрымліваў раз’юшаных сабак, якія так і рваліся да будана. – Ды што гэта з імі сёння?!

– Воўк?! – перапытаў Васіль, ледзь не злякаўшыся. – Які воўк? – Звычайны! – барадач паціснуў плячыма. – А хутчэй за ўсё – шалёны. Напаў раніцай на даярак, яны на ферму ішлі. Потым пастуха добра пагрыз. Нам патэлефанавалі ў райцэнтр… на жаль толькі мы ўдвух і змаглі вырвацца. Было б больш людзей – нікуды б ён ад нас не дзеўся!

– Ён і так нікуды ад нас не дзенецца! – змрочна дадаў другі паляўнічы. Ён быў маладзейшы, без барады, але з фарсістымі чорнымі вусікамі.– Я ўсё ж падстрэліў яго, гада!

– Падстрэліў! – насмешліва хмыкнуў барадач. – Здалося табе!

– Не здалося! – упарта стаяў на сваім паляўнічы з вусікамі.– Я яму пярэднюю лапу перабіў! Сам бачыў, як падскочыў!

– Ну, хай будзе так! – барадач затушыў недакурак аб падэшву бота. – Пайшлі, ці што!

Яны падаліся прэч, цягнучы за сабой на павадках сабак. Ужо знікаючы між дрэў, барадач азірнуўся.

– Вы лепш не хадзілі б тут, – заклапочана прамовіў ён. – Мала што… Лепш дахаты ідзіце. А то, можа, з намі?

Васіль адмоўна пахітаў галавой.

– Ну, глядзіце самі. І паляўнічыя зніклі з вачэй.

Нейкі час Васіль па-ранейшаму стаяў нерухома і ўсё пазіраў і пазіраў ім услед. Нейкае дзіўнае адчуванне ахапіла яго раптам, адчуванне не тое каб нерэальнасці ўсяго таго, што з ім адбывалася зараз, але ўсё ж чагосьці такога нязвыклага, незнаёмага, далёкага ад паўсядзённых шэрых будняў, чагосьці, што і палохала, і адначасова салодкім хваляваннем напаўняла душу… «Ты мой! – гучаў увушшу дзіўны, чароўны голас. – Цяпер ты мой! Назаўсёды мой! Хадзі да мяне, хадзі, я чакаю!» «Бяжы адсюль! – адначасова шаптаў Васілю нейкі іншы голас, ціхі, ледзь чутны. – Бяжы з усіх ног і не азірайся нават! Бяжы зараз жа або пакліч тых паляўнічых, яны яшчэ недалёка!»


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации