Текст книги "Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік)"
Автор книги: Генадзь Аўласенка
Жанр: Социальная фантастика, Фантастика
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 3 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
А сонца ўжо ўзнялося амаль над самай галавой. І ў лесе зноў станавілася вельмі задушна і спякотна. І вельмі не ставала ў гэтым лесе дажджу…
Бобі
Ён увайшоў у пярэднюю і адразу ж ноздры ягоныя казытнуў такі знаёмы пах тушанай капусты з грудзінкай. Калісьці ён вельмі любіў гэтую страву, але за некалькі апошніх месяцаў амаль зненавідзеў яе. Праўда, сказаць пра гэта жонцы ў яго не ставала духу.
– Гэта ты? – данёсся з боку кухні знаёмы высокі голас. – Ты ўжо прыйшоў?
Раней недарэчнае гэтае пытанне выклікала ў яго нязменную ўсмешку, але гэта было раней. Тады, калі ён яшчэ ўмеў усміхацца…
– Добры вечар, любая! – сказаў ён, заходзячы на кухню і цалуючы жонку ў выбеленую заўчаснай сівізной скронь. Кінуў хуткі погляд на другі бок стала і дадаў: – Прывітанне, Бобі!
Бобі ніяк не прарэагаваў на гэта. Ускудлачаная галава ягоная ледзь выглядвала з-пад края стала, проста перад ім на талерцы павольна астывала гара маннай кашы.
– Бобі – малайчына! – перахапіўшы мужаў погляд, хутка прамовіла жонка. – Ён амаль не сваволіў, калі мы гулялі па вуліцы, а потым я чытала яму казкі. І ведаеш, ён ужо амаль усё разумее!
Жанчына глядзела на мужа, і ў яе вялікіх блакітных вачах была надзея, трывога і яшчэ штосьці незразумелае. Яна быццам чагосьці чакала ад мужа, кожны вечар чакала… І кожны вечар дарэмна…
– Я пераапрануся, – прамармытаў ён, таропка пакідаючы кухню. – Не кладзі мне шмат капусты, нешта не хочацца. Лепш завары кавы.
Калі ён вярнуўся, Бобі за сталом не было, талерка з-пад маннай кашы стаяла парожняя, а другая талерка, поўная капусты з грудзінкай, ужо чакала яго. Так было заўсёды, але ён ніколі не задаваўся пытаннем, куды ж яна спадзяецца кожны раз, гэтая каша. Яшчэ ён ніколі не перапытваў жонку наконт кавы…
Уздыхнуўшы, ён проста сеў за стол і ўзяў відэлец. Жанчына села насупраць, трывожны погляд яе дзіўных вачэй літаральна застыў на мужавым твары… Гэта было не вельмі прыемна, але ён ужо звыкся і з гэтым. Ён шмат з чым паспеў звыкнуцца за апошні час…
– Я паклала Бобі спаць, – сказала жанчына ціхім стомленым голасам. – Ён, праўда, хацеў яшчэ пагуляць, але я не дазволіла. У яго ўзросце галоўнае – сон…
Трэба было хоць нешта адказаць на гэта, а ён толькі моўчкі кіўнуў галавой, згаджаючыся з тым, што, сапраўды: галоўнае – гэта сон.
– Ты дрэнна выглядаеш, – вочы жанчыны зноў трывожна заблішчэлі.– Кепска спіш, крычыш уначы. У цябе непрыемнасці на працы?
Адзіным станоўчым ва ўсіх гэтых размовах было тое, што на пытанні жонкі можна было не адказваць. Вось і зараз ён толькі паціснуў плячыма, і гэтага аказалася дастаткова, каб жонка палічыла дадзеную тэму цалкам вычарпанай. На сённяшні вечар, зразумела…
Да таго ж ён ведаў, якой будзе наступная тэма. Яны нібыта штовечар чыталі адны і тыя ж ролі ў нейкай, немаведама кім напісанай п’есе, і ён паспеў добра вывучыць сваю ролю…
– Любы! – голас жонкі быў трывожным і ўмольным адначасова. – Бобі заснуў, але не мог бы ты ўсё ж схадзіць паглядзець, як ён там?
– Вядома ж, любая! Зараз пагляджу.
Што ж, яны і сапраўды добра ведалі свае ролі…
Уздымаючыся па рыпучых прыступках на другі паверх, ён раптам злавіў сябе на думцы, што зноў, як і ўчора, як і пазаўчора, як і штовечар, ідучы сюды, ён спадзяецца на цуд. Раптам, адчыніўшы дзверы дзіцячага пакоя, ён убачыць у ложку… Бобі! Сапраўднага Бобі!
Але цуд не адбыўся. І зразумеўшы гэта, ён моўчкі падышоў да дзіцячага ложачка, і, спыніўшыся непадалёку ад яго, пачаў гэтак жа моўчкі глядзець на ляльку, якая ў ім ляжала. Вялікая зашмальцаваная лялька з цэлулоіду (такіх цяпер і не вырабляюць ужо) ляжала з заплюшчанымі вачыма і здалёк яе сапраўды можна было прыняць за жывое дзіця.
Але толькі здалёк…
Яму раптам успомніўся той жудасны вечар двухгадовай даўнасці, калі, пачуўшы адчайны крык жонкі, ён убег сюды і ўпершыню ўбачыў гэтую ляльку. Яна ляжала ў ложку іх сына, сам жа хлопчык знік, прытым абставіны яго знікнення былі самыя загадкавыя, бо вокны засталіся зачыненымі і нават заклеенымі, а праз фрамужку змог бы пралезці хіба толькі сам Бобі, калі б гадавалае немаўлятка магло гэта зрабіць…
А потым трывожныя чаканні каля тэлефона… дарэмныя чаканні, бо ніхто так і не патэлефанаваў ім. І праваахоўныя органы таксама нічым не змаглі дапамагчы… да гэтага часу лёс іх маленькага сына так і застаўся нявысветленым…
Нявысветленым для яго. А вось жонка ад гора і безвыходнасці раптам паверыла ў тое, што гэтая старая цэлулоідная лялька, якую выкрадальнік (ці выкрадальнікі) пакінулі чамусьці на месцы злачынства, і ёсць іх Бобі, іх маленькі хлопчык, якога проста хтосьці зачараваў, ператварыўшы ў ляльку… Гэта было адзіным праяўленнем яе вар’яцтва, ва ўсім жа астатнім жанчына заставалася ранейшай, дакладней, амаль ранейшай. Праўда, гэтае «амаль» дорага яму каштавала…
Адарваўшыся, нарэшце, ад невясёлых сваіх думак, ён раптам уздрыгнуў і нават зрабіў крок назад. Нечакана яму падалося, што лялька спадцішка назірае за ім праз паўзаплюшчаныя павекі.
Зразумела ж, гэта была ілюзія, аптычны падман… хапала і аднаго звар’яцелага ў гэтым доме, хапала і таго, што ён добра вывучыў сваю ролю, што ён заўсёды выконвае яе на «выдатна»… хапала і тых кашмарных сноў, якія ён бачыць амаль кожную ноч… І ўсё ж…
Хвіліну таму ён гатовы быў паклясціся, што лялька спадцішка назірала за ім…
– Хто ты? – спытаў ён тужліва і безнадзейна. – Адкуль ты ўзялася тут і дзе цяпер мой маленькі Бобі? Ці, можа, мая жонка і сапраўды мае рацыю, і ты – гэта ён? Калі ты і сапраўды – Бобі, або, калі ты ведаеш, дзе ён цяпер, перадай, што я люблю яго! І ніколі не пераставаў любіць! І ніколі не пераставаў… спадзявацца…
Не дагаварыўшы, ён павярнуўся і пайшоў прэч. Прычым, увесь той час, пакуль ішоў да дзвярэй, яго не пакідала адчуванне, што лялька, крыху павярнуўшы галаву, глядзіць яму ўслед. Са спагадай, з пагардай… а мо і з пагрозай, хто ведае…
Гэта было вельмі непрыемнае адчуванне, але ён так і не адважыўся азірнуцца, каб упэўніцца ў тым, што ўсё гэта яму толькі падалося. Убіўшы галаву ў плечы, ён міжволі паскорыў крок і, толькі выбраўшыся з пакоя і зачыніўшы за сабой дзверы, уздыхнуў, нарэшце, з палёгкай…
Сустрэча
Плошча каля крамы была ярка асветленая шматлікімі ліхтарамі і рэкламай, і таму дзяўчына з юнаком былі добра відаць. Але зусім не відаць было старога, які моўчкі пазіраў на іх з цемры старога парку.
«Гэта не яна! – зноў падумалася старому. – Так не бывае… не павінна быць! Я памыліўся, проста памыліўся!»
Але дзяўчына зноў засмяялася, звонка і знаёма. Потым, узняўшы руку, яна яшчэ больш знаёмым жэстам правяла па валасах чарговага свайго кавалера… а ў старога раптам балюча сціснула сэрца і на кароткае імгненне аж перахапіла дыханне. Ён нават сам крыху здзівіўся гэткай сваёй рэакцыі…
Што гэта? Боль успаміну? Ці ён – смешна казаць – усё яшчэ кахае яе, старая развалюха?
Стары ўздыхнуў, нейкі час глядзеў на сваю тонкую дрыготкую руку, рука павольна ўзнялася, і пальцы старога міжволі намацалі ледзь прыкметны шнар на шыі.
Шнар даўно загаіўся… а дзяўчына выглядала такой юнай, зусім яшчэ дзяўчо…
Як і тады, у Юрмале!
Так, гэта была яна… і ўсё ж такога не магло быць, ніяк не магло! Ён сам, пэўна, з’ехаў з глузду, стары дурань, вось і прыдумляе бог ведае што…
У гэты час дзяўчына зноў весела засмяялася і сказала штосьці свайму кавалеру. Той у адказ толькі моўчкі кіўнуў і, павярнуўшыся, нетаропка пакрочыў у бок крамы. Сама ж дзяўчына нечакана падалася ў процілеглы бок, якраз туды, дзе, нябачны ў цемры, стаяў стары. Дзяўчына ішла проста да яго, і стары ўжо хацеў саступіць ёй дарогу, адысці куды далей у цемру, як раптам убачыў радзімку над левым брывом дзяўчыны, таксама такую знаёмую радзімку. І тады ён не толькі не падаўся ў цемру, але наадварот – сам зрабіў крок насустрач, перагароджваючы дзяўчыне далейшы шлях.
– Хто вы?! – рэзка і нават спалохана ўскрыкнула яна, спыняючыся і трывожна азіраючыся па баках. – Што вам ад мяне трэба?!
Яе рэакцыя была такой натуральнай, што стары зноў засумняваўся. І калі б не гэтая радзімка над левым брывом…
– Што вам трэба?! – зноў паўтарыла дзяўчына, ужо куды спакайней.
– Юрмала! – ціха сказаў стары, па-ранейшаму не зводзячы з дзяўчыны насцярожана-ўважлівага позірку. – Успомні Юрмалу, семдзесят першы год. Успомні Вадзіма….
Калі б дзяўчына, весела рассмяяўшыся, паслала яго куды далей і дадала, што ў далёкім семдзесят першым годзе яна і на свеце нават не існавала яшчэ, гэта было б нармальна і цалкам зразумела. І стары, прамармытаўшы нязграбныя прабачэнні, адразу б пакінуў яе ў спакоі і пашкандыбаў прэч. Але дзяўчына нічога такога не сказала. Доўга і ўважліва глядзела на старога, вельмі доўга…
– Ты – Вадзім? – спытала яна ці то са дзіўленнем, ці то з недаверам. Раптам прыгожыя вусны дзяўчыны перакрывіла такая знаёмая і такая абаяльная ўсмешка… праўда, яна амаль адразу ж знікла, змяніўшыся грэблівай грымасай: – Які ж ты стаў стары і непрыгожы!
– Затое ты… – ад хвалявання ў старога нават перахапіла дыханне. – Як змагла ты так захавацца, застацца ранейшай? – У галаве старога раптам маланкай прамільгнула здагадка, пальцы ягоныя зноў міжволі намацалі шнар на шыі.– Гэта з-за гэтага, так?
Дзяўчына нейкі час моўчкі ўзіралася ў худы, пасечаны маршчынамі твар старога, нібыта шукаючы штосьці знаёмае ў незнаёмым гэтым твары. Шукала і не знаходзіла…
– Ты застаўся жывы, – нарэшце сказала дзяўчына і зноў усміхнулася старому абаяльна-знаёмай усмешкай. – Ведаеш, я рада, што ты не загінуў тады, бо я… я сапраўды кахала цябе ў той час.64
– Кахала?! – не верачы сваім вушам перапытаў стары. – Гэта я кахаў цябе, я, а не ты! Я на ўсё быў гатовы дзеля цябе, дзеля свайго кахання! На ўсё, разумееш! А ты… што ты зрабіла са мной?! – Ён задыхаўся ад гневу і абурэння. Нейкі час яны стаялі моўчкі, потым дзяўчына ўздыхнула і неяк няўпэўнена паціснула плячыма.
– Ведаеш, я не хацела гэтага! – прашаптала яна хутка і ледзь выразна. – Я ніколі не рабіла гэтага з тымі, каго па-сапраўднаму кахала. Я проста знікала з іх жыцця, знікала назаўсёды… так я планавала зрабіць і з табой. А ў той вечар…
– Што ў той вечар? – перапытаў стары.
Дзяўчына зноў уздыхнула:
– Я проста шмат выпіла ў той вечар. Выпіла… ну, і страціла кантроль… Не трэба мне было так шмат піць тады!
– Колькі табе гадоў? – спытаў раптам стары. – Сто? Дзвесце? Тысячу? Колькі?
Дзяўчына глядзела на яго, глядзела і чароўна ўсміхалася. Яна выглядала такой юнай…
– Больш за тысячу? – Стары раптам адчуў, што яшчэ хвіліна і ён звар’яцее. – Табе больш за тысячу? Гэта праўда?
– Даруй за той вечар! – хуценька прамовіла дзяўчына і нервова азірнулася ў бок крамы. – Даруй і ідзі! Ідзі, чуеш?!
Стары таксама паглядзеў у той бок. Юнак стаяў на прыступках з вялікім пакетам у руцэ і, здаецца, пералічваў грошы.
– Ідзі! – паўтарыла дзяўчына, настойліва і нават з пагрозай. – І не раўнуй, я яго не кахаю.
– Раўнаваць?! – Пальцы старога зноў намацалі шнар на шыі.– Я проста хачу папярэдзіць яго!
– Навошта?
Не адказваючы, стары зноў уважліва паглядзеў на дзяўчыну. Яна вытрымала ягоны позірк, усміхнулася, паціснула абыякава плячыма.
– Мне гэта неабходна, разумееш! Я не магу без гэтага! – дзяўчына зноў усміхнулася. – А ты лепш ідзі! Ідзі і не перашкаджай мне!
Стары зноў зірнуў у бок крамы. Юнак ужо ішоў сюды, да іх…
– Ідзі! – дзяўчына ўжо занервавалася. – Лепш ідзі!
– Ну, не! – стары матлянуў галавой. – Я не дазволю табе зрабіць гэта з ім!
– Не дазволіш?! – У голасе дзяўчыны стары нечакана адчуў халодную здзеклівую ўсмешку. – Ты сапраўды так лічыш?
Дзяўчына раптам ірванула блузку на грудзях. З трэскам пасыпаліся гузікі, на нейкае імгненне перад вачамі старога прамільгнулі, як былы ўспамін, яе бездакорна прыгожыя грудзі. Дзяўчына моцна, аберуч, абхапіла яго за шыю, з сілай прыцягнула да сябе.
– Ты што?! – агаломшана прахрыпеў стары, беспаспяхова спрабуючы вызваліцца. – Навошта ўсё гэта?! Пусці! Пусці, я ўсё адна…
Дзяўчына раптам спрытна падсекла ягоную нагу, і яны разам зваліліся ў траву.
– Дапамажыце! – адчайна закрычала дзяўчына, па-ранейшаму моцна прыціскаючы твар старога да сваіх аголеных грудзей. – Хто-небудзь! Дапамажыце!
Моцная рука ўхапіла раптам старога за каўнер і адным рыўком паставіла на ногі. Перад самым сваім тварам ён убачыў раз’юшаны твар юнака.
– Казёл памаўзлівы! – прашыпеў юнак проста ў твар старога. – Ды я ж цябе зараз…
– Як добра, што ты паспеў, Боб! – усхліпваючы, дзяўчына марна старалася прыладзіць на месца ўшчэнт разадраную блузку. – Інакш… інакш… – яна зноў усхліпнула. – Навошта ён гэта зрабіў, Боб?!
– Паслухайце, я… – Голас старога ўсхвалявана дрыжэў і зрываўся. – Разумееце, усё было зусім не так! Я… яна…
Атрымаўшы моцны ўдар у сківіцу, стары, адляцеўшы на некалькі метраў, моўчкі асеў на зямлю.
– Казёл! – падбегшы, юнак з усяго размаху ўдарыў старога ў жывот цяжкім чаравікам. – Яшчэ жадаеш?!
– Я… яна… – прахрыпеў стары, усё яшчэ спрабуючы ўзняцца. – Выслухайце мяне, гэта вельмі важна! Бо яна…
– Мала табе, казёл!
Чарговы ўдар чаравіка патрапіў старому ў скроню, і ён, асекшыся на паўслове, непрытомна зваліўся ў густую духмяную траву начнога парку.
– Чорт! – вылаяўся юнак, трывожна азіраючыся па баках. – Здаецца, трэба тэрмінова адсюль звальваць! Хадзем, дзетка!
Праз якую пару хвілін шыкоўная іншамарка ўжо несла іх прэч ад месца здарэння па ярка асветленых вуліцах вечаровага горада.
– Ты такі круты! – пяшчотна шаптала дзяўчына, даверліва прытуліўшыся шчакой да каменна-цвёрдага пляча свайго спадарожніка. – Ведаеш, калі я з табой – я нічога не баюся! І я… – дзяўчына сарамліва ўсміхнулася, зноў пачала папраўляць разадраную блузку, – я так жадаю цябе!
– Я таксама жадаю цябе, дзетка! – прамармытаў юнак, уважліва сочачы за дарогай. – Нават больш, чым ты!
– Больш, чым я? – Дзяўчына абаяльна і адначасова неяк загадкава ўсміхнулася: – Больш, чым я, – ды такое проста немагчыма, любы!
Пад словам «жадаю» яны мелі на ўвазе розныя рэчы. Зусім розныя…
Аднойчы на могілках
– Гэта тут! – сказаў Алег і спыніўся.
Юрась таксама спыніўся побач з сябрам і азірнуўся вакол. Нягледзячы на здаровы скептыцызм, яму было ўсё ж крыху нядобра.
– Няўтульнае месца! – заўважыўшы гэта, прамовіў Алег і, крыва ўсміхнуўшыся, дадаў: – Тут і без гэтага ўсяго страшнавата неяк…
Месца і сапраўды было няўтульным, калі такі выраз увогуле можна ўжыць у адносінах да могілак. Саміх магіл, праўда, з-за высокай, густой травы і дрымучага зарасніку шыпшыны і здзічэлага бэзу амаль не было відаць. Там-сям тырчалі яшчэ чорныя трухлявыя крыжы, часцей пахіленыя. І толькі ў адным месцы, зусім недалёка ад хлопцаў, самотна жаўцела адзіная нядаўняя магіла з крыжам, які не паспеў нават счарнець.
– Гэта тут? – ціха спытаў Юрась, і раптам адчуў, як яго халоднай хваляй пранялі дрыжыкі. Ён ужо амаль верыў словам сябра, ён верыў ім ужо без усялякага нават «амаль».
– Бліжэй падысці трэба, – чамусьці прашаптаў Алег і, першым ступіўшы да жоўтага пясчанага грудка, азірнуўся. – Ну, чаго стаіш?! Сюды ідзі!
Юрась паспешліва падышоў да сябра, стаў побач з ім. Ён шчыра спадзяваўся, што ўнутраны стан ягоны ніякім чынам не адбіўся на выразе твару, і што знешне ён, Юрась, выглядае гэтак жа спакойна і ўпэўнена, як і Алег.
Некалькі хвілін хлопцы стаялі моўчкі.
– Не чуваць! – з палёгкай сказаў Юрась і, зірнуўшы ў бок сябра, шырока і хітравата ўсміхнуўся. – Ты гэта знарок, так? Пажартаваць вырашыў? – і, штурхануўшы Алега локцем у бок, дадаў: – Лічы, што атрымалася! Я нават купіўся ў нейкі момант! – І ён засмяяўся…
Але тут Алег, нічога не адказваючы, раптам з сілай ударыў кулаком па крыжы. І смех адразу ж абарваўся, і валасы самі сабой заварушыліся на галаве ў Юрася, ногі зрабіліся ватныя, а грудзі імгненна апёк знутры нейкі незразумелы ці то жар, ці то люты зімовы холад. Бо знізу, з-пад зямлі, раптам пачуўся ледзь чутны жаночы голас.
– Памажыце! – жудасна стагнаў, прыглушаны зямлёй і адлегласцю, ціхі гэты голас. – Хто-небудзь! Памажыце!
Юрась інстыктыўна адхіснуўся ўбок, ледзь не збіўшы з ног сябра. Алег застаўся на месцы, але сумненняў не заставалася – ён таксама чуў голас з-пад зямлі.
– Ну што, пераканаўся?
– Яна… – Голас не слухаўся Юрася, словы выляталі з роту нейкімі кароткімі, амаль невыразнымі ўрыўкамі,– яна што, жывая?! Яна жывая там?!
Алег нічога не адказаў. Ён стаяў, маўчаў і ўсё глядзеў і глядзеў ў вочы сябру. Дзіўна неяк глядзеў…
– Трэба яе хутчэй адкапаць! – Юрасёў голас задрыжэў і зноў сарваўся. – Трэба паклікаць каго… знайсці рыдлёўкі! І як мага хутчэй! Яна можа задыхнуцца там… у любы момант можа задыхнуцца…
Нейкі час сябры моўчкі глядзелі адзін аднаму ў вочы.
– Чаму ты ўсё маўчыш, Алег? – прамовіў, нарэшце, Юрась. – І чаму ты так глядзіш на мяне?
Алег неяк дзіўна ўсміхнуўся. Дзіўна і трывожна. Потым паказаў рукой на крыж.
– Там, на крыжы, дата смерці,– ціха сказаў ён. – Паглядзі на яе!
Юрась, яшчэ нічога не разумеючы, тым не менш паслухмяна зірнуў на крыж. Год нараджэння… год смерці… пражыла ўсяго толькі дваццаць тры гады з паловай… памерла… Памерла сёмага красавіка…
Цяпер была сярэдзіна жніўня!
– Зразумеў?! – Алег па-ранейшаму не адводзіў ад сябравага твару заклапочана-трывожнага позірку. – Яна не можа быць жывой, ніяк не можа! Такое немагчыма!
– Немагчыма… – машынальна паўтарыў Юрась і гэтак жа машынальна перавёў погляд на жоўты грудок перад сабой. На грудку ўжо дзе-нідзе прабівалася рэдкая зялёная трава, відаць было, што яго, грудок гэты, насыпалі не ўчора, і нават не тыдзень таму. – Немагчыма! – зноўку паўтарыў Юрась, ціха, аднымі вуснамі.– Такое немагчыма! І адразу ж, нібыта ў адказ яму, з-пад зямлі зноў пачуўся ўсё той жа змучаны, хрыпаты жаночы голас.
– Хто-небудзь! – жудасна неслася адтуль, знізу. – Хоць хто-небудзь…
А ўверсе ярка свяціла сонца, і неба было на дзіва сіняе і празрыстае… нават ветрыка не адчувалася. І тым больш нерэальным, тым больш жудасным сярод такога звычайнага, такога паўсядзённага жнівеньскага поўдня было само існаванне, само гучанне прыглушанага, змучанага голасу з-пад зямлі. І, заплюшчыўшы на імгненне вочы, Юрась, раптам, на здзіўленне выразна і яскрава, змог уявіць сабе, што адчувае зараз там, унізе, невядомая яму ўладальніца змучанага голасу. І як яна можа выглядаць там цяпер, пасля чатырох месяцаў падземнага ці то існавання, ці то неіснавання. І, уявіўшы ўсё гэта, Юрась міжволі скалануўся і нечакана вельмі пашкадаваў, што паслухаўся Алега, што, наагул, паверыў яму.
– Ну, што? – прашаптаў Алег. – Што рабіць будзем?
Гэтага Юрась не ведаў. Тое першае ягонае памкненне бегчы па рыдлёўкі, склікаць людзей… яно, чамусьці, ужо прайшло. Засталася толькі трывога, дзіўная, не зусім нават зразумелая. А мо і не трывога гэта была, а штосьці дрымучае, патаемнае, схаванае ў самых запаведных кутках падсвядомасці…
– Дык што рабіць будзем?
Сутаргава ўздыхнуўшы, Юрась так нічога і не адказаў сябру.
А можа, яна нейкім чынам ці цудам усё ж не памерла, засталася жывой там, унізе?! Можа, яна спала, моцна спала, і ў гэтым самнамбулічным сне яе і пахавалі тут, на гэтых закінутых могілках. Пахавалі, а яна ўсё спала, усё працягвала спаць доўгія гэтыя месяцы… а потым, два дні таму гэты дурань Алег, выпадкова ці, можа, па нейкай злой іроніі лёсу, забрыў на старыя могілкі і нейкім сваім словам ці рухам змог разбудзіць яе. І дзяўчына, зразумеўшы нарэшце, што з ёй адбылося, пачала крычаць, клікаць на дапамогу. А гэты дурань уцёк, проста ўцёк… і двое сутак, доўгія двое сутак яна ўсё чакала і чакала дапамогі…
Юрась зноў сутаргава ўздыхнуў. Ён паспрабаваў уявіць сабе, што перажыла, што павінна была перажыць гэтая няшчасная дзяўчына за тыя доўгія, бясконца доўгія сорак восем гадзін, колькі разоў павінна была яна, пераходзячы ад надзеі да адчаю і ад адчаю зноў да надзеі… колькі разоў павінна была яна паміраць і ажываць… і зноў паміраць… Ён паспрабаваў уявіць сабе ўсё гэта, ды так і не здолеў.
– Яна жывая! – ледзь чутна вымавіў Юрась і аблізнуў перасмяглыя вусны. – Мы павінны дапамагчы ёй, чуеш!
– Дапамажы! – рот Алега скрывіўся ў нейкай нядобрай усмешцы, вельмі падобнай на грымасу болю… а можа, гэта і была грымаса болю, а ніякая не ўсмешка. – Дапамажы, раскапай! Яна аддзячыць табе за гэта, добра аддзячыць! Яна прагаладалася там за столькі часу…
– Не разумею, пра што ты! – Юрась адчуў раптам, як пахаладзела ўсё знутры, якімі ватнымі і непаслухмянымі зрабіліся ногі.– Ты думаеш, што яна… Я не разумею цябе, Алег!
– Ды ўсё ты разумееш!
Яны змоўклі і маўчалі доўга, вельмі доўга, не гледзячы адзін на аднаго. І голас унізе таксама маўчаў, і нібыта чакаў чагосьці.
А вакол быў звычайны жнівеньскі дзень. І да вечара было яшчэ так далёка.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?