Электронная библиотека » Генадзь Аўласенка » » онлайн чтение - страница 5


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 21:40


Автор книги: Генадзь Аўласенка


Жанр: Социальная фантастика, Фантастика


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 5 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Выпусціце мяне!

Зайшоўшы ў вагончык, Андрэй не адразу ўбачыў дзяўчыну, а ўбачыўшы, адразу ж сарамліва апусціў вочы. З абурэннем павярнуўся да Паўла:

– Чаму яна без адзення?! – Андрэй памаўчаў крыху і дадаў з раздражненнем: – Навошта вы яе распранулі?

Павел вінавата паціснуў плячамі і нічога не сказаў.

– Вы што, з глузду з’ехалі?!

– Мы яе такой і прывезлі! – падаў голас нябачны з-за Паўла Алег. – Без нічога…

Андрэй уздыхнуў.

– Папярэджваць трэба! – буркнуў ён, па-ранейшаму пазбягаючы глядзець у той бок вагончыка, дзе, скурчыўшыся ў камячок, сядзела ля самай сцяны дзіўная гэтая дзяўчына. – Хопіць на яе вытарашчвацца! – з новай, нечаканай нават для сябе самога злосцю, дадаў Андрэй, паварочваючыся да хлопцаў.– Адзенне лепш прынеслі б хоць якое!

Хлопцы паслухмяна адвярнуліся, і нейкі час усе ўтрох стаялі так і маўчалі.

– Адзенне ёсць! – нарэшце прамовіў Павел. – Вунь яно, побач з ёй ляжыць. Толькі яна…

– Сілком жа яе не будзеш апранаць! – дадаў Алег, зноў паварочваючыся ў бок дзяўчыны. – Ці мо паспрабаваць?

– А што з міліцыяй? – Андрэй паспяшаўся неяк змяніць тэму гаворкі.– Хто з вас тэлефанаваў? Ты?

– Я! – сказаў Павел.

– Прыедуць?

– Сказалі, што сёння не змогуць… – Павел таксама павярнуўся, кінуў хуткі погляд на дзяўчыну. – Заўтра абяцалі пад’ехаць з раніцы, а сёння, сказалі, няхай у нас пераначуе…

– Дзякуй вялікі! – злосна кінуў Андрэй. – Узрадаваў!

– За што купіў…

Нейкі час яны зноў памаўчалі.

– Яшчэ сказалі,– дадаў Павел, не адрываючы прагнага позірку ад аголенага цела дзяўчыны, – што ніхто ў іх за апошні час не знікаў, і што ніякіх заяў такога кшталту да іх даўно ўжо не паступала…

– Зразумела!

– Зразумела, што справа цёмная! – падсумаваў Алег. – Слухайце, а можа, яна нудыстка якая? Ці мо з псіхушкі збегла?

– А яны тут ёсць, псіхушкі? – Андрэй асцярожна выцягнуў з кішэні самаробную зашмальцаваную карту мясцовасці, яшчэ больш асцярожна яе разгарнуў.– Вось, глядзіце… да найбліжэйшай вёсачкі кіламетраў з восем, не менш… А вось тут… – Ён павольна правёў пальцам па карце. – Вы яе тут, ля возера, сустрэлі?

– Крыху далей, за возерам, – сказаў Павел. – Вось тут прыблізна. – Ён таксама тыцнуў пальцам у карту. – Яна ў кустах хавалася… потым паспрабавала ўцячы…

– Ад вас уцячэш!

Яны зноў замаўчалі. Дзяўчына таксама сядзела моўчкі і без усялякай цікаўнасці глядзела на іх. Нават, хутчэй, не на іх, а на маленькае акенца за іх спінамі…

– Што яна магла там рабіць адна, ды прытым без адзення?

Пытанне было рытарычнае, а таму ніхто на яго не адказаў.

– А размаўляць з ёй вы не спрабавалі?

Хлопцы пераглянуліся.

– Ды яна зусім ні на што не рэагуе! – сказаў Павел панура. – А што, хочаце паспрабаваць? Паспрабуйце! – Ён памаўчаў крыху: – Нам выйсці?

– Я думаю, так будзе лепш, – пагадзіўся Андрэй. – Вы ўжо дастаткова яе напалохалі.

– Ну што ж… – Павел чамусьці ўздыхнуў.– Пайшлі, Алег!

Хлопцы выйшлі.

Нейкі час Андрэй глядзеў ім услед, потым, узяўшы з найбліжэйшага ложка коўдру, наблізіўся да дзяўчыны, чаго яна, здаецца, нават не заўважыла… ці ўсё ж заўважыла, бо яшчэ больш сціснулася ў камячок. У такім скурчаным становішчы аголенасць яе не надта кідалася ў вочы. Можа, гэтаму спрыялі валасы. Доўгія, густыя і светлыя, толькі з нейкім зеленаватым адценнем, яны амаль цалкам закрывалі твар, плечы, грудзі дзіўнай дзяўчыны, ды і ўвогуле амаль усё яе цела…

Андрэй прыхапіў коўдру з намерам прыкрыць аголенае цела дзяўчыны, але гэта было, здаецца, залішняе. Таму ён зноў кінуў коўдру на ложак, сам асцярожна апусціўся на край яго і нейкі час сядзеў моўчкі і нерухома, нібы збіраючыся з думкамі. Але так і не сабраўся…

– Вы нас не палохайцеся! – сказаў ён нарэшце першае, што прыйшло ў галаву. – Мы вам нічога кепскага не зробім. Мы з універсітэта, навуковая экспедыцыя. Хлопцы… – Андрэй крыху памаўчаў,– Алег і Павел, яны студэнты, ну а я… я ў іх як бы за навуковага кіраўніка… «Хоць які з мяне кіраўнік! – дадаў ён у думках. – Ці даўно сам у студэнтах хадзіў!»

Дзяўчына заварушылася, прыўзняла раптам галаву і праз густую сетку яе ўскудлачаных валасоў на Андрэя зірнулі вялікія і на дзіва празрыстыя вочы. Вочы вар’яткі…

Вусны дзяўчыны раптам слаба заварушыліся, яна штосьці гаварыла, умольнае штосьці… але Андрэй, як не прыслухоўваўся, так і не здолеў разабраць ніводнага слова. Ён нахіліўся ніжэй.

– Выпусціце мяне! – ледзь чутна прашаптала дзяўчына. – Выпусціце мяне!

Голас быў нейкі хрыпаты, нібыта прастуджаны, але даволі мілагучны…

– Выпусціце мяне! – трэці раз паўтарыла дзяўчына, ужо гучней. Пры гэтым яна працягвала насцярожана і разам з тым неяк умольна глядзець проста ў вочы Андрэю, і яму раптам стала крыху нядобра пад гэтым настойлівым яе позіркам.

– Ну, куды ж мы вас выпусцім зараз! – нібыта ўцякаючы ад дзіўнага позірку вар’яцкіх дзявочых вачэй, Андрэй міжволі адвярнуўся і дадаў, гледзячы ўжо ў акно: – Тут лес навокал, а вы адна і… без адзення нават. Ды і вечар ужо неўзабаве. Пераначуеце тут, у нас, а заўтра… – І новая раптоўная думка прыйшла яму ў галаву: – Калі вы скажаце, дзе жывяце, – мы можам туды патэлефанаваць. Магчыма, там знойдзецца машына, каб прыехаць па вас… – Дзяўчына зноў заварушылася і яе аголенасць адразу ж кінулася ў вочы Андрэю, ён намацаў рукой коўдру, працягнуў яе дзяўчыне. – Чаму б вам усё ж не загарнуцца ў коўдру?

– Выпусціце мяне! – у чарговы раз прашаптала дзяўчына, умольна, ледзь чутна і неяк па-асабліваму безнадзейна, і, раптам, уткнуўшыся тварам у калені, заплакала.

Гэтага Андрэй не чакаў. Сумеўшыся, ён чамусьці ўскочыў на ногі, потым, крыху так пастаяўшы, зноў апусціўся на ложак. Вельмі хацелася курыць, і Андрэй, выцягнуўшы з кішэні цыгарэты, пачаў шукаць запалкі, але не знайшоў іх і, павагаўшыся трохі, зноў схаваў пачак у кішэню. Ён глядзеў на дзяўчыну, а яна працягвала, здаецца, бязгучна плакаць, ва ўсялякім разе вузенькія яе плечыкі перыядычна ўздрыгвалі…

– Мы самі адвязем вас дадому! – сказаў ён нарэшце і нават пачырванеў, бо вельмі не любіў хлусіць. – Машына наша… яна зараз не зусім спраўная, але мы… вы толькі скажыце, дзе жывяце, і мы…

Дзяўчына раптам узняла галаву, зноў паглядзела на Андрэя і той са здзіўленнем адзначыў, што твар у яе сухі, не заплаканы… толькі вочы неяк падазрона блішчаць. Потым прыгожы твар дзяўчыны неяк дзіўна перасмыкнуўся, і яна чамусьці моцна заплюшчыла вочы…

– Вёска Дубаўручча, – загаварыла раптам дзяўчына, не ранейшым, нізкім і прастуджаным, а нейкім зусім іншым голасам, высокім і звонкім, – Мацвіенка Галіна Андрэеўна… – голас гучаў таропка і неяк не зусім натуральна, нібыта не жывы, а запісаны на стужку. Дзяўчына нават вуснамі не варушыла пры гэтым, хоць, як магла яна гаварыць, не варушачы вуснамі, гэтага Андрэй ніяк не мог уцяміць. – Цэнтральная вуліца… – працягвала між тым дзяўчына, – другі дом ад пачатку. Там яшчэ дуб каля плоту… Перадайце ёй, што я… што са мной…

– Каму перадаць? – перапыніў Андрэй.

– Перадайце, што мяне…

Дзяўчына раптам неяк дзіўна ўздрыгнула, нібыта ад удару токам, змоўкла на паўслове і зноў расплюшчыла вочы. Гэта былі ўсё тыя ж ранейшыя вочы вар’яткі, вялізныя, блакітныя і без адзінай думкі. Нейкі час дзяўчына моўчкі глядзела ў твар Андрэю і ён таксама, нібы зачараваны, глядзеў, не адрываючыся, у бяздонную глыбіню празрыстых яе вачэй. Ён глядзеў і нібыта сам страчваў розум, патанаючы ў гэтай блакітнай бездані… трэба было неяк адвесці позірк, ён разумеў, што трэба неадкладна яго адвесці, але зрабіць гэтага ніяк не мог. А можа, і не хацеў. Дзяўчына маўчала, але Андрэй, як гэта не дзіўна, чуў яе словы, звернутыя да яго. «Хадзі да мяне! – нібыта казала дзяўчына. – Хадзі, не пашкадуеш! Хадзі, не думай… хадзі…»

Хтосьці з хлопцаў зарагатаў знадворку, і гэты рогат нібыта вырваў Андрэя з дзіўнага здранцвення. Ён быў ужо зусім побач з дзяўчынай, ён ужо нават нахіліўся да яе, а рукі дзяўчыны вось-вось мусілі абхапіць шыю хлопца. Але, імгненна адхіліўшыся назад, Андрэй гэтаму перашкодзіў.

– Дык што перадаць у вёску Дубаўручча? – спытаў ён, цяжка дыхаючы і паступова прыходзячы ў сябе. У вочы дзяўчыны ён стараўся больш не глядзець. – Гэта твая вёска, так?

Дзяўчына зноў рэзка ўздрыгнула. Нешта дзіўнае прамільгнула ў блакітных яе вачах, прамільгнула і адразу ж знікла…

– Выпусціце мяне! – зашаптала яна ранейшым сваім голасам, нізкім і хрыпатым. – Выпусціце мяне!

Андрэй зразумеў, што нічога большага ад дзяўчыны зараз не даб’ецца. Таму ён устаў і, уздыхнуўшы, моўчкі пайшоў прэч з вагончыка. Выйшаў, шчыльна зачыніў за сабой дзверы. Падумаў крыху і для надзейнасці яшчэ і замкнуў іх, а ключ паклаў у кішэню. Толькі тады накіраваўся ў бок вогнішча, ля якога сядзелі хлопцы.

– Ну што, Андрэй Вітальевіч? – спытаў Павел, працягваючы Андрэю кубачак гарачай кавы. – Як справы?

– Даведаліся што? – пацікавіўся і Алег.

Не адказваючы, Андрэй асцярожна ўзяў кубачак і, паднёсшы яго да вуснаў, з асалодай зрабіў першы глыток. Прысеўшы на самаробную 101 драўляную лаўку, зрабіў яшчэ адзін глыток, паставіў кубачак побач з сабой, зноў выцягнуў з кішэні ўсё тую ж карту. Разгарнуў яе на каленях.

– А тут і сапраўды ёсць такая вёска, Дубаўручча! – сказаў ён, водзячы па карце пальцам. – Вось, глядзіце! І не вельмі далёка ад таго возера!

Хлопцы падышлі бліжэй, з двух бакоў нахіліліся над картай.

– Яна што, адтуль? – спытаў Алег.

Андрэй зрабіў яшчэ некалькі глыткоў.

– Дык яна адтуль? – паўтарыў Алег сваё пытанне.

Андрэй дапіў каву, зноў паставіў кубачак на лаўку.

– Можа, і адтуль! – Ён устаў, з нейкім нават раздражненнем паглядзеў на машыну. – Была б «тачка» ў норме – зганялі б туды! А так…

– Яна ў норме! – сказаў Алег пакрыўджана. – Бензін скончыўся!

– Гэта я і сам ведаю! – Андрэй памаўчаў крыху, працягнуў руку: – Ключы ад базы ў каго?

Павел кінуў звязку ключоў, Андрэй спрытна злавіў іх левай рукой.

– Неўзабаве вярнуся!

Базай яны называлі адзіны цагляны будынак на ўсёй тэрыторыі біястанцыі, які ўжо быў амаль канчаткова дабудаваны і нават уведзены ў строй. У будынку размяшчаліся аж дзве лабараторыі, а таксама адна даволі вялікая аўдыторыя, дзе зрэдку нават чыталіся лекцыі. Было ў будынку і некалькі падсобных памяшканняў, у першым з іх знаходзіўся адзіны на станцыі тэлефон і, што самае галоўнае, побач з ім ляжаў мясцовы тэлефонны даведнік.

Пагартаўшы даведнік, Андрэй натрапіў нарэшце на вёску Дубаўручча, хутка набраў нумар і, прыклаўшы трубку да вуха, пачаў цярпліва чакаць. Чакаць давялося доўга, але нарэшце трубку ўсё ж узялі.

– Алё! – пачуўся ў трубцы насцярожаны жаночы голас. – Алё!

– Добры дзень! – як мага больш ветліва прамовіў Андрэй. – Скажыце, я ў вёску Дубаўручча патрапіў? Калі гэта Дубаўручча, скажыце…

– Хто гэта?! – перапыніў Андрэя ўсё той жа насцярожаны голас. – Што вам трэба?

Баючыся, што жанчына зараз пакладзе трубку, Андрэй заспяшаўся.

– Скажыце, у вашай вёсцы пражывае Мацвіенка Галіна Андрэеўна? – спытаў ён.

У трубцы нейкі час маўчалі.

– А навошта яна вам? – па-ранейшаму насцярожана спыталася жанчына. – Вы адкуль тэлефануеце?

– Я… мне проста трэба з ёй пагаварыць… – Андрэй зрабіў паўзу. – Вы не маглі б паклікаць яе да тэлефона? – Ён зноў змоўк, але ў трубцы таксама маўчалі і яму давялося працягваць: – Мне вельмі трэба пагаварыць з ёй!

– А яе няма! – сказала жанчына. – Яна ў бальніцы цяпер…

– У бальніцы… – Андрэй хацеў ужо пакласці трубку, але, перадумаўшы, задаў наступнае пытанне: – А, скажыце, дачка ў яе ёсць? І зноў у трубцы нейкі час насцярожана маўчалі.

– Няма ў яе дачкі! – пачуў, нарэшце, Андрэй. – Была… ды ў возеры патанула…

Андрэй раптам адчуў, як у яго перахапіла дыханне.

– Калі?! Калі гэта здарылася?

– Летась.

У трубцы пачуліся частыя кароткія гудкі.

Нейкі час Андрэй моўчкі глядзеў на тэлефонную трубку, потым, схамянуўшыся, акуратна паклаў яе на месца і ўстаў. «Гэтага не можа быць! – маланкай прамільгнула ў галаве. – Так проста не бывае… не павінна так быць!»

Андрэй паглядзеў у акно і толькі цяпер заўважыў, як моцна сцямнела вакол. Сонца, пэўна, паспела ўжо схавацца за вершалінамі бліжэйшых дрэў.

– Так не бывае! – ужо ўголас паўтарыў Андрэй і прыслухаўся.

Пачуўся тупат ног і ў пакой ускочыў усхваляваны Алег.

– Андрэй… Вітальевіч! – ледзь змог вымавіць хлопец, з цяжкасцю пераводзячы дыханне. – Ідзіце хутчэй! Там… яна… яна… Ён махнуў рукой і зноў кінуўся назад. Андрэй бег следам, не разумеючы яшчэ, што ж такое магло здарыцца, але падсвядома рыхтуючы сябе да найгоршага. Выбегшы на двор, ён спыніўся нібы аслупянелы.

Вагончык трэсся.

Гэтага не магло быць, ніяк не магло… і тым не менш цяжкая металічная канструкцыя пагрозліва хісталася ў бакі і нават уздрыгвала ад нейкіх моцных унутраных удараў. Звінелі, разлятаючыся на дробныя кавалачкі, шыбы, пагражальна выгіналіся дугой сталёвыя дзверцы, ледзь стрымліваючы шалёны націск знутры. І, амаль заглушаючы ўвесь гэты гул і грукат, нёсся з вагончыка нейкі жахлівы, зусім не падобны на чалавечы, ці то крык, ці то жудаснае воўчае выццё…

– Выпусціце мяне! – крычаў, выў, скавытаў жудасны голас: – Выпусціце мяне!

Крык гэты, пранізлівы і адначасова сам пранізаны жахам, болем, адчаем… крык гэты, здавалася, запоўніў сабой нават паветра навокал, ён зрабіўся амаль матэрыяльным, адчувальным навобмацак, і ўсё мацнеў і мацнеў, пранікаючы ў вушы, мозг, у самыя, здавалася б, патаемныя глыбіні душы. І, амаль што вар’яцеючы ад жудаснага, усёпранікальнага гэтага крыку, Андрэй з усяе сілы заціснуў вушы рукамі, зусім па-дзіцячы заплюшчыў вочы: толькі б не чуць, не бачыць, не думаць ні аб чым гэтым… толькі б вытрымалі дзверы, толькі б яны вытрымалі, не далі ёй вырвацца адтуль, інакш… інакш… І тут усё скончылася.

Асцярожна расплюшчыўшы вочы і паступова прыходзячы ў сябе, Андрэй нейкі час моўчкі і нават неяк агаломшана глядзеў на нерухомы цяпер вагончык. Не ўсё было яшчэ скончана – ён гэта добра разумеў – трэба яшчэ, пераадолеўшы сябе, унутраны свой жах, падысці да дзвярэй вагончыка, адчыніць іх, зазірнуць ва ўнутр… І хто ведае, што ён там убачыць…

– Што гэта было? – Да Андрэя павольна падышоў Павел, спыніўся побач. Ён спрабаваў нават усміхнуцца, але дрыжачыя вусны зусім не падпарадкоўваліся хлопцу. І Андрэй, углядваючыся ў белы, нібыта прыцярушаны крэйдай, твар Паўла, раптам уявіў сабе, як выглядае зараз ён сам. Напэўна, не лепш… А між тым менавіта ён адказвае тут за ўсё і за ўсіх… ён, Андрэй! Андрэй Вітальевіч, нават… – Што гэта было, Андрэй Вітальевіч?

Андрэй усміхнуўся, асцярожна паляпаў Паўла па плячы.

– Усё нармальна! Зараз пойдзем, паглядзім, што з ёй такое…

– Не трэба!

Гэта сказаў Алег, не сказаў – выгукнуў нават. Ён таксама стаяў побач з Андрэем (і калі толькі паспеў падбегчы?), твар ягоны быў яшчэ бялейшы за твар сябра.

– Не трэба! – паўтарыў ён, ужо цішэй. – Не адчыняйце!

Андрэй паглядзеў на Алега, потым перавёў позірк на вагончык, зноў зірнуў на Алега. Новая нечаканая думка прыйшла раптам яму ў галаву. Яна ўсё добра тлумачыла, усё, акрамя… Акрамя нядаўняй тэлефоннай размовы…

Але Андрэй вырашыў пакуль выкінуць з галавы гэтую размову.

– Ломка! – як мага бадзёра прамовіў ён. – Звычайная наркатычная ломка! Вы што, не зразумелі адразу, што яна наркаманка?

Хлопцы пераглянуліся.

– Ломка? – у голасе Алега гучаў яўны недавер. – Ты лепш паглядзі на дзверы, камандзір!

– Чаму яна змоўкла там? – спытаў Павел. – Хоць бы не памерла!

– Вось зараз пра ўсё і даведаемся! І Андрэй хутка пакрочыў да вагончыка, шукаючы па ўсіх кішэнях ключ ад яго. Знайшоўшы яго ўжо ля самых дзвярэй, доўга не мог патрапіць ключом у замочную адтуліну, так трэсліся рукі. Нарэшце ўсё ж патрапіў, адамкнуў, з цяжкасцю адчыніў перакошаныя дзверы… І адразу ж пачуў пах…

Пахла балотам, дакладней, гнілымі балотнымі водарасцямі і тванню… а праз гэты гніласны пах прасочваўся яшчэ і іншы: смуродны і злавесны пах нейкай даўняй смерці, пах далёка ўжо зайшоўшага раскладання бялковай арганікі…

Не хацелася ўваходзіць у вагончык, вельмі не хацелася… але Андрэй, пераадолеўшы сябе, усё ж зайшоў туды, звыкла памацаў рукой па сцяне справа, шукаючы выключальнік. Ярка ўспыхнула святло… і ў Андрэя неяк адразу ж перасохла ў роце. Ён міжволі зрабіў крок назад і наляцеў на кагосьці з хлопцаў, якія, аказваецца, таксама паспелі ўжо ўлезці сюды…

– Гэта што, яна?! – спалохана прашаптаў Павел, цяжка дыхаючы ў самае вуха Андрэю. – Чаму яна такой стала?!

Андрэй нічога не адказаў. Нібы зачараваны, ён усё глядзеў і глядзеў на тое «нешта», жудаснае тое «нешта», што ляжала цяпер нерухома каля самых ягоных ног, у вузкім праходзе паміж ложкамі, чорнае, асклізлае, усё распухлае ад вады і далёка зайшоўшага ўжо раскладання. Толькі па доўгіх, мокрых, зялёных ад ціны і водарасцяў, валасах можна было вызначыць, што перад імі жаночае цела…

– Чаму яна такой стала?! – паўтарыў Павел. – Што мы міліцыі скажам?! І зноў Андрэй нічога яму не адказаў… ды і наўрад ці чуў ён тое, што казаў яму хлопец. Не адрываючыся, нібы зачараваны, усё глядзеў і глядзеў Андрэй на жудасныя чалавечыя парэшткі, такія непадобныя зараз на тую прыгожую і вельмі перапалоханую дзяўчыну, якая, скурчыўшыся ў камячок, сядзела зусім нядаўна каля дальняй сцяны вагончыка. Яшчэ спадзеючыся на штосьці, яна прасіла аб літасці, адчайна ўмольвала іх… а потым, зразумеўшы, нарэшце, што ўсё скончана і што літасці не будзе, паспрабавала ў апошнім адчайным парыве вырвацца са смяротнае пасткі, ды толькі…

Ды толькі пастка аказалася занадта моцнай…

– Выпусціце мяне! – зноў загучаў у вушах Андрэя такі знаёмы і такі ўмольны голас дзяўчыны: – Выпусціце мяне! І Андрэю здалося раптам – а можа, і не здалося, можа, так яно і было на самай справе – што голас гэты застанецца з ім надоўга, магчыма, нават да самай апошняй хвіліны ягонага жыцця…

А магчыма, і пасля гэтай хвіліны, хто ведае…

Апоўдні

Рыба не бралася.

І, па ўсім відаць было, нават не збіралася гэтага рабіць…

Кірыла ўздыхнуў, змяніў насадку на абедзвюх вудах, зноў закінуў іх, стараючыся кінуць як мага далей. Нейкі час ён моўчкі, з пільнай увагай назіраў за нерухомымі паплаўкамі, але ўвагі хапіла не надоўга і, уздыхнуўшы, Кірыла пачаў ляніва аглядвацца вакол.

«Прыгожа як! – міжволі падумалася яму. – Шкада, што я не мастак!»

Вакол і сапраўды было надзвычай прыгожа. На небе, чыстым і празрыстым, ніводнай аблачынкі, вада ў возеры, пры поўнай адсутнасці ветра, нагадвала вялізнае блакітнае люстэрка ў зялёнай лясной аздобе. Лес абступаў возера з усіх магчымых бакоў: сасновы, хваёвы, бярозавы… І дзіўна было бачыць амаль неадрозны ад сапраўднага адбітак гэтага ж лесу ў возеры.

З бліжэйшага берага да Кірылы данесліся раптам звонкі дзявочы смех, прыглушаныя адлегласцю ўсплёскі вады. Зірнуўшы ў той бок, Кірыла заўважыў у прасвеце між дрэў далёкія постаці трох дзяўчат. Дзяўчаты купаліся, дакладней, проста бегалі па мелкаводдзі каля самага берага і пырскаліся вадой адна на адну. І гарэзліва пры гэтым смяяліся…

Дзяўчаты былі ўсё ж далекавата ад Кірылы, і ён не мог разгледзець іх як след, але адчувалася ў гэтых трох дзяўчатах нешта своеасаблівае. Ці, хутчэй, наадварот, чагосьці вельмі звыклага не ставала ў іх абліччы. І раптам Кірыла зразумеў, чаго менавіта не ставала – адзення! Ну, так, дзяўчаты дурэлі і бегалі па вадзе зусім без нічога, нават без купальнікаў.

Урэшце, у гэтым не было нічога дзіўнага. Дзяўчаты відавочна вярталіся з грыбоў альбо ягад, а хто ж, скажыце, надзявае ў лес купальнік. Тым больш што вакол анікога, калі не лічыць яго, адзінага рыбака ў лодцы… ды і лодка ўсё ж далекавата ад берага…

Гэта яны так лічаць па сваёй вясковай наіўнасці…

Кірыла хітравата ўсміхнуўся і выцягнуў з сумкі бінокль. Пра такую акалічнасць дзяўчаты, пэўна ж, не падумалі. Стараючыся рабіць усё як мага непрыкметней, Кірыла павольна паднёс бінокль да вачэй, павёў ім уздоўж берага… Ага, вось і яны, нашы прыгажунькі!

Бінокль быў нямецкі, цэйсаўскі, і таму даваў даволі вялікае павелічэнне, так што цяпер у поле зроку Кірылы знаходзілася ўсяго толькі адна дзяўчына. Ніколькі не саромячыся, яна стаяла ў поўны рост усяго па калена ў вадзе, але, на жаль, спінай да Кірылы. Потым дзяўчына нечакана павярнула галаву і, здавалася, зірнула проста ў твар хлопцу.

Ад нечаканасці Кірыла апусціў бінокль і нават прыгнуўся крыху ў лодцы. Яму стала няёмка…

Дзяўчына ж, зразумела, убачыла бінокль і тое, чым ён толькі што займаўся. Спрабуючы зрабіць выгляд, што ўсё гэта не так і ёй проста падалося, Кірыла непрыкметна шпульнуў бінокль на дно лодкі і ліхаманкава схапіўся за вуду. Таргануўшы яе, хлопец раптам адчуў прыемны цяжар… і вось цуд – на дно лодкі пляснуўся даволі ладны акунь. Памяняўшы чарвяка, рыбак зноў закінуў вуду.

Толькі пасля ўсяго гэтага ён, асцярожна і амаль непрыкметна павярнуўшы галаву, асмеліўся зірнуць у бок берага з дзяўчатамі. Але там ужо нікога не было. Дзяўчаты, пэўна, засаромеліся і схаваліся за кустамі.

Ну што ж, гэтага і трэба было чакаць.

Таргануўся паплавок правай вуды… раз, другі… Кірыла насцярожыўся, гатовы ў любы момант падсякаць, але ў гэты самы час за ягонай спінай пачуўся моцны ўсплёск. Хлопец азірнуўся і ледзь не ўскрыкнуў ад нечаканасці.

З вады, непадалёку ад лодкі, на Кірылу глядзела дзяўчына. Здаецца, тая самая, якую крыху раней ён разглядаў у бінокль. Не разумеючы, як магла яна падплысці так хутка і непрыкметна, рыбак ашаломлена ўтаропіўся ў дзяўчыну.

– Ты мяне напалохала! – прамовіў ён і раптам адчуў, што голас ягоны задрыжэў (гэтага яшчэ не ставала!). – Я не чакаў, што ты…

Кірыла змоўк, не ведаючы, што казаць далей. Сітуацыя выглядала нейкай ідыёцкай, тым больш што дзяўчына па-ранейшаму была зусім голая і, здаецца, ні кропелькі гэтага не саромелася. Яна моўчкі і з нейкай нават цікаўнасцю разглядвала хлопца.

– Ты хто? – спытаў Кірыла першае, што прыйшло ў галаву. – Я маю на ўвазе, з якой ты вёскі?

Нічога не адказаўшы, дзяўчына працягвала моўчкі разглядваць Кірылу. Яна вельмі ўпэўнена трымалася на вадзе, ва ўсялякім разе, хлапец, нягледзячы на тое, што меў калісьці першы юнацкі разрад па плаванні, не змог бы вось так, не працуючы нават рукамі, нерухома заставацца на адным месцы ў вертыкальным становішчы. Можна было падумаць, што нагамі дзяўчына дастае дно, але Кірыла добра ведаў, што глыбіня тут была немалая.

Плёснуўся, затрапятаўся акунь на дне лодкі і адначасова з гэтым дзяўчына зрабіла нейкі няўлоўны рух рукамі і апынулася каля самага борта лодкі. Схапіўшыся аберуч за яе край, дзяўчына крыху прыўзнялася з вады. Лодка хіснулася.

– Асцярожней! – крыкнуў Кірыла, міжволі хапаючыся рукамі за абодва барты. – Ты што, патапіць мяне хочаш?

Нічога яму не адказваючы і нават не зірнуўшы ў ягоны бок, дзяўчына яшчэ крыху прыўзнялася над вадой. Яе аголеныя грудзі ляглі на борт лодкі і зноў адзіным, каго гэта збянтэжыла, быў сам Кірыла. Ён міжволі пачырванеў і апусціў вочы, а дзяўчына, працягнуўшы руку, узяла са дна лодкі яшчэ жывога акуня і кінула яго ў ваду.

– Навошта? – не вытрымаў Кірыла. – Кату б занёс!

А дзяўчына, не звяртаючы на хлопца аніякай увагі, зноў працягнула руку і, ухапіўшы адначасова абедзве вуды, з усяе сілы адпіхнула ад сябе лодку. Ад нечаканасці Кірыла ледзь не апынуўся за бортам.

– Ты што?! – закрычаў ён, азіраючыся. – Гэта ўжо не жарты!

Хлопец хацеў яшчэ нешта сказаць, але… каля лодкі нікога не было.111 І ўвогуле нікога нідзе не было. І ніхто не плыў у бок берага, ні блізкага, ні далёкага. Дзіўная гэтая дзяўчына знікла гэтак жа таямніча і незразумела, як і апынулася крыху раней каля лодкі. «Можа, пад вадой?» – міжволі падумаў рыбак.

Але ён і сам разумеў, што такое немагчыма. Да бліжэйшага берага было не менш за трыста метраў, да процілеглага – яшчэ больш. Хто зможа пераадолець такую адлегласць пад вадой?! Ва ўсялякім разе, ні адзін чалавек…

Чалавек?! Тады выходзіць, што гэтая дзяўчына… што яна…

Кірылу раптам ахапіў жах. Яшчэ раз трывожна азірнуўшыся вакол, ён схапіў вёслы і дрыжачымі рукамі доўга спрабаваў уставіць іх у пазы. Зрабіўшы, нарэшце, гэта, Кірыла ўхапіўся за вёслы і пачаў хутка веславаць да берага. Не таго, каля якога бегалі і дурэлі дзяўчаты – да больш далёкага, процілеглага… «Прывяжу лодку да дрэва, а там па сцяжынцы… – ліхаманкава праносіліся ў галаве няскладныя, адрывістыя думкі,– да вёскі кіламетры тры будзе, самае вялікае – чатыры… Няхай дзед сам потым лодку забірае… зманю што-небудзь… Усё адно сварыцца будзе, не за лодку, дык за вуды!»

Вудаў і праўда было шкада. І незразумела яшчэ, якім чынам яны маглі патануць, бо дрэва, як вядома, не тоне. У адрозненне ад людзей…

Кірыла раптам прыгадаў усё тое, што расказваў яму дзед пра гэтае возера. Пра тое, напрыклад, што года не мінала, каб хтосьці з рыбакоў тут не ўтапіўся. Вось і летась такое здарылася, прычым рыбак не проста патануў – ён загадкавым чынам знік разам з лодкай… ні яго, ні лодкі так і не знайшлі потым. Як, дарэчы, не знайшлі нікога з тых, хто патануў у гэтым возеры раней. Два гады таму… тры гады таму… лічы, што кожны летні сезон тут топіцца, не больш, не менш, а якраз па адным чалавеку, а вось гэтым летам…

Гэтым летам на возеры яшчэ ніхто не патануў…

Простая гэтая думка чамусьці прымусіла Кірылу здрыгануцца і спалохана агледзецца вакол. Абліваючыся халодным потам, ён веславаў з усяе сілы… бераг, такі жаданы, такі прыцягальны зараз бераг, быў ужо зусім побач, метраў трыццаць ад сілы… а цяпер ужо не больш як дваццаць… І раптам…

Вёслы раптам нібыта завязлі ў вадзе, прычым, абодва адразу. Не разумеючы ў чым тут рэч, Кірыла зірнуў наперад паўз правае плячо і ледзьве не абамлеў.

З вады высоўвалася па самыя плечы дзяўчына. Тая самая. Рукамі яна трымалася за вясло, вялізныя блакітныя вочы незнаёмкі былі накіраваны на Кірылу. Убачыўшы, што і ён глядзіць на яе, дзяўчына ўсміхнулася, але неяк нядобра… І ў гэты ж момант левае вясло нібы само па сабе вырвалася з Кірылавай рукі. Азірнуўшыся ў той бок, хлопец паспеў заўважыць толькі белае дзявочае цела, якое ўжо знікала дзесьці ў глыбіні возера. Пэўна ж, разам з вяслом, бо яго нідзе не было відаць.

– Што за… – толькі і змог прашаптаць дрыжачымі вуснамі рыбак. Усхапіўшыся на ногі, ён ускінуў над галавой ацалелае вясло: – Прэч! Прэч пайшла! Прэч, а не тое – заб’ю!

Лодка захісталася, круцячыся на адным месцы. Дзяўчына ж, зусім не спалохаўшыся Кірылавай пагрозы, нават не варухнулася. Яна паранейшаму ўважліва назірала за хлопцам, крывячы прыгожыя вусны ў дзіўнай і нейкай загадкавай усмешцы. Потым яна працягнула руку і ўхапілася тонкімі пальцамі за край лодкі.

– Прэч! – Не памятаючы ўжо сябе ад ахапіўшага яго жаху, Кірыла з усяе моцы ўдарыў вяслом па вадзе… праўда, па дзяўчыне ён так і не патрапіў, а мо не адважыўся патрапіць?

Адпусціўшы лодку, дзяўчына адплыла крыху далей ад яе. Пацерла пальцамі левае плячо (напэўна, вясло крыху яго ўсё ж зачапіла), потым зноў утаропілася ў Кірылу блакітнымі вачыма. У немігаючым яе позірку была пагроза і, адначасова… пяшчота… Шмат пяшчоты! «Хадзі да мяне! – нібыта казалі яе вочы. – Хадзі, чаго ты чакаеш!»

Здранцвелы і анямелы, Кірыла моўчкі стаяў, усё яшчэ трымаючы ў руках непатрэбнае ўжо вясло, стаяў і ўсё глядзеў і глядзеў у вочы дзіўнай гэтай дзяўчыны. І не было сілы адвесці погляд… а ўрэшце, ён і не хацеў гэтага…

Плёснула вада і побач з дзяўчынай з вады вытыркнуліся галовы дзвюх яе сябровак. Яны таксама глядзелі на Кірылу, але хлопец іх амаль не заўважаў. Затое ён, як гэта не дзіўна, чуў іх размову, хоць вусны ўсіх траіх дзяўчат былі моцна сцятыя і нават не варушыліся…

«Ён мой! – здавалася, казала сяброўкам першая дзяўчына. – Не перашкаджайце мне!» «Ён – наш! – моўчкі адказвалі сяброўкі.– Ён наш, агульны! Ці ты забылася пра дамоўленасць?» «Ён мой! – у голасе першай дзяўчыны пачулася раздражненне, нават злосць. – Я аддам яго вам потым, калі пажадаеце! Але зараз ён мой! Вы аддаяце яго мне?» «Бяры!» І галовы дзвюх дзяўчат зноў зніклі пад вадой. І ў гэты самы час да Кірылавых вушэй даляцеў шум маторкі. Яна хутка набліжалася… і хлопец хацеў быў азірнуцца ў той бок, але так і не змог адарваць погляду ад вялізных блакітных дзявочых вачэй. «Не глядзі туды! – нібыта казала яму дзяўчына, хоць яе вусны, як і раней, не варушыліся. – Глядзі на мяне!» І Кірыла глядзеў. Ён глядзеў, па-ранейшаму стоячы ў лодцы з вяслом напярэймы… а маторка была ўжо зусім побач… вось ён пачуў, як яна сцішыла ход.

– Гэй! – данёсся гучны мужчынскі голас. – У цябе праблемы?

Дзяўчына апусцілася пад ваду так нізка, што галава яе амаль цалкам знікла з паверхні. Але і з-пад вады погляд яе блакітных вачэй нібыта зачароўваў хлопца, не даваў яму магчымасці першаму адвесці вочы.

Маторка – чутно было – амаль спынілася. Магчыма, таму чалавеку ці тым людзям, якія ў ёй знаходзіліся, здалася падазронай занадта ўжо незвычайная поза, у якой знаходзіўся Кірыла, нерухома стоячы ў лодцы і трымаючы ў руках вясло.

– Што здарылася? – ужо ўстрывожана спыталі з маторкі.– Дапамагчы чым?

– Не трэба! – сказала дзяўчына, па-ранейшаму не варушачы вуснамі.– Усё нармальна!

– Не трэба! – паслухмяна паўтарыў Кірыла, нават не азірнуўшыся ў бок маторкі.– Усё нармальна!

– Ну, глядзі сам! І маторка, зноў набраўшы абароты, пачала хутка аддаляцца…

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации