Текст книги "Дзікія кошкі Барсума"
Автор книги: Генадзь Аўласенка
Жанр: Космическая фантастика, Фантастика
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 3 (всего у книги 16 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
Ён не асабліва разлічваў, што гэта спрацуе, і таму не асабліва засмуціўся, калі яно і сапраўды не спрацавала. Рабочая жонка нават не зрушылася з месца… больш таго, невядома было – пачула яна загад мужа ці не…
Што ж, магчыма, так яно і да лепшага?
– Не хочаш – не трэба! – як мага больш лагодна прагаварыў О’Ніл і нават усміхнуўся, што каштавала яму нямалых намаганняў. – Ідзі, адпачні. Або ідзі, пагуляй на свежым паветры, калі хочаш…
І зноў аніякай рэакцыі. Жанчына стаяла нерухома, нібыта статуя, яна нават не мігала, здаецца, што яшчэ больш збліжала яе са статуяй.
– Ну… тады рабі, што пажадаеш! – прагаварыў О’Ніл, зноў, як мага больш лагодным і абыякавым голасам. – А я пайду да сябе, адпачну крыху. Нешта галава разбалелася… І ён зрабіў крок у напрамку да жаданых дзвярэй. Сэрца моцна грукала ў грудзях… падсвядома фермер чакаў з боку жонкі нейкіх варожых дзеянняў у адказ, але яна нават не паварушылася. Падбадзёраны гэтай яе нерухомасцю, ён зрабіў другі крок… затым трэці, чацвёрты… Здаецца, О’Ніл усё ж меў рацыю наконт затарможанасці разумовых здольнасцяў жанчыны. Ужо спакойна, не спяшаючыся, фермер ішоў да дзвярэй, а рабочая жонка ўсё яшчэ заставалася ў затарможаным сваім стане. Вось да дзвярэй засталося ўсяго нейкіх тры крокі… вось засталося толькі два…
І тут здарылася неверагоднае. Толькі што рабочая жонка фермера стаяла нерухома на ранейшым сваім месцы… і раптам яна апынулася якраз перад О’Нілам, перагароджваючы яму далейшы шлях.
Ашаломлены О’Ніл спыніўся, не верачы ўласным вачам. Ён не мог зразумець, якім чынам змагла жанчына перамясціцца з месца на месца так хутка, амаль імгненна. Такога быць не магло, ніяк не магло… і, тым не менш, зараз небяспечная гэтая жанчына стаяла паміж ім і такімі жаданымі дзвярыма. Яна зноў застыла ў поўнай нерухомасці, але шлях да зброі для фермера быў надзейна перакрыты.
Ці ўсё ж паспрабаваць?
– Адыйдзі ўбок! – прагаварыў О’Ніл, зноў стараючыся гаварыць як мага больш цвёрда і пераканаўча. – Я загадваю табе зараз жа адыйсці ўбок! Адыйдзі і дай мне прайсці!
Моцны штуршок у грудзі прымусіў О’Ніла зноўку праляцець праз усё памяшканне і балюча трэснуцца спіной аб процілеглую сцяну. І зноў ён нават не заўважыў, калі ж яна паспела нанесці ўдар, гэтая жанчына!
«Кепская справа!» – змагаючыся з нарастаючай панікай, О’Ніл ускочыў на ногі і, хістаючыся, кінуўся да ўваходных дзвярэй. Ён зашчэпіць іх знадворку, паспее ўскочыць у электракар… а там суседзі… яны абароняць яго… не дадуць у крыўду…
І зноў жанчына гэтая нейкім чынам паспела аказацца каля дзвярэй значна раней за яго. Яна нібыта гуляла з былым сваім мужам у кошкі-мышкі…
Пакуль што толькі гуляла… – Што табе трэба?! – спалохана прахрыпеў О’Ніл, павольна адыходзячы да стала. – Пакінь мяне ў спакоі, чуеш! Рабі што хочаш, ідзі куды хочаш – але толькі пакінь мяне ў спакоі!
Блукаючы погляд фермера ўпаў раптам на стол. Там ляжаў нож, доўгі і даволі востры хлебны нож…
Ухапіўшы левай, працаздольнай яшчэ рукой, гэты нож і ўскінуўшы яго высока над галавой, О’Ніл зноў з адчаем асуджанага кінуўся да жанчыны.
– Прэч з дарогі! – што ёсць моцы закрычаў ён, размахваючы нажом ва усе бакі. – Прэч, а не тое – заб’ю!
І зноў О’Ніл не заўважыў самога моманту ўдару, ён не зразумеў нават, рукой ці нагой нанесла жанчына свой удар (здаецца, усё ж нагой). Адчуванне было такое, нібыта па левай руцэ ягонай ніжэй локця ўдарылі з усяго размаху вялізнай жалезнай кувалдай. Пачуўся кароткі сухі трэск зломаных касцей, па ўсёй руцэ, пачынаючы з пляча і закончваючы самымі кончыкамі пальцаў, палыхнуў раптам востры, несцярпіма-пякучы боль. Нож, адляцеўшы ўбок, жаласна дзінькнуўшы аб падлогу…
– Ты зламала мне руку?! – недаўменна, нібыта яшчэ не да канца паверыўшы ў гэта, прахрыпеў О’Ніл, ліхаманкава абмацваючы пашкоджаную сваю левую руку пашкоджанай правай. – Ты мне яе зламала! – закрычаў ён што ёсць моцы. – Як жа ты пасмела зрабіць гэта, паскуда?!
Прыгожыя вусны жанчыны варухнула раптам злавесная нейкая ўсмешка.
– Ты – нябожчык! – прагаварыла яна… і голас жанчыны таксама падаўся фермеру нейкім іншым, зусім незнаёмым нават. – Ты што, яшчэ не зразумеў гэтага?!
Момант наступнага ўдару О’Ніл усё ж паспеў заўважыць. У жанчыны ледзь тарганулася левая нага і амаль адразу ж востры, пякучы боль палыхнуў ужо па правай руцэ фермера. Сухі трэск касцей. Адчайны ўскрык… і перабітая правая рука О’Ніла павісла такая ж нерухомая і бездапаможная, як і левая…
«Яна ж і сапраўды хоча забіць мяне! – маланкай пранеслася ў галаве фермера запозненая панічная думка. – Яна хоча забіць мяне і я нічым не магу перашкодзіць ёй у гэтым намеры!»
Пашкоджаныя рукі не дзейнічалі зусім, фермер не мог паварушыць нават кончыкамі пальцаў. Да таго ж ад нясцерпнага болю кружылася галава, яна толькі што не расколвалася на часткі. Павольна, ледзь стрымліваючыся, каб не залемантаваць благім голасам ад ахапіўшага яго жаху, О’Ніл павольна адыходзіў ад выратавальных дзвярэй усё далей і далей… а жанчына проста ішла следам і ўсё не зводзіла і не зводзіла з былога свайго гаспадара халоднага загадкавага позірку. Потым плечы фермера адчулі за сабой халодную шурпатасць сцяны. Ён вымушаны быў спыніцца… жанчына таксама спынілася, вялікія блакітна-зеленаватыя вочы яе нібыта пацямнелі разам, зрэнкі звузіліся.
– Не трэба! – прасіпеў О’Ніл, лязгаючы зубамі ад жаху. – Не забівай!
Востры, нясцерпна-пякучы агонь паласнуў на гэты раз па нагах фермера, адразу па абедзьвюх. Адчайна-звярыны роў О’Ніла зліўся ў адзінае цэлае з трэскам ягоных галёначных касцей і цалком заглушыў злавесны гэты трэск. Цяжкая туша фермера звалілася на падлогу, балюча тыцнуўшыся ў яе тварам. О’Ніл не адчуваў больш ні рук, ні ног… смерць стаяла побач з ім… хуткая, немінучая, бязлітасная смерць стаяла побач у выглядзе двух босых, прыгожых жаночых ног. Яшчэ ўчора вытанчаная бездакорнасць аголеных гэтых ног прыводзіла О’Ніла ў захапленне, узбуджала і нават ап’яняла яго… зараз жа ногі гэтыя неслі яму смерць, і толькі смерць, і нічога акрамя смерці…
Адным ударам босай ступні жанчына змагла перабіць яму косці абедзьвух ног адразу. Каб прабіць чэрап, ёй таксама дастаткова будзе адзінага толькі ўдару! Усяго толькі адзін удар… і ён…
Правая нага жанчыны раптам ледзь варухнулася.
– Не трэба! – губляючы ўжо апошнія рэшткі самавалодання, завішчэў фермер, заплюшчваючы вочы ад жаху. – Злітуйся, не забівай!
Тонкія бязлітасныя пальцы ўхапілі раптам О’Ніла за валасы сталёвай хваткай, ягоную галаву балюча тарганулі ўверх. ледзь не ламаючы шыйныя пазванкі.
– Паглядзі на мяне! – прамовіў каля самага вуха фермера ўсё той жа чужы, незнаёмы яму голас: – Паглядзі мне ў вочы!
Тонка енчачы ад болю, але баючыся пярэчыць, О’Ніл расплюшчыў вочы і дзіка ўтаропіўся ў прыгожы жаночы твар, такі знаёмы яму і, адначасова, такі незнаёмы зараз. На гэтым твары не засталося нават слядоў ад ранішніх ягоных пабояў… як магло стацца такое?
– Ведаеш, як мне хочацца забіць цябе зараз?! – прашаптала раптам жанчына, уважліва ўглядваючыся ў спалоханы і амаль што фіялетавы ад напругі твар мужа. – За ўсё тое, што ты рабіў са мной… пасмеў рабіць… І я б забіла цябе не задумваючыся, проста забіла б… але… – тут вусны жанчыны ўсміхнуліся амаль ласкава, і гэта было для О’Ніла жахлівей за ўсё, – але ты патрэбны мне для ачышчальнага абраду! Гэта не доўга… нейкія паўгадзіны, не болей… толькі яны, гэтыя паўгадзіны… – жанчына змоўкла на імгненне, зноў усміхнулася ласкава, – гэтыя паўгадзіны, самыя апошнія твае паўгадзіны жыцця, будуць адначасова і самымі пакутлівымі для цябе! Гэтыя паўгадзіны ты сам будзеш жадаць смерці, і будзеш адчайна маліць аб ёй, як аб вялікай літасці… дарэмна маліць… – жанчына ўсміхнулася зноў, у трэці ўжо раз, але цяпер усмешка была злавеснай. – Ты ўсё зразумеў, мой былы гаспадар?!
– Забі! – асэнсаваўшы нарэшце ўсё пачутае, тонкім, пранізлівым голасам заверашчаў О’Ніл, адчаянна і бездапаможна торгаючыся ў бакі ўсім сваім знявечаным целам. – Забі лепш зараз! Забі, я прашу цябе… куды… куды ты мяне пацягнула?! Адпусці мае валасы, адпусці зараз жа! О, як мне балюча! Людзі! Хто-небудзь! Сюды! На дапамогу!
Не звяртаючы аніякай увагі на гэтыя дзікія і амаль што вар’яцкія крыкі былога свайго мужа, жанчына проста ішла па калідору, які вёў ва ўнутраныя пакоі дома. Левай рукой яна трымала мужа за валасы, і ён бездапаможна валачыўся ўслед за жонкай, тонка енчучы ад болю і жаху і ўсё яшчэ працягваючы адчайна і безнадзейна клікаць на дапамогу…
Глава 4
Невялікі рамонтны катэр з блакітнай эмблемай ФІРМЫ на фезюляжы вылецеў з-за пагорка і, паступова зніжаючыся, зрабіў над домам шырокі паўкруг, выбіраючы найлепшае месца для пасадкі. Нарэшце ўвагу Карантышкі Джона прыцягнуў ярка-аранжавы электракар і ён мякка пасадзіў катэр побач з ім.
– Усё, прыехалі! – павярнуўшыся, абвясціў Карантышка Джон. Затым ён адключыў рухавік і, націснуўшы клавішу, якая адчыняла задні люк, дадаў з надзеяй: – Спадзяюся, без мяне абыйдзецеся?
– Не спадзявайся! – Лэслі хуценька выбраўся з душнаватых вантробаў катэра на свежае паветра, з асалодай яго ўдыхнуў. – Нічога не здарыцца, калі ты дапаможаш нам зацягнуць усе гэтыя жалязякі ў дом!
– Нічога не здарыцца, калі ты двойчы прагуляешся ад катэра да дому! – імгненна парыраваў пілот.
Ён з надзеяй зірнуў на Свенсана, але брыгадзір ужо падцягваў да люка апаратуру, якую Лэслі адразу ж прымаў і стаўляў пакуль вакол сябе на газон. Скончыўшы з гэтай справай, Свенсан павярнуўся і паглядзеў на Джона.
– Трэба дапамагчы! – ён усміхнуўся сябру амаль вінавата і развёў рукамі. – Утрох хутчэй будзе.
– Хутчэй не будзе! – буркнуў Карантышка Джон, але ўсё ж вылез.
Ён быў амаль на цэлую галаву вышэйшы за далёка не маленькага Свенсана, не кажучы ўжо пра невысокага Лэслі. За гэты свой рост і велізарную фізічную сілу Джон і атрымаў мянушку Карантышка.
– Ну, і дзе ж гаспадар? – ляніва прагаварыў Лэслі, з цікаўнасцю азіраючыся па баках. – Слухайце, альбо ён заўзяты лайдак, альбо… Няўжо ён без жонкі такі бездапаможна?
– Падобна на тое! – пагадзіўся Свенсан. – Ці, можа, ён п’яны?
– Можа, і п’яны. Давесці гаспадарку да такога стану…
У гаспадарцы фермера і сапраўды панаваў самы поўны развал і гармідар. Галодныя каровы, не спадзяючыся ўжо атрымаць так неабходны ім корм з рук гаспадароў, рабілі гэта цяпер самастойна. Разбіўшы ўшчэнт стойлы, усе сорак з лішнім кароў вырваліся на свабоду і цяпер актыўна насычаліся, пакідаючы пасля сябе толькі голую бураватую зямлю, месцамі палітую, праўда, белымі струменьчыкамі малака. Пераважная большасць жывёлін, праламіўшы масіўнымі тушамі ажурную металічную агароджу, спусташалі цяпер ягадныя кусты і грады з ранняй гароднінай. Некалькі кароў, якім чамусьці прыйшліся не да спадобы гэтыя дэлікатэсы, абглодвалі пладовыя дрэвы каля дому, згрызаючы іх ажно да самых каранёў. Адна карова, займаючыся гэтай справай, якраз і перагароджвала зараз рамонтнікам шлях да ўваходу.
– Слухайце, а яны, часам, мяса не ядуць? – прамармытаў Карантышка Джон, акідваючы недаверлівым позіркам цёмна-бурую грамадзіну. – А то, як бы…
– Яны ўсё ядуць! – змрочна канстатаваў Лэслі. – Асадліва з галадухі! Спадзяюся толькі, што ты падасіся ёй куды больш апетытным, чым я!
– Гэта, як сказаць… – Джон узмахнуў рукой. – Гэй, як цябе там! Пайшла адсюль! Што, не разумееш?! Прэч пайшла!
– Гэй, гаспадар! – крыкнуў Свенсан. – Дзе ты там? Прымай гасцей!
Магчыма, карове надакучылі іхнія крыкі, а, можа, ёй раптам захацелася пакаштаваць чаго-небудзь больш прывабнага, чым цвёрдая горкая драўніна. Так ці інакш, але чорна-бурая грамадзіна перад імі раптам глуха рохнула і, цяжка ступаючы, рушыла ў бок гароду. Шлях быў свабодны.
– Не падабаецца мне ўсё гэта! – заклапочана прагаварыў Свенсан, не рухаючыся з месца. – Мо трэба звязацца з дзяжурным?
– І што мы яму скажам? – Леслі засмяяўся. – Што каровы нарабілі шкоды па віне п’янага гаспадара?
– З чаго ты вырашыў, што ён п’яны? – спытаў Джон. – Можа, ён яшчэ не вярнуўся дадому!
– А электракар?
Джон паглядзеў на элетракар. Было бачна, што машыну нядаўна выкарыстоўвалі…
– Тут штосьці здарылася! – прамармытаў ён. – Штосьці такое… толькі мы пакуль не ведаем, што менавіта…
– Вось зараз і даведаемся! – Лэслі ўжо старанна загружаў Карантышку апаратурай. – Вось… і гэта таксама! А гэта ты возьмеш у левую руку…
– Ды хопіць ужо! – узмаліўся, нарэшце, Карантышка Джон. – Пакінь і для сябе хоць штосьці!
* * *
Інстынкт спрацаваў ці яшчэ штосьці падсвядомае, але Скрайф усё ж паспеў ухапіць бутэльку і сунуць яе некуды пад стол у той самы момант, калі Холін, ледзь прыадчыніўшы дзверы кабінета, усунуў туды сваю сіваватую галаву разам з доўгім цікаўным носам.
– Я не вельмі перашкодзіў? – спытаў ён, уваходзячы, і ў голасе свайго намесніка Скрайфу падалася ледзь прыхаваная ўсмешка. Урэшце… магчыма гэта яму толькі падалося…
– Ды не, я нічым асаблівым тут… – Скрайф прымусіў сябе нават усміхнуцца, крыху нацягнута, праўда. – Заходзь!
Запрашэнне крыху спазнілася, бо Холін ужо быў у кабінеце, а Скрайф, вылаяўшыся ў думках, прыйшоў да высновы, што новага сакратара трэба ўсё ж звальняць. Ці, яшчэ лепш, перавесці яго на нейкі час у вахцёры, хай павучыцца там, як і каго трэба пускаць да начальства!
– Я наконт той жанчыны, якая пачала ўспамінаць… – вочы Холіна літаральна ўпіліся ў пачырванелы твар Скіна. – Я прагледзіў усю дакументацыю на яе, як вы і прасілі..
Ён не сказаў «загадалі», ён ніколі не гаварыў так… Скрайф і з гэтым даўно ўжо змірыўся. Але тое, што Холін назваў яго на «вы» неяк насцярожыла Скрайфа. Няўжо гэты абшарпаны жыццём ліс штосьці западозрыў?!
Гэта было б кепска! Яшчэ горшым было тое, што ён, Скін, здаецца, значна перавысіў сёння звычайную сваю дзённую норму!
– Ты што, дрэнна сябе адчуваеш? – спытаў Холін, зноў пераходзячы на «ты»… і зноў у ягоным голасе пачулася Скіну амаль не прыхаваная ўсмешка.
– Хвіліначку!
Узняўшыся з-за стала, Скрайф падыйшоў да акна, расчыніў яго насцеж. Адначасова з гэтым ён паспеў непрыкметна кінуць у рот два маленькіх блакітных шарыкі.
Лопнуўшы адразу ж, шарыкі ўраз напоўнілі ўсю ротавую поласць прыемным водарам мяты і прахалоды. І, амаль адразу ж – пранізліва-ледзяная хваля, якая дабегла, літаральна, да самага мозга Дабегла, абвалакла яго на імгненне і гэтак жа хутка адкацілася назад…
Калі Скрайф зноўку павярнуўся да свайго намесніка, ён быў ужо цвярозым, як шкельца…
– Дык што з той жанчынай? – спытаў ён, вяртаючыся да стала і зноў апускаючыся ў крэсла. – Прабач!
Ён націснуў адну са шматлікіх кнопак і адразу ж аднекуль знізу з’явілася крэсла для наведвальнікаў. Не такое зручнае, як у Холіна, але ўсё ж…
– Дык што з жанчынай? – паўтарыў Скрайф, дачакаўшыся, калі Холін апусціцца ўсё ж ў крэсла для наведвальнікаў. – Што канкрэтна ты высветліў?
Сказаць па праўдзе, нічога з таго, што б там не высветліў ягоны намеснік, Скрайфа зараз не асабліва і цікавіла. Куды больш яго цікавіла пытанне: раскусіў ці не Холін ягоныя хітрыкі ля вакна?
– Я высветліў, хто яна такая! – голас Холіна выдаваў зараз вышэйшую ступень занепакоеннасці, таму Скрайф, адкінуўшыся ў крэсле, з цікаўнасцю і нават са здзіўленнем паглядзеў на свайго намесніка… упершыню бачыў ён Холіна такім устрывожаным. – Яна з «дзікіх кошак», уяўляеш!
– Не ўяўляю! – Скін недаўменна паціснуў плячамі. – З якіх кошак?
Цяпер ужо Холін паглядзеў на яго з недаўменнем.
– Дзікія кошкі Барсума! Ты што, ніколі не чуў пра іх?
Скрайф задумаўся. Дзікія кошкі Барсума… штосьці знаёмае… Дзесьці ён усё ж чуў пра іх, здаецца… толькі вось дзе і ад каго?
– Барсум… – ён пацёр кончыкамі пальцаў скроні, – Барсум… Гэта назва нейкай планеты, так? Незвычайнай нейкай планеты…
– Так! – Холін чамусьці ўздыхнуў. – Звычайнай яе назваць цяжка! – Ён адкінуўся ў крэсле наколькі гэта было магчыма, зноў уздыхнуў. – Справа ў тым, што пра гэтую планету амаль нічога не вядома… так, на ўзроўні чутак. ФІРМА з ёй не кантактуе… а калі ўсё ж і кантактуе, то ніяк гэтага не афішыруе…
– Пачакай, я, здаецца, штосьці ўспомніў! – прагаварыў Скрайф павольна. – Дзікія кошкі Барсума… ну, вядома ж, я пра іх чуў! Жанчыны-амазонкі?
Холін сцвярджальна кіўнуў.
– Амазонкі, ніндзя, суперагенты… як іх толькі не называюць… Самі ж яны называюць сябе – «дзікімі кошкамі».
– Яны што, любяць драпацца? – пажартаваў Скрайф, але Холін, не прымаючы жарту, адмоўна матлянуў галавой.
– Не ведаю, як драпацца… але ў баявых адзінаборствах ім няма роўных ва ўсёй нашай Федэрацыі!
– Так ужо і няма! – Скрайф недаверліва ўсміхнуўся.
– Няма! – упарта паўтарыў Холін. – Яны з самага ранняга дзяцінства пачынаюць авалодваць гэтым майстэрствам. Адзіны іх занятак – сакрэтныя аперацыі найвышэйшай складанасці. За вялікія грошы іх наймаюць дзеля гэтага ўрады асобных планет альбо тыя ці іншыя карпарацыі. І заўсёды – стопрацэнтны вынік! Праколаў у іх практычна не бывае!
– І што ж гэта за аперацыі? – з цікавасцю спытаў Скін. – Забойствы?
– Не толькі… – Холін крыху памаўчаў. – Яны могуць, да прыкладу, выкрасці кіраўніка карпарацыі… Удвух, утрох… нягледзячы на сотню целаахоўнікаў! А могуць, наадварот, вызваліць яго з палону. Зняць копіі сакрэтнай дакументацыі… ды ці мала падобных сітуацый можа ўзнікнуць у жыцці. І заўсёды стопрацэнтны вынік, уяўляеш!
– Сур’ёзныя дамачкі! – Скоайф памаўчаў крыху, асэнсоўваючы толькі што пачутае. – І што, гэтая жанчына…
– Яна з «дзікіх кошак»!
Нейкі час абодвы маўчалі.
– Гэта сур’ёзна, Скін! – ціха прагаварыў Холін, упершыню ён назваў Скрайфа не па прозвішчу. – Трэба штосьці рабіць!
– Трэба! – згадзіўся Скрайф. – Дарэчы, дзякуй, што напомніў!
Ён націснуў сярэднюю з клавішаў і правы экран засвяціўся, на ім з’явіўся твар аднаго з дзяжурных.
– Хто-небудзь з рамонтнікаў ужо вярнуўся? – спытаў Скрайф і дзяжурны згодна кіўнуў. – Пашліце іх да таго фермера, які быў у мяне сёння. Пашліце зараз жа!
– Яны ўжо вылецелі, містэр Скрайф! – паведаміў дзяжурны. – Яны ўжо павінны быць там!
– Вось бачыш! – Скрайф паглядзеў на Холіна. – Рамонтнікі ўжо там… сітуацыя пад кантролем! Якая гэта брыгада? – зноў звярнуўся ён да дзяжурнага.
Дзяжурны на імгненне задумаўся.
– Пятая, містэр Скрайф! – Пятая? – Скрайф усміхнуўся. – Гэта тая, дзе пілотам Карантышка Джон?
– Яна самая! – дзяжурны таксама дазволіў сабе нясмелую ўсмешку. – Брыгадзір – Алаф Свенсан, аператар – Лэслі…
– Вельмі добра!
Скрайф зноў націснуў клавішу і твар дзяжурнага знік.
– Вось бачыш – усё ў парадку! – Скрайф пазяхнуў, потым устаў, як бы паказваючы гэтым, што размова закончана. – Хутка яна зноў забудзе, што калісьці жыла ў палацы. Хутка яна зноў стане ранейшай паслухмянай рабочай жонкай…
«Напіцца б зараз! – тужліва падумалася яму. – Не так, як заўсёды, а па-сапраўднаму! Да парасячага віскату… да адключкі! Каб толькі ні аб чым гэтым не думаць… каб ні аб чым, наогул, не думаць! Ну, чаму ты яшчэ тут сядзіш, Холін?! Ідзі! Уставай і ідзі!»
Але Холін працягваў сядзець, і Скрайфу нічога іншага не заставалася, як толькі зноў апусціцца на ранейшае сваё месца.
– Што яшчэ? – суха спытаў ён.
– Ды ўсё тое ж! – Холін уздыхнуў. – А што, калі яна ўспомніла не толькі той факт, што калісьці жыла ў палацы?
– Ды што б яна там не ўспомніла – хутка яна ўсё зноў забудзе! Магчыма, гэта ўжо адбылося… – Скрайф замаўчаў, у раздражненні барабанячы пальцамі па адпаліраванай паверхні стала. – Ведаеш, Максіміліян, у мяне шмат спраў, так што…
Але Холін нават не паварушыўся.
– Гэта «дзікая кошка», Скін! – Зноў ён назваў Скрайфа Скінам, гэта хоць штосьці ды значыла. – Ты што, не разумееш, што гэта «дзікая кошка»?! І калі яна ўспомніла хоць невялікую частку свайго былога «я»…
– Тры рамонтнікі плюс муж… – пачаў было Скрайф, але Холін толькі адмоўна трасянуў галавой.
– Рамонтнікі не справяцца з ёй, Скін!
Злосць прайшла. Скрайфу раптам стала смешна.
– Там – Алаф Свенсан, былы космадэсантнік! – сказаў ён. – Там – Карантышка Джон, урэшце рэшт! Ты ніколі не бачыў, як ён завязвае вузлы на сталёвай арматуры? А як ён робіць ланцужкі з цвікоў на хуткасць? Не бачыў?
– Бачыў! – адазваўся Холін. – Але я бачыў і другое! – у голасе Холіна зноў загучала трывога і яна, трывога гэтая, міжволі перадалася і Скрайфу. – Я бачыў «дзікую кошку» ў справе! Хочаш паслухаць?
Больш за ўсё Скрайфу хацелася выпіць. Але, разумеючы, што ад Холіна так проста не адвязацца, ён нейк неакрэслена кіўнуў галавой. Няхай расказвае і вымятаецца, колькі ўжо можна!
– Гэта было некалькі гадоў таму, – пачаў Холін. – Я вяртаўся тады… а ў рэшце рэшт, якая розніца, адкуль я вяртаўся тады і куды накіроўваўся! На адной з планет у мяне была перасадка. Лайнер спазняўся, часу ў мяне было зашмат, і я зайшоў у бар мясцовага космапорта перакусіць… ну і перакуліць пару кілішкаў. Вось там я яе і ўбачыў…
Холін змоўк і нейкі час проста сядзеў моўчкі. Нарэшце Скрайф не вытрымаў.
– І ты што, адразу зразумеў, што перад табой «дзікая кошка»? – з сарказмам спытаў ён. – А можа, вы пазнаёміліся, і яна сама паведаміла табе аб гэтым?
– Нічога я не зразумеў! – Холін ці то не заўважыў сарказму, ці то проста не звярнуў на яго аніякай увагі. – Я, наогул, не заўважаў яе спачатку… у бары было даволі шмат народу… тым больш, што яна сядзела адна, збоку, каля самай сцяны. І ў гэты час у бар увалілася нейкая кампанія падвыпітых грамілаў…
– Космадэсантнікі? – спытаў Скрайф.
Холін паціснуў плячамі.
– Магчыма! Але, хутчэй за ўсё, гэта былі піраты…
– Піраты? – здзівіўся Скрайф. – Але ж піраты… яны па-за законам! Усюды… у любой часткі Федэрацыі!
– Толькі не там, дзе гаспадарыць ФІРМА! – Холін крыва ўсміхнуўся. – На гэтых планетах піраты адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы. У адрозненні ад мясцовых жыхароў, якія, на сваё няшчасце, з імі там вымушаны кантактаваць…
Ён змоўк. Скрайф таксама маўчаў, паглажваючы пад сталом левай рукой халоднае шкло бутэлькі. Ну, давай жа… расказвай хутчэй і вымятайся!
– І што было потым? – спытаў ён, калі агульнае маўчанне зноў пачало пагрозліва зацягвацца.
– Потым? – Холін усміхнуўся. – Потым было, як звычайна. Іх было чалавек шэсць, і яны адразу ж пачалі дэбашырыць. Зневажалі мужчын… заляцаліся да жанчыны… калі хто з мужчын ўзаступаўся за іх – адразу ж атрымліваў па фізіяноміі…
– Уяўляю! – Скін са шкадаваннем паклаў левую руку на стол. – Табе таксама перапала?
– Ды не! – Холін, чамусьці, па-ранейшаму поўнасцю ігнараваў саркастычныя падначкі свайго субяседніка. – Дакладней, магчыма б, і перапала… але, на маё шчасце, яны заўважылі гэтую дзяўчыну – нельга было не заўважыць такую прыгажуню – і ўсім кагалам рушылі да яе століка…
– Ну і… – Скрайфу раптам стала цікава, ён нават пра бутэльку забыўся. – Што было далей?
Холін устаў, павольна падыйшоў да адчыненага акна, нейкі час глядзеў кудысьці ўніз, потым зноў павярнуўся да Скрайфа.
– Разумееш, я таксама заўважыў яе ў гэты час… ну, можа, крыху раней… Пакуль гэтыя мардавароты здзекваліся з астатніх, дзяўчына не звяртала на ўсё, што адбывалася ў бары аніякай увагі. Яна нават не паглядзела ў той бок ані разу… проста сядзела, пацягвала праз саломіну свой кактэль… аж да таго часу, пакуль гэтыя прыдуркі не акружылі яе з усіх бакоў. Яна нават дазволіла схапіць сябе за рукі… і толькі потым пачала іх мяцеліць! Разумееш, усё адбылося вельмі хутка, амаль імгненна… здаецца, на кожнага з нападаўшых, яна не патраціла больш двух-трох удараў, і гэтыя ўдары цяжка было нават разглядзець – усё злілося ў адну суцэльную віхуру. Карацей, хвіліны не прайшло, як усе шасцёра валяліся беспрытомнымі вакол століка… а гэтая дзяўчына, яна нават не паглядзела на іх! Зноў села за свой столік і пачала, як і раней, смакаваць кактэль…
– І ўсё ж, як ты даведаўся, што гэта была менавіта «дзікая кошка»? – перабіў Холіна Скрайф. – Яна што, аб’явіла аб гэтым усяму бару?
– Мне па сакрэту расказаў сам бармэн… – Холін змоўк на імгненне, неяк крыва усміхнуўшыся пры гэтым. – Потым… калі ўсё ўжо скончылася. А спачатку з’явілася паліцыя… нарэшце, з’явілася. Медыкі таксама пад’ехалі. Яны, дарэчы, аказваючы пацярпелым бандытам першую дапамогу, канстатавалі, што ўсе яны, хоць, без сумнення, выжывуць і нават, з цягам часу, змогуць рухацца, наўрад ужо калі ў будучым змогуць зацікавіцца жанчынамі…
– Вось нават як!
– Менавіта так! Разумееш, яна магла зрабіць з гэтымі мярзотнікамі ўсё, што пажадае! Магла проста забіць іх усіх… але вырашыла, што так больш павучальна…
Холін замаўчаў.
– А што паліцыя? – спытаў Скрайф.
– Паліцыя?! – Холін хмыкнуў. – Паліцыі гэтая дзяўчына паказала нейкае сваё пасведчанне і ўсе паліцэйскія літаральна выцягнуліся перад ёй па стойцы «смірна». Бармэн сказаў мне потым: ў пасведчанні ўказывалася, што гэтая дзяўчына запрошана на планету для выканання нейкай звышсакрэтнай місіі, і што ўся паліцыя і, наогул, усе ўзброенныя сілы планеты павінны былі аказваць ёй у гэтым максімальнае садзейнічанне і выконваць любы яе загад альбо патрабаванне на ўвесь час аперацыі…
Экран справа раптам засвяціўся і на ім з’явіўся ўстрывожаны твар дзяжурнага знізу.
– Містэр Скрайф, я наконт пятай брыгады… – запінаючыся, прагаварыў ён. – Здаецца, у іх нейкія праблемы…
– Праблемы?! – здзівіўся Скрайф. – І што гэта за праблемы?
У гэты час Холін ірвануўся да стала і, ледзь не збіўшы Скрайфа з ног, літаральна ўпіўся ў экран вачыма.
– Звяжы мяне з пятай брыгадай! – выкрыкнуў ён у мікрафон. – Неадкладна!
На Скрайфа Холін не звяртаў аніякай увагі, быццам таго і ў кабінеце не было! Гэта было яўным парушэннем субардынацыі, і Скрайф хацеў ужо нават абурыцца і выказаць свайму намесніку ўсё, што ён аб гэтым думае. Але ў самы апошні момант ён чамусьці стрымаў сябе, прамаўчаў. Вельмі ўжо трывожна прагучаў голас Холіна.
– Доўга мне чакаць?! – зноў выгукнуў Холін у мікрафон. – Я, здаецца. аддаў загад: звязаць мяне з пятай брыгадай!
– Я зразумеў, сэр! – перапалоханы дзяжурны вінавата лыпаў вачыма. – Мы спрабавалі, але…
– Што, але?! – зароў Холін, ды так, што нават Скрайф уздрыгнуў ад нечаканасці. – Што з імі здарылася?!
– З імі няма сувязі! – праляпятаў дзяжурны. – Не магу зразумець, чаму…
– Гэта і ўся праблема? – з уяўнай палёгкай Скрайф адкінуўся на спінку крэсла, з насмешкай паглядзеў на чырвоны ад хвалявання твар Холіна. – Магчыма, зараз у іх ідзе сеанс гіпнатэрапіі… У гэты час, як ты ведаеш, уся сувязь адключаецца…
Нейкі час Холін моўчкі глядзеў на свайго непасрэднага начальніка цяжкім немігаючым позіркам. Аб чым ён думаў – невядома, але нічога прыемнага для Скрайфа у гэтых думках, пэўна ж, не было.
– Ты думаеш? – спытаў, нарэшце, Холін не зусім упэўненым голасам.
Замест адказу Скрайф толькі паціснуў плячамі.
– А пілот? Чаму ён не адказвае?
Скрайф зноў паціснуў плячамі. – Не ведаю! Магчыма, пілот таксама пайшоў з астатнімі… – ён змоўк, скоса глянуў у бок Холіна, той, здаецца, аб чымсьці напружана раздумваў. – Ты ж ведаеш Лэслі… ён заўсёды хоча запрагчы Карантышку хоць у якую работу!
Не адказваючы, Холін толькі няўважліва кіўнуў галавой.
– Мне адключыцца? – спытаў нясмела дзяжурны.
Скрайф даў дазвол і экран зноў патух.
– Трэба выслаць туды ахоўнікаў! – сказаў раптам Холін. – Не менш дзесяці!
– Што?! – Скрайф нават прыўстаў у крэсле. – Колькі?
– Не менш дзесяці! – паўтарыў Холін. – І яны справяцца ўдзесяцярох? – з’едліва спытаў Скрайф, зноў апускаючыся ў крэсла. – Як лічыш?
Але Холін зноў не прыняў іроніі. А, можа, ён яе проста не разумеў?
– Не ведаю! – сказаў ён суха. – Магчыма, і не! Таму яны павінны быць са зброяй і, наогул, у поўнай баявой экіпіроўцы!
– Вось нават як?!
Скрайфу вельмі хацелася ляпнуць зараз кулаком па стале… з усяе сілы ляпнуць, а затым паказаць гэтаму нахабніку на дзверы! Няхай займаецца сваімі канцэлярскімі справамі і не лезе ў ягоную, Скрайфа, кампетэнцыю! Скрайф ужо нават узняў кулак над сталом, але штосьці ўсё ж стрымала яго. Магчыма, нічым не прыхаваная трывога Холіна нейкім чынам перадалася і самому Скрайфу, бо, зусім нечакана нават для сябе самога, ён толькі згаджальна кіўнуў галавой.
– Рабі, як лічыш патрэбным! – прагаварыў ён стомлена і, калі Холін, павярнуўшыся, накіраваўся ўжо да дзвярэй, дадаў: – Ведаеш… калі ў іх па нейкай прычыне проста не спрацавала сувязь – нас падымуць на смех!
– Нічога! – адказаў Холін, нават не павярнуўшыся. – Як-небудзь паспрабую гэта перажыць!
Ён выйшаў і падкрэслена-шчыльна зачыніў за сабой дзверы. А Скін, вылаяўшыся ў думках, выцягнуў, нарэшце, з-пад стала прыхаваную там бутэльку і прагна да яе прыпаў…
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?