Текст книги "Дзікія кошкі Барсума"
Автор книги: Генадзь Аўласенка
Жанр: Космическая фантастика, Фантастика
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 4 (всего у книги 16 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
Глава 5
– Чорт! – Карантышка Джон сутаргава сглытнуў, стараючыся па магчымасьці не глядзець у той бок пакоя, дзе звешвалася са сцяны скрываўленае і знявечанае амаль да непазнаваемасці цела фермера. – Можа, здымем?
– Не трэба нічога тут чапаць! – рэзка абарваў Карантышку Свенсан. Ён зноўку паспрабаваў звязацца з дзяжурным – і зноўку безвынікова… нейкія незразумелыя перашкоды поўнасцю забівалі эфір. – Штосьці глушыць нашы перадатчыкі, толькі я ніяк не магу зразумець, што гэта такое?!
Карантышка Джон толькі недаўменна развёў рукамі і запытальна паглядзеў на Лэслі.
– Можа, нейкае электроннае абсталяванне? – выказаў меркаванне той. – Фермеры любяць стаўляць у сябе розныя такія штуковіны…
– Якія штуковіны? – спытаў Свенсан.
– Розныя! – Лэслі зірнуў у бок знявечанага трупа на сцяне і дадаў: – Гэтаму ўжо ўсё роўна…
– Небарака! – Карантышка зноў сударгава зглытнуў. – Як лічыце, ён доўга мучыўся?
Ніхто яму не адказаў, і нейкі час рамонтнікі стаялі моўчкі, як бы аддаваючы даніну павагі нябожчыку. Потым Лэслі злосна сплюнуў.
– Трапіла б яна мне зараз, гэтая сучка!
– І што б ты з ёй зрабіў? – пацікавіўся Карантышка.
Лэслі нічога не адказаў.
– Не разумею толькі, як яна змагла з ім справіцца! – задумліва прагаварыў Карантышка, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся. – Ён жа вунь які здаравяк!
– І я не разумею! – сказаў Свенсан. – Нешта ва ўсім гэтым загадкавае… і, ведаеце, гэта мяне пачынае крыху трывожыць…
– Ды нічога загадкавага тут няма! – Лэслі зноў сплюнуў. – Схавалася за дзвярыма… нечакана ўрэзала па патыліцы чымсьці цяжкім! А з беспрытомным чалавекам можна зрабіць усё, што пажадаеш!
– Вось яна і зрабіла! – дадаў Свенсан і ўздыхнуў.
– Не разумею толькі, навошта было так здзеквацца?! – зноў прамармытаў Карантышка Джон. – Дапускаю, што ў яе маглі быць важкія прычыны, каб ненавідзець мужа… але чаму было проста не забіць…
– Ды заткніся ты! – нечакана вызверыўся на сябра Лэслі. – Прычыны… прычыны! Паслухай, начальнік, – умольна звярнуўся ён да Свенсана. – Давай самі знойдзем гэтую сучку! Яна ж дзесьці тут, я гэта адчуваю! Хаваецца, падлюка… але мы знойдзем… – ён змоўк, не зводзячы са Свенсана умольнага позірку. – Ну як, брыгадзір, згода?
Але Свенсан толькі адмоўна таргануў галавой.
– Цяпер гэта не наша ўжо справа! – падтрымаў брыгадзіра Карантышка Джон. – Для гэтага існуе ахова! Трэба іх выклікаць!
– Дык сувязі ж няма! – сказаў Лэслі. – Забыўся?
Замест адказу Карантышка толькі гучна вылаяўся.
– Усё адно да аднаго! – дадаў Лэслі і ўздыхнуў. – Як знарок!
«А, можа, і на самой справе – знарок? – працяла раптам галаву Свенсана трывожная думка, але ён адразу ж пастараўся адагнаць яе прэч. – Глупства! Проста нейкі прыбор у доме ці каля дома працуе і стварае гэтыя перашкоды… толькі і ўсяго…» – Пайшлі да катэра! – сказаў ён, звяртаючыся да падначаленых. – Звяжамся адтуль, даложым сітуацыю… Тады і вырашым, што рабіць далей!
– А, можа, усё ж… – пачаў было Лэслі, але брыгадзір адразу ж яго абарваў.
– Гэта загад! – сказаў ён рэзка і першым выйшаў з пакоя.
Па вузкім цёмным калідоры рамонтнікі зноў вярнуліся ў прасторнае кухоннае памяшканне. Тут усё, і сцены, і падлога, былі заляпаны падсохлай ужо крывёю… тут яны ўпершыню адчулі штосьці нядобрае, і таму, пакінуўшы ўсё абсталяванне, пачалі абследваць дом, пакой за пакоем, аж пакуль не наткнуліся на знявечаны труп гаспадара…
Абсталяванне і зараз ляжала на падлозе, ніхто нічога тут не чапаў. Нейкі час Свенсан моўчкі яго разглядваў, разважаючы, што лепш: пакінуць абсталяванне пакуль тут альбо аднесці яго адразу ж на катэр. Апошняе разважанне падалося яму больш слушным, тым больш, што апаратура каштавала даволі нетанна, а адказваў за яе цэласнасць менавіта ён, брыгадзір.
– Ну ўсё, разбіраем апаратуру! – загадаў Свенсан. – Зацягнем яе зноў на катэр… здаецца мне, што працаваць сёння тут нам ужо не давядзецца! – гэта быў жарт, але ніхто нават не усміхнуўся і тады Свенсан дадаў, ужо на поўным сур’ёзе: – І варушыціся, чорт бы вас пабраў!
Рамонтнікі пачалі, нарэшце, варушыцца, брыгадзір таксама…
– Ты зноў мне шмат пакідаеш! – запратэставаў Карантышка Джон. – Ды тут нават больш, чым я валок сюды!
– Ну, ну… не бурчы! – Лэслі спыніўся. – Добра, я вазьму яшчэ вось гэта!
– І гэта таксама!
– А гэта ўжо не маё!
– Ды тут усё тваё! – аж абурыўся ад такога нахабства Карантышка. – Лічы, што я проста дапамагаю табе валачы твае прычындалы! Брыгадзір, ды скажы ты яму!
– Ды хопіць вам! – прымірэнчы сказаў Свенсан. – Я сам астатняе забяру!
Ён нахіліўся, каб падабраць рэшткі апаратуры, але ў гэты самы час за ягонай спіной тонка рыпнулі дзверы. Імгненна зрэагаваўшы, Свенсан павярнуўся ў бок дзвярэй. Лэслі і Джон таксама павярнуліся ў той жа бок, праўда, абсталяванне яны пакуль што не кінулі і па-ранейшаму трымалі ў руках.
– Чорт пабяры! – гучна вылаяўся Лэслі. – Гэта ж яна!
Каля дзвярэй, якія вялі ва ўнутранныя пакоі, стаяла высокая маладая жанчына ў ладна падагнаным плямістым камбінізоне і дэсантных чаравіках на шнуроўцы. Густыя, колеру пазалочанай медзі, валасы жанчыны ў прыгожым беспарадку рассыпаліся па плячах, вялікія блакітныя вочы без усялякага страху або хвалявання разглядвалі рамонтнікаў.
– Гэта яна? – Свенсан паглядзеў на Лэслі. – Ты не памыляешся?
Той не зусім упэўнена кіўнуў.
– Яна, здаецца…
– Нічога не разумею!
Падсвядома, Свенсан уяўляў сабе гэтую жанчыну зусім інакш: збітай, скрываўленай, няшчаснай. Яна не павінна была разгульваць зараз па дому… зараз яна павінна была, забіўшыся ў які-небудзь цёмны завулак вялікага гэтага будынку, ціхенька там затаіцца, дрыжучы ад страху і асуджана чакаючы такога непазбежнага пакаранне. А пакаранне за забойства мужа магло быць толькі адно – уранавыя руднікі! Гэта было тое ж самае смяротнае пакаранне, толькі расцягнутае ў часе на некалькі доўгіх і пакутлівых месяцаў, а, магчыма, і гадоў…
Жанчына каля дзвярэй не выглядала ні няшчаснай, ні, тым больш, спалоханай. Спакойна і з нейкай незразумелай іроніяй разглядвала яна аслупянеўшых ад некананага яе з’яўлення мужчын, разглядвала доўга і ўважліва, павольна пераводзячы позірк з аднаго на другога. Потым вусны яе раптам скрывіла нядобрая нейкая ўсмешка, і яна, усмешка гэтая, адразу ж вывела рамонтнікаў з аслупянелага стану.
– Ты, сучка! – Лэслі хутка апусціў на падлогу апаратуру, зрабіў крок наперад, сціскаючы кулакі. – Ты разумееш, што нарабіла?! Як ты пасмела ўзняць руку на свайго мужа! І хопіць ужо ўсміхацца! Зараз я сцяру гэтую нахабную ўсмешку з тваіх вуснаў, дрэнь!
Ён сунуўся, было, да жанчыны, але Свенсан паспеў перахапіць аператара, адным штуршком адкінуць яго назад.
– Астынь, Лэслі! – Свенсан усё глядзеў і глядзеў на дзіўную гэтую жанчыну, глядзеў і ўсё ніяк не мог адвесці погляд. – Не трэба самасуду! Мы даставім яе на станцыю, а там… там няхай вырашае начальства!
– Начальства?! – Лэслі пагардліва сплюнуў. – Што яно разумее, гэтае тваё начальства?! Што трэба яму, акрамя прыбытку! Яны сатруць з яе памяці ўсе гэтыя падзеі і зноў выставяць на продаж у якім-небудзь іншым месцы! І новы небарака, які набудзе гэтую поскудзь, не западозрыць нават, якая небяспека яго чакае! Ты гэтага хочаш, брыгадзір?!
– Ты ж ведаеш, што гэтага не будзе! – змрочна буркнуў Свенсан, усё яшчэ не ў сілах адвесці погляд ад жанчыны. – Ты сам ведаеш, што яе чакае далей!
– Нічога я не ведаю! – закрычаў Лэслі злосна. – Я нават не ведаю, існуюць у сапраўднасці гэтыя самыя руднікі, ці гэта проста адна з чарговых баек, якімі нас частуюць зверху! А можа яно ўжо забівала кагосьці раней? – прагаварыў ён раптам зусім іншым тонам, такім, ад якога ў Свенсана нават мурашкі па скуры пабеглі. – Яна забіла – ёй сцерлі гэта… і вось яна зноўку ўзялася за сваё!
Ён змоўк і нейкі час усе маўчалі.
– А ведаеш брыгадзір, у гэтым штосьці ёсць! – прагаварыў Карантышка, таксама апускаючы на падлогу абсталяванне. – Не тое, каб я ў гэта канчаткова паверыў, але… – ён змоўк, заўзята пачухаў патыліцу левай рукой, – у ягоных разважаннях штосьці такое ёсць…
– Вось я і кажу… – узрадавана пачаў Лэслі, але Свенсан жэстам перапыніў яго.
– Што ты прапануеш? – спытаў ён, адводзячы, нарэшце, погляд ад жанчыны і паварочваючыся да аператара. – Забіць яе?
– Ды нічога я не прапаную! – крыху сумеўшыся, буркнуў Лэслі. – Я проста не хачу, каб яна забіла яшчэ кагосьці ў будучым, каб яна забівала зноў і зноў! І чаму яна ўвесь час усміхаецца?! – раптам узарваўся ён. – Няхай яна перастане ўсміхацца, гэтая сучка!
– Я памятаю цябе! – прагаварыла нечакана жанчына, і ўсе зноў павярнуліся ў яе бок. – Яшчэ калі я была там, у вас. Ты кожную ноч прыходзіў на склад і выбіраў сабе адну з нас… выбіраў, вёў да сябе, а потым, пад раніцу, прыводзіў назад…
Брыгадзір паглядзеў на Лэслі, які раптам пачырванеў і адвярнуўся.
– Дык вось чаму ты так ахвотна заступаеш на начныя дзяжурствы! – прагаварыў Карантышка. – Вось чым ты займаешся там па начах!
– Падумаеш! – агрызнуўся Лэслі. – Што тут такога?!
– Гэта ж забаронена! – сказаў Свенсан. – Ты што, не ведаеш аб гэтым?
– Чужая маёмасць… і ўсё такое! – насмешліва прагаварыў Лэслі. – Ды ўсе так робяць… усе, хто дзяжурыць ноччу!
– Я так ніколі не рабіў! – сказаў Свенсан.
– Ну і хто табе перашкаджаў?! – буркнуў Лэслі, з-пад ілба зірнуўшы на брыгадзіра. – Тым больш, што там, на складзе, яны яшчэ нікому не належаць… нікому, акрамя ФІРМЫ! А ФІРМА – гэта мы!
– ФІРМА – гэта ты! – канстатаваў Карантышка. – А што, гучыць!
– Ды што вы да мяне прычапіліся! – Лэслі паціснуў плячамі. – Павінен жа я час ад часу правяраць іх рэфлексію…
– У ложку! – дадаў Карантышка. – Там яна лепш за ўсё правяраецца?
– А гэта не твая сабачая справа! – вызверыўся Лэслі на сябра. – Дзе хачу – там і правяраю! Цябе што, зайздрасць бярэ?!
– Усё, хопіць! – Свенсан узняў руку і ўсе змоўклі. – Бачыце – яна ўсё чуе!
– Ну і няхай чуе! – усё яшчэ ніяк не мог супакоіцца Лэслі. – Хутка забудзе! Чуеш, сучка! – звярнуўся ён да жанчыны. – Мы з табой яшчэ сустрэнемся! У першае ж маё начное дзяжурства…
– Ды заткніся ты! – крыкнуў Свенсан і так паглядзеў на аператара, што той палічыў за лепшае сапраўды змоўкнуць і нават крыху адыйсці назад. – Значыцца, так! – ён паглядзеў на падначаленых. – Лэйлі, ты зараз жа збярэш гіпнакрэсла…
– Тут?! – недаўменна перапытаў Лэслі. – Можа, проста даставім яе туды, а ўжо там…
– У такім стане?
Лэйлі хацеў штосьці запярэчыць, але перадумаў і заняўся зборкай.
– А мне што рабіць? – спытаў Карантышка. – Дапамагаць Лэслі?
– З тваімі лапамі?! – усміхнуўся Лэслі. – Ведаеш, гэта табе не арматуру вузламі вязаць!
– Ты лепш паназірай за ёй! – Свенсан кіўнуў у бок жанчыны, якая па-ранейшаму стаяла нерухома і уважліва назірала за ўсімі дзеяннямі рамонтнікаў. – Калі што якое…
– Не будзе нічога такога! – Карантышка падыйшоў да жанчыны, спыніўся побач з ёй, чаго жанчына, здаецца, нават не заўважыла… ва ўсялякім разе яна ніяк на гэта не адрэагавала. – Што далей? Звязаць яе?!
– Проста пастой пакуль побач! – Свенсан павярнуўся да Лэслі. – Ну, як?
– Зараз скончу! – адазваўся той, не прыпыняючы работы.
Лэслі лічыўся лепшым аператарам станцыі, а, можа, і ўсяго нават Аграполіса. За гэта кіраўніцтва шмат чаго яму даравала…
– Ну, вось і ўсё! – заявіў ён нарэшце, адыходзячы ўбок. – Можна пачынаць!
– Несці яе туды? – спытаў Карантышка.
– Пачакай! – Свенсан зноў паглядзеў на жанчыну. Кагосьці яна яму няўлоўна напамінала… толькі вось каго? Гэтага ён, як не спрабаваў, так і не змог успомніць. – Паслухайце, – пачаў ён, звяртаючыся да жанчыны. – Вы мяне слухаеце?
Лэслі насмешліва фыркнуў.
– Яшчэ на «вы» яе называць, гэтую поскудзь!
Свенсан не звярнуў аніякай увагі на з’едлівую рэпліку аператара, жанчына таксама. Яна глядзела на Свенсана і маўчала.
– Вы мяне разумееце? – спытаў Свенсан, стараючыся гаварыць, як мага мякчэй. – Вы здзейснілі злачынства і павінны за яго адказаць, але гэта не наша функцыя. Мы проста даставім вас на станцыю, а там…
– Што, там? – раптам спытала жанчына. – Што там зробяць са мной?
– Я не ведаю… – прамармытаў Свенсан, адчуваючы сябе даволі няёмка пад уважлівым позіркам блакітных жаночых вачэй. – Вы ж разумееце, што за такое злачынства…
– А хіба не горшае злачынства, – перабіла Свенсана жанчына, – зрабіць мяне, свабодную жанчыну, рабочай жывёлінай і, як жывёліну, прадаць у рабства фермеру-садысту?
– Ды заткніся ты! – злосна выкрыкнуў Лэслі. – Ты і ёсць рабочая жывёліна і нічога больш! Паслухай, брыгадзір! – звярнуўся ён да Свенсана. – Давай закругляцца, а?!
Свенсан зірнуў на гадзіннік і ўздыхнуў. Як у чым, а ў гэтым Лэслі меў рацыю: трэба было і сапраўды хутчэй завязваць з гэтай справай…
– Джон! – звярнуўся ён да Карантышкі, стараючыся не сустракацца пры гэтым вачыма з настойліва-уважлівым позіркам жанчыны. – Дапамажы ёй сесці ў крэсла!
– Давай, малютка! – ажывіўся Джон, апускаючы шырокую сваю далонь на плячо жанчыны. – Топай да крэсла…
Жанчына нават не варухнулася. Яна чамусьці упарта жадала зноў сустрэцца позіркам са Свенсанам, але нічога ў яе не атрымлівалася.
– Яна не ідзе, шэф! – прагаварыў Карантышка Джон. – Дазвольце, я яе сілком…
І, не чакаючы адказу, ён абхапіў жанчыну магутнымі рукамі, лёгка, нібыта пушынку, прыўзнімаючы яе над падлогай. І раптам, дзіка ўскрыкнуўшы, зноўку адпусціў і, схапіўшыся абедзьвумя рукамі за ніз жывата, сагнуўся амаль напалам. І ў гэты ж самы момант жанчына, немаведама як апынуўшаяся ўжо збоку ад Каратышкі, нанесла яму адзін кароткі, рэжучы ўдар рабром далоні па патыліцы. Усяго адзін толькі ўдар… але Карантышка Джон, вялізны, шыракаплечы асілак, жывая легенда Аграполіса, пахіснуўся і бязгучна асеў на падлогу. Магчыма, ён проста страціў прытомнасць, а магчыма…
– Сучка! – пранізліва закрычаў Лэслі, і ў голасе ягоным Свенсану пачуліся першыя ноткі панічнага страху. – Што ж ты робіш, сучка!
Апамятаўшыся, нарэшце, ад нечаканасці, Свенсан ірвануўся наперад. Ён ужо быў зусім побач з жанчынай, калі тая, раптоўна падскочыўшы ў вышыню і праляцеўшы літаральна над самай галавой Свенсана, апынулася пасярод пакоя, нібыта перагароджваючы яму гэтым сваім манёўрам шлях да магчымага адступлення, хоць аб адступленні Свенсан нават і не думаў…
Свенсан, але не Лэслі. Убачыўшы жанчыну зусім побач з сабой, ён адразу ж кінуўся да дзвярэй, праўда, дабегчы да іх не паспеў. Свенсан так і не зразумеў, як змагла гэтая жанчына апынуцца раптам зусім побач з аператарам, але гэта ўсё ж адбылося. Хуткі, амаль няўлоўны ўзмах тонкай жаночай рукі… і Лэслі, адразу ж адляцеўшы ўбок, пракаціўся крыху па падлозе ды так і застаўся ляжаць там тварам уніз.
Свенсан зразумеў, што застаўся адзін. На ўсялякі выпадак ён нахіліўся да Карантышкі, марна спрабуючы адшукаць у нерухомым ягоным целе хоць нейкія прыкметы жыцця. Карантышка быў мёртвы і забіла яго гэтая хударлявая з выгляду жанчына, забіла з аднаго толькі ўдару…
Як і Лэслі!
Свенсан выпрастаўся, павярнуўся да жанчыны. Яна па-ранейшаму стаяла каля дзвярэй, высока ўзняўшы галаву і глядзела на Свенсана, і ў уважлівым позірку яе было дзіўнае нагрувашчанне самых разнастайных пачуццяў.
– Ты – «дзікая кошка»? – спытаў Свенсан, нарэшце ўсё зразумеўшы. – Дакладней, ты – былая «дзікая кошка»?
Жанчына раптам адмоўна тарганула галавой.
– Я не былая! – працадзіла яна праз зубы. – Былых «дзікіх кошак» не бывае! Я прайшла абрад ачышчэння, і зараз я зноў «дзікая кошка»! Сапраўдная!
– Абрад ачышчэння? – Свенсан раптам усё зразумеў. – Дык вось чаму ты… – ён запнуўся на слове, – вось чаму мы знайшлі твайго мужа ў такім стане?
– Табе яго шкада? – спыталася раптам жанчына і, не паспеў яшчэ Свенсан хоць штосьці сказаць, дадала: – Ты былы космадэсантнік, хіба не так?
– Былы! – Свенсан горка ўсміхнуўся. – Што ж, у адрозненні ад цябе, я і сапраўды былы…
– Я памятаю цябе! – прагаварыла жанчына павольна, нібыта і сапраўды штосьці ўспамінаючы. – Гэта было тры гады таму, і мы ўдзельнічалі з табой у адной і той жа аперацыі…
– Тры гады таму?!
Свенсан раптам успомніў гэтую самую аперацыю. Успомніў ён і жанчыну… праўда, ні тады, ні потым нават, ён так і не даведаўся, кім жа яна была на самой справе…
А вось зараз даведаўся!
Жанчына раптам весела рассмяялася, і Свенсан, уздрыгнуўшы, з недаўменнем на яе паглядзеў. Аказваецца. яна ўмее смяяцца… вось бы ніколі не падумаў!
– Я проста ўспомніла, як клапатліва ты адносіўся да мяне ў час той аперацыі, як аберагаў ад розных небяспек, сапраўдных і ўяўных. Цікава, кім ты мяне лічыў тады?
Не адказваючы, Свенсан проста глядзеў на яе. Божа, як ён шукаў яе потым, пасля таго, як усё было скончана… як спрабаваў хоць штосьці даведацца, выкарыстоўваючы дзеля гэтага ўсе магчымыя крыніцы, як афіцыйныя, так і неафіцыйныя. Але ўсё аказалася дарэмна… адзінае, што высветліў тады Свенсан: жанчыны гэтай, наогул, не існавала ў прыродзе, і ў аперацыі той яна проста не магла ўдзельнічаць ні ў якасці каго, у выніку свайго жыццёвага неіснавання…
– Ты знікла так нечакана… – прагаварыў ён нарэшце. – Куды ты знікла?
Жанчына ледзь прыкметна ўсміхнулася.
– Я не знікла! – сказала яна. – Я проста адправілася выконваць сваё асноўнае заданне. Няўжо ты не зразумеў тады, што ўсе вашыя дзеянні патрэбны былі толькі дзеля ўвядзення ў зман праціўніка? Ты што, так і не зразумеў усяго гэтага?
Свенсан толькі паціснуў плячамі. Штосьці такое ён падазраваў ужо тады, падазраваў, але так і не рашыўся спытаць потым аб гэтым хоць у каго-небудзь з кіраўніцтва. У той аперацыі загінула амаль палова ягонай каманды… ды і сам ён быў тады сур’ёзна паранены… крыўдна ведаць, што ўсе яны аказаліся простымі пешкамі ў чужой і незразумелай гульні…
– Я шукаў цябе! – сказаў нечакана нават для сябе самога Свенсан. – Доўга шукаў…
Тонкія бровы жанчыны здзіўлена прыўзняліся.
– Шукаў? – недаўменна перапытала яна. – Навошта?
Адказаць на няпростае гэтае пытанне Свенсан так і не паспеў. Гучна застагнаў Леслі і гэта ў момант вярнула Свенсана да рэчаіснасці. Ён паглядзеў на жанчыну, якая стаяла паміж ім і Лэслі і з нейкім шчымлівым болем у сэрцы зразумеў, што зараз яны ворагі! Напэўна, жанчына таксама падумала аб гэтым жа: яна неяк разам спахмурнела, вочы яе ператварыліся ў дзве вузкія шчыліны, пунцовыя прыгожыя вусны перакрывіла нядобрая нейкая ўсмешка, больш падобная на грымасу.
«Мне трэба будзе забіць яе! – у адно імгненне пранеслася ў галаве Свенсана адзіная цвярозая думка. – Забіць, бо інакш яна заб’е мяне! У мяне проста няма іншага выйсця, акрамя, як паспрабаваць забіць яе! У яе, дарэчы, таксама няма зараз іншага выйсця…»
Свенсан прыняў баявую стойку, але першым нападаць не стаў. І так не шмат было ў яго шанцаў адзін на адзін адолець «дзікую кошку»… ён не хацеў памяншаць іх безразважным сваім нападам. Таму ён проста ўважліва сачыў за кожным рухам жанчыны… дакладней, проста сачыў за жанчынай, бо яна пакуль што не рухалася…
Лэслі зноў застагнаў, паспрабаваў прыўзняцца на локці, але зноў паваліўся на падлогу, гучна ўдарыўшыся аб яе ілбом.
– Дазволь мне аглядзець яго?! – у голасе Свенсана прагучалі амаль што ўмольныя ноткі. – Яму патрэбна дапамога!
Жанчына нічога не адказала, яна нават не павярнулася ў бок Лэслі, хоць той зноў упарта паспрабаваў прыўзняцца на локці левай рукі… і зноў няўдала.
– Лэслі, ты можаш устаць?! – крыкнуў Свенсан. – Як ты сябе адчуваеш?!
– Я магу варушыць толькі левай рукой! – прахрыпеў у адказ Лэслі. – Яна штосьці пашкодзіла мне, гэтая сучка, моцна пашкодзіла! Я нават ног не адчуваю! Забі яе, Алаф, забі!
– Ты і сапраўды хочаш забіць мяне? – раптам спытала жанчына Свенсана, па-ранейшаму не кранаючыся з месца. – Ты гэтага хочаш?
– А ты? – пытаннем на пытанне адказаў Свенсан.
Жанчына раптам усміхнулася, але ўжо не злавесна, як раней, а крыху нават сумнавата.
– Ты загінеш! – яна памаўчала з хвіліну і дадала: – Як толькі ты паспрабуеш напасці на мяне – ты загінеш!
Гэта было праўдай, і Свенсан выдатна гэта ведаў.
– Што ж мне з табой рабіць? – у нейкім задуменні прагаварыла жанчына. – Хіба толькі…
У яе руцэ немаведама адкуль з’явіўся раптам пісталет. Разумеючы, што ўсё скончана і ён прайграў, Свенсан, тым не менш, ірвануўся наперад, стараючыся выйграць тыя долі імгнення, якія былі неабходны жанчыне, каб узняць зброю і націснуць на курок…
Вядома ж, ён не паспеў.
Суха трэснуў стрэл, і адразу ж штосьці ледзяное і, адначасова, такое пякучае ўпілося Свенсана ў грудзі, разам адкідваючы яго назад. Свенсан упаў на падлогу, зноў ускочыў… і з новым сухім стрэлам зваліўся ўжо канчаткова. Абмяклае цела былога космадэсантніка тарганулася яшчэ некалькі разоў, хутчэй, па інерцыі, чым свядома. Потым яно безжыццёва застыла ў нейкай дзіўнай, выварачанай позе… так людзі не ляжаць нават пасля смерці… не павінны ляжаць…
А жанчына ўжо паварочвалася ў бок Лэслі, які, прыўзняўшы галаву, з жахам назіраў за ўсім, што адбылося.
– Не трэба! – узмаліўся ён. – Не забівай!
Жанчына задуменна глядзела на яго і нібыта штосьці вырашала.
– Не забівай! – зноў паўтарыў Лэслі, марна стараючыся адпаўзці хоць крыху далей. – Злітуйся!
Моцная рука ўхапіла яго за кіршэнь, ірванула ўверх. Імгненне… і Лэслі ўжо сядзеў у тым самым крэсле, якое яшчэ зусім нядаўна старанна збіраў для жанчыны. Лязгаючы сталёва-гумавымі скобамі і зашчэпкамі, жанчына ўмела, нібыта ўсё жыццё гэтым займалася, прымацавала Лэслі да крэсла, потым апусціла яму на галаву шырокі белы шлем…
– Што ты хочаш зрабіць са мной?! – нема закрычаў Лэслі, у адчаі матляючы галавой. – Не рабі гэтага, чуеш! Лепей забі мяне!
– Заткніся!
Жанчына нахілілася, нейкі час моўчкі глядзела ў белы, нібыта абцярушаны мелам, твар аператара.
– Колькі жанчын прайшло праз гэтае тваё крэсла, Лэслі?! Маўчыш? Ці, можа, не памятаеш ужо?! Дык вось, зараз ты на сваёй уласнай шкуры адчуеш усё тое, што адчувала, праз што прайшла кожная з гэтых няшчасных жанчын! А потым… потым ты раскажаш мне ўсё тое, што мяне будзе цікавіць, усё, што ты ведаеш! І нават тое, што не ведаеш, ты мне ўсё роўна раскажаш мне потым… гэта я табе гарантую!
Яна павярнулася да Лэслі спіной і націснула нейкую кнопку. І ў той жа момант Лэслі дзіка завыў і затросся так, нібыта яго жыўцом рэзалі на дробныя кавалкі. А яшчэ праз імгненне гэтае ягонае выццё поўнасцю заглушыў роўны высокі гул працуючай гіпнамашыны…
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?