Электронная библиотека » Генадзь Аўласенка » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 21:40


Автор книги: Генадзь Аўласенка


Жанр: Космическая фантастика, Фантастика


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 16 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Глава 2

Скін Скрайф заўсёды лічыў сябе няўдачнікам. Ды ён і быў няўдачнікам, калі казаць шчыра, усё жыццё яму неяк не шанцавала…

Да прыкладу, усе тыя, каго разам з ім яшчэ ў навігатарскай школе запрыкмеціла і ўзяла да сябе на службу ФІРМА, на здзіўленне хутка і паспяхова пераадольвалі адну за другой хісткія прыступкі службовай лесвіцы і паспелі зрабіць ужо даволі паспяховую кар’еру. Той-сёй з іх працаваў зараз у цэнтральным апараце ФІРМЫ, другія змаглі выбіцца ў рэзідэнты на той ці іншай планеце. Зразумела ж, на адной з тых планет, якія, альбо належылі ФІРМЕ, альбо цалком і поўнасцю ад яе залежылі, і рэзідэнт ФІРМЫ быў там, без усялякага перабольшвання, другой па значнасці асобай пасля УСЯВЫШНЯГА.

Аграполіс быў адной з такіх планет, але цяперашняя пасада Скрайфа была далёка не рэзідэнскай. Ён быў усяго толькі загадчыкам аднаго з аддзяленняў ФІРМЫ на Аграполісе, а іх, такіх аддзяленняў, было тут, на планеце, аж сто трыццаць восем.

Вядома ж, для мясцовых фермераў – а планета Аграполіс была населена ў пераважнай сваёй большасці менавіта фермерамі – загадчык аддзялення быў значнай фігурай. Як, дарэчы, і для сваіх уласных падначаленых: сарака пяці супрацоўнікаў ФІРМЫ самых розных рангаў плюс трыццаці ахоўнікаў, якія, праўда, мелі свайго ўласнага начальніка, а ён, начальнік гэты, непасрэдна загадчыку аддзялення не падпарадкоўваўся. Так што, пасада Скрайфа была, з аднаго боку, даволі значная, з другога ж – такіх загадчыкаў, як і ён, было на планеце яшчэ сто трыццаць сем, і ўсе яны ў аднолькавай ступені залежылі ад рэзідэнта.

Па злой іроніі лёсу рэзідэнтам Аграполіса быў былы аднакурснік Скіна па навігацыйнай школе, Том Ліўскі. Гэта ён, выпадкова сустрэўшы тры гады таму Скрайфа, прапанаваў яму гэтую пасаду на Аграполісе. Скрайф, які ўжо амаль страціў усялякую надзею хоць чаго-небудзь дабіцца ў жыцці, ухапіўся за гэтую прапанову, як за апошнюю выратавальную саломіну. Ён быў вельмі ўдзячны тады былому свайму сябру… зрэшты, вельмі блізкімі сябрамі яны ніколі не былі. Так, знаёмымі…

У той далёкі час кадэт Том Ліўскі адчайна зайздосціў кадэту Скіну Скрайфу, як і пераважная большасць іх аднакурснікаў, дарэчы. Скіну прадказвалі вялікую будучыню… ды ён і сам амаль што паверыў у гэта тады.

Скін уздыхнуў і, адарваўшыся, нарэшце, і ад справаздачаў, і ад горкіх сваіх успамінаў, узняў галаву. Ён паглядзеў на фермера, які гарой узвышаўся перад ім. Фермер усё яшчэ азіраўся вакол, у марных пошуках крэсла.

«Пастаіш! – з нейкай амаль непрытоеннай зласлівасцю падумалася Скіну. – Не разумею, чаму з кожнай дробяззю трэба абавязкова перціся да мяне?! Як быццам няма намесніка… дзяжурных няма, урэшце рэшт!» – Дык вы кажаце, пачала ўспамінаць… – Скін зноў кінуў касы позірк на шматлікія дакументы, якія ў поўным беспарадку ляжалі зараз перад ім і загруджвалі сабой значную частку стала. Дакументаў было шмат, вельмі нават шмат… трэба будзе неяк сабрацца з духам і прывесці іх усё ж у належны парадак… – І што ж такога яна ўспомніла, містэр… містэр…

Ён зноў забыўся прозвішча наведвальніка.

Фермер даволі няўклюдна пераступіў з нагі на нагу.

– Яна заявіла, што жыла калісьці ў палацы! – буркнуў ён, не зусім ахвотна.

– У палацы?! – рыжаватыя бровы Скрайфа ўзляцелі высока ўверх. – Цікава, цікава! У палацы, кажаце?

Нічога не адказваючы, фермер толькі моўчкі паціснуў шырокімі плячамі. Бачна было, што ўсё гэта яму зусім нават не цікава. Як яго там… О’Ніл, здаецца?

– Скажыце, містэр О’Ніл… – Скрайф змоўк, у які раз ужо акінуў незадаволеным позіркам папяровы вэрхал на стале, – спадзяюся, вы не вельмі жорстка абыйшліся са сваёй жонкай за гэты… – ён зноў змоўк, падбіраючы патрэбныя словы, – за гэтыя, скажам так, абставіны, якія ад яе зусім нават не залежылі… дакладней, залежылі, але…

Канчаткова заблытаўшыся ў сваіх разважаннях, Скрайф заўважыў здзіўлена-недаўменны выраз твару О’Ніла і паспяшаўся дадаць: – Справа ў тым, што любое пакаранне… любы фізічны боль, я маю на ўвазе, толькі пагаршае сітуацыю ў такі момант…

Фермер крыху сумеўся, нерашуча пераступіў з нагі на нагу.

– Магчыма, я ўсё ж… – ён змоўк, далонню, якая была, пэўна, разы з два шырэй за далонь Скрайфа, палез у патыліцу. – Магчыма, крыху я…

«Крыху! – Скін вылаяўся ў думках. – Ды ты збіў яе на горкі яблык, дубалом!»

Дадаўшы – таксама ў думках, зразумела – яшчэ дзве-тры кароткія фразы, яскрава характэрызуючыя фермера, Скрайф націснуў крайнюю правую клавішу селектарнай сувязі. Адразу ж успыхнуў экран аднаго з манітораў, асвяціўшы заспаную фізіяномію дзяжурнага дыспетчара. Дзяжурны быў з новенькіх і таму, пэўна, не адразу скеміў, хто глядзіць на яго зараз з экрана. Некалькі імгненняў дыспетчар толькі недаўменна лыпаў вачыма, затым да яго, нарэшце, дайшло…

– Дзяжурны па тэрыторыі, малодшы супрацоўнік Залеўскі! – адрапартаваў ён, імгненна ўскочыўшы з месца і выцягнуўшыся так, што, здаецца, дакраніся і ён адразу ж зазвініць нібыта тая струна. – За час майго дзяжурства…

– Вольна, Залеўскі! – сказаў Скін, адкідваючыся ў крэсле і з задавальненнем разглядваючы спалоханы твар дыспетчара. – Скажы, якая з дзяжурных рамотных брыгад зараз на месцы? Хоць адна з іх ёсць на базе?

– Ніяк не! – дзяжурны ўсё яшчэ стаяў навыцяжку. – Усе тры на тэрміновых выкліках! Будуць не раней, чым праз гадзіну-дзве! А што здарылася? – у голасе дзяжурнага прагучалі адначасова ўстрывожаныя і цікаўныя ноткі. – Што-небудзь сур’ёзнае, містэр Скрайф?

– Сур’ёзнае? – Скін пабарабаніў пальцамі па стале, скоса зірнуў на нерухомую фігуру О’Ніла. – Ды не, не думаю, каб гэта было занадта ўжо сур’ёзна… Зараз да цябе падыйдзе адзін наш пакупнік, містэр О’Ніл… – ён зноў кінуў хуткі погляд на фермера. – Возьмеш у яго ўсе дадзеныя, запішаш каардынаты, і як толькі якая-небудзь з брыгад вызваліцца – накіруеш яе туды. Усё зразумела?

– Усё зразумела! – дзяжурны яшчэ больш выцягнуўся, хоць больш, здавалася б, ужо немагчыма фізічна. – Будзе выканана!

Скрайф шчоўкнуў клавішай і манітор патух. Фермер яшчэ нейкі час таптаўся на месцы, як бы жадаючы і далей працягнуць размову, але Скрайф быў ужо сыты ім па горла. Ветліва ўсміхаючыся, ён узняўся з-за стала, паказваючы гэтым, што аўдыенцыя закончана.

– Ідзіце да дзяжурнага, – сказаў ён, махнуўшы рукой у напрамку да дзвярэй. – Там вам усё растлумачаць.

Дачакаўшыся, калі за фермерам зачыніліся, нарэшце, дзверы, Скін зноў апусціўся на ранейшае месца, аж знемагаючы ад нецярпення. Левая ягоная рука ўжо звычна нырнула пад стол, навобмацак адшукала там маленькую, ледзь прыкметную кнопку, націснула яе. Высунулася патаемная шуфлядка і Скін прагна выхапіў адтуль плоскую шкляную бутэльку больш чым напалову запоўненую нейкай залаціста-празрыстай вадкасцю. Падазронна зірнуўшы на дзверы, Скін паднёс плоскую бутэльку да засмяглых вуснаў, зрабіў першы працяглы глыток…

Калі Скін зноў схаваў бутэльку ў шуфлядку стала, вадкасці там засталося не больш чвэрці. Ён пасядзеў крыху, прыслухоўваючыся да ўнутраных сваіх адчуванняў, потым уздыхнуў, устаў і выйшаў у прыёмную. Сакратар, малады хлопец, апрануты ў зусім новенькую і крыху нават велікаватую яму ўніформу, ускочыў з-за стала і вінавата паглядзеў на шэфа.

– Яшчэ раз пусціш да мяне аднаго з гэтых… – Скрайф змоўк, стараючыся падабраць найбольш падыходзячыя словы, але так і не падабраў аніводнага. – Карацей, пусціш яшчэ – лічы сябе звольненым! Зразумеў?

Сакратар вінавата кіўнуў і пачырванеў.

– Пасылай іх да Холіна, калі ўжо дзяжурны дыспетчар ім, чамусьці, не падыходзіць!

– Я паслаў яго да Холіна, – сказаў сакратар. – Я нават праводзіў яго туды…

– І што? – Скрайф адчуў раптам, як напруглася ўсё знутры. – Што сказаў Холін?

Ён сам добра ведаў ужо, што сказаў Холін… не трэба было пытацца аб гэтым у сакратара.

– Холін сказаў… – голас сакратара гучаў па-ранейшаму вінавата, – ён сказаў, што ў яго зараз вельмі шмат спраў…

– Вось як? – Скрайф адчуў раптам, што шчокі ягоныя таксама пачынаюць чырванець. (гэтага яшчэ не хапала!). – Вось як? – паўтарыў ён, стараючыся не глядзець на сакратара – Калі хто мяне будзе пытацца – я ў намесніка!

Сакратар зноў кіўнуў вінавата, але Скрайф ужо, не глядзячы на яго, выходзіў з прыёмнай. У калідоры ён спыніўся і нейкі час стаяў так, моўчкі і нерухома, не зводзячы цяжкага позірку з дзвярэй насупраць.

Гэтыя дзверы куды больш падыходзілі для кабінета загадчыка аддзяленнем, чым ягоныя ўласныя. І таблічка золатам, дзе слова «намеснік» амаль гублялася дзесьці зверху, а цэнтральнае слова «загадчыка», наадварот, было занадта вялікім і адразу ж выдзялялася на суцэльна-чорным фоне дзвярэй. «Нядзіўна, што ўсе яны бягуць, у першую чаргу, у мой кабінет! – мільганула ў галаве Скрайфа. – Холін – вось хто сапраўдны загадчык аддзялення! Холін, а не я!» Ён націснуў цяжкую бронзавую ручку дзвярэй і ўвайшоў у прыёмную.

У прыёмнай Холіна сядзела ягоная сакратарка… яна ж – рабочая жонка Холіна. Убачыўшы Скрайфа, жанчына штосьці хуценька і амаль неразборліва прагаварыла ў селектр, але нават не падумала ўстаць. Так было заўсёды, і Скін даўно ўжо махнуў на гэта рукой. Урэшце рэшт, жанчына гэтая – не супрацоўніца ФІРМЫ, заробка яна тут не атрымлівае, непасрэдна Скрайфу не падпарадкоўваецца. Яна была ўласнасцю Холіна… ну, а тое, што Холін сам адмовіўся ад сакратара – ягоная асабістая справа! Сама ж ФІРМА толькі выйграла фінансава ад такой замены…

– Прывітанне! – сказаў Скрайф, уваходзячы ў вялізны, шыкоўны кабінет свайго намесніка і апускаючыся ў крэсла для наведвальнікаў. – Чым займаешся?

– Ды так… – Холін адсунуў убок нейкія паперы, ляніва паглядзеў на Скіна паверх акуляраў. – Нічога сур’ёзнага. А ў цябе?

Холін заўсёды называў свайго непасрэднага начальніка на «ты», і Скіну нічога не заставалася, як толькі адказваць яму тым жа. Праўда, рабілі яны гэта толькі пры асабістых зносінах, без пабочных асоб.

– Памятаеш апошнюю буйную партыю жанчын? – спытаў Скін. – Колькі іх тады нам даслалі? Больш за пяцьдзесят, здаецца…

– Пяцьдзесят сем, – сказаў Холін без затрымкі. – І ўсе былі рэалізаваны за першыя тры дні, акрамя адной, на якую, чамусьці, так і не знайшлося пакупніка…

«І якую ты ўзяў сабе, лічы, што бясплатна! – міжволі падумалася Скрайфу. – Трэба ж так апусціцца! Хоць… невядома, як буду выглядаць я, калі пратырчу тут хоць палову таго тэрміна, што Холін?..» Ён успомніў раптам, якой кіслай была фізіяномія Холіна, калі яны сустрэліся ўпершыню. Мабыць, ягоны цяперашні намеснік спаў і бачыў ужо менавіта сябе загадчыкам аддзялення. І, будзем шчырымі, паставы для гэтага спадзявання ў яго меліся, і былі яны куды больш важкімі, чым у Скіна, але…

Усю справу вырашыла тое, што Скін вучыўся калісьці разам з Томам Ліўскі і нават крыху сябраваў з ім у тыя далёкія часы.

– А чаму раптам ты зацікавіўся менавіта гэтай партыяй? – спытаў Холін, вяртаючы думкі Скіна з нябёсаў, дзе яны толькі што луналі, зноў на грэшную зямлю. – Здарылася што?

Скрайф паціснуў плячамі.

– Ды не, нічога звышасаблівага! Проста сёння раніцай да адной з жанчын гэтай партыі пачала вяртацца памяць…

– Гэта бывае! – Холін глядзеў на загадчыка спакойна і нават добразычліва, але і ў поглядзе ягоным, і ў тоне, якім ён размаўляў са Скінам, адчуваліся, як і заўсёды, дрэнна прыхаваныя ноткі ўласнай сваёй перавагі, пагарды нават… – Я думаю, не трэба вельмі ўжо хвалявацца з-за гэткай дробязі. Проста паведаміць дзяжурным… яны ведаюць, што рабіць у падобных выпадках…

«Чаму я прыпёрся да яго зараз? – стомлена падумалася Скіну. – Што я, наогул, хачу высветліць, чаму мяне так закранула гэтая гісторыя? Ну, пачала ўспамінаць… не яна першая, не яна апошняя! Дзяжурная брыгада за паўгадзіны прывядзе яе ў парадак, калі гэта можна назваць парадкам! А Холін… вось ён глядзіць на мяне зараз і пэўна ўжо ягоны доўгі, звышадчувальны нос, якім ён так ганарыцца, пачуў пах… ён, вядома ж, нічога не скажа мне, тым больш, нічога не скажа падначаленым… ён, наогул, ніколі не апускаецца да пустых размоў з імі, у адрозненні ад мяне. Але ён так рады любому выпадку хоць у чымсьці прынізіць мяне, выявіць маю поўную, як кажуць, прафесійную некампетэнтнасць. Што ж, магчыма, ён і мае рацыю!

– Гэта ўсё? – падкрэслена ветліва спытаў Холін, зноў падсоўваючы да сябе паперы. – Прабач, але я планаваў сёння праверыць наш месячны баланс, бо хутка канец квартала…

– Я памятаю! – буркнуў Скрайф, устаючы. – Я зараз пайду! Проста… справа ў тым, што гэтая жанчына… яна заявіла раптам мужу, што калісьці жыла ў палацы…

Ён чамусьці падумаў, што гэтае ягонае паведамленне зацікавіць Холіна… і сапраўды, Холін, на хвілінку адарваўшыся ад сваіх папер, зноў узняў галаву.

– Вось нават як? – прагаварыў ён абыякава. – Магчыма і жыла! Што з гэтага?

І, нават не чакаючы адказу, ягоны доўгі чырванаваты нос зноў уткнуўся ў паперы.

– Пачакай! – павольна прагаварыў Скрайф, зноў апускаючыся ў крэсла. – Тады мне не зусім зразумела адна рэч! Хіба сярод жанчын, якіх нам пастаўляюць… – запнуўшыся, ён змоўк на імгненне. – Я хацеў сказаць, што заўсёды думаў, што наш «тавар» набываецца на адсталых, бедных планетах, сярод сацыяльных нізоў грамадства…

– У асноўным, так яно і ёсць! – і зноў слых Скрайфа разанула кепска прыхаваная нотка паблажлівасці, пагарды нават у роўным, размераным тоне субяседніка. – ФІРМА мае ўстойлівыя кантакты са сваімі агентамі на такіх планетах і цалком легальна набывае там пераважную большасць жанчын. Але… – Холін ледзь чутна хмыкнуў, – бізнес ёсць бізнес…

– Не зразумеў!

Холін уважліва паглядзеў на Скрайфа. Уважліва і некалькі недаўменна.

– А што тут разумець! – буркнуў ён. – Частку «тавара» нам пастаўляюць піраты, і, прытым, вельмі танна. Згадзіся, сярод такога «грузу» можна сустрэць каго заўгодна!

– Нават прынцэсу? – спытаў Скін.

Холін паціснуў плячамі.

– Прычым тут прынцэса? У палацах жывуць не толькі прынцэсы! Прыслугі там, згадзіся, куды больш, чым непасрэдна саміх прынцэс!

Ён змоўк, паказваючы ўсім сваім выглядам, што размова скончана. Але Скрайф усё яшчэ заставаўся сядзець.

Нельга сказаць, што ён упершыню пачуў аб цесных сувязях ФІРМЫ з піратамі… гэта, прынамсі, не было сакрэтам ні для каго з супрацоўнікаў ФІРМЫ, пачынаючы з вышэйшых кіраўнікоў і закончваючы самым ніжэйшым клеркам. Але адна справа – чуць пра гэта проста краем вуха ў сяброўскіх размовах з калегамі на вечарынцы альбо карпаратыўнай гулянцы… і зусім іншая – калі ўявіць, як яно бывае на самой справе…

Холін зноў адклаў свае паперы і ўздыхнуў.

– Ва ўсялякім разе, калі ты так жадаеш, я магу праглядзець поўную дакументацыю той партыі. Ты памятаеш нумар гэтай жанчыны.

Скрайф машынальна назваў нумар, які, у сваю чаргу, пачуў ад фермера. Потым ён устаў, зноў вярнуўся ў свой кабінет і, зачыніўшы дзверы на дыстанцыйны замок, нецярпліва выцягнуў з патаемнай шуфлядкі поўную бутэльку з такім неабходным яму зараз напоем.

– Што мы робім?! – з горыччу шаптаў ён у рэдкіх прамежках паміж глыткамі. – Як можам мы рабіць такое?! Усе мы злачынцы… усе: і я, і Холін, і Том… і ўся наша занюханая ФІРМА! Усе мы злачынцы і няма нам даравання… нікому з нас… няма даравання… ніколі… ніколі…

Глава 3

Калі О’Ніл аддаваў апошнія загады сваёй збітай да крыві рабочай жонцы, у яго нават ценю сумнення не ўзнікала ў тым, што жанчына адразу ж пачне спраўна выконваць гэтыя загады мужа. Як жа інакш! Будзе выконваць старанна і добрасумленна, і выканае ўсё, што ад яе патрабуецца! Так было заўжды… для гэтага, урэшце рэшт, і прызначаліся рабочыя жонкі на Аграполісе!

Але на гэты раз фермер памыліўся.

Рабочая жонка О’Ніла не стала нічога прыбіраць на кухні… тым больш, не пайшла яна займацца гаспадаркай. Перазмагаючы боль, збітая, амаль знявечаная жанчына, хістаючыся, падыйшла да вялізнага белага крэсла ля сцяны, апусцілася ў гэтае крэсла ды так і застыла ў поўнай нерухомасці, абхапіўшы галаву рукамі.

Сядзець у белым крэсле было забаронена ўсім, акрамя гаспадара. Тым больш, забарона тычылася ягонай рабочай жонкі, і да сённяшняга дня жанчына ніколі не парушала гэтую забарону (як і многія іншыя забароны, дарэчы). Зараз жа яна, нібыта спецыяльна, апусцілася менавіта ў гэтае крэсла, зусім не думаючы аб тым, што заляпанае яе ўласнай крывёю накідка не прыбавіць рахманасці і памяркоўнасці і без таго надта ўжо раз’юшанаму гаспадару.

Імгненні складваліся ў хвіліны… хвіліны цяклі адна за адной, адлічваючы гадзіну… за ўвесь гэты час жанчына ў крэсле нават не паварушылася. Збоку магло падацца, што яна, ці то заснула, ці то страціла ўсё ж прытомнасць ад моцнага, нясцерпнага нават болю… але гэта было не зусім так. Жанчына не страціла прытомнасці, яна і не спала зараз – жанчына пакрысе ЎСПАМІНАЛА СВАЁ МІНУЛАЕ…

Гэта было нялёгкім заняткам… нялёгкім і амаль безнадзейным. Мінулага ў жанчыны не існавала… мінулае пачыналася менавіта з той самай дэманстрацыйнай залы, дзе купіў яе калісьці муж… Усё, што было раней, калі яно і было, акутваў туман, шчыльны, непраніцальны… і разгледзіць хоць штосьці ў суцэльным гэтым тумане было амаль немагчыма…

Нічога, акрамя адной толькі фразы:


КАЛІСЬЦІ Я ЖЫЛА Ў ПАЛАЦЫ!


У думках жанчына зноў і зноў паўтарала выратавальную гэтую фразу… яна так баялася страціць яе, страціць і ніколі ўжо больш не знайсці. Бо гэта была не проста фраза – там, за ёй, за простым, будзёным яе гучаннем штосьці існавала… казачна-чароўнае штосьці, і жанчыне так трэба было, так неабходна было ўспомніць гэтае «штосьці»! Хоць часткова ўспомніць…


КАЛІСЬЦІ Я ЖЫЛА Ў ПАЛАЦЫ!


Невыразныя, цьмяныя вобразы ўсплывалі адзін за адным аднекуль з самых патаемных глыбінь падсвядомасці… сотні, тысячы нават вобразаў… і хоць большасць з іх не асацыіравалася літаральна ні з чым – некаторыя з вобразаў былі неяк дзіўна знаёмыя… але жанчына ніяк не паспявала хоць крыху, хоць з чымсьці асэнсаваць гэтую падманлівую іх знаёмасць. Вобразы знікалі гэтак жа нечакана, як і з’яўляліся… знікалі, каб саступіць месца наступным… і сярод гэтых новых вобразаў таксама праглядваліся нейкія дзіўна знаёмыя рысы… і зноў жанчына ўсё ніяк не паспявала з іх асэнсаваннем…

– Калісьці я жыла ў палацы! – з адчаем шапталі скрываўленыя вусны жанчыны. – Я жыла ў палацы! У палацы…

І раптам сярод хаатычнага перапляцення невядомых і незнаёмых ёй мудрагелістых вобразаў узнік… палац!

Той самы, у якім яна жыла калісьці…

Жанчына адразу ж пазнала яго, гэты палац. Вось вялізная пазалочаная зала на першым паверсе… а вось ужо яна ідзе па шырокай аметыставай лесвіцы… яна ўзнімаецца па ёй на другі паверх. Яна ідзе адна… а за ёй, пачціва як таго і патрабуе этыкет, адстаўшы на некалькі прыступак, ідзе яе світа. І самымі першымі ў свіце знаходзяцца яе баявыя сяброўкі, адданыя ёй душой і целам… бо ўсе яны, і яна ў тым ліку, усе яны…

Усе яны – ДЗІКІЯ КОШКІ БАРСУМА!

Фермер О’Ніл, неміласердна і без усялякай літасці збіўшы рабочую сваю жонку, сам таго не жадаючы, аказаў ёй вялікую паслугу.

Боль, нясцерпны, невыносны амаль боль гэты рэзка паскорыў працэс успаміну, здымаючы слой за слоем складаную сістэму гіпнаблакіроўкі. Яшчэ імгненне – і ён прабіў у ёй першую адтуліну…

Нібы няспраўны шлюз пад націскам шалёнай вясновай паводкі, разляцелася ўшчэнт мудрагелістая і, здавалася б, такая бездакорная сістэма гіпнаблакіроўкі, і цяжкі вадаспад успамінуў абрынуўся на жанчыну. Пад націскам неўтаймаванага гэтага вадаспаду жанчына звалілася на падлогу, цела яе забілася ў сударагах, на якія страшна было нават глядзець. То выгінаючыся дугой, так, што патыліца яе амаль што ўваходзіла ў судакрананне з пяткамі босых ног, то скручваючыся ў нейкі неверагодны вузел, жанчына бездапаможна і беспрытомна білася на падлозе, галава яе раз-пораз балюча стукалася аб масіўную металічную ножку крэсла, шырока разведзеныя пальцы адчайна скрэблі гладкую паверхню падлогі ў марнай спробе хоць за што-небудзь ухапіцца…

Гэта працягвалася даволі доўга і скончылася гэтак жа нечакана, як і пачалося. Нейкі час нерухомае цела жанчыны яшчэ ляжала на падлозе, потым яна слаба паварушылася і села. Вочы жанчыны былі заплюшчаны, тонкія прыгожыя пальцы яе з сілай прыціскаліся да скроняў. Прайшло яшчэ некалькі часу і жанчына, расплюшчыўшы вочы, абвяла недаўменным позіркам невялікае памяшканне кухні. Паступова недаўменне ў вачах жанчыны знікала, саступаючы месца гідлівасці і гневу.

Цяпер жанчына памятала і ведала ўсё. Дакладней, амаль ўсё…

Яна ведала, хто яна такая, і ведала, што ж ёй рабіць далей!

Да вушэй жанчыны данёсся раптам такі знаёмы гул электракара. Гул хутка набліжаўся… вось ён ужо побач з домам, потым гул неяк няўлоўна змяніўся і праз нейкі час сціх зусім. І адразу ж там, знадворку, пачулася гучная, раз’юшаная лаянка.

Фермер О’Ніл, яе ўладар, нічым не абмежаваны гаспадар яе жыцця і смерці, вярнуўся дадому.

На нейкае кароткае імгненне ў абуджанай душы жанчыны трывожна варухнуліся апошнія, знікаючыя ноткі былога страху, але гэта працягвалася ўсяго толькі адно імгненне. Цяпер душу жанчыны перапаўнялі зусім іншыя пачуцці… засмяглыя вусны яе скрывіла раптам нейкая дзіўная, злавесная нават усмешка. Потым жанчына павольна ўстала з падлогі і застыла ў чаканні…

* * *

Настрой О’Ніла, калі ён вылазіў з электракара, быў далёка не з лепшых. Ранішні інцыдэнт з жонкай, потым гэты зняважальны (іншага слова тут не падбярэш нават) прыём у загадчыка аддзялення. О’Ніл зарокся болей нават блізка падыходзіць да дзвярэй кабінета гэтага фанабэрыстага індыка, лепш ужо ён будзе вырашаць справы з ягоным першым намеснікам, Холіным, з якім быў даўно знаёмы. Ды і дзяжурны вёў сябе даволі нахабна… так што аддзяленне ФІРМЫ О’Ніл пакінуў у яшчэ больш кепскім настроі, чым туды ўвайшоў.

І вось цяпер, вярнуўшыся дадому, ён убачыў раптам такое, ад чаго ажно у вачах пацямнела ад злосці.

Рабочая жонка пасля ягонага ад’езду нават палец аб палец не ўдарыла! Хутчэй за ўсё, яна нават з дому не вылезла ані разу, лянівая дрэнь!

Галодныя ад самай раніцы каровы з глухім вантробным рыканнем грызлі ўласныя стойлы, ды так, што толькі трэск стаяў навокал. Але гэта было яшчэ не самае горшае – куды горш было тое, што прыёмная цыстэрна для малака была перапоўнена і перапоўнена ўжо даўно. Малако збягала праз яе край не струменьчыкамі, а цэлымі раўчукамі, знізу, пад цыстэрнай расплылася вялізная белая лужына, якая ўсё павялічвалася і павялічвалася ў памерах…

– Ты дзе там, дрэнь?! – перакрываючы рыканне галоднай жывёлы, зароў О’Ніл, увесь чырвоны ад шаленства і гневу. – Ідзі, паглядзі, што ты нарабіла, паскуда!

Рабочая жонка проста не можа не выканаць загад мужа… але хвіліна ішла за хвілінай, а рабочая жонка так і не з’яўлялася. Гэта магло азначаць толькі адно…

«Няўжо яна ўсё ж памерла? – занепакоена падумалася фермеру. – Гэтага яшчэ не хапала на маю галаву! Ды што ж сёння за дзень такі няўдалы – усё адно да аднаго! А можа… можа яна толькі страціла прытомнасць?»

Забыўшыся і аб каровах, і аб малацэ – гары яно гарам! – О’Ніл нібыта шалёны кінуўся да дзвярэй дома, убег у пярэднюю… ліхаманкава, рыхтуючы сябе да самага горшага, расхінуў дзверы на кухню…

І ажно аслупянеў ад нечаканасці.

Пасярод кухні стаяла ягоная рабочая жонка. Жывая і, здаецца, нават не вельмі пакалечаная. Яна стаяла моўчкі і нерухома, нібыта статуя… галава жанчыны была высока ўзнята, і нават калі недаўменна-суровы позірк фермера сутыкнуўся на імгненне з яе немігаючым позіркам, нават тады рабочая жонка не апусціла звыкла галаву, яна нават позірка ўбок не адвяла.

Кароткае пачуццё палёгкі з прычыны таго, што жонка ўсё ж засталася жывой, зноў змянілася ў О’Ніла новым прыступам гневу. Тым больш, што акінуўшы беглым позіркам кухню, ён убачыў, што гэтая лянівая дрэнь не пачала прыбіраць нават тут!

Ну, гэта ёй дарма не пройдзе!

Нейкі папераджальны ўнутраны голас нібыта шапнуў фермеру, што лепш бы яму зараз устрымацца ад крайніх мер, пачакаць рамонтную брыгаду – няхай спярша прывядуць жанчыну ў парадак. Тым больш, што ў ягоным цяперашнім раз’юшаным стане не так проста ўтрымаць сябе ў рамках дазволенага. А што, калі ён і на гэты раз не зможа стрымацца і зноў заб’е жонку да смерці! Забойства двух рабочых жонак на працягу такога кароткага тэрміну ФІРМА можа і не зразумець…

Магчыма, О’Ніл усё ж прыслухаўся б да пераканаўчых довадаў унутранага свайго голасу і, сцішыўшы гнеў, адклаў расправу на будучыню, але тут ягоны позірк нечакана спыніўся на крэсле, любімым ягоным крэсле з бялюткай палатнянай накідкай зверху. Накідка крэсла не выглядала зараз бялюткай: на яе пакамячанай паверхні бачны былі шматлікія крывавыя плямы, і гэта магло азначаць толькі адно…

– Ты сядзела ў маім крэсле?! – павольна, нібыта не верачы ўласным сваім вачам, прагаварыў О’Ніл, вялізныя кулакі фермера сціснуліся так, што пазногці глыбока ўпіліся ў далоні, чаго О’Ніл, здаецца, нават не заўважыў, настолькі ён быў раз’юшаны. – Як жа ты пасмела туды сесці, дрэнь?!

Калі адкінуць у бок інтанацыі, гэта ўсё ж было пытанне, а на любое з пытанняў рабочая жонка павінна хоць штосьці ды адказаць. У крайнім выпадку – упасці на калені і прасіць аб літасці. Але рабочая жонка О’Ніла і на гэты раз нічога не адказала мужу, яна нават не варухнулася… больш таго, жанчына ўсё працягвала і працягвала глядзець на О’Ніла сваім новым, дзіўна-незнаёмым немігаючым позіркам.

Гэты яе позірк быў бадай што самай апошняй кропляй, якая ўсё ж перапоўніла чашу цярпення фермера. Люты гнеў, які ахапіў яго зараз, не даваў магчымасці ўжо ні думаць, ні цвяроза разлічваць наступствы сваіх учынкаў. Чорт з імі, з гэтымі цяльпухамі-рамонтнікамі, якія ўсё ніяк не могуць своечасова прыбыць… чорт з ёй, з іх занюханай ФІРМАЙ! Няхай гэтая паршывая кантора наложыць на яго буйны штраф за паўторнае забойства жонкі, няхай прымусіць купляць наступную жонку за яе поўны і нават завышаны кошт… няхай будзе, як будзе, але зараз ён прымецца збіваць гэтую лянівую дрэнь да таго часу, пакуль яна, енчучы ад болю і жаху, не запросіць аб літасці! Толькі ў такім выпадку будзе ў яе шанц застацца жывой… ва ўсялякім жа іншым выпадку…

Што ж, тым горш для яе!

Цяжка ступаючы, О’Ніл падыйшоў да жонкі ўшчыльную.

– Ну, трымайся, паскуда! – прахрыпеў ён прама ў твар жанчыны, марна стараючыся адшукаць зараз на прыгожым гэтым твары хоць нейкі цень спалоху альбо нават разгубленнасці. – Зараз табе будзе вельмі кепска!

Пудовы кулак фермера са свістам прарэзаў паветра. О’Ніл кіраваў удар у сківіцу жанчыны, мяркуючы гэтым, першым жа ўдарам, зваліць яе з ног… ну, а ўжо затым пусціць у справу цяжкія свае чаравікі. Удар амаль дасягнуў сваёй мэты, як раптам здарылася неспадзяванае.

Левая рука жанчыны імгненна ўзляцела ўверх, кулак фермера быў спынены ў нейкім міліметры ад яе твару. Больш таго: тонкія жаночыя пальцы з такой сілай сціснулі раптам запясце О’Ніла, быццам гэта былі сталёвыя абцугі, а ніяк не чалавечыя пальцы. У запясці нешта гучна хруснула, рука фермера імгненна анямела аж да самага пляча… тонка ўскрыкнуўшы ад нясцерпнага болю, ён нават прысеў. Затым жанчына зрабіла нейкі няўлоўны рух правай рукой, і О’Ніл, адарваўшыся ад падлогі і праляцеўшы амаль праз усё памяшканне, з грукатам урэзаўся спіной і патыліцай ў цвёрдую, мураваную кладку сцяну. Потым ён з яшчэ большым грукатам абрушыўся на падлогу. Праўда, амаль адразу ж зноў ускочыў на ногі.

Ногі дрыжэлі і падкошваліся, вельмі балела спіна, кружылася галава, перад вачыма ўсё плыло і раздвойвалася… правая, пашкоджаная рука амаль не слухалася О’Ніла. Затым яго рэзка павяло ўбок, ды й так, што, каб не ўпасці, фермер вымушаны быў абаперціся аб сцяну здаровай левай рукой. Гэтая дрэнь асмелілася ўняць руку на свайго гаспадара… яна кінула яго праз увесь пакой… як яна магла зрабіць гэтае?! Гэта немагчыма… ніхто з мужчын не здольны на такое, нават асілак Том Каркозі, ягоны сусед-фермер, нават Карантышка Джон, знаёмы пілот ФІРМЫ! Дык што, выходзіць ягоная рабочая жонка мацнейшая і за Каркозі, і за самога Карантышку Джона?!

Туман у вачах фермера паступова рассейваўся, ногі перасталі дрыжаць і падкошвацца, і О’Ніл, узняўшы галаву, паглядзеў у бок жонкі.

Жанчына стаяла, здаецца, на тым жа самым месцы, што і раней… яна не варушылася, і ўсё глядзела і глядзела на мужа дзіўным, незнаёмым сваім позіркам. Позірк гэты нічога не выражаў, зусім нічога: ні страху, ні гневу, ні, нават, цікаўнасці. Можа толькі было ў ім крыху гідлівасці – так глядзяць людзі на раструшчанага чарвяка пад сваімі нагамі…

Ад зневажальнага гэтага позірку сваёй рабочай жонкі О’Ніла на імгненне зноў ахапіў люты гнеў… але ахапіў на адно толькі кароткае імгненне, адразу ж саступіўшы месца нейкаму падсвядомаму, амаль жывёльнаму страху, тым больш, што ногі фермера ўсё яшчэ былі нібыта з ваты, запясце правай рукі, хутчэй за ўсё, было моцна пашкоджаным, так што О’Ніл, у выпадку чаго, мог бараніцца адной толькі левай рукой.

Гэта было штосьці неверагоднае: фермер думаў зараз не аб тым, як пакараць непаслухмяную сваю жонку – ён шукаў спосаб абараніцца ад новага яе нападу! Без усялякіх нават намаганняў шпульнула яна яго праз увесь пакой… шпульнула адной толькі рукой…

Але як жа яна магла такое зрабіць?!

«Яна ўспомніла сваё мінулае! – пранеслася ў галаве О’Ніла раптоўная здагадка, і ён нават пахаладзеў увесь ад ахапіўшага яго жаху. – Кім жа яна была ў мінулым сваім жыцці, гэтая жанчына?!»

О’Ніл зноў кінуў у бок жонкі хуткі позірк, і амаль адразу ж таропка адвёў вочы. Не трэба правакаваць яе на далейшыя дзеянні, пакуль сама яна не праяўляе ніякай агрэсіўнасці, застаючыся поўнасцю нерухомай. Магчыма, калі яе не чапаць першаму…

Гэтая думка крыху падбадзёрыла фермера. Зноў непрыкметна зірнуўшы на жонку, ён перавёў погляд на дзверы збоку ад яе.

Там быў уваход ва ўнутранныя пакоі. Туды неабходна было трапіць, жыццёва неабходна… бо менавіта там захоўваецца ягоная зброя. Божа, з якім задавальненнем узніме ён цяжкі сваё пісталет і выпусціць у гэтую пачвару ўсю абойму! Гэта неабходна зрабіць, бо рабочая жонка стала небяспечнай і яе трэба спыніць! ФІРМА… яна ўсё зразумее, яна кампенсуе О’Нілу страты, а, можа, нават узнагародзіць яго за праяўленыя мужнасць і рашучасць, бо сітуацыя яўна выйшла з-пад кантролю!

Засталося толькі вырашыць, як лепш дабрацца да гэтых самых дзвярэй.

Першым памкненнем О’Ніла было зрабіць нечаканы моцны рывок наперад і, апярэдзіўшы жанчыну, зачыніць зверы знутры. Няхай нават яна выламае потым гэтыя дзверы… нічога страшнага, у ягонай руцэ ўжо будзе пісталет, і тады…

А што, калі ён не паспее дабрацца да дзвярэй першым?!

Такое было магчыма, і тады О’Ніл вырашыў пайсці на хітрасць. Фізічная моц ягонай рабочай жонкі несумненная, але, магчыма, розум яе ўсё яшчэ не абудзіўся цалком? Нездарма ж яна застыла зараз у нейкім здранцвенні, нездарма ж яна ўвесь час маўчыць…

– Схадзі, пакармі кароў! – нібыта ні ў чым ні бывала прагаварыў О’Ніл, стараючыся, каб голас ягоны гучаў цвёрда і пераканаўча. – І малако трэба пераліць з цыстэрны… яно там ужо праз край перацякае!


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации