Текст книги "Дзікія кошкі Барсума"
Автор книги: Генадзь Аўласенка
Жанр: Космическая фантастика, Фантастика
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 16 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
Глава 6
– Гэта ўсё, што я памятаю, – адкінуўшыся на падушку, сказаў Свенсан. – Астатняе вы ведаеце лепш за мяне.
– Чаму яна не забіла вас? – спытаў Холін.
Свенсан паціснуў плячамі.
– Магчыма, таму, што пазнала. Я ж казаў: мы сустракаліся з ёй раней… – Так, вы гэта казалі…
Узняўшыся з табурэта, Холін нейкі час моўчкі хадзіў па палаце. Свенсан гэтак жа моўчкі глядзеў у белую столь.
– Як вы сябе адчуваеце? – спытаўся Холін, спыняючыся.
– Цудоўна! – сказаў Свенсан змрочна. – Проста цудоўна!
– Так і павінна быць! – Холін крыва ўсміхнуўся. – Гэтыя анастэзіруючыя кулі для кароў… там вельмі складаны састаў, але ўсё разлічана так, каб каровы не адчувалі пасля анастэзіі аніякага дыскамфорту. Колькі, вы кажаце, разоў яна ў вас стрэліла?
– Два разы.
– Яна разлічыла дозу! – Холін зноўку крыва усміхнуўся. – Пасля трох вы б ужо не ачунялі!
– Я ж кажу: яна не хацела мяне забіваць! Толькі абясшкодзіць!
Нейкі час яны абодвы маўчалі, потым Свенсан першым парушыў працяглае гэтае маўчанне.
– Што з жанчынай? – спытаў ён. – Што з ёй?
Нейкі час Холін моўчкі глядзеў на Свенсана, так, нібыта вырашаючы, паведамляць яму хоць штосьці яшчэ альбо лепш гэтага не рабіць.
– Спадзяюся, што яна загінула ў час выбуху, – прагаварыў ён нарэшце. – Вельмі на гэта спадзяюся… Ён змоўк, кінуў хуткі погляд на скамянелы твар Свенсана і дадаў: – Я і забыўся, што вы нічога аб гэтым яшчэ не ведаеце!
– Аб чым, аб гэтым?
– Ну… – Холін зноў апусціўся на табурэт. – Калі ахоўнікі прыляцелі туды, то першай справай яны наткнуліся на вас. Вы ляжалі ў рамонтным катэры… – Аб гэтым мне ўжо паведамілі, – хутка прагаварыў Свенсан. – Што было далей?
– Далей… – Холін уздыхнуў. – Далей, як заўсёды. Яны паведамілі сюды аб знаходцы… дарэчы, вас палічылі загінуўшым… потым двое засталося каля катэра, а астатнія восем… – Восем? – здзіўлена перапытаў Свенсан. – Вы паслалі туды групу з дзесяці ахоўнікаў?
Холін кіўнуў.
– Вы ўжо ведалі, што гэта «дзікая кошка»?
Холін зноў кіўнуў.
– Праўда, калі пасылалі вас, я яшчэ аб гэтым не ведаў, – дадаў ён. – Гэта было самагубствам: пасылаць звычайную рамонтную брыгаду супраць «дзікай кошкі»!
У словах Холіна была свая логіка, але Свенсан, чамусьці, адчуў сябе абражаным.
– Спадзяюся, ахоўнікі справіліся з гэтым лепш? – прагаварыў ён суха і з пэўнай доляй сарказму.
Холін насупіўся.
– Я б гэтага не сказаў!
– Містэр Холін! – пачуўся з наручнага камутатара голас сакратара Скрайфа. – Зайдзіце, калі ласка, да містэра Скрайфа!
– Буду праз некалькі хвілін! – абыякава, думаючы аб нечым сваім, прагаварыў Холін.
Ён устаў, па-сяброўскі, хоць і без асаблівай шчырасці, паляпаў Свенсана па плячу.
– Выздараўлівай! – кінуў Холін, ужо накіроўваючыся да дзвярэй.
– Што сталася з ахоўнікамі? – спытаў Свенсан, калі Холін ужо выходзіў. – З тымі, што ўвайшлі ў дом? Яны што, таксама загінулі?
Але Холін, ці то не пачуў яго, ці проста зрабіў выгляд, што не пачуў?
* * *
У кабінеце Скрайфа Холіна чакаў сюрпрыз у выглядзе насупленнага Тома Ліўскі. Ён сядзеў на месцы Скрайфа, сам жа Скрайф усталяваўся насупраць на адным з гэтых сваіх дурацкіх крэслаў для наведвальнікаў, і выгляд у непасрэднага начальніка Холіна быў далёка не з лепшых.
«Ага! – зларадна падумалася Холіну. – Нарэшце і ты атрымаў тое, што даўно ўжо заслугоўваеш!» Ён ветліва павітаўся з Ліўскі, але той толькі кіўнуў яму на свабоднае крэсла побач са Скрайфам. Холін паспяшаўся сесці.
Нейкі час усе трое маўчалі. Ліўскі нервова барабаніў пальцамі па краю стала, Скрайф, чырвоны і надзьмуты, глядзеў кудысьці ўніз, на свае чаравікі. Холін таксама паглядзеў на свае, і ўспомніў раптам, што сёння раніцай забыўся загадаць жонцы паваксаваць іх. Трэба будзе не забыцца сказаць аб гэтым вечарам.
– Ну, што ж, – парушыў, нарэшце, агульнае маўчанне Ліўскі. – З меркаваннем Скіна я ўжо азнаёміўся. Хацелася б паслухаць вашы меркаванні, Максіміліян. Толькі не трэба паўтараць тое, што я ўжо ведаю! А ведаю я шмат: і пра смерць фермера, і пра загінуўшых рамонтнікаў… і пра ахоўнікаў таксама… Скажыце лепш: вы ўпэўнены, што гэтая жанчына таксама загінула?
Холін чакаў менавіта гэтага пытання і адказ на пытанне ў яго ўжо меўся. На жаль, у гэтым адказе многае не задавальняла нават самога Холіна, і ён ведаў: начальству гэты ягоны адказ таксама будзе вельмі не даспадобы.
– Калі ахоўнікі ўвайшлі ў дом, – пачаў ён, – там раптам пачалася страляніна…
– Ахоўнікаў было восем? – нечакана перабіў Холіна Ліўскі. – Я не памыліўся?
– Ахоўнікаў было дзесяць. – Холін адкашляўся. – Але двое, згодна з інструкцыяй, засталіся каля катэра, так што вы не памыліліся: іх і сапраўды было восем… – А потым будынак нечакана ўзляцеў у паветра? – не спытаў, а хутчэй канстатаваў гэты факт Ліўскі. – Разам з усімі ахоўнікамі?
– І з жанчынай! – падаў голас Скрайф. – Не забывайце, яна таксама загінула разам з усімі!
Але Ліўскі нават не павярнуў галаву ў ягоны бок. Ён глядзеў на Холіна, уважліва глядзеў.
– Вы таксама лічыце, што яна загінула, Максіміліян?
– Не, я так не лічу! – сказаў Холін. – Гэта было б занадта… занадта проста!
Нейкі час усе маўчалі.
– Не зразумеў! – сказаў Ліўскі. – Занадта проста… што гэта значыць?
– Занадта проста для «дзікай кошкі», сэр!
І зноў нейкі час у памяшканні панавала поўнае і даволі напружанае маўчанне.
– Ты хочаш сказаць, што яе ўжо не было ў доме, калі туды ўвайшлі ахоўнікі? – недаверліва спытаў Скрайф. – З кім жа тады ахоўнікі вялі бой?
Холін паціснуў плячамі.
– Аб гэтым мы ўжо ніколі не даведаемся. Магчыма… яны стралялі адзін у аднаго… – Адзін у аднаго! – Скрайф недаверліва хмыкнуў. – Ну, трэба ж!
– Гэта жарт? – спытаў Ліўскі холадна. – Вы, Холін, любіце так жартаваць?
Замест адказу Холін толькі зноў паціснуў плячамі.
– Холін ніколі не жартуе, Том! – сказаў Скрайф. – Гэта не ў яго правілах. Але ён можа памыляцца, як і ўсе жывыя людзі. Вось і зараз ён проста ўбіў сабе ў галаву аб нейкіх амаль звышнатуральных магчымасцях гэтых самых «кошак», і таму памылкова лічыць… – Магчыма, я і на самой справе памыляюся! – перабіў свайго непасрэднага начальніка Холін, пры гэтым нават не зірнуўшы ў ягоны бок. – Я сам буду толькі рады, калі гэта так! Калі ж яна ўсё ж жывая… – І што тады? – з насмешкай спытаў Скрайф. – Чым ты хочаш нас запалохаць, Холін? Адной-адзінай жанчынай, якая, калі яна нават цудам і засталася ў жывых, зараз хаваецца дзесьці ад… – Памаўчыце, Скін! – Ліўскі узняў руку. – А вы, – звярнуўся ён да Холіна, – працягвайце! Мы вас уважліва слухаем!
Холін кінуў хуткі погляд на сцяўшага зубы Скрайфа, потым крыху памаўчаў, збіраючыся з думкамі.
– Паспрабуем зыходзіць з той, хоць і невялікай долі верагоднасці, што яна ўсё ж нейкім чынам засталася жывой, – пачаў ён. – Што тады?
– Што тады? – машынальна паўтарыў Ліўскі і, спахапіўшыся, дадаў: – Працягваеце, Максіміліян, я вас уважліва слухаю!
– Я працягваю. Са слоў Свенсана нам вядома, што яна забіла Карантышку… – І Леслі! – напомніў Скрайф. – Карантышку і Леслі!
– Яна забіла Карантышку! – упарта паўтарыў Холін. – У той час, калі Свенсан адключыўся, Леслі быў яшчэ жывы! Знявечаны, але жывы! І гіпнакрэсла ў рабочым рэжыме побач… – Ты хочаш сказаць… – пачаў было Скрайф, але Ліўскі жэстам загадаў яму замаўчаць.
– Навошта ёй было гіпнакрэсла? – рэзка спытаў ён.
– Ну, гэта ж проста! – Холін паціснуў плячамі. – Ёй патрэбны былі дадзеныя аб яе сяброўках, а іх было, акрамя яе, яшчэ чацвёра! – дадаў ён у адказ на нямое пытанне Ліўскі. – Пяць «дзікіх кошак»! Уяўляеце, што адбудзецца, калі да ўсіх іх вернецца памяць?!
Ён змоўк і з задавальненнем адзначыў, што Ліўскі, здаецца, цалком на яго баку. А Скрайф… што ён з сябе ўяўляе, гэты Скрайф! Пустое месца!
– І што вы прапануеце? – спытаў Ліўскі.
На гэтае пытанне ў Холіна быў адказ. Адзіны, з усіх магчымых.
– Забіць! – коратка сказаў ён. – І прытым неадкладна!
Скрайф насмешліва хмыкнуў. Ды і сам Ліўскі, напэўна, не чакаў менавіта такога адказу.
– Забіць? – перапытаў ён. – Але ж гэта ўжо не наша ўласнасць… Што мы скажам фермерам?
І на гэта пытанне ў Холіна ўжо меўся адказ.
– Праўду! – сказаў ён. – Дакладней, амаль праўду. Што іх жонкі сталі небяспечнымі. Што за іх фермеры адразу ж атрымаюць паўнацэнную замену, і, апрач таго, яшчэ невялікую грашовую кампенсацыю. Мне здаецца, з фермерамі праблем не будзе.
Скрайф нецярпліва паварушыўся на сваім крэсле.
– Праблемы будуць у ФІРМЫ! – сказаў ён. – Кошт чатырох новых жанчын, якім мы аддаём проста так, без усялякай аплаты, плюс расходы на грашовую кампенсацыю… І прытым, няма ніякіх доказаў, што гэтая «дзікая кошка» засталася ў жывых!
Засвяціўся адзін з экранаў каля сцяны і на ім узнік устрывожаны твар дзяжурнага.
– У нас праблемы, сэр! – прагаварыў ён, ні да каго з начальства канкрэтна не звяртаючыся. – Забіты яшчэ адзін фермер. Яго рабочая жонка знікла.
* * *
Жанчына білася ў істэрыцы.
– Ты забіла майго мужа! – бесперапынна паўтарала яна. – Ты забіла майго гаспадара!
Другая жанчына моўчкі на яе глядзела. Вельмі падобная на першую і зусім на яе не падобная. Не толькі адзеннем, хоць і адзеннем таксама. На ёй быў ладна падагнаны плямісты камбінезон, на нагах высокія шнураваныя чаравікі. Першая ж жанчына была зусім босай, з адзення на ёй была адна толькі доўгая кашуля з тонкага і амаль празрыстага палатна.
– Ты забіла майго мужа! – зноў паўтарыла яна і, нарэшце, змоўкла, нізка апусціўшы галаву.
Другая жанчына працягвала моўчкі на яе глядзець. Яна нібыта чакала чагосьці.
А вакол на многія кіламетры цягнуліся палі гібрыднай кукурузы. Вялізныя мясістыя ствалы яшчэ не дасягнулі сваёй канчатковай вышыні, тым не менш яны ўзвышаліся над зямлёй метраў на дзесяць-пятнаццаць, шырока раскінуўшы ва ўсе бакі шырокую плоскую лістоту. Гэта было ідэальнае сховішча і для жанчын, і для катэра, які стаяў непадалёку. Праўда, пасадзіць яго тут каштавала жанчыне ў камбінезоне немалых намаганняў.
– Я цябе дзесьці бачыла! – сказала раптам жанчына ў доўгай кашулі, узняўшы галаву. Штосьці новае засвяцілася ў затуманеным яе позірку… затым яна трасянула галавой і, абхапіўшы далонямі скроні, дадала: – Вось толькі дзе я магла бачыць цябе… прынцэса?
Яна ўздрыгнула.
– Як я назвала цябе толькі што?
– Ты назвала мяне прынцэсай, Ізіда! – павольна прагаварыла жанчына ў камбінезоне, не зводзячы са сваёй субяседніцы ўважлівага свайго позірку.
– Ізіда?!
Жанчына ў кашулі раптам уздрыгнула.
– Хто я?! – выкрыкнула яна, напружана азіраючыся ва ўсе бакі. – Дзе я?! Чаму я нічога не памятаю аб сваім мінулым?!
Калені яе падагнуліся і жанчына мякка ўпала на зямлю, тварам уверх. Цела яе напруглася, потым яно выгнулася амаль дугой.
– Ізіда! – амаль нечленараздзельна мармытала жанчына, скаланаючыся ў бесперапынных канвульсіях. – Барсум! Я штосьці памятаю… я памятаю штосьці! Ірума! Ірума, ты дзе?!
– Я тут, побач з табой! – жанчына ў камбінізоне абхапіла тую, якую яна назвала Ізідай, за плечы, прыўзняла яе, упілася поглядам у яе па-ранейшаму затуманеныя вочы. – Ты мяне памятаеш, Ізіда?! Сяброўка мая, баявая мая сяброўка… «дзікая кошка» Ізіда, ты памятаеш мяне?!
– Я памятаю цябе, прынцэса! – прашаптала Ізіда, шчасліва ўсміхаючыся. – Але мне яшчэ шмат чаго неабходна ўспомніць… – Гэта дапаможа табе! – прагаварыла Ірума, адыходзячы крыху ўбок.
За яе спіной, каля самага катэра стаяла гіпнакрэсла. Тое самае…
* * *
– Дзіўна! – ні да каго канкрэтна не звяртаючыся, сказаў Ліўскі.
– Аб чым вы, сэр? – пацікавіўся Холін.
– Калі верыць гэтаму былому космадэсантніку…. як яго там?
– Свенсан, сэр. Алаф Свенсан.
– Дык вось, калі верыць Свенсану, цела першага забітага фермера было знявечана амаль да непазнаваемасці. Яго не проста забілі… яго катавалі… доўга катавалі… дзеля гэтага іхняга абраду ачышчэння, ці як яго там… А гэтага, другога фермера… яго проста забілі…
Ліўскі змоўк. Холін таксама маўчаў, не ведаючы што адказаць.
– А, можа, гэта простае супадзенне? Можа, яго забіў хтосьці з суседзяў?
– Сярод фермераў гэта не прынята, сэр! – дыпламатычна сказаў Холін. – Ды і навошта? Нічога ж не прапала… так што гэта не абрабаванне…
Ліўскі паціснуў плячамі.
– Прапала жонка. Магчыма, хтосьці ўпадабаў яе, ды так моцна, што пайшоў на злачынства?
– Тады гэта не фермер! – умяшаўся ў размовы начальнік аховы, які да гэтага пачціва сядзеў крыху ў аддаленні. – Магчыма, Сіндыкат… – Сіндыкат не стаў бы забіваць фермера! – рэзка адказаў Холін. – У гангстэраў свой кодэкс гонару, асабліва на гэтай, цалком фермерскай планеце!
– Тады, магчыма, хтосьці з заезжых гастралёраў! – не здаваўся начальнік аховы. – Жанчыны зараз у цане, самі ведаеце… – І ўсё ж гэта яна! – сказаў Холін з упэўненнасцю. – Гэта яна зрабіла! Бо прапаўшая жанчына таксама з «дзікіх кошак». Гэта што, супадзенне? Прабачце, але я не веру ў такія супадзенні!
– Чаму ж тады другога фермера проста забілі? – спытаў Ліўскі.
Холін задумаўся на імгненне.
– Магчыма, у яе не хапала часу, – сказаў ён. – Ну, а, магчыма, абрад ачышчэння патрэбен толькі адзін раз, а ўжо потым яны маюць права самі ачышчаць адна адну… – Вы гэта ведаеце, альбо ўсё гэта толькі ваша меркаванне? – рэзка спытаў Ліўскі.
– Гэта толькі маё меркаванне, сэр! – адказаў Холін з ранейшай пачцівай ветлівасцю ў голасе. – Але ў іншым я ўпэўнены: гэтая жанчына усё яшчэ жывая! І гэта яна забіла другога фермера!
Пілот катэра, павярнуўшыся, паведаміў: – Аб’ект нумар адзін прама па курсу! Які будзе загад?
Ліўскі зірнуў у круглае акно справа ад сябе. Тры дэсантныя катэры па-ранейшаму ляцелі крыху ніжэй катэра начальства, майстэрскі вытрымліваючы бездакорна роўны строй.
– Першая група на зніжэнне! – загадаў Ліўскі, узяўшы мікрафон. – Астатнім – працягваць палёт.
Ён праводзіў поглядам катэр, які пачаў зніжацца побач з сядзібай фермера, і павярнуўся да Холіна.
– Што ж, лічыце, Холін, што вы мяне пераканалі! І ўсё ж… калі вы памыляецеся…
Холін нічога не адказаў. Ён таксама сачыў за катэрам, які ўсё працягваў сваё зніжэнне. Потым катэр заклаў рэзкі віраж, адразу ж знікаючы з віду.
– Колькі там чалавек? – звярнуўся Холін да начальніка аховы.
– Пяць, – буркнуў той, нават не падняўшы галавы. – Я думаю, гэтага дастаткова, каб адправіць на той свет адну няшчасную жанчыну, уся віна якой толькі ў тым, што яна раней кімсьці там была!
* * *
Калі катэр зрабіў пасадку на спецыяльнай пляцоўцы за домам, жанчына, якая раней была «дзікай кошкай», а зараз нічога аб гэтым не памятала, гатавала мужу вячэру. Дакладней, яна ўжо падавала на стол.
Жанчына была вельмі прыгожай і вельмі маладой. І яшчэ яна была… шчаслівай. Адной з нямногіх, а, можа, і адзінай, па-сапраўднаму шчаслівай рабочай жонкай на Аграполісе. У яе нават было імя, якое ёй даў муж, бо жанчына не проста падабалася яму. Ён кахаў яе шчырым юнацкім каханнем.
А яшчэ ён быў паэтам.
Фермерам ён стаў па волі бацькі, але сама фермерская справа ніколі не прыцягвала юнака… ды ён і не падобны быў на сапраўднага фермера. Нават знешне. Худы, цыбаты, блізарукі.
Жанчына, падаўшы на стол, застыла побач, не зводзячы любячых вачэй з мужа.
– Сядай, Мэры! – сказаў той і, узяўшы жанчыну за руку, асцярожна прыцягнуў да сябе. – Сядай побач!
Жанчына паслухмяна села. – Смачна? – ціха спыталася яна, гладзячы мужа па руцэ.
– Вельмі! – сказаў фермер. – Ты ў мяне малайчына, Мэры!
Жанчына аж засвяцілася ад радасці. Яна хацела штосьці сказаць, але ў гэты час дзверы расчыніліся і ў пакой увайшлі пяцёра ў форме ахоўнікаў ФІРМЫ.
Жанчына адразу ж ускочыла з месца, фермер таксама ўстаў.
– Чым абавязаны? – спытаўся ён, стараючыся гаварыць як мага спакайней, але сэрца ягоная адразу ж моцна застукала ў нейкім нядобрым прадчуванні.
Адзін з ахоўнікаў, з нашыўкамі капрала, выйшаў наперад.
– Фермер Нікаля Сарджэн? – спытаўся ён даволі ветлівым тонам. – Гэта вы?
– Так, гэта я! – адказаў Сарджэн, адчуваючы, як трывога ўсё мацней і мацней ахоплівае яго. – А ў чым, уласна кажучы, справа?
– Справа ў тым, – сказаў капрал, кінуўшы хуткі погляд на спалоханную жанчыну, якая стаяла побач з фермерам, – што ваша рабочая жонка ўяўляе рэальную пагрозу, як вам асабіста, так і ўсяму нашаму грамадству ў цэлым! Вядома ж, ніякай вашай віны ў гэтым няма, больш таго, ФІРМА гарантуе паўнацэнную замену ў самы бліжэйшы час разам з даволі значнай грашовай кампенсацыяй.
Ён змоўк. Нікаля Сарджэн таксама маўчаў… і, вядома ж, маўчала жанчына, наўрад ці зразумеўшая хоць што-небудзь з такой працяглай фразы. А, можа, і зразумеўшая, хто ведае… – Узяць яе! – скамандаваў капрал сваім падначаленым і тыя, усе ўчатырох, рушылі да жанчыны.
– Не дам!
Засланіўшы сабой жонку, Сарджэн адпіхнуў рукамі бліжэйшага ахоўніка. Дакладней, ён паспрабаваў гэта зрабіць, але ахоўнік нават не пахіснуўся. Высокі і плячысты, ён здзіўлена паглядзеў на фермера, які зусім не выглядаў фермерам, потым перавёў погляд на свайго непасрэднага начальніка.
– Паслухайце… – сказаў капрал даволі дабразычліва. – Вы ж разумны чалавек і павінны разумець, што… – Не дам! – зноў выкрыкнуў Сарджэн, ажно задыхаючыся аб гневу і трывогі. – Пайшлі прэч адсюль, мярзотнікі!
Але ахоўнікі нават не скрануліся з месца.
– Гэта загад ФІРМЫ! – у голасе капрала прарэзаліся першыя сталёвыя ноткі. – Калі ласка, адыйдзіце ўбок і не перашкаджайце нам рабіць сваю справу!
– Справу?! Вы называеце гэта справай?!
Замест адказу капрал толькі ўздыхнуў і павярнуўся да сваіх падначаленых.
– Хто-небудзь, патрымайце яго! – загадаў ён. – Толькі акуратна, каб потым не было скаргаў!
Рослы ахоўнік працягнуў руку, каб схапіць Нікаля, але так і не паспеў гэтага зрабіць. Адскочыўшы ўбок і ўсё гэтак жа прыкрываючы сабой жонку, Сарджэн схапіў са стала востры кухонны нож.
– Паспрабуйце толькі! – прагаварыў ён, цяжка дыхаючы. – Толькі паспрабуйце!
Ахоўнікі спрабаваць не сталі. Не таму, што забаяліся нажа… яны, пэўна, куды больш баяліся незнарок нанесці гэтаму замухрышку якую-небудзь шкоду (бяды потым не абярэшся!), і таму толькі моўчкі глядзелі на капрала, чакаючы далейшых ягоных распараджэнняў.
Замест распараджэнняў капрал паглядзеў на гадзіннік і гучна вылаяўся.
– Адбяры ў яго нож! – загадаў ён аднаму з ахоўнікаў. – Слухаю! – казырнуў ахоўнік і пайшоў на Сарджэна… проста пайшоў, не звяртаючы аніякай увагі на нож.
– Не падыходзь! – закрычаў з адчаем Нікаля, шырока і няўмела размахваючы нажом перад сабой. – Я з табой жартаваць не збіраюся!
– Я таксама! – працадзіў праз зубы ахоўнік.
Падманным рухам ён прымусіў Сарджэна нахіліцца ўперад і, спрытна ўхапіўшы фермера за запясце, правёў балявы прыём. Нож выпаў з аслабелых пальцаў маладога фермера, ён нема закрычаў ад непераноснага болю, марна спрабуючы вызваліцца, потым падхапіў нож свабоднай левай рукой… – Ты паасцярожней, усё ж! – крыкнуў капрал. – Руку яму не зламай!
– Усё ў парадку! – адказаў ахоўнік, паварочваючыся ў бок капрала і крыху аслабляючы захват. – Я яго трымаю!
І раптам, ускрыкнуўшы ад болю, адпусціў руку Сарджэна і адскочыў назад, схапіўшыся аберуч за жывот. Паміж пальцамі ў яго цякла кроў.
– Гэты неданосак мяне параніў!
Сціснуўшы кулакі і ўжо не разважаючы ні аб чым, капрал ірвануўся да Нікаля. Удар прыйшоўся юнаку ў сківіцу і ён, шырока ўзмахнуўшы рукамі, пакаціўся па падлозе. Імгненна апынуўшыся побач, капрал нанёс яшчэ адзін удар, нагой у жывот.
– Ну, што?! – раз’юшана рыкаў ён, наносячы ўдар за ўдарам. – Яшчэ жадаеш?!
І ў гэты ж самы час жанчына, якая да гэтага нерухома стаяла і, здавалася, не разумела нават, што тут адбываецца, нібыта ажыла. Мозг жанчыны па-ранейшаму драмаў, цалком затуманены ўмелай гіпнаблакіроўкай, але раптоўны напад чужога чалавека на яе мужа, прывёў да нечаканых вынікаў.
Рабочая жонка не можа пакінуць мужа ў бядзе, яна павінна ратаваць яго нават цаной уласнага жыцця! Любая рабочая жонка, тым больш… «дзікая кошка»…
Мозг жанчыны працягваў драмаць, але мышачныя рэфлексы яе раптоўна ажылі, нібыта «успамінаючы» былое…
Усё далейшае адбылося вельмі хутка, імгненна нават. Хуткі, амаль непрыкметны для вока, рывок наперад, чыйсьці прыглушаны стогн… і капрал раптам зразумеў, што застаўся адзін. Адскочыўшы ўбок, падалей ад нерухомага цела фермера, ён паспеў нават выхапіць з кабуры плазмер, але стрэліць так і не паспеў. Жанчына раптам узмахнула рукой… і востры кухонны нож па самую рукаятку ўвайшоў у шыю капрала. Яшчэ не верачы ў гэта, капрал схапіўся рукой за шурпатую гэту рукаятку… у наступнае імгненне ён памёр, і на падлогу ўпаў ужо ягоны яшчэ цёплы труп.
Шырока расплюшчанымі вачыма Нікаля Сарджэн назіраў, як ягоная рабочая жонка ў адно імгненне вока расправілася з некалькімі здаравеннымі натрэніраванымі мужчынамі, ахоўнікамі ФІРМЫ. Ягоная Мэры… кволая пяшчотная Мэры… як яна магла зрабіць такое?!
А жонка ўжо ішла ў бок Нікаля. Падыйшла, нахілілася… іх погляды сустрэліся.
– Мэры! – прашаптаў Нікаля, з цяжкасцю варушачы скрываўленымі, разбітымі вуснамі. – Мэры… – Я не Мэры! – сказала жанчына, нейкім зусім іншым, не падобным на ранейшы, голасам. – Я… хто я такая?! Чаму я не ведаю, хто я?!
– Супакойся, Мэры! – прашаптаў Нікаля, з цяжкасцю ўзнімаючыся на ногі. – Ты – Мэры, мая жонка!
Але жанчына ўжо не глядзела на мужа. Поглядам, поўным агіды і жаху, глядзела яна на нерухомыя целы ахоўнікаў на падлозе, глядзела доўга… потым перавяла погляд на свае тонкія, зграбныя рукі… – Як я магла зрабіць такое?! – недаўменна прашаптала яна. – Як, скажы?!
Але Сарджэн і сам не ведаў гэтага. Затое ён ведаў іншае…
ФІРМА такога не даруе! Больш таго, не паведаміўшы аб гэтым уладам і, тым больш, дапамагаючы зараз сваёй рабочай жонцы, Нікаля Сарджэн сам аўтаматычна ператвараецца ў злачынца.
А ўрэшце рэшт, ён і так ужо стаў злачынцам, у той самы момант, калі ўдарыў ахоўніка нажом у жывот. Ён стаў злачынцам і, чамусьці, зусім не шкадаваў аб гэтым…
А ягоная рабочая жонка раптам звалілася на падлогу і забілася ў сударагах.
– Мэры! – Сарджэн падбег да жонкі, нахіліўся, абдымаючы яе. – Усё добра, Мэры! Супакойся!
У тым, што адбылося, нічога добрага, вядома ж, не было… але Нікаля зараз нават не думаў аб гэтым, як і аб тым, што ж чакае яго далей. Мэры было кепска, вельмі кепска… яна, здаецца, памірала… і гэта было адзіным, што яго зараз турбавала.
– Не пакідай мяне, Мэры! – зноў і зноў паўтараў малады фермер. – Я не змагу без цябе, Мэры! Я так кахаю цябе!
Атрымаўшы нечакана моцны штуршок у грудзі, Сарджэн, праляцеў літаральна праз увесь пакой, моцна ўдарыўшыся спіной і патыліцай аб бетонную сцяну. Ад пякучага болю нават пацямнела ў вачах, у патыліцы штосьці хруснула, але прытомнасці Сарджэн не згубіў. Расплыўчата, нібыта праз моцны туман, бачыў ён, як жонка павольна ўзнімаецца на ногі… як яна ідзе сюды, да яго… як сказіўся да непазнаваемасці прыгожы яе твар… – Мэры! – прашаптаў, а хутчэй, прахрыпеў Нікаля, з цяжкасцю прыўзнімаючы галаву. – Што з табой, Мэры?
– Я не Мэры! – халодным абыякавым тонам прагаварыла жанчына, нізка нахіляючыся над мужам. – Я – Маргана! «Дзікая кошка» Маргана! І зараз я павінна забіць цябе!
* * *
Недаўменна пазіраючы на дзверы, Свенсан міжволі спыніўся перад імі. На таблічцы, замест звыклага ўжо прозвішча «Скрайф» значылася «Холін». Выходзіць, зараз ужо Холін узначальвае іх аддзяленне!
А дзе ж тады Скрайф? Няўжо, яго перавялі на месца Холіна?
Свенсан павярнуўся да дзвярэй намесніка і зноў адчуў пэўнае ўзрушэнне. На таблічцы пазалочанымі літарамі было выведзена ягонае прозвішча.
– Ну што, усё ў парадку, Алаф?
Свенсан азірнуўся. Перад ім стаяў Холін.
– Здзіўлены? – Холін кіўнуў на таблічку. – А між тым, гэта была мая прапанова! Прабач, што не параіўся з табой, але ж, спадзяюся, ты не супраць?
Ён змоўк, запытальна гледзячы на Свенсана.
– Ты не супраць, я спадзяюся?
– Гэта… гэта так нечакана, – сказаў Свенсан. – А дзе Скрайф?
Нечаканая думка раптам прыйшла яму ў галаву.
– Ён што, загінуў?
Вузкі аскетычны твар Холіна перакрывіла раптам нейкая незразумелая ўсмешка.
– Скрайф захварэў, – сказаў ён, не зусім, праўда, упэўнена. – Таму на нейкі час ён, наогул, адхілены ад усялякай работы. Потым, магчыма, мы знойдзем для яго што-небудзь падыходзячае… «Ты знойдзеш! – міжволі падумалася Свенсану. – Што-небудзь такое, што яшчэ больш яго прынізіць! Не ведаю, ці можна ненавідзець мацней, чым ты ненавідзеў свайго прамога і непасрэднага начальніка! І вось такі трыумф!»
Але ўслых ён нічога гэтага, вядома ж, не сказаў.
– Ну, дык што? – зноў паўтарыў Холін, не спускаючы вачэй са свайго новага намесніка. – Я не памыліўся, прапанаваўшы тваю кандыдатуру?
– Не ведаю! – Свенсан паціснуў плячамі, паглядзеў на Холіна. – Я ўсё ж лічу сябе вінаватым у тым, што мая брыгада… – Ніякай тваёй віны тут няма! – адразу ж перапыніў яго Холін. – Хіба ж ты мог ведаць, што будзеш мець справу з «дзікай кошкай»!
– Дарэчы, што з ёй? – спытаў Свенсан. – Яна загінула?
Холін азірнуўся ўправа, потым гэтак жа ўважліва паглядзеў у левы бок.
– Яна загінула? – паўтарыў Свенсан сваё пытанне. – Ці яшчэ жывая?
– Давай пагаворым аб гэтым у маім кабінеце! – унёс прапанову Холін. – Ці лепш у тваім… ён бліжэй…
Яны ўвайшлі ў прыёмную, і Свенсан убачыў на месцы рабочай жонкі Холіна юнака, які раней сядзеў у прыёмнай Скрайфа. Убачыўшы высокае начальства, юнак ускочыў з месца, выцягнуўся.
– Вольна! – нечакана нават для сябе самога сказаў Свенсан. – Усё ў парадку?
Юнак усхвалявана кіўнуў. Свенсан скоса зірнуў у бок Холіна, як ён, не ўсміхаецца? Холін не ўсміхаўся.
– Ведаеш што, – сказаў ён неяк заклапочана, – спусцімся спачатку ў ізалятар. Хачу паказаць табе штосьці…
* * *
– Вось! – сказаў Холін, калі яны зайшлі ў адну з камер ізалятара. – Палюбуйся! Нікаля Сарджэн, фермер! Муж адной з «дзікіх кошак», дакладней, былы муж… А яшчэ – злачынец, які парушыў адразу некалькі артыкулаў крымінальнага кодэксу Аграполіса.
Нікаля Сарджэн быў не падобным, ні на фермера, ні, тым больш, на злачынца. Скурчыўшыся, ён сядзеў зараз у самым кутку металаплыстыкавай камеры, трымаючы ў руках акуляры з трэснутымі шкельцамі. На словы Холіна ён адрэагаваў толькі тым, што на нейкую хвіліну ўскінуў галаву і, блізарука прыжмурыўшыся, паглядзеў на ўвайшоўшых. Потым ён зноў нізка апусціў галаву.
– Ягоную жонку забілі? – спытаў Свенсан Холіна.
Той адмоўна матлянуў галавой.
– Яна збегла!
– Збегла? – Свенсан уважліва паглядзеў у твар Холіну. – Як гэта адбылося?
– Ну… – Холін паціснуў плячамі. – Пасля таго, як стала вядома, што тая, першая жанчына – з «дзікіх кошак», было вырашана забіць усіх астатніх… – не дагаварыўшы, Холін змоўк, скоса зірнуў на Свенсана. – Я і забыўся, што ты яшчэ шмат чаго не ведаеш! Усяго іх было пяць, былых «дзікіх кошак»… – Як «дзікія кошкі» маглі стаць уласнасцю ФІРМЫ? – перабіў Холіна Свенсан.
– Не ведаю! – нечакана рэзка адказаў Холін. – І, наогул, гэта не наша справа!
Нейкі час яны моўчкі глядзелі адзін аднаму ў вочы, потым Свенсан уздыхнуў і перавёў погляд на фермера, які па-ранейшаму сядзеў нерухома, нізка апусціўшы галаву.
– Выбачайце, што перапыніў! – сказаў ён. – Дык што было далей?
Холін усміхнуўся і па-сяброўскі паляпаў Свенсана па плячы.
– Не трэба на «вы», – сказаў ён. – Я гэтага не люблю.
– Я таксама, – сказаў Свенсан. – Дык што было далей? – Далей? – Холін уважліва паглядзеў на нерухомага Нікаля Сарджэна ля сцяны, потым перавёў погляд на Свенсана. – Разумееш, пакуль мы вырашалі, што ж нам рабіць, першая жанчына ўжо паспела вызваліць адну са сваіх сябровак… – Забіўшы, пры гэтым яе мужа, так? – спытаў Свенсан.
Холін моўчкі кіўнуў галавой.
– Такім чынам іх стала ўжо дзве?
Холін зноў кіўнуў сцвярджальна.
– Дзве «дзікія кошкі», уяўляеш?
– Уяўляю, – сказаў Свенсан. – А іх і сапраўды дзве? Зараз, я маю на ўвазе.
Твар Холіна перакасіла нейкая, ці то ўсмешка, ці то грымаса. – А ты хутка схопліваеш сітуацыю! – сказаў ён з незразумелай нейкай інтанацыяй у голасе. – Дык вось, мы паспелі ліквідаваць толькі двух. Двух з пяці… – Значыцца, зараз іх трое?
– Іх – дзве і адна, – паправіў Холін і, заўважыўшы недаўменне на твары свайго намесніка, растлумачыў: – Жонка гэтага недамерка пакуль яшчэ не з імі. Яна дзесьці хаваецца, асобна… а ён… – змоўкнуўшы, Холін кінуў хуткі погляд у бок фермера. – ён не жадае сказаць нам, дзе яна зараз знаходзіцца!
Свенсан паспеў заўважыць, як міжволі ўздрыгнуў малады фермер пры гэтых словах Холіна.
– Магчыма, ён сам не ведае, дзе зараз ягоная былая жонка. – сказаў ён. – Дарэчы, а ў чым, канкрэтна, яго абвінавачваюць?
Холін зноў акінуў непрыязным позіркам скурчаную фігурку фермера.
– Ён абвінавачваецца ў непадпарадкаванні прадстаўнікам ФІРМЫ пры выкананні імі службовых абавязкаў. І, не проста ў непадпарадкаванні… у аказанні ўзброеннага супраціўлення, у выніку якога ўся брыгада ў складзе пяці чалавек была знішчана.
Свенсану здалося, што ён штосьці недачуў.
– Яго абвінавачваюць у забойстве пяці чалавек? – недаверліва перапытаў ён. – Пяці ахоўнікаў ФІРМЫ?
Холін усміхнуўся, аднымі вуснамі, праўда… вочы ягоныя па-ранейшаму заставаліся недаверліва-калючымі і халоднымі, нібы лёд.
– Ён нанёс толькі адзін удар… нажом, – сказаў ён, – але гэтага аказалася дастаткова, каб блакіроўка рабочай жонкі не вытрымала, і яна сама пачала іх забіваць, аднаго за другім. Так што… – Холін змоўк на імгненне, развёў рукамі, – сам бачыш, што гэта за тып!
Свенсан зноў, на гэты раз куды больш уважліва паглядзеў на фермера. Абвінавачванне было сур’ёзным, фермеру пагражала турэмнае зняволенне на даволі працяглы тэрмін.
– Скажы, а як усё гэта стала вядома? – спытаў ён у Холіна. – Жывых сведкаў, я так разумею, не засталося… рабочая жонка знікла… Ён што, сам расказаў вам аб усім гэтым?
– Ну так, сам! – Холін сцвярджальна кіўнуў, потым памаўчаў крыху і дадаў: – З дапамогай гіпнакрэсла.
– З дапамогай гіпнакрэсла? – перапытаў Свенсан. – Але ж гэта незаконна, і ён можа…
Холін жэстам загадаў яму не працягваць, і Свенсан змоўк, не дагаварыўшы.
– Нічога ён не можа! – сказаў Холін, зняважліва гледзячы на Сарджэна. – Гэты слімак можа толькі пускаць соплі і хныкаць аб сваёй любімай жоначцы, якая яго ледзь не забіла!
– Яна хацела забіць яго? – з цікаўнасцю спытаўся Свенсан.
Холін абыякава паціснуў плячамі.
– Не ведаю! Мы знайшлі яго там ў непрытомным стане. Нельга было губляць ніводнай хвіліны, таму мы і прымянілі гіпнакрэсла, каб даведацца аб абставінах смерці ахоўнікаў. Мы і не падазравалі тады, што гэты тып… – Не смейце называць мяне «гэтым тыпам», а, тым больш, «слімаком»! – раптам спакойна і цвёрда сказаў фермер, ганарліва ўскінуўшы галаву. – Вы можаце падазраваць мяне, можаце абвінавачваць… але пакуль што я – свабодны і паўнапраўны грамадзянін Аграполіса і не дазволю абражаць мяне нікому, тым больш, нейкаму дробнаму чыноўнічку вашай занюханай ФІРМЫ!
– Што?! – не прагаварыў, а неяк прашыпеў Холін, падскокваючы ўшчыльную да фермера, які, здаецца, нават не звярнуў на гэта аніякай увагі. – Што ты сказаў, шчанюк?!
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?