Текст книги "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Зарубежные приключения, Приключения
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 6 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
Раздзел шосты. Кашчэі Слуцкага замку
Для людзей занадта мітуслівых, якія хапаюцца, як немаўля за бразготкі, адразу за некалькі справаў, мысляры мінулага раілі разводзіць у доме траву ядранец, альбо каменяломку, якая прыводзіць вадкасці цела да гармоніі і супакойвае. Вакол князя Аляксандра Сапегі ядранцу з ягонымі пяшчотнымі белымі ды юлёвымі кветкамі належала прарасці праз усе сцены. Можа, тады гэты недарослы, шчуплы чалавечак з вялікім носам і блізка пасаджанымі вачыма, у недарэчна вялікім парыку і парчовым жустакоры з сумётамі брабанцкіх карункаў прысеў бы хоць на хвілю ды спыніўся б на адным са шматлікіх сваіх планаў. На партрэтах Сапега выглядаў як малады антычны бог з паблажлівым паглядам. Але цяпер Пранціш нават не раўнаваў чароўную Паланэйку, ад якой перадаў князю ліст з дасканала адноўленай пячаткай. Вядома, калі трэба да алтара ісці, нават самы плюгавы магнат падаецца практычным дамам прыгажэй за самага гожага ды дужага шляхціца-шарачка, але ж тым плюгаўцам пасля і рогі ахвотна настаўляюць з гожымі і дужымі. А ўспомніць яшчэ пра ваевадзянку Сапегу, якая ўлагоджвала сына каралеўскага амарата…
Сапега раздражнёна кінуў ліст ад Багінскіх на столік са срэбным прыборам для кавы.
– Лёгка сказаць – “з дапамогай Дзевы”! А як да той дзевы дабрацца, я што, штурмаваць павінен Слуцкі замак? Досыць, бацька наваяваўся, ледзь палову маетнасці не страцілі! – крычаў Сапега, намякаючы на нядаўнюю ўнутраную вайну, калі магнаты аб’ядналіся супраць роду Сапегаў, які надта набіраў магутнасці. – А гэты лысы паскуднік Радзівіл чхаў нават на Трыбунал!
На шпалерах з залатымі кветкамі слізгалі дзівосныя цені, спароджаныя прабяганнем князя перад кандэлябрамі. Лёднік пачціва кашлянуў, каб прывабіць увагу гаспадара.
– Магу я мовіць слова да яснавяльможнага пана? Магчыма, варта змяніць тактыку, per fas ac nefas? Можна паспрабаваць пранікнуць у замак таемна, у чужым абліччы.
Сапега злосна зірнуў на Лёдніка. Доктар выглядаў, як мае быць: акуратны белы парык, таксама выкуплены ў Пфальцмана, нямецкая вопратка, капялюш, перавязаны чыстай шаўковай белай стужкай, шабля… Нават твар згодна свецкім звычаям доктар напудрыў і румянак наклаў, ад чаго выгляд у яго быў фанабэрысты да немагчымага. Ведаў бы князь, што гэты важны муж вучоны ўсяго толькі пажыццёвы і бяспраўны слуга маладога шляхціца Вырвіча, на якога Сапега не звяртаў аніякае ўвагі… Ад гэтай думкі Пранціш вышэй задзёр падбароддзе і пашкадаваў, што ў яго яшчэ не растуць вусы.
Сапега спыніў позірк шэрых вачэй на доктары.
– Вы што, гер Лотман, думаеце, у мяне ў слуцкім замку шпегаў няма? Ды тут уся зямля нашпігаваная шпегамі, як шынка – часныком. Шпегі тут, шпегі там, двайныя, трайныя… І ўрэшце ўсё ўпіраецца ў тое, хто каго першы прадасць і купіць. Мне данеслі, панна Саламея Рэніч, якую, як вы сцвярджаеце, добра ведаеце, жывая. Але дзе князь яе трымае – ніхто не здагадваецца.
Лёднік не стрымаў уздыху палёгкі, а Сапега толькі махнуў рукой.
– Але ці можна гэтаму верыць? І ў любым выпадку яе сцерагуць так, што падабрацца немагчыма.
Лёднік сціснуў вусны.
– Але я змагу! Радзівіл мне паверыць. Я цяпер – немец, што прыехаў разам з панам Пфальцманам дэманстраваць новую магутную зброю, я – вядомы доктар, што пацвердзіць той жа Пфальцман… Мае паслугі могуць спатрэбіцца ўсім, нават князю Гераніму.
Сапега адбегся ў другі кут пакоя і пачаў калмаціць свой парык, раздумваючы. Вырвіч скарыстаўся момантам, каб высветліць адносіны са слугою.
– Што значыць – “я змагу”? А я?
– Твая місія закончана! – Лёднік быў суровы, як вецер у лютым. – Ліст перадаў, дукаты атрымаў… Усё! Гэта мая асабістая справа! Няма ніякай патрэбы рызыкаваць жыццём высакароднага шляхціца дзеля беднай мяшчанкі…
– А я не дазваляю табе выпраўляцца без мяне! – выразна шапнуў Пранціш, дастаўшы на хвілю з кішэні складзеную паперу аб куплі алхіміка.
– Дурное хлапчо! – прасычэў Лёднік, ягоны худы твар ажно плямамі пайшоў. – Застанешся тут!
– А не табе загадваць! Вось я – захачу і зусім нікуды цябе не адпушчу! – з задавальненнем прасычэў у адказ Пранціш, які нізавошта не хацеў упускаць магчымасці паўдзельнічаць у небяспечнай і цікавай прыгодзе. – Табе ж нельга совацца ў замак, бо можа нехта пазнаць нават у нямецкім строі.
– Маё жыццё нічога не каштуе! – доктар ледзь жоўцю са злосці не пляваўся.
– Ну як жа, каштуе! – шматзначна прамовіў Пранціш, намякаючы на свой шэлег. Алхімік нарэшце заторкнуўся, злосна пазіраючы на шкаляра. Сапега вярнуўся да стала, не зважыўшы на раз’ятранае перашэптванне гасцей.
– Можа быць, і варта ўзяцца за чапялу, калі меч зламаны… Але тады я павінен адпусціць да Радзівіла машыну, якую вы называеце смяротнай зброяй! А ён немаведама што з ёю наробіць! – Сапега адсёрбнуў са срэбнага кубка кавы. Тая, відаць, зусім астыла, таму што ён скрывіўся і выплюнуў яе назад, але слугу клікаць не стаў, не жадаючы, відаць, лішніх вушэй.
– Ваша княская міласць, наколькі я змог разгледзець, гэтая машына занадта марудная і неразваротлівая, – напружаным голасам загаварыў Лёднік. – Эфектнасці ў ёй больш, чым рэальнай карысці. Новы вадзяны рухавік – рэч ненадзейная, такія цягам эксперыментаў часта ўзрываліся. Хуткасць такой машыны будзе не хутчэй за тры вярсты ў гадзіну, чалавека не абгоніць. Да таго ж на сваім паліве праедзе не больш паўвярсты. Яна будзе палохаць, але не забіваць арміі.
– Што ж… – Сапега зноў забегаў туды-сюды, кратаючы рукамі то посуд на стале, то кандэлябры, то ўласны нос. – На такую рызыку можна было б пайсці, калі б я быў упэўнены, што вам удасца прывесці да мяня дачку полацкага кнігара жывой…
– Я вызвалю яе, альбо памру сам! – запэўніў Лёднік такім тонам, што сумніву ўзнікала не больш, чым у намерах кулі, што ляціць да твайго ілба.
– І прывядзеш сюды!
– Але толькі пры адной умове, прабачце маю дзёрзкасць, ваша мосць…
– Якой умове? – нахмурыўся Сапега.
– Калі вы дасцё сваё шляхецкае слова, што ў вашых руках панне Саламеі нічога не пагражае, што яна не стане палонніцай і вы не змусіце яе ні да чаго супраць ейнай волі!
Лёднік пачціва схіліўся, але было зразмела, што не адступіцца.
– Слова Аляксандра Сапегі – я нічым не пакрыўджу дзеўку.
Пранціш заўважыў, што князь трохі скрывіўся, што азначала, што даваць слова яму не з рукі, і задаў яму пытанне, што само сабой узнікала:
– Ваша княская мосць, але ж мы найлепей выканаем сваю місію, калі будзем ведаць, што насамрэч патрэбна высокім панам ад Саламеі Рэніч? Ну не абараніць жа правы полацкай мяшчанкі? Ваша мосць, вы можаце нам давяраць, бо мы ўжо сваім жыццём рызыкавалі, гнеў Радзівілаў выклікаўшы, і надалей нас смяртэльная гульня чакае.
Пранціш ведаў, што супроць ягонага даверлівага тону і ўмольнага пагляду шчырых блакітных вачэй ніхто не вытрывае. Сапега слізгануў вачыма па гасцях, аббег пакой, зазірнуўшы пад парцьеры, нават вызірнуў за дзверы… Наблізіўся да Лёдніка і Вырвіча ўшчыльную, Пранцысю аж казытнула ў носе ад рэзкага паху моднай парфумы з мускусам і лавандай, загаварыў шэптам.
– Калі я стаў ваяводам полацкім і першы раз прыехаў у места, мне распавялі пра ягоныя дзівосы…. І пра сутарэнні. Многія спрабавалі там шукаць – бібліятэку Сафійскага сабору, скарбы… Папа рымскі Георгій, Іван Жахлівы, езуіты перапаролі ўсё, што маглі. Прызнаюся, спрабаваў і я пасылаць людзей у сутарэнні. Але далёка ні разу не прайшлі, то вада, то завалы. А аднойчы палезлі ў ход ды чацвёра ад кепскага паветра задыхнуліся. І мне параілі звярнуцца да мясцовага купца Івана Рэніча, які любіць па гэтых сутарэннях лазіць. Але гэты махляр не прызнаўся, што нешта знайшоў.
Лёднік шумна выдыхнуў, але стрымаў гнеў ад гэткага непаважлівага водгуку пра ягонага настаўніка.
– Трэба было гэтага купчыну не выпускаць з-пад нагляду… – з прыкрасцю зазначыў Сапега. – Але ён падаўся мне такім дзівачным! А тут пачалася пошасць, і толькі пасля таго, як яна скончылася, і Іван Рэніч памёр, мне даклалі, што, падобна, ён знайшоў уваход у сховішча. А там не толькі бібліятэка Сафійскага сабору, але і адна… рэліквія… Іначай Марцін Радзівіл да яго асабіста не прыязджаў бы.
– А што за рэліквія, ваша мосць? – пацікавіўся Вырвіч. – І ў каго яна цяпер?
Сапега павагаўся, але працягнуў шаптаць, толькі яшчэ больш ціха. – Пра падскарбія Аляксандра Солтана чулі?
– Гэта які трыста год таму стаў рыцарам Гроба Гасподняга? – удакладніў Лёднік.
– Так, ён самы… – Сапега зноў крануў сябе за нос. – Солтан з’явіўся да папы са скаргай, што ў Вялікім княстве Літоўскім уціскаюць праваслаўных. І папа даў яму даручэнне… Узамен якога абяцаў падтрымку. Прывезці з Ерусаліму адну святыню… Яна патрапіла туды з Чэхіі. Калі Сігізмунд Люксембург ваяваў з жаўнерамі Гуса, каб выратаваць найвялікшыя рэліквіі Прагі ад ерэтыкоў, схаваў іх на двух вазах з рыбай і адправіў у Нюрнберг. Але па дарозе вазы перастрэлі, і самая найвялікшая святыня была забраная. Кажуць, гэта ўчынілі пражскія разэнкрэйцэры, і перадалі забранае ў Ерусалім, у Храм гроба Гасподня.
– Разэнкрэйцэрам, якіх ніхто толкам не бачыў, прыпісваюць самыя неверагодныя ўчынкі, – заўважыў Лёднік. – Я б не ўсяму верыў, Ваша мосць. Я жыў у Празе, бываў у Нюрнбергу, чуў пра два вазы з рыбай… Але пра крадзеж рэліквіі – нічога.
– І не павінен быў чуць, – раздражнёна патлумачыў Сапега. – Каб не нарабілася шуму, скрадзенае падмянілі падробкай. І цяпер Папа хацеў сапраўдную святыню вярнуць сабе. Але Аляксандр Солтан, пабываўшы ў Ерусаліме, у Рым не вярнуўся. Паехаў у Партугалію, Францыю, Англію… А калі вярнуўся на радзіму, каталікі яго з амбонаў у Вільні сабакам абзывалі. І ніякай граматы ад Папы ў яго не мелася пра заступніцтва. Затое ў Полацкай Сафіі за здароўе Солтана пачалі кожны дзень служыць малебны. Значыць, туды святыню перадаў, спадзеючыся абараніць братоў па веры, а манахі яе схавалі ў сутарэннях.
– Дык што гэта за святыня, ваша княская мосць? – з нецярплівасцю прашаптаў Пранцысь.
Сапега адвёў вочы.
– Яна доўга пераходзіла з рук у рукі, з’яўляючыся часткай імператарскіх рэгаліяў. Імператар Канстанцін, Отан Вялікі, Карл Вялікі, Барбароса… Усе з ёй у руках каранаваліся. Карацей, уладальнік гэтай рэліквіі – уладар над уладарамі! – голас Сапегі аж узвысіўся ды сарваўся на дыскант ад захаплення. – Калі б хтось у Рэчы Паспалітай яе займеў! Тады і Багінскія, і Чартарыйскія, і Пацы – усе збяруцца пад ягоны сцяг!
Сапега відавочна ўяўляў на месцы шчасліўца сябе.
– Рамфея! – выдыхнуў уражаны Лёднік здагадку, і Сапега кінуў на занадта абазнанага доктара засцярожлівы позірк.
– Няважна… Галоўнае, Іван Рэніч ведаў, дзе яна знаходзіцца. І сабе яе дакладна не забраў. Але толькі абраны чалавек можа прайсці ў сутарэнні, і такі чалавек можа прывесці свайго пераемніка толькі добраахвотна, пасля належных выпрабаванняў. Таму Марцін Радзівіл і ўгаворваў Рэніча па-добраму… Але калі той памёр, захавальніцай полацкай таямніцы стала ягоная дачка.
– Чаму вы так у гэтым упэўнены? Яна сама прызналася? – напружана папытаўся Лёднік. Сапега выпрастаўся, відаць, зусім знудзіўшыся вымушаным знаходжаннем у адной паставе, і зноў забегаў па пакоі, загаварыўшы на поўны голас.
– Прызналася, не прызналася – больш няма каму! Паміж захавальнікамі павінна быць альбо крэўная, альбо духовая еднасць. Таму й паненка пакуль жывая, і, напэўна, здаровая. Цяпер Геранім Радзівіл спадзяецца стаць захавальнікам… і ўладальнікам рэліквіі. А гэтага дапусціць нельга!
Сапега нарэшце спыніўся, у сваім узбітым хмаркай парыку падобны да вушастага красналюдка-гнома.
– Вырашана – адпраўляецеся з Пфальцманамі! Пастарайцеся ўвайсці да Гераніма ў давер, хоць гэта практычна немагчыма. У замку можаце разлічваць на дырэктара тэатра Пучыні. Радзівіл ягоную жонку змусіў разам з іншымі актрысамі ўвасабляць мармуровыя статуі багінь падчас балю. Небарака не вытрымала ганьбы й памерла. Зрэшты, усе слугі, прыслужнікі і прыдворныя свайго пана ненавідзяць люта, – пасміхнуўся Сапега. – Але ж усе запалоханыя да мышынага віску. І яшчэ адзін чалавек вам прыдасца… Пайсці з вамі не зможа – там яго добра ведаюць, але ж каб дастаць князя Гераніма, жыцця не пашкадуе.
Сапега высунуўся за дзверы і гукнуў:
– Ігнась!
Праз хвілю ў кабінет зайшоў высокі дужы шляхцюк у сармацкім строі, з пышнымі светлымі вусамі і доўгім чубам. Вочы шляхцюка пазіралі ўпэўнена, як у дасведчанага воя.
– Знаёмцеся, пан Ігнась Мянчынскі! Брат апошняй жонкі князя Гераніма. Калі прыехаў заступацца за сястру, князь адправіў яго назад у карэце на авальных колах. Так?
– Так! – скрозь сцятыя зубы адказаў шляхцюк, і ягоныя вочы – нават у цьмяным святле свечак гэта было відно – палыхнулі агнём нянавісці за перажытую ганьбу.
– Сястра пана Мянчынскага зараз у бяспецы, у бацькоў, таму пан Ігнась нічым не звязаны. І дапаможа вам, калі што, са сваймі жаўнерамі…
Твар пана Мянчынскага нават засвяціўся ад прадчування помсты – было зразумела, што паляціць за ворагам, калі даць сігнал, як выжал за дзіком… Пранціш шчыра пазайздросціў вусам пана Ігнася. А яшчэ крыўдна зрабілася пры думцы, што Лёднік, як заўсёды, разумее ў пачутым куды больш за свайго гаспадара.
У цемры і дажджы агні паходняў здаваліся размытымі плямамі. Пфальцманы былі шчаслівыя і перапоўненыя ўдзячнасцю – бо ўпэўненыя, што толькі дзякуючы сувязям высакароднага юнака іх адпусцілі. Фрау Эльза гладзіла Пранціша па непаслухмяных кудзерах з сапраўднай мацярынскай ласкай, відаць, прыкідваючы, што магла б мець такога гожага сына. Можна было спадзявацца, што сапраўдных імёнаў сваіх калегаў яны не выдадуць. Чакаць, пакуль развіднее, ніхто не стаў. І праз гадзіну жалезная чарапаха ўкацілася ў браму слуцкага замка.
Лёдніка і Пранціша, прабачце, гера Лотмана і ягонага асістэнта Франца Магнуса пасялілі ў пакоі малога палацу Ніжняга замка, побач з Пфальцманамі. Не ў самым шыкоўным пакоі, але там усё-ткі меўся вялізны ложак на саксонскі манер, які Лёднік, як належала слузе, саступіў Пранцысю, а сам, падкурчыўшы доўгія ногі, улёгся на атаманцы ля каміну.
Нібыта было ўтульна… Суха, цёпла… Лепей, чым дома ў Падняводдзі, дзе Пранцысь і бацька спалі на цвёрдых лаўках. А бацька часта яшчэ, дзеля выхавання шляхецкага духу, будзіў сына з першымі пеўнямі, а то і сярод ночы стрэлам у столь, так што тая нагадвала рэшата. І камін тут нядаўна тапілі. Але шкаляру здавалася, што ён ляжыць не на пярыне, а на тонкім лёдзе, які вось-вось можа растаць, і правалішся ў славутыя сутарэнні-катавальні. Нават у начной цішы ўгадваліся прывідныя крыкі. Пранцысь, змагаючыся з дрымотай, ледзь дачакаўся, пакуль Лёднік прамармыча належныя вечаровыя малітвы, вымавіць “Амін!” і ўляжацца, і папытаўся:
– А што такое рамфея? З-за чаго ўвесь гэты бабілонскі кірмаш?
Лёднік нецярпліва крутануўся на атаманцы:
– Дзіда. Дзіда святога Маўрыкія. Некаторыя лічаць, што гэта менавіта тая зброя, якой сотнік Лангін на Галгофе прабіў бок Госпада нашага Ісуса Хрыста, калі той канаў на крыжы. Але хутчэй за ўсё яна належала святому Маўрыкію з хрысціянскага рымскага легіёна, знішчанага на загад імператара. Паводле легенды, варты ўладання гэтай святыняй чалавек набудзе асаблівую мудрасць і Боскае апякунства.
Недзе завыў сабака, потым захліпнуўся, завішчэў, нібы яго моцна перацялі, і ўрэшце змоўк. Пранцысь памаўчаў, падумаў:
– А як цэлую дзіду можна было перахоўваць, туды-сюды вазіць?
– Гаворка ўсяго толькі пра наканечнік! Састаўлены з двух паловаў і цвіка ад крыжа Гасподня, абкручаных па загадзе Отана Першага срэбным дротам. Усё? Я магу нарэшце заснуць, мой пан? – атрутай у голасе доктара можна было забіць усіх пацукоў слуцкага замку. Але Вырвіч ужо звык да шыпення і крыкаў свайго слугі, і загаварыў зноў:
– Доктар, а, доктар! А ты не думаеш, што, хоць Сапега і даў слова, калі мы перададзім Саламею у іхнія рукі, атрымаецца з печкі на патэльню? Ад яе ж усё роўна будуць патрабаваць выдаць таямніцу…
На гэты раз Лёднік не вылаяўся і адказаў, памаўчаўшы, халодным, як лязо, голасам:
– Думаю. Мае мазгі так ужо зладжаныя, што не могуць не думаць. Але напачатку трэба вырашыць адну праблему, а потым брацца за наступную.
Зноў памаўчаў і прамовіў цяпер ужо зусім загадна:
– І калі вы зараз жа, гаспадар, не змоўкнеце і не дасцё мне скарыстацца з магчымасці можа апошні раз у жыцці нармальна выспацца, я не пагляджу на ўсе тонкасці адносінаў сюзерэн-раб і адлупцую вас па тым самым месцы, якое вы не аднойчы, мусіць, падстаўлялі вашым бедным настаўнікам.
У Пранціша не знайшлося сілы на абурэнне дзёрзкасцю слугі, вочы зліпліся, нібыта іх склеілі смалой Начніцы, і шкаляр праваліўся ў сон.
Сніліся яму бясконцыя анфілады пустых пакояў са шпалерамі ў залатыя кветкі, па якіх лунала ў шырачэзнай сукенцы-рагоўцы, расшытай перлінамі, паненка Паланэйка. Ваевадзянка срабрыста смяялася, увесь час то набліжаючыся, то аддаляючыся ад Пранцыся, які спрабаваў ухапіцца хоць за крысо ейнай сукенкі. А калі яму нарэшце ўдалося ўзяцца за краёчак бязважкай блакітнай тканіны, з яе пасыпаліся перліны… І з дробным стукатам пачалі сыпацца, сыпацца, усё хутчэй, зліваючыся з рогатам паненкі, і ўрэшце Пранцысь з жахам заўважыў, што ўся паненка рассыпаецца на дробныя перлінкі, ейная постаць вытанчаецца, растае… І ўрэшце на падлозе засталіся роўным слоем ляжаць толькі перліны, а смех панны ўсё гучэў, гучэў… І перлінаў усё прыбаўлялася… Іх насыпалася столькі, што шарготкія сумёты падняліся па калені Пранцысю, вышэй, вышэй… Вырвіч ужо не мог ісці, разграбаў непаслухмяныя гурбы з перлінаў рукамі… А Багінская ўсё смяялася… Гучней… Гучней…
Пранцысь прачнуўся ад крумкання варон. Падобна, гэтыя птушкі будуць пераследваць яго цяпер па жыцці. Ёсць жа такая прымха, нібыта кожнаму чалавеку адпавядае не толькі тэмперамент, вызначаны перабольшаным утрыманнем у арганізме пэўнай вадкасці – вады, крыві, флегмы альбо жоўці, – але й нейкая жывёла, расліна, мінерал, колер, лічба… Па ўсім падобна, што Пранцысева птушка – не арол, не галуб і не ластаўка, а варона… Вось жа ганьба, каб толькі хто не даведаўся.
Лёднік галіўся перад трумо з чорнага дрэва, схіліўшыся над мядзяным тазікам. Ён прабуркатаў нешта падобнае да “нарэшце васпан зрабіў ласку ўстаць” і працягваў плённы занятак. Пранцысь з расчараваннем правёў даланёй па сваім гладкім падбароддзі, нібыта спадзяваўся, што за ноч на ім пачала расці барада. Споўз з ложка, мімаходзь адзначыўшы, што дробных крывасмокаў, якія так псуюць начлег нават у палацы, тут амаль не было, нібы нават блохі ды клапы пачуваліся ў гэтых сценах няўтульна… Наблізіўся да невялікага, скругленага наверсе вакна, за якім чулася крумканне. У вакне былі шыбы са шклом, не якая-небудзь зашмальцаваная папера альбо бычыны пухір… І праз гэтае шкло хлопец пабачыў прывязаныя да слупоў не зусім свежыя трупы.
Ясна, што памерлыя адышлі смерцю гвалтоўнай і пакутніцкай і па волі князя. Па рэштках адзежы можна было зразумець, што гэта не сяляне. Варона ўселася на чэрап з парэшткамі сівых валасоў… Пранцысь адвярнуўся. Лёднік кінуў востры погляд на ягоны збляднелы твар, спаласнуў рукі ў тазіку, акуратна выцер рушніком – кожны палец асобна, як, відаць, прывучыўся за час лекарскай практыкі.
– Значыць, так, юнача. Гулі скончыліся. Цяпер мы таньчым са смерцю. Князю Гераніму ў вочы не глядзець, кланяцца як мага часцей і ніжэй, не пераломішся, на каленькі падаць таксама не саромся. Не забывайся: ты – немец. Тупы нямецкі недавучаны студэнт, бурш, які ні слова па-тутэйшаму не разумее. Паколькі пры двары, і асабліва ў гарнізоне, на нямецкай мове гавораць амаль усе, калі давядзецца адкрыць рот, фразы паўтарай толькі тыя, якія мы з табой вывучылі. Калі што, я сам усё за цябе скажу. Ясна?
Пранцысь глядзеў на суровы твар Лёдніка і адчуваў, як па спіне пабеглі халодныя дрыжыкі. Раптам у замкавым двары нешта заляскатала, загрукатала… Наставаў час жалезнай чарапахі.
Вырвічу не давялося доўга гадаць, чаму Лёднік так пільна павучаў яго, як паводзіцца з гаспадаром гэтага замка. Прасцей было дагадзіць істэрычнай паненцы, якая адначасова патрабуе зачыніць вакно, бо дзьме, і свежага паветра, бо задушна. Цяжка было і ўстрымацца ад небяспечнага выразу твару пры поглядзе на князя. Бо яму сапраўды найбольш падыходзіла найменне “дзікі”, як казалі пра яго тыя, хто ад яго не залежаў. Князь Геранім быў у сармацкім строі: цёмна-сіні кунтуш з залатымі шнурамі, кармазынавы жупан з дыяментавымі гузамі падперазаны шыкоўным літым пасам, такія ткалі тут жа, на славутай слуцкай персіярні, сабаліная шапка з велізарным дыяментам. Шабля-карабэла пералівалася рубінамі і смарагдамі. На бледнай з жаўтізной скуры недарэчна выглядалі чорныя густыя бровы і чорныя вочы, што блішчэлі, як у вар’ята. Нервовыя ноздры раздзімаліся, як быццам князь увесь час чакаў нападу – хаця хутчэй за ўсё менавіта так і было. Доўгія чорныя з сівізной вусы хавалі вузкія вусны. Відовішча яшчэ больш дзічэла, калі князь здымаў шапку, бо галава яго была зусім лысая, бліскучы чэрап нагадваў востры канец яйка. Дадаць яшчэ, што ўсё княскае аблічча пакрывалі зморшчыны, як пусты кашэль, пры гэтым сам князь быў шчуплы, але з вялікім жыватом, які звісаў над пасам, плечы прыўзнятыя, як у ваўка, што збіраецца скочыць на ахвяру… Ён нагадваў пракаветнага Кашчэя, людажэрнае паганскае боства пушчы.
Пранцысь, паціраючы спрацаваныя за раніцу важджаннем з жалезным нутром нямецкай машыны рукі, сціпла стаяў за спінай Пфальцмана, які захоплена на сумесі нямецкай, польскай і беларускай тлумачыў прызначэнне асобных дэталяў жалезнай чарапахі, якая ва ўсёй красе блішчэла пасярод двара і сапраўды магла выклікаць захапленне і спалох. Гэткі жалезны шкілет цмока з калёсамі і рычагамі ўнутры і паднятым “задам” – катлом і цыліндрам рухавіка. Не дарэмна Лёднік і Пранцысь сёння завіхаліся, дапамагаючы немцу падрыхтаваць машыну да дэманстрацыі.
– Хачу п-паглядзець, як яна п-працуе! – заікаючыся, высокім па-бабску голасам запатрабаваў князь. Слугі, што стаялі ў двары, усе як адзін падаліся назад, заазіраліся.
– Як загадае ваша мосць! – раскланяўся Пфальцман. – Толькі няхай прынясуць порах і ядры для гарматы!
Пранцысь заўважыў, што Лёднік зноў спахмурнеў: так было, калі ўсёведны доктар раніцай уцяміў, што папярэдне не заўважыў узброенасці чарапахі, на якую маглі ўсталёўвацца маленечкія гарматы. Цяпер, ясна, дакараў сябе, што не даацаніў вынаходніцтва аднакурсніка.
Як дамаўляліся, у чарапаху залезлі Лёднік і Пфальцман, папярэдне распранушыся да кашуль. Пранцысеваму слузе дасталася самая няўдзячная частка працы: ён павінен быў падтрымліваць агонь у катле, які награваў вялізную металічную колбу з вадой, адкуль пар ішоў у цыліндр. Усё сапраўды рабілася вельмі марудна. Пакуль вугаль распаліўся, закіпела ў колбе вада… Пакуль ціск пары зрабіўся дастатковы, зрушыліся з месца шатуны, скрануліся колы і колцы… Пфальцман ірвануў на сябе падважнікі, і металічныя шчыты чарапахі самкнуліся, так што машына разам з рухавіком аказалася пад бліскучым панцырам з вузкімі шчылінамі дзеля агляду, праветрывання і стральбы з пісталетаў. У машыны было мноства маленькіх колаў на рухомых восях, што, як меркавалася, зробіць яе неверагодна ўстойлівай і дазволіць мінаць перашкоды. З ”галавы” чарапахі валіў чорны дым, яна свістала, сіпела, гула… Колы з ляскатам зрушыліся, а паколькі на кожным з іх была зробленая бліскучая металёвая налепка, здавалася, што пачвара перабірае лапамі, як велізарная сараканожка.
– Пайшоў! Пайшоў! Цмок пайшоў! – спалохана зашапталіся вакол. Крок, другі… Пахолкі і пахолікі, гайдукі і паюкі, венгрынкі і гусары, машталеры і турчаняты, што сабраліся ў двары, пачалі адыходзіць, хрысціцца, некаторыя ўчынілі гэтак жа, як камянецкія мужыкі, якія збеглі ад Пфальцмана. Жанчыны і дзеці вішчэлі… Здавалася, жалезную пачвару не стрымаюць ніякія сцены. Потым чарапаха застыла, з яе “пысы” высунулася маленькая кароткая гармата, скіравалася да ўсходняй сцяны…
– С-страляй! Валі! – узбуджана крычаў Геранім Радзівіл, прытопваючы нагой. Гармата выплюнула ядро… Сцяна вытрымала ўдар, хаця ў ёй утварылася заўважная выбоіна. Апошняя чэлядзь з крыкам рассыпалася ўбакі, двор апусцеў.
– С-слаба! Мала! – крычаў князь. Металёвая пласціна адыйшла, у адтуліну высунуўся спацелы, счырванелы твар Пфальцмана.
– Ваша мосць, гэтая машына можа быць узброеная дванаццаццю такімі гарматамі, па ўсім перыметры, якія змогуць з дапамогай адмысловых прыстасаванняў страляць адначасова, наносячы ворагу вялікую шкоду!
– Ну д-дык і ўсталюй іх! – супакоіўся пан Геранім, зацікаўлена аглядаючы сваю новую зброю. – У Слуцку лепшыя людвісарні ў краі! Будзеш тут жыць, пакуль да ладу ўсё не давядзеш.
Над замкавым дваром кружлялі спалоханыя вароны.
– Пфальцман не ведае, у што ўвязаўся, – ціха прамовіў таксама расчырванелы ад знаходжання ў пякельнай машыне Лёднік Пранцысю на вуха, калі яны ішлі ў палац, адстаўшы ад іншых. – Мне тут распавялі, як князь выпісаў быў швейцарца, які мусіў паставіць яму ў Слуцку конны помнік. Але пан Геранім так замучыў майстра парадамі і кантраляваннем, да таго ж прыставіў да яго адмысловых людзей, каб не давалі ўжываць віно, што майстар збег. А на развітанне пакінуў гаспадару цыдулку, у якой выказаў, што той не мае ніякага ўяўлення ні пра ліцейную справу, ні пра архітэктуру. Князь ледзь жоўцю не захлынуўся ад злосці. Так што цяпер наўрад Пфальцманам удасца ўцячы.
Доктар памаўчаў, пакуль Пранціш ціха смяяўся, і дадаў:
– А машына ўсё-ткі марудная і неразваротлівая. Ідэю вадзянога рухавіка мы з Якубам разам абмяркоўвалі – цяпер з ёй носіцца малады Кюньё. Той марыць перасоўваць французскую артылерыю з дапамогай паравых машын, а Пфальцман аб’яднаў усё ў адным: гарматы, рухавік і абарончыя збудаванні. – Лёднік уздыхнуў нават трохі зайздросна, і Пранцысь зразумеў, што алхімік усё-ткі аддае належнае вынаходніцкаму таленту аднакурсніка. – Але з такой малой хуткасцю і кароткай дыстанцыяй – ну колькі таго вугля можна з сабой у машыну прыхапіць? – яна пакуль не надта зручная. І дзякуй Богу. – І паглыбіўся ў звыклыя любамудрыі: – Ведаеш, я думаю, Леанарда да Вінчы не змог здзейсніць ніводнае са сваіх вайсковых вынаходніцваў яшчэ і таму, што тады ў вайскаводцаў існаваў пэўны кодэкс гонару: ганебным лічылася б заваяваць перамогу вось такой прыладай, а не хітрай стратэгіяй і мужнасцю вояў. Хаця, можа, я іх ідэалізую, і яны проста былі недавукамі, як наш Аўгуст – Пфальцман жа яму напачатку праект пасылаў, але кароль нават не адказаў. Затое пра машыну даведаўся князь Геранім…
Нямецкія вучоныя былі ўдастоеныя гонару абедаць у Вялікім палацы, які таксама знаходзіўся ў Ніжнім замку і быў перабудаваны з таго, што ўзводзіла яшчэ колішняя гаспадыня Слуцку Анастасія Алелькавіч. Стол абедзены ледзь не тых часоў, з дубовых дошак таўшчынёй у руку не самага кволага чалавека, змяшчаў паводле сармацкага звычая чалавек сто. Колькі выпіта было пад гэтымі высокімі зводамі, колькі віватаў гучэла, колькі зухаватых шляхціцаў проста з-за стала адпраўляліся на двубой! А пасля, калі маглі гэта зрабіць, вярталіся ў залю, каб выпіць міравую… Альбо той, хто выжыў, піў адыходную за спачылага. Колькі старажытных ваярскіх песень тут прараўлі моцныя глоткі!
Але такога магнацкага застолля, як цяпер ладзіў Геранім Радзівіл, нідзе больш нельга было пабачыць. Тут панавала цішыня – голка ўпадзе, пачуеш. Пасля таго, як гаспадар усеўся за асобны столік і за ягонай спінай стаў пахолак, чый абавязак быў каштаваць кожную страву і пітво, што падаваліся князю, і гайдук, які па звычаі трымаў панскі палаш, зайграла цудоўная музыка. Заслізгалі за спінамі гасцей слугі ў блакітных пералівістых жупанах з залатымі гузікамі, за пояс кожнага былі засунутыя ласёвыя рукавіцы. Але гучна прамаўляць насмеліваўся толькі той, да каго князь звяртаўся. Астатнія час ад часу толькі перашэптваліся, намагаючыся не наклікаць падазрэнне гаспадара. Пілі з каштоўных крышталёвых кубкаў з залатымі налепкамі ў выглядзе звяроў так, каб не ап’янець – Радзівіл Жорсткі дужа не любіў п’яных. І гэта ў той час, калі добрым лічылася, каб госці валіліся пад стол, перацалаваўшыся з келіхам. Ніхто не прамаўляў велягурыстых тостаў, не пілі з чаравічка прыўкраснай дамы… Дый дам за сталом зусім не было – бо Геранім Радзівіл іх таксама не любіў, дакладней, пагарджаў і асцерагаўся “фарбаваных лісіцаў”. Толькі статуі белых антычных багінь прыкрашалі пакой, а між статуй гэтак жа нерухома стаялі гранд-мушкецёры князя Гераніма, у сініх мундзірах з белымі вылогамі, у капялюшах з пёрамі, са шпагамі, на похвах якіх блішчэлі каштоўныя камяні… Пранціш успомніў расповеды пра прыгонных актрыс, якіх прымушалі выяўляць статуі, прыгледзеўся… І праўда, мармуровыя багіні дыхалі! Насупраць Лёдніка і Пранцыся сядзеў тоўсценькі чалавек у блакітным камзоле, з жывымі чорнымі вачмі. Пранцысь пачуў, як Лёднік ціха звяртаецца да чалавека “сеньёр Пучыні”, і зразумеў, што гэта і ёсць агент Сапегаў, дырэктар опернай трупы слуцкага тэатра. Значыць, доктар ужо наладзіў патрэбную сувязь… Як дасведчаны шпег.
Пан Геранім быў у незвычайным гуморы, калі меркаваць на радасных тварах прыдворных. Падобна, новая цацка ў выглядзе жалезнай чарапахі яму дужа спадабалася, і ён ужо планаваў, як з ейнай дапамогай карае ворагаў, а сярод іх значыліся нават усе князевы сваякі. Пфальцман зноў красамоўна апісваў магчымасці свайго вынаходніцтва, але князь спыніў погляд на другім немцы, а менавіта Лёдніку.
– А ў чым т-твой вучоны калега аб-базнаны?
На шчасце, пра адмову аднакурсніка ад астралогіі гер Якуб быў папярэджаны. Таму Пфальцман, не крывячы душой, распісаў выдатныя лекарскія здольнасці гера Лотмана, якому выкладчыкі Лейпцыгскага ўніверсітэту прарокавалі славу новага Парацэльса. І тут патрапіў ключ у замок. Князь належаў да людзей, што падазраюць у сабе кучу ўсялякіх хваробаў. Гэта спалучалася з пастаянным падазрэннем, што яго труцяць, няправільна лечаць, сурочваюць і гэтак далей. Таму князь увесь час меў патрэбу у дактарах, але дактары пры ім доўга не затрымліваліся… І не заўсёды ім удавалася з’ехаць ад капрызлівага пацыента. Часцяком яны проста знікалі. Вось і цяпер князь застаўся практычна без лекараў – двух ацалелых ад княскага гневу няшчасных італійскіх клісцірнікаў Геранім бачыць не жадаў, і яны сядзелі, замкнуўшыся ў пакоях, і пілі адвары валяр’яны. Таму нямецкі доктар быў тут вельмі дарэчы. Настолькі, што чорныя вочы Радзівіла загарэліся дзікім агнём, і князь адразу запатрабаваў, каб гер Лотман яго агледзеў і вынес свой вердыкт. Лёднік кінуў на стол сурвэтку і пакорліва нахіліў галаву. Пранцыся паслалі па Лёднікаву дыхтоўную скураную валізку з абавязковым наборам інструментаў і лекаў, пазычаную ў Сапегаўскага доктара.
Калі князь і Лёднік зніклі за дзвярыма з арламі ў суправаджэнні двух гвардзейцаў, запанавала ціша, якую парушалі толькі асцярожныя пастукванні лыжак аб модныя парцалянавыя талеркі, ды часам баязлівы шэпт гасцей. Спалох на тварах шмат сказаў Вырвічу. Ясна, усе непакояцца, што доктарскі агляд князя раззлуе, бо так, відаць, здаралася часцяком, і тады дастанецца ўсім. Нават жывыя статуі задыхалі часцей, адна аж пераступіла з нагі на нагу, і тут жа замёрла пад злосным позіркам княскага прыдворнага маршалка, тлустага, як рапуха, які павінен быў сачыць за дасканаласцю дэкарацый.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?