Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 18 декабря 2018, 14:20


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Але сёння давялося ў чарговы раз сунуць у металёвую шчыліну прахадной пластыкавую картку колеру замерзлай жабы і дазволіць паралелепіпеднаму цмоку паглынуць сябе на дзевяць гадзінаў.

Праз дзевяць гадзінаў яго табою званітуе. І ты пацягнешся дадому. І нібыта наяве пабачыш за сабою след шэрай слізі…

Раздзел 2. Партрэт і шкілет

Калі маленькая птушачка бачыць побач з сабой вялікую, драпежную, якая задумліва пазірае жоўтымі круглымі вачыма і невядома, ці нападзе, ці ўжо наелася іншымі маленькімі птушачкамі, але ўцякаць па-любому позна, – у маленькай пачынаецца эфект замяшчэння.

Ну, тыпу, яна не заўважае пачварыны, смерці сваёй патэнцыйнай.

Птушачка адварочваецца, пачынае старанна дзяўбці каменьчыкі, шчыкаць дзюбай зусім непатрэбныя сухія травінкі. Удаваць пільны клопат…

Гэтак і Ася, каля сядала ўранку на працоўнае месца, пачынала, пагрукваючы бранзалетамі, перастаўляць на стале «фенечкі» – так яна для зручнасці называла ўсе гэтыя аловачніцы-каляндарыкі-візітоўніцы, канцылярскае начынне. Бралася рапараваць якую-небудзь старую паламаную дыскету, якая незразумела адкуль узялася, ці ішла перамываць кубкі для гарбаты. Пасля падыходзіла чарга Інтэрнэту. Праверыць паштовыя скрынкі – адну, другую, трэцюю (хіба гэта можна параўнаць з адчуваннем у руках сапраўдных канвертаў?). Прагледзець сайты навінаў («Пасмяротнае адкрыццё Вангі: іншапланецяне рыхтуюць вялікую падзею!», «У шасі расійскага самалёта знайшлі труп!»). Хуценька, каб не заўважылі супрацоўнікі, зазірнуць на ўлюбёны сайт фэнтэзі – так, дзеля разгрузкі мазгоў, як Ася сама сабе апраўдвала такі правал густу. (Ага, новы фанфік пра Гары Потэра: «хлопчыка, які выжыў» нізавошта садзяць у магічную турму Азкабан, ён уцякае, пачынае помсціцца былым сябрам, што яго туды і запраторылі, але сустракае былое каханне, а ён жа так і застаўся цнатліўцам з-за «адсідкі»…).

А побач чакае стос рукапісаў. Здавалася, ён нават пазірае няўмольнымі немігучымі вачыма, жоўтымі і круглымі… Яшчэ трохі – і дзюбу можна ўявіць… Пачвара з гравюры Гоі.

А верхнюю тэчку трэ здаць у карэктуру сёння. Да канца працоўнага дня. І Ася ведала, што здасць – нікуды не дзенецца. Ні разу шчэ не пратэрмінавала, нават з тэмпературай. За тое і трымаюць. А за што яшчэ? Літаратурныя здольнасці для рэдагавання якога-небудзь «жыллёвага кодэксу» ці падручніка па ідэалогіі не патрэбныя.

Вось, яшчэ хвілінак дзесяць «пазамяшчаецца», гарбаткі пап’е, і… «Работай, работай, работай, ты будешь с уродским горбом за долгой и честной работой, за долгим и честным трудом…» – пісаў самы рамантычны на свеце паэт Аляксандр Блок, астэнічнага целаскладу прыгажун, што так зацята намагаўся давесці маладой жонцы Любові Мендзялеевай, як гэта здорава – платанічнае каханне, а яна, небарака, так і не ўцяміла. Ледзь не звар’яцела, а тады палюбоўнікаў завяла.

Толькі драматычных любошчаў Асі і не хапала… Хопіць дурной школьнай закаханасці ў маладзенькага віхрастага настаўніка гісторыі ды яшчэ няўдалага рамана з самім Вячкам Скрынічам, растаптанага апошнім на стадыі бутона. Гэта было «мордай аб асфальт» дубль два…

Апошнія дні жніўня, водпускі адгуляныя, наперадзе – час, калі вяртанне з працы будзе адбывацца ў халоднай цемры, як, зрэшты, і прыход на яе… Бр-р-р…

– Там твой партрэт вісіць! Уй! Як жывая! – у пакой уварвалася Асіна аднакабінетніца, фарбавана-брунэтная дама-вамп Валянціна. За ёй, трохі адстаўшы, у кабінет запоўз шлейф густога паху парфумы «Жадарэ», лена скруціўся кольцамі, як пітон, і ўлёгся на шэры палас. Усё, цяпер праветрывай не праветрывай…

– Які партрэт? – няўважна перапытала Ася, якая ледзь паспела выйсці з сайта фанфікаў і цяпер удавала сваю зацікаўленасць стужкай навінаў.

– Ну ты зусім між папераў засохла, хоць зараз у гербарый, – абурылася Валянціна. – У галерэі выставу павесілі! Ужо ўвесь наш паверх збегаў паглядзець! Ідзі неадкладна, палюбуйся! Можа, таемна закаханы ў цябе мастак маляваў?

Нават у пячоры Цыклопа, напэўна ж, меліся куточкі, дзе хавалася прыгажосць, – ну там, раслі ў расколінах між камянёў бляклыя вытанчаныя кветачкі ці складаліся ў выпадковы незвычайны малюнак каменьчыкі… На дзясятым, апошнім, паверсе Шэрай Будыніны была Галерэя.

Напачатку гэты паверх лічыўся нешчаслівым. Яго здавалі ў арэнду, але колькі ні засялялася ўстановаў – усе неяк хутка і непрыкметна прагаралі. Шыльды не паспявалі мяняць. Даўжэй за ўсіх пратрымалася турыстычная фірма «Солнечный рай». Але і рай ляснуўся, і дырэкцыя будыніны, змахнуўшы апошнія анёльскія пёркі з канцылярскіх сталоў, вырашыла адкрыць на нешчаслівым паверсе выставачную залу. Прычым грошай убухалі туды, як нявопытная гаспадыня солі ў боршч: сігналізацыя, кандыцыянеры, увільгатняльнікі… А навошта? Ася пару разоў схадзіла на прэзентацыі – супрацоўнікам «Сокала-прынта» ўваход быў бясплатны, але абодва разы няўдала. Адзін раз гэта аказалася выстава сына вядомага памерлага мастака. Нябожчык калісьці згубіў капялюш і частку інтэлекту ў эзатэрычных завіхрэннях. Сын, маладзён з пячаткай алкагалізму на капрызлівым прыгожым твары, старанна пераймаў бацьку, спрабуючы пераўзысці яго яркасцю колераў, экспрэсіўнасцю сюжэтаў і касмічнымі азарэннямі, і выглядала гэта да агіды непамысна, як гульня школьнікаў у морг. Другі раз Ася патрапіла на выставу твораў людзей з «асаблівасцямі псіхікі». Арт-тэрапія – справа добрая, але маладую рэдактарку канкрэтна пачало ванітаваць – асабліва перад карцінай алеем пад назвай «Перст»: на палатне быў намаляваны жоўты палец, велічынёй з батон, які ляжаў зусім асобна на шорсткай зялёнай траве, а з яго раслі чырвоныя кветачкі, страшэнна падобныя да крывавых пырскаў. Што праўда, была магчымасць зняць стрэс: арганізатары выставы рыхтавалі фуршэт. Пасярод залы цягнуліся вузкія сталы, а раскладзеныя на іх прадукты былі накрытыя блякла-юлёвымі абрусамі… Вядома, пад тканінай знаходзіліся рэчы зусім звычайныя – бутэлькі з напоямі, талеркі з горамі бутэрбродаў і садавіны, кубкі… Але на фоне пранізліва-яркіх, да галаўнога болю, карцін пад абрусам, які распяльваўся на нябачных формах, угадвалася немаведама што, ледзь не кавалкі трупаў ці прылады для катавання. А пабачыўшы, як прывялі самадзейных мастакоў, у прынцыпе, звычайных людзей, зусім не страшных, толькі задужа спакойных, Ася ганебна збегла… І болей на дзясяты паверх не хадзіла.

Цяпер яна ўспомніла, што бачыла ў вестыбюлі афішкі з рэпрадукцыямі зялёна-блакітна-жоўценькіх пейзажыкаў на сінім фоне. Учора ўвечары ў галерэі адчынілася выстава-алаверды з нейкім музеем з расійскай глыбінкі. Цікава, яны – калекцыю жывапісу ХІХ стагоддзя, а што павезлі нашыя ўзамен? Алкагольна-касмічныя азарэнні альбо жывапіс пацыентаў псіхушкі?

Што ж, затое гара тэчак яшчэ пачакае… І Арсенія паімчала да ліфта, разганяючы пыльнае паветра ветразем чорнай спадніцы – вось добры выйшаў бы здымак тутэйшага паветра, мімаволі адклалася ў галаве: пыл казённага дывана, узмах чорнай тканіны…

На дзясятым паверсе нікога не было. Адна цётка-наглядчыца, сівенькая, як восеньскі туман, сядзела ў куце і вязала бэзавы шаль.

На сценах перамігваліся сонечнымі зайчыкамі пейзажы: бярозкі, хваінкі, аблачынкі… Цямнела некалькі старых партрэтаў – сурдуты, ордэнскія стужкі, капоты, каптуры… Але Арсенія бачыла толькі адну карціну. Проста насупраць увахода… Партрэт у поўны рост. Дзяўчына ў цёмнай сукенцы з вузкім белым каўняром, валасы гладка расчасаны на прабор, рукі цнатліва складзеныя пад грудзямі… Арсенія павольна падыходзіла бліжэй, і немажліва было пазбавіцца адчування, што набліжаешся да люстра…

На адлегласці шэпту ад карціны Ася замерла. Намаляваная дзяўчына паглядала зверху вялікімі цёмнымі вачыма гэтак рахмана і даверліва, яе тварык з высокім белым ілбом, маленькімі, амаль дзіцячымі вуснамі выпраменьваў асаблівую чысціню… «Мордай бы цябе аб асфальт!» – недарэчна прагучаў у Асінай галаве звяглівы голас старога паэта, які развучыўся пісаць вершы.

Не. Палохацца не варта. Што тут асаблівага? Чалавечы мозг так зладжаны, што ва ўсім шукае падабенства. У тосце з сырам бачаць партрэт Багародзіцы, і прадаюць яго на аўкцыёне за шалёныя грошы… У воблаку ўгадваюць абрысы самога д’ябла, і ў паніцы рыхтуюцца да канца свету. А Уладзімір Караткевіч, між іншым, пазнаваў сваё аблічча ў партрэце хлопчыка работы італьянскага мастака эпохі Адраджэння Пінтурык’ё. І праўда, падабенства незвычайнае. А тут… нічога звышнатуральнага. У дзяўчыны на партрэце і вусны меншыя, чым у Асі. І вочы больш цёмныя, і нос… вось тут, пасярэдзіне, трошкі танейшы… І прыгожая, не тое, што Арсенія. І… урэшце, гэта сапраўды мог намаляваць колішні знаёмец – упадалі за Марго студэнты з Акадэміі мастацтваў, адзін дамоў да іх хадзіў, здаецца, яго звалі Андрусь Камароўскі. І ўсё спрабаваў з малодшай сястрой сваёй дамы загаворваць, некуды запрашаць, толькі Ася, вядома, палохалася і бянтэжылася, што абражае мастакоўскае вока сваім страхавітым абліччам (прынамсі, на гэта намякала Марго). Але, можа, хто з гэтых мастакоў мімаволі і выкарыстаў Асін вобраз, калі ўяўляў старасвецкую паненку?

Рэдактарка з палёгкай уздыхнула. Ніякай таямніцы. І перавяла вочы на шыльдачку ля багетнай рамы: «Партрэт графіні Марыі Корб-Варановіч. Невядомы мастак, пач. XІX ст.».

Усё, цяпер ніякага ратунку ад містычнага жаху… Адкуль ён толькі ўзяўся? У прынцыпе, нічога ж страшнага не адбылося – падумаеш, убачыла намаляваную падобную да сябе дзяўчыну… Гэта ж забаўна… А за сэрца нібыта нехта халоднай рукой крануў. І сціснуў… Так.

Бо Арсенія шалёна ненавідзела гэтую намаляваную дзяўчыну, такую чыстую, датклівую, рахманую…

Выплеск нейкай інстынктыўнай, незразумелай да містыкі нянавісці…

– Гэта ваша сваячка, напэўна?

Зацікаўлены голас бабулькі-наглядчыцы ледзь не змусіў Асю падскочыць.

– Вы не з Корб-Варановічаў выпадкам?

– Не… нічога я пра гэтых… Корб-Варановічаў… не ведаю! – знервавана прамовіла Арсенія і памкнулася прэч, пакуль яшчэ хто не заблукаў на нешчаслівы паверх. Прэч, далей ад ненавіснага аблічча.

– А як падобныя! – крычала ўслед бабулька, але Ася ўжо рванула на сябе дзверы галерэі.

Міргатлівыя лямпачкі над ліфтамі сведчылі, што кабіны паволі кіруюцца на першы паверх, а чакаць хацелася не больш, чымся драпаць пазногцямі бетонную сцяну. Ася, прытрымліваючы рукой доўгую спадніцу, імкліва пабегла ўніз па «чорнай» лесвіцы, вечна пракуранай настолькі, што варта было спусціцца на суседні паверх, і валасы двое сутак патыхалі табакай. Хаця Ася пару разоў сфоткала паветра, абазначанае цыгарэтным дымам, але гэта было паветра не для яе дыхання.

На кожнай лесвічнай пляцоўцы блішчэлі мадэрновыя попельніцы на высокіх жалезных ножках, падобныя ці да металёвых грыбоў, ці то да маленькіх робатаў. Але падваконні былі застаўленыя звычайнымі бляшанкамі з-пад кавы і марынаваных алівак, якім курцы «Сокала-прынта» аддавалі перавагу, пра што сведчылі горы недапалкаў у бляшанках і сіратлівая пустэча, парушаная некалькімі пляўкамі, у попельніцах на жалезных ножках. Паміж сёмым і шостым паверхамі на лесвічнай пляцоўцы злева ад акна мелася глыбокая ніша, а ў ёй – вузкія дзверы, абабітыя бляхай, без аніякай шыльды. Нейкае тэхнічнае памяшканне. Аб гэтыя дзверы супрацоўнікі любілі тушыць недапалкі, спаборнічаючы ў мастацкасці чорных сыпкіх росчыркаў.

На шчасце, курцы на гэты раз не тоўпіліся перад акном. Але калі Ася, спяшаючыся, прабягала паўз нішу з дзвярыма, нехта моцна схапіў яе за руку, ірвануў убок – і Арсенія апынулася ў нішы, прыціснутая да нападніка, як у перапоўненым ліфце.

– Тс-с-с… Ціха…

Арсенія ледзь стрымала абураны крык… Перад ёй стаяў Вячка Скрыніч уласнай літаратарскай персонай! І нават моцна трымаў яе за руку (між іншым, на Асінай далікатнай скуры ўтворыцца сіняк). Худы твар Скрыніча здаваўся яшчэ больш напятым, чым звычайна, зялёныя вочы гарэлі, як у дзіцёнка, якога зараз тата пасадзіць у вагончык амерыканскіх горак. Прамыя цёмныя валасы зблытаныя, як быццам уладальнік толькі што прабег не адну літоўскую вярсту, ноздры драпежнага носа раздзімаюцца… Вочы Асі апынуліся на ўзроўні Скрынічавага падбароддзя, на дзіва паголенага (дзе ж рамантычнае шчэцце?). І паху алкаголю не адчувалася, толькі гаркавата-палыновая парфума… Ад шалёнага Вячкі можна чакаць чаго заўгодна. Арсенія, праўда, ужо гады з два яго не сустракала, бо зусім перастала цягацца па літаратурных тусоўках. Толькі інтэрнэт час ад часу абурана гуў вакол абвестак, што Вячку, які славіўся незалежніцкай пазіцыяй, не пусцілі некуды выступаць ці не надрукавалі артыкул са станоўчай рэцэнзіяй на ягоны раман. Хаця курсавых і дысертацый па ягонай творчасці, Ася дакладна ведала, абаранялі шмат.

Скрыніч нідзе не працаваў. Адны казалі, што ён някепска зарабляе тым, што піша сцэнарыі серыялаў для расійскіх кінастудый, таму і можа пачувацца незалежна. Другія пляткарылі, што ён проста зусім апусціўся, спіўся, скалоўся, галадае, жыве на міласціну прыхільнікаў… Іначай даўно з’ехаў бы за мяжу, на які літаратурны грант. Можа, і праўда падсеў на якія наркотыкі? Вунь што вытварае… Як яго толькі ў «Сокал-прынт» прапусцілі?

Скрыніч, відаць, збаяўся, што ягоная «ахвяра» як відаць заверашчыць і пачне вырывацца, таму ўмольна і хутка зашаптаў:

– Ціха, калі ласка… Не бойся… Проста паслухай мяне… Арсенія тузанулася, вызваляючыся. Пачаліся няёмкасць і боязь. Наўрад гэта спроба аднавіць забыты раман. Хутчэй на бутэльку не хапае беднаму генію, ці ў геніяльную галаву ўзбрыла мара выдацца ў «Сокале-прынце»… Піетэт перад Скрынічам Ася страціла якраз два гады таму, калі Скрыніч на прэзентацыі сваёй кнігі ў галерэі «Падземка» холадна запатрабаваў у абмен на інтэрв’ю ў Асінай сяброўкі Волькі, сімпатычнай студэнтачкі журфака, правесці ноч у ягонай спальні. І не проста так, а з наручнікамі. Дасюль, маўляў, не апрабаваў. А такія наручнікі файныя, сталёвыя, бліскучанькія… І ложак з жалезнымі парэнчамі ёсць, зручны для такой насалоды. Скрыніч стаяў пад карцінай з намаляванымі вачастымі сперматазоідамі ў сваёй чорнай кашулі і джынсах, дэманічна скрыжаваўшы на грудзях рукі, пазіраў нахабна-пагардліва некуды ў верхні кут столі, толькі час ад часу кідаючы літасцівы позірк на студэнтачку з таненькім лічбавым дыктафонам, заціснутым у наманікюраных пальчыках – нібыта птушка трымалася за галінку, і лена распавядаў пра тое, што наручнікі – гэта высокі сымболь энергіі дзэн… Усе вакол разумелі, што Скрыніч сцябаецца, і ціха весяліліся, толькі дзяўчо з дыктафонам не разумела і не ведала, куды падзецца ад сораму. І Ася не ведала, што рабіць. Бо яшчэ ўчора на фуршэце пасля адкрыцця выставы знаёмага мастака Скрыніч нібыта ўсур’ёз з ёю размаўляў, і праводзіў дахаты, і дужа цікава распавядаў пра шляхецкія двубоі, і запрасіў на гэтую прэзентацыю… Прычым наказваў прыйсці абавязкова. На развітанне пяшчотна пацалаваў руку, закаваную ў пярсцёнкі, і здавалася, нават камяні іх заззялі ад радасці… Усё, як у ягоных кніжках! Неверагодна! І Ася, забыўшыся на свае комплексы, млела ад шчасця і не спала ўсю ноч, соладка шчыміла пад лыжачкай, і ніяк не верылася, што яна – няўклюдная дзеўчынёха з шэрымі валасамі – прыцягнула ўвагу самога Вячкі… Які нават за яе сястрой Маргарытай не стаў упадаць. Не, так не бывае, ён абавязкова ў Арсеніі расчаруецца…

Так тады і выйшла. Было бачна – забыўся, што запрасіў. Нават не глядзіць. Вусны пагардліва крывіць. Вось, прычапіўся да ейнай сяброўкі. А што ты хацела, пачварына… Ася сышла, не дачакаўшыся нават, калі Скрыніч пачне чытаць урыўкі з новай кнігі, пакінуўшы разгублена-шчаслівую Вольку вырашаць, ці згаджацца на наручнікі, і потым доўга сама сябе пераконвала, што пісьменнік і тое, што ён з сябе ўяўляе ў штодзённым жыцці, могуць не толькі не супадаць, але быць процілегласцямі. І ад гэтага якасць твора не пагоршыцца, бо толькі яна і мае значэнне. А Скрыніч ужо напісаў пяць выдатных раманаў, за якія ў лепшыя часы, ды пры спагадлівых адносінах дзяржавы да нацыянальнай літаратуры, быў бы запяспечаны да канца дзён сваіх, і на вуліцах яго пазнавалі б не толькі студэнты філфака…

Але што там… Усё перагарэла. Праўда, і сяброўства з Волькай пасля той прэзентацыі растала, як снег на далоні.

Не, Арсенія ўжо не тое наіўнае дзяўчо, пасля школы «Сокала-прынта» яе не збянтэжыш.

– Калі хочаце размаўляць – пойдземце ў мой кабінет. А там на стале гара тэчак…

Скрыніч раздражнёна пакруціў галавой.

– «Кабінет…» Зусім ачыноўнічылася, паненка. Не пра тое думаеш… Не пра тое… На партрэт свой паглядзела?

Арсенія здрыганулася.

– Адкуль вы ведаеце пра партрэт?

– У Кнізе так напісана… – будзённа прамовіў Скрыніч нешта абсалютова шаманскае і зноў напяўся: – Ш-ш-ш…

На лесвіцы чуліся крокі. Вячка штурхануў абабітыя бляхай дзверы, і яны раптам расчыніліся. Патыхнула сутарэннем. Ася не паспела абдумаць, што адбываецца, як Скрыніч уцягнуў яе за сабой у вузкі, з тры локці, паўцёмны калідор і зачыніў дзверы – электрычнае святло працэджвалася скрозь круглыя маленькія адтуліны ў гіпсакардонавых плітах правай сцяны – нібыта волат відэльцам папароў. Што за гульні ў шпіёнаў? Але Ася, як і Вячка, паслухмяна чакала, пакуль на лесвіцы сціхнуць крокі.

– Пайшлі… – шапнуў Скрыніч, і Ася рушыла за ім углыб таямнічага пакоя, спатыкаючыся аб старыя транспаранты і шчыты для кніжных экспазіцый, сама не разумеючы чаму. Можа, таму, што на стале чакалі рукапісы, і гэта было мацней за ўсялякі іншы страх? Ці таму, што гэта быў Скрыніч, які хоць, кажучы велягурыста, і разбіў калісьці яе сэрца, але чые гераічныя фэнтэзі сніліся ёй па начах? Дый так хвалююча было залезці ў вантробы ненавіснай Шэрай Будыніны, нібыта гэтым зрабіць ёй балюча…

Дзесьці, зусім побач, праляскатаў ліфт… Спадніца зачапілася за пыльны планшэт… Усё, будзе нітка вісець на падале. Калідор скончыўся трохі шырэйшым тупіком. Тут усё было застаўлена старымі маніторамі, і Вячка махнуў рукой, запрашаючы Асю сесці.

І яна села проста на пажаўцелую спіну вялізнага старога манітора, як на які-небудзь чэрап дыназаўра, і адчула – упершыню за столькі гадоў – волю. Самае лепшае адчуванне ў свеце. Можа быць, нават лепшае за пачуццё кахання для тых, хто здольны цаніць падобныя рэчы. Як быццам збегла з урока перад кантрольнай. Шэрая Будыніна больш не выклікала нянавісці – у яе аказаліся свае кулісы, сваё патаемнае жыццё, далёкае ад афіцыйнага фасада… А Вячка пазіраў нахабнымі светла-зялёнымі, з чорнымі доўгімі вейкамі вачыма на Арсенію.

– Сёння ты пабачыла партрэт свайго двайніка. Так мусіла быць – бо я так напісаў.

Манія вялікасці? Прароцтвы Скрыніча? «Тканіна загаварыла» – як у тупым галівудскім баевіку пра таемную суполку ткачоў, якія вылічваюць нябесныя пасланні па вузельчыках, што ўтвараюцца на сувоі, а пасланні ўсё нейкія аднастайныя: таго забіць, гэтага забіць. А Скрыніч ужо даставаў з чорнай джынсавай сумкі, што боўталася ў яго на плячы, рукапіс – раздрукаваныя на прынтары старонкі, падшытыя ў сіні файл. Вось як выглядае сёння аракул…

– Не смейся… – сурова папярэдзіў ён Асю, у якой на твары заўсёды было напісана, што яна думае пра гэты варты жалю свет і сваіх дарагіх бліжніх, вартых гэтага свету. – Я заўсёды ведаў, што думка матэрыяльная. Здаралася ў мяне – напішу, а яно і спраўдзіцца… І вось цяпер…

Вячка таксама ўсеўся на манітор-дыназаўр насупраць Асі, блізка-блізка – каб і надалей гаварыць ціхутка, палыновы пах ягонай парфумы нагадваў пра стэпы і, па асацыяцыі са стэпавымі прасторамі, пра тое, што трэба збягаць падалей ад маньякаў, якія зацягваюць малазнаёмых дзяўчат у кладоўкі паміж паверхамі. Хаця больш за ўсё Вячка нагадваў не маньяка, а пярэваратня. Ваўкалака. Ваўка. Жылістага, напятага, вясёла-шалёнага…

– Я напісаў пяць раманаў, – змрочна прамовіў Вячка, нібыта прызнаваўся, што пахаваў пяць жонак. – Гэта было… файна, пісаць іх… Ведаеш, мне тады па барабане ўсё, што адбываецца вакол, я паміраю, нараджаюся, забіваю, атрымліваю ўдары, кахаюся, здраджваю – разам са сваімі героямі. Аднойчы, як у Максіма Горкага, застаўся шнар на грудзях – калі выпісаў сцэну, дзе князя Барыса Глінскага забіваюць ударам корда ў сэрца. Крыві ў мяне не было – чырвоны след, нібыта апёк, і шнар застаўся, як ад апёку… Вось… – Вячка на імгненне расшпіліў чорную джынсавую кашулю. – Ведаеш, у маім свеце цікавей, бясконца цікавей, чым у вашым… Але рэальным ёсць усё-ткі ваш… Гэты… Я не магу больш трываць гэтай рознасці.

Скрыніч уздыхнуў, нібыта перад скачком з парашутам.

– Я напісаў раман… І я хачу яго пражыць. Ася не стрывала і засмяялася.

– Гэта называецца ролевая гульня, спадар Вячаслаў. У асноўным падлеткі захапляюцца.

Вячка не пакрыўдзіўся, наадварот, нібыта супакоіўся, збліснуў гарэзна вачыма.

– Ты думаеш, у мяне дах паехаў ці я па пялюшках і бразготках занастальгаваў? Не. Як гэта ні прыніжальна – я надзіва неарыгінальны. Калісьці Петроній, арбітр элегантнасці ў Неронавым Рыме, напісаў раман і таксама захацеў яго пражыць – бо сам у рэальным жыцці нічога падобнага не меў. І яны з сябрам-вольнаадпушчанікам селі на аслоў і адправіліся ў падарожжа, паўтараючы прыгоды герояў. Блыталіся па прытонах, разбойніцкіх сховішчах, оргіях…

Арсенія паспрабавала зручней усесціся на жорсткім чэрапе манітора – не ўдалося. Вось жа няёмкасць – усебаковая. Знізу – вострая грань манітора, мазгі кампасціруе літаратурны геній, і ці не лепей вярнуцца да тэчак? Оргіі, прытоны… Ася выдатна памятала сюжэты Вячкавых раманаў: рыцары з гатычных замкаў шукаюць цмокаў у азёрах Віцебшчыны, замкнутыя ў сутарэннях паненкі адмаўляюцца ад шлюбаў па прымусу, яшчэ абавязкова скарбы трэба адшукваць – і скарбы абавязкова праклятыя… А яшчэ Вячка любіў падарожжы ў часе. Змешваць эпохі, перакідаць туды-сюды герояў, ды каб у прышэльца з іншага часавага вымярэння надарылася рамантычнае каханне… А яшчэ хтосьці з герояў сабой ахвяруе, на пакутніцкую смерць добраахвотна пойдзе, ворагам у пашчу… А каханая, што яго пры жыцці мучыла, тады валасы на сабе рве і светлую памяць захоўвае. А антураж які: палац візантыйскага імператара, пячора ў вампірскіх Карпатах, зал у Нясвіжскім палацы, нетры Белавежскай пушчы, рымскія катакомбы… І як Вячка збіраецца гэта пражываць? Арсеніі зрабілася нудна, як заўсёды, калі да яе прарываўся аўтар, якога трэба было, асабліва не крыўдзячы, адправіць з Богам і з ягоным абсалютова «Сокалу-прынту» і асабіста Асі непатрэбным рукапісам.

– Ведаеце, гэта, напэўна, цікава, але я не захапляюся ролевымі гульнямі.

– Позна, – твар Вячкі перакрывіўся не самай лагоднай усмешкай. – Ты ўжо ў гульні. Думаеш, я да цябе выпадкова прыйшоў?

Побач ізноў прагуў-праляскаў ліфт. Вячка адкрыў рукапіс на пачатку і зачытаў спалатнелай Асі ўрывак:

– «Яна моўчкі глядзела на твар намаляванай дзяўчыны, і ёй здавалася, што яна глядзіць на самую сябе. Можа, нехта са знаёмых па студэнцкім юнацтве мастакоў намаляваў яе па памяці ў старажытным строі? Але выратавальную думку адпрэчыла шыльдачка пад партрэтам: «Графіня К., ХІХ стагоддзе, мастак невядомы». Гэты высокі белы лоб, расчасаныя на прабор гладкія, як шоўк, валасы, вялікія цёмныя вочы… Незвычайны для нашага часу выраз рахманасці і чысціні. А яшчэ яна адчула, што шалёна ненавідзіць намаляваную дзяўчыну – і не разумее, чаму…»

– Выходзіць, вы пісалі пра мяне? – прагаварыла Ася. Вячка раздражнёна ссунуў бровы, як настаўнік над вучнем, што ніяк не можа скласці два і два.

– Я пісаў раман. Я ўсё гэта ўявіў – на архіўных матэрыялах пра род Корб-Варановічаў. Напачатку дзеянне адбывалася толькі ў першай палове дваццатага стагоддзя. А тады я зразумеў, што яно павінна працягнуцца ў сучаснасць. І ў рэальнасць… Мусіць жа быць кропка сыходу, з якой усё пачнецца? І вось учора ўвечары мастак Андрусь Камароўскі, сябра мой, распавёў, што на прэзентацыі бачыў партрэт, страшэнна падобны да адной дзяўчыны, да якой калісьці… прабач, ён назваў гэта «клеіўся». І дзяўчына, трэба ж, робіць у будынку, дзе і галерэя. Шкада, не прыйшла. Цікава было б пабачыць яе каля партрэта. Бо на прэзентацыі, хто з «Сокала-прынта» быў, усе гэта абмяркоўвалі – ці сваячка Ася Вяжэвіч графам Корб-Варановічам… І я зразумеў – гэтак жа ясна, як поўху – гэта і ёсць мой шанец… Ты.

Светла-зялёныя вочы Вячкі гарэлі драпежным энтузіязмам, і ён яшчэ больш, чым заўсёды, нагадваў Асі ваўка – у якога ніколі не будзе сваёй зграі.

– А што там далей, у кнізе? – асцярожна папыталася Ася. Вячка адвёў позірк.

– Думаю, лепей, калі ты не будзеш пра гэта ведаць. Я пачну раскрываць сюжэт паступова.

– І наручнікі там маюцца? – не стрымалася Арсенія, каб не выплюхнуць даўнюю крыўду.

– А што, ты супраць? – раздражнёна прагаварыў Вячка. – Твая сяброўка дык не супраць была. Ведаеш, – стваральнік фэнтэзі глядзеў некуды ўбок, – я табе доўга дараваць гэтага не мог – цяпер можна сказаць, калі ўсё забылася. Я ж успрыняў напачатку наша знаёмства надта сур’ёзна. А як пабачыў, што ты прывяла гэтую дурную журналістачку, ды на мяне нацкавала, а сама побач стаяла і пасміхалася… Ну, зразумеў, якога дурня зваляў. Цяпер – усё, не бойся. Ніякай эротыкі. Ну, што табе губляць? Такое ўжо цікавае жыццё ў цябе?

Ася захінула твар рукамі. Вар’яцтва. А яшчэ ўсведамленне, што два гады таму ўсё магло атрымацца… Калі б не гэтая Волька… Калі б Ася насмелілася сама загаварыць з вялікім і жахлівым Вячкам, які, аказваецца, зусім не такі ўпэўнены ў сваёй пераможнасці, здольны збянтэжыцца і пакрыўдзіцца… Каб яна выявіла сваю зацікаўленасць – ну хоць на пялёстак незабудкі…

Позна.

– Я не ваша гераіня. У мяне не цёмныя, а попельныя валасы. У мяне… праца.

Скрыніч пераможна ўсміхнуўся.

– Валасы пафарбуем. Імя зменім. З працы звольнімся… – І, пабачыўшы жах суразмоўцы, паспешліва дадаў: – Ды жартую я, жартую… Гэта ўсё насамрэч не мае значэння. Дэталі, антураж… Галоўнае – сэнс… Мэсэдж. – І прагаварыў ціха і сур’ёзна, узважыўшы рукапіс у руках. – Гэта лепшы мой раман. І ён дужа цікавы. І… апошні. Павер, ты не пашкадуеш. Ну, Аліса, ты гатовая сягнуць у Залюстрэчча?

Вячка ўстаў урачыста, як камандзір атрада перад бітвай. Ася таксама павольна паднялася – галава кружылася… Праца… тэчкі… кабінет… пазыка – кватэра – туга-туга-туга… І прамовіла, страсаючы з сябе рэшткі былога жыцця:

– Я згодная.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации