Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 5


  • Текст добавлен: 18 декабря 2018, 14:20


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 5 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

…Лісцё каштанаў памірае вельмі непрыгожа. Яно скручваецца, згінаецца, як пальцы муміі, робіцца ржава-брунатным і падае цяжка, з панылым шоргатам, без спробаў узляцець, затрымаць падзенне. Ася назнарок наступала на скурчаныя лісты каштанаў, якія расціскаліся пад нагой, як вусені. На працу вяртацца бессэнсоўна – праз гадзіну канец працоўнага дня, дый адна думка пра Шэрую Будыніну выклікала агіду і камяк страху пад горлам. Як у школьніка пры думцы пра заўтрашнюю кантрольную. Хаця Скрыніч паабяцаў пагаварыць з яе начальнікам, выявілася, прыхільнікам ягоных раманаў, і замяць ейны сённяшні прагул, але Ася не была пэўная, што любоў да фэнтэзійна-авантурных раманаў на мове здольная пераважыць сокал-прынтаўскую зацыкленасць на дысцыпліне. Рэдактарка брыла па вуліцы, стараючыся не сутыкацца з мінакамі, якія спяшаліся, спяшаліся, спяшаліся. Яна паглядала час ад часу на свае пярсцёнкі з рознакаляровымі каменьчыкамі. Яшма, сердалік, змеявік, кашэчае вока… І як ніколі адчувала сувязь з імі: таксама – паўкроўкі, паўвысакародныя… Але Ася не мела і найменшага жадання мяняць іх, надзейных, сціпла-прыгожых, на бліскучыя і дарагія. Які ж гэты… Корб-Варановіч… нягоднік.

На чысціні крыві ссунуты. Рыцар, разумееш! А не выключана, што якісь ягоны прадзед-граф ейную прабабулю, простую дзяўчыну, жорстка згвалціў! Таксама, відаць, здаровы быў, як конь… А гэты, нашчадак, сядзіць, важны, як манарх, паперкі перабірае – з такімі плячыма… Няхай бы мяхі з бульбай пацягаў ці гной параскідваў, раз сілы падзець няма куды!

Арсенія зласліва ўявіла, як Корб-Варановіч у ватоўцы і дзіравых нагавіцах шчыруе віламі, а на твары ў яго грэблівая няшчасная міна… І аж заўсміхалася.

А калі на часопісным століку Асінай Кватэры апынулася філіжанка гарбаты з бергамотам, Ася змусіла сябе дастаць з сумкі Вячкавы аркушы. І пачала чытаць з пачуццём нядбайнай гаспадыні, якая адчыняе накрыўку забытага месяц назад пад сталом рондаля з супам.

«Ён ведаў, што іншай працы ў яго ўжо ніколі не будзе. Занадта шмат бачыў і чуў за апошнія гады. Такі, як ён, можа толькі памяняцца лёсам з кімсьці з тых, каго лячыў у турэмнай бальніцы…»

Раздзел 5. Вежа грыфонаў і генерал-маляр

Двор быў вузкі і гулкі, нібы калодзеж. У промнях нізкага сонца, якое, здавалася, ляжала проста на высокім даху аднаго з дамоў, сцены, фарбаваныя ў колер паранага малака, свяціліся самі па сабе, а вокны чарнелі, як студні… На гэтым фоне цагляная вежа, цёмная, магутная, змрочная, вышынёй у тры паверхі, выглядала як пракаветны цмок, што скамянеў у чаканні забойцы ў бліскучых латах. А яшчэ вежа нагадвала трубу, і, хутчэй за ўсё, ёю і была, і страшна ўявіць, якая пад ёю магла зеўраць печка. Падабенства з трубою падкрэслівалі два жалезныя абручы, якія абхоплівалі волатаў стан.

У двары, як вада ў калодзежы, стаяла цішыня, разбаўленая таямнічым шамаценнем – на гарышчах дамоў, ды і ў самой, відаць, вежы сяліліся галубы, і час ад часу ўніз, нібыта проста з неба, зляталі пёркі. Дастаткова, каб прасякнуцца містычным трымценнем… Але камсамольцы, вядома, не маглі паддацца гатычнай містыцы.

– Вось яна, вежа грыфонаў! – ціха прамовіў Алесь. – Таварыш Павал не падмануў… Як толькі пачуў, што нам на Сёмую лінію Васільеўскага вострава, дом шаснаццаць, адразу ўзрадаваўся. Вось шанец убачыць унікальны помнік старога Санкт-Пецярбурга!

– І што тут унікальнага? – прабурчэў Хведар П’янкоў, зусім здарожаны, так што ягоны вастраваты нос, падобны да стрэлкі компаса, паказваў усё больш не наперад, а на піцерскую, а цяпер ужо ленінградскую, брукаванку. – Проста вялікая цагляная труба.

– Таварыш Павал расказваў, што вежу пабудаваў у васямнаццатым стагоддзі аптэкар Вільгельм Пель. Знакаміты фармацэўт… Ён, між іншым, прадаваў імператарскаму двару адмысловыя лекі «Спермін-Пель», ад старэння і нямогласці… Рабіў ён гэты спермін… – Алесь вінавата зірнуў на Вераніку, за плячом якой заззяла здагадлівай ухмылкай фізіяномія Аўтуха, – не скажу, з чаго. Але «пастаўшчыкамі сыравіны» былі парсючкі і… кашалоты. А сын Вільгельма вынайшаў медыцынскую ампулу… Да яго ў госці прыходзіў Мендзялееў. У гэтым вось доме была аптэка і лабараторыя. Старэйшы Пель захапляўся алхіміяй, а ў гэтай вежы разводзіў грыфонаў.

– Падобных да арлоў? – прашаптала Вераніка Манцэвіч, на якую, відочна, усё-ткі паўплываў гатычны антураж.

– Яны напалову арлы, напалову львы, – патлумачыў Алесь, усё гэтак жа не павышаючы голасу. – Галава і дзюба арла, крылы… Астатняе львінае. У старажытнасці верылі, што грыфоны водзяцца ў Скіфіі. Ахоўваюць багацці. А замест яек нясуць каштоўныя камяні – агаты. Скіфы нават паказвалі прыхадням вялізныя косткі, якія нібыта належалі грыфонам – каб адпудзіць ад сваіх скарбаў.

– Паўсюль цемрашальства, паўсюль багацеі людзей дурылі, – змрочна зазначыў Аўтух Папара, адзіны з кампаніі апрануты ў сапраўдную вайсковую форму – гімнасцёрка, падпяразаная пасам з начышчанай спражкай, галіфэ, боты… Меў права – чырвонаармеец у запасе, і каб не намагаўся з усіх сілаў здавацца старэйшым, чым насамрэч, выглядаў бы нават пры ягоным дзіцячым круглым тварыку з рэдкімі светлымі вусікамі цалкам салідна. – Навошта твайму Пелю былі грыфоны?

Зверху павольна пралунала-зляцела шэрае пёрка. Вераніка нават спалохана адсунулася, каб яно не кранулася яе. Алесь павагаўся, ці варта выяўляць далей абсалютова непатрэбныя камсамольцу веды, атрыманыя ў бацькавай хатняй бібліятэцы, у якой было поўна літаратуры па гісторыі медыцыны яшчэ дарэвалюцыйных часоў:

– Алхімія ставіла за мэту здабыць філасофскі камень, які дае несмяротнасць і веды. Гэта быў вельмі складаны працэс, і на нейкім этапе са звычайных металаў у ім утваралася золата. Ну, дакладней, цёмныя людзі верылі, што яно павінна ўтварацца. Залаты грыфон і ўвасабляў гэтае золата. Таму і распавядаюць байкі, што грыфоны выляталі з вежы. Пель, ясная справа, нешта там плавіў-пераганяў, з трубы вылятаў дым… А забабонныя людзі бачылі ў ім міфічных істотаў. Дый цяпер… Кажуць, апоўначы з вежы вылятаюць нябачныя грыфоны, і толькі адлюстраванні іх можна пабачыць у шыбах гэтых дамоў.

Вераніка аж перасмыкнула плячыма ў тонкай сіняй кофтачцы, нібыта змерзла, – здавалася, двор паглядаў на гасцей дзясяткамі таямнічых вачэй, і ад гэтага холад ішоў па скуры.

– Вось пра што табе распавядаў таварыш Гукайла, калі ты хадзіў да яго ў інстытут кінематаграфіі, – асуджальна прамовіў Аўтух. – Сярэднявечныя байкі распаўсюджвае. Несалідна для камуніста і прадаўжальніка справы Маякоўскага! Нічога я ў гэтай старой развалюсе асаблівага не бачу. Толькі выгляд двара псуе. Пафарбаваць ды аддаць піянерам пад які авіямадэльны гурток. Я б лепей яшчэ раз на Смольны паглядзеў, на «Аўрору»!

– Правільна! – падтрымаў Аўтуха Хведар, рассякаючы паветра рукой, нібыта яно было вінаватае. – Чаго сюды прыцягнуліся? Два дні тупаем па Ленінградзе. Усё, што трэба, сабралі, партрэт ворага савецкай улады Корб-Варановіча ўсімі фарбамі ззяе. Чаго яшчэ? Нашто нам ягоная жонка, белагвардзейскае адроддзе? Запэўніваю – будзе выгароджваць мужанька ды лгаць.

Алесь упарта пакруціў галавой.

– Мы павінны сабраць усё, што можна! Гэта не варта савецкага чалавека – кідаць справу таму, што стаміліся. Урэшце, у спісе для апытання, які ты, Хведар, склаў, не было ніводнага сапраўды блізкага Корб-Варановічу чалавека. Адзін дацэнт увогуле ўвесь час збіваўся на тое, што ён не менш таленавіты за Варановіча, ды згадваў, што калі яны з ім у аспірантуры вучыліся, Корб-Варановіча ўсе хвалілі незаслужана, а яго, небараку, не заўважалі. Калі чалавека жаба душыць, яна яму на лоб таксама кляйно ставіць.

– Ты што, сумняваешся, што сведкі гаварылі праўду? – з ледзь заўважнай пагрозай азваўся Хведар. – Ці захацелася даведацца пра светлы бок нашага… героя?

Вераніка асуджальна паглядзела на Хведара.

– Ну што ты чапляешся! Урэшце, можаш пачакаць на двары. Калі ўжо прыйшлі сюды, дык трэба даводзіць да канца. А то грыфоны задзяруць. Чаго нам баяцца? Мы з гэтай Варановічавай пані пальчаткі зараз паздзіраем!

Дзяўчына засмяялася, перакінула залатую касу з плечука на плячук… У трох спадарожнікаў мімаволі перахапіла дыханне. Якія пасля гэтага аргумента ў праўдзівага хлапца могуць быць пярэчанні?

У пад’ездзе невыносна смярдзела смажаным селядцом, катамі, квашанай капустай… Увогуле, не атрымлівалася дакладна вылучыць асобныя партыі ў гэтай сімфоніі смуроду. За аднымі дзвярыма пакутліва аганізаваў гармонік. Кватэра нумар шэсць знаходзілася на трэцім паверсе. Прозвішчы жыльцоў на заквэцаным аркушыку ля дзвярэй – адны дапісаныя, другія выкрасленыя – значыліся густа, як прусакі на нямытай патэльні, прачытаць немагчыма, каму колькі разоў належала званіць. Тым больш званок не працаваў. Алесь рашуча пастукаў, яшчэ раз, і яшчэ, але не з’явілася нават прывіду аптэкара Пеля. Хаця ў кватэры дакладна нехта быў – жаночы голас прамаўляў нешта няўхвальнае, бразгалі тазікі… Аўтух з усяе моцы штурхануў цяжкія дзверы са шнарамі ад сякеры, і яны раптам расчыніліся. Цяпер да смуроду на лесвіцы дадаўся цёплы пах прыгарэлага цеста з кватэры. А паесці было б нядрэнна…

Алесь адагнаў няпрошаныя гастранамічныя думкі.

– Ёсць тут хто?

Кватэра як відаць нагадвала мурашнік, завешаны цынкавымі тазікамі, кожны катух тут быў прыстасаваны да жылля. З аднаго з адсекаў вызірнула кабета ў шэрай кофце з падкасанымі рукавамі і сіняй паркалёвай спадніцы, з неахайным сівым вузлом на галаве, падобная да булачніцы, у якой дзятва толькі што пакрала ўсе булкі. Пантофлі на ейных нагах нагадвалі двух раздушаных трамваем пацукоў.

– Чаго трэба?

– Тут жыве грамадзянка Марына Паўлаўна Корб-Варановіч?

Нават касцяныя гузікі на кофце кабеты заззялі зласлівай радасцю.

– Нарэшце! Дайшло да жылкама, што тут прапісаны шкодны элемент, які перашкаджае жыць пралетарыяту.

– Ты ўжо пралетарыят, Марфа! – азваўся з глыбіні пакоя, з якога вызірнула кабета, насмешны мужчынскі голас з п’янаватай хрыпатцой. – Ці даўно семкі на Віцебскім вакзале прадавала? Не слухайце яе, грамадзяне начальнікі, Марынка добрая баба. І сынок яе харошы. Ціхія, спагадныя…

– Маўчы, боўдзіла! А то за сваёй Марынкай зараз у кантору пойдзеш! – лена гукнула кабета ўглыб пакоя і зноў утаропілася ў Аўтуха, чыя вайсковая форма, безумоўна, была для яе гарантыяй навядзення парадку ў кватэры і надзеяй адхапіць пару лішніх метраў за кошт выселенай «контры». – Там яны жывуць, элементы, па правы бок калідора, апошнія дзверы. Дома яна, нават калі не адчыніць. Вы, таварыш начальнік, разбярыцеся, з чаго гэта нейкая пані будзе пакой займаць, які пралетарыяту належаць павінен! Да яе ўвесь час муж-буржуй прыязджае, у акулярах і капелюху. Прадукты чамаданамі возіць! Мальцу свайму веласіпед купіў. За якія грошы? Яна нават хрысціцца – сама бачыла! А я свядомая, я ў Бога не веру! Чуеце, людзі, зараз Марынку высяляць будуць!

Апошнія словы цётка крычала ўжо за спінамі студэнцкай дэлегацыі.

Напэўна, тыя крыкі было добра чуваць і ў апошнім пакоі справа па калідоры. Таму што дзверы яго адчыніліся, варта было Алесю адзін раз нягучна стукнуць.

Худзенькая жанчына з укладзенымі на галаве русявымі косамі, у штапельнай сукеначцы ў дробныя брунатна-бэжавыя кветкі з бялюткім каўняром з усіх сілаў намагалася захоўваць спакой і выглядаць годна. Але тонкая яе рука, што трымалася за сцяну, дробна дрыжэла. Гэта было вельмі непрыемна назіраць, і Алесь перавёў вочы на твар з далікатнымі нервовымі рысамі.

– Вы Марына Корб-Варановіч? Мы з Беларусі, з Менска. Студэнты ўніверсітэта.

У вялікіх блакітных вачах, абкружаных тонкай сеткай зморшчын, палыхнуўся жах.

– Што… што з Апанасам?

– Ды нічога з ім не здарылася, не хвалюйцеся вы так, – гэта прамовіла Вераніка, якая чамусьці страціла ваяўнічы запал.

– Мы проста хочам спытаць тое-сёе, – Аўтух Папара, які лічыў сябе чалавекам бывалым, адагнаў няёмкасць, як класавага ворага. – Можа, мы зойдзем? У вас тут шумна, на калідоры…

Жанчына неахвотна зрабіла запрашальны жэст, і студэнты ўваліліся ў пакой, у якім адразу стала невыносна цесна. Алесь з цікаўнасцю агледзеўся. Абстаноўка была спартанская. Шафа, два жалезныя ложкі з худымі коўдрамі, два старыя крэслы, стол, накрыты вязаным карункавым абрусам, на ім парцалянавыя кубкі. Хіба што магло палічыцца раскошай – кнігі на паліцах, збольшага энцыклапедыі ды слоўнікі, і чорнае піяніна, уціснутае ў кут ля дзвярэй, як збяднелы родзіч. Ніводнай фотакарткі, ніводнага партрэта. Алесь падумаў, што гэта падазрона. За акном бачна асветленая сонцам верхняя частка вежы грыфонаў.

– Што вы хацелі ў мяне спытаць? – Марына Паўлаўна Корб-Варановіч стаяла на фоне акна, таненькая, спалоханая, упартая… Алесь, які так ірваўся сюды, разгубіўся, не ведаючы, з чаго пачаць – не пачнеш жа «я ненавіджу вашага мужа, ён велікарускі шавініст»… І зноў праявіўся Аўтух.

– А чаму вы зноў да Апанаса Іванавіча ў Менск не пераедзеце?

Жанчына не зварухнулася.

– Яму там і без нас цяжка. А ў мяне тут цікавая праца. Я касцюмер у тэатры Ленсавета.

– А ў якасці каго ваш муж у Лаўрына Карыбутовіча служыў? – гэта ляпнуў Хведар П’янкоў, ды яшчэ такім здзекліва-ўладным тонам, што Алеся перасмыкнула. Калі гэта Хведар-вятрак навучыўся так прамаўляць? Гаспадыня ганарліва закінула галаву, Алесь падумаў, так робяць, каб не праліліся няпрошаныя слёзы.

– Колькі можна… Я ўсё шмат разоў распавядала вашым калегам яшчэ ў Менску. Усё сто разоў імі ж праверана. Так, мой стрыечны брат Паўлюк у 1918-м патрапіў у атрад Карыбутовіча «Ваўкалакі», але ў тым жа годзе і загінуў. Яму было ўсяго сямнаццаць. Мы не мелі з ім аніякай сувязі. Ні я, ні тым болей мой муж. Апанас Іванавіч увогуле тады быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, на пасаду ўпаўнаважанага па рэквізіцыі фуражу. А я ў 1918-м нарадзіла, у маці ў Клецку, роды былі цяжкія, Паўлік з’явіўся на свет вельмі слабенькі… Так што, самі разумееце, нам было не да ўдзелу ў контррэвалюцыі.

Жонка дацэнта гаварыла дастаткова цвёрда, з ледзь прыхаваным гневам. Што ж, цяпер зразумела, чаму Корб-Варановіч не вязе сваячку белагвардзейца ў Менск. Алесь намагаўся прымусіць сябе ўзненавідзець і яе, як ейнага мужа. Але тонкія рукі, якія абсівералі, відаць, ад халоднай вады, і такая кранальна ганарлівая пастава, сукеначка з таннага штапелю і стамлёны блакіт вачэй, абкружаных зморшчынкамі, нічога агульнага не мелі з вобразам ворага. Вось слінцяй, аблаяў сябе Алесь і азірнуўся на Вераніку, якая стаяла, падціснуўшы вусны, у самых дзвярах і ўпарта маўчала. А яшчэ збіралася «пальчаткі здзіраць».

– А дома Апанас Іванавіч калі-небудзь размаўляў па-беларуску? – гэта Аўтух вымудрыўся. Трэба ж, якое хітрае пытанне… Гэта не пугаю па вадзе – нешта з’ясуецца. П’янкоў вунь як вушы натапырыў, быццам збіраецца імі матылёў лавіць.

– Апанас Іванавіч выдатна валодае дзесяццю мовамі, – холадна адказала Марына Паўлаўна. – Роднай мовай ён лічыць беларускую. І, вядома, ён размаўляў і на ёй. Як і на рускай. Што ў гэтым злачыннага? – і раптам маска абыякавасці зноў зляцела з яе. – Усё жыццё цкуюць чалавека! За што? – жанчына дастала з шуфлядкі стала тэчку, развязала тасёмкі. У тэчцы захоўвалася некалькі газетных выразак і спісаныя ад рукі аркушы.

– Гэта яшчэ дарэвалюцыйнае… «Студент из Западных губерний Корб-Воронович проявил возмутительную приверженность к не заслуживающим доверия теориям профессора Евфимия Карского. И более того, в своей работе, представленной на соискание места в аспирантуре при кафедре языковедения, пошел еще дальше своего учителя, утверждая, что белоруссины – не исконная часть русской народности, и их диалект должен не ассимилироваться, но, наоборот, фиксировать и усугублять свои отличия от общеупотребительного русского языка. Мы, группа студентов филологического факультета, истинных патриотов великой России, требуем исключения из университета господина полячишки Корб-Вороновича». Вы ведаеце, што пасля гэтага ліста Апанасу давялося пайсці на фронт?

Марына Паўлаўна брала ў рукі аркуш за аркушыкам:

– «Вредоносные идеи сепаратистского кружка прозападных настроений… Среди участников выделяется студент Афанасий Корб-Воронович, считающий себя «белорусом» и говорящий об угнетении в российском государстве национальностей». «Мы вас, жидомасонов, насквозь видим, и происки ваши против великого русского народа будем сурово наказывать». Гэта ананімны ліст, падкінулі ў пошту.

Марына Паўлаўна сабрала паперкі ў тэчку. Алесь зразумеў – захоўвае ў спадзеве выдаць Корб-Варановіча за ахвяру царскага рэжыму. А жанчына горка прагаварыла:

– Ён адпакутаваў тут за сваю беларушчыну напоўніцу. Цяпер вы мучаеце яго там. Чым ён гэта заслужыў? І чаму вы, ягоныя землякі, хочаце яго смерці?

Алесь апусціў вочы. Ён ніколі не думаў, што станецца з Корб-Варановічам, калі яны дамогуцца свайго. Хацелася толькі, каб ненавісны прафесар перастаў у іх выкладаць і ўвогуле куды-небудзь знік… А ён жа можа знікнуць і на Салаўкі, ці… Вось жа – стаіць сталая жанчына, якая ўжо сівее, у сваім уласным пакойчыку. Перад ёю чацвёра смаркачоў, і яна не можа іх вытурыць. Гэта яны нібыта маюць уладу зрабіць з ёю ўсё, што заманецца…

Недзе прабіў гадзіннік: адзін, два, тры, чатыры…

– А вы можаце даць нам гэтыя дакументы? – Хведар прагна цягнуў руку да тэчкі, але Марына Паўлаўна схавала яе ў стол.

– Вазьміце ордар на ператрус і забірайце ўсё.

– Так ужо і ўсё? Ёсць такія таемныя месцы… Сховішчы… Падземныя, напрыклад… Дзе цэлая банда схавацца можа.

Алесь так і не зразумеў, ці Хведар ведаў, на што намякае, ці атрымалася выпадкова, але гаспадыня пакойчыка зноў збялела і затрэслася, як быльнёг на вятры.

– Магу толькі паўтарыць – я не ведаю нічога пра белагвардзейскае сховішча ў падпольнай царкве! Не бачыла я ў Ройна ніякай другой царквы, акрым той, што ўжо рэквізавалі пад зернясховішча. І Апанас не бачыў. Гэта мясцовы міф, казка, легенда, якім ужо некалькі стагоддзяў. Апанас проста запісаў ад якогась стагадовага дзеда, змясціў у свой зборнік… Такія легенды маюцца ў кожным фальклоры – праклятыя храмы на дне возера ці пад курганам. Гэта ўсё роўна, што патрабаваць дакладны адрас пячоры, дзе сядзіць цмок.

– Добры дзень! – хлапечы голас прагучэў за спінамі дэлегацыі. Госці расступіліся, прапускаючы ў пакой бялявага хлопчыка гадоў адзінаццаці, у белай кашульцы з піянерскім гальштукам. Ён быў вельмі падобны да маці. Вялікія блакітныя вочы, тонкія вусны… Хіба ўпарты высокі лоб – як у Корб-Варановіча… Ды і ў Алеся Вяжэвіча.

Хлопчык стаў побач з маці, у адной руцэ ён трымаў парусінавы партфель, а другую вельмі па-даросламу, нібыта абараняючы, паклаў Марыне Паўлаўне на плячук. Гаспадыня паглядзела на сына, і твар яе прасвятлеў пяшчотай і гонарам. Калі яна перавяла позірк на прыхадняў, яны адчулі, што ў іх ахвяры з’явілася моц.

– Спадзяюся, адказала на ўсе вашыя пытанні. А цяпер папрашу пакінуць нас. Паўліку трэба займацца.

У двары па-ранейшаму было ціха і бязлюдна, хаця з суседніх вуліц даносіліся грукатанне ламавых рамізнікаў, крыкі тачыльшчыкаў, малочнікаў, старызнікаў ды верашчанне дзятвы. А тут з вежы грыфонаў вызіралі нябачныя пачвары. Алесь нібыта заўважаў іх жоўтыя вочы-агеньчыкі ў чорных прагалах пад дахам вежы.

Вераніка, якая ўвесь час візіту маўчала, прамовіла ціха:

– Не варта было заходзіць. Толькі… зблытала яна мне ўсё.

– Ну чаму ж не варта? – маленькі твар Аўтуха скрывіўся ад зласлівай радасці. – Белякоў трэба прыціскаць да пазногця, не шкадуючы. Я ўжо нагледзеўся, калі мы белабандытаў на Случчыне ганялі… – Аўтух чамусьці азірнуўся, нібыта баяўся, што на яго зараз наляцяць залатыя грыфоны ці тыя белабандыты. – Здараецца, такая кабета плача і плача, і такая ўжо няшчасная, і такая бяскрыўдная – папхні-павалюся… А яе мужык у гэты час затаіўся на гарышчы і стрэльбу на нас навёў… І толькі і чакае, каб мы зручна павярнуліся, каб усіх перастраляць, як зайцоў. І дамачка пра гэта цудоўна ведае, таму і захліпаецца, як паламаная катрынка.

– Ну навошта вы так, – спахмурнела Вераніка. – Што яны могуць нам зрабіць, гэтая Марына Паўлаўна і яе сын? Толькі – паплакацца…

– Вось бачыш, ты паддалася ўплыву ворага! – зласліва ўзрадаваўся Аўтух. – Гэта вельмі лёгка. Вунь як Міхась Зарэцкі – якім здаваўся нашым, чырвонаармеец, талент! А цяпер – калі ласка. Паслугач фашыстаў! Аднойчы звярнуў са сцежкі…

– Чакай, Аўтух, – не пагадзіўся Алесь, – з Зарэцкім – дакладна памылка выйшла. Як там яго назвалі ў «Рабочым» – «взбесившийся мелкий буржуа»? Ды хіба так можна! Ну, памыліўся таленавіты пісьменнік, але ж ён у рэвалюцыю верыць! У Беларусь!

– Веру ў рэвалюцыю трэба кожны дзень абнаўляць! – пафасна, як і ўсё, што ён пісаў, вымавіў Папара, і Алесю раптам зрабілася неяк непамысна. І страшна… Ці сам ён, Алесь, не памыліцца аднойчы? Ці… Вераніка? Непрадказальная, гарэзная Вераніка, дачка чыгуначніка, якая любіць бегаць па рэйках і збіраць жаўтацвет на адхонах, чытае Жуля Верна і ведае на памяць «Дванаццаць» Блока? Што, калі аднойчы і Вераніку выкрыюць, як «абмыліўшуюся»? Ці зможа Алесь адмовіцца ад яе вось так, як зараз павінен адмовіцца ад Міхася Зарэцкага, чые творы яшчэ нядаўна былі для яго ўзорам сапраўднай літаратуры? Алесь успомніў газетную справаздачу пра сход партыйных ячэек… Міхась Чарот, паэт, якога Алесь таксама любіў, заявіў: «Безнадзейна нянькацца з Зарэцкім, і далейшае быццё яго, кулацка-шавіністычнага элемента, у нашых шэрагах немагчымае». Колас абмыляўся… Сам Купала… Дый Паўлюк Гукайла, футурыст і крытык, бясстрашны падпольшчык, які перабег з паняволенай Заходняй Беларусі, гарачы, але гранічна шчыры, нездарма з Менска з’ехаў у Ленінград… Алесь чуў, што таварыша Паўла ледзь не арыштавалі. А вось Корб-Варановічу – як расою ўмыўся.

Вяжэвіч азірнуўся на Вераніку. Яна ішла апошняй, разглядаючы высокія каменныя дамы з калонамі, балконамі і ляпнінай. Зверху то шчэрыліся мармуровыя львіныя пашчы, то пазіралі сляпымі вачыма барадатыя каменныя галовы, і раптам Алесю падалося, што Вераніка не ў сіняй паркалёвай кофтачцы і кароткай шэрай спаднічцы, а ў панскай сукенцы з гарсэтам, і вузкі шлейф цягнецца за ёй па брукаванцы, як захоплены позірк мінака… А замест чырвонай хустачкі на залатых валасах – гарэзны капялюшык з пухнатым пёркам невядомай птушкі… Як добра, што яна ўсё-ткі не паддалася адгаворам П’янкова і паехала з імі!

 
И веют древними поверьями
Её упругие шелка…
 

Алеся працяў сорам, нібыта нехта мог прачытаць ягоныя думкі… Яшчэ б Надсана згадаў, цюхцяй… Усё гэта – буржуазная адрыжка, плакальшчыкі… Таварыш Фадзееў у часопісе «На литературном посту» дакладна напісаў, што перадавы мастак пралетарыяту пойдзе не па лініі рамантыкі.

Чаму ж гэта так прыгожа?

Яны выйшлі на Універсітэцкую ўзбярэжную. Сонца, рэдкае ў Піцеры, чамусьці гэтыя два дні вырашыла суправаджаць беларускіх гасцей, нібыта верны сармацкаму звычаю шляхціц. Цяпер яно апусцілася нізка над шпілямі палацаў па той бок Нявы. Піцер… Перламутравыя, серабрыстыя, металёвыя адценні – холад і высакароднасць, – як срэбнае блюда з раскладзенымі на ім ракавінкамі і марскімі каменьчыкамі… Алесь адчуў, як у ягоную камсамольскую душу ўпаўзае захапленне і трывожная любоў да гэтага горада… Да ягоных балоцістых нетраў і каменных берагоў… І як горка, што ў каханым Менску няма нічога падобнага да гэтых неверагодных палацаў і сабораў… Як здорава, напэўна, жыць тут! Але ўспомніўся ідэалагічна няправільны верш Язэпа Пушчы «Ліст да сабакі», напісаны некалькі гадоў таму ў Ленінградзе:

 
…У сталіцы не дазволяць жыць табе,
Адзет ня будзеш ты ў парадны кіцель,
Ня будзеш мець заслугі-мэдаля,
Зьбягуцца і абступяць цябе гіцлі,
І будзе шмат іх, дзе ні стань, ні глянь.
Жыві, жыві, знаць, дома лепей…
 

Хведар між тым паспеў адбегчыся да гандляркі піражкамі, і цяпер уся чацвёрка ішла, занятая немудрагелістай студэнцкай вячэрай. НЭП скончыўся разам са стракатым і гаманлівым светам лавачак, закусачных і карабейнікаў, і гандлярка піражкамі цяпер стаяла за жалезнай скрынкай на колах з акуратным надпісам: «Ленторг». І піражкі ў яе былі па фіксаванай цане, спечаныя ў дзяржаўнай фабрыцы-кухні і толькі аднаго гатунку.

– А пра якое сховішча ты пытаўся, Хведар? Што за падземная царква? – пацікавілася Вераніка.

– Ды ёсць такая чутка… – ахвотна патлумачыў Хведар. – У зборніку беларускіх паданняў Корб-Варановіч змясціў казку пра падземную царкву ў Ройне. А мясцовыя камбедчыкі распавялі, што гэта, магчыма, замаскаваныя звесткі пра бандыцкае логвішча… Там жа дасюль белабандыты арудуюць недабітыя! І ніяк не зловіш, нібыта пад зямлю хаваюцца. Ты ж, Алесь, таксама з Ройна родам, можа, чуў што пра сутарэнні, таемныя цэрквы?

– Ды адкуль? – паціснуў плячыма Алесь, дажоўваючы піражок, які так хутка скончыўся. – Я ў тым Ройне два разы ў жыцці быў… Апошні раз на бабуліным пахаванні. Хіба што бацька ведае? Хаця і ён з таго мястэчка ў шаснаццаць гадоў як з’ехаў, так і… А як бабуля памерла, у нашай леснічоўцы зусім чужыя людзі пасяліліся, па разнарадцы з райкама.

– А ты спытай бацьку, як вернешся, – параіў П’янкоў. – Не забудзься толькі!

– Спытаю… Спытаю… Калі з ім гаварыць можна будзе… Цікава, ці перастаў бацька набірацца, як Марцін мыла? Добра, хоць матулі ніколі не чапае… Але столькі піць – і Галілей урэшце зробіцца дурны, як кавальскія гарны. А ён жа доктар! Ад яго жыцці залежаць!

– Кто шагает дружно в ряд? – піянеры на чале з бледнатварай па-піцерску дзяўчынай-важатай ішлі насустрач бадзёрымі шэрагамі. Алесь не адразу зразумеў, што за такое вялікае, брунатна-чорнае, яны валакуць – здавалася неверагодным, што дзеці здатныя несці такую гаргару. Калі атрад наблізіўся, выявілася, што гэта – вялізная фігура з пап’е-машэ, якая мусіла ўвасабляць, напэўна, сусветны імперыялізм ці канкрэтна лорда Керзона: таўстун у чорным фраку і цыліндры пагойдваўся круглым жыватом уверх на руках піянераў, нібыта ўпаляваны дзівосны звер. Відаць, да агітспектакля рыхтуюцца.

– Мы на горе всем буржуям мировой пожар раздуем! Левой! Левой! Левой!

Вось каго трэба слухаць, а не Блока! Уладзіміра Маякоўскага, якога пераймае таварыш Павал Гукайла. Таварыш Маякоўскі ўжо дакладна не дапусціў бы сентыментальнасцяў і слабасцяў і не засіліўся б, як Сяргей Ясенін, ад чыёй паэзіі камсамольцу таксама трэба адрачыся…

Студэнты прыціснуліся да парапета, па той бок якога жыла сваім халодным бурлівым жыццём Нява, і прапусцілі чырвоную змену.

– Больш ніхто тут не ходзіць! Ніякіх піянераў! Здымаецца рэвалюцыйнае кіно! – даляцеў аднекуль спераду камандзірскі голас, узмоцнены рупарам. Алесь страпянуўся:

– Таварыш Гукайла! Пайшлі да яго хутчэй! Трэба ж развітацца!

І пабег туды, адкуль чуўся голас і дзе тоўпіліся людзі.

Кінакамера прымасцілася ля самага парапета, там, дзе пачыналіся прыступкі да вады. Унізе, на краі пірса, стаяў матрос у парванай на грудзях і заляпанай чырвонымі плямамі марынарцы, са звязанымі за спінай рукамі. Выгляд у яго быў такі, нібыта ён зараз парве зубамі любога, хто наблізіцца, і кроў абліжа. Насупраць матроса, ля другога краю пірса, паныла стуліўся белагвардзейскі генерал (калі верыць бліскучым пагонам), худаваты, з абвіслымі сіва-чорнымі вусамі. Генерал непамысна тузаўся ад няўхвальных воклічаў з цікаўнага натоўпу на свой адрас, ягоны вузкі лоб пакутліва моршчыўся. Каля кінакамеры размахваў рукамі, у адной з якіх была жалезная варонка рупара, каржакаваты чалавек, яшчэ досыць малады, але страшэнна важны: на ім быў расшпілены часучовы пінжак, з-пад якога бачылася бялюткая кашуля з вышываным гальштукам, дыхтоўныя адпрасаваныя нагавіцы, бліскучыя чаравікі з гамашамі… Русую шавялюру прыціскаў капялюш з шырокімі брыламі, а дазволіць сабе насіць буржуазны ўбор, калі нават былыя графы перайшлі на кяпуркі і цюбецейкі, мог не кожны таварыш.

– Ну што ты сагнуўся, як пусты стручок! Ты ж генерал! Арыстакрат! Плечы разгарні, падбароддзе ўгару, і ненавідзь, ненавідзь гэтага матроса! – крычаў начальственны чалавек на адрас генерала.

– Я ж не артыст, таварыш Гукайла! І не арыстакрат! Я маляр! – жаласна прагаварыў белагвардзеец тонкім, амаль бабскім, голасам. – Дайце мне другую ролю!

– Па-першае, гэта дэзерцірства, таварыш Гаўрылаў! Вы выконваеце важную для камуністычнай агітацыі ролю. Па-другое, у рэвалюцыйных фільмах павінны здымацца не недабітыя буржуі, а пралетарыі. А па-трэцяе… Няма чаго траціць час! За працу! Падайце яму сцяг!

Асістэнт, жвавы хлопец з саламянымі валасамі, падбег да «генерала» і ўсунуў яму ў рукі кавалак чырвонай тканіны.

– Таварыш Гукайла, а можна мне рукі развязаць? Сцерхлі! – таксама нечакана жаласна прагаварыў суворы матрос у скрываўленай марынарцы. – Я іх проста так за спінай трымаць буду!

– А як матросы ў сямнаццатым цярпелі? – зароў Гукайла. – Мы тут не ў цацкі гуляем! Мы праўду перадаём! Дадайце яму крыві на фізію…

Асістэнтка з дзіцячымі банцікамі на косах шчодра намазала твар матроса чырвонай фарбай, так, што той пачаў адплёўвацца чырванню, якая зацякала на вусны. Плямы з агідай распаўзаліся на антрацытавых хвалях Нявы.

– Матор! – раўнуў Гукайла. Генерал падняў перад сабой, трымаючы абедзвюма рукамі, сцяг:

– Глядзі, чырвоная морда! Вось так з усімі вамі будзе!

Тонкі голас белагвардзейца зусім не вязаўся з пагрознымі словамі, добра, што кіно – не тэатр, галасоў не чуваць. З відочнай цяжкасцю тканіна паддалася малярскім рукам і з глухім трэскам парвалася напалам…

– Ну вось, з першага разу! Малайчына! – задаволена крыкнуў рэжысёр. – А то – слабасільны я, слабасільны… Ну што, наступную сцэну?

– Таварыш Гукайла, трэба было б буйнымі планамі гэта ўсё зазняць… – са здзеклівай ветлівасцю прагаварыў адзін з кіношнікаў, меланхалічны брунет у касцюме, з прылізанай грыўкай, падобнай да тлустай коскі. – Асобныя кадры… Як сцяг ірвецца… Мужны твар матроса… Разумееце, гэта пасля манціравацца будзе. А так, агульны план – невыразна. І яшчэ Леў Барысавіч здымае звычайна некалькі дубляў кожнага эпізоду…

– Плёнку народную не эканоміць ваш Леў Барысавіч! – шырокі твар Гукайлы пайшоў чырвонымі плямамі. – Не разумею, чаму мяне прызначылі ўсяго другім рэжысёрам. Сцэнарый мой, працую я ўдарнымі тэмпамі… І пакуль ваш Леў Барысавіч у шпіталі, працаваць будзем, як належыць! Па-пралетарску! Усе нормы перавыканаем! Ну, добра… Давайце там… буйны план…

Да радасці назіральнікаў, генералу загадалі падняцца на ўзбярэжную і рваць сцяг перад самай камерай, так, каб на экране былі відаць толькі ягоныя драпежныя імперыялістычныя рукі. Але калі артыст пачаў тузаць чарговую анучу, Гукайла злосна закрычаў:

– Стоп! – падбег да маляра, схапіў таго за руку і падняў яе ўверх, дэманструючы асістэнтам. – Гэта, па-вашаму, рука царскага генерала, га?

Маляр апраўдваўся:

– А што, таварышы? Я ж казаў, я працоўны чалавек! Ну, раструшчыла было два пальцы на будоўлі…

Вузлаватыя доўгія пальцы маляра нагадвалі не вельмі ачышчаныя ад зямлі карані, ды яшчэ не ўсе былі ў наяўнасці, і сапраўды аніяк не маглі належаць панскаму нашчадку.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации