Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 4


  • Текст добавлен: 18 декабря 2018, 14:20


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Раздзел 4. Ромул і Рэм

Ася зачыніла сінюю пластыкавую тэчку з рукапісам. Зусім не падобна да ранейшых раманаў Вячкі Скрыніча. Яе перасмыкала ад адчування, што насамрэч патрапіла ў тую эпоху, калі на сцяне віселі вусатыя партрэты, а навуковыя дыскусіі заканчваліся расстрэламі. Нават нейкая даўжынёй з глыток паўза ўзнікла ў асэнсаванні рэалій: вось сцены маленькай кавярні «Эдынбург», завешаныя паліцамі са старажытнымі бутэлечкамі ад мікстураў і бляшанкамі з-пад табакі і манпансье, вось філіжанка з мятнай гарбатай на абрусе ў шатландскія краткі, вось насупраць сядзіць вясёлы Скрыніч у джынсавай куртцы і чорнай майцы з памаранчавым хіпоўскім надпісам: «Make love, not war», і ягоныя шэрыя вочы паглядаюць праз неахайную цёмную грыўку нахабна-дапытліва.

– Гэта вы ўсё прыдумалі? – нясмела папыталася Ася, і Вячка паморшчыўся, нібыта яна наступіла яму на нагу.

– Слухай, вось толькі давай без гэтых «вы», а то я пачуваюся зусім старэчай. А ўсё апісанае, – перайшоў на ўрачысты тон Вячка, – адкрылася мне ў прароцкім сне. Што, не верыш?

Ася разгублена перасмыкнула плячыма, але Скрыніч ужо зноў усміхаўся.

– А паверыла б з лёгкасцю, я ж бачу. Але не, выдумаць такое немагчыма. Давялося пакорпацца ў архівах. Ледзь не здох, начытаўшыся пратаколаў допытаў і даносаў. Па начах снілася… Разумееш, гляджу цяпер на старэчаў і думаю не пра тое, як прайшлася па іх лёсе вайна, а як яны паводзіліся ў мірным жыцці. Даносілі? Верылі ў масавыя працэсы над «ворагамі народа»? Самі былі ахвярамі?

Над філіжанкай павольна таньчыў, выгінаўся, астываючы, струменьчык цёплага паветра, добра відочны на фоне чорнай Вячкавай майкі і ў кантэксце сённяшняга пахаладання – шкада, Ася не прыхапіла фотаапарат.

– А пачытаць табе гэты фрагмент я даў дзеля таго, каб ты ведала, да каго зараз павінна ісці Арсенія Вяжэвіч, гераіня майго рамана.

Асі зноў зрабілася страшнавата. Петроній і ягоны вольнаадпушчанік… На што яна падпісалася? Вось – заміж таго, каб сядзець на працы, адпрасілася, спаслаўшыся на галаўны боль… А начальнік аддзела, лысаваты аматар піва, выгукнуў услед, каб абавязкова адкрыла бюлетэнь у паліклініцы, ці залічыцца як прагул.

У паліклініку Ася не збіралася. І, дзіўна, ёй зараз было на гэта пляваць.

– Я павінна перанесціся ў 1929 год?

– Не так радыкальна, – па-ваўчынаму белазуба пасміхнуўся Скрыніч. – Мой раман – слаёны пірог з адлегласцю амаль у стагоддзе паміж слаямі. Цяпер дзеянне пераносіцца ў сённяшні час. Гераіня, пабачыўшы сваё падабенства з партрэтам маладой графіні Корб-Варановіч, вырашае даследаваць радавод Корб-Варановічаў – а раптам знойдзецца сувязь з родам Вяжэвічаў – і адпраўляецца да апошняга прадстаўніка роду.

– Што? Я і праўда павінна пайсці да нейкага Корб-Варановіча? – ускінулася Ася, адчуваючы сапраўдны жах.

– Ды не бойся ты так, – супакоіў яе Вячка. – Я ж пайду з табою. І Корб-Варановіч, мяркуючы па тым, што я пра яго даведаўся, абсалютова нармальны, інтэлігентны чалавек. Працуе загадчыкам аддзела ў інстытуце гісторыі культуры, лекцыі чытае. І ён – праўнук таго Корб-Варановіча, пра якога ты толькі што прачытала. Так што ніякай оргіі не атрымаецца, хаця ты, можа, на яе і разлічвала.

Ася не адрэагавала на жарт, пакутліва спрабуючы звыкнуцца з роляй шахматнай фігуркі – якраз падобная да яе ў сваёй доўгай чорнай спадніцы і чорным блузоне. Мімаволі ўспомнілася, як сястра расказвала ёй, што Славік на ўроках любіў забаўляцца з жывой жамярой – будаваў у слоіках адмысловыя лабірынты, цэлыя маленькія гарады з паперы, шкла, пластыліну, і запускаў туды мурашоў альбо баговак. Не, не забіваў, а проста назіраў, змушаючы паўзці куды трэба з дапамогай сухой сцяблінкі.

– А вы… ты, Вячаслаў, якую ролю станеш выконваць?

Вячка адсёрбнуў гарбаты і трымаючы філіжанку на ўзроўні вачэй, прамовіў, гледзячы ў вочы Асі скрозь ужо ледзь заўважны вэлюм пары:

– А я – аўтар. Бог з машыны. Канструюю сітуацыі, падказваю рэплікі…

– І не страшна?

– Страшна, – пасур’ёзнеў Вячка. – Але ёсць рэчы, мацнейшыя за страх. Я нават не кажу пра высокія матэрыі… Цікаўнасць, напрыклад, – у некаторых яна настолькі моцная, што пераадольвае інстынкт самазахавання.

Ася стрымала ўжо гатовае вырвацца «Напрыклад, у цябе», бо сама за сабою падобнае ведала.

– Ну што, рушылі! – узняўся амаль культавы пісьменнік, паклаўшы на стол, накрыты шатландскім абрусам, беларускія грошы за кітайскую мятную гарбату. І дадаў, акінуўшы Асю вокам:

– Як усё-ткі файна, што ты не падобная да сваёй сястры. Нарэшце хоць з нечых вуснаў гэта прагучэла кампліментам. Інстытут месціўся ў аблямаваным мутным шклом бетонным прастакутніку, пабудаваным нядаўна, але быў ён гэткі ж шэры і панылы, як Асіна Будыніна. У Шэры Гмах напхалі розных установаў аж па самы дах. Вось якраз пад гэтым дахам і знаходзіўся інстытут. На іншых паверхах былі турыстычныя фірмы, дызайнерскія, камп’ютарныя… Але бюджэтная арганізацыя і ў лепшым доме горада створыць рэзервацыю інтэлектуальнай пакрыўджанай галоты. На тым паверсе, які займаў інстытут, не было ні дываноў, ні акварыумаў, ні скураных фатэляў для кліентаў. Змрочныя і панылыя, як Аід, бязлюдныя калідоры, ды яшчэ з нізкай і скошанай, нібыта ў карабельнай каюце, столлю – выштукаванні архітэктараў, аматараў незвычайных формаў. Бетонныя прастакутныя калоны, з-за якіх толькі і можна, што перастрэльвацца… Дзверы з кодавымі замкамі і міліцыянты пры іх… Вячка, які валодаў здольнасцю прабірацца праз любых вахцёраў і міліцыянтаў, цягнуў Асю ў самы канец лабірынту… Бінга! Дзеля прыліку, бо адказу і не падумаў чакаць, Вячка стукнуў суглобамі пальцаў у фарбаваныя шэрай алейнай фарбай дзверы з шыльдачкай «Загадчык аддзела навуковай працы Д. Р. Корб-Варановіч», запхнуў Асю ў кабінет і стаў за ейнай спінай, каб адрэзаць шлях да адступлення.

Загадчык аддзела, мужчына пад саракоўнік, сядзеў за танным канцылярскім сталом насупраць дзвярэй, утаропіўшыся ў нязваных гасцей ільдзяным позіркам. Ягоныя шэрыя вочы, ваяўніча прыжмураныя, як толькі спыніліся на Асі, пасля імгненнага недаўмення пачалі выпраменьваць нянавісць, як ліст расіцы – кроплі атрутнай вільгаці, у якой мусіць гінуць неабачлівая жамяра. Хаця выглядаў гісторык не зусім так, як Ася ўяўляла: густыя бровы, просты нос, сурова падціснутыя вусны, высокія выліцы, і лоб высокі, упарты, яго праразае адзіная глыбокая зморшчына. Хвалістыя попельныя валасы, трохі цямнейшыя, чым у Арсеніі, і трохі даўжэйшыя, чым пасуе чыноўніку, зачасаныя назад, і падбароддзе ўпартае, выдаецца наперад, з ямінкай. Большы за Вячку, але не таўсманы, проста дужы. І ніякага гальштука, кашулі, пінжака – тонкі шэры швэдар-гольф, які напінаецца на цягліцах, чорная скураная камізэлька. Непрацоўныя пальцы сашчэпленыя, а на безыменным блішчыць, як начышчаны, тонкі заручальны пярсцёнак. Чамусьці Ася адразу прыляпіла да спадара вызначэнне «граф». Сцены завешаныя рэпрадукцыямі з радзівілаўскіх партрэтаў, не папяровымі, а маляваныя алеем на дошках – але не прафесіянал маляваў, дакладна. Хіба сам граф копіі рабіў?

Чаму Арсенію аж скаланула ад нянавісці да гэтага фацэта, якая відавочна была ўзаемнай? Яна і сама не магла патлумачыць. Хіба таму, што ён выглядаў, як мог выглядаць ейны старэйшы брат? Ці як брат той, каго яна бачыла на партрэце?

Пасля яна шукала адгадкі ў псіхааналізе, можа быць, паўплываў адмоўны вобраз мужчыны, які стварыўся ў яе жаночай сям’і, – мужчына альбо агрэсіўная істота, драпежнік, альбо ўтрыманец, баласт… З Вячкам было прасцей – драпежнік, але на дыстанцыі. Агульная дамоўленасць пра недакрананне, вось і добранька, як прамовіў карсар, згортваючы з кавалка гравюры Дзюрэра самакрутку. А гэты… Стапудова, у яго таксама нейкія комплексы наконт жанчын…

– Слухаю вас! – ён яшчэ захоўваў дасканалую ветлівасць. А Асі ўжо карцела выдаць нешта абразлівае. Ну, вядома. Чыноўнік, навучыўся валодаць пачуццямі. Млявая восеньская муха праклала крывую траекторыю паміж дапатопнай лямпай дзённага святла і дапатопным маніторам камп’ютара. Рука графскага нашчадка здрыганулася, каб адмахнуцца ад чорна-сіняй вястункі са сфераў Аіду і бліжэйшай жэсаўскай сметніцы. Але, відаць, спадар вырашыў, што жэст гэты быў бы няварты прадстаўніка арыстакратыі, і рука замерла. Муха надзейна прычапілася да пажаўцелай абалонкі манітора, як п’яны да зачыненых дзвярэй пад’езда.

– Мы, Даніла Раманавіч, па генеалагічным пытанні, – паспяшаўся «дэміург» Вячка падаць рэпліку. – Вы ж займаецеся складаннем радаслоўных беларускіх радоў… Так?

– Гэта не ёсць маім асноўным заняткам, – холадна адказаў Корб-Варановіч, чый пагляд упарта ігнараваў Вячку, як прыклеіўшыся да Асі, і ад ягонага нізкаватага голасу, прашытага ільдзянымі голкамі, Асю дадаткова перасмыкнула. – Вы дарэмна спадзеяцеся купіць мае паслугі. Я бяруся за тое, што сапраўды мяне цікавіць і што адпавядае тым тэмам, над якімі я працую.

Януш Радзівіл у цяжкіх латах на партрэце злева над сталом бліснуў чорным вокам, нібыта пабачыў набліжэнне маскальскага войска. А Корб-Варановіч між тым перавёў вочы з Асі на Скрыніча, і раптам ягоны твар уражліва змяніўся, нібыта знутры яго нехта падсвяціў:

– Вы… вы Вячка Скрыніч, так?

Граф пругка падняўся, нібыта дужы звер, і наблізіўся да госця, каб паціснуць руку. Ён сапраўды быў вышэй за Вячку і магутней, але ў ім не выяўлялася брутальнай моцы, нават нейкая мяккасць, плаўнасць. Голас гаспадара гучэў цяпер усхалявана-радасна:

– Усе вашыя раманы чытаў. Вунь у гэтай шафе стаяць. Мой улюбёны – апошні… Пра князя Глінскага. Вядома, з гістарычнымі фактамі вы абыходзіцеся гэтак вольна, як гусар з пейзанкамі, але… Я заўсёды згаджаўся з думкаю, што нам трэба найперш ствараць прымальны рамантычны нацыянальны міф… Дарэчы, калі вам спатрэбяцца нейкія дакументы ці кансультацыі – звяртайцеся. Для мяне гэта гонар. Чым магу дапамагчы зараз? Ды вы сядайце, сядайце… Вячка, скарыстаўшыся прапановай, усеўся на адно з крэслаў, што стаяла ля правай сцяны, насупраць шафы, вольна закінуў нага за нагу. Ася нясмела апусцілася ў крэсла побач, круцячы па чарзе свае пярсцёнкі, як заўсёды рабіла, калі пачувалася збянтэжанай, а гэта значыць, практычна ўвесьчасна.

Корб-Варановіч гаварыў вельмі шчыра, і ў ягоных рысах цяпер было бачна тое, што Ася так ненавідзела ў сваіх: датклівасць і даверлівасць… Але варта было гісторыку перавесці позірк на дзяўчыну, яго вочы зноў зледзянелі. Вячка таксама зірнуў на Арсенію і, відаць, змірыўшыся, што ад яе працягу дыялогу не дачакаецца, зноў сам падаў рэпліку:

– Вось і выдатна… Таму мы не сумняёмся, што наша справа вас зацікавіць. Вось, Арсенія – з роду Вяжэвічаў. Несумненна, вы чулі калі-небудзь пра род Вяжэвічаў. Ён нейкім чынам звязаны з родам Корб-Варановічаў. І мы хацелі б ведаць…

М-да, і гаспадар гэтага кабінету падаўся Асі напачатку ўладальнікам чыноўніцкай вытрымкі… Зазняць ягоную фізіяномію – псіхалагічны трылер. Пачуцці мяняюцца, і, падобна, ён проста не здольны іх прыхоўваць – хаця і намагаецца. Корб-Варановіч сцяўся, горда выпрастаўся:

– Выбачайце, спадар Скрыніч, але тут – іншае… Для вас асабіста – усё, што заўгодна… Пра Сапегаў, Пацаў, Вайніловічаў, Глябовічаў, Нарбутаў… Але я нічога не хачу болей ведаць пра род Вяжэвічаў! Паверце, усё, што я пра яго ведаю, адбівае цікавасць да знаёмства. – Граф імкліва падышоў да шафы, што стаяла злева ад акна, адчыніў зашклёныя дзверцы, вытаргнуў з кніжных шэрагаў брашурку ў зялёна-балотнай вокладцы і пагардліва кінуў на стол. – Дастаткова таго, што імя Арсеніі Вяжэвіч мне ўжо знаёмае!

Ася з непаразуменнем узяла брашуру… «Л. П. Калантай. Аспекты ідэалагічных праблем беларускай унутранай культурнай палітыкі і іх аптымізацыя ў сучасным грамадстве». Блёкат нейкі… Але, вядома, надрукавана ў «Сокале-прынце».

– Вы рэдагавалі? – спытаў-сцвердзіў Даніла Раманавіч. Ася нясмела перагарнула старонкі… Ну так, яе прозвішча. Рэдактар. Але Арсенія дужа цьмяна памятала гэтую кніжку, прачытаную ў бясконцым шэрагу іншых, на аўтапілоце.

– І вам не сорамна мець дачыненне да такой… – Корб-Варановіч пакутліва падшукваў слова, – падмётнай літаратуры? Хаця… Вяжэвічы.

Твар гаспадара гнеўна крывіўся. Ася разгублена павярнулася да Вячкі. Той прашаптаў:

– Прабач, але ў Кнізе пра гэтую брашурку нічога няма, – і гучна прамовіў да Корб-Варановіча, працягваючы нанізваць рэплікі на аднаму яму бачную нітку:

– Чым вам не дагадзіла гэтая кніжка?

Даніла Раманавіч зноў утаропіўся ў Асю, звяртаючыся толькі да яе.

– Вядома, вам было дужа прыемна, што ў гэтай кнізе мой бязвінна закатаваны дзед абазваны прадстаўніком імперскага шавінізму ў лінгвістыцы! Гэта ён, ён, які пакінуў някепскую кар’еру ў Пецярбургу па першым жа запрашэнні з Менска, каб ствараць беларускую філалогію! Які абхадзіў пешкі ўсю Беларусь, самыя гіблыя і небяспечныя месцы, збіраючы легенды, песні, рэдкія слоўцы… Які даследаваў беларускія летапісы! Які сцвярджаў, што беларуская мова – старажытная, славянская, гожая! Якога цкавалі русапятыя ўсіх масцей! – гаспадар ледзь не кідаўся па кабінеце, як раз’ятраны звер. – Ці вы, спадарыня Вяжэвіч, скажаце, што зусім выпадкова ў гэтай жа кніжачцы, у раздзеле пра выкарыстанне архітэктурнай спадчыны, прыводзіцца ўдалы прыклад: аграпрамысловая фірма «Ройна» на месцы былой аднайменнай сядзібы… А вы ведаеце, як гэтую сядзібу, што належала маім продкам цягам пяці стагоддзяў, выкарыстоўваюць, дакладней, тое, што ад яе засталося? Гэта, між іншым, быў палац! З кутнімі вежамі, балконамі, скульптурамі… А цяпер – каробка на два паверхі, накрытая шыферам… Там вытворчасць па вырабу кукурузных палачак. Шыбы васямнаццатага стагоддзя, адмысловай формы, і каваныя краты выламалі, уставілі еўравокны лідскай фабрыкі… Адзін паляўнічы дамок сямнаццатага стагоддзя на ўскрайку лесу, у якім апошнія Корб-Варановічы жылі, больш-менш захаваўся – дый той нядаўна разабралі. Ніводнай магілы Корб-Варановічаў не засталося, могілкі зааралі, ад капліцы і падмурку не знойдзеш – цэглу расцягалі на хлеўчукі… Дрэвы векавыя ў парку выкарчавалі, а з парэшткаў царквы, якую ў шаснаццатым стагоддзі мой продак, Язэп Варановіч, будаваў – абарончага тыпу, з элементамі барока, – бульбасховішча зрабілі…

Гаспадара відавочна «панесла», як харта па следзе параненага зайца. Арсенія вывучала фальшывы, пластыкавы, паркет. А чым тут апраўдвацца? Тым, што ты – проста шрубчык у сістэме? Што нават не ўчытвалася ў тэкст, час ад часу прагаворваючы асобныя яго фразы ўслых, абы не заснуць за рэдагаваннем, як кіроўца-дальнабойшчык за рулём? Толькі яе фургон быў зусім пусты.

– Але пра Корб-Варановічаў у дачыненні да сядзібы Ройна ў кнізе нічога не было сказана… – мармытнула Ася, сама не разумеючы, як насмелілася. – Там напісана, што яна нейкім Сітавым належала…

– Правільна, Івану Сітаву, маёру расійскай арміі, – з’едліва адказаў Даніла Раманавіч. – Корб-Варановічы бралі ўдзел ва ўсіх паўстаннях, якія адбываліся на гэтых землях супроць імперыі. У апошнім, 1863-га года, удзельнічала ўся сям’я… Трое братоў – Андрусь, Віктар, Павал – былі камандзірамі інсургентаў, Павал і Віктар загінулі, Андрусь быў асуджаны на катаргу. І іх бацькоў, ужо старых, таксама саслалі – за тое, што дрэнна выхавалі дзяцей. Пазбавілі тытулу і шляхецтва. Усе маёнткі сканфіскавалі, Ройна аддалі карніку Сітаву. Андрусю праз дваццаць гадоў удалося вярнуцца, яму і ягонай жонцы, якая паехала за ім у Сібір. На знак вышэйшай літасці ім быў аддадзены паляўнічы дамок, той самы, які нядаўна панішчаны, і вернутая шляхецкая годнасць. Графамі, праўда, не засталіся, але не надта засмучаліся.

– Чаму? – здзівілася Арсенія, якая ад цікаўнасці забылася на боязь. Корб-Варановіч нават не працяў яе гнеўным позіркам, улюбёная тэма відавочна бараніла яго ад успрыняцця знешняга свету.

– Наша шляхта тытулаў не вельмі шанавала, усе былі браты ў вольнасці шляхоцкай. А тытулы – гэта ўжо расійскія ўладары раздавалі, каб мясцовых магнатаў заахвоціць да лаяльнасці. Графамі Корб-Варановічы сталі ў васямнаццатым стагоддзі, пры Кацярыне. Ёсць тытул, землі, палацы, ці няма, галоўнае – прозвішча і незганьбаванае шляхецтва. Мой прадзед – сын народжанага на катарзе сына Андруся Корб-Варановіча і ягонай жонкі Людвікі.

Пан Даніла пераможна ўсеўся за стол:

– Так што радаводам Вяжэвічаў я займацца не буду. Нават дзеля вас, спадар Скрыніч.

Правёў рукой па твары, нібыта хацеў сцерці гнеў, і працягнуў халодна-здзекліва:

– Вы, спадарыня, хацелі ведаць, як род Вяжэвічаў звязаны з родам Корб-Варановічаў? Сакрэту няма. Вяжэвічы былі слугамі Корб-Варановічаў шмат вякоў. Пасля таго, як у тых усё забралі, працягвалі служыць новым гаспадарам. Прычым ёсць версія, што яны паспрыялі знікненню старых. Паненка, вядома, пабачыла сваё падабенства з партрэтам якойсьці маёй прабабкі, здагадваюся, гэта партрэт Марыі Корб-Варановіч, які нядаўна прывезлі з Расіі. Яна выйшла замуж за аднаго з паўстанцаў 1831 года. Калі таго пасадзілі ў Бабруйскую крэпасць, Марыя памерла ад нервовай гарачкі. Так што прамых нашчадкаў у яе няма. Але вам, вядома, захацелася пацверджання свайго графскага паходжання. Мушу вас засмуціць… – гісторык пагардліва падціснуў вусны. – Гэтае падабенства між Вяжэвічамі і Корб-Варановічамі заўважанае не толькі вамі, яно цягнецца стагоддзямі. Выяўляецца не ў кожным пакаленні, але час ад часу ў абодвух радах паўтараецца адзін тып знешнасці. І тлумачыцца падабенства вельмі проста… Нехта з маіх продкаў упадабаў сімпатычную прыслужніцу. Але бастарды не могуць ні на што прэтэндаваць пры наяўнасці законных нашчадкаў. А тым больш у прамінулых стагоддзях яны былі ніжэй за прасталюдзінаў… – Асі здавалася, што Корб-Варановіч выгаворвае словы з садысцкім задавальненнем. – Запэўніваю, у навакольных вёсках заўсёды жыло шмат панскіх двайнікоў. Чулі наконт права першай ночы?

Арсенія больш не магла цярпець гэты абыякава-ненавісны голас.

– Нічога я не хачу! Не прэтэндую! Не трэба мне вашых… тытулаў! Усё! Спыняю гэтую дурацкую гульню! Адчапіцеся ад мяне… – вось сарамацішча – на слёзы прабіла. Ася рванулася да дзвярэй, але яе затрымала жалезная рука Скрыніча. Ну так, «дэміург» Вячка, вядома, падрыхтаваў кручок для кожнай рыбіны…

– Спадар Варановіч, я пішу раман пра вашага прадзеда.

Твар гаспадара кабінета зноў страціў маску спакойнай пагарды.

– І… як вы трактуеце яго асобу? Як… шавініста? Русіфікатара, які не ведаў беларускай мовы?

– Не хвалюйцеся, гэта цалкам станоўчы персанаж… – запэўніў Вячка, учэпіста трымаючы знерваваную Арсенію за плечы. – Вядома, складаны, неадназначны… Як і ўсе іншыя мае героі. А другі герой – паэт Алесь Вяжэвіч. Вучань вашага дзеда, студэнт літаратурнага аддзялення філфака.

– Вось як… – Корб-Варановіч спахмурнеў. – Тады вы павінны былі прачытаць у следчай справе прадзеда, якую ролю адыграў згаданы Вяжэвіч у ягоным лёсе. Алесь Вяжэвіч быў завадатарам у справе цкавання «расейскага дацэнта». Прадзед пасля сябе дзённік пакінуў, апісвае ўсё…

– Я чытаў той дзённік. Вельмі шчыры, дужа эмацыйны… Але, згадзіцеся, і суб’ектыўны. Не ўсё так проста, спадар Даніла, – мякка прагаварыў Вячка, адпусціўшы нарэшце Асю, якая спыніла парыванні выскачыць з кабінета. – Ведаеце, я чытаў следчую справу і Алеся Вяжэвіча. І там цытуюцца лісты ў дэканат Корб-Варановіча, у якіх студэнт Алесь Вяжэвіч называецца зацятым нацыяналістам, вузкалобым фанатыкам, які служыць інструментам тых, хто адрывае беларускую мову ад славянскіх каранёў. Як вы ведаеце, Алесь Вяжэвіч сам быў арыштаваны і асуджаны да вышэйшай меры пакарання неўзабаве пасля таго, як загінуў ваш прадзед.

Арсенія разгубілася – яна ніколі ні ад маці, ні ад бабулі пра лёс свайго продка не чула.

– Так, ён загінуў, – на вуснах Корб-Варановіча крывілася жорсткая ўсмешка. – І татачка яго не выратаваў. Вы не гаварылі гэтай спадарыні, што адзін з яе продкаў, а менавіта бацька згаданага пакутніка Алеся, працаваў у НКУС? І якраз у той час, калі там канаў ад катаванняў мой прадзед.

Арсенія схаладнела і павярнулася да Вячкі… Гэта не можа быць праўдай!

– Ён быў проста ўрачом у турэмнай бальніцы, вы ж ведаеце… – ціха прагаварыў Скрыніч.

– Вы таксама ведаеце, што такое турэмная бальніца трыццаць сёмага года! Працяг катавальні, – гарачыўся гісторык.

– У вас няма доказаў, што доктар Вяжэвіч прымаў удзел у допытах, – запярэчыў Скрыніч. – А можа, наадварот, ён нечым дапамог вашаму прадзеду?

– Ага, дапамог… Магу ўявіць. Вы проста не разумееце… – Корб-Варановіч усхвалявана счапляў-расчапляў пальцы. – Вяжэвічы і мы – гэта…

– Ну чаму ж, разумею, – перабіў Вячка. – Вечныя антаганісты. Глядзець спакойна адзін на аднаго не можаце. Паны і прыслуга. Законныя нашчадкі і бастарды. Каталікі і праваслаўныя. Заходнікі і ўсходнікі. Каты і ахвяры, якія мяняюцца ролямі. Але ў вас, вы самі гэта прызналі, адна кроў. Паглядзіце абое, вам гэта нічога не нагадвае?

Скрыніч дастаў з тэчкі аркуш і паклаў на стол. Ася зацікаўлена схілілася. На пажаўцелай паперы быў намаляваны чорнай тушшу кубак… Каржакаваты, з гравіраванай паляўнічай сцэнай – хорт ляціць за лемпардам між дзівосных дрэў, на фоне вастраверхіх дамкоў і цэрквачак. Выявы грубаватыя, трохі наіўныя, але непаўторна-выразныя, відавочна мясцовага майстра, не вучанага ў італійскіх майстэрнях.

– Пазнаю. Гэты кубак… дакладней, ягоная палова, дасюль захоўваецца ў сям’і Корб-Варановічаў, – ганарыста прамовіў графскі нашчадак.

– У бабулі ў буфеце таксама… – няёмка прамовіла Арсенія.

– Што? – недаўменна перапытаў Даніла Раманавіч. Ася сабралася з духам і прамовіла больш гучна:

– У маёй бабулі ў буфеце стаіць палова такога кубка. Яго некалі вось так, вертыкальна, рассеклі. Ён срэбны, толькі на ім вершнік з мячом, а не гэтая… пантэра.

– Лемпард, – аўтаматычна паправіў Корб-Варановіч. І зараз жа зноў усхадзіўся, як паверхня ракі ад вясла чоўна: – Па-першае, гэта наш фамільны кубак, і я не разумею, чаму яго фрагмент павінен захоўвацца ў сям’і прыслугі. Па-другое, адкуль вы, спадар Скрыніч, пра гэтую рэч даведаліся?

– Са следчай справы Апанаса Іванавіча Корб-Варановіча, – адказаў Скрыніч, і памаранчавыя літары на ягонай майцы чарговы раз нагадалі, што не варта ўчыняць вайны. Гісторыка гэта не супакоіла:

– Выбачайце, але ўсё, што можна было знайсці пра майго прадзеда, я знайшоў, і гэтага аркушыка нідзе не…

– Запэўніваю, вы знайшлі далёка не ўсё, – перабіў Скрыніч. – У мяне, так бы мовіць, свае крыніцы і сувязі… Таму і кажу – вы павінны далучыцца да маіх… нашых далейшых росшукаў.

Маніпулянт Вячка дастаў яшчэ адну пажаўцелую паперку, спісаную ад рукі сінім атрамантам, няроўным, нервовым почыркам:

– Вось, зірніце… Уласна кажучы, з гэтай паперкі і пачалася мая задума рамана. Вы маглі чытаць скарочаную версію следчай справы, перададзеную на захаванне ў агульны архіў органаў. А мяне дапусцілі яшчэ і да такіх-сякіх папер з канфіскаванага архіва Апанаса Іванавіча, якія дужа зацікавілі следчых. Сярод іх – тастамент Алехны Корб-Варановіча, складзены ў час княжэння Жыгімонта Аўгуста. У справе захоўваўся спіс з яго, зроблены вашым прадзедам.

Вячка працягнуў аркуш. Граф прагна схапіў яго і пачаў чытаць, прамаўляючы ўслых:

– Так… Тэкст сапраўды падобны да шаснаццатага стагоддзя… «То ест тестамент остаточное волі моее… Естлі бы пан Бог смерть на мене допустіл рачіл, так водле волі моее хочу меті, а не іначей…» Ну, гэта не вельмі цікава… Абавязковыя формулы… «Тело мое мае быць погребено і поховано ведля обычаю, одна прецесея в шесть свечок ляных у Ройно, у царкве святого Іосіпа, прадедом моім паном Іосіпом Вороновічем будованою. А куфар мой поставіць у царкву светого Юры, до магілы прадзеда майго Юры Вороновіча, уваход жа туды тылько пану Богу і старейшым од роду ведомы, дзеля таго, каб было чым справджваць запаведанае». Нічога не разумею… – Корб-Варановіч нават апусціў аркуш з тастаментам. – У шаснаццатым стагоддзі ў Ройне Язэп Варановіч пабудаваў царкву ў гонар свайго нябеснага апекуна святога Язэпа… Яна прастаяла да часоў Хрушчова. А Юры Варановіч, брат Язэпа, загінуў рана, і пра царкву святога Юрыя ў ваколіцах Ройна я ніколі не чуў. Магілы Корб-Варановічаў усе былі ў царкве святога Язэпа. Праўда, праверыць не магу, калі царкву ўзарвалі, то і сутарэнні вычысцілі ад княскіх парэшткаў… Прырабілі да руінаў дах і бульбу там захоўвалі. – І пачаў чытаць далей. – «Его кролевской мілості, пану моему мілостівому, два кубкі позолотістые с коралевымі рогамі. І два кубкі одностайные роботы нурумбергское между іншымі моімі наболшіе, зверху і знутра позлотістые, а к тому налівка з медніцаю сребраные»… Так, гэта наўрад пра той самы кубак… Ага, вось… «Потомкові моему Андрею, естлі ему пан Бог здоровье рачі дать, все іменье мое стоячое, што навечность маю в местском праве в Городеі, Жеславлі…»

У дзверы кабінета настойліва пагрукалі, ва ўнісон грукату жаласна заверашчаў на стале тэлефон, нібыта нехта наступіў яму на шнур.

– Я заняты! – раўнуў Корб-Варановіч у шчыліну, якая нясмела пачала ўтварацца між дзвярыма і дзвярным касяком. Хтосьці па той бок дзвярэй спалохана вохнуў, шчыліна знікла. Тэлефон працягваў верашчаць, а тут і мабільнік азваўся «Паланэзам Агінскага», але граф нібыта не чуў, працягваючы ўчытвацца:

– А гэта дакладна пра наш кубак: «І полову кубка сребного, малюнкамі прыкрашоного, на особлівое захованіе, дзеля того, што кубок той ад продка нашого пана Іосіпа Вороновіча достаеться, і дорожей перлов і золата і перстней са смарагдамі, бо кроў у ім. І другой половы не шукай, пакуль не надарыцца, што пан Іосіп заповедовал і што я тобе, пане Андрей, оповедывал, як ты сыну свойму старейшому оповедуеш, і кубак на алтар цэлы стане тылько з чатырох рук і з одной крыві. Так же опісую пріятелем своім, пану Янові і пану Юркові Мазынам по сту чірвоных золотых… Барва моя люнская, доломаны, і дылеі, і шапкі – служебніком моім. Рызы моі одомашковые і стыхар, і епітрахею на церков Святого Іосіпа».

Дзверы ізноў рыпнулі…

– Сказаў жа, заняты – прыйду праз дзесяць хвілінаў, – раўнуў у той бок Корб-Варановіч і вярнуўся да тастамента. А ён сапраўдны дыктатар, запалохаў, відаць, падначаленых так, што па адной масніцы перад ім ходзяць.

– Далей згадваюцца яшчэ сябры, прыслуга… Міласэрныя ўчынкі… На сірот, удоваў… Гэта прапусцім… «Слугам нашыім Вяжэвічам надалей і павек лес наш вартоваці, і ані з лесу того з іх нікого не згоняці, і ані нічого з маетносці іх не адбіраці, і веры іх не чапаці, у імя святого Юр’я і волі продкове. Пісан у Ройна, року Божаго нароженья тісяча пятьсот пятьдесят шостого, месяца мая осмого дня».

Граф, узрушаны, як дзіця, якому падарылі замест чаканай машынкі сапраўдны камп’ютар, працягваў разважаць над сакрэтамі тастамента, па-ранейшаму ігнаруючы скаргі тэлефона, да якога далучыўся паланэзам графскі мабільнік. А Арсенія з багавейлівым жахам глядзела на Вячку, страшэнна задаволенага сабой, як цыган, што прадаў за рысака сляпую кабылу. Знайшоў усё-ткі артэфакт для завязкі сюжэта! І прыдбаў яшчэ адну марыянетку. А падрабіць мову дакумента шаснаццатага стагоддзя – яму на раз…

– Не сумнявайцеся, дакумент сапраўдны! У мяне толькі копія. Дам спасылку на піцерскі архіў, які толькі нядаўна рассакрэцілі, – праверыце, – нібыта адчуў сумненні гераіні аўтар.

– І што далей? – змрочна прагаварыла Арсенія. – Будзем на кубку гадаць? Закінутыя скарбы шукаць?

– Беларусы шмат вякоў не могуць адшукаць самі сябе, – загадкава прагаварыў Скрыніч. – Ненавідзяць адно аднаго, знішчаюць адно аднаго, адмаўляюцца адно ад аднаго… Дзе за ўвесь час існавання Вялікага Княства Літоўскага хоць адзін дакумент, напісаны на той мове, якая сёння называецца літоўскай? Усё, усё было – на беларускай… Дакументы, дыпламатычная перапіска, нават лісты Вітаўта і Ягайлы! – Вячка стукнуў кулаком па калене, нібыта з ім нехта тут спрачаўся. – У княстве згодна з перапісам 1528 года восемдзесят адсоткаў шляхты былі беларусы! Ліцвіны! А сёння літоўцы прыязджаюць на экскурсію ў «былыя калоніі» і расказваюць, як іхнія рыцары «агнём і мячом» заваявалі гэтыя землі… А мы сціпла мэкаем, што і сапраўды, мабыць, па ўласнай гісторыі ля сценачкі хадзілі… Што тыя скарбы! Мяне больш цікавяць людзі. Мяне цікавіць мой апошні раман. Чаму ўзнікла варажнеча між Вяжэвічамі і Корб-Варановічамі, такімі падобнымі між сабою? Пра якую таемную царкву ідзе гаворка ў радавых дакументах? Што мусілі здзейсніць нашчадкі Корб-Варановічаў з гэтым кубкам, чаму ён рассечаны, чаму захоўваецца ў абедзвюх сем’ях? Пакуль трэба сабраць усё, што мы ведаем. Ты, Арсенія, сваякоў параспытваеш, спадар Даніла таксама сямейныя таямніцы страсяне… Пра шаснаццатае стагоддзе наўрад хто памятае. Але нашы бліжэйшыя героі – Апанас Корб-Варановіч і Алесь Вяжэвіч – заслугоўваюць надзвычай пільнай увагі. Пакідаю вам гэтую копію, у мяне яшчэ асобнік ёсць. Вы згодны, спадар Даніла?

Корб-Варановіч падняўся з-за стала і наблізіўся да някліканых гасцей. Парушынкі таньчылі ў сонечным промні, што працягнуўся між ім і Асяй з Вячкам, нібыта прывідны меч. Арсенія скурай адчувала небяспеку, якая сыходзіла ад гэтага волата, ад ягонай магутнай, але падцягнутай, – ані каліва тлушчу, адны цягліцы – паставы… Гэта цяпер у фільмах пра баявыя мастацтвы героі такія сабе шчуплыя ды жвавыя, як шалёныя конікі, а раней вой павінен быў быць вось такі – плячысты, упэўнены, здольны ўзняць двуручны меч і біцца нават са смяротнай ранай… Ён страшны ў гневе, але ж як спакойна і ўтульна – за спінай такога, калі ён цябе абараняе…

Для Асі гэты ваяр быў з варожага войска.

Граф нервовым жэстам адкінуў валасы з упартага лба.

– Калі я адмоўлюся, гэта ж нічога не зменіць? Вы ўсё роўна нешта напішаце, дафантазіруеце… Я ўжо здагадаўся, што прататыпы вашых герояў – не толькі мой дзед, але і я з гэтай спадарыняй. Што ж мне, забіць вас на месцы, каб гэтага пазбегнуць? – на хвілю Арсеніі падалося, што Корб-Варановіч змагаецца з жаданнем здзейсніць сваю прапанову. – Паэтам дадзена асаблівая ўлада. Гэта нават Аўгуст Актавіян усвядоміў, хоць і саслаў Авідыя мерзнуць у Адэсу. Не сумняюся, у вас атрымаецца чарговы выдатны раман.

І мне і маім магчымым нашчадкам далей з гэтым жыць. Што ж… – гісторык тужліва ўздыхнуў. – Зараз я дужа заняты. Рыхтуем зборнік дакументаў да юбілею інстытута. А вось у пятніцу, гадзіны ў тры, пастараюся вызваліцца і нешта падсабраць па тэме. Прыходзьце сюды, а вы… спадарыня Вяжэвіч, не забудзьцеся прыхапіць вашу палову майго кубка.

Вядома, слова «майго» было вымаўлена з адмысловым націскам.

Калі яны выходзілі з Шэрага Гмаху, Ася папыталася Вячку:

– Слухай, а гэта праўда, што ён сказаў пра майго продка з НКУС?

Вячка падумаў, пакорпаўся ў тэчцы і дастаў адтуль тры аркушы, з самага пачатку рукапісу. Потым дадаў яшчэ некалькі з канца.

– Вось, пачытай… Гэта самы пачатак рамана, пралог, а гэта – чацвёрты раздзел. Вядома, толькі рэканструкцыя плюс фантазія.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации