Текст книги "Сутарэнні Ромула (зборнік)"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 6 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
Гукайла раз’юшана азірнуўся вакол:
– Ану, шукайце мне чалавека з патрэбнымі грэбзамі!
Асістэнты разбегліся ўбакі, як вадамеркі ад кінутага ў сажалку каменя.
– Павал Валер’евіч! – над парапетам паказаўся заліты чырвоным твар матроса – небарака, забыты ўсімі на пірсе, самавольна падняўся наверх. – Можна мне рукі развязаць?
Балтыйская чаіца, заходзячы на віраж над здымачнай пляцоўкай, пранізліва крыкнула нешта няўхвальнае.
– Ды развяжыце гэтага ныціка! – адмахнуўся Гукайла і пачаў абводзіць поглядам натоўп, выглядаючы рукі… Піцерцы шарахнуліся, намацваючы кішэні… Нікому, відавочна, не хацелася рваць рэвалюцыйны сцяг.
– Таварыш Павал! – нарэшце насмеліўся падаць голас Алесь Вяжэвіч. – Гэта мы!
Гукайла спыніў на ім незадаволены позірк.
– А-а, землякі… – і адразу ж нядобра ажывіўся. – Пакажы рукі!
І згас.
– Не падыходзяць… Надта далікатныя. А ты, Аўтух? Папара неахвотна згадзіўся на агляд…
– Сямён, Ніначка! Сюды! – раўнуў Гукайла. Як ні дзіўна, але ў худога Аўтуха рукі аказаліся самыя што ні ёсць генеральскія – далоні, як лапаты, пальцы, як сасіскі, пры гэтым пазногці дагледжаныя… Збянтэжаны паэт не паспеў апамятацца, як яго апранулі ў генеральскі мундзір і паставілі перад камерай. Ён толькі жаласна мармытаў, трымаючы перад сабой анучу, ужо не чырвоную, а шэрую, бо чырвоныя скончыліся:
– Я ж сялянскі сын… Я камсамолец… Я не магу…
– Ды не тузайся, дурню! Па-першае, на экране будуць толькі твае рукі. Па-другое, лічы гэта камсамольскім даручэннем. Матор!
Чайкі кружлялі пад юлёва-жоўтым небам, якое рыхтавалася да бясчынства белай ночы, і іх выкрыкі чамусьці страшэнна нагадвалі істэрычны рогат. Аўтух, счырванеўшыся да слёз, пад вясёлыя каментары лігаўскай шпаны, якая заняла першыя шэрагі назіральнікаў, разадраў ужо трэцюю анучу – Гукайла ўсё-ткі наважыўся зрабіць дублі, відаць, каб заторкнуць раты асістэнтам. Кіношнікі хаця і слухаліся пакорліва, аднак не прапускалі магчымасці падкрэсліць, што маюць справу з непрафесіяналам. Калі з Аўтуха знялі генеральскі мундзір, Алесь зноў наважыўся гукнуць земляка.
– Таварыш Павал, мы сёння ад’язджаем… Рэжысёр сунуў рупар меланхалічнаму брунету:
– Здымай далей сам… Буйны план з матросам.
І павёў Алеся, расштурхваючы натоўп. Вераніка, Аўтух і Хведар пацягнуліся следам, прычым Аўтуха здзекліва піхалі і крычалі ўслед: «Енерал!»
Яны сталі пад ліхтаром, якому гэтай ноччу з нагоды ейнай белай хваробы выпаў выходны. Шпіль Адміралцейства ўтыркаўся ў нізкае паўночнае неба, быццам штык.
– Ну што, значыць, будзем развітвацца… Прывітанне Беларусі. – Гукайла чамусьці гаварыў холадна, зусім не так, як учора, калі яны толькі прыехалі і ён дапамагаў ім з адрасамі і начлегам. – Усё сабралі? Ворага выкрылі?
– Сабралі, усё, што трэба, сабралі, – запэўніў П’янкоў. – Можа, і вы што дадасце?
Гукайла, аднак, нат не зірнуў на яго. Увогуле, Алесь толькі цяпер усвядоміў, што Гукайла і раней ігнараваў прысутнасць Хведара, нібыта той быў бясплотным ценем.
– А ты, прыгажунька, толькі расцвіла пад ленінградскім халодным сонцам… Хочаш, у кіно цябе здыму?
Вераніка зачырванелася і матлянула залатой касой.
– Тады шчаслівай дарогі. І адвярнуўся ў бок Нявы.
Алесь, трохі разгублены такім лаканічным развітаннем, рушыў за сябрамі ў бок Віцебскага вакзала.
– Гэй, Вяжэвіч, аловак свой забяры! – пачуўся вокліч услед. Алесь паслухмяна падбег, хаця дакладна ведаў, што ніякага алоўка ён таварышу Гукайлу не даваў. Той чакаў яго, сур’ёзны і нават устрывожаны.
– Ты, Алесь, чалавек прамы і гарачы, як і я быў у свой час. Пакуль рогі не абламалі. Таму… пастарайся думаць, перш чым нешта зробіш.
Словы рэжысёра прагучалі вельмі нечакана, ды Алесь чамусьці не дужа здзівіўся, нібыта ў ягонай свядомасці ўжо выспела тлумачэнне… Але ён усё-ткі перапытаў:
– Вы… пра што?
– Я пра жыццё… і смерць. – змрочна прагаварыў Гукайла. – Расказвалі мне пра вашую… даследчую працу гэтымі днямі. Запомні, не кожны сябар, хто табе ў рот заглядае. Не кожны вораг, хто табе ў вочы сваю праўду выкажа. Часам варта рот на замку патрымаць, а вачыма пільней глядзець. Асабліва калі нехта аблізвае позіркам тваю дзяўчыну, быццам кот – закрыты жбан са смятанай.
Гукайла зняў капялюш, вецер, які пах морам і смерцю, ускудлачыў ягоныя валасы, і Алесь убачыў іншага Паўлюка – шыракатварага цемнавокага беларускага хлопца з Налібоцкай пушчы, патомнага інсургента. Ад ягоных словаў душа студэнта сціскалася, быццам ад марозу.
– Я за рэвалюцыю любому глотку парву. Я пад бізунамі ў дэфензіве ляжаў… Я ў пятнаццаць гадоў жандараў вось гэтай рукой… З нагана… За рэвалюцыю – а не за якогась дзядзьку, які беларускай душы не разумее, і не бачыць вялікай бяды, калі беларусы як асобны народ увогуле знікнуць. Злодзей грамчэй за ўсіх крычыць: «Трымай злодзея!». Запомні, хлопец: мы – беларусы. Мы – тыя, каму не дадзена права на існаванне, але мы жывём, як ні выполваюць, ні прымінаюць коламі, ні выпальваюць. Галоўнае – каб з карэннем не выдралі… Каб дзяцей не пазбавілі памяці пра тое, што яны – беларусы. Вось і ўсё, што я хацеў табе сказаць. І калі ў цябе ёсць хоць кропля мазгоў, студэнт, і прыстойнасць – а каб я ў гэта не верыў, я б табе нічога не сказаў, – ты гэтыя мае словы засунеш зараз у самы далёкі куток сваёй памяці. З’ясаваў?
Алесь моўчкі хітнуў галавой, і, сціскаючы ў пальцах гукайлаў хімічны аловак, які той усё-ткі ўсунуў яму ў руку, пабег даганяць сваіх. Вераніка стаяла на фоне вечаровага неба і каменных плітаў, светлая і таненькая, як свечка, а П’янкоў шыўся ля яе, нібы цёмны васковы нагар. Аўтух раздражнёна азіраўся, і Алесь раптам з усёй яснатой зразумеў, што Папара, «спявак калгасаў і заводаў», насамрэч не любіць не толькі Корб-Варановіча, але і калгасы і заводы, і яго, Алеся. І ўвогуле – любіць толькі сябе.
– Пра што ён з табой гаварыў? – нібыта між іншым папытаўся Хведар. Алесь паглядзеў у ягоныя вочы з алейным бляскам і чамусьці адказаў няпраўду:
– Ды так, раіў на цягнік не спазніцца… Ну і запрашаў яшчэ прыязджаць.
Да цягніка заставалася гадзіна, а Віцебскі вакзал яшчэ далёка… Хутка з вежы грыфонаў пачнуць вылятаць прывідныя стварэнні, і Марына Корб-Варановіч, напэўна ж, пабачыць іх адлюстраванні ў сваім акне.
Раздзел 6. Падземная царква і «амерыканка»
«Старыя людзі кажуць, што там, дзе зараз гаік ля Ройна, стаяла царква. Вельмі прыгожая і багатая. Пабудавалі яе два браты-князі. Будавалі, а царква ўсё разбураецца. Мо таму, што браты ніяк не маглі дамовіцца, імем чыйго святога апекуна яна будзе называцца. Старэйшы хацеў, каб ягоным – святога Юрыя, малодшы – каб ягоным, святога Язэпа… А сцены ўсё рушацца, старэйшы меншага папікае, што той вінаваты, меншы злосць тоіць… Тады ім дзядок адзін параіў: скончыць спрэчкі, узяць кубак срэбны, кроўю сваёй удваіх яго напоўніць і ў падмурак замураваць. Так зрабілі, кроў сваю змяшалі, царкву асвяцілі ў імя святога Юрыя, і яна болей не рушылася. Тады князь Юры, старэйшы каторы, пайшоў на вайну, а меншы, Язэп, застаўся ў палацы. От старэйшы вяртаецца, і багацця прывёз з сабою, золата ў куфрах, і нават карону. І захацелася малодшаму тае кароны. То і кажа старэйшаму: «Пайшлі найперш у царкву, памолімся, што ты шчасліва вярнуўся». Ну, пайшлі яны, нікому не сказаўшы. Зайшоў старэйшы ў царкву, а малодшы дзверы за ім зачыніў на замок, і тады з падмурка кубак са сваёй і братавай крывёй дастаў і кроў тую перад брамаю выліў. І царква разам са старэйшым братам у зямлю правалілася. Вярнуўся малодшы дамоў, але ж агледзеўся: а карону брат ягоны з сабою ў царкву таемна ўзяў – хацеў абразу Маці Божае яе ахвяраваць. Ну і шкада стала малодшаму князю кароны, спрабаваў у царкву неяк спусціцца, аж і знаку яе ўжо няма. А і шчасця ў князя болей не было. Багацце ягонае ўсё сышло, адзін срэбны кубак застаўся. На месцы, дзе царква правалілася, гаік вырас, малодшы князь пасля смерці ў лесуна ператварыўся і ў гаіку тым дасюль жыве, уваход у царкву шукае і срэбны кубак вартуе. Праз шмат гадоў пастушок адзін ройнаўскі праз гаік ішоў, нагой на нешта напароўся – ажно гэта крыж залаты з зямлі тырчыць. Пастушок ухапіўся за вярхушку крыжа, пацягнуў – і ён уверх як пойдзе, цэла царква падымаецца… Але тут лясун выскачыў у ваўчынай скуры, загалёкаў. Хлопчык, ведама, спалохаўся, упусціў крыж. І царква адразу назад, у зямлю, і нейкі плач, енк нібыта з яе пачуўся. Кажуць, каб царкву падняць, трэба ў лесуна адабраць срэбны кубак, і зноў напоўніць братняю крывёю, і над крыжам падземнай царквы паставіць. А мы, малыя часта бегалі ў гаік, паслухаць, як пад зямлёй нехта моліцца, можа, князь старэйшы. Калі ў вакрузе бандыты панскія з’явіліся, якія хацелі ў нас царскую грамату на волю забраць, яны ў царкве хаваліся, бо іх князь замураваны ўпусціў. Таму іх і пералавіць не маглі. І цяпер, як каму трэба схавацца – ці ад рэкутчыны хто ўцякае, ці ад помсты, – самае вернае, калі старэйшы князь падземную царкву для цябе адамкне. А адмыкае ён толькі тым, у каго іншае надзеі няма». Запісана ад Апанаса Кульчы, 98 г., в. Ройна Наўскага пав.».
Неяк Ася адказвала ў блогу на флэш-моб-апытанку: «Пяць рэчаў, якія я ненавіджу». Адказвала, кіруючыся дэвізам «Вы хочаце патасу? Фіг вам, сябры».
Атрымалася, што Ася ненавідзіць:
1. Калі ідзе дождж, вецер ірве з рукі парасон, аж спіцы выварочваюцца, а ў другой руцэ – цяжкая сумка.
2. Усцягваць калготкі на мокрыя ногі, напрыклад, у распранальні басейна.
3. Калі лезеш у кашалёк, каб расплаціцца з манікюршай, і пераконваешся, што лак на пазногцях яшчэ не высах.
4. Пішаш тэкст у прыпадку натхнення, падымаеш вочы на манітор – і бачыш, што апошнія дзесяць хвілінаў у вордзе была англійская мова.
5. Едзеш у грамадскім транспарце, і ёсць вольнае месца на двайным сядзенні, але нехта ўсеўся не ля акна, а з краю – бо яму хутка выходзіць. А табе аблом угаворваць пасунуцца ці, яшчэ горш, праціскацца самому на месца ля акна. І ты стаіш і чакаеш, што чалавек вось-вось сыдзе, і тады спакойна сядзеш, а ён усё не выходзіць…
Уплыў пункту пятага Ася цяпер адчувала на сваёй нервовай сістэме. Немаладая дзеўка ў клятчастым кароткім палітончыку, з вейкамі, на якія быў укладзены цэлы цюбік падробнай французскай тушы, ціскала на кнопкі мабільніка, як радыстка Кэт, і Ася проста не ў змозе была пераадолець сябе, каб сказаць: «Ці не маглі б вы пасунуцца?» альбо: «Дазвольце, я сяду…». Таму цярпліва навісала над эгаістычнай дамай, трымаючы проста над яе галавой разгорнутую кнігу народных казак і легендаў. Таміна была цяжкая, тралейбус, доўгі, з «гармонікам», трэсла на паваротах, як пракаветны воз, словы старога падання мігцелі ў свядомасці, як зерне кавы ў кавамолцы, і Ася амаль ужо даспела да таго, каб абараніць свае пасажырскія правы…
– Так, Анжэла… Прабач, я, вядома, памятаю, што ты Ларыса… Ларыса Пампееўна… Што ў цябе? Мне зараз не вельмі зручна гаварыць…
Нізкі мужчынскі голас гучэў дзесьці за спінай. Ася адразу закруцілася, заазіралася – звыклы інстынкт беларускамоўнага чалавека ў горадзе на гук роднае мовы: хутчэй за ўсё, пабачыш знаёмца.
О так, гэта быў знаёмец. Нават са спіны і наводдаль, з-за чужых плеч Ася пазнала яго па той дрыготцы нянавісці, якая прайшлася па ейным целе. Корб-Варановіч. Трэба ж, яна была ўпэўненая, што халёны гісторык ездзіць толькі на ўласным аўто. А ён, як просты смяротны… А можа, машына ў рамонце? Ці ён скнарышча, на бензін шкадуе? Спрадвечная народная логіка: у госці трэба ісці басанож, а боты несці на кіёчку…
Мабільнік гісторыка быў, відаць, настроены на высокую гучнасць, бо нават Ася пачула пранізлівы жаночы голас па той бок бяздротавай сувязі. Корб-Варановіч адказваў з прыхаванай тугою і змушанай ветласцю:
– Ларыса Пампееўна, я ўсё памятаю. Я абавязкова куплю сінія фіялкі. Так, роўна сем штук. Не, яны не будуць у гаршчэчку. І прашу, прымі свае таблеткі…
Раптам з тэлефона пачулася спяванне… Суразмоўца завяла оперную арыю. Ася не залічвала сябе да меламанаў, таму не магла вызначыць, што менавіта спявалася, тым больш наколькі прафесійна, але Корб-Варановіч нават на нейкі час адняў трубку ад вуха і адвярнуўся… Потым сабраўся з духам і працягнуў размову:
– Усё, Анжэла… Ларыса… Хопіць… Цудоўна, цудоўна спяваеш… Танальнасць самае то. Усё. Прымі таблеткі. Пакуль.
Ася хуценька адвярнулася. Размова відавочна не прызначалася для старонніх вушэй, жонка там Варановіча па мабільніку спявала, палюбоўніца ці дачка… Арсеніі дужа не хацелася, каб гісторык заўважыў, што яна за ім назірае, і ўвогуле ейную прысутнасць. І цяпер думала, ці не праехаць лішні прыпынак – бо кіраваліся яны з Корб-Варановічам у адно месца, а менавіта ў ягоны інстытут, дзе мусілі сустрэцца са Скрынічам і ягонымі інтэлектуальнымі фантазіямі. Дзеля якіх Ася, між іншым, выпрасіла тры дні за свой кошт па «сямейных абставінах», і, відаць, толькі дзякуючы таму, што начальнік атрымаў ад Вячкі кніжку з душэўным аўтографам і перакананасць, што ў Асі і Скрыніча ўсё дужа сур’ёзна.
Імжыў паскудны восеньскі дожджык, які наліпаў на твар, як халоднае павуцінне, Шэры Гмах, родны брат Шэрай Будыніны, падзяляў раніцу на «да працы» і «на працы». Ася, як магла, запавольвала крок, каб постаць Корб-Варановіча аддалілася на бяспечную адлегласць, але выйшла як заўсёды. Няёмка і непрыгожа. Даніла Раманавіч азірнуўся, нібыта адчуў позірк, які свідраваў ягоную абцягнутую светлай плашчоўкай спіну, і адразу пабачыў Асю, якая па-дурному шарахнулася ўбок, інстынктыўна хаваючыся за нейкую цётку. А Корб-Варановіч, вядома, прыпыніўся. Шляхціц. Трэба даму пачакаць. І Асі давялося, угнуўшы галаву, набліжацца да гісторыка, які адразу ж падняў над ёй свой чорны парасон. Парфума «Х’юга Бос» дадаткова нагадала, што з начальнікам не варта ўступаць у нефармальныя размовы. Да таго ж, адзіны позірк, які ахвяраваў Вяжэвічаўне нашчадак графаў, быў дастаткова красамоўны. Ён змерыў ад пятаў да макаўкі ейную постаць: доўгая чорная спадніца, высокія чорныя чаравікі на шнуроўцы, на рубчатай тоўстай падэшве, чорны джынсовы плашчык, зверху чорны шаль з кутасамі, фенечкі, пярсцёнкі, грыўна з белага металу на шыі… У паветры лунала: сярэднявечную прынцэсу з сябе ўяўляем, а прадзед у НКУС служыў? Так яны, пасля лаканічнага прывітання, і дайшлі моўчкі да дзвярэй, нібыта пасаджаныя на адзін ланцуг ворагі.
А Скрыніч ужо чакаў ля варановічаўскага кабінета, як заўсёды, праскочыўшы праз усе ведамасныя рагаткі.
…Срэбны кубак пабліскваў на пісьмовым стале, цалюсенькі, як стагоддзі таму, змацаваны тонкай гумкай цялеснага колеру. Вячка прагна аглядаў яго з усіх бакоў, ледзь не датыкаючыся драпежным носам да пацямнелага срэбра. Грубаватая чаканка выяўляла паляванне – лемпард, высока ўскідваючы лапы, нёсся над цацачнымі ялінкамі і дамкамі, за ім беглі харты, і спяшаўся на прыземістым дрыгканце вершнік з узнятым мечам… Праўда, тая палова кубка, якая належала Корб-Варановічу, з вершнікам, была больш бліскучанькай – відаць, акуратны гісторык адчышчаў адмысловымі сродкамі.
– Пятнаццатае стагоддзе, – багавейліва шаптаў Вячка. – А я, калі малюнак у справе вашага прадзеда знайшоў, і не марыў, што ўдасца вось так… На свае вочы…
– Я таксама не спадзяваўся пабачыць кубак цэлым, – змрочна прагаварыў Корб-Варановіч. – І ўвогуле, не спадзяваўся, што гісторыя майго роду раптам ажыве, і я павінен буду клапаціцца, каб на паверхні гэтага кіпню не з’явілася брудная пена. Павінен… Дарэчы, я вельмі, вельмі вам удзячны, Вячаслаў. Тое, што вы напісалі пра майго прадзеда, пра ягоных знаёмых, пра тую эпоху… Гэта важыць болей, чым тамы навуковых даследаванняў. І прабабку я менавіта такой і ўяўляў. Яна ж была настаўніцай беларускай мовы – а калі пачаліся пераследаванні прадзеда, яе нідзе ў школу не бралі. І дзед мой толькі з трэцяга разу ў інстытут паступіў. На фізіка. А з трэцяга курса – на фронт… Ведаеце, якая прабабка Марына была? – твар Корб-Варановіча прасвятлеў, шэрыя вочы заззялі. – Аднойчы ў іх двор прыйшлі вандроўныя музыкі – скрыпач і сляпы спявак з прыгожым моцным голасам. Марына Корб-Варановіч якраз была ў двары і пачала падпяваць… Захапілася, заспявала на ўвесь голас… Атрымалася дужа хораша, суседзі з вокнаў павысоўваліся. І скрыпач угаварыў прабабку пайсці з імі ў суседні двор. І яна згадзілася – спявалі рамансы, народныя песні… Накідалі ім грошай болей, чым звычайна… Вядома, усё засталося музыкам. А прабабка проста была шчаслівая, што ўдалося наспявацца – у камуналцы асабліва песню не завядзеш… Дзед гэты выпадак часта ўспамінаў.
– А калі яны на Беларусь вярнуліся? – не вытрымала, пацікавілася Ася. Корб-Варановіч, відаць, ужо змірыўся з яе існаваннем побач з сабою, таму, хоць болей і не ўважыў позіркам, адказаў:
– Калі прадзеда выслалі ў Саратаў, прабабка з сынам паехалі за ім. А праз два гады яго яшчэ далей адаслалі. Ажно ў Ханты-Мансійскую вобласць. І жонку ўжо з ім не пусцілі. А ў 1937-м на яго запыт у лагер прыйшоў з Беларусі. Адвезлі ў Менск, збіраліся выкарыстаць у новай справе, зняць паказанні. А ён маўчаў. Я ведаю, бо ён – Корб-Варановіч. Памёр ад катаванняў у бальніцы. Вам сказаць, чый подпіс маецца на пратаколе аб ягонай смерці «ад сардэчнай недастатковасці»?
Ася зразумела, што зноў гаворка пра ейнага продка. Вось прычапіўся… Ёй да таго прапра… як да леташняга снегу. Мала хто з продкаў кім быў… Хоць піратам Карыбскага мора. А граф працягваў, але ягоныя вочы ўжо нагадвалі шэры лёд:
– Прабабуля да апошняга не ведала, што муж памёр. Пасылкі слала, аб спатканні прасіла… А дзед, іхні сын, выжыў. Вярнуўся з фронту ў медалях. Вось тады яны з маці ў Менск і перабраліся. Але спадар Скрыніч гэта і так добра ведае… У архівах сядзеў, напэўна, не менш за мяне… Плюс пісьменніцкая інтуіцыя.
Позірк, які Даніла Раманавіч кінуў на Вячку, Асі не спадабаўся: у ім была і нейкая сабачая адданасць, і баязлівая трывога… Ды ён жа ў такой залежнасці цяпер ад Вячкі, раптам з жахам усвядоміла прадстаўніца роду Вяжэвічаў, што калі Скрыніч загадае яму ўтапіцца, пад пагрозай, што ў выпадку аслушэнства апаганіць вобраз Корб-Варановічаў у сваім несмяротным рамане – гэты, як сабачка Му-Му, паслухмяна пабяжыць у човен, да вяроўкі з глыжом… Вось рарытэт… Відаць, лічыць, што і Ася павінна за гонар роду на крыж лезці… Дзівак.
Мабільнік Корб-Варановіча загаласіў паланэзам Агінскага. Гісторык скасавурыўся на свой тэлефон, нібыта спадзяваўся, што той сам па сабе заторкнецца, трохі прамарудзіў, паднёс да вуха…
Зноў спяванне нявызначанай арыі. Скамянелы твар слухача.
– Анжэла, я дужа заняты. Так, Ларыса Пампееўна. Я не забыўся. І фіялкі. Забягу ў восем. Пакуль.
Корб-Варановіч адключыў мабільнік і раздражнёна схаваў яго ў кішэню сваёй камізэлькі, на гэты раз не з чорнай скуры, а са светлай замшы, апранутай паўзверх шэрага гольфа, трохі святлейшага, чым мінулы раз. Але зноў ніякага пінжака, штроксы колеру марэнга-клэр, як сказаў бы модны шляхцюк ХІХ стагоддзя, што азначала адценне дыму на полі бойкі Напалеона пры Марэнга. Падобна, начальнік аддзела не дужа шанаваў касцюмы і не вельмі радаваўся «оперным» тэлефанаванням.
– Ваша жонка, відаць, спявачка? – Скрыніч, вівісектар кляты, бязвінна пазіраў зялёнымі вачыма з вечнай шалёнай іскрынкай на сваю чарговую ахвяру.
– Была… – удавана абыякава адказаў Корб-Варановіч. – Спявала ў оперным тэатры, праўда, у невялікіх ролях.
– Невялікіх роляў не бывае, – збанальнічаў Вячка, які не збіраўся кідаць плённы занятак вярэджання чужой раны, калі ўжо пашчасціла на яе натрапіць. – А якое сцэнічнае імя вашай жонкі? Я, магчыма, прыпомніў бы, я ў оперу хадзіў… Ларыса Пампееўна Корб-Варановіч?
Арсенія паспрачалася б на свой улюбёны пярсцёнак з сердалікам, што Вячка ў жыцці ў оперу не хадзіў, ну хіба пару разоў на халяву. Проста яму карціць дзеля аздобы сюжэту яшчэ трошкі душы выцягнуць з фанабэрыстага гісторыка. Вунь як той плямамі пайшоў.
– Насамрэч яе завуць Анжэла Сідарэвіч, – не дужа ахвотна адказаў Корб-Варановіч. – А Ларыса Пампееўна… Ну, проста яна любіць, каб яе называлі ў гонар Ларысы Пампееўны Александроўскай.
– Як гэта – у гонар?
Арсенія гатовая была зараз забіць Вячку, і нават адчувальна выцяла яго пад сталом нагой у цяжкім камэлотаўскім чаравіку. Вячка і не здрыгануўся, не адрываючы паляўнічага позірку ад ахвяры. Корб-Варановіч ганарыста закінуў галаву:
– Анжэла не зусім здаровы чалавек. У тэатры сем гадоў таму былі скарачэнні, яна засталася без працы, голас пачаў псавацца, ды яшчэ мы з ёю напярэдадні… развяліся. Перажыванні… Стрэсы… Карацей, – у голасе гісторыка пачуўся выклік. – Яна лічыць сябе рэінкарнацыяй Ларысы Александроўскай. Усё, я задаволіў вашую цікаўнасць?
Ася гатовая была скрозь зямлю праваліцца ад няёмкасці. Мастацкая дэталь вылушчаная з рэальнасці. Разам з крывёй.
Толькі цяпер Арсенія ўсвядоміла, што Корб-Варановіч носіць заручальны пярсцёнак, які для яе адназначна быў сведчаннем сямейнасці, не на правай, а на левай руцэ. Усе Асіны знаёмыя развядзёнкі і развядзёнцы заручальных пярсцёнкаў увогуле не насілі. А ён носіць. Усё яшчэ кахае? Ці проста паказвае, што не жадае лёгкіх знаёмстваў?
Гэты пярсцёнак Корб-Варановіч зараз змрочна круціў на пальцы. Жэст, зусім як у яе, Асі.
Ну чаму яна, літрэдактар, не валодае ўсімі гэтымі прыёмчыкамі маніпулявання людзямі, каб «вырульваць» размову куды трэба? Сядзіць вось так звычайна, язык праглынуўшы, толькі ў галаве бліскучыя ідэі мітусяцца, як нязлоўленыя плоткі. А Скрыніч, як сыты вампір, адкінуўся на крэсле:
– А цяпер «хатняе заданне», сябры! Вы зрабілі свае радаводы для параўнання?
Корб-Варановіч палез па свой дыхтоўны партфель з брунатнай тоўстай скуры, які кінуў быў пад стол, і дастаў вялікі аркуш, складзены ў чатыры столкі. Ясная справа, ён не чакаў Вячкава загаду, каб скласці радавод… Рознакаляровае радаводнае дрэва вілося ва ўсе бакі, нагадваючы водарасці, аблепленыя ракавінкамі. Ася не сумнявалася, што арыгінал даўно вісіць у рамачцы на сцяне графскай кватэры.
Так… XVI стагоддзе. Браты Варановічы, Георгій і Іосіф. Георгій загінуў у дваццаць пяць гадоў, нашчадкаў няма. І заканчваецца – Даніла Варановіч, апошні з роду.
Арсенія зацікаўлена схілілася над малюнкам. Усе лініі абрываюцца… Адна толькі таненькая цягнецца ўверх. Цікава, пры сабе пан Даніла не пазначыў імя жонкі… Самотны. На вастрыі свайго роду…
– А ты, Арсенія?
Ася пачырванела і дастала аркушык са школьнага сшытка ў краткі. Корб-Варановіч выразна хмыкнуў.
– Усяго да чацвёртага калена? Малавата будзе! – весела пракаментаваў Вячка. – І да таго ж у цябе Вяжэвічы – усе па жаночай лініі. Гэта няправільна. Бацька і дзед – зусім іншых прозвішчаў. А прызнайся, ты запісала прадзеда Аляксандра Вяжэвіча дзякуючы таму, што прачытала пра яго ў маім рамане?
– І што? – агрызнулася Ася, усё яшчэ абураная. – Не ўсе могуць пахваліцца прысутнасцю продкаў у радаводных кнігах. Што ведаю, тое ведаю…
– А ў бабулі хіба не пыталася пра Алеся Вяжэвіча? – пацікавіўся па-настаўніцку Скрыніч.
– Пыталася… – буркнула Ася. – Бабуля пачала ўспамінаць, як ейная маці, Вераніка Змітраўна, нагаравалася ў вайну з ёй, маленькай, на руках, як падаліся яны ў вёску да далёкіх сваякоў, як ад карнікаў уцякалі, у партызанах былі, як пасля вайны пасяліліся ў Мінску ў падвальнай камуналцы каля Опернага тэатра. Маці працавала ў школе, а яна паступіла ў харэаграфічную вучэльню. А пра бацьку свайго толькі і сказала, што маці як яго ўспомніць, так і плача, і плача… Бедны, кажа, бедны. Загінуў малады. І ўсё. Ні паперкі, ні фотаздымка, ні нават радавой легенды. Прабабка рана памерла, яшчэ да таго, відаць, як рэабілітаваць пачалі. Таму і маўчала пра мужа. Пра дзеда ўвогуле нічога не ведаю. Адзін раз бабуля прагаварылася, што быў суворавец. Сувораўская вучэльня побач зусім была з іх камуналкай… Але не пажаніліся, хаця і вяселле былі прызначылі, бо ён чагосьці спалохаўся… Доўга прасіў прабачэння, плакаў, казаў, што кахае, але надта хоча стаць у будучым генералам… А бабуля ганарлівая, выгнала і не стала дапытвацца, чым яна яму перашкаджае ў кар’ерных планах. Думала, што не захацеў з дзеўкай без адукацыі жаніцца – яна ж, як з вучэльні сышла, нікуды не паступіла з-за нейкай траўмы, працавала швачкай.
– Проста суворавец ваш даведаўся, што ягоная каханая – дачка ворага народа, – задумліва прамовіў Корб-Варановіч. – Ён жа быў будучы афіцэр, армейская эліта, так што ўсе сувязі адсочваліся. Ну і паставілі хлапца перад выбарам… Тым болей справа была, наколькі я разумею, яшчэ да Хрушчова…
Арсенія раздражнёна зірнула на дзядзьку, чыя прысутнасць працягвала яе злаваць і нерваваць. Але ягоная гіпотэза была падобная да праўды.
– Магчыма, і так… Праверыць не магу. Так што не было ў маім дзяцінстве старой вясковай хаткі, куды на лета прыязджаеш «далучыцца да каранёў» і сырадою. Добра, бабуля па-беларуску любіла размаўляць, «Сымона-музыку» на памяць чытала, «Курган», вершы Багдановіча… Гэта мая прабабка-настаўніца яе навучыла. А то б засвойвала я «дзеканне» па спевах «Н.Р.М.»…
– Якая розніца, якімі шляхамі чалавек прыходзіць да радзімы? – словы Асі чамусьці зачапілі Вячку. – Я дзэканне ў дваццаць гадоў толькі засвоіў. Пісаў ужо аповеды пад Караткевіча, а прамаўляць правільна не ўмеў. Скуль дзіцяці асфальту… І нічога, як бачыце, авалодаў. А колькі маіх аднакурснікаў родам з вёсак, чые бацькі чысцютка на мове ўсю жытку прагаварылі, як і яны самі ў дзяцінстве басаногім, патрапіўшы ў горад, напіналіся тлумачыцца «на языку», усё жыццё пазбаўляюцца ад акцэнту і зненавідзелі беларушчыну, як сведчанне сваёй правінцыйнасці. Вось гэта – «штучнасць»!
Ноздры Скрыніча раздзімаліся. І Ася згадала, што яго не аднойчы шчыкалі крытыкі за «штучнасць мовы». Комплекс, відаць, сядзіць – наконт недахопу аўтэнтычных матчыных калыханак у духоўным выхаванні… Маці Скрыніча, наколькі Арсенія ведала, калі і нешта магла яму напяваць, дык хіба «Yesterday», бо вырасла на «Бітлах» і Высоцкім, ніколі не была замужам, працавала гукааператарам на радыё і апраналася ў пацёртую джынсоўку. Сынавы раманы чытала, але яны ёй не падабаліся. Затое Вячка не вырас «мамчыным сынком», як часта здараецца, калі самотная кабета адна гадуе сына.
– І так, усё пачынаецца з двух братоў, якія цудоўна ўпісваюцца ў легенду пра падземную царкву, Юрыя і Язэпа Варановічаў. Прыдомак «Корб» калі ў родзе з’явіўся? – раманіст вярнуўся да сваіх марыянетак.
– Пры Жыгімонце Старым, – прабурчэў гісторык.
– Не ад сваяцтва з аўстрыйскім дыпламатам Іаганам Корбам, выпадкам?
Адкуль толькі Скрыніч столькі розуму набраўся?
– Не. Проста адзін з роду ажаніўся з уладальніцай старажытнага герба «Кораб». На ім залаты карабель з ільвінымі галовамі і мураваная вежа з зубцамі. Шлюб быў дужа ганаровы для Варановічаў, ну і…
– Ясна, удасканалілі прозвішча для важнасці, – легкадумна падрахункаваў Вячка, не звярнуўшы ўвагу, як пераняўся нашчадак роду. – Два браты, дзве царквы… Пад зямлёю і на зямлі. Класічная падвойная беларуская існасць. Паводле легенды, малодшы брат, Язэп, забіў старэйшага. Потым пабудаваў царкву святога Язэпа. Пра царкву святога Юрыя згадваецца ў тастаменце аднаго з Корб-Варановічаў, які завяшчаў паставіць туды нейкі куфар, да магілы Юрыя Варановіча. Там жа гаворыцца пра таямніцу, якая перадаецца старэйшаму ў родзе. Ці не магло гэта быць прызнаннем у злачынстве і звесткамі пра месца пахавання старэйшага брата? Ну і пра тую «карону» з легенды? Можа быць, царква святога Юрыя – усяго толькі капліца? Усыпальніца, якую няцяжка схаваць у зямлі? І кубак, рассечаны напалам, – ключ туды, палову якога далі на захаванне верным слугам?
– Гэта ўсяго толькі легенда, – гісторык разглядаў свае счэпленыя на стале далоні. – Памяць – тоўшча вады… Усё скажаецца, вобразы мяняюцца… У ваколіцах Наўя ёсць Ваўкалацкі лес і легенда пра ваўкалакаў з дзвюма пашчамі. А нядаўна гісторык Паліна Чарапавіцкая высветліла, што ў часы паўстання Каліноўскага ў тым лесе дзейнічаў атрад інсургентаў, якім кіраваў чалавек па прозвішчы Ваўкалак. Ён проста любіў апранаць ваўчынае футра, і ў яго на твары быў глыбокі шнар ад шаблі – вось вам і «другая пашча»! Менавіта таму падчас рэвалюцыі там і з’явіўся атрад Лаўрына Карыбутовіча «Ваўкалакі», Карыбутовіч, гэткі рамантык-тэрарыст, любіў выкарыстоўваць старасвецкую атрыбутыку. Не варта верыць усяму наўпрост… Забойства радавітым шляхціцам роднага брата, да таго ж старэйшага – гэта ніяк не магло не адлюстравацца ў дакументах, – над попельнымі хвалямі валасоў Корб-Варановіча так і ўяўлялася шляхецкая шапка з дыяментавым «гузам», такая ж, як на партрэтах, што цямнелі на сценах кабінета. – Разумееце, змяняўся спадчыннік роду – і паколькі шляхта ўся павязаная кроўнымі сувязямі, абавязкова быў бы розгалас і судовы разбор. Нашым продкам вадзіцца ды судзіцца была раскоша, судовыя дакументы чытаць цікавей, чым летапісы. Ва ўсіх дакументах запісана – Георгі Варановіч загінуў падчас бітвы на рацэ Вядрошы. Малалікае ліцвінскае войска на чале з маладым гетманам Астрожскім білася там з войскамі Івана Трэцяга. «Было масквы 40 000 конных, апроч пешых, а літвы чатыры з паловай тысячы… і сышліся абодва палкі ў бітве, і біліся да шасці гадзін абодва палкі…» Летапісец сцвярджае: «Там з-за трупаў конь не скакаў…». Хто са шляхты выжыў – забралі ў маскоўскі палон. І Астрожскі, і Храбтовіч, і Осцік правялі дзевяць гадоў у няволі. Так што смерць… колькі там яму было? – дваццацігадовага князя ў тае калатэчы аніяк не выклікае падазрэнняў. Нідзе гэта не аспрэчана. Вінаваціць чалавека ў забойстве ўласнага брата на падставе пяцісотгадовай байкі? – гісторык раздражнёна паціснуў плячыма. – І згодзен, дзе б магла хавацца цэлая царква? Нерэальна. Я быў у Ройне не адзін раз, легенду пра падземны храм адна старая толькі і памятала – паказвала на кукурузнае поле. Відаць, там рос гаік, які згадваецца ў зборніку прадзеда.
– Таксама пераканаўча, – пагадзіўся Вячка, але Ася не сумнявалася, што ніхто яго ні ў чым не пераканаў. – Але… Паветра страсянуў пранізлівы гук сірэны, падалося нават, што вакол прайшлі кругі, як па паверхні вады.
Вось ён, тэст на экстрэмальную сітуацыю… Арсенія скамянела, сціснулася, стаіла дыханне… М-да, не быць табе, дзеўка, Жанай д’Арк і Аміляй Плятэр. Вячка, звычайна маланкарухавы Вячка цяпер толькі лена пацягнуўся, скептычная ўсмешка кранула вусны. Во самаўладанне… А масіўны Корб-Варановіч ужо матэрыялізаваўся ля дзвярэй, нібыта пругка пераляцеў па паветры, як лемпард, і крычаў у калідор:
– Што здарылася? Уладны ваяводаў вокліч.
Нейкая жанчына, відаць, на бягу пачала нешта верашчаць-адказваць, але ўсе гукі тут жа накрыў забойча-спакойны барытон з усіх радыёкропак:
– Шаноўныя супрацоўнікі і наведвальнікі! Праводзіцца планавая вучэбная эвакуацыя з будынка. Захоўвайце спакой і парадак. Карыстайцеся схемамі эвакуацыі, якія размешчаныя ў кабінетах і калідорах. Просьба неадкладна пакінуць памяшканне.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?