Текст книги "Крыві не павідна быць відна (зборнік)"
Автор книги: Наталка Бабіна
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 3 (всего у книги 11 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]
Босьнія і Герцагавіна, або Эўропа вялікіх фараонаў
«Вядома, я тлустая. Якой яшчэ маю быць, нарадзіўшы пяцёра дзяцей? Ясна, ня Твігі! І няма чаго мне пра гэта лішні раз нагадваць, – раздражнёна думала я, чапляючы на нос сонечныя акуляры і адгортваючы старонкі. – Яшчэ прапанаваў бы на дыету сесьці! Не прапануе, ведае, што ня сяду».
Раптоўна, як і завялася, я супакоілася. Пятнаццаць гадоў разам! Гэта супакойвае, нават калі муж раніцай скажа, што ў цябе тлустая сьпіна. Зараз мужава галава (ня тлустая) віднелася недзе ля далягляду, амаль там, дзе зьліваліся Адрыятычнае мора і неба. Пяцёра дзяцей зь віскатам гулялі ў бэрыка – марскога, наколькі я разумела. А я чытала.
«У цары Эгіпту, – звычка перакладала я францускія словы, адразу выстройваючы іх паводле правілаў беларускай мовы, – боская і чалавечая сутнасьці зьліліся ў непаўторную асабістасьць, у вобраз цывілізацыі, якая праіснавала некалькі тысячагодзьдзяў. Давайце ж выправімся ў вандроўку і адкрыем іх сьвет. Давайце ўшануем памяць фараонаў Эгіпту і адкрыем для сябе адну з найвялікшых старажытных цывілізацыяў, якая паўстане перад нашым зачараваным позіркам».
Я зьняла акуляры і пацерла пераносьсе. Нешта перашкаджала засяродзіцца. Няўжо гэтая недарэчная, але абсалютна не зламысная заўвага мужа?
Мы ведалі адно аднаго са школы. Аднойчы ў трэцяй клясе я спісала ў яго раўнаньне на кантрольнай – мабыць, з гэтага моманту трэба адлічваць пачатак нашага сяброўства. Сяброўства дзіўнага, якое з плянэтарыю ў парку Горкага і коўзанкі ля магазыну «Электроніка», гэтых неабходных атрыбутаў менскага маленства, плаўна перацякло ў бесталковае юнацтва, што разьвяло нас у розныя бакі, каб потым зноў зьвесці ў час, цяжкі для абаіх. Пажаніліся мы, супраць волі яго і маіх бацькоў, калі я чакала дзіця – і не ад яго. Ён жа на тую пару меў непрыемнасці – настолькі ж натуральныя для маладога мужчыны, як цяжарнасьць натуральная для маладой жанчыны. Мая фраза гучыць таямніча і двухсэнсоўна, а ўсё было вельмі проста: яго даставаў КДБ. Каго ў тыя часы не даставаў КДБ! Сукурсьнік Зьмітра, хлопец, які яго залажыў, якраз і быў бацькам майго маючага нарадзіцца дзіцяці.
У нас са Зьмітром не было прыціркі. Абцерліся мы адно аб аднаго раней, за сем гадоў вучобы ў школе. З таго моманту, калі сталі жыць разам, скончылася бесталковае юнацтва.
Пад гарачую руку я, бывала, папракала Зьмітра рознымі ўяўнымі і рэальнымі яго грахамі. Ён ніколі ня тыцнуў мне маім першынцам і тым, што было да шлюбу. З таго самага часу, калі на сьвет зьявілася Югася, ён ставіўся да яе так пяшчотна, як толькі можа бацька ставіцца да вельмі любімага дзіцяці.
Да трэцяга дзіцяці я працавала. Адмыслова наймала няньку, а сама пісала бухгальтарскія праграмы на замовы розных фірмаў. Круцілася, як трэска ў палонцы. І прыкладна з тым самым вынікам. Аднойчы ў адной паўлегальнай фірмачцы мне заказалі распрацоўку поўнага пакету праграмнага забесьпячэньня – вельмі тэрмінова і вельмі дорага. Калі я прынесла сваю працу, усталявала і навучыла пэрсанал карыстацца, дырэктар, ясна гледзячы мне ў вочы, сказаў, што сітуацыя памянялася і ён ня можа заплаціць мне так, як мы дамаўляліся. А можа – у дзесяць разоў меней.
Дома, адчыніўшы дзьверы, я пабачыла: нянька на кухні палуднуе разам са сваёй дачкой, якая прыходзіла з маткай з нагоды канікулаў, а мае падшыванцы, самі сабою, займаліся ў сваім пакоі і выбеглі мне насустрач, перапэцканыя шмінкай.
Плюнуўшы і расцёршы, я выгнала няньку разам зь яе дачкой, выкінула ў сметнік звараны ёю палудзень, выпіла кавы, зьела хлеба з маслам і адмыла дзяцей ад касмэтыкі. Заплаціла аднаму хлапцу з той фірмачкі, каб ён запароў усё, што я настварала, у гаманцы засталося тры зубры, два зайцы і вавёрка, а таксама прасцірадлы рознакаляровых візытовак…
Маё рашэньне пакінуць працу было для Зьмітра штуршком, стрэлам стартавага пісталета, дазволам на выезд. Ён пакінуў завод і заняўся продажам вазонаў. Аказалася, з продажу хатніх кветак у Беларусі можна жыць.
Даволі хутка мы купілі дом у сельгаспасёлку, і тут, у нетрах старога Менску, сярод вішнёвых садоў, сабак, шынамантажоў і бэнзакалёнак, лазьняў, вербаў, катэджаў, што выдаюць на баптысцкія малельныя дамы, каля рэзыдэнцыі індыйскага пасла, уніяцкай парафіі сьвятога Язэпа і гуртовага базару сланечнікавых семак, так хутка, як гэта дазволіла прырода, зьявіліся на сьвет яшчэ двое нашых дзяцей.
Чым было маё жыцьцё ў гэтым віры?
Не квактаннем над седалам, гэта напэўна. Калі аднойчы, накрываючы на стол, паўжартам я сказала: «Ды я ж ідэальная жанчына, у якой вячэра заўсёды гатовая а палове на сёмую!» – Зьміцер адазваўся цалкам сур’ёзна: «Няма жанчыны, больш далёкай ад ідэалу, чым ты!» Я думаю, ён, як заўжды, меў рацыю.
Не чарадой аднастайных хатніх справаў.
Не піцьцём бясконцай гарбаты за бясконцымі плёткамі зь бясконцымі сяброўкамі – у мяне проста няма сябровак.
Тады чым?
Які таямнічы сэнс асьвячае ўсё гэта: бруднае месіва на лістападаўскіх вуліцах, «Ікарусы» з партрэтамі Пугачовай у салёнах, задачкі за першую-другую-трэцюю клясы, банальную кулінарыю на Крапоткіна, цыгарэту штовечар, якую з выхаваўчых меркаваньняў я дазваляю сабе толькі тады, калі ўся мая пяцёрка моцна сьпіць? Што я кладу дзецям у ранцы разам з канапкамі для перакусу, наліваю ў кубкі разам з ранішняй какаваю, запускаю ў сэрца машыны разам з запальнай сумессю, у той час, калі фары сьвецяць праз ноч, а дзень настае толькі намінальна?
Які няўлоўны дух, які Бог хаваецца сярод натоўпаў тлустых жанчынаў, у кіёсках «Белсаюздруку», у прасмярдзелых залях аэробікі, у пыле над сцэнай Купалаўскага? Яму ахвяра – кантэйнэры рытуальных яек на паліцах крамаў пад Новы год. Але мне, жанчыне з тлустай спінай, ён ня дасьць сябе пабачыць, аж пакуль не зацягнуся тлушчам з усіх бакоў.
– Мама!
Я падняла вочы і адрухова зажмурылася – Тараска, гуляючы, сыпануў мне жменю пяску ў вочы. Як ні старалася, я не магла іх расплюшчыць. Да таго часу, як падбег выкліканы з мора тата, я ўжо плакала крывавымі (літаральна) сьлязьмі, а двое малодшых, нягледзячы на мае ўгаворы, вылі.
Муж адвёз мяне ў акруговую вольніцу, дзе з-пад павек дасталі некалькі малюпасенькіх асколачкаў шкла, што аказаліся сярод пясчынак. Доктар настояў, каб я хоць бы на суткі засталася ў больніцы. Я ня вельмі і працівілася. За дзяцей я не хвалявалася: у гатэлі будзе добры догляд.
На вочы мне налажылі павязкі-куліскі. Неўзабаве ў маю палату прывезьлі яшчэ нейкую жанчыну. Мэдсястра сказала, што гэта пажылая пані, якой выдалілі катаракту, і што яна пэўны час прабудзе разам са мной.
Калі ў вас ёсьць грошы, дык апэрацыя на катаракту ў харвацкай вольніцы адбываецца так, што праз гадзіну вы можаце ісьці дадому. Калі з грашыма горай, вам давядзецца нейкі час правесці ў больніцы. Але і ў гэтым выпадку ня трэба ляжаць суткі нерухома, як гэта патрабуецца ў нас.
Лежачы ў сваіх павязках, як у шорах, я чула, як мая суседка варушыцца, уздыхае, нарэшце пытаецца:
– А хто тут?
Ня ведаючы, што адказаць, я маўчала.
– А хто тут, халера ясная?
Я засьмяялася і падняла адну куліску, каб пабачыць сваю суседку.
І яна спрабавала разгледзець мяне старэчым выцьвілым вокам. Была яна вельмі ў гадах, худая, чыстая, смуглявая, як усе тут, у бальнічным сінім халаце.
– Вам нельга падымаць павязку! – запратэставала я. – Вы ж толькі па аперацыі!
– Гэта ня тое вока, здаровае, – адказала яна. – Ты з чужога краю?
– Але.
Старая, апусціўшы павязку на вока, абмацвала коўдру вакол сябе, парэнчы, тумбачку, сцяну. Намацаўшы радыё, уключыла яго:
О, Мариана!
Сладко спишь ты, Мариана!
Мне жаль будить тебя,
Я стану ждать…
Салодкія словы расейскай песні, салодкі голас з дынаміку. Мабыць, прывыкла, каб радыё было заўсёды ўключанае.
– Гэтую песню спявалі жаўнеры, калі стаялі ў нас у вёсцы па вайне, – сказала старая. – Антэ прадаваў ім авечкі.
– Па якой вайне? – перапытала я.
– Па тамтой, зь немцамі, – адказала старая. – У жаўнераў можна было браць лупіны – прыходзь, абірай бульбу ў такія вялікія чыгуны, а лушпайкі можаш забіраць сабе. Пакуль дзеці ў мяне дзяржава не забрала ў інтэрнат, я іх тымі лупінамі і карміла. Добра, што іх забралі, – там і апраналі, і вучылі. Так і выгадаваліся яны не каля мяне.
Сашко, апошні, рос ужо са мной. Ён нарадзіўся позна, старэйшыя былі ўжо па школе, я думала, у мяне скончылася на сарочцы, але ж на табе, маеш – пуза расце! Кінулася да дактароў – рабеце аборт, а яны кажуць – позна, дзіцё ўжо вялікае. Чаго я ні рабіла: і з вышыні скакала, аж сэрца заходзілася, і цяжкое варочала, і падпярэзваліся моцна – анічога не дапамагло. От і нарадзіла. Хаты тады не было, мы ў аўчарні жылі. Сашко вельмі прыгожанькі быў. Як там мая братавая казала? «Правільныя рысы твару, правільныя рысы твару!»
– Чаму ж вы жылі ў аўчарні?
– А раскідалі нашу хату. Мяжу тады цягнулі. Сказалі, ня можна, каб на мяжы жыць, вось і расцягнулі. Мы тады ня тут жылі, а на поўначы, далёка, у гарах каля возера Бледна. Мая зямля, мой пасаг, засталася ў Герцагавіне, а аўчарня аказалася ў Харватыі. Праўда, за зямлю нам трошкі сплацілі. Дык за тыя грошы потым мала што не забілі!
Доктар, спрактыкаваны да аўтаматызму, рухаючыся настолькі ж хутка, наколькі бясшумна, зьявіўся ў палаце, каб закапаць мне вочы і зьняць павязкі, а старой зрабіць ін’екцыю пад павека, і прапаў. Старая нават не зразумела, што адбылося, толькі твар яе раптам стаў разгубленым, і яна, перарваўшыся на паўслове, спыталася:
– А што гэта было?
– Гэта доктар прыходзіў, зрабіў вам… – я не магла ўспомніць, як будзе па-харвацку гэтае слова, і сказала па-польску – zastrzyk.
– Укол? – здагадалася старая. – Не, ня цяжкая агораныя, магу ўсім казаць, каб толькі Бог даў дапамагло.
Яна памаўчала, але ўзбуджанасьць з-за нязвыклых абставін ды ад прыроды энэргічная натура патрабавалі калі ня дзеянняў, дык хоць словаў. Старая відавочна была з тых, хто гаворыць тады, калі хоча, і пра тое, аб чым думае.
– Я, мілая пані, у жыцьці не ляжала ў больніцах, гэта ўперша. І дзеці нарадзіла бяз больніц… Па Сашку месца доўга не выходзіла, Антэ выклікаў доктара. Той зрабіў мне нейкі ўкол, сеў у куточку і паглядае – то на руку на гадзіннік, то на мяне, а то на авечкі.
Такая калатнеча тады была! Раз узімку трэ было ехаць па дровы празь мяжу, у Босьнію, бо там быў лес. Сашку, мусіць, тады гады з тры было. Пасадзіла яго на запечак, каб цяплей, – а мы ў аўчарні печачку злажылі. Дала гароху ды дзьве скрыначкі, каб перасыпаў, і паехалі. А мароз! Еду, а як шпары зойдуць у пазногці – саскочу з санкаў ды бягу, каб сагрэцца. А душа не на месцы – як там малы ўдома сам, ці ня ўлез куды, ці не замерз – бо зімой шэрань са сьценаў ня сходзіла. А Антэ і зьлезці ня мог – толькі пакіхікваў ды горбіўся на санках. Астма ў яго была, усё жыцьцё хварэў, праз тое і да Ціта яго не забралі…
– А чаму вы па дровы езьдзілі зімой? Чаму ня летам?
– Дык за ракою лес быў, летам броду не было. Зімой, як лёд стане, то ўжо і па дровы ўсе едуць. А лес нельга высякаць. Дык скрадаешся і аглядаешся, каб лясьнік дзе ня выйшаў, пянькі сьвежыя сьнегам прысыпаеш, каб не сьвяцілі.
І вось той раз я ўвалілася ў палонку. Бягу, за аглоблю ўхапіўшыся, ды плачу, бо холадна. Ажно выскокваюць з-за купы на дарогу гранічары. Я думала, яны будуць нас ганіць, што празь мяжу едзем, а яны адразу да Антэ сігануліся шукаць грошы – зналі, што нам сплацілі за зямлю, думалі, што грошы з сабой возім, бо ў аўчарні схаваць няма дзе. Адзін кажа: давай грошы, а то зараз застрэлю, скажу, што ўцякаў.
А я стаю і думаю: хай бы, і праўда, яго застрэлілі, яму ўсе адно не жыцьцё зь яго экзэмаю ды астмаю, і мне ад яго ніякай дапамогі. Толькі кармі, а працаваць ня можа. Я і дровы рубаю, і за плугам сама хаджу. Антэ ж сваё цьвердзіць: няма грошай, аддалі за пазыкі. А той гранічар кажа: ну, дык маліся, Антэ, бо зараз табе канец будзе – і стрэльбу падводзіць.
Але, мусіць, Бог яго стрымаў. Апусціў ён стрэльбу, рукой толькі махнуў. А другі ўжо каня выпрагае – такі закон быў, што калі празь мяжу канём едзеш ды зловяць, дык каня забіраюць.
Я як бухну на калені і ў лямант: прашу, малю на прамілы Бог, каб толькі каня пакінулі. Бо як без каня?! Вясна прыйдзе – як безь яго?! Як дровы без каня дацягнуць? А тапіць жа няма чым, замерзьнем, дзіця замерзьне!
Але хіба іх умоліш? Той, што стрэльбай палохаў, кажа: бачыш, Антэ, якая ў цябе баба, за цябе не прасіла, а за каня просіць. І пайшлі сабе, і каня нашага павялі.
А ў Антэ з таго ўсяго прыступ стаў. Паваліўся ён, бедны, на дровы і ротам дух ловіць, аж ссінеў. Што рабіць? Узялася я за аглоблі, дый пацягнула і сані, і дровы, і Антэ. Добра, што трошкі з гары было. Цягну воз, а адзеньне на мне зьвініць, спадніца па нагах б’е – усё чыста лёдам пакрылася.
Дабраліся дадому – я перш-наперш да акенца, паглядзець, ці хоць з Сашком усё добра. Бачу, сядзіць на запечку, іграецца. Апусцілася я на прызбу, адчуваю, ня ўстану. Але ж трэба – Антэ ўсярэдзіну завесьці, затапіць, пераапрануцца.
Цягну Антэ, толькі дзьверы прычыніла, а Сашко з радасці да мяне як кінецца:
– Мацінка, мацінка!
Які нячысты дух мяне пад руку вадзіў! Пхнула я яго ад сябе, каб пад нагамі не матаўся, не перашкаджаў бацьку весьці. Ён упаў ды, мусіць, пашкодзіў сабе што. З таго дня ў яго стаў расьці горбік.
…Паслухай, ты можаш завіць мне хустку, во тут яна, пад падушкаю?
Я знайшла лёгкую жоўценькую хусьціну і завіла старую, завязаўшы канцы пад падбародзьдзем. Сьляпая, у павязках на вачах, яна ляжала на сьпіне, выцягнуўшы ўздоўж цела худыя рукі зь вялікімі далонямі.
Увайшла санітарка, пажылая і спакойная, і спыталася ў старой, ці не патрэбная пані вутка.
– Давай!
Трошкі пасьля санітарка прынесла старой вячэру. Старая ела з апэтытам, якога я ад яе не чакала, а кавалак хлеба працягнула санітарцы:
– Рэшту аднясі назад, мо каму не хапіла, дык дасі.
Адразу пасьля вячэры, перахрысціўшыся і памаліўшыся, старая заснула.
Хутка, як заўжды на поўдні, сьцямнела. Я глядзела ў вакно сьвежапралечанымі вачыма. Унізе, пад гарой, блішчэла пад месяцам мора – чорная прорва, поўная рыбаў і пачвар. Блішчэла і гара: шматлікія агеньчыкі ліхтароў і вокан, цуг аўтамабільных фараў на дарозе. «О, Мариана, – круцілася ў галаве. – Сладко спишь ты, Мариана! Мне жаль будить тебя, я стану ждать…»
1997
Шкельцы, шкельцы…
Мая жонка звар’яцела. Гучыць, як назва калодыі, праўда? Але не да сьмеху мне было, калі гэта здарылася.
У адказ на пытаньне доктаркі: «Ну, бачыце, каго нарадзілі, мамаша?» – Яня прамармытала нешта кшталту «шкельцы, шкельцы…», выцягнулася і аціхла.
Прыгаломшаны, я сядзеў у паўцёмным калідоры й марна ўглядаўся ў напаўпразрыстыя дзьверы радзалі, ня ведаючы, радавацца мне ці баяцца, мацаючы ў кішэні скрыначку са смарагдавымі завушніцамі, якія, насуперак звычаю, купіў да родаў, каб падараваць жонцы адразу, як яна падорыць мне сына. І раптам мяне працяў востры страх – я сурочыў.
Неўзабаве выйшла доктарка і выразна, з дакладнымі доктарскімі інтанацыямі, патлумачыла, што роды прайшлі без складанасьцяў, хлопчык нарадзіўся абсалютна здаровы, ягоны стан, як і фізычны стан парадзіхі, у норме. Адно што мая жонка згубіла прытомнасьць і вярнуць яе да змыслаў пакуль не ўдалося. Такое часам здараецца. Хвалявацца ня трэба, жонку перавядуць у пасьляродавую палату, дзе да яе будзе прыстаўлены пост, а я змагу даведацца пра яе стан па тэлефоне. Заўтра можна дзела. Пад расшпіленай казённай кашуляй у Яні праглядаліся бінты.
– Малако прыбыло, – патлумачыла доктарка ў адказ на мой запытальны позірк. – Пачаўся мастыт, давялося ўскрыць гнайнік. Мы зрабілі тугую перавязку, каб спыніць лактацыю.
– Хто вырашае пытаньне аб выпісцы?
– Загадчык аддзялення, але вашу жонку нельга выпісваць. Ня можа быць і мовы.
На працягу ўсёй маёй тырады загадчык аддзялення не ўзьнімаў вачэй ад стала. Гранічна адсутны чалавек, якому гранічна надакучыла кожны дзень чуць і гаварыць адно і тое. Ён толькі адмоўна пахітаў галавой. Яшчэ хвіліна – і, каб зьвярнуць на сябе ўвагу, я шпульну яму ў галаву… ну, хоць бы гэты стос тэчак.
Загадчык аддзялення ўважліва паглядзеў на тэчкі.
– Вы не разумееце, што вас чакае. Вашай жонцы патрэбна лячэньне і прафэсійны догляд.
– Палатная доктарка сказала, што верагоднасць адужаньня мізэрная. Дык пра якое лекаванне вы гаворыце?
– Яна вар’ятка. Яе трэба паўстрымваць.
– Выпісвайце!
Яню выпісалі па загадзе галоўнага доктара клінікі. Яе везьлі на шпітальнай машыне, я ехаў спераду, паказваючы дарогу, і размаўляў праз мабільнік зь Лідай. Ліда ня выказала ніякіх эмоцыяў, толькі сказала, каб я не хваляваўся. Яна, Ліда, усё зробіць.
Калі Яню на насілках уносілі ў пад’езд, з таксоўкі выйшла сядзелка. Дома яна перш-наперш памыла рукі ды пераапранулася, а потым, адхіліўшы мае прапановы дапамагчы, узялася парадкаваць Яню.
Ліда знайшла сапраўдную прафесіяналку. Пра гэта сведчылі і габарыты, і каменны выраз твару. Сядзелка зьняла перавязку зь Яніных цыцак. Адна зь іх, вялікая, зь сінімі жылкамі, пырскала малаком, а другую, невялічкую, наўскасяк перакрэслівала агіднае шво. Хутка і зграбна сядзелка абмыла й пераапранула Яню. А калі тая раптам з крыкам ускінулася з ложка, брывом не варухнуўшы перахапіла яе і трымала, пакуль тая не звалілася бязь сілаў. Потым жанчына прывязала Яню да ложку рамянямі, якія прынесла з сабой.
Цяпер трэ было бестэрмінова адпрасіцца з працы і забраць дадому хлопчыка.
Я быў настроены пры патрэбе наагул звольніцца, але ніяк не чакаў, што шэф – гэты скнара, які за рубель шашу носам прапора, а справай гонару лічыць хоць на даляр абдурыць кожнага кліента, – выйдзе з-за стала і працягне мне кагорту:
– Займайся, колькі будзе трэба. Дапамогу ў памеры месячнага заробку будзеш мець штомесяц. Трымайся, і віншую з сынам!
– Чаму вы не купілі дзіцячай сумесі? – спыталася сядзелка, калі я прынёс дадому скрутак пялюшак і коўдрачак, у якім паварушваўся хлопчык.
– Бо яго будзе карміць мама.
– Вашай жонцы прызначаныя лекі. Яны пашкодзяць маленькаму.
– Мы ня будзем даваць ёй лекаў. Яня будзе карміць сына, пакуль будзе малако.
– Вы самі вар’ят, – сказала мне сядзелка. – Кармленьне цыцкай супрацьпаказанае пры псіхічным захворванні. Вы мусіце зважаць на правілы.
– Я вас наймаў не для таго, каб вы крытыкавалі мае паводзіны. Яна памаўчала.
– Мяне завуць пані Алімпія. Зараз я сцаджу малако вашай жонкі – пасьля лекаў гэта неабходна. Пакуль хлопчык сьпіць, паежце. Я згатавала амлет.
Пані Алімпія зьнікла.
Я сеў каля дзіцячага ложачка, узіраючыся ў маленькі тварык. Мой хлопчык, мае чатыры кілі вагі, ты пачынаеш сваё праўдзівае існаваньне, перавярнуўшы маё жыцьцё, а я нават ня ведаю, якія эпітэты прыдатныя, каб яго акрэсьліць. Я ня ведаю, як дапамагчы тваёй маме, і навобмацак, у цемры іду там, дзе можна насьмерць забіцца і пры поўным сьвятле. Але я іду, і ты, маленькі, дапаможаш мне… Бомкнуў званок. Вярнулася са школы Паўлінка.
* * *
Паступова жыцьцё ўвайшло ў каляіну. Пані Алімпія пераехала да нас. Я навучыўся спавіваць малога і выціскаць сок зь яблыка. А мая дзевяцігадовая Паўлінка зьдзіўляе мяне ўсё больш і больш: такой пяшчоты, такой сапраўднай любові да Даніка я ад яе і не чакаў. Яна лёгка супакойвае малога, калі ў мяне нічога не выходзіць. Прыемна глядзець, як Данік пасьміхаецца, махае ручкамі-ножкамі і ўсімі сіламі выказвае задавальненне, калі Паўлінка падыходзіць да ягонага ложачка. Да маці Паўлінка не падыходзіць, ніколі пра яе не гаворыць, нават не набліжаецца да дзьвярэй пакою, дзе тая ляжыць, – абарончая рэакцыя на незразумелае, непераноснае для дзіцяці гора.
А Яня ў тым самым пер’і. Стабільна. Колькі разоў у яе былі гэтыя прыпадкі шаленства, калі яна некуды ірвецца, б’ецца, крычыць. Я з парога – пані Алімпія катэгарычна не падпускае мяне ў такія часы да жонкі – услухоўваюся ў яе трызьненьне, марна імкнуся адшукаць у ім сэнс. Рэшту часу яна абыякава, адстаронена, моўчкі сядзіць або ляжыць, і погляд яе скіраваны ў нікуды, а часам – быццам усярэдзіну, у сябе. У такія хвіліны я пачынаю спадзявацца, што яна ўсё ж адужае. Але такія моманты нячастыя.
* * *
А яшчэ я не магу есьці тое, што тут ядуць. Мы зь Віцькам, як былі малыя, чапляліся да бабулі: «Бабо, мы есьці хочам!» Яна, бывала, занятая, стомленая, са злосьці кідала.: «Насяру вам у горла!» Дык і гэта было б смачней за тое, чым тут жывяцца і за што аддаюць грошы.
Яны тут мыюцца па тры разы па дзень ды пудраць дупы, а самі з бруду не вылазяць. Купкі сабачага ды чалавечага гаўна скрозь – такая сталіца. Плююць і ў модных ботах ходзяць па напляваным. Труны павапненыя. Як і гэтая Ліда.
Нядаўна я прысьніла бабулю. На зіхоткім вечаровым полі яна падышла да мяне і, пакланіўшыся, бы нейкаму аграному, запытала, ці пара ўжо жаць жыта. І працягнула мне тры каласкі. Нічога страшнага не было ў гэтым сьне, наадварот, твар бабулі быў такі чысты і лагодны, якім ніколі не бываў пры жыцьці, але сэрца маё закалацілася ад страху.
Калі б бабуля зь дзедам усталі, яны не пазналі б гэтага сьвету, бо нічога іхнага не засталося. Ня так гавораць, не такую ежу ядуць, надвор’е іншае, зямля адмянілася. Няма мяжы, дзе была мяжа; няма зімы, дзе была зіма. Няма хаты, няма царквы. Яны не зразумелі б, пра што гавораць, ніхто не зразумеў бы іх. Драты, машыны, людзі, якіх стала так многа, што немагчыма запамятаць іх імёны… Апошнія магікане – гэта яны. Мы – ужо чужынскага племені. Ня ведаем замоваў, насмяяліся з прымхаў, а цяпер яны будуць сьмяяцца з нас, перастрэўшы ноччу на брукаванцы, пад старой яблыняй, дзе быў хутар ля балота…
Але што я тут раблю? Не адкрываю рота, не кірую сабой. Позіркі, якімі мяне акідваюць, драпаюць мне скуру. Навошта мне гэта? Навошта я друзьвею тут, а час хуценька-хуценька плыве з пальцаў, калюжыны яго перасыхаюць, пакідаючы спарахнелы пыл… Час паскараецца, і я не паспяваю за ім, падаю. І толькі выпіўшы тры чаркі, перастаю заўважаць, як круціцца зямля, а разам зь ёю – будаўнічы кран у акне. Я перастаю чуць агідную мэлёдыю гораду, але я забылася і на ціхую мэлёдыю ісьляндзкага моху ды шчырага пяску, і хутка мяне пачынае ванітаваць…
Мой позірк затрымліваецца на негабляваных дошках плоту вакол новае будоўлі, на трэсачках і камячках бруду, і, пакуль тралейбус кружляе вакол плошчы, я адчуваю, як па чарзе адмаўляюцца слухацца сэрца, ныркі, вантробы, паддышша, лёгкія, цягліцы, ставы… Урэшце пачынае бунтавацца дзіця, варушыцца і варушыцца ў бруху, я чую ягоныя стогны – стогны істоты, якая ня можа выпрастацца, якую я нараджу невядома для чаго, невядома для каго… Апошняй мяне пакідае душа, і перш чым адысьці, яна жаліцца: «А гэтая Ліда? Яна так многа гаворыць, а я нават не магу адкрыць рота, бо не хачу, каб зь мяне смяяліся. А я ж намнога прыгажэйшая за яе!..»
* * *
Гуляючы з Дашкам або падперазаўшыся хвартушком у кухні, ля піяніна з Паўлінкай або за кавай з пані Алімпіяй, я ўвесь час думаў пра Яню. Толькі цяпер, калі яе і чалавекам можна было назваць даволі ўмоўна, я зразумеў, што яна для мяне значыць. Праз нашу кватэру прайшлі тлумы псыхатэрапэўтаў, іглакалольнікаў, гамэапатаў, прафэсараў і дацэнтаў. Часта, калі ніхто ня бачыў, я падоўгу ўглядаўся ў абыякавы да непраніклівасьці Янін твар. Ці хавалася там, за ім, у чырвонай цемры цела, незаўважная субстанцыя духу? Ці жыў ён таемна там, закуты хваробай, ці пакінуў яе? А калі жыў, што цяпер бачыла перад сабой мая жонка?
Ня ведаю, што мяне падштурхнула патэлефанаваць. Можа, тое, што ў паўсядзённасці прынята называць «лёсам» або «богам», а можа, што іншае. Так ці інакш, я набраў 8-гудок-01522253143, і Віцькаў басісты голас адказаў «Слухаю!», а назаўтра швагер званіў у нашыя дзьверы.
Час ня быў літасцівы і да Віцькі. Сам ён азызнуў, твар стаў шырокі, голас – глухі. Аднак, пачуўшы гэты голас, Яня павярнула на яго галаву, а такога не было ўжо многа месяцаў.
Цяпер я ведаю: калі розум вяртаецца да чалавека, гэта падобна да таго, як хмара спаўзае з сонца.
Віцька, заўважна хвалюючыся, зайшоў у пакой.
– Яня, глянь на мяне, – сказаў ён.
– Віцька.
І гэта было пачаткам выздараўленьня. Амаль адразу Яня папрасілася «дадому», у вёску, і квола ўсьміхнулася. Я не пасьпеў стрымаць Паўлінкі, якая зь енкам кінулася да маці і гучна заплакала. Упершыню за гэты час заплакала і Яня – а толькі што ж пасміхалася, таксама ўперша… Мы пераглянуліся з Алімпіяй, і ў выразе яе твару я пабачыў… Пабачыў тое, што можна было пабачыць. Пасьля доўгіх дзён і бясконцых гадзінаў шаленства, калі жылы на лобе хворай напіналіся ад напругі так, што здавалася – лопнуць, пасьля тупой зацятай маўчанкі Яня зноў вярталася да нас. І самае дзіўнае – як імкліва гэта адбывалася.
Мяне яна таксама пазнала.
«Гэта добра, так і трэба», – нібы замову, паўтарала пані Алімпія. Я павёў Віцьку вячэраць.
– Ясна, – шаптаў мне Віцька ў кухні, – ясна, яе трэба адвезьці да нас! Хата вялікая, – Віцька расчырванеўся і раз-пораз абціраўся сіняй насоўкай, заўважна радуючыся, што яна ў яго ёсць, – хочаце – у нас жывіце, хочаце – у старых. Ясна, трэба ехаць, пра што мова! – ён ніяк ня мог вярнуцца да раўнавагі пасьля пабачанага і інстынктыўна намагаўся спрасьціць усё, каб дайсьці да ладу. – Вельмі проста! Пажывеце на свежым паветры, вясна ідзе, цёпла, сырадою пап’еце, карысна ж і ёй, і дзецям.
Я добра разумеў: насамрэч гэта ня вельмі проста і нават вельмі няпроста. Як мы перанясем гэтае дзікае жыцьцё з заўсёды бруднымі рукамі і празьмерным сонечным апраменьваньнем? Але быў пэўны, што ехаць трэба. Чаму быў пэўны? Ну, як сказаць… Хутчэй за ўсё, таму, што кахаў жонку.
Позна ноччу, калі ўсе, акрамя бяссоннай Алімпіі, спалі, я выйшаў з дому. Ледзьве не сказаў «з хаты», але пакуль што гэта не адпавядала праўдзе жыцьця. Гэтая самая праўда жыцьця пагнала мяне праз горад да Ліды – я мусіў прасіць прабачэньня. На зваротным шляху прыпыніўся на мосьце і выйшаў з машыны. Пад чорнай вадой, якая адблісквала начнымі агнямі, ня бачна было тоўстага слою мулу на дне, але ён там быў. Туды, у мул, да невынішчальных сьвіслацкіх рыбаў, жабаціньня і найпрасцейшых, я кінуў спачатку адну, пасьля другую завушніцу са смарагдамі – шкельцы, тандэта, фэтыш, ня варты назвы. Туды ж паляцеў і футаральчык.
Я заводзіў машыну і пасьміхаўся, як дурань, уяўляючы сябе за стырном трактару.
Дома было ціха. Алімпія заснула, а Яня, выпрастаўшыся на ложку, ня спала – чакала мяне.
1998
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?