Электронная библиотека » Сяргей Балахонаў » » онлайн чтение - страница 8

Текст книги "Інфанта і аднарог"


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 20:00


Автор книги: Сяргей Балахонаў


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 8 (всего у книги 34 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]

Шрифт:
- 100% +

18

У галаве маёй плёскаліся хвалі Герадотава мора думак. Я быў уражаны і фантастычнай тэмай, якую ўзняў супрацоўнік КНАКС, і нечаканай развязкай нашай з ім гутаркі. Я намагаўся ўбачыць ва ўсім, што адбылося хаця б найменшы сэнс. Але нічога ўцямнага, апроч акуратнай палосачкі сівых валасоў, што з’явілася ў мяне пасля блізкага суседства з чорнай шаравой маланкай, не праглядалася. Я адчуў неадольную прагу расслабіцца і забыцца пра ўсе свае злыбеды, прынамсі, на кароткі час. Таму абяцанае тэлефанаванне майго дапатопнага спабутэльніка выклікала ўва мне шквал станоўчых эмоцыяў.

Мікаэл вельмі здзівіўся майму выгляду: гузак на лобе, валасы з сівізною, вочы ненармальна блішчаць. «Цябе катавалі?» – выліўся яго подзіў у канкрэтнае пытанне. Я гучна разрагатаўся і з выглядам велікамучаніка адмоўна патрусіў галавой. «За гэта трэба выпіць», – пачуліся зусім прадказальныя словы. Мы зрушылі з галоўнай вуліцы і падаліся ў бар «Агні святога Эльма». Бухоўскі звычайна называў яго «Агнямі», а я проста «Эльмам». Гэта і зразумела, бо варта нам было туды выбрацца, як для святога ніякага месца не заставалася.

Пачаўшы з піва пад мясны медальён па-французску з бульбай-фры па-сялянску, я ніяк не мог падумаць, што працягам будзе гарэлка пад смажаныя анёльскія крылцы ў брусельскай капусце, а потым яшчэ па сто пяцьдзесят каньяку пад калдуны «Чароўныя» са смятанай. Мы пілі, закусвалі, размаўлялі. Мікаэл уважліва слухаў мой аповед пра гутарку з супрацоўнікам КНАКС, раз-пораз усклікаў: «Ды ну на фіг!» і адразу ж маніўся наноў напоўніць кілішкі, каб падняць і асушыць іх за пастыра аднарогаў беларускіх. Спабутэльнік кляўся мне ў вечным сяброўстве і заводзіў старую песню пра дружбу, збіваючыся на адзін адзіны радок: «Землю обойдём, потом махнём на Марс».

Чым болей мы сядзелі, тым менш клопатаў заставалася ў мяне на душы. Герадотава мора думак пад уплывам мяшанкі з піва, гарэлкі і каньяку паспела ператварыцца ў падступныя палескія балоты, на якія ўжо кідалі свае позіркі хіжыя меліяратары. Такі стан я называў быць ніякім, а Бухоўскі – лішак не дабраць. У гэткім стане мы расплаціліся, падняліся з-за стала і скіраваліся да выхаду. У самых дзвярах я сутыкнуўся з нейкай дзяўчынай. Тая спачатку абурана заўважыла: «Асцярожней, малады чалавек», але праз імгненне здзіўлена ўскрыкнула: «Эрнест Скіргайлавіч, гэта ты?». Я напружыў зрок і зразумеў, што перада мной стаіць Алеся Рыбанька. Пакуль я намагаўся нешта адказаць, Мікаэл зусім па-простаму пацікавіўся ў мяне: – Гэта твая цёлка?

– Не, гэта мая рыбка, – знайшліся ў мяне словы.

– Я вам не цёлка, а табе не рыбка, – раззлавалася каляжанка.

– Урачыстая лінейка аб’яўляецца адкрытай, – самым паскудным чынам перакрыўляў я Алесю і адразу ж атрымаў добрую поўху.

– Мне здаецца, што майму сябру не падабаецца, як ты з ім фліртуеш, дзетка, – голасам старонняга назіральніка зазначыў Бухоўскі і таксама быў узнагароджаны поўхай.

– Алеся, з задавальненнем бы адказаў на твае заляцанні ўзаемнасцю, але ўчора і сёння ў мяне былі настолькі цяжкія дні, што я наўрад ці здолею ашчаслівіць цябе… Нікога ашчаслівіць не здолею… Нікога і ніколі… – гаварылі хорам мае адданыя сяброўкі – п’яная шчырасць і нецвярозая туга.

Каляжанка адно паціснула плячыма і правяла мяне шкадобным позіркам. Нават у стане быць ніякім я выдатна разумеў, што яна не была б супраць сустрэць мяне ў «Эльме» больш цвярозым. Зрабіўшы смелае па, я павярнуўся да Рыбанькі і адправіў ёй на развітанне ваенна-паветраны пацалунак. Сцішэлы Бухоўскі спешна стрэліў: «Гонар маю» і пакрочыў за мной.

Я ж тым часам праваліўся ў чорную дзірку. Не, не ў адмысловы абсяг прасторы, гравітацыйнае прыцягненне якога настолькі вялікае, што пакінуць яго не могуць нават Баластоўскія, што рухаюцца з хуткасцю святла. І не ў адчынены люк, якія часцяком вычэкваюць падпітых мужчын пад трыццаць. Я праваліўся ў чыстае бяспамяцтва, у якім не існавала нічога, што можна было б потым узгадаць. Калі ж бяспамяцтва выплюнула мяне назад, я знайшоў сябе ў акіяне мігатлівых электрычных агнёў, сярод сотні целаў, якія рухаліся ў такт дзікай клубнай музыкі. Самым жахлівым маім адкрыццём стала тое, што я таксама спрытна вытанцоўваў, як малады цялок. Але жах і пытанне, чаму я тут, імкліва згубіліся ў энергіі, якую выпраменьвалі ўсе без вынятку прысутныя. Я працягваў рухацца, атрымліваючы неверагодную асалоду ад купання ў гэтай энергіі.

Успомніўшы пра Мікаэла, я стаў разглядацца на розныя бакі ў дарэмных спробах адшукаць яго постаць сярод танцоўнікаў. Бальшыня публікі была значна маладзейшай за мяне. Музыка на секунду спынілася, а пасля загучала зноў у больш цягучым, павольным варыянце. «Медлячок», – канстатаваў я і падаўся туды, дзе згодна з маёй інтуіцыяй мусіла быць выйсце. Энергія энергіяй, але на павольныя танцы мне падпісвацца не хацелася. Я асцярожна прабіраўся між з’яднаных у танцы параў. Я ветліва перапрашаўся, калі кагосьці закранаў. Але раптоўна тонкія жаночыя рукі абнялі мяне за шыю, не дазваляючы сыходзіць. Я агаломшана павярнуўся і ўбачыў перад сабой Леру Булатнікаву. Дакладней, спачатку я ўбачыў знаёмую ўсмешку, а толькі потым зразумеў, каму яна належыць. Нічога не кажучы, яна прытулілася да мяне і пачала весці танец. Я скарыўся, і стаў прыслухоўвацца да музыкі, каб разабрацца ў рытме і не нагадваць маёй нечаканай партнёрцы няўклюднага Івашку Мядзведжае Вушка. Мы паволі кружыліся вакол адной кропкі. Лерчына дыханне казытала мне шчаку. Я проста вар’яцеў ад гэтага казытання, з салодкім жахам усведамляючы, што кагадзе падмануў Алесю Рыбаньку. Усведамленне рвалася з мяне жвавым аднарогам. Лера гэта адчувала, але па-ранейшаму захоўвала паўнюткую моўкнасць. Мне рабілася ніякавата. – Што гэта за песня? – адольваючы ніякаватасць, спытаў я.

– «The Autumn Leaves» праекту Андрэ Танэнберга, – прашаптала дзяўчына.

– Ападаюць з журбою лісты пад акорды асенніх іскрыпак, – таксама шэптам прадэкламаваў я.

– А ты ўсё вершы чытаеш, Купалка ты мой. Можа лепш пацалаваў бы, га? – пачуўся ад Леры дакор.

Быццам варам абліты, я рэзка адскочыў ад дзяўчыны.

– Валерыя, мы так не дамаўляліся, – прашыпеў я і, як сайгак па кукурузе, ламануўся на выхад.

Разгарачаны я выйшаў вонкі і апынуўся ў чэпкіх абдымках свежага паветра восеньскай ночы. Яны былі ні чым не лепей за Лерчыны, бо пагражалі вельмі хуткай прастудай. Але прастуда мне падалася больш бяспечным варыянтам у параўнанні з раманам, які мог неспадзеўкі выбухнуць у тую ноч паміж мной і Валерыяй Булатнікавай.

Я пацепваўся ад холаду і азірнуўся на будынак начнога клуба, спраўдзіўшы яго назву – «L'isola del giorno prima». Мясцовасць не ўяўляла сабой тэра інкогніта населеную львамі і не патрабавала адмысловых высілкаў, каб знайсці доўгі шлях дамоў. Паспешлівай хадою я рушыў у падземны пераход, і неўзабаве стаяў на належным прыпынку, стукаючы сябе па кішэнях у пошуках якіх-небудзь намёкаў на гаманец і мабільны тэлефон. Гаманец мой быў худы, як крыцкі бык пасля калектывізацыі. Старэча Сімэнс ляжаў без духу, і ўсе спробы яго ажывіць сканчаліся паразай. Да прыпынку падруліла маршрутнае таксі, у якое я сеў, аддаўшы кіроўцу дашчэнту ўсю дробязь, што была злоўлена ў гаманцы і кішэнях.

Едучы дадому, я стараўся не глядзець на астатніх пасажыраў машыны баявой, а галоўнае – ні пра што не думаць. Жахліва балела галава, і зрабіць высновы з нагоды перажытых за два дні прыгод было цяжка. Зрэшты, у мяне не магло быць ніякай пэўнасці, што мінула акурат два, а не тры, чатыры дні ці нават цэлы месяц. Гэта змусіла ўсё ж задумацца і звярнуцца па дапамогу да жанчыны, што сядзела найбліжэй. Тая ніколькі не сумеўшыся ад майго пытання, развеяла мае насцярогі: на дварэ трывалі першыя гадзіны нядзелі, і дата была цалкам прымальная.

Каля Сухакаменскага рынку я вомільгам выскачыў з маршруткі, спяшаючыся апынуцца ў сваёй памяркоўна цёплай халасцяцкай пасцелі. Ліхтары гарэлі, як хацелі. А асаблівай ахвотай яны ў тую ноч не вызначаліся. Прайшоўшы паўз рынкавыя пабудовы, я ўжо збіраўся быў перасячы дарогу і выйсці на фінішную прамую. Аднак з цёмнага завулку да маіх вушэй даляцеў мяшаны шум мужчынскіх галасоў і выразна жаночага благання. Секунду павагаўшыся, я развярнуўся і рушыў у той бок, адкуль чулася гамарня. Метраў праз дзесяць цемрадзь разбівалася белай лямпай ліхтара, які вісеў на старым драўляным слупе. Пад слупам стаяла кампанія з пяці хлапцоў і адной дзяўчыны. І чым больш я набліжаўся да іх, тым больш разумеў, што дзяўчына быць з тымі хлапцамі зусім не хоча. Поўным страху голасам яна ўпрошвала біцюкоў даць дарогу. Тыя ў адказ глумліва смяяліся, а нехта адзін з іх настойліва патрабаваў ад дзяўчыны згаворлівасці і душэўнасці.

Я не меў сумневаў адносна сэнсу дзеі, якая адбывалася там. Я ніколі не біўся з пяццю чалавекамі адразу. Мне чамусьці адразу згадаліся мае даўнія, яшчэ школьныя, заняткі кік-боксінгам, калі іншым разам даводзілася выходзіць на рынг, каб біцца з двума, максімум – з трыма праціўнікамі. Я амаль ніколі ў падобных баях не перамагаў, і мабыць таму вельмі хутка адправіў той кік-боксінг на сухі лес. На што я мог разлічваць, падыходзячы да пяцёркі маладых галодных ваўкоў, сказаць цяжка. Але варта мне было ступіць у святло ліхтара, як я адразу ж пачаў дзейнічаць.

– А вось дзе ты прападаеш, галубачка, – закрычаў я на дзяўчыну і схапіў яе за руку. – Муж дома адзін сядзіць някормлены, нялюблены, а ты тут спакойненька з мужыкамі лясы точыш!

Біцюкі застылі ў маўклівым асалапенні. Дзяўчына глядзела на мяне неўразумелымі вачыма і спрабавала вызваліць руку з маёй далоні. Яе супраціўленне пагражала сарваць распачаты мной спектакль.

– Э, братан, чо за муйня? – звярнуўся да мяне адзін з пяцёркі. – Кандыбай на хутар матылькоў лавіць, пакуль у бубен не натаўклі.

Я цудоўна разумеў сэнс яго словаў, але не зварухнуўся з месца, працягваючы звяртацца да дзяўчыны: – Ну, жоначка, у цябе і сябры. Вясёлыя рабяты.

– Яны мне не сябры, я іх першы раз бачу, – прахныкала яна, перастаўшы ад мяне вырывацца.

– Маць пройбу з кліннем! – ужыў я старажытную радзіміцкую лаянку і павярнуўся да біцюкоў. – Гэта ж што атрымліваецца? Мая дарагая салодкая жоначка стаіць і далікатнічае з нейкімі незнаёмцамі?

Я ўвайшоў у стос і быў у той момант самым страшным, ляснутым на ўсю галаву мужам на абшарах Сярэдняе Еўропы. Зусім верагодна, што нават мае невылечныя смяшлівыя агеньчыкі ў вачах, тады ператварыліся ў языкі знішчальнага полымя, ад якога шарахнулася ўся пяцёрка, не здолеўшы стрываць майго позірку. Той, хто зусім нядаўна адпраўляў мяне лавіць матылькоў, бездапаможна развёў рукамі.

– Слыш, мужык, давай ты са сваёй жонкай дома разбярэшся, – з пэўнай унутранай цяжкасцю загаварыў ён. – Толькі не ўпутвай нас з пацанамі ў етыя разборкі.

Я не стаў нічога адказваць, і разам з дзяўчынай пайшоў прэч. Калі ганебны слуп застаўся далёка за нашымі плячыма, я адпусціў яе руку і ціха спытаў: – Усё добра?

– Так, дзякуй, – адказала яна і вярнула руку мне ў далонь.

Мы ішлі моўчкі. Я не пытаўся пра яе імя, а яна не дапытвалася пра маё. Ліхтары па-ранейшаму трымаліся на бязладдзі. Сабачы брэх з боку прыватных забудоўваў абуджаў асацыяцыі з далёкім дзяцінствам і японскай паэзіяй. Шлях вызначала мая спадарожніца. Я па-рыцарску скараўся яе волі, дарма што мяне хіліла ў сон і ў супрацьлеглы бок. Калі ж урэшце мы дабрылі да патрэбнага шматпавярховіка, дзяўчына зірнула мне ў вочы і нягучна спытала: «Застанешся?». Я адмоўна паматляў галавой. Яна пяшчотна пагладзіла мяне па шчацэ і расцалавала ў твар, наперад ведаючы, што па гэты бок люстэрка мы болей ніколі не ўбачымся.

19

Праспаўшы да самага абеду, усю астатнюю частку нядзелі я пакутаваў ад небывалага пахмелля і ўпартага жадання скласці фрагментарныя ўспаміны ў суцэльнае мазаічнае палатно. Мне хацелася прыгадаць, ці не спракудзіўся я раптам ўчора, як са мной неаднойчы здаралася ў часы празмернага кленчання перад шкляным богам. Згадкі прыходзілі паступова, запальваючыся падобна штучным зоркам на небасхіле замглёнай свядомасці. Я хапаўся за галаву, намагаючыся ўявіць тое, якую пагалоску па школе пусціць Алеся Рыбанька, і што навыдумляе для сваіх сябровак (а можа і бацькоў!) Лера Булатнікава. Гарачая гарбата стыла ў кубку ад адной толькі маёй думкі пра гэткія катастрафічныя наступствы.

У панядзелак я прыцёгся на працу з вялізнай каробкай шакаладных цукерак «Покліч Прыпяці», прыхаванай у чорны поліэтыленавы пакунак без надпісаў. Цукеркі прызначаліся для Алесі і мусілі, на маю думку, улагодзіць яе. Аліса Селязнёва, якая ўжо стаяла ля кабінета гісторыі, здзіўлена паглядзела на пасмачку маіх сівых валасоў, але далікатна пацікавілася толькі тым, чаму я спазніўся. Я не меў абавязальніцтваў даваць справаздачу сваёй вучаніцы. Але ж адмахнуцца ад Алісы было для мяне нечым ненатуральным. Я абярнуўся і ласкава паглядзеў на яе. Калі нашы позіркі і ўсмешкі сутыкнуліся, паміж дзяўчынаю і мной на нейкую секунду ўспыхнуў яркі вогненны вянок. Селязнёва ніяк на гэтую праяву не зрэагавала, і я мусіў пераконваць сябе, што мне толькі падалося.

– Трошкі праспаў і не паспеў на звычайны аўтобус, – прамовіў я. – А ты мяне чакала?

– Ну, не тое каб чакала, проста мне было крышачку сумна, – як асцярожнае сонейка, Аліса павольна раскідвала праменьчыкі сваіх словаў.

– Заходзь у кабінет, там пагамонім, – прапанаваў я.

У кабінеце я хутка прыхаваў пакунак, шырока расчыніў некалькі вокнаў, дастаў з партфеля сшытак з план-канспектам і, узброіўшыся крэйдай, стаў пераносіць на дошку патрэбныя для будучых урокаў схемы. Гэткі рытуал быў для мяне паўсядзённасцю ўжо некалькі гадоў і перарваць яго маглі толькі форс-мажорныя абставіны. «Баластоўскі без схемы, як сала без хлеба», – казалі мае каляжанкі. Вучні даўно прызвычаіліся з гэтым, ведаючы, што больш кампактнага і лагічнага адлюстравання асноўнага матэрыялу яны больш нідзе не знойдуць. – Эрнест Скіргайлавіч, а вы ўмееце танцаваць? – раптоўна запытала Аліса, якая рыхтавалася да ўроку, выкладваючы на парту сшытак і падручнік.

Я знерухомеў ад нечаканасці і ледзьве не ўпусціў крэйду.

– А ты хіба не бачыла? – з робленым здзіўленнем спытаў я ў адказ.

– Ды не. Мне тут проста расказалі… – лёгкая разгубленасць шпацыравала па завулках яе словаў.

– Што расказалі? Пра начны клуб? – вырашыў я павесці ў гутарцы рэй, а сэрца маё ў тыя імгненні набірала рэкордную хуткасць.

– Так, – з пэўным расчараваннем пацвердзіла Аліса, бо спадзявалася на тое, што я пачну какетліва адпірацца. Акурат мае какетлівыя адпіранні яна любіла больш за пірожнае «Кошык» з каляровым крэмам і згушчаным малаком, а я не дазволіў ёй у чарговы раз атрымаць такую спецыфічную асалоду.

– У начныя клубы завітваю вельмі рэдка, – падкрэслена па-дзелавому казаў я, працягнуўшы рабіць запісы на дошцы. – Стары я ўжо для гэткіх танцулек.

– Танцулек, – заварожана паўтарыла яна, адчуўшы ў маіх дзелавых словах дольку какецтва.

Мяне ж даймала пытанне, ці вядома Алісе, якія танцулькі мне выпала шчасце мець з яе аднакласніцай. «Калі Лера распавяла ўсе падрабязнасці Алісе, значыць не стане хаваць і ад іншых», – разважаў я, чакаючы ад бога выспятку.

Набліжаўся час пачатку першага ўрока, і ў кабінет сталі падцягвацца астатнія вучні 11 «А» класа. Мяркуючы па інтанацыі, з якой вучаніцы віталіся ці задавалі мне трывіяльныя школьныя пытанні («А што мы сягоння будзем рабіць?»), я разумеў, што пагалоска пра начны клуб ужо разышлася, і мне трэба будзе ў першыя ж хвіліны ўрока зрабіць пра гэта афіцыйную заяву з выкладаннем уласнай версіі падзеяў. Ніколі не любіў шапятункі за маёй спінай. Але часам акопная праўда найбольш ваяўнічых вучняў знішчала мяне дазвання.

Перад самым званком у клас зайшла Лера. Усе прысутныя, а было іх трохі больш за палову ад належнай колькасці, заняўшы дыханне, утаропіліся на яе ў салодкім прадчуванні якога-небудзь цыркацтва. Насуперак іх чаканням са столі не звалілася вяровачная лесвіца, па якой Булатнікава паднялася б пад купал цырка, каб адкалоць патрэбны публіцы нумар. Вучаніца павіталася са мной ды аднакласнікамі і зусім спакойна рушыла на сваё месца. Выглядала яна даволі сумна, і ніякіх позіркаў пераможцы ад яе не сыходзіла. Я вырашыў не рабіць ніякіх афіцыйных заяваў.

Нарэшце празвінеў званок на ўрок. Ладнай часткі класа па-ранейшаму не было. Ні староста, ні хто іншы з прысутных не здолеў мне толкам патлумачыць іх адсутнасць. Я паабяцаў разабрацца з усімі, хто адсутнічае без паважнай прычыны, і збіраўся распачаць апытанне мінулай тэмы. Мае шкаляры ўраз завойкалі, спасылаючыся на розныя акалічнасці, якія не дазволілі ім добра падрыхтавацца. «Некаторыя вунь увогуле не прыйшлі на ўрок, а нам за іх выцягвацца?» – дадавалі плакальніцы лішак электрычнасці ў і без таго наэлектрызаваную атмасферу. Гэта была ўжо не абарона, а самая сапраўдная атака, тактыка якой правяралася ў разнастайных варунках цягам колькіх гадоў. Мне не хацелася здавацца без бою, і я абвясціў франтальнае апытанне. Запанавала магільная ціша. Я задаў адно з самых элементарных пытанняў. Ніхто з класа нават не паварушыўся, каб падняць руку. Яны вырашылі гнуць сваю лінію да канца.

– Рабяткі, – пачынаў заводзіцца я, – мы ж не ў першым класе. І кожны з вас у стане самастойна прасігналіць пра гатоўнасць адказваць. Мне што, калонку нулёў выставіць ці як? – А што адразу калонку нулёў? – спыніў маўчанку Андрэй Дастаеўскі. – Не трэба нам нулі.

– І што ты прапануеш? – спытаў я ў нашага праўдалюба.

– Давайце да новай тэмы пяройдзем. А мне можаце дзясятачку паставіць за добрую прапанову, – самазадаволена прамовіў у адказ хлопец.

– А губазакатачную машынку ты не хочаш? – абурылася Аксана Багуслаўская. – Дзясятачку ён на роўным месцы захацеў.

– А што тут такога? Я сам пытанні вырашаю. Чаго ты ўвогуле лезеш? – стаў аскірзацца Андрэй.

– Я не лезу, а займаюся даследаваннем тваёй нахабнасці, – не спынялася староста.

– Досыць, – гучна сказаў я і ўдарыў кулаком па сталу. – Вы хочаце свайму класнаму кіраўніку ўрок сарваць? А што будзе далей – праз пару месяцаў? Я не разумею прычынаў для ўсіх гэтых вашых фрывольнасцяў.

– Проста, Эрнест Скіргайлавіч, у нас тут такія дзяўчынкі вышукаліся, сапраўдныя гром-бабы, – не сціхаў Дастаеўскі.

– Слухай ты, Далорэс Гэйз, – пагрозліва крыкнула яму Багуслаўская, здзіўляючы мяне сваёй абазнанасцю, прынамсі, у адным творы Набокава, – калі ты зараз не сціснеш сківіцы, я цябе, як жабу апоўзлую, аб сценку размажу.

– Я што вам сказаў? Супакойцеся зараз жа! – учыніў я другую спробу заліць сваім гневам неспадзяваную перапалку. Зрэшты, мне цяжка было пазбавіцца ад думкі, што і Аксана, і Андрэй насамрэч не сварацца, а дуэтам разыгрываюць высокапрафесійны спектакль, каб скрасці ўрочны час і адцягнуць увагу ад праверкі хатняга задання. – Добра, бог з вамі, пераходзім да новага матэрыялу, – злітаваўся я не столькі над імі, колькі над самім сабой. – Запісваем у сшыткі дату і назву сённяшняй тэмы. Яна гучыць наступным чынам «Асаблівасці нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя».

Прыкметна павесялеўшы, вучні разгарнулі сшыткі і ўзялі ў рукі асадкі.

– Венская сістэма міжнародных адносін, якая ўсталявалася ў Еўропе неўзабаве пасля сканчэння Напалеонаўскіх войнаў, адной з сваіх мэтаў ставіла недапушчэнне рэвалюцыйных выбухаў. Удзельнікі Свяшчэннага Саюзу, а фактычна гэта былі тыя самыя дзяржавы, што ў канцы XVIII стагоддзя падзялілі нашу шматпакутную Рэч Паспалітую, у 1820 годзе падпісалі адмысловы дакумент, беручы на сябе права вайсковага ўмяшання ва ўнутраныя справы любой краіны, дзе б магла адбыцца…

Раптоўна пачуўся нягучны стук, і дзверы расчыніліся. На парозе стаяла Алеся Рыбанька. Я троху раззлаваўся, мяркуючы, што тая прыйшла проста падчас уроку клеіць разборкі за суботнія справы.

– Эрнест Скіргайлавіч, – запыхана гаварыла каляжанка, – вас тэрмінова выклікаюць да дырэктара.

«О-оў, ужо і адміністрацыі ўсе данесла, шпаркая дзеўка, далёка пойдзе», – роспачна падумаў я. Уголас жа заўважыў: – Але ў мяне ўрок. Вельмі важная тэма.

– Мне сказалі, каб я з вашымі вучнямі пасядзела, – з выбачальнай усмешкай прамовіла яна, і стала зразумела, што выклік да дырэктара ніяк нязвязаны з суботай.

– Добра. Патрэбныя схемы на дошцы, – сказаў я і перайшоў на шэпт. – А ў вас я прашу прабачэння за прыкры пазаўчорашні інцыдэнт і на знак прымірэння прашу прыняць невялічкі прэзент, які вы можаце забраць па сканчэнні ўрока з ніжняй шуфлядкі настаўніцкага стала.

Алеся зрабіла шырокія здзіўленыя вочы і, ледзь хаваючы радасць, прашаптала: – Што вы, што вы… Я ўжо і забыла пра тое. Мы ж педагогі. Нам таксама якая-ніякая разрадка патрабуецца. Але вашы прабачэнні прымаю з найвялікшай прыемнасцю. Вы мяне вельмі ўразілі.

Я адчуваў, што вучні назіралі за нашым перашэптваннем, і наўмысна павярнуўся, каб пераканацца ў гэтым. Пераважная частка прысутных сапраўды ўсміхалася, расстрэльваючы нас вачыма. Толькі Лера Булатнікава заставалася нязменна пахмурнай. А позірк Алісы Селязнёвай быў як бы непрытомным.

– Будзьце цацанькамі, – наказаў я дзецям і накіраваўся ў кабінет дырэктара, спрабуючы здагадацца, якая іншая прычына магла спарадзіць такую тэрміновасць ды яшчэ на першым уроку.

Да свайго неверагоднага здзіўлення я ўбачыў у дырэктаравым кабінеце вучняў 11 «А» класа, адсутнасць якіх мне кагадзе ніхто не здолеў растлумачыць. Колькі хлапцоў і дзяўчын стаялі ў панурым маўчанні, нізка апусціўшы галовы.

– Чаму вашы вучні, Эрнест Скіргайлавіч, не на ўроку? – сувора запытаўся Богут.

– Я толькі паспеў вызначыць іх адсутнасць і збіраўся на бліжэйшым перапынку ўсіх абтэлефанаваць, – адказаў я, адчуваючы, як імкліва высыхае сліна ў маім роце, а язык пачынае спатыкацца аб нёба, зубы, пломбы ды аб самога сябе. – А што здарылася?

– Надзвычайны выпадак. Аўтарытэт школы пастаўлены пад удар. Няхай яны вам самі ўсё раскажуць, – дырэктар кіўнуў на шкаляроў, якія на вачах станавіліся падобнымі да пабітых катоў і котак.

Я зірнуў на Грышу Стахіевіча і папрасіў тлумачэнняў.

– Я ішоў у школу і сустрэў аднакласнікаў, – пасля секунднага збірання думак загаварыў ён. – Высветлілася, што мы ўсе не падрыхтаваліся да гісторыі Беларусі. Забаяўшыся вашага, Эрнест Скіргайлавіч, гневу, мы вырашылі не ісці на ўрок. Засмуціліся, канечне, а тут шапік нам на вочы трапіўся, і мы вырашылі ўзяць бутэлечку піва, каб заліць ім наш смутак.

– Смутак? Будзе вам смутак, – шматабяцальна прамовіў я. – А дзяўчаты чаго прагулялі? Таксама гневу забаяліся? Знайшлі мне пудзіла.

– Прабачце нас, Эрнест Скіргайлавіч, на нас, быццам памутненне нейкае найшло, – за ўсіх вучаніц стала тлумачыцца колішняя біятланістка Інгебора Каленвалава. – Мы ўбачылі нашых хлопчыкаў з півам і паддаліся спакусе.

– Спакусе паддаліся? – стродка перапытаў я. – Значыць ты вывучыла дома, калі і з якіх земляў было створана Беларускае генерал-губернатарства?

Дзяўчына сумелася і нічога сказаць не змагла.

Руслану Альгердавічу спадабалася мая манера весці гутарку з вінаватымі, але ён трымаўся ў рамках іміджу суворага, але справядлівага суддзі.

– Яны не толькі пра Беларускае генерал-губернатарства вам нічога не сказалі, – уклініўся ў гутарку ён. – Яны яшчэ забыліся сказаць, што, распіваючы ў дворыку, памянёнаю бутэлечку (два з паловай літры, між іншым!), яны даўмеліся дражніць пажылую жанчыну. Яна ледзьве міліцыю не выклікала.

– Мы яе не дражнілі, – смела, хаця і без звычайнага выкліку ў голасе, запярэчыў Пеця Андропаў. – Яна ішла міма і сказала, што няма на нас Сталіна. Мяне гэты тэзіс уразіў, і я стаў здымаць бабульчыну прамову на тэлефон. Хочаце пакажу…

– Зараз жа выдалі гэты ролік, – прахрыпеў я. – У вас ніводнага мілілітра сумлення не засталося. Хай тая бабуля, што хоча балбоча. Навошта яе было чапляць?

Усе вучні цяжка дыхалі і вывучалі позіркамі структуру разасланага ў кабінеце дырэктара туркменскага кіліму.

– Вось што, Эрнест Скіргайлавіч, давайце-ка сядайце на тэлефон і, каб на працягу дня бацькі ўсіх гэтых субчыкаў завіталі сюды. Спадзяюся, тады нашы дзеці абразумяцца. А зараз адвядзіце ўсіх да сацыяльнага педагога. Няхай яна ім нагадае, у чым крыецца небяспека іх гульняў з выпіўкай.

Загнаўшы ў пакой сацыяльна-псіхалагічнай службы ўсё таварыства аматараў прамяняць урок гісторыі Беларусі на пляшку піва, я зрабіў глыбокі ўздых, а даволі гучны выдых суправадзіў некалькімі баксёрскімі жэстамі. Родненькія вучні дадалі мне лішку турботаў. «Ну, давай жа, носьбіт сакральных ведаў, падзяліся імі з бацькамі», – іранізаваў я, круцячы дыск тэлефона. Практыканткі Валі, што магла б дапамагчы з перазвонам, як на зло ў школе не было.

Тэрміновы выклік у школу шакаваў большую частку бацькоў, каго давялося заспець дома ці на працы. Яны зрываліся і ляцелі, думаючы, што з іх дзіцём адбылося самае страшнае. Але ў дастатковай колькасці півасёрбаў бацькі ніяк не знаходзіліся: то слухаўкі не падымаліся, то нумары выяўляліся састарэлымі. На маё пытанне, як дазваніцца да канкрэтных мамаў і татаў, півасёрбы адказвалі нешта няўцямнае. Адна толькі Інгебора заплакала ўсю маю камізэльку, сказаўшы, што яна ведае, як звязацца і з мамай, і з татам, але баіцца наступных прафілактычных захадаў.

– Інга, я не магу даць веры ў тое, што твае родныя будуць цябе лупцаваць, – выказаў я сумнеў.

– Лепей адлупцавалі б! – працягвала плакаць яна. – Яны проста забароняць мне гуляць па вечарах і запрашаць у дом гасцей. Я без таго і другога проста не магу жыць.

– Вядома, гэта ж не гісторыя Беларусі, – яхерыста заўважыў я. – Для цябе і для ўсіх астатніх я паўтараю, што бацькі выклікаюцца не па маёй прыхамаці, а на загад дырэктара. Дык жа будзьце ласкавыя выконваць.

І яны выканалі. Выканалі так, як параіла кемлівасць. Хто толькі не апынаўся цягам таго дня ў кабінеце дырэктара разам з імі! Знаёмцы знаёмцаў і суседзі суседзяў. Сталыя знаёмцы і людзі з вуліцы, якім прапанавалі закалыміць на чарніла. Хто заўгодна, толькі не родныя матулі і татулі! Я зразумеў, што вучні пачалі штукарствы, але віскату падымаць не ўзяўся. Надта карцела хутчэй адкаснуцца ад гэтай справы і, адвёўшы належную колькасць урокаў, з’ехаць дахаты.

Рэшта 11 «А», даведаўшыся пра здарэнне з прагульшчыкамі, адразу ж засмуцілася. Ловячы іх перашэпты, можна было зразумець, што яны асцерагаліся такога павароту падзеяў, пры якім я плюну на ўсё з высокай-высокай гары і звольнюся са школы. Гэтага яны жадалі менш за ўсё. Я заявіў, што такі варыянт выключаць нельга, але тут жа абрэзаўся аб недаверлівы погляд Алісы. Каб зрабіць менш прыкметнай маю збянтэжанасць, я стаў гартаць нататнік, у якім ніякіх адметных запісаў, акром план-канспектаў не было. Але ў часе прагортвання з нататніка выпала маленькая паперка. «Цыдулка», – скеміў я і паклаў у кішэню, каб высветліць яе нечаканы змест без сведак на перапынку: «Эрнест Скіргайлавіч! Прашу вас прабачыць мяне за суботняе. Болей такога не паўторыцца. Толькі не гаварыце маёй маме. Ваша вучаніца – Л.Б.».


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации