Электронная библиотека » Сяргей Балахонаў » » онлайн чтение - страница 6

Текст книги "Інфанта і аднарог"


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 20:00


Автор книги: Сяргей Балахонаў


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 6 (всего у книги 34 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]

Шрифт:
- 100% +

13

Наступны дзень, дэклараваны як дзень здароўя, не абяцаў амаль нічога новага. Новым быў толькі мой статус удзелу ў ім. О, так! Гэтае салодкае слова класны кіраўнік! Вызваліўшы практыкантку Валю ад лішніх для яе клопатаў, я паспяшаў у сталоўку, каб атрымаць для сваёй паствы сухі паёк: бутэрброды з вэнджанай каўбасою, апельсіны, пакуначкі з малаком і маннай нябеснай. Паціху сталі падыходзіць мае адзінаццацікласнікі, якіх я змушаў узяць належны ім харч. Яны какетліва аднекваліся, прыкрываючыся словазлучэннем ранішняя наетасць. Я настойліва цыкаў. Мне зусім не хацелася валачы ўвесь гэты гастранамічны цяжар на той бераг ракі Сівой, куды школа звычайна скіроўвалася ў гэткія аздараўленчыя дні. Урэшце, за кошт некалькіх ці то галодных, ці то прагных да халяўкі хлапцоў мне ўдалося збольшага разгрузіцца. Настаўнікі фізкультуры заклікалі выводзіць дзяцей на двор і рушыць традыцыйным маршрутам.

Я крочыў у атачэнні сваіх вучаніц. Хлапцы, традыцыйна, пабеглі наперад, прымкнуўшы да кампаніі сябрукоў з 11 «Б». Дзяўчаты пачыналі заводзіць старую катрынку і пыталіся: «Ну, навошта нам гэты дзёўбаны дзень здароўя?». Я намякаў, што катрынка сёння не ў модзе.

– А што тады сёння ў модзе? – хмурачы броўкі, удакладніла Лера Булатнікава.

– Зараз модна не хмурыцца, а ўсміхацца, – нечакана мяне падтрымала Алёна Караблёва.

– Твая усмешка, позірк твой мяне штурхнулі ў бездань мрояў, – працытаваў я эмігранцкага паэта.

– Гэта вы, Эрнест Скіргайлавіч, напісалі? – пераадольваючы сваю адвечную маўклівасць, пацікавілася Карына Кляшторная.

Калі б я быў страшэнным нахабам, дык пэўна ж, не міргнуўшы вокам, падмануў бы і Карыну і астатніх дзяўчат.

– Не, – сцісла вымавіў я.

– Вы нас разводзіце, – з усмешкай умяшалася Кася Вядзёркіна. – Мы ж ведаем, што вы пішаце вершы.

– Ці мала хто піша, – ухіліста адказаў я. – Трэба быць чыстым фанабэркам, каб налева і направа цытаваць самога сябе.

– Фана кім? – не зразумела Кася.

– Фанабэркам, – выразна прамовіў я.

Выпярэджваючы мае тлумачэнні, Алёна стала разважаць над сэнсам гэтага – таксама незнаёмага ёй – слова: – Ну «бэрка», мабыць, памяншальна-ласкальнае ад «бэр», што значыць «мядзведзь». А «фана», напэўна, ад «фанаграмы», пад якую толькі рот раскрываюць, робячы выгляд, што пяюць. Такі сабе мядзведзь-фанаграмшчык.

– Ага! Мядзведзь-фанаграмшчык, які сам сабе ў дзяцінстве на вуха наступіў, – падхапіла развагі Вядзёркіна.

– А мядзведжае вушка, калі верыць пэўным анекдотам, гэта нешта непрыстойнае, – злаўмільна заўсміхалася Булатнікава.

– Цікава што? – з пэўным выклікам спытала Кляшторная.

– Пізда, – адказала Лера.

– Сама ты пізда, – вомільгам агрызнулася Карына.

– Ды не ты пізда, а мядзведжае вушка пізда, – раззлавалася знаўца пэўных непрыстойных анекдотаў.

– Дзевачкі! – нібыта супакойваючы, выгукнула Кася.

Усё адбылося так раптоўна і маланкава хутка, што я не паспеў своечасова зрэагаваць. Іншыя мае спадарожніцы не тое, каб збянтэжана, а хутчэй зацікаўлена сачылі за аднакласніцамі і чакалі маёй рэакцыі. Мне здавалася, што маё запозненае маралізатарства не дасць ніякага плёну. Таму я адно з ушчуваннем пахітаў галавою, але, звяртаючыся да Леры, сказаў тое, чаго напэўна не чакаў ніхто з прысутных: – А як жа тады персанаж беларускіх народных казак асілак Івашка Мядзведжае Вушка?

Лера на міг задумалася, а потым выдала, выкарыстоўваючы разнастайны тэрміналагічны апарат вядомы ёй, верагодна, з грамадазнаўчага курсу: – Я канечне гэтую казку не чытала, але магу выказаць сваё меркаванне, сыходзячы з уласнага сацыякультурнага вопыту. Вось глядзіце: асілак – гэта ж нешта пазітыўнае, станоўчае, як ты яго ні круці. А як гэты пазітыў мог выразіць наш бедны і гаротны просты народ? Толькі экспрэсіўным прыметнікам, на які пазней царква і, верагодна, іншыя грамадскія інстытуты, імкнуліся накласці забарону, табу. І народ выкручваўся, як мог, прыдумваючы нешта нейтральнае. Вось жа быў Іван Піздаты, а стаў Івашка Мядзведжае Вушка.

Дзяўчаты пачыналі патроху хіхікаць. Мінакі, праводзілі нас поўнымі сподзіву позіркамі, бо не маглі дабраць розуму, што за таварыства перад імі, аб чым гамонка і куды гэты дзядзька з усмешкай ласкавага цмока вядзе цэлую плойму юных красунь.

– Лера, можа ты перастанеш мацюкацца? – урэшце зрабіў заўвагу я.

– Эрнест Скіргайлавіч, вы ж разумны мужчына, – стала віхляць яна. – «Пізда» у гэтым кантэксце не мацюк, а навуковая катэгорыя.

Мы акурат падыходзілі да вечнага агню з не менш вечнымі вясельнымі картэжамі. Яшчэ адна школьная група, каб не замінаць жаніху і нявесце, паскорыла крок і дагнала нас. На яе чале быў Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў. Ён, учуўшы з дзявочых вуснаў ненарматыўную лексічную адзінку, разбірацца не стаў, а адразу безапеляцыйна заявіў: – Дзяўчыначка, у цябе малако на вуснах не абсохла, каб такія словы без капкі сарамлівасці пры людзях казаць. А тым больш пры маладым настаўніку. Што ты сабе дазваляеш? Га? Як тваё прозвішча? Заўтра будзеш перад дырэктарам тлумачыцца.

Мае вучаніцы, а пагатоў Лера Булатнікава, на якую хлынула ягоная тырада, здранцвелі. Даваць дзяўчыне магчымасць апраўдвацца перад Іскаліевым было небяспечна. Па-першае, яна пачала б аскірзацца, толькі ўскладняючы становішча. Па-другое, мая маўклівасць не магла сыграць на карысць майму і без таго хісткаму аўтарытэту. Апошняе мяне і падштурхнула кінуцца на абарону нахабніцы.

– Вы, Давыдавіч, асабліва не гарачкуйце. Дзяўчо без злога намеру, а ў рэчышчы філасофскіх разважанняў. Сучасная філасофская парадыгма, знаеце…

«Знаеце», – перадражніў стары. Ён пільна паглядзеў на Леру і яе малінавую саколку, якая добра падкрэслівала абрысы грудзей, задуменна кашлянуў, павярнуўся да мяне і ўшчыпліва папярэдзіў: – Глядзі, каб гэтая парадыгма з тваёй традыцыйнай філасофіі ўсе цалінныя сокі не ўвабрала.

Калюча ўсміхнуўшыся, Іскаліеў прыспешыў сваю групу і шпарка пакрочыў наперад. Я не ведаў, што казаць. Вучаніцы таксама маўчалі. Нарэшце моўкнасці не вытрывала Кася Вядзёркіна.

– Эрнест Скіргайлавіч, – зусім ціха звярнулася яна да мяне і не працягвала далей, чакаючы майго голасу. – Што? – як мага спакойней спытаў яе.

– Дык вы не скажаце нам, што значыць слова «фанабэрка»?

Я не здолеў стрымацца ад смеху і літаральна выбухнуў рогатам, а следам, нібы згодна з прынцыпам даміно, зарагаталі і ўсе мае спадарожніцы. Наш смех быў да непрыстойнасці звонкім і задорыстым. Гэта канечне схіляла да пазітыву. Але мая дзіўная здольнасць секунднага абстрагавання ад таго, што адбываецца, спрытна руйнавала такое ж мімалётнае шчасце. Заўжды, калі надыходзіў час адчування хаця б найменшага шчасця, нейкая частка маёй свядомасці выслізгвала вонкі і пачынала лунаць, азіраючы мяне збоку, адпускаючы ў мой адрас самыя жорсткія кпіны. Так было ў дзяцінстве, калі я радаваўся з’яўленню ў маёй калекцыі новай паштовай маркі. Так было ў юнацтве, калі мая аднакурсніца дэманстравала спрыт сваіх вуснаў і языка. Так здарылася і на гэты раз. Я рэзка змоўк. Дзяўчаты па інерцыі працягвалі хіхікаць. Але самыя пільныя ўсачылі неспадзяваную перамену ўва мне, сталі штурхаць астатніх локцямі ў бок ды ціхенька цыкаць.

– Што здарылася? – ізноў наважылася Вядзёркіна.

– Дэжавю, – схлусіў я, і мне здалося, што Кірыла Тураўскі, побач з помнікам якога мы акурат крочылі, хітравата прымружыў свае манументальныя вочы ў жаданні нешта сказаць. Я не паспеў нічога зрабіць, як свядомасць напоўнілася незнаёмым голасам: «Мы же нищие есмы словом и мутни умом, не имуще огня Святаго Духа на слажение душеполезных словес». «Якое мудрагелістае прызнанне літаратарскага бяссілля», – падумаў я, баючыся, праўда, азірнуцца на помнік вялікаму тураўцу. Мы ішлі далей.

На помнік Леніну я нават не глянуў, што не застрахавала мяне ад ягонай заўвагі: «Правільнай дарогай ідзяце, таварыш!». Мінаючы старую друкарню, я маральна рыхтаваўся да сустрэчы з помнікам Дзяржынскаму. Жалезны Фелікс, зваяны з бронзы, па-чэкісцку пільна глядзеў на мяне і маіх вучаніц. Здавалася, мы здолеем хутка збочыць управа да ракі, і я не пачую ніякіх натацый. Спадзеў быў дарэмным – следам за мной паляцелі словы, быццам іскры ад удару карнага мяча рэвалюцыі аб ланцугі маіх неад’емных псіхалагічных комплексаў: «Хто баіцца болю, той заўжды паддасца злу».

14

Давялося прыспешыць хаду. Дзяўчаты моўчкі рабілі тое самае, аж пакуль адна з іх не сказала: «Эрнест Скіргайлавіч, вы імчыцеся так, нібы тое дэжавю вам на пяткі наступае». Я рэзка спыніўся і, стараючыся запярэчыць, імкліва падбіраў словы. Словы падбірацца не хацелі. І ў той момант, як ратунак, пачуліся прыглушаныя гукі мелодыі з вежы былога палацу царскіх палкаводцаў і іх наступнікаў. «Люблю наш край, старонку гэту», – міжволі зварухнуліся ў паўшэпце вусны.

– Даўно хацела вас спытаць, – звярнулася да мяне Алёна Караблёва, – што гэта за музычка такая?

– Гэта пэўна нейкі любімы хіт апошняй тутэйшай княгіні, – не прамінула выказаць сваю версію Лера Булатнікава.

Я адмоўна матлянуў галавой, заклікаў усіх рушыць дальш. І толькі калі мы падышлі да пешаходнага моста праз Сівую, я стаў тлумачыць: – Ведаеце, дзяўчынкі, а песня да расійскіх князёў ніякага дачынення не мае.

– Песня? – ўдакладніла Алёна.

– Песня, – пацвердзіў я.

– Вы нам яе праспяваеце? – падлашчваючыся, спытала Лера.

– Не, мае мілыя, пець я зараз дакладна не буду. Рубікон не той.

– А вы баіцеся нас ці вакольных людзей? – уклініла сваё пытанне Кася Вядзёркіна.

– Я, дзяўчаты, нічога не баюся, акром усёмагутнага Алаха і самога сябе, – мяне пацягнула на дзіўныя праявы высакамоўнасці. Імгненна зразумеўшы, што зараз пачнуцца роспыты пра Алаха, я шпарка вярнуўся да песні: – Гэта песня беларускага Адраджэння… – Оў, Рэнесанс! – з вучоным выглядам усклікнула Булатнікава. – Скарына, Гусоўскі, Міхалон Літвін… – Не, не, не, – запярэчыў я. – Іншае Адраджэнне.

– Ну, сапраўды, – эўрыстычна разважала Караблёва. – У Беларусі было столькі гэтых адраджэнняў, што пальцаў на руцэ не хопіць. Гэта, па ходу, наша нацыянальная традыцыя. Адраджацца… – … як фенікс, – амаль прашаптала Карына Кляшторная.

– Ды ну, традыцыя, – скептычна азвалася Лера, – мне гэта больш нагадвае бязлітаснае кола сансары.

– Лерка, чаго ты ўскладняеш? Па-мойму з адраджэннем усе заканамерна. Гэта, як з домам. Моцны вецер дах зрывае, але ж гаспадары, калі жывыя, не кідаюць дом, а ставяць новы дах. Адраджаюць. А такіх вятроў, бураў, пажараў, прыдуркаў з запалкамі можа быць вельмі многа. І дакуль гаспадар жыве, датуль ён будзе аднаўляць свой дом, даводзіць яго да ладу, – разгаварылася Вядзёркіна і пры канцы нават засаромелася таго, што стала цэнтрам усіхнай увагі.

– Але ж ці не на праклятым месцы той дом стаіць? – ціхмяна прамовіла Кляшторная.

– Ды не праклятае, – шчыра запярэчыла Караблёва, – проста ёду дэфіцыт, а адсюль усе нашы лішнія праблемы вынікаюць. Ды нам пра гэта Эрнест Скіргайлавіч яшчэ ў восьмым класе расказваў. Хіба не помніш?

– Я ж не Селязнёва, каб кожнае слова Эрнеста Скіргайлавіча памятаць, – адпарыравала, нібы вострым каменем кінула, Карына.

Алісы сярод прысутных не было, і тэма не набыла працягу, што пры нораве маіх вучаніц выглядала троху дзіўна. Сам я ад нечаканай згадкі Алісы страпянуўся, спрабуючы дапяць: выпадкова Кляшторная прыпомніла яе або за гэтым прыпамінаннем тоіцца нейкі намёк, адрасаваны персанальна мне.

Разлеглую моўкнасць перарвала зноў жа Карына: – Я ведаю, што гэта за песня. Яе напісаў Вячаслаў Качанскі на юначы верш Канстанцыі Буйло. А юначкай яна была аж у пачатку ХХ стагоддзя. Сто гадоў таму… – А-а-а, – згодна прастагнала Караблёва, – я нешта такое прыгадваю: «Наша Ніва», Янка Купала, вялікая скураная канапа ў рэдактарскім кабінеце, віно, яблыкі, чытанне «Паўлінкі» усю ноч… – У цябе таксама дэжавю? Ці як? – не без куслівасці спыталася Булатнікава.

– Ніякага дэжавю, я проста чытала дзесьці пра гэта.

– Дык што ж атрымліваецца, дзяўчынкі, – выявіла неўразуменне Кася, – гэтая паэтэса спала з Купалам? І колькі ёй тады было гадоў? А яму?

– Вось і я пра гэта падумала, – заўсміхалася Лера, касавурачыся на мяне.

Я рабіў выгляд, што не заўважаю ні яе касавуранняў, ні слізгаты новага напрамку нашай гаворкі.

– Не помню ўсіх нюансаў. Эрнест Скіргайлавіч, дапамажыце ж, калі ласка. Дайце свой каментар, – папрасіла Алёна. – Ці ты Карына? Размаўчалася тут зноў.

– Нічога не ведаю, – адсекла ўсе прэтэнзіі Кляшторная.

І мне хацелася вось так па-простаму аднекацца. Але, на жаль, падобны спосаб мне бачыўся чыста непрымальным. Дзеля таго я набраў у грудзі свежага паветра, паволі выдыхнуў праз ноздры і пачаў: – Я не ведаю, адкуль вам вядома пра нашаніўскую рэдактарскую канапу, аднак акурат яна сваёй маштабнасцю і ўразіла паненку Канстанцыю, калі ў 1907 годзе яна завітала ў Вільню і бавіла ноч у рэдакцыі «Нашай Нівы» разам з Купалам. Было ў іх там нешта ці не было – ніхто не адкажа пэўна. Паэтка ў позніх сваіх мемуарах проста зрабіла намёк на гэта, шмат увагі надаўшы менавіта канапе. Зрэшты, яна магла зрабіць такі акцэнт наўмысна, каб у нас уражанне адпаведнае склалася. Паўпраўда часта выглядае вельмі праўдападобна, бо правакуе дадумванне.

– Што гэта значыць? – папрасіла патлумачыць Булатнікава.

– Усё вельмі проста. Вось уявіце, я сяджу за настаўніцкім сталом. Перада мною аркуш паперы, на якім я малюю сэрцайкі. Проста малюю. Проста надпісваю жаночае імя. Так, проста наўздагад. Якая-небудзь Груня ці Груша. А адбываецца ўсё на перапынку, і мастацтва сваё я ні ад каго не хаваю. І вось ты, Лера, праходзіш міма і праз плячо зазіраеш у гэты аркуш: бачыш сэрцайкі і жаночае імя. Што ты ў той час думаеш? Ты робіш паспешлівую выснову, што я закаханы ў нейкую Груню, бо табе здаецца, што ты маеш факты для таго, каб рабіць падобныя высновы. А фактаў насамрэч нямашака. Ёсць толькі тваё дадумванне.

– Божачкі, – завойкала Булатнікава. – Гэта ж жахліва. Атрымліваецца, што ў нас не жыццё, а суцэльнае дадумванне.

– Самае жахлівае, што ўвесь наш свет можа быць усяго толькі дадумваннем Бога, – няшчадна ўрэзаў я.

– Не кажыце такія жудасныя рэчы, – ледзьве не ўзмалілася, хаця і са звыклым для сябе налётам тэатральнасці, Лера. Іншыя вучаніцы ўспрынялі мае развагі моўчкі. Толькі Кася Вядзёркіна, змучаная прагай адказу на іншае пытанне, з абурэннем усклікнула: – Кіньце вы гэтае дадумванне! Жанчына не стала б апісваць канапу без прычыны. Канстанцыя ў савецкі час проста не магла ўзяць і напісаць, што ў яе з Купалам быў сэкс. Але мабыць жа быў!

– І што ты хочаш гэтым сказаць? – удакладніла Караблёва.

– Гэтым нічога, – Кася зрабіла трагічныя цялячыя вочы. – Мяне цікавіць іншае: у іх жа была агромністая разбежка ва ўзросце. Так, Эрнест Скіргайлавіч?

– Гэта, як сказаць, – выціснуў я, – ён нарадзіўся ў 1882, а яна ў 1893 годзе.

– Адзінаццаць гадоў розніцы! – выгукнула Кася.

– Чаго ты ўсхадзілася? – з пякучай усмешкай спытала Лера. – Нармальная разбежка. Людзі і не з такімі разбежкамі шлюб заключаюць. А тут жа не пра шлюб гаворка.

– Ты хочаш сказаць, што такі вось сэкс – нармальная з’ява? – не суцішалася Вядзёркіна.

– Нармальная, калі натуральная, – адказала Булатнікава. – Калі ўсё дабраахвотна, без прымусу, то якія могуць быць прыдзіркі? Ніякіх.

– Дзяўчаты, – умяшаўся я, гатовы ад усіх гэтых размоў праваліцца ў Аргенціну, – сэкс у выпадку Купалы і Буйлянкі ёсць нашым дадумваннем. Калі ж мы не памыляемся, то мусім улічваць зорны фактар.

– Што за ён?

– Вы хочаце нас заблытаць?

– Зоркі спрыяюць?

Пасыпаліся пытанні ад маіх вучаніц.

– Я маю на ўвазе тое, што трэба разумець, кім Янка Купала для яе з’яўляўся. Ён быў для яе зоркай. А ў дачыненнях між зоркамі і адданымі фанаткамі нярэдка здараюцца раманы.

Мы асцярожна спускаліся па кепскіх прыступках, якімі сканчаўся мост, і павярнулі налева, кіруючыся пад шатамі таполяў да спартовай пляцоўкі, дзе ўрэшце мусіў распачацца паўнавартасны дзень здароўя.

– Мяне ваша апошняе выказванне, Эрнест Скіргайлавіч, збянтэжыла, – абарвала Вядзёркіна нашу кароткачасовую сцішанасць.

– А што тут бянтэжыцца, – не даючы мне зрэагаваць, загаварыла Караблёва. – Ты мазгамі раскінь і зразумееш, што для маладой сялянкі Янка Купала з нашаніўскай багемы гэта амаль тое ж самае, што для цябе Рыкі Марцін.

– Ай, – пакрываючыся барвай, заенчыла Кася. – Ну, колькі таго Рыкі Марціна можна мне прыпамінаць? Гэта было даўно і няпраўда.

– Не так і даўно. Гадоў пяць таму, – сказала Алёна, і прымружыўшы вока спытала ў расчырванелай аднакласніцы: – І хто тады паўтараў: «Ах, які мужчына, гэты Рыкі Марцін. Я з ім абавязкова загуляла б»?

Кася не стала адказваць.

– Усё досыць з гэтым, – прамовіў я. – Давайце хуценька да настаўнікаў фізкультуры, яны вам скажуць, што трэба рабіць.

15

Мы падышлі ўшчыльную да спартовай пляцоўкі, дзе ўжо ўладарыла гамарня, мітусіліся дзеці рознага веку. Хлапцы паспелі падзяліцца на каманды і ганялі мячык, імітуючы чэмпіянат свету па футболу. Іншая група, якая складалася і з хлапцоў, і з дзяўчын гуляла ў валейбол без сеткі. Гульня выглядала вельмі зладжанай, хаця ў пэўныя моманты здавалася, што бальшыня ўдзельнікаў больш прызвычаіліся да пляжнага варыянту валейбола. «Эх, раздзецца б, як улетку», – гучна заяўлялі самыя адчайныя з іх. Крыху паводдаль, каб нікога не закрануць, здавалі нарматыў па кіданні гранат. А збоку на бегавой дарожцы вучні парамі трушком штурмавалі стометроўку.

Я стаяў у цэнтры усяго гэтага ўсяленскага рушання і думаў пра вечнасць. Маёй вечнасцю тады быў боль неўзаемнага, да таго ж няроўнага, кахання. Strangelove. Думкі, як карусель, круціліся вакол аднаго пытання: «Чаму?», адказ на якое знайсці было цяжка. Здавалася, што лягчэй можна адшукаць у цёмным пакоі чорную котку, нават калі б яе там не было. Я спрабаваў зноў пераключыцца на вакольную кругаверць, але нічога не атрымлівалася. Таму вяртаўся зноў а зноў на крукі таго самага ярэмнага пытання, не раўняючы, як героі «Паўсталых з пекла», якія дагуляліся з чароўным куфэркам – ключом ад брамы ў апраметную.

Я быў сам па сабе, узіраючыся ў халодныя пяскі майго персанальнага пекла, а ваколле са сваёй мітуснёй-гамарнёй – само па сабе. Ледзяныя вятры маёй геены выбівалі з вачэй кроплі гранатавага колеру. Праз мружыва гэтых кропель я не заўважаў ні каляжанак, якія падыходзілі з незразумелымі пытаннямі, ні жвавых вучаніц, якія спрабавалі дэманстраваць спанатранасць у какецтве. Я толькі ўзіраўся ў пясчаныя далягляды маёй інтымнай апраметнай, намагаючыся разабраць, што за плямкі трымцяць на гарызонце. І чым больш пытанняў задавалі каляжанкі, а вучаніцы ўлягалі ў баламуцтва, тым ясней мне бачыліся постаці каля падножжа крыштальнага купала – бялютка белы аднарог і юная дзяўчына. Яны проста стаялі і глядзелі ў мой бок, быццам не верылі, што акром іх, сцюдзёных вятроў і музыкі нябеснага крышталю ў той пустэльні нехта ёсць…

Да рэчаіснасці мяне вярнула блюмканне мабільніка. Старэча Сімэнс сігналіў аб прыходзе sms’кі. Выскачыўшы з пякельнае сцюжы, я схапіў тэлефон у спадзеве прачытаць пару суцешлівых словаў. Але іх не было – кляты «Дульком» прасіў тэрмінова папоўніць баланс. Буйнейшаму айчыннаму аператару сотавай сувязі было абсалютна насраць на тое, між якімі сусветамі балансавала мая душа.

– Эрнест Скіргайлавіч, чаго вы такі маўклівы? – вяртаючыся з бегавой дарожкі спытала Вядзёркіна. Следам пляліся астатнія адзінаццацікласніцы.

– Маўчанне ягнят – золата Макены, – вырвалася нешта няўцямнае з маіх, пакрытых ледзяной корачкай, вуснаў.

Мой адказ адначасова і здзівіў Касю, і стрымаў ад далейшых роспытаў. Напэўна, баялася, што з яе асабістай шафы можа вываліцца яшчэ адзін шкілет Рыкі Марціна ці якога-небудзь Брэда Піта.

– Ну, і прабежачка, – цяжка дыхаючы, скардзілася Караблёва. – Ледзь не нарадзіла.

Дзяўчаты, не зважаючы на стому, ажывіліся.

– А хто тата? – не прамінула пацікавіцца Булатнікава.

– Гэта я вобразна кажу. А будзеш трындзець атрымаеш па попе, – з усмешкай адказала Алёна.

– Па попе?! Які жах! – заблагала Лера. – Ты ж мне ўсіх жаніхоў адаб’еш.

– Можна падумаць, у цябе іх шмат, – недаверліва заўважыла Карына Кляшторная.

Булатнікава магла б сказаць: «А ў цябе хоць адзін ёсць?», аднак не хацела крыўдзіць сваю нецалаваную аднакласніцу. Валерыя ў каторы раз загарэлася неперадавальнай усмешкай, прыперчыўшы яе для смаку драбкамі падробленай сарамяжнасці, і падкрэслена млявым голасам прамовіла: – Колькі ні ёсць – усе мае.

– Гучыць неяк цьмяна і непераканаўча, – зазначыла Караблёва.

– А каго тут трэба пераконваць? – з невялічкім выклікам спытала Булатнікава і абвяла ўсіх прысутных выпрабавальным позіркам. Дураслівыя агеньчыкі ў яе вачах раз-пораз давалі знак, што ўсё дужа несур’ёзна, абы паблазнаваць. У гэтым блазнаванні яна схапіла за руку васьмікласніка, які акурат спрабаваў прашмыгнуць міма нашага таварыства.

– Хлопчык, ты мой жаніх? – звярнулася Лера да збянтэжанага мальца. Што праўда, яго збянтэжанасць імгненна мінула, і з усёй імавернай нахабнасцю вырваса перыяду гарманальнага выбуху «жанішок» астудзіў дураслівасць выпускніцы: – А ты ў люстэрка на сябе хоць раз глядзела?!

– Ах ты, казёл! – не ўцярпела Булатнікава і спрабавала стукнуць падлетка па галаве. Але той спрытна адхінуўся, вызваліўся з Лерчынай рукі і пагарцаваў на футбольную пляцоўку.

Ловячы ўсмешкі сведак гэтага інцыдэнту, Валерыя намагалася захаваць добрае аблічча: – Вось бачыце, як? З малалеткамі толькі звяжыся.

– Бачым, бачым, як цябе, нявестушка, адшылі, – адказала за ўсіх Карына.

– Калі так справа і далей пойдзе, – паспрабаваў рэзюмаваць я, – то нікому тваіх жаніхоў у цябе адбіваць не давядзецца, бо ты сама іх падобнымі выбрыкамі адпудзіш.

– Нічога страшнага, – ураз знайшлася Булатнікава і хітра паглядзела мне ў вочы. – Адзін жаніх, дык дакладна застанецца. А ўвогуле я пакуль замуж не збіраюся і пра сямейны побыт будучы не думаю.

Раптоўны ўхіл у сям’ю і сямейны побыт быў бяспройгрышным варыянтам перамены тэмы.

– Ай, Лерка, не гані ты, – не паверыла Вядзёркіна. – Усе мы пра гэта думаем.

– Ага, – пагадзілася Алёна. – Вунь Аліса Селязнёва нават вызначыла, колькі дзяцей у яе будзе, і як яна іх назаве.

Чарговая згадка пра Алісу зноў змусіла мяне скалануцца. Мне вельмі хацелася ведаць пра яе сямейныя планы.

– І колькі ж дзяцей яна сабе намеркавала? – як мага больш нейтральным тонам пацікавіўся я.

– Трох, – адказала Караблёва.

– Які жах, – выгукнула Булатнікава. – Цяжка ўявіць такое. Цэлы вывадак. Бедны Дзімка.

Нарэшце я даведаўся, як звалі Алісінага хлопца, і нават не здзівіўся, бо толькі дзімкамі маглі звацца ўсе гэтыя мужчынкі, што круціліся ля маіх вучаніц. Колькі мне ні выпадала такіх бачыць, усе яны для мяне выглядалі на адзін твар, быццам драўляныя салдаты казачнага героя Хведара Набілкіна. У галаве міжволі паўстала блюзнерская карціна: Аліса, яе драўляны муж і тры маленькія бураціны, што сноўдаюць між імі.

– А яна на Дзімку асабліва і не спадзяецца, – у адказ на Лерчына шкадаванне кінула Кляшторная і перавяла позірк на мяне.

Тым часам дух мой заняло, і я злёгку прыгнуўся, пачуўшы магутную артылерыйскую кананаду, рыхтык немец на Курскай дузе. Дзяўчаты ўздрыгнулі адначасова са мной.

– Вось да чаго глабальныя праблемы давялі, – абуралася Алёна, – амаль сярэдзіна цэнтральнаеўрапейскай восені, а божанька нас грымотамі адорвае.

– Але ж на небе ні аблачынкі, – Лера, як магла, праз голле дрэваў узіралася ў небасхіл.

Цяжка было паверыць, што вушы мне парэзалі не гарматныя стрэлы, а перуны.

– Ведаеце што, – звярнуўся я да сваіх адзінаццацікласніц, – калі нехта зараз хоча пайсці дадому… – Да вас, Эрнест Скіргайлавіч? – перабіваючы, улезла са сваімі хітрыкамі Булатнікава.

Мне давялося перайсці на больш суворы тон: – Калі нехта зараз хоча пайсці дадому, – павольна выразна, робячы націск на кожным слове прамаўляў я, – то можа збірацца і ісці. Толькі цур не шлындаць па горадзе, а прыйсці дамоў і паабедаць. Абяцаю, што ўсім патэнцыйным гулякам, – я ўедліва паглядзеў на Леру, а потым крыху мякчэй на Касю, – праз паўгадзіны патэлефаную на хатні нумар.

«Патэнцыйныя гулякі» трохі апанурыліся. А вось Алёна Караблёва захоплена заўсміхалася: – Эрнест Скіргайлавіч, вы проста, як строгі татачка.

Я адказаў ёй прыязнай усмешкай. Дзяўчына адразу зразумела, што маё «можна збірацца і ісці» насамрэч азначала «трэба збірацца і ісці». Яна глянула на аднакласніц і па-завадатарску выгукнула: – Ну што, сябровачкі, хадзем ужо?

Сябровачкі пагадзіліся, хаця па выразах твараў некаторых заўважалася неахвота, з якой яны мусілі развітвацца. «А чым жа было ваша нядаўняе нежаданне ісці сюды?» – спытаў я толькі ў думках, наканаваўшы пытанню застацца без адказу. Вучаніцы развіталіся і падыбалі ў бок моста. Я скіраваўся ў бок спартовай пляцоўкі, дзе гулялі нешматлікія прадстаўнікі мужчынскай паловы 11 «А» класа. Да маіх вушэй даляталі незадаволеныя рэплікі Булатнікавай. Яна наўмысна гучна плакалася Вядзёркінай: – Такі непрабівальны. Ты з ім па-чалавечы: і пра пізду, і пра Янку Купалу, а ён: «Ідзіце абедаць». Не, каб сам узяў ды ў барчык які запрасіў.

– Ну, ты сказанула, у барчык, – сцішана, азіраючыся, прамовіла Кася. – З якой такой прычыны ён павінен цябе весці ў бар? Супакойся.

– У-у, нас адправіў, а сам зараз з дзевяцікласніцамі языком малоць будзе.

– Ён з імі на нажах з-за джынсаў.

– Ну, значыць з васьмікласніцамі… – Яго не цікавяць…

Даслухаць Касіны словы не ўдалося – па-першае, дзяўчына ладна аддалілася, а па-другое, неба зноў выбухнула грымотамі. «Дзеўкі, дзеўкі… Што ж у вашых галовах творыцца?» – зноў жа на ўсялякі выпадак моўчкі спытаўся я.

Хлапцы перапынілі свой футбол. Андрэй Дастаеўскі з заўсёднай мінай клоўна, які шукае справядлівасці, кіўнуў у бок аднакласніц і пацікавіўся: – А чаго вы іх адпусцілі? Не цукровыя, не растануць. Ды і дажджу пакуль няма.

Я ведаў, што Андрэй можа спытаць падобнае, і зазбіраўся яго суцішыць. Аднак я не паспеў і рота разявіць, як яшчэ адзін смяхун Пеця Андропаў вырашыў адказаць замест мяне: – Як ты, Андрэй, не разумееш? Можа яны і не цукровыя, але ж ім яшчэ нараджаць.

Хлапец яўна пакепліваў, абыгрываючы эпізод маёй класічнай гутаркі з дзяўчатамі 9 «Б». Прысутныя пачалі былі гагатаць у манеры герояў пустых амерыканскіх моладзевых камедый ці іх расійскіх клонаў. Я такога смеху не любіў. Хранічна не мог трываць. Пільна, без намёку на ўсмешку, я паглядзеў на Андропава. Ён умэнт адвёў вочы, павярнуў галаву ў бок і стаў вывучаць колеравую гаму яшчэ неапалага восеньскага лісця.

– Мы з вамі, мужыкі, дык дакладна не растанем, – прамовіў я, абводзячы позіркам усіх сваіх вучняў-хлапцоў.

– Гэта вы на што намякаеце? – з-пад клоўнскай маскі Андрэя Дастаеўскага паказаліся іклы.

Ва ўсім незразумелым для сябе ён бачыў варожыя падкопы.

– Я не намякаю, я кажу, што мы з вамі дакладна не цукар. І гэтую акалічнасць нам узаемна давядзецца трываць цэлы навучальны год.

Хлапцы пераглянуліся, але з пошукам адказу не патрапілі.

Між тым пасля няўдалай, але вельмі моцнай падачы з боку валейбольнай пляцоўкі ляцеў мяч. Ляцеў не абы куды, а проста мне ў галаву. Мой бакавы зрок падтарможваў і адразу не прыкмеціў небяспеку, нібы турэцкая проціпаветраная абарона, якая празявала прылёт гарматнага ядра, асядланага баронам Мюнхгаўзэнам. «Эрнест Скіргайлавіч! Асцярожна!» – пачуўся крык адной з васьмікласніц, але было позна, каб зразумець што да чаго. Я абярнуўся на крык, мячык дакладна трапіў мне ў лоб і лопнуў. Сведкі здарэння хорам войкнулі. Я ўбачыў успышку звышновай зоркі. «Эрнесцік, ты сваім вострым розумам сапсаваў нам інвентар», – спагадліва сказала настаўніца фізкультуры.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации