Электронная библиотека » Сяргей Балахонаў » » онлайн чтение - страница 11

Текст книги "Інфанта і аднарог"


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 20:00


Автор книги: Сяргей Балахонаў


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 11 (всего у книги 34 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]

Шрифт:
- 100% +

24

Я скурчыўся ад начнога холаду. Арына трымала мяне за руку, нашэптваючы суцешлівыя словы. Міла вярнулася ад шапіка з пляшкай мінералкі, якой без адвалокі стала мяне паіць. Я прагна паглынаў вільгаць, нібы жывую ваду. Галава гула. Твар гарэў ранамі. На разбітых у кроў кулаках боўталася садраная скура. Памяць поўнілася выразнымі малюнкамі нядаўніх падзей, у рэальнасць якіх верыць не хацелася.

Я пацікавіўся ў спадарожніц, што са мной здарылася. Тыя нічога пра здарэнне не ведалі, растлумачыўшы, што сустрэлі мяне каля цырка ўжо са спляжаным тварам. Я атарапела глядзеў на іх. Дзяўчаты маглі падумаць пра мяне бог ведае што. Мяне агарнуў сорам. Арына выклікала таксоўку і ўдакладніла, ці маю я грошы, каб даехаць да дому. Гаманец з грашыма і пакунак з новым мабільнікам былі на месцы. Зірнуўшы на мабільнік, я згадаў, што ў Цыпінай з’явіўся тэлефон, і спытаў пра гэта ў дзяўчат. Яны ахвотна мне яго надыктавалі. Я ніякавата ўсміхнуўся, падзякаваў выпускніцам за спагаду і паспяшаўся сесці ў таксовы «фолькс», які акурат падкаціў да прыпынку.

Таксіст марна спрабаваў са мной загаварыць. Я маўчаў. Мае думкі роіліся вакол аднаго пытання: чым было ўсё, што адбылося са мной пасля таго, як на школьным ганку я перадаў Алісе Селязнёвай яблык? Я жадаў тэрмінова спісаць Магдэбург, гера Ота фон Герыке і чорнага вершніка на сон альбо нават галюцынацыю. Аднак прымальнасць і аднаго, і другога варыянта вымяталася паганай мятлой маіх ранаў. Канечне, я ведаў, што сны і галюцынацыі могуць быць дужа рэалістычнымі. Але ў тое, каб верад, атрыманы ў відзежы, пераносіўся ў рэчаіснасць, я не верыў і не раіў іншым. Мае думкі сыпалі іскрамі, падобна двум электрычным кантактам, якія дакраналіся адзін да аднаго пад парывамі ветру.

Апоўначы я апынуўся дома. Першым маім жаданнем было адправіць sms’ку Алісе з пытаннем пра настрой пасля алімпіяды. Аднак позні час і надыход панядзелка стрымалі мяне ад гэтага безразважнага ўчынку. Скінуўшы апранахі, я забурыўся на канапу і шчасліва заснуў, нібы немаўлятка, якога мама добра пакарміла малаком сваіх грудзей.

Раніцай я адкрыў чарговае дзіва – усе мае раны амаль цалкам загаіліся. На твары заўважаліся пэўныя анамаліі, але ўбачыць іх можна было толькі пасля пільнага прыглядання. Кулакі ж знаходзіліся ў ідэальным стане. Я голасна зароў і адным з ідэальных кулакоў размудохаў люстэрка. Згадалася, што так рабіць нельга – дрэнная прыкмета. Гэтая згадка пацягнула за сабой нітку з клубка ірацыянальнасці, і я на поўным сур’ёзе стаў лічыць, што знаходжуся ў вязьме насланых нядобразычліўцам сурокаў. Атрымлівалася, што я не мог даць веры ў магчымасць прасекчы дзірку ў глабальнай кампутарнай сімуляцыі, але зусім спакайнютка верыў у чыёсьці кепскае вока, якое мяне сурочыла.

Шчодра абліўшы ёдам парэзаную аскепкам люстэрка руку, я неахайна пераматаў яе эластычным бінтам і паспяшаў за кампутар. Ранішні панядзелкавы dial-up быў дастаткова літасцівым і дазволіў бязь лішніх нерваванняў увайсці ў сеціва. Мне карцела знайсці спосаб хутка пазбыцца сурокаў. Здавалася, што самыя надзейныя сродкі маглі прапанаваць толькі сябры па блогах. Таму не доўга думаючы, я стварыў новы допіс, у якім задаў канкрэтнае пытанне: «Як у хатніх умовах вызваліцца ад дзеяння сурокаў?».

Потым я перайшоў у гасцёўню сайта Алісы. Там мяне чакала рэакцыя, якую пакінуў прыснапамятны Cutting Diamond: «Чувак, здай мне свайго драгдылера і не клейся да маёй дзяўчыны». Я шпарка набраў яму ў адказ: «Ота фон Герыке» і вылез з інтэрнэту. Трэба было выпраўляцца на працу. Каб не зыходзіць зусім галодным, я высмактаў курынае яйка і адным цугам выпіў палову вялікага кубка гарачай кавы з цукрам.

У школе я адразу ж пацікавіўся ў Селязнёвай пра яе алімпійскія ўражанні. – Як толькі я ўвайшла ў залу і ўбачыла, што большая частка ўдзельнікаў гэта ўскудлачаныя кучаравыя і нават барадатыя хлопчыкі, стала зразумела, што шанцаў у мяне ніякіх, – з горыччу паведаміла дзяўчына і, заўважыўшы бінт на маёй руцэ, тут жа спытала: – Вы з кімсьці біліся?

– Не, бульбу на дранікі дзёр, – урачыста схлусіў я.

Аліса пільна паглядзела на мой няголены з суботы твар. Мне не хацелася, каб яна ўбачыла сляды знікомых ранаў на ім, і я адвярнуўся да дошкі крэмзаць тэму ўрока. Вучаніца цяжка ўздыхнула і села за парту. Спінай я адчуваў яе погляд. Ніякаватасць ад маўчання была невыцерпнай. Урэшце я не вытрымаў: – Скажы, калі ласка, а ты не заўважыла чаго-небудзь дзіўнага пасля таго, як мы з табой учора развіталіся?

– Дзіўнага? – на секунду задумалася Селязнёва. – Ну, хіба што здзіўлены позірк Алёны.

– І ўсё?

– І ўсё, – збянтэжылася яна. – А што я павінна была заўважыць?

– Шчасце ёсць, яго трэба толькі заўважыць, – ухіліўся я ад удакладнення.

Аліса пяшчотна ўсміхнулася і разгарнула падручнік, быццам збіралася паўтараць хатняе заданне.

На ўроку панаваў выключны парадак. Некалькі чалавек самастойна вызваліся адказваць па мінулай тэме, і былі ўзнагароджаныя выдатнымі адзнакамі. Ніхто з класа не дазволіў сабе нараканняў з якой-небудзь нагоды. Мне чамусьці здалося, што гэтага парадку дабілася, выкарыстоўваючы нейкія таемныя спружыны ўздзеяння, староста Аксана Багуслаўская. Толькі пад самы канец урока, калі я натхнёна тлумачыў магчымыя прычыны росту гарадоў Беларусі ў ХІХ стагоддзі, вуха вылавіла ціхенькі шэпт. Лера Булатнікава, захінуўшы вусны рукамі, гаварыла Карыне Кляшторнай: «Цікава, з кім ён спіць? Выгляд такі стомлены, а бадзёрым салавейкам заліваецца. Мабыць кагосьці траляваў усю ноч». Карына чмыхнула ў адказ і абазвала суседку па парце дурніцай. Лерчына абурэнне патанула ў гуках званка на перапынак і ў маім рэпрэсіўным поглядзе.

Увесь дзень мне давялося адказваць на войканні каляжанак, якія прыкмячалі маю забінтаваную руку. Усім я тлумачыў паходжанне траўмы па рознаму, разумеючы, што ўсё адно яны прыдумаюць уласныя версіі, якія вычварна скампілююць і пусцяць скакаць па школьных завуголлях.

Вярнуўшыся дадому, я немінуча пасунуўся ў інтэрнэт. Да майго допісу ў блогу прыйшло дзясяткі два каментараў. Добрыя беларускія блогеры давалі размаітыя парады: «выпей йаду», «съешь ещё мягких французских булочек да выпей чаю», «вапрос сасёт», «у вас манія велічы», «калі ты ўжо ажэнішся?», «постмадэрніская мастурбацыя»… І толькі адна чуллівая фрэндэса патлумачыла, што ў хатніх умовах ад сурокаў вызваліцца вельмі цяжка, а для прафілактыкі параіла рассыпаць соль вакол ложка, на якім звычайна сплю. Я згадаў, што ў студэнцкія гады чытаў пра нешта такое, і вырашыў скарыстацца гэтым спосабам. Што праўда, рассыпаць соль на падлогу мне здалося няправільным, таму мая канапа неўзабаве была абстаўлена з чатырох бакоў глыбокімі талеркамі поўнымі кухоннай солі буйнога памолу. Глузды паселі на баліды і выехалі на трасу. Cutting Diamond маўчаў.

Нармальна выспаўшыся пад саляной аховай, я палічыў, што спосаб насамрэч дзейсны. Яшчэ аднекуль выкапаў іншую зброю ад сурокаў – голаснае спяванне. Яно, нібыта, не проста адганяла любое насланнё, а вяртала яго сурочніку разам з вобразамі, якія закладзены ў песні. Такая зброя была мне да спадобы. Я любіў спяваць. Праўда рабіць гэта голасна выпадала рэдка. Цяпер жа я стаў адмыслова падгадваць час рэпетыцыяў розных школьных мерапрыемстваў, каб праціснуцца да мікрафона і праспяваць што-небудзь для пустое актавае залі і той гіпатэтычнай асобе, якая мяне сурочыла.

Алесь Альхімовіч, якога ўзялі працаваць даглядчыкам школьнай аўдыётэхнікі, спрыяў у маіх спеўных парываннях, выстаўляючы іншым разам калонкі, пульт і мікрафон спецыяльна для мяне. І я пяяў, накрываючы моцным голасам ладную палову школы. Невядомаму сурочніку адрасаваўся «Уладзімірскі цэнтрал». Няпэўнаму каханню (а я не мог не спяваць пра каханне!) прысвячаліся «Дзіўныя танцы». У які б час ні гучаў мой спеў, у залю зазіралі цікаўнікі з ліку педагогаў і вучняў, дзівячыся, што гісторык дэманструе някепскія вакальныя здольнасці.

Між тым гісторык у тлуме барацьбы з сурокамі не забываў прыахвочваць вучняў да інтэлектуальнага пошуку. Адзінаццацікласнікі, многія з якіх толькі тым і жылі, што чакалі канца навучальнага года, узрушыліся, калі атрымалі заданне прыдумаць рыфму да прозвішча «Баластоўскі» і скласці такім чынам дэвіз, які мог бы ўпрыгожыць фамільны герб іх настаўніка. Гэта было сапраўднае дзіва, калі здаровыя абсалютна непрабіўныя дзецюкі, хадзілі па школе і абмазгоўвалі маё дзіўнае заданне. Неўзабаве сталі з’яўляцца першыя варыянты, якія так ці інакш павінны былі ўлесціць мяне: «Баластоўскі – хлопец свойскі», «Баластоўскі – чувак здароўскі», «Баластоўскі – настаўнік геройскі». Зрэшты, мне як запісному постмадэрністу спадабаўся іранічны варыянт прапанаваны Грышам Стахіевічам: «Баластоўскі – тыпус коўзкі». Выпускнікі заводзілі курну ад захаплення.

У падобных забаўках на нейкі час знікала падстава для маіх роспачных роздумаў аб невядомых сілах, што без дай прычыны гнялі мяне. Можа таму, каб затрымаць вяртанне ў абцугі гэтых роздумаў, я не прайшоў міма Ксені Чудатворнай, якую выпадкова спаткаў на прыпынку каля школы. Мне здавалася, што гутарка з маёй колішняй няўдалай пасіяй, будзе больш безбалеснай, чым заўчасны зварот да ўнутранага дыялогу з уласнай свядомасцю. Ксеня выглядала выдатна. Яна радавалася нашай сустрэчы, і ў гэтай радасці адсутнічаў нават самы маленькі драбочак фальшу. Дзяжурныя фразы гучалі нечакана цёпла і пяшчотна. Я быў для Ксені светлым успамінам юнацтва, які хацелася захаваць у памяці перад ад’ездам у Нямеччыну.

– А Мікаэл мне нічога пра вашы планы не казаў, – з’дзівіўся я.

– Мы з ім ужо амаль паўгода, як рассталіся, – паведаміла яна нечуваную навіну.

– Дык ты за фрыца замуж выходзіш?

– Не, пакуль толькі еду працаваць, – адказала Ксеня, і мне стала зразумела, што яе шлюб з немцам быў на той момант вырашанай справай. Баючыся маіх роспытаў (а не адказаць мне яна яўна не змагла б), Чудатворная з ласкавай клапатлівай усмешкай спытала ў мяне: – Ну, а ты калі пашлюбуешся?

– Мая нявеста яшчэ не вырасла, – прамовіў я, не даючы магчымасці зразумець, жарт гэта ці не.

– Вось яно як, – троху збянтэжылася Ксеня.

Да прыпынку падыходзіла яе маці, ад чыйго погляду мяне раней кідала ў холад. Магчыма, што з часу нашага апошняга пабачання многае змянілася, і я сам здолеў бы замарозіць вачыма Чудатворную-старэйшую. Аднак спраўджваць гэта не хацелася. Я развітаўся з Ксеняй па-нямецку і пабег з ветрам, усведамляючы гістарычнае значэнне нашай сустрэчы.

25

Саляная абарона супраць непажаданых уварванняў у маю свядомасць вельмі хутка выявіла сваю няслушнасць. Здаралася, што ледзьве не кожную ноч на мяжы явы і сну я адчуваў, што нехта невідочны ўскокваў мне на грудзі і пачынаў сядзець на іх, як кароль на імянінах. Адчуванне было не з самых прыемных, бо на грудзі ціснуў невыцерпны цяжар і неўзабаве пачынала бракаваць паветра. Варухнуцца я не мог. Крыкнуць таксама. Я заставаўся здольным толькі думаць і сілай думкі выганяць невідочную пачвару. Пасля колькіх візітаў гэтай пачвары льга было пераканацца, што найбольш дзейснымі сродкамі супраць яе былі а) псалом у старабеларускім перакладзе Францішка Скарыны: «Бог прэпаяса мя сілаю і палажы непарочэн пуць мой. Свершая нозе маі яка елені, навучая руцэ мае на брані. Пажну врагі мая і пасцігну іх і не вазмогуць стаці, падуць пад нагамі маімі. Ізтаню іх яка прах прэд ліцэм ветру», б) сура ў маёй уласнай вялікалітоўскай інтэрпрэтацыі: «Вот вы папрасілі свайго Госпада а ўспамозе, і Оный адпаведзіў вам: «Я ўспамагу вам тысячай янгалаў, каторыя цецяць адзін за адным». Алах ўчыніў то весткаю добрай, абы вашы сэрдцы знайдавалі спакой. Прэвазмога можэць быці тылька ад Алаха. Заісце, Алах – Велемоцны, Мудры».

Аднак ні псалом, ні сура, ні нават – як запасны аварыянт – традыцыйная замова («Хух, хух, мой лёгкі дух!») не ратавалі ад вялізных сініх мяшкоў пад вачыма, якія шторання я назіраў у новапрыдбаным люстэрку. Гэтыя мяшкі раптоўна (ці, як той казаў, ні села ні пала, давай, котка, сала) сталіся маім фірмовым знакам і аб’ектам усебаковага абмеркавання ў працоўным калектыве і сярод вучняў. Дзявочы 10 «В» клас нават выпусціў невялічкую насценгазету з сяброўскім шаржам на мяне, дзе я даставаў са сваіх мяшкоў зярняткі і падкормліваў дзясятак розных птушачак. Усё гэтае хараство суправаджалася надпісам: «А ты гатовы дапамагчы крылатым сябрам?!»

Многім здавалася, што ў мяне ўзніклі праблемы з алкаголем. Староннія вочы, бачачы, як я ў школьнай сталоўцы штораніцы набываю і адразу ж высмоктваю бутэлечку мінеральнай вады, не жадалі бачыць прычынай смагі нешта іншае, акрамя пахмелля. Ніхто мяне ўголас не дакараў, але ўяўна спагадлівы выгляд размаітых дабрадзеяў даводзіў да міжвольнага шаленства, якое я таіў у сабе.

За чарговай порцыяй мінералкі мяне заспела новая ўводная ад Марыны Нарымунтаўны Любартавай. Гэтым разам трэба было мусова весці ўвесь клас у тэатр. Я пачасаў галаву. Паход у тэатр не быў прадугледжаны нашай з 11 «А» паўгалоснай канвенцыяй. Пераканаць вучняў у мэтазгоднасці прагляду спектаклю, назвы якога ніхто не ведаў, уяўлялася задачай неадольнай амаль, як казачнае ідзі туды, не знаю куды. Клас і сапраўды няўхвальна заскрыпеў, варта было мне толькі выраніць з вуснаў слова «тэатр». Ахвочых ісці на спектакль аб’явілася ўсяго тры чалавекі. Астатнія казалі: «Не магу», падмацоўваючы адмову туманнымі абгрунтаваннямі.

Я моўчкі глядзеў на клас, мерна пагойдваючы падвочнымі мяшкамі. Відовішча, як можна сабе ўявіць, было не самым прыемным. Многія хавалі вочы, тупячыся ў парты ці сцены. Проста, як тая Цыпіна пры канцы лета. Аднак, калі я не ведаў, што павінен быў сказаць тады Настассі, то ў выпадку з маімі вучнямі словы нараджаліся самі. «Гэта называецца форс-мажор, – спакойна гаварыў я. – Ні вы, ні я пра гэта не падумалі. Але адмаўляцца ад яго раўназначна адмаўленню стыхійных бядотаў ці ваенных дзеянняў. Вось скажы мне, Пеця Андропаў, што б ты зрабіў, калі б тваю нявесту выкраў чорны вершнік? Ты наўрад ці пайшоў бы да рэпетытара па матэматыцы або да Андрэя Дастаеўскага, каб глядзець анімэ. Ты б паспяшаўся на выратаванне каханай дзяўчыны. Так, спектакль – гэта не прынцэса, якую трэба немінуча ратаваць. Але толькі наведаўшы яго, вы зможаце зрабіць добры ўчынак дзеля мяне – вашага любімага Эрнеста Скіргайлавіча, якога заўтра можа і не стаць…».

Клас абрынуўся ў чародны прыступ крыштальнай цішыні. Ніхто нічога не мог зразумець, трапіўшы ў выразна шантажысцкую пастку, ненаўмысля выстаўленую мной. Пасля колькісекунднага здранцвення пачаўся ўсеагульны рух у падтрымку ідэі наведвання тэатру. Я ўсцешана глядзеў на сваіх падапечных, разважаючы, ці можна назваць мае з імі спраўныя дачыненні разнавідам стакгольмскага сіндрому.

Тэатр напоўніўся школьнікамі, навучэнцамі каледжаў, вучэльняў і іх выкладчыкамі. Майму 11 «А» трапіліся апошнія шэрагі. Вышэй за нас былі толькі балконы і дах з галубамі, што гнюсілі на статую Мельпамены, якая стаяла на вільчаку з лаўровым вянком, скіраваным у бок помніка Леніну.

Спектакль ставіўся бранскай тэатральнай трупай па матывах п’есы маладога беларускага драматурга і называўся «Выканаўца жаданняў». Не ўбачыўшы на сцэне партызанаў і немцаў, вучні збянтэжыліся. Маладая пара – ён і яна – высвятлялі між сабой адносіны, аж пакуль незразумелым чароўным абаротам не памяняліся месцамі: ён апынуўся ў яе целе, а яна – у ягоным. Без метафар і сэксу.

Лера Булатнікава, якая сядзела проста каля мяне, абычас уздыхала, быццам пераймалася дзеямі, што разыгрываліся на сцэне. Праўда, кожны новы ўздых яна суправаджала пасоўваннем да мяне. Адзін раз нават за каленку ўхапілася. Я адразу ж прыбраў яе руку. Гэта не прымусіла Леру сумецца, бо праз пару хвілінаў яна паклала галаву мне на плячо і прашапатала: «Зусім трошачкі, калі ласка». Дзіўная дзяўчынка, якая не так даўно прасіла нічога не гаварыць яе маме, зноў спрабавала паўтарыць свой вычын ды яшчэ і навідавоку ўсёй паралелі адзінаццатых класаў.

«Перастань», – прашыпеў я і заўважыў, што паглядзець на нас азірнулася Аліса, якая сядзела шэрагам ніжэй. Нават у паўзмроку яе вочы выпраменьвалі чароўную ясноту. Мне падавалася, што пад цікаўнасцю, з якой яна зірнула на мяне і Леру, хаваецца рэўнасць. Я нават тупа чакаў, што Аліса зараз дастане са сваёй сумачкі пілку для пазногцяў, каб паквітацца з баламутлівай аднакласніцай і шалапутлівым класным кіраўніком. Гэта была б драма не горш за тую, што адбывалася на сцэне. Аднак Селязнёва толькі злёгку пасміхнулася і вярнулася да прагляду спектаклю. Прынамсі, зрабіла адпаведны выгляд.

Булатнікава выканала маё патрабаванне, але ўсё адно знаходзілася ад мяне так блізка, што я проста не мог не адчуваць гарачыні, якая сыходзіла ад яе. Яе баламутлівасць таксама давалася ў знакі. «Калі б мы з вамі, Эрнест Скіргайлавіч, памяняліся свядомасцямі, то мая, будучы ў вашым целе, не прамінула бы ўвагай такую дзяўчыну, як я», – пратрызніла Лера, робячы ці то намёк мне, ці то камплімент самой сабе. «Ды хопіць ужо балбатаць! А яшчэ педагогамі называюцца», – незадаволена з прытарным ушчуваннем гыркнула незнаёмая цётка, што сядзела ў суседнім шэрагу праваруч ад мяне. Вось такіх цётак, якія не разбіраліся ў акалічнасцях, а адразу даставалі агнямёт і бязлітасна палілі ўсё вакол сябе ў радыусе ста кіламетраў, я ненавідзеў аж да самых прадонняў душы. Мяне цягнула павярнуцца да яе і паказаць які-небудзь сяброўскі жэст. Але я добра ведаў, што гэта вельмі кепская ідэя, якая, да таго ж, не аніяк не застрахуе ад наступных гырканняў з таго боку.

Я нахіліўся да Булатнікавай, каб шапнуць ёй на вушка парачку непрыемных заўваг. Але ў той самы момант яна знянацку павярнула галаву да мяне, і мы сутыкнуліся ілбамі. Я вельмі спужаўся за Леру, бо мой чыгунок мог зусім проста разбіць яе вытанчаную парцаляну. Дзяўчына войкнула, але не здолела ў сваёй тэатральнасці перасягнуць бранскіх актораў. «Падзьміце мне на лобік», – паўтарыла яна некалькі разоў так гучна, што на нас азірнулася палова залі, а галоўныя героі спектакля ледзь стрымаліся ад намеру даць нам добрага прачуханца. Вогненная цётка згарэла ад уласнага ж напалму. Вучні розных школ захіхікалі. Аліса Селязнёва прыслала sms’ку: «Забаўляецеся?», чым спыніла мой ступар, выкліканы ўвагай вялікай масы незнаёмых, збольшага недружалюбных, людзей. «Лера, гэта не забавы. Нас зараз парвуць на шматкі, калі ты не спынішся крыўляцца. Лоб цэлы?» – дэманструючы цуды самага ціхага шэпту, прамовіў я і скасавурыўся на Алісу.

Аліса рабіла выгляд, быццам фанатычна пільнавала вузлы і вузельчыкі «Выканаўцы жаданняў». Але яе пастава – пастава напружанага пасажыра, што ўліп у спінку крэсла ад нечакана вялікай хуткасці – выдавала неспакой, які напраўду валадарыў маёй любімай вучаніцай. Адчуваннем гэтага неспакою імгненна адмыкаліся патаемныя брамы маёй свядомасці, з-за якіх вырынала нечуванай сілы выбуховая хваля, ператвараючы ў попел табу, стэрэатыпы, сумневы. Я спрабаваў адводзіць думкі на зыходныя пазіцыі блізу чыгуначнай станцыі Цынізм. Я прыхоўваў ваганні ў бліндажах і акопах, вышытых на габеленах самападбадзёрвання. Але ратунку ад выбуховай хвалі не знаходзілася, дый не магло адшукацца ў прынцыпе, бо гэта было нішто іншае, як каханне.

Ад усведамлення таго, што я кахаю Алісу, мне зрабілася вусцішна. Я стаяў на тонкай струне, нацягнутай над цяснінаю, і падобна самаму апошняму містэру Ікс нашай планеты балансаваў між рэчаіснасцямі. Мяне не страшыла падзенне долу: там, у бездані, усяго толькі згарала гісторыя, і ў гэтым агні я пачуваўся б, як дома. Баяўся я іншага: не даляцеўшы да агню, саслізгнуць у чарговы Магдэбург.

– Эрнест Скіргайлавіч, што з вамі? Ачуняйце, калі ласка. Вы чуеце мяне? Я вас забіла? – пачуў я енкі Булатнікавай і вызначыў, што саслізгвання не будзе.

– Жар не згас, як сказаў класік, – лена прамовіў я.

– Дзякуй богу, а то мне здалося, што вы ў кому ўпалі ці там у сон летаргічны.

– Не, Лера, калі я і ўпаў куды, дык толькі ў маразм, пагадзіўшыся сесці побач з табой.

Спераду пачуўся смяшок Алісы. Ёй спадабалася, як я асадзіў Булатнікаву. Валерыя, зрэшты, не пакрыўдзілася. Апошняе ўмацавала мяне ў падозраннях, што стукнулася яна аб мой лоб усё ж такі дабрэнна.

Па сканчэнні спектакля, калі ўсе гледачы пасунуліся да гардэроба, Селязнёва згубілася з майго відавоку. Мяне цягнула на грэх апраўдвання, але саграшыць я так і не здолеў, бо знайсці Алісу ў гардэробным натоўпе выявілася немагчымым. Я яшчэ не ведаў, што яна акурат запачаткавала практыку сыходзіць без развітання, ведаючы, што мне карціць пачуць яе «да пабачэння». Не ведаў, але ўжо збянтэжыўся ад незразумелага пачуцця віны перад ёю.

Выйшаўшы з тэатру, я развітаўся з апошнімі маімі хвастамі – вучнямі, якія не спяшаліся ні дадому, ні да рэпетытараў – і рушыў у бок скверыку. Мне захацелася трохі праветрыць мазгі. Лепшага спосабу, акром пешага шпацыру па цэнтральнай вуліцы да цырку, я не прыдумаў. Кірыла Тураўскі ў той раз маўчаў. Але побач з ім стаяла Лера. Убачыўшы мяне, вучаніца памахала рукой. Але гэты жэст не значыў развітанне. Яна папрасіла мяне спыніцца і заявіла, што гатова залагодзіць свой грэх. Я скептычна пасміхнуўся і патлумачыў, што мне гэтага не трэба.

– Давайце я вас хоць гарбаткай пачастую, – не сунімалася Лера. – Не бойцеся, бацькоў дома няма. Калі захочаце, можна нават будзе ў «Медуніцу» пагуляць.

– У якую яшчэ «Медуніцу»? Што ты вярзеш? – у дзікім атарапенні пытаў я, не жадаючы атрымліваць адказы.

– Бярэм мёд і змазваем нашы гузакі ці яшчэ што-небудзь… – не заўважаючы маёй раздражнёнасці паспрабавала патлумачыць вучаніца.

– З хлопчыкамі ў такія гульні гуляй, – раўнуў я і паспяшаў вярнуцца да задуманага маршруту, кінуўшы Булатнікаву ў глыбокім засмучэнні.

І без таго разбэрсаны настрой быў падбіты. Каля «Мілавіцы» я адчуў прыступ жудаснага болю галавы. Здавалася, што на плячах у мяне вялізны бутон чорнай ружы, якой знянацку заманілася распусціцца. Сэнс шпацыру немінуча знікаў. Вакольныя вобразы руйнаваліся. Думкі, не зважаючы на мае намаганні нешта змяніць, вярталіся да болю і тым самым толькі павялічвалі яго фанабэрыю. Мая ўвага рассеялася нагэтулькі, што я практычна нікога і нічога не бачыў, а дакладней не ўспрымаў так, як мусіў бы ўспрымаць у ілюзіі абыдзённага самапачування. У людзей не было твараў і полавай прыналежнасці. Будынкі выглядалі да неахайнасці схематычна. Дыхалася цяжка – ад паветра адслойвалася тэкстура і непрыемна казытала нос.

Я чхнуў і знайшоў сябе каля пешаходнай «зебры» за чаканнем зялёнага сігналу светлафора. Калі светлафор урэшце расплюшчыў патрэбнае вока, мяне шпарка абагнала бялявая дзяўчынка гадоў шасці ў ярка чырвонай куртцы. У тую самую секунду я адчуў набліжэнне скрайняй небяспекі. Кінуўшы позірк направа, я ўбачыў чорны «бумер», які з шалёнай хуткасцю імчаўся па вуліцы. Раптоўна мне стала ясна, што кіроўца не збіраўся спыняцца на «зебры». Гэта азначала толькі адно – дзяўчынка ў чырвонай куртцы магла загінуць пад коламі машыны невядомага аўтамабільнага вар’ята. Я жвава падаўся наперад і проста скочыў, выштурхоўваючы бядачку з небяспечнае зоны. «Бумер» пранёсся праз мяне. Па ідэі мяне павінна было б разарваць на некалькі кавалкаў. Але я быў абсалютна цалюткі. Дзяўчынка перапужаным поглядам правяла ліхацкі самаход, а потым падбегла да мяне.

– Дзядзечка, ён вас не збіў? – узрушана, з лёгкім заіканнем, спытала яна.

– Не, бяляначка, не збіў, – адказаў я і вярнуў дзяўчынку на ходнік. – Ты нумар гэтага ліхадзея запомніла?

– На машыне не было нумару, – запэўніла тая.

Мінакі – сведкі здарэння – стоўпіліся вакол і ўзахапы выказвалі ўласныя версіі здарэння. Бальшыня не дзівілася таму, што я і дзяўчынка засталіся жывымі, а ў напышлівай заклапочанасці пераймалася, што я пасмеў нахабна кінуцца на безабароннага дзіцёнка. Мне не было што сказаць на абвінавачанні грамадскай думкі. Я проста стаяў і ніякавата маўчаў, нібы Супер-Марыё, якога заспелі за прымерваннем касцюма Бэтмэна. – Вы ўсе ачмурэлі! – з абурэннем закрычала малая. – Дзядзечка мяне выратаваў ад пагібелі!

– Дык што ж… Ты яшчэ горкае дзіця і не разумееш, што маньякі гатовы пайсці на многае, каб убіцца ў ласку да сваёй ахвяры, – за ўсіх ёй стаў адказваць немалады кашчавы даўгай у старамодным плашчы. – Табе лепш не знацца з гэтым тыпам. Хадзі, салодзенькая, сюды, я цябе дадому праводжу, шакаладкай пачастую.

– Я цябе зараз самога так пачастую, што будзеш ляцець, пярдзець і цешыцца! – усхадзіўся я ад беспадстаўных абвінавачанняў і адчування новай пагрозы для дзяўчынкі – дзяўчынкі, якая па-ранейшаму заставалася на маім баку.

Натоўп працягваў абурацца мною. Нейкія расфуфыраныя цёткі з аднатыпным макіяжам, у якім пераважаў фіялетавы колер, намагаліся стрымаць мяне ад бойкі і хапаліся за рукавы. Кашчавы на маю пагрозу хацеў быў нешта адказаць, але голас бяляначкі, што ўзялася тэлефанаваць сваёй матулі, перапыніў і яго, і агульную гамарню: «Мама, тут мяне адзін харошы мужчына ад бяды ўратаваў, але злыя людзі абступілі яго і плятуць лухту… Ды не, усё добра… Мама, калі б не ён… Мы стаім насупраць «Шакаладніцы». Праз дарогу».

Невядома чаму, аднак злыя людзі сталі разбягацца, як чэрці ад распіяраных царквой пахношчаў.

– Мы яшчэ сустрэнемся, шчанюк, – харкнуў нянавісцю кашчавы і паспешліва пакрочыў у кірунку плошчы.

– Калі табе пашанцуе, то не сустрэнемся, – засмяяўся наўздагон я.

Неба зрабілася свінцовым. Праз якую секунду пайшоў снег. Ён падаў вялікімі пёрамі і не спадзяваўся праляжаць да вясны. Я і дзяўчынка ў чырвонай куртцы заварожана глядзелі на снегапад і ўсміхаліся. Побач спыніўся навюткі белы «мэрс». З яго шпарка выбегла зусім маладая жанчына і паляцела да нас. Так ляцець магла толькі мама, якая хвалюецца за роднае дзіцё.

Жанчына абняла дачку і ўзрушана стала распытваць, што да чаго. Малая дэталёва і лагічна распавяла ўсё, як было. Нават я не змог бы так расказаць.

– Дзякуй вам за Алінку, – звярнулася маладзіца да мяне. – Колькі я вам павінна?

– Вы павінны? – не зразумеў я раптоўнай празаічнасці.

– Узнагароду, грошы, – патлумачыла яна.

– Нічога не трэба, калі не хочаце, каб казка скончылася, – прамовіў я, кіўнуў малой на развітанне і пасунуўся да прыпынку.

– Скажыце хоць, як вас клічуць? – жанчына паспрабавала мяне азваць. – Мы паведамім пра ваш подзвіг на тэлебачанне. Вы станеце народным героем.

Я абярнуўся на яе голас і праз снежную заслону, што падзяляла нас, гучна сказаў: – Гэта ўсё лішняе. Галоўнае, што ваша малеча не пацярпела.

Дзяўчынка тым часам падбегла да мяне і ўзяла за абедзве рукі. Яе далонькі былі халоднымі, як свінцовае неба, што раняла снег.

– Ты назаўжды будзеш для мяне самым лепшым. Ты стаў маім рыцарам, якога я ніколі не забуду, – прашаптала яна, гледзячы мне проста ў вочы.

– Забудзеш, сонейка, абавязкова забудзеш, – усміхнуўся я і пабрыў сваёй дарогай, якая, здавалася, ніколі не скончыцца.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации