Электронная библиотека » Сяргей Балахонаў » » онлайн чтение - страница 7

Текст книги "Інфанта і аднарог"


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 20:00


Автор книги: Сяргей Балахонаў


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 7 (всего у книги 34 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]

Шрифт:
- 100% +

16

Я чуў пра мноства выпадкаў, калі мяч трапляў людзям у галаву. Я быў сведкам і нават ахвярай шмат якіх падобных эпізодаў. І ніколі мяч, дакранаючыся да чыёйсьці галавы, не лопаўся. Зрэшты, здзіўляцца гэтаму я занадта не стаў. У думках я вяртаўся а вяртаўся да словаў Карыны Кляшторнай пра Алісу. «А яна на Дзімку асабліва і не спадзяецца», – пульсавала ў маіх глуздах і рэхам адбівалася ў гузаку, які вылез на лобе пасля ўдару мячыкам. Я намагаўся рацыяналізаваць Карыніны словы, каб не мець лішняе спакусы ўбачыць у іх адрасны намёк. У галаве гула пясчаная марсіянская бура, і здавалася, што вось-вось з вушэй пасыплецца пясок чырвонае планеты.

На плошчы я ўскочыў у зялёны айчынны аўтобус і ўсеўся ля вакна, цалкам заняты той самай думкай. «А яна на Дзімку асабліва і не спадзяецца». Танаванае шкло змяняла натуральныя колеры заваконня. Неба аддавала чырванаватым адценнем.

– Яна магла гэта сказаць з самых розных прычынаў, – прыемны жаночы голас заказытаў маё вуха.

Я няўцямна адарваўся ад вакна і зірнуў налева. Побач са мной сядзела фенаменальнае прыгажосці жанчына ў кароткай барвовай сукенцы з тонкім паясочкам-ланцужком, які адно дзеля красы ляжаў на таліі. Беласнежныя валасы былі сабраныя ў два кранальныя дзявочыя хвосцікі. У блакітных вачах хавалася Атлантыда. У бляску пульхных вуснаў таілася Эльдарада. Легкадумны кірпаты носік быў выклікам усім багам нашага небеззаганнага сусвету.

– Хто вы? – саромеючыся зірнуць на ногі незнаёмкі, ціха спытаў я.

– Гэта цяжка патлумачыць, – адказала яна і падарыла мне ўсмешку моднае фотамадэлі, якая спусцілася са сваіх глямурных алімпаў, каб дзеля пацехі пакатацца на аўтобусе Мінскага аўтамабільнага заводу. Падарыла і папрасіла ўзаемнае ласкі: – Прашу вас, не задавайцеся пытаннем наконт таго, хто я. Вы можаце называць мяне як сабе хочаце – Ізольда, Джульета, Мальвіна, Аэліта…

Яна ўсміхнулася, кранальна зморшчыўшы носік. Мяне агарнула нейкае падабенства страху – аўтобус імчаўся па звыклым маршруце, але краявіды за вокнамі былі спрэс марсіянскімі. Ні табе дрэваў, ні звыклых мікрараёнаў. Толькі асфальтаваная дарога праз чырвоную пустэльню ўкрытую мноствам заінелых камянёў. Там, дзе мусілі б быць новабудоўлі, круціліся пыльныя віхуры.

– Дык вось, – не зважаючы на маё здумленне, прадоўжыла Аэліта, – Карына магла сказаць тую фразу па розных прычынах. Яна магла папросту канстатаваць факт – хлопец пры Алісе адно дзеля прыліку. Каб быў. Каб не адставаць ад сябровак. Ён быццам модны аксесуар, але насамрэч непатрэбны Алісе. Магчыма, што Карына ведае, хто Алісе сапраўды патрэбны. А можа быць яна такім чынам спрабавала зняславіць Алісу. Маўляў, пабачце, якая амаральная дзяўчынка – з адным хлопцам сустракаецца, а трох дзяцей мяркуе нажыць з кімсьці іншым. Так ці інакш, мы не ведаем, на каго згодна з версіяй Карыны, Аліса спадзяецца. Усе нашы высновы без дастатковых звестак будуць толькі дадумваннем.

– Але чаму Кляшторная на мяне так пільна паглядзела? – маё пытанне прагучала гэтак жа нягегла, як індастрыял у выкананні крамлёўскага акына ля падножжа марсіянскага сфінкса.

– Вось з такіх пытанняў дадумванне і пачынаецца, – яна зрабіла стродкі выгляд. – А калі б яна пры гэтым яшчэ б і чупа-чупс смактала? Што б вы тады падумалі? Якія званы загучалі б у вашай галаве? Якія б званкі? Дзынь, дзынь, дзынь…

Я рэзка падхапіўся з ложка, адарваўшы ад падушкі цяжкую, як каменны блок для піраміды Хеопса, галаву. Бардовы хатні тэлефон заходзіўся нахабна настойлівымі трэлямі. Я схапіў слухаўку, нібы змяю, якую збіраўся задушыць ці прынамсі пазбавіць атруты.

– Алё, – выгукнуў незадаволена я.

– Здароў. Ты што, спаў? – пачуўся ў слухаўцы голас майго даўняга камрада Мікаэла Бухоўскага. З пэўных часоў я стаў адносіць яго да шматлікіх ценяў майго перакрэсленага мінулага. Але ён раз-пораз нагадваў пра сябе раптоўнымі тэлефанаваннямі і прадказальнымі прапановамі – набухацца. Нас некалі звялі «Вытокі». Нас колісь пасварыў факт майго заляцання да яго дзяўчыны – молодой и неопытной вытоковки, якая, не могучы разабрацца ў сабе, удзячна прыняла маю да яе ўвагу. Прыняла, каб урэшце разабрацца і вярнуцца да Бухоўскага, а мяне адштурхнуць у лёд любоўнае Антарктыды. У стане гэткай абледзянеласці я выглядаў досыць бяспечна, і Мікаэл без асаблівае рызыкі аднавіў нашае спабутэльніцтва, як мы аднойчы назвалі гэта, зазірнуўшы спачатку ў бутэльку, а потым у слоўнік Ластоўскага. Гарэлка, зялёныя аліўкі і Ксеня Чудатворная, якая піла з намі, каб яе каханаму Мікаэлу дасталася менш, зрабіліся негалосным сімвалам вытокаўскіх пасядзелак апошняга перыяду іх існавання. А потым усё знікла. Ці можа быць я сам захацеў, каб яно знікла для мяне. Але незалежна ад майго жадання цені перакрэсленага мінулага нагадвалі пра сябе, не разумеючы, што прычыняюцца да з’яўлення хвараблівых успамінаў… – Здароў, – суха павітаўся я і замаўчаў, здагадваючыся, што скажа Бухоўскі.

– Ета самае, тут прапазіцыя адна тупічаская ёсць, – ён няўклюдна спрабаваў выкарыстоўваць наш колішні слэнг, – давай набухаемся!

– Шампанскім? – падыгрываючы яго настальгічным ноткам, удакладніў я.

– Хо-хо-хо, – засмяяўся Мікаэл. – Не, не шампанскім. Беленькай.

Мяне заўжды перасмыкала, калі нехта гарэлку называў беленькай. У маіх вушах гэта гучала, як наўмысна фальшывы камплімент.

– Па-першае, я гарэлку даўно не п’ю. А па-другое, у мяне заўтра важная сустрэча.

– Вой, якая ў цябе ўжо там важная сустрэча? – праігнараваўшы маё «па-першае», скептычна чмыхнуў Бухоўскі. Скепсіс ягоны быў досыць ліпкі, нібыта Мікаэл з’яўляўся носьбітам ісціны ў апошняй інстанцыі і з гэтае вежы выразна бачыў: ні з кім ніякіх сустрэч у мяне няма і быць не можа ў прынцыпе.

– Чалавек з культурнай канторы прыходзіць, – яшчэ больш стрымана прамовіў я.

Узнікла паўза. Бухоўскі колькі секунд думаў, а потым выдаў: – А чорт з ім.

– Чорт не чорт, а жартаваць не выпадае.

– Дык давай заўтра на піва, раз ты беленькую не паважаеш.

Скачкі яго думак мяне ўражвалі.

– Толькі пасля сустрэчы з чалавекам, – паставіў умову я.

– Я табе пазваню. Ты на ноч пачытай Біблію і «Малы канспіратар».

Дарадца хрэнаў.

Але я ўзяў з паліцы і адну, і другую кнігу, каб разгарнуць іх наўгад і прачытаць, зліваючы цытаты ў цэлае: «Запішы ўяву і накрэслі ясна на скрыжалях, каб чытач мог лёгка прачытаць, бо ўява стасуецца яшчэ з пэўным часам і гаворыць пра канец і не ашукае. Калі ты не хочаш казаць, абараняючы сябе, магчыма, захочаш абараняць іншых, абараняць справу, даводзячы чысціню сваіх подумаў і метадаў змагання». Я вярнуў кнігі на іх месцы. У галаве ад прачытанага нічога не засталося. Мяне сушылі зусім іншыя думкі. І з гэтым трэба было або мірыцца, або біцца. Я абіраў сярэдзінны варыянт: прыхапіўшы дошку для вэбсёрфінгу, сыходзіў у сеціва. Сайты, блогі, коменты руляць. Галоўнае своечасова вярнуцца, каб, лёгшы спаць, не ўбачыць у сне мудрагелісты скрыпт ці код памылкі 404.

17

У суботу ў школе было нешматлюдна. Займаліся толькі профільныя класы, дый тыя не ў поўным складзе, бо для многіх вучняў дзень гэты ўяўляўся выходным. І ні профіль, ні шнобель іх зусім не хваляваў. Мае збольшага ўсе прысутнічалі. Абступіўшы мяне, яны на ўзахапы распытвалі пра маё самаадчуванне. Я ўсміхаўся і гаварыў: «Не дачакаецеся». Яны ўсміхаліся ў адказ і бажыліся, што не зычаць мне кепскай долі.

– Бедны, Эрнест Скіргайлавіч, – спачувальна прамовіла Аліса Селязнёва. – Гэта ж так атрымалася, наўмысна не прыдумаеш.

– Проста не трэба было нас адпраўляць дамоў так рана. Мы б вас дакладна ад гэтай нягоды ўратавалі, – заявіла Лера Булатнікава, але без крыўды, якая лілася з яе кагадзе.

– На самой справе ва ўсім вінаватыя мы – хлапцы, што гулялі ў футбол, – пасыпаў вірутальным попелам сваю галаву і галовы іншых футбалістаў Грыша Стахіевіч.

Я працягваў усміхацца. «Не ўсё так кепска», – думалася мне. Званок пагнаў мой 11 «А» на матэматыку. Я застаўся на калідоры адзін, збіраючыся ісці ў якую-небудзь пустую аўдыторыю, каб да прыходу госця з КНАКС праверыць некалькі стосаў сшыткаў з храналагічнымі табліцамі. Я павярнуўся і пацягнуўся ў настаўніцкую, каб спраўдзіць расклад заняткаў. Не дайшоўшы да яе, сутыкнуўся з настаўнікам фізікі. Той акурат замыкаў свой кабінет.

– А там урокі яшчэ будуць? – не дзеля парожняе цікавасці спытаўся я.

– Здаецца, не. А што ты хацеў?

Было ў яго манеры задаваць пытанні нешта кіношнае. І гэтым разам Майсюк нагадваў дзіўнае спалучэнне тыповага белагвардзейскага контрразведчыка з савецкіх фільмаў і аднаго з бедакоў, што хацелі дастукацца да нябёсаў у культавым нямецкім фільме.

– Вольная аўдыторыя патрэбна, – сілячыся ўдаваць крэпкага арэшка са згушчонкай і каньяком, тлумачыў я. – Дзядзька адзін прыйдзе. Гутарка сур’ёзная мае быць.

– Ды, калі ласка, – Ярык працягнуў мне ключ. – А дакладна дзядзька? Бо калі цётка ці там лялечка якая, то я магу і лабаранцкую саступіць. Пад тваю адказнасць. Кушэткі, праўда, там няма. Але ёсць нядрэнны, як для нашых теренів, – ён чамусьці ўкруціў украінскае слова, – выбар напояў. Зноў жа, пад тваю адказнасць.

Адмовіўшыся ад яго велікадушнай прапановы, я неўзабаве перацягнуў сшыткі ў кабінет фізікі. Было душнавата. Я адчыніў вакно і з хвіліну ўзіраўся ў незвычайную нябесную сінь. Рабілася мутарна. Давялося прымушаць сябе ўзяцца-ткі за праверку табліц. Напалеонаўскія войны ў Еўропе. Храналогія. Асноўныя падзеі. Вынікі. Вуркатанне жывата. Фіёлкі ўваччу. Ваенная дыктатура з апорай на буржуазію. Горш за ўсё – чакаць і даганяць. Знішчэнне феадальна-абсалютысцкіх парадкаў. От беспорядка всяко дело шатко. Работы не правяраліся. Думкі скакалі. Позірк слізгацеў па вучнёўскіх грымзолях. Выхапіць каліва сэнсу было цяжка. Я кляпаў дзясятку за дзясяткай адно толькі за прысутнасць ахайна выкананай табліцы без увагі на змест, дзе Напалеон зусім спакойна мог скарыць увесь белы свет і нават дастукацца да нябёсаў, будучы ўсяго толькі смачным торцікам…

Старэча Сімэнс адарваў мяне ад штампавання адзнак. Відаў-Вошчанка ўдакладніў, ці я на месцы і на якім канкрэтна. Голас ягоны гучаў так, нібыта ён званіў з поля бітвы пад Ватэрлоо. Мой голас гучаў так, быццам я міма маёй волі апынуўся ў сталіцы Хазарскага каганату. Пасля тэлефанавання мяне пачало мліць ад аднаго выгляду сшыткаў. Я стаў нецярпліва хадзіць па аўдыторыі, раз-пораз высоўваючы галаву ў вакно, каб глытнуць уяўна свежага паветра. Я хваляваўся. Я спрабаваў намаляваць у думках фінал гэтай сустрэчы, але не мог, як ні стараўся. «Запішы ўяву і накрэслі ясна на скрыжалях, даводзячы чысціню сваіх подумаў і метадаў змагання».

Праз дзесяць хвілін пасля тэлефанавання дзверы ў кабінет расчыніліся. На парозе стаяў невысокі незнаёмец у чорным гарнітуры пры гальштуку. На ўсялякі выпадак, ён спытаў, ці я гэта насамрэч я, а потым, працягваючы руку для вітання, яшчэ раз поўнасцю назваў сябе. Я прапанаваў госцю сесці за першую парту. Ён зрабіў выгляд, што сумеўся, але прапанову прыняў. Мы абодва ўселіся на цяжкую дубовую лаўку – парадаксальна ацалелую спадчыну савецкіх часоў.

– Я ў горадзе, можна сказаць, новы чалавек, – пачаў гутарку супрацоўнік. – Зямляк і сябар вашае калегі Марыны Нарымунтаўны. Са Старапалеску. Вось. А да вас, Эрнест Скіргайлавіч, маю некалькі пытанняў.

– Калі меркаваць з таго, што мне казала Любартава, я наўрад ці магу быць вам карысным. Адкуль мне ведаць пра чорных капачоў?

– Папраўдзе гаворка не пра звычайных чорных археолагаў, а пра секту «Кангрэгацыя кібернетычных байцоў». Дакладней, пра яе тутэйшых прыхільнікаў. Чулі пра іх?

– Абсалютна нічога.

– Гэта секта хакераў, – як цярплівы педагог, паведаміў госць. – Ведаеце, хто такія хакеры?

– Сёння, бадай, і першакласнікі гэта ведаюць, – усміхнуўся я. – Але якая сувязь паміж кампутарнымі злачынцамі і нелегальнай археалогіяй?

– Сувязь прамая і вельмі шчыльная: яны адначасова і хакеры, і капачы.

– Ваў, – на заходні манер выразіў я здзіўленне, спрабуючы зразумець, ці не сыплюць мне жвір у вочы, а калі сыплюць, дык з якой мэтай.

Візітоўца мяне заінтрыгаваў. Я ўважліва паглядзеў на яго. Твар Сяргея Аляксандравіча быў цалкам сур’ёзным, як традыцыйны падручнік па вышэйшай матэматыцы. Я, калі б нават вельмі захацеў, такой ступені сур’ёзнасці прадэманстраваць не здолеў бы. Вочы ўсё адно выдалі б усмешлівы агеньчык. Гэта ведалі многія мае калегі і вучні. Некаторыя з апошніх нават згадвалі пра гэта ў сваіх творчых работах, прысвечаных адметнасцям чалавечае псіхалогіі. У гэты раз мне рабілася ніякавата ад таго, што смяшлівасць маіх вачэй будзе сведчыць супраць мяне, і прадстаўнік КНАКС не стане верыць маім словам. Я намагаўся паходаць сваю ніякаватасць і пастанавіў не ўтаймоўваць тое, што стала не проста звычкай, а сапраўднай фізіялагічнай з’явай.

– Усё ж не разумею сэнсу нашай сустрэчы, – я заўсміхаўся на ўсе вочы, але твар госця не змяніўся.

– Названая секта, – сцішаным, але цвёрдым, бы сэрцы сталінградцаў, голасам прамовіў ён, – вызнае веру ў тое, што наш свет ёсць кампутарнай сімуляцыяй, а ўсе людзі з’яўляюцца часткай вялізнай кампутарнай праграмы невядомых магутных творцаў.

– Так званая матрычная тэорыя. Я распавядаю пра яе поруч з іншымі тэорыямі сваім вучням, – прыткнуў і я ў гутарку свае тры грошыкі.

– Я ў курсе, – перапыніў мяне Сяргей Аляксандравіч.

Маё сэрца ёкнула. «Блефуе», – падумаў я. Але госць, як нічога ніякага, працягваў даваць мне зразумець, што ён ведае пра мяне вой як багата.

– Так, я ў курсе, – паўтарыўся ён. – І гэта адна з прычын, па якой мы мусілі звярнуцца да вас.

– Хіба я эксперт у гэтай галіне? Начуткам ведаю і не больш.

– Але прызнайцеся, што вы прыхільнік менавіта матрычнай тэорыі.

На гэты раз госць прадэманстраваў сваё ўменне ўсміхацца вачыма.

– Не, мяне не задавальняе ніводная з існых канцэпцыяў паходжання чалавека. Бо гаворачы пра тое, што чалавека стварылі багі, іншапланетнікі ці праграмісты, ніводная з іх не паведамляе, хто ж стварыў саміх багоў, іншапланетнікаў, праграмістаў. А ў эвалюцыйнай тэорыі шмат супярэчнасцяў і пытанняў іншага кшталту.

– Дык вы ў бога не верыце?

– Вы пра рэлігію? Ведаеце, я да канца з гэтым не вызначыўся. Не, бываюць моманты, калі я звяртаюся да бога, малюся. Але ў залежнасці ад сітуацыі я магу чытаць «Ойча наш», а магу казаць «Алах акбар»… – Дзіўна, – сказаў Відаў-Вошчанка і марна паспрабаваў адшукаць у сваім багажы маску здзіўлення. – А не баіцеся за гэта ў пекле гарэць?

– Гарэць? Гарэць не баюся, – нечакана жвава я перахапіў у суразмоўцы мячык ініцыятывы, і мяне панесла да варотаў, дарма што поле было не меншым, чым поле бітвы пры Гаўгамелах. – Як-небудзь прыцярплюся. Беларус усё-ткі. Агонь, пэўна, не самае страшнае ў параўнанні з бясконцым зубным болем ці з пухірамі, якія надзімаюцца на целе ад лютага холаду. Зрэшты, вышэйшая існасць, калі яна ёсць і насамрэч жадае нас пасля смерці пакараць за правіны, напэўна здолее прыдумаць нешта больш выкшталцонае, чым які-кольвек расплаўлены свінец.

– Што вы маеце на ўвазе? – спытаў госць, нібы адзіны футбаліст супернікаў, які змог мяне дагнаць, але мяч перахапіць не мае сілаў.

– Бясконцае кола рэінкарнацыяў. Мяне гэта сапраўды пужае. Я гэта ва ўніверсітэце ўсвядоміў. На занятках фізічнага выхавання. Бяжыш, кругі наразаеш, шалёна стамляешся, язык на плечы вешаеш і, галоўнае, ніякага сэнсу ў гэтай бегатні не бачыш, але мусіш бегчы ў спадзяванні на залік аўтаматам у канцы семестра.

– Цікава, а пра што думаў на занятках фізкультуры Гары Потэр? – пытанне было настолькі неспадзяваным, што я адразу ж прымроіў рэзкую развязку прыдуманай футбольнай баталіі: супернік, які толькі што бег недзе за плячыма, апынаецца проста перада мной, і да таго ж у баксёрскіх пальчатках, апранутых не дзеля прыгажосці. Пытаннем пра Гары Потэра візітоўца даў мне зразумець, што казкі я магу баяць, але верыць у іх ён не збіраецца, як, зрэшты, і не збіраецца пераязджаць мяне камбайнам.

– Вы, безумоўна, маеце права верыць у рэінкарнацыі, лётаць на мятле ці мець падобна аднаму з Ілжэдзімітрыяў сваё ўласнае пекла – гэткі луна-парк навыварат, – прамаўляў Відаў-Вошчанка. – Вы нават можаце верыць у тое, што Святагор не ўвесь памёр, а недзе лёг спачыць. Але пры ўсім пры тым было б не кепска, каб вы нам дапамаглі канструктыўным супрацоўніцтвам.

– Вы хочаце мяне ўзяць да сябе на працу? – насцярожана, як вожык перад сцяной радыеактыўнага туману, спытаў я.

– Ну, што вы! – дзіўнавата схамянуўся Сяргей Аляксандравіч і накінуў на твар трагічную маску з запасаў старжытнагрэцкага тэатру.

Мяне ўвадначас стала пляжыць дураслівае пытанне: супрацоўнікам КНАКС выдаюць адразу гатовыя маскі ці толькі тэатральныя грошы, каб з маскамі яны расстараліся самастойна ў ходзе непасрэднай работы.

– У вашым канкрэтным выпадку гаворка ідзе аб разавай дапамозе. Прынамсі, на дадзены момант, – патлумачыў госць.

– І вы думаеце, я нешта ведаю пра «Кангрэгацыю кібернетычных байцоў»?

– Ёсць меркаванне, што секта можа цікавіцца вамі.

– З якой такой радасці? – перасмыкнула мяне ад неспадзяванкі.

– Яны шукаюць аднарога. А вы з’яўляецеся ці не адзіным на ўсю рэспубліку спецыялістам па аднарогах. Цудоўная публікацыя ў газеце «Над шумам дзён» – добрае таму пацверджанне.

Мае вочы не проста палезлі на лоб – яны з’ехалі туды хуткасным ліфтам.

– Гэта была ўсяго толькі літаратурна-гістарычная містыфікацыя і не больш, – з вышыні хмарачоса свайго здзіўлення спрабаваў запярэчыць я.

– Не мне вам тлумачыць, што містыфікацыі маюць неверагодную здольнасць абарочвацца рэальнымі наступствамі. Згадайце хаця б «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў» ці псеўдадакументальную радыёпастаноўку рамана «Вайна сусветаў» Герберта Уэлса… – І чым жа маё эсэ пра аднарогаў магло натхніць удзельнікаў хакерскае секты? – скочыў я з хмарачосу здзіўлення ў басейн скептычнасці. – Навошта ім аднарог пры іх веры ў свет як кампутарную сімуляцыю? Дый, што значыць шукаць аднарога, калі такіх жывёл не існуе?

– Хакеры могуць палічыць вас за чалавека, які далучаны да сакральных ведаў, – спакойна, нетаропка, нібы збіраючы рассыпаны ў пясок мак, тлумачыў ён. – Аднарог тут паўстае як метафара для азначэння якраз такога чалавека. Вы прыводзілі ў сваім эсэ вытрымку з сярэднявечнага трактата пра галоўны спосаб палявання на аднарога: «панну цнатлівую прывесці ў лес, абы звер, усчуўшы пах ейнай беспахібнасці, зызволіў прыйсці голаў свой пакласці ёй на ўлонне, аддаючыся у цянёты лоўчых». Удзельнікі секты перакананыя, што падчас апускання аднарога да ног дзяўчыны ў кампутарнай сімуляцыі ўзнікае нешта накшталт пралому, своеасаблівага шлюзу ці каналу, з дапамогай якога выяўляецца магчымым кіраваць пэўнай часткай нашай рэальнасці і ствараць ці не любыя яе артэфакты з мінімальнымі намаганнямі. Прынамсі, яны лічаць, што маюць патрэбныя здольнасці, каб запраграмаваць усё, што захочуць – ад зубачысткі да міжкантынентальнай балістычнай ракеты. Вы разумееце, чым небяспечны плён такіх праграмаванняў? Гэта ж азначае ўзнікненне наймагутнейшай тэрарыстычнай групоўкі, якая па забяспечанасці матэрыяльнымі рэсурсамі заткне за пояс усіх тэрарыстаў свету узятых разам. У бліжэйшай перспектыве яна можа стварыць важкую канкурэнцыю і яўную пагрозу нават самым развітым краінам свету. І тут яшчэ не бярэцца пад увагу імавернасць таго, што сектанты пачнуць ствараць людзей, бо нават падумаць страшна, якую армію яны ў выніку атрымаюць – пакорлівыя салдаты Урфін Джуса. – Жаўнеры Хведара Набілкіна, – застаючыся ў басейне скептычнасці, я прыняў з рук паўаголенай афіцыянтачкі Свядомасці келіх іроніі з цытрынавым сокам.

– Вы не верыце?

– Я дапускаю тое, што нехта можа так думаць, але паверыць у рэальнасць усяго гэтага трызнення я адмаўляюся. Каналы, шлюзы, праломы. Суцэльная лухта, якая нават гістарычнаму канону не адпавядае. Мне не даводзілася бачыць ніводнага сярэднявечнага сведчання, што падзенне аднарога да ног цнатлівіцы можа адкрываць нейкія каналы. Людзям проста няма чаго рабіць, вось яны і гуляюцца ў цацкі, якія самі і выдумляюць, бо хочуць выдумляць. Камусьці карціць кубак Грааля адшукаць, а хтосьці задаволены удзелам у «Схватцы».

– Ваш скепсіс адносна хакераў цалкам зразумелы. Мы самі сумняваемся. Але мусім правяраць любую інфармацыю пра нечыя планы ці дзеянні, што могуць прычыніць шкоду не толькі культурнай спадчыне Беларусі, але разам з тым і бяспецы нашай дзяржавы. Вы як патрыёт, напэўна, усведамляеце значэнне нашай работы. Калі мы атрымліваем вестку, што дзядзька Харытон Куторга хоча зрабіць ядзерную бомбу, мы не маем права пакінуць гэты сігнал без увагі, хаця і разумеем, што ядзерная бомба не самагонны апарат, і яе проста са спадручных матэрыялаў не збярэш. Вось. Што да гістарычнага канону, дык вы цудоўна ведаеце, што заўсёды мажліва адвольна інтэрпрэтаваць, падганяць факты пад пэўную ідэю, нават самую абсурдную. У выпадку з «Кангрэгацыяй кібернетычных байцоў» маем грымучую сумесь легендаў, іх фантастычных інтэрпрэтацыяў і элементарнага дадумвання. Няма сведчання пра адкрыццё канала? Тае бяды! Можна ж прыдумаць, прыцягнуўшы за вушы сведчанні з пабочнага кантэксту. Народныя казкі не раз упамінаюць чароўны рог дастатку. З рога ўсяго многа, толькі паспявай жадаць. Чым жа з’яўленне прадметаў з ніадкуль не нагадвае маніпуляванне кампутарнай сімуляцыяй?

– Добра, дапусцім, што так яно і ёсць у іх свядомасці. Тады мяне цікавяць адказы на два пытанні. Першае – навошта хакерам сувязь з чорнымі археолагамі? Другое – як я пры сваёй камплекцыі магу прэтэндаваць на званне «прыгожага і статнага высакароднага звера інарожца»? Вы паглядзіце на маё пуза, я ж не аднарог, а хутчэй які-небудзь Жаўтун-Баўтун.

– Што тычыцца першага пытання, дык скажу, што ва ўсе названыя мной хітраспляценні дадаецца яшчэ адзін нюансік – шлюз адкрыецца пры іншых умовах, але толькі на месцы старажытных капішчаў ці іншых рытуальных месцаў. Могілак, напрыклад. Чорныя капачы маюць масу падобнай інфармацыі, і ў такім разе вельмі проста будзе суаднесці штодзённы маршрут патэнцыйнага аднарога з прыдатнымі для адкрыцця канала пунктамі. Нават калі супадзенняў не знойдзецца, маршрут заўжды можна падкарэктаваць штучным чынам: падстроіць катастрофу, бойку ўчыніць, толькі б аднарог зрушыў са свайго шляху. Што да другога пытання, дык паверце мне, аднарог не павінен быць прыгожым і статным, як яго апісвалі сярэднявечныя аўтары. Галоўнае не знешні выгляд, а ўнутраная сутнасць. Сёй-той можа быць з выгляду мяккім і пухнатым, а ўсярэдзіне ж ён biomechanical artificial lifeform assembled for ceaseless harm and online nullification. І наадварот.

– Ведаеце, у мяне няма ні каліва ўпэўненасці, што гэтыя адмарозкі маглі вылічыць маю ўнутраную сутнасць па змесце артыкула пра аднарогаў. Дый носьбітам сакральных ведаў я сябе назваць не магу. Усё гэта недарэчная памылка.

Мой суразмоўца збіраўся запярэчыць, але раптоўна змоўк і знерухомеў, пазіраючы шырока расплюшчанымі вачыма ў бок адчыненага вакна. Я аўтаматычна павярнуў галаву і аслупянеў – у вакно заляцеў чорны шарападобны згустак, ад якога сыходзіла дастаткова добра чутнае траскатанне. «Шаравая маланка», – звышгукавым самалётам праляцела думка. Наступствы сустрэчаў з падобнымі феноменамі нашай рэчаіснасці маглі быць самымі плачлівымі. Калі б чорны згустак не лунаў усяго ў адным метры ад мяне, я б ускочыў і выбег на калідор. Але гранічная блізіня змушала нерухома сядзець і амаль не дыхаць у спадзеве на тое, што паводзіны шаравой маланкі не набудуць скрайняй агрэсіўнасці. Сяргей Аляксандравіч рабіў тое самае.

Палунаўшы ля вакна, згустак паляцеў да настаўніцкага стала, дзе ляжалі сшыткі. Але там ён не забавіўся, а наадварот зрабіў рэзкі рух угору, нібы адскочыў ад пакінутага мной разгорнутым сшытка, які пах тытунём. Можна было падумаць, што чорны шар стукнецца ў столю, праб’е яе і працягне свае подзвігі ў кабінеце хіміі. Але я памыліўся. Згустак на некалькі імгненняў завіс трохі вышэй за дошку, з якой Ярык не прыбраў назву тэмы «Свабодныя і вымушаныя ваганні. Рэзананс», а тады скіраваўся ў наш бок. Я перастаў дыхаць зусім. Шаравая маланка падляцела да нас амаль ушчыльную. Яна спынілася перад самым маім носам. Паветра зрабілася неймаверна гарачым. Я зачаравана глядзеў на маланку. Мая зачараванасць была роднай сястрой майго неўтаймоўнага страху перад невядомасцю. «Адзін рух, і яна адарве табе галаву ці вырве сэрца», – цвердзіў страх, і я даваў яму веры.

Дзверы ў кабінет знянацку адчыніліся, і разам з моцным скразняком у сярэдзіну ўварваўся голас настаўніцы матэматыкі Рагнеды Іванаўны: – Во, дзе ты хаваешся, Эрнесцік.

«Гамон», – міжволі падумалася мне ў тую секунду. Аднак, на дзіва, шаравая маланка знікла: ці то ад скразняку, ці то ад голасу маёй каляжанкі.

– О, ты з сябрам. Добры дзень, – як нічога ніякага гаварыла Рагнеда. – Я вам не перашкоджу?

Я з цяжкасцю павярнуўся тварам да яе і візітоўца.

– Ух ты ж, – усклікнула каляжанка, разглядаючы маю галаву. – Ты сабе меліраванне зрабіў ці што? Прыгожанька.

Я атарапела зіркнуў на яе і, падазраючы нядобрае, выдаў адчэпнага: – Эксперыменты з іміджам.

Госць з КНАКС працягваў маўчаць. Твар яго быў зусім белым, як у японскіх актораў з тэатру кабукі.

– Дык я не перашкоджу? – Рагнеда паўтарыла пытанне.

– Не перашкодзіце, – пачаў агоўтвацца Відаў-Вошчанка. – Я ўжо сыходжу. А вы, Эрнест Скіргайлавіч, падумайце над тым, што я сказаў, і калі ўзнікне неабходнасць, то абавязкова тэлефануйце. Я па сваёй лініі буду рабіць усё, што магчыма. Але ж самі мусіце разумець, на ўсё маіх сілаў не хопіць.

Я не сказаў яму нічога пэўнага, і мы развіталіся.

Рагнеда заінтрыгавана ўсміхалася і марна спрабавала даведацца што-небудзь пра майго сябра. Стаміўшыся ад маіх аднекванняў, яна нарэшце сказала тое, дзеля чаго ўласна і завітала: – Давай сёння куды-небудзь сходзім.

– А што за нагода для гэткіх прапановаў? – нядбала кінуў я, жадаючы хутчэй зірнуць у бліжэйшае люстэрка.

– А табе ўсё нагоды патрабуюцца, – уздыхнула Андрамедава. – Падабаешся ты мне. Гэта важкая нагода?

– У мяне няма ні часу, ні натхнення, каб жартаваць, – не змякчаючы тону сказаў я, і рушыў да стала, каб сабраць сшыткі.

Пад храналагічнай табліцай на старонцы сшытка, ад якога зусім нядаўна адскочыла шаравая маланка, красаваў чорны адбітак вуснаў. Я з празмернай горыччу працадзіў скрозь зубы: «Blödsinn!» і плюнуў праз левае плячо з думкаю, што гэтая работа вяртанню назад не падлягае. Рагнеда ўспрыняла мае чмыханні на свой рахунак.

– Што ж ты такі няўмольны, Эрнесцік? – яна спрабавала дадаць у словы долю жартаўлівасці. – Я ж табе не прапаную жаніцца, а толькі троху гульнуць. Карона з тваёй галавы не ўпадзе, калі падорыш капачку ласкі адзінокай жанчыне.

Я адразу ж схапіўся за галаву, быццам на ёй і насамрэч была карона. Яна ўспрыняла мой жэст за блазнаванне і захіхікала, чакаючы адказу.

– У цябе ёсць муж, – падобна самаму правільнаму праведніку ціха прамовіў я.

– Муж аб’еўся груш. Мы ўлетку на развод падалі, – з сумам паведаміла жанчына.

– Віншую, – стрымана зрэагаваў я і, падхапіўшы гару сшыткаў, накіраваўся да дзвярэй.

– А можа ты гей? – адважылася Рагнеда на адну з любімых жаноцкіх правакацый. Паводле логікі рэчаў я як сапраўдны мужык мусіў бы гнеўна абурыцца і запярэчыць, а яна папрасіла б рэчыўных доказаў у выглядзе той самай капачкі ласкі, пра якую цвердзілася кагадзе. Але мне хацелася свістаць на логіку, і ў адказ на сваё пытанне каляжанка пачула ад мяне толькі адну фразу: – Я не гей, я злобны підар.

– Блазан ты, а не підар! – усхадзілася яна і шпарка вылецела з кабінета, выбіўшы з маіх рук гарапашныя вучнёўскія сшыткі.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации