Электронная библиотека » Сяргей Дубавец » » онлайн чтение - страница 1


  • Текст добавлен: 1 ноября 2018, 12:40


Автор книги: Сяргей Дубавец


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц) [доступный отрывок для чтения: 2 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Сяргей Дубавец
Сіні карабель у блакітным моры плыве

© Дубавец, С., 2014

© Ковчег, 2014

© Распаўсюджванне e-book, ТАА «Электронная кнігарня», 2018

Шукальнікі вечнасьці

Зь першае ноты валторна гучыць як паніхіда. Гэта хаўтуры па табе. У пачатку заўсёды зашыфраваны канец. Але табе не канец, значыць, гэта толькі гульня, толькі шыфр, і ўсё толькі пачынаецца. Вось валторна саскочыла на другую ноту, крыху замарудзіла, каб ты яшчэ раз засумняваўся. І вось ужо трэцяя і чацьвертая ноты. Не канец! Што, безумоўна, дадае ўпэўненасьці. А тут яшчэ расчулася раптам трымценьне струнных – пачалася артпадрыхтоўка да чагосьці большага. Гэта пагрозьлівае нізкае трымценьне, але ў той пагрозе, што раз-пораз нарастае і ўздымаецца ўгору, ужо прамалёўваецца прадчуваньне шчасьця. Яшчэ крыху, і ўступяць габоі.

Ты кажаш, што твор пасрэдны. Я і сам здагадваюся. Але што з таго, калі мне гэта падабаецца слухаць? У дзяцінстве я валторны з габоямі не разумеў, а трубу дык і проста ненавідзеў. Так яна страшна выла, калі пад вокнамі праходзіла жалобная працэсія, і даводзілася зашывацца ў самы далёкі і цёмны кут. Але яна даставала і там. Не было ратунку.

А цяпер – вось яны, габоі! І на іх проста зьверху – нібы коньніца-лётніца – скрыпкі – навальваюцца ўсёй сваёй мітусьнёй… Ведаеш, у дзяцінстве мы не ўспрымаем гукі, што напоўненыя сакральным зьместам. Часта ў чалавека гэтае неразуменьне застаецца на ўсё жыцьцё. Здавалася б, ён дарос ужо да таямніцаў сакрамэнту, і валторны з габоямі раптам сталі сэнсоўнымі і важнымі. Але толькі не для яго. Ён папросту ня вырас.

А ты ці вырас? Калі спалохаўся паніхіды, гэта яшчэ нічога ня значыць. Сапраўды, пахавальныя працэсіі ў дзяцінстве млосныя і страшныя. Пакуль ты не зразумеў, што ў кожным канцы зашыфраваны пачатак. Гэта калі ты на вуліцы раптам сустрэўся з гукамі жалобнага маршу. А ў мастацтве ўсё наадварот. Цябе проста зьбілі з тропу. Ты думаў, што ўлавіў гукі канца. Складальнікі музыкі любяць такія штукі. У іх гэта называецца – катарсіс. Памятаеш, як Дастаеўскага вялі на сьмерць, а потым сказалі, што стоп! усё адмяняецца. Ты стаіш бяздумна і раптам чуеш – птушкі пяюць.

Нашы валторны паўтараюць гэты выпадак з твору ў твор. Каб ты перажыў катарсіс. І пакуль ніхто ня ведае, як гэта ўсё растлумачыць, яно дзейнічае. Бо няма лепшага спосабу захапіць увагу, падрыхтаваць тваю істоту да апавяданьня, якое разгорнецца зусім хутка. Важна, што ты ўжо тут, ты ўжо ня толькі чакаеш, але ты наструнены ўвесь. І гэта добра. Гэта значыць, што гісторыя пачынаецца.

Кайлюс і Зелба. Зімовая казка

Віталю і Алене


Двое ахоўнікаў вайсковага стрэльбішча шарагоўцы Кайлюс і Зелба праводзілі ранішні агляд тэрыторыі. За лесам яны сышлі ў лагчыну, адкуль сьцежка паміж сумётаў вяла да ракі.

– Ці ты глядзеў, колькі сёньня?.. – спытаўся Кайлюс.

– Мінус сорак, – адказаў Зелба.

Шарагоўцы моўчкі спусьціліся зь невысокага берагу на гладкую ледзяную паверхню.

– Мінус сорак бывае ў гэтых краях раз на сто гадоў, – сказаў Кайлюс.

– Угу, – адказаў Зелба. – Столькі ж было ў год нашага прызыву.

Пад нагамі ў жаўнераў паўставалі карціны прамерзлага наскрозь падводнага сьвету: плыўкія водарасьці выгіналіся на некалькі крокаў, рыбіны замёрлі ў сваім увішным бегу, белыя бурбалкі нагадвалі россыпы зор.

– Юбілей, – стаў на месцы Зелба, – нам паложана падвойная пайка!

– Паложана-наложана, – мэханічна сказаў Кайлюс, не спыняючы хады.

Пад супрацьлеглым берагам, дзе ніцая вярба схілілася да ракі, зьмеціўшы нешта пад ільдом, Кайлюс раптам скочыў назад. Тое самае зрабіў і Зелба. Асьцярожна падаўшыся наперад, жаўнеры ўглядаліся ў ледзяную паверхню. Убачанае моцна ўражвала іх.

Пад ільдом сярод водарасьцяў застыла ў руху дзяўчына.

– Зусім не падобная да русалкі, – прашаптаў Зелба.

Тым часам Кайлюсу ад пераляку яшчэ не вярнулася мова. Ён абаўрэла разглядаў нечаканую відзежу, як нешта жаданае і, разам, забытае назаўжды.

Сапраўды, ані доўгіх косаў, ані жалезных грудзей у „русалкі“ не было.

Лёгкая сукенка, выгіны цела, усьмешка на вуснах, заплюшчаныя вочы – усё гэта змушала жаўнераў неадрыўна глядзець пад лёд і хвалявала сэрца.

– Прынцэса, – міжвольна прашаптаў Кайлюс.

– Ляля, – азваўся Зелба.

Такое „розначытаньне“ быццам ацьвярозіла іх, і яны, завядзёна пабраўшы вінтоўкі, рушылі звыклым маршрутам агляду – на супрацьлеглы бераг, з-за якога ўжо падымалася белае марознае сонца.

* * *

У пастарунку – невялікім будынку з сылікатнае цэглы – яны, як заўжды, варылі сабе ежу, чысьцілі амуніцыю і зброю, але пры тым не казалі ні слова ані пра „русалку“, ані пра свой юбілей. Яны маўчалі. Толькі бліжэй да поўдня першы прамовіў Зелба:

– Слухай, Кайлюс. Мы аглядаем тэрыторыю ўдвух дзеля таго, што можа спатрэбіцца прыкрыць адзін аднаго, альбо каб адзін, у разе патрэбы, пабег у пастарунак, а другі заставаўся на месцы здарэньня, праўда?

– Так напісана ў рэглямэнце, – пацьвердзіў Кайлюс.

– Толькі ж ніколі не было ў нас ніякіх здарэньняў. Аднойчы лось парваў агароджу, і ўсё. Але каб выявіць той прарыў, зусім ня трэба хадзіць разам.

– Можа і так, – недаверліва пагадзіўся Кайлюс.

– Мы вяртаемся з гэтых аглядаў галодныя, як сабакі, – узвысіў свой голас Зелба. – І пасьля яшчэ колькі часу гатуем ежу.

– Ты прапануеш зьмяніць рэглямэнт? – пачаў здагадвацца Кайлюс.

– Мы нічога ня будзем зьмяняць. Проста я буду хадзіць на агляд тэрыторыі, а ты будзеш гатаваць ежу.

Кайлюс задумаўся. Гатаваць ежу яму ня вельмі падабалася. І потым, ён ня менш за Зелбу хацеў яшчэ паглядзець на Прынцэсу. Таму ўрэшце Кайлюс сказаў:

– Лепей мы будзем усё рабіць на зьмену. Сёньня ты гатуеш, а заўтра я.

На тым і пагадзіліся.

* * *

Ноч выдалася такой непраглядна-цёмнай, што Кайлюс упершыню адчуў трывогу, а Зелба страх. Трывога была такой моцнай, што калі Кайлюс устаў папіць, конаўка выпала зь ягоных рук і бразнула аб падлогу. Страх таксама быў такі моцны, што калі Зелба выйшаў да ветру, ён колькі ні мацаў рукамі густую цемень, так і не знайшоў прыбіральні, якая заўсёды была каля капцёркі.

Кайлюс і Зелба што было моцы рабілі выгляд, што сьпяць, але ім ня спалася. І адна думка не выходзіла кожнаму з галавы: такое – упершыню.

Бліжэй да раніцы ім адлягло, і яны заснулі. Але і тут, у сьне, усё было ўпершыню, бо ніколі не здаралася, каб яны бачылі сны. Ад гэтага ім рабілася сорамна і кожны разумеў, што ніколі не раскажа свой сон другому.

Раніцай Зелба, здабыўшы сабе права першым пайсьці на агляд сам-адзін, рушыў ад пачатку пэрымэтру, але, як толькі яго ўжо нельга было ўбачыць з пастарунку, вобмельгам кінуўся да ракі.

Пад ніцаю вярбою ён на каленях рукамі рассоўваў рэдзенькі сьнег і леташняе лісьце зь ледзяное паверхні, пад якой зусім як жывая застыла Ляля. Уражаны зноў, і яшчэ больш, чым учора, Зелба гатовы быў глядзець на яе бясконца – на яе цела пад хвалямі лёгкай сукенкі, і хоць Ляля спала, здавалася, што ўсьміхаецца яна менавіта яму.

Але абавязак, нарэшце, пагнаў Зелбу ў пастарунак.

Калі пасьля абеду Кайлюс пайшоў нібыта па дровы, а насамрэч пабег да ракі, ледзяная паверхня пад вярбою была высьлізганая да бляску і нагадвала люстэрка. І Кайлюсу таксама падалося, што Прынцэса ў сьне ўсьміхаецца менавіта яму. Але тое, што перад ім тут быў Зелба, прымусіла яго задумацца.

Не, Кайлюс ня ведаў пачуцьцяў зайздрасьці або ўласнасьці або здрады. Ён, як і Зелба, ня ведаў ніякіх пачуцьцяў, апроч натуральных чалавечых патрэбаў. За ўсю іхную супольную службу выпадак з „русалкай“ быў першы, што разварушыў у іх жаданьні, ніяк не зьвязаныя з рэглямэнтам ды сьціплым жаўнерскім бытам.

* * *

– Ну, што мы будзем як дзеці хадзіць да яе… – пачаў за вячэрай Кайлюс.

– Мне таксама здаецца, што ў гэтай гісторыі павінен быць нейкі працяг, – пагадзіўся Зелба. – Але што мы можам зрабіць?

Што яны могуць зрабіць? Пры патрэбе нешта зрабіць жаўнеры заўсёды думалі пра рыштунак, якога ў іх у прыбудове было шмат. Ня раз яны абмяркоўвалі: а што, калі ў дратах агароджы заблытаецца лось, – якім чынам прыцягнуць яго ў пастарунак. І хоць лось так ані разу і не патрапіўся ім на вочы, але за часы службы іхны плян – што зь ім рабіць – быў да дробязяў абмеркаваны. Згадаўшы пра гэта, Зелба сказаў:

– Давай яе дастанем!

– А ты думаеш, доктар Блюм ня сочыць за ёй гэтаксама, як за намі? – перасьцярог Кайлюс.

– Вядома, сочыць. Але наколькі нам дадзена вырашаць самім, нагэтулькі далёка мы і зойдзем. Там, дзе будзе ўжо нельга, доктар Блюм нас абавязкова спыніць. А пакуль… Пакуль мне вельмі хочацца Лялю.

– А мне Прынцэсу.

* * *

Мінус сорак трымалася і назаўтра, калі жаўнеры пастанавілі забраць „русалку“ з ракі. Пра агляд тэрыторыі нават і ня ўспомнілі.

Раніцай Кайлюс гатаваў пад’едак, а Зелба выцягваў з прыбудовы рыштунак – лябёдку, санкі, трасы з крукамі, ледаруб і бэнзапілу.

Кожны думаў пра тое, на колькі ім удасца прасунуцца ў пачатай справе, пакуль не аб’явіцца доктар Блюм – тады ўсё імі задуманае страціць сэнс. Але доктар Блюм не аб’яўляўся. Гэта натхняла іх. І досьвіткам, натхнёныя, яны рушылі да ракі.

Пакуль дайшлі з санкамі, лябёдкай ды іншым рыштункам, над супрацьлеглым берагам пачало ўзыходзіць незвычайнае мякка-ружовае сонца. Моцны мароз паддаваў жаўнерам імпэту.

„Русалка“ паказалася ім пад высьлізганым іхнымі каленямі і локцямі лёдам. Яна была ўсё такая ж лёгкая і жаданая. На хвіліну яны спыніліся ў здранцьвеньні, дакладна гэтак, як тады, упершыню.

І тут зараўла ў руках Зелбы бэнзапіла, зацёхкаў Кайлюсаў ледаруб.

На тле ружовага сонца, што фарбавала ў свой колер усё навакольле, двое мужчынаў у нягнуткіх вайсковых бушлатах улягалі на рачной паверхні, занятыя цяжкай працай. Сцэна цягнулася доўга, але, калі б некаму выпала назіраць яе, ён бы ня здолеў адвесьці вачэй, так гэта ўсё было дзіўна. Заставалася толькі ўявіць сабе музыку – велічную і сьцьвярджальную, з далёкай трывожнай нотай.

Яны не абмяркоўвалі, што й як рабіць, хоць рабілі кожны сваё і паміжсобку зладжана. Гэта цалкам зразумела, калі ведаеш, што яны ўсё робяць разам ужо сто гадоў.

Зелба абпілоўваў лёд вакол „русалкі“, а Кайлюс выдзёўбваў лункі з бакоў. Калі Зелба закончыў, Кайлюс яшчэ выбіваў чацьвертую лунку, і Зелба пачаў ладкаваць крукі ў гатовыя тры.

Ружовае сонца асьвятліла іх поўным сьвятлом, калі Зелба налёг на пэдаль лябёдкі, і прастакутная брыліна лёду з „русалкай“ пачала аддзяляцца ад паверхні ракі.

Яна павольна ўздымалася ўгару, і бракавала толькі анёлаў, якія б уструбілі ейны прыход. Але, можа, гэта й былі анёлы, а не сама рака, якая ўзвыла ўсім сваім целам, чапляючыся за тую брыліну з апошняе моцы.

Тут жаўнеры ўпершыню загаварылі міжсобку.

– Ці чуеш музыку, Кайлюс? – спытаўся Зелба, і на вуснах ягоных зьявілася ўсьмешка.

Сьмяяўся і Кайлюс – хто яшчэ бачыў яго такім?

– Я чую, чую музыку!

Фантастычная сымфонія ружовага сонца захапіла ўсё навакольле – засьнежаныя лясы, палі, рэчку і нават чэзлую траву, што сям-там пракідалася з-пад сьнегу. Усё – трымцела! Гэтую музыку можна было ня толькі чуць і бачыць, але й адчуваць яе дотык і ўдыхаць яе разам з марозам.

* * *

Валаклі глыбу ў свой сылікатны дом вельмі цяжка. Забылі і пра ружовы сьвітанак, і пра музыку. Сьцяўшы зубы, цягнулі лядовы груз, ня ведаючы, навошта і дзеля чаго. Дакладней, Кайлюс цягнуў, а Зелба штурхаў. Колькі было вагі ў тым лёдзе, не задумляліся. Ня згадвалі і пра доктара Блюма, які кожны момант мог спыніць хаду іхнага прадпрыемства. Бо ведалі – штосьці яны робяць насуперак, бо ад пачатку ўсё гэта прыдумалі самі: давалачы брыліну зь „Ляляй“ да пастарунку. І толькі тут заўважылі, што на дарогу ім спатрэбіўся цэлы дзень.

У будынку яны ўсьцягнулі свой груз на стол. Ні слова ня мовячы, напалілі печку – узьнялі тэмпэратуру, а пад сталом зрабілі сьцёк для вады, якую вёдрамі выносілі за парог.

Доўга ці каротка тое цягнулася, але вада сышла, пакінуўшы на стале бяздухае цела „русалкі“, якая ад таго ня страціла ані сваёй прывабнасьці, ані ўсьмешкі.

Кайлюс дастаў з аптэчкі той на скрайні выпадак чып, далучыў яго да рукі Прынцэсы, і тая ажыла.

„Доктар Блюм, доктар Блюм, – круцілася ў галаве ў Зелбы, – гэта ж доктараў чып… Што з намі будзе?“

Ну, пакуль нічога такога ня сталася, апроч таго, што бывае з чалавекам, калі яму да рукі далучаюць чып. Ляля і сапраўды ажыла, села, агледзелася і сказала (пытаньне, адказу на якое патрабаваў чып: як табе?):

– Мне добра… Няўжо скончыўся ўвесь гэты кашмар? Чаго гледзіце? У вас тут цёпла, і я хачу есьці.

– Э-э-э, – азваліся Кайлюс і Зелба, – у нас цэлая рандэля кашы з тушанінай!

– І што? – спыталася яна роблена-няшчасна, – можна папрасіць?

Ясна! Абодва жаўнеры кінуліся да рандэлі – калі ласка!

– А ты хто? – спыталіся пры тым у адзін голас.

Бачна было, што пытаньне яе азадачыла, але, шукаючы выйсьця, яна зірнула на бушлаты шарагоўцаў на вешаку і знайшла адказ:

– Я жанчына.

Гэтага было дастаткова, каб Кайлюс і Зелба здаволілі сваю цікаўнасьць, толькі б ведаць цяпер, што зь ёю, жанчынаю, рабіць?

Жаўнеры цешыліся зь ейнага хараства, пры тым разумеючы, што ўся сытуацыя знаходзіцца пад кантролем доктара Блюма. Але той пакуль што ня ўмешваўся. Яны ўжо зрабілі нямала дзеяньняў насуперак ягоным настаўленьням. Ім нават хочацца рабіць нешта насуперак яшчэ, далей. Вось яна, іхная Ляля Прынцэса, перад імі. І што ж?

– А вы, відаць, салдацікі, у гэтым сэнсе заклапочаныя? – працягвала знаёмства „русалка“.

– Мы – Кайлюс і Зелба – ахоўнікі вайсковага стрэльбішча, – сказаў Кайлюс. – Мы заўсёды гатовыя, калі агароджу прарве лось… – і запнуўся.

– А як цябе завуць? – раптам знайшоўся Зелба.

* * *

– Маё імя Зоя.

– Зоя, – прамовіў Зелба.

– Зоя, – прамовіў Кайлюс.

Увогуле русалак у гэтым краі ніколі ня клікалі Зоямі. Называлі Сафійкамі або Зосямі. Але гэта было сто гадоў таму.

– Каторая цяпер гадзіна? – раптам спыталася Зоя.

– Самая поўнач, – адказаў Кайлюс.

– Стагодзьдзе нашага прызыву, – сказаў Зелба.

Зоя задумалася на хвілю, саскочыла на падлогу і стала марудна хадзіць па пакоі, разглядаючы рэчы вакол. Асабліва яе ўвагу прыцягнулі бушлаты.

– Я памятаю свой апошні дзень нараджэньня, – сказала яна. – Да нас дадому прыйшлі сябры. Было так дзіўна! Усе чамусьці прынесьлі кавуны. Мы аб’ядаліся кавунамі. Потым гулялі па горадзе. Але штосьці павінна было адбыцца. Проста ў паветры вісела чаканьне нейкіх перамен. І было трывожна. Бо паўсюль мы сустракалі жаўнераў у гэткай вось форме. На тварах у іх не было ні радасьці, ні страху, ні жаданьняў… Амаль як у вас. Вы хочаце сказаць, што прамінула сто гадоў? Але ж я не зьмянілася.

– Вы добра захаваліся ў рачным лёдзе, – Зелба нават і не заўважыў, што перайшоў зь ёю на „вы“, бо сам сабе падумаў: гэта доктар Блюм цябе так захаваў.

– Кіно нейкае, – выгукнула Зоя. – Так не бывае. Вы – звычайныя жаўнеры ў звычайных бушлатах і каша ў вас звычайная.

– А як ты патрапіла пад лёд?

Зоя няўцямна паглядзела на Кайлюса, бо ягонае пытаньне гучала цалкам сур’ёзна – бязь ценю жарту.

– Ну, мы знайшлі цябе ў зьледзянелай рацэ, прыцягнулі сюды і ажывілі.

– Ажывілі… – паўтарыла Зоя. – Як?

– Мы маем адмысловы чып, – сказаў Кайлюс. – Праўда, ён прызначаны на тое, калі нешта здарыцца з адным з нас.

– Мы парушылі рэглямэнт, – з гонарам сказаў Зелба, але зараз сумеўся, – пайшлі супраць волі доктара Блюма.

– Доктар Блюм… – паўтарыла Зоя. – Сто гадоў… ажывілі… І гэта ня сон?

– Не, гэта ня сон, – сказаў Кайлюс.

– Здаецца, што я нешта згадваю, але я думала, што гэта проста сон, нейкі дурны кашмар…

* * *

Наша звычайнае жыцьцё складалася пераважна з мэдыйнай прасторы: тэлевізія, кіно, інтэрнэт, глянцавыя часопісы з каляровымі газэтамі, мабільнікі з тэлекамэрамі – мноства падзеяў і жарсьцяў, але колькі сярод іх было нашых уласных? Няшмат. Некаторыя нават цалкам занурыліся ў гэтую прастору і па-за ёю ня мелі нічога і нікога. Такія дзялы. Нават у газэтах сталі пісаць, што мы зашмат аддаем увагі ўсялякім мэдыйным зоркам ды іхнаму жыцьцю. Але нічога не зьмянялася. Абсалютна. Пакуль аднойчы раптам ня скончылася ўсё. Як усё адно нехта адключыў ток. І ўсе нашы прылады радасьці згасьлі. Нават ня ведаю, што гэта было – ці то крызыс, ці то вайна, ці падзеньне мэтэарыта. Проста зьнікла сьвятло. Уяўляеце? Ты ўвесь час жывеш у мэдыйнай прасторы і думаеш, як шмат усяго на сьвеце ёсьць, а тут – бац! – і нічога няма. Толькі ты сам-адзін. Ну й вялікае мноства такіх самых, як ты.

Мы ўсе апынуліся ў нейкіх транзытных пунктах. Гэта было так брыдка! А якраз пачыналася зіма. Казалі, што гэта глябальнае пацяпленьне, але выйшла наадварот – абледзяненьне. Апошнім часам, здаецца, усё, што ні прадказвалі, выходзіла наадварот.

Ну вось. У нашым транзытным пункце было нацеплена аж занадта, амаль як у вас тут. А сам пункт быў звычайным шпіталём з калідорамі і палатамі, дзе сьмярдзела лекамі. Там я й пабачыла доктара Блюма. Гэта праўда ня сон?

– Не, ня сон, – у адзін голас прамовілі Кайлюс і Зелба.

– Ня сон… – паўтарыла Зоя і працягвала. – Але чамусьці доктара таго звалі Заяц. Доктар Заяц. Хоць усе неяк ведалі, што ён Блюм.

Мяне ўразіла, што доктар Заяц насамрэч быў мядзьведзем. У яго на плячах была драўляная мядзьведжая галава, невялікая такая, пафарбаваная чорным бляскам.

– Гэта Блюм, – разам выгукнулі Кайлюс і Зелба.

– Ну вось. Мядзьведжая галава, белы халат… І адна нага ў яго была касьцяная, не згіналася, таму ён хадзіў з палкай, кульгаючы. Ён ніколі нічога не казаў і быў вельмі суворы. Здаецца, ён і зьвяртаўся да іншых толькі гэтай сваёй кульбай – тыцкае ёй, штурхае або б’е. Гэта быў страшны сон…

– Доктар Блюм мутант, – сказаў Зелба. – Адзін зь першых мутантаў, ня вельмі ўдалы, але ўсё адно больш дасканалы, чым людзі.

* * *

Зоя не зьвяртала ўвагі на іхныя рэплікі, быццам баялася згубіць нітку сваіх прыгадак.

– Так ці йнакш, але доктар Заяц наводзіў на ўсіх вусьціш. Асабліва калі мы чулі ягоныя кульгавыя крокі, стукат ягонае кульбы ці ягонае шыпеньне: Экш! Экш!

Зоя задумалася. Не зважаючы на позьні час, яе слухачы не драмалі, а зь нецярплівасьцю чакалі працягу.

– Аднойчы, – пачала яна асьцярожна, быццам зьбіралася дакрануцца да агню, – аднойчы я ўбачыла, як доктар Заяц гнаў сваёй кульбаю па падлозе ў калідоры… Гэта быў кавалак чалавека, сплюшчаны, як барэльеф. Толькі галава і грудзі. Барэльеф мужчыны, маладога, з бародкай. Такіх паказвалі ў фільмах пра рэвалюцыю. Адразу мне падалося, што гэта кавалак нейкага каберца ці лінолюму. Але ён стагнаў. А доктар прыкрыкваў: Экш! Экш!.. Слухайце, чаму ў вас так халодна?

– Зараз, – ускочыў са свайго ўслончыка Зелба, – пашукаем чаго-небудзь надзець.

– Зараз, – падняўся Кайлюс, – запарым гарбаты.

Зелба адчыніў падсобку. Кайлюс адправіўся на двор па дровы, бо ў печцы дагарэла апошняе вугольле.

Зелба знайшоў у падсобцы цёплыя спартовыя нагавіцы і такую самую кашулю, а таксама чысты бушлат. Кайлюс наладаваў дровамі пліту, запаліў агонь і паставіў кіпяціць ваду.

Жаўнеры корпаліся кожны пры сваім занятку, адвярнуўшыся ад жанчыны.

Зоя тым часам хуценька нацягнула на сябе цёплыя рэчы і выглядала цяпер адной зь іх, цяпер ужо траіх.

Дасьпела гарбата, і ўсе трое, пасеўшы на ложках, былі гатовыя да працягу размовы.

* * *

– У той час шмат казалі пра кланаваньне, перасадкі ворганаў, пра разумных робатаў… Але я ня надта за гэтым сачыла, – прамовіла Зоя, грэючы рукі аб кубак з гарбатай. – Напэўна, рана ці позна ўсё гэта мусіла перавярнуць увесь наш сьвет. Калі любую частку чалавека можна замяніць на іншую, дык гэта ўжо нейкае вечнае жыцьцё атрымліваецца.

– Так і ёсьць, – пагадзіліся Кайлюс і Зелба.

Зоя ўпершыню паглядзела на іх уважліва, быццам вывучала.

– Выходзіць, што і вы – робаты?

– Мы не мутанты, – уздыхнуў Зелба. – Мы людзі, хоць і сапраўды шмат разоў пералепленыя.

– Але мы ня трапілі ў катэгорыю дасканалых – на мутацыю, як, напрыклад, доктар Блюм, – удакладніў Кайлюс.

– Цікава, у якую катэгорыю патрапіла я? – разважала ўголас Зоя. – Напэўна, у нейкі „адсеў“ – каму вечнасьць не пагражае.

– Напэўна, – пагадзіліся Кайлюс і Зелба.

Адказаць нешта дакладнае гэтыя ці то дзецюкі, ці то стогадовыя дзяды не маглі, бо нічога ня памяталі дый толкам ня ведалі. Колькі часу сплыло пасьля іхнага прызыву на вайсковую службу, а што было да таго – даўно заменена ў іхнай трансплянтаванай памяці. Адзінае, што цяпер у іх раптам абудзілася цікавасьць да таго сьвету, зь якога зьявілася Зоя. Калі ўвесь той сьвет такі, як яна, значыць, і сапраўды цікава, якім чынам ён скончыўся. А можа й ня скончыўся? Пакуль ёсьць Зоя.

– Тады шмат казалі пра гендэрную дыскрымінацыю, – працягвала яна. – Але ніхто з гэтым не лічыўся, бо жанчын стала ў некалькі разоў больш за мужчын.

– Мы гэтага ня ведаем, – разам прамовілі Кайлюс і Зелба.

– А тых, каго „адсеялі“, нашы гуманныя кіраўнікі, каб не забіваць, сталі замарожваць, – зрабіла дапушчэньне Зоя. – І каб ня траціць сродкі, марозілі іх у рэках, бо ўсё адно настала глябальнае абледзяненьне. Так?

– Магчыма, – сказаў Кайлюс.

– Ты разумная, – заўважыў Зелба. – Толькі мы ніколі ў нашай рэчцы нікога, апроч цябе, не знаходзілі.

* * *

За сьляпым акенкам пастарунку пачынала сьвітаць. І жаўнеры зазьбіраліся на агляд тэрыторыі. Цяпер ім і ў галаву не прыходзіла, што на пэрымэтар выправіцца нехта адзін, а другі будзе гатаваць сьняданак.

Папрасілася разам зь імі і Зоя – каб паглядзець месца, дзе яны яе знайшлі. На тое ёй выдалі цёплыя ватныя нагавіцы і валёнкі. Яна апраналася і не пераставала зьдзіўляцца іхнаму ўбогаму быту. Маўляў, куды падзяваліся ўсе тыя кампутары, бытавыя прылады і сродкі сувязі – ды наогул усё, чым было напоўненае жыцьцё сто гадоў назад? Тады многія нават уявіць сабе не маглі існаваньня без тэлевізара, газавай пліты або цёплага клязэту і душу. Няўжо з дасягненьнем вечнага жыцьця ўсё гэта страчвае сэнс? Утульнасьць і зручнасьць быту?

Жаўнеры, відавочна, не разумелі, пра што яна кажа, але згаджаліся зь ёю аднаслоўнымі адказамі „магчыма“, „відаць“, „напэўна“. Ім тое было ня толькі незразумела, але й нецікава.

Мароз у той дзень зьменшыўся напалову – да мінус дваццаці.

Калі ўсе трое спускаліся ў лагчыну, Зоя спытала, якім чынам доктар Блюм сочыць за ахоўнікамі стрэльбішча? Як ён даведваецца, што нехта зь іх захварэў ці што камусьці трэба зрабіць трансплянтацыю?

Усё адбываецца само сабою, – адказалі яны. Уся інфармацыя – у паветры. І лекаваньне і трансплянтацыя – усё робіцца праз паветра. Ім нават і думаць пра гэта ня трэба. Іхная справа – ахоўваць тэрыторыю.

„Ага! Вось куды падзявалася ўся кібэрнэтыка – у паветра! – здагадалася Зоя. – Але ж вы самі зазірнуць у паветра ня можаце? Што-небудзь там падгледзець, падправіць, як доктар Блюм?“

„Не, – адказалі яны, – мы ў гэтым нічога не разумеем, ды нам і ня трэба. Мы простыя людзі, а гэта справа дасканалых мутантаў“.

Калі перад самай ракой яны спыніліся, Зоя казала пра свае пачуцьці – як гэта дзіўна пастаяць над уласнай магілай! І не над той, у якую ты пойдзеш, а над той, зь якое прыйшоў…

Але ўчорашняе прастакутнае яміны пад ніцай вярбой не было.

* * *

Прыцярушаны сьнегам лёд уяўляў сабою роўнядзь, зусім непразрыстую, шэрую і каламутную. Нават водарасьцяў у замерзлай рацэ разгледзець было нельга.

Кайлюс пачаў мітусьліва аглядацца, думаючы, што яміна можа быць у іншым месцы, крокаў дзесяць сюды-туды. А Зелба выказаў дапушчэньне, што рэзкі перапад тэмпэратуры мог згладзіць яміну ды зрабіць каламутнай падлёдную відзежу.

Зою адсутнасьць „магілы“ зусім не зьдзівіла. Яе зьдзівіла іншае: рачны краявід раптам падаўся ёй знаёмым. Ён нагадаў ёй мясьціну каля іхнага лецішча пад горадам, дзе яна гадавалася. Праўда, ужо шмат гадоў на тым лецішчы яна не была і ніколі не бывала там узімку, таму ўражаньне магло быць памылковым. Хаця…

На зваротным шляху яна спыталася, ці адбываюцца на стрэльбішчы вучэньні? Напэўна, калісьці адбываліся. Але з часоў свайго прызыву Кайлюс і Зелба ня могуць прыгадаць ані стрэлаў, ані каб некага тут муштравалі.

Ясна, – зрабіла выснову Зоя. – Мабыць, і войска ніякага ўжо сто гадоў няма. Мабыць, – пагадзіліся жаўнеры. Але іхная задача – не страляць, а сачыць за парадкам. Усё, што ім трэба для службы і быту, дастаўляе сюды вялікая вайсковая машына.

Значыць, і на танцы вы нікуды ня ходзіце, і зь дзяўчатамі не сябруеце, – працягвала Зоя. – Зразумела. Хіба можа быць каханьне, калі жывеш вечна? Дакладней, хіба можа быць каханьне, калі няма сьмерці.

Але ж і жыцьцём вашую несьмяротнасьць не назавеш. Чалавечым жыцьцём. Няўжо, каб стаць неўміручым, трэба ператварыцца ў целюка, – падумала яна, але, натуральна, гэтага не сказала. Яна сказала: Хлопцы, а ці не задацца б вам думкай, чаму вы нічога такога ня ведаеце і вам нічога такога ня хочацца? Вы ж ужо парушылі рэглямэнт, калі дасталі мяне з ракі, калі ажывілі, калі перасталі хадзіць на агляды і цэлую ноч, замест сну, бавілі час за гутаркай. Так? І нябёсы праз гэта на зямлю не зваліліся. Значыць, можна й яшчэ нешта зрабіць такое, свавольнае.

– У прынцыпе, можна, – сказаў Кайлюс.

– Чаму б і не, – пагадзіўся Зелба. – Хоць мы зможам нешта рабіць толькі да той мяжы, да якой дазволіць нам доктар Блюм. Але гэта сапраўды цікава. Пабачым.

* * *

За сьняданкам Зоя пачала прыдумляць свой плян.

– Вось глядзіце. Я ўжо не зьдзіўляюся таму, што мінула сто гадоў. Бо нічога істотнага не зьмянілася. А гэта значыць, што сто гадоў, што тысяча, што адзін год – няважна. І чаго тады вартая ваша несьмяротнасьць? Таго, каб нікуды не імкнуцца, нічога не жадаць, ні пра што ня марыць? Каб жыць, усё адно як памёршы? Такая несьмяротнасьць папраўдзе нагадвае сьмерць, якая ўжо надышла. Вы існуяце не ў нармальным сьвеце, а ў нейкім прыдуманым „тым сьвеце“. Так?

– Так, – сказаў Зелба. – І што нам цяпер, адмовіцца ад вечнага жыцьця, якое, па-твойму, насамрэч – вечная сьмерць?

– Вядома! Бо імкнуцца, жадаць, марыць – вось што такое жыць. Рабіць нейкія карысныя штукі, а не хадзіць, як завядзёны, вакол гэтага дурацкага стрэльбішча, купляючы сабе такім чынам вечную магчымасьць хадзіць вакол стрэльбішча. Наадварот, увесь сэнс у тым, каб пасьпець адчуць каштоўнасьць жыцьця, каб сьпяшацца, рызыкаваць, рабіць нестандартныя ўчынкі. Сьмерць у тысячу разоў важнейшая за несьмяротнасьць.

– Ты прапануеш нам забіць сябе? – спытаўся Зелба.

– Не.

– Яна хоча, каб мы забілі доктара Блюма і такім чынам зламалі ўсю схему, – азваўся Кайлюс. – Але доктар Блюм несьмяротны.

– Ды не! Я хачу сказаць, што вы са сваім стрэльбішчам існуяце ў іншым вымярэньні. Сёньня на рэчцы не было ўчорашняй яміны, зь якой вы мяне дасталі, праўда? І краявід падаўся мне знаёмым. Калі ўскараскацца на супрацьлеглы бераг, там будзе поле, так?

– Так.

– А за полем – бярэзьнік. Так?

– Так.

– Маладыя бярозавыя пасадкі. Так?

– Так.

– І што, усе сто гадоў там маладыя пасадкі?

– Так.

– А ў бярэзьніку пачынаецца дарога.

– Гэтага мы ня ведаем, бо ніколі туды не даходзілі. Поле ўжо за межамі нашай тэрыторыі.

– Ну правільна! І тая дарога вядзе да нашага лецішча.

– Ты прапануеш, каб мы туды пайшлі?

– Чаму б і не? Праўда, гэты паход будзе азначаць канец вашае неўміручасьці.

* * *

Жаўнеры задумаліся, і Зоя ня стала перабіваць іхнага задуменьня. Яна разважала пра сваё.

Як жа шмат высілкаў людзі патрацілі на тое, каб дасягнуць вечнага жыцьця. Ведалі б яны, якая гэта нецікавая штука – несьмяротнасьць!

– І што мы будзем там, на тваім лецішчы, рабіць? – раптам спытаўся Кайлюс.

– Ну, хоць бы запарым кавы, агледзімся і пойдзем на аўтобус. Сядзем і праз паўгадзіны будзем у горадзе.

– Самаволка, значыць, – прыгадаў забытае слова Кайлюс.

– Пяць сутак губы, – падыграў яму Зелба.

– Але ня факт, што ўсё так і ёсьць насамрэч, як ты кажаш, – засумняваўся Кайлюс, – дарога ў бярэзьніку, лецішча, аўтобус, горад. Нам і праўда нічога ня хочацца, бо ўсе жаданьні паніклі за гэтыя сто гадоў пасьля прызыву. Калі ты ўзбудзіла ў нас цікавасьць да сябе, дык… Нічога добрага я ў гэтым ня бачу.

– Спроба не хвароба, – сказаў Зелба. – Толькі я таксама ня ведаю, што нам рабіць у тым горадзе. Ты там жывеш і цябе туды цягне. А мы з нашай шмат разоў пералепленай сьвядомасьцю таксама цягнемся туды, дзе прывыклі. Гэта значыць, сюды.

– Тады я пайду адна!

– Зь іншага боку, – сказаў Кайлюс, – ня факт, што мы можам адпусьціць цябе. У нашым рэглямэнце сказана толькі пра затрымку жывёлаў. Але ж і чалавек у нейкім сэнсе жывёла…

– Хадзем усе разам, – пастанавіў Зелба. – Прынамсі, да бярэзьніку.

* * *

Калі за высокім супрацьлеглым берагам ракі яны ступілі на засьнежанае поле, пачало шарэць. Нечакана Зоя адчула, што не пазнае гэтых мясьцін. Але жаўнерам яна нічога не сказала. Наперадзе сапраўды бялеўся бярэзьнік. Толькі быў ён дзесьці вельмі далёка, бо вельмі вялікім аказалася поле.

Яны ішлі моўчкі, гатовыя да любога павароту падзеяў. Жаўнерам зноў падабалася іхнае свавольства, але ні на хвілю не забываліся яны і пра доктара Блюма.

Зоі патроху рабілася страшнавата – яна ўжо зразумела, што гэта ня той краявід. Поле напраўду было агромністае, а бярэзьнік, разам зь іхным набліжэньнем да яго, ператвараўся з маладых пасадак у векавечны гай. Імкліва цямнела. Да таго ж пасыпаў сьнег і ўзьняўся вецер.

Няўжо гэта тыя, знаёмыя зь дзяцінства мясьціны, толькі – праз сто гадоў? Няўжо ўвесь гэты час яна насамрэч праляжала ў скутай ільдом рацэ? Няўжо гэта ўсё ня вусьцішны сон, а рэчаіснасьць? І ня будзе ніякай дарогі, ніякага лецішча, ніякага гораду?

Ніякай дарогі ў бярэзьніку не было.

Велічэзныя дрэвы матлялі даўгімі кудламі сваіх шатаў, атрасаючы зь іх ледзяшы, якія шклянымі пацеркамі рассыпаліся па сьнежным шарпаку. Сьцямнела зусім.

Зоя калацілася, ня могучы справіцца са сваім страхам. Жаўнеры пераступалі з нагі на нагу. Што ім станецца, калі ў іх наперадзе вечнае жыцьцё.

* * *

Так ці йнакш, нешта прыдумаць мусіла яна. А яна не магла, ня ведала што. І яны гэта бачылі. Таму ўрэшце сказаў Кайлюс:

– Нам трэба вяртацца. Будзем лічыць, што экспэрымэнт ня ўдаўся. Ня ведаю, што нам будзе, калі адпусьцім цябе, але ў рэглямэнце пра гэта нічога не сказана. Таму ідзі на сваё лецішча ды едзь у свой горад. А мы пойдзем у свой пастарунак.

Гледзячы на Зою, можна было адчуць, што нічога горшага для чалавека гэты бессардэчны робат прыдумаць і ня мог. Зоін адчай гатовы быў дасягнуць найвышэйшага роўню. У такіх выпадках звычайна жаночая інтуіцыя раптоўна знаходзіць выйсьце.

Кайлюс ужо памкнуўся быў рушыць назад, але яго прыпыніў Зелба:

– Чакай. Але куды яна пойдзе? Ніякай дарогі няма!

– Можна ісьці паміж дрэваў, – сказаў Кайлюс. – Я падумаў, што яшчэ невядома, калі мы больш парушым рэглямэнт – калі адпусьцім яе, ці калі затрымаем.

– Трэба, каб яна сама вырашыла, што ёй рабіць, – сказаў Зелба. – Нам дык заўсёды доктар Блюм падкажа, а ёй… Можа быць, спытацца ў доктара Блюма? Ён усё чуе.

Гэтага іхнага дыялёгу было дастаткова, каб Зоя канчаткова дала рады сваім пачуцьцям.


Страницы книги >> 1 2 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации