Электронная библиотека » Сяргей Дубавец » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 1 ноября 2018, 12:40


Автор книги: Сяргей Дубавец


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 6 страниц) [доступный отрывок для чтения: 2 страниц]

Шрифт:
- 100% +

– Ня трэба, – сказала яна. – Я гэта ўсё прыдумала, я й буду вырашаць. Мы чаго хацелі? Жыць, рухацца, шукаць. Ну й няхай цяпер цёмна. Ну й нічога, што бярозы старыя. Але самае апошняе глупства – вяртацца ў ваш пастарунак і працягваць хадзіць на агляды. Трэба ісьці наперад, а не кругамі. І нічога не баяцца. Я магла б пайсьці далей адна, але я жанчына, і мне страшна. Вы мусіце ісьці са мною.

Апошнія словы прагучалі як загад.

– І куды мы пойдзем?

– Не бывае лесу безь сьцяжынаў. Пойдзем ускрайкам, пакуль не пабачым сьцяжыну.

* * *

Досыць хутка ім сапраўды адкрылася сьнежная палоска з прыцярушанымі сьлядамі чаравікаў. Яна вяла ў бярэзьнік і гублялася паміж дрэваў.

Ішлі павольна, бо ня ведалі, нават не ўяўлялі сабе, што іх чакае наперадзе.

Цяпер ужо і гай выглядаў не такім страшным, як перад тым. Белыя ствалы дрэваў, белы сьнег на зямлі быццам наўмысна асьвятлялі іхны шлях уначы.

На душы ў Зоі зрабілася ня так маркотна, бо ўсё ж такі быў нейкі рух, і яна была не адна. Можна было далей выпытваць пра што-небудзь у гэтых „целюкоў“.

– Цікава, а што праз сто гадоў адбылося з асваеньнем космасу? – кідала яна пытаньне ў паветра.

– Яго асвоілі, – адказалі жаўнеры.

– А з тэлебачаньнем, з інтэрнэтам, з шоў-бізам ды мас-культам?

– Ня ведаем, нічога такога няма.

– А дзе жыве доктар Блюм?

– Мы ня ведаем.

– Мне здаецца, што ён жыве ў вас, у нас у галаве. У кожным чалавеку жыве доктар Заяц. З драўлянай мядзьведжай галавой пад чорным бляскам, з кавенькай і крыкам: Экш! Экш!

– Мы ня ведаем.

– Магчыма, я пераблытала краявіды, але нешта мне падказвае, што ўсё адно мы выйдзем да нармальнага сьвету.

– Чаму ты так думаеш?

– Бо цяпер вы жывяце ў маім жыцьці, а ня я ў вашым.

– Мы страцілі несьмяротнасьць?

– Думаю, так. Што вы цяпер адчуваеце?

– Ты нам падабаесься.

Трэба сказаць, што гэта яны адчувалі ад самай першай сустрэчы зь ёю. Але калі ты жывеш вечна, твае пачуцьці ня маюць ані значэньня, ані сэнсу. Цяпер жа, у гэтым бярозавым гаі, калі жаўнеры пазбавіліся несьмяротнасьці, іхныя сэрцы заходзіліся ад прысутнасьці Зоі побач зь імі.

* * *

Тым часам бярэзьнік скончыўся, і сьцяжына вывела іх на іншае поле, што дыбілася высокім засьнежаным узгоркам. Што там, за ім? Пытаньне рытарычнае. Рэч у тым, што чаканьне чагосьці невядомага стамляе, як і ўсякае чаканьне, і ператвараецца ў манатоннае нішто. Гэтае нішто паступова апанавала Зою, дадаліся бяссонныя ночы і нясьпешная разьмераная хада. Зоя нібы заснула, ідучы. У галаве круціліся ўсялякія відзежы, што прапаноўвалі свае працягі гэтай гісторыі.

Быццам голас цыркавога канфэрансье крычаў у залю: Што? Што далей будзе з нашымі героямі? Пра гэта напісана мноства кніг! Безумоўна, нас чакаюць новыя, яшчэ больш захапляльныя прыгоды! Нашым героям не аднойчы давядзецца абхітрыць злога доктара Блюма, пераадолець шматлікія самыя неверагодныя перашкоды, пабываць на кані і пад канём, перш чым адмысловая камісія вярхоўных камісараў прызнае іх траіх годнымі найвышэйшай катэгорыі дасканаласьці, і яны нарэшце стануць мутантамі! Кайлюс атрымае замест ног самаходнае шасі, Зелба – новую драўляную галаву і будзе падобны да насарога, а Зоі дастанецца русалчын хвост! Аркестра – „туш“!

Усё навакольле ашчэрылася залівістым сьмехам мноства чалавечых ратоў. Зьвінелі трубы і літаўры, а канфэрансье працягваў свой узьнёслы маналёг. Фокус-покус! Цяпер кожны зь іх паселіцца ў кімсьці з нас і будзе найвялікшаю засьцярогаю ад свавольства. Доктар Кайлюс сочыць за мной, – шапну я табе на вуха. А за мной, – адкажаш ты, – доктар Зелба! Гэта што, – скажа трэці з нас, – за мной пільнуе сама доктар Зоя!

Некалі так будзе абавязкова! І нам таксама, каб пазбавіцца ад сваіх дактароў, трэба будзе разьвітацца з думкамі пра несьмяротнасьць, – гэта ўжо не канфэрансье, бо словы прамоўленыя голасам Зоі ў ейнай жа галаве. Яна машынальна перастаўляе ногі і пры тым дрэмле, і адна відзежа ў ейным сьне зьмяняецца на іншую.

Яны ідуць між маленькіх хвоек, і цяпер ужо ня Зоі, а жаўнерам краявід падаецца знаёмым. І нічога дзіўнага, бо яны выходзяць да свайго пастарунку на стрэльбішчы.

Каля будынку зь белага сылікату стаіць вялізная вайсковая машына.

У пастарунку гарыць сьвятло, і падарожнікі зазіраюць у шыбу. Пасярод пакою яны бачаць маленькага чалавека ў белым халаце з чорнаю мядзьведжаю галавою. Ён стукае палкай у падлогу і, гледзячы проста на іх, крычыць: Экш! Экш!

– Цяпер дакладна ня стаць нам мутантамі, – расчаравана кажа Кайлюс.

– А мы так спадзяваліся, што не цяпер, дык гадкоў праз сто… – азываецца Зелба.

І толькі Зоя маўчыць. Жаночая інтуіцыя падказвае ёй, што гэта ня так, што папраўдзе ўсё наадварот, што яны на верным шляху. Бо, праўду кажучы, хто ж ня хоча жыць вечна?

Толькі ня ўсім дадзена. Азірнуўшыся, Кайлюс і Зелба нікога побач з сабой ня бачаць. І яны ў адзін голас крычаць:

– Зоя!

* * *

Крык абудзіў яе акурат у той момант, калі яна гатовая была ўпасьці на сьнег. Небясьпечна спаць ідучы.

Сьцяжына, што вывела іх да ўздыбленага поля, павярнула ўлева і стала спускацца ў нізіну, парослую хмызьняком. Неўзабаве перад імі паўстала вялікая пустка, на ўскрайку якой стаяў будынак зь сылікатнае цэглы.

– Кола замкнулася, – сказала Зоя.

– Але гэта ня наш пастарунак, – насьцярожыліся жаўнеры.

Не змаўляючыся, усе трое рушылі да будынку, у вакенцы якога гарэла сьвятло. Спачатку яны зазірнулі ў шыбу.

У звычайным вайсковым пакоі двое жаўнераў сядзелі за сталом і елі кашу. Зоя пазнала ў іх Кайлюса і Зелбу, дакладна такіх самых, якія стаялі поруч зь ёю.

Напэўна, самі Кайлюс і Зелба нічога такога не падумалі і моўчкі чакалі загаду.

– Ну што, – спыталася Зоя. – Хадзем знаёміцца?

Яна пагрукала ў дзьверы, і праз хвіліну ёй адчыніў той, які быў Кайлюс.

– Здароўцека, – павіталася Зоя. – Мы да вас на агеньчык.

Той, які Кайлюс, моўчкі адступіў убок, даючы дарогу гасьцям.

– Ну вось, – пачала знаёмства Зоя. – Мяне завуць Зоя, гэта мае сябры. А вас як завуць?

– Кайлюс, – адказаў той, які Кайлюс.

– Зелба, – адказаў той, які Зелба.

Зоіны кумпаны пераглянуліся:

– Нас таксама завуць так.

– Нічога дзіўнага, – сказаў той, які Кайлюс. – Мы ахоўваем вайсковае стрэльбішча і кожны дзень абходзім яго тэрыторыю, каб раптам у агароджу ня ўбіўся лось.

– І мы таксама.

– Нічога дзіўнага, – сказаў той, які Зелба. – Напэўна, вас таксама даглядае і захоўвае сваім клопатам доктар Блюм.

– Доктар Блюм, – пацьвердзілі тыя, якія нашы.

– Нічога дзіўнага, – разам сказалі тыя, якія тыя. – Год таму, абходзячы тэрыторыю, мы пабачылі ў рацэ дзяўчыну. Мы ажывілі яе. Яе таксама клікалі Зоя і яна ня ведала, што прамінула сто гадоў.

Не пасьпела Зоя звыкнуцца зь дзіўным множаньнем Кайлюсаў і Зелбаў, як новы сюрпрыз зусім зьбіў яе з тропу.

– І… і што вы зрабілі з той Зояй?

– Нічога, – адказалі яны. – Вось ты стаіш перад намі жывая і здаровая.

– Але мінуў цэлы год!

– Нічога дзіўнага, – сказалі тыя. – Год туды, год сюды. А куды вы ідзяце?

– Мы шукаем выйсьце з таго сьвету, – сказала Зоя.

– Мы ўцякаем ад вечнага жыцьця, – сказаў Кайлюс.

– Мы пазбавіліся несьмяротнасьці, – сказаў Зелба.

– Цікава, – прамовілі гаспадары. – І вы мяркуеце, што такое выйсьце ёсьць?

– Цяпер я засумнявалася, – адказала Зоя. – Калі за вашым стрэльбішчам будзе чарговае стрэльбішча і там будуць новыя Кайлюс і Зелба, а далей – зноў тое самае…

– Магчыма, усё так і будзе, – сказалі гаспадары.

– Нецікава, – прамовілі нашы.

– Але ці можна ў вас пераночыць? – папрасілася Зоя. – Цяпер позьні час і мароз…

– Чаму ж не, – адказалі яны. – У нас знойдуцца тры раскладанкі, а месца хоць і няшмат, але хопіць на ўсіх.

– Пераначуем, болей пачуем, – падсумавала гаворку Зоя.

* * *

Раніцою, пасьнедаўшы, яны выправіліся ў дарогу ўпяцёх: двое Кайлюсаў, двое Зелбаў і Зоя.

Мароз ізноў памякчэў напалову – да дзесяці градусаў, а дзесяць пасьля сарака ўспрымаюцца амаль як адліга.

Іхная сьцяжына зноў прамінула ўзьлесак і зноў выходзіла на поле, зноў караскалася на высокі ўзгорак і спускалася ў нізіну.

Можа быць, гэтаму шляху няма канца, і ім спатрэбіцца яшчэ сто гадоў, каб выйсьці нарэшце з таго сьвету? Але ста гадоў у іх, сьмяротных, цяпер ужо не было.

Можа дарогаю іхны лік будзе павялічвацца і вырасьце шматкроць, калі ўвесь сьвет і сапраўды ператварыўся ў суцэльныя стрэльбішчы? Можа быць… толькі Зоя між іх будзе такая адна?

Пра гэта яна і думала, ідучы, без усякага гумору.

Каб спынілася гэтая аднастайная бясконцасьць, трэба зусім няшмат. Трэба ўсяго толькі аднойчы выйсьці куды-небудзь не на стрэльбішча і ўсяго толькі сустрэць там кагосьці ня Кайлюса і ня Зелбу.

Але наступнымі днямі гісторыя з дакладнасьцю паўтарылася яшчэ некалькі разоў. І яшчэ наступнымі – таксама. І яшчэ, і яшчэ…

Вядома, рэч была ня ў Зоі – яна ведала, чаго ім трэба. Рэч была ў Кайлюсах і Зелбах, якія гэтага ня ведалі, і якіх былі ўжо дзясяткі, а гатовыя былі стацца і сотні. Усё паўтаралася гэтаксама, як некалі паўтараліся іхныя штодзённыя агляды тэрыторыі. Але дзе ж канец гэтай бясконцай несьмяротнай вечнасьці?

* * *

Аднойчы Зою напаткала надзея. Яна раптам заўважыла, што ейныя першыя Кайлюс і Зелба – зусім не такія, як апошнія. Першыя абрасьлі бародамі, валасы выбіваліся ў іх з-пад шапак, бушлаты знасіліся, выгляд быў змораны, але вочы сьвяціліся так, як яны сьвецяцца ў чалавека, які сам кіруе сваім лёсам. Яны ўжо амаль нічым не нагадвалі чарговых Кайлюса і Зелбу з чарговага стрэльбішча. Можа быць, яны самі зрабіліся тымі іншымі, каго трэба было сустрэць?

Нейкім днём Зоіна войска прыблукала на самае першае стрэльбішча – адкуль усё й пачалося. Усё тут было закінутае і занядбанае, зусім ня так, як на стрэльбішчах апошніх дзён. Усё было па-іншаму. Прырода наступала на пабудовы, агароджа пэрымэтру была пашкоджаная шмат дзе. А галоўнае – тут усе ўпершыню заўважылі, што надышла вясна.

Сапраўды, на дрэвах ужо паказалася лістота, зазелянела трава, а проста на самым стрэльбішчы пасьвіўся вялікі статак ласёў.

– А што доктар Блюм, – спыталася Зоя ў Кайлюса, – ён даўно не выходзіў на сувязь?

– З таго моманту, як зьявілася ты.

– Можа быць, нешта зламалася ў паветры? – спыталася Зоя ў Зелбы.

– У паветры няма марозу. Напэўна, інфармацыя не перадаецца, калі вясна.

* * *

Назаўтра на колішнім стрэльбішчы быў зладжаны вялікі пікнік. Жаўнеры паскідалі бушлаты і хадзілі пад цёплым вясновым сонцам хто ў чым – хто ў майцы, а хто й голы да пояса. Усе ўсьміхаліся, насьвіствалі і напяёўвалі. І ад гэтага здавалася, што сонца прыграе мацней.

У разгары ўсеагульнае бестурботнасьці Кайлюс і Зелба спахапіліся, што няма Зоі. Трэба зірнуць на рацэ – здагадаліся яны і кінуліся да ніцае вярбы.

Рака адтала і цяпер імкліва бегла пад стромым берагам.

Зоя стаяла на супрацьлеглым баку і адкасвала калашыны штаноў – яна перайшла рэчку ўброд.

– Што ты там робіш, Зоя? – крыкнуў Кайлюс.

– Гляджу, – крыкнула яна ў адказ. – Тут усё зьмянілася. Поле зусім маленькае і бярэзьнік зусім малады. Ён так блізка, што я бачу ў ім дарогу.

– Ты зусім-зусім ня можаш жыць бяз кавы? – крыкнуў Зелба.

– Ты зусім-зусім ня можаш жыць без тэлевізара? – крыкнуў Кайлюс.

– Я магу жыць бяз кавы і тэлевізара, – крычала вясёлая Зоя, махаючы ім рукой. – Магу, бо гэта ня будзе вечна…

Апошнія словы даляцелі да іх, калі Зоі ўжо не было відаць.

* * *

Здаецца, усё сказана, але гісторыя не завершаная. Ты адчуў гэта? Нават калі не, ты зразумеў, што ніхто ня пляскае, а пляскаць першым ты не прывык. Услухайся. Недзе на самым далёкім тле засталася гучаць ёніка. Ціха-ціха. Не таму, што яе забылі выключыць. Ясная рэч, яна ўжо не нагадвае табе хаўтуры. Гэта мы праехалі. У ёнікі больш складанае заданьне – захаваць цябе ў мэдытатыўным стане, перакінуць масток нават не да наступнай гісторыі, а далей, туды, дзе атрымаюць разьвіцьцё твае самыя нечаканыя думкі. Дакладней, нават не твае, а думкі складальніка музыкі, якія ты павінен успрыняць як свае – менавіта для гэтага яны і павінны быць нечаканымі.

І вось да ёнікі далучаецца хаос аркестровай ямы – не нахабны і крыклівы, а тактоўны. І раптам ты разумееш, што гэта зусім не хаос. Віялянчэль абрысоўвае мэлёдыю, быццам сама сабе засумаваўшы. Пачакай. У табе гаворыць ня колішні малады гіпі, а чытач глямурных часопісаў. Лепей аддай даніну таму, як заварожліва гучаць хаос ямы і гэтая віялянчэль. Ведаеш, што зараз будзе? Тое, чаго ты больш за ўсё ня любіш у музыцы. Калі сьпяваюць опэрныя цёткі. Мы з табой у гэтым падобныя!

Да пэўнага ўзросту, натуральна. Памятаеш, я казаў пра сакральны зьмест? І раптам зразумеў, што няма ў музыцы нічога больш сакральнага, чым голас опэрных цётак. Ну вось нешта, незалежнае ад твайго розуму, робіць іх сырэнамі. Добра, сырэнамі – там чыста фізычнае ўзьдзеяньне. А як толькі яны трапляюць у клясычную традыцыю, яны быццам трапляюць на службу Богу, робяцца ягонымі вястункамі. Патрыярхі гавораць словы, а цёткі цаляюць проста ў сэрца. Гэта наймацнейшая зброя.

Чуеш, наша ўжо засьпявала. Паступова, зь нізоў.

Дон Катаяма. Чалавек без галавы

„У мяне за сьцяной размаўляюць суседзі“, – піша Дон Катаяма на чыстым аркушы паперы. Гэта рытуальны сказ, зь якога пачынаецца кожны запіс. Насамрэч суседзі пакуль не размаўляюць, але аўтар чакае, як і штодня, калі пачуюцца іх галасы, і ён будзе запісваць тое, што яны кажуць. У пярэрвах паміж іхнымі словамі ён занатуе свае думкі і словы, зьвязаныя ці не зьвязаныя з тымі суседзкімі, і такім чынам у яго атрымаецца верш, або аповед, або проста дзёньнік. Дон Катаяма літаратар. Ён крыху старасьвецкі, бо піша заўсёды стоячы, стос паперы пакладзены на сакратэрку, зьлева ад яго – вакно, пранізанае промнямі вечаровага сонца. За шыбамі – вялікі гарадзкі двор: дрэвы, лаўкі, гушкалкі, дзеці, галубы. Дон Катаяма доўга глядзіць у вакно, пакуль, нарэшце, за сьцяной не пачынаецца размова…

– Ці чула пра чалавека без галавы? – пытаецца хлопчык Кай.

„Ці чула пра чалавека без галавы?“ – запісвае Дон Катаяма.

– Толькі пра яго ўсе й гавораць, – адказвае дзяўчынка Герда.

„Толькі й гавораць“, – запісвае Дон Катаяма.

– Ты думаеш, так бывае? – пытаецца Кай.

– Ну, што ты! – кажа іхная маці Зоя. – Безгаловых людзей не бывае.

Жоўтае сонца дагарае ў вялікім гарадзкім двары, спакваля настае шарая гадзіна.

„А адкуль тады прыказкі: клёку ў галаве няма, на скрут галавы, страціў галаву?“ – пазначае Дон Катаяма наўзбоч асноўнага тэксту.

– Нам настаўніца ўвесь час кажа, што мы безгаловыя, – разважае ўголас Кай.

– Дачакайцеся бацькі і спытайце ў яго, – кажа маці Зоя, – непрыгожа пераказваць чуткі.

Дон Катаяма ведае, што іхны бацька – маёр Іван, які нясе службу і зьяўляецца ўдома позна. Хай бы дзеці захацелі дачакацца яго ды распытаць пра чуткі, што ўжо ня першы дзень бунтуюць цэлы горад.

* * *

Некалі Дона Катаяму моцна зьдзівіла тое, што маёр Іван назваў сваіх дзяцей Каем і Гердай. А аднойчы, гэта было ці то ў краме, ці то ў двары, ці на ходніку, Дон Катаяма сустрэўся позіркам з маёравай жонкай Зояй з суседняга пад’езду і зразумеў, што перад ім зусім ня Сьнежная каралева, а жанчына прыгожая і разумная, можа быць, такая, зь якой радасна было б і яму, самотнаму літаратару і змагару з ікэбанавымі ветракамі. Шчыра кажучы, Дон Катаяма, як мужчына, нават жадаў маёраву Зою, але, зразумела, плятанічна, як літаратар. Прыязна ставіўся ён і да маёра Івана і сёньня чакаў ягонага зьяўленьня за сьцяною з асаблівай цікаўнасьцю.

Тым часам суседзі, як было чуваць, улучылі тэлевізар і глядзелі навіны. Бывала, і з гэтага нешта перападала нашаму летапісцу, нешта натхняла на ўласныя думкі, але рэдка. Навіны апошнім часам ня клікалі да развагі, бо былі ніякія, высмактаныя з пальца, а то й відавочна фальшывыя, і дыктары чыталі іх з інтанацыяй галодных сабак, каб хоць такім чынам затрымаць глядацкую ўвагу ды пераканаць у сапраўднасьці.

Ужо была ноч, калі пачуўся сьцішаны голас дзелавітага маёра. Дачакаліся ўсе – і Герда, і Кай, і Зоя, і Дон Катаяма.

– Ёсьць такі факт, – сказаў маёр Іван, пазвоньваючы відэльцам аб талерку. – І гэты факт правяраецца.

– Як правяраецца? – выгукнулі ў адзін голас Кай і Герда.

– Ну, галоўнае, што такі факт ёсьць, – рэзюмавала маці Зоя, – і цяпер, дзеці, вы можаце ісьці спаць.

– Мы яшчэ трошачкі… Мы таксама хочам паслухаць…

– Я на службе, – разважаў за вячэраю маёр, – там скралі, там наехалі, а тут – чалавек без галавы! Ну, як мне гэта разумець?

– Разумей як факт, – супакойвала яго Зоя, – ёсьць гэты чалавек без галавы. Можа быць, сымпатычны і малады…

– А я чуў, – пасьпяшаўся сказаць хлопчык, – што ён ходзіць за горадам, на ім кальчуга, а ў руцэ ў яго меч. Ён ваяр невядомае бітвы!

– А я чула, – пасьпяшалася сказаць дзяўчынка, – што ён звычайны бомж. Ён езьдзіць у тралейбусе і ад яго сьмярдзіць, як ад бамжа.

* * *

Чалавек без галавы быў прыдумкаю Дона Катаямы. Яму замовілі артыкул пра сьмяротнае пакараньне, вось ён і напісаў „Чалавека без галавы“. Ну, быццам камусьці адсякаюць галаву, але ён ня можа проста так узяць ды памерці, бо быў не забіты, а пакараны, гэта значыць, мусіць несьці сваю кару і ўсьведамляць яе. І таму ён ходзіць па горадзе, сядае ў тралейбусы, завальвае ў кавярні. Усе глядзяць на яго і жахаюцца, бо чуюць пах тлену. А яму ня тое каб няёмка, яму невыносна ўсьведамляць сваю заганнасьць, але ж ён нясе гэтае сваё пакараньне. Што толку, калі яго проста заб’юць? Быў, і няма. Забілі – закапалі – забылі. А ён ходзіць – ці то дакор, ці то навука іншым.

Спыніць гэта немагчыма, бо для пакаранага сьмерцю сьмерці не павінна быць, інакш ня будзе і кары. Выходзіць, чалавек без галавы – вечны? Не зусім так, бо ёсьць яшчэ адна акалічнасьць. Ён спыніцца ў той момант, калі будзе скасаванае сьмяротнае пакараньне, сьмерць ня будуць больш лічыць карай. Аднак, калі б дзяржава зрабіла гэта ды адмяніла кару сьмерцю, яна б ускосна прызнала, што проста забіла яго, вось і ўсё. А з чаго б гэта дзяржаве захацелася прызнаць сябе забойцаю…

Артыкул разышоўся на рэпрынты і ўрэшце ператварыўся ў чуткі. А цяпер гэтая гісторыя ажыла за сьцяною на кухні ў хаце маёра Івана. Хутчэй за ўсё, такую чутку і пераказвала Герда. Але адкуль узяўся ваяр у кальчузе, ды яшчэ зь мечам, ды яшчэ што ён сноўдаецца недзе, наводзячы жах на прадмесьце, – гэта была загадка.

„Можа ён адбіўся ад якога-небудзь рыцарскага клюбу?“ – запісвае Дон Катаяма.

– Можа ён адбіўся ад рыцарскага клюбу? – кажа за сьцяной маёр Іван. – І тады, калі меч у яго сапраўдны, без галавы ён можа нарабіць бяды.

– Не, – пярэчыць бацьку Кай, – ён сапраўдны ваяр. Сярэднявечны. Проста бітва, якую вяло ягонае войска, не дасягнула мэты. Вось ён і зьявіўся, каб дарабіць справу.

– Пагатоў ён небясьпечны, – кажа маці Зоя. – Каб давесьці бітву да канца, трэба забіць ворага, а мы зусім ня ведаем, хто гэта, і каму пагражае сьмерць.

* * *

Дзеці нарэшце выпраўленыя спаць, і гаворка сужэнцаў пераходзіць на такі ціхі рэгістар, што не чуваць. За вакном – неба, поўнае зорак, і гук далёкага тралейбуса. Усё гэта перамешваецца ў думках зь відзежамі сярэднявечнай гісторыі. Сотні людзей у кальчугах штурмуюць горад. Паўсюль крыкі, скрыпяць катапульты, сіпіць усьпененая смала…

Успомніў! – спахопліваецца Дон Катаяма. Калісьці ён разблытваў адну такую сярэднявечную справу. Гэта Януш Чартарыйскі – чалавек без галавы! Асадка пачынае лётаць па паперы, даганяючы хуткія думкі.

Калі ў шаснаццатым стагодзьдзі шляхта выправілася на аблогу Пскова, сябра Януша Саламярэцкі скарыстаўся агульнай мітусьнёй і забіў яго, зьнёс яму галаву. А тады, вярнуўшыся на радзіму, пайшоў жыць да ягонае жонкі, у якую даўно быў закаханы. А ў летапісах занатавалі, што Януш Чартарыйскі падчас аблогі Пскова сам зваліўся з каня ды напароўся на ўласны меч такім чынам, што застаўся без галавы. І ўсе ў гэтае глупства паверылі. І да сёньня вераць. Ну, думаюць, мабыць, што мужны ваяр Януш перад атакай перабраў для храбрасьці. Але ж гэта поўны абсурд! Януш, калі й перабіраў, дык толькі не перад бітвай. Праўда, Пскоў яны так і не ўзялі. Але ж і крыўдна ня гэта. Крыўдна, што Януш у выніку падступнага зьбегу абставінаў застаўся без галавы і бяз жонкі. І крыўда ягоная ня мае тэрміну даўнасьці. Таму ён і прыйшоў у горад, бо шукае сатысфакцыі, хоча знайсьці свайго крыўдніка ды адпомсьціць яму!

Сёньня ж уначы Дон Катаяма выставіць гэтую навіну на гарадзкім сайце. Чутка дойдзе да маёра Івана, і яны пачнуць шукаць Саламярэцкага, каб папярэдзіць забойства.

Раптам галасы за сьцяной чуюцца з новай сілай. Відаць, дзеці яшчэ не паснулі ці, можа быць, гэта размова ў сьне.

– Ён дужы і справядлівы, – працягвае заступацца за чалавека без галавы Кай.

– Прыду-умкі, – абрывае яго Герда. – Ніхто ж ня бачыў…

– Мы хочам стварыць у школе групу падтрымкі чалавека без галавы. Вось тады паедзем за горад і пабачым, – кажа Кай.

„Кожнага ў жыцьці перасьледуе свой чалавек без галавы, – запісвае Дон Катаяма, – каго рыцар, каго бомж, а каго сымпатычны маладзён. Гэта што, ад браку гармонаў ці біяграфіі? А можа быць, гэта цень сумленьня?“

– Напэўна, усё так і будзе, – адказвае Каю маці Зоя, – а сёньня ўсім пара спаць.

Галасы за сьцяною сьціхаюць. Дон Катаяма запарвае сабе гарбату, сядае да кампутара і заходзіць на гарадзкі сайт.

* * *

Жарсьці ў сеціве кіпяць толькі вакол аднае тэмы – чалавека без галавы. Наведнікі пішуць, дзе і калі яго бачылі, як ён выглядаў, і выказваюць здагадкі, хто ён, адкуль прыйшоў і навошта. Вэрсіі натыкаюцца адна на адну як крыгаход. Сустракаюцца вядомыя – пра бамжа ў тралейбусе і ваяра зь мячом. Але ёсьць і іншыя.

„Ён Хрыстос! – (Нічога сабе, Хрыстос без галавы…) – Ён нясе нам збавеньне – (Ад каго ці чаго, цікава. Можа, ад галавы?) – Гэта Яго другое прышэсьце. Радуйцеся! Ён вызваліць нашыя душы, загоіць усе раны, адкажа на ўсе пытаньні – (Якім чынам ён будзе адказваць – без галавы?)…“

„Гэта Дон Кіхот, наш высакародны рыцар. Ён прыйшоў, каб разбурыць ветракі нашага цынізму!“ (Дакладна – пра мяне.)

„Заратустра!“

„Страшны суд!“

„Ды што вы ўсё пра нейкіх прарокаў! Бачыў я яго надоечы ў прадмесьці. Ён сапраўды ў кальчузе, але ніякі не прарок. Тупая разьюшаная істота мэханічна махае сваім даўжэразным мячом – бяз толку і бяз мэты…“

„А ці былі там двухручныя мячы?“

„Дзе – там?“

Ацэнкі – што тая хваля прыбою, – разважае Дон Катаяма, – ці чароды рыбак. То ўсе накідваюцца на вэрсію Хрыста, то раптам у адваротны бок – да антыхрыста, Гітлера, сярэднявечных катаў на рынку. Наш герой можа быць кім заўгодна, калі ня мае галавы. Прычым апошняя акалічнасьць не заміне яму ў гэтым. Рыбкі паплывуць туды, дзе ёсьць пракорм, і куды пакліча іх вецер.

Тут жа трапляюцца і вершы, і нейкае падабенства апавяданьняў.

„Штораніцы па нашым полі блукае чалавек без галавы. Ён то запыніцца, то валачэцца невядома куды, то кінецца бегчы ды зноў вяртаецца на ранейшае месца. Часам ён заходзіць у горад, наводзіць жах на мужчын, выклікае млосьць у кабет і сьмех маленькіх дзяцей… Кальчуга і меч у руцэ азначаюць у ім воя, а па лахманах ужо нельга пазнаць, зь якога ён войска, за што ваюе, і хто ягоны вораг. Ніхто ня ведае, хто ён, у якой сечы страціў сваю галаву і чаго яму трэба. Ня ведае гэтага і ён сам. Але ягонае жывое сэрца зноў вядзе яго зь ягонага схову то ў поле, то ў горад. Не знаходзіць сабе месца безгаловы ваяр“.

Ён – мастак-пэрформэр, ён – правакацыя ўладаў, ён – вядомы апазыцыйны палітык, які шмат гадоў таму выехаў за мяжу…

„Я кахаю яго. Наталі“.

Калі фантазія наведнікаў вычарпалася, яны сышліся на думцы, што чалавек без галавы кагосьці шукае. Ізноў было шмат здагадак, пакуль уся грамада не наблізілася да высновы, што ахвяраю монстра можа быць кожны з нас.

Апошні па часе допіс пакінуў вядомы ў горадзе доктар Заяц:

„Чалавек без галавы – гэта плён нашых выдумак. Кожнаму з нас неабходны свой чалавек без галавы – як свой адбітак, як свая ўласная безгаловасьць, што існуе не ў табе, а ў кімсьці іншым, нібыта асобна ад цябе. Уладам ён патрэбны, каб сьпісваць на яго ўсялякі недахоп уласнага кіраваньня. Але й кожнаму з нас ён даецца для таго самага“.

„У мяне за сьцяной размаўляюць суседзі“, – напісаў Дон Катаяма ў вакенцы для камэнтароў і пайшоў спаць.

* * *

– І што яны кажуць? – спытаўся доктар Заяц, быццам іхная размова, пачаўшыся ў сеціве, натуральна працягвалася наяве.

Сваім вузкім колам яны штодня сустракаліся ў летняй кавярні каля вялікага гарадзкога двара Дона Катаямы: ён, доктар Заяц і прафэсар Солад.

– Ды падурэлі ўсе праз гэтага чалавека без галавы, – адказаў Дон Катаяма, – ці вы чулі самую апошнюю вэрсію? Нібыта гэта наш Прэзыдэнт.

Усе азірнуліся.

– Ну, доля праўды ў гэтым ёсьць, – заўважыў прафэсар Солад. – Калі ўсіхная ўвага прыкутая да аднае пэрсоны, нічога дзіўнага, што і кожны іншы аб’ект такой увагі асацыюецца з Прэзыдэнтам. Нават калі ў аб’екта няма галавы.

Насамрэч, безгаловасьць – ня толькі мінус, але, можа быць, і плюс, калі гаворка ідзе пра палітычную інтуіцыю і патрэбу прымаць безаглядныя рашэньні. Мы жывем у зблытаныя часы, калі ніякія намовіны не працуюць, а дзейнічае толькі тое, чаго ніхто не чакае – як чалавека без галавы ніхто не чакае за столікам у кавярні.

– Мой сусед за сьцяной – маёр Іван. Думаю, сёньня ўвечары ён раскажа пра вынікі свайго сьледзтва, якое распачаў учора, – прамовіў Дон Катаяма. – А пакуль хацелася б пачуць ад шаноўнага прафэсара яго ўласную вэрсію. Наколькі я ведаю, вы сустракаліся з гэтым чалавекам без галавы.

Прафэсар Солад паглядзеў на Дона Катаяму крыху зьдзіўлена, пасьля адкінуўся на сьпінку драўлянага крэсла і, памешваючы лыжачкай цукар у кубку з кавай, пачаў свой расповед.

– Гэта быў экспэрымэнт. Вы ж ведаеце, як я люблю ўсялякія экспэрымэнты. Дык вось. Я напісаў яму цыдулку, паклаў яе пад камень, а назаўтра знайшоў на тым месцы ягоны адказ.

– І што ён адказаў? – у адзін голас спыталіся Дон Катаяма і доктар Заяц.

Прафэсар Солад загадкава ўздыхнуў, але вымавіць не пасьпеў.

* * *

– Усім заставацца на сваіх месцах! – пачулася каманда ад уваходу ў кавярню. Гэты загад аддаў маёр Іван, які разам зь яшчэ двума вайскоўцамі ўскочыў у памяшканьне.

Незвычайнасьць сытуацыі была ў тым, што вайсковы кіцель маёра быў расшпілены на ўсе гузікі. Можна было падумаць, што ён і ягоныя калегі крыху падвяселеныя.

– Мы шукаем чалавека без галавы, – заявіў маёр Іван. – Праверка дакумэнтаў.

Усе прысутныя ў кавярні заварушыліся, шукаючы ў сумках ды па кішэнях свае пашпарты.

– Дзіўная ідэя, – напаўголас сказаў Дон Катаяма, – хіба можна чалавека без галавы знайсьці паводле пашпарту, а не паводле безгаловасьці?

– Мабыць, у пашпарце ў безгаловага на здымку павінны быць адныя плечы, – пажартаваў прафэсар Солад. – Хоць, калі сур’ёзна, вы ж ня думаеце, што маёр мог паверыць, што нехта сапраўды ходзіць па кавярнях без галавы. Таму шукаюць, хутчэй за ўсё, кагосьці, хто гэтага чалавека без галавы прыдумаў. Магчыма, ім нават вядомае прозьвішча, – сказаў ён, падаючы свой пашпарт маёру.

– Я й так бачу, што вы з галавой, – адхіліў маёр ягоную руку.

Аблава скончылася гэтак жа хутка, як і пачалася. Вайскоўцы выскачылі з кавярні. Народ ажывіўся ды стаў абмяркоўваць нечаканае здарэньне.

– Іхная сыстэма дае збоі, – заўважыў прафэсар Солад. – Вось чаму яны такія расшпіленыя.

– Гэта праўда, – пагадзіўся доктар Заяц. – Калі іхная сыстэма сутыкаецца з чыстымі сублімацыямі, яна зьбіваецца. І як гэта ня прыйдзе ў галаву нашай апазыцыі?

– Ні слова пра палітыку, шаноўныя, – зьмяніў тэму Дон Катаяма. – Мне ня церпіцца пачуць, што ж там было, у той цыдулцы чалавека без галавы.

Прафэсар Солад нясьпешным рухам паклаў свой пашпарт у кішэню, дастаў адтуль згорнуты аркушык і працягнуў калегам – чытайце.

* * *

– Але тут нічога няма, – выгукнулі Дон Катаяма і доктар Заяц.

– Правільна! – пацьвердзіў прафэсар Солад. – А што, вы хацелі, каб чалавек, у якога няма галавы, гэта значыць, мазгоў і вачэй, нешта напісаў? Тым ня менш, ён адказаў мне. І я, з вашага дазволу, перакажу сутнасьць ягонага адказу.

– Гэта будзе прыблізна тое, што я ўчора напісаў на гарадзкім сайце? – спытаўся доктар Заяц.

– Прыблізна, – зрабіў націск на слове прафэсар Солад. – Але ўсё ня так проста. Спачатку пра маё да яго пытаньне. Магчыма, яно падасца вам ненавуковым, але найперш мною рухала самая звычайная цікаўнасьць. Я пісаў: слухай, чалавек без галавы, раскажы, што там, ты ж адтуль? І вось ён адказвае: я не таму адтуль, што без галавы, а таму, што пазбавіўся асабовасьці! Там – субстанцыя шчасьця і любові.

Прафэсар Солад урачыста ўсьміхнуўся, быццам зрабіў адкрыцьцё. Ягоны твар нібы асьвятліўся ўнутранай музыкай, якую выразна пачулі ўсе застольнікі.

– А што гэта значыць – пазбавіўся асабовасьці? – спытаў Дон Катаяма.

– Значыць, вызваліўся. Стаў самім сабою. Сам сябе зрабіў.

– Прыемна чуць, што наперадзе – толькі шчасьце і любоў, – уставіў доктар Заяц.

– Тут трэба мець на ўвазе, для каго тое шчасьце, – удакладніў прафэсар Солад. – Чалавек увогуле – ня проста боскае стварэньне, але і прадукт грамадзтва, што і праяўляецца ў ягонай асабовасьці. А калі ты хочаш, каб наперадзе была субстанцыя любові, мусіш пазбавіцца асабовасьці. Бо любоў – зьява нагэтулькі ж абсалютная, наколькі недасканалы кожны з нас праз свае прыватныя адметнасьці. Інакш кажучы, чалавек не адпавядае субстанцыі шчасьця. Вось наш герой і пазбавіўся гэтых адметнасьцяў. Стаў абсалютным самім сабой, боскім стварэньнем без дамешкаў сям’і, школы, літаратуры, тэлевізара, усялякіх умоўнасьцяў…

– Значыць, гаворачы пра субстанцыю шчасьця, мы кажам пра тое, чаго ў рэчаіснасьці няма, – канстатаваў Дон Катаяма.

– У нашай рэчаіснасьці, – удакладніў доктар Заяц.

* * *

Вечаровае сонца зноў залівала ўвесь вялізны двор за вакном, калі Дон Катаяма ўстаў да сваёй працоўнай сакратэркі. Але гэтым разам галасоў за сьцяной чакаць не давялося. Маці Зоі й маёра Івана, напэўна, не было дома, і дзеці маглі вольна размаўляць паміжсобку.

– Сёньня мы ўцяклі з трэцяга ўроку ад хіміцы і паехалі за горад, – распавядаў Кай. – Доўга шукалі чалавека без галавы, але знайшлі! Ён праскакаў міма нас на баявым кані.

– Проста як у Майн Рыда, – пасьміхнулася Герда, – скажы яшчэ, што ён шпагай расьпісаўся, намаляваў вам на партфэлях знак „Z“.

– Нічога ён не расьпісваўся. Проста праскакаў міма. Ён вельмі прыгожы станавіты рыцар.

– Ведаю. У нас у клясе ўсе дзеўкі ў яго закахаліся.

– А гаварыла, што бомж у тралейбусе… Бачыш, хто меў рацыю? І ты таксама ў яго закахалася?

– А што я, горшая за іншых? Што, не магу сабе ўявіць…

– Што ўявіць?

– Ну, што кахаю яго. Вось, я выходжу да яго ў поле і кладу рукі яму на плечы. І ён растае ў маіх абдымках, мужны ваяр…

Фантазіі дзяўчынкі перапыняе бразгат дзьвярэй.

– У гэтым горадзе ўсе безгаловыя, – чуецца голас маці Зоі, – паўсюль чэргі, усе толькі й гавораць пра рыцара без галавы.

– Герда ў яго закахалася, – выдаў таямніцу Кай.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации