Электронная библиотека » Вінцэсь Мудроў » » онлайн чтение - страница 3


  • Текст добавлен: 11 декабря 2018, 23:00


Автор книги: Вінцэсь Мудроў


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

На шчасце, далёка не йдзём. Якраз на ўскрайку ляжыць, вывернуты з магілы, металёвы, звараны з тоўстай трубы крыж. Удвох падхопліваем яго, выцягваем на дарогу. Крыж і без таго цяжкі, а тут яшчэ да ніжняга канца прыстала бетонная камлыжына. Яна барануе зямлю, не дае разагнацца. Цягнуць крыж дварамі, па ўтравелых сцяжынах, не выпадае, таму шыбуем напрасткі, па асфальтавым ходніку.

Нябачная ў цемры варона – ці не тая, што пужала нас на могілках, ляціць над нашымі галовамі, картава гарлае, і нейкая цётухна ў чорным палітоне, якая шыбуе насустрач, адскоквае ўбок і хрысціцца.

Цягнем крыж за будынак школьнай спартзалы, ставім старчма, збіраемся перавесці дух, ды тут надараецца неверагоднае: з задніх дзвярэй спартзалы, што заўсёды стаяць замкнёныя, выходзіць русічка Марковіч. Пакуль яна папраўляе валасы на галаве і абівае спадніцу, мы ціхенька, каб не нарабіць груку, кладзем крыж на асфальт, мерымся сігануць у кусты – і чуем зычны голас:

– Зыль! Каролік!

Следам за русічкай з дзвярэй – асцярожнай ступою і азіраючыся – выходзіць настаўнік фізкультуры Міхал Карпавіч.

– А што ж гэта робіцца?! – не сваім голасам войкае русічка. – Міша… э-ээ… Міхал Карпавіч. Зірні на сваіх выхаванцаў! Вывернулі з магілы крыж і цягнуць у школу! Зараз жа цягніце назад!

– Нінэль Іванаўна, можна крыху цішэй? – Выцершы насоўкай упацелы лоб, Міхал Карпавіч ідзе да нас, падхоплівае крыж, цягне да бліжэйшых кустоў. – Адзін прыперлі ці некалькі?

– Адзін! – выдыхаем мы з Мішкам і разам паглядаем спадылба на русічку. Тая таксама злёгку ўпацелая, і ў валасы ўбіўся кавалак шэрай ваты. Няйначай, кулялася на ліхенькіх школьных матах.

– Так… заўтра а восьмай гадзіне чакаю вас ля дырэктарскага кабінета, – русічка змахвае вату з валасоў.

– Ды хлопцы металалом збіраюць. Ну, крыху перастараліся. Ці варта шум уздымаць?..

– Міхал Карпавіч… я вас папрашу, – перарывае калегу русічка, а Мішка Зыль, шморгнуўшы носам, заўважае: – Мы ў другую змену вучымся.

– Паўтараю: а восьмай гадзіне прыйсці да дырэктара! Русічка рашуча паварочваецца, цокае па асфальце туфлямі-лодачкамі. Міхал Карпавіч яшчэ імгненне стаіць нерухома, а потым, пацёршы няголеную шчаку, нясмелым крокам рушыць следам.

Наступнай раніцы мы стаім з Мішкам насупраць дырэктарскага кабінета: глядзім на падлогу, стоена ўздыхаем.

– Што, салагі, дастукаліся? – гукаюць хлопцы-старшакласнікі, якія гаманкой чарадой праходзяць міма.

А восьмай гадзіне гучыць званок, і няўцямны гул ды лямант, якімі поўняцца калідоры, паволі аціхаюць. Дзесьці на доле яшчэ тупаюць, голасна смяюцца, потым бразгаюць дзвярыма, і ўсё змаўкае.

Я апускаюся на калені, прыпадаю вухам да замочнай шчыліны. Чутны толькі асобныя фразы.

– Наталля Леанідаўна, я сапраўды заклікала збіраць металалом. Але ж пры гэтым не заклікала выкарчоўваць крыжы з магілаў, – сакоча Чыпаліна.

На лесвіцы чуюцца нечыя крокі, і мы адскокваем ад дзвярэй. Па калідоры, спінай да нас, тупае школьная прыбіральшчыца з вядром і швабрай у руках, і я ізноў прыпадаю да шчыліны.

Гэтым разам прамаўляе дырэктарка:

– Думаю, у гэтым ёсць і наша віна. Бо мы, педагогі, не прышчапілі вучням… – чаго там нам не прышчапілі, я не дачуўся: Мішка адцягнуў мяне ад дзвярной шчыліны і сам прыхінуўся да яе скронню.

– Ну, што там? – шапчу я. Сябар, прыклаўшы палец да вуснаў, утрапёна лыпае вачыма.

– Дырэктарка кажа – трэба крыж некуды вывезці. І арганізаваць суботнік на могілках, – шапоча нарэшце сябрук і адскоквае ад дзвярэй.

Адскочыў Мішка своечасова, бо ў той жа міг дзверы адчыніліся і ў пройме паўстала дырэктарка школы Наталля Леанідаўна.

– Зыль і Каролік? Пяты «А»? Мы ківаем галовамі.

– Які ў вас зараз урок?

– У другую змену вучымся, – адказвае Мішка. Дырэктарка дакорліва ківае галавой, і я не магу ўцяміць: у чым яна нас дакарае. У тым, што мы прыцягнулі крыж з могілак ці таму, што вучымся ў другую змену.

– Добра, – з уздыхам прамаўляе дырэктарка. – Ідзіце, рыхтуйцеся да заняткаў. Я з вамі пагаманю пазней.

Дзверы прычыняюцца, і я, счакаўшы хвіліну, ізноў прыпадаю да замочнай шчыліны.

– Мы нічога не павінны пускаць на самацёк, – кажа Наталля Леанідаўна, стукаючы абцасамі па падлозе. – Вы чулі, што надарылася ў 19-й школе? Вучні сцягнулі на металалом накрыўку каналізацыйнага люка, і туды ўпаў мужчына. Сківіцу зламаў, ляжаў у рэанімацыі… – Мішка цягне мяне за рукаво, і за спінай адзываецца школьная прыбіральшчыца.

– Ай-я-яй! Падслухоўваюць чужыя размовы! Як не сорамна! – прыбіральшчыца ідзе па калідоры, піхаючы перад сабой швабру з мокрай анучай.

Прыбіральшчыца штосьці абурана прамаўляе нам услед, але мы не чуем: бяжым з Мішкам па лесвіцы, ляпаючы па парэнчах вільготнымі далонямі.

– Як ты думаеш, бацькам паведамяць? – ужо на ганку пытаецца сябар.

Я торгаю плечукамі.

– Табе добра. Бацька ў моры. Забыўся ўжо, калі цябе лупцавалі, – гугніць сябар, ды, злавіўшы мой незадаволены позірк, аціхае.

Мой бацька – рыбак. Ужо трэці год плавае на сейнеры. Летась цэлае лета быў з намі, а сёлета не прыехаў. Адно прыслаў поштай на братава імя дзевяцьсот рублёў. Маці хацела грошы назад адаслаць, ды Юрка не даў. Наогул маці на бацьку страшэнна злая. Як пабачыць ліст з Вентспілса, так адразу рве, не чытаючы. Так што, ідучы ў школу, я заўсёды зазіраю ў паштовую скрыню – а раптам пісьмо ад бацькі?

На гадзінніку палова на дзявятую. Гэтым часам маці збіраецца на працу. Зрэшты, цяпер яна не адна: з кухні даносіцца голас цёткі Акуліны – Мішкавай маці.

– Там, у портах, столькі сучак круціцца… Ты сабе і ўявіць не можаш. Так што любога абкруцяць…

Маці з суседкай грукаюць услонамі, выходзяць з кухні.

– Што, ужо скончыўся ваш збор? – пытаецца цётка Акуліна, і я, сцягваючы кеды, няўцямна мармычу:

– На заўтра перанеслі.

Сябрук, як ішоў у школу, наплёў пра збор. Не казаць жа, што нас ад самай раніцы выклікалі да дырэктаркі.

– Пайду Мішку пакармлю, – ад парога азываецца суседка і, сцішыўшы голас, дадае: – Так што, Фруза, не перажывай. Пагуляе ды вернецца.

Праз пяць хвілін маці ідзе на працу, і я сядаю за стол. Сёння серада. Першы ўрок – батаніка. Трэба штосьці пачытаць. Перагортваю падручнік, тупа гляджу на кветку канюшыны ў разрэзе і пераводжу позірк на братаў прайгравальнік. Прайгравальнік – навачасны, маркі «Камета» – Юрку падараваў бацька. А нядаўна, замоўленай бандэроллю, прыслаў замежную кружэлку з дзвюма песнямі «Бітлз». Як толькі яна з’явілася, у нашай кватэры не зачыняліся дзверы: кружэлку пераслухаў ледзь не ўвесь Юркаў чацвёрты курс. Пару чалавек прыцягвалі магнітафоны, а акулярысты бамбіза з суседняга пад’езда – Юрка кажа, што ён фотамастак, – прыходзіў з вялізным фотаапаратам і пераздымаў капэрту, у якую ўкладзена кружэлка. Капэрту таксама ўсе перагледзелі-перамацалі. Цяпер стаіць у серванце, за шклом, і Юрка не дазваляе яе адтуль выцягваць.

Спаўзаю з крэсла, падымаю накрыўку прайгравальніка, але кружэлкі на дыску няма. Няма і капэрты за шклом. Брат, відаць, прыхапіў на заняткі.

Вучыць батаніку зусім неахвота. Дый вочы смыляць ад недасыпу: учора цягаўся да ночы, а сёння падняўся з цёмнага рана. Кладуся на сваю ўлюбёную канапу, закідваю рукі за галаву і думаю пра тое, што русічка да Амерыкі і сапраўды не даляціць. Вунь, ля 19-й школы, дзядзька ўпаў у каналізацыйны люк і то апынуўся ў рэанімацыі. А тут шахта глыбінёй 12 тысяч кэмэ. Заплюшчваю вочы і ўяўляю, як падхорцісты, у высокім цыліндры і з рэдкай бародкай амерыканец – такіх увесь час малююць у карыкатурах – зазірае ў цёмную зеўру шахты і ў лабешнік яму стукае русічкін туфель. Амерыканец ловіць яго няўклюднай рукой, штосьці абурана гарлае – я нават чую ў зямных нетрах глухое рэха, – і шпурляе абутак назад у шахту. Амерыканец пацірае лабешнік. Добра яшчэ, туфель быў пры канцы лёту, згубіў былую хуткасць. – Ху іс эбсэнт тудэй?! – гучна крычу амерыканцу і заўважаю ў яго руках бліскуча-чорную бомбу. На баку бомбы – як падалося, Мішкавай рукой – крэйдай напісана літара «А». Падхорцісты падлюка хоча кінуць яе ў шахту, каб тая гакнула на нашым баку. – Сіт стыл! Оупэн ё бук! – гарлаю штосілы і размежваю павекі… Кот Маркіз, пабачыўшы, што я прачнуўся, трэцца вусамі аб ножку крэсла, бязгучна яўкае – просіць даць смятаны. Здаецца, і заснуў на хвіліну, а на гадзінніку палова на адзінаццатую. Трэба збірацца ў школу.

Батаніку ў нас вядзе Капіталіна Іванаўна. Сухарлявая і задышлівая пенсіянерка. Ад яе манатоннага голасу кожнага разу цягне на сон. І калі добрая палова класа пачынае торкаць насамі, пенсіянерка прахопліваецца, тыцкае ўказкай у схематычную выяву кветкі, што вісіць на дошцы, і голасна прамаўляе:

– Вось гэта што? Гэта тычы…

– …Нка-а! – абуджана гукаем мы.

– А вось гэта што? Гэта пес…

– …Ці-ік! – гарлаем на ўвесь клас, і Капіталіна Іванаўна, ляпнуўшы ўказкай па стале, штораз заўважае: – Каролік! Навошта так гучна? Я не глухая. – Пенсіянерка згадвае звычайна толькі мяне, нібыта толькі я адзін і крычу.

Сёння сяджу ціха, маракуючы, якім чынам героі Жуля Верна маглі б прабіць тоўшчу антарктычнага лёду.

Усё ж такі цікава б было сустрэцца з Жулем Вернам. Зайшлі б з ім у Мішкаву кватэру, уключылі тэлевізар. Вось бы падзівіўся стары. У Мішкі класны тэлевізар: «Тэмп-6». Мы з братам таксама марым набыць такі.

Суседка Галка тыцкае мяне локцем, і я трасу галавой.

– Каролік! Ты што там, заснуў? Ану паўтары: хто апыляльнік канюшыны?

– Чмялі, – падказвае Галка Патрыкеева, і я з неахвотаю прамаўляю: – Ну, чмялі…

– А чаму менавіта яны?

Галка штосьці шапоча, але батанічка папераджальна стукае ўказкай па стале, і суседка змаўкае.

– І аб чым ты ўвесь час марыш? – выдыхае Капіталіна Іванаўна, і Мішка Зыль гукае ад задняй парты:

– Марыць даляцець да цэнтра Зямлі і вылецець у Амерыцы наперад нагамі!

У класе смяюцца.

Гляджу праз плячук на сябра: той з вінаватым выглядам тузае плечукамі, маўляў, а што я такога сказаў? Ёсць у Мішкі такая паганая звычка – пацвельваць сяброў.

– Так, а цяпер адгарніце падручнікі на 45-й старонцы, – пажвавелым голасам прамаўляе Капіталіна Іванаўна, але гучыць званок, і мы падхопліваемся на ногі.

Наступны ўрок – геаграфія. Хоць я і не дзяжурны, але іду ў настаўніцкую, прачыняю дзверы і адшукваю вачыма геаграфічку Ксенію Спірыдонаўну. Тая, стаўшы рукі ў бокі, штосьці распавядае дырэктарцы.

– Я ёй, Наталля Леанідаўна, кажу: як табе не сорамна, васьмікласніцы, так фарбавацца. А яна рукі вось так… у бокі, узяла і скрозь зубы адказвае: а для чаго тады макіяж прыдумалі? Што яшчэ за макіяж? Я і слова такога не ведаю…

Кашляю ў далонь, і Ксенія Спірыдонаўна, азірнуўшыся, паказвае рукой на парэпаны шыфаньер.

– Вазьмі, Каролік, фізічную мапу СССР. Вунь яна, у трубку скручаная. І схему артэзіянскага калодзежа.

– А глобус браць? – пытаюся я.

– Вазьмі, – прамаўляе, не гледзячы на мяне, дырэктарка Наталля Леанідаўна. Ёй відавочна карціць пачуць, што было далей.

З глобусам у руках і з фізічнай мапай пад пахай выходжу ў калідор і сутыкаюся з Мішкам Зылём.

– Чаго гэты ты ўсхапіўся? Сёння ж я дзяжуру, – Мішка вінавата адводзіць вочы.

– Не, нездарма цябе кампазітарам Падкавыравым завуць, – я даю Мішку несці фізічную мапу і, пазіраючы на глобус, прыкідваю – дзе можа выйсці шахта, калі яе пачаць капаць у нашых мясцінах.

– А што я такога сказаў? – Мішка бяжыць поруч, спрабуючы зазірнуць мне ў вочы. – Ты ж сапраўды марыш патрапіць у цэнтр Зямлі.

– Я не мару, а даследую праблему, – папраўляю сябра: гэты мудрагелісты выраз я пачуў аднойчы з вуснаў Мішкавага бацькі, і ён мне вельмі спадабаўся.

У класе стаўлю глобус на стол і, прыціснуўшы палец да цэнтра Еўропы, пераконваюся, што другі канец шахты губляецца ў бязмежных акіянскіх прасторах. А вось праз полюсы ніякай шахты і капаць не трэба. Зямная куля працятая там бліскучым стрыжнем.

Вакол мяне збіраецца купка аднакласнікаў.

– Чаго, Лёня, глобус торгаеш? – пытаецца Пецька Мацапура. Пецьку я недалюбліваю, бо той задавака і хлус.

– Вывучае праблему падарожжа да цэнтра Зямлі, – тлумачыць Мішка Зыль, але ўжо голасам спакойным і разважлівым.

– Як гэта? – Пецька дробна міргае вачыма.

– А вось так… Пракопваем праз цэнтр Зямлі шахту…

– Чым, рыдлёўкай? – перабівае мяне Мацапура, і я не ведаю, як адказаць задаваку.

– Мы разглядаем не практычны, а тэарэтычны бок праблемы, – прыходзіць на выручку Мішка. Слоў такіх Мішка, вядома, нахапаўся ад бацькі. – Ты вось, Мацапура, адкажы… Калі скочыць у такую шахту – ці вылеціш на другім канцы?

– Вылеціш, – без вагання адказвае Мацапура, – і не проста так, а наперад нагамі.

– Вось гэта нумар! – захоплена выдыхае другагоднік Васька Хвошч. – Скочыў у трубу – і адразу ў Амерыцы!

– Слухайце сюды, – кажа Мішка Зыль і малюе крэйдай на дошцы вялікае кола. – Вось гэта Зямля, вось тут… – Мішка перацінае кола пункцірнай лініяй, – мы прабіваем шахту і скочым у яе наперад нагамі. Дык вось, мы да Амерыкі не даляцім. Будзем лётаць туды-сюды, пакуль не захраснем у цэнтры Зямлі. – Сябрук, няйначай, паўтарае тое, што дачуўся ад бацькі, выкладчыка транспартнага тэхнікума.

Я таксама хапаю крэйду.

– А калі вось тут, на другім баку, – крэйда крышыцца, пакідаючы на дошцы крывую дугу, – выкапаць глыбокую яміну. Даляціш да краю ці не?

Мішка чухае лоб, пэцкаючы крэйдай левае брыво.

– Тады, відаць, даляціш, – няўпэўнена прамаўляе сябрук, і ў клас рашучай хадой уваходзіць геаграфічка.

Ксенія Спірыдонаўна ніколі не падвышае голасу. Вось і цяпер, ні слова не сказаўшы, стаіць ля стала і чакае, пакуль мы сядзем за парты.

– Каролік… чаму дошка не выцертая?

– Сёння Зыль дзяжурны, – паведамляе Галка Патрыкеева, але я іду да дошкі, сціраю мокрай анучкай Мішкавы крамзолі.

– Ксенія Спірыдонаўна, – звяртаюся, выціраючы рукі аб нагавіцы.

– Слухаю цябе, Каролік.

– А якая таўшчыня лёду ў Антарктыдзе?

– У сярэднім таўшчыня лядовага покрыва складае два кіламетры. Аднак пра Антарктыду мы пагаворым пазней. А зараз праверым, ці вывучылі вы тапаграфічныя знакі.

Геаграфічка вядзе тупым канцом асадкі па класным журнале, а я плюхаюся на сваё месца, усведамляючы, што такую тоўшчу ломам не праб’еш. Тут і атамны выбух наўрад ці дапаможа.

На перапынку нікуды не йду. Чытаю «Літаратурку» – выцягнуў з паштовай скрыні, як ішоў у школу. На перадапошняй старонцы артыкул пад назвай «З жыцця “пчол” і “жукоў-гнаевікоў”». Вочы чапляюцца за радкі: «Хто ж гэтыя загадкавыя “жукі”? На жаль, гэта ўсяго толькі ангельскі эстрадны ансамбль “Бітлз”… – Чытаю, соўгаючыся азадкам па лаве: гэта ж пра Юркавых улюбёнцаў! – Цяжка нават уявіць, якія гукі выдаюць гэтыя маладыя людзі, які змест у іхных опусах», – чытаю далей і чую ля вуха гарачае дыханне суседкі.

– Там што, пра «Бітлз» напісалі?

– Можна падумаць, ты іх чула, – гмыкаю, не адрываючыся ад газеты.

– А ты сам хоць чуў?

– Ды ў мяне, каб ты ведала, дома кружэлка ёсць, – я піхаю газету ў партфель, падымаюся на ногі.

– Дай паслухаць! – Галка таксама падхопліваецца, бліскае раскосымі вачыма.

– Не магу… братава.

Ужо на калідоры чую зычны Галчын воклік:

– Усё, Лёнік, скончыліся твае перапісоны. Такая заява прымушае спыніцца.

– Ладна, – выдыхаю я, перахапіўшы Галку ў дзвярах. – Прынясу для пачатку капэрту з фотаздымкам.

Звініць званок. Па калідоры, узняўшы над галавой разгорнутую мапу Рымскай імперыі, бяжыць Мішка Зыль. Наступны ўрок у нас – гісторыя.

Артыкул пра бітлоў прачытала палова класа. Нават газету пакамячылі. Уяўляю, што што будзе з Юркам, калі ён прачытае такое. І вось, вярнуўшыся са школы, ад парога крычу брату:

– У газеце пра «Бітлз» напісалі!

Юрка выхоплівае з маіх рук «Літаратурку», перагортвае старонкі, а я іду на кухню, ляпаю створкамі кухоннай шафкі і, не знайшоўшы нічога спажыўнага, цягну са слоіка маласольны гурок.

– Не, якую лухту пішуць! – абураецца за сценкай братан. – «Давядзецца жабраваць па шынках…» І хто піша: Мікіта Багаслоўскі! «Як на шахце вугальнай х… знайшлі адрублены». Ды гэты ёлупень іх ніколі не чуў!

Я задаволена пасміхаюся, надкусваю гурок і йду да серванта. Капэрта з «Бітламі», на шчасце, стаіць на сваім месцы. Да свайго сораму, з усіх чатырох музыкаў ведаю толькі двух. Імёны ў іх мудрагелістыя, нават не ведаю – ці правільна прамаўляю. Вось гэтага, што скраю, завуць Джоленан, а вунь таго, напалову прыхаванага вялізным бубнам, – Рынгастар. Перад Галкай трэба бліснуць дасведчанасцю.

– Слу… хай, – бубню, тыцкаючы пальцам у шкло, – а як завуць вось гэтага, з гітарай-скрыпкай?

– Пражуй, – незадаволена адзываецца братан. Юрка нервовымі рукамі складвае газету ў столку, падаецца ў калідор і, ужо адчыніўшы дзверы, крычыць:

– Поль Макартны!

Братан пабег да сябра – фотамастака, што жыве ў суседнім пад’ездзе. Трымайся, Мікіта Багаслоўскі! Зараз табе Юрка з фатографам дадуць дыхту!

Каб не забыцца, выцягваю з партфеля падручнік расейскай мовы і на адваротным баку вокладкі запісваю прозвішчы бітлоў: Джоленан, Рынгастар, Поль Макартны. Трэба будзе спытацца, як завуць чацвёртага, які стаіць паміж Джоленанам і Макартным. Ён мне, дарэчы, найбольш падабаецца. Вырасту, абавязкова пашыю сабе такія ж скураныя порткі, як у таго, чацвёртага, і адгадую такія ж даўгія валасы.

На першы ўрок, на ненавісную мне расейскую мову, мы з Мішкам, як заўсёды, познімся. Марковіч ужо і дзверы адчыніла, а тут мы бяжым па калідоры. Русічка, з грымасай на твары, запускае нас у клас, з грукатам зачыняе дзверы.

Саджуся за парту, спрабую перавесці дых.

– Ну як, прынёс? – шэпча суседка. Моўчкі ківаю галавой.

– Так… усе прыйшлі, хворых няма? – пытаецца русічка, штосьці пазначаючы ў класным журнале.

Я лезу ў партфель, цягну капэрту за ражок, і тая, выслізнуўшы з рукі, падае на падлогу. Прыціскаю капэрту нагой.

– Каролік, што там у цябе? – русічка надта порстка падхопліваецца. – Ану-ка, дай сюды…

Пальцы – доўгія, з наманікюранымі пазногцямі – ушчаперваюцца ў капэрту, адрываюць левы ражок.

– Што вы робіце? Гэта ж «Бітлз»! – крычу я, хапаю Марковіч за руку, і пакамечаны ражок ляціць на падлогу.

Дагэтуль, відаць, ніхто з вучняў за рукі Марковіч не хапаў. Разявіўшы рот, настаўніца глядзіць спачатку на руку, потым на мяне і страшным голасам выдыхае:

– Каролік… Зараз жа выйдзі з класа!

Я нікуды не йду: падхопліваю адарваны ражок, выпростваю гарачымі далонямі.

– Ну тады давядзецца выйсці мне.

Русічка бярэ са стала журнал, вылятае з класа, а праз хвіліну, падхапіўшы партфель і азірнуўшыся на Галку Панцялееву, выходжу і я. Каля дырэктарскага кабінета прыцішваю крок.

– …Сёння прынёс нейкіх кудлатых фашыстаў, а заўтра прынясе ў школу парнаграфію! – вырываецца з проймы няшчыльна зачыненых дзвярэй звяглівы русічкін голас.

Я бягу па лесвіцы, і чую за спінай голас:

– Куды ты? Сёння ж кантрольная па матэматыцы! Мішка даганяе мяне, спрабуе схапіць за пінжак.

– У Вентспілс еду! – выдыхаю я, не азіраючыся.

Мішка спыняецца, крычыць штосьці, але я не слухаю, бо думкі мае занятыя іншым. Я ліхаманкава падлічваю: колькі патрэбна грошай, каб даехаць да Вентспілса. У маці, у шуфлядзе трумо, прыхавана пяцьдзясят рублёў. Усе браць не буду. Хопіць і трыццаткі.

Мой цягнік ідзе праз тры гадзіны. Седзячы ў вакзальнай пачакальні, са схаладнелым сэрцам выглядаю – каго б папрасіць узяць квіток да Рыгі.

Ля бліжняй касы тры студэнты – з партфелямі і тубусамі ў руках. Можа, іх папрасіць? Студэнты, як мне здаецца, глядзяць на мяне, дружна рагочуць, і я ўцягваю галаву у плечы. Тым часам чаргу ў крайнюю касу займае дзядок у зацяганым плашчы. Гэты з мяне рагатаць не будзе. Ну, спытае, куды еду. Скажу: да бацькі ў Вентспілс. Скажу яшчэ, што маці захварэла, таму выправіла аднаго, а касірка квітка не дае. Я падымаюся з лавы, але тут жа зноў сядаю, бо па праходзе між лаваў сунуцца два міліцыянты. Яны глядзяць па баках, і я пасоўваюся бліжэй да цётухны, якая спіць на другім канцы вакзальнай лавы. Колькі часу сяджу, утаропіўшыся на брудную падлогу, а калі зноў падымаю вочы, бачу сярод людзей Мішку Зыля і Галку Патрыкееву. Галава мая міжволі ўгінаецца, я спрабую неяк прыхавацца, але позна: Галка махае мне рукой.

– Ведалі, што ты тут, – яшчэ здалёк галёкае Мішка, абудзіўшы маю суседку па лаве.

– Ой, што было!.. – выдыхае ў сваю чаргу Галка Патрыкеева. – У школу жонка Карпавіча прыбягала… Крыку было-о… – вочы Галчыны круглеюць і далоні ляпаюць на шчоках.

– А чаго крычалі? – пытаюся, адчуваючы лёгкі пах парфумы, які струменяць Галчыны валасы.

– Ну ты што… не разумееш? Прыбягала з русічкай разбірацца. Вось пабачыце: Марковіч у іншую школу пяройдзе. Так што, Лёнік, можаш уздыхнуць з палёгкай.

Я уздыхаю, але без палёгкі, і Мішка стукае мяне па плячы:

– Ды не хвалюйся ты. Вунь і дырэктарка пасля ўрокаў прыходзіла, цябе шукала.

– Я сказала, што ты марыш праз цэнтр Зямлі калодзеж пракапаць, дык Наталля Леанідаўна паабяцала заўтра на класную гадзіну прыйсці і настаўніка фізікі прывесці. Ведаеш, высокі такі мужчына, – Галка аціхае, з насцярогаю пазірае мне ў вочы.

– Трэба ехаць, – кажу я, хоць і ведаю, што нікуды не паеду.

– Ведаеш, Лёня, калі ты з’едзеш… – Галка прыкусвае ніжнюю губу.

– І што будзе?

– Я буду сумаваць без цябе.

Кроў гарачай хваляй падкочваецца да твару, шчокі мае пачынаюць гарэць. Я насоўваю на вочы брылёк кепкі, іду да выхаду, і Галка акрыялым голасам распавядае пра маладога фізіка, які першы год працуе ў школе, у якога закаханыя ўсе дзесяцікласніцы і які распавядзе нам з Мішкам і ўсяму 5-му «А», ці можна заляцець у Амерыку праз цэнтр Зямлі.

За сценкай рыпаюць спружыны старой, даваеннай яшчэ атаманкі. Маці не спіць. Чакае Юрку, які ізноў швэндаецца недзе сярод ночы. Мне таксама не спіцца. Ляжу і з прытоенай радасцю думаю пра тое, як усё добра абышлося. Маці пра маю вандроўку ў Вентспілс нічога не ведае; грошы – трыццаць рублёў – неўпрыкмет паклаў назад у шуфляду; а русічка Марковіч, па чутках, збірае мэтлахі і падаецца ў іншую школу. Адзінае, што не дае спакою, гэта падраная капэрта. Я яе склеіў, але Юрка ўсё адно будзе лаяцца. І ў нядзелю не дасць грошай на кіно.

Куляюся на левы бок, і дзесьці непадалёку, усё адно як з матчынай спальні, гучаць прыглушаныя галасы.

– Куды ты? Сёння ж кантрольная па матэматыцы! – гэта Мішкаў голас.

– Я буду сумаваць без цябе, – адзываецца з-за сценкі Галка Патрыкеева.

Сэрца маё вылятае з грудзіны, і я адчуваю, што правальваюся ў цёмную бяздонніцу. Цела робіцца бязважкім, скроні казыча цёплы ветрык, я штосьці крычу Галцы, ды не чую ўласных словаў, бо яны застаюцца недзе там, высока над галавой. Міма мяне святлявымі вужакамі ляцяць каляровыя агні. Неўпрыкмет іх лёт запавольваецца, цела наліваецца цяжарам, ветрык ужо не казыча скроні, і нечыя моцныя рукі хапаюць мяне за калашынне штаноў. У жаху заплюшчваю павекі, а калі зноў расплюшчваю, бачу перад сабой нечыя смяшлівыя твары. Мяне ляпаюць па шчоках, і адзін з чатырох маладых дзядзькоў, што схіліліся нада мной, з панікай у голасе выдыхае:

– Жывы!

Галава мая злёгку кружыцца, я выціраю ўпрэлы лоб і, толькі ўгледзеўшы электрагітары, якія трымаюць мае выратавальнікі, пазнаю музыкаў – тых самых, з падзёртай капэрты.

– А чаму вы тут, у Амерыцы? Вы ж ангельскі ансамбль.

– На гастролі прыехалі, а тут бачым – нехта з таго боку Зямлі ляціць, – весела азываецца дзядзька ў тонкім, пад самае горла швэдры, і я пазнаю Джоленана.

– Адчайны ты хлопец – скочыў у яму, а яна 12 тысяч кіламетраў глыбінёй, – з захапленнем прамаўляе Джоленан і тут жа пытаецца: – А скуль ведаеш, што мы ангельскі ансамбль?

– Дык вас усе ведаюць. У сённяшняй «Літаратурцы» артыкул змясцілі. Напісалі, што праз пару гадоў будзеце па шынках жабраваць. Толькі вы на тых пісак не крыўдуйце. Яны ж вашых песень, відаць, і не чулі.

– А ты што, збіраешся назад ляцець? – пытаецца Джоленан.

Я моўчкі ківаю ў адказ, і свядомасць маю апаляе панічная думка: «А як я дакажу, што бачыў “Бітлз”? З мяне ж толькі пасмяюцца». Наагул, я не люблю нічога прасіць, але тут выключны выпадак.

– Ці не маглі б вы мне падараваць сваю кружэлку? У брата ёсць адна, але русічка капэрту падзерла.

– На жаль, мы з сабой кружэлак не носім, – з уздыхам прамаўляе Джоленан і нечакана здымае з шыі электрагітару. – На вось, аддай брату.

Я спалоханымі вачыма гляджу на гітару, потым на Джоленанавых сяброў, і тыя ўхвальна ківаюць галовамі.

– Бяры, бяры, – кажа Рынгастар, – гэта падарунак ад усіх нас.

Я бяру гітару. Яна цяжкая, і ад рэменя прыемна пахне навюткай скурай.

– А можа, застанешся? – пытаецца Джоленан. – Сходзіш на наш канцэрт…

Я рашуча трасу галавой. Як я магу застацца, калі там, на другім канцы Зямлі, мяне чакаюць Мішка Зыль і Галка Патрыкеева?

Я павінен усё запомніць: рамонкавую паляну, празрыстае неба, вялізную яму з брустверам свежай зямлі па краях. Музыкі стаяць каля яміны дакладна ў тых жа паставах, што і на капэрце. Я нават заўважаю, што Джоленанавыя нагавіцы пукацяцца на каленях.

Набіраю поўныя лёгкія паветра, нырцую ў апраметную, і слых мой поўніцца злавесным гудам электрабрытвы. Гэта Юрка голіцца ў ванным пакоі. Я пасміхаюся спрасонку. Ну што там галіць – так, адзін пух на барадзе, але братан шторанку зумкае электрабрытвай. Відаць, таму, што зумкалкі такой няма ва ўсім горадзе. Шведская, з ратацыйнымі лёзамі. Бацька прывёз з-за мяжы.

Юрка гучна, са свістам, дзьмухае – выдзімае з брытвы пух, і неўзабаве крычыць:

– Уставай, лежань!

Я падымаюся, у два крокі падыходжу да серванта, уважліва гляджу на фотаздымак, і мне здаецца, што Джоленан пазмоўніцку міргае мне правым вокам. Хоць і спраўна склеіў капэрту, але месца разрыву белай рысай бяжыць па паперы і верхні край прыкметна пакамечаны. Я азіраюся – ці не йдзе братан – і тут жа спалохана падскокваю: гэта кот Маркіз вырашыў пацерціся аб маю голую галёнку.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации