Электронная библиотека » Вінцэсь Мудроў » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 11 декабря 2018, 23:00


Автор книги: Вінцэсь Мудроў


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Ля дзвярэй, на бабінцы, чынілася штосьці незразумелае. Там брахалі і якаталі сабакі, сіпла лаяліся мужчыны, крычалі жанкі, і ўвесь гэты гармідар пакрываў немы лямант знадворку:

– А людцы мае добрыя, а што ж гэта робіцца-а?! – Гэта лямантавала старая Вазнячыха.

Ля ўвахода заскавытаў сабака, хор на імгненне аціх, і айцец Антоні, зірнуўшы ў бок кліраса, сурова і ўладна заспяваў:

«Прииде Тобою в мир Господь…»

І хор, ужо без ранейшай жарсці, падхапіў велікодную песню.

Пасля ютрані айцец Антоні доўга сядзеў, знясілены, не даючы рады скінуць святочнай рызы. Адзінае, што ён здолеў зрабіць, гэта расчасаць свае пасівелыя валасы – матухна называла іх «пэцаламі» – ды зняць з грудзіны цяжкі срэбны крыж. У галаве, як ні дзіўна, не было ніякіх думак. Галава злёгку кружылася ад бяссоння, і было ўражанне, што цела пазбылася цяжару і пасмай ладаннага дыму паплыло ў паветры. Праз паўгадзіны фанерныя, дзеля выгляду навешаныя дзверы адчыніліся і ў пакой зазірнула матухна Пелагея.

– Ну што ты, далібог. Госці сабраліся, а цябе няма…

– Іду, – выдыхнуў айцец Антоні, але так і застаўся сядзець у нерухомасці, неадрыўна пазіраючы на завіток жаўтлявых габлюшак.

– Тузіку лапу перабілі… – матухна глянула на двор і, адказваючы на нечае вітанне, хуткагаворкай прамовіла: – Сапраўды ўваскрэс!

Айцец Антоні падняўся з крэсла:

– Хто перабіў?

– Сусед… Патрыкееў. Cтаяў ля царквы, падпіты… ну і шпурнуў палена.

– Прасілі ж цябе… – плаксіва выдыхнуў айцец Антоні, і матухна незадаволена адказала:

– Загнала… і дзверы зачыніла… Дык вылезлі ж…

…Ля дзвярэй айца Антонія пераняў Кузік. Віскнуўшы, ён ліслівым катом падбіўся пад ногі і ціха брахнуў.

– Што, насваволілі? Цяпер лашчышся?

Айцец Антоні нахіліўся, каб патрэсці Кузіка за гагавіцу, але нечакана выпрастаўся і пасуровеў з твару. Ад кучы цэглы, скачучы, як спутаны конь, шкандыбаў Тузік. Задняя лапа ягоная была перабітая ў суставе і бездапаможна матлялася ў паветры.

– Што ж ты, братка… – са шкадобай у голасе выдыхнуў святар, прысеўшы над кудлатым гаротнікам, – бег мяне ратаваць? Эхэ-хэ-э…

Тузік глядзеў на гаспадара вільготнымі чорнымі вачыма, якія раптам затуманіліся і сталі падобныя на маціцовыя гузікі.

– У такі дзень… – прашаптаў святар, і твар ягоны злёгку прасвятлеў: на другім канцы вуліцы, гудучы на пад’ёме, азваўся міліцэйскі «жыгуль».

…Кузік хацеў адчыніць непадатныя весніцы, але сіл не хапіла, і ён, стаўшы на лапы, прыслухаўся. Да вушэй далятаў толькі голас даішніка.

– Ну што вы, які ветэрынар, калі ў суставе перабітая…

– Вы не хвалюйцеся. Шпокну ў вуха – ён нічога і не пачуе… Без лапы – якое жыццё… Ну, вядома, не тут… Адвязу ў лес… У мяне і рыдлёўка ў багажніку…

Праз няшчыльна падагнаныя дошкі было бачна, як гаспадар парукаўся з Вазняком, хацеў было ізноў ісці на цвінтар, ды тут убачыў ля сваёй хаты матухну Пелагею. Жонка раскрыліла рукі, ляпнула імі па сцёгнах. Жонка сердавала: у хату, на разговіны, прыйшлі госці – бычкоўскі бацюхна, швагер з жонкаю, сын з нявесткай, а ён ходзіць немаведама дзе… І айцец Антоні, махнуўшы рукой, рушыў следам за «жыгулём».

Пасля разговінаў айцец Антоні прылёг адпачыць і праспаў да вечара. Абудзіла яго бразганне посуду на кухні і прытоенае жончына мармытанне.

– Розуму ж у сабак зусім няма. Толькі яго пачуюць – кідаюцца, як ашалелыя. Ну і тут кінуліся. Вазнячыху перапудзілі… заікацца пачала. Ёй жа на ўсяночнай млосна стала, дык вывелі… Сядзела, да сцяны прытуліўшыся, ды, кажуць, заснула… А тут… гэтыя… брэшуць, у царкву лезуць… Вазнячыха і загарлала з перапуду, папаўзла ўздоўж сцяны. Карацей, і смех, і грэх… – матухна бразнула талеркамі і, звяртаючыся да нявесткі, прамовіла: – Бяры ручнік – праціраць будзеш.

Пасля выпітай чаркі балела галава, злёгку нудзіла, і айцец Антоні, пацёршы скроні, выйшаў на падворак.

На двары было цёпла і вільготна. Падсветленае згасальным сонцам паветра ружавела, дрыжэла ўваччу, і старая таполя, што стаяла пасярод двара і яшчэ ўчора была панылай і голай, пакрылася зялёным вэлюмам. Айцец Антоні скасіў вочы і да храбусцення ў суставах пацягнуўся.

– Любата! – вырвалася з грудзіны, і водгуллем вокліча святарскай душы стаўся глухі і няўцямны зык. Гэта выў на царкоўным цвінтары самотны Кузік. Айцец Антоні спахмурнеў, але тут жа страсянуў галавою.

«Што гэта я… пусціў у душу грахоўную маркоту, калі душа павінна весяліцца», – айцец Антоні падняў угору вочы, перахрысціўся на ружовыя аблокі, і сэрца ягонае крануў лёгкі халадок – ад адчування, што калісьці, у іншым жыцці, ён пабачыць жывога Тузіка, і ягоны ўлюбёнец тыцнецца яму ў далонь халодным носам, а яшчэ падумаў, што пабачыць родную маці і тую дзяўчыну, якую страшэнна кахаў і з-за якой ледзь не кінуў семінарыю, і, апанаваны такімі думкамі, прачытаў – ад пачатку да канца – сваю ўлюбёную Восьмую Песню. Гэта яна гучала ў царкве, калі туды лезлі кудлатыя недарэкі.

«Всю низложив смерти державу Сын Твой, Дево, Своим воскресением, яко Бог Крепкий совознесе нас и обожи…»

Кава апоўначы

Рыгор Мікалаевіч – малады, збольшага непітушчы кандыдат навук – выбег з ваннага пакоя і, пакідаючы на падлозе сляды мокрых ног, падбег да шафы. Высунуўшы шуфляду, дзе ляжала ніжняя бялізна, ён выцягнуў адтуль трыкатажныя трусы фірмы «Pumа», нацягнуў на жылістыя клубы і заклапочана спахмурнеў: жоўтая пляма на трусах так і не адмылася. Памацаўшы пляму дрыготкім пальцам, кандыдат скрывіўся і ўжо без ранейшага імпэту стаў насоўваць праз галаву выхадную кашулю. У галаве тым часам віравалі лічбы: сорак тысяч трэба будзе аддаць за шампан, пяцьдзясят тысяч за ружы, яшчэ дванаццаць тысяч «пацягнуць» новыя шкарпэткі: старыя ўсе скрозь прадзерліся. Агулам – сто дзве тысячы.

Як для яго – вялікія грошы.

– У-ф-ф! – выдыхнуў Рыгор і тут жа застыў, зачараваны. Яму ўявіліся важкія дзявочыя грудзі, прымроіліся гладкія, шырока рассунутыя калені, вуха крануў гарачы Зінчын шэпт, і кандыдат, забыўшыся на грошы, захоплена пацёр спацелыя далоні.

Рыгор быў старым кавалерам і ўжо не першы год марыў аб жаніцьбе. Знайсці ў сталым веку годную жонку наогул цяжка, а тут яшчэ прыродная сціпласць, няўпэўненасць у сабе, малыя заробкі… Карацей, злядашчаў Рыгор без жонкі. І вось, акурат сёння, з халасцяцкай слязінай у сэрцы, сустракаў кандыдат сваё трыццацігоддзе. Адранку – была такая інстытуцкая завядзёнка – прынёс на кафедру пару пляшак віна, кіло памаранчаў, яшчэ нейкя закусь і, у час сяброўскай бяседы, пачуў ад калег шмат добрых слоў на свой адрас. «Адно кепска, Рыгор Мікалаевіч, – выгукнула пры канцы застолля загадчыца кафедры Еўдакея Ферапонтаўна, – не маеш ты спадарожніцы жыцця». Распалавініўшы памаранчу, загадчыца выцерла рукі аб насоўку і жартам прамовіла: «А вунь, Зіначка Якуніна… чым не пара? Маладая, энергічная… кандыдацкую піша…»

Пасля такіх словаў Зіначка Якуніна густа пачырванела і абдарыла Рыгора Мікалаевіча шматабяцальнай усмешкай.

Гэтая самая Зіначка працавала на суседняй кафедры і патрапіла на застолле выпадкова – прынесла нейкія паперы і, вядома ж, мусіла выпіць за здароўе юбіляра. Дагэтуль Рыгор не звяртаў на Зіначку аніякай увагі: была яна на пяць гадоў старэйшай, на два пальцы вышэйшай і нос мела кірпаты. Але тут штосьці зварухнулася пад сэрцам, і юбіляр, паправіўшы скасабочаны гальштук, убачыў, што Зіначка Якуніна прывабная жанчына і да таго ж – пра гэта яму гучным шэптам паведаміла Еўдакея Ферапонтаўна – мае ўласную двухпакаёвую кватэру.

Пасля бяседы Рыгор праводзіў Зіначку дахаты. Яны ішлі па шумных вуліцах, бязладна гаманілі, і з кожным крокам у душы Рыгоравай расло, убіралася ў сілу пачуццё хмельнай радасці з дамешкам восеньскага суму. Сум навявала бязважкая павучынка, што трымцела ў валасах спадарожніцы. Павучынка спрабавала зляцець у свой недалёкі вырай, але здолела гэта зрабіць толькі на парозе Зінчынага дом. Рыгор зняў яе, пусціў па ветры, і Зіначка, ачараваная такім абыходжаннем, ледзь чутна пралепятала: «Дык, можа, зойдзем да мяне? Пачастую вас кавай…»

Прапанова прагучала знянацку, і ў Рыгора ад нечаканасці нават закружылася галава. «Трусы падзертыя… памыцца трэба… кветку якую ўзяць…» – завіравалі ў галаве бязладныя думкі, і кандыдат, пералічыўшы квадраты вокнаў у Зінчыным пад’ездзе, у сваю чаргу шапялява прамармытаў: «А можна… увечары?»

Жанчына з радасцю кіўнула, і яны развіталіся на доўгія дзве гадзіны.

А дзявятай вечара, пад гукі музычнай застаўкі тэлепраграмы «Панарама» – у адной з кватэраў тэлевізар працаваў на поўную гучнасць, – кандыдат увайшоў у прыцемны пад’езд, падняўся на другі паверх і застыў перад браніраванымі дзвярыма. Перакінуўшы з левай рукі ў правую букет жоўтых ружаў (хацеў узяць чырвоных, ды не было ў продажы), Рыгор з шумам перавёў дых, памкнуўся націснуць гузік званка, ды дзверы з рыпам адчыніліся і на парозе паўстала гаспадыня кватэры. Была яна ў белай празрыстай сукенцы і з чырвоным бантам у валасах.

– А вось і мы! – гукнуў кандыдат, злавіўшы вокам смочкі грудзей, што прабіваліся праз сукенку, і элегантным рухам – дзвюма рукамі – перадаў даме кветкі.

– Ой, Рыгор Мікалаевіч… ну навошта такія выдаткі? – з інтанацыяй лёгкай панікі прамовіла жанчына, прыціснула да твару бутоны і, увабраўшы носам паветра, прашаптала: – Божухна, які пах!

Рыгор Мікалаевіч пераступіў парог, другім разам перавёў дых і толькі тады згадаў, што прыйшоў на спатканне ў туфлях на босую нагу. Шкарпэткі ён набыў па дарозе, ды забыўся нацягнуць, і цяпер застыў ля дзвярэй, чакаючы, калі гаспадыня сыдзе з калідора. Тая, аднак, не сыходзіла.

– Ну што ж вы, Рыгор Мікалаевіч, не саромейцеся. Будзьце як дома. Вось вам тапкі, – гаспадыня кватэры нагнулася, яшчэ раз прашаптала: – Які пах! – падсунула да Рыгоравых ног мяккія жаночыя тэпці.

Госць муляўся ля ўвахода, і гаспадыня, па-свойму зразумеўшы сітуацыю, адчыніла прыбіральню…

«Лажануўся», – падумаў Рыгор, нацягваючы шкарпэткі і, каб пераканаць гаспадыню, што яго прыперла ўсяго толькі па малой патрэбе, спусціў ваду і выслізнуў з прыбіральні.

– Калі б вы ведалі – як я люблю жоўтыя ружы! – Зіначка завіхалася недзе ў кухні, і Рыгор, дастаўшы з поліэтыленавай торбы бутэльку шампану, агледзеўся. Пасярод пакоя стаяў сервіраваны на дзве персоны стол. На стале гарэлі васкоўкі, і палахлівыя вогнікі цьмяна бліскалі на металёвым цэптэраўскім посудзе, на ножках высокіх фужэраў, на баку пузатай бутэлькі. «Cаmus» – мільганулі ўваччу залацістыя літары, і Рыгор, уздыхнуўшы, прысуседзіў да пляшкі дарагога французскага каньяку бутэльку таннага айчыннага шампану.

Наступнай хвілінай госць з юрлівай асалодай назіраў, як гаспадыня ўкараноўвала стол букетам апырсканых вадою ружаў. Пад сукенкай Зінчынай былі толькі ажурныя трусікі, і Рыгор, пабачыўшы гэта, няўлоўным рухам правёў рукой па тым месцы, дзе паўставаў з небыцця апрэлы дручок.

Ад выпітага кружылася галава і злёгку зыбалася падлога.

– Еўдакея Ферапонтаўна шмат пра вас казала, – гаспадыня кватэры каторым ужо разам наблізіла твар да ружаў.

– А што канкрэтна? – госць у сваю чаргу паднёс да носа фужэр, удыхнуў шакаладны пах каньяку.

Замест адказу жанчына апусціла вочы, прыкусіла ніжнюю губу, і Рыгор зразумеў, што Зіначка забегла сёння на кафедру не выпадкова.

Госць, з адчуваннем лёгкай перавагі (сам ён абараніўся яшчэ пазалетась), змяніў тэму гаворкі:

– Ну, а як кандыдацкая?

– Засталося стылістыку паправіць… – адказала Зіначка, і Рыгор падскочыў у крэсле.

– Стылістыку? Ды я яе ўжо траім правіў! – кандыдат памкнуўся зараз жа ўзяцца за справу, але гаспадыня яго спыніла.

– Ну што вы, Рыгор Мікалаевіч… у нас яшчэ будзе час… – жанчына папоўніла ягоны келіх, – ці не так?

Полымя ўсіх трох свечак гайданулася, твар гаспадыні дзіўным чынам засвяціўся знутры, і душу Рыгораву працяў нервовы халадок.

– Зіначка… у нас наперадзе цэлае… – ён не дагаварыў: захлынуўся ад хмельнага шчасця, якое аж па край напоўніла грудзіну.

Рухавыя вогнікі свечак мільганулі ў жаночых вачах, і Зіначка падхапілася на ногі. Яна відавочна хацела адцягнуць, затрымаць хвіліну галавакружных прызнанняў.

– А вы памятаеце, Рыгор Мікалаевіч, дзеля чаго я вас запрасіла?

Рыгор Мікалаевіч п’янавата таргануў плячыма.

– Хацела пачаставаць каваю. Ды не паспела змалоць, – гаспадыня выйшла на кухню і ўжо адтуль казала госцю, – так што закасвайце рукавы. Цэлы пачак сёння купіла.

Госць кульнуў дзеля смеласці фужэр каньяку, кінуў у рот скрылёк цытрыны і таксама падаўся на кухню.

Зіначка сядзела на кукішках і поркалася ў кухонным буфеце.

– Кавамолка, праўда, дапатопная. Яшчэ ад прадзеда засталася, – Зінчын задок напята пукаціўся, і Рыгор, аблашчыўшы вачыма спакуслівую лагчынку, што падзяляла яго на дзве палавіны, аж застагнаў ад юрлівай змогі. – Каб пачак змалоць, трэба круціць цэлыя суткі.

Кавамолка была і сапраўды дапатопная. Шэрая, з рэшткамі лаку, яна нагадвала мініяцюрную катрынку, і, здавалася, крутні выгінастую корбу – і кавамолка абзавецца зыкамі. Рыгор агледзеў млынок з усіх бакоў і на прыбітай спадыспаду блямбе разабраў зацёрты надпіс: «Заводъ “Везувій”. 1904 годъ».

Гаспадыня засыпала ў кавамолку жменю пахкіх зярнят, і госць з шалёным імпэтам крутнуў корбу.

– Не так шпарка, Рыгор Мікалаевіч. Круціць трэба паволі, каб зерне паспявала патрапіць у жорны.

Рыгор запаволіў хуткасць, і першыя зярняты з лёгкім храбусценнем перацёрліся на мліва. Гукі гэтыя лагодзілі слых. І наогул, малоць каву на старажытным млынку было надзвычай прыемным заняткам, і калі хвілін праз пяць гаспадыня зайшла ў кухню, госць адказаў ёй белазубай, па-дзіцячы наіўнай усмешкай.

У гэтым была нейкая зачараванасць, нейкае насланнё. Рыгор круціў корбу, і разам з корбай круціліся кухонныя сцены, газавая пліта, насценны гадзіннік, двухкамерная лядоўня «Ака», і ўвесь свет раскручваўся навокал, і кружэнне гэтае спынілася толькі тады, калі за спінай бразнулі дзверы і хтосьці голасна вымавіў ягонае імя.

Гэта была Зіначка: яна з нецярплівасцю ляпала па далоні донцам меднай туркі.

– Зіначка… яшчэ крыху, – малітоўна прашаптаў Рыгор і, звёўшы вочы да пераносся, са здзіўленнем адзначыў, што паспеў змалоць толькі жменьку кававага зерня.

Каб не разагнаць, не расплюхаць неасцярожным рухам зачаравання, Рыгор заплюшчыў вочы і шчасна ўсміхнуўся. Ён вырашыў змалоць увесь пачак.

– Рыгор Мікалаевіч… вы паўтары гадзіны круціце… мне заўтра на працу, – пачулася над вухам, але гэтым разам Рыгор нават не азірнуўся. Прыкусіўшы губу, ён малоў каву, і выгінастая корба ў той момант рабіла 1560-ы абарот.

Потым гаспадыня яшчэ пару разоў заходзіла ў кухню. Змучаным голасам казала, што ў яе хворае сэрца, што ёй трэба класціся спаць, тэлефанавала – Рыгор чуў краем вуха – Еўдакеі Ферапонтаўне, нарэшце сунялася, і ў Рыгора застракатала ўваччу. Зярняты ператварыліся ў прусакоў, заварушыліся перад носам; госць страсянуў галавой, і ў гэты момант млынок вырваўся з рук і важка абрынуўся на галаву. Адзінае, што госць паспеў заўважыць, гэта металёвую корбу, якая, мільгануўшы перад носам, гучна ляснулася ў насценны гадзіннік.

Стрэлкі гадзінніка застылі на лічбе «12», кухонныя сцены спынілі кругабег, пагрозліва атачыўшы Рыгора з усіх чатырох бакоў. Сусвет перастаў круціцца вакол Палярнай зоркі, замёр на імгненне, і за каршэнь Рыгораў струменьчыкам пасыпалася кававае мліва.

Хвіліну ён сядзеў, утуліўшы галаву ў плечы, потым асцярожна, з утуленай у плечы галавой, устаў і, як той самнамбул – выставіўшы наперад рукі – рушыў да дзвярэй.

У суседнім пакоі здушана плакала Зіначка.

– Вар’ятка, – вырвалася з Рыгоравай душы, калі ён выходзіў з кватэры.

Дыхнуўшы прахалоды, кандыдат памацаў пабітую макаўку, выцягнуў са штаноў край кашулі, спрабуючы вытрусіць кававае мліва, але яно прыстала да потнага карка і раздражняла нервы. Раздражнялі і туфлі, якія раптам пачалі ціснуць. Кандыдат памкнуўся зняць іх і закінуць у прыдарожныя кусты, ды ўгледзеў, што насунуў не на тую нагу. Ён сагнуўся, тузануў непадатны шнурок, і на мысок стаптанай туфлі адна за адной упалі дзве скупыя халасцяцкія слязіны.

Палёты праз цэнтр Зямлі

А. М.

Кто же они, эти загадочные «жуки», имеющие такую фантастическую популярность? – спросит читатель. Увы, это всего-навсего английский эстрадный ансамбль «Битлз» (жуки), состоящий из четырёх человек… Трое с гитарами, один ударник – и все четверо… чуть было не сказал – поют! Трудно себе даже представить, какие звуки издают эти люди под собственный аккомпанемент, какое содержание в этих опусах.

…Бедные, наивные «жуки»! Вы, наверно, твёрдо уверены, что всё это – слава, бешеные деньги, рёв и визг поклонников, визиты к королям – всё это навсегда и по заслугам. Но готов биться об заклад, что протянете вы ещё год-полтора, а потом появятся молодые люди с ещё более дурацкими причёсками и дикими голосами, и всё кончится!..

Никита Богословский. Из жизни «пчёл» и навозных «жуков» («Литературная газета», 1964 г.)

Сонца паволі, як бы з неахвотаю кранаецца шторы, і ў квадраце святла паўстае Юркава постаць. Братан з шумам перагортвае старонку.

– «Для плазмасвідара з паветрана-віхравой стабілізацыяй дугі і паветраным ахаладжэннем хуткасць свідравання ў грана… ээ… у грана-ды-я-рытах сягае чатырох з паловаю метраў у гадзіну пры дыяметры свідравіны да 130 міліметраў», – уголас мармыча братан і соладка пазяхае.

Юрка вучыцца на чацвёртым курсе інстытута. Заўтра ў яго залік па новых метадах свідравання. Стрэлкі гадзінніка, які вісіць над Юркавым сталом, паказваюць палову на адзінаццатую, і з галавы маёй яшчэ не выпетрыліся рэшткі сну, у якім я прабіраўся бясконцай пячорай да цэнтра Зямлі.

– Юр, – гукаю я, масіруючы далонямі заспаныя вочы.

– Ну, – адгукаецца брат.

– Ты там пра свідраванне вучыш?

– Ну.

– А што, калі прасвідраваць Зямлю наскрозь?

– Паспрабуй, – муркае Юрка, не адрываючы вачэй ад падручніка. – Свідар у зубы, барабан на шыю.

Я закідваю рукі за патыліцу і малюю ў свядомасці пракапаную праз цэнтр Зямлі шахту. А калі ў яе скочыць? Вылеціш на амерыканскім баку, прычым наперад нагамі. Вось бы здзівіліся амерыканцы! Цісну далоні да павек і ўяўляю, як з яміны – там, на другім баку зямной кулі – вылятае русічка Марковіч. Расхлістаная, з задзёртай спадніцай, і штосьці гарлае амерыканцам. Ды не… не штосьці, а сваю ўлюбёную фразу: «Ізноў забалбаталі сваімі язычышчамі паганымі!» Можна падумаць, амерыканцы яе зразумеюць. А можа, вылятаючы з яміны, загадае іншаземцам падкрэсліць дзейнік адной рысай, а выказнік дзвюма?

– Юр…

Брат адрываецца ад падручніка, незадаволена крывіцца.

– А калі скокнуць?…

– Куды?

– У шахту… праз цэнтр Зямлі пракапаную.

– Ужо пракапаў? – Юрка адкідваецца на спінку крэсла, спружна, да храбусцення ў суставах пацягваецца.

– А калі пракапаю і скокну… я што – вылечу на амерыканскім баку наперад нагамі?

– Ты ўвогуле ўяўляеш – пра што гаворка? Дыяметр зямной кулі 12 тысяч кэмэ. А самая глыбокая… нават не шахта, а свідравіна не перавышае васьмі кіламетраў. Прабіць такую шахту – усё адно што змяніць вось вярчэння Галактыкі.

– А калі ўсё ж такі скокнуць?

– Да Амерыкі, Лёня, у любым выпадку не даляціш. Згарыш сінім агнём.

Я таксама пацягваюся і з думкай, што брат начыста пазбаўлены фантазіі, вылажу з-пад коўдры. Голая пятка натыкаецца на разгорнутую кніжку. «Вандроўка да цэнтра Зямлі» Жуля Верна. Класная кніжка! Чытаў учора да самай ночы, аж пакуль маці не прыйшла ды не выключыла святло.

Замест цёплай вады ў кране глухое сіпенне. Даводзіцца плюснуць на твар халадзёнкі.

– Мыешся, як той Маркіз, адной лапай, – кажа братан, ідучы ў кухню.

У кухні пахне гарачымі сардэлькамі: маці ўчора адстаяла чаргу і ўзяла пару кіло. Юрка абдзірае сардэльку, кідае скурку Маркізу, і кот, падчапіўшы яе кіпцюром, падкідвае ўгору. Для ката скурка задужа гарачая.

Сядаю за стол, моўчкі гляджу на брата. Юрка злёгку змарнеў. Нават мяшкі з’явіліся пад вачыма. Дзіва што! Учора (дакладней, ужо сёння) прыцёгся дахаты а другой гадзіне ночы, а як развіднела – піхнуў нос у падручнік.

– Пакуль ты дрыхнуў, я і сардэлькі зварыў, і гарбату запарыў, – ратуючыся ад пякельнай гарчыцы, Юрка хапае ротам паветра. – Еш, а то стынуць.

Мне чамусьці зусім не хочацца есці.

– А што, у цэнтры Зямлі вялікая тэмпература?

– Не менш як пяць тысяч па Цэльсію, – Юрка налівае шклянку моцнай гарбаты. – Але ты да цэнтра не даляціш. Згарыш ад кантакту з паветрам. Я ўжо не кажу пра перагрузкі. Зрэшты, да перагрузкі, спадзяюся, справа не дойдзе: ужо на першай сотні метраў цябе пачне біць аб сценкі.

Гарчыца і сапраўды пякучая. Аж духі займае. Кот Маркіз нават выбег з кухні. Калісьці Юрка мазануў яму пад хвост, дык цяпер небарака нават паху гарчычнага не трывае.

Дзіўна, аднак… Чалавек можа згарэць ад кантакту з паветрам. А калі паветра адпампаваць?

З калідора далятае здушаны голас Мішкі Зыля:

– Лёнь, выходзім!

У калідоры, у нішы, вісіць электралічыльнік, такі ж лічыльнік вісіць у суседскай кватэры, і калі сусед у нішу крыкне, голас чутны нават на кухні.

Толькі цяпер згадваю, што сёння ў нас, аб адзінаццатай гадзіне, піянерскі сход, і, на хаду жуючы неаблупленую сардэльку, бягу апранацца.

Мішка чакае мяне на лесвічнай пляцоўцы, з нецярплівасцю стукаючы каленам па партфелі.

– Кніжку тваю да ночы чытаў, таму і праспаў, – мармычу, збягаючы па прыступках.

– «Прыгоды капітана Гатэраса» чытаў ці «Вандроўку да цэнтра Зямлі»? – Мішка абганяе мяне, з’язджаючы на азадку па парэнчы.

– «Вандроўку». На самым цікавым месцы спыніўся: калі Аксель заблудзіў у цёмным лабірынце. Маці святло выключыла, а так бы яшчэ ўчора дачытаў.

У Мішкі ў хаце поўны збор твораў Жуля Верна. Усе дванаццаць, шызага колеру тамоў стаяць на паліцы.

Мы выходзім з пад’езда, мружымся на сонца.

– Во жылі людзі… на паветраных балонах лёталі, на Паўночны полюс вандравалі. Ты вось, напрыклад, куды б хацеў з’ездзіць? – пытаецца Мішка.

– У Вентспілс, да бацькі, – адказваю пасля кароткага роздуму.

– Вось яшчэ вандроўка. Сеў у цягнік – і там. А я кажу пра сапраўднае вандраванне. Куды-небудзь на край свету.

Сонца адбірае вочы, і я нацягваю на бровы брылёк кепуркі.

– У Амерыку мару злятаць… праз цэнтр Зямлі. Мішка на імгненне спыняецца:

– Як гэта?

– А вось так: пракопваем праз цэнтр Зямлі скразную шахту, скочым у яе і вылятаем на тым баку, у Амерыцы.

Сябрук шморгае носам – ёсць у яго такая звычка, – азадачана чухае скронь.

– Разганяцца, відаць, будзеш толькі да цэнтра Зямлі, а потым хуткасць будзе згасаць, – Мішка мружыцца на сонца, голасна чхае. – Думаю, метраў сто не даляціш. Назад абрынешся. Уяўляю, як русічка Марковіч, не даляцеўшы ста метраў да краю ямы, ляціць назад у чорную пройму, і стоена ўздыхаю. А калі выкапаць у тым месцы катлаван? І калі русічка падляціць – схапіць яе за лыткі!

Нінэль Іванаўна Марковіч – мой галоўны школьны вораг. Другую чвэрць запар ставіць трайбаны. Кажа: аніводнага правіла не ведаеш. А я, між іншым, дыктанты на чацвёркі пішу.

Звычайна дарогу ад школы дадому адольваем за шэсць хвілін. У Мішкі на руцэ гадзіннік, і ён любіць, выходзячы з пад’езда, засякаць час. У нашым 5-м «А» гадзіннік ёсць толькі ў яго ды ў маёй суседкі па парце Галкі Патрыкеевай. Дзесьці прыканцы ўрока толькі і чутны шэпт: «Міш, колькі засталося?» А мне і шаптаць не даводзіцца. Бяру суседку за руку, падцягваю рукаво і гляджу – колькі там націкала. І, што дзіўна, суседцы гэта падабаецца. Галка, дарэчы, законная дзеўка. Як і Мішка, вучыцца на адны пяцёркі і часцяком дае спісаць хатнія заданні.

Мы яшчэ толькі на сярэдзіне дарогі – пераходзім бульвар, – а ўжо звініць званок на перапынак, і школьны будынак – гэта чутна нават тут, на бульвары, дрыжыць ад галасу і тупаніны. Клас наш займаецца ў другую змену, таму Чыпаліна – так мы называем старшую піянерважатую – дадумалася збіраць савет дружыны перад заняткамі. Нас з Мішкам ад гэтых сходак цягне на ваніты. Але мусім на іх хадзіць, бо Мішка старшыня савета атрада, а я звеннявы і, да таго ж, адказны за збор металалому.

Пакуль дайшлі да школы, пакуль прабіраліся праз гаманкі натоўп першакласнікаў, пакуль узбягалі на чацвёрты паверх, пасяджэнне савета ўжо пачалося, і ў пройме дзвярэй піянерскага пакоя нас сустрэў роблена-саладжавы голас Чыпаліны:

– Ёсць такія грызуны – суркі. Яны паспаць любяць.

Усе глядзяць у наш бок, задаволена пасміхаюцца, а старшыня савета дружыны – круглатварая, спрэс абсыпаная рабаціннем васьмікласніца Ждановіч – лісліва пырскае ў далонь.

– Сама ты грызуніха, – шапоча Мішка, і мы сядаем на вольныя крэслы.

Піянерважатую завуць Святлана Іванаўна, але ўсе скрозь, нават настаўнікі, завуць яе Чыпалінай. Мянушку Святлана Іванаўна атрымала пасля таго, як зрабіла аднойчы мадняцкую прычоску: сабрала свае караткаватыя, нявызначанага колеру валасы ў пучок ды завязала на макаўцы.

– Дык вось, паўтару для тых, хто не чуў… – піянерважатая ўжо сур’ёзнымі вачыма зыркае на Мішку. – На мінулым тыдні дадзены старт патрыятычнай ініцыятыве: сабраць металалом для зборкі дзесяці магістральных цеплавозаў. Як вы разумееце, наша піянерская арганізацыя павінна самым актыўным чынам уключыцца ў гэтую справу. Я ўчора ўвечары пайшла да майстэрань і паглядзела – колькі там сабрана металалому. Самая маленькая кучка, таварышы, у 5-га «А»! Міша Зыль… – у голасе піянерважатай з’явіліся трывожная ноткі, – адказвай: чаму так мала сабралі?

Мішка панурвае вочы, вушы ягоныя пунсавеюць.

– Больш было, ды старшакласнікі на свае кучы перацягнулі, – гугнявіць Мішка і па старой звычцы шморгае носам.

Чыпаліна круціць галавой.

– Мы ўвечары разам пойдзем і паглядзім – што ў цябе там перацягнулі.

За спінай маёю сядзяць, выставіўшы голыя каленкі, дзве рудавалосыя сямікласніцы. Яны ўвесь час аб нечым шэпчуцца, і я міжволі наструньваю слых.

– Ленка з 8-га «А» бачыла. Выходзілі, кажа, з Карпавічам са спартзалы, а ў Марковіч ззаду спадніца да трусоў задзёртая… Не паспела паправіць.

Піянерважатая цягне ўбок галаву, выглядаючы гаманкую сямікласніцу.

– Матрунчык… ты ж у нас адказная за збор металалому. Ты ж мусіш запісваць тое, пра што мы гаворым. А ты з Цвіцінскай балбочаш.

Палкі шэпт за спінай аціхае, і я не магу даўмецца, чаму ў русічкі задзерлася спадніца. Ці не на канат узлазіла, а потым спускалася?

Пасля заняткаў, убіўшыся ў хату, адразу ж хапаю том Жуля Верна і кладуся на канапу, піхнуўшы пад галаву падушку. Маці надоечы патушыла святло якраз у той момант, калі герой аповеду Аксель згубіўся ў падземным лабірынце, – і перад тым, як чытаць далей, перабіраю старонкі, каб пераканацца, што герой не загінуў у падземных лёхах.

Аксель, на шчасце, знайшоў у цемры сваіх спадарожнікаў; удзельнікі экспедыцыі вылезлі з вузкага лабірынта на шырокі прасцяг, і перад імі зашумела хвалямі падземнае мора. Прачытаўшы з дзясятак старонак, адчайна пазяхаю. Так класна ўсё пачыналася: цыдулка з тайнапісам, тарфяныя балоты Ісландыі, жарало патухлага вулкана, спуск у падземны лабірынт… Цікава, а калі б хто прапанаваў Жулю Верну напісаць аповед пра палёты праз цэнтр Зямлі? Ухапіўся б ён за гэту ідэю? Праўда, адразу б узнікла пытанне: як пракапаць такі тунэль? Тут ніякай фантазіі не хопіць. Ды Жуль Верн бы выкруціўся. Згадаў які старажытны манускрыпт, дзе напісана, што Зямля ад часу стварэння навылёт працятая, і што адзін выхад знаходзіцца на Паўночным полюсе, а другі – на Паўднёвым. На поўдні свідравіны не відаць, бо лёдам пакрытая, а на поўначы Ледавітым акіянам прыхаваная. Так што прыкладна на сарака старонках героі будуць дабірацца да Паўднёвага полюса, потым пачнуць расчышчаць лёд. Ці тоўсты ён там, дарэчы? А як расчысцяць, дык тут і вада папрэ з Ледавітага акіяна. У нас аднойчы ў школьным двары пасля залевы таксама вада перла. З каналізацыйнага люка. Уся школа прыліпла тады да вокнаў. А можа, вада да Антарктыды і не дойдзе, спыніцца недзе пасярэдзіне? Так што, як скочыш у шахту, спачатку разагрэешся, а потым у халодную ваду бухнешся.

У калідоры рыпаюць дзверы. Гэта Юрка вярнуўся з інстытута. Ні слова не сказаўшы, брат кідае ў кут тэчку з тубусам.

– Ты што, нічога не еў? – гукае братан праз хвілю, бразнуўшы на кухні накрыўкай рандолі.

– Юр! А калі пракапаць шахту…

– Праз цэнтр Зямлі? – Юрка сёрбае дзеля спробы халодны суп.

Я вытрымліваю паўзу.

– Ну, так… і адзін канец выйдзе на мора. Вада што, папрэ на другі бок?

– Папрэ, толькі не наперад, а назад, – Юрка чыркае запалкай. – Ужо ў мацерыковай корцы тэмпература сягае сямісот градусаў, таму…

– Таму ўтворыцца вялізны гейзер? – перабіваю я, адарваўшы галаву ад падушкі.

Юрка маўчыць, збіраючыся з думкамі, а потым, ужо незадаволена, азываецца:

– Ды адчапіся ты, далібог… дай паесці.

Не, з Юркі пісьменніка не атрымаецца. Ані каліва фантазіі. Цікава, ці зменіцца клімат у Антарктыдзе, калі з дзіркі шугане гарачая пара?

У кухні сквірчаць яйкі на патэльні, і Юрка загадна крычыць:

– Есці ідзі! Два разы клікаць не буду.

«Вандроўку да цэнтра Зямлі» дачытваю познім вечарам, у пасцелі. А дачытаўшы, кладу кніжку на грудзіну, летуценна паглядаю на столь і чую сцішаны вокліч:

– Лёнь…

Гэта Мішка гукае ў нішу электралічыльніка. Выходжу ў майцы і трусах на лесвічную пляцоўку.

– Слухай, ты можаш збегчы з дому на гадзінку? – сябар, мяркуючы па голасе, прыкметна хвалюецца.

– Магу… калі маці не прачнецца. А што такое?

– Знайшоў месца, дзе металалому на дзесяць цеплавозаў.

…Вакол ужо сапраўдная ноч, і вецер, які знянацку ўсхадзіўся, зацята шуміць у шатах разложыстых хвояў. Хвоі стаяць пасярод могілак, падпіраючы вершалінамі цёмнае неба. На сэрцы трывожна. Відаць, такі ж настрой быў у жульвернаўскіх герояў, калі яны спускаліся ў цэнтр Зямлі.

Мішка тыцкае мяне ў бок, ківае на кучу смецця. Да кучы прыхіленая жалезная, аблытаная жалобнымі стужкамі агароджа.

– Усё ж такі няёмка… з могілак цягнуць, – кажу я сябру, але Мішка рашуча хапаецца за жалезныя пруты:

– Яшчэ адзін Маа Цзэ-бздун. Агароджу на сметнік выкінулі, значыць, яна нікому не патрэбная.

З натужлівым крэканнем выцягваем агароджу са смецця. Да школы ідзём дварамі. Добра яшчэ, што час позні і на вулцы няма мінакоў. За ўсю дарогу толькі аднаго дзядзьку і сустрэлі. Дый той быў упіты і йшоў хістаючыся.

Металалом, невялікімі грудамі, ляжыць на пазаддзі школьнага двара, поруч з майстэрнямі. Наш грудок зусім маленькі: колькі пакарабачаных труб, іржавая рысора ды бляшаныя начоўкі, на дне якіх крэйдай напісана: 5 «А». Ускідваем металёвую гаргару на грудок, абіваем далоні.

– Пайшлі, яшчэ чаго пашукаем, – кажа Мішка. Вяртацца на могілкі няма ахвоты. Я зацкавана гляджу на Мішкаву спіну, і толькі калі сябрук азіраецца, шаргатлівай хадою іду следам.

…Наваколле і без таго апанаваў змрок, а тут, пад шатамі векавых хвояў, пануе сапраўдная цемра. Над галавою злавесна каркае варона, і я спалохана здрыгаюся.

– Што, перапудзіўся? – пытаецца Мішка, спрабуючы пасміхнуцца. Сябрук і сам, відаць, перапужаўся, бо ўсмешка ягоная нежывая і насцярожлівая.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации