Электронная библиотека » Вінцэсь Мудроў » » онлайн чтение - страница 6


  • Текст добавлен: 11 декабря 2018, 23:00


Автор книги: Вінцэсь Мудроў


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 6 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +
V

І вось наспеў той хвалюючы момант, калі Мікола ўнёс у хату скрыню гарэлкі, паставіў яе на табурэт і з удумлівай разважнасцю аддыхаўся. Следам за ім, цягнучы другую скрыню, увайшоў Гасюта, а за хвілю, з трыма пляшкамі мінеральнай вады, – Данік Крываблоцкі.

– Карацей, тры дні да яго з Міколам хадзілі – грошай так і не выбілі, – прамаўляў, звяртаючыся да Крываблоцкага, Гасюта. – А сёння, бляха, заходжу з кувалдай у руках, маўляў, іду трушчыць правадыра, Пітонавіч і ўсхваляваўся.

«Прыязджай па абедзе, – кажа, – атрымаеш грошы пад распіску».

– А хто той бюст да ветэранаў зацягнуў? – запытаўся Данік дрыжачым ад захаплення голасам.

– Мальцы з пільні падрадзіліся. Толькі дарма будуць пупы рваць, – уключыўся ў размову Мікола, – у Пітонавіча грошай больш няма ні капейкі. – Мікола задаволена крэкнуў і, нібыта той цыркач, падкінуў на далоні пляшку гарэлкі.

Дзед Трахім выйшаў з хаты, падышоў да весніц, і, аблашчыўшы поглядам кола свежай зямлі – месца, дзе стаяў правадыр, – зморана ўздыхнуў. Стары мерыўся пайсці да Сяргейчыка – трэба ж было недзе пераседзець п’янку, ды яшчэ хацеў пазычыць грошай, бо не было за што купіць ні хлеба, ні папяросаў, – але ногі зусім не ішлі, і Трахім прысеў на лаўку. Ён доўга сядзеў з заплюшчанымі вачыма і слухаў няўцямную гаману, якая лілася з адчыненых вокнаў хаты. Час ад часу гамонка перарывалася бразгатам шклянак, задаволенай керханінай, Данік Крываблоцкі раз за разам спрабаваў зацягнуць нейкую песню, нарэшце зацягнуў – ды так гучна, што на двары сярдзіта заенчыў певень, і нечакана дзесьці непадалёку абудзіліся сутаргавыя ўсхліпы.

Трахім размежыў вочы і ўбачыў русявага Пецьку.

Падшыванец ішоў па вуліцы і надрыўна плакаў.

– Гэй, пакрыўдзіў хто? – крыкнуў дзед Трахім, але падшыванец не азваўся.

– Пакрыўдзіў хто? – давялося паўтарыць старому, і Пецька скрозь слёзы праенчыў:

– Татку… прыціснула… у бальніцу адвезлі.

– Як прыціснула?! Чым?! – выдыхнуў Трахім, паспрабаваў устаць, але тут жа ізноў плюхнуўся на лаўку.

– Бацька твой на пільні робіць? – крыкнуў стары ўслед падшыванцу, але той не адказаў – пайшоў, пацепваючы ад плачу худымі плечукамі.

«Божухна, усё з-за мяне», – бязгучна прашаптаў Трахім. Галава закружылася, твар апаліла задушлівая гарачыня. Полымя вырывалася з паравознай топкі і краналася русявых валасоў качагара. Пецька ляжаў на спіне, і зыркія вогнікі мітусіліся ў шырока расплюшчаных вачах.

– Пеця, ты што?! – гукнуў ён, не пазнаўшы ўласнага галасу. Ён адцягнуў качагара ад топкі, павіс на парэнчах, збіраючыся клікнуць санітара, ды не клікнуў, бо з вышыні, са страшным гудам, на яго падаў нямецкі самалёт. Ад самалётнага чэрава адарвалася штосьці прадаўгаватае, і ў апошняе імгненне перад выбухам ён убачыў за самалётным штурвалам бетонную галаву бацькі-Сталіна.

Трахіму часцяком мроілася тая страшная бамбёжка, мроілася ахопленая полымем станцыя Вязьма, да вушэй даляталі крыкі раненых, і нос казытаў саладжавы пах печанага людскога мяса, і ў свядомасці кожнага разу мільгацеў невыразны твар нямецкага лётчыка, якога ён угледзеў за імгненне да выбуху. І вось нарэшце ён убачыў, хто кінуў бомбу.

З вохканнем Трахім узняўся на ватных нагах, пайшоў, хістаючыся, да Гасютавага трактара, з цяжкасцю расчыніў непадатныя дзверцы. Млявая рука пашнарыла пад сядзеннем, намацала ліпучае дзяржальна кувалды. З апошніх сіл Трахім узваліў кувалду на плячук, стоена прашаптаў:

– Толькі б дайсці! – і рушыў па дарозе, у канцы якой – за дваццаць крокаў ад трактара – яго чакалі боская цішыня і вечны спакой душы.

Cветлай ноччу

Ноч была надзіва светлай. Злавесна-барвовая поўня, што ўзнялася звечара па-над Дабранскай гарой, неўзабаве праяснела, зрабілася малочна-белаю і, павіснуўшы на голлі дрымотнай таполі, заліла наваколле туманным святлом. Адбіткі гэтага святла ляжалі на чорных люстрах лужын, на абмытым начной расой таполевым лісці, на дахах вясковых хат і на гладкай шэрстцы ката Барыса – аграмаднага сібірака, які сядзеў на шуле весніц і, лена варушачы канцом цяжкога, з руку таўшчынёй, хваста, мружыўся на поўню.

Панавала цішыня і толькі чуйнае Барысава вуха ўлоўлівала сярод гэтай цішы кволыя гукі: цвырканне конікаў, падзенне яблыкаў у садзе, храпенне гаспадара ў хаце і скавытанне шчанюка Дуроніка ў канцы агарода. На прамінулым тыдні сканаў у сваёй будцы стары Палкан, і ўзамен яму гаспадар прынёс аднекуль блазнаватага шчанюка, якога назваў Дуронікам. Шчанюк гэты дзень да ночы лётаў па двары, дзяўкаў на карову, ганяўся за курамі, ад якіх набраўся скочак і цяпер несупынна скавытаў і чухаў лапамі адвіслыя вушы.

Ката адольвала дрымота.

Ад самага ранку гаспадар стагаваў на Дабранскай гары сена – звозіў зляжалыя капешкі ды клаў вялікі стог. З-пад капешак, калі конь сцягваў іх з месца, уроссып разбягаліся палёўкі: Барыс цэлы дзень іх душыў і так захапіўся гэтай справай, што нават не прыходзіў у абед дахаты паласавацца сырадоем. Іншая кацяра пасля такой беганіны даўно б ужо дзе-небудзь прыкархнула, скруціўшыся абаранкам, але Барыс быў катом прынцыповым. Пад кустом ніколі не спаў. Упадабаў адно месца – толькі там і ўкладваўся. І месца гэтае было не абы-дзе, а на гарышчы хаты, ля цёплага коміна.

На гарышчы, апрача Барыса, спала на духмянай канюшыне і гаспадарава дачка Люська. Люська тая мела звычку цягацца ў суседнюю вёску на танцы, і Барысу даводзілася падоўгу чакаць дзяўчыну, бо самому яму адчыніць паддашкавыя дзверы не выпадала.

Паволі цішэлі зыкі: карова ў хляве пакінула сапці і толькі зрэдзьчасу ўздыхала; Дуронік больш не варушыўся ў бульбяніку, а снегавая поўня заблыталася ў таполевым вецці, і падворак апусціўся ў цемру. Цемра лёгкім цяжарам лягла на Барысавы павекі, кот на кароткае імгненне прыснуў, нават прыдушыў у сне пару палёвак, але варта было ўдалечыні чхнуць матацыклу, як ён абудзіўся, размежыў зіркатыя вочы і, з нецярплівасцю пераступіўшы з лапкі на лапку, ударыў нягнуткім хвастом па шуле.

Матацыклы, як заўсёды, спыніліся на ўскрайку вёскі. Хлопцы, што прывезлі дзевак, у іншых месцах насіліся на сваіх «Паноніях» аж да рання, будзячы пры гэтым нават глухаватых дзядоў. А вось па Гатаве гойсаць сярод ночы не асмельваліся. У Гатаве жыла загадчыца крамы, якую яны вельмі паважалі і таму бераглі яе сон. Да таго ж хлопцам і без матацыклетнага ляскату даводзілася часцяком будзіць магазіншчыцу, стукаючыся да яе сярод ночы ды здушана прамаўляючы:

– Міронаўна… выруч… брат прыехаў…

Ля крайняй хаты заглух, а потым зноў завёўся матацыкл, пачуўся дзявочы віск, хлапечы рогат, і кот, задаволена прагнуўшы спіну, пайшоў па паркане насустрач людскім галасам.

Ён ужо стаміўся ісці, і лапы забалелі ад вострых штыкецін, калі з цемры выплылі дзявочыя постаці. Дзевак было тры: Люська, яе сяброўка Манька Цыкіна і яшчэ адна, кірпатая і круглатварая, імя якой Барыс не ведаў і якая прыехала ў Гатава ў госці – ці то з Ленінграда, ці то яшчэ з якога вялікага места. Колькі часу дзяўчаты няспешна ішлі па вуліцы, спрытна пераскокваючы праз лужыны, а параўняўшыся з Барысам, разам азірнуліся і, пырснуўшы здушаным смехам, пабеглі навыперадкі, смешна раскідваючы цыбатыя ногі. Кот хацеў быў сігануць за імі ўслед, але перадумаў: сцежка была мокраю ад расы, дый бегчы не было сэнсу, бо «начныя бадзягі», як называла дзевак гаспадыня, адразу дахаты ніколі не ішлі – сядалі на бярвенне перад Маньчынай хатай і распавядалі адна адной розныя глупствы.

Вякнуўшы, Барыс пайшоў па паркане – цяпер ужо ў адваротным кірунку, – а дайшоўшы да Маньчынай хаты, пачуў усхваляваны голас ленінградкі:

– Божухна, які дурань! Які дурань! – парывіста выдыхала ленінградка, ківаючы галавой і летуценна пазіраючы на поўню. Праваруч ад яе, на камлі таўшчэзнай хвоі, сядзела Манька Цыкіна, а ля іхных ног, на другім бервяне, месцілася Люська.

– Які дурань! – паўтарыла пасля хвіліны маўчання гараджанка, і Манька Цыкіна, тузануўшы сяброўку за спадніцу, запытала: – Што… што ён табе сказаў?

– Што трэба – то і сказаў! – адказала за гараджанку Люська, і ў голасе яе чулася лёгкае хваляванне.

– А ў цябе, Люсечка, ніхто і не пытаецца, – азвалася Манька Цыкіна.

Памаўчаўшы, Манька адламала ад камля кавалак кары, шпурнула ў лужыну, з’едліва дадала:

– Думаеш, ніхто не ведае, як ты з ім за клубам цалавалася?

– Хто? Я?! – голас Люсьчын дрыжэў і зрываўся. Люська падхапілася з бервяна, рванулася, на радасць Барысу, да хаты, але яе схапіла за рукаво збянтэжаная ленінградка.

– Ну, дзяўчынкі… ну чаго вы…

Хвіліну дзеўкі наструнена маўчалі, потым Люська фыркнула, плюхнулася на камель, ленінградка прымасцілася поруч і, уздыхнуўшы, пралепятала:

– Ну, хочаце, будзем хадзіць з клуба пехатою?

Словы гэтыя завіслі ў паветры. Люська з Манькаю прымірэнча пераглянуліся, разам зірнулі на сяброўку.

– Ноччу? Пехатою? Паўз могілкі?!

– Ну і што, што паўз могілкі? – запыталася ў сваю чаргу гараджанка, і ў яе голасе ужо не чуваць было ранейшай бадзёрасці.

– Ты ж, Маша, відаць, не ведаеш… – прашаптала Люська, вытрымала паўзу, збіраючыся распавесці ўсё па парадку, ды яе апярэдзіла Манька Цыкіна.

– Карацей, прыехаў адзін таксіст у Азярышча, стаў там ля базара і чакаў – каго падвесці. І тут падышла нейкая цётка. Высокая такая, прыгожая і ўся ў чорным…

– У белым, а не ў чорным… – паспрабавала была ўдакладніць Люська, але сяброўкі абурана махнулі рукамі, і тая змоўкла.

– Падыходзіць, значыцца, і кажа: «Адвязі мяне на гатаўскія могілкі», – і сто рублёў дае. Ну, таксіст грошы ўзяў ды паехаў… Прыехалі яны, а ўжо цемнавата было – гадзін, можа, дзесяць вечара. Цётка вылезла з машыны і загадала таксісту, каб чакаў. «Дачакаешся – яшчэ сто рублёў атрымаеш», – так і сказала… Ну і пайшла на могілкі. Таксіст гадзіну чакае, другую – няма нікога. Страшна стала. Хацеў ужо дадому ехаць, а тут бачыць – ідзе нехта, увесь у белым. Прыгледзеўся, а гэта тая цётка…

– Як цётка? Яна ж у чорным была, – спалохана перапытала жыхарка вялікага места і Люська, азірнуўшыся па баках, страшным голасам растлумачыла:

– З Хадоры, з нябожчыцы зняла. Яе якраз таго дня пахавалі – у саматканай кашулі.

– А т-таксіст?

– А што таксіст… Абамлеў. Націснуў… на што там яны ціснуць… машына рванула, нават дрэва зламала, – Люська яшчэ раз азірнулася. – Казалі – памёр праз тыдзень. Гэта таму, што сотню не выкінуў.

– Мы на наступны дзень туды хадзілі – сляды машыны бачылі і бярэзіну зламаную, – уставіла слова Манька Цыкіна, і Люська кіўнула галавой.

Барыс адчайна, аж да ёкаўкі ў горле, пазяхнуў. Ён зусім асавеў, а дзеўкі між тым і не думалі разыходзіцца. Кот саскочыў з паркана, задраў хвост і, асцярожна ступаючы па мокрай траве, падышоў да Люські.

– Пра «чорную руку» распавядзі, што людзей душыла, – прамовіла Люська, ды нечакана войкнула, падхапілася на ногі, а згледзеўшы Барыса, падчапіла таго мыском чаравіка і адкінула на дарогу.

– Не, пра «чорную руку» не цікава. Раскажу лепей, як дзяўчынка айчыма забіла.

Барыс быў абражаны. Абышоўшы дзевак з тылу, ён ускочыў на бярвенні, прайшоўся ў дальні канец, усеўся там і абурана закруціў хвастом.

– Мне пра гэта сястра распавяла, што ў Віцебску жыве.

Прасіла, праўда, нікому не расказваць.

Манька Цыкіна, надаўшы голасу злавесныя ноткі, пачала новы аповед, а ленінградка, якая, відаць, ніколі такіх жахаў не чула, ад страху нават перастала дыхаць і сцягнула са спіны на галаву сваю гіпюравую кофту.

– У адной дзяўчынкі быў дужа паганы айчым. Увесь час за ёю падглядваў… І вось прыйшоў аднойчы гэты айчым дахаты, убачыў, што дзяўчынка пераапранаецца, і палез да яе…

– Як гэта – палез? – пудліва перапытала ленінградка.

– Ты што, не разумееш? Як Васька да цябе сёння лез, так і гэты… – растлумачыла Люська, і ленінградка пасля такіх слоў яшчэ больш скурчылася і нацягнула кофту да самых вачэй.

– Ну, палез, значыцца, схапіў дзяўчынку за руку. А ў іхнай хаце пад лаўкай сякера ляжала. Дзяўчынка да сякеры дацягнулася, схапілася за тапарышча і… карацей, па галаве айчыма гвазданула. Крывёю ўсе сцены запырскала. Айчым на падлогу паваліўся, зубамі заскрыгітаў, засіпеў: «Прыйду да цябе», – і падох. Дзяўчынка перапужалася, пабегла да маткі. А матка дворнічыхай рабіла. Пачула што ды як, кінула мятлу і дахаты пабегла. Пабедавалі яны, кроў змылі, у хаце прыбралі, а тут і міліцыя ўвалілася. Матка ўсю віну на сябе ўзяла: сказала, што гэта яна забіла, – яе і пасадзілі. І вось засталася дзяўчынка адна. Спаць лягла, а страшна ж адной… усё гэты айчым мроіцца. Святла нават не выключала. І раптам бачыць – на дзверцах шафы кропля крыві засталася. Хацела выцерці, ды перадумала: трэба было з пасцелі вылазіць, а ў хаце холадна, печка не паленая. А наступнай ночы ўспомніла яна пра пляму – глянула, а яна нібыта большаю стала. Схапіла анучку – давай церці. А кроў не адціраецца. Ну што, лягла ў пасцель, а пляма раніцою ў два разы павялічылася. І так расла цэлы тыдзень, а на восьмую ноч заліла ўсе дзверцы. І падобнай стала на чалавечы цень, – у гэтым месцы Манька перарвала аповед, намалявала рукамі ў паветры вырыс чалавечага ценю. – А ў дванаццаць гадзін ночы пляма раптам пачарнела, дзверцы рыпнулі, пачалі расчыняцца, і з шафы выйшаў… – але хто выйшаў з шафы, Манька сказаць не паспела. Яе гарадская сяброўка нечакана падскочыла, нема крыкнула, апавядальніца пукнула, а кот Барыс сігануў з перапуду пад бліжэйшы куст.

– Люська, дурная-а! – гукнула ленінградка і жартам, але хвацка, выцяла кулаком па Люсьчынай хрыбціне.

– Вось так, Люсечка. Яшчэ раз тыцнеш пальцам – болей расказваць не буду, – пакрыўджана зазначыла Манька Цыкіна, а ленінградка, памацаўшы рукою пэўнае месца, дадала:

– Ледзь не абпісалася.

Люська, якая мела звычку пужаць сябровак, тыцкаючы ім пальцамі пад драбы, сумелася, шморгнула носам.

– Ну добра, раскажу вам яшчэ адну гісторыю. Таксама пра айчыма. Але гэта ўжо была праўда, – забалабоніла Манька, а кот Барыс абтрос мокрую лапку і ўскочыў на паркан. – Памерла ў адной дзяўчынкі маці, і засталася яна з айчымам. І вось прыйшоў аднойчы айчым дахаты, прынёс радыёпрымальнік і кажа: «Слухай, але ніколі не ўключай кароткія хвалі». А наступным днём з’ехаў у камандзіроўку, і дзяўчынка адна засталася. Цікава ёй стала – што будзе, як кароткія хвалі ўключыш? Узяла і ўключыла. І вось слухае нейкую музыку… стра-ашную такую… але нічога не адбываецца. А ў дванаццаць гадзін ночы музыка раптам абарвалася і нехта ці-іха так сказаў: «Дзяўчынка, дзяўчынка – выключы радзіва, труна на колцах пад’язджае да твайго горада». Дзяўчынка перапужалася, выключыла радзіва, а на наступную ноч зноў уключыла. Прыслухалася, і раптам чуе – той жа голас, але больш гучна, кажа: «Дзяўчынка, дзяўчынка – выключы радзіва, труна на колцах едзе па тваёй вуліцы».

Кот Барыс, які сядзеў на паркане, пазяхнуў, памыў пысу падушачкамі правай лапкі.

– І вось трэцяя ноч… Падсела яна да радзіва…

– Ой, дурная-а… – прастагнала, перарываючы апавядальніцу, ленінградка, а апавядальніца, растапырыўшы пальцы абедзвюх рук, прашаптала: – Уключыла, і раптам чуе…

– Манька, зараз жа ідзі дахаты! – крыкнулі за Барысавай спінай, дзверы Маньчынай хаты гучна бразнулі, і Манька, гукнуўшы: – Іду-у! – прабачліва дадала: – Пайду, заўтра ўставаць рана – наша чарга гнаць у поле.

Шпаркія крокі заціхлі ў глыбіні двара, і ленінградка з Люськаю падхапіліся з бярвення. Сюд-туд азіраючыся, сяброўкі рушылі на паўсагнутых нагах уздоўж паркана, і Люська, падышоўшы да сваёй хаты, нечакана матлянулася ўбок.

– Куды ты? – гукнула было ленінградка, а ўбачыўшы, як сяброўка задзерла прыпол спадніцы, таксама прысела пад куст. Люська ўжо абцягнула прыпол, калі ў агародзе зашамацеў бульбоўнік, і сяброўкі пужліва адскочылі на дарогу. Праз імгненне з-пад плота вытыркнулася кудлатая галава Дуроніка, дзеўкі ўголас аблаялі шчанюка, і гараджанка, дробна стукаючы зубамі, запыталася:

– Т-ты д-дзе с-спіш?

– На гарышчы, а ты? – адгукнулася Люська, гэтаксама граючы на зубарыках.

– І я на гарышчы, – Маша, бліснула ў цемры бялкамі вачэй і ў нерашучасці пацерла лабешнік.

– Слухай, пайшлі да мяне, – пралепятала, чытаючы сяброўчыны думкі, Люська. – Я раніцою ўстану, скажу маці, каб тваіх папярэдзіла.

Дзяўчыны крадком увайшлі ў двор, спыніліся пад вокнамі хаты, прыслухоўваючыся да храпення Люсьчынага бацькі, і, перавёўшы дых, палезлі па драбінах на гарышча.

Кот Барыс праслізнуў у дзвярную пройму, у два скачкі дабег да сваёй ляжанкі. Колькі хвілін ён рупліва аблізваў мокрыя лапы і толькі пасля таго прыслухаўся да бязладнай валтузні на другім канцы гарышча. Дзеўкі, ужо накрыўшыся з галавою коўдрай, шалёна валтузіліся, вішчэлі, а навалтузіўшыся ўдосыць, аб нечым горача зашапталіся.

Кот памыў лапаю пысу, задаволена пацягнуўся. Потым яшчэ раз пазяхнуў і, перад тым як накрыцца хвастом, паскроб кіпцюрамі крокву.

– Ай, хто там? – крыкнулі на другім канцы гарышча, у крокву над Барысавай галавой стукнуўся дзявочы туфель, і Барыс, прыхаваўшыся за комін, падаў голас.

– Супакойся, гэта наш кот, – сонна прамармытала Люська, і яшчэ праз хвіліну сяброўкі суладна засаплі насамі.

Кот расцягнуўся на ляжанцы, прыціснуўся спінай да коміна. Комін быў яшчэ цёплы і злёгку дрыжэў ад волатаўскага храпа гаспадара. Барыс заплюшчыў вочы і, перад тым як заснуць, падумаў, што заўтра ў яго будзе цяжкі дзень – трэба будзе зноўку ісці на Дабранскую гару душыць мышэй.

Заўтра, як толькі ў хаце рыпнуць масніцы, ён прачнецца, правядзе падушачкамі лап па вачах і будзе доўга слухаць ранішнія зыкі. На доле бразне вядро, паліецца вада ў калодзеж, гаспадыня штосьці гучна крыкне суседцы. Потым у хляве будзе бясконца доўга зумкаць струмень у даёнцы, а калі гаспадыня падоіць карову і выйдзе на двор, ён прыціснецца пысай да паддашкавых дзвярэй і голасна вякне. Гаспадыня, як заўсёды, вылаецца, няспешна падымецца па драбінах, хвіліну-другую будзе тыцкаць прутом у шчыліну, скідваючы непадатную зашчапку, а спусціўшыся долу, плюхне ў чаропкі – у ягоную і Дуроньчыну – цёплага сырадою.

…Барыс ужо спаў і сніў палёвак, калі яму прымроіўся раптам саладкаваты, ні з чым не параўнальны пах малака, і ён аблізнуўся спрасонку.

Ведзьма

Пасля залевы сонца паліла па-чорнаму, і ў зале расчынілі вокны. Пахі цёплага асфальту, прывялай травы, таполевай лістоты завіслі ў паветры, перамяшаліся з пахамі парфумы, жаночага поту, віннага перагару, і дыхаць стала зусім цяжка.

– Ну, хто наступны? – млявым голасам запытаўся Першы, адною рукою перабіраючы паперы, а другою паслабляючы вузел гальштука.

Паслабіўшы вузел так, што сталі бачныя сівыя валасы на грудзіне, Першы зірнуў спадылба ў канец залы і запытальна выдыхнуў:

– Таварыш Мурленя?

Усе разам аціхлі, гудлівы чмель, які ўляцеў быў у расчыненае акно, плюхнуўся на штору, і запанавала ціша, якая надала моманту элемент злавеснай урачыстасці.

На мінулым тыдні Мурленя ездзіў у Віцебск на нейкія спаборніцтвы, патрапіў там у выцвярэзнік, і цяпер увесь партыйна-гаспадарчы актыў наструнена чакаў – як адаб’ецца гэтая падзея на ягоных паводзінах. Старшыня спорткамітэта ўскочыў на ногі, зірнуў на Першага затуманенымі ад грамадскіх турботаў вачыма і, ускудлаціўшы непаслухмяны віхор, з камсамольскім імпэтам заварушыў магутнай сківіцай.

«Ані ў знак… Хаця б сумеўся, сволач…» – падумаў Макар, скоса пазіраючы на Мурленеву сківіцу. Важкая, што той жарон, сківіца хадзіла ўбокі, ільснілася на сонцы, малола нейкую лухту пра спартыўныя поспехі таварыства «Ураджай».

«Што яму будзе, таму Мурленю… Зяць дырэктара базы… Гэта Хаміцкі патрапіў у мыцельнік, дык усю душу небараку вытраслі». – Апанаваны такімі думкамі, Макар уявіў на хвілю – што б было, калі б у выцвярэзнік убіўся не Хаміцкі, а ён сам, і па целе ягоным прабеглі халодныя мурашкі. Мурашкі беглі ад патыліцы да хвастца, і давялося нават зварухнуць азадкам, каб пераканацца, што пад ім не мурашнік, а райкамаўскае крэсла.

Крэсла рыпнула, чмель узняўся ў паветра, а Першы, перапыніўшы Мурленю, запытаў:

– Вы просіце слова, Макар Іванавіч?

Пытанне прагучала знянацку. Макар не паспеў нават уцяміць, што да чаго, замармытаў штосьці ў адказ, і па тым, як скасавурыўся Першы і як нервова заляпаў алоўкам па стале, можна было зразумець, што ён нечым незадаволены.

– …За справаздачны перыяд падрыхтавана: значкістаў ГПА – 48 чалавек… – абудзіўся аціхлы было старшыня спорткамітэта, але яго ізноў перапынілі.

– Таварыш Мурленя, а ці не маглі б вы сказаць – як рэалізуюцца талоны на харчаванне, якія атрымлівае ваш камітэт? – Задаўшы гэтае пытанне, загадчыца райана Сцефурак адкінулася ў крэсле, чмель з дзіўнай для яго хуткасцю пачаў кружыць вакол Мурленевай галавы, а аловак у руцэ Першага перастаў стукаць і застыў у паветры.

Іншым бы разам Макар расхваляваўся, пачаў бы сябе ўпікаць за тое мармытанне: трэба ж было перапыніць Мурленю, спытаць пра ягоныя віцебскія прыгоды, але сёння на такія перажыванні ён быў папросту не здатны.

Мурленя зашамацеў паперамі, рыхтуючыся годна адказаць загадчыцы, мімаходзь баднуў галавой, адбіваючыся ад чмяля, і жартаўлівым голасам прамовіў:

– Ці не выгнаць адсюль гэтую заразу?

І хаця Мурленя меў на ўвазе пракуду-чмяля, усе разам паглядзелі на Сцефурак, і тая, гэтак жа, як і Макар, заклапочана заездзіла на азадку.

Актыў заварушыўся, зашаптаўся. Першы стукнуў алоўкам па графіне, а Фаіна Рыгораўна Сцефурак, прыхапіўшы са стала тэчку з надпісам «На подпіс», пачала махаць ёю ў паветры, выганяючы з залы абрыдлае насякомае.

Нарада доўжылася тры з паловаю гадзіны. За гэты час шафёры, што прывезлі ў райкам старшыню калгаса «Азяркі» і дырэктара саўгаса «Азярышчанскі», выпілі пляшку «чарніла», мужык загадчыцы райана, Мікола Сцефурак, прывёз дахаты і разгрузіў ля плота машыну крадзеных дошак, у раённай бальніцы – упершыню за два гады Пяцігодкі якасці – нарадзілася двойня, Зямля крутнулася на колькі там градусаў, і выгінасты цень на яе паверхні прапоўз ад Далёкага Усходу да сіняга Байкала.

Усё ішло сваім, загадзя вызначаным ладам. Круцілася Зямля і свяціла сонца, нараджаліся двойні і лёталі чмялі, краліся дошкі і пілося «чарніла» ды заядалася няспелымі ранетамі, і сакавітае чвяканне ўперамежку з прыцішанымі шафёрскімі галасамі ўрывалася ў расчыненыя вокны.

Макар сядзеў ля акна і чуў, як адзін з кіроўцаў, бразнуўшы дзверцамі ўазіка, мацюкнуўся і, дажоўваючы яблык, прамовіў:

– Раней раз на месяц збіраліся, а цяпер штодня балбочуць, курвы…

Вадзіла казаў яшчэ нешта, але ягоныя словы пакрыў гаўклівы кашаль. Старшыня «Азяркоў» Мішка Мандрык, які сядзеў побач, нечакана закашляўся, зашоргаў нагамі па падлозе, а паслабіўшы па прыкладзе Першага квяцісты гальштук на шыі, голасам гогалеўскага мерцвяка прасіпеў:

– Ду-ушна!

У залі ізноў заварушыліся, загаманілі, графін чарговым разам дзынкнуў, а Мішка Мандрык, выдаўшы шэптам мудрагелістую тыраду, першымі словамі якой былі: «Выганю да д’ябла», – выцер канцом гальштука потную лабаціну.

Гадзіннік на сцяне паказваў палову на шостую.

Пры Калупайку такім часам жанчыны пісалі цыдулкі, просячы адпусціць іх – ці то ў паліклініку, ці то ў яслі па сына, – цяпер жа ніхто нічога не пісаў, і Макар, зыркнуўшы на апалыя стрэлкі гадзінніка, з няўцямнай трывогай згадаў тую пару, калі ён хадзіў на райкамаўскія імпрэзы, як на свята. Яму нават здалося, што гэта было немаведама калі. Ён нават паварушыў пальцамі, рахуючы дні і тыдні, а налічыўшы дваццаць адзін дзень, не даў веры сваім падлікам.

* * *

Раніцою, прачнуўшыся а восьмай, ён любіў хвіліну-другую палашчыцца ў пасцелі, любіў пазяхнуць, пацягнуцца, пачухаць жарсцвяныя валасы на пахвіне і толькі тады падымаўся на ногі. Раней гэтага часу Макара не маглі абудзіць ні цвырканне вераб’ёў пад вокнамі, ні лаянка суседзяў за сцяною, ні сонца, што мела паганую звычку лезці ў вочы.

Тае раніцы ён прачнуўся а шостай.

Наўкол было ціха: суседзі яшчэ спалі, вераб’і недзе лёталі, і сонечны промень не лез у вочы, а светлаю плямай ляжаў каля ног, ліючы лагодную цеплыню на аголеную лытку. І ўсё ж такі ён прачнуўся, пачухаў потную пахвіну і ўздыхнуў, прымусіўшы мірыяды пылінак замітусіцца ў сонечным святле, зрабіўшы яго жывым і амаль адчувальным на дотык, і ад таго раення ў Макара закружылася галава і сон зляцеў з павекаў. Ён адразу ж устаў, пайшоў, хапаючыся за сцены, у прыбіральню, а ўбіўшыся ў цёмны катух, доўга стаяў там, абапёршыся рукой на халодны стаяк.

Такімі хвілямі, калі вушы поўніліся бадзёрым цурчаннем і ніз жывата працінаў лёгкі халадок, Макар міжволі згадваў мінулую п’янку, і затуманеная вінным чадам, але чуйная і ўчэпістая на дэталі памяць яму ніколі не здраджвала, ды гэтым разам пахмельны чад выпетрыў з галавы рэшткі памяці, і ён не мог узгадаць: як там усё было, з кім даехаў да горада і як наогул патрапіў дахаты. Але адна згадка – няўцямная, як сон, і няўлоўная, як водар парфумы, – усё ж цвяліла свядомасць… Учора ўвечары ён танцаваў з Данутай… Макар прыплюшчыў павекі, намагаючыся вярнуцца ў зманлівы свет учарашняга вечара, і пакінуты без нагляду струмень стоена зашамацеў па падлозе. Не разнімаючы павекаў – каб не спужаць, не развеяць шчымлівай згадкі, – ён паспрабаваў на слых выправіць становішча, але не даў рады, і давялося намацваць у цемры ўнітаз – спачатку левай, а потым правай нагой.

Рука ўхапілася за фаянсавую гіру, бачок над галавой гартанна керхануў, завыў, як той воўк на Піліпаўку, і ў гэтым шалёным, дагэтуль нечуваным выцці Макару выразна пачуўся ягоны ўласны голас. Нават не голас, а роспачны крык, які вырваўся з прапітай глоткі і, скалануўшы каналізацыйныя трубы, суціх, заглушаны аднастайным шумам вады.

Звычайна людзі не пазнаюць сваіх галасоў – яны ім здаюцца чужымі, але тут не столькі вуха, колькі сама душа Макарава пачула той лямант, і Макар ужо гатовы быў крыкнуць штосьці самому сабе ў цёмную зеўру ўнітаза, ды не крыкнуў: выпусціў паветра і, не абабіўшы апошніх кропляў, выйшаў з прыбіральні.

Праз хвіліну, падпальваючы нягнуткімі пальцамі фаерку пад чайнікам, ён яшчэ раз прыслухаўся да пошуму вады ў прыбіральні і прамовіў:

– Дапіўся, бляха.

Чорныя мятлікі гэтым разам не лёталі ўваччу, галава амаль што не балела, а вось душа… душа заходзілася ад свербу, трымцела ў грудзіне, варушылася ў страўніку, а калі чайнік закіпеўзасвістаў на высокай ноце, раптам схаладнела, сціснулася ў камяк і зашылася некуды пад драбы.

Чайнік сіпеў не так, як раней, – адчайна, раскаціста, і сярод гэтага раскацістага свісту Макару выразна пачуліся нечыя галасы. Гаварылі двое – мужык і баба. Ён нават разабраў словы, сказаныя мужыком, штосьці накшталт: «Адпраўлю ў Акадэмію», – і, прыкруціўшы ручку пліты, пацёр дрыжачай рукой тое месца, куды, па ягоных меркаваннях, забілася спалоханая душа.

Насланнё не адпускала і пазней, калі ён чысціў зубы і галіўся. Электрабрытва «Харків», старая, з надтрэснутым корпусам, гудзёлка, якая звычайна працавала з натугаю і не столькі галіла, колькі дзерла шчацінне, зумкала, як цыркулярка, а калі Макар паднёс яе да шчакі, – нібыта папярхнулася і немым голасам завішчэла: – Забудзь мой нумар, жывёліна! – Электрабрытва выпала з рук, стукнулася аб край ракавіны, завісла на шнуры і толькі тады загула ў сваім звычайным тэмбры. З ваннай Макар выкуліўся, трымаючыся рукамі за сцены.

Таямнічыя галасы яго не на жарты ўсхвалявалі, і ад таго хвалявання пот пацёк з-пад пахаў, і ногі зрабіліся нягнуткімі. Да таго ж душа Макарава, якая дагэтуль варушылася пад драбамі, падступіла да горла, і ён адрывіста ікнуў. Абапёршыся на дзвярны вушак, Макар ікнуў другім разам: зычна, ядрана, – а ўгледзеўшы свае штаны, якія віселі на люстры, ікнуў яшчэ раз – цяпер ужо зусім па-вар’яцку, страсянуўшы пры гэтым вялым чэравам.

Штаны злёгку варушыліся ад проймы, і гэта стварала ўражанне, што ў пакоі нехта засіліўся. Дрогкаю рукою ён зняў порткі з люстры, упіхнуў левую, больш гнуткую, нагу ў правую калошу ды зноў скамянеў, пачуўшы суседаў храп за сцяною.

«Дапіўся… да глюкаў дапіўся… Што ж цяпер будзе? Каму я такі патрэбны?» – віхурылі ў галаве панічныя думкі, і рукі цягнуліся да кніжнай паліцы, і вочы выглядалі карэньчык «Медычнага даведніка», і пазбаўленыя падтрымкі нагавіцы няспешна спадалі долу.

«Азааспермія…», «Актывацыя яйка…», «Алергіі» – пажоўклы ад курыва палец ліхаманкава гартаў даведнік, а адгарнуўшы трыццатую старонку, гэтак жа ліхаманкава праехаўся пазногцем па словах «Алкагольны галюцыноз».

«На першы план выступаюць слыхавыя галюцынацыі: шум, крыкі, галасы, якія звычайна асуджаюць дзеянні хворага альбо выказваюць пагрозы… Пры гэтым у хворага захоўваецца ясная свядомасць… Хворы апынаецца ва ўладзе “галасоў”, яму здаецца, што яго хочуць забіць альбо зняславіць».

«Забіць альбо зняславіць», – уголас паўтарыў Макар, хвіліну стаяў нерухомы, а калі за сцяною зноў храпянуў сусед, закрыў кнігу і з рашучасцю, на якую толькі быў здольны, прашаптаў:

– З сённяшняга дня – ні кроплі.

…Круглявы імбрычак стаяў пасярод стала і спалохана бразгаў накрыўкаю. Гэтае бразганне блытала думкі, напінала нервы, таму Макар, не дачакаўшыся, пакуль запарыцца гарбата, нацадзіў у конаўку рудаватай вадкасці, даліў кіпню, і ў паветры запахла нябожчыкам.

– Што ж там было? – выдыхнуў пахмельны пакутнік, парушыўшы ламінарную павольнасць пары, што падымалася з конаўкі.

Макар пацёр скроні, абхапіў рукамі галаву і стаў безуважна сачыць за кружляннем чаінак у віры не настоенай гарбаты.

Учора, упершыню за ўвесь час рэдактарства, яго запрасілі на райкамаўскую п’янку. Ладзілі яе з нагоды ад’езду Калупайкі – Іван Іванавіч ехаў у Віцебск, другім сакратаром абкама.

Выбіцца з Азярышча ў вобласць, ды яшчэ на такую пасаду – учынак амаль што неверагодны. Хадзілі чуткі, што Іван Іванавіч даў некаму хабар, а ягоная жонка ў час наведання сталіцы гуляла з міністрам сельскай гаспадаркі і – відавочна, у ложку – упрасіла таго прапіхнуць мужа ў абкам. Так гэта, ці не – сказаць цяжка, але Калупайка з’язджаў, і на загараднай турбазе арганізавалі развітальную вечарыну.

Пра п’янкі на «Качыным востраве» – так называлася турбаза – апавядалі шмат розных плётак. Слухаючы іх, Макар глытаў сліну, употай чухаў пахвіну, якая пачынала раптам свярбець, і на дне ціхмянай рэдактарскай душы кожнага разу варушылася крыўда. На загарадныя гулянкі яго не запрашалі. І вось учора, па абедзе, пад рэдакцыйнымі вокнамі з нецярплівасцю квакнула легкавушка. «Мандрык», – мільганула тады ў Макаравай галаве; Макар схамянуўся, выцягнуў са стальніцы мутную шклянку – у Мандрыка ніколі не было з чаго піць, – і шырокім крокам падаўся на двор.

Сябрук часцяком прыязджаў такой парой: ехаў з абеду ў «Азяркі» і па дарозе зарульваў у рэдакцыю. Звычайна яны кулялі па дзвесце пяцьдзясят; похапкам, што тыя зайцы, закусвалі зялёнай цыбуляй і развітваліся да вечара. Гэтым разам Мішка быў за рулём. У машыне сядзеў яшчэ нехта, і Макар, раўніва памацаўшы шклянку ў кішэні пінжака, адчыніў заднія дзверцы ўазіка. Дакладней, дзверцы адчыніліся самі: ён толькі націснуў на ручку, і на грудзіну насунулася важкая, спавітая цупкім поліэтыленам, туша.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации